|
Да пытання аб характары палітычнага працэсу ў Вялікім Княстве Літоўскім
у сярэдзіне XVI ст.
Андрэй Янушкевіч
(Мінск)
Шасцідзесятыя гады XVI ст. былі часам чарговага вынясення на пярэдні план у палітычных узаемаадносінах паміж ВКЛ і Польскім Каралеўствам г.зв. „унійнага пытання”. Характарызуючы перадумовы і прычыны заключэння Люблінскай уніі 1569 г., большасць даследчыкаў прытрымлівалася думкі, што шляхта ў ВКЛ з’яўлялася свядомым правадніком і групай падтрымкі заключэння новай уніі з Польшчай. Люблінская унія, на іх погляд, гарантавала літоўскай шляхце атрыманне тых „залатых правоў і вольнасцяў”, якімі карысталася польская шляхта. Яна знаменавала сабою перамогу інтарэсаў сярэдняй шляхты, якая за XVI ст. стала галоўнай дзеючай асобай на палітычнай арэне. Цяжкасці Інфлянцкай вайны былі прыспешваючым фактарам для канчатковага вырашэння „унійнага пытання”.
Аднак ці на самай справе імкненне шляхты да заключэння уніі з Польшчай было галоўнай тэндэнцыяй сацыяльна-палітычных працэсаў у ВКЛ у сярэдзіне XVI ст.? Ці была сярэдняя і дробная шляхта асноўным і, галоўнае, свядомым правадніком і зацікаўленай групай у злучэнні Княства з Каронай?
Ранейшая гістарыяграфія адказвае на гэтыя пытанні станоўча. Больш за тое, гэтыя цверджанні зрабіліся своеасаблівымі гістарыяграфічнымі стэрэатыпамі, якія пераносяцца без крытычнага аналізу з працы ў працу, не падлягаючы абмеркаванню.
На гэта ёсць пэўныя і дастаткова відавочныя прычыны.
Распачатыя пры канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. даследаванні сацыяльна-палітычнай гісторыі ВКЛ у Расіі, абапертыя на матэрыялах Метрыкі ВКЛ, сфарміравалі пануючы погляд на тагачасны гістарычны працэс у палітычнай сферы. У гістарыяграфіі запанавала схема, прапанаваная Мацеем Любаўскім1.
Паводле М. Любаўскага, сацыяльна-палітычнае развіццё ў ВКЛ вызначалася паступовай палітычнай эмансіпацыяй сярэдняй шляхты, што праяўлялася ў імкненні пашырыць свае правы і вольнасці. Запавольваючай сілай гэтага працэсу была магнатэрыя, якая мела значныя ўладныя паўнамоцтвы праз інстытут Рады, які выконваў дарадчыя функцыі пры вялікім князю, прытым абавязковага характару. У інтарэсах магнатаў было не дапусціць шырокія масы шляхты да роўнага з імі ўдзелу ў справаванні ўлады. Галоўнай тэндэнцыяй сацыяльна-палітычнага развіцця ВКЛ з’яўлялася барацьба гэтых дзвюх класавых праслоек за дамінацыю ў палітычным жыцці краіны. Дзякуючы прыняццю Статута 1566 г. і заключэнню Люблінскае уніі ў 1569 г. фармальна гэтую барацьбу выйграла шляхта, атрымаўшы прамы доступ да ўлады праз сеймавыя і судовыя структуры.
Варты заўвагі той факт, што М. Любаўскі пры абгрунтаванні сваіх меркаванняў аб імкненні шляхты ВКЛ да заключэння уніі з Польшчай спасылаецца ў асноўным на польскія крыніцы ці гістарычныя працы з XVII ст., хаця, як вядома, асноўнай дакументальнай базай для яго даследавання паслужылі матэрыялы Метрыкі ВКЛ. Гэтая парадаксальная сітуацыя з’яўляецца адным са слабых момантаў канцэпцыі М. Любаўскага. Пры адсутнасці сведчанняў з літоўскага боку (якія б дазволілі зрабіць меркаванне аб рэальным стаўленні грамадства ВКЛ да цеснага саюзу з Польшчай) пастулат аб праунійнай пазіцыі шляхты застаецца неаргументаваным і недаказаным. У той жа час існуе шмат звестак, у прыватнасці, у матэрыялах Метрыкі ВКЛ, якія напрамую аспрэчваюць высновы М. Любаўскага. Яны альбо замоўчваліся, альбо інтэрпрэтаваліся з вялікай доляй скажэння факталагічнай інфармацыі.
Дамінаванне канцэпцыі М. Любаўскага ў савецкай гістарычнай навуцы вытлумачваецца досыць проста. Савецкая гістарыяграфія з лёгкасцю ўспрыняла класавыя матывы, якія найбольш аргументавана прагучалі менавіта ў распрацоўках гэтага даследчыка, адкідаючы на другасны план праблемы праўнага і чыста палітычнага характару, якія разглядаліся, у прыватнасці, у выдатных працах Івана Лаппо2.
Канцэпцыю М. Любаўскага цалкам падтрымаў Уладзімір Пічэта, давёўшы яе да поўнай схематызацыі3. У яго артыкулах на поўную моц праявілася класавая інтэрпрэтацыя падзей унутрыпалітычнага жыцця XVI ст. Так сталася, што У. Пічэта быў ледзь не адзіным гісторыкам, які закранаў у савецкі час у сваіх рознабаковых даследаваннях палітычную гісторыю сярэднявечнай Беларусі і быў тут бясспрэчным аўтарытэтам.
Уздзеянне класавага трактавання ўнутрыпалітычнай гісторыі ВКЛ было настолькі моцным, што і ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі падобныя разважанні маюць трывалыя пазіцыі4. Як своеасаблівае выключэнне, але таксама з прымяненнем традыцыйнай для савецкай школы рыторыкі, можна ўзгадаць толькі даследаванне Язэпа Юхо, у якім ён вельмі негатыўна ахарактыразаваў ролю польскага боку і Жыгімонта Аўгуста ў справе заключэння уніі5.
У польскай гістарыяграфіі, у сваю чаргу, дамінантай стала канцэпцыя, запрапанаваная Оскарам Галецкім, які прысвяціў гісторыі уніі асобнае фундаментальнае даследаванне6. Сваім структурным зместам яно нагадвае гегелеўскую схему развіцця гісторыі, дзе Люблінская унія 1569 г. з’явілася неабарачальным і абсалютна заканамерным заканчэннем гісторыі уніі. Канцэпцыя О. Галецкага выходзіць з этычна-ідэалістычнага падыходу да гісторыі стасункаў Польшчы і Літвы падчас праўлення ягелонскай дынастыі. Сутнасцю гэтых стасункаў была, на яго погляд, рэалізацыя „ягелонскай ідэі”, якая заключалася ў добраахвотным, братэрскім з’яднанні абодвух народаў. У яго даследаванні генеральнай з’яўляецца думка, што палітычная эмансіпацыя шляхты ў ВКЛ ішла ўпоравень з усведамленнем непазбежнасці для перамогі над магнатэрыяй заключэння уніі з Польшчай і пабудовы сістэмы дзяржавы і права па польскім узоры. Думка аб адзінстве унійнага і эмансіпацыйнага працэсаў трывала замацавалася ў польскай гістарыяграфіі і з’яўляецца яе характэрнай рысай па сённяшні дзень7.
Адным з найбольш пераканаўчых аргументаў, які з лёгкай рукі О. Галецкага замацаваўся ў гістарыяграфіі, сталі падзеі ў вайсковым лагеры пад Віцебскам у 1562 г., дзе ад імя ўсёй сабранай у паспалітым рушанні шляхты была пададзена петыцыя з просьбай аб уніі. На думку О. Галецкага, гэты першы свядомы выступ шляхты на карысць уніі паслужыў Жыгімонту Аўгусту ў якасці знаку падтрымкі шляхецкім грамадствам гэтай ідэі і неабходнасці яе хутчэйшае рэалізацыі. Ініцыятыва шляхты была водгукам на прапаганду дабротаў уніі з польскага боку і ўсведамлення яе карысці для сябе8. Далейшыя падзеі на ваенным фронце, асабліва захоп маскоўцамі Полацка ў 1563 г., прывялі да канчатковага ўсведамлення гаспадаром неабходнасці заканчэння уніі.
О. Галецкі лічыць, што непасрэднай прычынай выступлення шляхты на карысць уніі паслужылі цяжкасці ў вядзенні Інфлянцкай вайны. Сапраўды, прычынай незадаволенасці шляхты, сабранай у паспалітым рушанні, была адсутнасць патрэбнай колькасці харчавання. Незадавальненне шляхты магло быць выкліканае таксама тым, што паспалітае рушанне было сабрана без папярэдняй згоды сейму. І гэта адбывалася за апошнія гады не першы раз. Пры гэтым Жыгімонт Аўгуст дамагаўся ад шляхты, сабранай у паспалітым рушанні, ухвалення новага збору серабшчыны. У сваю чаргу, у лісце да гаспадара яна прасіла, зважаючы на цяжкасці з харчаваннем, распусціць войска.
Аднак ці варта гэткі стан рэчаў напрамую звязваць з падтрымкай уніі? У ВКЛ існавалі моцныя пацыфістычныя настроі. І прычынай гэтаму была не толькі нежаданне ваяваць ды адчуванне недастатковасці ўласных сілаў для ваеннага супрацьборства з Масквой. У Інфлянцкай вайне шляхта не бачыла ўласных інтарэсаў, якія былі загублены пры заключэнні з Інфлянтамі Pacta Subiectionis у лістападзе 1561 г., у якім інфлянцам гарантавалася прызначэнне на мясцовыя пасады толькі тутэйшых жыхароў і недатыкальнасць землеўладанняў. На Віленскім сейме 1563 г. пры ўхваленні серабшчыны ад імя станаў была пададзена „просьба”, каб сабраныя сродкі ішлі на абарону ўсходняй мяжы ўласна ВКЛ, а не Інфлянтаў9. Узгадваецца адразу, як у 1559 г. вальны сейм ВКЛ з энтузіязмам выказаўся бараніць Інфлянты, яўна маючы на ўвазе каланізацыйныя выгоды ад далучэння Усходняй Прыбалтыкі10.
Заўважым, што стварэнне петыцыі адбылося ў вайсковым лагеры, дзе маса ўзброеных шляхцічаў адчувала сваю моц па прычыне сваёй пераважваючай колькасці, да таго ж непрадказальнай у сваіх дзеяннях і ўчынках. Незадаволенасць шляхты толькі трэба было скіраваць у патрэбнае рэчышча. Успомнім, што найболей радыкальныя выступы польскай шляхты пачыналіся менавіта ў паспалітым рушанні. У вайсковых лагерах шляхта з’яўлялася рэальнай масавай сілай, аднак па-за імі рэальныя механізмы справавання ўлады знаходзіліся ў руках дзяржаўных ураднікаў, злучаных у строгую іерархічную структуру, дзе, зразумела, верхаводзілі магнаты як найвышэйшыя ўраднікі.
Мяркуючы па тэксце петыцыі, яе стваральнікам быў добра інфармаваны ў палітычных справах ВКЛ і Польшчы чалавек. Прапановы, зробленыя ў ёй, — канкрэтныя і саспелыя да рэалізацыі. Яны носяць умераны характар. Прызнаючы неабходнасць уніі для дзейснай абароны краіны, у петыцыі адначасова адстойваюцца асноўныя атрыбуты суверэнітэту ВКЛ. Наўрад ці гэткі спелы і рэалістычны праект уніі мог спантанна з’явіцца ў шэрагах ананімных шляхцічаў, з ліку якіх мы не ведаем прозвішча ніводнага палітычнага лідэра.
Паўстае пытанне, у якой ступені шляхта была свабоднай і свядомай у прадпрыняцці палітычных ініцыятыў? Для лепшага зразумення сутнасці падзей свайго дэтальнага акрэслення патрабуюць перш за ўсё гэткія паняткі як „палітычная групоўка” і „сацыяльная сіла”. На нашу думку гэтыя паняткі трэба размяжоўваць. Сярэдняя шляхта ВКЛ трактавалася ў гістарыяграфіі адначасова і як сацыяльная сіла, і як палітычная групоўка з усвядомленымі інтарэсамі і мэтамі свайго дзеяння. Гэткі падыход быў абумоўлены аналізам палітычных працэсаў з пазіцый „класавай барацьбы”. Змешванне ў адно сацыяльных і палітычных працэсаў прыводзіла да таго, што з-пад увагі губляліся некаторыя найважнейшыя факты і тэндэнцыі развіцця. Тэорыя „класавай барацьбы” дастаткова даўно была падвергнута абгрунтаванай крытыцы. Аднак трактаванне гістарычных падзей застаецца, як гэта не дзіўна, тое ж самае.
Таму змяніць трэба ў першую чаргу погляд на істоту рэчаў. У найноўшых паліталагічных даследаваннях палітычнае жыццё трактуецца як дынамічны працэс, у якім актыўна ўдзельнічаюць пэўныя палітычныя групоўкі са спрэчнымі інтарэсамі, дзе канчатковай мэтай з’яўляецца дасягненне як мага большага абсягу ўлады. Што кожны стан уяўляў сабою пэўную сацыяльную сілу, якая выказвала свой голас у палітыцы ў залежнасці ад сваіх палітычных правоў і становішча ў сістэме дзяржавы, няма сумневу. Шляхецкі стан меў санкцыянаваны правам удзел у заканадаўчым органе ўлады — вальным сейме. Ад шляхты залежала вырашэнне дзвюх найважнейшых для існавання дзяржавы пытанняў — ухваленне збору паспалітага рушання і серабшчыны. Мяшчанства і сялянства, у сваю чаргу, былі адсунуты ў палітычным жыцці на маргінальнае становішча, з’яўляючыся толькі аб’ектамі палітычнага дзеяння.
Аднак сталы і чынны ўдзел у палітыцы вымагае стварэння пэўнае арганізацыйнае структуры. Гэтая арганізацыя можа мець цякучую форму, але павінны прысутнічаць яе галоўныя прыкметы: наяўнасць канкрэтнай палітычнай праграмы, лідэра-рэпрэзентанта і сродкаў для рэалізацыі ўласных ідэй. Гэта той мінімум, якім характарызуецца палітычная групоўка як актыўны суб’ект палітыкі. Яна павінна мець унутраную скансалідаванасць, аб’ядноўваць на базе агульных інтарэсаў і светапогляду. Важнай характарыстыкай палітычнай групоўкі ёсць таксама вылучэнне палітычных ініцыятыў, актыўныя дзеянні на палітычнай арэне.
Ці бачым мы падобную арганізацыйную структуру сярод літоўскага шляхецтва ў сярэдзіне XVI ст., да судова-праўнай рэформы 1564-1566 гг.? Удзел шляхты ў рабоце сеймаў аб гэтым яшчэ не сведчыць. Прадстаўнічасць шляхты на сеймах была вельмі нізкай (ад паасобных рэгіёнаў удзельнічалі мясцовыя ўраднікі, якія мелі больш агульных інтарэсаў з Радай, чым з павятовымі шляхецкімі карпарацыямі). Выпадае казаць пра тагачасныя сеймы як зборы ўраднікаў і іх давераных асобаў11. Адсутнасць на рэгіянальным узроўні прадстаўнічых органаў — сеймікаў — спрычынялася да слабой абазнанасці шляхцічаў у палітычных справах і не спрыяла накапленню досведу палітычнай барацьбы.
У адрозненне ад Польшчы, шляхта ВКЛ не сфарміравала канкрэтнай палітычнай праграмы, не вылучыла ўплывовых палітычных лідэраў. Карацей кажучы, не стварыла ўласнай палітычнай групоўкі. Палітычныя згрупаванні шляхты падпадаюць пад прыкметы, якімі характарызуецца ў паліталогіі анамічная група інтарэсаў (адной з галоўных рысаў падобнай групы з’яўляецца адсутнасць пастаянна арганізаваных дзеянняў сябраў ад імя дадзенай групы, няўстойлівасць яе ўнутранай структуры). Узровень палітычнай сацыялізацыі шляхты быў нізкім.
Аднак не будзем забываць, што без шляхецкай падтрымкі не мог абысціся ніводзін палітык, бо шляхецкі стан быў сацыяльнай асновай існуючага дзяржаўна-палітычнага ладу. У той жа час шляхецкі стан, нягледзячы на сваю магутную ролю, з-за сваёй неарганізаванасці быў пасіўным суб’ектам палітычнага жыцця. Трымаючы ў руках гэтакія моцныя рычагі ўздзеяння на ўладу як санкцыі на збор найважнейшых падаткаў і ўдзел у абароне краіны, шляхецкі стан, аднак, у пераважнай колькасці выпадкаў рабіўся аб’ектам маніпуляцый з боку гаспадара і радных паноў, якія трымалі ў сваіх руках галоўныя ніці кантролю над палітычным жыццём у ВКЛ12.
„Ініцыятыўнасць” шляхецкага стану на сеймах не павінна прыводзіць у зман. Большасць „просьбаў”, пададзеных ад імя асобных паветаў, мелі на мэце выкананне чыста лакальна-практычных інтарэсаў. Ім не ўласцівыя абстрактныя палітычныя ідэі. Аналізуючы сацыяльна-палітычныя працэсы ў ВКЛ у сярэдзіне XVI ст., І. Лаппо сцвярджаў, што ў барацьбе за палітычны ўплыў шляхта дамагалася перш за ўсё правоў у судовай практыцы і ільгот пры гандлёвых аперацыях, а ўзор для пераймання бачыла хутчэй не ў Польшчы, а ў Падляшшы, дзе механізм справавання судовых спраў значна адрозніваўся ад прынятага на астатняй тэрыторыі дзяржавы13. Падляшская шляхта з’яўлялася найбольш актыўнай у сеймавых дыскусіях і праяўляла найболей ініцыятывы ў вылучэнні „просьбаў”, у якіх дамагалася выканання сваіх інтарэсаў і памкненняў. Шляхта іншых ваяводстваў часта брала з яе прыклад, узнаўляючы іх ранейшыя „просьбы” ўжо ў дачыненні да сябе. Пры гэтым заўважна, што „просьбы” полацкай, віцебскай, мсціслаўскай шляхты не насілі, так бы мовіць, агульнадзяржаўнага характару. У асноўным гэта просьбы аб лепшым забеспячэнні замкаў, змяншэнні ці вызваленні ад падаткаў і мытаў. Цікава, што палачане і віцябляне просяць аб прызначэнні суддзяў, а не аб іх выбарах. Гэта сведчыць аб болей нізкім узроўні развіцця ва ўсходніх землях ВКЛ палітычнай свядомасці ў шляхецкім грамадстве.
Палітычная барацьба ў ВКЛ у сілу спецыфікі дзяржаўна-палітычнага ладу разгортвалася галоўным чынам на вялікакняскім двары і ішла ў першую чаргу за атрыманне даверу гаспадара. Лабіраванне ўласных інтарэсаў маглі сабе дазволіць тыя людзі, што мелі рэальныя рычагі справавання ўлады і валодалі неабходнымі матэрыяльнымі сродкамі для ажыццяўлення палітычных мэтаў. Зразумела, што ў ВКЛ імі з’яўляліся магнаты, якія займалі найвышэйшыя пасады ў кіраўніцтве дзяржавы. Менавіта ў іх асяродку прадукаваліся палітычныя ідэі, вакол іх гуртаваліся звычайныя шляхцічы. Так утваралася палітычная групоўка, якая звычайна, зважаючы на спецыфіку сярэднявечча, персаніфікуецца даследчыкамі.
Структура ўлады ў ВКЛ была пабудаваная так, што найбольшыя таленты з ліку шляхцічаў пераходзілі на службу на гаспадарскі двор і з цягам часу маглі ўліцца ў шэрагі найвышэйшых ураднікаў, што, у сваю чаргу, адкрывала шлях да набыцця магнацкага статусу. У гэтым праяўлялася агульная для еўрапейскіх краінаў тэндэнцыя канцэнтрацыі рэальнай улады ў невялікім алігархічным крузе. „Шляхецкая дэмакратыя” ў рэальнасці палітычнага жыцця заўсёды насіла фармальны характар. І пасля судова-праўнай рэформы 1564-1566 гг. сярэдняя шляхта знаходзілася пад уплывам магнатаў, толькі непрыхаваная залежнасць ад урадніка саступіла месца залежнасці кліента ад патрона14.
Сябры Рады мелі гарантаваны законам доступ да вышэйшай улады ў якасці дарадцаў вялікага князя і выканаўцаў сумесна выпрацаваных рашэнняў. Гаспадар меў патрэбу ў моцнай Радзе не толькі з-за сваёй частай адсутнасці ў Княстве, але і таму, што магнаты валодалі інструментамі для іхнай рэалізацыі. Аднак прасоўваць уласныя ініцыятывы без санкцыі вялікага князя яны не мелі права. Магнацтва мела значны палітычны ўплыў, але не мела замацаваных дзяржаўным ладам і гістарычнай традыцыяй падстаў для легальнага алігархічнага справавання ўлады. Нават Радзівілы, якія пры Мікалаі Чорным зрабіліся амаль што самадастатковай і незалежнай палітычнай сілай, павінны былі ўлічваць гэтыя акалічнасці. Фармальная структура ўлады была збудавана на карысць „шляхецкай дэмакратыі”, і памкненнем шляхты было ператварыць яе ў рэальны стан рэчаў. Праблема высвятлення фактычных і канкрэтных прэрагатываў Рады яшчэ патрабуе свайго дэтальнага вырашэння.
Раптоўнасць і сумбурнасць шляхецкага волевыяўлення ў лагеры пад Віцебскам у 1562 г. прымушае думаць, што за гэтым выступам стаяла нейкая сапраўды моцная і дасведчаная палітычная сіла, якая скіравала ўвагу шляхты на унію як на панацэю ад бедаў. Вядома, што адным з падацеляў віцебскай петыцыі быў малады і амбітны Ян Хадкевіч. Ці не выкарыстаў Ян Хадкевіч пацыфістычныя настроі ў шляхецкім асяроддзі і незадаволенасць побытам у лагеры, звярнуўшы яго ўвагу на унію як сродак для хутчэйшага дасягнення перамогі ў вайне і спынення гэтак накладных збораў паспалітага рушання? Праграма уніі, выкладзеная ў петыцыі, адпавядала тым прынцыпам, якія абараняў Ян Хадкевіч на Люблінскім сейме 1569 г. Ён, як вядома, прызнаваў неабходнасць уніі, аднак толькі пры ўмове захавання за ВКЛ падставовых элементаў суверэннасці. Для параўнання, радзівілаўская праграма была катэгарычна супраць якіх-кольвек новых унійных пагадненняў.
Хадкевічы былі другім па ўплывовасці магнацкім родам пасля Радзівілаў і з’яўляліся іх супернікамі ў змаганні за дамінаванне на палітычнай арэне15. Становішча Радзівілаў на пачатку 60-х гг. XVI ст. было настолькі моцнае, што без вонкавай падтрымкі ні Хадкевічы, ні якая-небудзь іншая палітычная сіла не магла даць ім рады. Па гэтай прычыне Ян Хадкевіч шукаў сімпатый шляхецкай масы. З яго боку гэта быў досыць рызыкоўны крок, бо ў выпадку няўдачы была небяспека апынуцца на ўзбоччы вялікай палітыкі. У нашым выпадку ім — Радзівілам — удалося без цяжкасцяў авалодаць кантролем над сітуацыяй. Болей аб праунійных выступах шляхты з іх уласнае ініцыятывы па меншай меры да смерці Мікалая Радзівіла Чорнага нічога не чуваць.
Як паказаў час, Я. Хадкевіч добра арыентаваўся ў палітычнай сітуацыі і яе перспектывах. Ахвяраваўшы групавымі інтарэсамі, ён займеў рэальны палітычны ўплыў. Я. Хадкевіч стаў фаварытам Жыгімонта Аўгуста і неўзабаве пачаў хутка прасоўвацца па ўрадніцкай лесвіцы, зрабіўшыся фактычна ў другой палове 60-х гг. XVI ст. самым уплывовым палітыкам у ВКЛ, калі браць пад увагу такі немалаважны фактар спрыяння як сімпатыі караля. Падтрымка уніі была карысная для магната таксама тым, што гэта давала яму прыхільнасць польскіх экзекуцыяністаў — галоўных адэптаў уніі, на чыю палітычную платформу неўзабаве стаў і сам кароль Жыгімонт Аўгуст.
Не трэба таксама выключаць, што на літоўскую шляхту, сабраную ў паспалітым рушанні пад Віцебскам, праз апісанне і ўсхваленне шляхецкіх вольнасцяў у Кароне ўздзейнічала польскае найміцкае войска, якое, магчыма, знаходзілася ў адным лагеры з ліцьвінамі. 19 жніўня 1562 г. адбылася бітва пад Невелем, у якой прымала ўдзел польскае войска і цалкам мажліва, што яно размяшчалася пасля бітвы недалёка ад Віцебска.
Такім чынам, на наш погляд, з’яўленне віцебскай петыцыі ў 1562 г. было вынікам палітычнае акцыі Яна Хадкевіча, які выкарыстаў незадаволенасць шляхты для адшукання яе падтрымкі, а праз прызнанне неабходнасці уніі — давер караля і польскага лагеру экзекуцыяністаў. Імкненне да уніі не было свядомай пазіцыяй шляхты, а яго праявы мелі за прычыну выкарыстанне шляхецкай масы рознымі палітыкамі з ліку першых асобаў у дзяржаве, пачынаючы ад вялікага князя16. Немалое ўздзеянне мела і прапаганда станоўчых наступстваў уніі з боку палякаў.
Важным аргументам супраць прапанаванай О. Галецкім канцэпцыі з’яўляецца адсутнасць звестак аб новых праунійных ініцыятывах шляхты ВКЛ. Дакументы аб рабоце вальных сеймаў ВКЛ у 1563-1567 гг. не прынеслі нам ніводнага ўказання на вылучэнне прадстаўнікамі шляхты пытання аб заключэнні уніі з Польшчай. Спроба О. Галецкага прадставіць з „просьбы” шляхты Віцебскага павета ў сярэдзіне 1566 г. чарговую пастаноўку на павестку дня „унійнага пытання” здаецца нам скажонай інтэрпрэтацыяй тэкста крыніцы17. Дзеля слушнага тлумачэння гэтага паведамлення трэба ўлічваць інфармацыю з іншых крыніц, а таксама кантэкст палітычнага жыцця ў ВКЛ. Віцебская шляхта дакладна выканала пункты гаспадарскага універсала аб скліканні вальнага сейма, які быў разасланы 22 сакавіка 1566 г.18 У ім сапраўды гаварылася пра першачарговае значэнне „унійнага пытання”. Аднак за час паміж з’яўленнем універсала і скліканнем сейма пазіцыя кіраўніцтва ВКЛ у дачыненні да уніі змянілася. Гэта выразілася, у прыватнасці, у адказе гаспадара на „просьбу” віцебскай шляхты, у якім ён адклаў вырашэнне „унійнага пытання” на будучы час19.
Аналіз канкрэтна-гістарычнага матэрыялу гаворыць аб тым, што пры разглядзе працэсу развіцця палітычнай свядомасці шляхты ВКЛ не трэба змешваць у адно натуральныя памкненні шляхты да пашырэння сваіх правоў і вольнасцяў і падтрымку уніі, якая несла з сабою ў любым выпадку частковую страту суверэнітэту. Для адштурхвання уніі ў тым радыкальным варыянце, які прапаноўваў польскі бок, сярэдняя шляхта мела чыста прагматычны інтарэс: польскі праект нёс з сабою небяспеку інтэнсіўнай польскай каланізацыі, а таксама заняцця палякамі ўрадаў у Княстве.
Найпільнейшай патрэбай шляхта бачыла прыняцце новага Статута, у які былі б упісаны прывілеі аб наданні шляхецкіх правоў і вольнасцяў, што б юрыдычна аформіла прызнанне за ўсім шляхецкім станам роўнага доступу да ўлады. У дачыненні да рэформы ў сферы права і адміністрацыі, якая адбылася ў сярэдзіне 60-х гг. XVI ст., меркаванні сярод гісторыкаў падзяліліся. Калі О. Галецкі бачыць у гэтай рэформе ініцыятыву Жыгімонта Аўгуста па збліжэнні літоўскага заканадаўства з польскім і стварэнні праз гэта фармальна-юрыдычных падстаў для здзяйснення, то расійская гістарыяграфія пачатку ХХ ст. знаходзіць у рэформах заканамернае і лагічнае заканчэнне ўнутранай эвалюцыі права, дзяржавы і грамадства ВКЛ, дзе асноўнай тэндэнцыяй была паступовая эмансіпацыя шляхты і ўсведамленне ёю ўласных палітычных інтарэсаў20. Ю. Бардах выказаў думку, што рэформы 1564-1566 гг. уяўлялі саступку з боку магнатэрыі, якая хацела такім чынам адвесці шляхту ад імкнення да уніі21.
Добра прасочваецца, што саступкі шляхце ў судовай практыцы, у гандлёвых аперацыях і, нарэшце, у галоўным для яе палітычным пытанні — прыняцці новага Статута, адбываліся тады, калі дзяржава мела пільную патрэбу ў людскіх і матэрыяльных рэсурсах.
Уступленне ў Інфлянцкую вайну абумовіла рэзкае павелічэнне ставак ускосных падаткаў і частае ўхваленне серабшчыны22. Менавіта ў гады Інфлянцкай вайны шляхта дамаглася выканання найважнейшых для сябе „просьбаў”, якія стала адхіляліся гаспадаром у 40-50-я гг. XVI ст. Гэта знаходзілася ў прамой сувязі з ухваленнем падаткаў на вайну і згодай шляхты на збор паспалітага рушання. Вышэйшая ўлада мусіла ісці шляхце насустрач, у тым ліку і для захавання крохкай кансалідацыі шляхецкага грамадства23.
Ініцыяванне праўна-судовай рэформы ў 1564-1566 гг. была выклікана таксама і тым, што дзяржава, меўшы зноў патрэбу ў сродках для ўтрымання найміцкага войска, мусіла выканаць запаветную мэту шляхецтва пра наданне новага Статута. Пры гэтым дзяржава ў асобе гаспадара выконвала і ўласныя мэты, такія як стварэнне рэгіянальных прадстаўнічых структур (сеймікаў) і уніфікацыя літоўскай дзяржаўна-праўнай сістэмы ў адпаведнасці з польскімі ўзорамі, што рабілася не ў апошнюю чаргу і для лягчэйшага правядзення ў жыццё уніі.
Пасля зацвярджэння і ўступлення ў сілу Статута BКЛ 1566 г. шляхта дамаглася рэалізацыі сваіх намаганняў. Атрыманне шляхецкіх вольнасцяў ужо не магло быць прывабліваючым аргументам на карысць уніі з Польшчай.
Сам змест Статута 1566 г. сведчыць аб тым, што яго прыняцце спрыяла не толькі замацаванню ў юрыдычным полі прывілеяванага становішча шляхецкага стану і яго раўнапраўнага ўдзелу ў органах улады, але і аб тым, што Статут цвёрда ахоўваў галоўныя атрыбуты суверэнітэту ВКЛ24. Вартая пільнай увагі думка І. Лаппо, што ў поглядах на унію ліцьвіны выступалі як адзіны народ, скансалідавана стаяўшы ў сваёй большасці, за выключэннем радзівілаўскай апазіцыі, на пазіцыях умеранай кампраміснай уніі, якая павінна была прынесці выгоды ў першую чаргу ў вайсковым супрацоўніцтве, для пераймання ініцыятывы ў вайне і дасягнення ў ёй канчатковай перамогі25.
Калі ў сферы ўнутрыпалітычных стасункаў можна ўбачыць міжстанавыя супярэчнасці, якія праяўляліся ў спробах запавольвання з боку магнатэрыі працэсу палітычнае эмансіпацыі шляхты, то ў дачыненні да уніі з Польшчай у ВКЛ пераважала адзіная думка аб адстойванні суверэнных правоў Княства ў сістэме Рэчы Паспалітай. Выключэннем, як трэба меркаваць, была толькі падляшская шляхта, на той час ужо моцна спаланізаваная26.
Ліцьвінаў вызначала цвёрдае ўсведамленне ўласнай адрознасці ад тых жа палякаў як асобнага „палітычнага народу”. Усведамленне асобнасці свайго палітычнага быцця змешвалася з этнічнымі характарыстыкамі, у выніку чаго паўставала арыгінальная „ліцьвінская свядомасць”, якая ў далейшым часе была крыніцай для праяваў „літоўскага сепаратызму”. Сведчанні аб моцным адчуванні сваёй непадобнасці да „братняга” народа сустракаем на кожным кроку. Гэтаму нямала паспрыялі творы польскіх публіцыстаў, якія выстаўлялі ліцьвінаў як няўдзячны варварскі народ, які павінен быць абавязаны Польшчы за свой уваход у супольнасць хрысціянскіх краінаў Еўропы. Ліцьвіны, у сваю чаргу, выступалі супраць гэткага погляду, які лічылі несправядлівым і зняважлівым і, як маглі, змагаліся з ім. Найяскравейшым прыкладам падобнае палемікі з’яўляюцца творы Станіслава Ажахоўскага і ананімная Размова Паляка з Ліцьвінам27.
Размова — цудоўны матэрыял для вывучэння існуючай у ВКЛ палітычнай ідэалогіі. Яна прадстаўляе сабою заяўлены ад імя ўсяго літоўскага грамадства пункт гледжання Радзівілаў (менавіта яны, на нашу думку, былі ініцыятарамі стварэння Размовы) на характар стасункаў паміж Польшчай і Літвой, у якім адстойваецца права ВКЛ на незалежнае існаванне, крытыкуецца характар улады і сацыяльна-палітычных адносін у Польшчы28. Гэты публіцыстычны твор, прасякнуты духам традыцыяналісцкага кансерватызму, адлюстроўвае магнацкае бачанне палітычных працэсаў у абедзвюх краінах. Праз усю кнігу выразна праходзіць думка, што беды ў краіне ўзнікаюць тады, калі „шляхцічы перастаюць слухацца паноў”29. „Ліцьвін” акцэнтуе ўвагу свайго суразмоўцы на заганах польскага дзяржаўна-палітычнага ладу — яго анархічнасці, недзеяздольнасці ўлады, абыякавасці да патрэбаў дзяржавы з боку шляхты, для якой увогуле няма ніякага аўтарытэту. Ён наракае, што зза свайго бязладдзя палякі не прыйшлі на дапамогу абложанаму маскоўскім войскам Полацку ў 1563 г. У справе уніі прадстаўнік Літвы прапануе „Паляку” спачатку дапамагчы перамагчы непрыяцеля ў Інфлянцкай вайне, а потым заключаць унію30. Пры гэтым гаспадар Жыгімонт Аўгуст выстаўляецца як нейтральны суб’ект палітычнага працэсу, які клапоціцца пра агульнае дабро абодвух народаў. Усе праблемы ўзнікаюць з-за перашкодаў з польскага боку для дастойнага заканчэння вайны. Для аўтара Размовы нармальным з’яўляецца існаванне дзвюх дзяржаў з шляхецка-дэмакратычным ладам, у якіх галоўнай цнотай ёсць „вольнасць”31. Ён не бачыць неабходнасці для функцыянавання шляхецкіх вольнасцяў злучэння Княства з Каронай.
Ініцыятыва уніі, безумоўна, зыходзіла ад гаспадара. О. Галецкі стала падкрэслівае значную ролю гаспадара, які абаперся для знаходжання падтрымкі ў грамадстве на сярэднюю шляхту. На яго думку, карэнная перамена ў поглядах на унію ў гаспадара адбылася напрыканцы 1562 г. Да тых пор ён цвёрда і няўхільна імкнуўся прывесці Княства да заключэння уніі32.
Аднак, на наш погляд, стаўленне Жыгімонта Аўгуста да уніі не было гэткім такім адназначным.
Ён першым зразумеў неабходнасць для вядзення актыўнай знешняй палітыкі апоры не толькі на вайсковы і фінансава-матэрыяльны патэнцыял Літвы, але таксама і Польшчы. Гэтую патрэбу яскрава ўвідавочнілі складанасці, якія ўзніклі пры падпарадкаванні Інфлянтаў на пачатку 60-х гг. XVI ст. Жыгімонта Аўгуста штурхала да заключэння уніі не што іншае як патрэба знайсці сродкі для рэалізацыі сваіх знешнепалітычных планаў. Па гэтай прычыне ўжо ў канцы 1562 г. Жыгімонт Аўгуст заклікаў М. Радзівіла Чорнага да хутчэйшага заключэння уніі33. Страта Полацка ў лютым 1563 г. увідавочніла Жыгімонту Аўгусту патрэбу як мага хутчэйшага атрымання вайсковай дапамогі з боку Польшчы. Вышэйшыя станы ВКЛ таксама ясна ўбачылі патрэбу ў прыцягненні знешніх сродкаў для абароны. Вальны сейм ВКЛ у 1563 г. пагадзіўся выслаць у Польшчу пасольства для абмеркавання умоў, на якіх можа быць заключана унія. Агаворвалася, што гэты крок кіраўніцтва ВКЛ прадпрыняла з мэтай атрымання вайсковай і фінансавай дапамогі з Польшчы34.
Аднак перамога ва Ульскай бітве 26 студзеня 1564 г. выявіла, што спыніць наступ маскоўцаў цалкам магчыма ўласнымі сіламі ліцьвінаў. На жаль, спробы ўзяць рэванш праз здзяйсненне контрнаступу аказаліся марнымі. Кепскі стан арганізацыі абароны і яе нездавальняючае фінансаванне выразна паказвалі, што пэўныя гарантыі спакою магло даць толькі перамір’е з Маскоўскай дзяржавай.
Дзякуючы заключэнню перамір’я адпаў бы галоўны аргумент для уніі. Робіцца зразумелым, чаму літоўскія радныя паны ўвесь час першай Інфлянцкай вайны вылучалі перамірныя ініцыятывы. Гэта было адзінай рэальнай магчымасцю пры тагачасных ваенна-палітычных абставінах па меншай меры адцягнуць заключэнне уніі.
Пасля беспаспяховай мабілізацыі войска ў 1565 г. ажывіліся надзеі на заключэнне перамір’я. Аднак перамовы ў 1566 г. у Маскве скончыліся поўным фіяска.
Замест заключэння перамір’я маскоўцы актывізавалі сваю каланізацыйную палітыку на Полаччыне. Рэакцыя ліцьвінаў на гэта была адпаведнай. На Гарадзенскім сейме 1566-1567 гг. дэкларавалася першасная ўвага вядзенню актыўнай наступальнай вайны: „в тых двух годех не маем ни до чого иншого вести ани взывати, одной войне потужъной з неприятелем досыть чинити”35. Калі б гаспадар заклікаў да чаго-небудзь іншага (пад гэтым, безумоўна, разумелася унія), а не да вайны, вышэйшыя станы вызваляліся ад абавязку плаціць земскія падаткі. Падобным чынам палітычныя эліты ў ВКЛ імкнуліся перастрахавацца ад разгляду унійнага пытання ў бліжэйшым будучым.
Аднак шырокамаштабная падрыхтоўка паспалітага рушання ў 1567 г. не прывяла да прадпрыняцця якіх-кольвек значных актыўных дзеянняў. Верагодна, гаспадар будаваў пераможныя планы ў залежнасці ад поспеху выступлення апазіцыі ў Маскве, не маючы вялікай надзеі на эфектыўнасць дзеянняў сабранага войска. Сярод пэўных колаў у ВКЛ існавалі падазрэнні, што Жыгімонт Аўгуст зацеяў збор войска дзеля выматвання апошніх сіл і сродкаў ВКЛ і прапаганды унійных ідэй сярод шляхецкіх масаў, а не для наступу на Маскву36. На г.зв. Лебедзеўскім з’ездзе ў лістападзе 1567 г., на якім сабраўся агул шляхты, прыехаўшай у паспалітае рушанне, было паднята і станоўча вырашана пытанне аб скліканні агульнага сейму з палякамі дзеля заключэння уніі37. Адбыўся своеасаблівы „шляхецкі рэферэндум”. Звярнем пільную ўвагу, што Жыгімонт Аўгуст апеляваў да шляхты з мэтай атрымання падтрымкі сваім унійным планам менавіта ў вайсковым лагеры, дзе голас вялікай шляхецкай масы меў асаблівую сілу38. Цікава, што неўзабаве пасля сканчэння гэтага з’езду гаспадар ад’ехаў з войска. Можа, таму, што галоўная для яго задача збору паспалітага рушання была ўжо вырашана?
Да 1568 г. на сеймах ВКЛ пытанне уніі (дакладней, склікання агульнага з палякамі сейма) не падымалася. На Віленскім сейме 1563 г. была вылучана „просьба” да палякаў аб вайсковай дапамозе, наступствам чаго было адпраўленне на польскі сейм восенню 1563 г. афіцыйнай дэлегацыі ВКЛ39. Як вядома, літоўскае пасольства не дачакалася завяршэння польскага сейма, ад’ехаўшы з месца пасяджэння пасля атрымання звесткі аб перамозе ва Ульскай бітве. Прыняты на Варшаўскім сейме 1564 г. рэцэс, у якім змяшчаліся варункі будучай уніі, не быў прызнаны ў якасці правамоцнага акту гаспадарскай Радай і вальным сеймам ВКЛ40.
На Віленскім сейме 1565 г. гаспадар, адказваючы на „просьбы” некаторых паветаў, сам адхіліў разгляд пытання аб супольным сейме41. Універсал аб скліканні вальнага сейма ў сярэдзіне 1566 г. гаворыць пра „асаблівае” значэнне унійнага пытання, аднак у лістах гаспадара да сеймікаў аб ім няма ніводнага слова42. У жніўні 1566 г. Рада просіць гаспадара адкласці скліканне супольнага польска-літоўскага сейма па прычыне небяспекі нападу вялікага маскоўскага войска43. Жыгімонт Аўгуст пагаджаецца з меркаваннем літоўскіх радных паноў. Такім чынам, абвастрэнне адносін з Маскоўскай дзяржавай паслужыла падставай для адкладання ўнутрыпалітычных пытанняў на задні план і звароту да вырашэння абарончых задач.
У гаспадарскіх пасланнях на сеймікі ў кастрычніку 1566 г. ясна гаворыцца, што ўзнаўленне перамоў аб уніі з палякамі робіцца выключна „для способнейшое и потужнейшое вальки з неприятелем”44. Аднак з вялікай доляй верагоднасці можна дапускаць, што гаспадарскай уладзе не ўдалося схіліць сейм да ўзнаўлення перамоў аб уніі. Рэцэс Гарадзенскага сейма ад 6 студзеня 1567 г. змяшчае толькі артыкул „о сланье до панов поляков” з просьбай аб вайсковай і фінансавай дапамозе на будучую выправу супраць маскоўцаў, у чым, дарэчы, польскі бок адмовіў45. І толькі на Гарадзенскім сейме 1568 г., выконваючы пастанову з’езду шляхты ў Лебедзеве, было ўхвалена скліканне агульнага сейма з палякамі для канчатковага вырашэння „унійнага пытання”46.
Такім чынам, можна канстатаваць, што за 1567-1569 гг. сітуацыя моцна змянілася. Гэтаму ў немалой ступені паспрыялі тыя змяненні ў заканадаўстве, якія наблізілі дзяржаўны лад ВКЛ да польскага. Сеймікавыя пасланні ад гаспадара з заклікамі да уніі, праунійная прапаганда ў вайсковым лагеры пад Радашковічамі ў 1567 г., няспраўныя дзеянні па арганізацыі абароны краю (што асабліва моцна выявілася падчас вайсковай мабілізацыі ў 1567 г.), катастрафічны дэфіцыт дзяржаўнага скарбу ды, у звязку з гэтым, новыя паборы падаткаў, што моцна біла па кішэні шляхты, якая і так не спраўлялася з выплатамі санкцыянаваных ёй жа падаткаў, — усё гэта зрабіла сваю справу, скіроўваючы ўвагу шляхты на шчыльнейшае задзіночанне з Каронай як на радыкальнае і адзіна магчымае вырашэнне праблемаў, звязаных з удзелам у Інфлянцкай вайне47.
Сітуацыя на фронце не ўяўляла на той час вялікае небяспекі для Княства. Ваенныя дзеянні на маскоўскай мяжы паступова сцішваюцца. Раз-пораз літоўскім жаўнерам удаецца атрымаць хоць і лакальныя па значэнні, але вельмі важныя ў маральна-псіхалагічным і стратэгічным плане перамогі (разбіццё значных вайсковых груповак ворага на Полаччыне ў 1567 г., адабранне Улы ў 1568 г., нечаканы захоп Ізборска ў 1569 г.). З 1568 г. знешнепалітычнае становішча ВКЛ істотна палепшылася: Швецыя з непрымірамага ворага зрабілася ў выніку змены ўлады ў краіне хаўруснікам Княства, было заключана трывалае перамір’е з Асманскай імперыяй. Дыпламатычныя поспехі ВКЛ мелі супрацьпрапарцыйнае ўздзеянне на міжнароднае становішча Маскоўскай дзяржавы. Няздольнасць утрымліваць на памежжы патрэбнае для належнага забеспячэння абароны краіны наёмнага войска была для кіраўніцтва ВКЛ асноўнай праблемай, якую яно так і не здолела вырашыць самастойна. Дзяржаўныя структуры праяўлялі поўнае бяссілле ў арганізацыі войска. Жаўнерам доўгі час не выплачвалася „заслужоное”, вынікам чаго станавілася нанясенне „шкодаў” мясцоваму насельніцтву, у якога прымусова адбіраліся харчовыя запасы. Становішча было такім сур’ёзным, што ў 1565 г. падобныя дзеянні жаўнераў сталі прадметам разбіральніцтва спецыяльнай камісіі48. Аднак вынікаў гэта не дало. Найміты самавольна пакідалі месца дыслакацыі і вайсковае кіраўніцтва з гэтым ніяк не магло справіцца. Прыкладам, у 1568 г. жаўнеры па ўласнай волі размясціліся на „лежы” пад Вільняй, і справа далей скаргаў шляхцічаў-землеўладальнікаў на сейме не пайшла49. Пры гэткім стане рэчаў граніца была фактычна аголеная (што асабліва выявілася напрыканцы 1569 г., пасля ад’езду з войска дворнага гетмана Рамана Сангушкі), і ў выпадку раптоўнага ўдару нават невялікіх сілаў непрыяцеля яго наступствы маглі быць самымі непрадказальнымі.
У гэткіх абставінах пэўныя гарантыі спакою магло даць толькі пераміре’ з Масквою. У выніку яго заключэння адпаў бы апошні сур’ёзны аргумент для уніі. Калі ўлічыць, што рэальна існавала небяспека зрыву персанальнае уніі праз смерць Жыгімонта Аўгуста, які пакутаваў ад цяжкіх хваробаў і не пакінуў пасля сябе патомства, то зразумелым становіцца, што часу для заключэння уніі было няшмат. Менавіта таму Жыгімонт Аўгуст адважыўся пайсці на такі гвалтоўны і супрацьпраўны крок як адарванне ад Княства і далучэнне да Кароны Падляшша і Валыні, што вырашыла ў канчатковым выніку лёс ВКЛ. Тым самым саспакаенне на мяжы было выкарыстана для рэалізацыі пэўных унутрыпалітычных задумаў.
Нягледзячы на ўтварэнне супольнай Рэчы Паспалітай, пры першай жа магчымасці перамір’е з Маскоўскай дзяржавай было заключана. Польшча не магла, дый і не хацела аказваць хуткую дапамогу ў Інфлянцкай вайне ні войскам, ні грашыма. Пасольская ізба польскага сейму з абыякавасцю паставілася да знешнепалітычных праблем Літвы. Польскі скарб да 1570 г. не здолеў расплаціцца з польскімі наёмнымі жаўнерамі, якія знаходзіліся ў Інфлянтах, і гэткі стан рэчаў неўзабаве стаў пагражаць адкрытым бунтам вайскоўцаў, які, па словах К. Пуласкага, быў стварэннем першай канфедэрацыі ў Рэчы Паспалітай з ліку незадаволеных наймітаў50.
Польская гістарыяграфія, у прыватнасці Л. Калянкоўскі, сцвярджае аб значнай, калі не сказаць рашаючай, дапамозе польскага боку пры вядзенні Інфлянцкай вайны51. Дапамога сапраўды аказвалася, але часта яна мела адмоўныя наступствы для Княства. Польскія роты прыходзілася аплачваць з літоўскага скарбу, бо, нягледзячы на ўсе дэкларацыі, грошы з Польшчы не даходзілі52. Калі ж грошы выдзяляліся, то яны ішлі толькі на заплату ротам з Польшчы. Як можна меркаваць, гэтыя сумы былі мізэрныя, бо да 1570 г. польскім жаўнерам не было выплачана „заслужоное” за некалькі мінулых гадоў. Польскае войска адмаўлялася падпарадкоўвацца літоўскаму гетману, ствараючы тым самым нязручнасці пры каардынацыі ваенна-стратэгічных дзеянняў53. Пры гэтым польскія найміты былі вельмі недысцыплінаваныя, наносячы страшэнныя шкоды жыхарам ВКЛ.
Вялікае ўражанне на грамадскую думку зрабіла гвалтоўнае адарванне ад ВКЛ Падляшша, Валыні ды Кіеўшчыны, у выніку чаго тэрыторыя Княства зменшылася амаль што ў тры разы. Гэтае здарэнне сталася для гаспадарскай Рады праверкай, ці сапраўды яна можа стаць у апазіцыю да відавочна супрацьпраўнага рашэння Жыгімонта Аўгуста. Але яшчэ „радашковіцкая выправа” паказала, што палітычнай эліце ВКЛ бракуе моцнага лідэра і скансалідаванасці ўнутры магнацкае групы.
Сітуацыя карэнным чынам змянілася пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага. Ніхто з засталых найвышэйшых ураднікаў не здолеў заняць месца выбітнага прадстаўніка роду Радзівілаў. Палітычная эліта страціла сваю, няхай і прывідную, згуртаванасць і пачала імкліва распадацца на асобныя групоўкі. Радзівілаўская групоўка фактычна апынулася ў апазіцыі (ці, па меншай меры, у маўклівай няміласці), хоць і займала вядучыя пасады ў дзяржаве, а фаварытам гаспадара стаў, як ужо казалася, небезвядомы Ян Хадкевіч. Нядзіўна, што мерапрыемствы, якія даткліва закраналі інтарэсы магнацтва, пачалі паскорана ажыццяўляцца менавіта пасля смерці канцлера і віленскага ваяводы.
У гэткіх варунках выказаць нязгоду з рашэннем гаспадара далучыць да Польшчы падляшскія ды ўкраінскія землі (якія ўжо паспелі стаць у пэўным сэнсе чужымі для ВКЛ: Падляшша — з-за сваёй спаланізаванасці, а Украіна — з-за аддаленасці ад цэнтра ды абыякавасці да яго вымогаў54) можна было толькі пры наяўнасці моцнай грамадскай падтрымкі, якая магла б прыняць нават форму ваеннага супраціву. Аднак на гэта спадзявацца было нельга. Шляхту задавальняў варыянт „мяккай” уніі, а магнатэрыя баялася згубіць свае ўрады. Над усім гэтым стаяў прывід маскоўскай небяспекі і гнятлівая няўпэўненасць ва ўласных сілах. На віленскім з’ездзе радных паноў 20 сакавіка 1569 г. расколатасць Рады праявілася ў адкрытай форме — значная частка радных паноў не падтрымала жорсткую пазіцыю Радзівілаў.
Для грамадства ВКЛ нават цяжка сабе было ўявіць магчымасць зрыву ўсялякіх адносін з Польшчай. Суіснаванне з Каронай працягвалася ўжо некалькі стагоддзяў і насельніцтва ВКЛ прызвычаілася да свайго партнёра па дынастычнай уніі як да неабходнага складніка існавання ВКЛ. У варунках ваеннага становішча зрыў саюзных адносін з Польшчай здаваўся большай бядой, чым частковая страта суверэнітэту. Узгадаем, што ў Літве не было прынцыповых праціўнікаў звязу з Польшчай, бо разумелі, што супрацьстаянне з Масквой будзе немагчымым, асабліва калі ўлічваць дальнабачную перспектыву. Змагаліся супраць таго, каб гэты хаўрус прыняў форму інкарпарацыйнай уніі.
Такімі дачыненнямі да уніі ў шляхецкім грамадстве ВКЛ выпрацаваліся дзве падставовыя пазіцыі: антыунійная, якую рэпрэзентавалі Радзівілы і якая аказалася без падтрымкі ў шырокіх колах „палітычнага народу”, і ўмераная, прыхільнікі якой прызнавалі неабходнасць уніі для эфектыўнай абароны супольных межаў Рэчы Паспалітай, аднак адначасова стаялі зa захаванне асобнасці Вялікага Княства Літоўскага ў сістэме Рэчы Паспалітай. Радыкальныя прапановы польскіх экзекуцыяністаў аб інкарпарацыі ВКЛ у склад Польскага Каралеўства не былі ўспрыняты як спрэчныя з літоўскімі інтарэсамі.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, што расстаноўка сіл у барацьбе праунійных і антыунійных тэндэнцый не залежала напрамую ад сацыяльнай стратыфікацыі і, насуперак цверджанням прыхільнікаў канцэпцый М. Любаўскага і О. Галецкага, мела характар чыста палітычнай, а не класавай (станавай) барацьбы. Ранейшая гістарыяграфія асацыявала пазіцыю Радзівілаў з пазіцыяй усёй магнацкай групы. Аднак гэта вельмі спрошчаны, а галоўнае, няслушны падыход. Нягледзячы на вядучае становішча Радзівілаў у Радзе і іх значны ўплыў на ход палітычных падзей у краіне, пазіцыя магнацтва ў дачыненні да уніі не заўсёды салідарызавалася з пазіцыяй Радзівілаў.
Падтрымка уніі шляхтаю насіла пасіўны характар, прытым з упэўненасцю можна казаць, што падтрымлівалася толькі ідэя ўмеранай уніі55. Патрэба заключэння уніі з Польшчай была ўсвядомлена ў шляхецкім грамадстве ВКЛ у канцы 60-х гг. XVI ст. Неабходнасць уніі была прадыктавана ў першую чаргу вычарпанасцю ўнутраных рэсурсаў ВКЛ, патрэбных для ўдзелу ў вайне і, у сувязі з гэтым, патрэбай знешняй вайсковай і фінансавай дапамогі.
Унія была заключана дзякуючы ў першую чаргу намаганням гаспадара, які пераканаў шляхту ў адсутнасці ў уніі альтэрнатывы. У канчатковым выніку, на Люблінскім сейме 1569 г., справу вырашыла згода Жыгімонта Аўгуста на кампрамісны варыянт уніі. У найбольш вырашальны момант ён звярнуўся наўпрост да павятовых сеймікаў з інструкцыямі і да мясцовай шляхты за прысягаю56. Рада, дзе верхаводзіла радзівілаўская групоўка, была абмінута. Так праявіўся сэнс праўна-адміністрацыйнай рэформы 1566 г. Апынуўшыся ў палітычным вакууме, праціўнікам уніі нічога не заставалася, як пагадзіцца з абставінамі.
У стварэнні Рэчы Паспалітай увасобілася ў жыццё ідэя станавай салідарнасці і кансалідацыі, ці, кажучы іншымі словамі, перамог прынцып „адзін стан — адна дзяржава — два народы”. Далейшыя беды супольнай Рэчы Паспалітай выцякалі, і тут трэба пагадзіцца з О. Галецкім, не з няскончанасці уніі і дуалістычнасці дзяржавы, а з недасканаласці ды анахранічнасці для Новага часу дзяржаўна-праўнай сістэмы, якая займела ў гістарычнай літаратуры назву „шляхецкая дэмакратыя”57.
Streszczenie
Większość historyków jest zdania, że szlachta z Wielkiego Księstwa Litewskiego stanowiła świadomą grupę popierającą ideę unii państwowej z Polską. Głównym motywem takiego poparcia była perspektywa otrzymania takich samych praw i wolności, jakie miała szlachta polska. W historiografii polskiej dominuje etyczno-idealistyczna koncepcja zaproponowana przez Oskara Haleckiego w 1919 r. zakładająca, że unia lubelska była realizacją dobrowolnej idei zjednoczenia dwóch bratnich narodów. Nośnikiem idei zjednoczeniowych miałaby być szlachta, zarówno litewska, jak i polska. Najważniejsze pytanie w tej kwestii dotyczy stopnia świadomości szlachty oraz jej swobody w podejmowaniu decyzji. W przypadku Litwy szlachta nie miała żadnej podmiotowości politycznej, więc nie mogła być czynnikiem przesądzającym o kształcie polityki państwa. Najzdolniejsi przedstawiciele tego stanu awansowali w służbie dworowi książęcemu, lecz i w tej roli byli jedynie wykonawcami woli ośrodków decyzyjnych. Najważniejsze rody litewskie, a szczególnie Radziwiłłowie, byli przeciwni unii. Obóz zwolenników zachowania niezależności państwowej WKL osłabiała rywalizacja między Chodkiewiczami i Radziwiłłami o dominację w państwie. Dawało to królowi i dostojnikom polskim możliwość manipulowania w celu stworzenia na Litwie chociażby iluzorycznego obozu poparcia dla idei unijnej.
1 М. Любавский, Литовско-русский сейм, Москва 1900.
2 И. Лаппо, Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586), Санкт-Петербург 1901; он же, Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-Русский повет и его сеймик, Юрьев 1911; он же, Литовский Статут 1588 г., т. 1: Исследование, ч. 1, Каунас 1934.
3 В. Пичета, Литовско-польские унии и отношение к ним литовско-русской шляхты, [в:] Белоруссия и Литва в XV-XVI вв., Москва 1961, с. 525-550; он же, Польша на путях колонизации Украины и Белоруссии. Люблинская уния и ее политические последствия, [в:] Белоруссия и Литва в XV-XVI вв., Москва 1961, с. 551-592; он же, Люблинская уния и третий Литовский Статут, „Журнал Министерства народного просвещения”, 1917, № 5, с. 232-257.
4 Нарысы гісторыі Беларусі, ч. 1, Мінск 1993, с. 132-136; А. Грыцкевіч, Люблінская унія 1569, [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 4, Мінск 1997, с. 412-413.
5 Я. Юхо, Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі, Мінск 1992, с. 126-136.
6 O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. I-II, Kraków 1919-1920.
7 Гл.: J. Bardach, Krewo i Lublin. Z problemów unii polsko-litewskiej, „Kwartalnik Historyczny”, 1969, R. 76, nr 3, s. 607-619. Асноўныя тэзы гэтага даследавання паўтораны аўтарам у найноўшай працы: J. Bardach, Od aktu w Krewie do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów (1385-1791), [w:] Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo-Wschodniej, Lublin 1999, s. 12-44.
8 O. Halecki, Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską (Przyczynek do dziejów parlamentaryzmu litewskiego i genezy unii lubelskiej), „Przegląd Historyczny”, 1914, t. 18, z. 3, s. 320-352.
9 Литовская Метрика, отделы первый-второй, ч. 3: Книги публичных дел, т. 1, [в:] Русская историческая библиотека (далей: РИБ), т. 30, Юрьев 1914, с. 337-339.
10 Там жа, с. 269-278.
11 Аб гэтым можа сведчыць „просьба”, пададзеная на сейме 1559 г. аб аплаце прыездаў харужых на вальны сейм, што паказвае іх як удзельнікаў сейму: РИБ, с. 274-275. Цікава, што прывілей 1563 г. аб ураўнаважванні ў палітычных правах шляхты ўсіх хрысціянскіх канфесій быў падпісаны, акрамя радных паноў, старастамі, дзяржаўцамі і „иными врядниками”. Пра шэраговую шляхту (ці яе паслоў) няма ні слова. Гл. тэкст прывілею ў: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией, т. 3, Санкт-Петербург 1848, с. 118-121.
12 Палітычная падпарадкаванасць шляхты магнатам яскрава праяўлялася ў другой палове XVI — XVIII стст. пры выбарах паслоў на агульны сейм Рэчы Паспалітай, прыняцці рашэнняў на павятовых сейміках у ВКЛ. Гл.: A. Zakrzewski, Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki, Warszawa 2000, s. 73-101.
13 И. Лаппо, Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия..., с. 146-173.
14 A. Mączak, Klientela: Nieformalne systemy władzy w Polsce i Europie XVI-XVIII w., Warszawa 1994, s. 130-148.
15 T. Kempa, Rywalizacja Radziwiłłów i Chodkiewiczów o pierwsze miejsce w elicie politycznej Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 60. i 70. XVI wieku, [w:] History, culture and language of Lithuania. Proceedings of the international Lithuanian conference. Poznań 17-19 September 1998, ed. G. Błaszczyk and M. Hasiuk, Poznań 2000, s. 195-219.
16 Гл. таксама: H. Wisner, Unia: Sceny z przeszłości Polski i Litwy, Warszawa 1988, s. 106.
17 Вось як гучыць арыгінальны змест „просьбы” шляхты Віцебскага павета: „Што ознаймили есте его Кролевской милости, иж на съем великий вальный, у Берестью зложоный, для намовы около унеи послали есте послов своих”: Акты Литовско-Русского государства (далей: АЛРГ), т. ІІ, Москва 1897, с. 202. Інтэрпрэтацыя О. Галецкага выглядае наступным чынам: „przedstawiając dezyderaty swej ziemi [паслы з Віцебскага павета] na pierwszym miejscu postawili przeprowadzenie Unii z Polską, zaznaczając, że w tym celu zjechali na sejm brzeski”: O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. II, s. 218.
18 РИБ, т. 30, с. 838-841.
19 АЛРГ, т. ІІ, с. 202-203.
20 О. Галецкі карыстаўся для характарыстыкі сутнасці рэформ 1564-1566 гг. тэрмінам „асіміляцыя”, у той час як расійскія даследчыкі выкарыстоўвалі тэрмін „перайманне”: O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. II, s. 222-247; М. Любавский, Литовско-русский сейм, c. 848-849.
21 J. Bardach, Krewo i Lublin, s. 611.
22 М. Довнар-Запольский, Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах, т. 1, Киев 1901, с. 365-366, 560-570, 770-775.
23 На гэтым моманце акцэнтуе ўвагу: Н. Максимейко, Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г., Харьков 1902, с. 67.
24 J. Bardach, Statuty litewskie w ich kręgu kulturowym, [w:] O dawnej i niedawnej Litwie, Poznań 1988, s. 38.
25 И. Лаппо, Литовский Статут 1588 г., c. 225-235.
26 Менавіта падляшская шляхта выступіла ў 1566 г. ініцыятарам склікання агульнага сейму з палякамі. Аднак яе просьба была адхілена гаспадаром: АЛРГ, т. ІІ, с. 185.
27 S. Orzechowski, Wybór pism, Wrocław 1972; Rozmowa Polaka z Litwinem, wyd. J. Korzeniowski, Kraków 1890.
28 І. Саверчанка, Дыскусіі вакол дзяржаўна-палітычнага саюза паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай у аналітычнай публіцыстыцы 60-х гадоў XVI ст., [у:] Наш радавод, кн. 8, адк. рэд. і ўклад. Д. Караў, Гродна 1999, с. 74-79; С. Ф. Сокол, Политическая и правовая мысль Белоруссии во второй половине XVI — начале XVII в., Минск 1984, с. 104-114.
29 Rozmowa Polaka z Litwinem, s. 31-34.
30 Tamże, s. 43.
31 Tamże, s. 60.
32 O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. ІІ, s. 155-157.
33 Гл.: Listy oryginalne Zygmunta Augusta do Mikołaja Radziwiłła Czarnego, wyd. S. A. Lachowicz, Wilno 1842, s. 154-155.
34 РИБ, т. 30, с. 324-325.
35 Там жа, с. 415-416.
36 K. Piwarski, Niedoszła wyprawa t.zw. Radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567-68), „Ateneum Wileńskie”, 1928, R. V, z. 14, s. 101.
37 РИБ, т. 30, c. 481.
38 Рост палітычнага значэння паспалітага рушання ў другой палове XVI — XVIII ст. падкрэсліваюць у сваіх апошніх даследаваннях Л. Кеневіч і А. Закшэўскі: L. Kieniewicz, Senat za Stefana Batorego, Warszawa 2000; A. Zakrzewski, Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI-XVIII w. Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki, Warszawa 2000, s. 108-109.
39 РИБ, т. 30, с. 324-325, 745-748.
40 Volumina Legum, t. II, Petersburg 1859.
41 РИБ, т. 30, с. 373.
42 Там жа, с. 838-841, 878-882.
43 Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика, kn. 530, p. 21-22.
44 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, КМФ-18 (Літоўская Метрыка), воп. 1, спр. 531, арк. 146адв.-148адв.
45 РИБ, т. 30, с. 428-429.
46 Там жа, с. 481.
47 Унійную палітыку гаспадара лаканічна і вельмі дакладна апісвае ў сваёй рэляцыі ў Рым добра дасведчаны папскі нунцый Ю. Руджэры: „Ma JKM inny zamiar, który go niemało zajmuje, to jest zjednoczenie Litwy z Koroną w sposób niżej opisany, a to tym końcem aby połączone siły mogły łatwiej opierać się wspólnym nieprzyjaciołom a mianowicie Moskwie, której, jak się okazało z doświadczenia, Litwini nie są w stanie podołać, a Polacy, nie będąc z nimi złączeni, nie chcieli wojować w tamtych stronach bez żołdu”: Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od roku 1548 do 1690, t. I, Berlin — Poznań 1864, s. 189. Як бачым, папскі нунцый лічыць, што патрэбы абароны паслужылі галоўнай прычынай праунійнай палітыкі гаспадара.
48 Там жа, с. 804-810.
49 АЛРГ, с. 480.
50 K. Pułaski, Sprawa o zapłatę zaległego żołdu rotom zaciężnym za Zygmunta Augusta, [w:] Szkice i poszukiwania historyczne, Seria 3, Kraków 1906, s. 198.
51 L. Kolankowski, Polska Jagiellonów, Olsztyn 1991, s. 217-218.
52 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, КМФ-18 (Літоўская Метрыка), воп. 1, спр. 48, арк. 219адв.-230; Lietuvos Metrika. Kn. 564 (1553-1567): Viešuj reikal kn. 7, Vilnius 1996, s. 100-101.
53 Археографический сборник документов, т. VII, Вильно 1870, с. 29-32.
54 Аб гэтым яскрава сведчыць комплекс дакументаў, прысвечаных няўдалай спробе ўтварыць на Валыні і Падоллі пастаянную „сторожовую” службу (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, КМФ-18 (Літоўская Метрыка), воп. 1, спр. 44, арк. 35адв.-38адв.), а таксама сталыя нявыплаты серабшчыны ў скарб і шырокае ігнараванне ўкраінскай шляхтай збораў паспалітага рушання.
55 На нашу думку, менавіта падобныя погляды занатаваў назіральнік з Гданьска: L. Kolankowski, Jagiellonowie i Unja, [w:] Pamiętnik VI Powszechnego Zjazdu Historyków Polskich w Wilnie 17-20 września 1935 r., t. 2: Protokoły, Lwów 1936, s. 288-289.
56 O. Halecki, Dzieje Unii Jagiellońskiej, t. II, s. 302-306.
57 Tamże, s. 340.
© Беларускае
Гістарычнае Таварыства
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка
на
Беларускі Гістарычны Зборнік
абавязковая
|