Незалежніцкія памкненні беларускай моладзі ў сярэдзіне 1980-х гадоў
Павал Мажэйка
(Гародня)
Асьвятляючы дадзенае пытаньне варта адзначыць, што ў СССР у 1980-я гады пры дасьледаваньні моладзевых праблемаў выкарыстоўваўся традыцыйны падыход, галоўная адметнасьць якога — выключна ідэалягічная скіраванасьць.
Фармаваньне духоўна-сацыялістычнага аблічча моладзі, маральнае выхаваньне моладзі, кіруючая роля КПСС і камсамола ва ўдасканаленьні ладу жыцьця моладзі й г.д. — вось галоўныя паняткі і тэмы, што складалі прадмет дасьледаваньня.
Падлічана, што ў Савецкім Саюзе да 1985 года ўлучна 72% усіх сацыялагічных працаў прысьвечаных моладзі былі зьвязаныя з тэмамі выхаваньня й фармаваньня вартасьцей, адпаведна якім моладзь павінна была бьць ідэалягічна падрыхтавана да дарослага жыцьця і сваёй ролі „будаўнікоў камунізму”1.
Большасьць працаў па праблемах моладзі ды па іх вывучэньню, якія выходзілі ў сярэдзіне 80-х у Беларусі, былі рэкамендаваныя аддзелам прапаганды ды агітацыі ЦК ЛКСМБ. І толькі ў канцы 80-х гадоў увага навукоўцаў была зьвернутая на праблему нефармальных аб’яднаньняў моладзі.
Як вядома, моладзевая палітыка савецкай дзяржавы была адным са складнікаў палітычнай дзейнасьці камуністычнае партыі. У яе аснове ляжаў патэрналізм, гэта значыць, што моладзь і яе вядучая арганізацыя — УЛКСМ-ЛКСМБ — разглядаліся як аб’ект партыйна-дзяржаўнага ўздзеяньня. Задачы выражэньня й абароны спецыфічных моладзевых інтарэсаў, як правіла, высоўваліся толькі праз палітыку партыі, што надавала ўзаемінам з моладдзю рысы аўтарытарызму, ідэалягічнага дагматызму, дробязнай апекі. У той жа час, за лёзунгамі аб „шчасьлівай савецкай моладзі” ігнаравалася разьвязаньне ейных надзённых сацыяльных праблемаў; яна не была дэ-факта дапушчана да распрацоўкі моладзевае палітыкі, разглядалася толькі ў якасьці аб’екта ўздзеяньня.
Ухіл у асноўным рабіўся ў бок ідэйна-палітычнага выхаваньня моладзі ў духу вернасьці сацыялістычным каштоўнасьцям і камуністычным ідэалам, што было зафіксавана ў Канстытуцыі СССР, праграме КПСС, Статуце УЛКСМ ды іншых дзяржаўных дакументах.
Да прыкладу, у пэрспэктыўным пляне работы Гарадзенскага гаркама камсамола на 1980 год першымі пунктамі накірункаў працы пазначаны:
— фармаваньне марксысцка-ленінскага сьветапогляду, ідэйнай упэўненасьці; клясавай самасьвядомасьці, вьхаваньне ў духу вернасьці рэвалюцыйным, баявым і працоўным традыцыям кампартыі й Савецкага ладу;
— удасканаленьне правядзеньня Ленінскага заліку як комплекснай формы камуністычнага выхаваньня, забеспячэньня еднасьці, ідэйна-палітычнага працоўнага і духоўнага выхаваньня2.
Да сярэдзіны 80-х гадоў у Беларусі адсутнічала магчымасьць свабодна аб’ядноўвацца ў арганізацыі як палітычныя, так і сацыяльна-культурныя. Усе грамадзкія арганізацыі знаходзіліся пад кантролем дзяржаўных ворганаў і адпаведных партыйных камітэтаў, атрымлівалі ад дзяржавы фінансавую падтрымку альбо існавалі за кошт унёскаў сваіх сяброў.
Канстытуцыя СССР 1977 года (арт. 7 і 51) надавала грамадзянам права аб’ядноўвацца ў грамадзкія арганізацыі, якія „ў адпаведнасьці са сваімі статутнымі” задачамі маглі ўдзельнічаць у кіраваньні дзяржаўнымі і грамадзкімі справамі3.
Аднак гэтае права абмяжоўвалася мэтамі „камуністычнага будаўніцтва”. Арганізацыі, якія атрымалі адмову ў рэгістрацыі, не маглі легальна праводзіць нейкія мерапрыемствы, нават сходы. Дзейнасьць антыканстытуцыйных арганізацыяў забаранялася. Любая апазіцыйная дзейнасьць па рашэньні партыйных ворганаў выклікала альбо зьмену кіраўніцтва, альбо закрыцьцё арганізацыі. Ухвалялася стварэньне масавых арганізацыяў зь дзесяткамі тысяч сяброў. Іх дзейнасьць была фармалізавана, яны ня ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці, не карысталіся ўплывам у грамадзтве. Усе грамадзкія арганізацыі, якія дзейнічалі ў разглядаемы час выкарыстоўваліся ўладай дзеля захаваньня, рэгуляваньня й пашырэньня кантролю за паводзінамі грамадзян. Пры гэтым назіралася тэндэнцыя ўвесьці ў дзяржаўную структуру нават аматарскія клюбы4.
Фактычна, усе грамадзкія арганізацыі, якія існавалі ў савецкай сыстэме, зьяўляліся працягам партыйна-дзяржаўнага апарату.
Што тычыцца моладзі, дык у СССР існавала разгалінаваная сетка камсамольскіх і піянэрскіх арганізацыяў. На іх былі замкненыя практычна ўсе амбіцыёзныя, кар’ерныя памкненьні моладзі, бо іншым чынам кар’еру зрабіць было фактычна немагчыма. Трэба было прайсьці праз прыступкі камсамольскай герархіі, і таму жаданьні і каштоўнасьці маладых людзей, так ці інакш, завязваліся на камсамоле.
Аналізуючы моладзевы рух у грамадзтвах закрытага тыпу — аўтарытарных ці таталітарных, дасьледчык, палітоляг і метадоляг Уладзімір Мацкевіч прыходзіць да высновы, што „ў такога тыпу грамадзтвах моладзевыя арганізацыі ствараюцца не для пошуку якіх-небудзь ініцыятываў”5.
На ягоную думку, падобныя аб’яднаньні эксплюатуюць элементарнае жаданьне людзей упісацца ў соцыюм, інфантыльнае жаданьне юнакоў стаць дарослымі. Стваральнікі такіх арганізацый знаходзяць людзей, у якіх гэтае жаданьне моцна развітае, прапануюць ім вузкасфармуляваную задачу, даюць на гэта грошы, іншыя сродкі і ствараюць марыянэткавыя структуры, якія моладзевымі зьяўляюцца толькі па складзе нізавых сяброў, тады як кіраўніцтва застаецца ў руках дарослых. Моладзі аддаваліся нізовыя пасады, хутчэй за ўсё арганізацыйныя, фінансавыя, празь якія іх уцягвалі ў дзейнасьць на карысьць арганізацыі6.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў адбывалася аддзяленьне маладых пакаленьняў ад палітычнага жыцьця, ігнараваліся іх палітычныя інтарэсы і актыўнасьць. Як вынік пачынаючы з 70-х гадоў і ў наступныя гады зьніжаўся ўзровень палітычнай актыўнасьці моладзі ў сурагатных формах, якія культываваліся ўсёй сыстэмай палітычнага выхаваньня ў грамадзтве. Хаця паралельна складаліся міты пра 90% абхоп моладзі грамадзка-палітычнай дзейнасьцю7.
Першыя нацыянальныя беларускія моладзевыя аб’яднаньні ў разглядаемы пэрыяд у сучаснай Беларусі пачалі ўзьнікаць у канцы 70х — пачатку 80-х гадоў. Гэты працэс быў зьвязаны „з жаданьнем часткі студэнцкае моладзі, гуманітарнае і тэхнічнае інтэлігенцыі супрацьстаяць татальнай палітыцы русіфікацыі і разбурэньня нацыянальнай культуры, якую праводзілі камуністычныя ўлады БССР пад лёзунгам хутчэйшай ліквідацыі нацыянальнай адметнасьці беларускага народу ды ўключэньня яго ў „новую гістарычную супольнасьць людзей — савецкі народ”8.
Большасьць дасьледчыкаў найноўшае гісторыі Беларусі пачаткам сучаснага этапу моладзевага руху ў Беларусі лічаць 25 сьнежня 1979 года, калі група студэнтаў з Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту наладзілі ў цэнтры Менска Калядную працэсію. Тады міліцыя разагнала студэнтаў. Па словах аднаго з арганізатараў і ўдзельнікаў калядаваньня Вінцука Вячоркі, „узнаўляючы фальклёрныя сьвяты, мы кідалі выклік. (...) Фальклёр у гэтым выпадку — тая вечная аснова, той вечны грунт, якога проста павінна баяцца сыстэма. Яна разумее, што тут спрадвечнае, апрабаванае вякамі, тут народная эстэтыка і традыцыя міжлюдзкіх кантактаў, якія выпадаюць з таго ж маральнага кодэксу будаўнікоў камунізму. Не стыкуюцца з тым, што навязвалася краіне семдзесят гадоў”9.
Нельга абмінаць і пэўнага ўплыву на моладзевы беларускі рух крызіснага стану ў Польшчы 1980-1981 гадоў. Інфармацыя, хоць і дазаваная, якая ішла з Польшчы, а таксама падобнасьць асноўных грамадзка-эканамічных праблемаў у Беларусі і Польшчы, прыводзілі да разуменьня таго, што крызісныя зьявы нарастаюць і ў Беларусі.
У гэтых варунках сярод пэўнае часткі беларускай інтэлігенцыі высьпявала ўпэўненасьць у тым, што яны зьяўляюцца прадстаўнікамі апошняга пакаленьня, якое зможа адрадзіць беларускі народ як эўрапэйскую нацыю. У гэтым сэнсе ўзнікненьне й развіцьцё беларускага моладзевага руху, на думку аднаго з тагачасных ягоных лідараў Алеся Сушы, быў працэсам аб’ектыўным, які не залежыў ад волі канкрэтных людзей10. Моладзевы незалежніцкі рух узнік на парэштках нацыянальнай культуры і духоўнасьці, на неразьвязаных сацыяльных праблемах. І менавіта ён „у супрацьвагу ўсемагчымым відам „афіцыйнага ідыятызму” вельмі хутка стаў дзейснай зброяй, а адпаведныя аб’яднаньні сапраўднай косткай у бюракратычнай глотцы”11.
Варта адзначыць і тое, што не прайшлі дарма і спробы нацыянальнага адраджэньня 1950-70 гадоў. Поўныя любові да роднай зямлі творы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, своеасаблівыя творы па старажытнай гісторыі Беларусі Міколы Ермаловіча, паасобныя намаганьні дзесяткаў, соцень нашых людзей у той час выратавалі нацыю ад духовай катастрофы і сталі тым падмуркам, на якім зарадзіўся моладзевы незалежніцкі рух пачатку 1980-х гадоў.
Студзень 1980 года можна лічыць пачаткам стварэньня першага адраджэнскага моладзевага аб’яднаньня „Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня”. У літаратуры сустракаюцца яшчэ назвы „Беларуская майстроўня” і „Майстроўня”. Касьцяк яе склалі ўдзельнікі Каляднай працэсіі 25 сьнежня 1979 года. Гэта было пераважна студэнцкае аб’яднаньне, куды ўваходзілі студэнты БДУ, БДТМІ, іншых ВНУ г. Менска, асьпіранты, школьная і рабочая моладзь горада.
Першапачатковую мэту, якую ставілі перад сабой сябры „Майстроўні” — гэта адраджэньне ў гарадзкім асяроддзі беларускай народнай абраднасьці, сьвятаў.
„Майстроўня” мэтанакіравана спалучала сьпеўна-фальклёрную дзейнасьць з культурна-асьветніцкай і палітычнай. Адраджэньне беларускай народнай культуры разглядалася як аптымальная форма выхаваньня нацыяльнай сьвядомасьці, форма фальклёрна-этнаграфічнага клюбу дазваляла весьці ўласна палітычную дзейнасьць12.
Акрамя гэтага вяліся практычныя заняткі па беларускай мове, выпускаліся насьценныя газэты, распаўсюджвалася незалежная прэса — часопіс „Люстрадзён”, „Аб усім, што баліць”, эмігранцкая і самвыдавецкая літаратура13.
У 1983 годзе пры „Майстроўні” было ўтворана Таварыства беларускае школы, якое агітавала адкрываць беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы, актыўна падтрымоўваць існуючыя.
Паступова, сьвядомая беларускамоўнасьць і палітызаванасьць вылучалі сяброў „Майстроўні” сярод большасьці тагачасных фальклёрных калектываў. Гэта не магло не выклікаць канфліктаў з уладамі. 13 чэрвеня 1984 года актывісты „Майстроўні” выйшлі на несанкцыянаваную дэманстрацыю пратэсту пад лёзунгам „Руйнуецца помнік гісторыі” супраць зносу помніка гісторыі і архітэктуры — будынка гарадзкога тэатру , дзе ў 1852 годзе была пастаўлена першая беларуская опера „Ідылія”. Фактычна гэта быў першы несанкцыянаваны мітынг у Мінску. Дэманстранты былі затрыманыя міліцыяй, супраць некаторых распачалі сьледзтва14.
Позна ўвечары таго ж дня невядомыя асобы распісалі патрыятычнымі лёзунгамі будынкі Савецкага райкама камсамола і КДБ у Мінску. Адзін з галоўных лёзунгаў: „Хай жыве Беларусь!”15.
„Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня” была першай вядомай на сёняшні дзень моладзевай самадзейнай арганізацыяй у Беларусі на пачатку 80-х гадоў. Аднак гэта была далёка не адзіная ініцыятыва.
Пік першае „хвалі” нефармальнага руху прыйшоўся прыкладна на 1984 год, а далей пачаўся пэўны закат у дзейнасьці моладзевых арганізацый гэтага спектру.
Відавочна, што перыяд „закату” (сярэдзіна 1984 — канец 1985 гг.) не быў усеагульньм. Рэальна існаваць моладзевыя плыні і ініцыятывы не перасталі, яны па просту пачалі дзейнічаць на больш-менш нелегальным становішчы.
Моладзь Беларусі адчувальна ўспрыняла ўсе перамены, прынесеныя ў грамадзтва „перабудовай”. Сацыялягічны зрэз праблемаў моладзі Беларусі дастаткова відавочна фіксуе рост незадаволенасьці ўзроўнем палітычных інстытутаў і неўспрыманьня прапагандуемых імі грамадзкіх стэрэатыпаў.
Ужо ў 1985 годзе 32,2% апытаных маладых людзей Беларусі выказвалі сумнеў у рэклямуемых афіцыйнай прапагандай перавагах „рэальнага” сацыялістычнага ладу жыцьця16.
Палітычны плюралізм „перабудовы” актывізаваў пошук моладдзю адпаведнага сваім палітычным поглядам сацыяльнага асяродка і прывёў да шырокага стварэньня розных моладзевых арганізацыяў і аб’яднаньняў. Нефармальны моладзевы рух у Беларусі стаў актыўным сродкам палітычнай самаідэнтыфікацыі моладзі.
Калі разглядаць нефармальныя моладзевыя аб’яднаньні з гледзішча агульнапрынятай клясіфікацыі, дык у асноўным гэта былі арганізацыі гісторыка-культурнай, краязнаўчай і экалягічнай скіраванасьці.
У моладзевым нефармальным руху сярэдзіны 80-х гадоў найбольш значную сілу і вядомасьць набыла „Талака”. Сярод прычын, што садзейнічалі ўзнікненьню „Талакі” самі „талакоўцы” называлі наступныя: „забытая мова, вырачэньне фальклёру, народных традыцыяў ды маральных нормаў, катастрафічнае вынішчэньне помнікаў”17.
Гэты разрыў паміж нацыянальнай культурай і грамадзкай сьвядомасьцю народа быў адной з асноўных праблемаў нацыянальна-адраджэнcкага руху ў Беларусі.
Як прызнаваў адзін з заснавальнікаў „Талакі” Вінцук Вячорка, „з аднаго боку, ёсьць гісторыя і культура, а з другога, — няма народа, які „ўспрымае гэтую гісторыю і культуру”18.
Выхад з такой сытуацыі „талакоўцы” бачылі ў наданьні беларускай мове статуса дзяржаўнай, гэта значыць „паступовае вяртаньне ёй належнае ролі ў грамадзтве, пры забеспячэньні права й рэальнай магчымасьці ўсім іншым народам разьвіваць свае мовы і культуры”19.
„Голас Беларуса”, выданьне рыскага беларускага таварыства культуры „Сьвітанак”, у красавіку 1989 года пад рубрыкай „Знаёмцеся, Талака” пісала: „Лёзунг Талакі — „Калі хочаш знайсьці свой скарб, сваю Радзіму, гайда ў Талаку!” Калі нехта раней у Менску гаварыў пабеларуску, дык пэўна было: зь вёскі або пісьменьнік. Цяпер існуе і трэцяя альтэрнатыва: мабыць з Талакі”20.
Праграма-максымум фармулявалася як нацыянальна-культурнае адраджэньне, „але кожны „талаковец” ясна бачыў мэту: незалежная Беларусь”21.
Аднак асноўная частка моладзі даволі пасыўна ставілася да палітычных і сацыяльных зьменаў у грамадзтве. Паводле дадзеных А. Данілава, палітыкай цікавіліся толькі 33,9% моладзі22.
З гэтай прычыны і таксама з-за актыўнага супрацьдзеяньня з боку ўлады і прэсы колькасны склад арганізацыі рос павольна. У 1988 годзе „Талака” мела толькі 55-60 сяброў.
Варта падкрэсліць сацыяльнае паходжаньне сяброў арганізацыі. У асноўным гэта былі дзеці прадстаўнікоў гуманітарнай творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі. Больш заўважна тэндэнцыя да дамінаваньня творчае інтэлігенцыі. Гэта можна патлумачыць тым, што сярод сяброў „Талакі” веданьне беларускай мовы і культуры стаялі на першым месцы, а ў сем’ях творчай, асабліва пісьменьніцкай інтэлігенцыі, беларуская мова заўсёды пераважала ва ўжытку.
У сваёй практычнай дзейнасьці „Талака” ставіла наступныя задачы:
— разам зь іншьмі грамадзкімі дзяржаўнымі арганізацыямі замацаваць у Менску новую традыцыю — рух „Роднае места”. Гэты рух павінен быў уключаць і падобныя ініцыятывы:
1. Не дапусціць, каб хаця б адзін помнік гісторыі і культуры быў зьнішчаны.
2. Шырокае і рэгулярнае грамадзкае абмеркаваньне плянаў рэстаўрацыі і новае забудовы, дыскусіі па пытаньнях экалягічнае сытуацыі, культурнага жыцьця, рэформы адукацыі.
3. Краязнаўчая досьледная праца і прапагандысцкая дзейнасьць, стварэньне клюбаў, музэяў.
4. Стварэньне шырокае сеткі народных універсітэтаў, курсаў беларускай мовы, гісторыі, мастацтва. Стварэньне навучальных ды культурных установаў, грамадзкіх арганізацый для прадстаўнікоў іншых народаў, што жывуць у Менску.
5. Абмеркаваньне новых і вяртаньне спрадвечных назваў вуліцам і пляцам Менску.
6. Шырокае выкарыстаньне СМІ, арганізацыя сходаў, мітынгаў, сьвятаў (міжнародныя дні аховы помнікаў, асяроддзя, сьвята Горада, сьвята Мовы, Купальле, Гуканьне вясны, Каляды, Радуніца, Дзяды і інш.).
— наладзіць у клюбе рэгулярнае абмеркаваньне актуальных палітычных праблемаў і плянаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэспублікі23. У дзейнасьці „Талакі” выкарыстоўвалася тактыка „малых справаў”: гэта лекцыі на прадпрыемствах, абыход кватэр з агітацыяй за стварэньне беларускіх школ, праца па рэстаўрацыі помнікаў.
Культываваўся прынцып: „Пачні зь сябе”. Праграма-максымум успрымалася не дагматычна, а праз гісторыка-культурную самаадукацыю24.
„Талакоўцы” падтрымалі палітыку перабудовы. У „Дэклярацыі аб’яднаньня «Талака» гаварылася: „Трагізм сытуацыі прымусіў лепшую частку КПСС распачаць палітыку перабудовы. Гэтая палітыка паступова, нягледзячы на адчайны супраціў сілаў рэакцыі ды застою, прабівае сабе дарогу (...) таму мы, маладыя менчукі, усьведаміўшы крызыснае становішча, што склалася на Беларусі і ва ўсім СССР, аб’ядналіся ў грамадзкую арганізацыю „Талака”, каб сумеснай працай дачыніцца да перабудовы”25.
У гэтай жа „Дэклярацыі” фактычна была акрэсьлена і палітычная пазыцыя „Талакі”: „Перабудова пераможа тады, калі краінай будзе кіраваць сам абуджаны да палітычнае і нацыянальнае сьвядомасьці народ”26.
У другой палове 80-х частка моладзі Беларусі не толькі ўздзельнічала ў дзейнасьці такіх вядомых арганізацыяў, як „Талака”, але і стварала іншыя аб’яднаньні.
У 1987 годзе ў Беларускім тэхналягічным інстытуце было створана патрыятычнае аб’яднаньне „Сьвітанак”. З 1988 года „Сьвітанак” займеў свой друкаваны ворган — часопіс „Студэнцкая думка”.
Сябры „Сьвітанка” вызначылі асноўнымі накірункамі сваёй дзейнасьці экалёгію, нацыянальнае адраджэньне, праблемы беларускага студэнцтва.
Для адкрытага абмеркаваньня пытаньняў культуры, гісторыі, мовы ў БТІ быў створаны дыскусыйна-палітычны клюб імя Францішка Скарыны. Для ўдзельнікаў клюбу прапаноўваліся розныя тэмы, сярод іх:
1. Паходжаньне беларускай нацыі.
2. Беларуская мова — старажытная і сучасная.
3. Ф. Скарына і ягоная эпоха.
4.Грамадзка-палітычныя дзеячы Беларусі.
Сябры „Сьвітанка” вызначыліся таксама зборам подпісаў сярод студэнтаў БТІ пад зваротам у Вярхоўны Савет аб тым, каб надаць беларускай мове статус дзяржаўнай.
Актыўная дзейнасьць гэтай арганізацыі знайшла водгук у замежжы. У адным з нумароў ангельскай газеты „Тhе Тіmеs Ніgh Еducation Supplement” ішла гаворка аб тым, што студэнты БТІ, не чакаючы афіцыйнага рашэньня Вярхоўнага Савета, распрацавалі трохгадовую праграму „беларусізацыі” навучаньня, якая складалася з 10 пунктаў. Паведамлялася, што плянам прадугледжвалася выданьне інстытуцкага інфармацыйнага весьніка па-беларуску, адкрыцьцё ў інстытуце беларускай бібліятэкі, увядзеньня абавязковых курсаў беларускае мовы, літаратуры і гісторыі, увядзеньне ў эксперыментальных групах беларускай мовы як мовы выкладаньня27.
29 траўня 1986 года ў Менску быў заснаваны клюб перакладчыкаў „Бабілён”. З мэтай актывізацыі перакладніцкай дзейнасьці і пашырэньня ролі перакладу ў беларускай культуры дзеля ўпісаньня яе ў эўрапэйскі і сусьветны кантэкст.
У 1987-1989 гадах пры Менскім інстытуце культуры існавала культурна-асьветніцкая суполка „Зьніч”. Нягледзячы на культурна-асьветніцкую скіраванасьць суполкі, не ігнараваў „Зьніч” таксама і палітычныя акцыі. Асноўная праца вялася ў кірунку прапаганды ведаў па беларускай гісторыі, культуры і літаратуры.
З сьнежня 1986 па 1990 гады дзейнічала незалежнае аб’яднаньне маладых літаратараў-нонкамфармістаў „Тутэйшыя”. Мэтай дзейнасьці „Тутэйшыя” ставілі „абарону сваіх правоў, сваіх поглядаў і перакананьняў, супрацьстаяньне жалезнай герархічнай структуры Саюза пісьменьнікаў”28. Адзін з пунктаў іхнага „Маніхвэста Тутэйшых” абвяшчаў (ад першай асобы): „Я дбаю пра нацыянальную школу: пачатковую, сярэднюю, вышэйшую; пра мову для ўсіх і ад усіх; пра рэгенерацыю роднай гісторыі. На Беларусі я заўсёды і паўсюль карыстаюся беларускай мовай”29.
Моладзевы нацыянальны нефармальны рух другой паловы 80-х закрануў не толькі сталіцу Беларусі. У гэты ж перыяд узнікалі „нефармальныя” моладзевыя аб’яднаньні ў многіх гарадох рэспублікі: „Узгор’е” ў Віцебску, „Маладзік” у Наваполацку, „Паходня” ў Гародні, „Талака” ў Гомелі, „Повязь” у Воршы ды іншыя.
Першае паседжаньне Гарадзенскай „Паходні” адбылося 12 сакавіка 1986 года. І як запісана ў дзёньніку „Паходні”, „дзякуючы намаганьням Міколы Таранды з Інстытута біяхіміі АН БССР. Гэта ён гойсаў па ўсім горадзе, стаптаўшы ногі й вышукваў людзей, якія ведаюць, любяць, цікавяцца ўсім нашым родным — беларускім”30. На першае паседжаньне клюба прыйшло 19 чалавек. Першая праграма „Клюба аматараў гісторыі і культуры роднага краю” была наступнага зьместу:
1. Знаёміцца з гістарычнымі падзеямі, помнікамі архітэктуры і літаратуры краю.
2. Вывучаць жыцьцё, творчасьць выдатных прадстаўнікоў мінулага і сучаснага.
3. Размаўляць самім і папулярызаваць беларускую мову.
4. Удзельнічаць у паходах па выдатных мясьцінах Беларусі.
5. Арганізоўваць сустрэчы з гісторыкамі, пісьменьнікамі, навукоўцамі-беларусамі.
6. Прапагандаваць беларускую музыку і літаратуру, фальклёр, звычаі і традыцыі31.
Ужо на другім паседжаньні клюба прафэсар Аляксей Пяткевіч, на той час дацэнт Гарадзенскага універсітэту, сябра СП БССР, пакінуў у кнізе водгукаў красамоўны запіс: „Зь вялікай прыемнасьцю ўдзельнічаў у рабоце Гарадзенскага клюба моладзі. (...) Моладзь і культура — гэта вельмі многае ў жыцьці. Няхай не затухае ў клюбе жывая душа, прага глыбей пазнаць сваіх продкаў, саміх сябе, імкненьне стварыць для роднай Беларусі”32.
Вялікі ўплыў на фармаваньне светапогляду ўдзельнікаў беларускага моладзевага руху зрабіла знаёмства з раўналеткамі-беларусамі, якія жылі ў Польшчы.
9 студзеня 1987 года Мікола Таранда скіраваў ліст у рэдакцыю бюлетэня „Сустрэчы”, які выдавала Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы. У гэтьм лісце было прапанавана завязаць сумеснае знаёмства дзеля ліставаньня33.
Беручы пад увагу асноўныя накірункі дзейнасьці моладзевых нефармальных арганізацый, відавочна, што ўсе шматлікія „нефармальныя” групы фактычна імкнуліся да здзяйсьненьня агульных мэтаў, што зрабіла магчымым іх аб’яднаньне.
Паводле арыентыроўкі менскага гаркаму КПБ толькі за год (з жніўня 1987 па лістапад 1988) колькасьць удзельнікаў моладзевых нефармальных ініцыятываў вырасла ў некалькі разоў. У адньм Менску налічвалася 566 „аматарскіх самадзейных аб’яднаньняў і клюбаў па інтарэсах”, да якіх належыла больш за 46 000 сяброў. 65% студэнтаў, апытаных у БДУ, былі ў той ці іншай ступені зьвязаныя зь нефармальньмі арганізацыямі, большасьць зь якіх вызначалася „апалітычнасьцю”. „Грамадзка-палітычную накіраванасьць” мелі 97 з 566 менскіх аб’яднаньняў. Гэтыя групы падтрымоўвалі, апрача іншага, і ідэю беларускага адраджэньня34.
Узгаданая партыйная арыентыроўка адзначыла ў нефармальных груповак імкненьні да „кансалідацыі з сабе падобнымі”.
Пасля дзьвюх каардынацыйных сустрэчаў мінскай і гомельскай „Талок”, гарадзенскай „Паходні”, віцебскага „Узгор’я” і іншых, 26 сьнежня 1987 года ў Палачанцы пад Менскам адбыўся І Вальны Сойм беларускіх моладзевых суполак. Сабралося каля 400 дэлегатаў ад 30 моладзевых арганізацыяў.
Вальны Сойм рыхтаваўся пры цесным кантакце нефармалаў з камсамольцамі, аднак з боку нефармалаў гэта быў хутчэй вымушаны крок. Фактычна з гэтага часу пачалася радыкалізацыя моладзевага нацыянальнага руху і на працягу 1988 года ён цалкам пазбавіўся апекі камсамолу.
У ліпені 1988 года некаторыя з вынікаў працы Вальнага Сойму ў Палачанцы былі зьведзеныя ў самавыдавецкі дакумент пад назовам „Адозва ініцыятыўнае групы Канфедэрацыі Беларускіх моладзевых суполак”:
„Самавызначэньне беларускага моладзевага руху насьпела ня толькі дзеля ўнутраных прычынаў, мы з надзеяй і спачуваньнем глядзім на народы Эстоніі, Латвіі і Літвы. Яны чакаюць нас, каб аб’яднацца ў вялізнай хвалі нацыянальнага пад’ёму, што коціцца па Прыбалтыцы. У далучэньні Беларусі да гэтае хвалі — зарука незваротнасьці рэвалюцыйных зьменаў у Прыбалтыйскіх рэспубліках і ва ўсім Савецкім Саюзе, а гэта значыць, што зрабіць гэта (падтрымаць гарбачоўскую перабудову, разьвіваючы нацыянальнае адраджэньне) — наш інтэрнацыянальны абавязак”35.
Ва ўзгаданай адозве моладзевым суполкам прапаноўвалася засяродзіцца на пытаньнях суверэнітэту Беларусі, яе дэмакратызацыі, эканомікі, экалёгіі і нацыянальнай культуры.
Аб суверэнітэце, прыкладам, адозва казала так: „З Канстытуцыі БССР і СССР вынікае, што БССР — суверэнная дзяржава. Але на практыцы гэтай сувярэннасьці не існуе. Мы верым, што толькі фактычная сувярэннасьць гарантуе гармонію інтарэсаў БССР і іншых рэспублік, якія складаюць СССР, і дазволіць ажыцьцяўляць найбольш адпаведныя характару нашай рэспублікі палітычныя, эканамічныя і культурныя праграмы не па цэнтралісцкіх мадэлях”36.
14-15 студзеня 1989 года ў Вільні адбыўся II Вальны Сойм беларускіх моладзевых суполак. Вынікам ягонай працы было стварэньне Канфедэрацыі беларускіх суполак. Стварэньне Канфедэрацыі азначала ўзьнікненьне палітычнага саюза беларускіх нефармальных арганізацый, саюза „дзеля пасьлядоўнай барацьбы супраць сталінізму, супраць тых рэшткаў сталінізму, якія прапітваюць нашае грамадзтва наскрозь”37.
На Сойме была прынятая платформа КБС, якая складалася з наступных раздзелаў: „Суверэнітэт”, „Эканоміка”, „Дэмакратызацыя”, „Нацыя”, „Мова”, „Культура”.
Вялікую цікавасьць уяўляе пытаньне дачыненьняў моладзевых незалежніцкіх арганізацыяў з партыйнымі і камсамольскімі ворганамі.
Беларускім партыйным кіраўніцтвам вялася шырокая ідэалягічная кампанія супраць нефармальных аб’яднаньняў, у тым ліку і моладзевых. Чаго вартыя да прыкладу толькі назвы артыкулаў у друку: „Позиция или поза?”, „Пена на волне перестройки”, „Перестройка — не игра в демократию”, „Эволюция политического невежества”, „Первопроходцы перестройки, или к чему призывают так называемые «друзья народа»”.
„Выклікае шкадаваньне той факт, што ёсьць людзі, якія абсалютна не хочуць бачыць ніякіх пазытыўных зрухаў і пераменаў у рэспубліцы і актыўна імкнуцца дэстабілізаваць абстаноўку, сфармаваць самасьвядомасьць народа, якая ўтрымлівае зарад нацыянальнага недаверу, падазронасьці, крыўд і незадаволенасьці, развіцьцё беларусаў у садружнасьці братэрскіх народаў”. Так выказваў у „Советской Белоруссии” сваю незадаволенасьць дзеяньнямі нефармалаў прафесар А. Малашка38.
Як адзначалася на 16-м Пленуме ЦК КПБ, некаторыя сябры гэтых арганізацыяў „шчыра вераць”, што працуючы ў тым, ці іншым аб’яднаньні паскорыць разьвязаньне сацыяльных праблемаў. Яны не заўсёды дакладна паведамляюць, што і як трэба рабіць, аднак актыўна шукаюць канструктыўныя шляхі да дэмакратызацыі і галоснасьці. Іншыя патрапілі пад магічнае ўзьдзеяньне псэўдарэвалюцыйнай фразеалёгіі, „хлёстких” заклікаў і лёзунгаў, патрабуюць тэрміновых зьменаў, паляпшэньня справаў. Ёсьць і такія, хто дзеля задавальненьня „непомерных притязаний и амбиций выдавая себя за единственных радетелей за счастье народа, фактически встал и на деструктивный путь, на путь сепаратизма, авантюризма и конфронтации”39.
Як бачым, нягледзячы на абвешчаную палітыку галоснасьці, на плюралізм думак, кіраўніцтва рэспублікі фактычна ставіла перад нефармальнымі аб’яднаньнямі галоўную умову — альбо вы працуеце пад нашым кантролем, альбо мы зробім усё магчьмае каб вас не існавала.
У гэтым пляне досыць цікавай зьяўляецца „ориентировка для служебного пользования” „Аб некаторых асаблівасьцях цяперашняй грамадзка-палітычнай сытуацыі”. У арыенціроўцы моладзевыя нефармальныя аб’яднаньні называюцца не інакш, як „экстремисткого толка”40.
Арыенціроўка загадвае змагацца з „экстрэмістамі” і прапаноўвае наступныя метады: „неабходна ва ўсіх гарадах і раёнах, у калектывах працоўных стварыць спецыяльныя ідэалягічныя камісыі (...), абавязкам камісый зьяўляецца выяўленьне і пастаноўка на ўлік усіх экстрэмісцкіх элементаў і груп, пастаянная работа зь імі”41.
Яшчэ адзін метад, выключна савецкі, гэта метад сямейнай парукі: „праводзіць індывідуальныя сустрэчы і размовы з бацькамі сяброў самадзейных клюбаў і груп моладзі, на якіх раскрываць сутнасьць і небясьпеку нацыяналістычных памкненьняў іх дзяцей. Павысіць патрабавальнасьць да бацькоў-камуністаў за духоўныя паводзіны і праступкі сваіх дзяцей, за ідэйна-палітычнае і маральнае ўздзеяньне на іх”42.
Зразумела, што ў змаганьні партыі зь нефармаламі быў уцягнуты і яе „верны памагаты” — камсамол, які таксама павінен быў вызначыць сваё стаўленьне да нефармалаў. У Дзяржаўным архіве грамадзкіх аб’яднаньняў Гарадзенскай вобласьці ёсьць справаздача першага сакратара Гарадзенскага гаркама камсамола Анатоля Падгорнага „Аб працы бюро Гродзенскага ГК ЛКСМБ у перыяд пасля 27-й гарадской справаздачна-выбарчай канферэнцыі” ад 29.12.1988 года, дзе акрэсьлена пазыцыя гаркама ў дачыненьні да „Паходні”.
„Дзеяньні гэтага клюбу часам „отличаются превратностью толкования” гісторыі, імкненьне любымі шляхамі сьцвердзіць свае погляды, робячы стаўку на моладзь. Кожнаму камсамольскаму актывісту неабходна вызначыць сваё стаўленьне да гэтага аматарскага аб’яднаньня, заняць канкрэтную пазыцыю, ды не па чутках, а пабываць на ягоных паседжаньнях, разабраўшыся да дробязей ва ўсіх фактах дзейнасьці клюба”43.
Што гэта за пазыцыя, становіцца зразумела зь іншай справаздачы А. Падгорнага на 28-й гарадской камсамольскай канферэнцыі, якая адбылася 12.01.1990 года.
„Сёньня, калі ў грамадзтве арганізоўваюцца розныя нефармальныя аб’яднаньні і групы, часта нацыянальнага толку, нам неабходна прыкласьці немала намаганьняў для працы зь юнакамі і дзяўчатамі па інтэрнацыянальнаму выхаваньню. (...) Яны [нефармальныя арганізацыі — аўт.] апошнім часам прынялі шэраг рашэньняў, якія маюць дастаткова сур’ёзныя разыходжаньні з нашай ідэалёгіяй, з нашьмі ўяўленьнямі пра нацыянальнае і інтэрнацыянальнае выхаваньне. Мы адкрыта павінны сказаць, што мы за дыялёг і супрацоўніцтва (...), аднак па пытаньнях цэнзу аселасьці, дзяржаўнае мовы, стварэньня беларускага войска мы іх не падтрымліваем”44.
Палітыка дэмакратызацыі і галоснасьці, што распачалася ў другой палове 80-х вынесла ўсе праблемы камсамола наверх і паказала ягоную няздольнасьць заняць адпаведнае месца ў моладзевым руху. Калі перафразаваць Чэслава Мілаша, камсамол у час перабудовы стаў падобны да чалавека, „у якога павадкам бурлівай ракі заліло сад і які спадзяецца, што калі вада сыдзе, ён знойдзе колішнія грады, але ж вада разлітай ракі не проста ёсьць: яна вымывае і зносіць цэлыя пласты грунту, яна валіць дрэвы, наносіць горы глею, коціць камяні — і колішні сад ёсць ужо нешта не на шмат большае, чым пэўная колькасьць квадратных мэтраў цалкам зьмененай прасторы”45.
Рэпутацыя камсамола, як арганізацыі цалкам бяспраўнай перад партыйнымі бонзамі, няздольнай зрабіць нічога канкрэтна карыснага для сваіх членаў ці абараніць іх у выпадку самавольства, здольнай у лепшым выпадку да прыгожых размоваў, пачала даваць свае вынікі. Калі на 1 студзеня 1987 года ў склад Гарадзенскай камсамольскай арганізацыі ўваходзіла 55 495 чалавек46, дык па стану на 1 студзеня 1990 года ўжо толькі 46 676 чалавек47. А толькі за 1990 з Гарадзенскага камсамола выйшла 10 293 члены48.
У канцы 80-х колькасьць камсамольскай праслойкі сярод моладзі адпаведнага ўзросту зьнізілася да 58%, хаця ў 1987-1988 гадах сягала 80%49.
Зразумела, што імклівы рост ролі і месца незалежніцкіх моладзевых арганізацяў у жыцьці моладзі адбіўся і на зьмене акцэнтаў у ацэньваньні сымбалічных для савецкага грамадзтва падзей мінулага.
Дасьледаваньне, праведзенае А. Данілавым паказала значны ўзровень негатыўнага ацэньваньня, як Кастрычніцкай рэвалюцыі („рэвалюцыя была заўчаснай” — 29,1%; „рэвалюцыя была непатрэбна” — 20, 3%), так і сацыялістычнай ідэі наогул50. Безумоўна зьмяняліся і ацэнкі дзейнасьці тых, хто прапагандаваў гэтыя сымбалі.
Паводле сацыялагічнага апытаньня, праведзенага ў 1989 годзе, галоўным ворагам радыкальных пераменаў беларуская моладзь лічыла апарат міністэрстваў і ведамстваў (74%), за ім ішоў партыйны апарат (52%). Наогул, больш 60% моладзі Беларусі выказвалі недавер дзейнасьці кампартыі, 45,4% давалі негатыўную адзнаку камсамолу51.
Такім чынам, сярэдзіна 80-х гадоў стала значнай эпохай у незалежніцкім моладзевым руху Беларусі. Імклівы рост палітызаваных моладзевых нефармальных аб’яднаньняў быў якасна новай зьявай у разьвіцьці палітычнае актыўнасьці. Расчараваньне ў існуючай палітыцы, якую праводзіла кіраўніцтва краіны і партыі, незадаволенасьць уласным палітычным і эканамічным становішчам, разьвязаньнем экалягічных праблемаў, жаданьне ўзьняць на дзяржаўны ўзровень мову, культуру, гісторыю беларускага народа падштурхнулі многіх маладых беларусаў у другой палове 1980-х да яднаньня ў шэрагах масавага руху. Ён стаў своеасаблівай формай пратэсту супраць антынацыянальнай лініі КПСС, выключанасьці людзей з працэсу прыняцьця палітычных рашэньняў, даў пазапартыйную форму выражэньня палітычнай і сацыяльнай актыўнасьці.
Streszczenie
W Związku Radzieckim 72% wszystkich prac socjologicznych poświęconych młodzieży było związnych z wychowaniem młodego pokolenia do przyszłego budownictwa komunizmu. Dopiero w końcu lat 80. zwrócono uwagę na istnienie nieformalnych grup młodzieżowych, znajdujących się poza zasięgiem działania monopolistycznego Komsomołu. Organizacja komunistyczna wśród młodzieży miała przede wszystkim kształtować marksistowsko-leninowski światopogląd swoich podopiecznych. Pierwsza niezależna organizacja „Majstrounia” powstała na Białoruskim Uniwersytecie Państwowym w Mińsku. Tworzyli ją studenci i asystenci oraz młodzież szkolna i robotnicza. W 1984 r. aktywiści „Majstrouni” wyszli na pierwszą demonstrację pod hasłem „Niszczeją pomniki historii”. Wkrótce na ścianie koło budynku KGB za sprawą członków tej organizacji pojawił się napis „Niech żyje Białoruś”. W połowie lat 80. w odruchu buntu przeciwko rusyfikacji i niszczeniu pomników kultury narodowej powstała „Tałaka”. Działacze tej nieformalnej organizacji jako pierwsi zaczęli rozważać o niezależnej państwowości białoruskiej. W 1986 r. studenci mińskich uczelni utworzyli klub „Babilon”, a w 1987 r. w Instytucie Technologicznym powstała organizacja niepodległościowa „Świtanak”. Wkrótce wszystkie organizacje zaczęły upowszechniać swoje idee za pośrednictwem własnych czasopism.
1 Х. Пилкингтон, Советская молодежь как „субьект” и „обьект” строительства коммуннзма; Молодежь России на рубеже 90-х годов, кн. 2, Москва 1992, с. 170.
2 Дзяржаўны архіў грамадзкіх аб’яднаньняў Гарадзенскай вобласьці (далей: ДзАГА), ф. 21, воп. 10, спр. 3, л. 37.
3 Канстытуцыя СССР, [у:] Свод законов СССР, т. 1, Москва 1980, с. 16, 24.
4 А. Коцікаў, Группы ннтересов: особенностн создання н деятельностн, [у:] Народны універсітэт, Мінск 1999, с. 21.
5 Ул. Мацкевіч, Варункі існавання, „Супольнасць”, 1997, с. 10.
6 Там жа.
7 В. Баравік, Политическая активность современной молодежи, Москва 1990, с. 93.
8 Ул. Роўда, Палітычныя ўмовы дзейнасці „трэцяга сэктару” Беларусі, Мінск 1999, с. 12.
9 А. Уліцёнак, Іншадумцы = Мыслящие иначе, Мінск 1991, с. 200.
10 Ф. Радзивонава, Студенчество Беларуси в неформальном движении в 80-е годы, [у:] Новое в профессиональной подготовке будущих учителей школы. Сборник научных статей, Минск 1992.
11 М. Малюцін, Неформалы в перестройке — опыт и перспективы, [у:] Иного не дано: судьбы перестройки, Москва — Минск 1988, с. 217.
12 Энцыклапедыя беларускіх НА, „Супольнасць”, 1998, № 3-4 (5-6).
13 Там жа.
14 Ф. Радзивонава, Студенчество Беларуси в неформальном движении..., с. 205.
15 Кроніка дэмакратычнай апазіцыі й палітычных рэпрэсіяў у Беларусі (1953-1988 гг.), „Супольнасць”, 1998, № 5-6 (7-8), c. 31.
16 А. Данілаў, Моладзь крызісных гадоў: ілюзіі і новыя надзеі, Мінск 1999, с. 133.
17 „Інфармацыйнае паведамленне ініцыятыўнае групы Канфэдэрацыі беларускіх суполак”, 1989, 14 студзеня, с. 2.
18 Неформалы — кто вы?, „Нёман”, 1988, № 6, c. 161.
19 „Інфармацыйнае паведамленне...”
20 „Голас Беларуса”, 1989, № 1, красавік.
21 В. Івашкевіч, Сьвятло ў канцы тунэлю, „Навіны”, 1990, 23 красавіка, № 2.
22 А. Данілаў, Моладзь крызісных гадоў..., с. 133-134.
23 Праграма „Талакі”, уласны архіў аўтара.
24 „Навіны”, 1990, № 2.
25 „Інфармацыйнае паведамленне...”, 1989, 14 студзеня, с. 2.
26 Там жа.
27 Ф. Радзивонава, Студенчество Беларуси в неформальном движении..., с. 207.
28 Ад „Тутэйшых” — да тутэйшых..., ЛіМ, 1998, 24 красавіка.
29 „Сустрэчы”, Варшава 1989, № 1, с. 16.
30 Пратакол першага паседжання клуба (дакумент з асабістага архіву М. Таранды).
31 Там жа.
32 Пратакол другога паседжання клуба (дакумент з асабістага архіву М. Таранды).
33 Віаłоruskі ruch studencki w Polsce 1981-1992. Wybór dokumentów, Białystok 1995, s. 112-113.
34 Некоторые актуальные вопросы идеологической работы в современных условиях, „Белорусская трибуна”, 1988, 18 снежня.
35 Я. Запруднік, Беларусь на гістарычных скрыжаваннях, Мінск 1996, с. 141.
36 Там жа.
37 Прамова Вітушкі С. 19.02.1989 г. на мітынгу на стадыёне „Дынама”, „Рэанімова”, 1989, № 2.
38 А. Малашка, Что мешает обьединению сил перестройки?, „Советская Белоруссия”, 1989, 19 лютага.
39 Неформальные обьединения в политической жизни республики, Минск 1990, с. 1.
40 Рэспубліканская паранойя, „Навіны БНФ”, 1988, № 1.
41 Там жа.
42 Там жа.
43 ДзАГА, ф. 21, воп. 18, спр. 7, арк. 47.
44 Там жа, спр. 1, арк. 15.
45 Ч. Мілаш, Скуты розум, „Фрагмэнты”, Менск — Вільня 2000, с. 200.
46 Тлумачальная запіска „Аб колькасным ды якасным складзе гарадской камсамольскай арганізацыі”, ДзАГА, ф. 21, воп. 18, спр. 2, арк. 13.
47 Статыстычная справаздача пра склад Гродзенскай гарадской камсамольскай арганізацыі, ДзАГА, ф. 21, воп. 20, спр. 7, арк. 5.
48 Статыстычная справаздача пра склад Гродзенскай гарадской камсамольскай арганізацыі на 01.01.1991 г., ДзАГА, ф. 21, воп. 21, спр. 6, арк. 4.
49 С. Камісараў, А. Шэндрык, Возрождение идеала, Москва 1990, с. 133.
50 А. Данілаў, Моладзь крызісных гадоў...., с. 134.
51 Там жа, с. 135.