БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 16

Беларусiзацыя як дзяржаўная палiтыка ў 20-я гады ХХ стагоддзя

Анатоль Мяснiкоў
(Мiнск)


Не адно стагоддзе беларус выношваў мару i надзею на рэалiзацыю сваiх хрысцiянскiх i гiстарычных каштоўнасцяў. Сярод гэтых каштоўнасцяў некалькi асаблiва значных i важкiх. Гэта — дзяржаўнасць i незалежнасць, мова i нацыянальна-культурная спадчына. Яны — асноватворныя, бо вызначаюць найперш твар кожнага народа, кожнай нацыi. Здзейснiць, ажыццявiць свае iдэалы i памкнуўся беларускi народ у тыя далёкiя, гiстарычныя для нас дваццатыя гады.

Рэальны шлях незалежнага дзяржаўнага i нацыянальнага развiцця адкрыўся перад беларусамi ў першыя ж днi 1919 года — з абвяшчэннем Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi. Але ж якi гэта быў прывiд, а калi дакладней — падман для цэлага народа! Неўзабаве, як вядома, адбыўся адыход значнай часткi беларускiх земляў да Расiйскай Федэрацыi, а потым мела месца ўтварэнне штучнага, надуманага дзяржаўна-тэрытарыяльнага аб’яднання — Лiтоўска-Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi. Аднак ужо напрыканцы жнiўня таго ж 1919 года трапiў пад акупацыю апошнi павятовы цэнтр ЛiтБела — Зарасай, бальшавiкоў i ўрад ЛiтБела прытулiў Смаленск i на гэтым, па-сутнасцi, дзяржаўнае ўтварэнне, на якое бальшавiцкiя ўлады рабiлi вялiкую стаўку, спынiла сваё iснаванне. Дзяржаўная незалежнасць Беларусi, так i не нарадзiўшыся, сканала.

I вось надышлi тыя гiстарычныя дваццатыя гады.

Тады, у 1920-я гады, уплыў, уздзеянне i цiск Расiйскай Федэрацыi на Беларусь быў, на нашу думку, цi не самы моцны, катэгарычны i безапеляцыйны. I гэта пры тым, што праблемы нацыянальна-культурнага развiцця былi нiбыта i аддадзены Беларусi для самастойнага вырашэння i рэалiзацыi. Але ж цiснуў (ды яшчэ як!) так званы ўсеагульны (на думку бальшавiкоў — ледзь цi не сусветны) сацыялiстычны грунт, супрацьстаяць якому не было дазволена нiкому!

Аднак стомлены першай сусветнай i грамадзянскай войнамi беларус спакваля пачынаў адчуваць сябе чалавекам. Iдэi барацьбы за права на прыстойнае жыццё, свабоду i iмкненне да шчасця ўсё больш i больш станавiлiся зразумелымi i блiзкiмi i грамадству ў цэлым, i многiм людзям у прыватнасцi. Гэтыя iдэi, уласна кажучы, маглi i павiнны былi стаць асноватворнымi ў фармiраваннi, усталяваннi i развiццi беларускай нацыянальнай iдэi ўвогуле, якой як тады, у 1920-я гады, так i зараз, напрыканцы дваццатага стагоддзя, нам, беларусам, так не ставала i не стае.

Так ужо распарадзiлася сама гiсторыя, што той час даў iдэi беларусiзацыi сваiх носьбiтаў i песняроў. Карусь Каганец, Аляксандр Уласаў, Мiтрафан Доўнар-Запольскi, Вацлаў Ластоўскi, браты Антон i Iван Луцкевiчы, Вацлаў Iваноўскi, Яўсей Канчар, Янка Купала, Якуб Колас, Максiм Багдановiч, Усевалад Iгнатоўскi, Аляксандр Цвiкевiч, Змiцер Жылуновiч, Аляксандр Чарвякоў, Яўхiм Карскi, Максiм Гарэцкi, Аркадзь Смолiч i многiя iншыя спачатку падрыхтавалi глебу, а потым i непасрэдна ўзначалiлi працу па ажыццяўленні нацыянальных iдэалаў. У новых гiстарычных умовах яны разам з сотнямi i тысячамi паплечнiкаў i аднадумцаў актыўна ўзялiся найперш за распрацоўку нацыянальнай канцэпцыi гiстарычнага шляху Беларусi, пачалi пошук напаўнення жыцця нацыянальнымi адметнасцямi, новым жыццёвым успрыняццем, адпаведным часу i рэальнасцi.

Рэальную сiтуацыю на сваёй Бацькаўшчыне нашы адраджэнцы бачылi i выразна разумелi. Бачылi i разумелi найперш тое, што Маскву не перайначыш, не пераканаеш, не ўгаворыш на тыя цi iншыя канкрэтныя ўступкi. Дзяржаўная ўлада для таго i захоплiвалася бальшавiкамi-ленiнцамi, каб дыктаваць i спавядаць так званы „новы свет”, у якiм „кто был никем, тот станет всем”. Хто i кiм стаў — мы сёння ведаем. Таму нiбы прадчуваючы напал змагання за беларусiзацыю, за беларускасць, нашы адраджэнцы пайшлi ў першую чаргу ў масы, каб павесцi там асветнiцкую i культурную работу. Iх галоўнай задачай стала тады далучэнне беларускага народа да сваёй гiстарычнай спадчыны, сваiх традыцый i звычаяў.

Расiйская iмперыя, паводле трапнага вызначэння самога Ленiна, уяўляла сабой „турму народаў”. Вырвацца з яе засценкаў у дваццатыя гады i паспрабаваў наш народ праз ажыццяўленне беларусiзацыi як дзяржаўнай палiтыкi — сваёй палiтыкi, уласнай i па-сапраўднаму незалежнай. На нашу думку тады, у 1920-я гады, „турма народаў” i сапраўды магла рухнуць.

Дваццатыя гады сталi для Беларусi сапраўдным выклiкам гiсторыi. Сам час прад’явiў нашаму народу магчымасць на выпрабаванне беларускай нацыянальнай годнасцi i гордасцi. Беларусы атрымалi нарэшце рэальную магчымасць пастаяць за сваё, як казаў некалi Кастусь Калiноўскi, „чалавечае i народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную”1. Цi скарысталi мы тое? Цi змаглi пастаяць за сябе?

Як i кожная грамадская, палiтычная, сацыяльная з’ява ў жыццi чалавецтва ў цэлым цi канкрэтнага народа — у прыватнасцi, беларусiзацыя мела свае каранi, вытокi, сваю перадгiсторыю. Але тут варта, безумоўна ж, даць кароткае вызначэнне беларусiзацыi як з’явы. На нашу думку, беларусiзацыя — гэта дзяржаўная нацыянальна-культурная палiтыка, скiраваная на фармiраванне, станаўленне i развiццё нацыянальных iнтарэсаў карэннага насельнiцтва Беларусi, стварэнне ўмоў для суверэннага незалежнага развiцця, адраджэнне беларускай нацыi праз росквiт нацыянальнай культуры, мовы, асветы, аднаўленне гiстарычнай спадчыны, духоўных каштоўнасцяў i традыцый беларускага народа.

Каранi беларусiзацыi — у гiсторыi шматвяковага змагання нашага народа з агрэсiўнымi, больш магутнымi i моцнымi, суседзямi за сваю незалежнасць i самастойнае жыццё. Вытокi ж яе, як трапна заўважыў беларускi гiсторык Аляксей Кароль, „у беларускiм нацыянальна-вызваленчым руху, у iдэях беларускага нацыянальнага Адраджэння, выкрышталiзаваных iнтэлiгенцыяй i сфармуляваных у праграмах беларускiх нацыянальных дэмакратычных i сацыялiстычных партый”2, якiя асаблiва праявiлi сябе ў першыя два дзесяцiгоддзi дваццатага стагоддзя.

Колькi б часу не мiнула, хто i як бы не ацэньваў нашу шматпакутную гiсторыю, безумоўна ж трэба, проста неабходна даць аб’ектыўную, справядлiвую ацэнку дзейнасцi тых людзей, грамадскiх, палiтычных i партыйных (так, i партыйных таксама!) дзеячаў, якiя ў дваццатыя гады шчыра i сумленна папрацавалi на беларусiзацыю, на наша нацыянальнае Адраджэнне. Ужо тады, як вядома, партыя бальшавiкоў аднаасобна кiравала краiнай i саюзнымi рэспублiкамi, была так званай „кiруючай i накiроўваючай сiлай” грамадства. Так ужо атрымалася, што амаль 20 гадоў Беларуссю кiравалi прысланыя з Масквы лiдэры небеларускай нацыянальнасцi, аднак некаторыя з iх — В. Кнорын, В. Багуцкi, А. Асаткiн-Уладзiмiрскi, А. Крынiцкi, Я. Гамарнiк — у асноўным станоўча ўспрымалi беларусiзацыю як палiтыку нацыянальна-культурнага будаўнiцтва. Некаторыя з iх самi карысталiся i шырока прапагандавалi беларускую мову, свядома i актыўна заклiкалi наш народ да суверэннага незалежнага развiцця i наогул у аснову ўсёй работы ставiлi нашы нацыянальныя iнтарэсы.

Такiм чынам, беларусiзацыя ўспрымалася Камунiстычнай партыяй (бальшавiкоў) Беларусi як заканамерная з’ява, улiчвалася пры распрацоўцы яе нацыянальнай праграмы шырока i грунтоўна. I адсюль, варта прызнаць, яе, беларусiзацыi, вялiкi поспех у справе ажыццяўлення i рэалiзацыi. Так, ужо ў першым важным i актуальным дзяржаўным дакуменце — Дэкларацыi аб абвяшчэннi незалежнай Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi ад 31 лiпеня 1920 года — Беларусь названа „краiнай беларускiх, расiйскiх, польскiх i жыдоўскiх рабочых ды сялян”3. Больш таго, Дэкларацыя ўстанаўлiвала „поўную раўнапраўнасць моў (беларускай, расiйскай, польскай, жыдоўскай) у зносiнах з дзяржаўнымi ўстановамi i ў арганiзацыях ды ўстановах народнай асветы i сацыялiстычнай культуры”4. „Усе далейшыя пастановы Камунiстычнай партыi i Савецкага ўрада сцвярджаюць гэтыя дэкларацыi, робяць пастановы, якiя практычна i больш дэтальна абгаварваюць гэтае пытанне, разглядаюць перашкоды, высвятляюць шляхi ды мерапрыемствы для забеспячэння фактычнай магчымасцi працоўных усiх нацыянальнасцей карыстацца заваёвамi рэвалюцыi”, — пераконваў старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў у артыкуле „За Савецкую Беларусь”5.

Раўнапраўнасць моў на тэрыторыi Беларусi падчас ажыццяўлення палiтыкi беларусiзацыi ставiлася на першы план зусiм невыпадкова. Насельнiцтва нашага краю было шматнацыянальным. Каля 80 працэнтаў яго складалi беларусы, прыкладна па 8 працэнтаў — рускiя i яўрэi, каля 2 працэнтаў — палякi, да 1 працэнта — украiнцы. Жылi ў Беларусi лiтоўцы, немцы, татары, латышы, прадстаўнiкi iншых нацыянальнасцяў. Больш таго, беларусы насялялi пераважна вёскi, рускiя i яўрэi — гарады ды мястэчкi. У моўную сiтуацыю гэта ўносiла спецыфiку: вёска была беларускамоўнай, горад — рускамоўны, так што дзяржаўная палiтыка адносна раўнапраўнасцi чатырох моваў была ў Беларусi выключна правiльнай i адпаведнай рэальнасцi сiтуацыi.

Палiтыка беларусiзацыi напачатку дваццатых гадоў атрымала разуменне i мела поспех яшчэ i таму, што яе прызнавала i падтрымлiвала i вышэйшае кiраўнiцтва краiны. На Х з’ездзе Расiйскай камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) у 1921 годзе ў адказ на крытычную заўвагу аб тым, што нiбыта на Беларусi штучна ўводзiцца беларуская нацыянальнасць, Iосіф Сталiн сказаў наступнае: „Гэта няправiльна, таму што iснуе беларуская нацыянальнасць, у якой ёсць свая мова, адметная ад рускай, з прычыны чаго ўзняць культуру беларускага народа можна толькi на роднай яго мове”6. Такое выказванне тады магло быць успрынята толькi як „каштоўнае ўказанне” — не менш!

Адкрыццё напачатку 1921 года курсаў беларусазнаўства пры Народным камiсарыяце асветы БССР, якiя ўзначалiў Язэп Лёсiк; перавод справаводства на беларускую мову ў народных камісарыятах земляробства, асветы, замежных спраў; адкрыццё Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта (1921 год), Iнстытута беларускай культуры (1922 год) — усё гэта стала станоўчымi момантамi на шляху да афiцыйнага прызнання беларусiзацыi як дзяржаўнай палiтыкi ў Беларусi. А тут яшчэ дзесяты i дванаццаты з’езды РКП (бальшавiкоў), што прайшлi адпаведна ў сакавiку 1921 i красавiку 1923 гадоў, падтрымалi i замацавалi сваiмi рашэннямi курс на абнаўленне нацыянальнай палiтыкi на ўсёй тэрыторыi краiны. Дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху актывiзавалi сваю працу яшчэ больш. А калi ў лiпенi 1923 года сумесным дэкрэтам ЦВК СССР i ЦВК БССР была аб’яўлена амнiстыя ўсiм радавым удзельнiкам i шэрагу кiраўнiкоў антысавецкiх нацыянальных фармiраванняў i арганiзацый перыяду 1918-1920 гадоў, рады актывiстаў палiтыкi беларусiзацыi значна папоўнiлiся сталымi i вопытнымi прыхiльнiкамi беларускай нацыянальнай справы: В. Ластоўскiм, Я. Лёсiкам, С. Некрашэвiчам, А. Цвiкевiчам.

Шмат i надзвычай плённа папрацавалi на беларусiзацыю ў той час выдаўцы часопiснай, газетнай, кнiжнай прадукцыi. Паводле падлiкаў доктара гiстарычных навук, прафесара Леанiда Лыча, у Беларусi выдавалася тады „9 беларускiх газет i часопiсаў, працавала 10 беларускiх выдавецтваў, якiя друкавалi масавымi тыражамi падручнiкi i творы мастацкай лiтаратуры на нацыянальнай мове”7. Дададзiм, што менавiта ў тыя гады свае блiскучыя, поўныя аб’ектыўнасцi i гiстарычнай праўды па гiсторыi Беларусi, мовазнаўстве, гiсторыi беларускай лiтаратуры, геаграфii апублiкавалi Усевалад Iгнатоўскi, Уладзiмiр Пiчэта, Мiтрафан Доўнар-Запольскi, Бранiслаў Тарашкевiч, Сцяпан Некрашэвiч, Язэп Лёсiк, Максiм Гарэцкi, Вацлаў Ластоўскi, Аркадзь Смолiч i iншыя даследчыкi.

Новую беларускую лiтаратуру стваралi пiсьменнiкi i паэты, сярод iх — Цiшка Гартны i Змiтрок Бядуля, Янка Купала i Якуб Колас, Платон Галавач i Мiхась Чарот. Яшчэ ў 1920 годзе Еўсцiгней Мiровiч стварыў Беларускi дзяржаўны тэатр, а Уладзiслаў Галубок — Трупу беларускiх артыстаў (так званы вандроўны тэатр).

Усе гэтыя i многiя iншыя набыткi на нiве нацыянальна-культурнага будаўнiцтва паспрыялi таму, што 15 лiпеня 1924 года другая сесiя ЦВК БССР афiцыйна абвясцiла беларусiзацыю дзяржаўнай палiтыкай. Прэзiдыум ЦВК утварыў спецыяльную камiсiю па ажыццяўленні нацыянальнай палiтыкi на чале з А. Хацкевiчам. Такiя ж дзяржаўныя ўтварэннi стваралiся пры акруговых выканкамах. Больш таго, для кантролю за сiтуацыяй пры аддзеле прапаганды ЦК КП (бальшавiкоў) Беларусi з’явiлiся спецыяльныя бюро для работы сярод працоўных польскай, яўрэйскай, латышскай i лiтоўскай нацыянальнасцяў. Такiм чынам, беларусiзацыя як дзяржаўная палiтыка станавiлася трывалым грунтам для ўсенароднага ажыццяўлення iдэi нацыянальнага Адраджэння. Яна набывала характар цэласнасцi i канцэптуальнасцi, станавiлася рэальнай партыйнай i дзяржаўнай справай, вызначальнай асаблiвасцю грамадска-палiтычнага развiцця Беларусi. Такой яна ўспрымалася ўсiм беларускiм народам незалежна ад нацыянальнасцi таго цi iншага жыхара нашай Бацькаўшчыны.

Набыткi беларусiзацыi пасля аб’яўлення яе дзяржаўнай палiтыкай не прымусiлi сябе доўга чакаць. Так, летам 1925 года праз курсы беларусазнаўства прайшлi перападрыхтоўку звыш тысячы настаўнiкаў. Актыўна распачалася i прайшла беларусiзацыя партыйных, дзяржаўных, савецкiх i грамадскiх органаў i арганiзацый. Калi ў 1925 годзе ў цэнтральных дзяржаўных установах беларускай мовай валодаў толькi кожны пяты супрацоўнiк (г.зн. 20 працэнтаў iх), дык у 1927 годзе ўжо кожныя чатыры з пяцi (80 працэнтаў). З канца 1925 года пасяджэннi i пратаколы бюро ЦК КП (бальшавiкоў) Беларусi i акруговых камiтэтаў партыi вялiся на беларускай мове (для аналогii: на працягу 1996-2000 гадоў у парламенце Рэспублiкi Беларусь нiводзiн дэпутат не выступiў на роднай беларускай мове!).

Заслугоўвае ўвагi i той факт, што не было забыта i мясцовае насельнiцтва. Асноўныя ўнутрырэспублiканскiя дакументы друкавалiся на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай i яўрэйскай; а агульнасаюзныя — на беларускай i рускай мовах. Кожны грамадзянiн Беларусi меў права звяртацца ў любую дзяржаўную ўстанову на роднай мове i на ёй жа атрымаць адказ.

У 1928 годзе небывалых паказчыкаў як для таго часу, так i для наступных гадоў ХХ стагоддзя, дасягнула беларусiзацыя ў галiне адукацыi. Да 80 працэнтаў школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Паралельна з гэтым адчынялiся школы i класы з роднай мовай навучання для прадстаўнiкоў нацыянальных меншасцяў. I як вынiк: выкладанне ў школах Беларусi вялося на васьмi мовах. Беларуская i руская мовы ва ўсiх навучальных установах з’яўлялiся абавязковымi для вывучэння. На беларускай мове вялося выкладанне прадметаў i ў многiх прафтэхвучылiшчах, тэхнiкумах. У Беларусі дзейнiчалi таксама польскi i яўрэйскi педагагiчныя тэхнiкумы.

Адным з галоўных накiрункаў беларусiзацыi з’яўлялася так званая каранiзацыя — вылучэнне i выхаванне кадраў кiравання з карэннага насельнiцтва. Ужо да канца 1925 года на партыйнай, дзяржаўнай, савецкай, прафсаюзнай i грамадскай рабоце працэнт беларусаў павялiчыўся ў акругах — з 48-і да 63-х, у раёнах — з 75-і да 80-i, у сельскiх установах — з 84-х да 91-го працэнта. Прычым, вылучэнне i выхаванне тычылася не толькi беларусаў, але i прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў, што насялялi Беларусь. У састаў раённых выканаўчых камiтэтаў, напрыклад, уваходзiлi звыш 8 працэнтаў яўрэяў, амаль 6,5 працэнта — рускiх, 2,6 працэнта — палякаў, 4,8 працэнта прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў. Яшчэ больш унушальна выглядалi гэтыя лiчбы ў гарадскiх саветах: адпаведна 30; 12; 2,3 i 4 працэнты8.

У згаданых вышэй рашэннях другой сесii ЦВК БССР падкрэслiвалася неабходнасць забяспечыць магчымасць выдзялення мясцовасцяў з пераважаючым яўрэйскiм, польскiм, латышскiм, лiтоўскiм i iншым насельнiцтвам у самастойныя адмiнiстрацыйныя адзiнкi9. Задума была рэалiзавана таксама: да 1928 года ў рэспублiцы налiчвалася 23 яўрэйскiх, 19 польскiх, 16 рускiх, 5 латышскiх, 2 украiнскiя i 2 нямецкiя Саветы.

На жаль, працэс беларусiзацыi, якi толькi-толькi набраў тэмп і знайшоў тысячы i тысячы новых прыхiльнiкаў i дарадцаў, неўзабаве пайшоў на спад. Ужо з канца 1920-х гадоў у Беларусi, як i ў шэрагу iншых месцаў, пачынаецца жудасная, бесчалавечная па задуме i маштабах кампанiя па выкрыцці так званага нацыянал-дэмакратызму. Кiраўнiкам Савецкага Саюза ў Маскве, iхнiм стаўленнiкам на месцах, i ў прыватнасцi — у Беларусi раптам пачалi ўяўляцца i мроiцца „варожая iдэалогiя”, „контррэвалюцыйныя плынi”, што ўзнiкалi нiбыта з адной „мэтай” — рэстаўрацыi капiталiзму. I бальшавiкi распачынаюць актыўную барацьбу з гэтымi прывiдамi.

Без барацьбы — жорсткай, крывавай — тады ў Беларусі не праходзiла нiшто. Iдэя сусветнай пралетарскай рэвалюцыi, абвешчаная Ленiным, па-ранейшаму валодала мiльёнамi сэрцаў i розумаў. А тут яшчэ „праславутае” абвастрэнне класавай барацьбы. I зноў, як i ў часы грамадзянскай вайны, палiлася нявiнная кроў.

Апагеем барацьбы бальшавiкоў з т.зв. нацдэмаўшчынай стала сфальсiфiкаваная напачатку 1930-х гадоў справа „Саюза вызвалення Беларусi”. Па ёй органы АДПУ арыштавалi каля 200 самых выдатных дзеячаў беларускай нацыянальнай культуры, асветы, навукi i лiтаратуры. 104 чалавекi — i сярод iх два кiраўнiкi народных камiсарыятаў Антон Балiцкi i Змiцер Прышчэпаў — будуць неўзабаве асуджаны, а потым i фiзiчна знiшчаны. У нацыянал-дэмакратызме абвiнавачвалiся нават Аляксандр Чарвякоў, Змiцер Жылуновiч, Усевалад Iгнатоўскi, Янка Купала, Якуб Колас i iншыя слынныя сыны нашай Бацькаўшчыны.

Пачынаецца адваротны працэс — згортванне беларусiзацыi. Ужо ў 1931 годзе ЦК КП (бальшавiкоў) Беларусi прымае пастанову „Аб узмацненнi барацьбы з ухiламi ў нацыянальным пытаннi”. А ў снежнi 1933 года бальшавiкi ставяць па-сутнасцi кропку ў беларусiзацыi як дзяржаўнай палiтыцы, калi на аб’яднаным пленуме ЦК i ЦКК КП(б) Беларусi адкрыта ўскладаюць „вiну за зрыў беларусiзацыi на нацыянал-дэмакратаў”. I зноў арышты, катаваннi, ссылкi, расстрэлы. Пад шыльдай лiквiдацыi нацдэмаўшчыны былi знiшчаны цi накiраваны ў сталiнскiя ГУЛАГі ўсе больш-менш вядомыя вучоныя i дзеячы культуры, мастакi i кампазiтары, артысты i журналiсты, краязнаўцы i настаўнiкi, студэнты i проста адукаваныя i неадукаваныя грамадзяне. Толькi пiсьменнiкаў было рэпрэсiравана звыш 230 чалавек!

Дваццатыя гады, што прайшлi на Беларусі пад знакам беларусiзацыi, справядлiва лiчацца беларускiм рэнесансам. Былi адкрыты i ўсталяваны вялiкiя перспектывы пашырэння i паглыблення нацыянальнай культурна-дзяржаўнай палiтыкi — новай па характары i змесце, вывучэнні i развiцці. На жаль, яна была проста задушана, фiзiчна лiквiдавана.

Справы ж свядомых, шчырых i праведных змагароў за свой народ, якiя бачылi свой край абноўленым, па-сапраўднаму культурным i цывiлiзаваным, засталiся. I яны, несумненна, рана цi позна, але будуць запатрабаваны. Бо рана цi позна Беларусь захоча ўсё ж адрадзiцца, адчуць сябе роўнай у Еўропе.


1 Кастусь Калiноўскi, Лiст з-пад шыбенiцы, [у:] Беларуская лiтаратура ХIХ ст., Мінск 1988, с. 231.

2 Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi, т. 1. Мінск 1993, с. 348.

3 История Советской Конституции: Сборник документов и материалов 1917-1956, Москва 1957, с. 237.

4 Там жа.

5 Аляксандр Чарвякоў, Я нiколi не быў ворагам. Выбраныя артыкулы i прамовы. Успамiны сучаснiкаў, Мінск 1992, с. 91-92.

6 Десятый съезд РКП (б). Март, 1921 г. Стенографический отчет, Москва 1963, с. 213.

7 „Маладосць”, 1995, № 11, с. 188.

8 Аляксандр Чарвякоў, Я нiколi не быў ворагам..., с. 88.

9 „Собрание узаконений и распоряжений БССР”, Мінск 1924, № 11.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія