БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 18

Жыццё і смерць Рамана Скірмунта 
(паводле вусных успамінаў жыхароў Піншчыны1)

Алесь Смалянчук
(Гародня)

Жыхары вёскі Парэчча Пінскага раёна і навакольных вёсак захоўваюць памяць пра Рамана Скірмунта. Ягонае жыццё ў міжваенны час прыцягвала да сябе вялікую ўвагу мясцовых сялянаў, а трагічная смерць у кастрычніку 1939 г. стала падзеяй, якая моцна ўразіла практычна ўсіх. Многія і сёння без хвалявання не могуць распавядаць пра ягонае забойства.

Амаль усе суразмоўцы згадвалі Рамана Скірмунта вельмі добра. Распавядалі, што „пан” сам шмат фізічна працаваў. Сяляне бачылі, як уладальнік маёнтка пілаваў крывыя дрэвы, абразаў або абрубаў сухія галіны дрэваў у лесе і ў парку: „Памешчык кожны дзень на работу выязджаў. У яго быў тапорык, пілачка была. Ён працаваў, не то што якія...”2 (Хведар Лукашык, 1922 г. нар.).

Парк з’яўляўся прадметам асаблівай увагі Рамана Аляксандравіча, які сам заснаваў яго яшчэ на пачатку XX ст. Гэта быў парк у англійскім стылі, які не меў дакладна пазначаных межаў і стаўся неад’емнай часткай навакольнага ландшафту. Яго перасякалі каналы з перакінутымі праз іх і выгнутымі ў дугу мосцікамі. Галоўная алея, якая цягнулася з поўначы на поўдзень і ўкліньвалася ў прылеглы лес, дзяліла парк на дзве часткі. Найбольш цікавай была заходняя, перарэзаная дзесяткамі шляхоў і сцежак, большасць з якіх вяла на бераг ракі. Тут былі пасаджаны дубы, трохі ясеняў, клёнаў і вязаў, раслі шматлікія экзатычныя віды, як, напрыклад, цюльпанавае дрэва, балотны кіпарыс, лістоўніца Кэмпфера, піхты, чырвоныя дубы, канадскія яліны і яліны Энгельмана і інш. Усяго звыш 30 відаў дрэў. Усе дрэвы мелі таблічкі з дакладнай батанічнай назвай. У парку жылі розныя віды жывёл і балотных птушак, для якіх будаваліся спецыяльныя хаткі. Парк упрыгожвала сажалка з невялікім астраўком. Тут разводзілі рыбу. Ад Ясельды яе аддзяляла дамба, а вада качалася з дапамогай ветранога рухавіка, які называлі „жураўлём”. „Там было красіво, жывая прырода была” (Х. Лукашык). Раман Скірмунт любіў адпачываць у парку. Найчасцей яго можна было ўбачыць на лаўцы каля вялікага каменя на перакрыжаванні некалькіх сцяжынак.

Адначасна парк быў месцам добрага заробку для парэчан. Працавалі пераважна па ўпарадкаванню (чысцілі сцяжынкі, рубілі сухастой ды інш.). Зараблялі 1 злоты ў дзень (Павел Рак, 1917 г. н.).

Значна лепшыя заробкі былі ў работнікаў суконнай фабрыкі і спіртзавода. У міжваенны час Парэчча перастала быць тым прамысловым цэнтрам, які стварыў яшчэ Аляксандр Скірмунт. Прамысловасць Парэчча моцна пацярпела падчас першай сусветнай вайны. Лінія фронту праходзіла ў адлегласці 3-5 км. У 1915 г. немцы вывезлі ўсё абсталяванне суконнай фабрыкі. Адраджаць прамысловасць у былым аб’ёме ўладальнік маёнтка не стаў. Хоць мажлівасць была. Аднойчы прыехала група нямецкіх прадпрымальнікаў, якія прапанавалі цалкам адбудаваць суконную фабрыку. Раман Скірмунт адмовіўся, нібыта заявіўшы: „Раз забралі, то не хачу болей, каб і будавалі” (Анастасія Вакульчык, 1911 г. н.). Тым не менш пазней за ўласныя сродкі ён аднавіў вытворчасць сукна і спірту.

Павел Клімовіч (1925 г. н.) сцвярджаў, што рабочыя (г.зв. „хабрыканты”) зараблялі па 10 злотых і 80 кг зерня ў месяц. Яўгенія Цудзіла (1915 г. н.) казала, што дадаткова „хабрыкантам” давалі соткі пад бульбу, дазвалялі трымаць свіней і кароў. Жылі яны ў спецыяльна збудаваных (магчыма яшчэ Аляксандрам Скірмунтам) двухпавярховых цагляных дамах. Парэчане сцвярджалі, што заробкаў „хабрыкантаў” хапала на тое, каб жонкі работнікаў працавалі толькі ў хаце. Рыгор Цудзіла (1913 г. н.), які працаваў у маёнтку „хлебапашцам”, меў заробак на ўзроўні работнікаў фабрыкі. Апроч таго Р. Цудзіла атрымаў зямлю „пад бульбу” і штомесяц меў квіток на дровы (1 воз).

Але хіба найвялікшыя заробкі ў маёнтку меў Мікалай Куцко (1911 г. н.), які быў шафёрам. Ён працаваў на „фордзе” парэцкага ксяндза і з яго дазволу часцяком вазіў Р. Скірмунта. Звычайныя маршруты — гэта Моладава і Пінск. У Пінску Р. Скірмунт спыняўся ў атэлі яўрэя Турка. А потым чыгункай ехаў далей — у Берасьце або Варшаву. Недзе ў 1935 г. Р. Скірмунту прывезлі з Прыбалтыкі „бьюік”.

Былы шафёр згадваў, што Р. Скірмунт ніколі не садзіўся побач з ім („шафёр для яго як кучар быў”). Па прыездзе шафёр выходзіў першы, адчыняў дзверы. Р. Скірмунт заўсёды дзякаваў: „Вынашу чамаданы і толькі чую — нешта шморг у кішэню. Гляжу злотыя. Заўсёды даваў 2-5 зл.”

Асноўны заробак М. Куцко ў Скірмунта складаў 100 злотых у месяц. Апроч таго ўладальнік Парэцкага маёнтка даў яму кватэру ў Парэччы, забяспечваў харчаваннем і аддзеннем, нарэшце, выдзяліў 8 га зямлі. На „бьюіку” М. Куцко працаваў нядоўга, бо Р.Скірмунт узяў на працу немца Мэля. Апошняму прыйшлося вазіць і бальшавікоў. Аднойчы паламалася вось, дык немца ледзь не расстралялі: „Як пана вазіў усё добра было, а ў нас дык ламаецца”.

Зайздрасці парэчане да работнікаў маёнтка не адчувалі. Тыя мелі грошы, але не мелі зямлі. Хоць, як сцвярджаў П. Клімовіч, Р. Скірмунт раздаваў зямлю тым, хто ў яго працаваў, і прадаваў яе сялянам. Іншым разам рабіў шчодрыя падарункі (напрыклад, на вяселле) і парэцкім сялянам. Але не ўсім. Па словах Лізаветы Япішкі (1927 г. н.) яе бацька (Цярлецкі), які часта вывешваў чырвоны сцяг і выступаў супраць Скірмунта, зямлі не атрымаў. Калі прыйшоў у палац з просьбай пра зямлю, пачуў у адказ: „Я ўсім не надаюся”. Тая ж Л. Япішка, якая была актыўнай кмуністкай і ў 60-70-я г. асабіста спілоўвала прыдарожныя крыжы, прызнала ў размове, што Р. Скірмунт „быў прагрэсіўны памешчык”.

Паводле аповедаў да сялян Раман Аляксандравіч ставіўся вельмі добра. Павел Рак: „Скірмунт заўсёды дапамагаў людзям”. Рыгор Цудзіла: „Харошы быў чалавек. Я яго цалую ў руку, а ён мяне — у галаву”. Мікалай Куцко: „Скірмунт быў добры чалавек. Ён пахаваў у сваім маёнтку пляменніка Генрыка. Той быў самагубцам з-за дзяўчыны, а моладаўскі Генрык Скірмунт прыдуркаваты не дазволіў хаваць у Моладаве”. Людзі згадвалі, што часта вітаўся першым, аказваў дапамогу асабліва для будаўніцтва, дазваляў касіць траву („даваў сенакос”), рабіў падарункі на святы, „пагэтаму людзям вельмі падабалася ў яго працаваць, і яны ніколі ад яго не ўходзілі” (Марыя Нікалайчык, 1920 г. н.).

Цікава, што адносіны Рамана Скірмунта да сялян часта параўноўваліся суразмоўцамі з паводзінамі „моладаўскага пана”. Параўнанне заўсёды было на карысць Рамана Аляксандравіча: „У Моладаве быў худшы пан. Бывае і сабакамі нацкуе” (Р. Цярэшка) або „Моладаўскі пан лесу не даваў, нават пагарэльцам. Казаў, што знарок хату спалілі” (Х. Лукашык). Моладаўскім маёнткам напрыканцы 30-ых гадоў кіраваў Генрык Скірмунт. У маёнтку таксама жыў Канстанцін Скірмунт, былы міністр замежных справаў ІІ Рэчы Паспалітай. Ён часта хварэў і ў справы маёнтка не ўмешваўся.

„Трапіць да пана Скірмунта было проста, — распавядаў Рыгор Цярэшка (1932 г. н.). — Пастукаемся і зойдзем. Не тое, што зараз. Не дабрацца да якога прэдсэдацеля. А тады: „Паночку, так і так, дзело ёсць”. І ён дапамагаў. Ён в последнее врэмя ці што чустваваў, але хацеў раздаці мужыкам зямлю. Аказваецца не дала яму гэта зрабіць новая ўлада”. Версію пра зямлю пацвердзіла Анастасія Вакульчык, якая між іншым распавяла, што напрыканцы 30﷓х гг. Раман Скірмунт пачаў надзяляць сялян зямлёй. Часта гэта рабілася, як вясельны падарунак „маладым”.

Старэйшае пакаленне парэчан перакананае, што Р. Скірмунт збіраўся ўсю сваю зямлю аддаць сялянам, і за гэта яго моцна не любілі ў Варшаве. Павел Клімовіч: „У Варшаве яго хацелі забіць, бо раздаваў зямлю сялянам”. Яўгенія Цудзіла заявіла, што Скірмунта ў Сенаце хацелі скінуць з балкона за тое, што збіраўся раздаць зямлю сялянам. Дарэчы, пра сенатарства Р. Скірмунта ведалі ўсе. Хведар Хвісюк: „Ён быў сенатар, але не за грошы, а проста так, бо разумны”.

Усе суразмоўцы адзначалі, што Раман Скірмунт размаўляў з сялянамі па-беларуску: „Па-нашаму” (Вольга Чугай, 1910 г. н.); „Па-простаму” (А. Вакульчык); „Гаварыў па-простаму более-менее, трошкі па-польску, як пан” (Р. Цярэшка); „Па-мужыцку” (М. Куцко).

Людзі распавядалі, што Р. Скірмунт рэгулярна хадзіў да касцёла. Быў праціўнікам перамены веравызнання. У прысутнасці Паўла Клімовіча асудзіў пераход з праваслаўя ў каталіцызм, заявіўшы: „Якім нарадзіўся, такім і памірай”. Павел Рак згадаў, як Скірмунт абазваў „дураком” рабочага, які перайшоў у каталіцызм. Людзі казалі і пра тое, што „пан” ніколі не парушаў „святочнага рэжыму”, г.зн. што ў святочныя і для каталікоў, і для праваслаўных дні ён не працаваў. Павел Клімовіч: „Адна жанчына ў каталіцкае свята пайшла жаць, дык выклікаў жаўнераў, і яе прагналі з поля”.

Калі напрамую пыталіся ў людзей, якой нацыянальнасці быў Скірмунт, суразмоўцы заўсёды мелі праблемы з адказам. Часцей адказвалі так, як адказаў, напрыклад, Павел Рак: „Скірмунт паляк, бо хадзіў у касцёл”. А вось Рыгор Цудзіла пасля працяглага роздуму выказаў меркаванне, што Скірмунт быў татарынам.

Адной з найбольш цікавых знаходак былі звесткі пра асабістае жыццё Р. Скірмунта. Як вядома, ён не ажаніўся і не меў дзяцей ад шлюбу. Але каханне, безумоўна, было ў ягоным жыцці. Размовы з жыхарамі Парэчча дазваляюць казаць, што на працягу доўгага часу значнае месца ў жыцці вядомага палітыка і грамадскага дзеяча займала Кацярына Цярэшка (Цярэшчанка?): „Баба красівая была. Самы гады такі пад яго... То засакрэчана любоў” (Марыя Кучынская, 1919 г. н.). Муж Кацярыны памёр у 1915 г.

На парэцкіх могілках мы адшукалі магілу мужа. Яна захавалася толькі дзякуючы таму, што помнік быў зроблены з каменя. Дарэчы, гэта была самая старая магіла. На помніку прачыталі: „Роман Терешко. 1875-1915. Блажени чисти сердцем яко им Бога узреть”. А на іншым баку пад імхом знайшлі надпіс, які засведчыў дачыненне Р. Скірмунта да гэтага помніка: „Pamięci Romana Tereszki. Druha wiernego Romana Skirmunta poświęcam”.

У 20-я г. удава ўжо пастаянна жыла ў маёнтку. Людзі распавядалі пра чатырох сыноў Кацярыны — Аляксандра (Олеся), Рамана, Уладыслава і Пятра (Петруся). У вёсцы казалі, што гэта сыны Рамана Скірмунта. Мікалай Куцко на пытанне, чаму ён так лічыць, адказаў проста: „Падобныя як партрэты”. І дадаў: „Калі змрок западае, Цярэшка хустку на галаву і сама бяжыць да яго”.

Олесь, старэйшы з братоў, ажаніўся з дзяўчынай з Парэчча, якую называлі „камуністкай”, бо аднойчы ў нейкай справе яна выступіла супраць Скірмунта. Пасля вяселля Олесь прыйшоў прасіць лес на будоўлю хаты. Але нічога не атрымаў. Раман Скірмунт быў моцна незадаволены шлюбам: „Я ж табе казаў: Не бяры Гэлю” (Р. Цярэшка). Маладыя перабраліся ў суседнюю вёску Тышкавічы, знайшлі сабе жыллё. Олесь наладзіў кузню, жонка аказалася неблагой краўчыхай. А Раман Скірмунт, калі даведаўся, што жывуць яны добра, сам прапанаваў Олесю ўзяць лес на пабудову ўласнай хаты. Гэты эпізод сведчыць пра нетыповы характар адносін паміж Раман Скірмунтам і Олесем (Аляксандрам) Цярэшкам.

Лёс сыноў Кацярыны Цярэшкі склаўся па-рознаму. Олесь памёр яшчэ ў 30-я гг. Раман быў арыштаваны НКВД у 1939 г. і загінуў у Сібіры. Яго нібыта перавозілі ў баржы на Сахалін, ды і затапілі тую баржу разам з людзьмі (Рыгор Цярэшка). Петрусь у час вайны служыў у паліцыі. Адступіў разам з немцамі. Потым у Польшчы быў арыштаваны і вывезены ў Сібір. Магчыма, застаўся жыць у Расіі.

Гісторыя кахання пана Рамана і Кацярыны Цярэшкі, якую атрымалася аднавіць падчас першай экспедыцыі, страціла свой рамантычны арэал падчас другой. Мы даведаліся, што К. Цярэшка не была адзінай жанчынай Р. Скірмунта. Ала Сцепанюк (1934 г. н.) распавяла, што яе родны дзядзка Рыгор Кучынскі таксама быў сынам пана Рамана. На сямейным судзе бабуля прызналася: „Я ж рабіла, каб вам было лепей” (А. Сцепанюк).

Мы здолелі натрапіць на след пэўнага „легендарнага эпосу”, звязанага з асобай уладальніка Парэцкага маёнтка. Людзі распавядалі, што Р. Скірмунт мог спыніць пажар: „У Чамярыне гарэла хата. Ён пажар абег, і ўсё... Пажар далей не пойдзе. Ахвяраў няма. А што ён знаў, я не знаю” (Х. Лукашык); „Калі адбываўся пажар, то Скірмунт сам выязджаў туды. Заўсёды абыходзіў пажарышча, і агонь далей не ішоў. Людзі цікавіліся ягоным сакрэтам, але ён нікому гэтага не казаў” (М. Нікалайчык); „Іконы здымаў і абыходзіў пажар. Нешта знаў такое” (Р. Цярэшка); „Знаў нешта супраць пажараў” (П. Клімовіч); „Некалі, я вам скажу, хлеў загарэўся. І пайшло, і пайшло гарэць. І прыехаў пан, стаў, рукі злажыў — і сціхло. Вецер прыціх. Ціхэнько, ціхэнько...” (А. Вакульчык).

Апошнюю паслугу жыхарам Парэчча Р. Скірмунт аказаў у верасні 1939 г., калі ўжо ішла вайна. Людзі распавядалі, што група парэцкіх мужыкоў, калі ўбачылі здаля браніраваны цягнік з салдатамі, пайшла іх сустракаць з чырвоным сцягам. Але аказалася, што гэта быў польскі атрад, які распачаў стральбу па „ветлівых” гаспадарах. Мужыкі разбегліся. Некалькі чалавек было паранена. Расправы з вёскай не дапусціў Раман Скірмунт, які пераканаў камандзіра атрада, што парэцкія мужыкі такога зрабіць не маглі: „Не трогайце паріччан!” (М. Кучынская); „Кажа: Гэта маі людзі. Оні гэтаго не рабілі” (А. Вакульчык).

Праз некалькі дзён прыйшла савецкая ўлада. Раман Скірмунт разам з мужам сястры Алены, Баляславам Скірмунтам, быў арыштаваны. Дапамогі ад людзей ён не дачакаўся. На пытанне, чаму ж Раман Скірмунт не з’ехаў, Марыя Кучынская адказала: „Быў пэўны на свой народ, бо він яго не обіжаў. Ён мог уцячы, але думаў, што прыйдуць саветы і разбяруцца”. Яна ж распавяла, як паводзіў сябе Раман Аляксандравіч пасля арышту: „Ён хацеў так: Я ведаю, што ўжо не памешчык, такі ж рабочы, як і ўсе. Я буду рабіці, але трэба, каб прыйшло начальства... Ну, ідзіце, забірайце ўсё маё багацце. Но работайце. А я пасматру, як вы будзеце рабіць. Маладнякі шчэ ж вы, ніц не знаеце”. Спадзяванне Рамана Скірмунта на з’яўленне высокага начальства, ягоныя надзеі на размову з гэтым начальствам пацвярдзілі і іншыя суразмоўцы. Але гэтага спаткання не адбылося. „Начальства” (камісары Холадаў, Кавалёў і Маскалёў) сапраўды з’явіліся, але сустракацца з Р. Скірмунтам і не збіраліся. Падобна на тое, што менавіта яны (часцей суразмоўцы згадвалі Холадава) і загадалі забіць уладальніка маёнтка (Хведар Хвясюк, 1920 г. н., А. Вакульчык).

Забойству папярэднічаў агульны сход. Пра яго распавёў М. Куцко: „У 39 г. саветы сабралі суд: Што будзем рабіць са Скірмунтам? Некаторыя вяскоўцы казалі, няхай ён ідзе да сваіх лакеяў на калонію і няхай яны яго кормяць. Другія казалі, што трэба выдзяліць яму пакой у палацы. Няхай там і жыве. Ніхто не хацеў забіваць. Тады выступіў камісар Холадаў:

— Вы не знаете, што такое помещик, а мы знаем. Он и конюхом работать может, но возьмёт хлев закроет, падпалит, телёнка на плечи, бежит и кричит „Спасайте!” По-моему таким как Скирмунт не должно быть места на земле”.

Сярод парэчан знайшліся людзі, якія выканалі злачынны загад. Суразмоўцы асуджалі іх: „А між людзьмі ўсякі ёсць. Е падхалімы такі” (Р. Цярэшка); „Людзі, што забілі Скірмунта, былі гулякамі, любілі выпіць, пагуляць” (Х. Хвясюк) . Калі Рамана і Баляслава Скірмунтаў вялі на смерць, нехта з парэчан паспрабаваў заступіцца: „Што вы робіце? Куды вы яго вядзеце?” І пачуў у адказ: „Маўчы, бо і табе гэта будзе шчэ!” (А. Вакульчык). Марыя Нікалайчык згадала, што калі Р. Скірмунта вялі забіваць, то мясцовыя жыхары плакалі, а „пан” казаў: „Я з вамі развітваюся назаўсёды. Спадзяюся, што нікому не зрабіў кепскага”. У адказ на пытанне, чаму ж вы не абаранілі чалавека, людзі разводзілі рукамі і адказвалі прыблізна так: „А як жа абароніш? Нічога не зробіш!” (М. Кучынская).

Кажуць, што перад смерцю Раману Скірмунту загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: „Я ад людзей адварочвацца не буду”. І, быццам бы, дадаў: „Я б вам не саветаваў гэта рабіць, бо вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады”. У аднаго з забойцаў (Ткачук) нават ружжо з рук выпала (А. Вакульчык). Але камісарскі загад быў выкананы. Адным з выканаўцаў быў Лукашык (прозвішча „Салавей”). Пасля забойства ён зняў з рукі Р. Скірмунта залаты гадзіннік і доўга насіў яго.

І толькі пасля смерці Р. Скірмунта людзі адчулі страту: „І нашто забілі пана? Нашто? Ён бы прэдседацелем быў бы ў нас. Ён быў звязаны з Масквой, з усімі. Прыйдзеш да яго, няма ў цябе чаго, што папросіш — дасць. Ён не адказваў. Жэнішся — і поля троху ўрэжа” (М. Кучынская). Паводле Р. Цудзілы, людзі плакалі, калі даведаліся пра забойства.

Пазней, ужо ў часы нямецкай акупацыі прах Рамана і Баляслава Скірмунтаў быў перазахаваны. З месца забойства (г.зв. „Коранеўскі лес”) целы забітых перавезлі ў парэцкі парк, дзе і пахавалі: „Было ўрачыстае пахаванне, але людзі баяліся выходзіць з дому. Глядзелі праз акенца. Ужо потым усе хадзілі да магілы” (М. Кучынская).

У верасні 1939 г. побач у Моладаве ўзброены атрад напаў на палац Скірмунтаў. Генрыка Скірмунта і яго сястру Марыю забілі. Ніна Шаталава (1927 г. н.) распавяла, што перад смерцю Генрык звярнуўся да забойцаў: „Мяне ўбівайце, мяне ёсць за што... А яна ж [Марыя — А. С.] была добрая да вас”. Людзі сапраўды згадвалі, што паважалі Марыю, хадзілі да яе за лекамі. Яна дапамагала і грашыма. Але забойцы не мелі літасці. У жывых застаўся толькі стары гаспадар Моладаўскага маёнтка Канстанцін Скірмунт. У гэты момант ён быў цяжка хворы, прыкаваны да ложка. Відаць, забойцы вырашылі, што гэты „пан” вось-вось памрэ сам.

У 1939 г. распачаліся таксама рабункі скірмунтаўскіх маёнткаў. У Моладаве апроч палаца разрабавалі родавыя могілкі. Н. Шаталава згадала, што гэта рабілі не мясцовыя жахары, а зняволеныя, якіх прывезлі з усходу Беларусі дзеля будаўніцтва ваеннага аэрадрома. Па яе словах, менавіта яны разбівалі помнікі, раскопвалі магілы, шукаючы „скарбаў”. Пасля вайны гэтую справу працягваў дырэктар мясцовай школы: „А пасля наш дырэктар. Ён некі тожэ быў прыдурак. Разам з вучнямі выкапалі маладую жанчыну ды каля касцёла паставілі. Ды я нават хадзіла, сварылася... То яе назад потым паклалі” (Н. Шаталава).

Пасля рабунку ў Моладаўскім палацы зрабілі калгасную сядзібу, а ў касцёле — краму. Канчаткова і Моладаўскі, і Парэцкі палацы былі зруйнаваны падчас ваенных дзеянняў савецка-германскай вайны. Прычым, у 1943 г. партызаны ў Парэччы забілі апошнюю ўладальніцу маёнтка — сястру Рамана Алену Скірмунт. Напад адбыўся ўначы. Пасля працяглага бою (у палацы апроч уладальніцы знаходзіліся чацвёра нямецкіх леснікоў) партызаны ўварваліся ў палац. Алену Скірмунт і немцаў захапілі і пасля страшэнных здзекаў забілі. Па словах Яўгеніі Балакіравай (1930 г. н.), Алена прыняла пакутніцкую смерць.

Парэцкі палац быў разрабаваны яшчэ ў 1939 г. Архіў і бібліятэка Скірмунтаў, у якой, па словах М. Куцко, былі тысячы кнігаў, загінулі. Яе лёс высветліць не ўдалося, але, судзячы па амаль агульнаму маўчанню парэчан, многія кнігі і дакументы апынуліся ў вясковых хатах. Толькі М. Куцко прызнаўся, што падчас рабунку прынёс дахаты некалькі кніжак. Амаль усе яны загінулі, калі новы гаспадар, баючыся за ўласны лёс (пасля забойства Р. Скірмунта), закапаў іх у зямлю. Адзіную захаваўшуюся кнігу (М. Грушевский, Киевская Русь, том І, Санкт-Петербург 1901) ён паказаў не без моцных ваганняў.

Напачатку 90-х г. магілы Рамана, Баляслава і Алены Скірмунтаў у Парэччы, Марыі і Генрыка Скірмунтаў у Моладаве былі адноўлены. Галоўным ініцыятарам быў пінскі журналіст Вячаслаў Ільянкоў. Падчас першай экспедыцыі пад кіраўніцтвам прафесара Анатоля Федарука з Мінска мы паспрабавалі ўласнымі сіламі аднавіць зруйнаваныя родавыя могілкі Скірмунтаў у Моладаве. Праца была даволі цяжкая. Цікавасць да нашых намаганняў праявілі пераважна мясцовыя бабулькі. Прыходзілі, сядалі, глядзелі, як мы працуем, і цяжка ўздыхалі.

Дотык да гэтых трагічных старонак нашай гісторыі пакінуў сумнае ўражанне. Між волі думалася пра тое, што сваімі ўласнымі рукамі беларусы вынішчалі будучыню сваёй зямлі. Забіты Раман Скірмунт мог бы стаць першым прэзідэнтам Беларусі. Упэўнены, што за яго дзеянні нам бы ніколі не было сорамна. Марыя Кучынская на пытанне, ці мог бы Раман Скірмунт быць прэзідэнтам, упэўнена адказала: „Мог бы. Вопытны дзядзька быў...”


1 Успаміны запісваліся падчас двух экспедыцый на Піншчыну ў жніўні 2000 г. і ў верасні 2001 г.

2 Усе цытаты даюцца з захаваннем асаблівасцяў вымаўлення жыхароў в. Парэчча.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія