БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 18

З духоўнай спадчыны беларускага каталіцкага духавенства міжваеннага перыяду

Янка Трацяк
(Горадня)


Патрэба інкультурацыі беларускага грамадства дыктавала неабходнасць асэнсавання біблейска-хрысціянскай традыцыі, што, у сваю чаргу, патрабавала адпаведнай літаратуры: кнігаў Бібліі, лiтургiчных тэкстаў, малiтоўнiкаў, катэхiзмаў на беларускай мове, а таксама ўласнабеларускіх навуковых і навукова-папулярных даследаванняў багаслоўскага, філасофскага і гістарычнага характару.

Пераклады Святога пiсання (Кнiгі Старога i Новага Запавету), лiтургiчных тэкстаў, катэхiзiсу, малiтоўнiкаў, багаслоўскiх тэкстаў i iншай рэлiгiйнай лiтаратуры з’яўляюцца iстотнай адзнакай духоўнага адраджэння кожнага народу. Патрэба данесцi слова Хрыста ў зразумелай мове выцякае з бiблейскiх тэкстаў i з’яўляецца непасрэдным абавязкам апостальскай дзейнасцi. Рускi багаслоў, фiлосаф i гiсторык царквы прат. Г. Флароўскi пiсаў: „Пераклад Бiблii заўсёды быў найвялікшай падзеяй у лёсах народаў i заўсёды адзначаўся пэўным прагрэсам i подзвiгам. Пастаяннае слуханне Евангелля на блiзкай мове падчас набажэнства, прымушае i дапамагае помнiць пра Хрыста i насiць яго жывы вобраз у сэрцы”1.

„Выданьне Бiблii цi толькi Новага Запавету па-беларуску было ў пэўным сэнсе актам самасцвярджэньня, прызнаньня, што „хлопская мова”, нiзкая гаворка, якою пагарджалi расейцы i палякi, была сапраўднай мовай, ня толькi здатнаю выказваць думкi паэтычнага генiя — да прыкладу, Купалы цi Коласа, — але i вартаю данесьцi пасланьне Слова Божага народу сялянскай Беларусi i ўсяму свету”2.

У 1920-1930-я гады ідэя перакладу Святога Пiсання становіцца нацыянальнай справай. У праваслаўным асяродку перакладамі на беларускую мову займаліся святары Чальцоў, В. Раманаў, С. Паўловiч3. У пратэстанцкiм — Лукаш Дзекуць-Малей. Менавiта Л. Дзекуць-Малей перадаў свае пераклады cа стараславянскай мовы Новага Запавету А. Луцкевiчу i той захапiўся працай, бо ўбачыў у перакладзе не толькi сродак сцвярджэння i прызнання беларускай мовы, абуджэнне нацыянальнага гонару, але i сродак паяднання беларускага народу. А. Луцкевiч у працэсе працы над перакладам звяртаўся да Б. Тарашкевiча, Р. Астроўскага, К. Езавітава, А. Станкевiча, А. Уласава i iншых4. Новы Запавет, у перакладзе А. Луцкевіча, быў выдадзены ў 1931 г.

Выданне гэта падштурхнула праваслаўную i каталiцкую канфесіі ў Беларусі выдаць колькi бiблiйных тэкстаў на беларускай мове. Група беларускiх каталiцкiх святароў даслала папу Пiю ХІ мемарандум з папярэджаннем аб тым, што „народ можа стаць ахвяраю „сектанцкiх” уплываў, калi святары ў Беларусi i далей не будуць мець магчымасцi карыстацца роднай мовай”5. У 1930 г. выходзiць з друку на беларускай мове Historyja świataja abo Biblijnaja Staroha Zakonu магiстра тэалогii, кс. Вiнцэнта Гадлеўскага6. З нагоды выхаду кнiгi, „Chryścijanskaja Dumkа”(1930, № 11-12, 23) змясцiла некалькi кароткiх анатацый: „кнiжка напiсана паважна, цiкава, выданна старанна i багата iлюстравана [у кнiзе налiчвалася 44 iлюстрацыi i дзве карты — Я. Т.]. Будзе дужа карысна як для моладзi школьнай, так i для шырокiх масаў беларусаў католiкаў” i „тэкст кнiжкi папярэджаны прадмовай i метафарычнымi ўвагамi, якiя кожнаму даюць магчымасць адрозьнiць, што ў кнiзе ёсьць галоўнага, а што другараднае (...) рэч вельмi цэнная пры навучаньнi i паўтараньнi”. У структурным плане Historyja świataja... падаецца паводле бiблейскiх эпохаў i складаецца з 4 раздзелаў: 1 — эпоха першых людзей, 2 — эпоха патрыярхаў, 3 — эпоха Майсея, 4 — эпоха прарокаў. Напрыканцы кожнага раздзела пададзены кароткi агляд эпохi.

Праз два гады была надрукавана i Historyja świataja abo Biblejnaja Nowaha Zakonu таго ж аўтара7. В. Гадлеўскi, пры напiсаннi гэтай кнiгi, выкарыстоўвае традыцыйны метад, сiнтэзуючы паданнi чатырох евангелiстаў аб жыццi i дзейнасцi Iсуса Хрыста. Зазначым, што абедзьве Historyi... В. Гадлеўскага не з’яўляюцца перакладнымi — гэта аўтарская iнтэрпрэтацыя тэкстаў Бібліі. Заслуга В. Гадлеўскага не толькi ў тым, што ён апрацаваў лацiна-грэцка-польскамоўныя (магчыма i царкоўнаславянскiя) тэксты Старога i Новага Запавету i знайшоў патрэбныя словы-адпаведнiкi ў сваёй мове, каб перадаць змест сусветнага помнiка культуры, але i ў тым, што ён адзiн з першых паказаў лiнгвiстычныя (граматычныя, сiнтаксiчныя, лексiка-семантычныя) магчымасцi беларускай мовы ў жанры бiблiйнай гiсторыi. (Нагадаем, што Сьвяшчэнная гісторыя Старога і Новага Запаветаў С. Паўловiча выйшлі з дазволу Праваслаўнай царквы адпаведна ў 1926 і 1936 гадах).

Важна ўлiчыць i тое, што праца над Historyjami... для В. Гадлеўскага была падрыхтоўчай працай над перакладамi Старога i Новага Запавету. У архiве г. Вiльнi знаходзiцца рукапiсны варыянт Ewangelle na bialaruskaj mowe. Peraklad і kamentar ks. Hadleuskaga Wincenta — 19388. Заслугоўвае ўвагi прадмова перакладчыка, у якой ён сцвярджае патрэбнасць перакладу ў сувязі з тым, што „пераклады Ф. Скарыны i В. Цяпiнскага ўстарэлi i не ўсiм зразумелыя, а новыя выдаюцца сектантамi i маюць свае мэты ў раз’яднаннi Хрыстовага касцёла i душы беларускага народу”9. Тут варта згадаць цытату, якую прыводзіць Г. Пiкарда адносна адной з мэтаў перакладу В. Гадлеўскага: „Праца гэта рыхтавалася з 1933 г., каб процiпаставiцца посьпеху нядаўна выдадзенага перакладу гэтай кнiгi [г.зн. Новага Запавету — Г. П.], зробленага метадыстамi, якi мае дагматычныя памылкi, а таксама шматлiкiя недасканаласцi ў беларускай мове”10 — маецца на ўвазе беларускамоўны тэкст Новага Запавету 1931 г. выдання: „Дык цяпер, як нiколi дасьпела патрэба перакладу сьв. Пiсаньня на жывую беларускую мову”, — зазначыў В. Гадлеўскi ў прадмове, і падкрэсліў, што ён стараўся даць свайму народу як пазнанне, так i зразуменне хрысцiянскай навукi11. Пераклад быў зроблены з ужыванага ў каталiцкiх касцёлах лацінскага тэксту Vulgaty. Аўтар карыстаўся перакладамі з нямецкай, польскай, французскай і грэцкай моваў. Архiядыяцэзіяльнай камiсiяй па цэнзараваннi i выданнi кнiг адносна перакладу В. Гадлеўскага было зроблена каля адной тысячы заўваг, вартых i неiстотных12. Большасць з iх кранае праблемы высокага (царкоўнага) стылю ў беларускай мове. Čatyry Ewangeliji i Apostalskija Dzieji былi выдадзеныя ў 1939 г.

Пра якасці перакладу В. Гадлеўскага, Г. Пiкарда заўважыў, што ён можа i больш дакладны, саступае высокаякаснаму лiтаратурнаму варыянту Луцкевiча; аднак ён, без сумнiву, лепшы за пазнейшыя пераклады Новага Запавету магiстра П. Татарыновiча (1954, 1974) i доктара Я. Станкевiча (1970)13.

Першы малiтоўнiк на беларускай мове Boh z nami быў укладзены i выдадзены Б. Пачобкам у 1915 г. Чарговы малiтоўнiк Hołas duszy уклаў К. Стаповiч у 1926 г. Глыбокім рэлігійным пафасам прасякнута аўтарская прадмова: „Мiлы браце Беларусе! Калi Бог пазволiў нам даваць чэсьць Яму ў роднай мове нашай, лiчыў я патрэбным злажыць вось гэту кнiжку, каб праслужыцца патрэбам душы тваёй... Дасьць Бог, што як станем роднай мовай Яго хвалiцi, будуць i слоўцы да таго гладзейшыя... Тварыў я тут мала: даў тое, што i сам знайшоў у пiсьменстве вялiкiх песьняроў мысьлi рэлiгiйнай. Пазволь, о Божа, узрасьцi зярняткам гэтым на нiве Тваёй”14. У 1934 г. намаганнямi В. Гадлеўскага Hołas duszy быў перавыдадзены. У прадмове В. Гадлеўскі зазначыў, што гэты малiтоўнiк складзены для моладзi, а таму ён зрабiў невялiкiя змены i сабраў усе рэлiгiйныя песнi, iмкнуўся не пашыраць памераў кнiгi з улiкам, каб яна была выгаднай у карыстаннi. Другое выданне складаецца з 5 частак: Пацеры i Катэхiзмы, Малiтвы, Сакрамэнты, Лiтанii, Набожныя песнi. Не змешчаны ў iм Дарога крыжа, Ружанец, Песнi жалю, а таксама раздзелы аб тарцыярстве i разважаннi аб святах года.

У 1927 г. быў надрукаваны Karotki katechizm dla Biełarusau Katalikou15. Патрэба такога катэхізму вынікала з таго, што папярэднія „былі пераважна працай асобаў свецкіх, якія давалі панявольніцку пераклад з польскай на беларускую мову катэхізму кс. Філахоўскага. (...) Іначай справа маецца з абгавораным катэхізмам. Пераклады і ўклады яго даканаў кс. д-р філасофіі і тэалогіі Я. Рэшаць, каплан добра азнаёмлены з прадметам свае працы”16. Гэты катэхізм адрозніваўся ад папярэдніх чысцінёй мовы, больш спрошчаным тлумачэннем рахунку сумлення, а таксама зваротамі да беларусаў і адпаведнымі малітвамі. Гэта быў першы катэхізм укладзены свядомым беларускім святаром.

У 1922 г. выходзяць з друку першыя кнігі па казнадзействе ў трох тамах Ільдэфонса Бобіча Niadzielaśnija Ewanhielii i Nawuki. У прадмове да кнігі рэдактар-выдавец А. Станкевіч робіць ракурс у пачатак ХVI ст., акцэнтуе ўвагу на тым, што, як і ў часы Ф. Скарыны царкоўнаславянская мова была мала зразумелай народу, так і цяпер Божае Слова малазразумелае і малакарыснае ў польскай мове, а там, дзе няма зразумення св. Евангеліі, там няма „а ні Богу ко чті”, а ні „людзям посполітым к научэню”17. Niadzielaśnija Ewanhielii i Nawuki І. Бобіча ўяўлялі сабой збор казанняў (навукаў), складзеных на падставе Новага Запавету, тагачаснай багаслоўскай думкі ў цеснай сувязі з рэальнымі патрэбамі духоўнага аднаўлення і былі настольнымі кнігамі святароў, якія праводзілі казанні на беларускай мове. У другой палове 1920-х і ў 1930-х гадах І. Бобіч адыходзіць ад актыўнай беларускай дзейнасці. У гэты час ён плённа працуе ў галіне казнадзейства. Піша артыкулы і рэцэнзіі ў польскамоўным друку, з’яўляецца супрацоўнікам такіх сур’ёзных тэалагічных выданняў, як „Przęgląd Homiletyczny”(выходзіў у г. Кельцы) і „Nowa Biblioteka Kaznodziejska” (Люблін)18. У Encyklopedii katolickiej, між іншым, адзначана, што І. Бобічу належаць сцвярджэнні аб неабходнасці папулярызацыі ў казаннях тэалагічнай навукі, што галоўнай мэтай душапастарскай працы, паводле І. Бобіча, з’яўляецца не толькі пазнанне Бібліі, але і азнаямленне з катэхізмам, і, наогул, усе магчымыя навучанні; прычыніўся ён і да папулярызавання і ўдасканалення формы гамілічнага прароцтва19. Бібліяграфія прац І. Бобіча па казнадзействе і гамілетыцы ў Słowniku teologów polskich налічвае 215 пазіцый, у тым ліку 12 манаграфій і 36 рэцэнзій. У гэты пералік не ўключаны 3 кнігі Niadzielaśnija Ewanhielii i Nawuki... на беларускай мове, а таксама артыкулы ў беларускамоўным друку.

Інтэрпрэтацыі такіх кніг, як Rużaniec da Najświaciejszaj Dziewy Maryi, Pieśni żalby (razważanni ab mukach i śmierci Isusa Chrystusa), Daroha kryża, былі зроблены кс. Я. Семашкевічам20. Адзіная загана гэтых перакладаў — уплыў польскай мовы. „Хрысьціянская Думка”(1928, № 11) з нагоды выхаду Rużanca... пісала, што „з вядомых на сёння паэтаў, якія прыхільныя да каталіцтва Я[нка[ С[емашкевіч] будзе найбольш адпаведным для падобных перакладаў”. Ды не толькі Rużaniec..., але і Pieśni żalby... і Daroha kryža патрабавалі паэтычнасці, вобразнасці, майстэрства валодання словам. Невыпадкова гэтым жанрам рэлігійнай літаратуры займаліся паэты-святары.

Да канца 1930-х гадоў выйшла некалькі кніг багаслоўскага характару беларускіх святароў у якасці дапаможнікаў для правядзення казанняў і больш паглыбленага вывучэння асноў рэлігіі. Да ліку такіх кніг можна аднесці працы В. Шутовіча, А. Станкевіча, Б. Пачобкі.

У прадмове да кнігі В. Шутовіча Majowoja čytanka... А. Станкевіч зверне ўвагу на тое, што патрэба гэтай кніжыцы ў беларускім рэлігійным жыцці адчувалася даўно: „Кніга напісана проста, арыгінальна і добрай беларускай мовай”21. У арыгінальнасці твора сумнявацца не варта. В. Шутовіч выступае не проста як казнадзей і святар, а як сапраўдны апостал свайго народу, для якога яго лёс і шлях з’яўляецца такімі ж важнымі і святымі, як і хрысціянская ідэя. Зрэшты, звернемся да тэксту, дзе аўтар піша, што „ворагі беларускага народу ўводзяць у яго жыццё рэлігійную калатню: каб аслабіць, знішчыць здаровую веру і зацямніць апостазіяй або гарэзіяй. (...) Які б магутны і вялікі не быў бы народ, але калі ён памыліцца ў сваёй веры, альбо згубіць яе, — такі народ доўга не праіснуе”22. Не менш важнай з’яўляецца надзея і любоў для народу. Згодна гэтым хрысціянскім каштоўнасцям можна давесці народ да згоды і еднасці, каб збудаваць сваё хрысціянскае і беларускае жыццё23.

Пасля выхаду з друку Bożaha Słowa...24 А. Станкевіча, у беларускім друку з’явілася невялікая рэцэнзія, у якой было адзначана, што кс. А. Станкевіч на падставе хрысціянскай навукі закрануў усе жыццёвыя і божыя справы: навука і рэлігія, аб падзеле дабром, як чалавек павінен адносіцца да сучасных багаццяў, аб патрэбе веры і прычынах няверы, аб патрыятызме, аб малітве і хрысціянскай справядлівасці, аб неразарванасці жанімства і аб сканчэнні свету. Рэцэнзент пісаў, што ў гэтай кнізе „Ад. Станкевіч паўстае як глыбокі казнадзей, знаўца і прапаведнік слова Божага і сапраўдны пастар беларускага народу”25. Асобныя фрагменты Божага слова... з каментарамі У. Конана друкаваліся ў „Нашай Веры” (1998, № 3). Паводле У. Конана — гэта „ўзоры рэлігійна-асветніцкіх твораў і беларускага касцельнага красамоўства Адама Станкевіча”26.

Даследаваннi беларускiх каталiцкiх святароў па фiласофii i тэалогii ўяўляюць сабой нешматлiкiя творы: доктарскiя дысертацыi, манаграфii, навукова-папулярныя брашуркі i артыкулы, у якiх святары, iмкнулiся да асэнсавання, тлумачэння, каментарыяў кнiг Бiблii і фiласофii Тамаша Аквiнскага27.

Ф. Абрантовiчу належаць рэлiгiйна-фiласофскія даследаваннi: Newmen i modernizm (Petersburg 1909), Kościół a nauka (Wilnia 1912), Boh (Fiłosoficzny narys) i Čaławiek28. Першыя дзве кнiгi былi выдадзены на польскай мове, дзве апошнiя папярэдне друкавалiся ў „Хрысьцiянскай думцы” (1928-1929 гг.) i асобнымi кнiгамi на беларускай мове выйшлi ў Вiльнi. У сувязi з выхадам брашуркi Boh, „Chryścianskaja Dumka”(1929, № 1) пiсала: „Ёсьць гэта кароткi фiласафiчны нарыс факту iснавання Бога. З гэтай брашуркi чытач, хоць у дужа сціслай форме, можа пазнаёміцца з тым усiм, пазнаньне чаго няўхiльна вядзе да Бога”. Так, Ф. Абрантовiч дае тлумачэнне народнага, навуковага i хрысцiянскага разумення Бога, прыводзiць аргументацыю аб iснаваннi Бога з пункту погляду асобных навук, „навукi навук” (фiласофii) i веры. У пазнаваннi Бога ён вылучае чатыры моманты (ступенi): 1) звычайны здаровы розум — прыродная крынiца i пачатак усякага iншага пазнання; 2) навуковае пазнанне рацыi — адрознiваецца ад звычайнага тым, што з’яўляецца адзiнай, сiстэматычнай, пэўнай ведай усяго праз блiжэйшыя i далейшыя прычыны; 3) фiласафiчнае пазнаванне — паглыбляе навуковае; 4) вера — пад верай разумеем не рэлiгiйную яе функцыю, а здольнасць чалавечага розуму прызнаваць за праўду тое, што сказана іншымi. Сучасная навука, на думку Ф. Абрантовiча, не можа даць аргументаванага адказу на сем загадак свету пад агульным пытаннем адкуль: адкуль матэрыя i энергiя... першы рух... у свеце разумны парадак... жыццё на зямлi... свядомасць у жывым арганiзме... чалавечая думка... iснаванне ў чалавеку волi i пачуцця рознiцы мiж дабром i злом? — усе гэтыя пытаннi служаць довадам iснавання Бога. Калi свет складае адну замкнёную цэласць, якая мусiць мець рацыю, бо калi кожная рэч мае сваю прычыну, то сума ўсiх рэчаў (свет) без прычыны тым больш быць не можа. Згодна навуцы, у тым лiку i фiласофii, свет гэтай прычыны, рацыi ў сябе не мае, бо складаецца з паасобных частак, якiя залежаць адна ад другой. Каб растлумачыць свет, i каб ён мог iснаваць, трэба выйсці ў засвет — да Бога. Бог прычыны не мае, бо каб меў, быў бы часткай свету, як усё iншае, але мае сам у сабе рацыю ў тым, што ён не пачынаўся i не канчаўся, што ён ёсць вечны. Кранае Ф. Абрантовiч i праблемы рэлiгiйнай веры, а таксама праблемы зла (як пагадзiць з Богам зло?). Наогул, трэба сказаць, што брашурка складзена з невялiкiх тэзiсаў фiласофска-багаслоўскага характару па асноўных праблемах пазнання Бога, свету, веры i чалавечай свядомасцi. „Усё, што мы сказалi аб Богу, — пiша аўтар, — ёсць толькi нарысам i кожны паасобны сказ патрабуе асобнага, доўгага i патрабавальнага развiцця. Мо дасць Бог зробiм мы калi i гэта”29.

У брашурцы Čaławiek Ф. Абрантовiч разглядае сутнасць чалавека з трох пазiцый: 1) аб чалавеку — адзiнцы; 2) аб чалавеку — сям’i; 3) аб чалавеку — грамадзе. Калi навакольны свет падзяляецца на 5 катэгорый: матэрыя нежывая i жывая, матэрыя з пачуццём i свядомасцю, духоўная рэальнасць i рэальнасць вышэйшая над прыродай цялеснай i духоўнай — то менавiта толькi чалавеку ўласцiва спалучэнне ўсiх 5 катэгорый, што i стварае ў iм прыродныя i духоўныя вартасцi. Калі чалавек з’яўляецца тварэннем Бога, тады і мэты, якія паставіў перад ім Творца, не могуць быць вышэйшымi ад Бога, альбо iншымi. Шчасце з’яўляецца не мэтай, а вынiкам iмкнення да мэты. Брашура напiсана навукова-папулярным стылем i ўяўляе сабой скарочаны тэзiсны варыянт тагачаснай хрысцiянска-каталiцкай антрапалогii. Менавiта з такога гледзiшча тлумачацца і стасункi чалавека ў сям’i i ў грамадстве.

Да тэмы суадносін Бога i чалавека звяртаецца Баляслаў Пачобка. Яго брашура Czaławiek na wyzszynie swajej hodnaści, з аўтарскiм прысвячэннем „Адраджэньню Наймiлейшай Мацi Беларусi ды падняцьцю яе сыноў, а маiх мiлых братоў Беларусаў на вышыню праўдзiвай людскай годнасьцi гэту працу ахвяроўваю”, звяртае ўвагу на супярэчныя адносiны душы i цела ў чалавеку, арбiтрам мiж якiмi выступае розум. Здаровы i светлы розум заўсёды становіцца на бок душы i тады чалавек дасягае пэўнага ўдасканальвання, а хворы i цёмны — на бок цела i тады чалавек можа стаць „жывым трупам, зверам у чалавечай пастаці, стварэннем не годным названня чалавека”. Кожны павiнен старацца, каб той розум, які яму даў Бог, зрабiць здаровым i светлым, а для гэтага чалавек павiнен ведаць, якiх цнотаў яму варта прытрымлiвацца i якiх учынкаў цурацца, каб быць годным названня чалавека. Аўтар, згодна хрысцiянскай маралi i этыкi, тлумачыць такiя хрысцiянскiя каштоўнасці, як пакора, разбiтнасць, саромнасць, устрымлiвасць, цярплiвасць, працавiтасць, цiкавасць, мужства, руплiвасць, вытрываласць, мудрасць, паслушнасць, шчырасць, падзячнасць, прыязлiвасць, зычлiвасць, лагоднасць, лiтасць, мiласць. На заканчэнне прыводзiць „Таблiцу маральнасцi”, якая павiнна быць выпiсана ў сэрцы кожнага чалавка”30.

Цiкавыя думкi на гэты конт знаходзiм у кнiгах доктара тэалогii, прафесара а. Янкi Тарасевiча: „Не дзеля бяды, смутку i цярпеньня, а дзеля радасьцi i шчасьця Бог стварыў чалавека, — пiша Я. Тарасевiч у рэлігійна-хрысціянскім нарысе Зло і лякарства на яго. — Бог не чынiць зла, — адкуль жа тады зло на сьвеце?.. Першародным грэхам сваім чалавек зьняславiў сябе; адвярнуўся ад крынiцы праўды, прыгажосьцi, шчасьця. Сын Божы прылучыў да сябе яго натуру, i гэтым учынкам ён не толькi вярнуў славу i гонар людскому роду i вызвалiў яго ад зла, але зрабiў яго поўным удзельнiкам сваёй Боскасьцi”. Аўтар разглядае такiя пытаннi, якiя не могуць хваляваць кожнага: што такое Бог, душа, чалавек? Як гэтыя тры субстанцыi iснуюць у сумеснай барацьбе супраць зла? У пошуках шляху да ўратавання аўтар звяртаецца да свайго народу з парадай: „Народзе, Беларускi народзе, ты хочаш адбудаваць сваё гаспадарства! Ты хочаш быць магутным, слаўным ва ўсiх галiнах людзкога жыцця! Вялiзарныя, слаўныя, магутныя гэтыя iдэалы твае! Iх трэба дасягнуць. Але будуй iх на фундаменце Бога-Чалавека”31.

Амаль што ў кожнай сваёй працы а. Я. Тарасевiч iмкнецца раскрыць патрэбы свайго народу, паказаць шлях да паратунку ў фiласофска-тэалагiчным асвятленнi i шлях гэты адзiн — Iсус Хрыстос. Не з’яўляецца выключэннем i кнiга Čaławiek — šukalnik Boha, у якой аўтар сцвярджае, што ў чалавеку жыве патрэба жыцця, альбо душа, якую даў Бог, i ў якую ўлiў жаданне прадвечнай Праўды, невычэрпнага i дасканалага дабра i Вечнага Шчасця — словам тое, што злучае яе з Аўтарам-Творцам. Дзеля гэтага душа чалавека вечна перапоўнена прагай Бога „жаданнем жыць з Iм, у Iм i для Яго”. Чалавек па сваёй прыродзе мае нахiл да дабра i да Бога. Такi нахiл, калi чалавек падмацуе яго справядлiвай Верай у Бога, можа быць непераможнай сiлай. Беларус — таксама шукальнiк Бога. У яго душы, на думку аўтара, iснуе магутны нахiл да Бога i да вялiкiх святых Хрыстовых iдэалаў. Толькi трэба, каб беларусы для Бога рыхтавалi сваю душу i яму аднаму служылi i тады „ён выбавiць вас з рук ворагаў вашых (з Першай Кнiгi Каранёў: 7.3)”32.

Гаворачы аб боскасцi, вартасцi i годнасцi чалавека, нельга не згадаць брашуру А. Станкевiча Na świata matki (uvahi ab dastojnaści i značenni matki). Мацi, паводле аўтара, займае першае месца ў тайнiцы жыцця. Бог-творца паклiкаў яе да тайніцы свайго тварэння. Ад Бога праз мацi працягваецца чалавечы род, — што i дало падставы ў гiсторыi для ўшанавання яе культу. Высокiм узорам любовi да мацi ў еўрапейскай культуры служыць сам Бог — Ісус Хрыстос. Аўтар прасочвае працэс станаўлення культу мацi ў еўрапейскай культуры, цытуе выказваннi аб мацi вядомых фiлосафаў, пiсьменнікаў i iншых дзеячаў культуры (Канта, Ніцшэ, Гётэ, Бетховена, М. Забэйды-Сумiцкага, С. Ясенiна), а таксама бiскупаў i тэолагаў. Разглядае вобраз мацi ў беларускiм фальклоры i беларускай лiтаратуры (Ф. Багушэвiч, А. Гарун, Я. Колас, З. Бядуля, В. Адважны, П. Трус, М. Лынькоў). Вялiкае значэнне мацi надае А. Станкевiч як першай школе маральна-сацыяльнага выхавання. Яна ўзгадавацелька фізічнага тыпу народнасцi, любовi да бацькаўшчыны і народу, апора сям’і, у якой творыцца i развiваецца свядомы патрыятызм, бо менавiта ў сям’i пазнаецца моладзь з гiсторыяй свайго народу... Мацi стварае спрыяльныя абставiны да развiцця народу ў нацыю. У заключэнне А. Станкевiч цытуе верш Якуба Коласа Няшчасная мацi — вобраз адзiнокай мацi, пакiнутай сваiмi дзяцьмi, — як вобраз такой жа адзiнокай Беларусi33.

У беларускай лiтаратуры кнiга Na świata matki была адзiным такога кшталту творам, у якiм аўтар раскрыў боскае паклiканне жанчыны-мацi, сiстэматызаваў даступны яму матэрыял аб пашане i любовi да мацi ў хрысцiянскай Еўропе, у тым лiку i ў Беларусi, прааналiзаваў значэнне культу мацi ў жыццi беларускага народу i яго культуры.

Да гiсторыi ранняга хрысцiянства звярнуўся доктар тэалогii Я. Рэшаць. П. Татарыновiч заўважыў: „Больш сiстэматычнай апостальскай працай было ягонае тэалагiчна-аскетычнае пiсьменства ў навукова-папулярным стылi Z historyi Chryścijanskaj Apolohetyki, Światyja, Karotki Katechizm dla Biełarusau-Katolikau34. Але змест кнiгi Z historyi Chryścijanskaj Apolohetyki больш гiстарычны, чым тэалагiчна-аскетычны. Напачатку аўтар раскрывае сутнасць i неабходнасць апалагетыкi наогул i апалагетыкi хрысцiянскай, паказвае адносiны рымскай дзяржавы да хрысцiянства ў першыя стагоддзi яго iснавання i гiсторыю барацьбы айцоў Царквы супраць паганства i гарэзiй, акцэнтуе ўвагу на апалагетычным баку дзейнасцi Яна Дамаскiна i Тамаша Аквiнскага, пры тым фiласофска-тэалагiчны аспект iх творчасцi застаецца па-за ўвагай аўтара35. Што да жанравых асаблiвасцей кнiгi Światyja, то іх, па сутнасцi, вызначыў сам аўтар: „У жыццi-апiсаннi святых шукаем не столькi асноваў жыцця рэлiгiйнага, бо гэтым займаецца спецыльная навука — тэалогiя, сколькi хочам бачыць жывыя праявы згоднага сужыцця вольнай волi чалавека з ласкай Божай”36. Згодна аўтару: „гiсторыя — настаўнiца народаў, якая шмат чаму вучыць. Да гэтага мае права і гiсторыя развiцця хрысцiянскай душы”. Зразумела, аўтар не мог не крануць пытаннi тэалогii i асаблiва хрысцiянскага аскетызму, бо як адно, так i другое з’яўляецца тэарэтычна-практычнай асновай апалагетыкi i святасці, але разглядае ён гэтыя пытаннi ў працэсе гiстарычнага развiцця хрысцiянства. Глыбокiм разуменнем самаахвярнасцi ў iмя Бога (Богу ўсё — сабе нiчога) i прынцыпамi хрысцiянскага аскетызму прасякнуты словы аўтара, дзе ён разглядае крытэрыi святасцi, як рацыянальна-асэнсаваную волю чалавека ў яго iмкненнi аддаць жыццё дзеля вечных боскiх iдэалаў Любові i Дабра. У кнiгу ўвайшлi жыццяпiсы 20 святых І-ІІІ ст. А. Станкевiч у прадмове да кнiгi напiша, што „праца гэта мае станоўчае значэнне (...) аўтар апiсвае жыццё святых у святле хрысцiянскай аскезы i фiласофii (...) i маюць яны фундамент хрысцiянска-iдэалагiчны (...) а таму з’яўляюцца каштоўным укладам у беларускую каталiцкую культуру”37.

Не засталася па-за ўвагай культуралагічных разваг святароў праблема суадносін рэлігіі і нацыянальнага.

Паводле В. Гадлеўскага, „рэлігія, наказуючы паважаць бацькоў няменш, канечне, наказвае паважаць Бацькаўшчыну, як супольную матку ўсяго народу”38. Асаблівае значэнне В. Гадлеўскі надаваў нацыянальнай ідэі, якая, на яго думку, прабуджае ў чалавека ахвоту да працы, да ахвярнасці і да геройства. „Здаецца, што ніякая філязафічная ідэя ня можа прабудзіць у чалавеку столькі жыцьцёвых сілаў, колькі прабуждае добра зразумелая нацыянальная ідэя!”39 У адносінах да нацыяналізму ён вызначае абарончы, творчы і імперыялістычны нацыяналізм. Абарончы патрэбен народу, каб уратаваць сябе ад нацыянальнай смерці. Але гэтага недастаткова: нацыя „павінна адначасна тварыць, разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці, сваю мову, сваю літаратуру й мастацтва, ідучы разам з гэтым да здабыцьця для сябе палітычных правоў, роўных зь іншымі народамі”. Калі нацыя не імкнецца да гэтага, яна не з’яўляецца паўнавартаснай і знікне з вобліку зямлі40. Варта адзначыць, што ідэя творчага нацыяналізму заходнебеларускімі дзеячамі (І. Абдзіраловіч, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч) разглядаецца „як супольны творчы працэс перш-наперш у галіне духоўна-культурнай, а праз яе замацаванне і развіццё спрыяе адраджэнню і ўсталяванню сацыяльна-дзяржаўных вартасцяў”41. У наступным сваім артыкуле В. Гадлеўскі дае такое вызначэнне нацыі: „нацыя — гэта ня толькі сужыцьцё людзей на адной тэрыторыі, злучаных адной мовай і сваёй культурай, але і супрацоўніцтва на карысць цэльнасці, да чаго патрэбная сьведамасьць і воля ўтрымоўваць і бараніць собскую супольнасьць — народ”42.

Казiмiр Сваяк у лiсце да брата ставiць пытанне аб цеснай сувязi народнага руху з этыкай i рэлiгiяй, бо яны закладзены ў натуры чалавека. Немагчыма адраджэнне народу без хрысцiянства, яно „раскрываецца ў золкай мiжнароднасцi i этычнай разьвязанасьцi”, — піша К. Сваяк. „Не пакідайце мовы роднай, каб не ўмерлi. Не пакiдайце рэлiгii глыбокай нашай, каб не загавець душой”43.

Больш грунтоўныя даследаванні пра паходжанне і самавызначэнне нацый і іх права на існаванне ў Божым творчым працэсе належаць святарам Я. Тарасевічу і А. Станкевічу.

Паводле А. Станкевіча, нацыі ўзніклі згодна аб’ектыўным (раса, мова, рэлігія, супольныя звычаі, супольная тэрыторыя) і суб’ектыўным (супольнасць маралі, псіхікі, волі і свядомасці) прычынам. Апошняе — як завяршальны дзейнік панятку пэўнага народу. Права на ўласную мову, рэлігію і культуру кожнай нацыі вынікае не толькі з права прыроднага, але і з хрысціянскай навукі, з загаду Хрыста навучаць усе народы (Мацьв. 28.29; Ап. Дз. 2.4-11). Далей А. Станкевіч прыводзіць цытату рускага філосафа У. Салаўёва, які словы Хрыста „навучайце ўсе народы”, — па стараславянску „вся языкі” — тлумачыць гэтак: „Вся языки — ни один не исключен, но ни один и не назван; ибо отныне не теократия приурочена к одной национальности, а к одиной теократии приурочены все народности”. „Галоўны прынцып хрысьціянскай навукі, — піша А. Станкевіч, — гэта прызнаваць, уцьвярджаць і паглыбляць асабовасьць чалавека, як першага і адзінага асяродка поступу й культуры (...) Такім чынам кожная нацыянальнасць у сьвятле Хрыстовай навукі ёсьць матэрыялам не для нішчэньня яго, але для тварэньня з яго культурных вартасцяў”44. У хрысціянстве кожны народ можа знайсці вялікую маральную абарону і апору нацыянальнага жыцця: „Беларускі народ, будучы раздвоены рэлігійна, духова, мусіць шукаць адзінства, мусіць шукаць сваёй рэлігійнай і нацыянальнай сінтэзы” (с. 156-158). Пошукі такога сінтэзу, згодна А. Станкевічу, з’яўляюцца галоўным кампанентам нацыянальнай ідэі, якая выплывае з „палітычнай культурнай супярэчнасці Захаду і Усходу, з розніцы маскоўскага Праваслаўя і польскага Каталіцтва, — тут мусіць вытварыцца пасярэдні тып культуры, які, трымаючыся на сваёй нацыянальнай восі, лучыў-бы і асіміляваў-бы элементы ўсходнія й заходнія, бо калі задалёка пахіснуўся ўбок, — на ўсход ці на захад: страціў бы роўнавагу й загінуў-бы” (с. 174). У тварэнні рэлігійнага і нацыянальнага адзінства А. Станкевіч бачыць задачу мінімум. Спробай такога адзінства, „праявай патрэбы душы нашага народу й натуральных праяў самой сутнасці хрысціянства” магла б стаць Унія, якую належыла б праводзіць „у плошчы гарманічнага нацыянальнага і рэлігійнага сужыцьця Беларусаў каталікоў і праваслаўных”, што не толькі аб’яднала б народ, але адначасна паслужыла б да аб’яднання Усходу і Захаду. І ў гэтым А. Станкевіч бачыць беларускі рэлігійны абавязак, які ўскладзены на беларускі народ гісторыяй і самім Богам.

Характэрнай у плане этнадыцыі (апраўданьне этнасу, народу) з’яўляецца даследаванне а. Я. Тарасевіча Biełarusy u światle praudy. Гэта адзіная на сённяшні дзень у нашай навукова-публіцыстычнай літаратуры кніга, „якая бярэ пад развагу глыбокія прынцыпы хрысціянскай філасофіі і этыкі, якія нічуць не пярэчаць сведамасці і самаакрэсленасці беларуса”45. Перш-наперш аўтар раскрывае сутнасць праўды. Крыніцай праўды з’яўляецца Бог. Пасля з пункту гледжання праўды анталагічнай, лагічнай, рэлігійна-тэалагічнай, гістарычнай і сацыяльна-палітычнай сцвярджаецца права існавання беларусаў, як народу, задуманага ў Божых планах і роўнага з іншымі народамі: „Паводле планаў Божай прадбачнасці Беларускі народ заняў і засяліў пэўную часць зямельнага прастору, дзе ў працягу вякоў выраблялася яго асобная псіхалогія, утварылася і ад іншых моваў адрознівалася яго беларуская мова (...) — гэта першыя вынікі выпаўнення Божага загаду для нас, каб мы сталіся згоднымі з нашым у Божым святым розуме ўзорам. (...) Згубіць скарб гэты — значыць знішчыць часціну нашай беларускай істоты, часць згоднасці з розумам Божым: словам, надарваць, знішчыць праўду”46.

Рэлiгiйна-філасофская тэматыка ў творчасцi беларускiх святароў прасякнута тэмай Бога i народу. У асноўным — гэта невялiкiя паводле зместу брашуркi навукова-папулярнага стылю, якія ўяўляюць больш паглыблены каментар Святога Пiсьма, хрысцiянскай дагматыкi, філасофіі Тамаша Аквiнскага. Заслугоўвае ўвагі той факт, што беларускія святары ў тэарэтычным аспекце абгрунтоўвалі патрэбы нацыянальнай працы і „чыста беларускай ідэі” ў кантэксце заходнебеларускай філасофскай думкі, у якой не было „нічога ад палітычнага насілля, эканамічнай і духоўнай экспансіі, асіміляцыйных захадаў”47. У такім кантэксце разглядаюцца і праблемы рэалізацыі нацыянальнай ідэі — „не столькі праз жорсткую палітычную і эканамічную барацьбу, але праз патрэбу нацыянальнага духоўнага развіцця”, праз „нацыянальную пазітыўна-творчую працу”48.

Для фiласофска-тэалагiчных разважанняў беларускiх святароў характэрна: рацыянальнае і містычнае асэнсаванне веры, тэадыцыя, антрападыцыя i этнадыцыя. Праблемы гэтыя хвалявалi не толькi заходнееўрапейскую фiласофiю i, у прыватнасцi, неатамістаў (Дж. Чэстэртон, Ж. Марытэн, Ле Сен), але i рускiх рэлiгiйных фiлосафаў канца ХІХ — пачатку ХХ ст. (У. Салаўёў, М. Бярдзяеў, Л. Карсавiн, П. Фларэнскi, К. Лявонцеў, I. Iльiн, Г. Фядотаў і інш.

Такім чынам, духоўная спадчына беларускага каталіцкага духавенства ўяўляе сабой з’яву пасіянарнай актыўнасці творчай эліты, істотны набытак беларускай культуры ў кантэксце хрысціянскага гуманізму.

Streszczenie

W latach 30. XX w. inteligencja białoruska wiele uwagi poświęcała tłumaczeniu Pisma Świętego na język białoruski Zajmowali się tym m.in. Anton Łuckiewicz, Radasłau Astrouski, Branisłau Taraszkiewicz, Kastuś Jezawitau, Adam Stankiewicz. Najwięcej uwagi przybliżeniu Białorusinom treści ewangelicznych poświęcił ksiądz Wincuk Hadleuski, autor Historii Świętej lub Biblii Nowego Testamentu. Hadleuski podkreślał, że nauczanie religii w obcym dla ludności języku prowadzi do sektanctwa, dlatego obowiązkiem duchownych było udostępnianie wiernym Pisma Świętego w sposób dla nich zrozumiały. Jego poglądy w dużej mierze podzielał ksiądz Adam Stankiewicz, który całość życia społecznego traktował według kryterium zgodności z treściami ewangelicznymi.


1 Г. Флоровский, Пути русского богословия, Париж 1993, с. 6.

2 Г. Пікарда, Нябеснае полымя: Досьлед пачаткаў беларускага перакладу Новага Запавету і Псалмоў (1931), „Спадчына”, 1995, № 4, с. 170.

3 B. Romanow, Pieršyja malitwy i paznannie chryścijanskaj prawasłaunaj wiery (Pierakład z rasiejskaha), Wilnia: Wyd-wo: W. Łastouskaha, 1918, s. 32; С. Паўловіч, Сьвяшчэнная гісторыя Старога Запавету з 10 малюнкамі і геаграфічнай картай Палестыны, Вільня 1926, с. 167; ён жа, Сьвяшчэнная гісторыя Новага Запавету: Падручнік для беларускіх школ і самаадукацыі, Варшава 1936, с. 152.

4 Г. Пікарда, Нябеснае полымя..., „Спадчына”, 1995, № 4, с. 171.

5 Там жа, с. 174.

6 W. Hadleuski, Historyja Świataja abo Biblijna Staroha Zakonu, Wilnia 1930, s. 167.

7 W. Hadleuski, Historyja Świataja abo Biblijna Nowaha Zakonu, Wilnia 1933, s. 186.

8 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей: ДГАЛ), ф. 604, в. 1, спр. 821а.

9 ДГАЛ, ф . 604, в. 1, спр. 821а, арк. 1.

10 Г. Пікарда, Нябеснае полымя..., с. 175.

11 ДГАЛ, ф. 604, в. 1, спр. 821а, арк. 1.

12 ДГАЛ, ф. 604, в. 1, спр. 822, арк. 1-49.

13 Г. Пікарда, Нябеснае полымя..., с. 175.

14 Hołas Dušy. Kniżka da nabażenstwa dla biełarusau-katolikau (Ułażyu Ks. K. Stepowič) 2 wydańnie, papraulenaje i dapounienaje, Vilnia 1934, s. 3.

15 J. Rešać, Karotkł Katechism dla biełarusau-katolikau, Wilnia 1927, s. 47.

16 A.W., Rec.: Ks. Dr. J. Rešać: Karotki Katechism dla biełarusau-katolikau, Wilnia 1927, „Chryścijanskaja Dumka”, 1928, № 2, s. 6.

17 I. Bobič, Niadzielaśnija Ewanhielii i Nawuki. Čaść pieršaja (ad 1-aj niadzieli Adwentu da Wialikodnia), pad. red. ks. Ad. Stankiewiča, Wilnia: „Krynica”, 1922, s. 62; Niadzielaśnija Ewanhielii i Nawuki. Čaść druhaja (ad niadzieli pa Wialikadni da X Niadzieli pa Zialionych światkach), pad. red. ks. Ad. Stankiewiča, Wilnia: „Krynica”, 1921, s. 74; I. Bobič, Niadzielaśnija Ewanhielii i Nawuki. Čaść treciaja (ad Zialionych światkau da...), pad. red. ks. Ad. Stankiewiča, Wilnia: „Krynica”, 1921, s. 66.

18 Асобнымі выданнямі на польскай мове выйшлі кнігі І. Бобіча: W ślady Maryi. Nauki majowe o obowiązkach chrześcijańskich, Kraków 1927, ss.208; W szkole biedaczyny z Asyżu. Nauki dla tercjarzy franciszkańskich, Poznań1929, ss. 364; Pod znakiem Rożanca św.: 15 nauk dla kół żywego Różańca, Kielce 1930, ss. 63; Na głębiach duszy. Nauki rekolekcyjne dla nauczycielstwa szkół powszechnych, Poznań 1931, ss. 61; Na niedziele. Rozważania niedzielne na tle perykop ewangelicznych, Kielce1931, ss. 120; Wykład codziennego pacierza i katechizmu (w trzech tomach), Lwów 1937; Służba Boża. 15 kazań liturgicznych o nabożeństwach parafialnych ze szczególniejszym uwzględnieniem obrzędów Mszy św., Kielce 1935, ss. 180; Jezus Chrystus syn Boży: wykład Ewangelii św. Marka w 65 homiliach, Lwów 1938, ss. 312 і іншыя.

19 M. Brzozowski, Z. Pilch, Bobicz Ildefons, ks., [w:] Encyklopedia katolicka, t. II, Lublin 1976, s. 689-690.

20 S. I., Ružaniec Najświaciejšaj Dziewy Maryi, Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1928, s. 35; Pieśni žalby: razwažańni ab mukach i śmierci Isusa Chrystusa, Wilnia 1929, s. 30; Daroha kryža, Wilnia: Adbitki „Chryścijanskaj Dumki”, 1930, s. 32.

21 W. Šutowič, Majowaja čytanka (Ab wiery, nadzieji i lubowi), Vilnius 1940, s. 2.

22 Там жа, с. 46.

23 Там жа, с. 137-138.

24 A. Stankiewič, Božaje Słowa. Lekcyi, Evanhelii i Pramovy na Niadzieli i Śviaty, Lvou — Vilnia1938, s. 372.

25 Сапраўдныя пастары беларускага народу, „Шлях моладзі”, 1938, № 13.

26 У. Конан Уладзімір, Лідэр беларускага каталіцкага адраджэння, Мінск: „Наша Вера”, 1998, № 3 (6).

27 Характэрнай у гэтым сэнсе з’яўляецца дысертацыя на навуковую ступень доктара філасофii а. Ф. Абрантовiча: Фiласофская канцэпцыя Лоскага, абароненая ў Лювенскiм унiверсiтэце, якi вылучаўя сярод iншых еўрапейскiх унiверсiтэтаў высокiм узроўнем навуковых даследаванняў у галiне неасхаластыкi. Пры ацэнцы даследаванняў Ф. Абрантовiча спашлемся на польскую крыніцу: „Фабiян Абрантовiч спрабаваў спалучыць сiстэмы Тамаша Аквiнскага з расiйскай фiласофiяй. Найбольш цікавымi былi яго параўнаўчыя даследаваннi (на французскай мове) тамізму з iнтуiцыянiзмам М. А. Лоскага, у якiх ён аргументаваў, што Лоскi дайшоў, хаця і іншым метадам, да тых жа самых высноў, што i Тамаш Аквiнскi”. На вялiкi жаль па-за ўвагай нашага даследавання застаюцца дысертацыi на званнi кандыдатаў i доктараў тэалагiчных i фiласофскiх навук. Галоўная прычына — iх адсутнасць. Месцазнаходжанне многiх — невядомае. Пакуль што ўдалося адшукаць манаграфiю па тэме доктарскай дысертацыi С. Глякоўскага: Oratio secundum diarum Ioannis de Cronstadt „mea wita in Christo (Wilnia 1917). Манаграфiя знаходзiцца ў бiблiятэцы Люблiнскага каталiцкага унiверсiтэта. Што да iншых дасертацый, то згадаем толькi назвы некаторых: Пакора паводле Тамаша Аквiнскага — на ступень доктара тэалогіі Я. Тарасевiча (абаронена ў Фрыбургу, Швейцарыя); Бальшавіцкае заканадаўства ў Расеі адносна рэлігійнага і маральнага ўзгадавання дзяцей у параўнанні ад Божага права, натуральнага і аб’яўленага — А. Неманцэвіча, доктара тэалогіі; І. Бобіч і Т. Падзява — доктары філасофіі, Я. Рэшаць — доктар тэалогіі і філасофіі, Я. Дашута — доктар царкоўнага права.

28 M. A., Boh: Fiłosofičny narys, Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1928, s. 24; M. A., Čaławiek. Filosofična-hramadzki narys, Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1929, s. 16.

29 M. A. Boh: Filosofičny narys.

30 B. Paczobka, Czaławiek na wyzczynie swajej hodnaści, Wilnia: „Biełarus”, 1915, s. 87.

31 J. Tarasewič, Zło i lakarstwa na jaho: Relihijna-chryścijanski narys, Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1928, s. 32.

32 J. Tarasewič, Čaławiek — šukalnik Boha, Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1934, s. 46.

33 A. Stankiewič, Na świata matki. Uwahi ab dastojnaści i značenni matki, Wilnia 1940, s. 30.

34 Źnič, Na mahiłu s.p. ajcu prafesaru Jazepu-Atanazu Rešeciu, OSB, Rym: „Źnič”, 1958, s. 44.

35 J. Rešać, Z historyi Apołohietyki Chryścijanskaj, Wilno: Wyd-wa „Chryścijanskaja Dumka”, 1928, ss. 104.

36 J. Rešać, Światyja, Lwou — Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1937, kn. 1, s. 123.

37 J. Rešać, Światyja..., s. IV-VIII.

38 W. Hadleuski, Niezaležnaść Biełarusi i Katalicki Kaścioł, „Krynica”, 1921, 3 krasawik.

39 Гадлеўскі Вінцэсь. Публіцыстыка, „Спадчына”, 1993, № 2, с. 38-51.

40 Там жа.

41 В. М. Гліна, Нацыяналізм і сацыяльная дэгенерацыя: погляд з мінуўшчыны, [у:] Чалавек. Этнас. Тэрыторыя (Праблемы развіцця заходняга рэгіёна Беларусі). Мат. міжнарод. навук.-практ. канф. У 2 ч., Брэст 1998, ч. 1, с. 83.

42 Гадлеўскі Вінцэсь. Публіцыстыка, „Спадчына”, 1993, № 2.

43 К. Сваяк, Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі, Лёндан: Выданьне другое. „Божым шляхам”, 1991, с. 11.

44 А. Станкевіч, Хрысьціянства і Беларускі народ: спроба сінтэзы, Вільня 1940, с. 62-63.

45 А. Дзедзінка, Айцец Янка Тарасевіч, „Божым шляхам”, Парыж, 1979, № 150, с. 12-16.

46 J. Tarasewič, Biełarusy u światle praudy, Wilnia: „Chryścijanskaja Dumka”, 1935, s. 40.

47 В. М. Гліна, Сутнасць і асаблівасці нацыянальнага адраджэння ў Заходняй Беларусі (1920-1939 гг.): Аўтарэф. дыс... канд. філас. навук: 09.00.03, Бел. дзярж. ун-т, Мінск 1996, с.17.

48 Там жа.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія