БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 18

Роля рымскай легенды ў фармаванні дзяржаўнай ідэалогіі 
Вялікага Княства Літоўскага

Семянчук Альбіна
(Гродна)

У сярэднявеччы пануючай формай ідэалогіі была рэлігія (адсюль важнасць прыняцця хрысціянства, рэлігійныя войны і г.д.). На мяжы сярэднявечча і новых часоў канчаецца манаполія царквы на калектыўную свядомасць, узнікаюць новыя формы ідэалогіі. У нетрах сярэднявечнага грамадства зараджаюцца тэндэнцыі, якія прывялі да фармавання новай грамадскай свядомасці. З’яўляецца і робіцца больш акрэсленай дзяржаўная дактрына. Усе еўрапейскія народы, якія асэнсавалі сябе як адзіную супольнасць, шукалі абгрунтавання сваёй еднасці, а таксама ўключалі сябе ў кола еўрапейскіх народаў. На пачатку працэсу гэта рабілася старымі сярэднявечнымі спосабамі — шукалі нейкіх легендарных продкаў і адпаведна афармлялі свае пошукі ў гістарычных нарацыях.

Сёння этнагенетычныя легенды (у тым ліку захаваныя ў польскіх хроніках і беларуска-літоўскіх летапісах) усё часцей робяцца прадметам даследаванняў гісторыкаў, якія вывучаюць грамадскую думку і свядомасць. Як пісаў Ян Маліцкі, „ацэнка ступені праўдзівасці этнагенетычных паданняў, уключаных у плынь гістарычнага апавядання, сведчыць аб вартасці ўсяго твору як верагоднага пераказу”1. Польскія хронікі, як і беларуска-літоўскія летапісы (у іх мы знаходзім рымскую легенду) — гэта не толькі помнікі гістарыяграфіі, але і гістарычныя крыніцы. Гісторык не мае права зневажаць аніводнае слова гістарычнай крыніцы. Нават яе маўчанне ёсць факт. Легендарныя і біблійныя разважанні, якія павінны былі сведчыць аб ступені эрудыцыі аўтараў, займаюць ледзь не чвэрць тэксту хронік М. Мяхоўскага, М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага і іншых храністаў ХVІ ст. Нельга пакідаць іх па-за ўвагай і з пункту гледжання крыніцазнаўчага. Хрэстаматыйным прыкладам таго, што эпанімічныя легенды часта маюць пад сабой рэальную глебу, можа служыць факт, што ў іх крыху ў скажоным, калі не сказаць казачным выглядзе, адлюстраваўся працэс вялікага перасялення народаў на чале з правадыром таго ці іншага племені (легенда аб Леху, Чэху і Русу і інш.).

Часта тое, што раней выкідвалася гісторыкамі на „сметнік”, атрымоўвалася годнае ўвагі. Гэта цудоўна прадэманстраваў расійскі навуковец А. С. Мыльнікаў у дзвюх сваіх кнігах, аб’яднаных адной назвай Карціна славянскага свету: погляд з Усходняй Еўропы. У першай кнізе ён бліскуча паказвае прычыны, сутнасць і наступствы з’яўлення так званых „навуковых” легендаў аб грамаце А. Македонскага славянам, аб Чэху і Леху і інш.2 На жаль, у манаграфіі не знайшла належнага адлюстравання легенда аб рымскім паходжанні літвінаў. Відаць, аўтар палічыў, што яна не мае дачынення да этнічных уяўленняў славянскага кампаненту народа Вялікага Княства Літоўскага і яго самаідэнтыфікацыі. Зрэшты, гэта распаўсюджаны погляд, які даўно ўкараніўся ў расійскай і беларускай савецкай гістарыяграфіі і, фактычна, ніколі не пераглядаўся.

У польскай гістарыяграфіі даўно і грунтоўна даследуюцца этнагенетычныя і іншыя „навуковыя” (тэрмін К. Тымянецкага) легенды. У першай палове ХХ ст. стаўленне да легендаў было вельмі крытычным, аднак пазней, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. з’явіліся глыбокія працы Я. Банашкевіча, Я. Маліцкага3 i iнш. Польскія ж навукоўцы выступілі ініцыятарамі вывучэння легенды аб рымскім паходжанні літвінаў. М. Захара-Ваўжыньчык меркавала, што ўпершыню аб горадзе Рамовэ і паходжанні літвінаў ад рымлянаў напісаў Пётр з Дусбурга ў сваёй Хроніцы Прускай зямлі з мэтай абгрунтаваць правы крыжакоў (якія лічылі сябе спадкаемцамі Imperium Romanum) на Літву як тэрыторыю, калісьці занятую рымскімі легіянерамі4.

Праўда, пазней гэтую гіпотэзу аспрэчыла іншая польская даследчыца Эльжбета Куліцка5, якая дастаткова пераканаўча паказала, што калі б крыжакі сапраўды хацелі абгрунтаваць падобным чынам свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, то зрабілі б гэта не так лаканічна і больш адкрытым чынам, у больш зручным месцы, напрыклад, пачынаючы апісанне агрэсіі на Літву. Далей нідзе ў Хроніцы Прускай зямлі слядоў легенды не знойдзена.

Няма іх і ў першым зводзе беларуска-літоўскіх летапісаў. З’яўляецца яна толькі ў другім зводзе, але ўжо ў дастаткова зграбным выглядзе, што можа сведчыць альбо аб яе больш раннім паходжанні, магчыма, ужо ў канцы XV ст., альбо аб штучным стварэнні яе ў этнічным літоўскім асяроддзі. Так, беларускі даследчык Ю. Заяц лічыць другі летапісны звод фальсіфікацыяй: „з яе дапамогай не толькі ствараецца перадгісторыя і ранняя гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, але і вырашаюцца яго актуальныя палітычныя праблемы. (...) Але акрамя гэтага фальсіфікацыя мела на мэце трансфармаваць гістарычную традыцыю, якая існавала на славянскіх землях гэтай дзяржавы, сказіць ці нават выкараніць памяць аб былой самастойнай магутнай дзяржаве — Полацкай зямлі”6.

Аднак мы не можам цалкам пагадзіцца з дадзенай думкай. Перапісчыкі-рэдактары летапісаў другога летапіснага зводу Вялікага Княства Літоўскага, які быў створаны на пачатку ХVІ ст. у ваколіцах Наваградка (прынамсі часткова) дэманструюць свой „літвінскі” патрыятызм (будучы пры гэтым часта праваслаўнага веравызнання) у абсалютна новых сацыяльна-палітычных умовах. Адбыліся значныя змены ў грамадскай свядомасці ВКЛ, дзе Полацкая зямля ўжо не адыгрывала вядучую ролю. Мы бачым, як трансфармуюцца летапісныя паведамленні ў залежнасці ад змен у палітычнай эліце: хутка пасля смерці Вітаўта робіцца неактуальнай так званая Пахвала Вітаўту; імя Гаштольдаў не выходзіць на першы план у першым летапісным зводзе, але робіцца самым папулярным у другім. Новы летапісны звод зафіксаваў палітычныя і ідэалагічныя рэаліі сярэдзіны XVI ст. Кансалідуючую ролю ў грамадстве, відаць, ужо адыгрывала і рымская легенда. Неўзабаве з’яўляецца хроніка Быхаўца, дзе ўзнікае постаць Міндоўга, якая адсутнічала ў старэйшых летапісах. Ён робіцца нашчадкам міфічнага князя Рынгальта і адным з заснавальнікаў новай (у адрозненні ад Полацкай зямлі) дзяржаўнай традыцыі. Так злучаюцца ў адзіную гістарычную нарацыю рэальныя падзеі і постаці з легендарнымі.

Цяжка запярэчыць Ежы Тапольскаму, які меў рацыю, вылучыўшы тры катэгорыі гістарычных з’яў, а менавіта: рэчаіснасць рэальную, якая існавала сапраўды, рэчаіснасць праўдападобную, якую аднаўляюць гісторыкі, і рэчаіснасць міфалагізаваную, якая мае месца таксама і ў працах многіх гісторыкаў ад сярэднявечча да нашых дзён. З апошняй і давядзецца нам мець дачыненне пры разглядзе рымскай легенды.

Заслуга канчатковага афармлення легенды аб рымскім паходжанні літоўскай знаці належыць Мацею Стрыйкоўскаму, хаця яна напэўна існавала яшчэ ў часы Яна Длугаша, калі ён ўзгадвае аб тым, што прусы, літвіны і жмудзіны „пад час пажару грамадзянскіх войнаў, якія адбываліся ў Італіі паміж Цэзарам і Пампеем, кінуўшы свае старыя мясціны прыбылі ў прыморскі край, дзе і сёння жывуць. Сядзібы свае заснавалі сярод пушчаў і пусташаў, абкружаных рэкамі, азёрамі і балотамі. Таксама накшталт Рыму заснавалі сабе галоўны горад Рамовэ і там памясцілі свайго вярхоўнага жраца”7. Длугаш у трох раздзелах гаворыць аб пачатках Літвы. Найважнейшы раздзел мае назву „Lithuanorum origo et cultus deorum, moresque veteres describuntur”8.

Усе польскія храністы, якія працягвалі Длугаша ў ХVI ст., так ці інакш узгадваюць аб рымскай легендзе літвінаў. Найбольш крытычна ставіўся да яе М. Бельскі, які нават не пераказвае яе на старонках сваёй хронікі, акрамя згадкі аб міфічным князі Літаоне, пра якога таксама пісалі Ян Длугаш і Мацей з Мяхова. Упершыню аб Публіі Лібоне піша М. Кромэр, але крытычна. Так ці інакш храністы толькі зафіксавалі ўжо існуючую міфалагему.

Сапраўды трэба лічыць, што легенда аб рымскім паходжанні літоўскай знаці была адмыслова створана ў літоўскім асяроддзі напрыканцы ХV ст., калі этнічныя літоўцы адыгрывалі вядучую ролю ў дзяржаўнай структуры ВКЛ. Ад рымлянаў выводзілі свае роды Гаштольды, Давойны, Манівіды, Гедройці, Кежгайлы, князі Гальшанскія ды іншыя. Даследчыкі пагаджаюцца, што аўтарамі, альбо лепей сказаць натхніцелямі другога летапіснага зводу былі Гаштольды9. Ян Якубоўскі звярнуў увагу на тое, што нават з назвы яго — Летописецъ Великого князьства Литовъского и Жомоицьского — знікла слова „Рускага”, таксама як і гісторыя Русі.

Як ужо гаварылася, у стварэнні канчатковага варыянта рымскай легенды не апошнюю ролю адыграў Мацей Стрыйкоўскі. Ён паслядоўна сканструяваў яе на падставе 1) Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага; 2) Аналаў Я. Длугаша (не непасрэдна паводле Длугаша, а ўслед за Мехавітай) і Хронікі палякаў М. Мяхоўскага; 3) Гісторыі Польшчы Марціна Кромэра; 4) магчыма, як меркаваў А. І. Рогаў, г.зв. Sudauer bühlein, створанай ў 20-я гг. ХVI ст., перапрацаванай Паўлам Сператусам і Георгам Поленцам і выдадзенай ў 1530 г.10; 5) часткова Хронікі Прускай зямлі Дусбурга; 6) а таксама, верагодна, вуснай традыцыі, якая існавала ў тыя часы.

Калі ў Длугаша і Мяхоўскага легенда прысутнічае яшчэ ў аморфным выглядзе, то ў Кромэра і Стрыйкоўскага яна выступае як закончаная нарацыя. Неаднаразова звярталася ўвага на тое, што гэтай легендай Стрыйкоўскі выконваў пэўны сацыяльны заказ11. Пасля заключэння Люблінскай уніі важна было ідэалагічна падмацаваць новы саюз. Перад Стрыйкоўскім стала задача аб’яднаць на першы погляд немагчымыя рэчы.

Рымская легенда, якая ўжо была шырока распаўсюджаная ў ВКЛ, па сутнасці сваёй была супрацьлеглай сармацкай тэорыі палякаў. Апошняя паўстала ў ХV-ХVІ стст. Зноў жа Длугаш, а потым Мехавіта прычыніліся да стварэння адмысловай тэорыі паходжання славян, у прыватнасці палякаў, ад старажытных сарматаў, гэта значыць з Усходу. У тагачасных творах падкрэсліваліся мужнасць і адвага сармацкіх ваяроў у барацьбе з рымлянамі. Рымская ж легенда літвінаў наадварот дэкларавала паходжанне іх ад рымлянаў, з Захаду: „Мы суць шляхта старая рымская, а палякі людзі простыя”. Літвіны ахвотна пераймалі заходнія ўзоры культуры, у тым ліку права. Так, шляхта польская не прызнавала рымскага права, бо гэта права цэсарскае. Літвіны ж наадварот ахвотна перанялі нормы рымскага права ў другім Статуце 1566 г., чым зрабілі аграмадны крок наперад у сваім грамадскім і цывілізацыйным развіцці. У цэлым можна гаварыць аб антыпольскай накіраванасці рымскай легенды, хаця ў пэўным сэнсе больш востра яна была накіраваная супраць Вялікага Княства Маскоўскага, якое ў гэтыя часы было галоўным ворагам ВКЛ, таму апошняе імкнулася дыстанцыравацца ад першага. Гэтая акалічнасць адыграла важную ролю ў інтэграцыі ўсіх сацыяльных слаёў ВКЛ.

Міхалон Літвін у сваім трактаце Аб норавах татар, літвінаў і маскавітаў свядома абраў мадэль паходжання ад Юлія Цэзара (манархічную) у адрозненне ад мадэлі паходжання ад Пампея (рэспубліканска-арыстакратычнай). Праўда, ён ужо адкінуў легенду аб Палямоне. Літва, паводле Міхалона Літвіна, гэта правінцыя, заваяваная Цэзарам. Гэта была перафарбоўка старой легенды адпаведна новым палітычным рэаліям. Напярэдадні аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім разгарэлася палеміка аб перавагах палітычнага ладу ў абедзвюх краінах. У адказ на завостраныя творы С. Ажахоўскага Дыялогі аб экзэкуцыі і Quincunx з’яўляецца ананімная Размова Паляка з Літвінам, аўтар якой падкрэслівае, што літоўскія князі атрымоўваюць уладу ў спадчыну, а не ў выніку выбару. Польскае ж каралеўства ператвараецца ў алігархію, і свавольства польскіх паноў перашкаджае заключэнню уніі. Аднак характэрна, што стваральнік Размовы (даследчыкі прыпісваюць яе пяру віленскага войта Аўгустына Ратундуса, сябра і дабрадзея Мацея Стрыйкоўскага12), схіляецца да арыстакратычнай мадэлі паходжання літвінаў ад Пампея, што дадае істотны штрых да грамадскай сітуацыі ў ВКЛ у сярэдзіне — другой палове ХVІ ст. і ролі ў ёй рымскага элементу ва ўмовах падрыхтоўкі да уніі Кароны і Вялікага Княства.

Можна сцвярджаць, што ў супрацьстаянні Кракаву і Маскве эліце ВКЛ важны быў факт паходжання ад рымлян, усё астатняе паступова з цягам часу стала няважна. Так, спачатку стваральнікі легенды, Гаштольды, падкрэслівалі, што перасяленцы з Рыма на чале з Публіем Лібонам высадзіліся на бераг пасля доўгага падарожжа ў тым месцы, дзе рака Дубіса ўпадае ў раку Нёман. А гэта старажытны дамэн Гаштольдаў. Але пасля таго, як выгас род Гаштольдаў, гэты факт стаўся няважным. Затое важнай стала навацыя, унесеная ў легенду Мацеем Стрыйкоўскім.

Спачатку ў легендзе гаварылася, што новапрыбылыя падарожнікі „над Дубисою и над Немном, и над Юрою, там ся поселили и почали розмноживатися”. Стрыйкоўскі ж добрасумленна пераказаўшы абодва варыянты легенды (розніца тычыцца часу пераезду Палямона — у панаванне Нерона, у 1 ст. н.э., альбо Атылы, у 401 г. н.э.) зрабіў істотнае дапаўненне да першапачатковага яе варыянту. Як сапраўдны навуковец эпохі Рэнесансу, ён прывёў шэсць прычын прыходу Палямона ў Літву (між іншым, перавагу аддае часу войнаў Цэзара з Пампеем). Каб больш верагодна і навукова выглядала карціна іх прыбыцця, Стрыйкоўскі піша: „Так літоўскія італьянцы з Лібонам, альбо Палямонам, правадыром і князем сваім, прыплыўшы ў тыя незнаёмыя берагі, доўга туляліся па няпэўных мясцовасцях, пакуль першыя тутэйшыя жыхары з народу готаў і гепідаў (якіх Эразмус Стэла ў гісторыі Прускай заве абарыгенамі), людзі простыя і грубыя, без законаў, без кіраўніцтва” (1, с. 79) не сустрэліся на іх шляху. „З тых жа італьянцаў і з гэтых ваяўнічых готаў жмудзкая і літоўская старадаўняя шляхта (...) мае свой вывад, а простыя людзі і чэрнь з старых гепідаў, судавітаў і літалянаў альбо аланаў мужных” (1, с.80). Такім чынам, аланы, народ ваяўнічы і мужны, падобны да старажытных сарматаў, таксама стаў продкам літвінаў.

Палітычная альтэрнатыва ўвасобілася ў этнічную і культурную. З лёгкай рукі Мацея Стрыйкоўскага рымская легенда мусіла аб’яднацца з сармацкай тэорыяй палякаў і ператварыцца ў дзяржаўную ідэалогію Рэчы Паспалітай.

Застаецца пытанне: якое дачыненне беларусы мелі да рымскай легенды, ці ўдзельнічалі яны ў стварэнні яе і рэалізацыі ідэалагічнай праграмы, якую яна ўвасабляла.

Можна сцвярджаць, што, калі на досвітку Вялікага Княства Літоўскага ў культуры гэтага новага дзяржаўнага ўтварэння вядучую ролю адыгрывала беларуска-праваслаўная састаўляючая, то ў ХVІ ст. яна страціла сваё значэнне. Змешаны этнічны склад палітычнага народа ВКЛ прычыніўся да таго, што літоўская (паводле нацыянальнага сэнсу) дамінанта рымскай легенды саступіла месца палітычнай дамінанце.

Аднак да ХVIII ст. рымская легенда працягвала існаванне ў грамадскай свядомасці ВКЛ, аб чым можа сведчыць захаванне яе ў Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай, створанай у ХVІІІ ст., і іншых творах таго часу.


1 J. Malicki, Mit początku narodu a świadomość etniczna. XVI-wieczne polemiki o pradziejach Polski, Litwy i Śląska, [w:] Między Wschodem a Zachodem, cz. II, Piśmiennictwo pogranicza. Dzieje Lubelszczyzny, t. VI, Warszawa 1991, s. 30.

2 А. С. Мыльников, Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Этногенетические легенды, догадки, протогипотезы ХVI — начала XVIII века, Санкт-Петербург 1996; яго ж, Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности XVI — начало XVIII века, Санкт-Петербург 1999.

3 K.Tymieniecki, Kształtowanie się społeczeństwa średniowiecznego (Polska na tle Słowiańszczyzny zachodniej), t. II, Społeczeństwo Słowian lechickich (Ród i plemię), red. J. Strzelczyk, Poznań 1996, s. 25-27; J. Malicki, Mity narodowe. Lechiada, Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk—Łódź 1982; J. Banaszkiewicz, Polskie dzieje bajeczne Mistrza Wincentego Kadłubka, Wrocław 1998.

4 M. Zachara-Wawrzyńczyk, Geneza legendy o rzymskim pochodzeniu Litwinów, „Zeszyty Historyczne Uniwersytetu Warszawskiego”, t. III, 1963, s. 5-35.

5 E. Kulicka, Legenda o rzymskim pochodzeniu Litwinów i jej stosunek do mitu sarmackiego, „Przegląd Historyczny”, nr 1 (1980), s. 1-21.

6 Ю. А. Заяц, История Белорусских земель Х — первой половины ХIII в. в отображении летописей и хроник Великого княжества Литовского, „Гістарычна-археалагічны зборнік”, Мінск, № 12, 1997, с. 90-91.

7 Polska Jana Długosza, Warszawa 1984, s. 477.

8 Joannis Dlugossi seu Longini Canonici Cracoviensis, Opera omnia, XII, 470-472; 473-475; X, 151-152.

9 Н. Н. Улащик, Введение в изучение белорусско-литовского летописания, Москва 1985, с. 162.

10 А. И. Рогов, Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения (Стрыйковский и его Хроника), Москва 1966, с. 129.

11 J. Bardach, Maciej Stryjkowski i jego twórczość w świetle najnowszych badań, [w:] Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego (XIV-XVII w.), Białystok 1970.

12 M. Baryczowa, Augustus Rotundus Mieleski pierwszy historyk i apologeta Litwy. Z dziejów polskiej kultury umysłowej w XVI wieku, Ossolineum 1976, s. 77-154.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія