БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 17

Уплыў Інфлянцкай вайны 1558-1570 гг. на кшталтаванне ўнутранай палітыкі 
Вялікага Княства Літоўскага

Андрэй Янушкевіч
(Мінск)

Праблема развіцця палітычных працэсаў у Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст. заўсёды прыцягвала вялікую ўвагу навукоўцаў1. Падзеі, якія адбыліся ў гэты час (перадусім удзел у Інфлянцкай вайне і заключэнне Люблінскай уніі ў 1569 г.), мелі вялікае значэнне для далейшага лёсу народаў Рэчы Паспалітай. Аднак, нягледзячы на ўважлівае стаўленне з боку даследчыкаў да праблематыкі палітычнай гісторыі ВКЛ, мінуўшчына пакінула шмат нявысветленых пытанняў і спрэчных момантаў, якія патрабуюць сваёй новай інтэрпрэтацыі. Характар развіцця сучасных гістарычных даследаванняў вымушае да пастаяннага перагляду, здавалася б, даўно вырашаных пытанняў, каб пры новым прачытанні крыніц пастарацца адкрыць новую інфармацыю і ўбачыць не заўважаныя раней бакі гістарычнай рэальнасці.

Разгортванне маскоўцамі на пачатку 1558 г. ваенных дзеянняў супраць Інфлянтаў прымушала Княства неадкладна рэагаваць на падзеі ў суседняй краіне, маючы там непасрэдныя інтарэсы стратэгічнага і гаспадарчага кшталту. Уступленне ВКЛ восенню 1559 г. у інфлянцкі канфлікт праз заключэнне з Інфлянцкай дзяржавай Віленскай дамовы азнаменавала сабою радыкальныя змены ў напружаных, але ўсё ж такі да гэтых пор мірных стасунках з Маскоўскай дзяржавай, а таксама пераход адміністрацыі і гаспадаркі дзяржавы на становішча сталага напружвання ўласных рэсурсаў для патрэбаў вайны.

ВКЛ уступала ў інфлянцкі канфлікт без належнай падрыхтоўкі да вядзення шырокамаштабнай вайны. Падобнае становішча шмат у чым абумовіла палітыку Літвы: імкнучыся цвёрда падпарадкаваць свайму ўплыву Інфлянты, ВКЛ адначасова жадала захаваць мірныя адносіны з Масквой. Пры відавочных поспехах літоўскай палітыкі ў Інфлянтах псаваць іх не было патрэбы. Аднак хутка надышло разуменне, што ў кожнага з бакоў інтарэсы ў Інфлянтах занадта сур’ёзныя, каб можна было імі ахвяраваць дзеля міру нават на кампрамісных пачатках. Паступовае абвастрэнне стасункаў неабарачальна прыбліжала вайну.

У гэтых варунках кіраўніцтва ВКЛ турбаваў перш за ўсё збор неабходных фінансавых і вайскова-матэрыяльных сродкаў для эфектыўнай барацьбы з непрыяцелем і ўмацавання ў Інфлянтах. Важным таксама было даведацца, як паставіцца грамадства да ўмяшальніцтва ВКЛ у інфлянцкі канфлікт. Літоўскі сейм цалкам падтрымаў ініцыятыву ўрада, пагадзіўшыся на збор новых земскіх падаткаў. Энтузіязм шляхты быў выкліканы перадусім магчымасцямі набыцця новых зямельных уладанняў у Інфлянтах2. На сейме таксама была выказана яе згода на ўдзел у ваенных выправах дзеля абароны Інфлянтаў. Такім чынам, шляхта прыхільна сустрэла ініцыятывы кіраўніцтва ВКЛ.

Аднак, адначасова імкнучыся знайсці апірышча ў інфлянцкіх вышэйшых станах, у заключанай у лістападзе 1561 г. дамове з Інфлянтамі аб іх пераходзе пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста (Pacta Subiectionis) інфлянтцам была гарантавана недатыкальнасць зямельнай маёмасці і заняцце кіраўнічых пасадаў толькі тутэйшымі жыхарамі нямецкага паходжання3.

Наданне гэтак шырокай аўтаноміі (фактычна Інфлянты сталі „дзяржавай у дзяржаве”) ахалодзіла запал літоўскай шляхты. Згубіўшы магчымасць рэалізаваць свае каланізацыйныя памкненні, Інфлянцкая вайна зрабілася для яе чужой і бессэнсоўнай. Падобныя настроі выразна праявіліся на Віленскім сейме ў 1563 г., на якім яго ўдзельнікі прасілі гаспадара, каб ухваленыя падаткі ішлі на абарону ўласна ўсходняй мяжы ВКЛ, а не Інфлянтаў, на што гаспадар не пагадзіўся4.

Аднак у хуткім часе кіраўніцтва ВКЛ вырашыла змяніць прававое становішча Інфлянтаў. У сярэдзіне 1566 г. уся вайскова-адміністрацыйная ўлада (з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі) на тэрыторыі Інфлянтаў была аддадзена, прызначанаму спецыяльным прывілеем інфлянцкім адміністратарам і гетманам, жамойцкаму старасце Яну Хадкевічу5. А ўжо на Віленскім сейме ў снежні 1566 г. Інфлянты канчаткова былі падпарадкаваны ВКЛ. Прывілеі інфлянцкіх феадалаў былі пацверджаны з агаворкай, што ў будучыні яны могуць быць зменены6. Кіраўніцтвам ВКЛ зноў была дадзена магчымасць набыцця зямельных маёнткаў у прыяднаным краі для літоўскай шляхты7.

Неаднаразовае скліканне паспалітага рушання на пачатку 60-х гг. XVI ст. выклікала нараканні з боку шляхты на цяжкасці вайсковай службы. У верасні 1562 г. яна вылучыла просьбу аб распушчэнні паспалітага рушання з-за недахопу харчавання. Адначасова ў вайсковым лагеры нарадзілася прапанова аб скліканні агульнага з палякамі сейма для вырашэння пытанняў абароны краю і далейшага лёсу уніі ВКЛ з Польскай Каронай. Гэтая ініцыятыва шляхты лічыцца яе першым свядомым выступам на карысць шчыльнейшай уніі з Польшчай8. На нашу думку, аднак, гэтыя падзеі былі хутчэй вынікам палітычнай дзейнасці Яна Хадкевіча, які выкарыстаў агул шляхты, сабранай у паспалітым рушанні, для рэалізацыі сваіх палітычных планаў9.

Узяцце маскоўскім войскам у лютым 1563 г. Полацка карэнным чынам змяніла не толькі ваенна-стратэгічнае становішча ВКЛ, але і значна паўплывала на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне. Звычайна сярод даследчыкаў акцэнтуецца ўвага на канчатковым усведамленні кіраўніцтвам ВКЛ неабходнасці эфектыўнай дапамогі з боку Польшчы10. Але захоп Полацка спрычыніўся таксама да паглыблення своеасаблівага расколу палітычнай прасторы ВКЛ. І так далёкія ад цэнтра краіны ўсходнія землі ВКЛ з-за гэтай ваеннай няўдачы зрабіліся яшчэ больш адчужанымі. Паўстала надзённая патрэба ў кансалідацыі грамадства ВКЛ на больш трывалым падмурку, чым раней.

Гэта вынікала зусім не з-за боязі адыходу беларускага насельніцтва пад маскоўскую ўладу (якое, па неаргументаваных сцвярджэннях савецкай беларускай гістарыяграфіі, мела шчырую прыхільнасць „уз’яднацца” з Масквой11), а па прычыне неабходнасці забяспечыць сабе цвёрдую падтрымку насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў ВКЛ (дзе ў большасці пражывалі праваслаўныя) перад небяспекай новых маскоўскіх удараў. У варунках немагчымасці аказаць належную абарону памежных земляў з дапамогай дзяржаўных структураў гэта з’яўлялася неадкладнай задачай. Пры падобным становішчы можна было спадзявацца толькі на ўласнае жаданне мясцовага жыхарства змагацца супраць непрыяцеля.

У гэтых абставінах выдадзены на Віленскім сейме 1563 г. прывілей аб ураўнаважванні ў палітычных правах хрысціян-шляхцічаў усіх канфесій выглядае як акт кансалідацыі шляхецкага грамадства на саслоўнай (станавай) аснове, без увагі на канфесійныя адрозненні паміж прадстаўнікамі шляхецкага стану. Яго паяўленне было выклікана ў першую чаргу сур’ёзнымі знешнепалітычнымі ўскладненнямі. Той факт, што гэты прывілей быў выдадзены на сейме, які займаўся амаль што выключна пытаннямі абароны краіны ад ворага, толькі пацвярджае гэтае меркаванне.

Прывілей надаваўся за „зацные заслуги” шляхецкага грамадства, за тое, што і каталіцкая, і праваслаўная шляхта „верность и сталость свою ку службам (...) завжды оказывали”12. Нівеляцыя канфесійных адрозненняў у праўна-палітычнай сферы павінна была паспрыяць умацаванню салідарнасці шляхецкага стану, на якім ляжаў абавязак абароны краіны, і трываласці сацыяльных асноў дзяржавы, якая перажывала цяжкія ваенныя часіны. Той факт, што гаспадар наважыўся на выданне такога прывілею, сведчыць пра саспеласць шляхты як сацыяльнай структуры і магчымасць абаперціся на яе, не азіраючыся на ўнутраныя канфесійныя адрозненні. Наданне прывілею 1563 г. запачаткавала шэраг рэформаў дзяржаўнага ладу і судова-адміністрацыйнай сістэмы, праведзеных у ВКЛ у сярэдзіне 60-х гг. XVI ст., якія мелі на мэце стварэнне рэальнага шляхецка-дэмакратычнага ладу.

У гістарычных даследаваннях часта сустракаецца меркаванне, што гэтыя захады ўлады, ініцыяваныя перадусім Жыгімонтам Аўгустам, былі выкліканы яго далёкасяжнай палітыкай па рэалізацыі новай уніі Польшчы і Літвы13. Аднак мы не згодны з такім трактаваннем тагачаснага палітычнага працэсу і не схільны злучаць у адно працэс рэфармавання дзяржаўных інстытутаў і заканадаўства з унійнай палітыкай гаспадара. Сітуацыя выглядае, на наш погляд, больш складанай і неадназначнай.

Разуменне, што без вонкавай дапамогі Княства не здолее дзейсна змагацца з Масквою, прывяло ў 1563-1564 гг. да першага раўнду перамоваў, прысвечаных перагляду ранейшых дачыненняў ВКЛ з Польшчай. Ліцьвіны пайшлі на іх пад ціскам знешніх абставін, спадзяючыся атрымаць фінансавую і вайсковую дапамогу з Польшчы для ваенна-абарончых мэтаў. Было цалкам прадказальным і лагічным, што ў выпадку паляпшэння становішча ВКЛ у вайне яго кіраўніцтва пастараецца згарнуць перамовы, што і адбылося пасля атрымання паведамлення пра перамогу літоўскага войска пад Вулай у студзені 1564 г. У 1565 г., пасля атрымання згоды польскага сейма на грашовыя субсідыі, Жыгімонт Аўгуст планаваў нанесці па Маскве вырашальны ўдар у выпадку іх наступу на ВКЛ. Відаць па ўсім, у сувязі з гэтым Жыгімонт Аўгуст сам адышоў у гэты час ад планаў па рэалізацыі уніі, якія да таго ж наткнуліся на ўпартае супраціўленне з боку радных паноў у ВКЛ14.

Аднак гэтым надзеям — на рэванш у змаганні з Масквою — не было наканавана спраўдзіцца. Выправа пад Полацк восенню 1564 г. скончылася поўнай няўдачай15. Набраныя на службу польскія наёмныя роты пасля праходу праз тэрыторыю заходняй часткі ВКЛ пакінулі пасля сябе вясною 1565 г. спустошаныя землі, нібыта па іх прайшлося непрыяцельскае войска16. На загад збірацца ў паспалітае рушанне ў жніўні-кастрычніку 1565 г. адгукнулася вельмі малая колькасць шляхцічаў — сабралася толькі крыху больш за 8 тысяч коннікаў, што складала 40% ад земскага войска, выстаўленага і спісанага ў 1528 г.17

Ужо ў траўні 1566 г. наёмныя роты, выстаўленыя магнатамі паводле ўхвалы Трабскага з’езда ў лістападзе 1565 г., былі ў сваёй большасці распушчаны з-за адсутнасці сродкаў на іх утрыманне18. У красавіку 1566 г. у Вільні мелі намер зноў збіраць паспалітае рушанне, але праз непрацяглы час ад гэтай ідэі адмовіліся19.

Варта заўважыць, што сцвярджэнні пра нежаданне шляхты ўдзельнічаць у ваенных мерапрыемствах не заўсёды з’яўляюцца слушнымі. Шляхта шматразова выказвалася за актыўны ўдзел у вайне і праяўляла немалы энтузіязм пры падрыхтоўцы да яе20. Попісы 1565 і 1567 г. занатавалі значную колькасць прыбыўшых у вайсковы лагер шэраговых шляхцічаў, у той час як большасць буйных землеўладальнікаў выстаўляла няпоўныя почты. Большыя праблемы стваралі злоўжыванні і проста дрэнная, марудная праца рэгіянальных ураднікаў, асабліва ў справе збору падаткаў21.

Бачачы гэтак дрэнную сітуацыю з арганізацыяй войска і ваенных мерапрыемстваў, кіраўніцтва ВКЛ пайшло на аднаўленне перамоваў з Масквою. Аднак і яны скончыліся беспаспяхова. Падставай для іх зрыву зноў сталіся спрэчкі з-за падзелу Інфлянтаў: маскоўцы патрабавалі перадачы ім Рыгі і ўсіх земляў на поўнач ад Заходняй Дзвіны. Каб дасягнуць кампрамісу і заключыць так неабходнае перамір’е, літоўскія паслы нават былі згодны на прызнанне за маскоўцамі Полацка (праўда, без акругі з паўднёвага боку). Аднак маскоўцам гэта было непатрэбна.

Разам з адмовай заключыць перамір’е з ВКЛ маскоўцы перайшлі да палітыкі ўмацавання і пашырэння зоны свайго ўплыву ў Полацкай зямлі праз будаўніцтва там невялікіх умацаваных пунктаў. Новыя крэпасці на Полаччыне паўставалі вельмі хутка — літаральна за некалькі тыдняў22. Іх з’яўленне для кіраўніцтва ВКЛ было поўнай нечаканасцю. Яго першай рэакцыяй была разгубленасць і заняцце пасіўнай, вычакальнай пазіцыі. Пасля пабудовы ў кастрычніку 1566 г. на вусці ракі Вула аднайменнага замка ў Вільні зніклі ўсялякія сумневы наконт намераў маскоўцаў23.

Кіраўніцтва ВКЛ не магло быць абыякавым да падобных дзеянняў маскоўцаў і мусіла супраціўляцца. А гэта азначала новыя выдаткі на наёмнае войска і ўсялякага роду абарончыя мерапрыемствы. Напрыканцы 1566 г. быў значна павялічаны кантынгент наймітаў, а таксама досыць заўважна актывізавалася будаўніцтва замкаў на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Беларусі (Вараноч, Лепель, Чашнікі, Дрыса, Сорыца).

Пікам усіх вайскова-абарончых мерапрыемстваў падчас першай Інфлянцкай вайны сталася скліканне паспалітага рушання ў другой палове 1567 г. (г.зв. Радашковіцкая выправа)24. Наўрад ці Жыгімонт Аўгуст на самай справе меў намеры скарыстацца ім у сваіх прамых мэтах — для наступу ўглыб Маскоўскай дзяржавы з мэтай знішчэння ўзброеных сілаў праціўніка. Яго меркавалася здзейсніць толькі ў выпадку выступу апазіцыі ўнутры Масковіі супраць Івана Грознага25. Гэты рызыкоўны і досыць безнадзейны план пацярпеў няўдачу. Маскоўскі цар фізічна вынішчыў западозраных у здрадзе.

Відаць па ўсім, Жыгімонт Аўгуст, атрымаўшы звесткі пра крах сваіх планаў па перацягванню вышэйшых маскоўскіх ураднікаў на свой бок (вядомая місія Івана Казлова), вырашыў звярнуцца да ранейшых планаў па заключэнні уніі, не спадзяючыся на ўласны вайскова-матэрыяльны і фінансавы патэнцыял ВКЛ, і так ужо моцна вычарпаны працяглай вайной. Як вядома, на пачатку 1567 г. польскі сейм адмовіў у далейшых субсідыях на наёмнае войска для службы ў Літве і Інфлянтах, выставіўшы зноў першачарговай умовай для гэтага заключэнне новага унійнага пагаднення, якое б юрыдычна зацвердзіла інкарпарацыю ВКЛ у склад Польскай Кароны26.

Звярнуўшыся да агулу шляхты, сабранай у вайсковым лагеры, гаспадарская ўлада на так званым Лебедзеўскім з’ездзе ў лістападзе-снежні 1567 г. прапанавала шляхце вырашыць некаторыя ўнутрыпалітычныя пытанні, сярод якіх значыліся перанясенне тэрміну выплаты серабшчыны на больш ранні час і ўхваленне збору агульнага з палякамі сейма для канчатковай рэалізацыі уніі27. Цікава, што ў хуткім часе пасля гэтага Жыгімонт Аўгуст ад’ехаў з войска, пакінуўшы ваенныя паўнамоцтвы гетманам. Цалкам верагодна, што гэта было звязана з тым, што для яго галоўныя мэты склікання паспалітага рушання былі вырашаны.

Выкарыстанне збораў шляхты ў вайсковых лагерах для дасягнення пэўных палітычных мэтаў з’яўляецца прыкметным і знамянальным феноменам палітычнай рэальнасці тагачасся ў краінах „шляхецкай дэмакратыі”28. Палітычныя сілы звярталіся да гэтага моцнага сродка ўздзеяння, якім з’яўлялася ў сваёй большасці неабазнаная ў палітычных механізмах шляхецкая маса, дзеля ажыццяўлення сваіх планаў у абход пэўных палітычных структур (якой, прыкладам, у ВКЛ была Рада — выразнік інтарэсаў уплывовага магнацтва). Калі рабіць аналогіі з цяперашнім часам, гэтак адбываліся своеасаблівыя „шляхецкія рэферэндумы”.

Пагроза масіўных удараў з боку Масквы не садзейнічала рэалізацыі унійных планаў і прымушала пераключацца на знешнепалітычныя праблемы. Для параўнання, у 1566 г., калі польскі сейм патрабаваў выканання дадзеных ліцьвінамі абяцанняў аб скліканні агульнага сейма, знешняя пагроза паслужыла для радных паноў з ВКЛ падставай для адмовы ад гэтай ідэі29. У 1568-1569 гг. сітуацыя на ваенным і дыпламатычным фронце карэнным чынам змянілася. Швецыя з непрымірамага ворага зрабілася ў выніку змены ўлады ў краіне хаўруснікам Княства. Было заключана трывалае перамір’е з Асманскай імперыяй. Дыпламатычныя поспехі ВКЛ пры гэтым мелі супрацьпрапарцыйнае ўздзеянне на міжнароднае становішча Маскоўскай дзяржавы. Большую актыўнасць праяўлялі літоўскія найміты. У кастрычніку 1568 г. у маскоўцаў была адабрана Вула — важны стратэгічны пункт на Дзвіне, у студзені 1569 г. знянацку быў узяты Ізборск, праўда, на непрацяглы час.

Нягледзячы на гэтыя поспехі, дзяржава не была ў стане ўтрымліваць нават невялікае — у памерах 2-4 тысяч коннікаў — наёмнае войска і надзейна забяспечваць абарончыя патрэбы памежных крэпасцяў. Фінансавых сродкаў катастрафічна не хапала: падаткі не плаціліся, з-за чаго наёмным жаўнерам працяглы час не плаціўся іх заробак30. Нядзіўна, што такая эфектная перамога як узяцце Вулы, не зрабіла вялікага ўражання на гаспадара і не абудзіла ў яго надзеі на рэванш, як гэта было пасля Вульскай бітвы 1564 г. Нягледзячы на праяўленую актыўнасць, аднаўленне абарончых умацаванняў у Вуле прасоўвалася па звычцы марудна. Бракавала ўсяго: людзей для работ, жаўнераў для аховы замка, харчавання, зброі і, як заўсёды, грошай31. Ліцьвінам, аднак, удалося замацаваць за сабой гэты важны стратэгічны пункт.

На ваенным фронце напрыканцы 60-х гг. XVI ст. надышло адноснае зацішша. Немалую ролю пры гэтым адыграла вычарпанасць рэсурсаў у абедзвюх дзяржавах, неабходных для вядзення шырокамаштабных ваенных дзеянняў.

Саспакаенне на памежжы дазваляла цесна заняцца ўнутрыпалітычнымі праблемамі. Гаспадарская ўлада за гады першай Інфлянцкай вайны страціла надзею на арганізацыю эфектыўнай абароны і дасягненне важкіх поспехаў у наступальнай вайне з Маскоўскай дзяржавай, абапіраючыся на ўласны патэнцыял ВКЛ. Выйсце са складанага фінансава-матэрыяльнага становішча яна бачыла, як ужо казалася, у заключэнні уніі з Польшчай, што дало б магчымасць выкарыстоўваць магутныя рэсурсы Кароны. Унія здавалася панацэяй ад бедаў.

Спадзяванні на хуткую дапамогу, аднак, адразу не апраўдаліся. Палякі не жадалі абараняць інтарэсы ВКЛ, асабліва пры складаных праблемах унутры задзіночанай Рэчы Паспалітай. У 1570 г. удалося заключыць кароткачасовае перамір’е з Масквою, даючы неабходную перадышку ў вайне для кожнага з варагуючых бакоў. Аднак пасля сканчэння перамірнага тэрміну абставіны ў Рэчы Паспалітай складваліся так, што, здавалася, Полацку было наканавана стаць другім Смаленскам. Толькі магутная энергія Стэфана Баторыя здолела накіраваць людскія і матэрыяльныя рэсурсы дзяржавы і грамадства на барацьбу з Маскоўскай дзяржавай за страчаныя тэрыторыі і дамагчыся ў гэтай барацьбе паспяховых вынікаў.


1 Гэтая праблематыка не абмінута ні ў адной сур’ёзнай абагульняючай працы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Аднак у сваёй большасці яны толькі канстатавалі ўплыў Інфлянцкай вайны на ўнутраную палітыку ВКЛ і, у прыватнасці, на канчатковую рэалізацыю уніі з Польшчай. Сярод мноства навуковых працаў, прысвечаных гісторыі ВКЛ XVI ст. найбольшую, хоць і ўскосную, увагу цікавячым нас пытанням прысвяцілі М. Любаўскі, М. Доўнар-Запольскі, О. Галецкі, Л. Калянкоўскі. Нягледзячы на мноства прыведзеных фактаў, якія адлюстроўвалі крызіснае становішча ВКЛ падчас Інфлянцкай вайны (асабліва тут вылучыўся: М. Любавский, Литовско-русский сейм, Москва 1900), даследчыкі не займаліся вывучэннем узаемасувязі становішча на ваенным фронце з унутранай палітыкай дзяржавы і яе гаспадарчым развіццём. Толькі М. Доўнар-Запольскі ў сваёй працы Государственное хозяйство ВКЛ при Ягеллонах, Санкт-Петербург 1901, на характэрных прыкладах паказаў, як удзел у вайне ўплываў на фіскальную палітыку ВКЛ.

2 Аб гэтым сведчыць „просьба” ўдзельнікаў сейма аб надаванні землеўладанняў і ўрадаў у Інфлянтах выключна для выхадцаў з ВКЛ, а таксама іх уласная ініцыятыва ўхваліць збор серабшчыны для абароны Інфлянтаў: Русская историческая библиотека (далей: РИБ), т. 30, Юрьев 1914, с. 270-271, 273-274.

3 Zbiór pamiętników historycznych o dawnej Polsce, wyd. J. U. Niemcewicz, t. II, Warszawa 1822, s. 35-37.

4 РИБ, т. 30, с. 337-339.

5 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей: НГАБ), ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 47, арк. 38-39. Паўнамоцтвы Я. Хадкевіча акрэслены ў спецыяльнай інструкцыі гаспадара: Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика, knD. Baronas, J. Jovajša, Vilnius 1999, p. 38-40.

6 E. Tarvel Stosunek prawnopaństwowy Inflant do Rzeczypospolitej oraz ich ustrój administracyjny w l. 1561-1621, „Zapiski Historyczne”, 1969, t. 34, z. 1, s. 61-62.

7 Аднак да часоў С. Баторыя раздача земляў у Інфлянтах для польскіх і літоўскіх феадалаў шырока не практыкавалася: E. Tarvel Stosunek prawnopaństwowy Inflant do Rzeczypospolitej..., s. 59.

8 Гэтаму пытанню вялікую ўвагу прысвяціў Оскар Галецкі, які аргументаваў гэтае меркаванне ў спецыяльным даследаванні: O. Halecki, Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską (Przyczynek do dziejów parlamentaryzmu litewskiego i genezy unii lubelskiej), „Przegląd Historyczny”, 1914, t. 18, z. 3, s. 320-352.

9 Шырэй аб гэтым будзе агаворана ў маім артыкуле Да пытання аб характары палітычнага працэсу ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст., які знаходзіцца ў падрыхтоўцы да друку.

10 Historia polityczna Polski, cz. II, Warszawa etc. 1923, s. 81-82; L. Kolankowski, Polska Jagiellonów: Dzieje polityczne, Olsztyn 1991, s. 216-217. Гэтая думка выразна прасочваецца і ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі. Гл.: Нарысы гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск 1994, с. 132-136.

11 Гл.: Гісторыя Беларускай ССР, пад рэд. В. Н. Перцава, т. І, Мінск 1955; История Белорусской ССР, Минск 1977.

12 Гл. тэкст прывілею 1563 г. у: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией, т. 3, Санкт-Петербург 1848, с. 118-121.

13 Польская гістарыяграфія амаль што аднадушна звязвала матывы паяўлення прывілею 1563 г. з мэтанакіраванай палітыкай гаспадарскай улады, накіраванай на стварэнне спрыяльных варункаў для заключэння уніі: O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. II, Kraków 1920, s. 222-247; K. Chodynicki, Kościół prawosławny а Rzecz Pospolita, Warszawa, 1934, s. 88-89; J. Bardach, Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVII w., Warszawa 1970, s. 49-52; J. Pelenski, Inkorporacja ukraińskich ziem dawnej Rusi do Korony w 1569 roku. Ideologia i korzyści — próba nowego spojrzenia, „Przegląd Historyczny”, 1974, t. 65, z. 2, s. 257.

14 Важныя сведчанні на гэты конт падае перапіска гаспадара з Мікалаем Радзівілам Чорным: Listy oryginalne Zygmunta Augusta do Mikołaja Radziwiłła Czarnego, wyd. S. A. Lachowicz, Wilno, 1842, s. 226-231, 249-266, 270-273.

15 М. Радзівіл Чорны наракаў на непадрыхтаванасць гэтай акцыі і абыякавае стаўленне да яе з боку гаспадара: Listy oryginalne..., s. 244.

16 Для высвятлення нанесеных шкодаў жаўнерамі нават была створана спецыяльная дзяржаўная камісія: РИБ, т. 30, с. 804-810. У снежні 1565 г. на сейме ВКЛ, сабраным у Вільні, абмяркоўвалася пытанне кампенсацыі стратаў, панесеных жыхарамі ВКЛ ад польскіх жаўнераў: РИБ, т. 30, с. 351-352.

17 РИБ, т. 33, Петроград 1915, с. 430.

18 Усяго было выстаўлена на паўгадавы тэрмін службы каля 3 тысяч коннікаў (гл.: НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 45, арк. 120-120адв., а таксама: Любавский М, Литовско-русский сейм, Москва 1900, с. 688-689). Але яшчэ ў жніўні 1566 г. грошы ім не былі цалкам выплачаныя: НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 47, арк. 30адв.-32, 36адв.-37адв., 109адв.-110.

19 Хутчэй за ўсё, гэта было звязана з чаканым прыездам маскоўскіх паслоў, што азначала працяг перамір’я на час перамоваў.

20 Гэта асабліва добра відно па сеймавых ухвалах. Гл.: РИБ, т. 30, с. 269-278, 314-436.

21 У студзені 1565 г. Жыгімонт Аўгуст са здзіўленнем адзначаў у лісце да М. Радзівіла Чорнага, што „panowie starostowie i urzędnicy naszy, czasu pokoju, tego na baczności mieć i w tym się czuć i lepiej opatrzyć nie chcieli, a zwłaszcza wszystkie pożytki na siebie biorąc, a do skarbu naszego stąd nic nie rendując” (Listy oryginalne..., s. 255).

22 Аб іх будаўніцтве цікавай з’яўляецца рэляцыя папскага нунцыя Ю. Руджэры: Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690, t. I, Berlin—Poznań 1864, s. 207-208.

23 Гэта добра відаць па ліставанню паміж Жыгімонтам Аўгустам і Рыгорам Хадкевічам: НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 47, арк. 32-32адв., а таксама па дзеяннях дыпламатыі ВКЛ: Книга посольская Метрики ВКЛ, т. 1, Москва 1843, с. 257-259. Аб зразуменні ў Вільні сапраўдных мэтаў маскоўцаў сведчыць лісты гаспадара да радных паноў за 19 лістапада 1566 г.: НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 47, арк. 112адв.-113, 116-118.

24 Асобную ўвагу гэтай падзеі прысвяціў польскі гісторык К. Піварскі: K. Piwarski, Niedoszła wyprawa tzw. Radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567-68), „Ateneum Wileńskie”, 1928, R. 5, z. 14, s. 85-119. Аднак вартасць яго даследавання зніжае той факт, што ён не выкарыстоўваў матэрыялы перапісу гэтага паспалітага рушання, выдадзеныя ў 1915 г.: РИБ, т. 33, с. 431-1378.

25 K. Піварскі мяркуе, што знаходжанне Жыгімонта Аўгуста ў вайсковым лагеры насіла хутчэй палітычна-дэманстрацыйнае значэнне, чым жаданне кіраваць войскам у ваенных дзеяннях: K. Piwarski, Niedoszła wyprawa..., s. 94-95, 104-107.

26 J. Wimmer, Siły zbrojne Korony za Zygmunta Augusta, „Zeszyty Naukowe Wojskowej Akademii Politycznej”, seria historyczna, Warszawa 1967, nr 15/48, s. 51-52.

27 Гл.: Любавский, Литовско-русский сейм, с. 189-191 (дадаткі). Аб ухваленні збору агульнага сейма з палякамі: РИБ, т. 30, с. 481.

28 Рост палітычнага значэння паспалітага рушання ў другой палове XVI — XVIII ст. падкрэсліваюць у сваіх апошніх даследаваннях Л. Кеневіч і А. Закшэўскі: L. Kieniewicz, Senat za Stefana Batorego, Warszawa 2000, s. 289; A. Zakrzewski, Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki, Warszawa 2000, s. 188-189.

29 НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 530, арк. 21адв.-22адв.

30 Расплата са „старажыламі” на вайсковай службе была адной з самых балючых праблем для дзяржаўнага скарбу. Для прыкладу, у лютым 1567 г. запазычанасць коннай роце Анікея Корсака склала 4 тысячы коп. Гэта азначала, што гэтай роце скарб не плаціў не менш за 15 месяцаў службы: НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская метрыка), спр. 266, арк. 127адв.-128. У кастрычніку 1569 г. цэнтральная ўлада яшчэ не здолела расплаціцца з ротамі Марціна Курча і Юрыя Тышкевіча за службу ў першай палове 1568 г.: НГАБ, ф. КМФ-18 (Літоўская Метрыка), спр. 532, арк. 96адв.-97адв.

31 Астафі Валовіч выказваў справядлівы скепсіс адносна магчымасці хуткага аднаўлення замкa: „иж речи лениво идуть, трудно за так короткий час, яко ся осень вжо близко примкнула, может тот замок стати” (Archiwum ХХ. Sanguszków w Sławucie, t. VII, Lwów, 1910, s. 287-288).


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія