|
Заходнерусізм ва ўмовах рэвалюцыі 1917 года: паміж імперскасцю і беларускай ідэяй
Станіслаў Рудовіч
(Мінск)
Важнай вяхой на шляху змагання за беларускую дзяржаўнасць у ХХ ст. стала Расійская рэвалюцыя 1917 года (гэтым словазлучэннем будзем абазначаць не толькі бальшавіцкі пераварот у кастрычніку, але ўвесь ланцуг падзей, што пачаўся крушэннем царызму ў лютым — сакавіку, выліўся ў глыбокі, усёабдымны, шматмерны сацыяльны выбух і меў вынікам захоп улады бальшавікамі ў канцы года). Паскораны рэвалюцыяй працэс дэзінтэграцыі Расійскай імперыі надзвычай актуалізаваў праблему нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа, аб’ектыўна пастаўленую на парадак дня ўжо хадою Першай сусветнай вайны, якая істотна змяніла геапалітычную сітуацыю ва Усходняй Еўропе.
Рэвалюцыя 1917 года адкрыла шырокія магчымасці для разгортвання і арганізацыйна-палітычнага афармлення беларускага нацыянальнага руху — асноўнага генератара ідэі самавызначэння. У сакавіку 1917 г. у Мінску быў створаны каардынацыйны цэнтр руху — Беларускі нацыянальны камітэт, заменены ў ліпені Цэнтральнай радай беларускіх арганізацый, якая ў кастрычніку рэарганізавалася ў Вялікую Беларускую раду. У час рэвалюцыі адрадзілася старэйшая нацыянальная партыя — Беларуская сацыялістычная грамада, пачалі ўзнікаць іншыя беларускія партыі і арганізацыі. Галоўным іх праграмным пастулатам на дадзеным этапе было патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў агульнарасійскай федэрацыі. Аднак дасягненне нават гэтай памяркоўнай мэты ў тагачасных канкрэтна-гістарычных абставінах сталася досыць праблематычным. З прычыны дзеяння цэлага шэрагу фактараў (як доўгатэрміновага, так і сітуацыйнага кшталту) вызначальны ўплыў на грамадскае жыццё Беларусі з усходняга боку ад лініі расійска-германскага фронту рабілі ў 1917 годзе агульнарасійскія партыі: ліберальныя, народніцкія, сацыял-дэмакратычныя. Яны зыходзілі з прыярытэту вялікадзяржаўных, агульнадэмакратычных альбо класавых інтарэсаў. Нацыянальнае пытанне, як правіла, не мела для іх самадастатковага значэння. Сфармаваныя агульнарасійскімі партыямі цэнтральныя і мясцовая органы ўлады, саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, а таксама размешчанае на Беларусі камандаванне і вайсковыя камітэты расійскага Заходняга фронту былі індыферэнтныя ці нават варожыя да беларускай ідэі, праводзілі вялікаімперскую палітыку.
Аднак спробы беларускіх адраджэнцаў ініцыяваць працэс стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці выклікалі супрацьдзеянне не толькі з боку наезджых вайскоўцаў, чыноўнікаў бюракратычнага апарату ды функцыянераў агульнарасійскіх партый. Патрабаванне аўтаноміі Беларусі непрыхільна ўспрымалася і найбольш русіфікаванымі коламі мясцовага, уласна беларускага насельніцтва. Гэтая частка тутэйшага жыхарства і стала сілкавальнай глебай для актывізацыі заходнерусізму, пад якім мы разумеем грамадска-палітычную плынь, а таксама форму этнічнай самасвядомасці пэўных пластоў насельніцтва Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў арэале расійскага дзяржаўна-палітычнага і моўна-культурнага ўплыву (ХІХ-ХХ стст.). Ідэалогія і практыка заходнерусізму грунтуецца на канцэпцыі „адмаўлення гістарычнасці беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівання іх з вялікарускім этнасам” (А. К. Каўка). Аднак зводзіць азначэнне заходнерусізму да гэтай канцэпцыі1 (г.зн. толькі да сістэмы пэўных ідэйна-тэарэтычных палажэнняў) уяўляецца недастатковым, бо ў такім разе не ўлічваюцца, з аднаго боку, сацыяльна-класавыя, сацыяльна-этнічныя і сацыяльна-псіхалагічныя карані дадзенага феномену, з другога — пакідаецца ўбаку наяўнасць „заходнерускіх” арганізаваных структур і іх прысутнасць у сферы практычнай палітыкі.
Пасля падзення царызму ва Усходняй Беларусі аформілася некалькі такіх структур.
Так, у траўні 1917 г. у Віцебску па ініцыятыве вядомага гісторыка-краязнаўцы Уладзіміра Стукаліча намаганнямі мясцовых чыноўнікаў, выкладчыкаў навучальных устаноў горада, праваслаўных святароў была заснавана арганізацыя пад назвай Беларускі народны саюз. Кіраўніцтва арганізацыяй трапіла ў рукі дзеяча кансерватыўнага складу: выкладчыка Віцебскага настаўніцкага інстытута Фёдара Грыгаровіча (старшыня), службоўца акруговага суда Барыса Бялыніцкага-Бірулі, вайсковага чыноўніка Георгія Палонскага, святара А. Гусарэвіча. Хаця гэтая групоўка запэўнівала народжаны рэвалюцыяй Часовы ўрад Расіі ў сваёй лаяльнасці, аднак у яе праграмных дакументах адсутнічалі ўпамінанні пра дэмакратычную рэспубліку, палітычныя і асабістыя свабоды і г.д., што сведчыла пра сімпатыі да манархічнай формы кіравання і аўтарытарнага палітычнага рэжыму.
Нацыянальная праграма БНС вызначалася супярэчнасцю і непаслядоўнасцю. З аднаго боку, канстатавалася, што Беларусь у гістарычных, эканамічных і культурна-побытавых адносінах уяўляе „цалкам самастойную нацыянальную тэрытарыяльную велічыню” і нават абвяшчаўся лозунг „Беларусы — гаспадары Беларусі”. Пры гэтым, аднак, мелася на ўвазе толькі праваслаўная частка беларускага насельніцтва, якая фактычна атаясамлівалася з рускімі. Таму далей праграма сцвярджала, што „Беларусь ёсць толькі непадзельная частка адзінай вялікай Расіі”, а значыць, не мае права на дзяржаўнае самавызначэнне. У выніку БНС абмяжоўваўся патрабаваннем вылучыць Беларусь у асобную „адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку”, сфарміраваць орган кіравання ёю — Савет Беларусі і падпарадкаваць яму губернскія і гарадскія органы ўлады. Дзяржаўнай мовай павінна была заставацца руская, а беларускай адводзілася роля „падсобнай”2.
У ранейшых публікацыях беларускіх гісторыкаў пад уплывам сацыялагізатарскай схемы („кансерватыўны — значыць памешчыцкі”) БНС залічваўся ў разрад „памешчыцка-кансерватыўных”, „памешчыцка-клерыкальных” арганізацый3. Аднак такая ацэнка не стасуецца з аграрнай часткай праграмы БНС, дзе заяўлялася, што „буйное прыватнаўласніцкае землеўладанне недапушчальнае”, а найбольш „адпаведнай духу беларуса” формай землекарыстання ёсць „дробнае хутарское ўладанне на правах уласнасці4.
Праграмныя палажэнні і заявы лідэраў БНС, яго сацыяльны склад, палітычная лінія сведчаць, што гэтая арганізацыя адлюстроўвала інтарэсы і настроі найперш дробнабуржуазнай часткі насельніцтва: сярэдніх гарадскіх пластоў, заможных сялян, кансерватыўных групаў інтэлігенцыі, праваслаўнага духавенства.
Шчыльнае супрацоўніцтва з духавенствам, выкарыстанне праваслаўнай ідэалогіі і царкоўнай арганізацыі — характэрная адметнасць Беларускага народнага саюза. Яго актывісты былі заўсёднымі ўдзельнікамі розных рэлігійных акцый, з’ездаў духавенства і вернікаў Полацкай епархіі, дэлегаваліся на ўсерасійскія царкоўныя форумы, у тым ліку на Памесны сабор Рускай праваслаўнай царквы ў Маскве (жнівень 1917 — верасень 1918 гг.). У іх выступленнях нязменна прысутнічала думка, што менавіта праваслаўным прыходам належыць стаць „асноўнымі ячэйкамі грамадскасці”, якія павінны аб’яднацца ў „больш складаныя грамадскія арганізмы”5.
Тым часам з боку самога праваслаўнага духавенства Беларусі таксама рабіліся спробы шляхам пэўных захадаў даць свой адказ на абвостранае рэвалюцыяй беларускае пытанне.
Наконт дадзенага сюжэта па гістарычных публікацыях даўно вандруе сцвярджэнне, быццам вясной (ці ўлетку) 1917 г. у Маскве адбыўся з’езд праваслаўных святароў з беларускіх губерняў у колькасці 800 удзельнікаў, які нібыта выказаўся за аўтаномію Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы і навучанне ў школах па-беларуску6. Гэтыя звесткі — і ў частцы велізарнай колькасці дэлегатаў, і ў частцы палітычнай накіраванасці з’езда — выглядаюць надта непраўдападобна і павінны быць пастаўлены пад сумненне. Крыніцазнаўчы аналіз пытання паказвае, што памянёная інфармацыя фігуруе толькі ў крыніцах другаснага парадку, тады як першакрыніцы, непасрэдна звязаныя з разгляданымі падзеямі, пра ўяўны шматлюдны з’езд нацыянальна свядомых беларускіх святароў маўчаць.
На разгортванне ў часе рэвалюцыі нацыянальнага руху праваслаўны клір Беларусі — адна з галоўных сілаў русіфікацыі — сапраўды рэагаваў, але не далучэннем да беларускай ідэі, а ўзмацненнем прапаганды заходнерусізму і спробамі стварыць на базе царкоўнай арганізацыі разгалінаваную агульнакраёвую структуру, якая скіравала б працэс самаідэнтыфікацыі беларусаў у „заходнерускае” рэчышча. Так, група дэлегатаў з беларускіх губерняў на Усерасійскім з’ездзе духавенства і вернікаў (чэрвень 1917 г., Масква) выступіла з дэкларацыяй аб „асаблівасцях некаторых царкоўных пытанняў для Беларусі”. Згаданыя асаблівасці, на думку праваслаўных святароў і іх найбольш шчырых прыхаджанаў, палягалі зусім не ў беларускай самабытнасці. Спецыфіка краю, паводле разумення аўтараў дэкларацыі, у тым, што яго „спрадвечнае праваслаўна-рускае аблічча” ў чарговы раз зазнала „націск іншых нацыянальнасцяў”, зноў апынулася перад пагрозай „паланізацыі і эканамічнага заняволення”. Каб засцерагчы беларусаў ад гэтае навалы, прапаноўвалася ўсім таварыствам, саюзам, брацтвам, прафесійным, культурна-асветным, эканамічным, палітычным, рэлігійным арганізацыям у губернях Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай аб’яднацца з мэтай „абуджэння племянной самасвядомасці ў беларускім народзе, самавызначэння на грунце краёвых асаблівасцяў у Расійскай дзяржаве, у цесным адзінстве і непадзельнасці з ёю”7.
Неўзабаве сярод праваслаўнага духавенства Беларусі пачала цыркуляваць ідэя аб скліканні агульнакраёвага з’езда, які б паказаў народу „сапраўдныя” („истинные”) шляхі ўладкавання яго жыцця і абараніў ад тых, хто намагаецца „перацягнуць беларусаў да сябе”. У Мінску пры духоўнай семінарыі было нават створана арганізацыйнае бюро па падрыхтоўцы з’езда. Распрацаваная ім праграма форуму выходзіла далёка за межы рэлігійна-маральных праблем. На парадак дня меркавалася вынесці зямельнае пытанне, дыскусію аб развіцці ў краі сістэмы адукацыі, у тым ліку аб мове выкладання, вызначэнне прымальных формаў кіравання ў Беларусі і г.д.8
Усе гэтыя намеры, аднак, павісалі ў паветры: ва ўмовах небывала шырокага роскіду палітычных плыняў і настрояў пры яўнай перавазе левага флангу кансерватыўны кірунак заходнерусізму не меў сур’ёзных шанцаў на атрыманне масавай падтрымкі. Таму іншыя яго асяродкі імкнуліся выступіць у больш прывабным абліччы, якое б лепей стасавалася з рэвалюцыйнай ментальнасцю народа.
Спроба адаптавацца да паслялютаўскіх умоваў праглядаецца ў дзейнасці Саюза беларускай дэмакратыі ў Гомелі. Ён быў заснаваны ў красавіку 1917 года з ініцыятывы вядомага віленскага „зубра” заходнерусізму Паўла Каранкевіча, які апынуўся ў горадзе на Сожы пасля захопу Вільні немцамі. У арганізацыю (летам 1917 г. яна налічвала больш за 200 чалавек)9 увайшлі настаўнікі, службоўцы чыгункі, іншыя дробныя чыноўнікі. Найвышэйшы сэнс свайго існавання гомельскі „саюз” бачыў у тым, каб „дапоўніць работу нашых продкаў” і аб’яднаць беларусаў з велікаросамі і маларосамі „ў адну магутную і несакрушальную народнасць рускую”10. Азнаёміўшыся з дзейнасцю Беларускай сацыялістычнай грамады і блізкіх да яе арганізацый, гомельскія „заходнерусы” ўзялі за мэту „ўсяляк процідзейнічаць імкненню некаторых беларусаў да аўтаноміі”11.
Каб нейтралізаваць магчымы ўплыў беларускіх адраджэнцаў ва ўрадавых колах, СБД тэрмінова накіраваў пасланне ў Петраград. Да ведама Часовага ўрада даводзілася наступнае: „На Беларусі існуюць дзве плыні: першая, на чале якой стаіць Нацыянальны Беларускі камітэт (Грамада), імкнецца да аўтаноміі Беларусі і выкладання ў школах на беларускай мове (у сапраўднасці — на беларускай гаворцы), і другая, якую падтрымлівае гомельская арганізацыя, імкнецца да яднання Беларусі з Велікаросіяй, да агульнай з ёй мовы і інш.” Пры гэтым „заходнеруская” плынь малявалася як выразніца інтарэсаў „дэмакратычнага элементу” на Беларусі12.
Разумеючы, што галоўны фронт змагання з беларускім „сепаратызмам” праходзіць праз свядомасць шырокіх масаў насельніцтва самой Беларусі, у першую чаргу яе шматмільённага сялянства, Саюз беларускай дэмакратыі ўключыў у праграму пункт з пажаданнем „бясплатнай перадачы ў карыстанне беларускага насельніцтва ўсіх земляў дзяржаўных, манастырскіх, царкоўных, кабінецкіх, удзельных і прыватнаўласніцкіх”13.
Для распаўсюджвання сярод сялян ідэяў заходнерусізму асаблівыя спадзяванні ўскладаліся на народных настаўнікаў і „дэмакратычную інтэлігенцыю” ўвогуле, якая мусіла павесці народ да светлай будучыні, „руйнуючы на сваім шляху ўсе перашкоды, з чыйго б боку яны ні былі”. Каб беларуская інтэлігенцыя здолела выканаць наканаваную місію, гомельскі „саюз” дамагаўся згуртавання яе пад сваёй эгідай у адну магутную агульнакраёвую арганізацыю. Праўда, поспехі ў гэтай справе былі надзвычай сціплымі: удалося заснаваць толькі адну філію СБД — у Маладзечне14.
Падобная арганізацыя „заходнерускай” афарбоўкі, але з яшчэ больш выразнай зацікаўленасцю сацыяльнымі праблемамі і арыентацыяй на сялянства ўзнікла ў ліпені 1917 года ў Оршы пад назовам Беларускі народны камітэт. Яго заснавалі вайсковы чыноўнік, былы народны настаўнік М. Р. Ляўковіч, выклачыца гісторыі і геаграфіі Аршанскай жаночай настаўніцкай семінарыі М. А Васільева, вайсковы кантралёр У. М. Рамановіч ды інш. У склад камітэта ўвайшлі і некалькі сяброў мясцовага савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў15. Праз некаторы час камітэт адкрыў свае філіі ў Капылі і Горках.
Беларускі народны камітэт бачыў задачу ў тым, каб „усямерна садзейнічаць аб’яднанню беларусаў з мэтай хутчэйшай арганізацыі краю на дэмакратычных падставах”, дамагацца іх шырокага ўдзелу ў органах мясцовага самакіравання і ва Устаноўчым сходзе, „дзе моцна гучыць голас беларуса для абароны сваіх інтарэсаў”16.
Пад уплывам нацыянальнага руху і шырока распаўсюджаных федэралісцкіх канцэпцый аршанскі камітэт выказаўся нават за федэратыўную будову Расіі, у якой Беларусі адводзілася месца „федэратыўнай часткі”. Вышэйшую ўладу ў краі прапаноўвалася сканцэнтраваць у Беларускім народным савеце, выбраным шляхам усеагульнага, простага, роўнага і таемнага галасавання17. Разам з тым завадатар арганізацыі М. Р. Ляўковіч перасцерагаў ад лозунга аўтаноміі, лічыў, што „сяляне наогул поўнай аўтаноміі не жадаюць”18.
Сацыяльна-эканамічныя ідэі Беларускі камітэт у Оршы запазычваў у расійскіх неанародніцкіх партый — народных сацыялістаў і эсэраў19. Па іх прыкладзе адну з сваіх задач камітэт сфармуляваў наступным чынам: „Накіроўванне жыцця краю да такога парадку, калі ўся зямля, усе прылады і ўсе прадукты працы пяройдуць у агульнае карыстанне ўсяго народа”. Вельмі дэталёва ў праграме аршанскай арганізацыі былі прапісаны сацыяльныя гарантыі для розных групаў насельніцтва: 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатная адукацыя і медыцынская дапамога і г.д.20
Аднак нацыянальная самасвядомасць прыхільнікаў Беларускага народнага камітэта ў Оршы была недастаткова акрэсленай, супярэчлівай, у ёй прысутнічаў моцны „заходнерускі” кампанент. Аршанскі дапісчык газеты „Вольная Беларусь” сведчыў, што, з аднаго боку, „яны нічога не маюць (супраць) лічыць сябе за беларусаў”, але з другога — беларускую мову называюць „помнікам старасветчыны” ды выяўляюць непрыязнасць да беларусаў-каталікоў за тое, што тыя не жадаюць пераходзіць у праваслаўе21.
Праграмныя дакументы аршанскай арганізацыі дапускалі ўвядзенне ў будучым беларускай мовы ў школьнае выкладанне, але толькі вельмі паступова, па меры яе „навуковай распрацоўкі” і „па жаданні народа”22. У іншых павятовых гарадах і мястэчках Беларусі (Асіповічах, Касцюковічах і г.д.) таксама паўставалі арганізацыі, суполкі неанародніцкага кшталту, якія называлі сябе беларускімі, але паводле нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ўдзельнікаў схіляліся больш да заходнерусізму.
Спалучэнне ў дзейнасці беларускіх згуртаванняў ідэалогіі нацыянальнага Адраджэння, сталай беларускай самасвядомасці, з аднаго боку, з пастулатамі і псіхалагічнымі стэрэатыпамі заходнерусізму — з другога, было ў 1917 годзе даволі пашыранай з’явай. Такую рысу нельга не заўважыць, напрыклад, у Беларускай народнай грамады (цэнтр яе знаходзіўся ў Маскве), якая займалася пераважна праблемамі беларускіх бежанцаў у Расіі. Арганізацыя мела аддзелы ў Калузе, Саратаве, Тамбове, Сестрарэцку ды іншых гарадах, дзе пражывалі кампактныя групы бежанцаў; улетку 1917 года налічвала больш за тысячу чалавек. БНГ узначальвалі Язэп Васілевіч, Аляксандр Цвікевіч, Федар Турук і інш. Палітычная платформа Беларускай народнай грамады прадугледжвала аўтаномію Беларусі ў агульнарасійскай федэрацыі, права беларускага народа карыстацца роднай мовай у сферы адукацыі, самакіравання і суда23. Але на практыцы БНГ не акцэнтавала ўвагу на гэтых пытаннях, супрацоўнічала з прыхільнікамі непадзельнасці Расіі (паводле сведчання Я. Дылы, у БНГ уваходзіў нават такі адэпт заходнерусізму, як Саланевіч), цярпіма ставілася да фактаў адмаўлення патрэбы для Беларусі дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага самавызначэння24. Гэткая падатлівасць неаднаразова выклікала раздражненне з боку Беларускай сацыялістычнай грамады, расцэньвалася ёю як беспрынцыповасць, што ў канчатковым выніку ўскладняла ўзаемадзеянне дзвюх у цэлым блізкіх паводле ідэйна-палітычнага кірунку беларускіх арганізацый. У прыватнасці, лідэры БСГ, не здолеўшы дараваць Беларускай народнай грамадзе рэверансы ў бок заходнерусізму, не падтрымалі яе прапанову аб супольнай тактыцы на выбарах ва Усерасійскі Устаноўчы сход, што з’явілася адной з прычын паражэння на гэтых выбарах беларускага руху.
Падобнай дваістасці не быў пазбаўлены і Беларускі камітэт у Магілёве. У гэтай суполцы ўжо ў першыя тыдні пасля падзення царызму аб’ядналіся службоўцы Магілёўскага акруговага суда, выкладчыкі, святары, навучэнская моладзь; сярод сяброў камітэта былі як праваслаўныя, так і каталікі, прычым свядома праяўляліся клопаты аб поўным раўнапраўі прадстаўнікоў абедзвюх канфесій. Актыў магілёўскай арганізацыі складалі такія вядомыя постаці беларускай гісторыі і культуры, як Міхаіл Кахановіч, Дзмітрый Даўгяла, Ісак Сербаў і інш. Яе прадстаўнікі актыўна ўдзельнічалі ў беларускіх з’ездах, адзназначна падтрымлівалі Беларускі нацыянальны камітэт і Беларускую раду ў Мінску25. Тым не менш у свядомасці некаторых прыхільнікаў магілёўскага камітэта, выхаваных ва ўлонні расійскай культуры, яшчэ не адбыўся пераход ад „агульнарускай” (агульнаўсходнеславянскай) самаідэнтыфікацыі да ўласна беларускай, а таксама выяўляліся рэцыдывы паланафобіі, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў насаджалася царызмам сярод беларусаў26.
Супрацоўнічаючы з адраджэнскімі арганізацыямі, Беларускі камітэт у Магілёве заставаўся адкрытым для кантактаў і ўзаемадзеяння з фармаваннямі „заходнерускай” накіраванасці.
Характарыстыка арганізацый і суполак, якія ў рэвалюцыю 1917 года ў той ці іншай ступені былі носьбітамі і праваднікамі дактрыны заходнерусізму, сведчыць пра ідэйна-палітычную неаднароднасць гэтай грамадскай плыні. Як і ў папярэднія часы, у заходнерусізме ўзору 1917 года абазначаюцца два больш-менш акрэсленыя кірункі. На правым флангу выразна вымалёўваецца кансерватыўна-клерыкальная плынь, якой былі ўласцівы манархізм, непрыкрыты вялікадзяржаўны шавінізм, праваслаўны фундаменталізм. Левы фланг заходнерусізму займалі арганізацыі ліберальна-народніцкага кшталту, якія не цураліся рэспубліканска-дэмакратычных поглядаў, прызнавалі наяўнасць этнакультурных асаблівасцяў Беларусі, дапускалі яе афармленне ў якасці асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў межах Расіі, а таксама выяўлялі пэўную талерантнасць у канфесійных пытаннях.
У чэрвені 1917 г. у Віцебску адбыўся з’езд прадстаўнікоў пералічаных вышэй „заходнерускіх” арганізацый, які, праўда, атрымаўся зусім не шматлюдным. Выніковая дэкларацыя з’езда была складзена ў духу праграмы віцебскага БНС. Нягледзячы на нязгоду часткі дэлегатаў, большасць удзельнікаў асудзіла ідэі нацыянальнага самавызначэння беларусаў, аб’явіўшы пратэст „супраць сепаратных і шавіністычных імкненняў, што зыходзяць ад імя невялікай групы насельніцтва Беларусі”. Аднак асуджэннем не абмежаваліся. У якасці альтэрнатывы „сепаратызму” прыхільнікаў аўтаноміі з’езд „заходнерусаў” прапаноўваў дзеля „аб’яднання беларускага народа ў адну згуртаваную непадзельную сям’ю” стварыць „абласную арганізацыю, разгалінаваную ў губернскія, павятовыя і валасныя народныя камітэты”. Пры гэтым планавалася, што асноўныя прынцыпы кіравання вобласцю выпрацуе скліканы неўзабаве агульнакраёвы форум — Беларускі кангрэс27.
Гістарычныя факты падводзяць да думкі, што на ўзроўні праектаў рэфармавання дзяржаўнай будовы Расіі якраз „заходнерусісцкія” ўяўленні і настроі сілкавалі ідэю аб’яднаць беларускія губерні ў буйную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — вобласць. У адрозненне ад аўтаноміі, прапанаванай адраджэнцамі, вобласць не мела б нацыянальна-дзяржаўных прэрагатыў, у тым ліку мясцовага заканадаўства, але карысталася б больш-менш шырокім самакіраваннем і гаспадарчай самастойнасцю.
Абласніцтва, фактычна з’яўляючыся, такім чынам, адной з праяваў заходнерусізму, у той або іншай ступені падтрымлівалася рознымі грамадскімі сіламі як у неакупаванай частцы самой Беларусі, так і сярод яе ўраджэнцаў па-за краем. Паводле ўспамінаў З. Жылуновіча, абласніцкія погляды выявіліся ўжо на першым пасля падзення царызму сходзе беларусаў Петраграда ў сакавіку 1917 года; іх прыхільнікі спасылаліся на „невыразнасць беларускага пытання як нацыянальнага”, неабходнасць захоўваць „адзінства ў імя рэвалюцыі” і г.д.28 Затым падобныя ідэі былі праведзены ў рэзалюцыях губернскіх і павятовых з’ездаў беларускіх сялян, настаўнікаў, выказваліся ў мясцовым друку.
На працягу 1917 года адбываўся працэс аб’яднання ў рамках вобласці з цэнтрам у Мінску саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Беларусі. Абраныя ўлетку дэмакратычным шляхам гарадскія думы (у іх, дарэчы, трапіла па некалькі прадстаўнікоў і ад „заходнерускіх” груповак), а затым земствы таксама выяўлялі цягу да каардынавання дзейнасці ў межах Заходняй вобласці. Аналагічныя тэндэнцыі назіраліся і ўнутры партый (эсэраў, бундаўцаў, бальшавікоў, кадэтаў), якія афармлялі на тэрыторыі Беларусі і Заходняга фронту свае абласныя арганізацыі.
На агульнарасійскім узроўні „заходнерусісцкую” ідэю ўтварэння ў межах беларускіх губерняў адміністрацыйна-гаспадарчай вобласці педаліравалі дэлегаты з Беларусі на ўсерасійскіх сялянскіх з’ездах і ў Выканаўчым камітэце Усерасійскага савета сялянскіх дэпутатаў. Восенню 1917 года, пасля захопу ўлады бальшавікамі, гэтыя дэлегаты склалі касцяк шырока вядомага ў літаратуры Беларускага абласнога камітэта на чале з Яўсеем Канчарам, арганізаванага дзеля склікання Усебеларускага з’езда.
Палітычнае аблічча БАК было пераважна неанародніцкім, большасць яго актывістаў з’яўляліся сябрамі альбо спачувальнікамі агульнарасійскіх партый эсэраў і энэсаў. Паводле нацыянальнага складу ў камітэце пераважалі беларусы, якія трымаліся „ўсходняй”, прарасійскай арыентацыі, іх нацыянальная самасвядомасць была замешана на стэрэатыпах заходнерусізму. Аднак працэс распаду „адзінай і непадзельнай” Расіі, які пасля кастрычніцкага перавароту набыў асабліва пагражальныя маштабы, падрываў веру ў непахіснасць расійскага апякунства над Беларуссю і падштурхоўваў да думкі, што найперш трэба разлічваць на сябе, самім клапаціцца пра будучыню краю.
На гэтым грунце адбылося відавочнае збліжэнне поглядаў „абласнікаў” з платформай беларускага нацыянальнага руху, каардынацыйным органам якога восенню 1917 г. выступала Вялікая Беларуская рада ў Менску. У выніку БАК і ВБР, нягледзячы на вострую ўспышку ўзаемнага суперніцтва, павялі сумесную падрыхтоўку да ўтварэння ў Беларусі аўтаномнага цэнтра ўлады шляхам склікання ў снежні 1917 г. Усебеларускага з’езда.
Не спыняючыся падрабязна на драматычных перыпетыях з’езда, заўважым, што „заходнерусісцкія” ўяўленні і настроі наклалі глыбокі адбітак на яго працу і выніковыя пастановы. Вялікая частка дэлегатаў — пераважна праваслаўных беларусаў з усходніх рэгіёнаў Беларусі, на якіх асабліва моцна ўплываў агульнарасійскі, імперскі фактар — былі прыхільнікамі далейшага дрэйфу Беларусі на ўсход у складзе шматнацыянальнай еўраазіяцкай супердзяржавы анахранічнага імперскага тыпу. Таму прапановы адраджэнцаў здзейсніць самавызначэнне Беларусі ў форме рэспублікі — не суверэннай, а ў федэрацыі з іншымі рэспублікамі Расіі — выклікалі ў асяроддзі гэтых дэлегатаў непадробны пярэпалах і неаднаразова ставілі з’езд на мяжу расколу. Насуперак рэчаіснасці, абвяшчэнне Беларускай рэспублікі нават у якасці аднаго з суб’ектаў федэрацыі ўспрымалася імі як раптоўны разрыў з Расіяй, што для Беларусі стала б „страшным бедствам”; як неабходнасць „даць бой нашым гістарычным суседзям”, да чаго Беларусь не гатовая; як навязванне рэцэпта, вынайдзенага „не жыццёвай гістарычнай мудрасцю, а навыварат зразуметай кніжнай граматай”; як імкненне тварыць народнае шчасце „без самога народа” і г.д.
Побач з аргументамі розуму суседнічалі эмацыйныя пераборы, ірацыянальны страх перад неабходнасцю зрабіць крок да самастойнага існавання, узяць на сябе адказнасць за лёс краю. Давалі аб сабе знаць казённая ксенафобія, забабоны антызаходніцтва. „Прабачце мне , тысячу разоў прабачце, — звяртаўся да апанентаў адзін з лідэраў „абласніцкага” крыла з’езда Аляксандр Вазіла, — але ў вашых прамовах я бачу ўхіл на Захад. Гэта — той самы ўхіл, які больш за ўсё палохае мяне”29.
Толькі коштам неверагодных высілкаў Рады з’езда ўдалося выпрацаваць кампрамісную формулу арганізацыі ўлады, якая была ўключана ў выніковую рэзалюцыю і з уздымам ухвалена дэлегатамі ў ноч на 18 снежня 1917 года. Адлюстроўваючы настроі большасці тагачаснага беларускага грамадства, гэтая формула не дапускала магчымасці існавання краю па-за межамі агульнарасійскай, „постімперскай” геапалітычнай прасторы30. Думка пра ўваходжанне Беларусі ў міжнародную супольнасць (еўрапейскую, сусветную) без пасрэдніцтва Расіі яшчэ не ўкладвалася ва ўяўленне пераважнай часткі беларускай палітычнай эліты ўзору 1917 года.
Разам з тым важна падкрэсліць, што Усебеларускі з’езд зафіксаваў сур’ёзны зрух у яе грамадскай свядомасці: Беларусь хоць і ўяўлялася па-ранейшаму толькі звяном больш шырокага дзяржаўна-палітычнага аб’яднання, але ўжо не як безаблічная, жорстка падпарадкаваная цэнтру правінцыя, а як параўнаўча самастойны, раўнапраўны, з уласнымі інтарэсамі і аўтаномнай сістэмай кіравання суб’ект агульнарасійскага супольніцтва народаў і краёў. Такі статус мог паслужыць стартавай пляцоўкай для будучага руху да поўнага суверэнітэту.
Натуральна, падобная перспектыва не стасавалася з намерамі бальшавікоў Заходняга фронту, якія заявілі аб уласных прэтэнзіях на манапольную ўладу ў краі. Таму ў момант прыняцця дэлегатамі выніковай рэзалюцыі праца Усебеларускага з’езда па загадзе Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту была гвалтоўна спынена ўзброенымі салдатамі.
Такім чынам, пасля падзення царызму заходнерусізм як пэўная сістэма палітыка-ідэалагічных установак і арганізаваных утварэнняў працягваў заставацца рэальным, дзейным элементам грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, выступаючы цяпер часцяком у іпастасі абласніцтва. Факты з часоў рэвалюцыі 1917 года пацвярджаюць праведзеную яшчэ Аляксандрам Цвікевічам у яго вядомай кнізе думку, што феномен заходнерусізму, з аднаго боку, быў прадуктам палітыкі вонкавых у дачыненні да Беларусі расійска-імперскіх сілаў, з другога — абапіраўся на эканамічны і карпаратыўна-кар’ерысцкі інтарэс пэўных групаў мясцовага, уласна беларускага жыхарства: буржуазных і дробнабуржуазных гарадскіх і сельскіх пластоў, дробнага і сярэдняга чынавенства, правінцыйнага праваслаўнага духавенства, зрусіфікаваных інтэлігенцкіх колаў31. Пры панаванні ў краі абшарніцкага землеўладання „асобаў польскага паходжання” і габрэйскага гандлёва-прамысловага капіталу пералічаныя групы насельніцтва бачылі гарантыю свайго матэрыяльнага дабрабыту, устойлівасці грамадскага статусу толькі ў апякунстве з боку магутнай Расійскай дзяржавы. Але калі на пачатку ХХ ст. будыніна Расійскай імперыі стала хістацца, а ў 1917 годзе на ёй з’явіліся прыкметныя трэшчыны, пахіснулася і вера ў непарушнасць гэтага прыкрыцця. У асяроддзі „заходнерусаў”ліберальнага, ліберальна-народніцкага тыпу прабіваецца вымушанае ўсведамленне неабходнасці разлічваць перадусім на ўласныя, краёвыя сілы (не адмаўляючыся, вядома, і ад падтрымкі ўсё яшчэ моцнай сваімі гіганцкімі маштабамі Расіі). Такая змена акцэнтаў аб’ектыўна скіроўвала левае крыло заходнерусізму на збліжэнне з беларускім нацыянальным рухам, што ўвасобілася ў сумесным скліканні Усебеларускага з’езда — першага ў гісторыі прадстаўнічага форуму беларусаў. На ім беларускае грамадства ўшчыльную падышло да афармлення свайго роду агульнанацыянальнага дэмакратычнага фронту, выпрацавала ўзважаную канцэпцыю нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на негвалтоўных, цывілізаваных прынцыпах. Узброены разгон з’езда сарваў натуральны, легітымны, найбольш паўнавартасны шлях ператварэння беларусаў з аморфнай этнічнай масы ў сучасную палітычную нацыю. Далей гэтая трансфармацыя пайшла пакручастымі дарогамі, сталася запаволенай і шмат у чым дэфармаванай.
Streszczenie
Rewolucja lutowa w Rosji otworzyła drogę do szerokiej działalności różnych białoruskich ugrupowań politycznych i społecznych. Próby aktywizowania społeczeństwa białoruskiego przez zwolenników autonomii Białorusi spotykały się jednak z przeciwdziałaniem generałów armii rosyjskiej, urzędników i rosyjskich partii, a także z niechęcią miejscowej zrusyfikowanej ludności. Większość Białorusinów skłonnych było popierać organizacje zapadnoruskie głoszące ideę jedności z wielkorusami (Rosjanami). Największa partia zapadnoruska — Białoruski Związek Ludowy — powstała w maju 1917 r. głosiła wprawdzie, że Białorusini są samodzielnym narodem i powinni być gospodarzami na swojej ziemi, lecz Białoruś powinna pozostać częścią niepodzielnej Rosji. Językiem państwowym — według BZL — powinien pozostać rosyjski. Partia w pracy organizacyjnej i propagandowej korzystała z usług kleru prawosławnego i struktur cerkiewnych. Kler prawosławny pozostawał natomiast całkowicie obojętny na wszelkie hasła autonomii kulturalnej lub politycznej dla Białorusi. Inna organizacja zapadnoruska — Związek Białoruskiej Demokracji — powstała w Homlu w kwietniu 1917 r., za główny cel istnienia stawiała całkowite zjednoczenie zapadnorusów, wielkorusów i małorusów (Ukraińców). W kierunku niepodległościowym ewoluował program Białoruskiego Komitetu Ludowego z Orszy. Z zapadnorusami łączyła tę organizację głównie niechęć do katolików, których nie uznawano za Białorusinów.
1 Гл.: А. Каўка, Заходнерусізм, [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 3, Мінск 1996, с. 417.
2 Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (далей: АР ЦБ АНЛ), ф. 21, спр. 2225, арк. 1-2; „Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов”, 27 июля 1917 г.
3 Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции, ч. ІІ: У истоков политического противостояния, Гомель 1993, с. 72, 82; М. С. Сташкевіч, І. Ф. Раманоўскі, Манархічныя партыі і арганізацыі на Беларусі, „Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія”, 1993, № 2, c. 5-6.
4 АР ЦБ АНЛ, ф. 21, спр. 2225, арк. 1-2.
5 Деяния чрезвычайного съезда духовенства и мирян Полоцкай епархии, Витебск 1917, с. 14, 17-18; „Полоцкие епархиальные ведомости”, 1917, № 29, c. 739-742; № 45, c. 1163-1168.
6 A. Stankievič, Biełaruski Chryścijanski Ruch, Wilnia 1939, s. 117; Н. С. Сташкевич, Приговор революции: крушение антисоветского движения в Белоруссии, Минск 1985, с. 54; Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-XX стст.), Мінск 1998, с. 131.
7 „Полоцкие епархиальные ведомости”, 1917, № 39, c. 987-988.
8 Там жа, с. 990.
9 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ф. 3, воп. 1, спр. 137, арк. 82 адг.
10 П. В. Коронкевич, Белорусы: Исторический очерк с обзором деятельности Союза белорусской демократии, Гомель 1917, с. 7.
11 Там жа, с. 5.
12 Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі (далей: ДАРФ), ф. 1811, воп. 1, спр. 33, арк. 23-23 адг.
13 П. В. Коронкевич, Белорусы..., с. 10.
14 Там жа, с. 7, 9.
15 „Оршанский вестник”, 6 июля 1917 г.
16 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (дадей: НАРБ), ф. 60, воп. 3, спр. 243, арк. 284; „Оршанский вестник”, 6 июля 1917 г.
17 НАРБ, ф. 60, воп. 3, спр. 81, арк. 55 адг.
18 Там жа, ф. 325, воп. 1, спр.2, арк. 35.
19 „Оршанский вестник”, 15 июля 1917 г.
20 НАРБ, ф. 60, воп. 3, спр. 81, арк. 55 адг.-56 адг.
21 „Вольная Беларусь”, 30 ліпеня 1917 г.
22 НАРБ, ф. 60, воп. 3, спр. 81, арк. 55-56 адг.: ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 32.
23 АР ЦБ АНЛ, ф. 21, спр. 2261, арк. 81-84.
24 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 25-35, 42; „Вольная Беларусь”, 30 кастрычніка 1917 г.; „Дзянніца”, 1 сакавіка 1918 г.
25 „Молот” (Могилев), 3 июля 1917 г.
26 „Могилевская жизнь”, 13 сентября 1917 г.; „Молот” (Могилев), 15 сентября 1917 г.; М. К. (М. Кахановіч), Магілеўцы і незалежнасць Беларусі. (Мае ўспаміны), „Наша думка” (Вільня), 25 сакавіка 1921 г.; тое ж, „Спадчына”, 1997, № 6, c. 3-5; З. Жылуновіч, Люты — Кастрычнік у беларускім нацыянальным руху, [у:] Беларусь: Нарысы гісторыі, культуры і рэвалюцыйнага руху, Мінск 1924, с. 187-188.
27 АР ЦБ АНЛ, ф. 21, спр. 2225, арк. 3.
28 З. Жылуновіч, Уступамі да Акцябра, „Полымя”, 1923, № 5/6, c. 142.
29 „Беларускі гістарычны часопіс”, 1993, № 3, c. 67; А. Т. Вазилло, Речь, произнесенная на 1-м Всебелорусском съезде, „Гуманітарна-эканамічны веснік”, 1996, № 2. c. 49.
30 Ф. Турук, Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов, Москва 1921, Прилож. 15, с. 105.
31 Гл.: А. Цвікевіч, „Западно-руссизм”: Нарысы з гісторыі грамадзянскай мыслі на Беларусі ў Х1Х і пачатку ХХ в. 2-е выд., Мінск 1993, с. 86, 89-93, 120, 163-164, 280, 299-308 ды інш.; гл. таксама: Ю. Я. Барабаш, Сиамские близнецы: Западнорусизм и малороссийство в национальном самосознании белоруса и украинца, [у:] Русь — Литва — Беларусь: Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии, Москва 1997, с. 95-119.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|