БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 17

Монтэ-Касіна: невядомыя старонкі беларускай гісторыі

Юры Грыбоўскі
(Менск)



На працягу ўсяго існавання беларускай савецкай гістарыяграфіі сярод айчынных навукоўцаў трывала замацавалася думка, што беларускі народ зрабіў вялічэзны ўнёсак у перамогу над гітлерызмам у гады Другой сусветнай вайны ў агульнаеўрапейскім і агульнасусветным маштабе. Разам з гэтым заўсёды падкрэслівалася, што беларусы прымалі ўдзел у змаганні з варожай навалай з Захаду выключна ў шэрагах савецкіх войск і савецкай партызанкі. Лічылася недапушчальным, што нашы землякі былі ў стане ваяваць на баку войск іншаземнае краіны. Гэта датычылася ўсіх суайчыннікаў, акрамя хіба што ўдзелу савецкіх грамадзян беларускага паходжання ў аддзелах антыфашыстаў альбо партызан і падпольнікаў руху Супраціву шэрагу еўрапейскіх краін. Тым часам, сярод беларускай эміграцыі панавала думка наконт масавага ўдзелу беларусаў у Другой сусветнай вайне на баку войск заходніх хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскае кааліцыі. Ідэалагічныя перашкоды гістарычнай навукі ў БССР цалкам не дазвалялі распаўсюджванню гэтага меркавання сярод айчынных даследчыкаў. Ва ўмовах „халоднай вайны” з Захадам, беларусы — былыя вайскоўцы альянтаў успрымаліся выключна як ідэалагічныя ворагі, якія некалі здрадзілі савецкай айчыне. Акрамя вышэйзгаданых суб’ектыўных прычын мелася цалкам аб’ектыўнае абгрунтванне таму, што пытанне ўдзелу беларусаў у шэрагах войск заходніх хаўруснікаў не вывучалася. Перадусім гэта адсутнасць у беларускіх архіўных сховішчах належнага матэрыялу і крыніц. Паколькі гаворка ідзе пра жаўнераў Польскіх узброеных сіл на Захадзе (ПУСЗ) пад брытанскай камандай, то асноўны пласт патрэбнага матэрыялу ў пасляваены час апынуўся на Брытанскіх выспах, часткова — у Маскве. Гэткім чынам, пытанне ўдзелу Беларусі ў Другой сусветнай вайне было пазбаўлена яго разгляду ў кантэксце з сусветнымі тагачаснымі падзеямі. Нават сёння пытанне вайсковай чыннасці беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі на заходніх франтах вайны ў шэрагах войск заходніх альянтаў мала даследавалася ў айчыннай гістарыяграфіі.

Вытокі і перадумовы ўзнікнення дадзенага пытання варта шукаць у міжваенны час на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Паводле польскай даследчыцы Крыстыны Гамулкі штогадова з 1921 па 1939 г. каля 10% асабовага саставу Войска Польскага складалі беларусы1. Штогод гэта лічба нязначна вагалася, але належыць адзначыць, што дадзеную колькасць варта разглядаць у якасці мінімальнай. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў 1939 г. у Польшчы была абвешчана спачатку частковая (23 сакавіка), а пазней усеагульная мабілізацыя (31 жніўня). Згодна з прынятым яшчэ 4 сакавіка 1939 г. генеральным планам „Захад” прадугледжваўся перакід шэрагу вайсковых адзінак, як чынных, гэтак і рэзервовых, з тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў да заходніх межаў краіны з мэтаю таго, каб не дазволіць імклівага і раптоўнага наступу нямецкіх войск у глыб дзяржавы. Перасоўванне часцей датычылася нават аддзелаў Корпуса абароны памежжа (КАП). На працягу кароткага прамежку часу былі ўкамплектаваны палкі КАП — Валожын, Сноў-1, Сноў-2, Вялейка, сапёрны звяз Стаўпцы, накіраваны на захад і далучаны да армій „Лодзь” і „Кракаў”2. Пра вынікі выканання вышэйзгаданага плана сведчыць наступнае: на момант уступлення войск Беларускага фронту 17 верасня 1939 г. на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай ім супрацьстаялі польскія вайсковыя адзінкі колькасцю ўсяго каля 45 тыс. чалавек, значную частку якіх склaдалі рэзервісты3. Нагадаем, што агульны асабовы састаў Войска Польскага ў часе вераснёвай кампаніі налічваў звыш 500 тыс. чалавек. Яскравым сведчаннем масавага ўдзелу беларусаў у абарончай вайне 1939 г. менавіта каля заходніх межаў Польшчы з’яўляецца той факт, што паводле звестак Беларускага прастаўніцтва ў Нямеччыне са спасылкаю на нямецкія вайсковыя крыніцы, са звыш як 300 тысяч польскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў нямецкіх лагерах ваеннапалонных, каля 70 тысяч пазначылі сябе беларусамі. Пасля заканчэння баявых дзеянняў на працягу некалькіх восеньскіх месяцаў не без удзелу досыць шматлікіх беларускіх эмігранцкіх асяродкаў у Нямеччыне адбываўся працэс вызвалення палонных беларусаў на вольных работнікаў, якія атрымлівалі часовыя пасведчанні, а таксама працоўныя карткі4. Праўда, на працягу з 24 кастрычніка па 23 лістапада 1939 г. у Брэсце-Літоўскім адбыўся абмен польскімі ваеннапалоннымі, у выніку якога нямецкі бок перадаў савецкім хаўруснікам 10 410 колішніх польскіх вайскоўцаў, ураджэнцаў тэрыторый, якія згодна з савецка-нямецкай дамовай аб межах ад 28 верасня 1939 г. адыходзілі да СССР5. У асноўным гэта былі жыхары Заходняй Беларусі.

Калі казаць наконт польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання, якія тым часам сустрэлі ваенныя дзеянні з наступам Чырвонай Арміі, то іх лёс склаўся па-рознаму. Як вядома, частка батальёнаў КАП літаральна ў першыя ж дні баёў з войскамі Беларускага фронту перайшлі мяжу з суседняй Літвой, дзе былі інтэрнаваны ўзброенымі сіламі гэтай краіны. Агулам на 1 кастрычніка 1939 г. на тэрыторыі Літвы знаходзілася 12 664 інтэрнаваных польскіх вайскоўцаў. На падставе савецка-літоўскага пагаднення ад 27 снежня 1939 г. аб перадачы на савецкі бок інтэрнаваных — ураджэнцаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, да сярэдзіны студзеня 1940 г. дахаты было накіравана 1 700 жаўнераў гэткага кшталту. Акрамя гэтага, яшчэ 360 асоб атрымала літоўскае грамадзянства, паколькі яны з’яўляліся ўраджэнцамі Віленшчыны, якая ад 10 кастрычніка 1939 г. была афіцыйна перададзена савецкім урадам Літоўскай Рэспубліцы6. Верагодна, сярод апошніх таксама былі і беларусы, паколькі Віленскі край у значнай ступені быў населены этнічнымі беларусамі. Разам з тым, як вынікае з нататкі В. Пацёмкіна Сталіну, дзе гаворка ішла пра пропуск праз савецка-літоўскую мяжу польскіх інтэрнаваных вайскоўцаў — ураджэнцаў тэрыторыі адышоўшых да СССР, літоўскі ўрад прапаноўваў накіраваць дахаты вышэйзгаданых жаўнераў яшчэ 2 лістапада 1939 г.7

Нельга не ўзгадаць трагічнай старонкі польскага афіцэрства ў красавіку-траўні 1940 г., калі органамі НКУС было расстраляна не менш як 8 000 польскіх афіцэраў. У міжваеннай Польскай Рэспубліцы беларусам было надзвычай цяжка зрабіць выдатную вайсковую кар’еру ў годнасці афіцэра, асабліва пасля таго, як у 1936 г. было прынята рашэнне, якое практычна забараняла доступ непалякаў да навучання ў падафіцэрскіх і афіцэрскіх вучэльнях8. Разам з гэтым, гісторыя мае шмат прыкладаў, калі беларусы па паходжанні свядома альбо несвядома абміналі рознага кшталту перашкоды і забароны, ажыццяўляючы свае мэты дасягнуць афіцэрскай годнасці альбо дамагчыся выбітнага статусу ў польскім грамадстве. У гэтым выпадку ім было неабходна адмыслова схаваць свае сапраўднае нацыянальнае паходжанне альбо сустракаліся асобы, якія пад уплывам палітыкі паланізацыі ўсведамлялі сябе палякамі. Хутчэй за ўсё гэта былі беларусы, якія спавядалі рыма-каталіцтва. Пра гэткую сарамлівасць нацыянальнага паходжання сведчаць даныя наконт этнічнага складу вязняў лагераў, дзе ўтрымліваліся польскія афіцэры. Так, сярод зняволеных Старабельскага і Казельскага лагераў беларусамі былі пазначаны ўсяго 23 чалавекі (0,4%)9. Паводле савецкіх тагачасных дакументаў. у Асташкаўскім лагеры беларусы ўвогуле заўважаны не былі. Яскравым прыкладам польскага афіцэрства з Беларусі з’яўляецца генерал брыгады падчас Другой сусветнай вайны Нікадым Сулік-Сарноўскі, які нарадзіўся ў 1893 г. у вёсцы Каменна-Стара пад Саколкай. Іншыя ўраджэнцы Беларусі дамагліся генеральскай годнасці яшчэ ў войску Расійскай Імперыі, як, напрыклад, Густаў Пашкевіч з-пад Ліды. Пра іх мы яшчэ распавядзем ніжэй. Не дзіўна, што сярод 4 410 расстраляных польскіх афіцэраў у адным толькі Катынскім лесе магчыма налічыць звыш 600 (20%) беларускіх, беларуска-польскіх і беларуска-ўкраінскіх прозвішчаў. Апрача таго, трапляюцца жыды — ураджэнцы Заходняй Беларусі. У лік вышэйзгаданых ахвяр патрапіў рэдактар газеты „Наша Доля” Францішак Умястоўскі, які на той момант з’яўляўся паручнікам запасу Войска Польскага10.

Значна вышэйшы адсотак вайскоўцаў-беларусаў назіраўся сярод шэраговага складу. Дзесяткі тысяч жыхароў „крэсаў паўночна-ўсходніх” былі захоплены ў савецкі палон каля Баранавіч, абапал савецка-польскай міжваеннай мяжы, на Аўгустоўшчыне і іншых месцах краіны, не паспеўшы апынуцца на нямецка-польскім фронце. Згодна з рапартам шэфа ХІІ аддзела Генеральнага штаба РСЧА на імя шэфа Генеральнага Штаба РСЧА на 2 кастрычніка 1939 г. у лагерах ваеннапалонных было размешчана толькі 55 490 польскіх вайскоўцаў, з якіх беларусы складалі 4 963 чалвекі. Польскія ваеннапалонныя ўраджэнцы былых Віленскага, Беластоцкага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў , якія апынуліся за кратамі савецкіх вязніцаў на падставе распараджэння Л. Берыі і А. Мехліса ад 3 кастрычніка 1939 г. мусілі былі „вызваляцца і накіроўвацца дахаты”11. Дзякуючы гэтаму дакументу агулам было вызвалена 42 400 жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія пасля вызвалення з лагераў ваеннапалонных чыгункай накіроўваліся да станцыі Баранавічы, адкуль яны самастойна мусілі дабірацца да родных мясцін. Астатнім ужо савецкім суайчыннікам гэтак не пашэнціла. Нягледзячы на тое, што 2 лістапада 1939 г. быў прыняты Закон Вярхоўнага Савета СССР аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР, тысячы жыхароў ужо заходніх абласцей БССР працягвалі знаходзіцца ў якасці польскіх ваеннапалонных. Іх лёс належыў Упраўленню па справах ваеннапалонных пры НКУС, якае неадкладна было створана 19 верасня 1939 г. дзеля размеркавання польскіх палонных. Значная частка польскіх ваеннапалонных была накіравана ў прамысловыя лагеры Народнага камісарыята чорнай металургіі — у Крывы Рог, Данбас і Запарожжа. Гэткім чынам ажно да сярэдзіны 1941 г. у Ровенскім лагеры знаходзілася 2 318 беларусаў (18%), Крыварожскім — 2 046 (30%), Запарожскім — 400 (25%)12. Апрача гэтага, пэўная колькасць палонных працавала на будаўніцтве шашы № 1 Ноўгарад-Валынскі — Карэлец — Львоў. Як бачна, урад у Маскве не жадаў лічыцца з грамадзянскімі правамі суайчыннікаў, а выкарыстоўваў іх у месцах, дзе была патрэбна дармовая працоўная сіла. На думку сучасных расійскіх даследчыкаў, агулам недзе 10-15% задзейнічаных на працоўных лагерах на Украіне польскіх ваеннапалонных складалі беларусы і ўкраінцы, якія бездакорліва выконвалі свае працоўныя нормы. Напрыклад, у Крыварожскім лагеры на 23 сакавіка 1940 г. засталося 6 742 вязні, з якіх жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны было — 4 708, Віленшчыны — 347 чалавек13. 4 лістапада 1939 г. у роспачы 64 польскія ваеннапалонныя беларусы — жыхары Беластоцкага і Навагрудскага ваяводстваў, якія былі зняволены ў Крыварожскім лагеры, падрыхтавалі на імя Сталіна ліст з просьбаю аб іх хутчэйшым вызваленні, дзе гучала: „Адначасова просім Вас, вялікі, дарагі наш бацька і вызвольнік, таварыш Сталін, зразумець нас і нашы сем’і, не адмовіце нашай просьбе ў вызваленні, за што мы, беларусы, будзем цалкам табе заўжды адданыя”14. Праўда, савецкі павадыр нават не звярнуў увагі на енкі сваіх суайчыннікаў і не знайшоў літасці, каб прыслухацца да нашых землякоў. Варта адзначыць, што згодна са справаздачамі супрацоўнікоў НКУС, якія пільна сачылі за настроямі ваеннапалонных, беларусы не адрозніваліся антысавецкімі поглядамі і не ўяўлялі моцнае пагрозы для існуючага дзяржаўнага ладу, але, разам з гэтым, іх не спяшаліся вызваляць.

Шэрагі вязняў сталінскіх лагераў папоўнілі гвалтоўна дэпартаваныя з Заходняй Беларусі цывільныя асобы. Нагадаем, што падчас чатырох хваляў гэткіх дэпартацый, якія абдываліся з кастрычніка 1939 па чэрвень 1941 г., было прымусова вывезена па розных падліках да 120 тысяч чалавек15. Ва ўсялякім разе, незалежна ад колькасці ахвяр, сярод дэпартаваных жыхароў Заходняй Беларусі ў глыб СССР значную частку складалі беларусы. У ліку людзей гэткага кшталту апынуліся вядомыя зараз дзеячы беларускага эмігранцкага руху, напрыклад, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пятро Сыч, Уладзімір Целеш і інш. Акрамя таго былі дэпартаваны родныя браты Ларысы Геніюш — Аркадзь і Аляксей Міклашэўскія, безліч іншых сыноў і дачок Беларусі.

Гэткім чынам, на час нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз раніцай 22 чэрвеня 1941 г. на абшарах апошняга знаходзілася цэлае „лагернае войска” польскіх ваеннапалонных, а таксама натоўпы дэпартаваных былых падданых ІІ Рэчы Паспалітай, сярод якіх пэўную частку складалі этнічныя беларусы. Нашых землякоў не пакінуў абыякавым дэкрэт Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР „Аб амністыі і вызваленні польскіх ваеннапалонных” ад 12 жніўня 1941 г., што стала па сутнасці доўгачаканай палёгкай і выратаваннем ад сталінскіх вязніц16. Дарэчы, гэты дакумент распаўсюджваўся і на дэпартаваных з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія тым часам у значнай ступені знаходзіліся ў г.зв „спецпасёлках”. Дадзены крок савецкага боку быў непасрэдным наступствам савецка-польскага пагаднення ад 30 ліпеня 1941 г. Як вядома, акрамя вызвалення былых польскіх ваеннапалонных, з іх ліку павінна была стварацца Польская армія на тэрыторыі СССР, на чале якой у хуткім часе стаў генерал Уладзіслаў Андэрс. Не спыняючыся на акалічнасцях працэсу фармавання Польскіх узброеных сіл, варта вылучыць моманты, якія датычыліся беларускага пытання. 25 снежня 1941 г. прагучала пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны (ДКА), у якой падкрэслівалася: „У сувязі з павелічэннем колькасці Польскай арміі да 96 000 чалавек, дазволіць заклік грамадзян польскай нацыянальнасці, якія пражывалі да 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”17. Адначасова забаранялася распаўсюджваць моц гэтага дакумента на жыхароў вышэйзгаданых абшараў няпольскага паходжання, а перадусім — на беларусаў і ўкраінцаў. Нягледзячы на гэта, на практыцы выкананне адбывалася значна па-іншаму, нават у супрацьлеглы бок. Па-першае, ва ўмовах, калі пытанне аб усходняй мяжы Польскай Рэспублікі адкладалася на будучыню і ў 1941 г. па сутнасці заставалася адчыненым, польскі эмігранцкі ўрад Сікорскага ў Лондане працягваў разглядаць тэрыторыі адышоўшыя да СССР і ўключаныя ў склад БССР і УССР у якасці ранейшых „крэсаў паўночна-ўсходніх” і не грэбаваў прыцягненнем да шэрагаў арганізаваных вайсковых адзінак непалякаў. Па-другое, пэўная частка жыхароў гэтага абшару беларускага паходжання, канчаткова згубіўшы надзею на літасць савецкіх урадаўцаў, атаясамлівала надзею на вызваленне са сталінскіх вязніц з уступленнем у фармаванае Польскае войска. Вядомы выпадкі, калі беларусы адважваліся на ашуканствы польскіх і савецкіх афіцэраў, якія ўваходзілі ў склад прызыўных камісій, каб пазбавіцца савецкага пераследу. Так, шэраговец Нарадовай абароны, ураджэнец Мядзельшчыны Казімір Яновіч назваўся вайсковым лётнікам 5-га палка авіяцыі, які да вайны каватараваўся ў Лідзе, каб хутчэй быць накіраваным на Брытанскія выспы18. Як вядома, згодна з 6-м пунктам пагаднення змешанай савецка-польскай камісіі ад 1 верасня 1941 г. прадугледжвалася яшчэ напрыканцы 1941 г. перакінуць праз Архангельск каля 2 000 польскіх лётнікаў і маракоў на тэрыторыю Аб’яднанага Каралеўства, дзе яны былі далучаны да Брытанскіх ваенна-паветраных сіл. Увогуле жадаючых апынуцца ў Польскай арміі было надзвычай шмат незалежна ад паходжання. Так, у Паўднёвым лагеры да Андэрса пажадалі далучыцца 9 551 чалавек, тым часам як ахвотнікаў у Чырвоную Армію налічвалася толькі 57 асоб. Належыць адзначць, што першапачаткова яшчэ 1 лістапада 1939 г. польскі амбасадар Станіслаў Кот накіраваў на імя Молатава ноту ў сувязі з візітам Сікорскага ў СССР, дзе паміж пералічаных пунктаў для абмеркавання ўзгадваў, што прызыву ў Польскую армію належаць усе без вынятку здольныя да вайсковай службы палякі, якія апынуліся на савецкай тэрыторыі. Як вядома, польскі эмігранцкі ўрад быў зацікаўлены ў фармаванні як мага больш шматлікага і буйнога войска, таму відавочна, што нацыянальны аспект займаў бадай што апошняе месца. Наогул жа тое, якім чынам ішло фармаванне Польскай арміі ў СССР, відаць з тагачасных дакументаў савецкага і польскага бакоў. Напрыклад, 1 снежня 1941 г. Народны камісарыят замежных спраў СССР накіраваў у польскую амбасаду ў Маскве ноту, дзе звярталася ўвага на тое, што насуперак дасягнутым раней савецка-польскім пагадненням аб фармаванні Польскай арміі польскія вайсковыя колы вядуць шпаркі заклік у шэрагі польскіх вайскоўцаў савецкіх грамадзян — ураджэнцаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны19. Польскі бок абгрунтавана тлумачыў гэту з’яву тым, што гэтыя асобы з’яўляліся здольнымі вайсковымі спецыялістамі па асобных галінах вайсковай справы, якіх акурат бракуе сярод закліканых службоўцаў. Увогуле, на працягу фармавання Польскай арміі абодва бакі па-просту закідвалі адзін аднаго нотамі гэткага кшталту. Апрача гэтага прадстаўнікі польскага эмігранцкага ўрада неаднаразова накіроўвалі ў Крэмль дыпламатычныя паперы, дзе адзначалася, што яны ўважаюць за польскіх грамадзян жыхароў ІІ Рэчы Паспалітай у межах 1939 г., што відавочна абгрунтоўвала прыхаваны дзеля савецкіх урадаўцаў заклік ва ўзброеныя фармаваныя злучэнні запар жыхароў міжваенных усходніх ваяводстваў, незалежна ад нацыянальнага паходжання. Гэта падцвярджае той факт, што сярод закліканых у Польскую армію досыць багата апынулася жыдоў, нягледзячы на тое, што паводле сведчанняў ад’ютанта У. Андэрса, генерала Ежы Кліманскага, стаўленне польскага афіцэрства з ліку прыхільнікаў санацыі адносна іх было даволі адмоўным і нават агідным (Е. Климанский, Я был одъютантом генерала Андерса, Москва1990). Савецкі бок 17 студзеня 1942 г. у чарговай ноце Наркамата замежных справаў таксама нагадваў польскім хаўруснікам аб тым, што прэтэнзіі на вышэйзгаданыя абшары ёсць не больш як тэрытарыяльнай спакусай няўдалай мінулай палітыкі палякаў20. Усё гэта сведчыла пра адноснасць заходнебеларускіх тэрыторый у савецка-польскіх узаемадачыненнях, асабліва што датычылася фармавання Польскай арміі ў гэты прамежак часу за кошт вайскоўцаў беларускага паходжання. Як бачна з паведамлення начальніка 1-га ўпраўлення ЦК ВКП(б) Фаціна ад 26 чэрвеня 1944 г.: „У арміі Андэрса да 20% складаюць беларусы і ўкраінцы. Яны знаходзяцца ў Польскай арміі на становішчы бяспраўных. Ім забаронена размаўляць на роднай мове. Аніводнага афіцэра беларуса альбо ўкраінца я не сустракаў”21.

У рэшце рэшт савецкі ўрад пагаджаўся на папраўку ва Указ аб грамадзянстве ад 29 лістапада 1939 г., што дазваляла набываць польскае падданства жыхарам Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны польскага паходжання, якое вырашалася кожным асобным чалавекам самастойна. Падчас гутаркі У. Андэрса з упаўнаважаным Генеральнага Штаба Чырвонай Арміі па справах фармавання Польскай арміі выказалася жаданне аб пераводзе з будаўнічых батальёнаў і баявых часцей Чырвонай Арміі былых падданых міжваеннай польскай дзяржавы, якія ў 1939-41 г. былі закліканы ў шэрагі савецкага войска на правах савецкіх грамадзян — жыхароў заходніх абласцей БССР і УССР22. Варта адзначыць, што часткова гэта прапанова была насамрэч задаволена. Сярод заходнебеларускіх юнакоў, якія трапілі ў гэта рэчышча, быў вядомы ў пасляваенны час беларускі спявак на чужыне Пятро Конюх. Паводле польскамоўнага даследчыка на чужыне Збігнева Сямашкі, заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх юнакоў, якія на чэрвень 1941 г. адбывалі тэрміновую службу ў шэрагах Чырвонай Арміі налічвалася звыш 200 тысяч чалавек.

Не засяроджваючыся на далейшым баявым шляху Арміі Андэрса пасля ейнага сфармавання і эвакуацыі ў Іран падкрэслім, што найбольш паказальна беларускую прысутнасць сярод агульнае колькасці вайскоўцаў дэманструюць — канфесійная стракатасць эвакуаванай з СССР Польскай арміі і ўдзел у баявых дзеяннях на розных тэатрах Другой сусветнай вайны, у прыватнасці падчас Італьянскай кампаніі (1943-1945). Як узгадвае ў сваіх успамінах польскі аўтар Міхал Чартарыскі, які ў 1942 г. знаходзіўся ў Палесціне, эвакуаваных з СССР польскіх вайскоўцаў нярэдка звалі „праваслаўныя”, паколькі сярод іх было нямала асоб, якія належалі менавіта да гэтай канфесіі23. Паўсюль, ад Ірана да Егіпта жаўнеры мелі асобную праваслаўную капліцу, якую нярэдка наведвалі нават афіцэры. Найчасцей, у палёвых умовах, яна месцілася ў намёце.

Славутая бітва за ўзвышша Касіна зараз вядома бадай на ўвесь свет. Гэта мясцовасць стала слынным баявым здабыткам вайсковай славы альянтаў, а перадусім — Польшчы. Разам з гэтым, кожны бок, які мае дачыненне да бітвы за Монтэ-Касіна ў траўні 1944 г., прытрымліваецца зусім розных поглядаў на гэты конт. Так, апошнім часам нямецкія вайсковыя адмыслоўцы апелююць да таго, што дадзеная бітва не была гэткай удалай і бліскучай, як падавалася раней і падаецца зараз у польскамоўнай гістарыяграфіі. Больш таго, на думку немцаў, пасля заняцця кляштара польскімі вайскоўцамі быў здзейснены шэраг злачынстваў і гвалтаў у дачыненні да цывільных італьянскіх сялян ды тамтэйшых манахаў-бенедыкцінаў, якія адшукалі на момант бітвы надзейны прытулак за мурамі кляштара24. Па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных абставін гэна падзея аніколі не была асветлена з гледзішча беларускіх даследчыкаў. Акурат зараз прыспеў час, каб паспрабаваць разгледзець дадзенае пытанне ў беларускім кантэксце. Бітва пад Монтэ-Касіна для беларусаў і ўкраінцаў стала не толькі ўдзелам у змаганні супраць адзінага ворага, а чарговым сведчаннем таго становішча, у якім апынуліся гэтыя народы ў выніку Другой сусветнай вайны і сведчаннем стаўлення палітыкі „вялікіх дзяржаў” адносна дробных краін, якія не мелі ўласнай дзяржаўнасці. Так, ёсць усе падставы меркаваць, што падчас штурму ўзвышанасці Касіна 11-18 траўня 1944 г. нашы землякі бралі ўдзел у гэным месіве як на баку 2-га Польскага корпуса на чале з генералам У. Андэрсам, гэтак і на супрацьлеглым — абаронцаў кляштара. Вядома, што непасрэдна ўзвышша ўтрымлівалася жаўнерамі адной з элітных нямецкіх злучэнняў — 1-й парашутнай дывізіі. Акрамя таго, паміж кропкамі Сан-Анжэла і Відма знаходзіўся 100-ы высакагорны полк немцаў. Цяжка пакуль меркаваць, у якіх менавіта нямецкіх вайсковых адзінках маглі апынуцца нашы землякі, але факт іх прысутнасці там бяспрэчны. Па-першае, паводле крыніц Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне, яшчэ ў 1943 г. пры дапамозе гэтай арганізацыі з ліку беларускіх эмігрантаў быў сфармаваны і накіраваны ў Італію 100-асабовы батальён25. Далейшы ягоны лёс губляецца на Апенінскай паўвыспе. Па-другое, існуюць успаміны тагачасных беларусаў, якія знаходзіліся ў гады вайны на тэрыторыі Нямеччыны і былі відавочцамі і непасрэднымі ўдзельнікамі стварэння Беларускай брыгады ў Тыролі (Аўстрыя). Гэта вайсковая адзінка фармавалася з ліку беларусаў — ваеннапалоных польскай і савецкай армій, якія апынуліся ў нямецкіх лагерах. На чале брыгады з беларускага боку мусілі стаць вайскоўцы — Юры Вежан, Васіль Вір і нейкі Каранеўскі. У сувязі з гэтым, саматужна імі была распрацавана нават адмысловая ўніформа дзеля вайскоўцаў брыгады. Працэс фармавання адбываўся надта павольна праз кепскае фундаванне немцаў, але да пачатку 1944 г. быў цалкам сфармаваны адзін батальён, які, неўзабаве, быў накіраваны пазней пад Монтэ-Касіна. Нежаданне беларусаў змагацца на баку нямецкіх войск супраць сваіх жа землякоў у гэтай мясцовасці абумовіла масавую дэзерцыю з батальёна. У сувязі з гэтым гітлераўцы мусілі спыніць фармаванне беларускай адзінкі, а набраных жаўнераў накіраваць на заводы арганізацыі Тодта. Адносна найбольш актыўнай часткі беларусаў, якія вылучаліся нацыянальнай самасвядомасцю, нямецкія вайсковыя колы выкарысталі гэткі сродак пакарання як дэцымацыя — расстрэл штодзесятага жаўнера26. Дарэчы, удзел у шэрагах нямецкіх войск у раёне Монтэ-Касіна беларускіх вайскоўцаў, а таксама выпадкі іх пераходу на бок альянтаў не адмаўляюць нават найбольш артадаксальныя айчынныя гісторыкі. Праўда, у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра грэнадзёрскую штурмавую брыгаду СС „Беларусь”27, што цалкам немагчыма, бо вышэйзгаданая адзінка была сфармавана толькі ў студзені 1945 г. Акрамя таго, ёсць ускосныя звесткі пра тое, што на зломе 1943/1944 гг. некалькі ротаў Беларускага спецыяльнага батальёна былі перакінуты ў Італію. Згодна з Кастусём Вініцкім, пад Монтэ-Касіна патрапілі сябры Слонімскага батальёна Беларускай Службы Бацькаўшчыне28. Нават у тадышнім беларускім вайсковым друку пад нямецкай акупацыяй не адмаўляецца факт прысутнасці беларусаў на Італьянскім фронце. Так, у адным з нумароў газеты „Беларус на варце” ўлетку 1944 г., якая выходзіла ў акупацыйным Менску, казалася: „Беларускія вайсковыя фармацыі стаяць пад каналам Ля-Манш, у Парыжы, у Італіі, б’юцца з ворагам Нямеччыны, які аднолькава зьяўляецца і нашым ворагам, усюды, дзе толькі яго сустрэне”29. Нямецкае камандаванне відаць наўмысна разлічвала выкарыстаць стракаты нацыянальны склад 2-га Польскага корпуса ў сваіх мэтах. Гэткім чынам, перасоўваючы ў месцы баёў з Корпусам генерала Андэрса асобныя нацыянальныя адзінкі, у прыватнасці — беларускія, разлік рабіўся на тое, што нашы землякі, якія змагаліся ў шыхтах 2-га Польскага корпуса будуць са зброяй у руках пераходзіць на бок гэтых беларускіх нацыянальных часцей. Як пераканала практыка, атрымалася ўсё з дакладнасцю наадварот. Прасачыць здачу ў палон да альянтаў нашых землякоў, якія ваявалі ў шэрагах вышэйзгаданых нямецкіх фармаванняў, магчыма на прыкладзе спісу дэпартаваных пасля вайны савецкай уладай з тэрыторыі БССР у Сібір былых „андэрсаўцаў”, сярод якіх сустракаюцца некалькі прозвішчаў гэткага кшталту „ўцекацоў”30. Верагодна, нямецкі бок, бачачы відавочнасць паразы 10-й нямецкай арміі на Апенінскай паўвыспе, не адмовіўся ад выкарыстання асобных беларускіх легіёнаў супраць 2-га Польскага корпуса. Так, ужо напачатку 1945 г. у паўночнай Італіі рабіліся спробы закіду на бок альянтаў падрыхтаваных асоб з ліку беларусаў з мэтай, каб яны патрапіўшы ў шэрагі 2-га Польскага корпуса праводзілі сярод польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання працу па закліку пераходзіць да немцаў, дзе ўжо існуюць самастойныя беларускія часці. Сярод закінутых у розны час былі гэткія нашы землякі, як вядомы паваенны беларускі эмігранцкі дзеяч Кастусь Мерляк і Бенедыкт Кляйноў31. Як адзанчаў пазней Мерляк, немцы акцэнтавалі на 5﷓й крэсавай дывізіі, дзе беларусаў было багата32.

Гэткім чынам з вышэйпрыведзенага вынікае, што беларускі след пад Монтэ-Касіна прысутнічаў па абодва бакі супрацьстаяння. Дарэчы, гэта датычылася не толькі беларусаў. Так, агульнавядома, што падчас Італьянскай кампаніі шэрагі 2-га Польскага корпуса папоўнілі этнічныя палякі, якія былі закліканы ў нямецкае войска з тэрыторыі Памор’я. Відаць, нямецкі бок аднолькава разлічваў як на дэзерцыю сярод палякаў, гэтак і сярод беларусаў.

Нягледзячы на гэткі стан рэчаў пад Монтэ-Касіна, нельга не пагадзіцца з тым, што дадзеная бітва ёсць баявым здабыткам ваяроў-беларусаў і чыннай старонкаю беларускай вайсковай славы. Пра гераізм нашых суайчыннікаў сведчаць страты асабовага саставу часцей і злучэнняў 2-га Польскага корпуса, якім даводзілася ўдзельнічаць у наступе на ўзвышша. Сярод 924 пахаваных на вайсковых могілках на прыступках Касіна польскіх вайскоўцаў 264 жаўнеры з’яўляюцца беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі33. Тысячы нашых землякоў былі ганараваны пазней Памятным крыжам Монтэ-Касіна. Сярод кавалераў гэтай узнагароды гэткія беларусы, як Пятро Сыч, паручнік 5-й крэсавай дывізіі пяхоты, тройчы паранены падчас бітвы, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Хведар Каржаневіч, Пятро Конюх, вядомы беларускі спявак на чужыне, выбітны рупліўца беларускай паваеннай эміграцыі Кастусь Шыбіцкі, які быў адным з васемнацаці ацалелых вайскоўцаў роты, якая напярэдадні атакі на кляштар налічвала 140 жаўнераў34. У польскай пасляваеннай гістарыяграфіі адзначаецца мужны вычын праваслаўнага беларуса Рыгора Буслака, які коштам свайго жыцця праклаў шлях наступаючым сябрам праз міннае поле супраціўніка. Агулам пад Монтэ-Касіна з ліку вайскоўцаў-беларусаў 2-га Польскага корпуса, паводле вайсковых годнасцей, палеглі: капітан — 1, паручнікі — 2, падпаручнікаў — 7, падхарунжых — 9, сяржантаў — 5, звязовых — 11, капралаў — 35, астатнія — шэрагоўцы. Каб не абмяжоўвацца ўдзелам беларусаў выключна адзінай бітвай пад Монтэ-Касіна, варта прывесці лічбы загінуўшых нашых землякоў падчас іншых значных баталіяў на Апенінскай паўвыспе: Ларэта — 234 чал., Касамасіма — 72 чал., Балонія — 287 чал., іншыя месцы — 11 чал.35 Сярод нябожчыкаў вайскоўцаў, якія спавядалі праваслаўе, налічвалася звыш 200 чал. У траўні 1951 г. могілкі Монтэ-Касіна наведаў прэзідэнт БНР Мікола Абрамчык, дзе ў прысутнасці а.Татарыновіча ўсклаў вянок у знак пашаны да палеглых землякоў. А ў 1979 г., ва ўгодкі бітвы, святар а. Кастусь Маскалік супольна з групай ветэранаў адправіў імшу па беларусах.

Агулам жа польскія ўзброеныя фармаванні ад моманту стварэння на тэрыторыі СССР, знаходжання на эвакуацыйных базах на Сярэднім і Блізкім Усходзе, падчас баёў з італа-нямецкім афрыканскім корпусам у паўночнай Афрыцы і Італьянскай кампаніі згубілі забітымі і памёршымі ад ранаў і разнастайных хвароб 8 933 вайскоўцы, з якіх 1 583 палеглыя з’яўляюцца беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі. Сярод апошняй катэгорыі паводле вайсковай годнасці атрымліваецца наступная колькасць: афіцэры — 69 чал., падафіцэры — 349 чал., шэрагоўцы — 1 140 чал. Найбольш прадстаўнічай у беларускім сэнсе была 5-я крэсавая дывізія пяхоты, а менавіта 3-я віленская і 5-я львоўская брыгады гэтага злучэння, дзе нашы землякі складалі не менш як 50% асабовага саставу. Таксама траціну 4-га панцырнага палка „Скарпіёны” 2-й Варшаўскай панцырнай дывізіі мелі жаўнеры беларускага паходжання і ўраджэнцы Беларусі36. Безумоўна, бальшыня з іх стала ахвярай баёў у Італіі. Калі да гэтай колькасці дадаць загінуўшых вайскоўцаў з Беларусі, якія палеглі на іншых франтах Другой сусветнай вайны ў складзе польскіх фармаванняў пад Брытанскай камандай — у Францыі, Нямеччыне, Бельгіі, Галандыі, Вялікабрытаніі і Нарвегіі, то атрымаецца 2 068 ураджэнцаў Беларусі. Наогул варта адзначыць, што пытанне колькасці беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў шыхтах польскіх часцей брытанскага войска дасюль застаецца адчыненым і нявырашаным. Беларускі вайсковы даследчык на эміграцыі і былы жаўнер 2-га Польскага корпуса Віктар Сянкевіч шляхам аналізу адзначыў, што этнічных беларусаў сярод вайскоўцаў Польскіх узброеных сіл на захадзе было не менш як 24,5 тысячы чалавек, тым часам, як на яго думку, максімальная лічба — звыш 35 тысяч чалавек. Падсумаваўшы колькасць палеглых ураджэнцаў Беларусі, што склала 15,4% ад агульнай колькасці страт, ён перанёс гэту лічбу на лік асабовага саставу ПУСЗ пасля заканчэння баявых дзеянняў у Еўропе — 228 000. Разам з тым, у сваіх падліках ён адштурхоўваўся ад той акалічнасці, што этнічныя палякі складалі ў Заходняй Беларусі не больш 6%. Сярэдняя лічба беларусаў, якую атрымаў даследчык — 29 151 чалвек37. Належыць зазначыць, што Сянкевіч меў на ўвазе за ўраджэнцаў Беларусі асоб, якія нарадзіліся ў межах БССР на чэрвень 1941 г. У выніку туды патрапілі палеглыя жыхары Ломжы, Аўгустова і Беластока, якія склалі недзе 15% страт. Таксама каля 5% складаюць ураджэнцы Віленскага краю. У 1946 г. прагучала меркаванне на гэты конт шэфа Генеральнага штаба ПУСЗ генерала Капаньскага, які адзначыў у гутарцы з беларускімі прадстаўнікамі колькасць польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання — ад 12 да 16 тысяч чалавек. Генерал звярнуў увагу, што найбольш прадстаўнічай у беларускім сэнсе была 5-я крэсавая дывізія пяхоты, якой камандаваў польскі генерал беларускага паходжання з Беласточчыны Нікадым Сулік-Сарноўскі38.

Калі казаць пра загінуўшых землякоў на італьянскай зямлі, якія ваявалі ў шыхтах нямецкіх войск, то тут нельга акрэсліць дакладнай колькасці. Разам з гэтым, аналізуючы нямецкія сучасныя даныя па палеглых вайскоўцах Вермахта ў Італіі, магчыма адшукаць сярод іх і нямецкіх жаўнераў з беларускімі прозвішчамі. Гэтак, на нямецкіх вайсковых могілках, параскіданых па Апенінскай паўвыспе ў месцах буйных баёў — Монтэ-Касіна, Балонія, Анкона і г.д. — сустракаецца па тузіну жаўнераў, месца нараджэння якіх пазначана як Польшча (згодна з міжваенным становішчам) з прозвішчамі: Літвін, Ясінскі, Калошка, Качан, Астроўскі, Новак, Казёл, Рудовіч, Данілюк і інш. Відавочна, што сярод загінуўшых маглі спатыкацца і ўраджэнцы ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай39.

Яскравым сведчаннем беларускай прысутнасці ў шэрагах ПУСЗ з’яўляецца нацыянальна-культурніцкі рух нашых землякоў у 1945-1946 гг. Першыя зямляцкія гурткі вайскоўцаў-беларусаў былі запачаткаваны яшчэ ўвесну 1945 г., калі польскія часці кватараваліся ў Італіі. Гэта было абумоўлена некалькімі акалічнасцямі. Па-першае, асноўныя ваенныя дзеянні былі скончаны, што дазволіла значна вальней зважаць на ўнутрывайсковае жыццё жаўнераў. Па-другое, са студзеня 1945 г. у асабовы склад 2-га Польскага корпуса была залічана частка колішніх кадэтаў Мінскай афіцэрскай школы Беларускай краёвай абароны (БКА), якія скарыстаўшы зручны момант 30 жніўня 1944 г. у раёне Белфаста (усходняя Францыя) перайшлі на бок французскіх партызан-макісаў. Каб уратавацца ад пагрозы быць перададзенымі савецкаму боку, ураджэнцы Заходняй Беларусі на правах былых гармадзян ІІ Рэчы Паспалітай часова назваліся палякамі і былі залічаны ў склад Польскага войска40. Гэткім чынам, апынуўшыся ў Італіі сярод землякоў, яны распачалі актыўную дзейнасць па стварэнні беларускіх неафіцыйных гурткоў. У 3-й дывізіі стральцоў карпацкіх гэткі асяродак ачоліў Віктар Сянкевіч, сярод вайскоўцаў 5-й крэсавай дывізіі — Юры Весялкоўскі і Павел Навара41. Сталым асяродкам беларусаў стала гімназія пры гэтым злучэнні ў горадзе Мадэна, дзе атрымалі магчымасць працягваць навучанне жаўнеры дывізіі, у тым ліку — беларусы. Спрыяў пашырэнню беларускага руху сярод вайскоўцаў афіцэр Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які тады выкладаў у гімназіі пры 5﷓й крэсавай дывізіі пяхоты. Дадатковы штуршок у беларускай дзейнасці зрабіў той факт, што справу землякоў падтрымалі вуніяцкія святары ў Рыме — а. Гук і а. Гарошка, якія дапамаглі наладзіць сувязь з Радай БНР у Парыжы. Менавіта адтуль беларускія вайскоўцы атрымлівалі выданне „Беларускія навіны”. Як вядома, беларуская эміграцыя была зацікаўлена ў згуртаванні суайчыннікаў, якіх ліхалецце вайны параскідала па розных кутках Еўропы. ПУСЗ сталася зручнай глебай дзеля гэтага працэсу, паколькі вялікая колькасць беларусаў знаходзілася ў адным месцы. Ужо 25 красавіка 1946 г. у асобе Беларускага камітэта самапомачы ў Рыме на імя Галоўнакамандуючага ПУСЗ была накіравана пісьмовая просьба, дзе былі высунуты наступныя пажаданні: 1) выдаць вайсковы загад на вольнае распаўсюджванне сярод жаўнераў ПУСЗ газеты „Беларускія навіны”; 2) дазволіць і прадставіць практычную магчымасць самастойна выдаваць польскім вайскоўцам беларускага паходжання ўласнае друкаванае выданне на беларускай мове; 3) выдаць загад, які б дазваляў афіцыйна належыць польскім вайскоўцам да беларускай самапомачы.

Адказу на гэты мемарыял беларусы-вайскоўцы дачакаліся ажно 15 кастрычніка 1946 г. у асобе генерала Віснеўскага, які агучыў, што жаўнеры маюць права на вольнае распаўсюджванне і чытанне выдання „Беларускія навіны”. Праўда, гэта рабілася ў таямніцы і без дазволу яшчэ з пачатку 1946 г. 16 лістапада 1946 г. Жук-Грышкевіч праз генерала Нікадыма Суліка, які даволі прыхільна ставіўся да беларускага руху, дамогся ад вайсковых уладаў дазволу на сяброўства ў Беларускай самапомачы ў Рыме польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання, якое дагэтуль складалася ўсяго з двух беларускіх святароў42. Ужо на Брытанскіх выспах беларускі рух сярод вайскоўцаў Польскага корпуса прыстасавання і размяшчэння (ПКПР) канчаткова склаўся і стаў па сутнасці адным з падмуркаў беларускай паваеннай эміграцыі. У пункце №10 камуніката за №1 Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), якое цалкам склалася з былых жаўнераў ПУСЗ гаварылася: „ Адносна запісу ў ПКПР сход ініцыятыўнай групы беларусаў пасля ўсебаковага разважання становішча беларусаў, выказаў погляд, што ў сучасных абставінах найлепшым выйсцем для беларусаў будзе ўступленне ў вышэйзгаданы ПКПР”. У гэтым жа дакуменце адзначалася: „Пастанаўляем звярнуцца да Генеральнага штабу ПУСЗ з просьбай аб выдачы дазволу беларусам-жаўнерам польскай арміі на ўступленне ў ЗБВБ з паданнем гэтай згоды ў спецыяльным загадзе Генеральнага штаба і абвяшчэннем гэтага загаду на ўсе аддзелы ПУСЗ”43. Гэткім чынам склаліся абставіны, пры якіх кіраўніцтва ЗБВБ вырашыла праз ужо легальную працу сярод польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання пашыраць свае шэрагі за кошт жаўнераў ПКПР. Некаторыя беларусы далучыліся да заходняй палёніі і актыўна уключыліся ў працу польскіх камбатантаў. Большасць з іх былі афіцэрамі, якія не прасякліся беларускай нацыянальнай ідэяй. Сярод іх варта назваць генерала Нікадыма Суліка і Юзафа Вераб’я з Беласточчыны, генерала Густава Пашкевіча, ураджэнца Пінска палкоўніка Яўгена Казакевіча і шмат іншых44.

Апрача гэтага ёсць і яшчэ адзін бок медалю у справе ўдзелу беларусаў у шэрагах ПУСЗ. Як вядома, каля 100 000 польскіх вайскоўцаў па розных прычынах пасля дэмабілізацыі павярталіся дахаты45. Бясспрэчна, былі сярод гэтай масы і нашы землякі. Пакуль нельга дакладна назваць колькасць гэтых людзей, але іх лёс склаўся куды горш, чым саслужыўцаў, якія вырашылі застацца на эміграцыі. Уначы з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. з тэрыторыі БССР былыя вайскоўцы ПУСЗ былі арганізавана органамі МДБ прымусова дэпартаваны на спецпасяленні ў Іркуцкую вобласць. Вядомы прозвішчы 888 былых польскіх жаўнераў, якія разам з сем’ямі былі гвалтоўна ў тую ноч вывезены ў Сібір, а з суседняй Літоўскай ССР (галоўным чынам — з Віленшчыны) яшчэ 40 „андэрсаўцаў”. З гэтай колькасці толькі 29 чалавек у гады Другой сусветнай вайны прайшлі свой жаўнерскі шлях у шыхтах 1-й панцырнай дывізіі 1﷓га Польскага корпуса, які кватараваўся ў Англіі, астатнія — вайскоўцы Корпуса генерала Андэрса46. Пра гераізм і самаадданасць нашых суайчыннікаў, якія сталі чарговай ахвярай сталінскага пераследу, яскрава сведчаць іх узнагароды. Так, Памятным крыжам Монтэ-Касіна былі ганараваны 285 чал., Крыжам змагарных — 80; брытанскімі ўзнагародамі: Зорка вайны 1939-1945 — 300 чал., Зорка Італіі — 298; італьянскімі ўзнагародамі — 1. Пераважная бальшыня гэтых людзей у гады вайны належылі да 5-й крэсавай дывізіі пяхоты (каля 60%) і 3-й дывізіі стральцоў карпацкіх (звыш 25%)47. Агулам разам з сем’ямі ў Іркуцкую вобласць у 1951 г. з Беларусі было дэпартавана 4 520 чалавек48. Пры тым толькі пасля здзяйснення карнай акцыі Асобая нарада прыняла рашэнне аб высяленні і сканфіскаванні маёмасці дэпартаваных49. У асноўным у віну „ворагам народа” ставілася „адсутнасць заслуг перад савецкай радзімай” альбо „распаўсюджванне буржуазнага ладу жыцця і шпіянаж на карысць іншаземных дзяржаў”. Як сведчаць архіўныя крыніцы, на 1 студзеня 1956 г. у Іркуцкай вобласці налічвалася 3 046 спецпасяленцаў-андэрсаўцаў, на 1 студзеня 1957 г. — 1 854, на 1 студзеня 1958 г. — 1 155. У апошнім выпадку беларусамі былі пазначаны 201 чалавек50. Варта падкрэсліць, што працэс вяртання ацалелых з высылкі доўжыўся ажно да сярэдзіны 1970-х гг. Нярэдка людзі, якія двойчы — у 1939 і 1951 г. — адчулі на сабе варожае стаўленне да іх савецкай дзяржавы, вярталіся ўжо ў ПНР у спадзяванні адшукаць партунак ад рэпрэсій і пераследу. Урэшце, вядома, што на дадзены момант на Беларусі вядомы толькі 25 былых жаўнераў ПУСЗ, якія ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касіна51. Усе гэтыя лічбы падаюцца без уліку беларусаў Беласточчыны, якія таксама змагаліся з гітлераўцамі ў шыхтах 2-га Польскага корпуса ў Італіі, і колькасць якіх належыць шукаць у польскіх крыніцах. Пра лічбы беларусаў, якія ваявалі ў складзе польскіх часцей брытанскага войска сведчыць дзейнасць у 1946-1947 гг. Аддзела перасялення і рэпатрыяцыі БССР. Так, сярод задач, якія ставіла перад сабою гэта ўстанова на 1947 г. былі „прыймо і працаўладкаванне асобаў, якія служылі ў арміі Андэрса і ў траўні 1947 г. вярнуліся ў БССР; правядзенне сярод іх працы па зборы лістоў да іхных сяброў, якія дасюль знаходзяцца ў арміі Андэрса52. Пытанне наконт беларусаў-былых вайскоўцаў ПУСЗ, якія ўвесну 1947 г. вярнуліся ў БССР, абмяркоўвалася нават на ўзроўні ліставання паміж Аддзелам перасялення і рэпатрыяцыі пры Савеце міністраў БССР і Кіраваннем Савета міністраў СССР па справах рэпатрыяцыі і перасяленняў у Маскве53.

Гэткім чынам свой крыжовы шлях прайшлі героі Монтэ-Касіна: славуты і трагічны. На бацькаўшчыне іх вычыны доўгі час былі пад забаронаю. Хіба толькі іхныя? Таўро няслаўя ў айчыннай гістарычнай навуцы пакуль ляжыць на тысячах беларускіх эмігрантаў у ЗША, якія ў мундурах амерыканскага жаўнера гераічна змагаліся з ворагам на франтах у Еўропе — падчас высадкі ў Нармандыі ў чэрвені 1944 г., вызвалення ад гітлерызму Францыі і інш. Імёны сотняў беларускіх амерыканцаў у першым пакаленні не знікалі з першых палосаў расейскага эмігранцкага ды амерыканскага перыядычнага друку54. Гэтыя старонкі яшчэ патрабуюць пільнай і дасканалай даследчыцкай увагі. Нягледзячы на гэтыя „белыя прагалы”, на падставе вышэйпрыведзенага матэрыялу магчыма сцвярджаць, што беларусы побач з іншымі народамі масава ўдзельнічалі ў змаганні на заходніх франтах Другой сусветнай вайны. Прытым гэта з’ява не была мэтанакіраванай ініцыятывай тагачаснага савецкага альбо польскага кіраўніцтва, а адбывалася ў рэчышчы савецка-польскіх узаемадачыненняў, якія мелі месца на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Адсутнасць самастойнай беларускай дзяржаўнасці рабіла вонкава непрыкметным прысутнасць беларусаў у войсках альянтаў.

Streszczenie

W historiografii radzieckiej bardzo mocno podkreślano wkład narodu białoruskiego w zwycięstwo nad faszyzmem, lecz pisano jedynie o obecności Białorusinów w szeregach radzieckich sił zbrojnych. O obecności Białorusinów w armiach alianckich walczących na zachodnim froncie nawet nie wspominano. Tymczasem znaczną część Polskich Sił Zbrojnych na Zachodzie stanowili właśnie Białorusini, obywatele II Rzeczypospolitej. Trafili tam wraz ze sformowanym na terenie ZSRR korpusem gen. Andersa. Bitwa pod Monte Casino zapisana została przez historiografię jako symbol chwały oręża polskiego. O udziale Białorusinów w tej bitwie panuje całkowite milczenie. W rzeczywistości brali oni udział nie tylko po stronie alianckiej, lecz także bronili słynnego klasztoru w mundurach niemieckich. W 1943 r. Niemcy utworzyli batalion z Białorusinów wziętych do niewoli w 1939 r. Na początku 1943 r. batalion ten został przerzucony do północnego Tyrolu, a stamtąd pod Monte Casino. Podczas walk w północnej Afryce oraz Italii w szeregach wojsk polskich wśród 8 933 zabitych było 1 583 Białorusinów. Niemal co piąty żołnierz walczący pod dowództwem gen. Andersa był Białorusinem.


1 K. Gomółka, Białorusini w II Rzeczypospolitej, Gdańsk 1992, s. 189.

2 H. Dominiczak, Ochrona granicy wschodniej w latach 1919-39, Warszawa 1985, s. 263-264.

3 Cz. Grzelak, Działania Armii Czerwonej na Białorusi we wrześniu 1939 roku, [w:] Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej w latach 1939-1941, Warszawa 1995, s. 177.

4 „Раніца”. Беларуская тыднёвая газэта ў Нямеччыне (Берлін), 1939, № 1.

5 Сталин, Берия и судьба армии Андерса, [в:] Новая и новейшая история, 1993, с. 57.

6 Gintautas Vilkiatis, Żołnierze polscy internowani na Litwie w latach 1939-1940, [w:] Społeczeństwo białoruskie, litewskie..., s. 320.

7 Катынская драма: Козельск, Старобельск, Осташков: судьба интернированных польских военнопленных, Москва 1991, с. 185-186.

8 K. Gomółka, Białorusini..., s. 140-141.

9 A. Głowacki, Jeńcy polscy w ZSSR, wrzesień 1939 — lipiec 1941, „Wojskowy Przegląd Historyczny” 1992, nr 3, s. 60-84.

10 Rozstrzelani w Katyniu. Alfabetyczny spis 4410 jeńców polskich z Kozielska rozstrzelanych w kwietniu-maju 1940r. , według źródeł sowieckich, polskich i niemieckich, Warszawa 1995; П. Бітэль, I нашых трапіла туды нямала..., „Спадчына”, 1990, № 3, c. 11-12.

11 Катынь. Пленники необъявленной войны, 1993, c. 120-121; Agresja sowiecka na Polskę 17 września 1939 r., Warszawa 1994, s. 267-269.

12 Там жа, с. 370-371.

13 В. Парсаданова, К истории интернированных в СССР солдат и офицеров Войска Польского, „Советское словяноведение” 1990, № 5, c. 20; B. Парсаданова, Советско-польские отношения в годы великой Отечественной войны. 1941-1945, Москва 1982, с. 44-60.

14 Катынь..., с. 119.

15 Я. Мірановіч, Навейшая гісторыя Беларусі, Беласток 1999, с. 127; А. Хацкевіч, Арышты і дэпартацыі з заходніх абласцей Беларусі (1939-1941), „Беларускі гістарычны часопіс” 1994, № 1, c. 73-93.

16 Русский архив: Великая Отечественная война. СССР и Польша, т. 14, Москва 1994, с. 24-25; Armia Polska w ZSSR. 1941-1942, Warszawa 1993, s. 43.

17 Сталин, Берия и судьба армии Андерса...

18 Архіў аўтара. Фонд К. Яновіча.

19 Документы и материалы по истории советско-польских отношений, Москва 1973, т. VII, с. 277.

20 Там жа, с. 278.

21 О. Лицкевич, Прокляты и забыты, „Во славу Родины” 2000, № 224 (23 657).

22 Русский архив..., c. 77.

23 M. Czartoryski, Na końcu włoskiego buta, Kraków 1986, s. 30.

24 „Der Spiegel”, №16, 17.04.2000.

25 А. К. Соловьев, Белорусская центральная рада: создание, деятельность, крах, Минск 1995, с. 100.

26 В. Вір, Мы тварылі беларускую брыгаду, „Беларускі голас” (Таронта), 1973, № 211.

27 А. К. Соловьев, Белорусская центральная рада..., c. 80-81.

28 К. Вініцкі, Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох, Мінск 1994, с. 49.

29 Р. Булыга, Два франты, „Беларус на варце” 1944, № 7.

30 Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byłych żołnierzy Polskich Sił Zbrojnych na Zachodzie z Białorusi, Ukrainy i Litwy w roku 1951, Warszawa 1998, s. 72.

31 Архіў аўтара. Фонд Х. Каржаневіча.

32 К. Мерляк, Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі, Мінск 1994, с. 39-40.

33 „За Волю”, 25 чэрвеня 1951.

34 „Беларус”, cтудзень-люты 1991; П. Сыч, Сьмерць і салаўі. Успаміны афіцэра-беларуса спад Монтэ Касыно, Мюнхэн 1965.

35 Wykaz poległych i zmarłych żołnierzy Polskich Sił Zbrojnych na obczyźnie. 1939-1946, Londyn 1952, s. 162-172.

36 Walczące „Skorpiony”. Historia pułku 4-go pancernego w fotografii, Londyn 1975, s. 119-126.

37 В. Сянкевіч, Удзел беларусаў на заходніх франтох Другой сусьветнай вайны, „Зважай” 1988, № 2, c. 7-8.

38 Р. Жук-Грышкевіч, Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Таронта 1993, c. 75.

39 www.volksbund.de

40 К. Акула, Змагарныя дарогі, Мінск 1994, с. 317-337.

41 Ю. Весялкоўскі, Няясна мроіліся новыя дарогі, Лёндан 1997, с. 110-114.

42 „Бацькаўшчына” 1957, № 11-12 (345-346).

43 „Беларускія навіны” 1947, № 1 (6).

44 N. Sulik, Okruchy wspomnień, Białystok 1993; T. Jurga, Obrona Polski 1939, Warszawa 1990, s. 833.

45 История военного дела в Польше. Избранные вопросы, Варшава 1970, c. 484.

46 Spod Monte Cassino na Sybir...

47 А. Цяцернік, Беларусы — кавалеры Памятнага крыжа Монтэ Касіна, „Беларускі гістарычны часопіс” 2001, № 3, c. 71-73.

48 В. Абаринов, Катынский лабиринт, Москва 1991, с. 80.

49 М. Грабенкін, Б. Пракопчык, Корпус Андэрса: слава і трагедыя, „Звязда”, 09.02.1993.

50 Государственный Архив Российской Федерацыи, ф. 9479, оп. 1, д. 925, л. 63.

51 Архіў аўтара. Фонд Г. Касцяневіч.

52 Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 7, воп. 3, спр. 1930, л. 59-60.

53 Там жа, ф. 787, воп. 1, спр. 31, л. 9.

54 V. Kipel, Belarusіans in the United States, New York 1999, р.189-190; В. Кіпель, Беларусы ў ЗША, Мінск 1993, с. 155.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія