|
Мельніцкая унія і ўнутраны канфлікт у Вялікім Княстве Літоўскім
Валеры Шэйфер
(Гродна)
Пачатак ХVІ ст. з’явіўся надзвычай цяжкім для ВКЛ як у сферы знешняй палітыкі, так і ўнутры дзяржавы. Яшчэ з канца 80-х гадоў ХV ст . пагоршыліся адносіны з усходнім суседам — Маскоўскай дзяржавай, а з 1492 г. памежныя сутычкі з ёй перараслі ў сапраўдныя войны. У 1501-1503 гг. адбылася чарговая, па выніках якой Вялікае Княства страціла да 25% тэрыторыі1. Не давалі спакою і крымскія татары са сваімі пастаяннымі нападамі, якія адбываліся ў сярэднім больш чым раз на год. З 1474 па 1569 гг. яны зрабілі 75 наездаў2. У той жа час разам з ваенннымі паражэннямі ВКЛ траціла свой палітычны і ідэалагічны ўплыў ва ўсходнеславянскім рэгіёне.
Гэты неспакойны час прыпадае на першыя гады княжання вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча. У 1492 г. памірае яго бацька Казімір Ягелончык. Разам з ім пайшоў у нябыт і час, названы Т. Нарбутам „залатым паўстагоддзем прыемнага ўспаміну”3, калі ўнутры дзяржавы і па за яе межамі было больш-меньш спакойна. Пасля смерці караля і вялікага князя Казіміра яго спадчыну пераймаюць сыны. Ян Альбрэхт становіцца каралём польскім, а трон вялікага князя літоўскага займае Аляксандр4. Аднак у 1501 г. у разгар вайны з Маскоўскай дзяржавай памірае і Ян Альбрэхт. У польскім сенаце паўстае пытанне аб прэтэндэнце на каралеўскі трон. Большасць выступіла за кандыдатуру Аляксандра Казіміравіча, бо выбраўшы каралём вялікага князя літоўскага можна было б узнавіць хоць дынастычную унію, перарваную ў 1492 г. праз абранне асобных манархаў у Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім. У гэтых умовах ізноў паўстае такое жаданае для польскага боку пытанне аб уніі паміж дзвюма дзяржавамі. Але цяпер зацікаўленым бокам выступае і ВКЛ, прадстаўнікі якога клапоцяцца пра запрашэнне на польскі трон свайго вялікага князя літоўскага з мэтай збліжэння з Поьшчай , якая магла б з’явіцца надзейным саюзнікам у змаганні з Маскоўскай дзяржавай.
У палякаў былі іншыя планы, бо яны ў той час змагаліся з Турцыяй і Валахіяй, але перспектыва аб’яднання ў адну дзяржаву схіліла іх да перадачы польскай кароны Аляксандру Казіміравічу. Пры гэтым яны ўлічвалі становішча спраў у ВКЛ: цяжкасці ў змаганні з Масквой і настрой шляхты, якая несла асноўны цяжар войнаў. І вырашылі выкарыстаць гэты момант для аднаўлення уніі на сваіх умовах.
23 кастрычніка 1501 г. у Мельніку (Падляшша, ВКЛ) быў падпісаны акт уніі5. Ён адрозніваецца ад папярэдніх унійных трактатаў і нагадвае праект уніі 1446 г. Але тады яго адверглі, а цяпер знешнепалітычныя ўмовы прымусілі ліцвінаў згадзіцца на такія ўмовы. Мельніцкаму акту папярэднічала адпаведная дамова, заключаная дэлегацыяй польскага сейма і вялікім князем Аляксандрам з Панамі-радай у Пётркаве, дзе ён быў абраны польскім каралём6. Літоўскія паслы падпісалі акт уніі, а каронны сенат яе зацвердзіў.
Сутнасць унійнага трактату заключалася ў наступным. Вялікае княства Літоўскае і Карона павінны былі аб’яднацца ў адну дзяржаву, мець аднаго манарха, сейм, грошы. Выбараў асобнага гаспадара ў ВКЛ больш не прадугледжвалася, агульны манарх (кароль) павінен быў абірацца на супольным сейме ў Пётркаве. Прадугледжвалася правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі, дамовы, заключаныя адным бокам, павінны былі мець моц і для іншай. Аднак Вялікае Княства Літоўскае захоўвала сваю сістэму судоў і адміністрацыі. За папярэднімі міждзяржаўнымі пагадненнямі прызнавалася абавязковая сіла. Спрэчныя землі замацоўваліся за Польшчай7.
Даць згоду на такія ўмовы азначала раз і назаўсёды адмовіцца ад сваёй дзяржаўнай самастойнасці. Відавочна, што не ўсе палітычныя колы ВКЛ згадзіліся на такую унію, асабліва магнацтва, якое ў параўнанні з прывілеем Аляксандра ад 1492 г. траціла свой палітычны ўплыў, калі б такія ўмовы былі ўведзены ў дзеянне і польскія парадкі адносна шляхты і магнацтва распаўсюдзіліся на Вялікае Княства. Справа ў тым, што адносіны паміж магнатэрыяй і шляхтай у Польшчы, якія абвастрыліся да гэтага часу, вялі да ўпэўненай перамогі апошняй8. Мельніцкая ж унія ўраўнала б у правах шляхту абедзвюх дзяржаў, а тым самым радныя паны былі б пазбаўлены свайго прывеліяванага становішча.
Але трэба было рабіць выбар паміж гонарам і пагрозай быць заваяванымі ўсходнім суседам і Аляксандру з пасламі нічога на заставалася як замацаваць подпісамі акт уніі. Аднак вялікі князь так ніколі і не рашыўся склікаць сейм для зацвярджэння яе ўмоў9. Аднак 25 кастрычніка 1501 г. ім быў выдадзены Мельніцкі прывілей, які меў сілу ў абедзюх дзяржавах. Па ім значна ўзрастала роля кароннага сената, без згоды якога дзеянні караля не мелі юрыдычнай сілы. Пры парушэнні ім дзяржаўных актаў сенат меў права дэтранізаваць яго і абраць новага караля. Апошні не меў права арыштоўваць або пераследваць сенатараў10. Аляксандр быў вымушаны выдаць гэты прывілей зыходзячы з тых жа знешнепалітычных разлікаў, што і пры заключэнні Мельніцкай уніі. Аднак моцнае супраціўленне польскай сярэдняй і заможнай шляхты дазволіла не выконваць палажэнні прывілею. Пётркаўскі сейм 1504 г. прыняў два законы, якія фактычна скасоўвалі артыкулы пра вяршэнства сената над каралём, не набылі сілу і артыкулы пра вяршэнства польскага сената над ВКЛ. Толькі гаспадарчыя артыкулы засталіся ў сіле11.
Фактычна тая ж доля спасцігла і Мельніцкую унію. Можна сказаць, што з боку ВКЛ яе падпісанне было тактычным крокам у абмен на абяцанне Польшчай дапамогі ў вайне з Маскоўскай дзяржавай. Аднак рэальнай дапамогі з яе боку так і не было аказана, хутчэй наадварот — падзеі, звязаныя з уніяй адмоўна ўздзейнічалі на ход ваенных дзеянняў у 1501 г., бо Аляксандр быў заняты спачатку каранацыяй, а потым польскімі справамі. Адсутнасць манарха, а таксама спадзяванні на дапамогу палякаў абумовілі пасіўнасць войскаў Вялікага Княства ў другой палове 1501 г. Польскі ж атрад, накіраваны на тэатр ваенных дзеянняў у 1502 г., так і не дайшоў, адкліканы ў сувязі з нападам туркаў12. Трэба згадзіцца з У. І. Канановiчам, што дзеля польскай кароны Аляксандр ахвяраваў ваеннай кампаніяй 1501 г.
У 1506 г. пытанне аб уніі ізноў ўздымалася, калі са смерцю Аляксандра Казіміравіча ВКЛ ізноў засталося без вялікага князя. Аднак пытанне ўжо не стаяла так востра. 23 красавіка 1503 г. было заключана перамір’е з Маскоўскай дзяржавай на шэсць гадоў13, і знешнепалітычных падстаў для уніі ў ВКЛ ужо не было.
М. В. Доўнар-Запольскі лічыў, што пытанне аб уніі з Польшчай з боку ВКЛ паўставала толькі ў часы ваеннай небяспекі з боку Маскоўскай дзяржавы, каб атрымаць дапамогу ў барацьбе, а ў мірныя ж часы аб уніі забывалі, тым больш, што сейм ніколі не зацвярджаў унійных трактатаў. Унію з Каронай Польскай у Вялікім Княстве разумелі як брацкі і праважна абарончы саюз дзвюх дзяржаў, у Польшчы ж — як поўную інкарпарацыю (wcielеnie) Вялікага Княства Літоўсукага ў склад Кароны Польскай14.
Вялікім князем літоўскім асобна, без згоды палякаў, быў абраны брат Аляксандра Казіміравіча, Жыгімонт. Асобна затым ён быў абраны і каралём польскім. І хоць дэлегацыя ВКЛ не з’явілася на агульны элекцыйны сейм, фактычна была адноўлена персанальная унія. Астатнія ўмовы палякі затым маглі б паступова ўвесці ў жыццё, не абвастраючы адносін. Тым больш, што на іх бок паступова, прыкладна з 40-х гг. ХVІ ст., пачынае хіліцца шляхта Вялікага Княства, бачачы якімі прывілеямі карыстаецца падобнае саслоўе ў суседняй Кароне Польскай.
Сам факт падпісання Мельніцкай уніі падзяліў пануючы клас ВКЛ на два лагеры: яе прыхільнікаў і тых, хто бачыў у ёй пагрозу незалежнасці. Паказальна, што супраць уніі выступіў шэраг уплывовых магнатаў.
Да спрэчкі з-за Мельніцкай уніі далучыўся канфлікт паміж магнатамі ВКЛ. Фаварыт вялікага князя Аляксандра Міхал Львовіч Глінскі сваю прыбліжанасць да манарха выкарыстаў у асабістых мэтах. Дабіўшыся перадачы пасады лідскага намесніка свайму сваяку Андрэю Дражджу, ён уступіў у канфлікт з папярэднім намеснікам Юрыем Ільінічам15. У абарону апошняга выступілі ўплывовыя магнаты: віленскі біскуп Войцех Табар, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл, троцкі ваявода Ян Забярэзінскі, жамойцкі стараста Станіслаў Яновіч, смаленскі стараста Станіслаў Кішка16. Яны не дапусцілі нерадавітага Дражджа на Лідскае намесніцтва і гэтым наклікалі на сябе гнеў вялікага князя, які падаграваў Глінскі. Фактычна гэтыя ж магнаты выступілі і супраць уніі з Каронай Польскай.
У 1503 г. Міхал Глінскі абвінаваціў Забярэзінскага ў замаху на сваё жыццё. Аднак і сам, відаць, спрабаваў разабрацца з ворагам з дапамогай сілы17. Такім чынам канфлікт меў і нейкія асабістыя карані. Яны сталі пажыццёвымі ворагамі. Габсбургскі дыпламат Жыгімонт Герберштэйн у сваіх Нататках аб Масковіі сцвярджаў, што прычына канфлікту была дробная: Забярэзінскі загадаў пабіць слугу Глінскага, які быў пасланы за збожжам для каралеўскіх коней18. Пакуль жыў вялікі князь Аляксандр, канфлікт быў згладжаны. Манарх загадаў Глінскаму і Забярэзінскаму памірыцца. Аднак вышэйзгаданыя магнаты так і не саступілі лідскае намесніцтва Дражджу. Па намове Глінскага ў Яна Забярэзінскага былі адабраны ўсе яго пасады. А ў 1505 г. вялікі князь выклікаў свавольных магнатаў у Бярэсце, каб пакараць. Толькі дзякуючы заступніцтву кароннага гетмана Яна Ласкага ды біскупа Яна з Асвенціма Аляксандр Казіміравіч змяніў гнеў на літасць. Затым у Радаме быў скліканы спецыяльны сейм, каб разабраць справу, на якім манарх выслухаў абвінавачаны бок і паабяцаў разабрацца. Асабліва ўразіла яго прамова віленскага біскупа Войцеха Табара, які ад свайго імя і ад імя абвінавачаных паноў пакляўся ў вернасці манарху19. На наступны дзень Аляксандр занямог. Плёткі абвінавачвалі ў гэтым лекара, якога параіў Глінскі20. А магчыма вялікага князя так уразілі намовы на адданых людзей, зробленыя Глінскім. Пасля смерці Аляксандра ў 1506 г. Глінскі страціў сваё прывілеяванае становішча, а Забярэзінскі абвінаваціў яго ў здрадзе. Новы вялікі князь Жыгімонт Казіміравіч вагаўся, каму паверыць, і так і не рашыўся зняць з Міхала Глінскага цяжкіх абвінавачванняў. Абражаны амбітны магнат вырашыў сам разабрацца і аднавіць сваё высокае становішча ўжо з дапамогай Маскоўскай дзяржавы. Вынікам быў сумна вядомы мяцеж Міхала Глінскага, які яшчэ больш ускладніў унутранае і знешнепалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага.
Такім чынам канфлікт паміж магнатамі ўліўся ў спрэчкі з-за Мельніцкай уніі. Хоць яна і не стала рэальнасцю, але паказальная з пункту гледжання розніцы ў палітычных памкненнях палітычных колаў ВКЛ у адносінах да Польшчы і, наогул, з пункту гледжання розніцы ў палітычных інтарэсах гэтых дзяржаў.
1 L. Кolankowski, Polska Jagiellonów. Dzieje polityczne, Olsztyn 1991, s. 133-134.
2 А. П. Грыцкевіч, Палітычнае становішча Беларусі ў эпоху Скарыны, [в:] Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў першых скарынаўскіх чытанняў (1986), Мінск 1989, с. 27.
3 T. Narbut, Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane, Wilno 1848, t. 8, s. 6.
4 Хроника Литовская и Жмойтская, [в:] Полное собрание русских летописей, Москва 1975, т. 32, с. 95.
5 Мельніцкі акт 1501г., [в:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, Мінск 1999, с. 111. Мельніцкі акт пралугледжваў амаль поўную інкарпарацыю ВКЛ Каралеўствам Польскім.
6 А. П. Грыцкевіч, Палітычнае становішча Беларусі..., с. 26. Каранацыя адбылася 12 снежня ў Кракаве, гл.: Хроника Литовская и Жмойтская, [в:] Полное собрание русских летописей. Москва 1975, т. 32, с. 317.
7 В. И. Пичета, Беларусь и Литва в ХVІ ст., Москва 1961, с. 539; Zbiór praw litewskich od r. 1389 do r. 1529, Poznań 1841, s. 77-81; М. К. Любавский, Очеркъ исторiи Литовско-Русскаго государства до Люблинской унии включительно, Москва 1915, с. 195; Мельніцкі акт 1501 г., [в:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, Мінск 1999, с. 111.
8 В. И. Пичета, Беларусь и Литва в ХVІ ст., с. 539.
9 Мельніцкі акт 1501 г., [в:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, с. 111.
10 Мельніцкі прывілей 1501 г., [в:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, с. 111.
11 Там жа.
12 М. К. Любавский, Очеркъ исторiи Литовско-Русскаго государства..., с. 196.
13 У. І. Канановіч, Змаганне за спадчыну Рурыкавічаў, „Беларуская мінуўшчына” 1997, № 5, c. 2-7.
14 М. В. Довнар-Запольский, Польско-литовская уния на сеймах до 1569 г. Исторический очерк, Москва 1897, с. 6.
15 Хроніка Быхаўца, [у:] Беларускія летапісы і хронікі, Мінск 1997, c. 160.
16 Там жа, с. 161.
17 K. Pietkiewicz, Wielkie Księstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiellończyka, Poznań 1995, s. 114.
18 С. Герберштейн, Записки о Московии: Пер. с лат. и нем., Москва 1988, с. 187.
19 Хроніка Быхаўца, c. 69-162.
20 Па звестках Мацея Стрыйкоўскага, гэта быў венгр з польскім прозвішчам Балінскі. Калі яго загадалі схапіць па абвінавачванні ў смерці караля, то Глінскі бараніў ілжэлекара. M. Stryjkowski, Kronika Polska, Litewska i wszystkiej Rusi, Warszawa, 1846, s. 330.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|