БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 19

Маракі-беларусы Балтыйскага флоту 
ў беларускім нацыянальна- вызваленчым руху 1917-1918 гг.

Уладзімір Калаткоў
(Мінск)

У 1957 г. да 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў перыядычным друку БССР апублікаваны былі кароткія ўспаміны пра рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. былога матроса-балтыйца Васіля Мухі1.Ва ўспамінах іх аўтар паўстае як прыхільнік бальшавізму і ўстанаўлення савецкай улады на Беларусі. Між тым у сапраўднасці ў перадапошні год сваёй тэрміновай ваеннай службы на расійскім Балтыйскім флоце Васіль Муха, перш чым далучыўся да бальшавікоў, актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, з’яўляўся па сутнасці яго пачынальнікам на дадзеным флоце. Аднак пра гэта ва ўмовах палітычных рэалій савецкага грамадства адкрыта гаварыць не даводзілася, каб не быць абвінавачаным у нацыяналізме і антысавецкай дзейнасці. Акрамя В. Мухі былі і іншыя актывісты беларускага руху на Балтыйскім флоце.

Пад беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам у цяперашні час прынята лічыць „грамадскі рух за вызваленне беларускага народа з-пад каланіяльнага ўціску, нацыянальнае адраджэнне беларусаў, за іх самастойнае свабоднае развіццё на аснове сваёй дзяржаўнасці, здзяйсненне ўласнай суб’ектна-творчай ролі ў агульначалавечай цывілізацыі”2. Як і рух іншых народаў былой Расійскай імперыі, беларускі нацыянальна-вызваленчы рух актывізаваўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У кароткі час на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў Петраградзе, Маскве і іншых расійскіх гарадах, дзе было нямала беларусаў-бежанцаў, рабочых, салдат і матросаў, узнікла мноства нацыянальных арганізацый, гурткоў, зямляцтваў.

Практычна адначасова з утварэннем першых гурткоў беларусаў-вайскоўцаў, якія паўсталі ў маі 1917 г. з ініцыятывы і нацыянальнага пачуцця паасобных афіцэраў і салдат, што адчувалі і добра разумелі безадкладную патрэбу самаарганізацыі ўсіх беларусаў, дзе б яны не былі, узнік асяродак беларускага руху ў Балтыйскім флоце. Тут разгарнуў працу матрос Васіль Муха, які ў чэрвені 1917 г. заснаваў арганізацыю „Маракоў-беларусаў Балтыйскага флоту”, прыцягнуўшы да яе і генерал-маёра К. А. Аляксееўскага ў Выбаргу3. Месцам заснавання арганізацыі з’яўляўся, верагодна, Гельсінгфорс (цяпер Хельсінкі, Фінляндыя), дзе тады служыў В. Муха. У хуткім часе, да пачатку снежня 1917 г., было моцна зарганізавана больш за 800 матросаў, звязаных „агульным жаданнем пастаяць за родную Беларусь”4. На жаль, гісторыя гэтай арганізацыі пакуль мала даследавана5. Лепш вядома біяграфія яе заснавальніка.

Васіль Муха нарадзіўся 25 лютага 1889 г. у вёсцы Андрэеўка Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў Маладушскае народнае вучылішча (Рэчыцкі павет). У 1910 г. прызваны на флот, дзе скончыў яшчэ школу радыетэлеграфістаў у Кранштаце. У першую сусветную вайну знаходзіўся на баявых караблях Балтыйскага флоту ў службе сувязі. З сакавіка 1917 г. член Абласнога камітэта арміі, флоту і рабочых Фінляндыі. Дэлегат шэрагу беларускіх з’ездаў у 1917 г. (гл. ніжэй). Да 1918 г. у ВМФ. У 1918-1920 гг. у Чырвонай Арміі, палітрук радыёсувязі 16-й арміі (Заходні фронт). У 1920-1954 гг. на савецкай і партыйнай працы ў БССР, у тым ліку ў 1932-1933 гг. загадчык Сакратарыята ЦВК БССР, у 1944-1946 гг. намеснік старшыні Бабруйскага аблвыканкама. Паводле ўліковых партыйных дакументаў, лічыўся членам КПСС з ліпеня 1917 г. Памёр у 1965 г.6

Арганізаваныя маракі-беларусы ў партыйна-палітычных адносінах спачатку належалі да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), дзейнасць якой аднавілася пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. на не акупіраванай у першую сусветную вайну тэрыторыі Беларусі, а таксама пашырылася за межы краю. Так, у Гельсінгфорсе — тагачаснай галоўнай базе Балтыйскага флоту — існавала арганізацыя БСГ, што аб’ядноўвала каля 200 маракоў7.

Маракі-ўраджэнцы Беларусі, як і іх армейскія землякі, удзельнічалі ў беларускіх з’ездах, канферэнцыях і сходах, якіх нямала адбылося ў перыяд 1917-1918 гг., а таксама ўваходзілі ў склад шэрагу органаў, што ўзначальвалі і каардынавалі беларускі-нацыянальна-вызваленчы рух. Так, матрос Е. А. Мар’янкоў быў членам Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, дзе ён прадстаўляў сялян Магілёўскай губерні8. На II сесіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый, што праходзіла ў Мінску ў кастрычніку 1917 г., сярод большасці дэлегатаў былі не толькі вайскоўцы з дзеючых армій і сяляне, але і прадстаўнікі Гельсінгфорскага флоцкага гарнізона9. На 3-м з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў Мінску ў кастрычніку 1917 г. яе гельсінгфорскую арганізацыю прадстаўляў В. Муха, які напрыканцы працы з’езда быў абраны ў склад цэнтральнага камітэта партыі10. У гэты ж час на з’ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту, прадстаўнікоў беларускіх арганізацый 12-й арміі, Балтыйскага флоту і Румынскага фронту (18-24.10/31.10-6.11.1917) таварышам (па-сучаснаму намеснікам) старшыні з’езда быў таксама Муха. У лістападзе 1917 г. ён увайшоў у склад Выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), у снежні таго ж года быў камісарам аддзела апекі СНК Заходняй вобласці і фронту.

Асабліва значным прыкладам палітычнай актыўнасці, а таксама нацыянальнай свядомасці маракоў-беларусаў з’яўляецца іх удзел у працы Усебеларускага з’езда, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 г. Разам з В. Мухам, які працаваў у ваеннай секцыі з’езда і падтрымліваў ідэю стварэння беларускага войска для абароны краю, тут прысутнічалі матросы Балтыйскага флоту А. Дулін і П. Вярбіцкі. Дулін з’яўляўся адным з чатырох таварышаў старшыні ваеннай секцыі з’езда11, а Павел Вярбіцкі быў сакратаром на пасяджэннях гэтага прадстаўнічага форуму12. На з’ездзе ў ліку прамоўцаў, што найбольш рашуча выступалі за ўтварэнне самастойнай беларускай рэспублікі, быў матрос Дулін13. Пасля разгону Усебеларускага з’езда бальшавікамі ўсе тры згаданыя матросы ўвайшлі ў лік сяброў яго Рады, пратэставалі супраць гвалтоўнага зрыву працы з’езда (да іх пратэсту далучыўся і матрос-балтыец Кукушкін), у тым ліку Васіль Муха ў знак пратэсту пакінуў пасаду камісара. У далейшым маракі-беларусы Балтыйскага флоту звязалі свой палітычны лёс з беларускімі секцыямі РКП (б), якія ўтварыліся з былога левага крыла БСГ. Флоцкая арганізацыя, што ўзначальвалася Васілём Мухам, спыніла сваё існаванне, верагодна, у пачатку 1918 г. у сувязі з аднаўленнем незалежнасці Фінляндыі і пераводам караблёў Балтыйскага флоту з Гельсінгфорса ў Кранштат.

Нашы флоцкія суайчыннікі выступалі і з патрабаваннем перагляду або анулявання несправядлівага для Беларусі Брэсцкага мірнага дагавора 1918 г., аб чым сведчыць рэзалюцыя сходу беларусаў-маракоў Балтыйскага флоту ў Петраградзе ад 13 жніўня 1918 г. (апублікавана ў газеце „Звезда” за 6 верасня 1918 г.).

Але не толькі палітычныя і ваенныя справы цікавілі флоцкіх беларусаў. Яны займаліся і грамадскай дабрачыннасцю. Напрыклад, у Гельсінгфорсе арганізацыя беларусаў-воінаў энергічна збірала сродкі на дапамогу бежанцам і на аб’яднанне беларускіх грамадскіх сіл, даслаўшы частку сродкаў Выканаўчаму камітэту Вялікай беларускай рады (ВБР) для Цэнтральнага беларускага бежанскага камітэта14. З падобнай нагоды некалькі пазней бежанская секцыя Усебеларускага з’езда ў газеце „Вольная Беларусь” за 21 снежня 1917 г. выказала падзяку матросам Балтыйскага флоту за прысланыя праз В. Муху ахвяраванні на карысць абяздоленых І-й сусветнай вайной беларусаў-бежанцаў. Таксама ў канцы 1917 г. невялікую грашовую суму (28 рублеў) для ВБР адправіў паштовым пераводам ад імя матросаў-беларусаў, што служылі ў Фінляндыі, А. Шалыга15.

Такім чынам, у 1917-1918 гг. маракі-беларусы Балтыйскага флоту ў сваёй значнай масе актыўна ўдзельнічалі ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, у тым ліку ў спробах стварэння беларускага войска, што ім было найбольш блізка як ваеннаслужачым. Геграфічна адарваныя ад Беларусі, яны здолелі арганізацыйна аб’яднацца, ідэнтыфікаваць сябе з пэўнымі беларускімі палітычнымі партыямі і плынямі, імкнуліся ўстанавіць трывалыя сувязі з радзімай, непакоіліся пра яе лёс.


1 В. Л. Муха, У слаўным семнаццатым, „Чырвоная змена”, 1957, 3 лютага; яго ж, Шлях у рэволюцыю, „Магілеўская праўда”, 1957, 16 кастрычніка.

2 А. К. Каўка, Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (далей: ЭГБ), т. 1, Мінск 1993, с. 445.

3 „Вольная Беларусь”, 1917, 8 снежня; „Беларуская газэтa”, 1943, 17 чэрвеня.

4 „Вольная Беларусь”, 1917, 8 снежня.

5 Гл. напр.: У. Калаткоў, Маракоў-беларусаў Балтыйскага флоту арганізацыя, [у:] ЭГБ, т. 5, Мінск 1999, с. 72.

6 У. Калаткоў, Э. Карніловіч, В. Скалабан, Муха Васіль Лаўрэнцьевіч, [у:] ЭГБ, т. 5, с. 241.

7 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 60, воп. 3, спр. 773, арк. 13.

8 НАРБ, ф. 60, воп. 3, спр. 175, арк. 72.

9 Там жа, спр. 81, арк. 18 адв.

10 А. Луцкевіч, За дваццаць пяць гадоў (1903-1928): Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацыяў: Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялістычная Грамада, Вільня 1928, с. 41-43.

11 НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 3, арк. 3.

12 Там жа, спр. 192, арк. 18.

13 Усебеларускі з’езд 1917 года: сведчанне сучасніка (заканчэнне), „Беларускі гістарычны часопіс”, 1993, № 4, с. 56.

14 „Белорусская рада”, 1917, 29 ноября; НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 21, арк. 26 адв. (карэктура газеты).

15 НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 19, арк. 39-39 адв.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія