БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 16

Генезіс „Пагоні” — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага

Аляксей Шаланда
(Гродна)

Паводле большасці вызначэнняў гербам называецца сімвалічная выява, якая перадаецца ў спадчыну і складзена паводле вызначаных правілаў. Галоўным элементам герба з’яўляецца геральдычная тарча. Калі яна адсутнічае, можна гаварыць толькі аб эмблеме пад якой, у сваю чаргу, разумеюць умоўнае або сімвалічнае выяўленне якога-небудзь паняцця ці ідэі. Гербы ўпершыню з’явіліся ў Заходняй Еўропе ў другой палове ХІІ ст., таму ў ВКЛ, як і ў шэрагу іншых краін Сярэдняй і Усходняй Еўропы яны былі прадуктам імпарту. У сувязі з гэтым яны былі або цалкам запазычаныя з Захаду, або ўтвораныя ў выніку геральдызацыі. Пад апошняй мы разумеем працэс ператварэння пад уплывамі заходняй геральдыкі мясцовага эмблематычнага матэрыялу ў гербы.

У канцы ХІІ — ХІІІ ст. у Прыбалтыцы, у непасрэднай блізкасці ад Полацкага княства і літоўскіх зямель, спачатку ў Лівоніі, а пазней у Прусіі, з’явілася заходнееўрапейскае, пераважна нямецкае, рыцарства. Пагроза з іх боку была адным з фактараў, паспрыяўшых аб’яднанню старажытнабеларускіх і літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Разам з тым, суседства з нямецкім рыцарствам спрыяла кшталтаванню ў ВКЛ рыцарскіх звычаяў і абавязкаў, формы аддзення і ўзбраення, уяўленняў аб рыцарскай годнасці і гонары. Заходнееўрапейская рыцарская культура несла ў асяроддзе беларускіх і літоўскіх феадалаў і пэўныя геральдычныя ўзоры. Заходнія геральдычныя ўплывы пранікалі ў ВКЛ таксама праз Венгрыю, Польшчу, Мазовію, дзе гербы распаўсюдзіліся ў сярэдзіне ХІІІ — сярэдзіне ХІV ст. Знаёмства з геральдыкай і сфрагістыкай сваіх заходніх суседзяў, асабліва Тэўтонскага ордэна, спрыяла складванню ў ВКЛ у другой палове ХІІІ — ХIV ст. уласных геральдычных эмблем заходнееўрапейскага ўзору. Да заходніх эмблематычных запазычанняў трэба аднесці шырока распаўсюджаныя ў сфрагістыцы феадальных вярхоў ВКЛ свецкія (партрэтныя) выявы князя на троне, на кані ці пешага. Разам з тым, трэба адзначыць, што ўнутры ВКЛ моцны ўплыў культуры рускіх земляў таксама адбіўся на пячатках феадалаў літоўскага і жамойцкага паходжання. Пра гэта сведчаць не толькі напячаткавыя рускія кірылічныя надпісы, але і выявы клеймавага і ўсходневізантыйскага тыпаў (пераважна выявы святых Праваслаўнай царквы). Такім чынам, можна вылучыць тры групы эмблем, якія распаўсюдзіліся ў ВКЛ у ХІІІ-ХІV ст.: 1) знакі-клеймы, 2) выявы ўсходневізантыйскага тыпу, 3) выявы заходнееўрапейскага тыпу.

Як сведчыць пячатка „караля Літвы і Русі” Гедыміна (1316-1341), якую апублікавалі беларускія гісторыкі Г. Штыхаў і М. Ермаловіч, ён карыстаўся выявай коннага рыцара з дзідай1. У канцы ХІV ст. на пячатках вялікіх князёў літоўскіх Гедымінавічаў найбольш часта паўтаралася постаць вершніка з мячом ці дзідай. Працэс пераймання эмблем заходнееўрапейскага тыпу ў канцы ХІV ст. ахапіў таксама прадстаўнікоў іншых княжацкіх дынастый — Рурыкавічаў і так званых Даўшпрунгавічаў, якія мелі цесныя адносіны з пануючым домам ВКЛ. Не былі гэта яшчэ гербы, нягледзячы на тое, што можна прасачыць спадчыннасць вершнікаў на пячатках нашчадкаў Гедыміна. Па-сутнасці, не было яшчэ і гербу дзяржавы2. Суверэнітэт ВКЛ увасабляўся ў асобе вялікага князя з дынастыі Гедымінавічаў, таму на пячатках змяшчалася або яго конны ці пешы сімвалічны партрэт, або яго ўласнае кляймо. Добра гэта відаць на прыкладзе пячатак вялікага князя Альгерда Гедымінавіча (1345-1377). Разам з тым, спадчыннасць коннай выявы можна разглядаць як пачатак яе геральдызацыі.

З’яўленне першых гербаў у ВКЛ было непасрэдна звязана са знешнепалітычнымі падзеямі канца ХІV ст., а менавіта з заключэннем у 1385 г. Крэўскай уніі. Аб’яднанне ВКЛ і Польшчы пад уладай караля Уладзіслава ІІ Ягайлы (1386-1434) спрыяла ўзмацненню заходніх геральдычных уплываў, што адбілася на хуткім афармленні паводле правілаў геральдыкі партрэтнай пячаткі ў выглядзе коннага рыцара з мячом. У працэсе геральдызацыі вершнік быў пакладзены на геральдычную тарчу, у выніку чаго атрымаўся пазнейшы дынастычны герб Гедымінавічаў, да якіх належаў новы кароль Польшчы і, адначасова, дзяржаўны герб ВКЛ. Аб тым, што ён знаходзіўся ў пачатковай стадыі кшталтавання, сведчыць няўстойлівасць гербавай выявы, якая на пячатках Уладзіслава-Ягайлы падавалася па-рознаму: з цмокам пад капытамі вершніка або вершнік з дзідай замест мяча.

Разам з вершнікам, які меў характар дзяржаўнага і зямельнага герба ВКЛ, склаўся асабісты герб Ягайлы. Звычайна ў Заходняй Еўропе яны змяшчаліся на малой тарчы вершніка ці пешага рыцара з партрэтнай пячаткі. Асабістым гербам Ягайлы стаў залаты падвойны крыж у блакітным полі, які ў сярэдзіне ХV ст. атрымаў назву „Бойча”. З’яўляючыся элементам вершніка, гэты герб, тым не менш, часта выкарыстоўваўся на пячатках і манетах Уладзіслава-Ягайлы асобна. Генезіс гэтага герба дакладна не высветлены. Аднак, большасць даследчыкаў выказалася за яго візантыйскае паходжанне3. На нашу думку, выбар Ягайлам такога крыжа ў якасці сваёй гербавай выявы быў абумоўлены уплывам на яго рускай праваслаўнай культуры ў ВКЛ і звязаны з яго дзейнасцю па хрышчэнні Літвы ў 1386 г. У праваслаўнай традыцыі падвойны крыж сімвалізаваў перамогу хрысціянства над паганствам4.

Геральдызацыя партрэтнай пячаткі Ягайлы ў канцы ХІV ст. паспрыяла, па-першае, замацаванню на пячатках іншых Гедымінавічаў выявы коннага рыцара, узброенага мячом ці дзідай, па-другое, падштурхнула іх да стварэння асабістых гербаў — „Льва” ў Скіргайлы Альгердавіча і „Калюмнаў” у Вітаўта Кейстутавіча. „Калюмны” вялікага князя Вітаўта — у чырвоным полі сярэбраны (залаты) клеймавы знак трызуб — па сутнасці былі першым клеймавым гербам у ВКЛ, у аснове якога ляжаў распазнаўчаўласніцкі знак. Як пісаў Я. Длугаш, ім Вітаўт пазначаў сваіх коней . Разам з тым, выкарыстанне „Калюмнаў” на сцягах (сярэбраных на чырвоных) сведчыць аб тым, што яны лёгка ператвараліся ў вайсковыя і геральдычныя знакі.

У сваім змаганні за ўладу ў ВКЛ князь Вітаўт Кейстутавіч у 80-90-х гг. ХІV ст. двойчы вымушаны быў шукаць падтрымку ў Тэўтонскага ордэна. У 1384 г. ён нават прынёс ленную прысягу і стаў васалам Ордэна. Падчас свайго знаходжання там Вітаўт пазнаёміўся са звычаямі, гаспадаркай, культурай, у тым ліку і з геральдыкай крыжакаў. У сувязі з гэтым, менавіта ён спрычыніўся да таго, што ў пачатку ХV ст. ужо непасрэдна ў ВКЛ з’яўляюцца пасада герольда („Litherland”) і гербы, у першую чаргу, зямельныя (Віленскага і Троцкага княстваў, Валыні, Кіеўшчыны). Аднак, на большасці пячатак Вітаўта была змешчана выява коннага ці пешага рыцара з мячом або дзідай без ніякага геральдычнага афармлення. Падобная з’ява назіраецца на пячатках не толькі Вітаўта, але і яго наступнікаў на троне ВКЛ. У першай палове ХV ст. такія вялікія князі літоўскія як Свідрыгайла Альгердавіч і Жыгімонт Кейстутавіч карысталіся пячаткамі з геральдычна неаформленым вершнікам з мячом (1420 і 1432-1439), пры гэтым брат Вітаўта на тарчы свайго рыцара змяшчаў „Калюмны”5.

Усё гэта сведчыць аб незакончанасці геральдызацыі коннай выявы ў ВКЛ у гэты час. Як сведчаць гербоўнікі і сфрагістычны матэрыял, у 30-40-х г. ХV ст. склаліся два тыпы згаданай выявы: у Ягайлы і яго нашчадкаў — вершнік з мячом і „Бойчай”, у Вітаўта і Жыгімонта Кейстутавічаў — вершнік з мячом і „Калюмнамі”. Цікава, што ў такім заходнім гербоўніку першай паловы ХV ст. як „Сodex Bergshammar” менавіта апошні варыянт падаецца як герб вялікага князя літоўскага і ВКЛ.

Згасанне Кейстутавічаў і працяг галіны Ягайлавічаў прадвызначыў канчатковую перамогу ў якасці дзяржаўнага герба ВКЛ і дынастычнага герба Гедымінавічаў іх вершніка. „Калюмны” засталіся на другім плане6. У часы Казімера Ягайлавіча (1440-1492) і Аляксандра Казімеравіча (1492-1506), як сведчаць іх пячаткі, геральдызацыя коннай выявы завяршылася — яна канчаткова замацавалася на геральдычнай тарчы.

Важнай прыкметай завяршэння геральдызацыі вершніка з мячом з’яўляецца час узнікнення гербавай беларускай назвы — „Пагоня”. У гэтай сувязі характэрным з’яўляецца прывілея караля польскага Уладзіслава Варненчыка ад 1442 г. князям Івану, Аляксандру і Міхаілу Чартарыйскім, паводле якога ім надавалася „права карыстацца княжацкай пячаткай (sigillo), якую ўжывалі іх дзед і бацька, гэта значыць канём, на якім сядзіць узброены муж, трымаючы ў руцэ аголены меч”. З тэксту прывілеі вынікае, што напячаткавая выява вершніка з мячом набыла ў Чартарыйскіх спадчыннасць, але не атрымала яшчэ геральдычнага афармлення. Варта звярнуць увагу на тое, што яна не называецца „Пагоняй”. Акрамя гэтага, змест прывілеі дакладна засведчыў, што „ўзброены муж” у сярэдзіне ХV ст. адназначна разумеўся як князь (dux)7. Не называў выяву вершніка з мячом „Пагоняй” і Ян Длугаш, калі апісваў у другой палове ХV ст. харугвы ВКЛ у бітве пад Грунвальдам8. Усё гэта дазваляе меркаваць аб больш познім яе з’яўленні.

На нашу думку, назва „Пагоня” з’явілася напрыканцы геральдызацыі ў канцы ХV — пачатку ХVІ ст. і было гэта звязана з новым асэнсаваннем гербавай выявы. Замест ранейшага атаясамлення збройнага рыцара з асобай вялікага князя, ён стаў разумецца як сімвал абаронцы Айчыны. Аб гэтым сведчаць беларуска-літоўскія летапісы першай паловы ХVІ ст. Іх аўтары вырашалі адразу дзве задачы: 1) даказаць старажытнасць „Пагоні” і 2) растлумачыць сэнс гербавай выявы і назвы. Для гэтага заслугу ў стварэнні герба „Пагоня” прыпісалі міфічнаму вялікаму князю Нарымунту: „Той Наримунт мел герб або клейнот рицерства своего таковый и тым печатовался, Великому князству Литовскому заставил его”, а сам герб далей апісвалі і тлумачылі так: „В гербе муж збройный на коню белом, в полю червоном, меч голый, як бы кого гонючи держал над головою, и есть оттоля9 названы погоня”. У іншым месцы пра „человека на кони з мечом” прама гаворыцца: „А то знаменуючы через тот герб пана дорослого, хто бы мог боронити мечом отчизны своее”. Няма сумненняў у тым, што летапісцы адлюстравалі ў сваіх паведамленнях аб гербе „Пагоня” сучасны ім стан ведаў.

Такім чынам, герб „Пагоня” з’явіўся ў выніку даволі працяглага працэсу геральдызацыі (з канца ХІV па канец ХV ст.) коннай выявы з партрэтных пячатак вялікіх князёў літоўскіх і спалучэння яе з асабістымі гербамі Уладзіслава-Ягайлы і Вітаўта — „Бойчай” і „Калюмнамі”. За такі доўгі тэрмін адбылося пераасэнсаванне сэнсу і значэння гербавай выявы і за ёй у канцы ХV —пачатку ХVІ ст. замацавалася назва „Пагоня”. Менавіта з гэтага часу можна казаць аб існаванні дзяржаўнага герба ВКЛ, у якім замацаваліся: конны рыцар з мячом, падвойны крыж на малой тарчы і назва „Пагоня”. У сувязі з гэтым, яго можна разглядаць як вынік сінтэзу заходніх геральдычных уплываў і мясцовага эмблематычнага матэрыялу, які складаўся з прыватнаўласніцкіх знакаў-клеймаў і ўзораў хрысціянскай (спярша візантыйска-праваслаўнай, а пасля — рымска-каталіцкай) сімволікі і іканаграфіі.

Літаратура і крыніцы:

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя, Мінск 1993, с. 702.

Белямук М., Эмблема на шчыце герба „Пагоня”, „Полацак” 1991, № 8, c. 26-31.

Бохан Ю., Узбраенне вершнікаў Вялікага Княства Літоўскага ў канцы ХІV — пачатку ХV ст. (па матэрыялах княскіх пячатак), [у:] З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зборнік, Мінск 1996, вып. 1, с. 236-244.

Булыка А. М., Слоўнік іншамоўных слоў, Мінск 1993, с. 398.

Винклер П. П., Герб, Гербоведение, [в:] Энциклопедический словарь Брокгауза Ф. А., Ефрона И. А., Сaнкт-Петербург 1892, т. VІІІ, с. 460-467.

Вяроўкін-Шэлюта У., „Калюмны”, [y:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (далей: ЭГБ), Мінск 1997, т. 4, с. 38.

Грыцкевіч А. П., Вялікае княства Літоўскае, [у:] ЭГБ, т. 2, с. 387﷓401.

Длугош Я., Грюнвальдская битва, Москва — Ленинград 1962, с. 212.

Ермаловіч М., Старажытная Беларусь, „Маладосць” 1989, № 8, с. 136-148.

Казбярук У., Летапісы пра нараджэнне Пагоні, „Спадчына” 1992, № 3, c. 9-14.

Лакиер А. Б., Русская геральдика, Санкт-Петербург 1855, 2-е изд. Москва 1990, с. 432.

„Пагоня” ў сэрцы тваім і маім: Зборнік артыкулаў, Мінск 1995, с. 23.

Полное собрание русских летописей: Летописи белорусско-литовские, Москва 1980, т. 35, с. 305.

Рассадзін С., „Віціс” літоўскі, „Беларуская мінуўшчына” 1994, № 1, с. 10-14.

Римша Э., Литовская историческая и национальная символика, „Литва литературная” 1989, № 4, c. 92-99.

Сінчук І., Пытанняў больш, чым адказаў, „Спадчына” 1994, № 5, c. 19-21.

Хорошкевич А. Л., Полоцкие грамоты ХIII — начала XVI в., Москва 1977, т. 1, с. 227.

Цітоў А., Геральдыка, Герб, [у:] ЭГБ, Мінск 1994, т. 2, с. 512, 515-517.

Цітоў A., Наш сімвал — Пагоня: шлях праз стагоддзі, Мінск 1992, с. 40.

Akta Unii Polski z Litwą 1385-1791, wyd. S. Kutrzeba, W. Semkowicz, Kraków 1932, s. 570.

Daniłowicz J., Skarbiec dyplomatów, Wilno 1860, t. 1, s. 390.

Górzyński S., Kochanowski J., Herby szlachty polskiej, Warszawa 1992, s. 175.

Gumowski M., Pieczęcie królów polskich, „Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne”, Kraków 1909, nr 5-11; Kraków 1919, s. 94, tabl.

Gumowski M., Pieczęcie książąt litewskich, „Atheneum Wileńskie”, Wilno 1930, R.VII, zeszyt 3-4, s. 684-725, tabl. 9.

Heymowski A., Herby polskie w sztokholmskim Codex Bergshammer, „Studia Źródłoznawcze”, Warszawa — Poznań 1967, t. 12, s. 73-111.

Kamieniecki W., Wpływy zakonne na ustrój litewski, „Przegląd Historyczny”, Warszawa 1925, Seria II, t. 5, Zbiór ogólny, t. XXV, s. 160-186.

Kuczyński S. K., Heroldowie króla polskiego, [w:] Venerabiles Nobiles et Honesti: Studia z dziejów społeczeństwa Polski średniowiecznej, Toruń 1997, s. 329-339.

Łojko J., Chorągwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem, „Lituano-Slavica Posnaniensia” (dalej: LSP), Poznań 1989, Studia Historica, t. 3, s. 141-154.

Łojko J., Średniowieczne herby polskie, Poznań 1985, s. 150.

Orzeł Biały: Godło państwa polskiego, oprac. M. Woźniakowa, Warszawa 1995, s. 68.

Semkowicz W., O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413, [w:] LSP, Poznań1989, Studia Historica, t. 3, s. 7-139.

Sfragistyka, M. Gumowski, M. Haisig, S. Mikucki, Warszawa 1960, s. 268.

Szymański J., Nauki pomocnicze historii, Warszawa 1972, s. 430.

Vitoldiana. Codex Privilegiorum Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae 1386-1430, zebrał i wydał J. Ochmański, Warszawa — Poznań 1986, s. 255


1 М. Ермаловіч, Старажытная Беларусь, „Маладосць”, 1989, № 8, с.136-148.

2 На нашу думку, менавіта гэтая акалічнасць падштурхнула аўтараў беларуска-літоўскіх летапісаў першай паловы ХVІ ст. да стварэння легенды аб існаванні герба „Пагоня” ў міфічнага вялікага князя Нарымунта, які жыў у другой палове ХІІІ ст.

3 С. Рассадзін, „Віціс” літоўскі, „Беларуская мінуўшчына” 1994, № 1, c. 10-14.

4 Гл., напрыклад: В. Пуцко, Крыж Еўфрасіньні Полацкай і ўзвіжальныя крыжы ХІІ-ХІІІ ст., „Полацак” 1992, № 4 (14), c. 12-17.

5 Сын Жыгімонта Кейстутавіча князь Міхаіл Жыгімонтавіч на сваёй пячатцы меў таксама выяву коннага рыцара з мячом без якіх-небудзь слядоў геральдызацыі. M. Gumowski Pieczęcie książąt Litewskich, „Atheneum Wileńskie”, Wilno 1930, R.VII, zeszyt 3-4, s. 707-708, tabl. 8, № 58.

6 Гл. таксама: O[bst] J., Herbarz Litewski. Kolumny, „Kwartalnik Litewski”, marzec 1910, R. I, t. I, s. 124-127.

7 Э. Римша, Литовская историческая и национальная символика, „Литва литературная” 1989, № 4, c. 94.

8 Не ведаў ён і назву „Калюмны”, гл. Я. Длугош, Грюнвальдская битва, Москва — Ленинград 1962, с. 203.

9 Гэтае „оттоля” такое ж праўдзівае, як і асоба вялікага князя Нарымунта.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія