|
Успаміны былых бежанцаў (1915-1923 гг.) Беласточчыны як крыніца
па гісторыі Беларусі п.п. XX ст.
(па матэрыялах зборніка Бежанства 1915 года)
Віталь Карнялюк
(Гродна)
Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны ўзбагацілася на добры і ахайна выдадзены ў Беластоку зборнік Бежанства 1915 года. Выйсце гэтага зборніка можна лічыць набыткам і для даследчыкаў гісторыі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расіі, савецка-польскай вайны, гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Сама ідэя, рэалізаваная даследчыкамі з Беласточчыны, заслугоўвае пашаны і ўвагі, бо ўтрыманне часу, якое літаральна імчыцца, праглынаючы сведкаў і ўдзельнікаў яшчэ не вельмі далёкай мінуўшчыны, заўсёды неабходная справа для гістарычнай навукі. Вельмі добра, што беластоцкія гісторыкі гэтую справу зрабіць паспелі.
Першая сусветная вайна выклікала маштабныя дэмаграфічныя працэсы, сярод якіх былі эвакуацыя і бежанства насельніцтва з беларускіх, польскіх і літоўскіх зямель. Агульная колькасць бежанцаў з пяці губерняў — Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай — на сярэдзіну 1918 г. складала каля 2 мільёнаў чалавек1.
Масавае перамяшчэнне насельніцтва, даволі працяглы час — да 8 год жыцця бежанцаў па дзесятках губерняў Расіі, вынікі гэтага жыцця для бежанцаў, абставіны вяртання і жыццё тых, хто вяртаўся, на бацькаўшчыне, аднак ужо ў Польшчы, эпізоды гісторыі рэвалюцыі 1917 г. і грамадзянскай вайны ў Расіі — такі змест успамінаў. Кніга аб’ядноўвае, як апублікаваныя ў 1958-2000 г. у беластоцкім тыднёвіку „Ніва” і „Бельскім Гостінцы”, так і неапубліканыя раней матэрыялы былых бежанцаў. Звесткі аб лёсе 155 бежанцаў са 115 насельніцкіх пунктаў Беласточчыны, іх сем’яў, іх аднавяскоўцаў з’яўляюцца крыніцай для аналізу паводзін бежанцаў, абставін іх жыцця і перамяшчэнняў у перыяд 1915-1923 гг.
Кожны перыяд бежанскага руху прадстаўляецца ў кнізе дзесяткамі лёсаў. Трэба зазначыць, што характар матэрыялаў — гэта ўспаміны людзей, у большасці вельмі сталагу ўзросту, пра іх найранейшы час жыцця — дзяцінства, радзей, юнацтва. Нямала прыкладаў успамінаў тых, хто толькі нарадзіўся напярэдадні ці падчас бежанства, а то і пазней. Таму, пра тое, пра што паведамлялі, з большага, гэтыя людзі, яны самі чулі ад бацькоў і іншых сваякоў2. Вядома, што такія ўспаміны патрабуюць асаблівай увагі пры іх выкарыстанні ў даследаваннях. Неабходна заўсёды памятаць, што факты жыцця, пра якія ўспаміналі людзі, гэта — перш за ўсё яскравыя вобразы іх дзяцінства, пранесеныя праз усё жыццё. З другога боку, расказы тых, хто ўспамінаў з пачутага ад старэйшых, гэта расказы старэйшага пакалення, якія дайшлі цераз дзяцей, а гэта магло дадаць інфармацыі пэўныя, суб’ектыўныя скажэнні.
Наступнай складанасцю дадзенага збору крыніц з’яўляецца рознахарактарнасць і разнапланавасць успамінаў, якая сягае ад урывачных уражанняў да, у большай або меншай ступені, асэнсаванага пераказу гэтага перыяду свайго жыцця3. Да таго ж трэба заўважыць такія асаблівасці матэрыялу, як характар фіксацыі збіральнікамі-слухачамі інфармацыі, якой былі нататкі, зробленыя ў розны час і ў розных абставінах, без нейкай адзінай сістэмы пытанняў. Не існуе ва ўспамінах акрэсленага тэрміну якога б тычыліся расказы людзей. Час, якога тычацца ўспаміны некаторых бежанцаў закранае моманты даваеннага жыцця і ахоплівае падзеі другой сусветнай вайны.
Пералічаныя складанасці патрабуюць выкарыстання сістэмы аналізу гэтых успамінаў. Неабходнасць сістэмы бачыцца таксама з шэрагу характарыстык тых жа ўспамінаў. Адзіная тэрыторыя паходжання аўтараў успамінаў — Беласточчына (Гродзенская губерня), адзіны прадмет успамінаў — бежанства часоў Першай сусветнай вайны, адзіная сацыяльная група аўтараў успамінаў — сталыя людзі. Немалаважная асаблівасць у тым, што гэтыя людзі лічаць сябе, па большасці, беларусамі і большасць з іх праваслаўнага веравызнання. Асобна трэба адзначыць колькасць успамінаў — 155, якая таксама дазваляе сістэматызаваць адказы. Калі зыходзіць з найбольш значных праблемаў бежанства, такіх як яго тэмп, умовы, абставіны, час, вынікі вяртання, можна сістэматызаваць матэрыялы зборніка па наступных крытэрыях: „матывы выезду а) запалохванне, б) прымус”; „факт страты членаў сем’яў”; „факт атрымання адукацыі”; „факт дапамогі з боку розных арганізацый і ўстаноў”; „стаўленне мясцовага насельніцтва а) дапамога, б) знявага, здзек”; „факт працаўладкавання а) па спецыяльнасці, б) не на спецыяльнасці”; „час вяртання ад 1918 да 1923 г.”; „факт разбурэння гаспадаркі, што засталася на бацькаўшчыне”; „узрост бежанцаў у час самога бежанства”. Заўважу, што адсутнасць сістэмы апытання ўдзельнікаў бежанства і тыя асаблівасці апытання гэтых людзей, пра якія нагадвалася вышэй, прывялі да таго, што не ўсе ўспаміны змяшчаюць хоць бы нейкую інфармацыю па ўсіх пералічаных праблемах бежанства. Для разумення, аналізу і вышуку высноў з агульных звестак пачутых ад бацькоў ці засвоенных за жыццё стэрэатыпаў пра „тую вайну”, падрабязных дэталёвых расказаў пра той ці іншы бок бежанства, якія паведамілі былыя бежанцы, спатрэбіцца дадатковы гістарычны матэрыял.
Скразны разгляд гэтых успамінаў дазволіў атрымаць наступныя паказчыкі:
Факты бежанства, нагаданыя ва ўспамінах былых бежанцаў з Беласточчыны
Як суаднесці атрыманыя лічбы з агульнай колькасццю ўспамінаў? Разгледзім кожную лічбу паасобку. Хоць матывы бежанства нагадвалі не ўсе, яны паўтараюцца і абмежаваны наступнымі прыкладамі. Антон Акачук з в. Рагачы: „Казакі ездзілі па вёсках і палохалі людзей, што немцы жанчын крыўдзяць без ніякага разбору. Грудзі ім шаблямі абрубваюць, а мужчын дык усіх вешаюць і страляюць”. Сямён Анішчук з в. Гусакі ўспамінае: „Спярша папы страшылі, што немцы людзям вочы выколваюць (...). А пасля казакі верхам ездзілі і выганялі нас, а вёску падпалілі. І клуня вялікая была, і хлявы. і шпіхер — усё казакі спалілі”. Ян Грыгарук, жыхар в. Трасцянка адзначае, што ў іх выехала амаль уся вёска, так як і большасць навакольных, у якіх пражывалі праваслаўныя; католікі не выязджалі. З суседняй вёскі Анцуты, каталіцкай, не выехаў нікто. У Трасцянцы засталіся толькі дзве сям’і праваслаўныя. Праскоўя Ефімчук з Москаўцаў: „Мама ў царкву хадзіла, а там бацюшкі страшылі, што немцы дзяцей у калодзеж кідаць будуць”. Ян Зінюк з Горнага распавядае: „Аднаго дня прыехаў у нашу вёску афіцэр. Сабраў людзей і кажа, што тут, дзе наша вёска Горная, перад Белавежскай пушчай, арганізуецца перадавая пазіцыя. Усё будзе спалена, з зямлёй зраўнана. Трэба тады здаць войску ўселякую жывёлу і ўцякаць у глыбокі тыл. Так і было”. Пятро Кісель з в. Чорнай-Вялікай напрамкі гаворыць: „Летам 1915 года чацвёртая частка жыхароў нашай вёскі падалася ў бежанства, паверыўшы прапагандзе аб зверствах немцаў над рускім народам. Калі вёску пакінулі больш заможныя сяляне, тады ўцякаць рашылася і наша сям’я”. Надзея Руско з Белавежы нагадвае пра яшчэ адзіную падставу выйсця: „Пасля выбуху вайны прыйшоў царскі загад эвакуіраваць лясных работнікаў у глыб Расіі. Бацька доўга думаў ці выязджаць з Белавежы. (...) Аднак жах перад немцамі і ваеннымі дзеяннямі перамог. У апошнюю хвіліну Агата і Сяргей Шпаковічы з сямёркаю дзяцей (...) вырашылі падацца ў невядомае”. Антон Порац з в. Крутавой: „Вёска збаламуцілася і стала ўцякаць, бо надыходзілі немцы, пра якіх гаварылі, што маюць толькі адно вока, не гавораць і мардуюць жанчын”4. З успамінаў выцякае, што запалохванні і прымус былі побач, а сілаю, якая садзейнічала пакіданню сваіх зямель насельніцтвам былі казакі, войскі, мясцовая адміністрацыя і праваслаўнае святарства. Каб ацэніць пералічаныя факты бежанства, успомнім, што па выніках даследавання бежанцаў, якія знаходзіліся ў Валожыне ў перыяд з 2 па 9 лістапада 1915 г., у рапарце прадстаўнікоў Усерасійскага земскага саюза робіцца такі вывад: „Нягледзячы на знешні выгляд добраахвотнага высялення, апытанне пераконвала ў значным уплыве тут пагроз і ўздзеяння з боку адміністрацыйных улад”5. А пра факты прымусу з боку ўладаў можна знайсці звесткі ледзь не ва ўсіх мемуарах пра той час6.
Факты вяртання да разбуранай гаспадаркі найбольш частыя. Пра іх значнае месца ў лёсах бежанцаў сведчаць шматлікія нагадванні пра спаленне ці іншы спосаб знішчэння, суцэльна, вёсак, сёлаў і мястэчак.
Праблема даследавання стратаў насельніцтва беларускіх зямель — у межах нагаданых пяці губерняў і ў межах сучаснай Беларусі, яшчэ не вырашана, хоць пэўныя ўяўленні аб памерах, вядома, ёсць7. Факты страты членаў сем’яў бежанцаў — з найбольш вялікіх у беластоцкім зборніку і свае памеры яны пацвярджаюць тым, што нярэдка гаворка ідзе не пра аднаго члена сям’і, а пра некалькіх. Сярод успамінаў пра страты сустракаюцца прыклады пра смерць сваякоў адразу пасля вяртання назад на Беласточчыну. Зноў жа, дэмаграфічная статыстыка пасляваеннага Гродна пацвярджае гэта. Згодна ёй для насельніцтва праваслаўнага веравызнання г. Гродна ў 1922 г. натуральны прырост быў — (-68‰), а ў 1923 г. — (+7‰)8.
Цікавым з’яўляецца нагадванне ў кнізе ўспамінаў характару адносін з афіцыйнымі ўладамі, грамадскімі ўстановамі і мясцовым насельніцтвам розных рэгіёнаў Расіі. Намаганні па падтрымцы бежанцаў з боку ўстаноў і арганізацый не вельмі затрымаліся ў памяці былых бежанцаў. Гаворыцца пра гэтую дапамогу неяк ускосна, як не пра істотнае і ўплывовае на жыццё. Гэта не можа не выклікаць пытанняў, бо вядома як шмат устаноў і арганізацый далучылася ці было непасрэдна створана для справы дапамогі бежанцам9.
Зусім іншая карціна з успамінамі пра насельніцтва, яго падтрымку і дапамогу. Антон Акачук з в. Рагачы адзначае: „Хату нейкую нам адвялі і давялося жыць нам па-суседску з татарынам. Чалавек быў гэта вельмі добры і спагадлівы, дзяліўся з намі ўсім, што сам меў”. Вольга Белямук з в. Ставішчы: „Калі мы ўпершыню прыехалі ў горад (Рагачоў), мясцовыя людзі нам нічога не шкадавалі. Перад Калядамі, напрыклад, ставілі на вуліцы кухні і варылі святочныя стравы. „Гэта для бежанцаў”, — гаварылі. Кожны еў колькі хацеў”. Анна Ефімюк з Кляшчэляў: „Жылі мы ў добрых людзей. Калі мы збіраліся выязджаць, яны гаварылі бацьку: „Ніколай, не уезжай, мы тебе землю дадим”. Мікалай і Ганна Загон, жыхары в. Кошкі: „Прынялі нас вельмі добра, ой добра! Каб яны так да нас прыехалі, то паўміралі б з голаду... А нас там гаспадары паразбіралі па хатах і мо з год кармілі”. Ян Кавальчук з Рагачоў: „Людзі тут (Варонежская губерня) багата жылі, а да бежанцаў з вялікім сэрцам адносіліся. Прыносілі ежу і адзенне”. Марыя Лісоўская з Залук: „Ах, якія там людзі былі добрыя! Такіх людзей, як расіякі, то і ўспамінаць прыемна. Як жа яны нас шкадавалі. Як перажывалі з-за нашага гора: „А страдающий вы народ, а беженцы вы несчастные!” — паўтаралі яны ўвесь час. Ведаеце, як толькі ўвайшлі мы ў сяло, да нас падбеглі жанчыны з плачам. Адна маладзіца зняла з сябе дарагую хустку і атуліла мае плечы. Людзі пананосілі нам усяго, што толькі для жыцця трэба”. Язэп Падлашчык з Алексіч: „Сярод рускіх добра было жыць, бо гэта быў незвычайна добры народ. Апошнім кусочкам хлеба дзяліўся з намі, калі прыйшла рэвалюцыя і голад. Але пакуль было спакойна, давалі нам усё, чаго мы патрабавалі. Каляды ці Вялікдзень святкавалі мы не менш багата, чым у сябе дома”. Васіль Сакоўскі з в. Піліпкі: „Стаўленне мясцовага насельніцтва і мясцовых улад да нашых бежанцаў было прыхільнае. У кожным разе дыскрымінацыі ці неталерантнасці ў адносінах да нашых бежанцаў там не наглядалася, хоць яны былі зусім рознымі людзьмі — з іншымі характарамі, звычаямі, традыцыямі, культураю і моваю”10. Гэтыя пералічаныя, найбольш характэрныя прыклады адносін да бежанцаў патрабуюць асаблівай увагі. Яўген Мірановіч, адзін з складальнікаў зборніка і аўтар уступу да яго, пералічвае некалькі вынікаў такога стаўлення: „Бежанцы апынуліся ў свеце ўсялякіх рэлігійных плыняў, якія ўздзейнічалі таксама на іх свядомасць. (...) Вобраз Расіі пасля рэвалюцыі бачыўся бежанцамі як процілегласць тае краіны, якую пабачылі ў 1915 годзе. (...) Прарасійскасць былых бежанцаў стала пастаянным элементам іх палітычнага мыслення”11. Кожны з гэтых вынікаў-накірункаў можа быць тэмаю асабістага даследавання.
Дабразычлівыя адносіны паміж бежанцамі і мясцовым насельніцтвам парушылі падзеі рэвалюцыі12. Пра іх былыя бежанцы ўспамінаюць як пра час разрухі, нэндзы, жабрацтва, голаду, хвароб і смерці. Менавіта рэвалюцыйная сумятня нагадваецца ў значнай колькасці ўспамінаў як прычына збірання сем’яў бежанцаў дахаты. Адчуўшы сваю недарэчнасць у абставінах імклівага пагаршэння жыцця, бежанцы спрабавалі вярнуцца, але спробы не адпавядалі рэальным магчымасцям большасці. Час вяртання, паводле беластоцкіх рэспандэнтаў, гэта ў 51,8% — 1921-1922 гг., калі падзеі савецка-польскай вайны скончыліся, хоць рухацца дадому шмат хто пачынаў яшчэ з часоў рэвалюцыі.
Фактаў знявагі, здзекаў, ціску з боку мясцовага несельніцтва, пра якія распавядае, у прыватнасці, у сваіх змястоўных мемуарах В. Грыневіч, гаворачы „пра абвінавачванні бежанцаў у росце цэн, ціску прафсаюзаў фабрык на адміністрацыю, каб тая не прымала на працу бежанцаў, чуткі аб пагромах бежанцаў, звальненні бежанцаў пад уплывам мясцовых рабочых, незадаволенасць мясцовага насельніцтва з нагоды магчымага надзялення бежанцаў-сялян зямлёю, здзекамі над знешнім выглядам, моваю бежанцаў”, беластоцкія ўспаміны амаль не змяшчаюць13. Хоць лагодным характар успамінаў не назавеш. Прыкладаў прысіленай абставінамі жыцця працы на паноў і гаспадароў — пераважна, яўрэяў і палякаў — па вяртанню дахаты, ужо ў Польшчу, шмат, ледзь не ў кожным расказе. Жыццё „за польскім часам” багата асвятляецца ва ўспамінах У. Станкевіча і В. Сакоўскага14.
Найбольш вялікая лічба — гэта колькасць напамінаў пра зруйнаваныя, разрабаваныя гаспадаркі, хаты, спаленыя клуні, зарослыя палі, страту маёмасці ўвогуле па вяртанні на родную бацькаўскую зямлю. Таму, нягледзячы на розніцу стану бежанцаў у Расіі і ў Польшчы, змест успамінаў дазваляе ўбачыць галоўнае: бежанцы ў Расіі былі чужымі, іх становішча няпэўнае, часовае. Адчужанае ад таго ладу жыцця, якім жыло мясцовае насельніцтва. Але ж, вяртанне не нясло бежанцам усталявання жыцця, спакою і трываласці.
Сярод фактаў, якія характаразуюць жыццё бежанцаў ў Расіі шматзначны факт атрымання дзецьмі і падлеткамі адукацыі. Гэтая адукацыя, па большасці не была працяглай, нават не адпавядала часу жыцця ў бежанстве, была ўрывачнай, тычылася атрымання элементарнай пісьменнасці. Стан шмат каго з бежанцаў, нават пры наяўнасці магчымасці хадзіць дзецям у школу, не дазваляў іх дзецям гэтага рабіць. Мікалай Загон з в. Кошкі адзначае: „У царкву мы не хадзілі, бо далёка было, і ў школу мы таксама не хадзілі і я па сённяшні дзень непісьменны”. Яго ж жонка, Ганна Загон, народжаная ў в. Тапчыкалы, дадае: „У школу ў суседскую вёску я не хадзіла, не было ў што абуцца; і так непісьменнай асталася”15. Атрыманне адукацыі можа разглядацца як факт станоўчых адносін мясцовага насельніцтва і як факт сутыкнення беларускай культуры, носьбітамі якой былі бежанцы з рускай адукацыяй. Руская адукацыя давала перспектыву далейшага ўладкавання ў жыцці пры ўмове застацца ў Расіі і, як адзначае шмат рэспандэнтаў, моладзь нярэдка прапаноўвала бацькам застацца. Дарэчы, па вяртанні ў Польшчу нават пісьменныя бежанцы апынуліся ў становішчы непісьменных, не польскамоўных.
Сярод накірункаў дзейнасці бежанцаў была яшчэ перспектыва барацьбы за сваю, уласную мову, а значыць сваю дзяржаву, аднак, тут успаміны маюць толькі два факты пра ўдзел кагосьці з бежанцаў у беларускім нацыянальным руху. Адзін успамін — пра дэлегата бежанскага з’езда, а другі — пра ўдзел у нейкай беларускай арганізацыі. Пры ўсіх хібах і бессістэмнасці ўспамінаў такая адсутнасць звестак аб беларускім руху паказальная; пра бальшывікоў ці пра розныя сілы, ваюючыя з савецкай уладаю, успамінаў непараўнальна больш.
Працаўладкаванне, якое было галоўным сродкам існавання бежанскіх сем’яў, таксама можа разглядацца, паводле ўспамінаў, з двух бакоў. З аднаго боку большасць бежанцаў дзесьці працавала. Па прафесіі мела працу толькі тая катэгорыя людзей, якія мелі спецыяльнасць неабходную ў ваенных умовах ці проста былі майстрамі сваёй справы і знаходзілі попыт на свае здольнасці на чужой зямлі.
З атрыманых лічбаў нельга рабіць дакладных працэнтных суадносін, яны фрагментарныя і неабавязковыя для ўсіх успамінаў. Тым не менш, у дачыненні да вядомых звестак з архіўных і апублікаваных крыніц, ёсць падстава разглядаць і даследваць бежанства і эвакуацыю насельніцтва як выключна складаны і моцны фактар зменаў у складзе насельніцтва беларускіх, польскіх, літоўскіх зямель. Матэрыялы ўспамінаў дададуць шмат, пацвердзяць і ўдакладняць агульную карціну характарыстыкі бежанства.
1 В. Карнялюк, Праблема гісторыка-дэмаграфічнай харатарыстыкі бежанцаў з беларускіх зямель (1914-1918 гг.), „Веснік ГрДУ”, 2000, серыя 1, № 2 (4), с. 24.
2 Бежаства 1915 года, Беласток 2000, с. 152-154, 217-218, 294-299.
3 Там жа, с. 29, 136-137, 321-331, 356-362.
4 Там жа, с. 13, 29, 80, 95, 108-109, 236, 258.
5 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей: НГАБ) г. Мінск, ф. 700, воп. 4, адз. зах. 9, арк. 29.
6 З. Бядуля, Прыфрантавы рубеж Беларусі (нататкі і ўражанні), „Вольная Беларусь”, 1918, № 8; Л. Аккерман, В штабе дивизии, „Голос мннувшего”, 1917, №№ 11-12, с. 335; М. Лемке, 250 дней в царской ставке (25 сентября 1915 — 2 июля 1916), Петроград 1920, с. 265; А. Цвікевіч, Адраджэнне Беларусі і Польшча — Вызваленне, 1921, с. 58-59.
7 Е. Волков, Динамика народонаселення СССР за 80 лет, Москва 1930, с. 74; Doroteusz F., Bieżeństwo. Nieznany exodus 1915-1921, Muzeum w Bielsku Podlaskim, Oddział Muzeum Okręgowego w Białymstoku, Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1994, s. 5. Напрыклад, у дакладзе загадчыка аддзела Віцебскага Палонбежа З. Аксельрода, камандзіраванага ў Полацк для даследавання бежанцаў, гаворыцца пра смяротнасць „у сярэднім 25 чалавек у суткі (сыпны тыф, дызентэрыя)”. Сама па сабе гэтая лічба гаворыць не шмат. Але ж калі ўлічыць, што ў 1919 г., калі адбылася камандзіроўка З. Аксельрода, сярэдні аб’ём перамяшчэнняў бежанцаў праз 18 эвакапунктаў складаў ад 7 107 да 4 867 чалавек у дзень, то па ўсіх эвакапунктах такі ўзровень страт прывёў бы да 450 памерлых за дзень (НАГБ г. Мінск, ф. 54, воп. 6, адз. зах. 24, арк. 22).
8 Рrzegląd statystyczny m. Grodna za lata 1922-1923, Grodno 1925, s. 97.
9 В. Карнялюк, Гістарычная дэмаграфія І сусветнай вайны: бежанства з заходніх губерняў Расійскай імперыі (1914-1917 гг.), „Віаłоruskіе Zeszyty Ніstorycznе”, Віаłуstok 1999, № 12, s. 22-44.
10 Бежанства 1915 года, с. 14, 47, 97, 103, 125, 178, 218, 270.
11 Там жа, с. 9, 11.
12 Пра падзеі рэвальцыі і грамадзянскай вайны ўспамінаюць, у прыватнасці: А. Пэршка, с. 247-249; П. Семянюк, с. 294-299; А. Іванюк, с. 113-116; Х. Іванюк, с. 117-120.
13 В. Грыневіч, На рэках Вавілону, „Спадчына”, 1994, с. 177-179.
14 Бежанства 1915 года, с. 304-310, 268-277.
15 Там жа, с. 104-105.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|