БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 17

Масонскія ложы на беларускіх і літоўскіх землях. 1910-1916 гг.

Алесь Смалянчук
(Гародня)

У гістарыяграфіі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння пачатку ХХ ст. усё больш прыкметным становіцца масонскі сюжэт. Дзейнасць віленскіх масонскіх ложаў разглядалася аўтарам гэтых радкоў на старонках менскага часопіса „Спадчына”1. Там жа былі апублікаваныя запісы Дзённіка Міхала Ромэра ад 3 (16) і 4 (17) сакавіка 1915 г., якія досыць падрабязна асвятлялі арганізацыйны бок існавання і ідэалогію віленскіх масонаў. Віленскае масонства згадвалася ў крыніцазнаўчым артыкуле, прысвечаным Дзённіку М. Ромэра, які быў надрукаваны ў „Беларускім гістарычным аглядзе”2, а таксама ў публікацыі, прысвечанай месцу краёвай ідэі ў ідэалогіі беларускага руху3. На старонках Энцыклапедыі гісторыі Беларусі быў надрукаваны артыкул Мікалая Рыбко „Масонства”4. Ідэалогія віленскіх масонаў і іх узаемаадносіны з „Вялікім Усходам народаў Расіі” закраналіся Мікалаем Сташкевічам. Ён жа адзначыў імкненне масонаў да каардынацыі ўсіх апазіцыйных царызму палітычных сілаў. На думку даследчыка, у 1907-1914 гг. масонскія ложы істотна паўплывалі на аб’яднанне апазіцыі і разгортванне яе барацьбы супраць расійскага самаўладдзя5. Інфармацыйныя знаходкі апошняга часу, якія датычаць між іншым ложаў у Менску і Віцебску, дазваляюць яшчэ раз звярнуцца да гэтага сюжэту.

Як вядома, адраджэнне масонскіх арганізацый у Расійскай імперыі пачалося ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. і было выклікана неабходнасцю кансалідацыі рэвалюцыйных сілаў. Гэтае адраджэнне звычайна звязваюць з прыездам у Маскву вядомага гісторыка і сацыёлага, аднаго з заснавальнікаў парыжскай ложы „Космас” Максіма Кавалеўскага. У лістападзе 1906 г. у Маскве ўзнікла ложа „Адраджэнне” („Возрождение”), якая належала да „Вялікага Усходу Францыі”. У 1909 г. існавалі ўжо тры ложы ў Пецярбургу, дзве — у Маскве і па адной — у Кіеве, Ніжнім Ноўгарадзе і Адэсе. Агульная колькасць масонаў складала 300-350 чалавек6. Большасць з іх належала да інтэлігенцыі. Што датычыць палітычнай арыентацыі, то выразна дамінавалі прыхільнікі ліберальна-дэмакратычнай ідэалогіі7. Актыўнасць масонаў прыцягнула ўвагу Дэпартамента паліцыі. Каб пазбегнуць пераследаў, у 1909 г. масонскія ложы афіцыйна спынілі сваю дзейнасць („заснулі”). На самой справе яны пазбыліся выпадковых людзей, узмоцнілі канспірацыю і нават стварылі новыя арганізацыі.

У 1910 г. па ініцыятыве расійскіх масонаў была створаная ложа ў Менску. На жаль, звесткі пра яе склад носяць пераважна фрагментарны і гіпатэтычны характар. Вядомы польскі даследчык Людвік Хас згадаў толькі двух менскіх масонаў — лекара Тэадора Кодзіса8, які раней быў звязаны з партыяй „Пралетарыят”, а таксама юрыста і палітычнага дзеяча Казіміра Петрусевіча9. Апошні ў 1898 г. удзельнічаў у працы І з’езда РСДРП у Менску як прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай арганізацыі Екацерынаслава. Пазней пасяліўся ў гэтым горадзе. На момант утварэння ложы быў прыхільнікам ліберальнай ідэалогіі.

Пра ўдзел Т. Кодзіса ў масонскай арганізацыі паведаміла ў сваіх успамінах Зофія Кодзіс-Фрэйерова. Паводле яе да менскай ложы належалі пераважна юрысты і лекары, людзі з рознымі палітычнымі перакананнямі10. М. Ромэр у Дзённіку, распавядаючы пра паездку ў Менск у верасні 1911 г. віленскіх краёўцаў і масонаў Браніслава Крыжаноўскага і Вітальда Абрамовіча, згадаў імёны Эдмунда Івашкевіча, Канстанціна Дземідзецкага-Дземідовіча, К. Петрусевіча і Загорскага11. Мэтаю паездкі быў пошук верагодных аўтараў для „Пшэглёнду віленьскага”. Цалкам магчыма, што іх сустрэча з вышэйназванымі менскімі юрыстамі была вынікам ранейшых масонскіх кантактаў. Таксама варта адзначыць, што Ежы Асмалоўскі, які ў 1912-1914 гг. быў сябрам варшаўскай ложы „Вызваленне” („Wyzwolenie”), у 1915 г. у Менску часта наведваў дом адваката Эдмунда Івашкевіча. Яго звычайнымі суразмоўцамі падчас гэтых візітаў былі Казімір Петрусевіч, Канстанцін Дземідзецкі-Дземідовіч і Ігнацы Віткевіч12. Магчыма менавіта гэтыя асобы і складалі „ядро” менскай ложы.

Напрыканцы 1910 г. у Вільні ўзнікла ложа „Лучнасць” („Jedność”). Ролю арганізатара адыграў удзельнік першых з’ездаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі Ежы Ром. Менавіта ён разам з братам Эліяшам, паводле сведчанняў Антона Луцкевіча, ужо ў 1908 або 1909 г. меў размову з Іванам Луцкевічам, з якой апошні даведаўся пра масонскія арганізацыі ў Расіі13. Дарэчы, паводле М. Ромэра, спачатку масоны звярнуліся да Т. Урублеўскага. Але вядомы адвакат і прыхільнік краёвай ідэалогіі адмовіўся ад супрацоўніцтва14.

У ліку заснавальнікаў „Лучнасці” былі ўжо згаданыя Ежы і Эліяш Ромы, браты Луцкевічы, літоўскі дзеяч Данатас Маліноўскас, прадстаўнік левіцы польскіх нацыянальных дэмакратаў доктар Людвік Чаркоўскі. У сакавіку 1911 г. у ложу быў прыняты Міхал Ромэр, які хутка стаў адным з лідэраў віленскага масонства. Трэба адзначыць, што афіцыйнае запрашэнне ён атрымаў ад Івана Луцкевіча, што адлюстравалася ў дзённікавым запісе15.

У 1915 г. М. Ромэр даверыў свайму Дзённіку не толькі таямніцу існавання арганізацый масонаў. Ён досыць падрабязна спыніўся на ідэалогіі, якой прытрымліваліся віленскія „браты”. „Нашая задача, — пісаў палітык і публіцыст, — не знішчаць, не ламаць, не разбураць, а ствараць і ўдасканальваць. (...) Нашым падмуркам з’яўляюцца ідэі братэрства, любові і свабоды чалавечага духу. Нашае брацтва — гэта Саюз гуманізму ў шляхецкім і адначасова дзейсным значэнні гэтага слова. Мы імкнемся, каб нашыя лозунгі не сталі звычайнай фармальнасцю. (...) Мы імкнемся зрабіць іх рэальнасцю сумлення, дзеянняў і дачыненняў у чалавечым сужыцці; каб яны пранізалі адносіны як паміж асобнымі людзьмі, так і паміж усялякімі групамі, нацыямі і, нарэшце, сталі здабыткам усяго чалавецтва”. Закранаючы палітычны аспект масонскай дзейнасці, М. Ромэр падкрэсліў, што „брацтва” не з’яўляецца ні палітычным аб’яднаннем, ні партыяй. Аднак ва ўмовах расійскай дзяржавы арганізацыя, якая абвяшчае сваёй мэтай дасягненне свабоды чалавечага духу, непазбежна будзе займаць антыўрадавую палітычную пазіцыю. „Прычына ў тым, — сцвярджаў М. Ромэр, — што гэтая дзяржаўная арганізацыя (...) і сама расійская дзяржаўнасць як канкрэтны гістарычны феномен ёсць найвялікшая перашкода дзеля рэалізацыі нашых прынцыпаў”16.

Міхал Ромэр паслядоўна адстойваў асноўныя прынцыпы краёвасці. Менавіта краёвасць для яго з’яўлялася найбольш адэкватнай формай палітычнага існавання масонскіх лозунгаў на тэрыторыі гістарычнай Літвы. У вялікай ступені менавіта намаганнямі М. Ромэра віленскія ложы сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвай ідэалогіі, якая супрацьстаяла ідэалогіі нацыянальнага шавінізму. Пры гэтым краёвасць зусім не перашкаджала сваім адэптам актыўна працаваць у рэчышчы ўласных нацыянальных рухаў.

Трэба заўважыць, што Міхал Ромэр успрымаў грамадства Беларуска-літоўскага краю як адзінае і непадзельнае, прасякнутае пачуццём краёвай грамадзянскасці і незалежнае ад падзелу на асобныя этнасы17. У грамадска-палітычнай дзейнасці ён імкнуўся да пабудовы „адзінага грамадскага будынку, а не шэрагу этнічных хатаў”18. Падмуркам адзінага краёвага будынку аўтар Дзённіка лічыў дэмакратычны лад жыцця. На яго думку, толькі ў гэтым выпадку будуць створаны адпаведныя ўмовы для ажыццяўлення патрабаванняў кожнага этнасу краю. Гэтае разуменне краёвасці істотна адрознівалася ад таго, якога прытрымліваліся яго калегі па групоўцы леваліберальных краёўцаў. Напрыклад, Людвік Абрамовіч разумеў краёвае грамадства як свайго роду канфедэрацыю самастойных і роўных этнічных супольнасцей, кожная з якіх мела поўнае права на ўласнае нацыянальна-культурнае развіццё. Пры такім разуменні галоўным у краёвасці станавілася магчымасць абароны інтарэсаў польскай супольнасці. Падобным чынам разумелі краёвую ідэю беларускія дзеячы (браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Іван Краскоўскі) — сябры масонскіх арганізацый. Адпаведна можна было весці гаворку пра польскіх і беларускіх краёўцаў. Аднак існаванне апошніх стала відавочным толькі пасля з’яўлення такіх органаў друку як „Вечерняя газета” (1911) і „Кур’ер краёвы” (1912).

Між тым у 1911 г. афіцыйна „абудзіліся” расійскія масоны. Аднаўленне іх дзейнасці адбылося без санкцыі „Вялікага Усходу Францыі”. Расійскія масоны імкнуліся да стварэння самастойнай арганізацыі, якая павінна была аб’яднаць усе ложы на тэрыторыі Расіі. У выніку паўстаў „Вялікі Усход Расіі”, які лічыўся „нерэгулярнай” (псеўдамасонскай) арганізацыяй. У 1913 г. арганізацыя атрымала назву „Вялікі Усход народаў Расіі”, што павінна было падкрэсліць станоўчае стаўленне „вярхушкі” расійскага масонства да ідэі дэмакратычнай федэратыўнай Расіі. Яна аб’ядноўвала ўжо каля 40 ложаў19. Сярод іх былі дзве віленскія і адна менская.

У 1911 г. з „Лучнасці” выдзялілася ложа „Літва”, якую ўзначаліў Міхал Ромэр. На момант падзелу ў склад „Лучнасці” ўваходзілі Ежы Ром як кіраўнік (Venerable), Людвік Чаркоўскі, Іван ды Антон Луцкевічы, Эліяш Ром, дзеячы польскага руху Вітальд Абрамовіч, Браніслаў Крыжаноўскі і Зыгмунт Нагродскі, Іван Прозараў як прадстаўнік рускай грамадскасці, беларускі палітык Іван Краскоўскі20, Майсей Брамсон, Ян Багушэўскі, а таксама дзеячы літоўскага руху Міколас Сляжэвічус і Міколас Біржышка21.

У ложу „Літва” апроч Venerable М. Ромэра ўвайшлі таксама Б. Крыжаноўскі, З. Нагродскі, М. Сляжэвічус, І. Прозараў, І. Краскоўскі, А. Луцкевіч, Э. Ром і М. Брамсон. Пазней у ложу былі прыняты дзеячы літоўскага руху Вацловас Біржышка, Вацловас Бельскіс, Пеліксас Бугайлішкіс, Андрус Булёта, Юргіс Шаўлюс, Ёнас Вілейшыс, публіцыстка Феліцыя Барткевічэне-Повіцкайтэ22, прадстаўнікі віленскай польскай грамадскасці Казімір Астахевіч, Эдвард Сакалоўскі і Уладыслаў Асмалоўскі, а таксама беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі (1912). Апроч іх з ложы „Лучнасць” перайшлі ў „Літву” А. Заштаўт і М. Біржышка23.

Людвік Хас сцвердзіў прыналежнасць да ложы „Літва” яшчэ аднаго беларускага палітыка Дамініка Сямашкі24. Аднак М. Ромэр не згадаў яго імя ў сваім Дзённіку. Тое ж самае датычыць Тадэвуша Урублеўскага. Л. Хас назваў яго сярод „братоў” „Літвы”25. Прыналежнасць віленскага адваката да масонства пацвердзіў Браніслаў Тарашкевіч на старонках аўтабіяграфіі, напісанай у 1933 г.26 Аднак сведчанні М. Ромэра абвяргаюць тэзіс пра ўдзел Т. Урублеўскага ў „брацтве”. Магчыма чуткі пра масонства Т. Урублеўскага, якія распаўсюдзіліся ў Вільні з часоў адраджэння ім Таварыства шубраўцаў, увялі ў зман беларускага дзеяча і польскага даследчыка. Таксама нельга пагадзіцца са сцвярджэннем Паўліны Мядзёлкі пра дачыненне да ложаў пачатку ХХ ст. Браніслава Тарашкевіча27. Матэрыялы Дзённіка таксама не дазваляюць прыняць сцвярджэнне М. Сташкевіча, нібыта, кіруючая роля ў ложы „Літва” належала Вацлаву Ластоўскаму28. Масонскую дзейнасць апошняга цяжка лічыць прыкметнай.

Актыўная грамадска-палітычная і культурная дзейнасць сяброў віленскіх ложаў спрыяла пашырэнню краёвай ідэі ў яе ліберальна-дэмакратычнай форме. Амаль усе яны былі аўтарытэтнымі дзеячамі розных нацыянальных рухаў і мелі магчымасць уплываць на іх ідэалогію, асабліва ў галіне міжнацыянальных адносінаў. Гэта адлюстравалася ў шматлікіх публікацыях „вольных муляроў” на старонках такіх віленскіх выданняў, як „Наша Ніва”, „Lietuvos żinios”, „Lietuvos ūkininkas”, „Вечерняя газета”. Краёўцы-масоны ўваходзілі ў склад кіраўніцтва многіх культурных таварыстваў і гаспадарчых арганізацый, дзейнасць якіх выходзіла далёка за межы Віленшчыны. Варта назваць Таварыства сяброў навук у Вільне, Артыстычнае таварыства, Віленскае таварыства падтрымкі хатняга рамяства і народнага мастацтва, Таварыства падтрымкі кааперацыі ды інш.

М. Ромэр пазней адзначаў: „Як уласна масонская арганізацыя мы не дзейнічаем, але ў многіх справах менавіта сярод нас выпрацоўваюцца дырэктывы і нараджаюцца ініцыятывы. Нашыя ложы маюць вялікі ўплыў на ўмацаванне ў свядомасці братоў краёвай пазіцыі”29. На думку гісторыка Збігнева Соляка, менавіта на масонскіх пасяджэннях было прынята рашэнне пра вылучэнне кандыдатуры Браніслава Крыжаноўскага на выбарах у IV Думу30. Ложы прычыніліся таксама да выдання „Пшэглёнду віленьскага” і „Кур’ера краёвага”, які стаў штодзённай польскамоўнай газетай краёвага і дэмакратычнага накірунку. Дарэчы, гісторыя арганізацыі абедзьвюх газетаў паказала адсутнасць адзінства ў асяроддзі краёўцаў. Рознае разуменне краёвасці і польскіх нацыянальных інтарэсаў стала падмуркам таго крызісу, які напаткаў віленскае масонства ў 1913 г.

Асобна трэба адзначыць актыўнасць беларускіх дзеячаў, а менавіта Антона ды Івана Луцкевічаў у прапагандзе краёвай ідэі. Беларусы спадзяваліся, што яе пашырэнне ўзмоцніць сацыяльную базу беларускага руху і паспрыяе яго падтрымцы дэмакратычнымі элементамі іншых рухаў. Якраз таму яны і распачалі выданне польскамоўнага „Кур’ера краёвага” (1912). Пры гэтым удзел беларусаў у ёй заставаўся таямніцай для віленскай грамадскасці. На падобных пазіцыях знаходзілася рускамоўная „Вечерняя газета”, выданнем якой таксама кіравалі беларусы.

Увесну 1913 г. у Вільні з’явіліся прадстаўнікі варшаўскіх масонаў Станіслаў Патэк і Вацлаў Макоўскі. Варшаўская ложа „Вызваленне” была створана яшчэ ў 1910 г. (кіраўнік Рафал Радзівіловіч). Яна таксама належала да „Вялікага Усходу Францыі”, але не залежыла ад расійскіх цэнтраў. Прыезд варшаўскіх місіянераў справакаваў крызіс у асяроддзі віленскага масонства. В. Абрамовіч, Б. Крыжаноўскі, Ю. Пілсудскі, З. Нагродскі і С. Будны выйшлі са складу „Лучнасці” і „Літвы” і ўтварылі польскую масонскую ложу, арганізацыйна звязаную з Варшавай. Даследчык Людвік Хайн лічыць, што яна мела назву „Верны літвін” („Wierny Litwin”)31.

Раскол у асяроддзі віленскага масонства верагодна быў звязаны яшчэ і з тым, што вышэйазначаныя „браты” адмовіліся ад аўтанамісцкай канцэпцыі гістарычнай Літвы і сталі прыхільнікамі яе незалежнасці, якая лічылася магчымай толькі ў саюзе з Польшчай. Варшаўскія „вольныя муляры” прытрымлівался незалежніцкай арыентацыі. Менавіта гэтую пазіцыю адстойвала штодзённая віленская газета „Наш край” („Nasz Kraj”), рэдактарам якой быў Бенедыкт Хэрц і якая, паводле М. Ромэра, выдавалася сябрамі ложы „Верны літвін”32. Падчас расійскага наступлення ў Галіцыі аўтары артыкулаў, у прыватнасці, выказвалі занепакоенасць лёсам мясцовай польскай дыяспары, якая, як вядома, пры аўстра-венгерскіх уладах мела выдатныя магчымасці для развіцця ўласнай культуры33.

Пэўную ролю адыграла і тое, што паступова ўзніклі складанасці ў адносінах віленскіх ложаў з масонамі з Масквы і Пецярбурга. На думку З. Соляка, пагаршэнне адносінаў адчувалася ўжо на масонскім канвенце, які адбыўся ў студзені 1913 г. „Вялікі Усход народаў Расіі” павінен быў прапагандаваць ідэю свабоднай федэрацыі ўсіх народаў імперыі. Аднак на самой справе было відавочным імкненне маскоўска-пецярбургскага кіраўніцтва навязаць ложам вялікадзяржаўную пазіцыю34. Магчыма на паводзіны „раскольнікаў” паўплывалі таксама вынікі выбараў у Дзяржаўную думу, якія абярнуліся сапраўдным правалам для краёўцаў — прыхільнікаў аўтаноміі. Дзённікавыя запісы М. Ромэра засведчылі таксама пэўнае расчараванне часткі польскіх краёўцаў вынікамі супрацоўніцтва з дэмакратычнымі элементамі іншых народаў краю. Менавіта пра гэта ішла гаворка на сходзе 11 траўня 1913 г. на кватэры З. Нагродскага. Апроч названых „раскольнікаў” у размове ўдзельнічаў А. Заштаўт, які адзін быў супраць выхаду з віленскіх ложаў35.

На дзейнасць віленскіх масонаў моцны ўплыў аказала першая сусветная вайна. Рост вялікадзяржаўных шавіністычных настрояў адбіўся на пазіцыі кіраўніцтва „Вялікага Усходу народаў Расіі”. „Вольныя муляры” з Вільні выразна адчулі гэта падчас кастрычніцкага (1914 г.) канвента ў Петраградзе. У яго працы ўдзельнічала болей за 30 дэлегатаў з усёй Расіі. Па сваіх палітычных сімпатыях яны належалі да партый і арганізацый, якія прадстаўлялі расійскі палітычны „спектр” у дыяпазоне ад канстытуцыйных дэмакратаў да „трудавікоў”. На канвенце прысутнічалі А. Луцкевіч і М. Ромэр. Разам з прадстаўнікамі Украіны яны ўтварылі пяціасабовую групу, якая пры абмеркаванні адносінаў да вайны адна выказалася за нейтральнае стаўленне да яе і за актывізацыю рэвалюцыйных дзеянняў, нават калі яны прывядуць да ваеннага паражэння і распаду дзяржавы. Большасць прысутных рэзка крытыкавала пазіцыю групы. Падаўляючай большасцю галасоў была прынята рэзалюцыя за перамогу дзяржаваў Антанты. Дэлегаты з’езда таксама не прынялі прапанаванай А. Луцкевічам і М. Ромэрам рэзалюцыі аб прызнанні прынцыпу аўтаноміі Літвы і Беларусі і ўвядзенні яго ў праграму расійскага вызваленчага руху36. Міхал Ромэр пазней адзначыў „выразныя імперыялістычныя настроі сярод рускіх братоў” і „дзяржаўныя амбіцыі ў Расійскім масонстве”37.

Дыскусіі падчас канвента ды іншыя кантакты з расійскіми масонамі выразна паказалі ўсю падманлівасць ранейшых запэўненняў кіраўнікоў „Вялікага Усходу народаў Расіі” ў магчымасць свабоднага (аўтаномнага) развіцця беларуска-літоўскага краю ў выпадку іх прыходу да ўлады. Віленскія масоны пачалі задумвацца пра неабходнасць утварэння ўласнай масонскай арганізацыі, якая б ахоплівала ўсе землі былога Вялікага Княства Літоўскага. Дзеля гэтага трэба было стварыць у Беларусі і Літве сем ложаў.

Актывізавалася арганізацыйная дзейнасць. Нарэшце быў пераадолены крызіс мінулага года. У склад ложаў былі прыняты новыя cябры — Ёнас Вілейшыс, Уладыслаў Асмалоўскі (у 1908 г. ён быў адным з заснавальнікаў беларускага выдавецтва „Наша Хата”38), Феліцыя Барткевічэне-Повіцкайтэ, Андрус Булёта, Казімір Астахевіч39. Малюнкі і запісы (у тым ліку шыфраваныя) у Дзённіку М. Ромэра сведчаць, што ў кастрычніку 1914 г. у Вільні з’явілася яшчэ адна ложа — „Беларусь”40. Да яе належалі А. Луцкевіч, А. Булёта, П. Бугайлішкіс, М. Біржышка, А. Заштаўт і К. Астахевіч. Пасяджэнні „Беларусі” адбываліся разам з „Літвой”.

Яшчэ адна ложа была заснавана на пачатку вайны ў Віцебску. Аднак наўрад ці віленскія масоны мелі непасрэднае дачыненне да гэтага. Паводле інфармацыі расійскага пісьменіка і філосафа Дзмітрыя Галкоўскага, змешчанай на яго сайце ў Інтэрнэце, заснавальнікам ложы быў вядомы дзеяч Партыі народнай свабоды, дэпутат ІІІ Думы Аляксандр Калюбакін. Паводле той самай крыніцы, пры заснаванні ложы ў „брацтва” былі прыняты Рыгор Брук, Аляксей Валковіч, С. Пісарэўскі, В. Бамас і В. Федаровіч. Падчас прыезду ў Віцебск Аляксандра Керанскага (1915 або 1916 г.) у ложу ўступіў Бенямін Гурэвіч. Восьмым сябрам быў Міхал Цэйтлін. Большасць віцебскіх масонаў таксама прадстаўляла мясцовую інтэлігенцыю і прытрымлівалася ліберальна-дэмакратычных поглядаў.

Такім чынам напрыканцы 1914 г. на беларускіх і літоўскіх землях існавала шэсць ложаў. Аднак наўрад ці віцебскія „браты” імкнуліся адарвацца ад цэнтраў расійскага масонства. Гісторыя стварэння ложы ў Віцебску і сувязі мясцовых масонаў (у прыватнасці, візіт А. Керанскага) дазваляюць выказаць меркаванне пра адсутнасць імкнення да самастойнасці. Невядомай застаецца пазіцыя ложы ў Менску. Што датычыць ложы „Верны літвін”, то яна была непарыўна звязана з варшаўскім масонствам і практычна не мела ніякіх адносінаў з іншымі ложамі ў Вільні. Такім чынам, з фармальнага пункту погляду не існавала падставы для арганізацыйнага разрыву віленскіх ложаў з „Вялікім Усходам народаў Расіі”. Тым не менш розніца ў поглядах на будучыню Беларусі і Літвы непазбежна вяла да гэтага. Апошнім актам супрацоўніцтва быў удзел дэлегатаў Вільні (Андруса Булёты і Аляксандра Заштаўта) у масонскім канвенце ў Петраградзе ў траўні 1915 г.41 17 траўня 1915 г. М. Ромэр запісаў у Дзённіку: „На 24 і 25 траўня па старому стылю прызначаны масонскі канвент у Пецярбурзе. У парадку дня канвента і ў прапанаваных праектах рэзалюцый цэнтральныя ўлады Саюза ўяўнілі ўльтракадэцкія тэндэнцыі, падпарадкоўваючы масонскі рух імперыялістычным імкненням расійскага лібералізму. Будзе вострая барацьба. (...) Воду на кадэцкі млын ліць не можам і не хочам. Ад нашых двух віленскіх ложаў — ад „Літвы” і „Белай Русі” — накіроўваем Булёта і Заштаўта. Гэта два тараны радыкалізму для штурму кадэцкіх акопаў. Каго накіруе трэццяя віленская ложа не ведаем”42.

Ваенныя падзеі і іх палітычныя наступствы ўнеслі свае карэктывы ў погляды віленскіх масонаў. У канцы 1914 — пачатку 1915 г. пачаліся першыя сур’ёзныя непаразуменні. Адно з іх набыло характар „літоўска-беларускага канфлікту”. Аўтанамісцкая канцэпцыя дзеячоў літоўскага руху грунтавалася на пастанове Вялікага Сейма (Вільня, 1905 г.). Яны дамагаліся аўтаноміі для этнаграфічнай Літвы са сталіцай у Вільні і з далучэннем да яе г.зв. „прылеглых тэрыторый”. Пад апошнімі звычайна разумеліся землі, населеныя беларусамі-каталікамі (частка Віленскай і Гарадзенскай губ.). Зразумела, што дзеячы беларускага руху не маглі пагадзіцца з гэтай канцэпцыяй. Яны лічылі Вільню сталіцай усяго краю, усёй гістарычнай Літвы. Далучэнне „прылеглых тэрыторый” да аўтаномнай этнаграфічнай Літвы разглядалася імі як літоўская экспансія. Страта гэтых земляў магла прывесці да поўнага заняпаду беларускага руху, бо Усходняя Беларусь адна не мела шансаў супрацьстаяць працэсу русіфікацыі. Зрэшты, прэтэнзіі на каталіцкія беларускія тэрыторыі прад’яўлялі і польскія палітыкі, якія, як заўважыў М. Ромэр, „карыстаючыся з адсутнасці ў беларусаў нацыянальнай свядомасці і атаясамлівання ў народзе паняцця каталіцызму і польскасці, альбо лічаць беларусаў-каталікоў палякамі, альбо вераць у іх хуткую паланізацыю і дзейнічаюць у гэтым накірунку”43. М. Ромэр надаваў велізарнае значэнне беларускаму фактару: „Беларусы з’яўляюцца абавязковым элементам федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Іх упадак разам з перамогай польскай і літоўскай этнаграфічных канцэпцый — гэта смерць ідэі Рэчы Паспалітай, якая павінна абапірацца на прынцыпы свабоды і федэрацыі”44. Аднак нават супольная праца ў масонскіх ложах не паспрыяла дасягненню міжнацыянальнага паразумення адносна будучыні краю.

У траўні 1915 г. М. Ромер пакінуў Вільню. Ён перайшоў лінію фронту, каб далучыцца да легіёнаў Юзафа Пілсудскага. Ягоны ад’езд, а таксама эвакуацыя з горада многіх „братоў”, нанеслі моцны ўдар па дзейнасці віленскіх масонаў. Хаця цалкам яна не перапынілася. Спрабаваў выратаваць сітуацыю Юргіс Шаўлюс. Па яго ініцыятыве рэшткі трох віленскіх ложаў аб’ядналіся ў новую самастойную арганізацыю „Вялікі Усход Літвы” або „Вялікі Усход Літвы і Беларусі”45. Аналіз гістарычнай літаратуры і матэрыялаў Дзённіка М. Ромэра дазваляе сцвярджаць, што сябрамі гэтай ложы хутчэй за ўсё з’яўляліся Ю. Шаўлюс (кіраўнік), Ё. Вілейшыс, К. Астахевіч, У. Асмалоўскі46, браты Луцкевічы, Е. Ром, М. Брамсон ды інш.

Менавіта гэтая ложа адыграла галоўную ролю ў стварэнні Часовай Рады Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага і з’яўленні дакументаў, якія ў пэўным сэнсе можна лічыць „лебядзінай песняй” краёвасці.

19 снежня 1915 г. на беларускай, польскай, літоўскай і яўрэйскай мовах быў апублікаваны Універсал Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Дакумент паведамляў пра стварэнне літоўска-беларуска-польска-яўрэйскай Часовай Рады Канфедэрацыі ВКЛ, якая будзе імкнуцца, каб „Літоўскія і Беларускія землі, якія здаўна прыналежалі да Вялікага Князьства Літоўскага, а цяпер апанаваны Нямецкімі войскамі, станавілі пры новых варунках гісторычных нераздзельнае цела на фундаменці незалежнасьці Літвы і Беларусі, як суцэльнай дзяржавы, засьцерагаючы усім нацыям у яе межах усе правы”. Універсал канчаўся заклікам да „усіх нацый, да усіх станаў, да усіх істнуючых організацый і да усіх грамадзян Краю” далучыцца да Канфедэрацыі47.

У лютым 1916 г. Універсал быў дапоўнены зваротам, у якім канкрэтызавалася мэта Канфедэрацыі. Новая міжнацыянальная арганізацыя заяўляла пра шкоднасць усіх надзеяў на Расію: „Больш чым сталетняе супольнае жыццё нашае з Расеяй найлепей паказала, што гэтае гасударства хоча з намі зрабіць. Праз увесь час супольнага з намі жыцця яно плянава і сістэматычна кіравалася да таго, каб сцерці ўсе адзнакі нашай самачыннасьці”. Канфедэрацыя ВКЛ звязвала свой лёс з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй: „Мы верым, што пасля пабеды срэдне-еўрапэйскіх гасударств быўшыя заходнія правінцыі Расеі, а перш за ўсё землі польскія, літоўска-беларускія і надбальтыцкія павінны будуць адпасьць ад Расеі і стварыць гасударственыя адзінкі ў такой або сякой камбінацыі з срэдне-еўрапэйскімі гасудасртвамі, а пры гэтым былі бы (...) запэўнены варункі самачыннага развіцьця іх сацыяльна-культурнага і палітычнага жыцьця”. Варта адзначыць, што праблема ўзаемаадносінаў Літвы і Польшчы ў дакументах Канфедэрацыі абміналася. Магчыма ініцыятары адраджэння ВКЛ у новай дзяржаўнай форме не лічылі гэтую праблему першачарговай.

Рада Канфедэрацыі сваімі галоўнымі задачамі абвяшчала ўтварэнне на літоўска-беларускіх землях незалежнай дзяржавы з сеймам у Вільні, абраным на падставе ўсеагульных, роўных, прамых і тайных выбараў, і з гарантыяй поўных правоў усім народам краю. Тэрыторыя незалежнай дзяржавы павінна была ўключаць, па меншай меры, Ковенскую і Віленскую губерні, беларускую і літоўскую часткі Гарадзенскай і Сувалкскай, літоўскія часткі Курляндскай і частку Менскай губерні „каторая звязана з Віленскім цэнтрам”. Форму дзяржаўнага ладу і Канстытуцыю „будучай вольнай літоўска-беларускай гасударственнай адзінкі” павінен быў вызначыць і зацвердзіць сейм у Вільні.

У заключэнне зварот заклікаў да сумеснай працы дзеля будучыні Краю: „Кіньма сваркі і звадкі, ад каторых церпіць увесь Край. Падумайма разам ды шчыра аб долі гэтага Краю, бо ж усе мы, апрача жмені прыблуд, сыны нашай зямлі — нашай Літвы і Беларусі”48.

Ізноў трэба адзначыць прыкметную ролю беларускіх палітыкаў у стварэнні Часовай Рады і выданні азначаных дакументаў. Юліяна Вітан-Дубейкаўская менавіта Івана Луцкевіча лічыла галоўным ініцыятарам з’яўлення Універсала і Зварота49. Напрыканцы 1920﷓х г. Антон Луцкевіч прызнаваў, што менавіта беларускія дзеячы „стварылі „Канфедэрацыю Вялікага Князьства Літоўскага”, аб’яднаўшы на грунце ідэі незалежнасці краю лепшых прадстаўнікоў дэмакратыі ўсіх чатырох нацыянальнасцей: беларусаў, літвінаў, жыдоў і палякаў”50.

Аднак досыць хутка пасля гэтага Часовая Рада распалася, а ложа „заснула”. Галоўнай прычынай былі этнічныя супярэчнасці, якія яшчэ больш абвастрыліся ва ўмовах германскай акупацыі. Гісторык з Таронта Зянобіуш Панарскі звярнуў увагу на інфармацыю яўрэйскага палітыка Цэмаха Шабада пра адмову яўрэйскіх дзеячаў падпісаць лютаўскі (1916 г.) Зварот Рады па прычыне ягоных „сепаратысцкіх тэндэнцый”51. Г. Візнэр паведаміў пра праект Найвышэйшага Літоўскага Камітэта, які быў прыняты 6 студзеня 1916 г. і прадугледжваў адраджэнне ВКЛ як літоўска-латышскай дзяржавы з магчымым далучэннем Беларусі52. Гэты праект, безумоўна, складаў канкурэнцыю Канфедэрацыі ВКЛ. Таксама трэба адзначыць утварэнне напрыканцы 1915 г. у Вільні Польскага Камітэта, у якім былі прадстаўлены амаль усе накірункі польскага руху ў гістарычнай Літве. Палітычная праграма гэтага Камітэта пачаткова грунтавалася на ідэі федэрацыі Літвы і Польшчы.

З. Панарскі лічыць, што шматэтнічная грамадскасць Віленшчыны была проста не падрыхтаваная да ідэі адраджэння ВКЛ у форме Канфедэрацыі. „Палякі, — сцвярджаў даследчык, — глядзелі ў накірунку Варшавы, з якой імкнуліся звязаць свой лёс у форме аўтаноміі або федэрацыі. (...) Літоўцы толькі на пачатку былі прыхільны гэтай ідэі. Пазней, апасаючыся польскага дамінавання, зрабілі стаўку на Берлін, з якім спадзяваліся звязаць лёс этнаграфічнай Літвы са сталіцай у Вільні. Яўрэі не былі падрыхтаваны да суіснавання з народамі гістарычнай Літвы. Яны паглядвалі на Маскву. Расійскі рынак маніў іх. Толькі беларусы спадзяваліся на ўтварэнне адзінай дзяржавы з літоўцамі, якія паступова аддаляліся ад іх”53. Беларусы сапраўды вельмі доўга захоўвалі прыхільнасць да канцэпцыі дзяржаўнасці на землях гістарычнай Літвы. Ю. Вітан-Дубейкаўская згадвала, што яшчэ летам 1916 г. І. Луцкевіч менавіта на гэтую тэму спрабаваў весці перамовы з дзеячамі розных рухаў54.

У заключэнне трэба адзначыць, што масонскія ложы на беларускіх і літоўскіх землях у 1910-1916 гг. адыгрывалі прыкметную ролю ў нацыянальна-культурных і грамадска-палітычных працэсах. Найбольш эфектыўнай можна лічыць дзейнасць віленскіх ложаў „Лучнасці”, „Літвы” і „Беларусі”, якія, фактычна, замянялі міжнацыянальную краёвую партыю ліберальна-дэмакратычнага накірунку. Стварэнне падобнай легальнай партыі не было даведзена да канца магчыма якраз таму, што пэўную каардынацыю ліберальна-дэмакратычных і краёвых элементаў асобных нацыянальных рухаў забяспечвалі масонскія ложы.

У ідэалогіі віленскіх масонаў традыцыйны масонскі гуманізм, пра які пісаў у сваім Дзённіку М. Ромэр, існаваў у форме краёвасці ліберальна-дэмакратычнага накірунку. Няма сумненняў, што апошні накірунак дамінаваў таксама ў ідэалогіі ложаў у Менску і Віцебску. Сябры масонскіх арганізацый пашыралі сярод грамадства ўсведамленне каштоўнасці ідэалаў дэмакратыі. Яны таксама прапагандавалі ідэі этнічнай талеранцыі і супрацьстаялі праявам шавінізму ў палітычным і культурным жыцці.

Звяртае на сябе ўвагу актыўны ўдзел у дзейнасці масонскіх ложаў беларускіх палітыкаў. Браты Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі належалі да кола кіраўнікоў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Іх „масонская праца” дазваляе ўзняць праблему ролі краёвай ідэалогіі ў выпрацоўцы беларускай нацыянальнай ідэі ў міжрэвалюцыйны перыяд 1907-1917 гг. Відавочна, што гэтая ідэалогія актыўна выкарыстоўвалася беларусамі ў мэтах пашырэння сацыяльнай базы беларускага руху. Дзейнасць у масонскіх ложах спрыяла прапагандзе краёвасці.

Знойдзеныя матэрыялы дазваляюць казаць пра пэўную адасобленасць ложаў. Асабліва гэта датычыць віцебскіх масонаў і віленскай польскай ложы „Верны літвін”. Тым не менш развіццё падзей непазбежна вяло да ўтварэння на беларускіх і літоўскіх землях адзінай масонскай арганізацыі, непасрэдна падпарадкаванай „Вялікаму Усходу Францыі”. Аднак ваенныя дзеянні першай сусветнай вайны, якія суправаджаліся ростам міжнацыянальнай напружанасці на тэрыторыі гістарычнай Літвы перашкодзілі завяршэнню гэтага працэсу. Між тым падобная арганізацыя з улікам сувязей з заходнееўрапейскім масонствам магла адыграць не апошнюю ролю ў барацьбе за захаванне тэрытарыяльнага адзінства Беларуска-Літоўскага краю і яго ператварэнне ў рэальны суб’ект міжнародных адносінаў напрыканцы і пасля завяршэння сусветнай вайны.


1 А. Смалянчук, З гісторыі віленскага масонства ХХ ст., „Спадчына” 1998, № 5.

2 А. Смалянчук, „Дзённік” Міхала Ромэра як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст., „Беларускі гістарычны агляд”, чэрвень 1998, том 5, сшытак 1 (8).

3 А. Смалянчук, Беларускі нацыянальны рух і краёвая ідэя, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 2000, nr 14.

4 На жаль, аўтар артыкула не выкарыстаў новыя даныя і абмінуў удзел вядомых беларускіх палітыкаў у масонскіх арганізацыях пачатку ХХ ст. (М. Рыбко, Масонства, [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, Мінск 1999, с. 91-93).

5 М. Сташкевіч, Гістарычны выбар на пачатку ХХ ст., [у:] Беларусь на мяжы тысячагоддзяў, пад рэд. А. П. Вайтовіча ды інш., Мінск 2000, с. 106.

6 А. Аврех, Масоны и революция, Москва 1990, с. 184.

7 L. Hass, Rosyjskie wolnomularstwo lat 1906-1918. (Fragment z dziejów liberalizma w Rosji), [w:] Studia z dziejów ZSSR i Środkowej Europy, 1971, VII, s.152

8 L. Hass, Masoneria Polska XX w. Losy, loże, ludzei, Warszawa 1993, s. 222.

9 Там жа, s. 271.

10 Dział rękopisów Biblioteki Narodowej (dalej: BN), Akc. 11258, Z. Kodis-Freyerowa, Wspomnienia, s. 20-21.

11 Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы (далей: АP ЦБАНЛ), Дзённік Міхала Ромэра, т. 2, с. 35. Запіс ад 20.09 (3.10).1911 г.

12 Dział rękopisów BN, rkps. 6792a, J.Osmołowski, Wspomnienia z lat 1914-1921, s. 13.

13 М. Сташкевіч, Гістарычны..., c. 106-107.

14 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 403. Запіс ад 3 (16). 03.1915 г.

15 Там жа, т. 1, с. 66. Запіс ад 7 (20) 03.1911 г.

16 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 403. Запіс ад 3 (16).03.1915 г. (пераклад з польскай мовы А. Смаленчука).

17 Там жа, т. 2, с. 252. Запіс ад 24.04 (7.05).1912 г.

18 Там жа, т. 2, с. 89. Запіс ад 13 (26).11.1911 г.

19 L. Hass, Rosyjskie ..., s. 166.

20 Польскі даследчык Збігнеў Соляк лічыў І. Краскоўскага прадстаўніком рускай грамадскасці (Z. Solak, Michał Römer i masoneria wileńska (1911-1915), [w:] Letuvių atgimimo istorijos studijos, 1996, t. 13, s. 36). Да рускіх адносіў І Краскоўскага ў 1911 г. і М. Ромэр (Дзённік Міхала Ромэра, т. 2, с. 82. Запіс ад 6 (19).11.1911 г.). Цалкам верагодна, што І. Краскоўскі ў гэты час належаў да той катэгорыі дзеячаў нацыянальна-культурнага памежжа, якія яшчэ вагаліся ў выбары ўласнай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

21 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 404. Запіс ад 4 (17).03.1915 г.

22 Гэта была адзіная жанчына ў віленскіх ложах.

23 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 404. Запіс ад 4 (17).03.1915 г.

24 L. Hass, Masoneria..., s. 293.

25 Там жа, s. 303.

26 Аўтабіяграфія Браніслава Адамавіча Тарашкевіча, „Спадчына” 1996, № 4, c. 116.

27 П. Мядзёлка, Сцежкамі жыцця, „Полымя”, 1993, № 2, с. 187.

28 М. Сташкевіч, Гістарычны..., c. 107.

29 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 404. Запіс ад 4 (17).03.1915 г.

30 Z. Solak, Michał Römer..., s. 39.

31 L. Chajn, Polskie wolnomularstwo 1920-1938, Warszawa 1984, s. 105.

32 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 28, с. 138. Запіс ад 17.11. 1920 г.

33 J. Sawicki, „Przegląd Wileński” w latach 1911-1915 (część I), „Zapiski Historyczne”, t. LIX, rok 1994, zeszyt 4, s. 52-53.

34 Z. Solak, Michał Römer..., s. 40.

35 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 3, с. 136. Запіс ад 13 (26).05.1913 г.

36 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 300. Запіс ад 20.11 (3.12).1914 г.; там жа, с. 301. Запіс ад 21.11 (4.12).1914 г.

37 Там жа, т. 4, с. 404. Запіс ад 4 (17).03.1915 г.

38 Беларускі Дзяржаўны Архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей: БДАМЛіМ), ф. 3, воп. 1, адз. зах. 100, арк. 32.

39 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 4, с. 404. Запіс ад 4 (17).03.1915 г.

40 Там жа, т. 4, с. 257. Запіс ад 8 (21).10.1914 г.; там жа, с. 259. Запіс ад 10 (23).10.1914 г.

41 Z. Solak, Michał Römer..., s. 42.

42 АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 6, с. 26. Запіс ад 17 (30).05.1915 г.

43 Там жа, т. 4, с. 299. Запіс ад 19. 11 (2.12).1914 г.

44 Там жа, т. 4, с. 300. Запіс ад 20.11 (3.12).1914 г.

45 J. Sawicki, Z dziejów „Wielkiego Wschodu Litwy”, „Przegląd Wschodni”, t. IV, z. 2 (14), s. 444.

46 У. Асмалоўскі быў захавальнікам масонскіх архіваў. Як засведчыў М. Ромэр, перад ад’ездам у Расію У. Асмалоўскі схаваў гэтыя архівы ў Вільні (АP ЦБАНЛ, Дзённік Міхала Ромэра, т. 27, с. 135. Запіс ад 28.07.1920 г.). Лёс архіваў невядомы.

47 Літоўскі Дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 1135, воп. 24, адз. зах. 7, арк. 153.

48 „Літаратура і мастацтва”, 23.11.1990. Публікацыя дакумента падрыхтаваная А.Сідарэвічам.

49 Ю.Вітан-Дубейкаўская, Мае ўспаміны, Вільня 1994, с. 45.

50 А. Луцкевіч, За дваццаць пяць гадоў (1903-1928). Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацый: Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялістычная Грамада, Мінск 1991, с. 46.

51 Z. Ponarski, Konfederacja Wielkiego Księstwa Litewskiego 1915-1916, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1998, nr 10, s. 65.

52 H. Wisner, Wojna nie wojna: Szkice z przeszłości polsko-litewskiej, Warszawa 1978, s. 89.

53 Z. Ponarski, Konfederacja..., s. 65.

54 Ю. Вітан-Дубейкаўская, Мае ўспаміны, c. 66.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія