Беларуская дыпламатыя ў ХХ ст. — aсэнсаванне знешнепалітычнага вопыту БНР, БССР і Рэспублікі Беларусь
Уладзімір Снапкоўскі
(Мінск)
У пачатку XX ст. слабасць нацыянальна-вызваленчага руху, які арыентаваўся больш на суседнія дзяржавы (Расію, Польшчу, Літву), чым на поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі, а таксама неспрыяльныя геапалітычныя абставіны абумовілі цяжкія, драматычныя шляхі адраджэння нацыянальнай дзяржаўнасці.
Спрыяльныя ўмовы для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці склаліся ў канцы першай сусветнай вайны, якая прывяла да аслаблення і распаду Расійскай імперыі. У гады вайны ідэя незалежнасці прайшла прыкметную эвалюцыю. У 1915 г. у Вільні браты Антон і Іван Луцкевічы стварылі Канфедэрацыю ВКЛ, палітычную арганізацыю, якая дамагалася ўтварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы на федэратыўнай аснове. У 1916 г. лідэры ўкраінскага (Міхаіл Грушэўскі) і беларускага (Антон Луцкевіч) нацыянальнага руху вылучылі ідэю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў ці Балтыйска-Чарнаморскай садружнасці. Паводле гэтага плана меркавалася стварэнне пасля заканчэння вайны эканамічнай і палітычнай супольнасці ў складзе незалежных дзяржаў — Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны. Гэта нечым напамінала мадэрнізаваную ідэю аднаўлення ВКЛ.
Але логіка падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе вяла да стварэння нацыянальных дзяржаў. У 1917 г. група нацыянальных дзеячаў на чале з Вацлавам Ластоўскім адмовілася ад канфедэратыўных і федэратыўных планаў і выступіла за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Тым не менш большасць прадстаўнікоў нацыянальнага руху працягвала стаяць на пазіцыях аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Усебеларускі з’езд у снежні 1917 г. сфармуляваў ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) як аўтаномнай адзінкі Расійскай дэмакратычнай рэспублікі.
Незалежніцкія настроі ў беларускім нацыянальным руху ўзмацніліся пасля разгону бальшавікамі Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 г. і падпісання ў сакавіку 1918 г. Брэсцкага мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі германскага блока. Беларускія дзеячы ўзялі курс на аддзяленне ад Расіі і абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. 25 сакавіка 1918 г. была прынята Трэцяя Устаўная грамата БНР, паводле якой Беларусь абвяшчалася незалежнай і свабоднай дзяржавай, старыя дзяржаўныя сувязі з Расіяй скасоўваліся.
Веліч і трагедыя БНР
Беларуская Народная Рэспубліка з’явілася першай спробай адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст. Яна нарадзілася ў неспрыяльных знешнепалітычных абставінах, ва ўмовах нямецкай акупацыі і непрызнання з боку бальшавікоў права беларускага народа на самавызначэнне. Пад уціскам знешніх абставін БНР не змагла аформіцца як суверэнная і незалежяая дзяржава і даволі хутка яе кіруючыя органы павінны былі эмігрыраваць з тэрыторыі Беларусі. Яна не змагла атрымаць шырокага міжнароднага прызнання, а яе ўрад не здолеў вывесці беларускае пытанне на міжнародную арэну.
Разам з тым абвяшчэнне БНР і дзейнасць (як унутры краіны, так і за яе межамі) маюць вялікае гістарычнае значэнне. З прьняццем Трэцяй Устаўной граматы да народаў Беларусі 25 сакавіка 1918 г. беларуская нацыянальная ідэя ўвасобілася ў акт стварэння новай незалежнай дзяржавы. Канстытуіраванне БНР адбывалася на ўсіх беларускіх этнічных землях у форме дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікі. Знешняя палітыка і дыпламатыя БНР былі накіраваны на міжнароднае прызнанне рэспублікі, абарону яе суверэнных правоў, барацьбу за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Найбольш актыўна яны ажыццяўляліся ў 1918-1923 гг., потьм працягваліся толькі ў форме эпізадычных актаў.
Адной з прычын унутранай слабасці БНР была адсутнасць адзінства поглядаў і дзеянняў у яе кіраўніцтве. Яно падзялялася паміж прыхільнікамі рознай знешнепалітычнай арыентацыі (на Расію, Польшчу, Германію, Літву), аслаблялася ўнутрыпалітычнымі і асабістымі (асабліва ў час эміграцыі) канфліктамі. Будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы на ўласна нацыянальным грунце ва ўмовах слабасці нацыянальнай свядомасці насельніцтва і акупацыі розных частак яе тэрыторыі практычна ўсімі суседнімі дзяржавамі не магло прынесці поспеху. Але абвешчаны сімвал беларускай дзяржаўнасці ў выглядзе БНР зрабіў сваю справу. Гэтага не маглі не ўлічваць бальшавікі, калі вярнуліся ў Мінск у снежні 1918 г.
Знешнепалітычная дзейнасць БССР
Знешнепалітычныя меркаванні мелі вырашальнае значэнне ў планах ленінскага ўрада Савецкай Paciі па стварэнні Беларускай савецкай дзяржавы. У канцы 1918 г. ва ўрадзе РСФСР атрымала дамінаванне думка аб неабходнасці стварэння на заходніх межах савецкай дзяржавы ланцуга буферных савецкіх рэспублік, каб пазбавіць капіталістычныя краіны прамага кантакту з бальшавіцкай Paciяй. Абвяшчэнне 1 студзеня 1919 г. Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь мела сваёй мэтай з пункту гледжання міжнароднага становішча Савецкай Paciі „замкнуть цепь советски-самоопределившихся образований”. Такі аргумент быў сфармуляваны І з’ездам КП (б) Б у сувязі з рашэннем аб пераўтварэнні Заходняй камуны ў самастойную ССРБ. Палітыка Савецкай Paciі ў беларускім пытанні з’яўлялася самым важным знешнепалітычным фактарам, які прадвызначаў дзяржаватворныя працэсы на тэрыторыі Беларусі.
У 1919-1929 гг. знешнепалітычная дзейнасць БССР зведала прыкметную эвалюцыю. Першы этап яе станаўлення ахопліваў 1919-1922 гг. У гэты час, асабліва ў 1921-1922 гг., адбыўся выхад Беларускай савецкай дзяржавы на міжнародную арэну. Але гэты выхад быў даволі сціплым і праяўляўся пераважна ва ўзаемаадносінах БССР з суседнімі дзяржавамі Усходняй Еўропы. Рэспубліка атрымала юрыдычнае прызнанне сваёй незалежнасці з боку РСФСР і іншых савецкіх рэспублік, а таксама Польшчы і Германіі. Адносіны дэ-факта падтрымліваліся з шэрагам еўрапейскіх краін. БССР прымала самы актыўны ўдзел у фарміраванні федэратыўных адносін з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі, складванні іх дыпламатычнага саюза, стварэнні Саюза ССР.
Знешнепалітычная дзейнасць БССР у 1919-1922 гг. адбывалася ў вельмі складаных міжнародных і ўнутраных умовах, у кантэксце дзяржаватворных працэсаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, замежнай інтэрвенцыі і вострай палітычнай барацьбы па пытаннях нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. Створаная, па волі і ў знешнепалітычных інтарэсах Савецкай Расіі, Савецкая Беларусь выступала ў рэгіянальнай палітыцы як праваднік знешнепалітычнай лініі Масквы.
Для большасці кіраўнікоў БССР былі ўласцівы нацыянальны нігілізм і гатоўнасць ахвяраваць нацыянальна-дзяржаўнымі інтарэсамі беларускага народа на карысць справы рэвалюцыі ў Савецкай Расіі і ва ўсім свеце. Увогуле паняцці „нацыянальныя інтарэсы” ці „знешняя палітыка Беларусі” былі чужымі і незразумелымі для бальшавіцкага кіраўніцтва БССР, значная частка якога прытым не была беларусамі па паходжанні. Незайздросная роля аб’екта замежнай палітыкі больш моцных дзяржаў і становішча буфернай дзяржавы паміж РСФСР і Захадам прадвызначылі падзелы тэрыторыі Беларусі ў 1919-1921 гг., самым глыбокім з якіх быў Рыжскі мір.
Дыпламатычная служба БССР фарміравалася таксама пад вырашальным уплывам РСФСР і ў кантэксце складвання федэратыўных адносін паміж дзвюма рэспублікамі. У рамках дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік БССР дэлегавала свае знешнепалітычныя паўнамоцтвы РСФСР. Але адначасова рэспубліка ажыццяўляла і пэўныя самастойныя акцыі ў адносінах з суседнімі дзяржавамі.
Пасля ўваходжання ў склад СССР пачаўся новы этап знешнепалітычнай актыўнпасці БССР. Яна ў адрозненні ад УССР не настойвала на захаванні свайго дыпламатычнага ведамства, як і ўвогуле знешнепалітычнай самастойнасці ў складзе СССР. З 1923 г. знешнепалітычная дзейнасць БССР хутка затухае і фактычна спыняецца. У 1920-я гады развіваюцца замежныя эканамічныя і культурныя сувязі рэспублікі, але і яны значна аслабляюцца ў канцы дзесяццігоддзя. Суверэнітэт БССР набывае чыста фармальны і дэкларатыўны характар. З усталяваннем ваенна-бюракратычнай мадэлі сацыялізму ў СССР, умацаваннем унітарызму ў развіцці савецкай федэрацыі і нарастаннем пагрозы вайны рэспубліка пападае ў міжнародную ізаляцыю.
Дзве дзяржавы — дзве ідэі
У 1918-1925 гг. адраджэнне і станаўленне беларускай дзяржаўнасці адбылося ў двух формах — БНР і БССР. У той час, калі БНР з’яўлялася ўвасабленнем нацыянальнай ідэі, ідэі стварэння нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы, БССР сваім нараджэннем абавязана Савецкай Расіі і ідэям камунізму. Супрацьлегласць нацыяналізму і камунізму абумовіла варожыя адносіны паміж БНР і БССР і непрызнанне іх адна адной. Характар абедзвюх беларускіх дзяржаў асабліва яскрава праяўляўся ў іх знешняй палітыцы. БНР дзейнічала ў інтарэсах беларускай нацыі, а цэнтр прыняцця знешнепалітычных рашэнняў знаходзіўся ў беларускіх руках. Стваральнікі БССР не лічылі беларусаў самастойнай нацыяй, кіраваліся камуністычнай ідэяй-утопіяй аб зліцці нацый і дзяржаў. Яны выступалі з пазіцый нацыянальнага нігілізму і ахвотна ахвяравалі беларускімі тэрыторыямі дзеля інтарэсаў сусветнай рэвалюцыі і яе аплоту — Савецкай Расіі. Але БССР аказалася больш трывалым дзяржаўным утварэннем, чым БНР.
Уваходжанне БССР у склад СССР з’явілася па сутнасці вяртаннем у імперыю. Нягледзячы на фармальны суверэнітэт, канстытуцыйнае права выхаду з СССР Савецкая Беларусь не мела рэальных правоў у савецкай унітарнай дзяржаве імперскага тыпу. Пасля кароткачасовай беларусізацыі ў 1930-я гады ўзмацнілася русіфікацыя і барацьба з беларускім нацыяналізмам, які на самой справе быў слабай формай патрыятызму. У сталінскай імперыі беларуская дзяржаўнасць не мела перспектыў развіцця.
У гады другой сусветнай вайны Беларусь з’яўлялася аб’ектам геапалітычных „разборак”, а потым і тэатрам ваенных дзеянняў паміж СССР і Германіяй. Гэтая вайна пачалася з гістарычна справядлівай для беларускага народа падзеі — уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, якая аднак была дасягнута сродкамі імперскай палітыкі, стала вынікам згавору дыктатарскіх рэжымаў Сталіна і Гітлера. Літаральна праз некалькі тыдняў уз’яднанай Беларусі давялося заплаціць за „вызваленчы паход” Чырвонай Арміі перадачай Віленшчыны з Вільняй Літве, а потым і іншых беларускіх зямель, што былі ўключаны ў склад Літоўскай ССР. Гэта была ўжо плата Беларусі за інкарпарацыю Літвы ў склад СССР.
З пачаткам савецка-германскай вайны Беларусь спазнала іншы варыянт таталітарызму — нямецкі нацызм. У Трэцім Рэйху Беларусь чакаў незайздросны лёс. Нацысты планавалі каланізаваць яе тэрыторыю, знішчыць большасць насельніцтва, астатніх беларусаў ператварыць у танную рабочую сілу. Існаванне без дзяржаўнасці і ўласнай нацыянальнай інтэлігенцыі — вось што нёс для Беларусі „новы парадак”. Але як першая (1915-1918 гг.), так і другая (1941-1944 гг.) нямецкая акупацыя выкарыстоўвала заганы расійскай і савецкай нацыянальнай палітыкі ў Беларусі. Гэта праяўлялася ў падтрымцы з боку акупантаў беларускай мовы і ажыўленні нацыянальна-культурнай дзейнасці беларускіх арганізацый. Русіфікацыя і жахі сталінскага тэрору выклікалі пэўныя спадзяванні на нацысцкіх акупантаў з боку беларускага нацыяналізму і нарадзілі такую супярэчлівую з’яву, як калабарацыянізм.
Уздым беларускага нацыянальнага руху ў час вайны, які праяўляўся таксама ў партызанскай і падпольнай барацьбе, прымусіў Сталіна, савецкае кіраўніцтва шукаць сродкі кампенсацыі за самаахвярнае змаганне беларускага народа супраць фашызму. Гэта была адна з прычын, якія прывялі Беларусь у ААН. Але і гэтае важнае дасягненне беларускай дзяржаўнасці было ў значнай ступені дэвальвіравана нягодным статусам дэлегацыі БССР у ААН як „дадатковага голаса” для СССР.
Другая сусветная вайна завяршылася для Беларусі вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вяртаннем сваёй „роднай” таталітарнай савецкай сістэмы. Аб тым, хто ў беларускім доме і на беларускай зямлі сапраўдны гаспадар, Крэмль напомніў у 1944-1945 гг. падпісаннем пагранічных пагадненняў з „сатэлітнай” Польшчай аб перадачы ёй Беласточчыны і часткі Белавежскай пушчы. Гэта быў апошні падзел Беларусі перыяду 1918-1945 гг. Нават ганаровы статус дзяржавы-заснавальніцы ААН не выратаваў БССР ад чарговага падзелу.
Другая сусветная вайна мела для Беларусі з пункту погляду яе геапалітычнага становішча і знешнепалітычнай актыўнасці вельмі супярэчлівыя вынікі. За кожнае дасягненне ў справе ўмацавання дзяржаўнасці прыходзілася плаціць дарагую цану. Да гэтага несумненна спрычыніліся шэраг унутрысаюзных і міжнародных абставін. Беларусь як саюзная рэспубліка не магла адыгрываць сур’ёзнай ролі ні ў савецкай дзяржаве імперскага тыпу, ні на міжнароднай арэне. Уз’яднане 1939 г. і ўваход у Аб’яднаныя Нацыі 1945 г. сталі вынікам агульнасаюзнай ваеннай палітыкі і дыпламатыі і былі выкарыстаны ў агульнасаюзных, вялікадзяржаўных інтарэсах.
Зразумела, што БССР унесла свой уклад у дасягненне гэтых задач, якія адпавядалі яе нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам як саюзнай рэспублікі. Але ўсё ж такі галоўным „карыстальнікам”, „спажыўцом” дасягненняў Беларусі, як і ўсіх астатніх саюзных рэспублік, быў саюзны цэнтр, савецкая вярхушка, якія „прыватызавалі” іх перамогі, асабліва перамогу над фашызмам у другой сусветнай вайне. У гэтым сэнсе паляпшэнне міжнароднага становішча Беларусі ў выніку вайны было звязана з умацаваннем пазіцый СССР і ўключэннем у сферу яго стратэгічных інтарэсаў Усходняй Еўропы. У халоднай вайне СССР з Захадам Беларусі адводзілася свая роля.
Гэта была роля другога пасля „жалезнага трохкутніка” (ГДР, Польшча. Чэхаславакія) пояса стратэгічнай абароны СССР, якую Беларусь выконвала разам з іншымі саюзнымі заходнімі рэспублікамі (Украінай і прыбалтыйскімі рэспублікамі). На тэрыторыі Беларускай ваеннай акругі размяшчалася самая баяздольная групоўка войскаў і ваеннай тэхнікі, уключаючы тактычную і стратэгічную ядзерную зброю. Узровень мілітарызацыі Беларусі, які вымяраўся суадносінамі вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва, быў адным з самых высокіх у свеце (1 да 43), перасягаючы больш чым у 10 разоў адпаведны паказчык РСФСР. Начыненая танкамі, ядзернымі ракетамі, самалётамі і артылерыяй Беларусь знаходзілася пад самым пільным прыцэлам ваеннага камандавання НАТО.
Знешнепалітычная дзейнасць БССР у пасляваенныя дзезяцігоддзі развівалася цалкам у рэчышчы савецкай знешняй палітыкі. Выхад Беларусі на міжнародную арэну ў сярэдзіне 1940-х гадоў не пераўтварыўся ў актыўную знешнюю палітыку наступных дзесяцігоддзяў. Ён быў абмежаваны рамкамі ААН і некалькіх яе спецыялізаваных устаноў, а таксама трансгранічным супрацоўніцтвам з суседнімі дзяржавамі „сацыялістычнай садружнасці”, перш за ўсё з Польшчай. Беларусь, нягледзячы на свой ганаровы статус заснавальніцы ААН, не ўспрымалася ў свеце як незалежная і суверэнная дзяржава, а разглядалася як неад’емная частка савецкай звышцэнтралізаванай дзяржавы, якая толькі на паперы лічылася федэрацыяй. Знешнепалітычная дзейнасць (пра знешнюю палітыку рэспублік гаворкі ісці не магло) БССР не адпавядала нацыянальным інтарэсам Беларусі і яе народа. Гэтыя інтарэсы не маглі быць вызначаны і ўспрыняты камуністычнай наменклатурай у Мінску, якая адрознівалася найбольшай ступенню адданасці вялікадзяржаўным інтарэсам Крамля.
Другі выхад Беларусі на міжнародную арэну, які ахопліваў перыяд 1944-1990 гг., аказаўся, як і першы, незавершаным і малавыніковым. У параўнанні з дыпламатычнай актыўнасцю БНР і БССР канца 1910-х — пачатку 1920-х гадоў знешнепалітычная дзейнасць БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі выглядала больш рэспектабельнай, паколькі рэспубліка атрымала самастойнае сяброўства ў ААН і некаторых іншых міжнародных міжурадавых арганізацыях. Але за ганаровым статусам заснавальніцы ААН хавалася незайздросная роля „дадатковага голасу” для дэлегацыі СССР. Няпэўны і сумніўны палітыка-прававы статус БССР і УССР у складзе СССР даваў падставы заходнім вучоным у галіне міжнароднага права называць гэтыя дзве саюзныя рэспублікі-заснавальніцы ААН „дзяржавамі асобага роду”, „паў- ці квазідзяржавамі”. БССР у пасляваенныя дзесяцігоддзі не атрымала міжнародна-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Яна не выступала на міжнароднай арэне як самастойны суб’ект міжнароднага права, еўрапейскай і сусветнай палітыкі. Рэспубліка не мела дыпламатычных адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрывала перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусветную супольнасць дзяржаў.
Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь
Пасля абвяшчэння незалежасці ў снежні 1991 г. пачаўся новы перыяд у гісторыі знешняй палітыкі Беларусі ХХ ст. Міжнародная палітыка краіны ў 1990-я гады падзяляецца на два этапы ў залежнасці ад тыпу правячага палітычнага рэжыму. Першы этап ахоплівае 1990-1994 гг., калі існавала парламенцкая рэспубліка. Другі пачаўся з ліпеня 1994 г., калі быў уведзены інстытут прэзідэнцтва і першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны Аляксандр Лукашэнка.
У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, актамі аб ліквідацыі СССР і стварэнні СНД Вярхоўны Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самастойнай унутранай і знешняй палітыкі ў адпаведнасці з інтарэсамі краіны. Прынятая ў 1994 г. Канстытуцыя РБ замацавала абавязацельства дзяржавы зыходзіць у знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нацыянальным заканадаўствам. Канстытуцыйны статус атрымалі палажэнні аб пераўтварэнні Беларусі ў бяз’ядзерную зону і нейтральную дзяржаву.
Адразу пасля скасавання СССР пачаўся працэс міжнароднага прызнання Рэспублікі Беларусь. Яно адбылося на працягу апошніх дзён 1991-1992 гг. Па стане на пачатак 2000 г. Беларусь прызнана 140 дзяржавамі, у тым ліку са 125 усталяваны дыпламатычныя адносіны. У Мінску дзейнічаюць 29 пасольстваў, 2 генеральныя консульствы, 8 консульстваў і 9 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Са свайго боку Рэспубліка Беларусь адкрыла 41 посольства, 5 консульстваў у замежных дзяржавах, 1 пастаяннае прадстаўніцтва пры міжнародных арганізацыях, 1 гандлёвае прадстаўніцтва. Значна пашырыўся ўдзел краіны ў міжнародных універсальных і рэгіянальных арганізацыях. На пачатак 2000 г. яна з’яўлялася паўнапраўным сябрам больш 60 міжнародных міжурадавых арганізацый, яшчэ ў 10 яна мае статус назіральніка.
У пачатку 1990-х гадоў прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у „арганізацыі” постсавецкай прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі краінамі, пераўтварэнне Беларусі ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, „вяртанне ў Еўропу” і развіццё сувязей з дзяржавамі Захаду.
Да сярэдзіны 1990-х гадоў па ўсіх гэтых кірунках былі дасягнуты прыкметныя, а часам выдатныя вынікі. Асабліва трэба адзначыць уклад Беларусі ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі.
У 1990 г. Беларусь вылучыла ініцыятыву аб стварэнні ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе бяз’ядззернай зоны. У 1996 г. гэта прапанова была мадыфікавана прэзідэнтам А. Лукашэнкам у адказ на пашырэнне НАТО на Усход. Але за выключэннем Расіі і Украіны астатнія краіны рэгіёна, у тым ліку Польшча, дзяржавы Балтыі не падтрымалі беларускую ініцыятыву, не жадаючы тым самым зачыняць для сябе дзверы ў НАТО.
Паспяхова развіваліся двухбаковыя адносіны РБ з суседнімі краінамі і вялікімі дзяржавамі. Нягледзячы на тое, што беларускія землі апынуліся ў выніку неаднаразовых падзелаў перыяду 1918-1945 гг. у складзе суседніх дзяржаў, урад РБ заявіў аб адсутнасці тэрытарыяльных прэтэнзій да іх. З Расіяй, Украінай, Польшчай, Латвіяй і Літвой падпісаны палітычныя дагаворы і дагаворы аб дзяржаўнай мяжы, якія замацавалі тэрытарыяльнае статус-кво.
Пасля абрання ў ліпені 1994 г. прэзідэнтам краіны А. Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Істотныя змены адбыліся ў знешнепалітычнай дактрыне, механізме распрацоўкі і рэалізацыі знешняй палітыкі беларускай дзяржавы. А. Лукашэнка сфармуляваў наступныя знешнепалітычныя прыярытэты Беларусі: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры акцэнтаванні сувязей з Расіяй; развіццё адносін з краінамі Захаду, у тым ліку з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы; стварэнне спрыяльных перадумоў для супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. Але галоўным вектарам знешняй палітыкі стала Расія. У канцы 1990-х гадоў перакос усходняга вектара аказаўся настолькі моцным і відавочным, што беларускі прэзідэнт абвясціў курс на шматвектарную знешнюю палітыку. У пэўнай ступені гэта праявілася ў актывізацыі сувязей з краінамі Азіі і Паўночнай Афрыкі і ўступленнем краіны ў 1998 г. у Рух недалучэння. У 1999 г. была таксама вылучана канцэпцыя стварэння „пояса добрасуседства” вакол Беларусі. Але палепшыць адносіны з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізаваць адносіны з дзяржавамі Еўрапейскага Саюза, ЗША і Захадам увогуле не ўдалося.
Інтэграцыйная палітыка беларускага прэзідэнта разгортвалася на фоне паглыблення сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне, перыядычнага абвастрэння гандлёвых і інфармацыйных войнаў паміж Беларуссю і Расіяй. Паскоранае збліжэнне дзвюх краін, асабліва ў ваенна-палітычнай галіне, падрывала аморфные стркутуры СНД і выклікала падазронасць і недавер у суседзяў Беларусі. Унутры краіны яно суправаджалася крытыкай і пратэстамі з боку шырокіх грамадскіх колаў і палітычнай апазіцыі.
Паваротным пунктам у гісторыі суверэннай Беларусі з’явіўся канстытуцыйны рэферэндум, які адбыўся ў лістападзе 1996 г. Ён парадзіў зацяжны канстытуцыйна-палітычны крызіс у краіне і пагаршэнне адносін з Захадам. Міжнародная супольнасць, такія ўплывовыя міжнародныя арганізацыі як АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрапейскі Саюз не прызналі ў якасці законных вынікі лістападаўскага рэферэндуму 1996 г. Яны заявілі аб непрызнанні новых дзяржаўных органаў, што былі створаны прэзідэнтам А. Лукашэнкам пасля рэферэндуму. Дзяржавы Захаду, пераважная большасць еўрапейскіх краін і міжнародныя арганізацыі прызнаюць Вярхоўны Савет ХІІІ склікання адзіным легітымным заканадаўчым органам улады.
Пасля рэферэндуму Захад і міжнародныя арганізацыі ўвялі меры па абмежаванні адносін з Беларуссю і яе афіцыйнымі ўстановамі. Савет Еўропы прыпыніў яе статус спецыяльна запрошанай, а Еўрасаюз і яго дзяржавы-члены — дзеянне рамачных пагадненняў 1995 г. ЗША аб’явілі палітыку „выбарчага ўдзелу”, якая прдугледжвае прыпыненне кантактаў з беларускім кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства ў Беларусі. Разам з тым Захад заявіў аб тым, што яго мэтай не з’яўляецца ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрапейскіх краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.
Міжнародныя пазіцыі Беларусі ў канцы 1990-х гадоў пагоршыліся ў параўнанні з пачаткам дзесяцігоддзя. У выніку рэалізацыі пэўнай стратэгічнай лініі ў галіне ўнутранай і знешняй палітыкі краіна апынулася ў складаных міжнародных умовах. Назапашаны раней патэнцыял міжнароднага даверу і аўтарытэту быў растрачаны. Канстытуцыйныя палажэнні аб бяз’ядзернасці і імкненні да нейтральнага статусу не дзейнічаюць і падрываюцца неабдуманымі заявамі і дзеяннямі. Магчымасці добрасуседства і шырокага супрацоўніцтва па ўсіх геаграфічных напрамках абмежаваны арыентацыяй на Расію і Усход. Аб’яднанне з Расіяй пагражае незалежнасці Беларусі.
Вопыт развіцця незалежнай Беларусі, асабліва ў другой палове 1990-х гадоў, яшчэ раз даказвае непарыўную сувязь унутранай і знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, унутраных і знешніх фактараў яе развіцця. Гэта дае падставы меркаваць, што дэмакратызацыя ўнутрыпалітычнага жыцця будзе весці да аслаблення і выхаду з міжнароднай ізаляцыі. З другога боку ўздзеянне ўплывовых дзяржаў і цэнтраў сілы з усходу і захаду на беларускі палітычны рэжым можа і павінна паўплываць на дасягненне нацыянальнай згоды паміж урадам і апазіцыяй і ў больш шырокім сэнсе садзейнічаць грамадска-палітычнаму прымірэнню.
Streszczenie
Białoruska dyplomacja rodziła się wraz z tworzeniem się państwa białoruskiego podczas I wojny światowej. Pierwsze prace o charakterze dyplomatycznym były podjęte przez braci Łuckiewiczów podczas rozmów z Litwinami i Ukraińcami w sprawie odbudowy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Tworzenie Białoruskiej Republiki Ludowej w l. 1918-1920 w sposób naturalny zrodziło zespół ludzi zajmujących się ułożeniem stosunków z sąsiadami Białorusi oraz szukających sojuszników dla nowego państwa. Problematyczne jest natomiast zagadnienie zdefiniowania dyplomacji BSRR. Formalnie było to państwo, którego odrębność akceptowała nawet Rosja, lecz nie sposób nazwać polityków kierujących republiką jako realizujących politykę zgodnie z interesami tego państwa i zamieszkującego go narodu. W rzeczywistości była to ziemia zarządzana przez właców Kremla, czyli przywódców sąsiedniego państwa. Nawet obecność wśród członków założycieli ONZ, chociaż podnosiła nieco prestiż Białorusi, lecz nie zmieniła zależności od wschodniego sąsiada. Dopiero w l. 1990-1991 zaistniały warunki do formalnego i rzeczywistego stanowienia białoruskiej polityki zagranicznej i tworzenia własnego korpusu dyplomatycznego. Uznanie niepodległości Białorusi przez 140 państw świata wywindowało ją do roli podmiotu w polityce światowej. Nowa jakość w polityce zagranicznej Białorusi pojawiła się wraz z dojściem do władzy Aleksandra Łukaszenki.