|
Арганізацыя судовай сістэмы ў заходніх абласцях Беларусі ў перыяд 1944-1953 гадоў.
Роля і месца правасуддзя ў механізме савецкай дзяржавы
Сяргей Сноп
(Гродна)
Сучаснае разуменне ролі і месца дзяржавы і права ў жыцці грамадства выдзяляе правасуддзе ў якасці асноватворчага інстытута ў справе аховы правоў чалавека, грамадскіх аб’яднанняў, суб’ектаў гаспадарання. Судовая сістэма сучасных дзяржаў надзеленая кампетэнцыяй па разглядзе спрэчак не толькі паміж грамадзянамі і створанымі імі юрыдычнымі асобамі, але і паміж рознымі дзяржаўнымі органамі адносна падзелу іх паўнамоцтваў і адносна праверкі іх дзейнасці на адпаведнасць канстытуцыі краіны. Правасуддзе робіцца важным фактарам падтрымання ў дзяржаве грамадзянскага міру, сацыяльнай і палітычнай стабільнасці, гарантыяй развіцця бізнесу, культуры і чалавека ўвогуле. У навуцы гэтая роля правасуддзя раскрываецца тэорыяй прававой дзяржавы і падзелу ўлад.
Аднак, абмежаванне ўладных паўнамоцтваў органаў дзяржавы нормамі права і падзел іх функцый на заканадаўчую, выканаўчую і судовую галіны дасягаюцца на практыцы з вялікімі цяжкасцямі. Гісторыя многіх дзяржаў паказвае, што нават уключаныя ў прававую і дзяржаўную сістэмы прынцыпы незалежнага правасуддзя ў рэальнасці не выконваліся службовымі асобамі дзяржавы, а часам скасоўваліся імі дэ-юрэ. Менавіта гэтак адбывалася ў Савецкім Саюзе. Беларусь як саюзная рэспубліка ў складзе СССР перажыла ўсе негатыўныя наступствы, звязаныя з фактычным і юрыдычным скасаваннем самастойнага характару судовай улады: масавае знішчэнне грамадзян (генацыд) паводле сацыяльнай, маёмаснай, рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай прыметы, знявага правоў і свабод чалавека.
Характэрныя праявы згубных для грамадства наступстваў разбурэння інстытутаў правасуддзя і законнасці назіраецца пры вывучэнні судовай сістэмы Беларусі. Частая змена дзяржаўнай улады ў заходніх абласцях краіны, якая прыводзіла да ўстанаўлення палітыка-прававой сістэмы, практычна супрацьлеглай да раней існуючых, дазваляе параўнаць як спосабы ліквідацыі праваахоўных і судовых органаў папярэдняй дзяржаўнай сістэмы (ІІ Рэчы Паспалітай, Савецкага Саюза, ІІІ Рэйха), так і метады ўкаранення таталітарнай методыкі кіравання насельніцтвам, а таксама вынікі такой палітыкі ў выглядзе генацыду, самавольнага пазбаўлення ўласнасці, масавага абмежавання грамадзянскіх правоў. Такі аналіз дазваляе выяўляць заканамернасці, якія праяўляюцца ў палітыцы дзяржавы, што прыводзяць да ліквідацыі правасуддзя і законнасці, незалежна ад мэтаў, да якіх імкнулася ўлада, калі вызваляла сябе ад стрымліваючай моцы законаў і контрольнай ролі правасуддзя.
У дзейнасці савецкага суда выяўляюцца тыя ж рысы таталітарнай сістэмы, што ўласцівы ўсяму механізму камуністычнай улады.
Судовыя органы Беларусі аднаўляліся на падставе Канстытуцыі СССР 1936 года, Закону аб судаўладкаванні 1938 года. Вялікую ролю адыгрывалі ваенныя трыбуналы арміі, НКУС і чыгуначнага транспарту. Агульныя суды ў першыя часы разглядалі пераважна грамадзянскія справы, сярод якіх значнае месца займалі справы пра вяртанне хатняй жывёлы і іншай маёмасці, пра высяленне асоб, якія занялі жыллё эвакуіраваных, устанаўленні юрыдычных фактаў. Разглядалі яны таксама не аднесеныя да падсуднасці вайсковых трыбуналаў крымінальныя справы аб крадзяжах, спекуляцыі, хуліганстве, самагонаварэнні, самавольным уходзе з працы, прагулах. Працягваў працаваць несудовы орган, які ўжываў крымінальнае пакаранне („меры рэпрэсіі адносна сацыяльна-небяспечных асоб”) — Асобая Нарада пры НКУС-МУС-МДБ СССР.
Такое шырокае кола дзяржаўных органаў, якія ўжывалі крымінальнае пакаранне, сведчыць пра тое, што ў перыяд да 1953 года ў сферы крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага праваўжывання роля канстытуцыйна замацаваных судовых органаў агульнай юрысдыкцыі была істотна абмежаваная і магла быць у любы момант яшчэ болей абмежавана зыходзячы з палітычных меркаванняў.
У сувязі з нявызначанасцю ў сярэдзіне 1944 года дзяржаўных межаў з Польшчай першапачаткова аднаўляўся абласны суд для Беластоцкай вобласці. Самы першы загад па гэтым судзе аб залічэнні ў штат тэхнічнага персаналу быў названы „загад № 1 па абласным судзе Беластоцкай вобласці”1.
Самай актуальнай праблемай выступаў недахоп кадраў для судовай работы. Наркамат юстыцыі яшчэ да пачатку вызвалення Беларусі ў адпаведнасці з рашэннем ЦК КП (б) Б у 1942 годзе ў горадзе Куйбышаў (Самара) арганізаваў трохмесячныя курсы па падрыхтоўцы судовых работнікаў. Туды залічваліся пераважна жанчыны і неваеннаабавязаныя мужчыны з ліку эвакуіраваных з Беларусі жыхароў, былыя байцы Чырвонай Арміі, дэмабілізаваныя з-за раненняў. З таго часу наркамат юстыцыі БССР пачаў улік юрыдычных кадраў, эвакуіраваных ва ўсходнія раёны Саюза, падрыхтоўку і камплектаванне судовых устаноў рэспублікі. З канца 1944 года падрыхтоўка кадраў юрыстаў пачалася ў Мінскім юрыдычным інстытуце.
На студзень 1945 года ў БССР працавалі 202, а на ліпень — 236 участкаў народных судоў2. Але ўзровень падрыхтоўкі кадраў быў відавочна нездавальняючым. Напрыклад, на 1 студзеня 1945 года з дваццаці суддзяў Гродзенскай вобласці вышэйшую адукацыю меў адзін народны суддзя і адзін суддзя абласнога суда, сярэднюю адукацыю — 9 чалавек, незакончаную сярэднюю — дзевяць, і адзін меў пачатковую адукацыю. Два суддзі не мелі ніякай юрыдычнай адукацыі, астатнія скончылі юрыдычныя курсы і школы кароткатэрміновага навучання3.
Прафесійная падрыхтоўка судзейскага корпуса яшчэ доўга заставалася нездавальняючай: сярод абраных у БССР у 1949 годзе народных суддзяў не мелі юрыдычнай адукацыі 50,9 адсоткаў4. Першы старшыня Гродзенскага абласнога суда І. Ф. Міхневіч, 1880 года нараджэння, у графе „агульная адукацыя” справаздачы ўказваў „ніжэйшая”, а ў графе „юрыдычная адукацыя” пазначаў „практык з 1926 года”, што належыць разумець як неадукаванасць у тым сэнсе, што такія супрацоўнікі не заканчвалі агульнаадукацыйных і спецыяльных навучальных устаноў. Суддзя Скідальскага раёна П. Ф. Суркова мела адукацыю 3 класы і шасцімесячныя курсы; суддзя Свіслацкага раёна І. М. Падрэзаў меў адукацыю 5 класаў, а ў графе пайменнага спіса „спецыяльная юрыдычная” пазначана „практык”5.
Калі суддзі валодалі хаця б мінімальнай адукацыяй, то ні судовыя выканаўцы, ні сакратары судовых пасяджэнняў і тэхнічныя супрацоўнікі навыкаў практычнай работы не мелі, ніхто з іх не валодаў якой-кольвечы юрыдычнай адукацыяй.
Дапамагчы ў ажыццяўленні правасуддзя магло веданне суддзямі жыцця рэгіёна, мясцовых традыцый і культуры. Але, у сувязі з тым, што ў Заходняй Беларусі адсутнічалі савецкія юрысты і вучэбныя ўстановы, вялікая колькасць судовых работнікаў была прыслана з іншых рэгіёнаў СССР: Казахскай і Кіргізскай ССР, Молатаўскай, Курганскай, Чыцінскай абласцей Расіі, Гомельскай вобласці БССР. З 20 суддзяў толькі чацвёра былі беларусамі. Несумненна, што такія суадносіны адлюстроўвалі не толькі адсутнасць кадраў, але і палітыку каланізацыі і недаверу да мясцовага насельніцтва. У цэлым па Беларусі ў 1949 годзе, пасля першых выбараў суддзяў, толькі 58% былі беларусамі, пасля другіх у 1951 годзе — 61,9 працэнта6.
Асаблівая ўвага надавалася класаваму прынцыпу падбору і прызначэння кадраў. Так, была пазбаўлена даверу суддзя 1-га ўчастка горада Гродна, якая выйшла замуж за кулака (яна развялася з мужам, але фактычна працягвала з ім жыць), а таксама суддзя 1-га ўчастка горада Ліда, які жыў разам з кулачкай. Класавы прынцып цалкам выключаў выкарыстанне юрыстаў-суддзяў з былой Польшчы (апошнія падлягалі рэпрэсіям). Тым не менш, дэфіцыт кадраў уплываў і на класавы прынцып — па Гродзенскай вобласці на 1 студзеня 1945 года, напрыклад, з 20 суддзяў шасцёра было беспартыйных7. Усе суддзі правяраліся на месцазнаходжанне падчас нямецкай акупацыі і чым тады займаліся. Партыйныя камітэты ажыццяўлялі наменклатурна-кадравую палітыку і зацвярджалі суддзяў на пасадах на ўзроўні абкамаў партыі.
Для параўнання можна выкарыстаць даныя8 аб адукацыйным узроўні гродзенскай калегіі адвакатаў, дзе класавы прынцып не быў вызначальным. У 1945 годзе з 10 чалавек вышэйшую адукацыю мелі шасцёра, што сведчыць пра больш высокую прафесійную падрыхтаванасць адвакатаў. Аднак, паводле загаду міністра юстыцыі БССР № 01 ад 15 лютага 1951 года, вызначалася, што гродзенская калегія адвакатаў „засмечаная” нягоднымі асобамі. На абласной нарадзе суддзяў прадстаўнік абкама партыі сцвярджаў, што многім адвакатам не месца на захадзе Беларусі, паколькі дванаццаць кулакоў падалі скаргу на імя С. В. Прытыцкага пра няправільнасць уключэння ў спісы кулакоў, а дапамаглі скласці скаргу адвакаты. Потым партыйны начальнік заклікаў тэрмінова праверыць усіх адвакатаў і звольніць нягодных9. Іншы партыйны начальнік заклікаў суддзяў, каб тыя выносілі прыватныя вызначэнні на няправільныя выступленні адвакатаў10. Пракурор Ваўкавыскага раёна ўказваў на адсталасць аднаго адваката, які сказаў, што за кошт дзяржпаставак дзяржава нажываецца, абдзірае сялян11. Старшыня абласной калегіі адвакатаў на адной з нарадаў так выкладаў сваё бачанне функцый адвакатуры: „Аказваць практычную дапамогу органам міліцыі, пракуратуры, судам у барацьбе са злачыннасцю шляхам тлумачэння грамадзянам законаў”12.
Нізкі адукацыйны ўзровень і дрэнная прафесійная падрыхтоўка былі аб’ектыўнымі прычынамі нізкай якасці работы. Так, па Сапоцкінскім раёне за перыяд з 1 студзеня 1945 года па 15 красавіка 1946 года паводле скаргаў і пратэстаў было скасавана 16 рашэнняў і 11 прыгавораў. Суддзя Канапелька дапускаў непадпісанне прысудаў народнымі засядацелямі, неафармленне пратакола судовага пасяджэння і г.д. У 1949 годзе Гродзенскі абласны суд скасоўваў 17,8% прыгавораў і 27% рашэнняў13. У гэтым жа годзе Вярхоўным Судом БССР скасавана 7% абскарджаных прыгавораў па справах аб контррэвалюцыйных злачынствах і 10% па справах агульнай падсуднасці, вынесеных Гродзенскім абласным судом.
Яшчэ больш нізкай была падрыхтоўка судовых выканаўцаў, якія рэальна выконвалі судовыя пастановы прыкладна ўсяго на 10 працэнтаў14. Мелі месца факты складання падложных актаў аб немагчымасці адшукаць вінаватага. Некаторыя судовыя выканаўцы раскрадалі спазысканыя сродкі, за што самі асуджаліся ў крымінальным парадку. Адзін з іх пасля выяўлення ў яго крадзяжу скончыў жыццё самагубствам.
Працоўная дысцыпліна падтрымвалася выключна жорстка. Сакратару судовай калегіі па грамадзянскіх справах „за самавольнае выйсце з працы ў 17 гадзін, за бессэнсоўнае хаджэнне па іншых канцылярыях у працоўны час і размовы ў рабочы час аб’яўляю вымову з папярэджаннем, што ў выпадку паўтарэння такога ўчынку (...) будзе аддадзена пад суд”, — пазначалася ў адным з загадаў старшыні абласнога суда. Добрасумленныя работнікі заахвочваліся такімі, напрыклад, сродкамі, як выдача да свята 8 сакавіка сукенкі.
Партыйныя камітэты кантралявалі не толькі кадравы склад судзейскага корпуса, але і ўздзейнічалі на судовую практыку шляхам „партыйнага кіраўніцтва” дзейнасцю праваахоўных органаў. У рэальнасці гэта выяўлялася ва ўмяшальніцтве ў разгляд судовых спраў, уціск праз сродкі масавай інфармацыі, партыйныя нарады і г.д. На першай гродзенскай абласной партыйнай канферэнцыі сакратар Мастоўскага райкама тав. Зенін папракаў за дрэнную працу суд і пракуратуру, якія „не дапамагаюць раённай партыйнай арганізацыі ў барацьбе за паспяховае выкананне гаспадарча-палітычных задачаў. Мелі месца выпадкі патакання кулацкаму сабатажу дзяржаўных паставак сельгаспрадукцыі”15. Газета „Гродненская правда” ў нататцы ад 27 кастрычніка 1946 года паведаміла, што па фактах злоўжывання прадуктовымі карткамі Лідскі райкам партыі „абавязаў пракурора горада правесці расследаванне і асоб, вінаватых у крадзяжах і разбазарванні (...) прыцягнуць да крымінальнай адказнасці”. Тая ж „Гродненская правда” 13 кастрычніка 1946 года пад загалоўкам „Аб дзіўным рашэнні народнага суда” пісала пра мяккі прысуд дырэктару Гродзенскага шклозавода А. Е. Зеглену, а ягонаму адвакату адмовіла ў здаровым сэнсе. Газета дамаглася таго, каб асуджанаму было вынесенае больш суровае пакаранне. Органы ўнутраных спраў і дзяржбяспекі практыкавалі ўкладанне ў крымінальныя справы асобных дакументаў у закрытых канвертах, якія падпісваліся „Толькі для старшыні суда і пракурора”. У такіх дадатковых матэрыялах, прызваных паўплываць на суд, магла ўтрымлівацца інфармацыя пра аператыўныя мерапрыемствы, праведзеныя адносна падсуднага, вынікі службовых праверак ды іншыя падобныя звесткі, якія не прадстаўляліся да азнаямлення падсуднаму і яго абаронцам.
Вялікая ўвага надавалася палітыка-выхаваўчай працы з суддзямі. Яны займаліся ў палітшколах, гуртках і семінарах, дзе вывучалі працы Сталіна, дакументы партыі, праводзілі чытанні газет і палітінфармацыі на такія, напрыклад, тэмы: „Біяграфія І. В. Сталіна”, „Бальшавіцкая пільнасць, захаванне дзяржаўнай таямніцы — першасны абавязак савецкага служачага”.
Суддзі, паводле заданняў райкамаў партыі, у перыяд збору ўраджаю накіроўваліся на нарыхтоўку хлеба, прымалі ўдзел у іншых кампаніях. Суддзя Мастоўскага раёна заўважаў, што яго ўвесь час адрываюць на разнастайныя кампаніі, накіроўваюць у сельсаветы: сакавік-красавік — сяўба, травень — падрыхтоўка да заёма, восень — нарыхтоўка сельгаспрадукцыі, з-за чаго няма часу разглядаць справы16.
Практыка наўпроставага кіравання суддзямі, тым не менш, дазваляла суддзям у пэўных межах прымаць самастойныя рашэнні пры разглядзе спраў. Так, шырока ўжываўся апраўдальны прысуд. Усе пасляваеннае пяцігоддзе суды Гродзенскай вобласці выносілі больш за 150 апраўдальных прысудаў у год. За перыяд з ліпеня 1947 па ліпень 1948 года па вобласці было вынесена апраўдальных прысудаў і вызначэнняў аб спыненні крымінальных спраў на 600 чалавек (без уліку спраў прыватнага абвінавачвання)17. У судовай практыцы мелі месца выяўленні засядацелямі, не згоднымі з думкаю суддзі, свайго асобага меркавання. Вось што пісала адна засядацельніца, якая ўдзельнічала ў крымінальнай справе па абвінавачванні селяніна-аднаасобніка, які меў 20 га зямлі і не выканаў абавязковых дзяржпаставак сельгаспрадукцыі: падсуднага „належала апраўдаць, паколькі ён пакаяўся і ўсю дзяржпастаўку выканаў, а дзеля пакарання трэба адабраць зямлю, калі ён не здолее яе самастойна апрацоўваць”18. Аднак, яе меркаванне аніяк не паўплывала на канчатковы вырак — пасадзілі ў калонію і адабралі зямлю.
Трэба адзначыць, што суддзі ўхіляліся ад прыняцця жорсткіх мераў пакарання, што разглядалася кіраўніцтвам як вялікая хіба ў працы. Большасць аглядаў судовай практыкі, актаў рэвізіі, загадаў Міністэрства юстыцыі БССР указвалі на ліберальнае патакаючае стаўленне да злачынцаў. Адзначалася, што суддзі прымаюць, як правіла, ва ўсіх выпадках мінімальную санкцыю закону, а таксама паўсюдна практыкуюць прызначэнне пакарання ніжэй мінімальных межаў. Міністр юстыцыі патрабаваў улічваць, што ў рэспубліцы ідзе класавая барацьба, таму трэба падзяляць вінаватых на класы, і падыходзіць да кожнага індывідуальна19.
Перыяд аднаўлення і арганізацыі судовай сістэмы ў Заходняй Беларусі скончыўся з правядзеннем першых выбараў народных суддзяў, якія адбыліся на пачатку 1949 года па ўсёй Беларусі. Прадугледжаны Канстытуцыяй і Законам аб судаўладкаванні парадак выбрання суддзяў на пасаду не прыводзіўся ў жыццё больш дзесяці гадоў. Гэта тлумачыцца як вайной, так і правядзеннем масавых рэпрэсій.
Пры вылучэнні кандыдатаў у суддзі гродзенскае ўпраўленне юстыцыі не рэкамендавала 8 з 22 суддзяў, якія працавалі дагэтуль. Падставы былі наступныя: доўгае пражыванне на акупаванай тэрыторыі, падазрэнне на знаходжанне ў палоне, п’янкі і падазрэнне ў хабарніцтве, адсутнасць юрыдычнай адукацыі, дрэнная якасць работы і „палітычнасць”20.
Перад выбарамі органы юстыцыі праводзілі агітацыю, гутаркі на тэмы: „Савецкі суд — самы дэмакратычны суд у свеце”, „Буржуазны суд — зброя ўціску і прыгнёту працоўных” і г.д. Арганізоўваўся імпэт насельніцтва. Так, у былым Жалудоцкім раёне адной з першых прагаласавала 105-гадовая сялянка, а ў Бераставіцы 68-гадовы селянін казаў: „Я галасую за першага суддзю ў свеце — таварыша Сталіна”21. У выбарах у Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел 99,9 працэнта выбаршчыкаў.
Правядзенне выбараў суддзяў сведчыла пра стабілізацыю грамадскіх дачыненняў у СССР у цэлым і ў Заходняй Беларусі ў прыватнасці. Выбары завяршылі пэўны этап будаўніцтва савецкай дзяржавы (пераход ад ваеннай арганізацыі жыцця да дзеяння органаў дзяржавы ва ўмовах міру). Пабудаваная мадэль судаўладкавання была набліжана да ўяўленняў кіраўніцтва краіны пра месца і ролю правасуддзя і праваахоўных органаў у механізме савецкай камуністычнай дзяржавы. Па сваёй юрыдычнай сутнасці савецкае правасуддзе ўяўляла зброю для дзяржаўнай расправы з асобамі, якія парушылі крымінальны ці іншыя законы. Аднак, нават ва ўмовах таталітарнай дзяржаўнасці, правасуддзе аказвала стрымваючы ўплыў на палітыку масавых рэпрэсій (прэзумпцыя невінаватасці, галоснасць, удзел адваката ды іншыя прынцыпы правасуддзя), што прывяло да стварэння пазасудовых органаў юстыцыі, такіх як Асобая Нарада пры НКУС СССР, іншыя „двойкі” і „тройкі”. У гэтым праявілася агульначалавечая сутнасць такіх грамадскіх інстытутаў, як права, законнасць і правасуддзе.
1 Архіў Гродзенскага абласнога суда. Кніга загадаў па асабовым складзе за 1944 г. Таксама: Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (далей: ДАГВ), ф. 1106, воп. 1, с. 1, арк. 8.
2 История государства и права Белорусской ССР, т. 2, Минск 1976, с. 228-229.
3 ДАГВ, ф. 1107, воп. 1, с. 61, арк. 3, 8, 9.
4 И. И. Мартинович, История суда в БССР, Минск 1961, с. 141.
5 ДАГВ, ф. 1107, воп. 1, с. 61, арк. 8, 9.
6 И. И. Мартинович, История суда..., с. 139.
7 ДАГВ, ф. 1107, воп. 1, с. 61, арк. 96.
8 Там жа, с. 62, арк. 8-9.
9 ДАГВ, ф. 1107, воп. 1, с. 16, арк. 18-20.
10 Там жа, с. 16, арк. 9.
11 Там жа, с. 6, арк. 2-3.
12 Там жа, с. 6, арк. 7.
13 Там жа, с. 24, арк. 3.
14 Там жа, с. 24, арк. 23-28.
15 „Гродненская правда”, 26 снежня 1946.
16 ДАГВ, ф. 1107, воп. 1, с. 21, арк. 3.
17 Там жа, воп. 1, с. 8, арк. 1-35.
18 Там жа, воп. 2, с. 3, арк. 3.
19 Там жа, воп. 1, с. 21, арк. 7.
20 ДАГВ, ф. 1107, воп. 1, с. 11, арк. 138-147.
21 Там жа.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|