БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15

Праблемы станаўлення беларускай дзяржаўнасцi на савецкай аснове
ва ўмовах курсу кiраўнiцтва Савецкай Расii на сусветную пралетарскую рэвалюцыю
(снежань 1918 — 1919 гг.)

Уладзімір Ладысеў
(Мiнск)

Працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасцi быў надзвычай цяжкiм i складаным. Аднак у беларускай гiстарыяграфii ўсталяваўся некалькi iдэалiзаваны падыход да праблемы станаўлення беларускай дзяржаўнасцi на савецкай аснове. Ён зводзiцца да спрошчанай фабулы, што як толькi тэрыторыя Беларусi была ачышчана ад войск кайзераўскай Германii ЦК РКП(б) у снежнi 1918 года прыняў рашэнне аб стварэннi БССР. VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б) такое рашэнне падтрымала. Затым кiруючыся прычынамi знешнепалiтычнага характару, у першую чаргу неабходнасцю абароны ад польскiх войск, была створана ЛiтБел, а ўсходнiя губернi Беларусi — перададзены РСФСР.

Наўрад таксама можна пагадзiцца з тэзiсам, што БССР была створана „ў пiку” iснуючай БНР. Бо адразу ж узнiкае пытанне, чаму БССР не была абвешчана адразу ж пасля заняцця Мiнска войскамi Чырвонай Армii 10 снежня 1918 года, а значна пазней?

Станаўленне дзяржаўнасцi Беларусi адбывалася больш складана i драматычна.

Неабходна адзначыць, што нягледзячы на прынятую 2 лiстапада 1917 года „Дэкларацыю правоў народаў Расii” ўладныя структуры РСФСР вясной — летам 1918 года не iшлi далей пазiцыi абласнiцтва ў вырашэннi нацыянальнага пытання. Так адмiнiстратыўная камiсiя УЦВК РСФСР прапанавала на тэрыторыi былой царскай Расii лiквiдаваць усялякi нацыянальны падзел i стварыць, акрамя Маскоўскай, яшчэ тры вобласцi (камуны): Заходнюю, Паўночную i Уральскую. Што тычыцца Заходняй вобласцi, як iнфармаваў 2 снежня прысутных на пасяджэннi Паўночна-Заходняга абласнога камiтэта РКП(б) яго старшыня А. Мяснiкоў, то яна будзе прызнана ў складзе Смаленскай, Вiцебскай, Магiлёўскай, Чарнiгаўскай, Мiнскай, Вiленскай i Ковенскай губерняў з абласным цэнтрам у Мiнску.

Такiя межы Заходняй вобласцi (камуны) былi вызначаны i ў пастанове Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР ад 31 кастрычнiка 1918 года.

Таму ў другой палове 1918 года ўсё больш нарасталi непаразуменнi памiж створаным у студзенi 1918 г. пры Наркамнаце РСФСР Беларускiм нацыянальным камiсарыятам i Беларускiмi секцыямi РКП(б) з аднаго боку i Паўночна-Заходнiм абласным камiтэтам РКП(б), якi строга прытрымлiваўся канцэпцыi абласнiцтва, з другога. Iмкненне да нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусi нават у форме абласной аўтаномii квалiфiкавалася кiраўнiцтвам Паўночна-Заходняга камiтэта як праява сепаратызму i нацыяналiзму.

Аднак праблему дзяржаўнасцi Беларусi нельга правiльна зразумець толькi зыходзячы з унутраных фактараў i супярэчнасцяў. Яе неабходна разглядаць у кантэксце новай геапалiтычнай сiтуацыi у Еўропе, якая ўтварылася ў сувязi з паражэннем Германii ў I-й сусветнай вайне, i практычнымi спробамi кiраўнiцтва Савецкай Расii экспартаваць сацыялiстычную рэвалюцыю ў краiны Еўропы, у першую чаргу ў Германiю i Польшчу. Атрымаўшы першыя звесткi аб палiтычным крызiсе ў Германii, Ленiн 3 кастрычнiка пiсаў: „Крызiс у Германii толькi пачаўся. Ён закончыцца непазбежным пераходам палiтычнай улады ў рукi германскага пралетарыяту. (...) Цяпер нават самыя аслепленыя з рабочых розных краiн убачаць, як правы былi бальшавiкi, усю тактыку будаваўшыя на падтрымку сусветнай пралетарскай рэвалюцыi i не баяўшыеся прыносiць розныя найцяжэйшыя ахвяры”1.

Не выпадкова, што ў тэлеграме Ленiна галоўнакамандуючаму Вацэцiсу ад 29 лiстапада 1918 года падкрэслiвалася, што з рухам нашых войск на Захад i Украiну неабходна ўсяляк падтрымлiваць часовыя савецкiя ўрады Латвii, Эстляндыi, Украiны i Лiтвы.

Як бачна аб Беларусi тут гаворкi няма. I гэта не выпадкова.

Стаўка савецкага кiраўнiцтва ў гэты час рабiлася на перамогу пралетарскай рэвалюцыi ў Цэнтральнай Еуропе, а Беларусь разглядалася як своеасаблiвае акно цi калiдор, праз якi iдзе найбольш прамы шлях па аказанні ваеннай дапамогi пераможнаму пралетарыяту Германii i Польшчы. Становiцца зразумелым, чаму перадача немцамi Мiнска савецкiм уладам 10 снежня не прывяла да абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублiкi. У выдадзеным у гэты дзень загадзе Мiнскага губернскага рэвалюцыйнага камітэта „члены Рады БНР i яе агенты падлягалi арышту i неадкладнай перадачы ў рукi Ваенна-рэвалюцыйнага камiтэта”2 .

Важна адзначыць i тое, што ў прынятай 2 снежня пастанове Паўночна-Заходняга абласнога камiтэта РКП(б) аб склiканнi 27 снежня 1918 г. у Смаленску VI чарговай абласной партыйнай канферэнцыi пытання абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублiкi не значылася. Некалькi пазней Мiнскi губрэўком 13 снежня ў тэлеграме старшынi УЦВК РСФСР i сакратару ЦК РКП(б) Я. Свярдлову прапанаваў уключыць у парадак дня абласной канферэнцыi пытанне аб утварэннi Беларускай савецкай рэспублiкi. Тэлеграма засталася без адказу.

Нiгiлiстычная пазiцыя цэнтральнага савецкага кiраўнiцтва i функцыянераў Заходняй вобласцi ў адносiнах да дзяржаўнасцi Беларусi вызвала занепакоенасць Беларускага нацыянальнага камітэта i беларускiх секцый РКП(б). На канферэнцыi беларускiх секцый РКП(б), што адбылася ў Маскве 21-23 снежня было прызнана неабходным стварыць Часовы рабоча-сялянскi ўрад Беларусi, абрана Цэнтральнае бюро беларускiх секцый РКП(б) з лiку прыхiльнiкаў тэрмiновага стварэння беларускай дзяржаўнасцi ў складзе 5 чалавек на чале з З. Жылуновiчам. Цэнтральнаму бюро было даручана склiкаць пасля VI-й Паўночна-Заходняй канферэнцыi Усебеларускi з’езд камунiстаў i стварыць нацыянальны партыйны цэнтр.

Прынятыя канферэнцыяй дакументы паставiлi ЦК РКП(б) перад неабходнасцю тэрмiнова вырашыць праблему беларускай дзяржаўнасцi. Да таго ж разлiк У. Ленiна, што польская нацыянальная буржуазiя не зможа пратрымацца пасля адыходу нямецкiх акупацыйных войскаў, не апраўдаўся. Было вырашана неабходным стварыць уздоўж заходняй мяжы Расii своеасаблiвы „санiтарны кардон” з лiку прыбалтыйскiх рэспублiк, створанай раней Украiнскай рэспублiкi, а таксама Беларускай савецкай рэспублiкi.

24 снежня праблема дзяржаўнасцi Беларусi разглядалася ў ЦК РКП(б). На сёняшнi дзень застаецца адкрытым пытанне, на якiм узроўнi прымалася рашэнне ў Цэнтральным камiтэце. Аўтары нядаўна ўбачыўшага свет падручнiка „Гiсторыя Беларусi” (ч. II, Мінск 1998) памылкова сцвярджаюць аб адбыўшымся 24 снежня пленуме ЦК РКП(б). Дакументальнага пацвярджэння аб пасяджэннi ЦК РКП(б) 24 снежня сярод матэрыялаў пасяджэнняў ЦК РКП(б) за 1918 год таксама не выяўлена. Магчыма старшыня Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР I. Сталiн у сваёй размове па тэлеграфе з А. Мяснiковым 25 снежня, спасылаючыся на рашэнне ЦК, выконваў асабiстае ўказанне У. Ленiна па беларускім пытанні.

У той жа дзень Сталiн запрасiў да сябе на размову адказных супрацоўнiкаў Белнацкама i беларускiх секцый РКП(б), у ходзе якой прапанаваў скласцi спiс кандыдатаў на замяшчэнне пасад у Часовым рабоча-сялянскiм урадзе Беларусi. Праз два днi, 27 снежня, Сталiн правёў нараду ў Маскве з Мяснiковым i Калмановiчам, на якой была акрэслена тэрыторыя Беларускай рэспублiкi з пяцi губерняў: Гродзенскай, Мiнскай, Магiлёўскай, Вiцебскай i Смаленскай, а таксама вызначаны склад новага ўрада (старшыня i 15 членаў) i паўнамоцтвы рэспублiкi. Згодна з пунктам 6 дырэктыў Наркамнаца правы i абавязкi ЦБ партыi i аддзелаў урада павiнны былi застацца такiмi, „як i былога Абласнога камiтэта i аддзелаў Аблвыкамзаха”. Аб самастойнасцi будучай Беларускай рэспублiкi, як бачым, першапачаткова размова не вялася. Фактычна меркавалася, што яна застанецца ў РСФСР на правах абласной аўтаномii.

Гэта была апошняя афiцыйная нарада Цэнтра з прадстаўнiкамi беларускiх палiтычных i грамадскiх структур, якiя прытрымлiвалiся розных пазiцый па пытанні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасцi i адлюстроўвалi настроi розных сацыяльных слаёў i маргiнальных груп беларускага грамадства.

На VI-й Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыi РКП(б), якая пачала работу 30 снежня ў Смаленску, у даклад А. Мяснiкова па пытанні „Бягучы момант” быў уключаны пункт „Беларуская Савецкая Рэспублiка”. Ён змяшчаў прапанову „абвясцiць Заходнюю Камуну самастойнай Савецкай Сацыялiстычнай Беларускай Рэспублiкай”. У якасцi аргумента вылучаўся мiжнародны фактар „замкнуць ланцуг самавызначыўшыхся ўтварэнняў”3. Дэлегаты пагадзiлiся з такой прапановай i без абмеркавання аднагалосна прынялi яе пры пяцi ўстрымаўшыхся. У пастанове аб тэрыторыi рэспублiкi асноўным ядром яе лiчылiся Мiнская, Смаленская, Магiлёўская, Вiцебская i Гродзенская губернi з прылеглымi да iх мясцовасцямi суседнiх губерняў, населеных пераважна беларусамi.

Аднак у гэтых межах ССБР праiснавала толькi два тыднi. Памiж прыхільнiкамi З. Жылуновiча i А. Мяснiкова разгарнулiся вострыя спрэчкi ў сувязi з фармiраваннем Часовага ўрада рэспублiкi. Канфлiкт памiж iмi асабiста ўладжваў Сталiн, якi меў намер прыехаць у Мiнск у пачатку студзеня, але па прапанове ЦК РКП(б) быў адкамандзiраваны на Усходнi фронт у сувязi са склаўшайся там крытычнай сiтуацыяй. У тэлеграме да кiраўнiкоў ССБР раiў, што „праз 10 дзён буду ў Вас, вядзiце сябе спакойна i не бiцеся, а то будзе дрэнна”4.

Парада не была выпадковая, бо немнагаслоўны Сталiн ведаў больш, чым казаў.

Аднак Сталiн затрымаўся на фронце не на дзесяць, а больш чым на дваццаць дзён. У яго адсутнасць на Беларусь быў накiраваны ўпаўнаважаны ЦК РКП(б) i член Цэнтральнага Камiтэта А. Iофе з шырокiмi паўнамоцтвамi. 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) прыняў адмоўнае для беларускай дзяржаўнасцi рашэнне забраць у толькi што створанай Беларускай рэспублiкi Вiцебскую, Магiлёўскую i Смаленскую губернi i уключыць iх у склад РСФСР, а застаўшыяся Мiнскую i Гродзенскую губернi аб’яднаць з Лiтоўскай ССР. На пасаду старшынi ЦВК будучай ЛiтБел планаваўся непасрэдна А. Iофе.

Адным з галоўных iнiцыятараў утварэння ЛiтБела з’яўляўся старшыня УЦВК i сакратар ЦК РКП(б) Я. Свярдлоў. У тэлеграме ад 30 студзеня ў ЦК КП Лiтвы паведамляў, што на з’ездзе Саветаў Беларусi будзе вынесена рашэнне аб аб’яднаннi Беларусi з Лiтвой. Таму прапаноўваў „лiтоўскiм таварышам як можна хутчэй склiкаць свой з’езд i правесцi там тое ж рашэнне”5.

Супраць штучнага дзялення этнiчнай Беларусi пратэставалi не толькi група З. Жылуновiча, але А. Мяснiкоў i яго прыхiльнiкi. Аб гэтым сведчыць пратакол пасяджэння Цэнтральнага бюро КП(б) Беларусi ад 22 студзеня, на якiм прысутнiчаў Iофе. Усе 8 членаў Бюро адхiлiлi прапанову Iофе аб падзеле тэрыторыi рэспублiкi i вырашылi звярнуцца ў ЦК РКП(б) з просьбай перарашыць пытанне аб усходнiх губернях Беларусi6.

Таму Iофе ў пiсьме Свярдлову ад 28 студзеня адзначыў, што абедзве групы нiкуды не вартыя. Беларусы, цi група Жылуновiча — нацыяналiсты, а Мяснiкоў i яго прыхiльнiкi, хаця не нацыяналiсты, але сепаратысты яшчэ горшай маркi. I раiў разагнаць iх, паслаць на працу куды-небудзь далей ад Беларусi.

Аднак iдэя дзяржаўнасцi Беларусi знаходзiла ўсё большую колькасць сваiх прыхiльнiкаў i сярод савецка-партыйнага актыву былой Паўночна-Заходняй вобласцi. Гэтыя настроi яскрава выявiлiся на адбыўшайся ў канцы студзеня 1919 года Мiнскай губернскай партыйнай канферэнцыi. У прынятай рэзалюцыi канферэнцыi за подпiсам I. Рэйнгольда, Р. Найдзенкава i В. Кнорына выказваўся недавер прадстаўнiку ЦК РКП(б) Iофе i змяшчалася патрабаванне адклікаць яго з Беларусi. Сур’езныя папрокi ў адмiнiстраваннi былi зроблены i ў адрас Свярдлова.

Такая пазiцыя савецка-партыйнага кiраўнiцтва Беларускай рэспублiкi вызвала сур’ёзны непакой у ЦК РКП(б). Урэгуляванне канфлiкту было ўскладзена на Сталiна, якi ад iмя Цэнтральнага камiтэта РКП(б) адобрыў дзейнасць Iофе на Беларусi i патрабаваў ад членаў Цэнтральнага бюро КП(б)Б, падпiсаўшых рэзалюцыю, перагледзець свае пазiцыi. У той жа час у тэлефанаграме савецкаму ўраду Лiтвы паведамляў, што на кандыдатуры Iофе на пасаду старшынi ЦВК ЛiтБела „не настойваем, няхай будзе Цiхоўскi”.

Не выпадкова, што ў працы I-га Усебеларускага з’езда Саветаў 2-3 лютага 1919 г. прыняў непасрэдны ўдзел старшыня УЦВК i сакратар ЦК РКП(б) Я. Свярдлоў. Асноўная ўвага прысутных зварочвалася на ахапiўшую краiны Еўропы, на думку дакладчыка, сусветную пралетарскую рэвалюцыю i неабходнасць адзiнства пралетарыяту Беларусi, Лiтвы i Расii. З’езд Саветаў прадублiраваў прынятае раней у Маскве рашэнне аб утварэннi Лiтоўска-Беларускай Савецкай Рэспублiкi. 27 лютага 1919 г. у Вiльнi на аб’яднаным пасяджэннi ЦВК Лiтоўскай i Беларускай ССР было прынята рашэнне аб аб’яднаннi рэспублiк Лiтвы i Беларусi.

З утварэннем гэтай штучнай дзяржаўнасцi як бы здымалася з павесткi дня пытанне аб правамернасцi далучэння этнiчных беларускiх зямель да РСФСР.

У склад новага ўрада ЛiтБела З. Жылуновiч не ўвайшоў, бо ў пачатку лютага быў накiраваны на журналiсцкую працу ў Харкаў. А. Мяснiкоў у маi 1919 г. быў камандзiраваны на Усходнi фронт у рангу камандуючага Паволжскiм фронтам. Яшчэ трагiчней склаўся лёс Рыгора Паўлавiча Найдзенкава, якi на I-м Усебеларускiм з’ездзе Саветаў быў абраны членам ЦВК БССР i яго Прэзiдыума, а ў сакавiку — членам ЦК КП(б)ЛiБ. У маi 1919 г., паводле пастановы ЦВК ЛiтБела, быў арыштаваны Вярхоўным рэвалюцыйным трыбуналам ЦВК ЛiтБела па абвiнавачванні ў тым, што выдаваў сябе за члена РСДРП з 1906 года i адказныя пасады ў Заходняй вобласцi выкарыстоўваў для сваёй выгады.

Такi сумны вынiк першапачатковага этапу стварэння беларускай дзяржаўнасцi на савецкай аснове. Тагачаснаму савецкаму i партыйнаму актыву Беларусi быў дадзены прадметны ўрок пралетарскага iнтэрнацыяналiзму. Ён наклаў свой адмоўны адбiтак на пазiцыю кiраўнiкоў Мiнскага губрэўкома ў лiпенi 1920 года, калi ў другi раз вырашалася пытанне аб абвяшчэннi ССРБ i яе тэрыторыi.


1 У. І. Ленiн, Поўны збор твораў, т. 30, с. 97, 98.

2 Революционные комитеты БССР (ноябрь 1918 — июль 1920): Сб. документов и материалов, Мінск 1961, с. 52.

3 Пратакол I з’езда Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi, Менск 1934, с. 13.

4 Расiйскi цэнтр захоўвання i вывучэння дакументаў навейшай гiсторыi (далей: РЦЗ i ВДНГ), ф. 3, воп. 6, спр. 4671, арк. 1.

5 Я. М. Свердлов, Избранные произведенія: В 3-х тт., Москва 1960, т. 3, с. 143.

6 Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (далей: НАРБ), ф. 4, воп. 1, спр. 1, арк. 20, 21.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія