БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 18

На раздарожжы 
Беларусы Беласточчыны ў час перасялення ў БССР 
(1944-1946)

Анатоль Вялікі
(Мінск)

Верасень 1939 года ў гісторыі Беларусі і Польшчы заўсёды будзе нагадваць беларусам і палякам аб падзеях 17 верасня 1939 г., калі пасля „вызвольнага паходу Чырвонай Арміі” адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Аднак уз’яднанне было далёка не такой адназначнай падзеяй, як многім хацелася б, ці як падалося дэлегатам Нацыянальнага Сходу, якія 29 кастрычніка 1939 г. абвясцілі ў Беластоку аб „адзінадушным” жаданні ўсіх „заходнікаў” увайсці ў склад БССР.

Для соцень тысяч беларусаў і палякаў падзеі верасня 1939 г. расцягнуліся ў „прасторы” і „часе” на доўгія пяць гадоў і лагічна завяршыліся ў ліпені 1944 г. Напрыканцы ліпеня 1944 г. па волі колішніх маскоўскіх уладароў Беларусь вымушана была перадаць Польшчы Беласточчыну. Літаральна праз месяц з невялікім 9 верасня 1944 г. урад БССР падпісаў з Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) пагадненне аб перасяленні палякаў з БССР у Польшчу і наадварот — беларусаў з Польшчы ў БССР.

Перасяленнем беларусаў з Беласточчыны займаліся ўпаўнаважаныя СНК БССР. Беларускі ўрад аператыўна прызначыў Галоўнага (ім стаў І. Варвашэня, якога ў маі 1945 г. замяніў І. Круглік) і раённых ўпаўнаважаных, якія распачалі працу на Беласточчыне ў сярэдзіне кастрычніка 1944 года.

Перасяленне ажыццяўлялася з 12 створаных прадстаўніцтваў — Аўгустоўскага, Беластоцкага, Бельскага, Бяла-Падляшскага, Валілаўскага, Замбраўскага, Кнышынскага, Лапскага, Ломжынскага, Сямятыцкага, Сакольскага, Цеханавецкага. Пазней, з-за нязначнай колькасці беларускага насельніцтва, апарат Аўгустоўскага райпрадстаўніцтва далучылі да Сакольскага, а Ломжынскага — да Беластоцкага.

Колькасны склад апарату Галоўнага і раённых упаўнаважаных СНК БССР па 10 астаўшыхся райпрадстаўніцтвах складаў 284 работнікі. Да таго ж праводзіць улік беларусаў і весці сярод іх агітацыйна-прапагандысцкую працу на ўсім працягу перасялення дапамагалі звыш 100 адказных партыйна-савецкіх работнікаў, якіх камандзіравалі у Польшчу з ЦК КП(б)Б, СНК БССР і іншых ведамстваў ды ўстаноў. Так, ужо ў лістападзе 1944 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у Польшчу звыш 60 прапагандыстаў, якія ў гэтым жа месяцы правялі 470 гутарак з беларускім насельніцтвам, растлумачваючы яму сутнасць перасяленчага працэсу. Акрамя гэтага, ваенныя Саветы Першага і Другога Беларускіх франтоў накіравалі ў распараджэнне Галоўнага ўпаўнаважанага звыш 100 афіцэраў-палітработнікаў, якія былі размеркаваны паміж усімі райпрадстаўніцтвамі і таксама вялі агітацыйна-прапагандысцкую працу.

Упаўнаважаныя СНК БССР у Польшчы, у адрозненні ад аналагічнай працы ў БССР, праводзілі ўлік, рэгістрацыю і перасяленне беларускага насельніцтва без прадстаўнікоў польскага ўрада. Улік насельніцтва праводзіўся рознымі шляхамі. Напрыклад, у Бяла-Падляшскім райпрастаўніцтве двойчы праводзіўся падворны ўлік беларусаў, што давала дастаткова поўныя звесткі аб іх колькасці. У той жа час у Лапскім, у якое ўваходзіла 5 гмін (Лапская, Саколаўская, Суражская, Пасвентнаўская, Бажымаўская), упаўнаважаныя СНК БССР атрымалі спісы беларусаў ад солтысаў. Іх верагоднасць правяралася выбарачным улікам беларускага насельніцтва, што вяло да пэўных хібаў пры складанні выніковых спісаў. У сувязі з гэтым неабходна пагадзіцца з меркаваннем вядомага гісторыка з Беласточчыны Я. Мірановіча, што „ўлік колькасці беларускага насельніцтва з’яўляўся надзвычай цяжкай задачай, бо адміністрацыйныя структуры толькі фарміраваліся, не хапала людзей, якія б ведалі нацыянальнае становішча і г.д.”.

Недакладнасць звестак, што прадстаўлялі ўпаўнаважаныя ўрада БССР аб колькасці насельніцтва, якое належыла перасяленню, прымусіла нават кіраўніцтва НКДБ СССР і БССР звярнуць на гэтае ўвагу. Так, Л. Цанава — наркам дзяржбяспекі БССР і адзін з намеснікаў Л. Берыі — В. Абакумаў, якія ў кастрычніку 1944 г. правяралі арганізацыю працы па перасяленні насельніцтва з Беластоцкага ваяводства ў БССР, накіравалі 4 лістапада гэтага ж года на імя Л. Берыі ліст, у якім адзначалі „дрэнную працу І. Варвашэні па ўліку насельніцтва”. Яны паведамлялі, што „апарат упаўнаважаных і яго органы працуюць слаба. Імі дакументальна не пацверджана колькасць гаспадарак, што належаць перасяленню з Польшчы ў Савецкі Саюз. Колькасць гаспадарак, што належаць перасяленню з Сакольскага, Бяла-Падляшскага паветаў улічана не шляхам абыходу і асабістага апытання асоб, якія могуць быць пераселены, а на падставе выпадковых і неправераных дадзеных”.

Крытыка працы І. Варвашэні і ўпаўнаважаных СНК БССР з боку кіраўніцтва НКДБ, на наш погляд, была не абгрунтаванай. Справа ў тым, што ў шэрагу гмін з-за актыўнай дзейнасці польскага падполля дакладны ўлік насельніцтва немагчыма было правесці. Так, І. Круглік паведамляў старшыні СНК БССР П. Панамарэнку, што „ў красавіку-маі 1945 г. пасля адыходу Чырвонай Арміі з Беластоцкага ваяводства з’явіліся арганізаваныя ў вялікія групы банды. Пры абстаноўцы, калі частак Чырвонай Арміі на Беласточчыне засталося нязначная колькасць, формы і метады работы па эвакуацыі змяніліся. Работнікі, размеркаваныя па гмінах, былі сканцэнтраваны ў павятовых цэнтрах і выезды ў вёскі праводзіліся толькі групамі і з узброенай аховай”.

Не змянілася гэтае становішча і надалей. Так, напрыканцы верасня 1945 г. (г.зн. амаль год пасля падпісання пагаднення ад 9 верасня 1944 г. — А. В.) упаўнаважаны СНК БССР па Сямятыцкім райпрадстаўніцтве, у якое ўваходзіла 5 гмін, паведамляў І. Кругліку, што „ў Мельніцкай, Клюковіцкай, Мілейчыцкай гмінах праца (г.зн. улік, рэгістрацыя і перасяленне насельніцтва — А. В) праводзілася недастаткова. Да цяперашняга часу ў Мельніцкай і Мілейчыцкай гмінах упаўнаважаныя не працуюць”. Аналагічная становішча назіралася і ў іншых гмінах, дзе праводзіўся ўлік беларусаў. Так, намеснік Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР М. Джагараў адзначаў, што „з чэрвеня 1945 г. з-за ўзмацніўшайся дзейнасці „банд” выезд у вёскі і асабліва правядзенне там сходаў, гутарак з сялянамі стаў немагчымым”. Безумоўна, правесці дакладны ўлік беларусаў у такіх умовах было дастаткова складана.

Улік і рэгістрацыя насельніцтва ўскладняліся і тым, што большасць беларусаў не жадала рэгістравацца. Так, упаўнаважаны па Сямятыцкім райпрадстаўніцтве А. Лакціёнаў у запісцы накіраванай І. Кругліку адзначаў наступнае: „Калі праводзілі ўлік беларускага насельніцтва, справа даходзіла да вялікіх кур’ёзаў і смехатворнага становішча: некаторыя адказваліся называць сваё прозвішча, некаторыя бязбожна хлусілі, некаторыя аб’яўлялі сябе палякамі, а некаторыя проста збягалі з дому па некалькі разоў, калі да іх накіроўваліся прадстаўнікі па рэгістрацыі. Таму журнал формы № 15 (журнал, у які ўносілі анкетныя даныя — А. В.) — дакумент вялікай гістарычнай важнасці, але лічыць яго пунктуальна-дакладным не прыходзіцца”.

Тым не менш упаўнаважанымі СНК БССР на Беласточыне было ўлічана 36 197 беларускіх, рускіх, украінскіх гаспадарак агульнай колькасцю 136 526 чалавек. З іх ліку абсалютную большасць — 72%, складалі беларусы. Улік праведзены польскімі ўладамі паказаў, што на Беласточыне пражывала 127 363 беларусы. Аднак да выніковых лічбаў аб колькасці беларусаў, якія прыведзены ўпаўнаважанымі СНК БССР і польскімі ўладамі, улічваючы складанасць працы, трэба адносіцца з пэўнай крытычнасцю і магчыма лічыць, што беларускага насельніцтва на Беласточыне было ўсё ж больш, чым зафіксавана пры ўліку.

Неакрэсленасць і „часовы характар” мяжы, вызначанай савецка-польскім пагадненнем ад 27 ліпеня 1944 г. спараджалі шматлікія чуткі і спадзяванні часткі беларусаў Беластоцкага ваяводства аб тым, што ў выпадку хадайніцтва ва ўрад СССР і БССР іх звароты будуць улічаны і Беласточчына застанецца ў складзе БССР. Напрыклад, 14 верасня 1944 г. 6 тысяч беларусаў Белавежы накіравалі калектыўны ліст у ЦК КП(б)Б, у якім выказвалі жаданне жыць у БССР і прасілі „партыю і ўрад БССР далучыць г. Белавеж і Белавежскую пушчу да БССР”. Калектыўны ліст аналагічнага зместу 22 верасня 1944 г. накіравалі на імя І. Сталіна жыхары вёскі Палічна Кляшчэльскай гміны. У ім яны прасілі І. Сталіна і ўрад СССР вярнуць тэрыторыю, на якой яны жывуць, у склад БССР, „бо ўсе яны па нацыянальнасці беларусы”.

Аднак гэта былі ілюзорныя спадзяванні, бо ўрад СССР 27 ліпеня 1944 г. падпісаў з ПКНВ пагадненне аб савецка-польскай мяжы і не намерваўся мяняць важнае ў стратэгічным плане для Масквы рашэнне аб заходняй мяжы. Што ж датычыць беларускага ўрада, то ён не меў паўнамоцтваў самастойна рашаць пытанні, звязаныя са змяненнем межаў рэспублікі. Таму гэтыя ды і іншыя звароты беларусаў Беласточчыны засталіся па-за ўвагай саюзнага і рэспубліканскага кіраўніцтва.

Шматлікасць зваротаў часткі беларускага насельніцтва ў рэспубліканскія і саюзныя органы ўлады восенню 1944 г. спарадзілі ў палітычнага кіраўніцтва БССР ілюзію таго, што большасць беларусаў Беласточчыны выказвае цвёрдае жаданне пераехаць у БССР і прывялі да стратэгічнага праліку ў вызначэнні колькасці беларусаў, якія пажадаюць перасяліцца ў БССР. 19 верасня 1944 г. адбылося пасяджэнне бюро ЦК КП(б)Б, якое абмеркавала пытанне „Аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў Беларускую ССР і польскіх грамадзян з тэрыторыі Беларускай ССР у Польшчу”. На ім было агучана, што ў БССР павінна перасяліцца 70 тыс. беларускіх гаспадарак з Беласточчыны. Планавалася накіраваць перасяленцаў у наступныя вобласці: Баранавіцкую — 20 тыс. гаспадарак, Пінскую — 13 тыс., Вілейскую — 15 тыс., Віцебскую — 5 тыс., Гомельскую — 2 тыс., Мінскую — 6 тыс., Магілёўскую — 6 тыс., Палескую — 3 тыс.

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: зыходзячы з якіх разлікаў кіраўніцтва БССР вызначыла лічбу ў 70 тыс. гаспадарак, якія павінны былі перасяліцца ў БССР? Пытанне паўстае таму, што ўлік беларускага насельніцтва ў Беластоцкім ваяводстве распачаўся толькі з сярэдзіны кастрычніка 1944 г., а прыблізная колькасць беларусаў, якія выказалі цвёрдае жаданне перасяліцца ў БССР стала вядомай толькі напрыканцы 1944 — пачатку 1945 гг. Магчыма адзначыць, а агульная колькасць перасяліўшыхся з Польшчы беларусаў гэта пацвярджае, што лічба ў 70 тыс. гаспадарак з’яўлялася нерэальнай і непадмацаванай сур’ёзнымі разлікамі і прагнозамі.

Восенню 1944 г. паглыбленню гэтага праліку спрыяла неверагодная інфармацыя кіраўніцтва НКУС БССР. Так, на пачатку лістапада 1944 г. В. Абакумаў і Л. Цанава, якія па загадзе Л. Берыі знаходзіліся на Беласточчыне, паведамілі П. Панамарэнку аб тым, што па іх даных большасць беларускага, рускага і ўкраінскага насельніцтва выказвае жаданне перасяліцца ў СССР. Неверагодная інфармацыя В. Абакумава і Л. Цанавы, а таксама няведанне рэальнага становішча, настрояў беларусаў прывялі да яшчэ больш памылковай адзнакі працэсу перасялення. Так, 31 кастрычніка 1944 г. бюро ЦК КП(б)Б заслухала справаздачу аб ходзе перасялення намесніка старшыні СНК БССР К. Кісялёва і Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР І. Варвашэні, якія паведамілі, што беларусы ў Польшчы сустрэлі з „вялікім палітычным уздымам і ўзнёсласцю пагадненне паміж СНК БССР і ПКНВ аб эвакуацыі насельніцтва”. Яны таксама падкрэслілі, што ў шматлікіх лістах і тэлеграмах на адрас Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР цэлыя сёлы і вёскі Беласточчыны выказалі жаданне неадкладна перасяліцца ў БССР.

Аднак канстатацыя бюро ЦК КП(б)Б гэтага факту разыходзілася з існаваўшай рэчаіснасцю. Яна састаяла ў тым, што большасць беларусаў фактычна праігнаравала прапагандысцкія заклікі да перасялення.

Кіраўніцтва Беларусі ў мэтах заахвочвання беларусаў да перасялення ў БССР пайшло на значнае спрашчэнне працэдуры набыцця грамадзянства БССР перасяленцамі з Польшчы. Так, 6 лютага 1945 г. Прэзідыум ВС БССР прыняў пастанову „Аб набыцці савецкага грамадзянства асобамі, якія перасяляюцца ў БССР з Польшчы”, у адпаведнасці з якой, „усе асобы, якія перасяляюцца з Польшчы ў БССР незалежна ад таго, знаходзіліся яны ў польскім грамадзянстве ці не, з моманту іх прыбыцця на тэрыторыю Беларускай ССР набываюць грамадзянства БССР”.

Каб схіліць беларусаў да выезду з Польшчы ўпаўнаважаныя СНК БССР і шматлікія прапагандысты не абмяжоўваліся правядзеннем сходаў, індывідуальных гутарак, чытаннем лекцый аб „шчаслівым жыцці” ў БССР, а выкарыстоўвалі больш вытанчаныя метады агітацыі. Насельніцтва Беласточчыны пазнаёмілася з савецкай рэчаіснасцю на працягу 1939-1941 гг. і асабліва не давярала інфармацыі, якую распаўсюджвалі ўпаўнаважаныя СНК БССР ды шматлікія прапагандысты. Для іх больш важнымі з’яўляліся лісты, весткі ад тых, хто ўжо пераехаў у БССР і ўладкаваўся на новым месцы. Аднак весткі з Беларусі і расповед тых, хто змог вярнуцца назад у Польшчу значна адрозніваліся ад зместу лекцый ды гутарак, што праводзілі ўпаўнаважаныя СНК БССР.

Вярнуўшыяся назад у Польшчу беларусы паведамлялі родзічам, сваякам, суседзям, знаёмым аб тым, як да іх адносіліся ў Беларусі. Іх расповед з’яўляўся лепшай агітацыяй супраць пераезду ў Беларусь. Так, у радыёграме Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР І. Кругліка, накіраванай намесніку старшыні СНК К. Кісялёву ў красавіку 1946 г. паведамлялася, што „з эвакуіраваных з Польшчы ў СССР у 1944-1945 гг. беларусаў, рускіх, украінцаў за апошні час вярнулася ў Польшчу значная колькасць гаспадарак. Толькі ў Бяла-Падляшскі павет з СССР вярнулася на свае старыя месцы 73 гаспадаркі колькасцю 226 чалавек, ёсць некалькі выпадкаў вяртання ў Бельскі павет, Сямятыцкую, Валілаўскую гміны”. Аднак найбольшую трывогу і заклапочанасць І. Кругліка вызываў не сам факт вяртання, а тое, што „вяртаючыяся з БССР беларусы сваімі расказамі аднавяскоўцам аб прычынах свайго вяртання вядуць унушальную прапаганду супраць перасялення ў БССР. Па Бельскім, Бяла-Падляшскім паветах, куды вярнуліся раней эвакуіраваныя з БССР, нават падаўшыя заявы на эвакуацыю сяляне-беларусы зараз адмаўляюцца эвакуіравацца”.

Таму, напрыклад, з Валілаўскага райпрадстаўніцтва ў тыя раёны БССР, куды пераехалі беларусы з гэтага павета, былі пасланы 4 упаўнаважаныя па перасяленні, якія „арганізавалі больш 100 лістоў цудоўнага зместу” ад пераехаўшых у БССР да сваіх родных, знаёмых, сваякоў, якія засталіся ў Польшчы. Як адзначалася ў справаздачы Валілаўскага райпрадстаўніцтва, „гэтыя лісты былі намі выкарыстаны і адыгралі станоўчую ролю ў агітацыйнай працы”.

Для таго, каб сагітаваць беларусаў на перасяленне ўпаўнаважаныя ў прапагандысцкіх мэтах перавозілі ў Беларусь усю маёмасць найбольш аўтарытэтных і паважаных грамадзян. Так, усе беларусы вёскі Студзянкі Беластоцкага павета ў колькасці 25 сямей адмовіліся пераязджаць у БССР спасылаючыся на тое, што паважаны ў вёсцы селянін А. Гілік не збіраецца перасяляцца ў Беларусь. Пасля „доўгіх і ўпартых” гутарак упаўнаважаных з А. Гілікам ён пагадзіўся пераехаць, аднак выставіў умову, каб яму перавезлі дом. Як выключэнне яму гэта было зроблена. У выніку разам з А. Гілікам у Беларусь выехалі ўсе сяляне гэтай вёскі. Аднак, як падкрэслівалі ўпаўнаважаныя, „такія выключэнні рабіліся толькі асобным грамадзянам”.

Палітычнае кіраўніцтва рэспублікі ў мэтах схілення беларусаў да пераезду ў БССР спрабавала выкарыстаць Праваслаўную царкву, якая мела значны аўтарытэт сярод праваслаўнага насельніцтва, большасць якога лічылася прыхаджанамі Беластоцкай епархіі, у якую ўваходзіла 60 прыходаў. Аднак Праваслаўная царква Польшчы ў дачыненні да перасялення заняла адмоўную пазіцыю. Так, І. Круглік у запісцы, накіраванай у лістападзе 1944 г. сакратару ЦК КП(б)Б К. Кісялёву паведамляў, што „ў апошні час царкоўнаслужачыя разгарнулі ўзмоцненую працу супраць перасялення праваслаўных беларусаў у БССР. Пратапрасвітар Беластоцкага Епархіяльнага ўпраўленя І. Гушкевіч, у падпарадкаванне якога на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства ўваходзіць 16 праваслаўных прыходаў, адкрыта заяўляе, што перасяленне праваслаўнага рускага і беларускага насельніцтва разбурыць Праваслаўную царкву, а таму ні адзін праваслаўны беларус не павінен ад’язджаць з Польшчы. Сам І. Гушкевіч і з яго прыходаў ні адзін святар не эвакуіруюцца і ўсімі мерамі спрабуюць утрымаць ад перасялення ў БССР сваіх прыхаджан”.

Для таго, каб схіліць вернікаў і святароў да выезду з Польшчы ў сярэдзіне снежня 1944 г. была „арганізавана” прапагандысцкая паездка ў Бельск і Беласток архіепіскапа Беларусі Васіля Ратмірава ў суправаджэнні ўпаўнаважанага па справах Рускай Праваслаўнай царквы пры СНК БССР А. Лабанава. Ініцыяваў гэтую паездку П. Панамарэнка. У час гутаркі ў ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка звярнуў іх увагу на тое, што ўпаўнаважаныя „скардзяцца” на праваслаўных святароў, якія самі не выязджаюць у БССР і заклікаюць вернікаў не рабіць гэтага. Ён выказаў жаданне, каб прадстаўнік „аўтарытэтнага духавенства” адправіўся ў Польшчу і растлумачыў святарам і вернікам „рэальнае становішча Царквы ў СССР” і схіліў іх да выезду ў БССР. Улічваючы „жаданне” першага сакратара ЦК КП(б)Б В. Ратміраў згадзіўся на паездку ў Беласточчыну.

Пасля паездкі В. Ратмірава, як адзначаў П. Панамарэнка, сітуацыя з перасяленнем „рэзка змянілася”. Аднак П. Панамарэнка перабольшваў яе вынікі. У сапраўднасці яго ў зман увёў А. Лабанаў, які ў ліпені 1945 г. паведаміў яму і старшыні Савета па справах Рускай Праваслаўнай царквы пры СНК СССР Г. Карпаву, што „вынікі паездкі пераўзышлі ўсе чаканні. Духавенства атрымаўшы падрабязную інфармацыю прызнала ўладу Маскоўскага патрыярхату. Пасля гэтага палажэнне з перасяленнем рэзка змянілася. Духавенства атрымаўшы ад архіепіскапа адпаведныя ўказы і прызначэнні стала рыхтавацца да выезду, а ўслед за імі іх прыхаджане. Палажэнне настолькі змянілася, што транспарт, якога было дастаткова, стаў вострым месцам у перасяленні”. Аднак інфармацыя, якую прадставіў А. Лабанаў П. Панамарэнку, з’яўлялася сфальсіфікаванай. У студзені 1946 г. А. Лабанаў быў вызвалены ад займаемай пасады, а прызначаны на яго месца М. Часнакоў у дакладной запісцы накіраванай Г. Карпаву адзначыў, што ён „доўгі час выпраўляў яго (Лабанава — А. В) памылкі. „Паездка ў Польшчу”, як надзвычайна паспяховая прывяла да адваротнага. Інфармацыя (Лабанава — А. В) ураду БССР, а таксама Савету па справах Рускай Праваслаўнай царквы пры СМ СССР аказалася нядобрасумленнай”.

Большасць праваслаўнага духавенства Беласточыны падтрымала стаўленіка польскага ўрада Цімафея Шрэтэра, ярага прыхільніка аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Польшчы. Так, святар бельскай царквы паведамляў упаўнаважанаму па справах рэлігіі пры СНК БССР, што „ў Бельску я застаўся адзін. Нават тыя, на якіх магчыма было паспадзявацца, падпісаліся за Цімафея (Шрэтэра)”. У сапраўднасці, на пачатку 1946 г. усе праваслаўныя прыходы Беластоцкага ваяводства прызналі верхавенства Ц. Шрэтэра, за выключэннем царквы ў Бельску, якая звярнулася нават у амбасаду СССР у Польшчы з тым, каб апошняя „ўзяла пад спецыяльную ахову астаўшуюся ў Бельску адзіную царкву верную (Маскоўскай) Патрыярхіі”.

Ц. Шрэтэр і падпарадкаванае яму духавенства занялі адмоўную пазіцыю ў дачыненні да перасялення праваслаўнага насельніцтва ў БССР. Так, П. Панамарэнка ў снежні 1945 г. накіраваў В. Молатаву, Г. Маленкову і Л. Берыю запіску, у якой адзначаў рэзка адмоўнае стаўленне польскага духавенства да выезду праваслаўнага насельніцтва ў БССР. Ён паведамляў, што „польская царкоўная адміністрацыя з ведама органаў мясцовай улады прымае шэраг захадаў, скіраваных на зрыў перасялення. На чале праваслаўных гэтых мясцін пастаўлены Люблінскі епіскап Ц. Шрэтэр, які актывізаваў таварыствы праваслаўных палякаў, пагрозамі, матэрыяльным ціскам, падкупам, абяцаннямі схіляе беларусаў запісвацца „палякамі праваслаўнага веравызнання”. Праваслаўныя святары ўплываючыя на свае прыходы, у сэнсе перасялення ў СССР, здымаюцца з прыходаў і замяняюцца апалячанымі людзьмі”.

Частка святароў, якая падтрымлівала архіепіскапа Васіля, прызывала вернікаў перасяляцца ў БССР. У прыватнасці яго падтрымлівалі святары Вышкаўскага, Арлянскага прыходаў Бельскага павета. Аднак гэта было хутчэй выключэнне, у той час як большасць праваслаўных святароў і вернікаў схіліліся да прызнання Ц. Шрэтэра ў якасці кіраўніка Праваслаўнай царквы на Беласточыне. У рэшце рэшт, як адзначыў Я. Мірановіч, „большасць праваслаўных святароў пад ціскам улад прызналі епіскапа Ц. Шрэтэра і правілы гульні, навязаныя польскай адміністрацыяй”.

Такім чынам, спадзяванні кіраўніцтва Беларусі выкарыстаць Праваслаўную царкву ў сваіх інтарэсах не спраўдзіліся. Праваслаўная царква ў Польшчы заняла адмоўную пазіцыю ў дачыненні да перасялення і прызывала праваслаўнае насельніцтва Беласточчыны не перасяляцца ў БССР.

Архіўныя дакументы сведчаць, што магчымасць перасялення ў БССР у першую чаргу скарыстала бяднейшая частка сялянства і партыйна-савецкі, прафсаюзны, камсамольскі актыў, які ўдзельнічаў у сацыялістычных пераўтварэннях на Беласточчыне ў 1939-1941 гг. Неабходна адзначыць, што ў гэтай групы насельніцтва не было альтэрнатыўнага выбару. Палітычная рэальнасць састаяла ў тым, што галоўным чынам супраць гэтай часткі беларусаў ужываўся тэрор з боку польскага падполля і часцей за ўсё яны станавіліся яго ахвярамі. Так, І. Круглік паведамляў К. Кісялёву, што вясной-летам 1945 г. „у большасці эвакуіраваліся тыя беларускія сем’і, якім з-за штодзённых нападаў банд у далейшым заставацца на месцы стала немагчымым і небяспечным. У гэтую групу ўваходзіць найбольш перадавая частка вёскі — былыя савецкія работнікі, актывісты, сем’і савецкіх партызан і іншыя”. Так, былы дэпутат Лапскага райсавета Н. Паплаўская заявіла ўпаўнаважанаму СНК БССР, што „тут нам заставацца небяспечна, як былому савецкаму актыву, а ехаць туды (у БССР — А. В.) значыць разбурыць гаспадарку і застацца жабраком”. Людзі гэта асэнсоўвалі, але страх за сваё ўласнае жыццё, жыццё блізкіх, родных быў мацнейшым за ўласніцкія пачуцці і прымушаў іх да ад’езду ў БССР.

Фактар польскага падполля, а таксама шматлікіх бандыцкіх груповак, якія дзейнічалі ці ад імя падполля, ці самастойна, з’яўляўся адным з найбольш істотных, што прымушала беларусаў да перасялення. Небяспеку і пагрозу падполля для беларусаў Беласточыны і для ўпаўнаважаных СНК БССР палітычнае кіраўніцтва рэспублікі асэнсавала з пачатку перасялення. Так, на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б 31 кастрычніка 1944 г., на якім абмяркоўвалася пытанне аб ходзе перасялення, усе выступоўцы звярталі ўвагу на актыўную дзейнасць падполля. Улічываючы гэты факт ЦК КП(б)Б прызнаў неабходным „прымаць самыя рашучыя захады па ахове беларускага, рускага і ўкраінскага насельніцтва, якое падало заявы аб эвакуацыі з тэрыторыі Польшчы, ад нападу нацыяналістычна настроеных польскіх варожых элементаў”.

Тэрор з боку падполля прыводзіў да таго, што, як адзначаў Галоўны ўпаўнаважаны І. Круглік, „сяляне-беларусы настолькі запалоханы, што многія з іх, асабліва мужчыны, зыходзяць на ноч з дому, хаваюцца ад банд, у шэрагу месц збіраюцца групамі і арганізуюць узброеную самаахову”. Аднак і арганізацыя самааховы не заўсёды была дастаткова эфектыўнай і дзейснай. Грабяжы, забойствы, гвалт беларускага насельніцтва не прыпыняліся. Так, І. Круглік паведамляў, што „22 верасня 1945 г. у вёсцы Раманаўка Сямятыцкага павета бандыты забілі беларуса Філіманюка Аляксандра, які рыхтаваўся да выезду. 11 кастрычніка (1945 г.) жыхар вёскі Бацікі Сямятыцкага павета Федарук прыбыў у мястэчка Чаромху да раённага ўпаўнаважанага і запісаўся на выезд у БССР. Вяртаючыся дамоў у ноч з 11 на 12 кастрычніка ён быў забіты бандытамі. 15 кастрычніка ноччу ў м. Сямятычы былі забіты беларусы — супругі Мянкоўскія за тое, што яны былі савецкімі партызанамі. 21 кастрычніка банда колькасцю 150 чалавек акружыла беларускую вёску Студзянкі. Пры гэтым збівалі насельніцтва, забралі ў сялян, падрыхтаваных да эвакуацыі, 23 кані, 15 павозак, некалькі галоў буйнай рагатай і дробную жывёлу”.

Галоўнай мэтай падполля пры нападах на беларускія вёскі з’яўлялася задача прымусіць беларусаў выехаць з Польшчы. Так, стараста Бельска-Падляшскага павета ў студзені 1946 г. паведамляў Беластоцкаму ваяводу, што „банда ў колькасці 40 добра ўзброеных чалавек часткова спаліла вёску Шпакі (гміна Вышкі) і Зані (гміна Браньск). У вёсцы Шпакі былі раскіданы ўлёткі са зваротам да беларускага насельніцтва, каб яно на працягу 14 дзён выехала з Польшчы. У выпадку нявыезду ўсе яны будуць знішчаны”. Летам 1946 г. стараста Беластоцкага павета таксама паведамляў ваяводскім уладам, што „тэрарыстычныя банды шляхам пагроз і тэрору прымушаюць беларускае насельніцтва да хутчэйшага выезду па-за лінію Керзана”.

Аб жорсткасці тэрору супраць беларускага насельніцтва сведчыць запіска „Аб палітычным становішчы ў раёнах нашага абслугоўвання”, што падрыхтаваў у студзені 1946 г. намеснік Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР М. Джагараў. У ёй адзначалася, што „абстаноўка ў Беластоцкім ваяводстве працягвае заставацца напружанай, аднак неабходна адзначыць, што дзейнасць банд у шэрагу месц, у прыватнасці ў раёнах Гайнаўка, Белавежа, Гарадок, Нараўка значна скарацілася. У раёнах мястэчак Браньск, Гарадзіск, Тапчэва, Вышкі, Востраў-Мазавецкі па-ранейшаму працягваецца разгул банд. Толькі па адной Гарадзіскай гміне за апошнія два месяцы бандытамі разбурана, абрабавана да 150 беларускіх гаспадарак. Сяляне пакідалі сваю маёмасць і хаваюцца ў беларускіх вёсках каля Бельска”.

Разам з дзейнасцю падполля, якая мела элементы палітычнага характару, беларускае насельніцтва рабавалі шматлікія злачынныя бандгрупоўкі альбо асобныя злачынцы. Так, у сакавіку 1945 г. І. Варвашэня дакладваў К. Кісялёву, што ў хату жыхара вёскі Агароднікі С. Перавоя, які падаў заяву аб перасяленні, ноччу ўварваліся тры бандыты пераапранутыя ў чырвонаармейскую форму і аграбілі яго. Аднак у выніку аператыўных дзеянняў органаў СМЕРШ бандыты былі схоплены і па прысудзе ваенна-палявога суда расстраляны. Аналагічны выпадак меў месца і ў весцы Мокрае Бельскага павета, дзе ў дом селяніна Лукашука ўварваліся апранутыя ў чырвонаармейскую форму бандыты. Аднак іх напад на сям’ю Лукашука скончыўся больш трагічна, бо бандыты забілі яго жонку. У Вышкаўскай гміне Бельскага павета на працягу двух месяцаў банда ўласаўцаў грабіла мірнае насельніцтва.

Акрамя падполля, злачыннных груповак беларусаў грабілі і мясцовыя палякі, якія скарыстоўвалі безуладдзе для паляпшэння свайго матэрыяльнага дабрабыту. Напрыклад, у маі 1946 г. райупаўнаважаны СНК БССР па Бяла-Падляшскім райпрадстаўніцтве адзначаў, што „са слоў эвакуіраваных устанаўліваецца, што, у асноўным, у грабяжах удзельнічаюць мясцовыя жыхары палякі з суседніх вёсак і палякі, якія эвакуіраваліся з БССР і УССР. Так, грамадзянін П. Сацюк заявіў, што да яго ўначы 1 красавіка 1946 г. прыйшоў жыхар Янава-Падляшскага Анжыевіч і патрабаваў кантрыбуцыю. Акрамя гэтага ў яго забралі на працягу красавіка 20 тыс. злотых”.

Тэрор падполля непазбежна выклікаў чалавечыя ахвяры. Так, за 1945 г. толькі па 5 паветах Беластоцкага ваяводства было „забіта 229 беларусаў, прымусова забрана ў лес 14 чалавек, абрабавана 256 гаспадарак. Акрамя гэтага ў беларускага насельніцтва бандамі адабраны сотні галоў жывёлы, сотні тысяч грошай, адзенне, харчаванне”.

Дзейнасць фарміраванняў падполля, рознага кшталту бандгруповак не праходзіла беспакарана. З пачаткам перасялення органы НКУС, НКДБ распачалі жорсткую барацьбу з польскім падполлем. Напачатку лістапада 1944 г. В. Абакумаў і Л. Цанава паведамлялі Л. Берыі аб тым, што імі для правядзення „спецыяльных мерапрыемстваў па Беластоцкім ваяводстве” створаны і накіраваны на месцы 10 аператыўных груп, падмацаваных падраздзяленнямі НКУС. У прыватнасці, „мерапрыемствы” былі скіраваны супраць „асоб, якія аказваюць супрацьдзеянне праводзімым мерапрыемствам па перасяленні беларускага, рускага і ўкраінскага насельніцтва з Польшчы ў СССР”.

Улічываючы пастаянныя напады падполля на мірнае насельніцтва і ўпаўнаважаных СНК БССР, вышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны прыняло захады па арганізацыі іх аховы. Так, у адпаведнасці з загадам Л. Берыі з мая 1945 г. для аховы ўпаўнаважаных выдзяляліся воінскія часткі 10 стралковай дывізіі ўнутранных войск НКУС БССР, якія не толькі неслі ахову, але рэгулярна праводзілі аперацыі супраць падполля. Так, Галоўны ўпаўнаважаны СНК БССР І. Круглік у адной з запісак, накіраваных у СНК БССР і ЦК КП(б)Б у 1945 г. адзначаў, што „часткі войск НКУС з 27 чэрвеня па 5 ліпеня 1945 г. правялі аперацыю па разгроме аперыраваўшай у Шудзялаўскай гміне банды Багуна. У гміне стала спакайней”.

Значную дапамогу ў ахове ўпаўнаважаных аказвалі часткі Чырвонай Арміі. Аднак, з іх адыходам на Захад сітуацыя значна пагоршылася. Так, П. Панамарэнка ў снежні 1945 г. паведамляў у ЦК УКП(б), што „62 дывізія НКУС, якая да гэтага часу забяспечвала ахову ўпаўнаважаных і дапамагала эвакуацыі рускага і беларускага насельніцтва ў цяперашні час перадыслацыравалася. Гэта сур’ёзна ўскладніла працу нашых аператыўных груп. У такіх раёнах як Чаромха, Бельск, Саколка, дзе асабліва актывізавалася дзейнасць банд, без узброенай аховы работу па эвакуацыі беларускага насельніцтва праводзіць нельга”.

Дзейнасць падполля была настолькі актыўнай і моцнай, што прымусіла беларускую дэлегацыю пры падпісанні дадатковага пратакола ад 25 лістапада 1945 г. настаяць на ўнясенні ў яго спецыяльнага артыкула. У ім ад польскага ўрада патрабавалася „стварыць спрыяльныя ўмовы для працы ўпаўнаважаных Беларускага ўрада на польскай тэрыторыі па рэгістрацыі беларусаў, жадаючых выехаць у Беларусь з Польшчы, забяспечыць аховай асабістую бяспеку як упаўнаважаных, так і эвакуіруючага насельніцтва ў Беларусь і насельніцтва, якое эвакуіруецца ў Польшчу”.

Тым не менш, нягледзячы на перманентную барацьбу з падполлем, напады як на ўпаўнаважаных, так і на мірнае беларускае насельніцтва, якое рэгістравалася на выезд у БССР, не перапыняліся на ўсім працягу перасялення. З аднаго боку гэта тлумачылася слабасцю мясцовых польскіх уладаў, у якіх не хапала сілаў, каб забяспечыць спакой і парадак на месцах. З другога — карэннае польскае насельніцтва аказвала значную падтрымку і дапамогу падполлю і таму яно адчувала сябе даволі спакойна і ўпэўнена на Беласточчыне. Пацвярджэннем высновы аб слабасці мясцовых павятовых і гмінных улад сведчыць адно з данясенняў І. Кругліка, у якім адзначалася, што „пачынаючы з красавіка 1945 г. да студзеня 1946 г. у Бельскім, Сакольскім, Бяла-Падляшскім паветах былі разагнаны і не працавалі да 70% валасных упраў і пастарункаў міліцыі”. Гэтае ж самае сведчылі і польскія павятовыя ўлады. Так, стараста Сакольскага павета ў верасні 1945 г. паведамляў Беластоцкаму ваяводу, што „распараджэнні павятовага кіраўніцтва не выконваліся з-за таго, што большасць гмінных устаноў не працавала”. Што ж датычыць насельніцтва павета, то яно „так было запалохана дзейнасцю банд, што ўцякала ў поле альбо ў лес”.

Неабходна падкрэсліць, што за ўвесь перыяд перасялення ахвярамі тэрору падполля і злачынных груповак сталі 500 беларусаў, зарэгістраваных на перасяленне. Таксама было забіта 8 і паранена 15 упаўнаважаных СНК БССР. Акрамя гэтага звыш 1 000 беларускіх гаспадарак былі абрабаваны як падполлем, так і бандыцкімі групоўкамі.

Адзначым, што стаўленне беларускага кіраўніцтва да праблемы падполля і яго ахвяр характарызаваліся дваістасцю і непаслядоўнасцю. З аднаго боку, яно не магло не рэагаваць на факты забойстваў, грабяжу, гвалту як перасяленцаў, так і ўпаўнаважаных СНК БССР. З другога — значна занізіла як чалавечыя, так і матэрыяльныя страты панесеныя беларусамі. Так, у запісцы міністра замежных спраў БССР К. Кісялёва, накіраванай у маі 1947 г. загадчыку IV Еўрапейскага аддзела МЗС СССР А. Аляксандраву паведамлялася, што падчас перасялення 5 упаўнаважаных СНК БССР былі забіты, два паранены, а 283 гаспадаркі на шляху ў БССР былі абрабаваны. У сувязі з гэтым урад БССР патрабаваў ад урада Польшчы кампенсаваць страты абрабаваным у памеры 10 млн. рублёў. Сем’ям забітых упаўнаважаных польскі ўрад павінен быў выплаціць грашовую кампенсацыю і выплачваць пенсіі за страту кармільца.

Аднак аналіз выніковага пратакола, падпісанага беларускім і польскім бакамі аб сканчэнні тэрміну перасялення (май 1947 г.) не ўтрымлівае пунктаў аб матэрыяльнай кампенсацыі з боку Польшчы за страты, панесеныя перасяленцамі і ўпаўнаважанымі СНК БССР у ходзе перасялення. Невядома ці згадзіўся, а калі згадзіўся то ці выплаціў урад Польшчы ў поўным аб’ёме загінуўшым і абрабаваным беларусам матэрыяльную кампенсацыю. Не зразумелым з’яўляецца і той факт, чаму К. Кісялёў так занізіў колькасць абрабаваных і загінуўшых беларусаў. Ён, як намеснік старшыні СМ БССР і міністр МЗС БССР, ведаў дакладную інфармацыю аб колькасных стратах беларускага насельніцтва падчас перасялення. Магчыма меркаваць, што недакладнасць прадстаўленай у Маскву інфармацыі абумоўлівалася палітычнымі меркаваннямі, каб не ўскладняць адносін Масквы з Варшавай.

Неабходна адзначыць, што калі з пачаткам перасялення ваяводскія і гмінныя ўлады нейтральна ставіліся да перасялення і не праяўлялі зацікаўленасці ў яго выніках, то з сярэдзіны 1945 г. беластоцкія ўлады пераходзяць да больш актыўнага ўмяшальніцтва ў яго ход, прымушаючы беларусаў да выезду з ваяводства. Так, Галоўны ўпаўнаважаны СНК БССР у Польшчы І. Круглік накіраваў летам 1945 г. П. Панамарэнку запіску „Аб пераследзе, ганеннях і тэроры над грамадзянамі беларускай нацыянальнасці, якія пражываюць на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства Польскай Рэспублікі з боку палякаў і мясцовых органаў улады”. У ёй адзначалася, што калі на тэрыторыі Польшчы знаходзілася Чырвоная Армія, то „рэзкіх антаганістычных нацыянальных супярэчнасцей паміж беларусамі і палякамі не назіралася”. Аднак сітуацыя кардынальна змянілася пасля адыходу войск Чырвонай Арміі з Польшчы. Адразу ж „узмацніліся нацыянальныя ганенні, нянавісць, здзекі над беларусамі з боку палякаў”.

Змены адносін у дычыненні да беларусаў Беласточчыны з боку мясцовых уладаў неабходна разглядаць у больш шырокім кантэксце, чым перасяленне. Неабходна пагадзіцца з Я. Мірановічам, які заўважыў, што ў другой палове 1945 г. ваяводскія ўлады былі зацікаўлены ў поспеху „рэпатрыяцыйнай акцыі”. Зацікаўленасць абумоўлівалася жаданнем ажыццяўлення задачы па стварэнні Польшчы як аднанацыянальнай дзяржавы і пазбаўлення ад беларусаў як нацыянальнай меншасці і ўсіх праблем, звязаных з іх існаваннем. Па адзнаках новага палітычнага кіраўніцтва Польшчы вызначэнне ўсходняй мяжы Польшчы павінна было „назаўсёды і радыкальна вырашыць складаныя нацыянальныя адносіны”.

Зыходзячы з гэтага, усё беларускае насельніцтва разглядалася як непажаданы „элемент”, які ў патэнцыяле стварае пэўныя перашкоды на шляху пабудовы аднанацыянальнай дзяржавы. Гэта значыла, што беларусы павінны былі альбо выехаць з Беласточчыны, альбо стаць „палякамі праваслаўнага веравызнання”. Улічваючы вышэйадзначанае, неабходна прызнаць слушнай выснову Я. Мірановіча аб тым, што „пачуццё сваёй безабароннасці і бяссілля перад праявамі агрэсіўных паводзін польскага боку вызывала ўтойванне беларусамі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці”. Беларусы былі вымушаны прызнаць і падтрымаць існуючую ўладу, якая ўзамен нацыянальных памкненняў і за іх кошт забяспечыла беларускаму насельніцтву больш выгадныя ўмовы жыцця, чым камуністычная ўлада ў Беларусі.

Выснова Я. Мірановіча аб тым, што „існуючая ўлада ў Польшчы забяспечыла больш спрыяльныя ўмовы жыцця” мае рацыю. Большасць заможнага аднаасобнага сялянства, саматужнікі, рабочыя фактычна праігнаравалі прызывы аб пераездзе ў БССР. Так, І. Варвашэня ў сакавіку 1945 г. паведамляў К. Кісялёву аб тым, што „астаўшыяся беларускія, рускія, украінскія гаспадаркі з’яўляюцца найбольш заможнай часткай вёскі, якія маюць ад 15 да 50 га зямлі, па 2 кані, 3-4 каровы, шмат дробнай жывёлы, добрыя пабудовы, сады. Гэтыя гаспадаркі адкрыта не адмаўляюцца выязджаць, але і не падаюць заявы на эвакуацыю”. Характарызуючы заможнасць гэтай групы насельніцтва ён паведамляў, напрыклад, што аднаасобнік І. Крукоўскі, які пражываў у вёсцы Канцавізна Завыкінскай гміны меў 18 га зямлі, 3 кані, 3 каровы, малацілку, саломарэзку ды іншы сельскагаспадарчы інвентар. Жыхар гэтай жа вёскі М. Адамук меў 20 га зямлі, 3 кані, 4 каровы, 6 свіней, добры сельскагаспадарчы інвентар.

Уласніцкія матывы стрымлівалі ад пераезду і рамеснікаў. І. Варвашэня вясной 1945 г. адзначаў, што „ў Крынках пражывае шмат беларусаў-рамеснікаў, якія адмаўляюцца пераязджаць, тлумачачы гэта тым, што „жыць нам тут добра, кожны мае свой дом, агарод, сваё абсталяванне па апрацоўцы скур. У Расіі больш не заробіш”.

Уласніцкая псіхалогія сялянства была адной з найбольш важных прычын, якія стрымлівалі беларусаў ад пераезду ў БССР. Так, упаўнаважаны з Валілаў паведамляў, што „ў сялянства псіхалогія ўласніка з’яўляецца асноўным тормазам, нават у тых, хто аддана дапамагаў органам савецкай улады ў 1939-1941 гг.”

Трапную адзнаку гэтаму фактару даў упаўнаважаны па Семятыцкім райпрадстаўніцтве А. Лакціёнаў зазначыўшы, што „ў псіхалогіі сяляніна, над якой яшчэ не працавалі ў сэнсе грамадска-палітычнага выхавання і які сам яшчэ не ўліўся ў калектыўна-вытворчую працу, гадамі выпрацоўвалася і замацавалася паняцце аб прыватнай уласнасці як крыніцы дабрабыту, а аб калгасе — як аб пекле”.

У далейшым большасць заможнага беларускага сялянства, саматужнікаў, рабочых так і не пажадалі падаць заявы на выезд. Так, І. Круглік у запісцы, накіраванай К. Кісялёву напрыканцы 1945 г. паведамляў, што 24 227 гаспадарак, якія налічвалі 95 047 чалавек да лістапада 1945 г. так і не выказалі жадання перасяліцца ў БССР. Ён звяртаў увагу, што ў гэтую групу ўваходзіла найбольш заможная і серадняцкая частка сялянства, якая жыла на хутарах, кулакі, рабочыя і служачыя, якія „нядрэнна ўладкаваліся ва ўстановах і на транспарце”.

З Беласточыны ў БССР перасяленне праводзілася выключна чыгуначным транспартам. Аднак як і пры перавозцы палякаў з БССР праца чугуначнікаў вызывала значныя нараканні і незадавальненне з боку як Галоўнага, так і раённых упаўнаважаных. Так, у снежні 1944 г. І. Варвашэня паведамляў намесніку старшыні СНК БССР К. Кісялёву аб тым, што „адпраўка эвакуіраванага беларускага, рускага, украінскага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў СССР у другой палове снежня 1944 г. сарвана з-за непрадстаўлення паражняку пад пагрузку”. Перавозка ўскладнялася тым, што кіраўніцтва Беластоцкай чыгункі напрыканцы снежня 1944 г. адмовілася прадстаўляць вагоны па заяўках Галоўнага ўпаўнаважанага і пачало прадстаўляць вагоны па загадзя складзеных планах. Аднак І. Варвашэня ўяўляў усю складанасць і цяжкасць задачы планавага падвозу людзей на станцыі пагрузкі, як таго патрабавалі чыгуначнікі. Складанасць заключалася як у тым, што для перавозкі маёмасці адной гаспадаркі, якую неабходна было падвозіць да чыгуначнай станцыі ў сярэднім, за 30-35 км, патрабавалася 15 падвод, так і ў нападах польскага падполля, недахопу падвод і г.д.

Сітуацыя ўскладнялася і тым, што да 25 снежня 1944 г. з рэзерваў Першага і Другога Беларускіх франтоў выдзялялася 120 аўтамашын для падвозу грамадзян і іх маёмасці да чыгуначных станцый. Аднак пасля гэтага тэрміну камандаванне франтоў адазвала ўсе машыны ў свае распараджэнне і ў далейшым адмовілася прадстаўляць транспарт для патрэб перасялення. У сувязі з гэтым І. Варвашэня напрыканцы снежня 1944 г. накіраваў П. Панамарэнку паведамленне, у якім прасіў, каб ён, як старшыня ўрада Беларусі, дамовіўся з камандаваннем франтоў аб застаўленні ў распараджэнні Галоўнага ўпаўнаважанага аўтатранспарту. Аднак, нягледзячы на шматлікія звароты ўрада Беларусі і Галоўнага ўпаўнаважанага, камандаванне Першага і Другога Беларускіх франтоў адмовілася прадстаўляць транспарт для патрэб перасялення.

Нездавальняючая праца чыгункі прыводзіла да таго, што перасяленцы па некалькі тыдняў знаходзіліся на станцыях пагрузкі. Так, Галоўны ўпаўнаважаны СНК БССР у Польшчы І. Круглік 16 лістапада 1945 г. паведамляў К. Кісялёву, што „на станцыях Валілы і Беласток 15 дзён прастойваюць 60 вагонаў з эвакуіруючымся насельніцтвам, прычым вагоны зусім не абсталяваныя і не ацепленыя. Сярод людзей пачаліся захворванні. На настойлівыя патрабаванні нашага ўпаўнаважанага аб адпраўцы вагонаў на пункты перагрузкі дырэкцыя дарогі і Міністэрства шляхоў зносін (Польшчы — А. В.) не рэагуе. Мясцовая чыгуначная адміністрацыя сабаціруе адпраўку вагонаў, спасылаючыся на адсутнасць вугля і цягнікоў”.

Дрэнная праца польскай чыгункі прымусіла П. Панамарэнку звярнуцца ў снежні 1945 г. з запіскай у ЦК УКП(б), у якой адзначалася, што „польская чыгуначная адміністрацыя нядобрасумленна забяспечвае эвакуацыю беларускага насельніцтва з Польшчы ў БССР”. У сувязі з гэтым, П. Панамарэнка прасіў ЦК УКП(б) „зрабіць прадстаўленне польскаму ўраду аб нецярпімай абстаноўцы, якая склалася ў раёнах эвакуацыі рускага і беларускага насельніцтва”.

Неабходна адзначыць, што нездавальняючая праца чыгункі абумоўлівалася ў пэўнай ступені недасканаласцю падпісанага беларуска-польскага пагаднення ад 9 верасня 1944 г., яго эканамічнай нявыгаднасцю для беларускага боку. Так, артыкул 5, раздзела 1 пагаднення значыў, што „перавозку эвакуіраваных з тэрыторыі Польшчы ў Беларускую ССР і з тэрыторыі Беларускай ССР бярэ на сябе ўрад Беларускай ССР, па магчымасці, выдзяляючы транспартныя сродкі”. Улічваючы пасляваенную разруху, разбуранасць чыгуначных шляхоў гэты пункт пагаднення не адпавядаў эканамічным інтарэсам Беларусі. Таму, падпісваючы 25 лістапада 1945 г. дадатковы пратакол з польскім урадам аб прадаўжэнні тэрміну перасялення беларуская дэлегацыя дамаглася, каб артыкул 5 Пагадненя быў запісаны зусім у іншай рэдакцыі. У ім пазначалася, што „дамаўляючыяся бакі забяспечваюць, па магчымасці, усіх эвакуіруемых транспартам, кожны на сваёй тэрыторыі”. Як бачна, гэты пункт Пагаднення працярпеў істотныя змяненні на карысць Беларусі. Аднак неканкрэтнасць яго фармулёўкі („Дамаўляючыяся бакі забяспечваюць, па магчымасці эвакуіруемых транспартам”) давала бакам прастору для манёўру і перакладвання адзін на аднаго праблем, звязаных з перавозкай людзей. Тым не менш, у параўнанні з першым варыянтам ён больш адпавядаў эканамічным інтарэсам Беларусі, так як і на польскія ўлады ўскладвалася адказнасць за перавозку грамадзян па тэрыторыі Польшчы. Аднак да заканчэння перасялення праца чугуначнага транспарту вызывала справядлівыя нараканні і незадаволенасць упаўнаважаных СНК БССР.

Неабходна адзначыць, што частка беларусаў выказала жаданне перасяліцца не ў БССР, а ў іншыя вобласці СССР. Так, у студзені 1945 г. упаўнаважаны Бельскага райпрадстаўніцтва Д. Сукачоў паведамляў І. Варвашэню аб тым, што ў працы па ўліку і адпраўцы насельніцтва ўзнікаюць цяжкасці абумоўленыя галоўным чынам тым, што перасяленцы незадаволены абмежаваннямі, звязанымі з месцам выбару жыхарства толькі Беларуссю. Частка беларусаў выказвала жаданне перасяліцца па-за яе межы і, каб такая магчымасць была, то, як падкрэсліваў Д. Сукачоў, „заяў на перасяленне было б нашмат болей”.

Дакладныя такога характару прымусілі Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР І. Варвашэню ў студзені 1945 г. накіраваць К. Кісялёву запіску, у якой адзначалася, што „насельніцтва, якое належыць перасяленню з тэрыторыі Польшчы, выказвае жаданне перасяляцца ў розныя вобласці Савецкага Саюза і адказваецца пераязджаць у Беларусь. У той жа час раённыя апараты арыентуюць насельніцтва на пераезд толькі ў Беларусь. Аднак гэта з’яўляецца вялікім тормазам у працы. У мэтах паскарэння працы, прашу Вас паставіць пытанне перад Саюзным урадам аб дазволе эвакуацыі ў іншыя вобласці Савецкага Саюза”.

Частка беларусаў у сапраўднасці пажадала перасяліцца па-за межы БССР. Так, у студзені 1945 г. усе беларусы вёскі Забалоцце Мілейчыцкай гміны Бельскага павета ў колькасці 20 гаспадарак звярнуліся з хадайніцтвам у Вярхоўны Савет БССР аб прадстаўленні ім магчымасці перасяліцца ў Паволжа. Іх зварот не застаўся па-за ўвагай кіраўніцтва рэспублікі і ў адпаведнасці з рашэннем К. Кісялёва ім прадставілі такую магчымасць.

Неабходна заўважыць, што К. Кісялёў, рэагуючы на дакладную запіску І. Варвашэні аператыўна ініцыяваў „пытанне” перад саюзным урадам аб дазволе беларусам перасяляцца ў адпаведнасці з іх жаданнем. Так, 27 студзеня 1945 г., г.зн. з моманту звароту І. Варвашэні, не прайшло і месяца, як ён атрымаў ад Галоўнага ўпаўнаважанага СНК УССР Н. Падгорнага ліст, у якім паведамлялася аб тым, што 9 абласцей Украіны гатовы прыняць 1 000 беларускіх гаспадарак. Аналізуючы гэтую перапіску магчыма сцвярджаць, што ні ўрад БССР, ні ўрад УССР самастойна не маглі вырашыць пытання аб перасяленні такой значнай колькасці насельніцтва без дазволу саюзных органаў. Таму, улічваючы зварот К. Кісялёва, саюзнае кіраўніцтва дало адпаведную дырэктыву ўраду Украіны аб прыёме перасяленцаў-беларусаў. Аднак магчымасцю пераезду па-за межы Беларусі скарысталася нязначная колькасць беларусаў, у той час як абсалютная большасць перасяленцаў пераехала ў БССР.

Летам-восенню 1945 г. стала відавочным, што большасць беларускага насельніцтва, нягледзячы на актыўную агітацыю, адмовілася пераязджаць у БССР. Гэта ў першую чаргу было звязана з тым, што напрыканцы 1945 — пачатку 1946 гг. на Беласточчыне цвёрда ўстанавілася ўлада. Так, упаўнаважаны па Сакольскім райпрадстаўніцтве А. Ільін дакладваючы І. Кругліку аб выніках эвакуацыі зазначыў, што „з прыходам у лютым 1946 г. польскіх пагранічных частак, трывала ўстанавілася ўлада ў гмінах і рэзка змяніліся настроі сялянства да эвакуацыі. Калі ў павеце не было польскіх воінскіх частак, беларускае сялянства вёскамі прасілася на выезд, каб пазбавіцца ад гвалтаў і рабункаў з боку бандытаў, а калі ўсталявалася ўлада ў гмінах і паветах, ад эвакуацыі сталі адмаўляцца”.

Наколькі моцным было нежаданне астаўшыхся беларусаў пераязджаць у БССР сведчыць запіска ўпаўнаважанага па Сямятыцкім райпрадстаўніцтве А. Лакціёнава, накіраваная І. Кругліку ў чэрвені 1946 г. аб тым, што „эвакуацыю неабходна скончыць — іх (г.зн. сялян-беларусаў — А. В.) б’юць, грабяць нават, болей, іх забіваюць, яны бягуць у бяспечнае месца, аднак у БССР перасяляцца не жадаюць”.

Нягледзячы на актыўнасць працы ўпаўнаважаных СНК БССР усё ж большая частка беларускага насельніцтва як увогуле, так і па асобных райпрадстаўніцтвах не пажадала пераехаць у БССР. Так, райупаўнаважаны СНК БССР І. Сычоў дакладваў І. Кругліку, што па выніках працы з 15 верасня 1944 г. па 16 чэрвеня 1946 г., „нягледзячы на пастаянную растлумачальную працу, доўгатэрміновы час эвакуацыі ў Беластоцкім павеце 60% беларускага насельніцтва (у асноўным сельскага) адказалася эвакуіравацца”. Упаўнаважаны з Валілаўскага райпрадстаўніцтва паведамляў, што „частка беларускіх гаспадарак, у асноўным заможная, не праявіла ніякага жадання эвакуіравацца ў БССР”. Па Валілаўскім райпрадстаўніцтве, у якое ўваходзіла 5 гмін, адмовілася ад выезду 5 014 беларускіх гаспадарак”. Па Сямятыцкім райпрадстаўніцтве, у якое ўваходзіла 6 гмін, выехала 2 037 гаспадарак, што склала 27% ад ўсёй колькасці ўлічаных гаспадарак, у той час як 5 626 гаспадарак не пажадалі пераехаць у БССР. Па Бельскім райпрадстаўніцтве з 9 491 гаспадаркі пераехалі ў БССР толькі 2 148, што склала 22,6% ад агульнай колькасці.

Выніковыя даныя перасялення беларусаў з Польшчы ў БССР (па стане на 15 чэрвеня 1946 г.) паказалі, што большасць улічаных беларускіх гаспадарак не пажадала пераехаць у БССР і засталася ў Польшчы. У Беларусь пераехала ўсяго 8 015 гаспадарак, якія налічвалі 27 409 чалавек. У сувязі з тым, што ўрады Беларусі і Польшчы згадзіліся прадоўжыць перасяленне да 31 снежня 1946 г., то з Польшчы ў БССР да снежня 1946 г. выехала яшчэ 379 грамадзян. Такім чынам канчатковая лічба беларусаў, якія перасяліліся ў БССР склала 27 806 чалавек.

Выніковыя даныя (па стане на 31 снежня 1946 г.) сведчаць, што агульныя тэндэнцыі, склаўшыяся з пачаткам перасялення і ўласцівыя паказчыкам па стане на 1 мая 1945 г. захаваліся да яго сканчэння. Найбольшая колькасць беларусаў перасялілася ў БССР з Бельскага райпрадстаўніцтва — 2 076 гаспадарак, якія налічвалі 7 253 чалавекі, Сямятыцкага — адпаведна 1 928 і 6 790, Беластоцкага — 1 513 і 4 217, Валілаўскага — 1 078 і 3 692, Сакольскага — 727 і 2 648.

Не адбылося змен у прафесійным і сацыяльным складзе перасяленцаў, абсалютную большасць якіх склалі сялянне — 14 587, рабочыя занялі другі радок — 1 841, далей служачыя — 493 і г.д. Па полу нязначную перавагу мелі жанчыны, колькасць якіх склала 12 224, у той час як мужчын перасялілася 10 033. Разам з бацькамі ў Беларусь пераехала 14 141 дзіця да 16-гадовага ўзросту.

Пасля 15 чэрвеня 1946 г. пачалося згортванне працы ўпаўнаважаных СМ БССР у Польшчы. У чэрвені 1946 г. СМ БССР прыняў пастанову „Аб скарачэнні апарату Галоўнага ўпаўнаважанага і Галоўнага прадстаўніка СМ БССР па эвакуацыі”, згодна з якой з 1 ліпеня 1946 г. упаўнаважаныя СМ БССР спынялі працу. Разам з тым, для заканчэння працы да 1 студзеня 1946 г. у Беластоку заставалася працаваць група Галоўнага ўпаўнаважанага СМ БССР. Канчаткова перасяленне беларусаў з Беласточчыны скончылася 31 снежня 1946 г., калі ў Беластоку Галоўны упаўнаважаны СМ БССР па справах эвакуацыі Д. Сукачоў і Галоўны прадстаўнік урада Польшчы па справах эвакуацыі С. Навакоўскі падпісалі Акт аб сканчэнні працы. У § 1 Акта пазначалася: „Лічыць эвакуацыю беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў Беларускую ССР, пачатую 15 верасня 1944 г. поўнасцю скончанай 31 снежня 1946 г.” У § 6 сцвярджалася, што „ўся работа праходзіла і скончана ў атмасферы ўзаемаразумення і згоды і што бакі ніякіх прэтэнзій адзін да аднаго па праведзенай рабоце не маюць”.

Аднак гэтае сцвярджэнне мела спалітызаваны характар і не адлюстроўвала ўсіх складанасцей і супярэчнасцей перасялення беларусаў з Беласточчыны ў БССР. „Згодзе” не магла спрыяць не перапыняючаяся на ўсім працягу перасялення дзейнасць польскага падполля, шматлікіх бандыцкіх груповак, антыбеларуская пазіцыя ваяводскіх улад занятая імі з другой паловы 1945 г., дрэнная праца чыгуначнага транспарту і інш.

Такім чынам, перасяленчая акцыя, што распачалася ў сярэдзіне кастрычніка 1944 г., афіцыйна скончылася ў снежні 1946 г. Яна з відавочнасцю паказала, што большасць беларусаў Беласточчыны праігнаравала яе. Намаганні ўпаўнаважаных па перасяленні, шматлікіх прапагандыстаў і агітатараў схіліць іх да пераезду ў БССР былі безвыніковымі. Напэўна справа была не ў тым, што яны дрэнна, ці нядобрасумленна выконвалі сваю працу. Наадварот, яны вельмі добра яе выконвалі. Аднак, ні кіраўніцтва Беларусі, ні тыя, хто займаўся перасяленнем не ўлічылі адной „дробязі” — памяці беларусаў Беласточчыны аб „саветах” у 1939-1941 гг.

Не двух гадоў, а двух месяцаў хапіла „заходнікам” (каму мо і меней), каб зразумець сутнасць „саветаў”. Памяць вяртала ім успаміны аб дэпартацыях, калгасах і саўгасах, на якія яны глядзелі як на пекла, шматлікіх і непамерных падатках і абавязках, рэлігійным пераследзе, шматлікіх арыштах ды і шмат чым іншым, не менш жахлівым. Па ўсёй бачнасці для большасці беларусаў Беласточчыны найважнейшым было пытанне не дзе жыць, а як жыць. У гэтым сэнсе нават пракамуністычная і прамаскоўская Польшча стварыла ім больш спрыяльныя матэрыяльныя і эканамічныя ўмовы для простага чалавечага жыцця, чым камуністычная Беларусь.

Streszczenie

W 1944 r. rząd ZSRR zdecydował przekazać Polsce Białostocczyznę oraz dokonać przesiedlenia zamieszkałej tam ludności do Białorusi Radzieckiej. Białostocczyzną określono całość terytorium, które w latach 1939-1941 znajdowała się granicach BSRR. Obejmowała ona Białą Podlaską i Ciechanowiec na południu, Augustów na północy, a na zachodzie Łomżę i Zambrów. Obszar ten został podzielony na 10 obwodów. Do organizacji akcji ewakuacyjnej Rada Komisarzy Ludowych BSRR wyznaczyła 284 pełnomocników. Wspomagać ich miało 100 oddelegowanych z frontu oficerów Armii Czerwonej. Planowano przesiedlić do BSRR około 70 tys. gospodarstw, co w praktyce okazało się liczbą mocno wyolbrzymioną, gdyż Białorusinów na tym obszarze było znacznie mniej niż szacowano. Bezowocne okazały się także wysiłki propagandowe komisarzy radzieckich, zmierzające do przekonania ludności białoruskiej do przesiedlenia. Doświadczenia wyniesione z lat 1939-1941 nie zachęcały do wyjazdu do ZSRR.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія