|
Беларускі вайсковы рух канца 1980-х — пачатку 1990-х гг.
як праява нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння
В. А. Астрога
(Мінск)
Незалежная дзяржава не можа існаваць без уласнага войска, як гаранта яе самастойнасці. Пасля гвалтоўных падзелаў Рэчы Паспалітай, напрыканцы ХVIII ст., Беларусь была пазбаўлена гэтай магчымасці амаль на 200 гадоў, да 1992 года. Але ўвесь гэты час лепшыя прадстаўнікі нашага народа вялі цяжкае і ўпартае змаганне за адраджэнне сваёй Бацькаўшчыны і свайго войска, часта ахвяруючы за яе сваю кроў і жыцці. Назаўжды застануцца ў аналах нацыянальнай вайсковай гісторыі Беларуская Цэнтральная Вайсковая Рада, Сэкрэтэрства па вайсковых справах урада БНР, беларускія часткі пры літоўскім войску, Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Балтыі, Беларуская вайсковая камісія, 1-я Слуцкая брыгада стральцоў, Беларуская Самаахова, Беларуская Краёвая Абарона, шмат іншых беларускіх фармаванняў і частак, кожная з якіх імкнулася стаць грунтам для аднаўлення Беларускага Войска. Ніколі не загінуць у цемры гісторыі імёны выбітных беларускіх вайскоўцаў: Язэпа Мамонькі, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Кастуся Езавітава, Кіпрыяна Кандратовіча, Міколы Дзямідава, Алеся Ружанцова, Станіслава Булак-Балаховіча, Гасана Канапацкага, Антона Сокал-Кутылоўскага, Франца Кушаля, тысяч іншых ахвярных і мужных ваяроў.
Як вядома, Савецкая імперыя, яе вайсковая машына, высмоктвала лепшыя матэрыяльныя і людскія рэсурсы Беларусі. Ужо ў паваенны час нашая краіна, пераўтвораная ў Беларускую вайсковую акругу, што прыкрывала галоўны (заходні) стратэгічны кірунак абароны ўнутраных раёнаў СССР, уяўляла з сябе суцэльныя базы, палігоны і склады, у тым ліку каля 14 базаў ядзерных стратэгічных ракетаў і 5 базаў стратэгічных бамбавікоў1. У выніку, напачатку 1990-х гг., беларусы на сваёй зямлі, паміж сваёй волі, займелі проста шалёную канцэнтрацыю войскаў — звыш 280 тыс. вайскоўцаў і служачых, найвялікшую ў Еўропе, а то і ў свеце. Атрымлівалася, што адзін вайсковец прыпадаў на 43 цывільныя беларусы (на Украіне на 98, Расіі — 634)2. Па паказчыку ўдзельнай магутнасці наяўных ядзерных зарадаў Беларусь таксама займала першае месца ў свеце. 10% беларускай тэрыторыі, на 1991 г., займалі вайсковыя аб’екты, у гэты час сярэднесавецкі паказчык — 2%3.
Наяўнасць гэткай „грымучай сумесi” прывяло б, нават падчас бяз’ядзернага ўзброенага канфлікту, несумненна да вялізных ахвяраў сярод цывільнага жыхарства і разбурэння большай часткі беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. У ядзерным варыянце яшчэ горш, бо ступень абароны ад тэхнагенных катастрофаў беларусы адчулі падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У гэты час, згодна экстэрытарыяльнай камплектацыі савецкіх збройных сілаў, большасць беларускіх хлопцаў была вымушана служыць далёка ад Бацькаўшчыны. Так, калі ў 70-я гг. ва ўласна Беларускай акрузе сярод жаўнераў і сяржантаў было каля 40% беларусаў, то ў 80-я — 25%, а сярод афіцэраў — усяго 15%4. У выніку адсутнасці рэальнай дзяржаўнай незалежнасці, беларускі народ мусіў класці на алтар інтарэсаў Савецкага Саюза жыцці сваіх сыноў і дачок. Згодна афіцыйных звестак, у паваенных збройных канфліктах прымалі ўдзел 31 657 савецкіх вайскоўцаў-беларусаў. Яны ваявалі ў 14 краінах свету. Загінула з іх 789 чалавек5.
Тут трэба адзначыць, што нягледзячы на мацнейшыя дэнацыянальныя працэсы на Бацькаўшчыне, нацыянальную нівеліроўку ў войску, беларускія хлопцы часам і ў гэтых умовах дэманстравалі пэўныя ўзоры патрыятызму. Напрыклад у 60-я гг. у адной з частак Кіеўскай вайсковай акругі ваяры-беларусы заснавалі невялічкую беларускую бібліятэчку6. Аднак за больш актыўныя праявы нацыянальных пачуццяў пры СССР маглі жорстка пакараць і таму толькі гарбачоўская „перабудова”, час распаду Савецкага Саюза і ягонага войска дазволіла абуджаным беларускім патрыётам-вайскоўцам, занепакоеным лёсам сваёй Бацькаўшчыны, гуртавацца ў нацыянальныя суполкі, каб „здабыць свабоду для свйго народа і ўратаваць Беларусь ад крывавай трагедыі, якой мог скончыцца распад апошняй імперыі на Зямлі”7.
Непасрэдна на самой Беларусі пэўным штуршком да стварэння першай беларускай вайсковай суполкі сталіся падзеі кастрычніка 1988 г., калі камуністычныя ўлады Менска гвалтам разагналі жалобны мітынг з нагоды „Дзядоў” і ўжо ў лістападзе пяцёра пяцікурснікаў мясцовай вайсковай інжынернай вучэльні, на чале з Сяржуком Чыславам, вырашылі аб’яднацца для вядзення асветнай працы ў сваім асяроддзі. У снежні група была зарэгістравана ў Аргкамітэце па стварэнні Беларускага народнага фронту як група падтрымкі. Яе сябры клікалі сябе „Рух-63”і лічылі нашчадкамі К. Каліноўскага. Насілі значкі з ягонай выяваю і ўласна дамаляваным бел-чырвова-белым сцяжком8. У сакавіку 1989 г. імі пад шыльдаю літаратурна-асветніцкай суполкі „Пралескі” была зроблена спроба адзначыць угодкі БНР, але камандаванне вучэльні апячатала падрыхтаванае памяшканне. У гэты час у „Рух” уваходзіла каля 20 чалавек. З красавіка арганізацыя пачала называцца Вольнае згуртаванне вайскоўцаў і ўвайшла ў толькі што створаную Канфедэрацыю беларускіх суполак. У красавіку-чэрвені сябры ВЗВ сталі ініцыятарамі альбо ўдзельнікамі звыш дзесяці акцыяў. Напрыклад, у чэрвені „вольныя вайскоўцы” сабралі сярод курсантаў больш за 300 подпісаў у падтрымку дзяржаўнасці беларускай мовы і перадалі іх першаму з’езду ТБМ9. У тым жа годзе, па заканчэнні вучэльні, актывісты ВЗВ С. Чыслаў і В. Малюшыцкі былі накіраваны ў Чыцінскую вобласць. У другой палове 1989 г. згуртаванне ўзначаліў курсант А. Пісьмянкоў, але дзейнасць арганізацыі пачала згасаць.
У восень таго ж году трое афіцэраў вучэльні, у тым ліку падпалкоўнік кандыдат тэхнічных навук М. Статкевіч і падпалкоўнік кандыдат тэхнічных навук М. Бірукоў арганізавалі нелегальную групу з мэтаю распрацоўкі дэталёвай канцэпцыі стварэння беларускага войска10. Асобныя раздзелы канцэпцыі М. Статкевіч пад псеўданімам С. Гарбавец апублікаваў у тыднёвіку „Літаратура і мастацтва” — „Ці патрэбна нацыянальнае войска?” (ліпень 1990 г.) і „Дзе і як служыць беларусам” (кастрычнік 1990 г.). На пачатку 1991 г. група легалізавалася.
Акрамя вышэйназваных структураў, узімку-весну 1991 г. на тэрыторыі Беларусі ўзніклі яшчэ дзве беларускія вайсковыя арганізацыі — суполка ТБМ у Менску пад кіраўніцтвам падпалкоўніка М. Бірукова і суполка ТБМ у Печах (навучальны цэнтр Беларускай вайсковай акругі) пад кіраўніцтвам маёраў М. Варанца і К. Гельдыява. Мілітарны характар мела і грамадская арганізацыя „Выбранецкі шыхт” на чале з І. Міхно, што ўзнікла ў 1990 г.11
Першая арганізаваная нацыянальна-патрыятычная суполка беларусаў-вайскоўцаў па-за межамм Беларусі ўзнікла ў г. Прыазёрску (Казахстан)12. Заснавальнікам яе стаў ураджэнец Нясвіжчыны падпалкоўнік С. Суднік. У 1988 г. пад уплывам працэсаў нацыянальнага адраджэння, што адбываліся на Радзіме, афіцэр піша свае праграмныя вершы „Гэй, устаньце беларусы” і „Пагоня за мову”. Увесну наступнага года ён і яго бліжэйшы паплечнік І. Супаненка сабралі сярод вайскоўцаў Прыазёрска 21 подпіс пад лістом да Вярхоўвага Савета БССР за дзяржаўнасць беларускай мовы. Вытрымкі з гэтага ліста чыталіся падчас прыняцця закону „Аб мовах у Беларускай ССР” на сесіі парламента. У траўні 1990 г. яны накіравалі ў газеты „ЛіМ” і „Звязда” зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР з прапановамі па дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі. Да гэтага часу падпалкоўнік згуртаваў вакол сябе каля 30 нацыянальна свядомых вайскоўцаў-беларусаў. Неафіцыйна гэтая суполка мела назву Беларускае зямляцтва. Што цікава, да яе пачалі цягнуцца ўкраінцы і татары, якія сваіх нацыянальных арганізацый не мелі.У жніўні таго ж года выдалі першы нумар газеты „Рокаш” — органа нефармальна ўтворанай Прыазёрскай Рады ТБМ. Газета выдавалася сіламі аддзела, якім камандаваў Суднік. Як узгадваў афіцэр: „Вайсковая служба была пастаўлена на карысць беларускай справе”. Тым больш камандаванне часткі супраць гэтага нічога не мела. Новыя газеты пакавалі ў канверты і адсылалі ў Беларусь, Казахстан, Літву, Эстонію, Расію, Вялікабрытанію. „Рокаш” выходзіў накладам 150 асобнікаў і выдаваўся да кастрычніка 1992 г. Неўзабаве вайсковая суполка займела ўсе атрыбуты нацыянальнага згуртавання — бел-чырвона-белы сцяг, герб „Пагоня”, які намаляваў жаўнер-татарын Ібрагім Сайтасманаў. У 1990 г. таксама вайскоўцамі было прынята рашэнне стварыць у горадзе Беларускую нядзельную школу. Праз мясцовае тэлебачанне і друк звярнуліся да беларусаў і з пачатку верасня пачаліся заняткі ў малодшым, сярэднім і старэйшым класах. Урокі вялі афіцэры з ТБМ: С. Суднік, І. Супаненка, Маянскі, С. Цвірка, В. Грамадка. З Беларусі ў школку даслалі шмат падручнікаў па мове, мастацкую літаратуру. Па меркаванні самога Судніка, у той час у Прыазёрску ішло паўнавартаснае беларускае жыццё. Напрыклад, 25 сакавіка 1991 г. быў падрыхтаваны сход-фэст да 73-х угодкаў БНР, на які былі запрошаны два генералы і афіцэры з частак, якія прыбылі на палігон з Беларускай акругі. У жніўні, падчас путчу, выданне газеты і дзейнасць арганізацыі былі забаронены. Сам падпалкоўнік С. Суднік быў выкліканы да начальства, яму было прадэманстравана дас’е на ўсіх вайскоўцаў-тэбээмаўцаў, рупліва сабранае сваім жа беларусам і прад’яўлены абвінавачванні ў распальванні беларускага нацыяналізму, аднак пазней, пасля змены палітычнай сітуацыі, дазволілі аднавіць дзейнасць суполкі і выданне газеты. Дзейнасць прыазёрскай ТБМ працягвалася да канца 1993 г., калі на Бацькаўшчыну вярнуліся яе апошнія актывісты, ужо сябры замежнай філіі Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ).
У 1980-х гг. у Калініне (Цвер) у Каманднай акадэміі войскаў СПА існавала шматлікае беларускае зямляцтва. З 1989 г. там на гэтым грунце сфармавалася моцная нацыянальна-патрыятычная арганізацыя вайскоўцаў на чале з падпалкоўнікам В. Чорным. Карыстаючыся навучаннем на гэты час у ёй Судніка, яны ўсталявалі кантакты з Прыазёрскам. Цвярская суполка ў 1992 г. таксама адчыніла нядзельную беларускую школу, а група яе афіцэраў, якая распрацавала канцэпцыю новай беларускай вайсковай дактрыны, разам з Суднікам накіравалася ў Менск на прыём да спікера парламента С. Шушкевіча і прэм’ера В. Кебіча. Аднак візіт прайшоў марна; спікер аказаўся неспецыялістам, а прэм’ер не зацікавіўся праектам13.
Увосень 1990 г. сярод сяброў суполкі БНФ Масквы пачала вылучацца група вайскоўцаў. Адзін з іх, лейтэнант В. Нагнібяда ад імя яшчэ не існуючага БЗВ склаў „Зварот да беларускіх вайскоўцаў” і даслаў яго ў студзені 1991 г. у газету „Свабода”. На гэты зварот ён атрымаў звыш 40 лістоў. Да яго дзеля наладжання кантактаў у сакавіку адмыслова прыехаў падпалкоўнік Статкевіч. У выніку 13 красавіка было ўтворана Згуртаванне беларусаў-вайскоўцаў Масквы (ЗБВМ). На чале яго стаяў Каардынацыйны камітэт у складзе палкоўніка В. Астаповіча (старшыня), палкоўніка запасу І. Паўлоўскага, лейтэнанта В. Нагнібяды. ЗБВМ зрабіла першую спробу кансалідацыі беларускага вайсковага руху14.
Акрамя паказаных беларускіх вайсковых суполак, улетку 1991 г. на тэрыторыі СССР згуртаванні беларусаў-вайскоўцаў існавалі ў Кастраме, Уладзімірскай вобл., Ленінградзе, Тындзе, Хабараўску, Мардовіі, Якуціі, Літве, Эстоніі і іншых месцах.
Рост беларускіх вайсковых арганізацый паставіў на павестку дня пытанне аб аб’яднанні гэтых арганізацый у адзіную. Пасля легалізацыі ў пачатку 1991 г. дзейнасці падпалкоўніка М. Статкевіча было вырашана абаперціся на Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду, якая мела да таго ж сваю фракцыю ў парламенце. У лютым М. Статкевіч выйшаў з КПСС і на ўстаноўчым з’ездзе БСДГ заявіў аб неабходнасці стварэння Беларускага Войска. У красавіку была сфармавана партыйная камісія па вайсковых пытаннях, у якую ўвайшлі народны дэпутат В. Малашка, М. Статкевіч і С. Чыслаў, які пасля неаднаразовых спробаў перавесціся на Беларусь, звольніўся з Савецкай Арміі. Пры падтрымцы БСДГ быў атрыманы доступ да буйных газет і пачалася праца па наладжванні шчыльных сувязяў з усімі беларускімі арганізацыямі па-за межамі Беларусі. Да жніўня фактычна ўсе кантакты былі наладжаны. Трэба адзначыць, што першапачаткова адзіную арганізцыю планавалася ўтварыць як Секцыю вайскоўцаў, сяброў і прыхільнікаў БСДГ15. Але разам з гэтым пачаліся пераследы Статкевіча, спробы яго звальнення з войска. Нават „за непрыняцце мер” быў звольнены начальнік вайсковай вучэльні, дзе служыў падпалкоўнік16. У чэрвені ў Менску адбылася важная ў гэтай сувязі сустрэча прадстаўніка замежных беларускіх вайсковых суполак С. Судніка з М. Статкевічам і С. Чыславам. Была абмеркавана канцэпцыя стварэння беларускага войска; пра каардынацыю дзеянняў паміж усімі вайсковымі суполкамі (абмеркаванне стварэння адзінай арганізацыі) гутаркі не было, хаця менавіта з гэтага моманту практычна ўсе дзейсныя беларускія нацыянальныя вайсковыя арганізацыі былі звязаны пяміж сабою. Так сама было прынята прынцыповае рашэнне аб утварэнні пазапартыйнага вайсковага патрыятычнага руху і афармлення яго на пачатку восені 1991 г.17 Аднак імклівыя працэсы распаду СССР паскорылі хаду падзей. 19 жніўня, падчас маскоўскага путчу, на сходзе прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый у Менску, прысутныя вайскоўцы і некаторыя вайскоўцы запасу прынялі рашэнне аб стварэнні непалітычнай вайскова-патрыятычнай структуры і назаўтра, 20 жніўня, у адной з аўдыторыяў галоўнага корпусу БДУ было абвешчана Беларускае аб’яднанне ваеннаслужачых (БАВ). На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі — падпалкоўнік запасу Э. Райко, маёр У. Грыневіч, ад БСДГ — падпалкоўнік М. Статкевіч, лейтэнант запасу С. Чыслаў, ад Беларускай сялянскай партыі — капітан міліцыі В. Пятачэнка, маёр запасу М. Хіўрэнка, ад БНФ — падпалкоўнік запасу Г. Банкевіч, В. Івашкевіч18. Паміж арганізацыйных дакументаў, удзельнікі сустрэчы прынялі зварот да вайскоўцаў акругі з заклікам не выконваць загады ГКЧП. Прынятыя дакументы былі ў той жа дзень зачытаныя па радыё і на мітынгу М. Статкевічам, якога абралі старшынёй.
Пасля паразы путчу пачаўся рост аўтарытэту і шэрагаў новай арганізацыі. Скарыстаўшы момант няпэўнасці, які кароткі час панаваў у антыбеларускім лагеры, БАВ ужо 25 жніўня перадало ў парламент свае прапановы па ўтварэнні Беларускага Войска на падставе частак Беларускай акругі19. Праект грунтаваўся на канцэпцыі, распрацаванай у 1989-90-х гг. Гэтая праца вялася з дапамогаю фракцыі БНФ і ў шчыльным супрацоўніцтве з камісіяй Вярхоўнага Савета па пытаннях абароны. Чатыры разы пераадольваючы супраціў кансерватараў, заканадаўчыя акты па гэтых прапановах выносіліся на разгляд парламентарыяў, каб нарэшце праз паўгода, 20 сакавіка 1992 г. парламентам быў прыняты „Закон аб Узброенных Сілах Рэспублікі Беларусь”.
У той жа час, на фоне прынятай у верасні Вярхоўным Саветам пастановы „Аб стварэнні Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь”, 12-13 кастрычніка, у Менску, у Доме літаратара адбыўся першы з’езд Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), у працы якога прыняло ўдзел 119 дэлегатаў з усяго былога СССР. Гэта быў вельмі прадстаўнічы сход. Вернасць нацыянальнаму войску прыйшлі выказаць не толькі маладыя лейтэнанты і маёры, але і сталыя і дасведчаныя палкоўнікі і генералы. У прыватнасці ўдзельнікам з’езду быў генерал-маёр Асмалоўскі, камандуючы Менскай арміі Супрацьпаветранай абароны, палкоўнік У. Барадач, камандзір 5-й асобнай брыгады камандас і іншыя20. У першы ж дзень старшынёй БЗВ быў абраны М. Статкевіч. 12 кастрычніка адбылася і кульмінацыя з’езду, калі ягоныя ўдзельнікі пад бел-чырвона-белымі штандарамі прайшлі ад Дому літаратара да сквера Янкі Купалы, дзе ішла імпрэза з нагоды абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Там, са сцэны перад публікаю і ў наўпроставым эфіры тэлебачання быў зачытаны „Зварот да Вярхоўнага Савета палітычных партыяў і народу Беларусі”21. У снежні БЗВ было зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Беларусі як непалітычны, грамадска-патрыятычны рух, мэтамі якога былі стварэнне Беларускага Войска, абарона дэмакратыі і дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, абарона правоў беларускіх вайскоўцаў.
Гэткім чынам, галоўная задача, дзеля выканання якой шмат і часам з рызыкаю працавалі беларускія патрыёты ў савецкім войску была выканана — Беларускае Войска юрыдычна было ўтворана і хаця наступная хада падзей паказала кволасць нацыянальных беларускіх пазіцыяў у сілавых структурах Рэспублікі, усё ж сам факт з’яўлення ўласных збройных сілаў Беларусі стаў бясспрэчным і нязменным.
1 „Свабода”, 1991, № 3-4, с. 1.
2 „Армия”, 1996, № 1, с. 4.
3 Тамсама, 1997, № 6, с. 5.
4 Ці стане войска беларускім?, „Спадчына”, 1992, № 4, с. 3.
5 „Армия”, 1998, № 1, с. 21.
6 „Літаратура і мастацтва”, 1965, 3 жніўня, с. 3.
7 Гісторыя БЗВ, Мінск 1994, с. 1-2.
8 М. Варанец, Беларускі патрыятычны рух ва Узброеных Сілах СССР (1988-91 гг.), [у:] Дэмакратычная апазіцыя Беларусі (1956-1991), Мінск 1999, с. 111-112.
9 Тамсама, с. 112.
10 Гісторыя БЗВ, с. 3.
11 Архіў аўтара.
12 Дзейнасць Прыазёрскай арганізацыі ТБМ поўнасцю падрыхтавана па матэрыялах інтэрв’ю з С. Суднікам.
13 Тамсама.
14 М. Варанец, Беларускі патрыятычны рух ва Узброеных Сілах СССР, с. 113.
15 Гісторыя БЗВ, с. 4.
16 Тамсама.
17 А. Астраўцоў, БЗВ: „Мы ўжо даказалі, што мы — мужчыны і можам адказваць ударам на ўдар”, „Бярозка”, 1994, № 10, c. 53.
18 Гісторыя БЗВ, с. 5.
19 Тамсама, с. 6.
20 Архіў аўтара.
21 М. Варанец, Беларускі патрыятычны рух ва Узброеных Сілах СССР, с. 115.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|