|
Старажытныя хрысціянскія святыні ў кантэксце духоўнай культуры Палесся ХХ ст.
Аляксандр Башкоў
(Мінск)
На сучасным этапе развіцця беларускага грамадства хрысціянскія каштоўнасці ўсё больш набываюць ролю індыкатара чалавечых узаемаадносін. Менавіта сёння, як ніколі, неабходна звярнуцца дзеля адраджэння ўнутранага хараства чалавека, яго ідэйнага і валявога патэнцыялу да духоўнай спадчыны нашай Бацькаўшчыны. Гэта дасць магчымасць сучасным беларусам усвядоміць неабходнасць згуртавання вакол стрыжня нацыянальнай ідэі, падмацаванай хрысціянскім светапоглядам і мараллю. У той жа час усведамленне культурнага і духоўнага патэнцыялу нацыі неабходна ўзвесці ў якасць маральнага цяжару, за які кожны беларус павінен адначасова адчуваць як гонар, так і адказнасць. Гэта дазволіць узняць вартасць індывідуума не толькі на мікраўзроўні, але і адчуць кожнаму беларусу, што ён з’яўляецца структурнай адзінкай высокаінтэлектуальнага і здаровага сацыяльнага арганізма.
Немалаважную ролю ў гэтым, як раней, так і цяпер, адыгрывае хрысціянская царква. Менавіта яна павінна ўзяць адказнасць на сённяшні дзень за духоўнае ўзбагачэнне сваіх вернікаў і не заставацца ў баку ад працэсу адукацыі насельніцтва. Тут, канешне, адыгрывае ролю зацікаўленасць канфесійных устаноў у спецыфіцы трактавання пэўных гістарычных і сацыяльных фактаў і асаблівасцяў падрыхтоўкі службовых кадраў, якія непасрэдна будуць несці інфармацыю людзям. Але ўсе гэтыя фактары залежаць ад шэрагу аб’ектыўных прычын, якія маюць месца ў той ці іншы перыяд гісторыі. Вечнымі і непарушнымі аднак з’яўляюцца вера і тыя святыні, якія ўвасабляюць сабой яе сімвалы. Яны, з’яўляючыся матэрыяльным люстэркам чалавечай культуры, адначасова выконваюць ролю неспусташальнай крыніцы хрысціянскай надзеі, веры і любові.
Цікавасць да хрысціянскіх святыняў і іх гісторыі, у прыватнасці, на Палессі, мела месца ў навуковых колах ужо з канца ХІХ ст. Шматлікую інфармацыю аб духоўным жыцці Палесся са старажытных часоў мы знаходзім у А. Кіркора на старонках яго Живописной России1. Увагу на рэшткі мураванага храма ў Пінску падчас будаўнічых работ напрыканцы ХІХ ст. звярнуў А. К. Мілавідаў2. Гэты ж даследчык не абмінуў і цікавейшую інфармацыю аб нібыта значна ранейшым пасяленні жыдоў рыма-каталіцкага веравызнання каля Пінска3. Не засталося без увагі вядомага даследчыка Д. І. Даўгялы і наступная святыня Палескага краю — Пінскі Ляшчынскі манастыр4.
Вывучэнне хрысціянскіх старажытнасцяў Палесся шырока разгарнулася ў пасляваенныя часы ў сувязі з пашырэннем археалагічнага даследавання гэтага рэгіёна. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі вядомыя савецкія археолагі. Падчас вывучэння на пачатку 60-х гг. старажытнага Турава М. Д. Полубаярынавай былі знойдзены адны з першых прадметаў хрысціянскага культу часоў Тураўскага княства5. Грунтоўную працу па вывучэнні Тураўскага храма правёў М. К. Каргер6. Пачатак вывучэнню праблемы існавання Пінскага сярэднявечнага храма паклала ў сваёй рабоце, прысвечанай паліўной кераміцы, Т. В. Раўдзіна7. Больш аб’ёмная і плённая праца ў гэтым накірунку была праведзена ўжо сённяшнімі беларускімі даследчыкамі. У прыватнасці, даследванні І. У. Ганецкай даюць грунтоўныя падставы сцвярджаць наяўнасць на тэрыторыі старажытнага Пінска сярэднявечнага мураванага храма, што падцвярджае вышэй згаданыя звесткі А. К. Мілавідава8.
Неацэнную ролю ў вывучэнні старажытнасцяў беларускага Палесся адыгрывае дзейнасць вядомага беларускага археолага Пятра Фёдаравіча Лысенкі. Асноўныя вынікі яго плённай працы зафіксаваны ў шэрагу навуковых выданняў9. Не выйшлі з-пад увагі даследчыка і асобныя прадметы хрысціянскага культу, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак і якія з’яўляліся ў свой час не толькі знешнімі атрыбутамі верніка, але і паказальнікам успрыняцця іх носьбітамі хрысціянскага веравызнання на ўзроўні светапогляду. Гісторыкам быў праведзены сістэмны ўвод у навуковы абарот свінцовых іконак з Турава10, каменнай іконкі з Пінска з выявай Хрыста Эммануіла11, булы Кіеўскага мітрапаліта з Турава12.
Аднак неапраўдана адхіленай у цень і пазбаўленай належнай увагі застаецца на сённяшні дзень гісторыя вядомай Палескай святыні — цудадзейнага вобраза Купяціцкай Божай Маці.
Спрадвеку людзям быў неабходны прадмет, які мог стаць для іх аб’ектам канцэнтрацыі іх духоўных перажыванняў і памкненняў. Адным з такіх аб’ектаў для хрысціян стаў крыж у шматлікіх яго знешніх варыяцыях. Не пакідаліся ў баку ад шанавання і іншыя катэгорыі прадметаў хрысціянскага культу, нясучыя на сабе выявы аб’ектаў пакланення. Духоўная энергетыка, глыбокая канцэнтрацыя на ўнутрыдушэўных перажываннях, адчуванне патаемнай сутнасці веры і вызначаных вобразаў дазваляла вернікам надзяляць асобныя рэчы магічнымі здольнасцямі. Так з’яўляліся цудадзейныя іконы.
Гістарычным парадоксам у дадзеным выпадку і з’яўляецца вобраз Купяціцкай Божай Маці. Ён увабраў у сябе ўсе крытэрыі цудадзейнай іконы, з’яўляючыся на самай справе крыжом-энкалпіёнам.
Гісторыя гэтай Палескай святыні прыцягнула ўвагу даследчыкаў яшчэ ў канцы ХІХ ст. Н. І. Пятроў прысвяціў цудадзейнаму крыжу з в. Купяцічы Пінскага пав. свой даклад на ІХ археалагічным з’ездзе ў Вільні ў 1893 г.13 Пасля гэтага гісторыя вывучэння дадзенай святыні прыпынілася на доўгія гады. Толькі сёння робяцца спробы больш грунтоўна разгледзець Купяціцкі крыж у кантэксце агульнагістарычных падзей і сучасных метадалагічных распрацовак. У прыватнасці, да гэтай праблемы звярнуўся вядомы даследчык старажытнай дэкаратыўнай пластыкі В. Г. Пуцко. На сённяшні дзень рыхтуецца да выдання яго матэрыял, прысвечаны гэтай тэматыцы.
Нагадаем гісторыю Купяціцкага крыжа. Казанне аб гэтай святыні выклаў іераманах Кіева-Пячэрскай лаўры Афанасій Кальнафойскі ў сваёй кнізе Тэратургіма, якая была надрукавана на польскай мове ў Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1638 г., на падставе нататак ігумена Купяціцкага манастыра а. Іларыёна Дзянісавіча14. Легенда распавядае аб маленькай дзяўчынцы Ганне, якая знайшла, пад час выпасу быдла цудадзейны крыж, і ўсе яе намаганні схаваць яго ў сябе дома былі дарэмнымі — крыж зноў з’яўляўся на ранейшым месцы. Гэта дало падставу для будовы царквы, дзе крыж заняў ганаровае месца і набыў славу цудадзейнага. Падчас нашэсця мангола-татар царква згарэла і крыж быў страчаны, верагодна, да пачатку XVI ст., калі ён з’явіўся вандроўніку Іакіму. Гэта паспрыяла аднаўленню царквы. Але пасля неразважліва прынятага рашэння аб пахаванні ў царкве князёўны-грэшніцы цудадзействы крыжа спыніліся. Аднавіліся яны толькі тады, калі ў 20-я г. XVII ст. пры царкве пасяліліся манахі, якія ў 1629 г. заснавалі манастыр. Аднак пад уціскам уніятаў і каталікоў манахі ў другой палове XVII ст. перабраліся ў Кіева-Пячэрскую лаўру і забралі цудадзейны крыж15. Месца сваё ён знайшоў у Сафійскім саборы, але ўжо ў першыя паслярэвалюцыйныя гады яго след згубіўся.
Зыходзячы з аналізу выявы крыжа, пададзенага ў кнізе С. Снесарова16, ён належыць да распаўсюджанага, асабліва ў ХІІ ст., тыпу рэльефных крыжоў-энкалпіёнаў, вывучэннем якіх займаліся ў розныя часы Г. Ф. Карзухіна17, В. Н. Зоцэнка18, Э. Грудэк19 і інш. Аналагічнага тыпу энкалпіёны на Беларусі знойдзены ў Гародні20, Магілёве21, былой Віцебскай губерні22. У выніку аналізу агульнага картаграфавання прадметаў хрысціянскага культу ХІ-ХІV стст., які праводзіцца ў рамках падрыхтоўкі кандыдацкай дысертацыі аўтара, звернем увагу на тое, што рэгіён прыпяцкага Палесся адрозніваецца, у параўнанні з іншымі раёнамі Беларусі, найменьшай колькасцю падобных рэчаў. Звязана гэта, магчыма, са спецыфікай матэрыяльнай культуры старажытных хрысціян на палескіх землях і аддаленасці рэгіёна ад асноўных гандлёвых і паломніцкіх шляхоў, па якіх прадметы хрысціянскага культу вандравалі і распаўсюджваліся сваімі носьбітамі. Менавіта рэдкасць гэткіх рэчаў на Пінскай зямлі і садзейнічала набыццю Купяціцкім крыжом такой значнасці і вядомасці.
Такім чынам, гісторыя адной са знакамітых святыняў Палесся прымушае нас сёння з большай адказнасцю звяртацца да захавання бацькоўскай спадчыны, спрыяць павелічэнню важкасці беларускіх святыняў, узводзячы іх у ранг сімвалаў нацыянальнага гонару і яднання. Будзем спадзявацца, што і Купяціцікі крыж у хуткім часе зойме сярод іх належнае месца.
1 А. Киркор, Живописная Россия, т. 3, Санкт-Петербург 1882.
2 А. К. Миловидов, Церковно-археологические памятники города Пинска, Москва 1898.
3 А. К. Миловидов, Историческая легенда пинчуков „о начале веры католической в Пинском крае”, Санкт-Петербург 1909.
4 Д. И. Довгялло, Пинский Лещинский монастырь в 1588 г., Минск 1909.
5 Архіў Інстытута Гісторыі НАН Беларусі. Спр. 115. Отчет о раскопках 1961 г. в Турове.
6 М. К. Каргер, Новый памятник зодчества ХІІ в. в Турове, [в:] Краткие сообщения Института археологии (далей: КСИА) 1965, Москва 1966.
7 Т. В. Равдина, Поливные керамические плитки из Пинска, [в:] КСИА, вып. 96, Москва 1963, с. 110-112.
8 І. У. Ганецкая, Маёліка на Беларусі ХІ-XVII стст., Минск 1995.
9 П. Ф. Лысенко, Города Туровской земли, Минск 1974; Берестье, Минск 1985; Древний Пинск ІХ-ХІІІ вв., Минск 1997; Туровская земля ІХ-ХІІІ вв., Минск 1999.
10 П. Ф. Лысенко, Свинцовые иконки из древнего Турова, „Cоветская археология” (далей: СА) № 1, 1967, с. 281-284.
11 П. Ф. Лысенко, Каменная иконка из Пинска, СА № 3, 1972, с. 295-297.
12 П. Ф. Лысенко, Булла Киевского митрополита Кирилла из раскопок в Турове, „Российская археология”, № 4, 1999, с. 207-210.
13 Н. И. Петров, Купятицкая икона Богородицы в связи с древнерусскими энколпионами, [в:] Труды ІХ Археологического съезда в Вильне 1893 г., т. 2, Москва 1897, с. 71-78.
14 Там жа, с. 71.
15 Там жа, с. 77-78.
16 С. Снессарев, Земная жизнь Пресвятой Богородицы и описание святых чудотворных ее икон, изд. 2-е, Санкт-Петербург 1998, с. 542.
17 Г. Ф. Корзухина, О памятниках „корсунского дела” на Руси, „Византийский временник” XIV, 1958, с. 129-137.
18 В. Н. Зоценко, Об одном типе древнерусских энколпионов, [в:] Древности Среднего Поднепровья. Сборник научных трудов, Киев 1981, с. 113-124.
19 E. Grudek-Kciuk, Enkolpiony znalezione na terenie Polski. Próba klasyfikacji i datowanie materiałów, „Przegląd Archeologiczny” 1989, t. 36, s. 97-134.
20 Z. Durczewski, Stary zamek w Grodnie w świetle wykopalisk dokonanych w latach 1937-1938, Grodno 1939, s. 8.
21 Л. В. Алексеев, Мелкое художественное литье из некоторых западнорусских земель, СА № 3, 1974, c. 208.
22 Белорусские древности изданные А. М. Сементовским, вып.1, Санкт-Петербург 1890, с. 129.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|