БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 16

Беларуская Народная Самапомач: яшчэ адна спроба атрымання незалежнасці (1941-1943)

Алег Гардзіенка
(Мінск)


Нямецкае кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь (ГAБ) імкнулася замацавацца на захопленых тэрыторыях і прыцягнуць мясцовае насельніцтва да супрацоўніцтва. Вільгельм Кубэ, генеральны камісар Беларусі (ГКБ), найперш дбаў пра дабрабыт Нямеччыны. Эфектыўнасць знаходжання акупанта на беларускай зямлі залежала ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам, ад яго прыхільнасці. Кубэ абраў адзін з няпростых шляхоў: пошукі паразумення з насельніцтвам, а дакладней з інтэлігенцыяй, таму лозунг „Беларусь для беларусаў” не павінен разглядацца як нешта ўнікальнае, такой была нямецкая палітыка ў Еўропе.

22 верасня 1941 г. Кубэ выдаў адозву да насельніцтва Беларусі, у якой гаварылася: „Беларусы! Першы раз у вашай гісторыі перамога Германіі дае вам магчымасць забеспячэння вашаму народу свабоднага развіцця і светлай будучыні без расійска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панавання. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што яго інтарэсы сцісла звязаны з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі паслядоўцамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва”1. Дэкларацыя Кубэ значна рознілася ад звыклых нямецкіх адозваў з банальнымі фразамі пра „вызваленне ад бальшавізму” і ішла значна далей, малюючы перспектывы нацыянальнага жыцця (развіццё без чужанацыянальнага панавання). Хутчэй за ўсё гэта дэкларацыя была абнародавана без адпаведнай санкцыі з Берліна. Аднак палітыку ў Беларусі ў 1941 г. вызначала Міністэрства ўсходніх тэрыторый, таму адзінай арганізацыяй, на стварэнне якой быў дадзены дазвол, стала Беларуская Народная Самапомач (БНС). Яна была заснавана 22 кастрычніка 1941 г., а ўзначаліў яе пражскі лекар Іван Ермачэнка, колішні вайсковец і дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі. Назіральнікам над БНС з нямецкага боку стаў д-р Вебэр, загадчык аддзела аховы здароўя пры ГКБ. Трэба адзначыць, што беларускія камітэты самапомачы ў 1940-1941 гг. былі створаны ў Берліне, Познані, Ліцманштаце, Празе, Торуні, Варшаве і інш.2 Камітэты ствараліся для дапамогі эмігрантам і беларусам-ваеннапалонным.

Праз некаторы час быў апублікаваны статут БНС, у якім дэкларавалася: „БНС мае за мэту зьліквідаваць у Беларусі бяду-нядолю, выкліканую польскім і камуністычна-жыдоўскім панаваньнем і стварыць беларускаму народу магчымасьць лепшага культурнага разьвіцьця”.

Галоўныя накірункі дзейнасці арганізацыі зводзіліся да апекі над пацярпелымі ад вайны, хворымі і нямоглымі, барацьбы з голадам, адраджэння беларускай культуры3. Такая дзейнасць цалкам адпавядала палітыцы нацысцкай дзяржавы: адсутнасць палітычных мэтаў, дабрачыннасць, апека, культурны аспект. Аднак далейшыя падзеі паказалі, што дзеячы БНС не збіраюцца абмяжоўваць свае намаганні толькі гэтым.

Наступныя месяцы характарызаваліся станаўленнем БНС на месцах. У кожнай акрузе ГКБ былі створаны камітэты Беларускай Народнай Самапомачы. У Баранавічах камітэт узначаліў В. Войтэнка (потым М. Тулейка), Наваградскую — Б. Рагуля, Слонімскую — Р. Зыбайла, Лідскую — А. Клімовіч, Слуцкую — С. Ліхадзіеўскі, Барысаўскую — Б. Шчорс, Ганцавіцкую — А. Сокал-Кутылоўскі, Менск (горад) — Л. Маракоў, Менскую — Ю. Саковіч, Вілейскую — Ч. Найдзюк (затым — І. Касяк)4. Структуры БНС былі заснаваны ў паветах і валасцях ГКБ. Трэба адзначыць, што станаўленне камітэтаў у заходніх раёнах Беларусі (найперш Лідская і Вілейская акругі) знаходзіла значнае супрацьдзеянне мясцовага польскага элемента, які бачыў у беларусах небяспеку і канкурэнцыю ў барацьбе за ўплыў на тамтэйшае насельніцтва.

Напачатку Самапомач займалася тым, што было дэкларавана ў статуце: матэрыяльная дапамога насельніцтву, барацьба з галечай, забеспячэнне прадуктамі. Так у Менску, дзе камітэты існавалі ў пяці сталічных раёнах, пад патранажам Менскага гарадскога камітэта былі створаны дзве амбулаторыі, адна аптэка, тры страўні, гатэль, дзве цырульні, фотаатэлье, камісійная крама5.

26 студзеня 1942 г. адбылася рэарганізацыя БНС, была заснавана Цэнтральная рада (у далейшым — Цэнтраль), пры якой стваралася некалькі аддзелаў. У Цэнтраль увайшлі І. Ермачэнка, д-р Валькевіч, архіепіскап Філафей, ксёндз В. Гадлеўскі, А. Адамовіч, І. Касяк, Ю. Саковіч. Цэнтраль БНС развіла актыўную дзейнасць, у шматлікіх зваротах да нямецкага кіраўніцтва выказвалася настойлівая просьба перамяніць адносіны нямецкага кіраўніцтва да беларусаў: даць мажлівасць стварыць сваё войска і акрэсліць дзяржаўнасць. Такой пазіцыі садзейнічала і стаўка В. Кубэ на беларускі нацыяналізм.

Перад візітам міністра ўсходніх тэрыторый А. Розэнберга ў Менск увесну 1942 г. дзеячы БНС падрыхтавалі даклад-мемарыял на ягонае імя, у якім выказвалася занепакоенасць тым, што беларускае насельніцтва разглядаецца немцамі выключна як пасіўны выканальнік нямецкай палітыкі. На думку беларускіх палітыкаў, варта было „зактавізаваць беларускі народ, улучаючы яго, як зацікаўленага, у непасрэдную барацьбу з ворагам як на ўнутраным, так і на вонкавым фронце”6. Дзеячы БНС прапаноўвалі стварыць пры ГКБ Беларускае Нацыянальнае Прадстаўніцтва Даверу, дарадчы орган пры нямецкай адміністрацыі, што давала магчымасць уплываць на падзеі ў Беларусі. Пры ўсіх акруговых камісарыятах прапаноўвалася таксама стварыць беларускія прадстаўніцтвы, правесці рэарганізацыю беларускай паліцыі, стварыць беларускі добраахвотніцкі вайсковы аддзел для барацьбы з партызанамі. Дзеячы звярталі ўвагу на неабходнасць уключэння ў Генеральны камісарыят этнаграфічных беларускіх земляў. Прапаноўвалася таксама адчыніць на Беларусі ўсе школы на беларускай мове — ніжэйшыя, сярэднія, найвышэйшыя, уключаючы Акадэмію Навук7. А. Розэнберг, які прыляцеў у Менск 30 траўня 1942 г., праігнараваў патрабаванні беларусаў, паколькі нямецкім войскам на ўсходнім фронце спадарожнічаў поспех, і кіраўніцтва ГКБ не мела патрэбы ў паслабленні акупацыйнага рэжыму.

29 чэрвеня 1942 г. адбылося ўрачыстае пасяджэнне БНС з нагоды першых угодкаў „Дня вызвалення” Беларусі, падчас якога В. Кубэ прызначыў І. Ермачэнку сваім дарадцам па беларускіх справах і рэферэнтам па палітычных справах (мужам даверу). Пры ГКБ ствараліся таксама тры беларускія рэфераты: культуры, школьны, прапаганды, якія адпаведна ўзначалілі І. Касяк, Я. Скурат, А. Адамовіч.

Акруговыя камісары павінны былі мець пры сабе дарадчыкаў ад акруговых камітэтаў Беларускай Народнай Самапомачы. Акрамя таго В. Кубэ звярнуўся да І. Ермачэнкі, каб той падрыхтаваў разам з калегамі адозву да беларускага насельніцтва пра стварэнне Вольнага корпуса Беларускай Самааховы (БСА). „Беларусы павінны ўзяць чынны ўдзел у гэтай вайне і паказаць, што яны здольныя змагацца за новую Эўропу”8, — заявіў генеральны камісар. 1942 г. характызаваўся рэзкай актывізацыяй савецкага партызанскага руху. А хто як не мясцовае насельніцтва найдзейсны рэцэпт па змаганні з імі? На наступны дзень, 30 чэрвеня, на пасяджэнні Цэнтралі БНС быў прыняты зварот да беларускага насельніцтва. У адозве беларускі народ заклікаўся да арганізацыі „Беларускай самааховы супраць тых, засланых Масквой злачынных банд, якія праўда, называюць сябе партызанамі, але толькі рабуюць нас. Цераз стварэньне Беларускай самааховы мы становімся таварышамі па зброі нямецкіх жаўнераў у нашай бацькаўшчыне. Служба ў Самаахове — гэта ганаровая служба беларускага народа, і асабліва, моладзі. Рыхтуйцеся зьявіцца ў раённыя кіраўніцтвы БНС і ўвайсьці ў БСА — вольны корпус ўсіх беларускіх барацьбітоў за волю”9. Зварот быў падпісаны чальцамі Цэнтралі БНС: Ермачэнкам, архіепіскапам Філафеем (Нарко), бурмістрам Менска прафесарам В. Іваноўскім, ксяндзом В. Гадлеўскім, Ю. Саковічам, У. Казлоўскім. З’яўленне Самааховы было значным дасягненнем з боку БНС. Пры спрыяльных абставінах самаахоўцы маглі стаць рэальнай збройнай сілай і ператварыцца ў сапраўднае нацыянальнае войска.

Ф. Кушаль па даручэнні Ермачэнкі стварыў праект структуры Самааховы. Згодна з праектам мусілі быць арганізаваны тры дывізіі з месцам дыслакацыі ў Менску, Баранавічах і Вілейцы10. Тры дывізіі па еўрапейскіх мерках значылі класічны армейскі корпус, а гэта была значная вайсковая сіла.

Ермачэнка імкнуўся прывязаць Самаахову найшчыльней да БНС, таму на пасяджэнні ў начальніка СС Беларусі генерала паліцыі Цэнера высунуў наступныя патрабаванні: Самаахова мусіць выходзіць з БНС і кантралявацца Цэнтраляй і акруговымі камітэтамі БНС11.

12 ліпеня 1942 г. брыгадэнфюрэр СС Цэнер выдаў загад, які дазваляў прыступіць да арганізацыі Беларускай Самааховы, галоўным камендантам якой прызначаўся Іван Ермачэнка: „Самаахова з’яўляецца дапаможнай арганізацыяй для нямецкай паліцыі. Ейнае заданне — дапамагчы нямецкай і мясцовай паліцыі ў барацьбе супраць бальшавікоў і сабатажнікаў, забяспечыць спакой у Беларусі”12.

Была створана вайсковая камісія Беларускай Самааховы пры БНС. У яе ўвайшлі д-р Валькевіч, Ф. Кушаль, І. Касяк, М. Пугачоў, Ю. Саковіч, В. Чабатарэвіч. Вайсковыя камісіі БСА ствараліся пры акруговых камітэтах БНС і там пераважна кіраўнікамі БСА станавіліся акруговыя кіраўнікі БНС. У Менску былі створаны курсы падрыхтоўкі афіцэраў для БСА, якія ўзначаліў Ф. Кушаль. У кожным павеце ствараліся адзінкі самааховы ад роты да батальёна (ідэя з трыма дывізіямі была адхілена). Нямецкае камандаванне пабойвалася ўмацавання беларускага войска.

Стварэнне БСА ішло ўразрэз з афіцыйнай берлінскай нямецкай палітыкай і магло расцэньвацца як прыватная ініцыятыва трыумвірату Ермачэнка — Кубэ — Цэнер. Незадавальненне выразілася найперш у адхіленні Цэнера з пасады найвышэйшага начальніка СС. На ягонае месца прызначаны быў штандартэнфюрэр СС В. Шымана, які стаў дзейнічаць у рэчышчы афіцыйнай берлінскай палітыкі. Шымана стаў тармазіць працэс арганізацыі БСА. Батальёны не былі забяспечаны зброяй, абмундзіраваннем, стварэнне вайсковых адзінак знаходзіла актыўнае супрацьдзеянне нямецкіх чыноўнікаў: усяго было арганізавана 20 батальёнаў Самаховы13. Нямецкае камандаванне баялася забяспечваць беларускае войска, у выглядзе Самааховы, зброяй, бо не было гарантыі ў тым, што беларускія жаўнеры не павярнуць зброю ў нейкі момант супраць сваіх „вызвольнікаў”.

Франц Юрда, начальнік палітычнага аддзела ГКБ, адмовіў у даволі катэгарычнай форме ў вырабе пячаткі для каменданта БСА: „Прыгатаванне пячаткі для камандавання Беларускай Самааховы забараняецца. Я маю повад ясна паказаць Вам на тое, што пасады „Галоўны камандант Беларускай Самааховы” няма. У адносінах набору добраахвотнікаў у БСА Галоўнаму Кіраўнітву БНС даручана, каб галоўнае камандаванне ў фарміраванні адзінак БСА кіравалася ўказаннямі паліцэйскіх установаў. Асобнае Галоўнае камандаванне пры гэтым не прадугледжана”14. Наяўнасць пячаткі БСА мела б палітычны крок і сэнс, а словы Юрды сведчыць пра нежаданне нямецкага кіраўніцтва бачыць БСА самастойнай адзінкай і спробу падпарадкаваць яе паліцэйскім інстытуцыям. Кіраўніцтва БНС у Менску, як і акруговыя начальнікі Самапомачы, спрабавалі ўмешвацца ў ход падзеяў і пратэставаць супраць самавольства нямецкай улады, складаючы мемарандумы і робячы адпаведныя захады перад нямецкім кіраўніцтвам.

1-4 лістапада 1942 г. у Менску праходзіў з’езд акруговых і раённых начальнікаў БНС, які быў прысвечаны першым угодкам існавання БНС і падсумоўваў вынікі працы арганізацыі за год. У прамовах выступоўцаў адзначаўся значны ўплыў БНС на грамадскае жыццё. М. Тулейка, кіраўнік БНС у Баранавіцкай акрузе адзначаў: „Беларускае насельніцтва цалкам падтрымлівае работу БНС і дае вялікія і багатыя ахвяры на адбудову Бацькаўшчыны. У акрузе налічваецца 8910 сяброў БНС [на 25.03.1943 г. у Баранавіцкай акрузе налічвалася 379 тыс. жыхароў — А. Г.]. Лік жадаючых уступіць у сябры вельмі значны і прыходзіцца прымаць самых лепшых і надзейных. Ёсьць 8 раённых аддзелаў БНС, сярод іх ёсьць 81 валасных аддзелаў БНС”15. Ён прапанаваў: „БНС перарасла рамкі дзейнасці, азначаныя ў статуце, а дзеля таго, для наданьня аўтарытэту яе далейшай працы, адчуваецца вялікая патрэба паправы і перагляду статуту, тым больш што стары статут апрацаваны не сыстэматычна і не вызначае кампэтэнцый БНС у дачыненьні да ўсіх уладаў”. Пра рост уплыву БНС і трансфармацыі яе са звычайнай апякунскай арганізацыі ў нацыянальна-культурную, грамадскую і нават палітычную інстытуцыю казалі амаль усе выступоўцы, па-за выключэннем акруговых кіраўнікоў Глыбокага і Ліды, дзе праца камітэтаў па розных прычынах значна адставала ад агульнабеларускай, а колькасць сябраў БНС была меншая за 1 тысячу.

І. Ермачэнка, які пагадзіўся з патрэбай перагляду статуту, сказаў наступнае: „Адносна самаўраду, то такі апрацоўваецца ў Бэрліне, але мы тут можам ісьці яму насустрач. Немцы заглядаюцца на БНС, як на арганізацыю, якая ў будучыні абыйме кіраўніцтва беларускіх спраў”16.

Безумоўна, БНС дасягнула значных поспехаў: пры Цэнтралі было створана некалькі аддзелаў: адміністрацыі, палітыкі, вайсковы, прапаганды, аховы здароўя. Самапомачы было падпарадкавана Беларускае Навуковае Таварыства, Аб’яднанне Жанчын, Таварыства Спажыўцоў. БНС за год свайго існавання ператварылася ў агульнанацыянальную арганізацыю, з разгалінаваным апаратам, які мог пры спрыяльных абставінах пераняць уладу ад немцаў.

На фоне „захапляльных” выступаў функцыянераў Самапомачы выразным дысанансам прагучаў выступ доктара Вебэра, наглядчыка над БНС з нямецкага боку. Нямецкі чыноўнік выказаў незадавальненне працай арганізацыі за мінулы год, адыходам ад прынцыпаў, дэклараваных у статуце, і залішняй палітызаванасцю17.

Праблема БНС абмяркоўвалася ў Берліне ў студзені 1943 г. З боку беларускага СД, асноўнага апанента і ворага звязкі Кубэ — Ермачэнка, выступіў штурмбанфюрэр СС Гуміч. На пасяджэнні была выказана занепакоенасць ростам аўтарытэту Ермачэнкі: „Ці не можа доктар Ермачэнка са сваёй БНС выдвінуцца ў народныя правадыры і тады будзе ўяўляць небяспеку для нас (...) імкнемся ці мы наогул да стварэння беларускага народа і ўжо зараз імкнемся садзейнічаць гэтаму, паколькі няма ніякага рашэння, што наогул павінна адбыцца з беларускім народам”18.

Апошняй кропляй у „справе” Ермачэнкі і БНС стаў з’езд акруговых кіраўнікоў БНС і вайсковых реферэнтаў БНС пры ўдзеле Цэнтралі БНС, які адбыўся 4-7 сакавіка 1943 г. у Менску. На з’ездзе быў прыняты мемарандум да нямецкіх уладаў, у якім патрабавалася:

„1. Акрэсьліць ідэалёгічную і структуральную падставу пабудовы Беларусі ў Новай Эўропе, прызнаючы яе незалежнасьць.
2. Неадкладна стварыць для аб’яднаных беларускіх земляў нацыянальны ўрад з Прэзыдэнтам Беларусі, старшынёй Ураду і з кіраўнікамі наступных аддзелаў: унутраных спраў, палітычных спраў, фінансаў, гаспадарчага, культуры і асьветы, вайсковага, юстыцыі, аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня. Гэты Ўрад абвесьціць аддзяленьне Беларусі ад Савецкага Саюзу і аб’явіць яму вайну, як ворагу беларускага народу, які пасягае на ягоную незалежнасьць.
3. Адпаведна з гэтым належыць арганізаваць уладу на мясцох.
4. Адмяніць дзейнічаньне бальшавіцкага закону аб нацыяналізацыі нерухомасьці.
5. Для ўтрыманьня супакою, ладу і парадку ў краі і барацьбы з агульным ворагам — бальшавізмам арганізаваць Беларускую Нацыянальную Армію, і забясьпечыць яе зброяй і амуніцыяй.
6. Дазволіць сьцягнуць неабходныя нацыянальныя сілы, якія знаходзяцца за граніцамі Беларусі.

Старшыня Зьезду
Галоўны Кіраўнік БНС
Іван Ермачэнка
”19.

Са свайго боку БНС абавязвалася поўнасцю выкарыстаць для мэтаў вайны рэсурсы, якія маюцца на Беларусі, ахову дарог, выкананне ваенных паставак, знішчэнне бандытызму на Беларусі, актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам на фронце.

Мемарандум БНС быў вельмі смелым крокам, аналагаў якому яшчэ не было. Усе спробы дэкларавання ці патрабаванні незалежнасці жорстка падаўляліся (сітуацыя з урадам Бандэры ці абвяшчэннем незалежнасці Літвы ў чэрвені 1941 г.). Мемарандум апярэдзіў час на некалькі месяцаў і быў вельмі рызыкоўным крокам. Параза гітлераўцаў у Сталінградскай бітве яшчэ нічога не вызначала, і ініцыятыва Самапомачы пацярпела крах, знайшоўшы катэгарычны адпор нямецкіх уладаў (немцы яшчэ былі ўпэўнены ў сваіх сілах на Усходнім фронце). Іван Ермачэнка далёка зайшоў у сваіх амбіцыях. Аднак пазбавіцца ад яго, як ад ксяндза Гадлеўскага (арыштам і расстрэлам), СД не магло. За Ермачэнкам стаяў Вільгельм Кубэ, таму афіцыйна была інспіравана крымінальная справа: яго абвінавацілі ў гаспадарчых злоўжываннях і выслалі з Беларусі ў Прагу пад нагляд гестапа.

У красавіку 1943 г. загадам начальніка паліцыі парадку Беларусі палкоўніка Клепша была афіцыйна распушчана Беларуская Самаахова. А з 30 чэрвеня 1943 г. афіцыйна распускалася, як не выканаўшая сваіх задачаў і мэтаў, Беларуская Народная Самапомач20. На яе базе была створана Беларуская Самапомач (БСП). Параграф 2 статута БСП абвяшчаў мэту арганізацыі: „БСП мае заданьне забясьпечыць жыхарства Генеральнай Акругі Беларусі апекай і аховай здароўя”21.

Дзейнасць БНС адыграла станоўчую ролю ў станаўленні беларускага нацыянальнага руху падчас другой сусветнай вайны. Гэтая арганізацыя сканцэнтравала ў сваіх руках культурнае жыццё, кантралявала школьніцтва, імкнулася ўплываць на грамадска-палітычнае становішча. Самапомач абуджала нацыянальную свядомасць у насельнітцва, тое, што на працягу 20 гадоў метадычна вынішчалася палітыкай саветызацыі і паланізацыі. Праз некалькі месяцаў здабыткамі і напрацоўкамі БНС пакарысталася Беларуская Цэнтральная Рада. Аднак тады ўжо была зусім іншая сітуацыя і на фронце, і ў Беларусі.


1 Ю. Б. Туронак, Беларусь пад нямецкай акупацыяй, Мінск 1993, с. 85.

2 Ю. Б. Туронак, Беларусь пад нямецкай акупацыяй, с. 32.

3 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 384, воп. 1, спр. 3а, арк. 18-19.

4 Там жа, спр. 3б, арк. 10.

5 Там жа, арк. 18.

6 А. М. Літвін, Белорусская Краёвая Оборона, [у:] Аляксей Літвін, Акупацыя Беларусі (1941-1944): пытанні супраціву і калабарацыі, Мінск 2000, с. 169.

7 НАРБ, ф. 384, воп. 1, спр. 4, арк. 78.

8 Франц Кушаль, Спробы стварэньня беларускага войска, Мінск 1999, с. 44.

9 НАРБ, ф. 384, воп.1, спр. 3а, арк. 99.

10 Франц Кушаль, Спробы стварэньня беларускага войска, с. 44.

11 А. Літвін, Беларуская самаахова: да пытання стварэння і дзейнасці, [у:] Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Выпуск 2, Мінск 1998, с. 39-67.

12 А. М. Літвін, Белорусская Краёвая Оборона, с. 172.

13 Франц Кушаль, Спробы стварэньня беларускага войска, с. 52.

14 А. М. Літвін, Белорусская Краёвая Оборона, с. 176.

15 НАРБ, ф. 384, воп. 1, спр. 3б, арк. 10-11.

16 Там жа, арк. 19.

17 Там жа, арк. 20.

18 А. М. Літвін, Белорусская Краёвая Оборона, с. 174.

19 НАРБ, ф. 908, воп. 1, спр. 5, арк. 774-775.

20 НАРБ, ф. 384, воп. 1, спр. 3а, арк. 55.

21 Там жа, арк. 107.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія