БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 19

Гарадзеншчына як абшар польска-беларускага этна-канфесійнага памежжа

Сяргей Токць
(Гродна)

Сялянскае насельніцтва Гарадзенскай губерні ў люстэрку этна-статысткі 
19 — пачатку 20 ст.

Вельмі важнай групай крыніц для вывучэння зменаў этнічнай самасвядомасці сялянства і развіцця нацыятворчых працэсаў з’яўляюцца матэрыялы этна-статыстыкі. Аднак неабходна ясна ўсведамляць, што азначаныя матэрыялы адносна 19 — пачатку 20 ст. не столькі адлюстроўвалі рэальную этнічную структуру насельніцтва і яго самасвядомасць, колькі ўяўленні і веды тых сацыяльных груп і структур, якія арганізоўвалі збор і апрацоўку статыстычных даных. Гэты момант таксама ўяўляе вялікую цікавасць для даследчыка этнічных працэсаў. Хаця даныя этна-статыстыкі адлюстроўвалі найперш уяўленні адукаваных эліт, яны, што яшчэ больш важна, адначасова і фармавалі гэтыя ўяўленні. Таму этнастатыстыка часта станавілася полем ідэалагічнай барацбы розных нацыятворчых эліт, прадстаўнікі якіх уяўлялі сябе „канструктарамі” нацыянальнай свядомасці сялянскіх масаў.

Такія складаныя мерапрыемствы, як збор і апрацоўка статыстычных матэрыялаў пра этнічны склад насельніцтва вялікіх абшараў, былі рэальна выканальнымі толькі для органаў дзяржаўнага кіравання. Бюракратычныя машыны ўсіх еўрапейскіх краін па меры свайго разрастання і ўдасканалення бачылі адной з важнейшых мэтаў уласнай дзейнасці збор і апрацоўку як мага больш значнага аб’ёму інфармацыі пра падпарадкаванае ім насельніцтва. Паступова ў поле іх зроку трапляла і этнічная праблематыка, якая таксама станавілася прадметам статыстычнага вывучэння. Акрамя таго, дзяржаўныя чыноўнікі неўзабаве зразумелі, што статыстычныя звесткі з перапісаў насельніцтва і этнаграфічныя карты самі па сабе з’яўляюцца вельмі істотным чыннікам фармавання нацыянальнай свядомасці, на што, напрыклад, звяртае ўвагу Б. Андэрсан. Таму дзяржаўныя ўлады часта выкарыстоўвалі вынікі этнаграфічных даследаванняў для абгрунтавання правільнасці сваёй нацыянальнай палітыкі. Найперш гэта датычыла тых рэгіёнаў, дзе існавала сітуацыя канкурэнцыі розных нацыянальных праектаў.

Вывучэнне архіўных матэрыялаў дазваляе сцвярджаць, што ў першай трэці 19 ст. царская адміністрацыя не праводзіла спецыяльных даследаванняў этнічнага складу жыхароў Гарадзенскай губерні. У так званых „рэвізскіх сказках”, якія з’яўляюцца найбольш поўнымі і дакладнымі статыстычнымі матэрыяламі пра мясцовае насельніцтва, улічвалася толькі саслоўная прыналежнасць мясцовых жыхароў. Паводле этна-канфесійных прыкмет у азначаных перапісах звычайна вылучаліся тры групы: яўрэі, татары і „галендры” (даўнейшыя перасяленцы з Галандыі — С. Т.), а ў некаторых дакументах — таксама і расіяне-стараверы. Гэтыя групы адрозніваліся ад астатняга насельніцтва асобнымі правамі і прывілеямі, што найперш і абумовіла іх адасабленне.

У польскай культурна-палітычнай традыцыі нацыянальная праблематыка і звязаныя з ёй этнічныя пытанні сталі прадметам грамадскай увагі раней, чым у расійскай. У 1825 г. у Вроцлаве было выдадзена на польскай мове даследаванне Станіслава Плятэра Геаграфія ўсходняй часткі Еўропы, у якім прыводзіліся даныя пра этнічны склад насельніцтва на абшарах былой Рэчы Паспалітай. Жыхары Гарадзенскай губерні паводле народнасцяў падзяляліся ў С. Плятэра наступным чынам: палякі — 80 000, русіны — 470 000, ліцьвіны — 100 000, расіяне — 20 000, яўрэі — 120 000, татары — 10 0001. Да палякаў аўтар далучаў фактычна ўсю шляхту і мяшчан хрысціянскага веравызнання, а да русінаў і ліцьвінаў — сялян. Наконт „русінаў” ён сцвярджаў, што іх мову можна лічыць дыялектам польскай. Вельмі важным уяўляецца тое, што ў азначаным даследаванні праводзілася размежаванне паміж этнічнай і канфесійнай прыналежнасцю, паколькі да „русінаў” аўтар адносіў як сялян-каталікоў, так і уніятаў.

Пасля 1831 г. у польскай грамадскай думцы адбываюцца спробы ўдакладнення крытэрыяў ідэалагічнай айчыны і ідэнтыфікацыі паляка. Назіраецца ўсё большае вылучэнне на першы план канфесійных крытэрыяў. Енджэй Славачынскі, аўтар аднаго са статыстычных апісанняў Польшчы, выдадзенага ў 1830-х гадах у Парыжы, падзяляў яе насельніцтва на палякаў, русінаў, яўрэяў, ліцьвінаў, немцаў, маскалёў і валохаў. Прычым на першым месцы паводле колькасці знаходзіліся русіны — 7 520 тыс. чалавек, а колькасць палякаў ацэньвалася ў 6 770 тыс. Аднак аўтар называў азначаную структуру насельніцтва састарэлай і настойваў на яе пераглядзе: „Здаецца нам, што калі з уласцівага пункту гледжання кінуць даследчае вока на насельніцтва Польшчы, трэба яго дзяліць не на народнасці, ці хутчэй назвы, якія беспадстаўна ёй былі ў варварскіх часах накінуты, і якія праз нядбальства праіснавалі да нашых дзён, а на рэлігійныя вызнанні; каталікі і уніяты належаць да аднаго Касцёла і да адной Айчыны; падольскія грэкі маюць адрозны ад нас Касцёл, а значыць адрозную нам і маскалям Айчыну, ёсць гэта нацыя прамежкавая”2. У выніку такога падыходу, паводле Славачынскага, на абшарах былой Рэчы Паспалітай выходзіла „амаль чацвёра палякаў на аднаго русіна”.

Да выкладчыкаў Віленскага універсітэта, мясцовых памешчыкаў і духавенства звяртаўся за дапамогай вядомы расійскі статыстык Пётр Кепен пры правядзенні даследавання колькасці і рассялення літоўскага насельніцтва ў Расійскай імперыі. Па выніках гэтай работы П. Кепен прыйшоў да высновы, што ў Гарадзенскай губерні літоўцы жывуць у Гарадзенскім павеце ў некаторых вёсках на правым беразе Нёмана, у Лідскім павеце — ад межаў Вілейскага павета да Жырмунаў, у Слонімскім павеце — у некалькіх вёсках3. Даследаванне П. Кепена паслужыла замацаванню ў расійскай навуковай літаратуры этнічнага разумення тэрміна „літоўцы”.

У 1842 г. вядомы славіст Павел Шафарык у сваім вядомым даследаванні Славянскі народапіс фактычна ўпершыню падаў лічбы пра агульную колькасць беларусаў і акрэсліў іх этнічную тэрыторыю, у якую увайшла і большая частка Гарадзенскай губерні. Заходняя мяжа беларускага этнасу, паводле П. Шафарыка, праходзіла па Віліі, адтуль на захад праз Альшаны, Трабы, над Іўем і Лідаю да Гародні, адтуль хілілася на поўдзень па заходнім ускрайку Беластоцкай вобласці, праз Кнышын, Беласток, Боцькі да Буга4. Гэтую інфармацыю славацкі навуковец хутчэй за ўсё атрымаў ад таго ж Пятра Кепена ці іншых даследыкаў з Расійскай імперыі. Пры гэтым П. Шафарык сцвярджаў, што беларускае насельніцтва Гарадзеншчыны размаўляе на „літоўска-рускім дыялекце”5. Натуральна, што праца Шафарыка была маладаступнай для шырокіх колаў тагачаснага адукаванага грамадства Беларусі. Аднак прафесійныя навукоўцы ў галіне мовазнаўства і этнаграфіі безумоўна былі з ёй азнаёмлены. Так паступова вымалёўваўся навуковы вобраз беларускага этнасу і геаграфічнага абшару яго рассялення, да якога далучалася і большая частка тагачаснай Гарадзенскай губерні.

Мясцовая дзяржаўная адміністрацыя ў першай палове 19 ст. у цэлым мала цікавілася праблемай этнічнай прыналежнасці падуладнага ёй сялянскага насельніцтва. У справаздачы за 1837 г. гарадзенскі губернатар так пісаў пра вясковае насельніцтва сваёй губерні: „Большая частка сялян Гарадзенскага і Лідскага паветаў суць веры каталіцкай, гавораць на ўласцівай толькі для гэтага краю літоўскай мове і напэўна (...) паходзяць ад старажытных мясцовых жыхароў. Сяляне ж іншых паветаў амаль усе без выключэння вызнаюць грэка-уніяцкую веру, гавораць на сапсаванай рускай мове і суць напэўна нашчадкі выхадцаў славянскага племені”6.

У 1843 г. П. Кепен ад імя Расійскай акадэміі навук звярнуўся да гарадзенскага губернатара з просьбай сабраць і даслаць у Пецярбург статыстычныя табліцы пра „нярускае” насельніцтва губерні. Апошні ў сваю чаргу прадпісаў паліцэйскім земскім спраўнікам і гараднічым скласці спісы „іншародцаў” з падзелам на асобныя народы і ўказаннем населенных пунктаў, дзе яны пражывалі. Мясцовыя чыноўнікі аднак не мелі ні жадання, ні дастатковай дасведчанасці, каб прафесійна выканаць заданне. Часта яны проста не разумелі, чаго ад іх патрабуе начальства. Ваўкавыскі земскі спраўнік паведамляў губернатару, што ў яго павеце жывуць 84 190 „літоўцаў” праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў7. Такім чынам, ён залічваў да „літоўцаў” усё мясцовае этнічна-беларускае сялянства. І такое разуменне „нацыянальнай” прыналежнасці было даволі шырока распаўсюджаным на Гарадзеншчыне і Віленшчыне. А большасць паліцэйскіх чыноўнікаў звычайна абмяжоўвалася толькі дастаўленнем звестак, ды і тое даволі няпэўных, пра нямецкіх пасяленцаў і татараў. Паколькі гэтыя чыноўнікі амаль усе паходзілі з мясцовай шляхты, то яны выяўлялі характэрнае для гэтага асяроддзя разуменне таго, хто з’яўляецца „іншародцам”, а хто сваім. Такім чынам, лакальная дзяржаўная адміністрацыя часта была проста не ў стане вызначыць этнічную структуру насельніцтва губерні і дзеля гэтага не існавала ясных і дакладных крытэрыяў. У дадзеным выпадку інтарэс навукоўцаў апярэджваў палітычныя запатрабаванні ўладаў.

Часам гэты інтарэс натхняў на працу мясцовых аматараў этнічнай статыстыкі. Вядомы даследчык Гарадзенскай губерні Павел Баброўскі змясціў у сваіх Матэрыялах для геаграфіі і статыстыкі Гродзенскай губерні статыстычныя даныя, якія сабраў паводле яго слоў у 1848 г. праваслаўны святар Рыгор Парчэўскі, але сам выдаць так і не змог8. Згодна гэтым даным у Гарадзенскай губерні большасць насельніцтва складалі „рускія”, якіх налічвалася 706,5 тысяча, ці 78,6%. У Слонімскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, у паўночнай частцы Пружанскага і ва ўсходніх частках Бельскага, Беластоцкага і Сакольскага паветаў яны, паводле Парчэўскага, размаўлялі „асобай гаворкай, блізкай да беларускай, а ў Берасцейскім, Кобрынскім і паўднёвай частцы Пружанскага і часткова Слонімскага — блізкай да маларасійскай ці валынскай мовы”. Такім чынам, мясцовае насельніцтва, што размаўляла на розных дыялектах беларускай мовы, Парчэўскі далучаў да „рускага” народа незалежна ад веравызнання, а яго мову — да разраду гаворак. Палякаў, „якія гавораць на польскай мове і вызнаюць рымска-каталіцкую веру”, Р. Парчэўскі налічваў 82 689 душ, ці 9,2 % ад усяго насельніцтва. Яны пражывалі ў 945 населеных пунктах, а менавіта — у 397 шляхецкіх ваколіцах, 27 сёлах, 425 вёсках і 96 урочышчах. Абсалютная большасць гэтых населеных пунктаў знаходзілася ў Беластоцкім павеце — 428, і Бельскім — 329. Такім чынам, Р. Парчэўскі залічваў да палякаў частку сялянскага насельніцтва заходніх паветаў губерні, а таксама амаль усю шляхту і частку мяшчанства. Ён вызначыў і колькасць літоўскага насельніцтва: „Літоўцы, якія гавораць на літоўскай мове і вызнаюць каталіцкую веру, жывуць толькі ў двух паветах: Гарадзенскім і Слонімскім і складаюць 2 338 або 0,2 %”. Галоўнымі крытэрыямі вызначэння нацыянальнасці для Парчэўскага была найперш мова, а ў некаторых выпадках і рэлігія (адносна татар — С. Т.). Хаця ў асяроддзі шляхты, якую Парчэўскі далучаў да палякаў, дасканалае валоданне літаратурнай польскай мовай было характэрным толькі для больш заможнай часткі гэтага саслоўя, якое мела магчымасць вучыць сваіх дзяцей у сярэдніх навучальных установах.

У сваім даследаванні, паводле інфармацыі П. Баброўскага, Р. Парчэўскі шырока выкарыстоўваў даныя губернскіх устаноў. Безумоўна, што ён мог абапірацца на звесткі, якія яму паведамлялі уніяцкія святары. Невядома, што прымусіла Р. Парчэўскага ўзяцца за такую працу, ці была гэта ўласная ініцыятыва, ці заданне дзяржаўных уладаў. Як сцвярджае П. Баброўскі, рукапіс працы Р. Парчэўскага, падрыхтаваны ўжо да выдання, быў згублены ў Віленскім цэнзурным камітэце.

У 1849 г. у Пецярбургу было выдадзена Военно-статистическое обозрение Гродненской губернии, у якім утрымліваліся звесткі і пра этнічны склад мясцовага насельніцтва9. Паводле складальнікаў азначанага даследавання жыхары губерні падзяляліся на наступныя этнічныя групы: славяна-русы, палякі (мазуры), яўрэі, немцы і татары. Беларускамоўнае сялянства было названае славяна-русамі: „Славяна-русы займаюць большую частку зямель, што складаюць гэтую губерню, як то паветы: Ваўкавыскі, Слонімскі, Пружанскі, Кобрынскі, Берасцейскі і Гарадзенскі”10.

У лістападзе 1851 г. віленскі генерал-губернатар прадпісаў мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі сабраць звесткі пра колькасць „рускіх” паселішчаў11. У дадзеным распараджэнні „рускасць” выразна атаясамлялася з праваслаўным вызнаннем. Самым цікавым стала тое, што падобны падыход не быў зразуметы многімі мясцовымі чыноўнікамі. Напрыклад, паліцэйскі спраўнік Гарадзенскага павета пісаў: „У Гарадзенскім павеце сёлаў, населеных уласна рускімі жыхарамі няма, а ўсе мястэчкі, сёлы, вёскі і шляхецкія ваколіцы населены туземнымі жыхарамі, якія карэнна тут жывуць і мяшаныя паводле веравызнання (...) у адных вёсках болей рыма-каталікоў, а ў іншых звернутых з былой уніі і далучаных да праваслаўнай царквы”12. Гарадзенскі губернатар барон фон дэр Ховен так тлумачыў спраўнікам сэнс распараджэння генерал-губернатара: „Па сэнсу Найвышэйшага загаду пад назвай руских сёлаў трэба разумець, што жыхары вызнаюць праваслаўную веру”13.

У канцы 50-х гадоў 19 ст. царскі ўрад з прапановы акадэміі навук вырашыў высветліць этнічную структуру насельніцтва „заходніх” губерняў пры дапамозе прыходскага духавенства ўсіх канфесій. Святарам было прадпісана падаць спісы сваіх прыхаджан з указаннем іх „нацыянальнай” прыналежнасці і хатняй мовы. Даныя гэтых спісаў былі потым апрацаваны і апублікаваны расійскім даследчыкам М. Лябёдкіным, а ў 1866 г. іх практычна без зменаў апублікаваў у сваім статыстычным даследаванні І. Сталпянскі14. Дадзеныя прыходскія спісы акрэслівалі не столькі этнічную структуру мясцовага насельніцтва, як гістарычныя ўяўленні, погляды і палітычныя сімпатыі самога духавенства, што, несумненна, таксама робіць іх вельмі важнай крыніцай для даследавання развіцця нацыянальнай тоеснасці.

Так, каталіцкія ксяндзы на Гарадзеншчыне пераважна далучалі сваіх прыхаджан да літоўскай і польскай народнасцяў. Прывядзем тут некалькі прыкладаў з Гарадзенскага дэканата15. Пробашч Індурскай парафіі далучаў сваіх парафіян да „польска-літоўскага племені”. Ксёндз з Вялікіх Эйсмантаў называў парафіян палякамі і „хлопамі” (мужыкамі — С. Т.). Пробашч з Квасоўкі цвердзіў, што яго прыхаджане „племені (...) літоўскага (...) увогуле размаўляюць на беларускай мове”. Ксяндзы з Малой Бераставіцы і Крынак далучылі сваіх верных „да ядзвінга-літоўскага племені”. Цікава, што сапраўдных этнічных літоўцаў з Перавалкаўскай парафіі тамтэйшы святар залічыў да палякаў.

П. Баброўскі ў сваім даследаванні Гарадзенскай губерні вылучыў дзве „рускія” народнасці: „Чарнарусаў, тых жа беларусаў, і маларасіян, альбо лепш палешукоў ці пінчукоў і бужан”16. Жыхароў Бельшчыны Баброўскі адносіў да этнаграфічнай групы „падлясян”. У выніку ўсё славянскае насельніцтва губерні даследчык падзяліў на „рускіх” (чорна-русаў; па мове беларусаў і маларусаў)” і „палякаў-мазураў”. Першыя, паводле яго даных, складалі 77,58% насельніцтва, а другія — 10,15%. У разважаннях Баброўскага заўважаецца пэўная блытаніна і складваецца ўражанне, што даследчык сам да канца не разабраўся ў гэтым складаным пытанні

Такім чынам, у першай палове 19 ст. царскія ўлады адносна мала цікавіліся этнічнай структурай сялянскага насельніцтва на Гарадзеншчыне. Даволі размытымі былі ўяўленні на гэты конт і сярод мясцовай шляхецкай інтэлігенцыі і духавенства. Галоўнае, што нікому нават і не прыходзіла ў галаву спытаць у самых сялян пра іх нацыянальную „прыналежнасць”. Апошняя, называная яшчэ часта „пляменнай” лічылася аб’ектыўнай дадзенасцю, незалежнай ад суб’ектыўных уяўленняў тагачасных насельнікаў вёскі. Азначаная праблема цікавіла па сутнасці толькі навукоўцаў. Найбольшае пашырэнне ў свядомасці мясцовага адукаванага грамадства меў саслоўна-канфесійны падыход да вызначэння нацыянальнай структуры насельніцтва. У дадзеным выпадку мы ўжываем тэрмін нацыянальны ў тагачасным разуменні. Як ужо адзначалася вышэй, паводле гэтага падыходу шляхта і мяшчане каталіцкага веравызнання звычайна далучаліся да палякаў, а сяляне — да „літоўцаў” і „русінаў” ці „рускіх”. Саслоўнага падыходу звычайна прытрымліваліся і тыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія складалі статыстычныя матэрыялы для ўрада.

Узнікае пытанне — наколькі ўсе вышэйпрыведзеныя даныя статыстычных даследаванняў адпавядалі сапраўднай этнічнай сітуацыі на Гарадзеншчыне і самасвядомасці жыхароў. Што датычыццa мяшчанства і асабліва сялянства, то па зразумелай прычыне малалікасці крыніц даследаваць іх самасвядомасць надзвычай складана. Адно можна сцвярджаць з упэўненасцю, што нацыянальная самасвядомасць у сучасным яе разуменні сярод гэтых групаў насельніцтва была цалкам неразвітай. Тут можна пагадзіцца з Р. Радзікам, што беларускія сяляне ў 19 ст. былі тыповай этнічнай супольнасцю, чальцы якой атаясамляліся на ўзроўні лакальных супольнасцяў, згуртаваных навыковымі повязямі, пачуццём свойскасці злучыўшай іх культуры, у якой рэлігія наогул адыгрывала вышэйшую ролю чым мова: „Мыслілі ўсё яшчэ ў катэгорыях прыватнай айчыны, а не ідэалагічнай”17. Неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што падобны ўзровень развіцця нацыянальнай свядомасці на той час быў уласцівы таксама сялянству і іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

На пачатку 60-х гадоў 19 ст. цікавасць царскіх уладаў да этнічных пытанняў на беларускіх землях істотна ўзрасла, паколькі азначаная праблематыка ўсё больш пачынала набываць палітычнае значэнне. Безумоўна, вельмі вялікую ролю адыграла паўстанне 1863 г. Урад закідваў яго кіраўнікам імкненне ўладарыць над „рускім” сялянскім насельніцтвам „Заходняга краю”. Гэтыя аргументы прызначаліся як для пераконвання заходнееўрапейскай грамадскасці, так і расійскай. Таму ўлады даволі ахвотна падтрымлівалі правядзенне этнаграфічных даследаванняў, якія павінны былі пацвердзіць гістарычнае і нацыянальнае права расійскага ўладарання ў Беларусі. Пасля паўстання 1863 г. былі выдадзены этнаграфічныя атласы Рыціха і Эркерта18, якія акрэслівалі этнічную тэрыторыю беларусаў і іх лічэбнасць. Аўтары, высокапастаўленыя афіцэры царскай арміі, грунтавалі свае вынікі найперш на афіцыйных статыстычных матэрыялах, а таксама на даных ужо ўзгаданых прыходскіх спісаў. Паводле этнаграфічнага атласу палкоўніка Рыціха, насельніцтва Гарадзенскай губерні падзелялася па народах: беларусы — 503 283, маларусы — 167 743, палякі — 82 908, яўрэі — 106 649, немцы — 5 281, літоўцы — 2 800, татары — 98219. Цікава, што „вялікарусы” ўвогуле адсутнічалі ў даных атласа сярод сталага насельніцтва Гарадзеншчыны як асобная этнічная група.

У гэты час царскі ўрад паўстаў перад праблемай акрэслення нацыянальнай прыналежнасці беларускамоўных сялян-каталікоў. Палкоўнік Эркерт прапаноўваў усё каталіцкае насельніцтва „заходніх” губерняў аднесці да палякаў, а праваслаўнае — да рускіх: „Ничто в западных губерниях России не определяет черты, отделяющей русскую народность от польской, так отчётливо и правильно, как различие вероисповеданий. Таким образом, в западной России, с сравнительно немногими исключениями, все славянские обитатели православного исповедания должны считаться русскими, а все те, которые исповедуют католическую религию — поляками”20. Ён не прыдаваў сур’ёзнага значэння мове як крытэрыю саматоеснасці: „Распределение на основании одного только языка весьма важно и занимательно во многих отношениях, но когда дело идёт о существовании и практическом понимании настоящего порядка вещей и ближайшей будучности касательно различия между руской и польской народностью, то упомянутое деление относительно имеет менее важное значение”21. Эркерт выказваў крытычны погляд адносна тэрміна „каталік-беларус”, але прызнаваў адсутнасць выразнай самасвядомасці ў сялянскага насельніцтва: „Язык свой простолюдин называет простым, а самого себя русским, часто даже литовцем (по политическим преданиям), или просто крестьянином. (...) Польское дворянство, а в особенности католическое духовенство часто употребляет выражение „литовцы” о тех католиках, у которых родным языком остался русский”22. Права за беларусамі на ўласнае нацыянальнае жыццё Эркерт не прызнаваў: „Это нисколько не значит, чтобы мы допускали так называемую среднюю народность, стоящую между русскими и поляками, как некоторые старались доказать вопреки истории и действительности”23.

Погляды Эркерта выклікалі рашучыя пярэчанні з боку вядомага знаўцы і даследчыка Гарадзеншчыны Паўла Баброўскага, які за галоўны крытэрый этнічнай прыналежнасці лічыў мову і традыцыйную народную культуру: „Чтобы убедиться, к какому племени принадлежат жители известной страны, самым верным и практическим способом прежде всего служит язык, а за ним и другие жизненные явления, потому что язык есть как бы родовой герб, завещанный человеку его предками, народу его коренным племенем, это зеркало, в котором всего ощутительнее выражается нравственный характер и даже вся история народа, язык живет вместе с народом, вместе с ним развивается и умирает”24. П. Баброўскі не надаваў істотнага значэння саманазве і нават саматоеснасці сялян: „Какое нам дело то того, что белоруссы не называют себя белоруссами, а простыми (...) но они говорят по-белорусски. (...) Они, не зная того, что они белоруссы — сохранили и в обыденной речи, и в песнях, и в пословицах, свои определенные, национальные, логические формы, свой дух, свой определённый характер — свои права, свои обычаи и т.п.”25. Цалкам адкідаў даследчык нацыянальны падзел беларускага сялянства паводле веравызнання: „Не достаточно знать кто ходит в костёл и кто в церковь, надобно ещё знать, кто говорит по-белорусски и кто по-польски, чтобы верно разграничить соприкосновенные народности”26.

Акрэсленая дыскусія мела немалаважнае значэнне для выпрацоўкі царскай нацыянальнай палітыкі на беларускіх землях, паколькі апаненты мелі аўтарытэт сур’ёзных экспертаў. У стасунку да сялянскага насельніцтва быў прыняты пункт погляду П. Баброўскага. Таму ў афіцыйных матэрыялах мясцовай адміністрацыі і статыстычных перапісах этнічна беларускае каталіцкае сялянства пачынае фігураваць у графе „беларусы”.

У 1869 г. гарадзенскі статыстычны камітэт сабраў і апрацаваў звесткі пра этнічны склад падатковага насельніцтва губерні, дзе ўпершыню ў мясцовым афіцыйным справаводстве даныя пра колькасць беларусаў падаваліся асобна ад даных пра велікарусаў і маларусаў. Галоўную ролю ў зборы азначаных статыстычных даных адыгрывалі паліцэйскія чыноўнікі, найперш станавыя прыставы, якія і дасылалі вынікі сваёй працы непасрэдна ў статыстычны камітэт. Менавіта яны і вызначалі „нацыянальнасць” падначаленых ім жыхароў. Натуральна, што гэтыя людзі не былі дасведчанымі ў пытаннях этнаграфіі і мовазнаўства, а грунтавалі свае ацэнкі на ўласных перакананнях. Так, сакольскі спраўнік пісаў у Гародню, што ў яго павеце жыве суцэльнае беларускае насельніцтва, якое размаўляе на „сапасаванай рускай мове”. Цікава, што павятовыя чыноўнікі ў сваіх справаздачах даволі часта ўжывалі тэрмін „западно-руссы” адносна сялянскага насельніцтва. Але служачыя статыстычнага камітэта гэты тэрмін выкрэслівалі і замянялі тэрмінам „беларусы”. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што царская адміністрацыя свядома ўкараняла этнонім „беларусы” ў Гарадзенскай губерні, хаця раней ён тут самім мясцовым насельніцтвам амаль не выкарыстоўваўся.

У адпаведнасці з данымі статыстычнага камітэта падлеглае падаткаабкладанню насельніцтва губерні падзялялася паводле нацыянальнасці: беларусаў — 599 191, маларусаў — 178 255, вялікарусаў — 3 705, палякаў — 74 325, яўрэяў — 113 378, літоўцаў — 34 991, немцаў — 5 445, татараў — 921, цыганоў — 90. У гарадах беларусаў было ўсяго 21 006 чалавек. Вялікарусаў у губерні налічвалася ўсяго 3 70527. У апошнюю лічбу не ўваходзілі вайскоўцы, а таксама ўрадавыя чыноўнікі.

Такім чынам, пачынаючы з 60-х гадоў 19 ст. ува ўсіх афіцыйных статыстычных даследаваннях беларусы ўжо выступалі як асобная этнічная група, хаця іх у тых жа даследаваннях разам з велікарусамі і маларусамі звычайна акрэслівалі тэрмінам „рускія”. Чым была выклікана патрэба афіцыйнага прызнання і пашырэння этноніма „беларусы”? Безумоўна, царскія ўлады не маглі ігнараваць той факт, што гэты тэрмін ужо шырока выкарыстоўваўся ў навуковай літаратуры і публіцыстыцы. Адначасова ён быў у цэлым прыймальным для ўрада, паколькі нават сваім гучаннем падкрэсліваў этнічную блізкасць мясцовага насельніцтва да расіян-вялікарусаў. У барацьбе з польскім культурна-палітычным нацыяналізмам царская ўлада ўздымае на шчыт этнічнасць мясцовага сялянскага насельніцтва, паколькі апеляцыя толькі да канфесійных і цывілізацыйных фактараў азначала па сутнасці адмову ад асіміляцыі мясцовага каталіцкага сялянства. Безумоўна, што ўрад разглядаў наяўнасць назвы „беларусы” ў афіцыйных матэрыялах як з’яву часовую, пэўную прыступку на шляху да поўнага зліцця мясцовага насельніцтва ў адзіную нацыю з вялікарусамі. Аднак гэта было адначасова і пэўнае прызнанне этнічных, гістарычных і рэлігійных адрозненняў беларусаў. З’яўленне гэтага тэрміна на этнаграфічных картах і ў статыстычных табліцах і даведніках несумненна стала істотным чыннікам у працэсе нацыянальнага самаатаясамлення маладой беларускай інтэлігенцыі, а адпаведна — і ў працэсе станаўлення нацыянальнай ідэі. Можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што беларускія народнікі — выдаўцы часопіса „Гомон” — чыталі гэтыя статыстычныя даведнікі і былі знаёмыя з картамі, на якіх пазначалася этнічная тэрыторыя беларусаў. Гэтая тэрыторыя на карце станавілася для іх важным элементам уяўлення беларускай „ідэалагічнай айчыны”, права якой на самабытнае жыццё яны імкнуліся абгрунтаваць на старонках сваіх выданняў.

Статыстычныя даследаванні этнічнай стуктуры насельніцтва Гарадзенскай губерні рэгулярна працягваліся і надалей. Напрыклад, у 1889 г. Рускае геаграфічнае таварыства звярнулася да гарадзенскага губернатара з просьбай даслаць у Пецярбург статыстычныя даныя пра этнічны склад насельніцтва губерні. Паводле спецыяльнай анкеты патрэбна было сабраць наступныя звесткі: афіцыйныя назвы населеных пунктаў і іх назвы на мове мясцовых жыхароў, назвы рэк і азёр, колькасць жыхароў і іх этнічная прыналежнасць, хатняя мова жыхароў, веравызнанне, колькасць пісьменных і на якой мове ўмеюць чытаць і пісаць, валоданне расійскай мовай. Азначаныя звесткі былі сабраны павятовымі паліцэйскімі спраўнікамі і дасланы ў губернскі статыстычны камітэт, а адтуль высланы ў сталіцу імперыі28.

У канцы 19 і нават яшчэ на пачатку 20 ст. на старонках польскамоўных выданняў і ў асяродзі мясцовай інтэлігенцыі шляхецкага паходжання для акрэслення беларускамоўнага сялянскага насельніцтва па-ранейшаму вельмі часта ўжываўся тэрмін „русіны”. Падчас падарожжа па Нёмане З. Глогер так апісваў абшар беларуска-літоўска-польскага этнічнага памежжа: „Чорная Ганьча лічылася этнаграфічнай мяжой у Аўгустоўскім (павеце — С. Т.) паміж Літвой і Мазурамі. Але па абодвух берагах Нёмана здаўна сядзелі ў гэтай ваколіцы русіны аж да Белай Ганьчы”29. Аўтар апісвае знешні выгляд і заняткі гэтых „русінаў”, асаблівасці іх мовы. Ён таксама адзначае наступнае: „Мяжа двух моў (літоўскай і беларускай — С. Т.) не з’яўляецца аднак родавай мяжой двух плямёнаў. Кроў і мова — гэта не заўсёды адно і тое ж. Цэлы шэраг стагоддзяў працаваў над перамешваннем крыві плямёнаў над Віслай, Нёманам, Дзвіной, але моўныя адрозненні засталіся і ўмацаваліся”30. „Русінамі”, паводле вядомага польскага этнографа Міхала Федароўскага, называлі беларусаў-каталікоў з Сакольшчыны і польскамоўныя сяляне „мазуры”31. М. Федароўскі найбольш грунтоўна сярод усіх тагачасных этнографаў даследаваў менавіта абшар этнічнага памежжа. Сабраныя ім стэрэатыпныя выказванні беларускіх сялян пра прадстаўнікоў іншых этнічных і сацыяльных супольнасцяў і па сённяшні дзень ахвотна цытуюцца даследчыкамі. Тэрмін „русіны” адносна беларусаў выкарыстоўваў таксама адзін з вядомых дзеячаў беларускага адраджэння Казімір Кастравіцкі.

Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягваюць даныя першага ў Расійскай імперыі ўсеагульнага перапісу 1897 г. Да сённяшняга дня сярод навукоўцаў працягваюцца дыскусіі наконт іх праўдзівасці. У першую чаргу гэта датычыць даных адносна роднай мовы насельніцтва. У Гарадзенскай губерні, паводле азначанага перапісу, пераважалі носьбіты беларускай мовы — 705 045 (43,97 %), маларусаў налічвалася 362 526 (22,7 %), яўрэяў — 278 542 (17,4 %), палякаў — 161 662 (10%), велікарусаў — 74 143 (4,6 %), немцаў — 10 284, літоўцаў — 3 36632. На нашу думку, перапіс 1897 г. дастаткова аб’ектыўна адлюстраваў менавіта этнічную структуру сялянскага насельніцтва паводле крытэрыя роднай мовы. Мы не закранаем тут праблему Заходняга Палесся і Падляшша, мову жыхароў якога тагачасныя афіцыйныя ўлады адносілі да „маларускай”. Але што да нацыянальнай свядомасці сялян у сённяшнім яе разуменні, дык тут справа значна складаней. Дэкларацыя, напрыклад, беларускай мовы як сваёй роднай магла сведчыць аб зараджэнні беларускай нацыянальнай свядомасці сярод адукаваных пластоў насельніцтва — настаўнікаў, святароў, чыноўнікаў, якія на той час абавязкова таксама валодалі ў той ці іншай ступені расійскай альбо польскай мовамі.

Паводле даных перапісу ў Гарадзенскай губерні адукацыю вышэй пачатковай мелі 13 061 чалавек (0,8 % ад усяго насельніцтва — С. Т.). Беларусаў сярод іх налічвалася 1 688 (12,9%), у той час як велікарусаў — 6 475 (50%), палякаў — 3 007 (23%). Аднак і ў дадзеным выпадку было б памылковым адназначна атаясамляць дэкларацыю роднай мовы з нацыянальнай свядомасцю нават адносна адукаванай часткі насельніцтва. Як справядліва адзначае Рышард Радзік, адной з асаблівасцяў развіцця нацыятворчых працэсаў на абшарах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з’яўлялася канкурэнцыя паміж рознымі нацыянальнымі мадэлямі ў барацьбе за сялянскае насельніцтва33. Сярод беларускамоўных жыхароў губерні сялян налічвалася 662 471 (94%), мяшчан — 36 964 (5,2%), спадчыннай шляхты — 3 296 (0,47%)34. Усё ж сялянскае насельніцтва Гарадзенскай губерні падзялялася паводле роднай мовы: беларусы — 662 471, маларусы — 347 242, палякі — 89 936, вялікарусы — 12 612, літоўцы — 3 308.

Ужо ў хуткім часе пасля перапісу 1897 г. губернскія ўлады пачынаюць новыя даследаванні этнічнай структуры мясцовага насельніцтва. У выніку рэвалюцыйных падзей 1904-1907 гг. царскі ўрад пайшоў на пэўную лібералізацыю сваёй палітыкі адносна нацыянальных і рэлігійных меншасцяў, што выклікала значнае ажыўленне нацыянальных рухаў, у тым ліку і на беларускіх землях. На гэта вымушаны былі рэагаваць і мясцовыя ўлады. Ужо ў 1904 г. адміністрацыя Гарадзенскай губерні праводзіць даследаванне нацыянальнага складу вернікаў рымска-каталіцкіх прыходаў. У выніковых даных упершыню для падобных дзяржаўных даследаванняў адрозніваюцца гутарковая мова жыхароў і іх нацыянальнасць. Так, у Эйсмантах Гарадзенскага павета мясцовыя каталікі былі далучаны да польскай нацыянальнасці, хаця і размаўлялі, паводле дадзеных матэрыялаў, па-беларуску, а ў Супраслі Беластоцкага павета, Крамяніцы і Струбніцы Ваўкавыскага, у многіх вёсках Бельскага павета — да беларусаў былі далучаны каталікі, роднай мовай якіх была пазначана польская. Наўрад ці ёсць сэнс надаваць гэтаму нейкае значэнне. Нагадаем, што вызначэнне і роднай мовы, і нацыянальнасці ў дадзеных выпадках з’яўлялася прэрагатывай мясцовых паліцэйскіх чыноўнікаў. Але ў абсалютнай большасці каталіцкіх парафій згодна вынікам азначанага даследавання паводле і нацыянальнасці, і мовы ўсе жыхары былі прызнаны беларусамі35 .

Пасля выдання ў красавіку 1906 г. указа аб дазволе выкладання ў пачатковых школах польскай і літоўскай моваў, адміністрацыя Гарадзенскай губерні праводзіць з дапамогай народных настаўнікаў даследаванне этнічнага складу Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў36. Рашэнне аб гэтым было прынята на нарадзе вышэйшых чыноўнікаў Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў пад старшынствам віленскага генерал-губернатара Кшывіцкага. Нарада пастанавіла арганізаваць асобую этнаграфічную экспедыцыю ў памежныя з Царствам Польскім паветы Гарадзенскай губерні. У гэтых паветах ствараліся спецыяльныя камісіі ў складзе прадвадзіцеляў дваранства, прадстаўнікоў вучэбнага ведамства, земскіх начальнікаў і „местных, пользующихся доверием людей”.

Вынікі работы азначаных экспедыцый у цэлым супадалі з данымі перапісу 1897 г., хаця было і адно вельмі істотнае адрозненне: жыхары Бельскага павета тут ужо акрэсліваліся як беларусы, а не як „маларусы”. Цяжка сказаць, што паслужыла гэтаму прычынай. На думку Алега Латышонка, сярод насельніцтва Бельшчыны на той час пашырылася ўжо саманазва „беларусы”.

Разам з тым, кіраўніцтва Гарадзенскай губерні адзначала: „Даныя прадстаўленыя павятовымі камісіямі не могуць лічыцца безумоўна дакладнымі, паколькі ўся цяжкасць пытання заключаецца ў правільным вызначэнні нацыянальнасці. Неабходна прызнаць, што цалкам дакладнае вызначэнне народнасці магчымае толькі навуковымі сіламі, павятовым жа камісіям прыйшлося лічыцца з існуючымі сярод простага насельніцтва паняццямі, паводле якіх народнасць змешваецца з рэлігіяй. У дадзеным даследаванні веды мясцовымі людзмі ўмоў жыцця насельніцтва паслужылі падставай для вызначэння народнасці насельніцтва абследаваных паветаў”37.

Фактычна палітычнай мэтай даследавання з’яўляўся доказ беларускай этнічнай прыналежнасці мясцовага сялянскага насельніцтва і адмова праз гэта ўвядзення ў школах польскай мовы. Так, адпаведна яго вынікам у Сакольскім павеце ў хатнім побыце беларускую мову ўжывалі 31 088 чалавек, а польскую — 1 545. Частка беларусаў і палякаў, асабліва у гарадах, паводле гэтага даследавання, перайшла ўжо на вялікарускую мову. Аднак гэтыя даныя не адлюстроўвалі змены этнічнай самасвядомасці сярод каталіцкага сялянскага насельніцтва, што адбываліся ў той час на Беласточчыне. Больш рэальную карціну дае аналіз паведамленняў, якія дасылалі ў губернскі статыстычны камітэт народныя настаўнікі. У гарадзенскім архіве захаваліся такія паведамленні адносна Сакольскага павета.

Азначаныя матэрыялы выразна сведчаць аб распаўсюджанні элементаў польскай нацыянальнай свядомасці сярод мясцовых сялян-каталікоў. Сустракаюцца заўвагі, што хоць жыхары размаўляюць па-беларуску, але „некаторыя асобы імкнуцца падражаць польскай гутарковай мове”38. І вельмі часта сустракаюцца запісы, што „дзеці ў сябе дома навучаюцца пераважна польскай мове”, а ў народнае вучылішча бацькі іх не пасылаюць з той прычыны, што там не выкладаецца польская мова”39. Інспектар Сакольскага гарадскога вучылішча адзначыў наконт гэтага: „беларусы-каталікі лічаць сябе палякамі і размаўляюць паміж сабой па-беларуску і па-польску”40. Такім чынам, канчатковыя даныя азначанага даследавання, да якіх апелявала дзяржаўная адміністрацыя, адлюстроўвалі найперш этнічна-моўную структуру насельніцтва Беласточчыны, але не ўлічвалі працэсы нарастаючай асіміляцыі мясцовага сялянства, факты пра якую, змешчаныя ў лістах настаўнікаў, губернскія чыноўнікі не ўключалі ў абагульняючыя дакументы. На падставе гэтых дакументаў улады адмаўлялі просьбам каталіцкага вясковага насельніцтва аб увядзенні польскай мовы ў пачатковую школу.

Цікава, што беларуская этнічная стыхія разам з тым дэманстравала моцную жывучасць на абшары беларуска-мазурскага памежжа. У вёсках Багнаўскай воласці мясцовы настаўнік налічваў некалькі дзесяткаў жанчын-мазурак, якія выйшлі замуж за мясцовых сялян-беларусаў. Адносна іх сустракаюцца наступныя запісы: „Усе жыхары гавораць на беларускай мове, хаця прышлыя з Царства Польскага жанчыны, як маці дзяцей, часткова ўнеслі ў свае сем’і скалечаную польскую мову, якая з цягам часу губляе сваё значэнне і замяняецца беларускай (...) яны (мазуркі — С. Т.) не толькі не маюць ніякага ўплыву на насельніцтва ў сэнсе мовы, але і самыя праз некаторы час пачынаюць размаўляць па-беларуску”41.

Паведамленні народных настаўнікаў адлюстроўвалі ў пэўнай ступені і іх уласны ўзровень нацыянальнай свядомасці. Настаўнік Дубраўскага прыходскага вучылішча Чаквін паўсюдна ўжывае адносна беларускай мовы тэрмін „белорусское наречие”, а носьбітаў гэтага „наречия” разам з тымі, хто размаўляў па-велікаруску, далучае да рускай нацыянальнасці. Настаўнік Навадворскага прыходскага вучылішча Мікалай Фамін ужываў тэрмін „простой белоруский язык”.

У 1910 г. урадавая адміністрацыя праз павятовых спраўнікаў праводзіць даследаванне нацыянальнага складу вернікаў лютэранскіх і евангеліцкіх прыходаў Гарадзенскай губерні. Паводле запыту Міністэрства ўнутраных спраў мясцовыя чыноўнікі шукалі адказ на пытанні: а) якая мова ўжываецца ў хатнім побыце лютэран і рэфарматаў, б) на якой мове адбываецца набажэнства ў храмах. З паведамленняў павятовых паліцэйскіх чыноў вынікала, што абсалютная большасць вернікаў азначаных канфесій ужывала дома і ў малітвах нямецкую альбо польскую мовы. Цікавы адказ прыслаў пружанскі спраўнік, які напісаў у рапарце, што лютэране яго павета „паводле нацыянальнасці беларусы, у хатнім побыце ўжываюць нямецкую мову (...), а з мясцовымі сялянамі размаўляюць на беларускай гаворцы”42.

У 1911 г. урад ізноў прадпісвае губернскаму кіраўніцтву сабраць звесткі пра нацыянальную структуру каталіцкага насельніцтва Гарадзеншчыны. Паводле даных, сабраных паліцэйскімі ўладамі, абсалютная большасць каталікоў у губерні належала да беларускай нацыянальнасці. Так у Гародні беларусаў-каталікоў налічвалася 19 289, палякаў — 1 653, літоўцаў — 322. У Беластоку пераважалі палякі — 18 305. Беларусаў-каталікоў там налічвалася, паводле звестак паліцыі, 7 378 чалавек. У Сакольскім павеце, калі верыць паліцэйскаму спраўніку, было ўсяго 7 палякаў-каталікоў. Натуральна, што гэтыя даныя не адлюстроўвалі рэальную самасвядомасць сялянскага насельніцтва. Каталіцкія святары ў азначаных дакументах так падзяляліся паводле нацыянальнасці: палякі — 48, літоўцы — 37, беларусы — 34, французскі падданы — 1. Цікава, што губернскае начальства рэкамендавала мясцовым чыноўнікам не проста давяраць уласным дэкларацыям ксяндзоў на гэты конт, але і рознымі шляхамі правяраць азначаную інфармацыю. З гэтага можна зрабіць выснову, што крытэрыем вызначэння нацыянальнай прыналежнасці духавенства было і іх уласнае самаакрэсленне. Так, сярод ксяндзоў-беларусаў былі такія, хто і ў пазнейшыя часы застаўся верным свайму нацыянальнаму выбару — Ян Семашкевіч, Франц Рамейка, Юліян Бароўка, Вацлаў Родзька і інш. Разам з тым святар Гарадзенскага Брыгідскага манастыра Францішак Грынкевіч, які быў арганізатарам першага на Гарадзеншчыне гуртка беларускай моладзі, праходзіў у азначаных спісах як літовец43.

У перадваенныя гады звесткі пра нацыянальны склад насельніцтва губерні рэгулярна змяшчаліся ў „Обзорах” статыстычнага камітэта. У 1913 г. яны выглядалі наступным чынам: беларусы — 1 311 596, вялікарусы — 5 645, маларусы — 166 171, палякі — 41 754, яўрэі — 364 547, літоўцы — 5 262, іншыя — 14 54944. У параўнанні з перапісам 1897 г. у гэтых даных паказаны вельмі нізкі адсотак палякаў. Назіраецца таксама памяншэнне ўдзельнага паказчыка „маларускага” насельніцтва, што было звязана з пэўнай зменай навуковых і афіцыйных поглядаў на этнічную прыналежнасць палешукоў.

Такім чынам, статыстычныя перапісы на пачатку 20 ст., якія праводзілі мясцовыя ўлады Расійскай імперыі, мелі выразную палітычную скіраванасць і фактычна выконвалі ўрадавы заказ. Тагачасныя польскія навукоўцы аспрэчвалі матэрыялы расійскай статыстыкі, слушна абвінавачваючы яе ў неаб’ектыўнасці і заангажаванасці ў палітыку. У сваіх статыстычных выданнях яны звычайна далучалі каталіцкае насельніцтва беларускіх земляў да польскай нацыі, хаця і прызнавалі факт існавання беларусаў-каталікоў. Аднак трэба адзначыць, што ўва ўсіх тагачасных статыстыках немагчыма знайсці дакладных даных пра нацыянальны склад сялянскага насельніцтва, ды і здабыць такія даныя было б немагчымым, паколькі нацыянальную свядомасць у сучасным разуменні мела адносна невялікая яго частка. Што ж датычыцца роднай мовы жыхароў, то самай дасканалай крыніцай несумненна з’яўляліся матэрыялы перапісу 1897 г., якія прадугледжвалі прынамсі ўлік асабістых меркаванняў вясковых жыхароў.

Іншае пытанне: у якой ступені статыстычныя спісы і этнаграфічныя карты ўплывалі на працэс фармавання нацыянальнай свядомасці? Гэтае пытанне, на нашу думку, яшчэ патрабуе спецыяльнага і больш паглыбленнага даследавання. Аднак адно можна сцвярджаць з упэўненасцю, што гэты ўплыў быў істотны. Веданне геаграфіі і статыстыкі ў другой палове 19 і на пачатку 20 ст. было неад’емнай рысай адукаванага чалавека. Інтэлігент сялянскага паходжання атаясамляў сябе на псіхалагічным узроўні з тым насельніцтвам, лічбы пра колькасць якога ў розных статыстычных даведніках змяшчаліся ў графе „беларусы”. Пры гэтым, напрыклад, выхадзец з Беласточчыны, разглядаючы этнаграфічную карту, адчуваў сімпатыю да далёкай Смаленшчыны, паколькі гэтыя абшары былі афарбаваныя на карце аднолькавым колерам.

Сяляне праваслаўныя і каталікі: спецыфіка развіцця этнічных працэсаў

Адной з важнейшых асаблівасцяў беларускай сялянскай супольнасці на Гарадзеншчыне з’яўлялася яе біканфесійнасць. Да 1839 г. вясковыя жыхары падзяляліся паводле веравызнання на уніятаў (грэка-каталікоў) і рыма-каталікоў. Паводле статыстычных даных, якія губернскія ўлады сабралі ў 1829 г., у Гарадзенскай губерні налічвалася 348 тыс. уніятаў, 200 тыс. каталікоў і 667 праваслаўных45. Варта агаварыцца, што даныя тагачаснай статыстыкі маглі быць даволі недакладнымі. Але ў цэлым яны ўсё ж падавалі дастаткова праўдзівы вобраз канфесійнай структуры тагачаснага грамадства. Вернікі уніяцкай царквы ў абсалютнай сваёй большасці належалі да сялянскага саслоўя. Паводле даных губернскай адміністрацыі за 1838 г. уніятаў налічвалася 57,5% ад усяго насельніцтва, а сярод іх саміх сяляне скаладалі 97%, мяшчане — 0,8%, а шляхта і чыноўнікі — толькі 0,05%. Купцоў уніяцкага веравызнання не было ўвогуле. Натуральна, што уніяцтва ўспрымалася сучаснікамі як сялянская версія хрысціянства.

У 1836 г. у Гарадзенскай губерні, паводле даных мясцовай адміністрацыі, налічвалася ўсяго 647 139 сялян, што складала 82,6% ад усяго насельніцтва46. Сялян-уніятаў у 1838 г. было 478 19247. Можна падлічыць, што ў канцы 1830-х гадоў у Гарадзенскай губерні налічвалася каля 170 тыс. сялян рыма-каталіцкага веравызнання. Такім чынам, прыкладна 74% сялянства ў рэгіёне належала да уніі, а 26% — да рыма-каталіцтва.

У 1839 г. практычна ўсе уніяты былі далучаны да праваслаўя. Апроч таго праваслаўнае духавенства даволі часта ўзбуджала судовыя справы аб пераводзе ў праваслаўе тых былых уніятаў, якія яшчэ раней перайшлі з уніі ў рыма-каталіцтва.

У 1843 г. адбыліся тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змены, паводле якіх да Гродзенскай губерні былі далучаны Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі паветы, а да Віленскай і Мінскай перайшлі адпаведна Лідскі і Наваградскі. Натуральна, што гэта пэўным чынам паўплывала і на канфесійную структуру насельніцтва. Паводле даных парафіяльнага духавенства ў 1850 г. у Гродзенскай губерні налічвалася 483 972 праваслаўных (55,65% ад усяго насельніцтва) і 289 348 каталікоў (33,3%)48. Павел Баброўскі прыводзіць у сваім статыстычным даследаванні блізкія гэтым лічбы адносна канфесійнай структуры насельніцтва, паводле якіх у 1860 г. у губерні налічвалася 464 265 праваслаўных (54%) і 295 132 каталікі (34,2%)49. Прычым сярод вясковага насельніцтва праваслаўныя складалі 59%, а каталікі — 35%.

Пасля паўстання 1863 г. царскі ўрад прымае актыўныя захады па пераводзе каталікоў у праваслаўе. Гарадзенскі губернатар пісаў у сваім рапарце да М. Мураўёва ў кастрычніку 1863 г.: „Лічу вельмі важным, каб дзеля ўмацавання ў тутэйшым краі рускай улады, таксама і дзеля маральнага ўплыву на просты народ (...) садзейнічаць звароту сялян каталікоў у праваслаўе”50. Пры гэтым улады шырока выкарыстоўвалі рэпрэсіўныя метады. Ваенны началнік Сакольскага павета пісаў губернатару, што ўсе спробы ўгаварыць сялян мястэчка Новы Двор не далі станоўчага выніку, а таму патрэбна выслаць некалькі асобаў „у адну з усходніх губерняў Расіі”, каб „народ убачыў, што ўрад зманутым не дае палёгкі”51. На практыцы такія метады часта прыводзілі да адваротнага выніку, што выдатна паказаў у вершы Хрэсьбіны Мацюка Францішак Багушэвіч. Усяго ж за першыя гады пасля паўстання 1863 г. у Літоўскай епархіі (Віленская, Гродзенская і Ковенская губерні) былі далучаны да праваслаўя каля 30 тыс. каталікоў, пераважна сялян52.

Паводле даных перапісу 1897 г. у губерні налічвалася 919 346 праваслаўных (57% ад усяго насельніцтва) і 386 519 каталікоў (24%). У параўнанні з 1864 г. колькасць праваслаўных павялічылася на 188,9%, а каталікоў — на 141,5%53. Больш нізкі прырост колькасці каталікоў быў абумоўлены ў значнай ступені менавіта ўрадавай палітыкай. У 1913 г. колькасць праваслаўнага насельніцтва дасягнула ў Гарадзенскай губерні 1 021 082 (53,5%), а каталікоў — 508 817 (26,6%)54. У параўнанні з данымі Паўла Баброўскага за 1860 г. колькасць праваслаўных засталася фактычна на тым жа ўзроўні, а ўдзельная вага каталікоў зменшылася з 33 да 26,6 працэнтаў. У той жа час у параўнанні з перапісам 1897 г. удзельная вага праваслаўных зменшылася прыкладна на 3%, а каталікоў на столькі ж вырасла, што зноў жа можна патлумачыць лібералізацыяй канфесійнай палітыкі ўрада на пачатку 20 ст. У выніку гэтай лібералізацыі частка пераведзеных у 1860-х гадах у праваслаўе каталікоў зноў жа перайшла на каталіцтва.

Каталіцкае і праваслаўнае сялянства пражывала ўперамешку практычна на ўсім абшары Гарадзенскай губерні. Таму вызначыць больш-менш дакладныя межы паміж гэтымі канфесіямі даволі складана, а нават практычна і немагчыма. Відавочная колькасная перавага каталікоў назіралася толькі ў заходніх частках Бельскага і Беластоцкага паветаў і ў Сакольскім павеце. Паводле даных Паўла Баброўскага за 1860 г. каталікі складалі ў гэтых паветах адпаведна 43, 61 і 75 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Таксама каталіцкае насельніцтва пераважала над праваслаўным у Ваўкавыскім павеце (49 супраць 45 працэнтаў) і ў паўночна-заходняй частцы Гарадзенскага. Відавочная колькасная дамінацыя праваслаўных назіралася ў паўднёва-ўсходняй частцы губерні.

Надзвычай цікавай і важнай з навуковага пункту гледжання з’яўляецца праблема ўплываў рэлігіі на змест і змены этнічнай свядомасці і ўвогуле працэсы мадэрнізацыі традыцыйных аграрных супольнасцяў. Можна з вялікай доляй упэўненасці сцвярджаць, што ў стасунку да беларускага сялянства каталіцкага і праваслаўнага веравызнання азначаная праблема на сённяшні дзень даследавана недастаткова грунтоўна. Як слушна заўважыў Р. Радзік, „cтупень культурнай адрознасці абедзвюх рэлігійных супольнасцяў да сённяшняга дня ў дастатковай ступені не разгледжана ў навуцы”55. Між тым, яшчэ на пачатку 19 ст. пачынальнік беларускай фалькларыстыкі Зарыян Даленга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі) заўважыў, што ў „рускіх” (уніяцкіх — С. Т.) парафіях значна больш захавалася старажытных абрадаў і ўзораў народнай творчасці, чым у каталіцкіх56. Даленга-Хадакоўскі тлумачыў гэты факт большай лагоднасцю і дабразычлівасцю „рускіх” святароў да слядоў паганства ў народным жыцці. Пацвярджэннем гэтага таксама з’яўляецца і той факт, што многія уніяцкія, а пазней праваслаўныя святары ахвотна прымалі ўдзел у збіранні фальклору, апісаннях народных звычаяў і традыцый. Сярод каталіцкага духавенства ў 19 ст. вельмі цяжка знайсці аматараў гэтай справы. Сучасніца Даленгі-Хадакоўскага Марыя Чарноўская пісала ў 1817 г. пра беларускіх сялян Магілёўшчыны: „Увогуле вяскоўцы не вельмі як на свой стан грунтоўна асвечаныя ў навуцы рэлігійнай і няздольныя адчуць розніцу, без выключэння выконваюць усё, чаму іх навучылі паданні продкаў, і ў духу аднолькавай набожнасці з добрай верай выконваюць абрады паганскія, як і хрысціянскія, спалучаючы часта адныя з другімі. (...) Не ўмеюць вытлумачыць ні значэння, ні прычыны таго, што робяць. Увесь адказ, што так рабілі нашыя продкі і так кажуць старыя людзі”57.

На большы кансерватызм і архаічнасць праваслаўнай сялянскай грамады звяртае ўвагу і польскі сацыёлаг беларускага паходжання Уладзімір Паўлючук: „Праваслаўны селянін — глыбока ўросшы ва ўласную этнічную групу — быў носьбітам і прадаўжальнікам яе своеасаблівай і па сутнасці паганскай культуры. Дахрысціянскія элементы ў праваслаўных супольнасцях захаваліся ў непараўнальна большай ступені, чым у супольнасцях каталіцкіх, на што даўно звярталі ўвагу”58. Р. Радзік сцвярджае, што „распад традыцыйных сацыяльных структур, які выклікаў аслабленне навыковых сувязяў, характэрных для невялікіх лакальных супольнасцяў, больш хутка адбываўся ў каталіцкіх супольнасцях, чым у праваслаўных”59.

Пра моц і глыбіню паганскіх традыцый у беларускай вёсцы сведчаць шматлікія факты, зафіксаваныя ў 19 і нават на пачатках 20 ст. этнографамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі. Найбольш уражваюць сярод іх выпадкі прынашэння людзей у ахвяру паганскім бажаствам. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў 1831 г. у вёсцы Кавалевічы Слонімскага павета. У часе эпідэміі халеры жыхары гэтай вёскі закапалі жыўцом у зямлю маладую жанчыну Параску Шведаву. Гарадзенская крымінальная палата паведамляла ў Сенат па гэтай справе: „Из дела видно, что крестьяне деревни Ковалевич, к зарытию в землю женщины Прасковии Шведовой решились по суеверию происходившему от древних мирян и по человеколюбию в надежде спасения от смерти во время существования тогда болезни холеры, но как сего делать им не следовало, а должно были положиться на милосердие всевышнего к кому обращаться с молитвою, то уголовная палата признав их умышленными убийцами сказанной женщины на основании подозрения (...) крестьян Уласа Савчука и Максима Цесельского, яко предводителей общества в страх и пример другим и в прекращение суеверия наказав каждого по пяти ударов кнутом сослать в каторжную работу с поставлением на лицо указных знаков”60. Такімі жорсткімі метадамі ўлада спрабавала выкараніць сляды паганства. Трэба пры гэтым адзначыць, што непадалёку ад вёскі знаходзіўся Быценьскі уніяцкі манастыр.

П. Баброўскі лічыў наяўнасць паганскіх элементаў адной з важных асаблівасцяў беларускай этнічнай культуры. Ён пісаў пра сялян Гарадзеншчыны: „Неабгрунтаванае і бессэнсоўнае вераванне ў некаторыя прыродныя здарэнні, як у штосьці незвычайнае, забабоны, вера ў чараўніцтва і вядзьмарства, ствараюць для іх рэлігію, сваю мараль, загадку і разгадку штодзённага жыцця, лёсавызначальную кнігу. З недахопу сапраўдных рэлігійных перакананняў, машынальна выконваючы ўсе царкоўныя абрады, тутэйшы селянін, будзь ён праваслаўны ці каталік, стварыў сваю веру, сваю маральную філасофію”61. Разам з тым Баброўскі падкрэсліваў і розную сілу ўплываў праваслаўнага і каталіцкага духавенства на сваіх прыхаджан. Будучы праваслаўным, ён, тым не менш, прызнаваў перавагу каталіцкіх ксяндзоў: „Каталікі старанныя ў веры сваёй і храмы іх заўсёды напоўненыя; яны цалкам паслухмяныя ўказанням сваіх рэўнасных пастыраў. (...) Само рымскае духавенства строга сочыць за выкананнем хрысціянскіх абавязкаў і знаходзіць сродкі ўтрымліваць пры касцёлах прытулкі і школы”62. Праўда, актыўная падтрымка ксяндзамі школьніцтва не знаходзіла адабрэння ў П. Баброўскага, паколькі „польская грамата адлучае дзяцей ад іх роднай рускай мовы, на якой размаўлялі іх дзяды і бацькі”63. Адносна ж праваслаўных сялян П. Баброўскі прызнаваў, што яны „неахвотна наведваюць праваслаўныя цэрквы, часта аддаючы перавагу касцёлам, да якіх іх прывучыла уніяцкая царква”. Іншай прычынай гэтага было тое, што „значную частку часу свяшчэннік павінен патраціць на дагляд за гаспадаркай, а гэта перашкаджае яму ў выкананні непасрэдных абавязкаў”64. Для выпраўлення становішча, на думку даследчыка, „вельмі карысным сродкам былі б павучэнні на народнай мове”.

Паспрабуем разгледзець адрозненні паміж каталіцкімі і праваслаўнымі сялянскімі супольнасцямі Гарадзеншчыны і ўплыў канфесійнага фактара на працэсы мадэрнізацыі на канкрэтным гістарычным матэрыяле. Даследчыкі найчасцей звяртаюць увагу на розніцу ўзроўню пісьменнасці каталіцкага і праваслаўнага насельніцтва. Паводле даных перапісу 1897 г. сярод праваслаўных беларусаў Гарадзенскай губерні доля пісьменных складала 17,3%, а сярод каталікоў — 35,4%. Прычым сярод жанчын праваслаўнага веравызнання азначаны паказчык складаў усяго 5,4%, а сярод каталічак — 31,2%. Трэба адзначыць, што сярод праваслаўных беларусаў сяляне складалі больш высокі працэнтны паказчык, чым сярод беларусаў-каталікоў. Але папраўка на гэта не змяніла б прынцыпова вышэйпрыведзеныя лічбы.

Для пацвярджэння прывядзём матэрыялы з канкрэтнага мікрарэгіёна. Намі былі даследаваны перапісныя лісты 1897 г. з некалькіх вёсак Гарадзенскай пушчы. Праваслаўная вёска Шчанец налічвала 92 двары і 645 душ абодвух палоў65. Агульны паказчык пісьменнасці складаў 19,3%. Сярод дарослых мужчын гэты паказчык дасягаў 46%. Прычым сярод 84 пісьменных мужчын толькі 2 скончылі народныя вучылішчы. Сярод жанчын доля пісьменных складала ўсяго 2,3%. Паказчык пісьменнасці сярод хлопцаў да 18 гадоў дасягаў 42%, прычым толькі 2 пісьменных з 36 вучыліся ў народных вучылішчах. Цікава, што ў суседніх, адносна невялікіх праваслаўных вёсках, узровень пісьменнасці быў вышэйшым. Прычына гэтага напэўна палягала ў тым, што ў маленькіх паселішчах людзі ў меншай ступені пакутавалі ад цераспалосіцы і зямельнага голаду і таму жылі звычайна трохі багацей, бо нейкі лішак грошай селянін ужо мог патраціць на навуку сваіх дзяцей. У вёсцы Шкленск, якая налічвала 10 двароў і 91 жыхара, сярод дарослых мужчын працэнт пісьменных дасягаў 6766. У каталіцкай вёсцы Ліхачы, якая знаходзілася ў паўночнай частцы Гарадзенскай пушчы, налічваліся 83 двары і 444 жыхары67. Большасць з іх прызналі роднай мовай польскую, і толькі 12 чалавек — беларускую. Агульны паказчык пісьменнасці складаў 48,4 %. Сярод дарослых мужчын ён дасягаў 60%, сярод жанчын — 37%, хлопчыкаў да 18 гадоў — 60%, дзяўчынак — 54%. Прычым амаль усе пісьменныя вяскоўцы сцвярджалі, што валодаюць польскай граматай.

Змешанае ў канфесійных адносінах насельніцтва насяляла вёску Сабаляны. Большасць належала да каталіцкай канфесіі, а прыкладна чвэрць — да праваслаўнай. У Сабалянах налічвалася 38 двароў і 273 жыхары68. Практычна ўсе яны прызналі роднай мовай беларускую, хаця ў статыстычных матэрыялах сярэдзіны 19 ст. насельнікаў гэтай вёскі яшчэ далучалі да літоўцаў. Агульны паказчык пісьменнасці ў Сабалянах складаў 53%. Сярод дарослых мужчын ён дасягаў 71%, жанчын — 39%, хлопчыкаў — 64%, дзяўчынак — 72,5%. Прычым і каталікі, і праваслаўныя ў гэтай вёсцы дэкларавалі ўменне чытаць і пісаць па-польску.

Такім чынам, калі сярод мужчынскага полу працэнт пісьменных сярод праваслаўнага і каталіцкага насельніцтва быў адносна супастаўны, то сярод жанчын-каталічак гэты паказчык быў непараўнальна вышэйшы, чым сярод праваслаўных. Падобная сітуацыя з’яўлялася ў першую чаргу вынікам актыўнай асветнай дзейнасці каталіцкага духавенства, якую яно праводзіла не зважаючы на рэпрэсіі з боку дзяржаўнай улады. Натуральна, што ўзровень касцельнай навукі быў невысокі, і звычайна яна абмяжоўвалася ўменнем чытання і радзей пісьма. Тым не менш, гэта павінна было мець істотны ўплыў на жыццё сялянскай грамады, у прыватнасці на ментальнасць вясковых жыхароў.

Адрозненні паміж каталіцкім і праваслаўным насельніцтвам прасочваюцца таксама паводле даных дэмаграфічнай статыстыкі. Так, даныя за 1850 г. сведчаць, што сярод каталіцкага насельніцтва назіраліся больш нізкія паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці. Сярод праваслаўных жыхароў Гарадзенскай губерні нараджальнасць дасягала 46‰, смяротнасць — 36‰, а натуральны прырост — 10‰. Сярод каталіцкага насельніцтва адпаведна 40‰, 32‰ і каля 8‰. Яшчэ раз адзначым, што даныя тагачаснай статыстыкі, у тым ліку і царкоўнай, маглі быць недакладнымі. Аднак акрэсленая тэндэнцыя пацвярджаецца данымі па асобных паветах. Так, у сельскай мясцовасці Гарадзенскага павета сярод праваслаўнага насельніцтва нараджальнасць за 1850 г. склала 48,9‰, смяротнасць 36,7‰, натуральны прырост 12‰, сярод каталікоў адпаведна 39,6‰, 27,6‰ і 12 ‰69. Безумоўна, тут трэба ўлічваць той факт, што на дэмаграфічныя паказчыкі каталіцкага насельніцтва ўплываў даволі істотны адсотак шляхты.

У 1905 г. дэмаграфічныя паказчыкі праваслаўнага насельніцтва Гарадзенскай губерні выглядалі наступным чынам: нараджальнасць — 45‰, смяротнасць — 32,2‰, натуральны прырост — 12,8‰. У каталікоў нараджальнасць складала 36,4‰, смяротнасць — 23,6‰, натуральны прырост — 12,7‰70. Сярод праваслаўнага насельніцтва ў сельскай мясцовасці нараджальнасць дасягала 45,6‰, смяротнасць — 32,9‰, натуральны прырост — 12,77‰. Сярод каталіцкага сельскага насельніцтва: нараджальнасць — 38,5‰, смяротнасць — 25‰, натуральны прырост — 13,55‰.

У 1913 г. назіраецца працяг азначанай тэндэнцыі. Сярод праваслаўнага насельніцтва Гарадзенскай губерні нараджальнасць складала 40,75‰, смяротнасць — 24,2‰, натуральны прырост — 16,5‰. Сярод каталікоў адпаведныя паказчыкі выглядалі так: 29,5‰, 18‰ і 11,37‰.

Безумоўна, што дэмаграфічныя працэсы патрабуюць грунтоўных спецыяльных даследаванняў. Тым не менш, на нашу думку, можна сцвярджаць, што сярод каталіцкага насельніцтва раней пачыналі выяўляцца рысы так званай дэмаграфічнай трансфармацыі. Звязаная з індустрыялізацыяй традыцыйнага аграрнага грамадства, дэмаграфічная трансфармацыя, калі гаварыць у самых агульных рысах, палягае на пераходзе людскіх супольнасцяў ад гістарычнага стану раўнавагі асноўных дэмаграфічных параметраў (нараджальнасць, шлюбнасць, плоднасць, смяротнасць, натуральны прырост) да г.зв. сучаснага стану раўнавагі з прынцыповымі зменамі ўзгаданых параметраў у бок памяншэння. Для гістарычнага стану раўнавагі характэрным з’яўляецца адносна павольны прырост насельніцтва, які грунтуецца на вельмі высокіх паказчыках параметраў, прычым высокая нараджальнасць кампенсуецца таксама высокай смяротнасцю. Гістарычны стан раўнавагі абумоўлены кліматычнымі ўмовамі, міграцыяй насельніцтва, палітычнымі фактарамі. У эпоху індустрыялізацыі праяўляецца дэстабілізацыя стану раўнавагі. Звычайна назіраецца паскарэнне натуральнага прыросту за кошт зніжэння смяротнасці, абумоўленага ўплывам дасягненняў цывілізацыі. Затым сітуацыя вяртаецца да раўнавагі за кошт зніжэння паказчыка нараджальнасці. Натуральна, што гэта максімальна спрошчанае бачанне куды больш складанай праблемы.

Ва ўсіх прыведзеных намі прыкладах паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці сярод каталіцкага насельніцтва былі больш нізкімі, чым сярод праваслаўнага. Гэта сведчыць пра наяўнасць больш дасканалага механізму кантролю за развіццём дэмаграфічных працэсаў. Тут верагодна адыгрывала ролю наследаванне з боку сялян узораў паводзін шляхецкіх сем’яў, з якімі яны часта сустракаліся ў касцёле і напэўна многае ведалі пра іх звычкі і стыль жыцця. Таксама, напэўна мелі значэнне і адпаведныя павучэнні ксяндзоў. Наступствам азначанай дэмаграфічнай сітуацыі стала тое, што жанчыны ў каталіцкіх вёсках мелі болей вольнага часу, які маглі прысвяціць касцельнай навуцы71. Гэта, у сваю чаргу, з’яўлялася адной з прычын куды больш высокай пісьменнасці жаночага насельніцтва каталіцкіх вёсак.

Вельмі цікавым уяўляецца пытанне: ці меў рэлігійны фактар уплыў на гаспадарчае жыццё? Архіўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што існавалі нейкія заўважныя адрозненні ў гаспадарчым жыцці праваслаўнага і каталіцкага насельніцтва. Трэба адзначыць, што акрэсленае пытанне з’яўляецца вельмі складаным для даследавання. У якасці спраўджальнага крытэрыя мы выбралі ацэнку сялянскіх гаспадарстваў падатковымі інспектарамі. У гэтых афіцыйных матэрыялах асобна падаваліся звесткі пра каталікоў і праваслаўных. Але азначаныя звесткі на даюць падстаў гаварыць пра наяўнасць нейкіх істотных адрозненняў. Так, у Лашанскай, Скідальскай, Валпянскай, Азёрскай валасцях Гарадзенскага павета трохі вышэйшым быў сярэдні паказчык ацэнкі гаспадарстваў праваслаўных сялян, а ў Верцялішкаўскай, Горніцкай, Крынкаўскай, Індурскай, Мастоўскай, Каменскай — каталікоў. Напрыклад, у Заблудаўскай воласці Беластоцкага павета сярэдні паказчык ацэнкі праваслаўных гаспадарстваў складаў 511 рублёў, а каталіцкіх — 592. А ў Гарадоцкай воласці таго ж павета — 468 і 393 рублі адпаведна72. Тут трэба ўлічваць, што ў цэлым развіццё рынкавых адносін і ўзровень заможнасці сялянскага насельніцтва былі вышэйшымі ў паўночна-заходняй частцы Гарадзенскай губерні. Таму аб’ектыўным з’яўляецца толькі параўнанне гаспадарак у адным мікрарэгіёне.

Пэўныя адрозненні паміж праваслаўнымі і каталікамі назіраліся і ў іншых сферах сацыяльнага жыцця. Так, паводле даных Гарадзенскай судовай палаты за 1880 г., сярод асобаў, асуджаных за розныя злачынствы, праваслаўныя складалі 28%, а каталікі — 40,5%. Сярод тых, хто быў пакараны за выступленні супраць парадку кіравання каталікі складалі амаль 58%, праваслаўныя — 39%, сярод злачынстваў супраць асобы на долю каталікоў прыходзілася 74%, праваслаўных — 12%. Праўда, у прыведзеных статыстычных даных не ўлічвалася станавая прыналежасць злачынцаў. На нашу думку, гэтыя адрозненні не былі абумоўлены канфесійным фактарам. Рост злачыннасці звычайна спадарожнічаў развіццю мадэрнізацыйных працэсаў і распаду традыцыйнага грамадства. Каталіцкае насельніцтва пераважала ў тых рэгіёнах губерні, дзе азначаныя працэсы праяўляліся на той час з найбольшай сілай.

У цэлым можна сцвярджаць, што Каталіцкі касцёл аказваў большы ўплыў на жыццё сваіх прыхаджан сялян, чым Праваслаўная царква. Даволі часта ксёндз выконваў не проста функцыі святара, але арганізатара розных грамадскіх спраў, а таксама дарадчыка і нават суддзі. Гэтаму садзейнічала і тая акалічнасць, што большасць каталіцкага парафіяльнага духавенства на пачатку 20 ст. ужо паходзіла з сялян. Так, сярод навучэнцаў Віленскай каталіцкай семінарыі ў 1912 г. 122 належалі да сялянскага саслоўя, 28 паходзілі з мяшчан і 24 са шляхты73. Ва ўмовах Расійскай імперыі, калі каталікоў дыскрымінавалі пры паступленні ў настаўніцкія семінарыі і на дзяржаўную службу, кар’ера святара была самай прываблівай магчымасцю сацыяльнага поспеху для сялян-каталікоў.

Натуральна, што ксяндзы сялянскага паходжання цудоўна ведалі вясковае жыццё, праблемы і ментальнасць сялян. Яны маглі заваяваць сабе аўтарытэт найперш абаронай інтарэсаў сваіх прыхаджан перад уладай і памешчыкамі. Таму маральны аўтарытэт каталіцкага духавенства на вёсцы звычайна быў настолькі высокі, што прапаганда нацыянальнай ідэі, не падтрыманая гэтым аўтарытэтам, практычна не мела шанцаў на поспех.

Намі вышэй ужо адзначалася, што сярод каталіцкага духавенства на пачатку 20 ст. пачынае фармавацца беларускі нацыянальны кірунак. Польская нацыянальная ідэя этна-культурнага характару не магла задаволіць частку каталіцкіх духоўных, якія паходзілі з мясцовага беларускага сялянства. У 1904 г. Віленскае рыма-каталіцкае біскупства на свой запыт да святароў даць інфармацыю аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці атрымала даволі шмат адказаў з пацвярджэннем прыналежнасці да беларускай нацыянальнасці74. Пробашч Пяскоўскага касцёла Ваўкавыскага дэканата А. Асціловіч пісаў: „Имею честь почтительнейше донести, что я принадлежу к народности кривичской”75. Кнігі Францішка Багушэвіча, „Наша Ніва” і іншыя беларускія выданні паступова абуджалі сярод каталіцкіх духоўных беларускую нацыянальную свядомасць. Асабліва вялікую ролю адыгрывала навучанне ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, з якой выйшлі дзясяткі нацыянальна свядомых ксяндзоў-беларусаў: Францішак Будзька, Адам Лісоўскі, Францішак Грынкевіч, Люцыян Хвецька, Уладзіслаў Талочка, Ільдэфонс Бобіч, Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч, Міхаіл Пятроўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Андрэй Цікота і інш.76 Тут зноў жа, як і ў выпадку беларускіх народнікаў, адыгрываў сваю ролю фактар адрыву ад радзімы, выйсця з-пад ціску польска-расійскага ідэалагічнага супрацьстаяння. Вельмі важным было тое, што ў Пецярбургу ксяндзы беларускага паходжання сустракаліся са свядомымі сваёй нацыянальнай прыналежнасці літоўцамі, латышамі, немцамі, што прымушала іх падвергнуць крытычнаму разгляду аксіёму тоеснасці польскасці з каталіцтвам. Асабліва вялікім быў уплыў літоўскіх ксяндзоў на пашырэнне беларускай свядомасці сярод беларусаў-каталікоў. Адзін з лідэраў беларускага руху Антон Луцкевіч пісаў на гэты конт: „Между прочим, большую услугу белорусскому делу оказывают литовские ксендзы-патриоты, живущие в белорусских приходах. Дело в том, что виленские епископы-поляки, не сочувствующие литовскому национальному движению (...) стараются систематически устранять из литовских приходов тех ксендзов-литовцев, которые деятельно работают над возрождением своего народа. Тут, не зная белорусского языка, они невольно долгое время являлись полонизаторами белоруссов, так как употребляли при сношениях с народом исключительно польский язык. Теперь же, когда началось белорусское, литовские ксендзы поняли свою роковую роль и стараются исправить невольное зло, которое в течение многих лет делали белоруссам. Теперь они являются ревностными сеятелями в народе национального сознания, и за это им большое спасибо!”77

Некаторыя ксяндзы на пачатку 20 ст. распачалі беларускую нацыянальную агітацыю сярод сваіх прыхаджан. Адзін з чытачоў беларускага выдання „Chryscijanskaja dumka” пісаў у пазнейшыя часы: „Беларуская нацыянальная свядомасць у нашай воласці стаіць хоць не надта высока, але ўсё ж такі многа больш пашырана, як у суседніх. Першыя зярняткі гэтай былі тут пасеяны яшчэ перад вайною, прыблізна ад 1907 г., дзякуючы тутэйшаму пробашчу каталіцкаму сьв. п. кс. Л. Кавэцкаму і сьв. п. кс. Гарасімовічу”78. Янка Трацяк налічвае звыш дзесятка пробашчаў, якія шырылі беларускасць сярод сваіх прыхаджан79. Так, біскуп-суфраган Магілёўскай архідыяцэзіі Сцяпан Данісевіч выдаў у 1906 г. Элементар для добрых дзетак каталікоў80.

І ўсё ж беларускі кірунак у даваенны перыяд яшчэ не мог на роўных канкураваць з польскасцю ў асяроддзі каталіцкага духавенства. Так, сярод навучэнцаў Віленскай семінарыі за 1912 г. 119 задэкларавалі сябе палякамі, 34 літоўцамі і 25 беларусамі81. Аднак рост колькасці свядомых беларусаў сярод каталіцкага духавенства ўражвае.

Падобнай з’явы не назіраем у гэты перыяд сярод праваслаўных духоўных. Антон Луцкевіч пісаў пра іх: „Что касается духовенства, то православное настолько твёрдо держат в своих руках черносотенные владыки, что священники, даже сочувствующие белорусскому возрождению, бояться чем-либо проявлять публично свое сочувствие. К тому же приток молодых священников, которые стали сознательными белоруссами еще во время обучения в семинариях очень слаб, потому что (...) все они стремятся в университеты”82.

У цэлым праваслаўнае духавенства мела меншы ўплыў на сваіх вернікаў-сялян. Прыходскія святары звычайна не праяўлялі асаблівай актыўнасці ў мясцовым грамадскім жыцці, хаця і мусілі ўдзельнічаць у розных праўрадавых грамадскіх аб’яднаннях. Безумоўна, адыгрывалі ролю карпаратыўная замкнёнасць святарства, кансерватызм сістэмы духоўнай адукацыі, неабходнасць утрымліваць звычайна даволі вялікія сем’і. У выніку гэтага ў асяроддзі праваслаўнага сялянства разам з захаваннем элементаў архаічных паганскіх вераванняў сярод моладзі ўсё больш пашыраліся скептыцызм і іронія адносна рэлігійнага жыцця. Гэта адзначалі этнографы, урадавыя чыноўнікі, літаратары. Мемуарыст з Міншчыны М. Паўлікоўскі пісаў пра тамтэйшых сялян: „Малодшае пакаленне захоўвае да праваслаўнага клеру абыякавасць, афарбаваную гумарам (...). З часам размовы з палясоўшчыкамі і браканьерамі ўмацавалі ўва мне перакананне, што беларускі селянін вольнадумца, скептык, ба — агностык”83.

У той жа час у праваслаўным асяроддзі ўсё большую ролю пачынала адыгрываць вясковае настаўніцтва, якое таксама ў канцы 19 і на пачатку 20 ст. амаль усё без выключэння паходзіла з сялянства. Настаўнік карыстаўся вельмі значным аўтарытэтам у праваслаўнай вёсцы. Гэтая сацыяльная група маладой вясковай інтэлігенцыі станавілася важным правадніком культурных зменаў, якія ўсё больш актыўна праяўляліся ў жыцці беларускай вёскі і ўсё большая колькасць народных настаўнікаў пачынала цікавіцца беларускімі выданнямі і далучацца да нацыянальнага руху.

Сутыкненне расійскіх і польскіх асіміляцыйных уплываў наклала свой адбітак і на стасункі паміж праваслаўным і каталіцкім сялянствам, прынёсшы ў другой палове 19 і на пачатку 20 ст. некаторую адчужанасць. Часам каталіцкае насельніцтва пераносіла сваю крыўду на рэлігійны ўціск з боку царскіх уладаў на праваслаўнае сялянства, якое захоўвала большую лаяльнасць да гэтай самай улады. Аднак справа ніколі не даходзіла да варожасці. Гісторыкам не вядомыя сур’ёзныя канфлікты на рэлігійнай глебе паміж беларускімі сялянамі праваслаўнага і каталіцкага веравызнання. Па-ранейшаму даволі часта сустракаліся і змешаныя шлюбы паміж праваслаўнымі і каталікамі, нават нягледзячы на часам негатыўнае стаўленне духавенства.

Краёвец Міхал Ромер пісаў у 1913 г. у сваім дзённіку: „У гэтым краі, у Белай Русі, дзіўна перамяшаліся Усход і Захад. Гэта адбілася на пачуццёвым устрыманні народа і знайшло свой выраз у характары мясцовай культуры. Белая Русь — гэта памежжа Заходняй Еўропы і Візантыйскага Свету. Гэтыя два цывілізацыйныя тыпы, дзве гістарычныя культуры, супрацьлеглыя як два полюсы, на гэтай зямлі ў душы народа існуюць у поўнай згодзе.

Цывілізацыйны падзел найбольш выразна адчуваецца ў рэлігіі — ва ўсходнім праваслаўі і заходнім каталіцызме. Абодва веравызнанні існуюць побач, а народная маса, не звяртаючы ўвагі на рэлігійную прыналежнасць асобы, аднолькава прымае і адну, і другую. Святы і іншыя ўрачыстасці праваслаўнай царквы збіраюць у пэўныя дні і ў пэўных месцах усё насельніцтва. Збіраюцца ў тым ліку засцянковая, акалічная і фальварачная дробная шляхта. Тое самае адбываецца і на каталіцкія святы, якія прывабліваюць праваслаўнае насельніцтва нават з далёкіх вёсак. Тым самым людзі захоўваюць традыцыі і інстыктыўна дэманструюць адзінства культуры і веры, фармальна падзеленай на два светы, на два веравызнанні”84.

Галоўным было тое, што беларускія сяляне і праваслаўнага, і каталіцкага веравызнання адчувалі і ўсведамлялі прыналежнасць да адзінай этнічнай супольнасці. Праваслаўе і каталіцтва разглядаліся імі як форма далучэння да надлакальнай высокай культуры і хрысціянскай цывілізацыі. Гісторыя распарадзілася так, што вельмі часта гэта быў выбар паміж рускай і польскай верай, а нават — паміж польскасцю і расійскасцю. Пераадольванне гэтага падзелу стала найважнейшай праблемай беларускіх нацыянальных дзеячаў, пачынаючы ўжо з нашаніўскага перыяду.

Этна-канфесійная структура насельніцтва Гарадзеншчыны паводле перапісаў насельніцтва 1921 і 1931 гадоў

У 1921 г. у польскай дзяржаве быў праведзены ўсеагульны перапіс насельніцтва. Перапісныя лісты ўтрымлівалі 2 асноўныя пытанні, якія непасрэдна датычылі этна-нацыянальнай праблематыкі: „Нацыянальная прыналежнасць” і „Родная мова”. Адразу зазначым, што вынікі спісу адносна „роднай мовы” так і не былі апрацаваны. Як зазначыў польскі даследчык Марыян Семаковіч, на гэта паўплываў не толькі недахоп грашовых сродкаў, аб чым гаварыла афіцыйная версія, але таксама польская „рацыя стану”85. Перапіс налічыў у ІІ Рэчы Паспалітай усяго 1 035 тыс. беларусаў. Прычым сярод іх абсалютную большасць складалі праваслаўныя — 960,5 тыс. (92,7%). Беларусаў-каталікоў налічвалася 60,1 тыс.(5,8%). Большасць даследчыкаў лічыць гэтыя даныя моцна заніжанымі. Ежы Тамашэўскі і Збігнеў Ландау налічваюць на той час у ІІ Рэчы Паспалітай 1 948 тыс. беларусаў86. Павелічэнне колькасці беларускага насельніцтва адбылося тут за кошт далучэння да беларусаў праваслаўных жыхароў „крэсаў”, запісаных у перапісе палякамі, і часткі мясцовых каталікоў. Напрыклад, у Беластоцкім ваяводстве паводле даных перапісу 1921 г. налічвалася 116 тыс. праваслаўных беларусаў і 76,3 тыс. праваслаўных палякаў. У той жа час у гэтым ваяводстве да беларусаў афіцыйна далучалі толькі 2,8 тыс. каталікоў з 894 тысячаў. У Віленскай акрузе налічвалася 35,5 тыс. беларусаў-каталікоў, у Наваградскім ваяводстве — 18,4 тыс., у Палескім — 2,9 тыс. Апроч таго ў Палескім ваяводстве перапіс знайшоў 38,6 тыс. „тутэйшых”. Беларуская прэса прыводзіла ў той час шмат прыкладаў скажэння даных адносна нацыянальнасці тымі чыноўнікамі, якія праводзілі перапіс. Несумненна, што вялікая частка сялянскага насельніцтва яшчэ не мела развітай нацыянальнай свядомасці ў сучасным яе разуменні, але перапісчыкі фіксавалі „тутэйшасць” толькі там, дзе гэта было выгадна для „польскай рацыі стану”.

У Гарадзенскім павеце (з улікам самой Гародні — С. Т.) у 1921 г. налічвалася 53,4% палякаў і 26,2% беларусаў87. У сельскіх жа гмінах гэтага павета паводле спісу 1921 г. налічвалася толькі 34,1 тыс. беларусаў (32,6%)88. Дакументы мясцовых дзяржаўных устаноў за 1920-я гады пераканаўча сведчаць, што ўрадавыя чыноўнікі атаясамлялі ўсіх каталікоў з палякамі, а праваслаўных з беларусамі. Намі не зафіксавана ніводнага выпадку ў тых паліцэйскіх матэрыялах, дзе прыводзіліся даныя пра нацыянальны склад насельніцтва, каб праваслаўныя сяляне былі названы палякамі. Таксама фактычна толькі адзін паліцэйскі чыноўнік, нехта Казімір Нагацкі, называў сялян каталіцкага веравызнання беларусамі. Будучы на пасадзе каменданта паліцыі Дубнаўскай гміны, ён у справаздачах за 1928 г. далучаў да беларусаў мясцовую засцянковую шляхту89. Калі яго перавялі пазней у Берштаўскую гміну, дык і там Нагацкі называў беларусамі сялян-каталікоў, якіх яго папярэднікі заўсёды залічалі да палякаў. Цяжка сказаць, ці працэнт беларусаў каталіцкага вызнання на „ўсходніх крэсах” фармаваўся дзякуючы такім своеасаблівым чыноўнікам, ці проста накідваўся з гары ўжо пры падвядзенні вынікаў перапісу для надання яму большай праўдападобнасці. Таксама можна адзначыць, што палякамі часамі акрэслівалі сябе тыя нешматлікія асобы праваслаўнага веравызнання, якія траплялі на службу ў паліцыю і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Напрыклад, у 1926 г. у Гарадзенскім павеце налічвалася 498 служачых устаноў паліцыі, сярод якіх было 10 праваслаўных. З гэтых дзесяці толькі 2 называлі сябе беларусамі , а ўсе астатнія — палякамі. Толькі 4 паліцэйскіх задэкларавалі веданне беларускай мовы90.

Наступны ўсеагульны перапіс, праведзены ў 1931 г., улічваў склад насельніцтва толькі паводле роднай мовы. Гэты перапіс зафіксаваў у ІІ Рэчы Паспалітай усяго 989,9 тыс. беларускамоўных жыхароў. Нават дапускаючы поспехі паланізацыйнай палітыкі ўрада, дадзеныя лічбы трэба прызнаць цалкам сфальшаванымі. У Беластоцкім ваяводстве ў 1931 г. перапісчыкі „знайшлі” 205,6 тыс. носьбітаў беларускай мовы, у той час калі толькі праваслаўных жыхароў тут налічвалася 304,7 тыс.91 У Гарадзенскім павеце доля беларусаў дасягнула паводле азначанага перапісу 29,9%, а палякаў — 47,4%.

Такім чынам можна сцвярджаць, што перапісы насельніцтва 1921 і 1931 г., так жа,як і перапісы, якія праводзіліся ў часы Расійскай імперыі, на беларускіх этнічных абшарах служылі найперш для палітычных мэтаў дзяржаўнай улады. Што датычыцца этнічнай структуры сялянскага насельніцтва, то, бяручы за галоўны крытэрый родную мову жыхароў, найбольш дакладныя звесткі падае перапіс 1897 г. З таго часу, на нашу думку, адносны паказчык носьбітаў беларускай мовы на Гарадзеншчыне істотна не змяніўся да 1920-х гадоў.

Праваслаўныя і каталікі

Бурлівыя 1920-я гады выявілі выразную спецыфіку палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця сярод праваслаўнага і каталіцкага сялянства Гарадзеншчыны. Калі праваслаўная вёска актыўна падтрымлівала радыкальныя плыні беларускага руху, то каталіцкая ў цэлым захоўвала лаяльнасць да польскіх уладаў. На выбарах 1922 г. беларускія кандыдаты атрымалі абсалютную большасць галасоў у праваслаўных вёсках Гарадзенскага павета, а сяляне-каталікі пераважна галасавалі за агульнапольскія партыі левага кірунку. На выбарах 1928 г. праваслаўнае сялянства ў большасці падтрымала пракамуністычных дзеячаў, а каталіцкае — праўрадавы спісак. Мясцовыя гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і Таварыства беларускай школы (ТБШ) паўставалі на тэрыторыі Гарадзенскага павета выключна ў праваслаўным асяроддзі. Там жа найперш атрымала развіццё беларуская культурна-асветная праца. У чым заключалася прычына гэтых адрозненняў? Шукаць яе належыць, на нашу думку, ва ўплывах на вясковае грамадства з боку прыходскага духавенства, якое захоўвалі сваю сілу ў мясцовых сялянскіх супольнасцях, нягледзячы на ўсе палітычныя і сацыяльныя катаклізмы.

Якую ролю ў развіцці беларускага руху на Гарадзеншчыне адыграла мясцовае праваслаўнае духавенства? У 1924 г. у вёсках Гарадзенскага павета выконвалі душпастырскую працу 34 праваслаўныя святары. Паводле звестак польскай паліцыі, некаторыя з іх падтрымлівалі сувязі з беларускімі дзеячамі і сімпатызавалі нацыянальнаму руху. Так, паліцыя адзначала, што святар Міхал Бароўскі ў вёсцы Лаша „як беларус сярод сваіх парафіян займаецца беларускай агітацыяй, намагаецца замяніць польскую школу ў Лашы на беларускую, але канкрэтных фактаў такой агітацыі здабыць не ўдалося”92. Таксама пра масалянскага святара Пахома Мартыняка ў паліцэйскіх паведамленнях адзначалася, што „будучы на рэлігіі ў адной са школ тутэйшага раёна ў 1920 г. звяртаўся да дзяцей беларусаў, каб іх бацькі жадалі беларускай мовы як сваёй роднай”93. Пры гэтым камендант паліцыі дадаваў, што азначаны бацюшка „насельніцтвам сваёй парафіі так моцна шанаваны, што нічога злога пра яго не кажуць”. Варта яшчэ дадаць, што Пахом Мартыняк паходзіў з Валыні і меў 6 дзяцей. Апошняя акалічнасць сведчыла пра мужнасць гэтага чалавека, паколькі за праяўленне сімпатый да беларускага руху яму пагражалі рэпрэсіі, якія, несумненна, адбіліся б і на яго сям’і.

Пра святара з Парэччаў Філімона Безюка, які нарадзіўся ў вёсцы Крывая Бельскага павета, паліцэйскі камендант паведамляў: „Магчыма, што працуе канспірацыйна, з таго пункту гледжання, што ёсць беларусам”94. Гэтага падазрэння хапала, каб за святаром быў устаноўлены тайны нагляд.

Асаблівай актыўнасцю ў беларускай справе адзначыўся праваслаўны святар з Малой Бераставіцы Уладзімір Хоміч, якога мясцовая паліцыя характарызавала наступным чынам: „Настроены варожа да польскасці, утрымлівае кантакт з асобамі, якія маюць на мэце барацьбу з польскім дзяржаўным ладам. Быў у прыязных стасунках з былым паслом Баранавым, які яго вельмі часта наведваў у часе выбараў да Сейма і Сената з агітацыйнымі мэтамі. Хоміч і далей праводзіць антыдзяржаўную агітацыю, але з’яўляецца асцярожным і дзейнічае вельмі канспірацыйна”95. Яшчэ ў снежні 1920 г. польскі настаўнік з Малой Бераставіцы паведамляў у павятовы школьны інспектарат, што „ў бягучым годзе даецца заўважыць значна меншую колькасць праваслаўных дзяцей у школе. У мінулым годзе большасць была праваслаўных. Тлумачыцца гэта побытам тут праваслаўнага духоўнага і яго агітацыяй, у выніку якой дзяк, які жыве ў вёсцы Кавалі, заснаваў у Кавалях Мала-Бераставіцкай гміны школку, у якой вучыць па-расійску і па-беларуску”96.

Беларускі дзеяч Сяргей Баранаў, паводле звестак паліцыі, таксама часта сустракаўся са святаром з Вялікай Бераставіцы Анатолем Касперскім, за якім паліцыяй адразу быў устаноўлены тайны нагляд97. Благачыннаму Зіновію Чаквіну з Крынак ставіўся ў віну кантакт з былым біскупам Уладзімірам. Паліцыя адзначала, што Чаквін „з’яўляецца гарачым прыхільнікам партыі „Вызваленне” і звязваюць яго прыязныя стасункі з паслом Валошыным”98. Нагадаем, што ў царскія часы Чаквін быў народным настаўнікам на Сакольшчыне і выглядаў з афіцыйнай перапіскі тыповым заходнерусам. Як можна меркаваць, ён так і не схіліўся да беларускасці, паколькі ў 1923 г. газета „Народная справа” пісала, што айцец Чаквін з Крынак „ніяк не можа навучыцца гаварыць па-беларуску”99.

Большасць жа праваслаўнага святарства на Гарадзеншчыне, як вынікае са звестак паліцэйскіх уладаў, з’яўлялася паводле сваіх перакананняў прыхільнікамі расійскай нацыянальнай ідэалогіі. Так, пра святара з Лунны Аляксандра Калішэвіча камендант паліцыі паведамляў, што „ёсць гарачым расійскім патрыётам (...) да польскай дзяржаўнасці ставіцца прыхільна”100. У Скідальскай гміне, дзе беларускі рух быў асабліва моцным, праваслаўныя святары атрымалі наступную характарыстыку: „З’яўляюцца расійскімі патрыётамі, варожа настроены супраць усяго, што ёсць польскае, агітуюць мясцовае насельніцтва, нібы польскі ўрад хоча забраць ім цэрквы”101. Выключэннем тут быў толькі святар у вёсцы Галавачы Міхал Паўлоўскі, які выказваў поўную лаяльнасць да дзяржавы, што моцна абурыла яго прыхаджан, якія „вымыслілі сабе, што ён з’яўляецца пасланнікам польскага ўрада з мэтай іх паланізацыі”102.

Палітычны дзеяч Васіль Рагуля дае духавенству наступную характарыстыку: „Праваслаўнае сьвятарства было разглядана палякамі як актыўны русафільскі элемент. Яно было пад падазрэннем і наглядам паліцыі. Сьведамых беларусаў-незалежнікаў сярод гэтага сьвятарства было вельмі мала, працэнт блізкі да нуля. Амаль усе сьвятары былі расейцы і па духу і па паходжаньню”103.

Трэба зазначыць, што праваслаўнае духавенства знаходзілася ў вельмі складанай сітуацыі. Большасць святароў не мела польскага грамадзянства і была ў праўным плане фактычна безабароннай перад самавольствам мясцовых уладаў. Крах магутнай Расійскай імперыі, якая ўяўлялася для большай часткі праваслаўнага духавенства асновай іх жыццёвага ладу, страшэнныя рэпрэсіі супраць святарства, стасаваныя бальшавікамі, усё гэта выклікала востры духоўны крызіс і разгубленасць. На заходнебеларускіх землях прыходскія святары напатыкалі насельніцтва, значная частка якога выразна сімпатызавала бальшавіцкай Расіі. І ў гэтых умовах большасць вясковых бацюшкаў рабіла выбар на карысць супрацоўніцтва з уладамі.

Напрыклад, святар Берштаўскай царквы Павел Весяліцкі, які прыехаў у гэтую вёску ў 1921 г., быў паводле сваіх перакананняў расійскім манархістам. Як адзначыў у справаздачы паліцэйскі камендант, не знайшоўшы сярод мясцовых сялян падтрымкі сваіх поглядаў, Весяліцкі пачаў шукаць кантакт з паліцыяй. Цалкам страціў гэты праваслаўны пробашч давер прыхаджан, калі пагадзіўся перайсці на новы каляндар. Пазней справа дайшла да таго, што мясцовая моладзь нават пачала спраўляць грамадзянскія шлюбы. Увогуле, праявы атэізму, якія прапагандаваліся дзеячамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), даволі часта назіраюцца сярод мясцовага сялянства.

Арыентацыя большасці праваслаўнага святарства на ўлады і адмова ад падтрымкі беларускага культурна-асветнага руху, а часта нават вельмі варожае да яго стаўленне, прыводзіла ў сваю чаргу да заняпаду іх маральнага аўтарытэту і рэлігійнасці мясцовага сялянства ўвогуле.

Гэту з’яву фіксуюць у сваіх рапартах і справаздачах каменданты паліцэйскіх пастарункаў. Найбольш яркім прыкладам гэтаму служыць справаздача каменданта паліцыі Дубнаўскай гміны пра стаўленне мясцовага насельніцтва да рэлігіі: „Вера для мясцовага насельніцтва з’яўляецца зусім непатрэбнай і калі б не тое, што трэба пісаць акты цывільнага стану, то царкву можна было б разабраць, бо ёсць з добрага матэрыялу. Могілкі, апроч таго што знаходзяцца паблізу вёскі, служаць такой жа пашай як і іншыя неагароджаныя мясцовасці для хатняй жывёлы. Мясцовага святара люд не называе іначай як толькі па прозвішчу Мантур, а моладзь пераважна „чортам”, а гэта з тае прычыны, што мусяць яму плаціць за рэлігійныя паслугі. Мясцовы святар Мантур адзначаецца прыхільнасцю адносна польскай дзяржавы, у гадавіну 10-годдзя вельмі шчыра і ахвотна адправіў набажэнства і паход. Ён прыхільны да людзей каталіцкага вызнання, аднак сваёй парафіі і парафіян ненавідзіць, у выніку атрыманых ад іх крыўдаў, як у царкве, так і па-за царквой (...) у святы і нядзелі прыходзіць да мясцовай царквы найболей 15 асобаў старэйшага ўзросту, моладзі ж зусім няма”104.

Школьны настаўнік Э. Барташ так апісваў рэлігійнасць сялян у вёсцы Мастаўляны: „Гэтая царква не асабліва ім (праваслаўным — С. Т.) патрэбная. На агульную лічбу 4 750 парафіян ходзіць да царквы звычайна 30 асобаў, на споведзі на працягу года звычайна 500 чалавек. Каталікі затое вельмі рэлігійныя. Кожнае свята застаецца найбольш два чалавекі, а ўсе астатнія ідуць да касцёла”105.

Разгром беларускага руху ў канцы 1920-х гадоў і крах спадзяванняў сялян на хуткую перамогу і змены да лепшага выклікалі рост містычных настрояў сярод часткі сялянскага насельніцтва. Найбольш яскравым прыкладам такога духоўнага крызісу з’явілася паўстанне секты ільінцаў у Крынкаўскай гміне, заснавальнік і кіраўнік якой Ілья абвесціў сябе жывым прарокам. Паўстанне секты і свядомасць ільінцаў даследаваў Уладзімір Паўлючук106. У іншых мясцовасцях назіраўся пераход часткі праваслаўных сялян у баптызм і іншыя рэлігійныя секты.

Часта выбух псіхічнай энергіі сялянскага насельніцтва адбываўся ў рамках праваслаўя. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца „абнаўленне” абразоў у вёсцы Бершты. 24 жніўня 1930 г. у хаце жыхаркі гэтай вёскі цудоўным чынам абнавіўся абраз, які быў урачыста перанесены да мясцовай царквы. На працягу некалькіх дзён у вёсцы абнавіліся яшчэ 7 абразоў. Чуткі пра цуд хутка абляцелі навакольныя мясцовасці і ў Бершты рушылі натоўпы пілігрымаў. Так, 13 верасня 1930 г. сюды прыйшлі пешшу каля 200 вернікаў з мястэчка Азёры. Самі берштаўскія вернікі хадзілі хрэсным ходам да Каложскай царквы ў Гродна. Мясцовая паліцыя да азначаных цудаў паставілася даволі скептычна: „Насельніцтва свята верыць у цуд і на ўсякія недарэчнасці не звяртае ўвагі. Уплывае гэта значна на ўзмацненне веры, якая пачала тут траціць сваіх прыхільнікаў”107. Якраз у гэты час цягнулася судовая справа аб перадачы царквы ў Берштах каталікам на той падставе, што калісьці яна была уніяцкай. Відавочная несправядлівасць абурыла мясцовае насельніцтва і на абарону царквы паўсталі нават пракамуністычна арыентаваныя асобы. Разам з тым, паліцэйскі камендант сцвярджаў, што тамтэйшы святар Ян Арлоў да ўладаў і дзяржавы ставіцца лаяльна і, паколькі ён мае вялікі ўплыў на парафіян, было б памылковым пераводзіць яго ў іншае месца, „асабліва напярэдадні выбараў”.

Падобныя з’явы былі яскравай праявай глыбокага духоўнага крызісу жыхароў мясцовай праваслаўнай вёскі. Разгром польскімі ўладамі беларускага руху, які зноў жа ўспрымаўся значнай часткай сялянства як хіліястычны рэлігійны рух, выклікаў глыбокае расчараванне і страх, што пацягнула за сабой рэзкі ўсплеск містычных настрояў. Аднак праз некаторы час адбылося пэўнае заспакаенне пачуццяў і рэлігійная свядомасць праваслаўных сялян вярнулася прыкладна да таго ўзроўню, які існаваў напярэдадні сусветнай вайны. Найбольш грунтоўна сутнасць „праваслаўнасці” ў заходнебеларускай вёсцы акрэсліў, на нашу думку, Яўген Мірановіч:

„У свядомасці большай часткі вясковага насельніцтва веравызнанне і тэрмін „праваслаўны” былі нечым універсальным, заступалі нацыянальнасць, вызначалі кола культурнай прыналежнасці і месца ў грамадскай іерархіі, абазначалі акрэслены светапогляд і стаўленне да існуючага палітычнага парадку. „Праваслаўным” называў сябе не толькі чалавек, які хадзіў у царкву і верыў у Бога, быў ім таксама камуніст, які адкрыта заяўляў пра свой атэістычны светапогляд і сектант, які нарадзіўся і выхаваўся ў праваслаўнай сям’і. Перш за ўсё быў гэта чалавек, які меў пачуццё іншасці ў адносінах да каталікоў. Пачуццё прыналежнасці да праваслаўнай супольнасці дамінавала над нацыянальнымі і палітычнаымі падзеламі. Камуніст, беларус, праваслаўны паляк і рускі — усе яны былі „сваімі”, таму што адчувалі падобны маральны парадак і выраслі на базе адной традыцыі і абраднасці. Іх рэакцыі найчасцей не былі залежныя ад дэклараванай нацыянальнасці ці палітычнай арыентацыі”108.

Акрэсленае Я. Мірановічам „пачуццё іншасці ў адносінах да каталікоў” не датычыла, на нашу думку, лакальнага этнічнага сусвету праваслаўнага селяніна. Фармавалася яно ўжо на выхадзе з гэтага сусвету і самаатаясамлення з надлакальнымі ідэалагічнымі і палітычнымі структурамі. Для селяніна-каталіка атаясамленне з польскасцю звычайна выглядала цалкам натуральным. Як зазначыў Я. Мірановіч — „на Беласточчыне да 1939 г. большасць беларускамоўных каталікоў нават не сумнявалася ў тым, што яны з’яўляюцца часткай польскай нацыянальнасці”109. Праваслаўныя ж сяляне такі крок успрымалі на псіхалагічным узроўні як здраду. А галоўнае, што іх лічыла „чужымі” мясцовая польская адміністрацыя, і пераадолець гэтае стаўленне не дапамагалі любыя дэкларацыі лаяльнасці.

Нацыянальная беларуская культура і літаратурная мова не былі падтрыманы большасцю прыходскага праваслаўнага духавенства. І гэта стала адной з галоўных прычын паражэння беларускага руху, што становіцца асабліва заўважным у параўнанні з літоўскім рухам у ІІ Рэчы Паспалітай. Літоўскі рух развіваўся найперш дзякуючы падтрымцы нацыянальна свядомага духавенства. Камендант памежнай паліцыі Гарадзенскага павета Слушаноўскі пісаў пра літоўскіх святароў: „Ксяндзы таксама варожа настройваюць тутэйшае насельніцтва да Польскай Дзяржавы, увесь час цвердзяць, што хутка ўжо будзе тут Літва, заклікаюць жыць паміж сабой у згодзе, палякі заўсёды выкарыстоўваюць усялякія спрэчкі і шмат праз гэта даведваюцца, заклікаюць хаваць асобаў, якія часова з рознымі мэтамі прыходзяць нелегальна з Літвы на польскі бок, не дазваляюць быць сведкамі ў судах з боку палякаў і ў тых выпадках дазваляюць нават парушаць прысягу, забараняюць пасыласць дзяцей у полськія школы, а таксама размаўляць па-польску, адным словам з’яўляюцца тайнымі агітатарамі на карысць Ковенскай Літвы і заядлымі літоўцамі. Ад часу іх адхілення і пераводу ў іншыя парафіі адразу адбудзецца аздараўленне адносін”110. Гэтая фанатычнасць літоўскіх ксяндзоў адносна нацыянальнага пытання і дазволіла па сутнасці захаваць літоўскую свядомасць ва ўмовах паланізацыйнай палітыкі і сувязь сялян-літоўцаў з нацыянальнай культурай і літаратурнай літоўскай мовай, якая найперш падтрымлівалася праз рэлігійныя грамадска-культурныя арганізацыі.

У тых каталіцкіх парафіях, дзе працавалі ксяндзы з беларускай нацыянальнай свядомасцю, мясцовае сялянства таксама актыўна далучалася да беларускай нацыянальнай культуры. Самым яскравым у гэтым плане прыкладам стала дзейнасць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага ў мястэчку Жодзішкі Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Абсалютная большасць сялян яго парафіі падтрымала касцельныя казанні на беларускай мове і выступіла ў абарону свайго пробашча, калі яго абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці. Нават тады, калі ў Жодзішкі прыслалі новага ксяндза, які варожа ставіўся да беларускасці, мясцовыя жыхары прымусілі яго прамаўляць казанні па-беларуску. У Ваўкавыскім павеце беларускую працу праводзіў ксёндз Язэп Германовіч. У жніўні 1919 г. пад яго кіраўніцтвам адбыўся сход сялян вёсак Грыневічы, Дзямідавічы, Мухайлы, Боркі, Камяніца і Малая Лапеніца, на якім пастанавілі адкрыць тры школы, а навука ў іх будзе „адбывацца па-беларуску з дадатковым прадметам польскім”111. Блізкі сябар Я. Германовіча Казімір Сваяк так апісаў свае ўражанні ад беларускага казання ў Лапеніцы: „Прамаўляў тут па-беларуску. Неспадзявана добрай душой была выслухана прамова, хоць колькі асоб з мясцовай шляхты спачатку ўсьміхнуліся, то „па-просту” аб Богу стаў вучыць. Людцы прывыклі клясьці толькі долю сваю і грашыць па-беларуску, вось дзіўным здалося, што можна і хваліць Бога гэтай мовай”112. У Беластоцкім павеце актыўна праводзіў беларускую культурна-асветную працу ксёндз Язэп Рэшаць113.

У тых парафіях, дзе дзейнічалі ксяндзы-беларусы, рост беларускай нацыянальнай свядомасці сярод сялян часта быў больш моцным у параўнанні з праваслаўнымі вёскамі, паколькі ў апошніх гэтая свядомасць звычайна перапляталася з камуністычнымі сімпатыямі. Апроч таго, многія праваслаўныя сяляне яшчэ ўспрымалі беларускасць як нейкі варыянт расійскасці. Аднак каталіцкія ксяндзы, якія праводзілі беларускую нацыянальную працу, падвяргаліся вельмі моцнаму ціску з боку духоўных і свецкіх уладаў і звычайна пазбаўляліся сваіх парафій і магчымасці ўплыву на вернікаў-сялян. А галоўным было тое, што яны знаходзіліся ў відавочнай меншасці. У большасці каталіцкіх парафій сяляне па-ранейшаму атаясамлялі польскасць з каталіцкай верай. Пра гэта пісаў Казімір Сваяк: „У парафіі Карыцін большасьць беларусаў гаворыць чуць ня ўсе па-беларуску. Гутарка мала розьніцца і ад нашай надвялейскай. Ідэя маладой Беларусі тутака нязнана. (...) Польшча тут палітыку можа вясьці ўдачна на сваю карысьць, бо: каталік ўсё роўна, што і паляк”114.

Прычыны пасіўнага стаўлення сялян-каталікоў да беларускага руху ў Гарадзенскім павеце вынікалі найперш з пазіцыі мясцовага духавенства. Згодна даным паліцыі, усе каталіцкія ксяндзы ў Гарадзенскім павеце лічылі сябе палякамі і адмоўна ставіліся да беларускай ідэі. Прычым многія праводзілі актыўную культурна-асветную працу ў кірунку пашырэння польскай нацыянальнай свядомасці сярод сваіх прыхаджан, арганізоўвалі розныя гурткі і грамадскія аб’яднанні. Паколькі роля ксяндза ў жыцці каталіцкай сялянскай супольнасці была надзвычай важнай, то гэты фактар часта адыгрываў вызначальную ролю.

Разам з тым шматлікія матэрыялы даказваюць, што беларуская ідэя атрымала пашырэнне і ў каталіцкім вясковым асяроддзі Гарадзеншчыны. Прывядзём на доказ гэтага толькі адзін з дастаткова шматлікіх фактаў, інфармацыя пра якія ўтрымліваецца ў матэрыялах мясцовых дзяржаўных устаноў. Так, варшаўскі чыгуначны рабочы Рагачэўскі, які паходзіў з вёскі Бяляны Сакольскага павета, напісаў у верасні 1924 г. у гарадзенскую паліцыю данос на сваіх землякоў Співака і паліцыянта Гуменскага, што Співак пад час супольнай размовы выказваўся наступным чынам: „палякі не ўмеюць кіраваць, і людзям кепска жывецца, што палякі толькі любяць забіраць чужое (...) мы самы сабе парадзілі б што маем зрабіць, што тут не месца для палякаў, няхай сабе ідуць да сваёй Польшчы, а тут ёсць Беларусь. Для чаго тут палякі ў нашым краі насадзілі асаднікаў, няхай надзяляюць зямлю ў сваёй Польшчы, а тут няхай зямля будзе для нашых людзей”115.

У цэлым жа, у 1920-х гадах свядомасць значнай часткі каталіцкага сялянства на Гарадзеншчыне заставалася ў рамках традыцыйнай этнічнасці. Гэта часта прызнавалі і польскія ўлады. Камендант пастарунка паліцыі ў Гожы адзначаў у справаздачы за першы квартал 1922 г. наступнае: „У раёне тутэйшага пастарунка пражывае польскае насельніцтва, аднак, на жаль, з патрыятычнага пункту гледжання так мала ўсведамленае, што да выканання абавязкаў польскага грамадзянства мала сябе адчувае. Доказам гэтаму з’яўляецца вельмі частае ўхіленне ад вайсковай службы прызыўнікоў, якіх пастарунак пад прымусам дастаўляе да прызыўной камісіі. Было б добра, каб нашае грамадства зрабіла пэўныя крокі ў кірунку ўсведамлення і ўзбуджэння патрыячнага духу адносна Польшчы сярод насельніцтва”116.

Яшчэ адным вельмі важным момантам з’яўляецца тое, што каталіцкае сялянства Гарадзеншчыны не адчувала варожасці да беларускага руху. Прыкладам можа служыць вёска Новая Руда Берштаўскай гміны, амаль усе жыхары якой былі каталікамі. У гэтай вёсцы актыўную беларускую агітацыю праводзіў мясцовы селянін Фёдар Ушкевіч, які спрабаваў арганізаваць у сваёй вёсцы ячэйку БСРГ. У 1927 г. Ушкевічу ўсё ж удалося пераканаць аднавяскоўцаў напісаць заяву на ўтварэнне гуртка Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Павятовае староства нават выдала дазвол на заснаванне гэтага гуртка. Аднак, пасля пэўнай апрацоўкі, праведзенай паліцыяй, сяляне адмовіліся ад сваёй задумкі і забралі заяву.117 Цікава, што Ушкевіч быў праваслаўны, а ў Новую Руду патрапіў як прымак. Праведзены ў яго хаце вобыск выкрыў шматлікую перапіску з беларускімі дзеячамі ў Вільні. Беларускую агітацыю сярод каталікоў у гэтай вёсцы праводзіў таксама лясны работнік Ян Хоха, таксама праваслаўны паводле вызнання. Адзін з канфідэнтаў паліцыі паведамляў, што Хоха „станоўча даказвае і агітуе сярод насельніцтва Новай Руды, што Беларусь павінна быць і існаваць як асобная дзяржава”118. Ксёндз наварудскага касцёла Грабоўскі з’яўляўся перакананым польскім хадэкам і сілай свайго аўтарытэту мог паспяхова блакаваць беларускую агітацыю. Аднак самым паказальным момантам, на нашу думку, з’яўляецца талерантнасць беларускіх сялян у пытаннях нацыянальнага самавызначэння. На гэтай глебе, як можна меркаваць з матэрыялаў дзяржаўнай адміністрацыі Гарадзенскага павета, ніколі не адбывалася сутычак і сур’ёзных канфліктаў паміж сялянамі праваслаўнымі і каталікамі.

І ўсё ж польская нацыянальная агітацыя, якая актыўна праводзілася праз касцёл і школу, давала свае вынікі. Камендант Берштаўскага пастарунка паліцыі Казімір Нагацкі, так характаразаваў мясцовых сялян-каталікоў:

„Беларусаў рымска-каталіцкага веравызнання сярод усяго насельніцтва 18%. Яны ставяцца да дзяржавы даволі прыхільна. Моладзь ахвотна збіраецца ў святліцах, арганізуе прадстаўленні, належыць у большасці да арганізацыі Падрыхтоўкі да войска, пахваляецца польскасцю, не хаваючы пагарды ў стасунку да моладзі іншага вызнання. Дзеці ахвотна цягнуцца да навукі і ходзяць да школ, але пасля іх заканчэння з прычыны ўбоства далейшай адукацыі не могуць атрымаць. (...) Да мясцовых уладаў ставяцца прыязна”119.

Гэтая цытата з аналітычнай запіскі паліцэйскага чыноўніка, які імнуўся да аб’ектыўнасці ў сваіх разважаннях, сведчыць, што палітыка паланізацыі прыводзіла да падзелу этнічна беларускага насельніцтва паводле канфесійнай прыкметы. Пра мясцовых беларусаў у той жа справаздачы камендант Нагацкі адзначаў:

„Беларусы праваслаўнага веравызнання складаюць 58% насельніцтва. Да дзяржавы ставяцца непрыхільна, аднак гэтага не праяўляюць. (...) Моладзь ахвотна гарнецца да арганізацый, найперш пажарнай варты. Яна карыстаецца памяшканнем, 20 сакавіка з прычыны імянін Маршалка Пілсудскага зарганізавала бясплатнае прадстаўленне „Да зброі”. Створаны для гэтага камітэт раздаў дзецям падарункі: сшыткі, падручнікі і скуру на лапці, а праваслаўны святар адправіў набажэнства і прамовіў адпаведнае казанне. Дзеці ходзяць у школу, але некаторыя скардзяцца на адсутнасць вопраткі і нават харчавання. Крымінальная злачыннасць малая. Палітычнай не выяўлена. Партызанка, Т-ва Беларускай школы і Б.С.Р.Грамада на тут[эйшым] абшары не існуюць, а былыя прыхільнікі і дзеячы ніякай актыўнасці не праявілі, паколькі пасля некалькіх гадоў некаторыя пастарэлі і з прычыны сямейных і матэрыяльных клопатаў пакінулі палітычную дзейнасць”120.

Streszczenie

Bardzo trudno jest na podstawie istniejącej literatury określić strukturę etniczną Grodzieńszczyzny w XIX w. W rosyjskiej terminologii prawosławnych na tym obszarze nazywano Ruskimi, katolików mówiących po polsku — Polakami. W pierwszym przypadku miejscowych Białorusinów nie wyróżniano od przybyszów z Rosji, w drugim — poza nawias polskości wyłączono znaczny odsetek białoruskojęzycznych mieszkańców często posiadających polską świadomość narodową. Podstawę do naukowych rozważań dał dopiero spis powszechny z 1897 r. Na początku XX w. władze jeszcze kilkakrotnie próbowały określić strukturę narodowościową guberni grodzieńskiej, a szczególnie jej zachodnich powiatów. Uwagę koncentrowano głównie na ludności wyznania luterańskiego i rzymskokatolickiego. W Grodnie na przykład w 1911 r. naliczono 19 289 katolików Białorusinów i 1 650 Polaków. W źródłach z 1913 r. odsetek Polaków w guberni grodzieńskiej sięgał zaledwie 2,5 procenta. Faktem jest, że proces rozwoju świadomości narodowej wśród chłopów białoruskich wyznania katolickiego i prawosławnego rozwijał sie różnymi drogami. W połowie XIX w. bezzasadnym jest doszukiwanie się wśród ludności chłopskiej identyfikacji narodowej. Statystyki mogły opisywać co najwyżej strukturę wyznaniową tego obszaru. Spisy powszechne przeprowadzane przez władze polskie w 1921 i 1931 r. także nie dały odpowiedzi na pytanie o strukturę etniczną Grodzieńszczyzny. Ich wyniki były wielokrotnie kwestionowane w historiografii polskiej.


1 St. Plater, Jeografia wschodniej części Eurоpy czyli opis krajów przez wielorakie narody słowiańskie zamieszkanych, Wrocław 1825, s. 215.

2 J. Słowaczyński, Polska w kształcie Dykcyonariusza historyczno-statystyczno-jeograficznego opisana przez Jędrzeja Słowaczyńskiego. 1833-1838, Paryż, s. XXVI.

3 П. Кеппен, О происхождении, языке и литературе литовских народов, Санкт-Петербург 1827.

4 P. Šafárik, Slowansky narodopis, Praha 1842, s. 30.

5 Там жа, s. 32.

6 Нацыянальны гiстарычны архiў Беларусi (далей: НГАБ) у Гародні, ф. 1, в. 19, с. 1556, а. 285-287.

7 Там жа, в. 20, с. 1109.

8 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния. Приложение, Санкт-Петербург1864, с.158-159.

9 Военно-статистическое обозрение Российской империи, т. ІХ, ч. 3, Гродненская губерния, Санкт-Петербург 1849.

10 Там жа, с. 62.

11 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 28, с. 349, а. 1.

12 Там жа, а.16.

13 Там жа, а.30.

14 И. Столпянский, Девять губерний Западно-Русского края в топографическом, географическом, статистическом, экономическом, этнографическом и историческом отношениях, Санкт-Петербург 1866, с. 53.

15 НГАБ у Гародні, ф. 886, в. 1, с. 118.

16 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики Российской имперыии. Гродненская губерния, ч. 1, с. 622-623.

17 R. Radzik, Samookreślenie jako element świadomości etnicznej ludu białoruskiego w XIX wieku, „Przegląd Wschodni”, t. 4, z. 3 (15), Warszawa 1997, s. 616.

18 П. Н. Батюшков, А. Ф. Риттих, Карта населения Западно-Русского края по вероисповеданиям, Санкт-Петербург 1864; П. Ф. Эркерт, Взгляд на историю и этнографию западных губерний России, Санкт-Петербург 1864.

19 St. Litak, Rosyjski atlas narodowościowo wyznaniowy z 1864 roku, [w:] Europa Orientalis. Polska i jej wschodni sąsiedzi od średniowiecza po współczesność, Toruń 1994, s. 387.

20 П. Ф. Эркерт, Взгляд на историю и этнографию западных губерний России, Санкт-Петербург 1864, с. 6.

21 Там жа, с. 6-7.

22 Там жа, с. 6.

23 Там жа, с. 8.

24 П. Бобровский, Можно ли одно вероисповедание принять в основание племенного разграничения славян Западной России, „Русский инвалид”, Санкт-Петербург 1864, № 78, с. 14-15.

25 Там жа, с. 16.

26 Там жа, с. 23.

27 НГАБ у Гародні, ф. 14, в. 1, с. 601, а. 7.

28 Там жа, с. 133, а. 24.

29 Z. Gloger, Dolinami rzek. Opisy podróży wzdłuż Niemna, Wisły, Buga i Biebrzy przez Zygmunta Glogera, Warszawa 1903, s. 28.

30 Там жа, s. 29.

31 M. Federowski, Lud białoruski na Rusi Litewskiej, t. III, cz. II, Kraków 1903, s. 191-203.

32 Первая всеобщая перепись населения Российской империи, ч. ХIІ, Гродненская губерния, Санкт-Петербург 1897, табл. ХІІІ.

33 R. Radzik, Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo-Wschodniej XIX stulecia, Lublin 2000, s. 64.

34 Первая всеобщая перепись населения Российской империи, ч. ХIІ, Гродненская губерния, табл. ХXIV.

35 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 18, с. 971, а. 2, 10, 16.

36 Там жа, с. 1097.

37 Там жа, а. 128адв.

38 Там жа, ф. 38, в. 3, с. 1, а. 67.

39 Там жа, а. 63.

40 Там жа, а. 15.

41 Там жа, а. 20, 26.

42 Там жа, ф. 1, в. 18, с. 1552, а. 18.

43 Там жа, с. 1745, а. 1-25.

44 Обзор Гродненской губернии за 1913 год, Гродно 1913.

45 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 2, с. 518, а. 50-52.

46 Там жа, в. 19, с. 1019, а. 167-180.

47 Там жа, с. 1747, а. 127-128.

48 Там жа, ф. 1, в. 28, с. 346.

49 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики Российской имперыии. Гродненская губерния, ч. 1, Приложения, с. 161-165.

50 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 6, с. 380, а. 9.

51 Там жа, а. 153-154.

52 Канфесіі на Беларусі (к. ХVІІІ — ХХ ст.), Мінск 1998, c. 72.

53 Там жа, c. 75.

54 Обзор Гродненской губернии за 1913 г.

55 R. Radzik, Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową..., s. 156.

56 Z. Dołęga Chodakowski, O Sławiańszczyznie przed chrześcijaństwem oraz inne pisma i listy, opr. J. Maślanka, Warszawa 1967, s. 183.

57 R. Radzik, Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową..., s. 182.

58 W. Pawluczuk, Światopogląd jednostki w warunkach rozpadu społeczności tradycyjnej, Warszawa 1977, s. 48.

59 R. Radzik, Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową..., s. 187.

60 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 19, с. 195, a. 3.

61 П. Бобровский, Материалы для географии и статистики..., т. 1, с. 821.

62 Там жа.

63 Там жа.

64 Там жа.

65 НГАБ у Гародні, ф. 100, в. 1, с. 263.

66 Там жа, с. 262.

67 Там жа.

68 Там жа, с. 249.

69 Там жа, ф. 1, в. 28, с. 346, а. 42.

70 Обзор Гродненской губернии за 1905 год, Гродно 1906, с. 28.

71 K. Zamorski, Zasadnicze linie przemian demograficznych Galicji w drugiej połowie XIX i na początku XX wieku. Galicja mała ojczyzna — czyja i gdzie, część I, Kraków 1998, s. 95-96.

72 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 340б.

73 Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст., уклад. Юрась Гарбінскі, Мінск—Мюнхен 1999, с. 487-491.

74 Я. Трацяк, Беларускае духавенства ў першай палове ХХ ст., „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1999, nr 12, s. 66.

75 Цыт. па: Я. Трацяк, Беларускае духавенства..., с. 66.

76 Там жа, с. 67.

77 А. Смалянчук, Антон Луцкевіч пра беларускае адраджэнне пачатку 20 ст., „Гістарычны альманах”, 1998, № 1, с. 72.

78 Я. Трацяк, Беларускае духавенства..., c. 68.

79 Там жа, с. 69.

80 Там жа.

81 Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст...., c. 487-491.

82 А. Смалянчук, Антон Луцкевіч пра беларускае адраджэнне..., c. 70.

83 R. Radzik, Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową..., s. 194.

84 Цыт. па: А. Смалянчук, Дзённік Міхала Ромера як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст., „Беларускі гістарычны агляд”, т. 5, сш. 1 (8), 1998, с. 111.

85 M. Siemakowicz, Spisy ludności a zagadnienia narodowościowe z uwzględnieniem spraw szkolnictwa dla mniejszości białoruskiej w II Rzeczypospolitej, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1998, nr 10, s. 84.

86 K. Gomółka, Białorusini w II Rzeczypospolitej, „Zeszyty Naukowe Politechniki Gdańskiej. Ekonomia”, Gdańsk 1992, nr 31, s. 9.

87 M. Siemakowicz, Spisy ludności..., s. 102.

88 Там жа, с. 92.

89 Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці (далей: ДАГВ), ф.17, в. 1, с. 172, а. 49.

90 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 111, а. 11-16.

91 M. Siemakowicz, Spisy ludności..., s. 100-101.

92 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 41, а. 115.

93 Там жа, с. 40, а. 248.

94 Там жа, а. 250.

95 Там жа, а. 118.

96 Там жа, ф. 87, в. 2, с. 72, а. 45.

97 Там жа, ф. 17, в. 1, с. 40, а. 117адв.

98 Там жа.

99 „Народная справа”, № 25, 16.10.1926.

100 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 40, а. 118.

101 Там жа, а. 117.

102 Там жа.

103 В. Рагуля, Успаміны, Менск 1993, с. 11.

104 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 176, а.193адв.-194.

105 Там жа, ф. 87, в. 1, с. 101, а. 36.

106 Глядзі: W. Pawluczuk, Wierszalin. Reportaż o końcu świata, Kraków 1974.

107 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 42, а. 115.

108 У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд, Беласток 2001, с. 22.

109 Там жа, с. 21.

110 ДАГВ, ф. 38, в. 1, с. 13, а. 74.

111 К. Сваяк, Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі, 4-е выд, Менск 1992, с. 34.

112 Там жа, с. 33.

113 W. Choruży, Białoruskie organizacje centrowe w powiatach białostockim, bielskim i sokólskim w latach 1925-1929, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1995, nr 2 (4), s. 170-175.

114 К. Сваяк, Дзея маёй мысьлі..., c. 28-29.

115 ДАГВ, ф. 17, в. 1, с. 42, а. 151адв.

116 Там ж