Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці
Заходняй Беларусі (1920-1930-я гг.)
Аляксандр Вабішчэвіч
(Брэст)
Унiкальнай з’явай культурнага жыцця заходнебеларускага краю з’яўлялiся беларускiя гiмназii. Хоць iх было няшмат — у пачатку 1920-х гадоў працавалi 6 такiх сярэднiх школ (у Вiльнi, Гродне, Нясвiжы, Навагрудку, Радашковiчах, мястэчку Гарадок Вiлейскага павета), аднак яны захоўвалi i развiвалi традыцыi беларускай нацыянальнай школы.
Адметнае месца сярод беларускiх гiмназiй займала Вiленская, заснаваная І. Луцкевічам яшчэ ў лютым 1919 г. Як i iншыя беларускiя гiмназii, яна мела статус прыватнай. З’яўлялася 8-класнай навучальнай установай гуманiстычнага тыпу. Фiнансавую падтрымку ёй аказвала Цэнтральная беларуская школьная рада, потым — Таварыства беларускай школы (ТБШ), а з 1928 г. — бацькоўскi камiтэт гiмназii. Часта даводзiлася наладжваць збор ахвяраванняў сярод насельнiцтва. На патрэбы гiмназiй аддавалi частку сваёй зарплаты беларускiя паслы i сенатары. Грошы пасылалi прадстаўнiкi беларускай эмiграцыi. Падтрымку гiмназiям аказвала i БССР. Аднак для нармальнага функцыянавання гiмназii пастаянна не хапала сродкаў. Настаўнiкi працавалi выключна на энтузiязме.
Адсутнасць правоў грамадскай установы абцяжарвала доступ выпускнiкам Вiленскай гiмназii да вышэйшай адукацыi ў тагачаснай польскай дзяржаве — пасля сканчэння VIII класа яны не мелi магчымасцi здаваць экзамены на атэстат сталасцi. Многiя выпускнiкi вымушаны былi нелегальна ехаць вучыцца за мяжу — у БССР, а таксама ў Чэхаславакiю i iншыя еўрапейскiя краiны. Паводле асобных крынiц, так зрабiлi каля 100 чалавек са 189, якiя скончылi Вiленскую гiмназiю за першыя 10 гадоў яе iснавання1. Толькi ў 1928 г. гiмназiя атрымала доўгачаканае права прымаць экзамены на атэстат сталасцi — матуру.
Па-беларуску спачатку выкладалiся ўсе прадметы толькi ў падрыхтоўчым, першым i другiм класах. А старшакласнiкi вучылiся на рускай мове (выключэнне складалi беларуская лiтаратура, гiсторыя i геаграфiя Беларусi). Паступова гiмназiя станавiлася сапраўды нацыянальнай навучальнай установай. З 1924 г. усе дысцыплiны там выкладалiся па-беларуску. Павелiчэнне колькасцi дзяцей-беларусаў паскорыла працэс пераводу навучання на iх родную мову. Паводле статута гiмназii, прымалi на вучобу найперш дзяцей з беларускiх сем’яў, а потым ужо кандыдатаў iншых нацыянальнасцей2. Акрамя беларусаў там вучылiся рускiя i яўрэi.
Пасля першага дырэктара М. Кахановiча гэтую пасаду непрацяглы час займалi Б. Тарашкевiч, А. Трэпка. У лiстападзе 1923 г. папячыцельства Вiленскай школьнай акругi зацвердзiла Р. Астроўскага дырэктарам гiмназii, якую ён узначальваў з невялiкiм перапынкам да 1936 г. Нельга даць адназначную ацэнку яго дзейнасцi на гэтай пасадзе — жорсткi стыль кiравання выклiкаў тады негатыўную рэакцыю многiх дзеячаў заходнебеларускага руху. Аднак яму ўдалося зберагчы школу ад памкненняў польскіх улад закрыць яе.
Пазiцыi беларускiх гiмназiй увесь час слабелi. Не вытрымаўшы ўцiску i фiнасавых цяжкасцей, спынiла сваё iснаванне беларуская гiмназiя ў Гродне. З-за тых жа праблем, а таксама аддаленасцi ад густанаселенай мясцовасцi, кiраўнiцтва гiмназii ў Гарадку з 1922 г. спрабавала перанесцi яе ў Валожын, але праз 2 гады польскiя ўлады наогул закрылi школу. Такi лёс напаткаў i гiмназiю ў Нясвiжы. У 1923 г. папячыцельства Палескай школьнай акругi адмовiлася выдаць дазвол на яе ўтрыманне, патлумачыўшы гэта тым, што „мясцовае насельнiцтва не мае патрэбы ў беларускай школе”3. Рабiлiся спасылкi i на нiзкi ўзровень навучання, слабую матэрыяльна-тэхнiчную забяспечанасць i г.д. Дзякуючы намаганням нацыянальнай iнтэлiгенцыi i падтрымцы дэмакратычных колаў заходнебеларускага грамадства, гiмназiя прадоўжыла сваю дзейнасць у Клецку.
Найбольш устойлiвай заставалася Вiленская гiмназiя. Гэта было выклiкана наяўнасцю там згуртаванага, квалiфiкаванага педагагiчнага калектыва, якi праяўляў сапраўдны беларускi пратрыятызм. Знаёмства з успамiнамi выпускнiкоў Вiленскай гiмназii дае магчымасць сцвярджаць, што настаўнiкi аказалi найбольшае ўздзеянне на выхаванне моладзi. Павага да вучняў, да сваiх прадметаў выкладання, клопат аб добрай рэпутацыi гiмназii — вось што вызначыла воблiк большасцi настаўнiкаў.
Нацыянальнай справе сумленна служылi не толькi беларусы, але i прадстаўнiкi iншых нацыянальнасцей. „Я зусiм не ведала беларускай мовы, — пiсала ў адным з лiстоў у 1923 г. выкладчыца нямецкай мовы Н. Банцлебен. — Цяжкiя перажываннi на нiве беларускай школьнай працы дагэтуль зусiм мне незнаёмага народа зраднiлi мяне з душой яго, пабудзiлi мяне аддаць яму свае сiлы i энергiю, каб працаваць карысна i блiжэй падысцi да дзяцей, давераных мне. Я вывучыла мову i пазнаёмiлася з культурай народа”4. Невыпадкова, што ў сваёй аўтабiяграфii яна запiсалася беларускай. Служэнне беларускай справе ўспрымалi як належнае i iншыя настаўнiкi-небеларусы. Хоць настаўнiкi мелi розныя палiтычныя погляды, але яны выхоўвалi патрыятычныя пачуццi, любоў да беларускай мовы, пашыралi дэмакратычныя, гуманiстычныя погляды.
У 1920-я гады ў гiмназii працавала цэлая плеяда вiдных дзеячаў палiтычнага i культурнага жыцця Заходняй Беларусi: М. Гарэцкi, А. Луцкевiч, Б. Тарашкевiч, А. Станкевiч, А. Смолiч, С. Рак-Мiхайлоўскi, С. Паўловiч, I. Дварчанiн, Я. Драздовiч, Р. Шырма i iншыя. Выкладалi i тыя, хто не меў такой вядомасцi, але сумленна рыхтаваў кадры нацыянальнай iнтэлiгенцыi — Л. Чарняўская-Гарэцкая, А. Сакалова-Лекант, Ю. Мэнке, А. Якубецкi, М. Красiнскi i iншыя.
Б. Тарашкевiч выкладаў у старэйшых класах беларускую лiтаратуру, лацiнскую мову. Яго лекцыi сведчылi пра высокае педагагiчнае майстэрства. Ён „ужо сваiм красамоўным выкладаннем захапляў вучняў”5. Нават пасля таго, як уключыўся ў актыўную палiтычную дзейнасць у сувязi з выбраннем паслом у польскi сейм у 1922 г., усё роўна цiкавiўся справамi гiмназii, дапамагаў ёй.
Лекцыi па беларускай лiтаратуры М. Гарэцкага i А. Луцкевiча былi „павучальнымi, мiлагучнымi, эмацыянальнымi, патрыятычнымi i часам арыгiнальнымi па метадзе выкладання”6. Наконт заняткаў, якiя праводзiў М. Гарэцкi, былы вучань гiмназii М. Пецюкевiч успамiнаў: „Не было выпадку, каб хто з вучняў нашага класа ўцёк з урока беларускай мовы цi лiтаратуры. Прыходзiлi на ўрокi М. Гарэцкага нават i тыя, каго лекар звольнiў па хваробе”7.
Доўгi час вёў урокi каталiцкай рэлiгii ў Вiленскай беларускай гiмназii вядомы палiтычны дзеяч, публiцыст, гiсторык, ксёндз А. Станкевiч. „Выкладаў на вельмi прыгожай беларускай мове, што выдзяляла яго ад многiх настаўнiкаў... Яго лекцыi — размовы аб духоўнасцi i нацыянальнай свядомасцi”8.
Урокi рэлiгii павiнны былi спрыяць маральнаму выхаванню гiмназiстаў. У навучальныя планы былi ўключаны таксама беларуская, польская, руская, нямецкая, французская, лацiнская мовы, гiсторыя, геаграфiя, матэматыка, фiзiка, хiмiя, маляванне, спевы, прыродазнаўства i iншыя прадметы.
Вывучэнне гiсторыi пачыналася з II класа. На працягу двух першых гадоў вучнi вывучалi гiсторыю Беларусi. У аснову праграмы па айчыннай гiсторыi была пакладзена перыядызацыя, распрацаваная В. Ластоўскiм, У. Iгнатоўскiм: полацкi, лiтоўска-беларускi, польскi, расійскi перыяды. У IV-VII класах выкладалася сусветная гiсторыя. Адначасова вывучалася больш грунтоўна i гiсторыя Беларусi. У аснову гiстарычнай адукацыi быў пакладзены прынцып сiнхроннага вывучэння айчыннай гiсторыi ў кантэксце сусветнай, што павiнна было паспрыяць фармiраванню нацыянальнай свядомасцi вучняў. У канцы вучобы яны павiнны былi выкарыстоўваць свае веды пры абагульненнi матэрыялу, яго самастойным асэнсаваннi.
Настаўнiкi Вiленскай беларускай гiмназii актыўна праводзiлi вучэбна-метадычную працу. Беларускае навуковае таварыства, якое ўзначальваў А. Луцкевiч, з iх удзелам займалася распрацоўкай навуковай тэрмiналогii, напiсаннем, перакладам i выданнем падручнiкаў. Сам А. Луцкевiч пераклаў на беларускую мову падручнiкi Сусветная гiсторыя (частка 2) В. Остэрлёфа i Я. Шустэра (1921 г.), Элементарная алгебра А. Кiсялёва (1922 г.) i iншыя.
Яшчэ ў 1920 г. у Вiльнi была надрукавана кнiга М. Гарэцкага Гiсторыя беларускай лiтаратуры (у 1921, 1924 гг. з’явiлiся дапоўненыя выданнi). У згаданай кнiзе прааналiзаваны асноўныя этапы гiсторыi нацыянальнай лiтаратуры, пачынаючы ад часоў узнiкнення пiсьменнасцi. У 1922 г. у Вiльнi была выдадзена яшчэ адна кнiга М. Гарэцкага — Хрэстаматыя беларускай лiтаратуры. ХІ век — 1905 год. Пазней, у 1927 г., у дапаўненне да яе Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ) надрукавала Хрэстаматыю новай беларускай лiтаратуры (ад 1905 году), складзеную I. Дварчанiным. Кнiга была адрасавана вучням старэйшых класаў беларускiх гiмназiй.
У 1922 г. БВТ падрыхтавала да друку перакладзены А. Смолiчам ужо згаданы падручнiк В. Остэрлёфа i Я. Шустэра Сусветная гiсторыя (частка 3), дзе разглядалiся пытаннi ад вялiкiх геаграфiчных адкрыццяў да падзелу Рэчы Паспалiтай у канцы ХVІІІ ст. Шэраг падручнiкаў па фiзiцы, геаметрыi падрыхтаваў А. Трэпка, геаметрыi i астраномii — Р. Астроўскi. Нярэдка вучнi старэйшых класаў удзельнiчалi ў калектыўных перакладах падручнiкаў на беларускую мову.
Вiленская гiмназiя пераўтварылася ў вучэбна-метадычны цэнтр не толькi нацыянальных сярэднiх, але i пачатковых школ Заходняй Беларусi. Менавiта там працавала Л. Чарняўская-Гарэцкая, аўтар чытанак для пачаткоўцаў Родны край. Актыўна выкарыстоўвалiся ў навучальным працэсе пачатковых школ падручнiкi Ал. Смолiч Зорка: Беларуская граматыка, Я. Станкевiча Беларускi правапiс з практыкаваннямi, Б. Тарашкевiча Беларуская граматыка для школ, С. Рак-Мiхайлоўскага Арыфметычны задачнiк для пачатковых школ (частка 2) i iншыя. Аднак для вывучэння асноўных прадметаў — беларускай i польскай моў, матэматыкi, геаграфii, прыродазнаўства, гiсторыi, рэлiгii i iншых — усё роўна не хапала падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў.
Пад уплывам вызваленчай барацьбы, грамадска-палiтычнага руху за дэмакратызацыю адукацыi вызначаўся змест навучання i выхавання ў беларускiх гiмназiях i пачатковых школах. Прагрэсiўныя настаўнiкi i грамадскiя дзеячы ўводзiлi ў практычную дзейнасць школ iдэi арганiзацыi беларускай працоўнай школы. Найбольш поўна яны адлюстроўвалiся ў працах С. Паўловiча. Аб сваiм бачаннi мэтаў, задач, зместу выхавання пiсаў ён у Беларускiм календары на 1929 г. i ў брашуры Аб арганiзацыi беларускае працоўнае школы (1928). Сутнасць працоўнай школы, паводле яго слоў, заключалася ў выхаваннi i чалавека, i грамадзянiна. Лiчыў патрэбным абагульнiць сусветны вопыт i выкарыстаць яго з улiкам нацыянальных традыцый. „Трэба, каб у беларускай школе, пабудаванай на запазычаны ўзор, панаваў дух беларускасцi, каб яна адпавядала ўсяму жыццю народнаму, псiхiцы i нацыянальным iмкненням беларускага народа, каб з яе выходзiлi людзi высокай культуры i моцныя барацьбіты за беларускую справу”. Народная школа павiна быць як агульнадаступнай, так i працоўнай. Яна павiнна спрыяць гарманiчнаму развiццю дзяцей, падрыхтаваць iх да творчай i прадукцыйнай працы ў грамадстве.
Адным з прынцыпаў працоўнай школы С. Паўловiч лiчыў нацыянальны характар выхавання. „Перашкаджаць нашай школе iсцi менавiта гэтым шляхам — гэта было бы перадусiм злачынствам супраць дзiцяцi, супраць яго святога права вучыцца ў роднай школе”. Гэта лагiчна ўкладвалася ў шматвяковыя традыцыi народнай педагогiкi На працягу многiх стагоддзяў беларуская сялянская сям’я была i яшчэ заставалася тады адзiным ахоўнiкам педагагiчных традыцый. Таму народная школа не магла не лiчыцца з гэтым.
Аб шчырай прыхiльнасцi нацыянальным iнтарэсам сведчыць справаздача С. Паўловіча за 1927/28 навучальны год, калi яму даводзiлася часова выконваць абавязкi дарэктара Вiленскай гiмназii. „Уся праца ў гiмназii павiнна быць арганiзавана так, каб вучнi атрымлiвалi ў нас адпаведныя веды i добрае выхаванне, а сама гiмназiя па-ранейшаму заставалася галоўным цэнтрам нацыянальна-культурнага адраджэння”9. Пры гэтым ён разумеў, якiм цяжкiм i цярнiстым быў i будзе надалей шлях беларускай адукацыi. Аднак iншага чакаць не даводзiлася. Абставiны грамадскага жыцця патрабавалi ахвярнасцi.
Яшчэ ў 1926 г. у Вiльнi была надрукавана падрыхтаваная С. Паўловiчам Свяшчэнная гiсторыя Старога Завету: Для беларускiх пачатковых школ i малодшых класаў гiмназiй. Трэба аддаць належнае аўтару, якi творча перапрацаваў тэкст Бiблii i падаў яго ў даступнай для ўспрымання вучняў форме. Кнiга павiнна была стаць унiверсальнай — яе магла чытаць на роднай мове вясковая i гарадская школьная моладзь. Хоць падручнiк быў крыху аб’ёмны для вучняў малодшых класаў, але яго маглi чытаць i дарослыя. Якраз у беларускiх сем’ях не хапала такой бiблейска-лiтаратурнай хрэстаматыi. У 1929 г. у Вiльнi ў Беларускай друкарнi iмя Ф. Скарыны была выдадзена яшчэ адна кнiга С. Паўловiча Пiшы самадзейна: Развiццё навыку самастойнага пiсьма.
Разам з iншымi прадстаўнiкамi заходнебеларускай iнтэлiгенцыi С. Паўловiч выступiў з рэзкiм асуджэннем увядзення з 1929/30 навучальнага года ў беларускiх i польска-беларускiх пачатковых школах буквара (лацiнкай) С. Любiч-Маеўскага. У сваёй брашуры Некалькi ўваг аб беларускiм „лемантары” Ст. Любiч-Маеўскага (надрукавана пад псеўданiмам „Паляшук” у 1929 г.) аўтар зрабiў крытычны аналiз буквара i прыйшоў да высновы, што яго выкарыстанне нясло значную шкоду нацыянальнай свядомасцi дзяцей. Мiнiстэрства веравызнанняў i грамадскай асветы Польшчы вымушана было зняць буквар з карыстання, але ўжо ў наступным годзе другое, „папраўленае”, выданне зноў паступiла ў школы.
Удасканальваннем форм i метадаў навучальна-выхаваўчага працэсу займалiся не толькi ў Вiленскай, але i iншых беларускiх гiмназiях. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасцi, паступова iшоў працэс беларусiзацыi ў Навагрудскай гiмназii. Гiмназiя мела прыродазнаўчы ўхiл, хоць значнае месца адводзiлася i прадметам гуманiтарнага цыкла. Шмат клапацiўся пра матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне гiмназii яе арганiзатар i дырэктар Я. Цеханоўскi. Пасля яго ад’езду за мяжу на заробкi абавязкi дырэктара выконваў П. Скрабец. У Навагрудскай гiмназii навучэнцы былi ўцягнуты ў працу шэрагу гурткоў — па беларусазнаўстве, прыродазнаўстве, сусветнай лiтаратуры. Для паглыблення ведаў па беларускай мове вучнi складалi слоўнiк да твораў Ядвiгiна Ш. (Антона Лявiцкага), збiралi фальклор. Вучнi I-III класаў займалiся зборам, распрацоўкай тэрмiналогii мясцовай флоры i фауны, выдавалi рукапiсны часопiс „Жаваранак”. Хор i аркестр пад кiраўнiцтвам кампазiтара А. Валынчыка набыў вядомасць нават па-за межамi Навагрудка. У 1927-1930 гг. у Навагрудскай беларускай гiмназii выкладаў маляванне Я. Драздовiч.
Шырокай культурна-асветнiцкай дзейнасцю займалася Клецкая гiмназiя, якую ўзначальваў Р. Якубёнак. Створаны там лiтаратурны гурток хутка пераўтварыўся ў лiтаратурна-мастацкi. У навакольных вёсках набылi папулярнасць гiмназiчны хор i аркестр. Настаўнiкi iмкнулiся выкладаць свае прадметы на належным узроўнi. Радашковiцкая гiмназiя iмя Ф. Скарыны была адкрыта ў 1922 г. намаганнямi вядомага грамадскага дзеяча, сенатара А. Уласава. Спачатку дырэктарам гiмназii быў А. Вернiкоўскi, потым — Ф. Стэцкевiч. У 1926 г. пры гiмназii былi адкрыты курсы настаўнiкаў пачатковых школ, пазней у час летнiх канiкулаў збiралiся выкладчыкi беларускiх гiмназiй. Настаўнiкi Радашковіцкай беларускай гімназіі вызначалiся высокiм прафесiяналiзмам. Сярод iх трэба ўзгадаць Я. Гаўрылiка, С. Караля, М. Касцевiча (Краўцова) i iншых. Мясцовая арганiзацыя ТБШ аказвала матэрыяльную дапамогу гiмназii. Усяго ў 1922-1929 гг. у Радашковiцкай гiмназii вучылася каля 800 чалавек, з iх 86 атрымалi матуру.
Рабiлiся захады адкрыць беларускую гiмназiю ў Глыбокiм. У 1926 г. Глыбоцкая акруговая ўправа ТБШ (старшыня — П. Мятла) лiчыла гэта найпершай задачай. Быў наладжаны збор ахвяраванняў, аднак польскiя ўлады не далi дазволу на адкрыццё гiмназii. Кiраўнiцтва Таварыства планавала адкрыць гiмназii ў Гродне i iншых гарадах краю, але здзейсніць гэта не ўдалося.
Атмасфера глыбокай павагi да дэмакратычных, нацыянальных каштоўнасцей спрыяла разгортванню гiмназiчнага руху. Ужо ў пачатку 1920-х гадоў у Вiленскай гiмназii быў створаны вучнёўскi гурток, дзейнасць якога мела культурна-асветнiцкi характар. Гурток выдаў 7 нумароў часопiса „Маладое жыццё”, мэтай якога з’яўлялася „гартаванне маладых беларускiх сiл на змаганне за духоўнае адраджэнне Беларусi i заклiканне ў свае рады новых байцоў за гэтую ж iдэю”10. Менавiта там дэбютавалi маладыя паэты Н. Арсеннева, Х. Iльяшэвiч. У 1922 г. у Вiленскай гiмназii выходзiў вучнёўскi лiтаратурны часопiс „Зорка”. У адным з нумароў быў змешчаны верш Досыць спаць!, якi заклiкаў да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Аналагiчныя вучнёўскiя газеты i часопiсы рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку выдавалiся таксама ў Радашковiцкай, пазней — Клецкай гiмназiях. Як правiла, пасля выхаду 1-2 нумароў яны забаранялiся польскiмi ўладамi. Потым навучэнцы Вiленскай гiмназii выдавалi таксама друкаваныя i рукапiсныя часопiсы „Рунь”, „Поклiч”, „Золак”, „Васiлёк”, „Усход”, „Наперад”, „Вучнёўскi звон”.
З 1922 г. у Вiленскай гiмназii нарадзiлiся традыцыi скаўцкага руху. Яго iнiцыятарамi былi С. Рак-Мiхайлоўскi, А. Луцкевiч, А. Смолiч, М. Гарэцкi, Ф. Аляхновiч i iншыя дзеячы заходнебеларускага грамадства. Былi створаны чатыры дружыны. Нават пасля забароны iх польскiмi ўладамi старшакласнiкi прапагандавалi iдэi скаўцкага руху ў час летнiх канiкулаў у вёсках. Ганеннi польскіх улад прымусілі праводзіць работу пад выглядам спартыўнага аб’яднання „Гайсак”, аднак i яго забаранiлi.
З сярэдзiны 1920-х гадоў ажывiлася вучнёўская мастацкая самадзейнасць. У Вiленскай гiмназii дзейнiчалi тэатральны i драматычны гурткi. У 1926-1927 гадах Я. Драздовiч наладзiў там мастацкую майстроўню. Многiя вучнi былi заняты ў духавым i струнным аркестрах. Р. Шырма, якi з 1926 г. працаваў выкладчыкам спеваў у гiмназii i выхавацелем у iнтэрнаце, арганiзаваў вучнёўскi хор. Гэты калектыў шмат зрабiў у справе папулярызацыi беларускай народнай песнi. „Вечары славянскай песнi” (першы адбыўся 17 чэрвеня 1928 г.) гэтага хору пад акампанемент кампазiтара К. Галкоўскага атрымалi вядомасць ва ўсiх заходнебеларускiх землях.
Паступова гiмназiсты ўцягвалiся ў нацыянальна-вызваленчую барацьбу. Кожны год урачыста адзначалася свята ў гонар абвяшчэння незалежнасцi БНР 25 сакавiка 1918 г. Ва ўсiх беларускiх гiмназiях шырока выкарыстоўвалася нацыянальная сімволіка — герб Пагоня і бела-чырвона-белы сцяг.
Як сведчыць справаздача польскай палiцыi за 1926 г., у час святаў i канiкулаў вучнi-гурткоўцы Вiленскай гiмназii агiтавалi на карысць Грамады. Выдадзены ў снежнi таго ж года першы нумар часопiса „Наперад” адкрываўся радкамi „Мы выйдзем шчыльнымi радамi...”. Iдэi Грамады iмпанавалi гiмназiстам. Пасля яе разгрому польскiмi ўладамi ў беларускiх гiмназiях адбывалiся забастоўкi пратэсту. 10 сакавiка 1927 г. па iнiцыятыве вучнёўскага гуртка была праведзена забастоўка ў Радашковiцкай гiмназii. Пазней там быў наладжаны збор сродкаў для палiтзняволеных.
Гiмназiсты-камсамольцы аказвалi пэўны ўплыў на фармiраванне светапогляду навучэнцаў, арганiзоўвалi культурна-асветнiцкую работу. У Вiленскай гiмназii найбольш актыўнымi ўдзельнiкамi камсамольскага падполля з’яўлялiся Я. Мiско, В. Таўлай, Я. Урбановiч, П. Радзюк, А. Салагуб, М. Васiлёк i iншыя. Вучнёўскi гурток быў легальнай пляцоўкай для iх дзейнасцi.
Усё гэта давала падставы польскiм уладам называць гiмназii „логавам камунiзму”. У справаздачы камандавання польскага корпуса ДОК-III за трэцi квартал 1928 г. падкрэслiвалася, што „Вiленская i Радашковiцкая гiмназii выхоўвалi моладзь у камунiстычным духу”11. Безумоўна, што рэжым „санацыi” лiчыў любую праяву нацыянальнай свядомасцi беларусаў вынiкам працы „падрыўных элементаў”. Таму ўлады звольнiлi многiх настаўнiкаў, асаблiва прыхiльнiкаў рэвалюцыйна-дэмакратычных поглядаў.
У ходзе школьных забастовак вучнi праяўлялi высокi ўзровень нацыянальнай свядомасцi. Вялiкi размах набыла забастоўка 20 снежня 1928 г. Была прынята рэзалюцыя з асуджэннем рэпрэсiй польскiх улад. „Мы, дзецi беларускiх сялян i рабочых, з самага пачатку iснавання гiмназii змагаемся за тое, каб адукацыя, якую мы атрымоўваем у школе, дала нам магчымасць быць вернымi змагарамi за справу вызвалення беларускiх працоўных мас, каб атрыманыя веды аддаць барацьбе, якую вядзе беларускi селянiн i рабочы супраць фашызму i польскага iмперыялiзму, за вызваленне прыгнечаных мас, за рабоча-сялянскую Беларусь”12. Асуджаны былi i дзеяннi Р. Астроўскага, якi пасля судовага працэсу Грамады адстойваў пазiцыю супрацоўнiцтва з польскiм урадам „санацыi”. „Гiмназiя пад кiраўнiцтвам Астроўскага — гэта барацьба дырэкцыi з вучнямi, звальненне выкладчыкаў, якiя не згодны з яго палiтыкай”13.
Больш моцныя хваляваннi назiралiся ў гiмназii 27 лютага 1929 г. Для „ўцiхамiрвання” выступлення была выклiкана палiцыя. Пасля гэтага быў выключаны 41 вучань. У знак пратэсту супраць гэтага пракацiлася хваля забастовак у iншых беларускiх гiмназiях. У Навагрудскай гiмназii выступленне працягвалася 2 тыднi. „Забастоўка мела спакойны характар, сярод настаўнiкаў панавала маральнае прыгнечанне i боязь аб закрыццi гiмназii”, — адзначалася ў справаздачы масцовых польскiх улад14. Падаўленне школьных забастовак прынесла значныя страты: усяго на працягу 1928/29 навучальнага года з беларускiх гiмназiй выключылi каля 130 вучняў. Пасля гэтага многiя з iх (Я. Скурко (М. Танк), В. Таўлай i iнш.) працягвалi прымаць актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчай барацьбе.
У час забастовак навучэнцы праяўлялі высокі ўзровень нацыянальнай і грамадскай свядомасці. Аднак пры падвядзенні вынікаў школьнай акцыі (на нарадзе прадстаўнікоў камсамольскіх ячэек гімназій у чэрвені 1929 г.) адзначалася, што яна „на першай стадыі праходзіла вельмі слаба”. „Асабліва дрэнна адбілася на развіцці гэтай кампаніі некамуністычная апатыя і пасіўнасць значнай часткі арганізацыі”15. Незадавальненне камсамольскіх лідэраў выклікала нежаданне часткі гімназістаў уступаць у адкрытую канфрантацыю з польскімі ўладамі. „Яскравай праявай правага ўхілу было неразуменне ролі палітычнай забастоўкі ў беларускіх гімназіях, што мела месца ў Клецку, дзе таварышы вырашылі абмежавацца толькі складаннем ліста пратэсту, не здолелі таксама дастаткова падрыхтаваць акцыю і выкрыць да канца палітыку Астроўскага і К°”16. Былі заўважаны і іншыя „грахі” ідэалагічнага характару. „У адозвах, выдадзеных ад Віленскай гімназіі, ёсць шэраг няясных і памылковых лозунгаў: „за сапраўдную беларускую гімназію, за злучэнне Заходняй Беларусі з Усходняй, супраць увядзення ў ІІ і ІІІ класах гісторыі Польшчы”. Лозунгі гэтыя няясныя і могуць садзейнічаць нацыяналістычнаму скрыўленню нашай лініі, асабліва лозунг „Злучэнне Заходняй Беларусі з Усходняй” з’яўляецца ў корані памылковым — [яго] „выстаўляюць таксама сацыял-фашысты, якія прыкрываюць імперыялістычныя (федэратыўныя) імкненні польскай буржуазіі”.
Некаторыя заходнебеларускія дзеячы не лічылі школьныя забастоўкі мэтазгоднымі. „Уцягванне школьнай моладзі (асабліва малодшых класаў), якая не можа адказваць за свае ўчынкі, якіх не разумее, — меркаваў А. Луцкевіч, — прыносіць ганьбу тым, ... хто моладзь пхае”17.
Відавочнай становіцца неадназначнасць вынiкаў школьных акцый пратэсту. З аднаго боку, яны абуджалi нацыянальную свядомасць навучэнцаў, з’яўлялiся сродкам загартоўкi змагароў за беларускiя iнтарэсы. З другога боку, нягледзячы на шчырыя намаганнi некаторых дзеячаў КПЗБ, забастоўкi насiлi ў пэўнай ступенi дэструктыўны характар, бо заканчвалiся пераважна масавымi выключэннямi навучэнцкай моладзi, а пазней — нават закрыццём устаноў. Лiчым, што апошняе было вынiкам лявацкага загiба ў заходнебеларускiм камунiстычным руху.
Забастоўкi з’яўлялiся для польскiх улад толькi фармальнымi падставамi для ганенняў. Асноўнай прычынай было iмкненне нанесцi знiшчальны ўдар па заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчаму руху. Беларускiя гiмназii якраз з’яўлялiся моцнымі пляцоўкамi грамадска-палiтычнага жыцця краю. Яны таксама перашкаджалi ажыццяўляць асiмiляцыю беларускага насельнiцтва.
Менавіта таму і была ў 1929 г. закрыта Радашковіцкая беларуская гімназія. Улады фармальна спасылаліся на яе блізкае размяшчэнне каля польска-савецкай мяжы, нізкі ўзровень навучання, незапатрабаванасць яе мясцовым беларускім насельніцтвам. І гэта ў яе „зорны час”, калі колькасць навучэнцаў дасягнула 240 чалавек18. А ў 1931 г. польскія ўлады спынілі існаванне беларускай гімназіі ў Клецку.
Пад выглядам дакладнага выканання новага школьнага заканадаўства былі зроблены захады па ліквідацыі дзвюх уцалелых беларускіх гімназій — Віленскай і Навагрудскай. У 1932 г. яны былі пераўтвораны ў філіі дзяржаўных польскіх гімназій. З набыццём дзяржаўнага статуса гімназіі часткова палепшылі вучэбна-матэрыяльную базу, але страцілі былую самастойнасць. У 1934 г. Навагрудская гімназія была наогул скасавана.
Нягледзячы на крытычнае становішча, адзіная беларуская гімназія ў Вільні працягвала карыстацца аўтарытэтам у заходнебеларускім грамадстве. Там былі адноўлены скаўцкія традыцыі. У 1937/38 навучальным годзе ў гімназіі дзейнічалі гурткі, вучнёўскі кааператыў, выпускалася насценная газета „Наша жыццё”. Сярод вучняў найбольш было моладзі з Навагрудчыны. Большасць складалі дзеці сялян (пераважна малазямельных) і рабочых. У тым жа навучальным годзе на 40 месцаў у першым класе было 80 прэтэндэнтаў, што сведчыць аб папулярнасці гімназіі.
Паводле школьнага заканадаўства гімназія была пераўтворана ў 4-класную, таму летам 1937 г. яе бацькоўскі камітэт дамагаўся адкрыцця ў Вільні беларускага ліцэя гуманітарнага тыпу. Аднак гэтыя намаганні не мелі поспеху. Да таго ж, у 1938/39 г. папячыцельства Віленскай школьнай акругі загадала скасаваць першы клас гімназіі. Летам 1939 г. польскія школьныя ўлады ўсё-такі дазволі правесці ўступныя экзамены. Тым не менш лёс адзінай ва ўсім заходнебеларускім краі нацыянальнай гімназіі быў няпэўным. Гэта было яскравым прыкладам рэальнай пагрозы нацыянальна-культурнай асіміляцыі беларусаў у ІІ Польскай Рэспубліцы.
Па меры пераходу ў наступленне ў БССР супраць нацыянал-дэмакратызму з канца 1920-х гадоў савецкая прапаганда пачала называць заходнебеларускiя гiмназii „рассаднiкамi буржуазнага нацыяналiзму”. Аднак нiякiх падстаў для такiх сцвярджэнняў не было. Форма кiравання, змест i характар навучання, выхавання ў гiмназiях сведчылi аб адмежаванасцi ад старой буржуазнай школы з яе нацыянальнымi, сацыяльнымi i рэлiгiйнымi антаганiзмамi. Школы былi даступны дзецям працоўных. Iншая справа, што польскiя ўлады не давалi магчымасцi гэта рэалiзаваць. Вучнi выхоўвалiся не нацыяналiстамi, а патрыётамi сваёй Айчыны. Гэта дасягалася засваеннем як нацыянальных, так i агульначалавечых духоўных каштоўнасцей.
З гiмназiй выйшла цэлая плеяда вiдных дзеячаў. Вiленскую гiмназiю скончылi мастакi М. Васiлеўскi, Р. Семашкевiч, В. Сiдаровiч, паэты Н. Арсеннева, Х. Iльяшэвiч, А. Салагуб, дзеячы грамадска-палiтычнага i культурнага жыцця Заходняй Беларусi I. Дварчанiн, А. Клiмовіч, Я. Шутовiч, М. Пецюкевiч i многiя iншыя. Згаданы паэт В. Таўлай таксама там вучыўся некалькi гадоў. З Радашковiцкай школай звязаны жыццёвы шлях другога заходнебеларускага паэта — М. Танка. Вучнямi Навагрудскай гiмназii з’яўлялiся будучыя вучоныя Л. Барысаглебскi, Б. Кiт i iншыя. Па-рознаму складаўся лёс тых, хто вучыўся ў гiмназiях: хтосьцi перайшоў у Савецкую Беларусь (большасць з гэтых людзей стала ахвярай сталiнiзму), iншыя выехалi вучыцца на Захад i там засталiся, частка — працягвала жыць у Заходняй Беларусi (некаторыя потым апынулiся ў эмiграцыi). У любых абставiнах яны iмкнулiся быць вернымi тым прынцыпам, якiя iм прывiвалi настаўнiкi ў гiмназiях.
У цэлым, беларускiя гiмназii разам з палітычнымі партыямі, культурна-асветніцкімі арганізацыямі таксама ўнеслi ўклад у супрацьдзеянне палiтыцы паланiзацыi. Яны фармiравалi кадры нацыянальнай iнтэлiгенцыi, якая разумела неабходнасць захавання адукацыi на роднай мове, культуры, традыцый народа, далучэння да вызваленчай барацьбы. Гiмназii з’яўлялiся вучэбна-метадычнымi цэнтрамi (асаблiва Вiленская), нацыянальнымi асяродкамi культурна-асветнiцкага i палiтычнага жыцця Заходняй Беларусi.
Streszczenie
Osobliwością życia społecznego Białorusinów w II Rzeczypospolitej było szkolnictwo średnie. Chociaż szkół było niewiele, to samo ich istnienie w warunkach polityki prowadzonej przez państwo polskie było zjawiskiem unikalnym. Gimnazja białoruskie istniały głównie dzięki zaangażowaniu nauczycieli i ofiarności rodziców. Źródło finansowania stanowiły m.in. część diet poselskich i senatorskich parlamentarzystów białoruskich, datki od emigrantów oraz od rządu Sowieckiej Białorusi. Największe znaczenie społeczne miało założone w 1919 r. przez Iwana Łuckiewicza gimnazjum wileńskie. W latach dwudziestych otrzymywało ono pomoc metodologiczną ze strony Białoruskiego Towarzystwa Naukowego. Działacze Towarzystwa byli autorami podręczników do nauki gramatyki, literatury, historii, fizyki, geometrii i astronomii. Takiego zaplecza nie miały gimnazja w Klecku, Radoszkowiczach, Głębokiem czy Nowogródku. W latach trzydziestych w wyniku działań podejmowanych przez administrację państwową wszystkie gimnazja białoruskie zostały zamknięte.
1 „Сям’я і школа”, 1929, № 1, c. 8.
2 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 883, воп. 1, спр. 30, арк. 87.
3 Там жа, спр. 28, арк. 3.
4 Там жа, спр. 30, арк. 5.
5 Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ АН Беларусі, ф. 1, воп. 1, спр. 64, арк. 7.
6 Там жа, арк. 6.
7 Максім Гарэцкі: успаміны, артыкулы, дакументы, Мінск 1984, с. 87-88.
8 „Полацк”, 1992, № 3, с. 50.
9 НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 60, арк. 60адв.
10 „Сям’я і школа”, 1929, № 1, c. 20.
11 Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (далей: ДАБВ), ф. 67, воп. 1, спр. 941, арк. 8.
12 НАРБ, ф. 242, воп. 1, спр. 235, арк. 1-2.
13 Там жа.
14 ДАБВ, ф. 67, воп. 1, спр. 1211, арк. 7адв.
15 НАРБ, ф. 242, воп. 1, спр. 153, арк. 26.
16 Там жа, спр. 305, арк. 55.
17 „Студэнцкая думка”, 1929, № 1, c. 36.
18 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ф. 3, воп. 1, спр. 21, арк. 4.