|
Культурнае жыццё беларускай вёскі ў міжваеннай Польшчы
(па матэрыялах Гарадзеншчыны)
Сяргей Токць
(Гародня)
Культурнае жыццё заходнебеларускай вёскі ў міжваенныя гады ўяўляе надзвычайную цікавасць для гістарычнага даследавання. Гэты адносна кароткі часовы адрэзак быў вельмі насычаны рознымі падзеямі і новымі з’явамі, што ў першую чаргу датычыць 1920-х гадоў. Па сутнасці, ніколі раней у гісторыі, як і пазней, не назіралася такой актыўнасці беларускага сялянства ў палітычным і культурным жыцці грамадства. Гэтая актыўнасць вясковага насельніцтва была спароджаная шэрагам прычын. Вялізную ролю адыгралі падзеі першай сусветнай вайны і рэвалюцыі і вымушанае бежанства ў Расію, што аказала моцны ўплыў на свядомасць сялян, радыкальна змяніла іх уяўленні пра знешні свет, па сутнасці разбіла, хаця б можа і на некаторы час, тутэйшую самазамкнёную тоеснасць, характэрную для сялянства ў традыцыйным аграрным грамадстве. Праўда, змены ў жыцці беларускай вёскі былі падрыхтаваны ўсім ходам яе папярэдняга сацыяльнага, гаспадарчага і культурнага развіцця, а падзеі ваеннага ліхалецця паслужылі ў якасці каталізатара. Ужо ў 19 ст. назіраліся праявы распаду традыцыйнай народнай культуры, якая на працягу многіх вякоў цэментавала і ўпарадкоўвала жыццё сялянства. Паволі разбуралася лакальная самазамкнёнасць і патрыярхальнасць вясковай грамады, а многія яе чальцы хочаш не хочаш вымушаны былі далучацца да надлакальных гаспадарчых і палітычных структураў, засвойваць ідэалагічныя спосабы мыслення ў катэгорыях ідэалагічнай айчыны ў адрозненне ад характэрнага для традыцыйнага сялянства атаясамлення ў катэгорыях прыватнай айчыны ці малой радзімы. Праўда, да першай сусветнай вайны гэты працэс яшчэ не закрануў вельмі ўжо адчувальным чынам большасці вясковых жыхароў, якія па-ранейшаму ўспрымалі навакольны свет у катэгорыях свойскай тутэйшасці і мала што ведалі пра жыццё, якое адбывалася па-за межамі іх маленькага і ўсё яшчэ патрыярхальнага свету.
Падзеі вайны і рэвалюцыі выклікалі ў асяроддзі беларускага сялянства глыбокі духоўны крызіс. Найперш гэта датычыла вяскоўцаў праваслаўнага веравызнання. Менавіта яны ў большасці сваёй выехалі ў бежанства ў Расію. Крушэнне магутнай імперыі, заняпад аўтарытэту царквы і рэпрэсіі бальшавіцкай улады супраць духавенства — усё гэта спрычынілася да страты духоўных арыентыраў у многіх вясковых жыхароў. Пры вяртанні на радзіму яны знаходзілі знішчаную вайной гаспадарку і новую дзяржаўную ўладу, да якой ставіліся з вялікай насцярожанасцю. У такіх умовах сялянства рабілася схільным да радыкальных сацыяльных ідэй і містычных настрояў. Радыкалізм асабліва быў пашыраны сярод моладзі, якая проста жыла чаканнем нейкіх надзвычайных зменаў і, больш таго, гатовая была самаахвярна змагацца, каб прыспешыць іх прышэсце. У меншай ступені падобны духоўны крызіс закрануў каталіцкую вёску. Большасць сялян-каталікоў засталася ў часе наступу нямецкіх войскаў на радзіме, што дазволіла ім уратаваць свае гаспадаркі ад поўнага знішчэння. Вельмі важную ролю адыгрывала каталіцкае духавенства, якое імкнулася давесці да сваіх парафіян уласнае трактаванне тых кардынальных зменаў, што імкліва адбываліся ў навакольным свеце. Гэта заспакойвала ў пэўнай ступені радыкальныя і мілленарыстычныя настроі, з’яўлялася істотным стрымліваючым фактарам. Адрозненні ў грамадска-культурным жыцці праваслаўных і каталікоў, спецыфіка ў стаўленні да падзей палітычнага жыцця, назіраюцца на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя.
Галоўнай асаблівасцю культурнага жыцця беларускай вёскі на Гарадзеншчыне ў міжваенны час стала актыўнае пашырэнне сярод сялянскіх масаў беларускай нацыянальнай свядомасці і высокай беларускамоўнай культуры (у адрозенне ад вуснай народнай культуры). Гэты працэс быў распачаты ўжо ў даваенныя гады распаўсюджваннем „Нашай нівы” і іншых беларускіх газет, але ў палітычных умовах Расійскай імперыі ён закрануў толькі невялікую частку сялянства. Крушэнне ў выніку падзей сусветнай вайны і рэвалюцыі магутнай Расійскай імперыі, улады якой бачылі ў беларусах толькі этнаграфічную групу адзінай расійскай нацыі, павялічвала шанцы вельмі нешматлікай напачатку беларускай інтэлігенцыі ў справе нацыянальнага ўсведамлення вясковага насельніцтва. Ужо ў 1918 г. на Гарадзеншчыне паўсталі дастаткова разгалінаваныя структуры нацыянальнага руху, мэтай якога з’яўлялася ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці. Адной з галоўных практычных задач гэтага руху была культурна-асветніцкая праца ў кірунку пашырэння сярод вясковых масаў беларускай нацыянальнай свядомасці. Найвышэйшы ўздым у развіцці такой працы прыпадае на другую палову 1920-х гадоў, калі большасць сялянскага насельніцтва ў той ці іншай ступені далучаецца да дзейнасці беларускіх нацыянальных арганізацый.
Можна вылучыць некалькі вельмі важных новых з’яваў, якія мы назіраем у культурным жыцці вёскі ў гэты час: школа на беларускай мове, самадзейны тэатр, масавае распаўсюджанне беларускага друкаванага слова, асабліва газет. Натуральна, што гэтыя з’явы мелі ўжо месца і ў даваенны перыяд, але тады яны выглядалі хутчэй выключэннем чым правілам. У дадзенай працы зроблена спроба аналізу развіцця гэтых з’яваў, а таксама спецыфікі культурнага жыцця беларускай вёскі ў міжваенныя гады на матэрыялах Гарадзенскага павета, які належаў да ліку рэгіёнаў з найбольшай актыўнасцю беларускага руху.
Беларускамоўная адукацыя на Гарадзеншчыне пачынае развівацца з 1916 г., калі была заснавана Свіслацкая настаўніцкая семінарыя з беларускай мовай выкладання. У гэтай установе да восені 1918 г. прайшлі перападрыхтоўку 144 настаўнікі1. Беларускі сялянскі з’езд Гарадзеншчыны прыняў у снежні 1918 г. пастанову, паводле якой „школьная навука у ніжейшай школі па меры можнасці павінна вясьціся у беларускай мові”2. У сакавіку 1919 г. у Гародні быў утвораны Беларускі настаўніцкі саюз3. На той час на тэрыторыі былой Гарадзенскай губерні ўжо функцыянавалі каля 150 беларускіх школ4. Напрыклад, у вёсцы Прыгодзічы Верцялішкаўскай воласці паўстала беларуская школка, якую наведвалі ў 1919 г. 23 вучні. Карэспандэнт газеты „Беларуская думка” пісаў пра яе: „Асабліва пацешна тое, што ходзяць у школу як дзеці праваслаўных, так і каталікоў”5. Праўда, у большасці такіх школак напачатку яшчэ выкарыстоўваліся дарэвалюцыйныя расійскія падручнікі, але паступова адбывалася замена іх на новыя — беларускія, што неадназначна ўспрымалася вяскоўцамі. Настаўнік Пётр Васілевіч паведамляў у 1919 г. у гарадзенскую газету „Беларусь”, што ў яго вёсцы Бершты частка жыхароў з энтузіязмам успрыняла беларускамоўную школу, а частка ставіцца да яе адмоўна і жадае навучання па-расійску6. Адмоўнае стаўленне да беларускай мовы найперш праяўлялася сярод старэйшага насельніцтва. У свядомасці значнай часткі вясковых жыхароў беларускасць яшчэ ўспрымалася як нейкі варыянт расійскасці ці рускасці, а ідэя незалежнай Беларусі мусіла ўступаць у канкурэнцыю з вельмі пашыраным стэрэатыпам аб немагчымасці існавання без „вялікай Расіі”.
Сярод сялян-каталікоў справай стварэння беларускіх школак займаліся найперш ксяндзы, якія мелі беларускую нацыянальную свядомасць. Як гэта адбывалася, апісаў у сваіх успамінах каталіцкі святар Казімір Сваяк: „Ад часу, як Край быў заняты сілай нямецкай, пачулі ўсе адразу, што школа зусім мае быць іначай у нас арганізавана. У часе калядным зладзілі мы тут „курсы”, каб на скорую руку прыгатаваць вучыцялеў вясковых. Аснавалі 7 школкаў. (...) Усюды было дадзена права для роднае мовы. Было пастаноўлена, каб пачатковая навука адбывалася па-беларускаму, а старшыя дзеці мелі побач і папольску. Работа пайшла ахвотна, хоць некаторыя гаспадары спачатку крывіліся на язык «просты»7.
Прымалі ўдзел у развіцці беларускага школьніцтва і некаторыя праваслаўныя святары. Паводле звестак мясцовай паліцыі, лашанскі святар Міхал Бароўскі „як беларус сярод сваіх парафіян займаецца беларускай агітацыяй, намагаецца замяніць польскую школу ў Лашы на беларускую”8. Таксама адносна масалянскага святара Пахома Мартыняка ў паліцэйскіх паведамленнях гаварылася, што ён, „будучы на рэлігіі ў адной са школ тутэйшага раёна ў 1920 г., звяртаўся да дзяцей беларусаў, каб іх бацькі жадалі беларускай мовы як сваёй роднай”9. Пры гэтым камендант паліцыі дадаваў, што азначаны бацюшка „люднасцю сваёй парафіі так моцна шанаваны, што нічога злога пра яго не кажуць”. Польскі настаўнік з Малой Бераставіцы ў снежні 1920 г. паведамляў у павятовы школьны інспектарат : „У бягучым годзе даецца заўважыць значна меншую колькасць праваслаўных дзяцей у школе. У мінулым годзе большасць была праваслаўных. Тлумачыцца гэта побытам тут праваслаўнага духоўнага і яго агітацыяй, у выніку якой дзяк, які жыве ў вёсцы Кавалі, заклаў у Кавалях Мала-Бераставіцкай гміны школку, у якой вучыць па-расійску і па-беларуску”10. Праваслаўны святар з Малой Бераставіцы Уладзімір Хоміч, паводле звестак паліцыі, падтрымліваў даволі цесныя стасункі з беларускім дзеячам Сяргеем Баранавым, які часта наведаваў яго падчас выбарчай кампаніі 1922 г.11 Але большасць і праваслаўнага, і каталіцкага духавенства ставілася да беларускай школы і нацыянальнага руху ўвогуле абыякава, а часта — проста варожа.
З усталяваннем на Гарадзеншчыне польскай улады пачынаецца імклівае скарачэнне беларускага школьніцтва. Кіраўнік аддзела Таварыства крэсовай стражы Стэфан Мыдляж пісаў у кастрычніку 1919 г.: „[Школьны] інспектар і адміністрацыйныя ўлады не дазваляюць беларускім настаўнікам праводзіць сярод сялян агітацыю за адкрыццё беларускіх школ з тае прычыны, што паколькі настаўнік займаецца агітацыяй, ён перастае быць настаўнікам. (...) Беларусы перанеслі ўласную дзейнасць на пашырэнне беларускай адукацыі, падрыхтаваўшы сабе ў Вільні добрую грамадку настаўнікаў — каля 40 чалавек з Гарадзенскага павета, а на самой справе палітычных агітатараў”12.
У 1920 г. у Віленскай акрузе дзейнічалі 523 польскія школы і толькі 3 беларускія, з якіх адна ў Гарадзенскім павеце13. Многія вясковыя школкі функцыянавалі нелегальна, нягледзячы на пагрозу рэпрэсій з боку ўладаў. Газета „Беларускае слова” пісала ў снежні 1920 г.: „Летась праз Беларускую Школьную Раду Горадзеншчыны было падана польскаму школьнаму інспектару на Горадзеншчыне пану Вазнякоўскаму да соткі прыгавораў ад сялян з просьбай аб дазволе адчыніць беларускія школы, а адчынены былі толькі шэсць школаў”14. Карэспандэнт „Беларускай нівы” паведамляў, што ў 1920 г. Беларускі нацыянальны камітэт на Гарадзеншчыне арганізаваў школы ў Верцялішкаўскай, Берштаўскай, Горніцкай і Крынкаўскай валасцях, а „ўсяго было складзена каля 40 прыгавораў”15. У 1922/23 гг. ва ўсёй Заходняй Беларусі афіцыйна існавалі толькі 32 беларускія пачатковыя школкі16.
Як паўставалі і функцыянавалі беларускія школы можна прасачыць на прыкладзе вёскі Матылі Берштаўскай воласці. У 1921 г. жыхары гэтай вёскі падалі ўладам просьбу на адкрыццё менавіта беларускай школы, рашуча адмовіўшыся ад польскай. У канцы лютага 1922 г. беларускія дзеячы Аляксандр і Уладзімір Сінілы з Берштаў прапанавалі матылёўцам заснаваць школу на ўласныя сродкі. Мясцовы дзеяч Клімук Грымута з’ездзіў у Вільню і набыў беларускамоўныя падручнікі. Школа праіснавала да восені 1924 г. і была зачынена ўладамі, з прычыны адхілення ад працы па палітычных матывах настаўніка У. Сінілы. Школьныя ўлады прыслалі ў вёску настаўніцу Нарбутову, якая „гутарачы чуць не чыста па-беларуску з сялянамі, сказала, што яна не будзе вучыць па-беларуску, а па-польску”17. Калі ж матылёўцы адмовіліся пасылаць дзяцей да школы, то ў лістападзе 1924 г. былі пакараны штрафам па 30 злотых з гаспадара18.
Звычайна арганізатарамі беларускага школьніцтва станавіліся былыя настаўнікі даваенных народных вучылішчаў. Адзін з іх, Язэп Баліцкі, паспрабаваў у 1923 г. заснаваць беларускую школу ў вёсцы Лаша. Мясцовая паліцыя пісала пра яго дзейнасць у Гародню: „Жыхары вёскі Лаша Ян Варанец і Язэп Баліцкі стаяць на чале беларускай арганізацыі і агітуюць тамтэйшую люднасць, каб не плаціла падаткаў і не пасылала сваіх дзяцей да польскай школы, а Польскі Урад тады будзе вымушаны даць беларусам аўтаномію, а таксама адчыніць на ўсходніх крэсах беларускія школы”. У выніку гэтай агітацыі „ані воднае дзіця не пайшло да школы, нягледзячы на шматразовыя просьбы настаўніка”19. Па дадзенай справе было праведзена следства, якое прызнала галоўнай прычынай варожага стаўлення люднасці да польскай дзяржавы менавіта агітацыю Баліцкага, які „дамагаецца ўтварэння беларускай школы, маючы на мэце атрыманне пасады настаўніка”20. Змаганне за сваё права на прафесію лагічна прыводзіла такіх былых настаўнікаў як Баліцкі да беларускага руху.
Аналіз матэрыялаў мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі за першую палову 1920-х гадоў дае падставы сцвярджаць, што ўвесь гэты час урадавыя чыноўнікі вядуць несупынную барацьбу з беларускім школьніцтвам. Праўда, некаторыя настаўнікі-беларусы працавалі ва ўрадавых пачатковых школах. Напрыклад, у вёсцы Бершты побач з дырэктарам-палякам да 1925 г. настаўнічаў мясцовы ўраджэнец Уладзімір Русілка, які яшчэ да вайны скончыў Свіслацкую гімназію і, паводле дадзеных школьнага інспектара, не валодаў польскай мовай21. Можна дапусціць, што ён вучыў дзяцей па-беларуску. Аднак у 1925 г. У. Русілка пагадзіўся з прапановай уладаў і паехаў настаўнічаць пад Ломжу.
Прыняццё польскім Сеймам 31 ліпеня 1924 г. закона аб школьніцтве для нацыянальных меншасцяў не прынесла ніякіх зменаў у справе арганізацыі беларускага школьніцтва. Наадварот, многія настаўнікі-беларусы былі пераведзены на працу ў этнічна польскія рэгіёны. Праўда, выданне гэтага закона дало беларускім дзеячам добрую легальную нагоду для правядзення нацыянальнай агітацыйнай работы. Актывізаваўся збор подпісаў сярод сялян на адкрыццё беларускіх школ. Так, у 1925 г. у Гарадзенскім павеце былі пададзены ўладам дэкларацыі на адкрыццё 22 школ22. Аднак праз год пасля ўвядзення закона беларуская меншасць у ІІ Рэчы Паспалітай, якая, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, налічвала болей 1 мільёна чалавек, мела ўсяго тры беларускія школы з 425 вучнямі і ўсяго 19 двухмоўных, у якіх на роднай мове вучыліся 1 683 вучні23.
У так званых утраквістычных ці двухмоўных школах выкладанне на беларускай мове часта выглядала як звычайная пародыя. Газета „Сцяг працы” змясціла ў лістападзе 1928 г. ліст з мястэчка Астрына, якое знаходзілася на мяжы Лідскага і Гарадзенскага паветаў: „У нашай школе апрача польскай мовы „існуе” беларуская. Але як яна існуе — вось пытанне. Вучыцелька перадусім не ведае зусім беларускае мовы, бо прыехаўшая дзесь з Познані, ці-што. Калі і навучылася якіх два ці тры словы беларускія, ды яна знарок так перакручвае, каб выклікаць у вучняў сьмех і гэтым ганьбіць беларускую мову”24. Цікава, што вучні Астрынскай школы, даведаўшыся пра цяжкае становішча беларускай гімназіі ў Вільні, сабралі і адаслалі на яе патрэбы 6 злотых25.
Барацьба за школу на роднай мове аб’яднала найбольш адукаваную і энергічную частку вясковага насельніцтва. Гэтую акцыю актыўна падтрымалі многія былыя настаўнікі, якіх маладая польская дзяржава па сутнасці пазбавіла права на прафесію. Трэба адзначыць, што беларуская вёска была фактычна цалкам забяспечана ўласнымі настаўніцкімі кадрамі. І адначасова ў 1925 г. 640 настаўнікаў-беларусаў не мелі працы. Толькі ў 1921/22 гг. 240 настаўнікаў беларускага паходжання прайшлі перападрыхтоўку пад Кракавам26. Прычым пасля гэтых курсаў іх з палітычных меркаванняў звычайна размяркоўвалі ў этнічна польскія ваяводствы. Умовай атрымання працы быў адыход ад беларускага руху і поўная лаяльнасць да ўрада. У артыкуле Кракаўскія ластаўкі карэспандэнт газеты „Наша праца” напісаў пра настаўнікаў з Гарадзенскага павета, якія скончылі курсы ў Кракаве. Адзін з іх яшчэ падчас выбараў 1922 г. актыўна агітаваў за спіс № 16: „Праз увесь час шчыра працаваў на ніве беларускага адраджэнскага руху і цярпеў уціск з боку паліцыі і адміністрацыі. Многа палажыў працы пры складанні дэкларацый на беларускую школу. Сваім вясковым характарам і невычарпаным юмарам ён заахвочваў нас да працы. Да яго мы зьбіраліся ў цяжкія часіны жыцьця і заўсёды выходзілі адтуль вясёлыя, поўныя надзеі”. Але як толькі гэты В. М. быў вызначаны на кракаўскія курсы, ён забраў са школьнага інспектарата сабраныя дэкларацыі на беларускую школу. Пасля заканчэння курсаў В. М. атрымаў прызначэнне ў Ломжынскае ваяводства і цалкам парваў з беларускім рухам. Паводле аўтара артыкула, любімым выразам гэтага настаўніка стаў наступны: „Теперь мне всё равно — русский, польский, белорусский”. Другі настаўнік, нехта А. К., пасля кракаўскіх курсаў „не прызнае беларускай нацыянальнасці наогул і смяецца з беларускай літаратуры. Лічыць сябе расейцам і лятуціць аб «Единой и Неделимой»”27. Тыя ж настаўнікі, якія не адракаліся ад беларускай справы, альбо станавіліся ахвярамі паліцэйскага пераследу, альбо мусілі вяртацца да звычайнай сялянскай працы, каб здабыць сабе сродкі на пражыццё.
Таму невыпадкова, што былыя настаўнікі адыгрывалі значную ролю ў дзейнасці гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і Таварыства беларускай школы (ТБШ), хаця многіх і адштурхоўваў сацыяльны радыкалізм і прасавецкая накіраванасць гэтых арганізацый. Менавіта ТБШ ставіла галоўнай мэтай сваёй дзейнасці дамагчыся для беларусаў адукацыі на роднай мове. І мясцовыя дзеячы гэтай арганізацыі сапраўды актыўна працавалі ў гэтым кірунку, збіраючы сярод вясковага насельніцтва подпісы на адкрыццё беларускіх школ, не зважаючы на ўсе перашкоды і рэпрэсіі. Напрыклад, за 1927 г. сябры гурткоў ТБШ сабралі ў Гарадзенскім павеце каля 1 500 пісьмовых дэкларацый для адкрыцця беларускіх школ28. Патрабаванне школы на роднай мове вылучалі мясцовыя сяляне падчас выбарчай кампаніі 1928 г. Аднак галоўнай праблемай з’яўлялася тое, што школьнае пытанне было па сутнасці цалкам пазбаўлена практычнай складовай і выкарыстоўвалася толькі як палітычны лозунг. У матэрыялах мясцовых урадавых устаноў ужо не сустракаюцца звесткі пра існаванне тайных беларускіх школак. Вяскоўцы пад пагрозай значнага штрафу мусілі пасылаць сваіх дзяцей ва ўрадавую польскамоўную школу.
У выніку вельмі паслядоўнай палітыкі ўладаў беларускае насельніцтва ў сваёй масе так і не змагло дамагчыся дзяржаўнага школьніцтва на роднай мове. Прыватныя беларускія школы таксама не мелі шанцаў на развіццё. Нелегальнай асветы, падобнай на тую, якая існавала сярод каталіцкага сялянства ў царскія часы, беларускі рух стварыць не змог з некалькіх прычын. Па-першае, польская паліцыя мела куды большы кантроль за мясцовым жыццём, чым калісьці расійская. Таму тайныя школы непазбежна выкрываліся б. Па-другое, польскае школьніцтва ў царскія часы існавала, найперш дзякуючы падтрымцы каталіцкага духавенства. Неабходнасць умення чытаць малітоўнік на польскай мове з’яўлялася галоўным стымулам, які падштурхоўваў усіх практычна бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у тайную школку, нават рызыкуючы заплаціць за гэта штраф. Праваслаўнае ж духавенства ў большасці сваёй ставілася абыякава, а часта нават варожа, да беларускамоўнага школьніцтва. Таму рэлігійны чыннік не мог адыграць тут сваёй ролі. Магчымасць жа прадоўжыць адукацыю пасля беларускай школкі і дамагчыся сацыяльнага поспеху была для большасці сялян мізэрнай. Напрыклад, у 1927 г. з віленскай беларускай гімназіі выключылі за ўдзел у палітычных акцыях 10 ураджэнцаў Гарадзенскага павета29. Калі нават лічыць, што выхадцаў з Гарадзеншчыны ў віленскай і іншых беларускіх гімназіях вучылася значна больш, усё роўна гэта не вельмі вялікая лічба ў стасунку да агульнай колькасці насельніцтва павета. Але і пасля заканчэння беларускай гімназіі сялянскаму хлопцу было неверагодна цяжка паступіць ва універсітэт ці атрымаць працу ў дзяржаўнай установе. Гарадское беларускае асяроддзе з прычыны амаль поўнай адсутнасці ўласных прадпрымальніцкіх колаў з’яўлялася адносна нешматлікім і не было ў стане забяспечыць належнай працай адукаваных выхадцаў з вёскі. Большасць сялян выдатна гэта разумела. Таму прагматычны аспект у развіцці беларускага школьніцтва быў вельмі слабы.
Тым болей уражвае ў святле выкладзеных фактаў часамі проста адчайнае імкненне мясцовых нацыянальных дзеячаў падтрымаць беларускія гімназіі. Напрыклад, гурток ТБШ у вёсцы Галавачы Скідальскай гміны ахвяраваў у 1927 г. 650 злотых на адбудову беларускай гімназіі ў мястэчку Глыбокае, пра існаванне якога большасць жыхароў дадзенай вёскі напэўна ніколі да гэтага не чула30. Такім чынам звесткі пра існаванне і дзейнасць вялікай колькасці вясковых гурткоў у розных мясцінах Заходняй Беларусі, трансляваныя праз беларускамоўную прэсу, фармавалі ўяўленне пра сваю ідэалагічную айчыну ў самасвядомасці вясковых жыхароў і пачуццё нацыянальнай салідарнасці.
Рада гміны Бершты, якая ў большасці складалася з беларускіх дзеячаў, пастанавіла ў маі 1928 г. матэрыяльна падтрымаць беларускую гімназію ў Вільні і перадаць ёй з гміннага бюджэту дапамогу ў памеры 300 злотых. Прычым такую дапамогу было вырашана пералічваць у Вільню на працягу 5 год. Дадзеная пастанова выклікала моцнае абурэнне мясцовага паліцэйскага каменданта, які пісаў у Гародню, што радныя гміны „не глядзяць на лёсы гміннай гаспадаркі, а толькі бароняць і падтрымліваюць беларускія справы і ўвогуле беларускі рух”31. Таму, на думку каменданта, „беларускае насельніцтва, з якога пры ўжыцці адпаведных рэформаў можна зрабіць лаяльных грамадзян, не можа прыйсці да гэтага, паколькі паўсюдна і на кожным кроку агітаванае на шкоду Дзяржаве”.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, беларуская адукацыя праіснавала да 1939 г. у якасці хатняга навучання. Але такое навучанне ахоплівала ў цэлым нязначную частку сялянскага насельніцтва. Сярод большасці вясковых жыхароў зноў запанавала характэрнае для царскіх часоў бачанне беларускай мовы як мовы сялянскай і простай. Прычыну гэтай з’явы вельмі дакладна ахарактарызаваў Яўген Мірановіч: „Свая мова — „простая” — у перакананні сялян была мовай вёскі, ніхто на ёй не вучыў ні пісаць, ні чытаць, таму і не адчувалася імі патрэбы змагання за яе прысутнасць у царкве ці школе. Мясцовыя дзеячы звязаны былі з арганізацыямі, якія праслаўлялі Савецкі Саюз, новую Расію і не надта бачылі яны патрэбу намаганняў на тое, каб беларуская мова заняла месца рускай, тым больш што большасць з іх чытаць і пісаць умела толькі па-руску”32.
Самым эфектыўным сродкам пашырэння беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай вёсцы стала арганізацыя самадзейных драматычных гурткоў і ладжанне тэатральных пастановак на беларускай мове. Галоўнай перавагай гэтай формы культурна-асветніцкай дзейнасці з’яўлялася даступнасць яе да ўсіх практычна пластоў вясковай грамады. Прычым праца мясцовых актывістаў у дадзеным кірунку трапляла на вельмі ўдзячную глебу. Сялянскае насельніцтва, асабліва моладзь, прагна цягнулася да высокай нацыянальнай культуры. Архаічная і замкнёная для знешняга свету вёска цяпер усё болей актыўна адкрывалася на вонкавыя ўплывы, шукала новыя формы культурнага жыцця.
Заснаванне на вёсцы беларускіх драматычных гурткоў распачынаецца ў часе нямецкай акупацыі. Карэспандэнт газеты „Наш сцяг” пісаў з Дзятлаўшчыны, што ў яго вёсцы ў 1919 г. быў заснаваны гурток, сябры якога падрыхтавалі пастаноўкі п’есаў Наша цемната, Калісь, Квартэт, Цыганка і дэмакрат. Арганізатарамі гэтай справы былі мясцовыя настаўнікі. Але, як паведаміў аўтар карэспандэнцыі, „вучыцеляў саслалі ў Беластоцкую турму, дзе яны памерлі”33.
У Гарадзенскім павеце актыўнасцю на ніве беларускай культурна-асветнай працы вылучалася мястэчка Крынкі. Тамтэйшы Гурток беларускай моладзі паставіў 25 верасня 1921 г. драму Манька і камедыю Модны шляхцюк. 30 кастрычніка таго ж года была пастаўлена камедыя Л. Родзевіча Збянтэжаны Саўка, а 20 лістапада — Калісь Ф. Аляхновіча і Конскі партрэт Л. Родзевіча34. Некаторыя актыўныя ўдзельнікі крынкаўскага гуртка былі асуджаны за антыдзяржаўную дзейнасць на беластоцкім судовым працэсе „45” беларускіх канспіратараў у маі 1923 г. У сувязі з актывізацыяй на Гарадзеншчыне ў 1922-1923 гг. партызанскага руху супраць дзяржаўных уладаў урад забараняе дзейнасць і беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый. Таму адносна гэтага часу амаль няма інфармацыі пра ладжанне ў вёсках тэатральных пастановак на беларускай мове. Калі ў студзені 1925 г. у Верцялішках была пастаўлена Паўлінка, то мясцовы карэспандэнт „Беларускай долі” зазначыў, што „ад 1920 г., калі ў нас таксама была згуляна Паўлінка, мы такога свята не мелі”35. На беларускую п’есу, паводле аўтара нататкі, сабралася поўная зала народу, а акрыленыя поспехам артысты дамагліся ад павятовага старасты дазволу на пастаноўку яе ў памяшканні кінатэатра ў мястэчку Азёры. Але з асаблівай сілай беларуская культурна-асветная праца разгортваецца з паўставаннем БСРГ, дзеячы якой апанавалі таксама і мясцовыя структуры ТБШ.
Першы лакальны гурток ТБШ у Гарадзенскім павеце паўстаў летам 1926 г. у Скідалі36. А ў лістападзе 1926 г. у шэрагах таварыства толькі на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства налічвалася 38 гурткоў і 700 сяброў37, прычым вылучаўся менавіта Гарадзенскі павет, у якім дзейнічалі 19 гурткоў і 348 сяброў38. У снежні 1926 г. у гэтым павеце паўсталі яшчэ 22 гурткі. На 1 ліпеня 1927 г. у Беластоцкім ваяводстве існаваў 91 гурток (ва ўсёй Заходняй Беларусі 3 034). У гэтыя гурткі ўступілі 1 824 чальцы (у Заходняй Беларусі — 10 584). У Гарадзенскім павеце ў 1927 г. дзейнічалі 48 гурткоў і каля 1 000 сяброў, якія ўтваралі асобную Гарадзенскую акругу ТБШ.
Зразумела, што многія мясцовыя суполкі ТБШ ствараліся найперш з палітычнымі мэтамі. Шматразова назіралася сітуацыя, калі гурткі распушчанай уладамі БСРГ у поўным складзе рэгістраваліся зноў як гурткі ТБШ і ўспрымаліся самім вясковым насельніцтвам як працяг Грамады. Таму даволі няпроста адказаць на пытанне, колькі гурткоў з паўсотні зарэгістраваных у Гарадзенскім павеце рэальна праводзілі культурна-асветную працу і ладзілі тэатральныя пастаноўкі на беларускай мове. Як можна меркаваць з архіўных матэрыялаў і тагачаснага беларускага друку, найбольшай актыўнасцю ў гэтым кірунку вылучаўся гурток у мястэчку Скідаль, які налічваў у канцы 1927 г. 36 сяброў39. Усяго ў Скідальскай гміне было ўтворана 10 гурткоў ТБШ, прычым гурток у вёсцы Каўшова аб’ядноўваў 65 сяброў, што складала чвэрць насельніцтва гэтай прынёманскай вёскі40. Паліцэйскі камендант Скідаля адзначаў у сваёй справаздачы, што ў 1927 г. гурткі ТБШ кожнае свята ладзілі вечарыны і тэатральныя прадстаўленні. Напрыклад, 11 верасня 1927 г. скідальскі гурток адсвяткаваў свае ўгодкі. На сходзе, які завершыўся спевам песні Не пагаснуць зоркі ў небе, было вырашана назваць гурток іменем Максіма Багдановіча41. Яшчэ раней, 29 траўня 1927 г., у Скідалі быў праведзены вечар памяці паэта, на якім старшыня гуртка Пётра Сяўрук прачытаў даклад аб творчасці Максіма Багдановіча42.
Адным з самых актыўных гурткоў ТБШ не толькі на Гарадзеншчыне, але і ва ўсёй Заходняй Беларусі, з’яўляўся гурток у лясной вёсачцы Шкленск. 27 лістапада 1927 г. гэты гурток наладзіў у сваёй вёсцы вечарыну-спектакль. Пра тое, як адбывалася вечарына, сакратар гуртка Міхал Касцевіч напісаў у газету „Права працы”: „Былі згуляны дзве п’есы: Міхалка і Суд, пасля чаго пяяліся беларускія песні, дэклямаваліся вершы беларускіх паэтаў і ўрэшце пад гучныя воплескі сабраўшыхся — ня гледзячы на мокрую пагоду — з суседніх вёсак публікі, вечар быў закончаны сваёй Лявоніхай43.
Пра вялікі поспех беларускіх драматычных пастановак сярод сялянскага насельніцтва пісалі і паліцэйскія каменданты. Напрыклад, 7 студзеня 1928 г. сябры таго ж шкленскага гуртка наладзілі беларускую вечарыну ў вёсцы Навасёлкі. Яна праходзіла ў звычайнай хаце. Паводле паліцэйскай справаздачы, прысутнічала каля 80 асобаў. Вечарына распачалася ў 19 гадзінаў вечара, а завяршылася ў 3 гадзіны ночы. Паліцэйскі камендант так апісаў яе ход: „Была згуляна камедыя Паўлінка, затым дэкламацыі „да працы — родныя вобразы — пакліч мая песня”, пасля чаго пачаўся спеў „ці не быстрая рэчка”. (...) Прысутная люднасць (старыя і маладыя) усе без выключэння паставіліся да п’есы прыхільна і выказалі задавальненне.”44 Але калі гурток падрыхтаваў правядзенне такой вечарыны ў Шкленску на 14 студзеня, то дазволу ўладаў ужо не атрымаў.
Гарадзенская акружная ўправа ТБШ прыняла ў маі 1927 г. пастанову аб неабходнасці ўтварэння пры кожным вясковым гуртку драматычнай секцыі: „Спэктакль для нашай малапісьменнай вёскі з’яўляецца найлепшым пашырэннем мастацкай красы, якая ўсьведамляе чалавека і дае зразуменне жыцця. Чым больш чалавек разумее, тым больш ён адчувае, тым больш ён даходзіць да зразумення праўды жыццёвае, а зразуменне праўды падыймае культурны стан чалавека да вышыні чалавечае годнасці, вызваляючы яго з цемры”45. У верасні 1927 г. Гарадзенская акруговая ўправа ТБШ ізноў зазначыла на сваім сходзе, што „ладжанне спэктакляў на вёсцы ёсць адна з болей даступных форм прапаганды беларускага руху”46.
Драматычныя пастаноўкі гурткоўцаў выклікалі ў вясковых жыхароў моцныя эмацыйныя перажыванні. У лістападзе 1927 г. гурток з вёскі Пяшчанка Скідальскай гміны паставіў у суседняй вёсцы Раўкі драму Ф. Аляхновіча Дрыгва: „Як толькі паднялася заслона [гледачы — С. Т.] былі зачараваны выглядам нацыянальных вопратак”. На пачатку самадзейныя акторы разам з гледачамі праспявалі Не загаснуць зоркі ў небе”. Як адзначыў аўтар нататкі ў газету „Праца”, „пяючы гэту песнь кожны з глядзельнікаў адчуваў у сэрцы нейкі жаль і спачуццё да свайго роднага”47.
Трэба адзначыць, што актыўная культурна-асветная праца часта праводзілася і ў тых вёсках, дзе фармальна адсутнічалі гурткі ТБШ. У вёсцы Бершты войт гміны і былы сакратар мясцовага камітэта БСРГ Мікалай Касцевіч арганізаваў у 1927 г. пастаноўку 36 беларускіх спектакляў. Газета „Наша праўда” пісала: „Здаецца, ужо няма такой беларускай п’есы, якой бы ў гэтай вёсцы не гулялі”48. Верагодна, што ў М. Касцевіча была нейкая дамоўленасць з мясцовай паліцыяй, паколькі апошняя не перашкаджала яму ў культурна-асветніцкай дзейнасці. Напрыклад, на пачатку чэрвеня 1927 г. вёску Бершты наведалі павятовы стараста Бяньковіч і пасол сейма К. Лашкевіч. У прысутнасці гэтых асобаў берштаўская моладзь адыграла ў школьным памяшканні п’есу Янкі Купалы Раскіданае гняздо49.
Дзяржаўныя ўлады часта спрабавалі супрацьставіць актыўнасці беларускіх гурткоў дзейнасць праўрадавых культурна-асветніцкіх арганізацый. Напрыклад, карэспандэнт газеты „Беларуская доля” пісаў з вёскі Сялявічы Міжэвіцкай гміны Слонімскага павета: „З рухам нашых беларускіх вёсак да сваіх беларускіх школ заварушылася і „Koło Młodzieży” (польскае) у нашай вёсцы: пачало ставіць спектаклі. Гэтак 13 красавіка была пастаўлена п’еса Адам і Ева. Але дзякуючы таму, што спэктакль адбываўся ў польскай мове і польскім духу, наша моладзь, хоць і ўсе яны каталікі, на спэктакль не пайшла”50. Безумоўна, што погляд беларускай газеты нельга назваць аб’ектыўным. Поўную карціну дзейнасці польскіх драматычных гурткоў у вёсках Гарадзенскага павета скласці дастаткова складана. Абавязак утварэння такіх гурткоў ускладаўся на настаўнікаў урадавых школ. Аднак іх намаганні часам напатыкаліся на варожасць беларускіх актывістаў. Напрыклад, калі ў вёску Бершты вярнуўся з турмы былы партызан Максім Шаставіцкі, то пачаў намаўляць школьную моладзь супраць польскага драматычнага гуртка, пра што паведаміў у Гародню тамтэйшы камендант паліцыі: „У сваім часе ў мясцовай школе былі арганізаваныя яе кіраўніком аматарскія прадстаўленні польскіх п’есаў, але калі даведаўся вышэйназваны [М. Шаставіцкі — С. Т.], то быў незадаволены, што беларуская моладзь бярэ ўдзел у польскіх п’есах і загітаваў яе, каб не брала ўдзелу ў іх, але заахвочваў да ўдзелу толькі ў беларускіх”51.
Калі гурток ТБШ у вёсцы Дубна звярнуўся да кіраўніка мясцовай школы з просьбай прадаставіць пустуючую школьную залу для арганізацыі тэатральных імпрэзаў, то апошні паставіў ўмову, што прадстаўленні будуць адбывацца выключна на польскай мове. Моладзь адмовілася ад такой прапановы, сцвярджаючы, што „яны будуць тады рабіць прадстаўленні не для сябе, а для палякаў, а палякі, калі хочуць, то няхай самыя для сябе арганізуюць”. Мясцовы камендант паліцыі Казімір Нагацкі, які вылучаўся адносна спагадлівым стаўленнем да беларускага насельніцтва, так пракаментаваў пазіцыю гурткоўцаў: „Любое тлумачэнне мае такі вынік, як біццё гарохам аб сцену, а тактоўнае пераконванне таксама застаецца без ніякага ўплыву. Наогул люднасць тутэйшая вельмі цяжкая да грамадскай працы, ніколі не задаволеная з таго, чаго яна прагнула і ўрэшце ўдалося ёй дасягнуць, адразу жадае зноў таго, чаго мець не можа і без канца наракае”52. Паліцэйскі чыноўнік шчыра не мог даўмецца, чаму ж гэта мясцовая моладзь так прагне рабіць прадстаўленні менавіта на беларускай мове.
Калі ў снежні 1928 г. моладзь вёскі Дубна зноў звярнулася ў павятовае староства з просьбай дазволіць ёй арганізаваць у памяшканні школы тэатральнае прадстаўленне на свята Божага Нараджэння, то стараста даў дазвол толькі пры ўмове, што будуць адыграны дзве п’есы на польскай мове і адна на беларускай. Але кіраўнік школы Альфрэд Міхалок усё роўна катэгарычна адмовіўся прадаставіць памяшканне. Такія паводзіны настаўніка выклікалі нават асуджэнне кіраўніка паліцыі: „Лічу, што трэба было б падтрымаць жаданні мясцовай моладзі ў дадзеным выпадку, бо сапраўды яна ў грамадскай працы ёсць занядбаная, а добрыя памкненні, умела выкарыстаныя, маглі б падштурхнуць яе на добрую грамадскую дарогу”53.
Адначасова гэты камендант паліцыі станоўча адзываўся пра дзейнасць настаўніка ў вёсцы Княжаводцы Гераніма Ядкоўскага, які сарганізаваў пажарную варту, курсы граматы для дарослых і аматарскі драматычны гурток. Сіламі гэтага гуртка ён наладзіў тэатральнае прадстаўленне ў гонар дзяржаўнага свята 3 Мая. Аднак узгаданы вышэй Альфрэд Міхалок паскардзіўся на свайго калегу павятоваму школьнаму інспектару, „што Ядкоўскі выступіў з прамовай на беларускай мове”. У абарону апошняга выказаўся камендант Нагацкі, які пісаў у Гародню: „Сцвярджаю, што Ядкоўскі апроч таго, што мае дачыненні з беларускай моладдзю, так наблізіў яе да сябе, што прадстаўленні пераважна адбываюцца на польскай мове і ахвочых да іх адыграння ёсць вельмі шмат”54.
Яшчэ адным вельмі важным кірункам дзейнасці гурткоў ТБШ стала арганізацыя вясковых бібліятэк і хатаў-чытальняў. Напрыклад, скідальскі гурток заснаваў бібліятэку, якая налічвала 280 кніг. З гэтай лічбы больш 100 кніг гурток купіў, каля 60 было ахвяравана рознымі асобамі, і каля 100 пазычана. Бібліятэка мела філіі-чытальні ў вёсках Пяшчанка і Пузавічы. У вёсцы Стральцы Скідальскай гміны мясцовы гурток ТБШ заснаваў бібліятэку-чытальню імя Антона Луцкевіча. Гэтая бібліятэка налічвала 70 беларускіх, расійскіх і польскіх кніг. Прычым 3 кнігі для яе ахвяраваў сам Антон Луцкевіч55. Вельмі актыўна працавала бібліятэка ў Шкленску пад кіраўніцтвам Уладзіміра Гардзея. На яе развіццё аддаваліся ўсе прыбыткі гуртка ТБШ ад драматычных пастановак. У мястэчку Казлоўшчына Слонімскага павета гурткоўцы заснавалі бібліятэку-чытальню, якую назвалі іменем Алеся Гаруна. У гэтай бібліятэцы налічвалася 149 кніжак, з якіх 89 было на беларускай мове. Прычым сярод беларускіх кніг пераважалі драматычныя творы. Бібліятэку стала наведвалі 45 чытачоў.
У такіх грамадскіх бібліятэках сяляне маглі азнаёміцца з беларускімі газетамі і часопісамі. У 1920-х гадах перыядычны друк аказвае велізарны ўплыў на самасвядомасць вясковага насельніцтва. У значнай ступені дзякуючы беларускім газетам далучаюцца да нацыянальнага руху і культурна-асветніцкай працы многія прадстаўнікі інтэлігенцыі. У 1925 г. камендант Берштаўскага пастарунка паліцыі пісаў у Гародню: „Беларускае і літоўскае насельніцтва ў тутэйшай гміне даведалася ад асобаў, якія карыстаюцца яе даверам, альбо таксама з беларускіх газет аб іх правах і г.д. і перакананае, што павінна стаць лепш пасля здабыцця незалежнасці Беларусі”56. У 1926-1928 гадах беларускія газеты атрымлівалі ўсе мясцовыя дзеячы, якія альбо перадавалі іх для чытання іншым сялянам, альбо самі чыталі непісьменным. Сучаснікі адзначалі, што вера сялян у друкаванае слова была вельмі моцнай. Аднак пасля выбараў 1928 г. наплыў беларускіх газет у вёску рэзка скараціўся. Ужо ў 1929 г. паліцэйскія каменданты гавораць у сваіх справаздачах аб амаль поўным іх знікненні з вясковага жыцця. Калі ў тым годзе беларускія дзеячы Радаслаў Астроўскі і Антон Луцкевіч пачалі выдаваць сваю газету „Наперад”, то высылалі яе экземпляры на адрасы мясцовых беларускіх актывістаў. Але абсалютная большасць апошніх нават не забрала гэтыя газеты з пошты. У дадзеным выпадку напэўна галоўную ролю адыграў той фактар, што А. Луцкевіч і Р. Астроўскі лічыліся здраднікамі Грамады ў пракамуністычных колах, якія мелі найбольшыя ўплывы на вёсцы.
Чыталі мясцовыя сяляне і газеты на польскай мове, прычым асаблівай папулярнасцю карыстаўся леварадыкальны друк. Напрыклад, беларускі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч, які працаваў у рэдакцыі „Газеты хлопскей”, падчас сваіх прыездаў у родную вёску Бершты прывозіў вялікую колькасць экземпляраў гэтай газеты, якая была, паводле звестак паліцыі, „беларусамі ахвотна чытаная, але лічылася імі правакатарскай газетай, бо друкаваная на польскай мове”57.
Найвышэйшага ўздыму беларуская культурна-асветніцкая праца ў вёсках Гарадзеншчыны дасягнула ў 1927-1928 гг. Напрыклад, у маі 1927 г. гарадзенская акруговая ўправа ТБШ прыняла пастанову аб патрэбе ўтварэння лекцыйнай секцыі, арганізацыі сельскагаспадарчай і гандлёвай кааперацыі і правядзення кампаніі барацьбы з п’янствам58. Дзякуючы дзейнасці мясцовых актывістаў, беларускія кнігі і газеты былі ў той час даступнымі практычна для кожнага вяскоўца. Гэтыя актывісты стварылі невядомы раней для вясковага асяроддзя тып бескарыснага рамантыка на ніве нацыянальнай культуры са сваім этасам самаахвярнай працы. Вельмі яркім прыкладам такога рамантыка з’яўляецца кіраўнік скідальскага гуртка і гарадзенскай акруговай ўправы ТБШ Пётра Сяўрук. Яшчэ ў часе бежанства ў Расію, будучы 15-гадовым юнаком, ён запісаў некалькі казак на беларускай мове і паслаў у Народны камісарыят асветы. Па вяртанні з Расіі П. Сяўрук даслаў ліст у „Беларускую кнігарню” ў Вільні, адкуль атрымаў беларускія газеты. „Хоць трохі асьвяцілі дзеля міне тое, што робіцца ў свеце і на нашай пакрыўджанай зямле” — пісаў ён у сваім наступным лісце ў Вільню. Пётра Сяўрук стаў душой беларускай асветнай працы на Скідальшчыне. Будучы ад прыроды вельмі адораным чалавекам, ён амаль штодня вёў літаратурна-філасофскі дзённік. Напрыклад, у 1921 г. Сяўрук складае Записки читателя на рускай мове, у якіх занатоўвае свае ўражанні ад прачытаных твораў Л. Талстога, М. Тургенева, Л. Андрэева і іншых літаратурных класікаў. Так, 17 снежня 1923 г. ён завершыў чытанне Евангелие как основа жизни Пятрова, а ўжо 21 снежня Портрет Дориана Грея Оскара Уайльда. У 1924 г. П. Сяўрук стварае рукапісную філасофскую працу на рускай мове Моя философия, якая ўтрымлівае шмат спасылак на Берклі, Дэкарта, Фіхтэ, Эмерсона, Талстога, а таксама піша працу Моя религия. 9 студзеня 1925 г. ён завершыў рукапіс працы Мое исповедание, а 15 лютага таго ж году — рукапіс Теория мира. У 1926-1927 гг. П. Сяўрук падрыхтаваў тэарэтычныя артыкулы на беларускай мове: Родная мова і навука, Што такое мастацкая літаратура, Аб беларускай літаратуры і інш.59 Апроч таго, П. Сяўрук напісаў шмат беларускіх вершаў. Невылечна хворы на сухоты, ён да апошніх дзён свайго жыцця адчайна імкнуўся падтрымаць дзейнасць скідальскага гуртка ТБШ, якая прыкметна аслабела пасля яго смерці ў 1929 г., што не забыўся адзначыць мясцовы камендант паліцыі.
Яшчэ адной вельмі яркай асобай на Гарадзеншчыне быў паэт і грамадскі дзеяч Міхал Касцевіч (псеўд. Міхась Васілёк). Ён паходзіў з невялікай лясной вёсачкі Баброўня. М. Касцевіч быў сакратаром гуртка ТБШ у Шкленску. Тамтэйшы камендант паліцыі пісаў у ліпені 1928 г., што „сакратар таго ж гуртка Касцевіч Міхал (...) з’яўляецца супрацоўнікам беларускіх часопісаў, што выходзяць у Вільні, а таксама вельмі часта бывае ў Вільні ў Цэнтральным камітэце Т-ва Беларускіх Школ, адкуль прывозіць розныя ўказанні і ўзмацняе сяброў духам. Апошнія, нягледзячы на тое, што плацяць розныя штрафы і г.д., з гуртка не выходзяць”60.
Беларуская нацыянальная праца амаль штодня патрабавала ад мясцовых дзеячаў самаахвярнасці. Арганізацыя любога мерапрыемства вымагала велізарных высілкаў, страты працоўнага часу, пераадолення супраціву ўладаў. Міхал Касцевіч падрабязна апісаў гэта ў сваім артыкуле ў газету „Права працы” ў снежні 1927 г., дзе ён таксама тлумачыць матывацыю працы мясцовых актывістаў:
„Пералічыўшы ўсё гэта, ці-ж не становіцца ясным, што той аматар-артыста, каторы выконвае тую ці іншую ролю — кладзе ў яе сваю душу, выкоўвае з сябе тое вялікае зразумелае для ўсіх, якое гаворыць славамі: „Глядзіце: мы — самы, ня просячы ласкі чужой, мы — цемныя, спанявераныя, мы жыўшыя да гэтага часу толькі зьдзекам для другіх, мы — сваёю воляй буйным запалам маладых сілаў, паднімаемся з нізін, маўляў — сакаліная сям’я і нясем на сваіх крыльлях магутных, сьвет зніштажэньнем цемры, сьвет адраджэньня, падняцьця на адпаведную вышыню свае роднае беларускае культуры, свае мовы і ўсяго роднага, што жывець у нашым сэрцы і што ў лучнасці з намі творыць нешта вялікае, магутнае, расквітаючае для будучыні яскравым вобліскам шчасця, тваіх працоўных сыноў, Беларусь!”61
Беларуская культурна-асветніцкая праца праводзілася пад несупынным ціскам з боку паліцыі, якая выкарыстоўвала любыя сродкі, каб ёй перашкодзіць. Напрыклад, у лістападзе 1927 г. была праведзена рэвізія Скідальскага гуртка ТБШ, падчас якой канфіскавалі пячатку, усе канцылярскія паперы, некаторыя кнігі, у тым ліку Гісторыю беларускай літаратуры62. На скаргі цэнтральнага кіраўніцтва ТБШ пра незаконны ўціск з боку дзяржаўных чыноўнікаў ваяводскія ўлады звычайна адказвалі наступным чынам: „Адміністрацыйныя ўлады, як выразнікі волі Урада, не маюць на мэце ўдушэння культурнай і асветніцкай працы, калі яна будзе праводзіцца менавіта ў азначаным кірунку”63.
Асабліва ўзмацніліся паліцэйскія рэпрэсіі ў 1928 г. у сувязі з выбарамі ў Сейм і Сенат ІІ Рэчы Паспалітай. Паступова гэта пачала даваць пажаданыя для дзяржаўных уладаў вынікі. У студзені 1928 г. камендант пастарунка паліцыі ў Скідалі пісаў: „У мінулым месяцы дзейнасць Таварыства беларускай школы значна аслабела і не пашыралася так інтэнсіўна, як у папярэднім месяцы, калі кожнае свята іх кіраўніцтва арганізоўвала тэатральныя прадстаўленні, на якія збіралася шмат гледачоў і не выключана [выдзелена намі — С. Т.], што на тых зборках праводзілася антыдзяржаўная праца. Зараз, у сувязі з узмоцненым наглядам за дзейнасцю таварыства з боку паліцыі і солтысаў, дзейнасць іх заўважальна зменшылася”64. Пасля парламенцкіх выбараў 1928 г. актыўнасць гурткоў ТБШ яшчэ болей імкліва пайшла на спад, што адзначалі паліцэйскія каменданты ўсіх пастарункаў Гарадзенскага павета. У красавіку 1928 г. камендант скідальскага пастарунка адзначаў: „Гурткі знаходзяцца ў стадыі распаду, паколькі не выклікаюць такога вялікага зацікаўлення сярод мясцовай люднасці, як раней. Галоўныя дзеячы гурткоў у выніку рэпрэсій з боку пастарунка пакідаюць свае пасады і гурткі без апекі”65. Паліцэйскі камендант з Галынкі таксама паведамляў, што ТБШ у яго раёне не дзейнічае: „А гэта дзякуючы таму, што найвыбітнейшыя дзеячы беларускага руху выехалі — адны на настаўніцкія курсы, астатнія на іншыя пасады”66.
Беларускія дзеячы ў розных мясцовасцях намагаліся ажывіць нацыянальную культурна-асветніцкую працу. У канцы 1928 г. актывісты з мястэчка Крынкі паспрабавалі ўтварыць колка беларускай моладзі, але не атрымалі на гэта дазволу ўладаў67. Паліцэйскі камендант Азёрскай гміны паведамляў ў Гародню: „Гурткі ў Лакно, Стрыеўцы і Бандарах узнавілі сваю дзейнасць, прыступіўшы да арганізавання бібліятэк, аднак ціск на гэтыя гурткі з боку пастарунка з мэтай іх ліквідацыі дае спадзяванне, што ў хуткім часе будзе ўзнагароджаны ўдалым вынікам”68.
У 1929 г. большасць гурткоў ТБШ на тэрыторыі Гарадзенскага павета ўжо спыніла ўсялякую дзейнасць. Камендант Скідальскага пастарунка ў чэрвені 1929 г. занатаваў у сваёй справаздачы: „Сцверджана, што асобныя дзеячы Таварыства беларускай школы ўсімі сіламі робяць намаганні сярод мясцовай люднасці, каб Т-вы той школы стаялі на адпаведным узроўні і паспяхова развіваліся, аднак шырэйшыя масы люднасці ніякага ўдзелу ў гэтым руху не бяруць, зусім не цікавяцца той акцыяй”69. Згодна з пастановай павятовага старасты ад 2 ліпеня 1929 г. прыпынялася дзейнасць гуртка ў Шкленску, а яго бібліятэка была апячатана70. У верасні 1929 г. вельмі актыўны некалі гурток у Скідалі налічваў усяго 12 сяброў71. Яго кіраўнік Пётра Сяўрук адмоўна ставіўся да палітызацыі ТБШ, на якую штурхалі гурткі прадстаўнікі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).
Трэба аднак прызнаць, што прыхільнікі дэпалітызацыі ТБШ знаходзіліся ў вельмі складаным становішчы. Значная частка моладзі прагнула радыкальнай дзейнасці і штурхала гурткі на палітычныя акцыі, абвяшчаючы памяркоўных дзеячаў здраднікамі. Пасля выбуху зацікаўленасці вяскоўцаў да тэатральных прадстаўленняў і іншых відаў асветнай працы непазбежна надыходзіў спад эмоцыяў. Аўтар нататкі ў газету „Голас працы” пра дзейнасць гуртка ТБШ у Казлоўшчыне галоўнай праблемай бачыў пасіўнасць многіх яго сяброў, якія часта выказваліся ў такім духу: „А што мне рэпеціраваць, трэба гараць, баранаваць”72. Толькі адзінкі былі здольны да рэгулярнай руціннай працы, якая не прыносіла ніякіх матэрыяльных выгодаў. Паліцыя ўмела выкарыстоўвала такія моманты, каб шляхам адміністрацыйнага ціску паралізаваць дзейнасць гурткоў.
Дзяржаўныя ўлады мэтанакіравана імкнуліся дамагчыся поўнага і канчатковага зліквідавання ўсіх без выключэння гурткоў ТБШ. Пра гэта яскрава сведчыць ліст паліцэйскага каменданта Гарадзенскага павета Міцінскага да начальніка паліцыі ў Скідалі ў лістападзе 1929 г.: „У цэлым павеце ўжо, апроч пастарунка Скідаль, дзякуючы зацікаўленасці камендантаў пастарункаў, зліквідаваны Таварыствы Беларускай Школы, а ў давераным Пану раёне, існуюць яшчэ ў вёсцы Каўшова і ў самім мястэчку Скідаль. Рэкамендую Пану зрабіць адпаведныя крокі ў кірунку шматразовых павучэнняў Пана Старасты, скіраваных да іх ліквідацыі. Зразумела, што пры гэтым Пан не можа выкарыстаць яўных, адкрытых і легальных сродкаў, але ў распараджэнні Пана, як каменданта пастарунка, ёсць тысячы спосабаў, з дапамогай якіх можа Пан, пры адпаведным спрыце і такце, уплываць пасрэдна на сяброў Т-ва Беларускай Школы, знеахочваць іх да далейшай працы ў Т-ве і схіліць да развязання кіраўніцтва”73. У студзені 1930 г. скідальскі гурток ТБШ налічваў усяго 11 сяброў. У той час у мястэчку польская арганізацыя „Мацеж Школьна” налічвала 15 чальцоў, яўрэйскія арганізацыі „Тарбут” — 150 і „Культура” — 70. Але рэпрэсіі ўладаў абрушваліся толькі на беларусаў. Пры гэтым камендант паліцыі адзначаў, нібыта гурток ТБШ „у камуністычным духу ўплывае на беларускае насельніцтва”74. Неўзабаве гэты гурток распаўся канчаткова.
Такім чынам польскім уладам удалося дасягнуць у канцы 1920х — на пачатку 1930-х гадоў поўнага разгрому легальных структураў беларускага руху на Гарадзеншчыне. У выніку гэтага мясцовая вёска была фактычна адарваная ад высокай беларускай культуры. Спыніўся альбо катастрафічна зменшыўся доступ да сялянскага насельніцтва беларускага друкаванага слова. У выніку гэтага большасць вясковай моладзі была пазбаўлена магчымасці ўдзелу ў нацыянальнай культурна-асветніцкай працы. Значная частка мясцовых актывістаў пад ціскам паліцэйскага пераследу ўсё болей схіляецца да канспірацыі і радыкалізацыі сваіх паставаў. Паліцыя фіксуе ў Гарадзенскім павеце выпадкі, калі актыў гурткоў ТБШ у поўным сваім складзе ўступаў у КПЗБ. Для гэтай партыі беларуская культурна-асветніцкая праца з’яўлялася далёка не прыярытэтным кірункам дзейнасці.
Чаму ж дзяржаўным уладам удалося дасягнуць поспеху ў разгроме беларускага руху і фактычна спыніць культурна-асветніцкую працу на вёсцы? Абсалютную большасць мясцовых дзеячаў складалі альбо сяляне, альбо інтэлігенты сялянскага паходжання ў першым пакаленні. З аднаго боку ўражвае тое, што паўадукаваная патрыярхальная вёска на працягу вельмі кароткага часу стварае магутны палітычны і культурны рух, які стаў сур’ёзнай праблемай для такой вялікай і моцнай дзяржавы як ІІ Рэч Паспалітая. Але, з другога боку, у гэтай выбуховасці адначасова палягала і слабасць. Уладзімір Паўлючук ужо даўно адзначыў падабенства нацыянальнага і камуністычнага руху на Беласточчыне з рэлігійнымі сялянскімі рухамі75. Яўген Мірановіч таксама сцвярджае, што „прыналежнасць сялян да камуністычнага руху напамінала больш удзельніцтва ў структурах рэлігійнай секты, чым палітычнай арганізацыі”76. Мілленарыстычныя настроі ў свядомасці сялян на Гарадзеншчыне ў 1920-х гадах прасочваюцца вельмі выразна. Такімі настроямі прасякнуты пастановы гурткоў ТБШ, у якіх заўважальны вельмі моцны матыў хуткага надыходу светлай будучыні. Адначасова мінулае малявалася амаль выключна ў цёмных змрочных фарбах. У якасці прыкладу можна прывесці пастанову гуртка ТБШ у вёсцы Хвайняны Скідальскай воласці:
„Дзеля таго, што мы, беларусы, з-прадаўна засяляем наш Родны Край Беларусь — мы, сучаснае пакаленьне, дасталі ад дзядоў і прадзедаў сваіх, як спадчыну, цэлы акіян гора і мук, якія яны пераносілі ад веку. Але галоўнай прычынай мук гэтых была цемра, што акружала іх з усіх бакоў. І мы, як дзеці іх, унаследавалі ад іх гэту цемру, а разам з ёй і ўсе няшчасці, што сягоньня вісяць над намі. Мы пэўны ў тым, што няшчасці гэтыя будуць вісець над намі да таго часу, пакуль будзе жыць між намі цемра-няпісьменнасць. Дзеля гэтага мы дамагаемся сваёй роднай беларускай школы, у якой бы мы вучыліся на сваёй — беларускай мове. Мы перакананыя ў тым, што толькі з адчыненнем сваіх школаў мы зможам паставіць сваю культуру на роўні з культурамі іншых свабодных народаў, апярэдзіўшых нас у сваім развіцці”77.
Не цяжка заўважыць у працытаванай рэзалюцыі вельмі ўжо змрочнае бачанне мінулага, якое ўяўлялася як „цэлы акіян гора і мук”. Гэта вынікала са спецыфікі гістарычнай памяці сялянскай грамады, якая абрывалася звесткамі пра часы паншчыны, што ў сваю чаргу было выдатнай глебай для сацыяльнага радыкалізму і веры ў хуткія змены да лепшага. З дадзенай і іншых падобных рэзалюцый вынікае, што пад беларусамі звычайна разумеліся сяляне, а шляхта з іх ліку выключалася. Па сутнасці, адсутнічала гістарычная міфалогія, нягледзячы на шырокае выкарыстанне тэрміну ‘адраджэнне’, затое моцна акцэнтавалася ідэя дагнаць у культурным развіцці іншыя народы, апярэдзіўшыя беларусаў. Гэтая ідэя была звязана менавіта з развіццём беларускамоўнай культуры. Напрыклад, на ўзгаданым сходзе жыхары Хвайнян сабралі 28 злотых на адкрыццё беларускай бібліятэкі ў сваёй вёсцы. З цытаванай рэзалюцыяй хвайнянцаў пераклікаюцца радкі з газетнага артыкула Міхала Касцевіча за снежань 1927 г.:
„Магутная хваля адраджэнскага руху, ламаючы на сваім шляху, злепленыя з чорнага бруду перашкоды — збудаваныя дзякуючы адвечнай цемры — гору нашаму — збаўчым сьвятаром разьлілося па роднаму краю, ахапіўшы запалам да адраджэнскае працы самыя захалусныя куточкі Беларусі. Трэба ня бачыць, з якой упартасцю, з якімі вялікімі высілкамі вядзецца праца ў нашай беднай, вылазячай з пад адвечнага ярма панавання чорнай рэакцыі, вёскі — каб не адчуваць у душы вялікай асалоды, каб не пакладаць яснае надзеі на гэту жывую творчую сьцяну, вырастаючую што раз вышэй і вышэй з паміж заросшай палын травой — дзікім зельлем роднае мясціны; сьцяну, якая будуецца магутнай сілай мазолістых рук, закладаючых сталёвы фундамент свае сьветлае будучыні”78.
Можна заўважыць, што тут мінулае таксама малюецца пры дапамозе такіх эпітэтаў, як „адвечная цемра” і „адвечнае ярмо”, якія неабходна пераадолець шляхам паслядоўнай і мэтанакіраванай нацыянальнай культурна-асветніцай працы. Аднак ірацыянальныя настроі вясковай масы не з’яўляліся трывалым падмуркам для такой працы. Гэтыя настроі, у прынцыпе заўсёды ўласцівыя жыхарам традыцыйнай вёскі, былі моцна абвостраны падзеямі вайны і рэвалюцыі. Пасля разгрому беларускага руху ў выніку ўрадавых рэпрэсіяў ірацыяналізм і містычныя ўяўленні вяскоўцаў праяўляюцца ў своеасаблівых ўцёках ад рэчаіснасці — зварот да розных формаў рэлігійнага сектанцтва, рэзкае ўзмаценне рэлігійнага містыцызму ў рамках праваслаўя, нарэшце, дзейнасць у ячэйках КПЗБ. Па сутнасці, такія паводзіны з’яўляюцца характэрнымі для традыцыйнай сялянскай супольнасці ў тым часе, калі вяскоўцы ўсведамляюць узнікненне пагрозы для іх стабільнага, з даўніх часоў наладжанага жыцця.
Нацыянальны рух і культурна-асветная праца маглі трывала развівацца і супрацьстаяць ціску ўладаў толькі на грунце рацыянальна арганізаваных структураў. Для пераважна аграрных грамадстваў ідэальнай структурай для гэтага звычайна было парафіяльнае духавенства. Аднак большасць як каталіцкіх, так і праваслаўных святароў не падтрымлівала беларускі рух. Праваслаўная вёска, як мы ўжо вышэй адзначылі, перажывала востры духоўны крызіс, праявай якога было вельмі моцнае падзенне аўтарытэту духавенства. У матэрыялах таго часу даволі часта сустракаюцца выпадкі адкрытага дэкларавання атэізму сярод пракамуністычна арыентаваных сялян. Праваслаўнае духавенства, дэмаралізаванае падзеямі рэвалюцыі і крушэннем імперыі, якая была яго апірышчам, у новых умовах звяртаецца ў большасці сваёй да праверанага спосабу існавання — імкнецца дэклараваць поўную лаяльнасць да дзяржаўных уладаў. Але гэта яшчэ больш паніжала іх аўтарытэт у вачах прыхаджан. Прыкладам тут можа паслужыць фрагмент справаздачы каменданта паліцыі Дубнаўскай гміны пра стаўленне тамтэйшага насельніцтва да святара:
„Вера для мясцовай люднасці ёсць зусім непатрэбнай і калі б не тое, што трэба пісаць акты цывільнага стану, то царкву можна было б разабраць, бо ёсць з добрага матэрыялу. Могілкі, апроч таго, што знаходзяцца паблізу вёскі, служаць такой жа пашай для хатняй жывёлы, як і іншыя неагароджаныя мясцовасці. Тутэйшага святара люднасць не называе іначай як толькі па прозвішчу Мантур, а моладзь пераважна „чортам”, а гэта з тае прычыны, што мусяць яму плаціць за рэлігійныя паслугі. Мясцовы святар Мантур адзначаецца прыхільнасцю адносна Польскай Дзяржавы, у гадавіну 10-годдзя вельмі шчыра і ахвотна адправіў набажэнства і паход. Ён прыхільны да людзей каталіцкага вызнання, аднак сваёй парафіі і парафіян ненавідзіць, у выніку атрыманых ад іх крыўдаў, як у царкве, так і па-за царквой (...) у святы і нядзелі прыходзіць да царквы мясцовай люднасці найболей 15 асобаў старэйшага ўзросту, моладзі ж зусім няма”79.
Школьны настаўнік Э. Барташ падобным чынам апісваў рэлігійнасць сялян у вёсцы Мастаўляны: „Гэтая царква не асабліва ім [праваслаўным — С. Т.] патрэбная. На агульную лічбу парафіян 4 750 ходзіць да царквы звычайна 30 асобаў, да споведзі на працягу года звычайна 500 чалавек. Каталікі затое вельмі рэлігійныя. Кожнае свята застаецца найбольш два чалавекі, а ўсе астатнія ідуць да касцёла”80.
Каталіцкае духавенства захавала ў значнай ступені свае ўплывы на вернікаў-сялян. Таму ірацыянальныя настроі ў каталіцкай вёсцы выяўляліся значна слабей, хаця мясцовыя актывісты польскіх левых груповак, якія мелі даволі моцныя ўплывы на сялян-каталікоў, часта падвяргалі ксяндзоў вострай крытыцы. У Гарадзенскім павеце практычна ўсе каталіцкія святары пашыралі сярод сваіх парафіян польскую нацыянальную культуру, нярэдка ўтвараючы пры касцёлах культурна-асветніцкія гурткі.
Найбольшыя шанцы стаць галоўнай структурай беларускага культурна-асветнага руху мела вясковае настаўніцтва. Гэтая група сельскай інтэлігенцыі ўжо цалкам рацыянальна звязвала з перамогай беларускай ідэі свае надзеі на сацыяльны поспех. Польская ж дзяржава прапаноўвала беларускім настаўнікам вярнуцца да сялянскай працы, што для многіх з іх з’яўлялася непрымальным. Асабістыя лёсы большасці прадстаўнікоў гэтай групы склаліся трагічна. Ліквідацыя беларускамоўных школ азначала няўдачу спробы стварыць дастаткова трывалую структуру беларускага руху, што, на нашу думку, стала галоўнай яго паразай у міжваенны час. Тыя ж мясцовыя дзеячы, якія працягвалі, нягледзячы ні на што, змагацца за беларускасць, былі ў значнай ступені змаргіналізаваныя ўладамі, мусілі прайсці праз турмы і высылкі, а многія далучаліся да структураў КПЗБ, якая таксама, па сутнасці, прыклала сваю руку да расколу і разгрому беларускага руху.
У 1930-х гадах нават назіраецца своеасаблівае аднаўленне самаізаляванай тутэйшасці вясковых грамадаў на Гарадзеншчыне. Адзін з гмінных камендантаў паліцыі Гарадзенскага павета адзначаў у сакавіку 1935 г. наступнае: „Тутэйшае насельніцтва адчувае голад адносна хоць якіх-небудзь навін і прагне ўсведамлення, паколькі газетаў не атрымлівае і не ў стане іх выпісваць, (...) а розныя пажаданыя і таксама шкадлівыя звесткі яго цікавяць і прыймаюцца ўласцівым для яго спосабам”81. Улады імкнуліся задаволіць гэты „інфармацыйны голад” коштам актывізацыі культурнай і агітацыйна-прапагандысцкай работы. Гэтая работа галоўным чынам ускладалася на дзяржаўную школу. Апроч таго ў вёскі з лекцыямі часам наведваліся розныя дзяржаўныя агітатары. Аднак эфектыўнасць іх працы звычайна была не высокай.
У якасці прыкладу можна прывесці цытату са справаздачы аднаго з паліцэйскіх камендантаў пра выступленне ў красавіку 1935 г. у яго гміне ўрадавых агітатараў: „Прачыталі рэферат для сабранай у колькасці 40 асобаў люднасці пра гісторыю Польшчы, яе ўпадак і адраджэнне, пра актуальныя праблемы вёскі, пра падаткі і ільготы, пра моладзевыя арганізацыі і т.п. На зададзеныя пытанні, чаму дарагі цукар і т.п., дэлегаты не былі падрыхтаваны даць добрыя і зразумелыя адказы і таму падалі незразумелае сялянам тлумачэнне. З прычыны залішняй пафаснасці прачытанага рэферату мясцовыя жыхары многія рэчы не зразумелі і гэты рэферат іх не задаволіў”82.
Разам з тым нельга не прызнаць, што сярод школьнай моладзі ўрадавая культурна-асветная праца дасягала пэўных поспехаў. Як сведчаць шматлікія архіўныя дакументы і матэрыялы вуснай гісторыі, сялянскія дзеці даволі ахвотна ўступалі ў моладзевыя арганізацыі, удзельнічалі ў пастаноўках п’есаў на польскай мове і г.д. Напрыклад, у вёсцы Бершты, якая ў 1922-1923 гг. была адным з цэнтраў беларускага партызанскага руху, у 1932 г. школьная моладзь, паводле паведамлення каменданта паліцыі, адыграла ў гонар Юзафа Пілсудскага патрыятычную п’есу Да зброі83. Але наўрад ці можна гаварыць пра пашырэнне польскага патрыятызму і нацыянальнай свядомасці сярод беларускага насельніцтва Гарадзеншчыны, асабліва праваслаўнага. Дзяржаўная школа хутчэй выхоўвала крывадушнасць у дзяцей учарашніх гурткоўцаў. Цікава, што ў праваслаўных вёсках моладзь звычайна аб’ядноўвалася ў добраахвотных пажарных таварыствах, пад дахам якіх ладзіліся ў 1930-х гадах розныя вечарыны і танцавальныя забавы.
У каталіцкіх вёсках моладзь уступала ў арганізацыю Стралецкага звязу, якая мела ўжо выразны дзяржаўна-патрыятычны характар. Трэба адзначыць, што каталіцкая вёска даволі лёгка паддавалася паланізацыі. Камендант Берштаўскага пастарунка паліцыі Казімір Нагацкі так характарызаваў мясцовых сялян-каталікоў: „Беларусаў рымска-каталіцкага веравызнання сярод усяго насельніцтва 18%. Яны ставяцца да дзяржавы даволі прыхільна. Моладзь гэтай люднасці ахвотна збіраецца ў святліцах, арганізуе прадстаўленні, належыць у большасці да арганізацыі вайсковай падрыхтоўкі, пахваляецца польскасцю, не хаваючы пагарды ў стасунку да моладзі іншага вызнання. Дзеці ахвотна цягнуцца да навукі і ходзяць да школ, але пасля іх заканчэння з прычыны ўбоства далейшай адукацыі не могуць атрымаць”84.
У 1930-х гадах у каталіцкіх вёсках усё больш хутка знікае традыцыйная народная культура, моладзь на забавах спявае ўжо не беларускія песні, а польскія, вывучаныя ў школе. Гэты працэс адносна Янаўскай парафіі Сакольскага павета апісаў ксёндз С. Шырокі ў 1936 г.: „Зніклі з аблічча зямлі ў той ваколіцы народныя звычаі, спевы, адзенне — словам — уся народная культура. Нічога тут люднасць свайго не мае, апроч беларускай мовы, да якой таксама не ведае ці прызнавацца. Не ўзгадваюць тут ужо пра вясельныя спевы, без якіх дзесьці не можна ўявіць сабе вяселля: у янаўскай парафіі вясельныя спевы не існуюць цалкам з той прычыны, што моладзь саромеецца спяваць па-беларуску, альбо забыла, а па польску спяваць яшчэ не навучылася”85. Як дазваляюць сцвярджаць матэрыялы вуснай гісторыі, падобнае назіралася таксама і на Гарадзеншчыне. Аднак да 1939 г. абсалютная большасць каталіцкага сялянства ў Гарадзенскім павеце заставалася беларускамоўнай.
З пазіцыі сённяшняга дня і з пункту гледжання сучаснага беларускага гісторыка 1920-я гады ўяўляюцца як страчаная магчымасць сапраўднага далучэння сялян-беларусаў да высокай нацыянальнай культуры. Праўда, як нам падаецца, аптымістычныя варыянты развіцця падзей у тым часе былі цалкам нерэальнымі. Беларускія культурныя дзеячы мусілі з аднаго боку вытрымліваць магутны ціск з боку ўрадавага апарату, а з іншага боку самі станавіліся закладнікамі сацыяльнага радыкалізму сялянскай масы і правакацыйных дзеянняў арыентаванага на СССР камуністычнага падполля. Адносна нешматлікія галасы ў польскіх палітычных і навуковых колах, якія заклікалі ўрад ІІ Рэчы Паспалітай паспрыяць беларусізацыі хаця б праваслаўнага сялянства, не былі пачуты. Улады вырашылі дзейнічаць па самай простай схеме планамернага ўдушэння беларускага нацыянальна-культурнага жыцця і паланізацыі беларускамоўнага сялянства. Трэба прызнаць, што такі стыль паводзін з нацыянальнай меншасцю цалкам адпавядаў духу эпохі і быў характэрным для многіх краін тагачаснай Еўропы. Вялікую ролю адыгралі таксама жахлівыя рэпрэсіі супраць дзеячаў беларускай культуры, які адбываліся ў 1930-х гадах у Савецкім Саюзе. Таму бурлівыя 1920-я гады так і засталіся найвышэйшым уздымам нацыянальнага культурнага жыцця на беларускай вёсцы, а таксама адной з самых яркіх і цікавых старонак айчыннай гісторыі.
Streszczenie
Życie kulturalne wsi białoruskiej w Polsce międzywojennej stanowi niezwykle ciekawy temat badawczy. Rozpad społeczności tradycyjnej, który zaczął następować w XIX w. zyskał nowe impulsy radykalnie przyśpieszające ten proces w czasie I wojny światowej. Ucieczka ludności białoruskiej w głąb Rosji w 1915 r. oraz rewolucje rosyjskie znacząco wpłynęły na kształtowanie się jej świadomości narodowej i politycznej. W latach 20. XX w. na Grodzieńszczyźnie dość powszechnym było oczekiwanie mieszkańców wsi na szkoły z białoruskim językiem nauczania. Oczekiwań tych nie podzielały jednak władze państwowe, co było jednym ze źródeł konfliktu między państwem i ludnością białoruską. Wysiłki podejmowane przez białoruskie organizacje społeczne i polityczne rozbijały się w zderzeniu z asymilacyjną polityką realizowaną przez administrację państwową. Do dyrekcji szkół i administracji oświatowej na Grodzieńszczyźnie trafiały tysiące deklaracji z żądaniami nauczania w języku białoruskim. Deklaracje stanowiły wymaganą prawem podstawę do powołania szkół z językiem mniejszości narodowych. W praktyce okazało się, że władze oświatowe nie zamierzały tego respektować. Oprócz działań na rzecz utworzenia szkolnictwa z językiem ojczystym, w środowiskach wiejskich na Grodzieńszczyźnie bardzo ożywiony był amatorski ruch teatralny. Za sprawą Kół Młodzieży Białoruskiej oraz Towarzystwa Szkoły Białoruskiej organizowane były zespoły teatralne, które wystawiały dzieła najbardziej znanych dramaturgów białoruskich. Repertuar tych teatrów świadczył o tym, że w ten sposób starano się uzupełnić lukę edukacyjną, którą tworzył brak dostępu do szkolnictwa z ojczystym językiem nauczania.
1 M. Siemakowicz, Polityka polska wobec szkolnictwa białoruskiego w okresie odbudowy państwowości
polskiej, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, nr 15, Białystok 2001, s. 42.
2 Пратакол Беларускага Сялянскага з’езду ў Гародні, „Гарадзенскія запісы”, вып. І, Гародня 1993, с. 131.
3 А. Чарнякевіч, Беларускі нацыянальны рух у Гародні (1918-1920 гады), [у:] Беларускія апосталы, [б.г.в.], c. 20.
4 M. Siemakowicz, Polityka polska wobec szkolnictwa..., s. 43.
5 „Беларуская думка”, № 13, 26.05.1919.
6 „Беларусь”, № 6, 17.04.1919.
7 К. Сваяк, Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі, Менск 1992, c. 24.
8 Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці (далей: ДАГВ), фонд 17, вопіс 1, cправа 41, aркуш 115.
9 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 40, арк. 248.
10 ДАГВ, ф. 87, в. 2, с. 72, арк. 45.
11 Там жа, арк. 118.
12 А. Чарнякевіч, Беларускі нацыянальны рух у Гародні..., с. 32-33.
13 H. Głogowska, Białoruś. Kultura pod presją polityki, Białystok 1996, s. 47.
14 „Беларускае слова”, № 58, 10.12.1920.
15 Беларуская ніва, № 7, 09.12.1925.
16 А. Вабішчэвіч, Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921-1939 г.), „Беларускі гістарычны часопіс”, № 2, 1994, с. 39.
17 „Сялянская праўда”, № 19, 12.11.1924.
18 Там жа, № 34, 17.12.1924.
19 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 42, арк. 148.
20 Там жа.
21 ДАГВ, ф. 87, в. 1, с. 79, арк. 22.
22 „Жыццё беларуса”, № 10, 10.10.1925.
23 Я. Мірановіч, Навейшая гісторыя Беларусі, Беласток 1999, с. 87.
24 „Сцяг працы”, № 3, 11.07.1928.
25 „Права працы”, № 6, 24.12.1927.
26 А. Вабішчэвіч, Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі..., с. 40.
27 „Народная справа”, № 29, 28.10.1926.
28 „Наша праўда”, № 47, 14.09.1927.
29 ДАГВ, ф. 21, в. 1, с. 3, арк. 146.
30 „Наша праўда”, № 20, 11.06.1927.
31 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 42адв.
32 У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд, Беласток 2001, с. 21.
33 „Наш сцяг”, № 24, 12.08.1923.
34 „Беларускія ведамасці”, № 4, 03.10.1921; № 11, 25.11.1921; № 14, 14.12.1921.
35 „Беларуская доля”, № 12, 06.02.1925.
36 „Народная справа”, № 22, 07.10.1926.
37 H. Majecki, Działalność Towarzystwa Szkoły Białoruskiej na Białostocczyźnie [w:] Studia polsko-litewsko-białoruskie. Prace Białostockiego Towarzystwa Naukowego, nr 31, pod red. J. Tomaszewkiego, E. Smułkowej, H. Majeckiego,Warszawa 1988, s. 208.
38 Там жа.
39 ДАГВ, ф. 24, в. 1, с. 18, арк. 136.
40 Там жа.
41 „Праца”, № 4, 16.11.1927.
42 „Наша праўда”, № 23, 22.06.1927.
43 „Права працы”, № 6, 24.12.1927.
44 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 3.
45 „Наша праўда”, № 9, 04.05.1927.
46 „Наша праца”, № 1, 01.10.1927.
47 „Праца”, № 3, 12.11.1927.
48 „Наша праўда”, № 42, 27.08.1927.
49 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 22, арк. 123.
50 „Беларуская доля”, № 35, 20 06.1925.
51 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 19, арк. 128.
52 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 174, арк. 16адв.
53 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 176, арк. 134.
54 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 201, арк. 14адв.
55 „Наша праўда”, № 7, 22.04.1927.
56 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 17, арк. 182.
57 Там жа, арк. 24адв.
58 „Наша праўда”, № 8, 04.05.1927.
59 Частка рукапіснага архіва П. Сяўрука захоўваецца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гародні.
60 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 23, арк. 63адв-64.
61 „Права працы”, № 6, 24.12.1927.
62 „Наша праўда”, № 1, 30.03.1927.
63 ДАГВ, ф. 24, в. 1, с. 18, арк. 171.
64 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 172, арк. 48.
65 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 173, арк. 77адв.
66 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 200, арк. 94.
67 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 176, арк. 58адв.
68 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 201, арк. 24.
69 Там жа, арк. 79.
70 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 35, арк. 34.
71 ДАГВ, ф. 24, в. 1, с. 24, арк. 75.
72 „Голас працы”, № 7, 05.05.1928.
73 ДАГВ, ф. 24, в. 2, с. 24, арк. 36.
74 ДАГВ, ф. 24, в. 1, с. 29, арк. 201.
75 Глядзі: W. Pawluczuk, Światopogląd jednostki w warunkach rozpadu społeczności tradycyjnej, Warszawa 1972.
76 У новай айчыне..., с. 16.
77 „Наша праўда”, № 8, 28.04.1927.
78 „Права працы”, № 6, 24.12.1927.
79 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 176, арк. 193адв-194.
80 ДАГВ, ф. 87, в. 1, с. 101, арк. 36.
81 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 92, арк. 89.
82 Там жа, арк. 76.
83 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 52, арк. 349-350.
84 Там жа.
85 Цыт. па: W. Pawluczuk, Światopogląd jednostki..., s. 17.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|