Ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці
ў поглядах грамадска-палітычных дзеячаў Беларусі ў 20-я гады XX ст.
Уладзімір Навіцкі
(Мінск)
Пачатак 20-х гадоў азнамянаваўся пераходам Беларусі да мірнага жыцця. Гэты працэс адбываўся ў складаных эканамічных умовах, калі былі разрушаны прамысловасць, сельская гаспадарка. Цяжкае эканамічнае становішча ўзмацнілася склаўшайся палітычнай сітуацыяй, якая не спрыяла інтарэсам народа. Тэрыторыя Беларусі была звужана да неверагодна малых маштабаў. Па стане на май 1923 года яна раўнялася толькі 52,3 тыс. кв. кіламетраў, а насельніцтва налічвалася крыху больш за 1,5 млн. чалавек. Рэспубліка ўключала толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі1.Такая несправядлівасць адбылася ў сувязі з тым, шпто пастановай ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г. Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні перайшлі ў склад РСФСР. Пры гэтым якой-небудзь згоды з боку беларускіх уладаў ніхто не пытаўся, а нацыянальна-этнічныя інтарэсы беларускага народа пад увагу не прымаліся. Па Рыжскім мірным дагаворы (сакавік 1921 г.) Заходняя Беларусь была ўключана ў склад Польшчы. Такім чынам, беларускі этнас быў падзелены на тры часткі і самая нязначная з іх — сярэдняя — знаходзілася ў межах Беларускай ССР. Такія маленькія памеры не дазвалялі ёй эфектыўна выконваць функцыі па кансалідацыі беларускай нацыі, займаць адпаведнае беларускаму этнасу становішча сярод іншых рэспублік.
Таму пытанні стварэння нацыянальнай дзяржавы ў этнічных альбо ў блізкіх да іх межах, прыярытэтнасць развіцця беларускай мовы набылі вялікую актуальнасць з першых дзён другога абвяшчэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ), якое адбылося 31 ліпеня 1920 г. Па гэтым пытанні не было адзінства як у самой КП(б)Б, так і ў некаторай часткі інтэлігенцыі. У першую чаргу недаацэнка нацыянальнага фактара, незацікаўленасць у больш хуткім ажыццяўленні мерапрыемстваў па нацыянальна-дзяржаўным і культурным будаўніцтве ў Беларусі былі характэрны для Вільгельма Кнорына, сакратара Цэнтральнага бюро (ЦБ) КП(б)Б у 1920-1922 гг. У яго знаходзіліся аднадумцы ў асобах загадчыкаў аргаддзела ЦБ КП(б)Б Вацлава Багуцкага і агітацыйна-прапагандысцкага Якава Быкіна, старшыні Саўнаргаса Арона Вайнштэйна і інш. Падпісаўшы ад імя КП(б)ЛіБ „Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь” В. Кнорын дапускаў існаванне ССРБ як тэрытарыяльнага, а не нацыянальнага ўтварэння, прызнаваў беларускую дзяржаўнасць выключна ў форме Савецкай Рэспублікі і разглядаў яе як фактар бальшавізацыі былой нацыянальнай акраіны2. Ідэі бальшавізму, па перакананні В. Кнорына, павінны стаць адзінай прыцягальнай сілай для працоўных Беларусі, якія быццам бы не ўспрымаюць ідэю беларускай дзяржаўнасці, якая існуе толькі ў галовах „нічтожнай кучкі” інтэлігентаў-нацыяналістаў3. Карані нацыянальнага нігілізму, праявіўшагася ў друкаваных працах і выступленнях Кнорына ў пачатку 20-х гадоў, адлюстроўвалі шырока распаўсюджаную ў гады „ваеннага камунізму” перакананасць у непазбежнасці і блізкасці сусветнай рэвалюцыі, якая знішчыць як класавыя, так і нацыянальныя адрозненні.
У той жа час сярод кіруючых кадраў КП(б)Б, савецкага апарату было нямала работнікаў, якія адстойвалі ідэю нацынальна-культурнуга адраджэння на савецкай платформе. Нацыянальна-дэмакратычныя сілы ў партыйнай арганізацыі рэспублікі ўзмацнілі ўступіўшыя ў жніўні 1920 г. у КП(б)Б кіраўнікі Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА). Так, Усевалад Ігнатоўскі быў прызначаны спачатку наркомам земляробства, а з снежня 1920 г. наркомам асветы, Сцяпан Булат — загадчыкам аддзела ЦБ КП(б) па працы ў вёсцы, Іосіф Каранеўскі — загадчыкам аддзела сацыяльнага выхавання наркамата асветы і г.д.
Моцную падтрымку нацыянальна-дэмакратычныя сілы атрымалі ў сувязі са зваротам у лютым 1921 г. сесіі ЦВК рэспублікі да культурных работнікаў-ураджэнцаў Беларусі вярнуцца на Бацькаўшчыну для ўдзелу ў гаспадарчай і культурнай рабоце. Да канца года ў рэспубліку прыехала каля 300 чалавек. Сярод іх былі такія выдатныя дзеячы беларускай культуры, як Сцяпан Некрашэвіч, Міхайла Грамыка, Міхайла Піятуховіч і іншыя4. У сваю чаргу ЦБ КП(б)Б звярнулася ў ЦК РКП(б) з хадайніцтвам камандзіраваць у распараджэнне рэспубліканскай партыйнай арганізацыі камуністаў-беларусаў. У Беларусь прыехалі і былі накіраваны на адказныя пасады такія дзеячы, як Антон Баліцкі (намеснік наркама асветы), Зміцер Жылуновіч (сакратар, адказны рэдактар газеты „Савецкая Беларусь”) і інш. Відныя дзеячы нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі праз партыйныя, дзяржаўныя структуры накіроўвалі намаганні на ажыццяўленне мер па расшырэнні межаў Беларусі, адраджэнні нацыянальнай культуры.
Два падыходы да вырашэння нацыянальных праблем у кіраўніцтве КП(б)Б накладвалі адбітак на палітычную сітуацыю ў рэспубліцы, вялі да канфрантацыі бакоў. Палітыка В. Кнорына і яго аднадумцаў, якія ігнаравалі пытанні нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва не знаходзіла адабрэння ў прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі. Яны негатыўна ўспрынялі абвяшчэнне ССРБ у такім „урэзаным” выглядзе і прыкладвалі намаганні для выпраўлення становішча.
Праблемы расшырэння тэрыторыі рэспублікі да яе этнічных межаў, беларусізацыі дзяржаўнага апарату і школы, высоўвання ў партыйна-дзяржаўны апарат прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці абмяркоўваліся на сходах беларусаў-камуністаў у Мінску. Праходзілі яны з канца 1920 г. пад эгідай Беларускага аддзела наркамасветы, які ў 1921-1922 гг. узначальваў Пятро Ільючонак. Гэта быў своеасаблівы штаб інтэлігенцыі нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі, якая працавала ў партыйна-дзяржаўных структурах. Тут адбывалася генерацыя ідэй, звязаных з далейшым развіццём беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры і мовы.
Спробы паставіць у Маскве пытанне аб вяртанні ў склад ССРБ Віцебскай і Гомельскай губерняў, якія адышлі да РСФСР поспеху не мелі. Больш таго, 11 лістапада 1920 г. ЦБ КП(б)Б канстатавала: лічыць „неабходным існаванне Савецкай Рэспублікі Беларусь у яе цяперашніх межах. Пытанне аб пашырэнні тэрыторыі Беларусі лічыць несвоечасовым”5.
Не адчуваючы падтрымкі ў кіраўніцтва КП(б)Б па пытаннях нацыянальна-культурнага развіцця рэспублікі, якія пазней сталі асновай палітыкі беларусізацыі, група беларусаў-камуністаў 14 студзеня 1921 г. накіравала ў ЦК РКП(б) дакладную запіску, пад тэкстам якой стаялі 32 подпісы з нумарамі іх партыйных білетаў. Сярод падпісаўшых былі Пятро Ільючонак, Сцяпан Булат, Міхась Кудзелька (Чарот), Іосіф Каранеўскі і інш. Гэты дакумент у далейшым атрымаў назву „Заява 32-х”. Дакладную запіску з інфармацыйнай даведкай аб гістарычным мінулым, палітычным і гаспадарчым стане, нацыянальна-вызваленчым руху на Беларусі і першых кроках савецкай улады ў рэспубліцы і ўласным лістом да Уладзіміра Леніна адвёз у Маскву і перадаў у сакратарыят Леніна Алесь Бурбіс. „Заява 32-х” з’явілася спробай распрацаваць і прапанаваць партыйнаму кіраўніцтву як у Мінску, так і ў Маскве накід платформы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння рэспублікі з улікам становішча па выніках Рыжскага дагавора. Для паўнакроўнага развіцця беларускай дзяржаўнасці прапаноўвалася да „ССРБ далучыць, безумоўна, Віцебскую губерню, Гомельскую губерню, уезды б. Магілёўскай губерні [так у арыгінале — У. Н.], далучання да Смаленскай, а з Смаленскай губерні, безумоўна, уезды Красненскі і Парэчскі”6. Падвяргалася крытыцы дзейнасць тагачаснага кіраўніцтва рэспублікі названага „прышлым элементам”, для якога было характэрным „незнаёмства з мінулым краю і неразуменне беларускага руху, нават некаторая зацікаўленасць... у захаванні ўлады за сабой, поўная раз’яднанасць працоўнымі масамі краю, адсутнічанне шырокай сур’ёзнай партыйнай работы”7.
Патрабаванні нацыянальна зарыентаваных камуністаў успрымаліся ў кіраўніцтве КП(б)Б як спроба фракцыйнай дзейнасці. 15 лютага 1921 г. „Заява 32-х” разглядалася на пасяджэнні Цэнтральнага бюро КП(б)Б, дзе яна бьла прызнана „нявытрыманай і неабгрунтаванай у камуністычным духу”8. На змест і характар прынятага рашэння аказалі ўплыў выступленні старшыні ЦВК Аляксандра Чарвякова і наркама земляробства Адама Славінскага, якія не бачылі ў заяве „контррэвалюцыйнасці”, а ацэньвалі яе як „толькі неабдуманыя адносіны”. Але пасля абмеркавання погляды ў бюро змяніліся. Па ўказанні В. Кнорына ў ноч з 15 на 16 лютага былі праведзены вобыскі і арышты некаторых падпісантаў. Але справу заводзіць не сталі і арыштаваных адпусцілі. Станоўчую ролю ў гэтым адыграў З. Жылуновіч, які хоць і адмовіўея падпісаць „Заяву 32-х”, тым не менш палічыў патрэбным заступіцца за яе аўтараў.
Але галоўнай прычынай ліберальнага падыходу да справы 32-х з’явіліся не толькі актыўныя дзеянні лідэраў нацыянальнай інтэлігенцыі, а падрыхтоўка да Х з’езда РКП(б), які адбыўся 8-16 сакавіка 1921 г. З’езд ставіў задачу дабівацца стабільнасці грамадзянскага міру на нацыянальных ускраінах. Для гэтага неабходна было схіліць на свой бок нацыянальна арыентаваныя сілы, лаяльныя да савецкай улады. Адначасова кіраўніцтва ЦК РКП(б) спадзявалася нейтралізаваць ультраінтэрнацыяналізм, шырока распаўсюдзіўшыйся сярод камуністаў у гады грамадзянскай вайны. У рэзалюцыі па дакладзе Сталіна „Аб чарговых задачах партыі ў нацыянальным пытанні” была сфармулявана адзіная палітычная лінія ў адносінах да нярускіх нацыянальнасцей былой Расійскай імперыі. У ліку першачарговых мер прапаноўвалася развіваць і ўмацоўваць савецкую дзяржаўнасць „у формах адпавядаючых нацыянальнаму абліччу гэтых народаў”, фарміраваць нацыянальнае адміністратыўнае кіраванне, развіваць на іх мовах агульнаадукацыйную і прафесійна-тэхнічную школу, прэсу, тэатр9. Рашэні Х з’езда партыі супадалі з імкненнямі нацыянальнага беларускага руху. У выніку праведзеных восенню 1921 г. дыскусій у Мінскай партыйнай арганізацыі была сфармулявана яго ідэйная платформа, атрымаўшая назву „Беларускае нацыянальнае пытанне і Камуністычная партыя”. Яна складалася з 13 тэзісаў, якія былі надрукаваны 5 снежня 1921 г. Па ініцыятыве Аляксандра Чарвякова і Усевалада Ігнатоўскага ў тэзісы было ўключана палажэнне Х з’езда РКП(б) аб двух ухілах у нацыянальным пытанні. Дакумент асаблівае значэнне надаваў барацьбе з „вялікадзяржаўным ухілам”, маючы на ўвазе В. Кнорына і яго прыхільнікаў, якія выраслі і выхоўваліся ва ўмовах вялікарускай дзяржаўнай нацыі, „дрэнна бачылі, альбо зусім не бачаць асаблівасцей партыйнай і савецкай работы сярод беларускіх працоўных мас”10. Другі „ўхіл” у бок „буржуазна-дэмакратычнага нацыяналізму” аўтары тэзісаў характарызавалі як вынік „вялікадзяржаўнага” і таму лічылі менш небяспечным. Асноўную рысу „буржуазна-дэмакратычнага нацыяналізму” аўтары бачылі ў падмене класавых інтарэсаў працоўных агульнанацыянальнымі.
Калі ў тэзісах праблема далучэння да рэспублікі адышоўшых тэрыторый ставілася ўскосна, то вялікая ўвага была нададзена развіццю беларускай культуры. Выказвалася палажэнне аб бяскласавасці беларускай культуры, рабіўся акцэнт на існаванні „культуры працоўных мас Беларусі”11.
Узмацненню ўплыву камуністаў нацыянальнай арыентацыі ў палітычным жыцці Беларусі садзейнічала ўвядзенне ІV з’ездам КП(б)Б (25 лютага — 1 сакавіка 1921 г.) у склад ЦБ трох яе прадстаўнікоў —Аляксандра Чарвякова, Іосіфа Адамовіча, займаўшага пасаду камісара па ваенных справах і намесніка старшыні ЦВК і СНК БССР, і Сцяпана Булата. У маі 1921 г. апошні быў абраны сакратаром і загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦБ КП(б)Б.
Да таго ж трэба адзначыць, што ў пачатку 1922 г. у рэспубліцы адбыліся кадравыя перастаноўкі. З кіраўніцтва КП(б)Б былі адазваны работнікі, якія вельмі спрошчана разумелі беларускае пытанне, стаялі на пазіцыях ультраінтэрнацыяналізму. 30 красавіка 1922 г. на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б абмяркоўвалася пытанне аб адкліканні ў распараджэнне ЦК РКП(б) В. Г. Кнорына. Нягледзячы на хадайніцтва пакінуць яго ў Беларусі, ён быў адазваны на работу ў апарат ЦК КП(б)Б. У верасні таго ж года ў Маскву быў накіраваны Я. Б. Быкін, які здабыў сабе рэпутацыю актыўнага барацьбіта „супраць шавіністычнай нацыяналістычнай інтэлігенцыі” і нацыянальна-дэмакратычнай накіраванасці камуністаў12.У канцы 1921 г. у Кіргізію на пасаду намесніка старшыні СНК рэспублікі быў адазваны Арон Вайнштэйн.
Склаўшаеся становішча ўзмацняла пазіцыі нацыянальна арыентаваных сіл у кіраўніцтве КП(б)Б. Пад іх уплывам мяняў погляды ў нацыянальна-культурнай сферы сакратар ЦБ Вацлаў Багуцкі, які на гэтай пасадзе змяніў В. Кнорына. Паступова пытанне вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый, развіцця нацыянальнай культуры падтрымалі важнейшыя партыйныя і дзяржаўныя органы рэспублікі. Гэтыя пытанні былі вынесены на абмеркаванне VII з’езда КП(б)Б, які працаваў 20-26 сакавіка 1923 г. Вострая дыскусія разгарнулася па дакладзе Аляксандра Чарвякова „Нацыянальныя моманты ў савецкім і партыйным будаўніцтве”, у якім афіцыйна была пастаўлена задача расшырэння тэрыторыі Беларусі, перадачы кіраўніцтва ўсёй нацыянальна-культурнай работай у структуры КП(б)Б, правядзення саветызацыі беларускіх мас пры дапамозе іх роднай мовы. Ультраінтэрнацыяналісты падверглі рэзкай крытыцы кіраўніцтва Наркамасветы, абвінаваціўшы ў нацыяналістычным ухіле, у „штучным насаджэнні беларускай культуры, якая наносіць шкоду марксісцкай пралетарскай культуры”. У выступленні наркам Усевалад Ігнатоўскі падкрэсліў, што палітыка Наркамасветы ў беларускім пытанні павінна лічыцца правільнай. Намеснік наркама асветы Антон Баліцкі, іншыя выступаючыя падкрэслівалі, што „савецкі Мінск, а не буржуазная Вільня” павінен узначаліць беларускі рух, рабілі выснову аб палітычным значэнні беларускай культурнай работы, якая павінна праводзіцца на беларускай мове, асабліва сярод моладзі. Яны ставілі задачу аб’яднаць нацыянальна-дэмакратычны змест беларускай культуры з камуністычнай ідэалогіяй, што павінна стаць залогам падтрымкі савецкай улады беларускім сялянствам і інтэлігенцыяй13.
Прынцыповае значэнне мела прынятая рэзалюцыя з’езда па гэтым пытанні. Асудзіўшы камуністаў, якія „перамешваюць значэнне нацыянальных асаблівасцей насельніцтва Беларусі і не хочуць з імі лічыцца”, з’езд выказаўся за тэрытарыяльнае ўзбуйненне рэспублікі, паступовы пераход да ажыццяўлення беларусізацыі. Гэта з’явілася паказчыкам узрастання ўплыву нацыянал-камуністаў на грамадска-палітычнае і культурнае жыццё рэспублікі. З гэтай пары на палітычным нацыянальным небасхіле ў поўную моц заззяла зорка Усевалада Ігнатоўскага, якога з’езд абраў кандыдатам у члены ЦБ КП(б)Б.
Рашэнні з’езда спрыялі ўзмацненню барацьбы кіраўніцтва рэспублікі за пашырэнне тэрыторыі Беларусі. У чэрвені 1923 г. ЦБ КП(б)Б накіравала ў ЦК РКП(б) дакладную запіску аб неабходнасці пашырэння тэрыторыі БССР за кошт далучэння Віцебскай і Гомельскай губерняў і прылягаючых да іх паветаў Смаленскай губерні. У адрозненне ад папярэдніх беларускіх прапаноў разам з эканамічнай канстантай значная роля адводзілася моўнаму і культурнаму адзінству гэтых тэрыторый.
Пытанне аб далучэнні да Беларусі аднятых тэрыторый было пакладзена ў цэнтр дзейнасці дэлегацыі Беларусі на нарадзе ў ЦК РКП(б)Б з адказнымі работнікамі нацыянальных рэспублік, якая праходзіла 9-12 чэрвеня 1923 г. Па сваім прадстаўніцтве гэта быў фактычна пленум ЦК. З 11 членаў і кандыдатаў у члены Палітбюро прысутнічалі 9, за выключэннем хворага У. Леніна і занятага справамі СНК А. Рыкава. У склад дэлегацыі ўваходзілі сакрагар ЦБ КП(б)Б Вацлаў Багуцкі, старшыня ЦВК Аляксандр Чарвякоў і наркам асветы Усевалад Ігнатоўскі. Пры абмеркаванні пытання „Практычныя мерапрыемствы па правядзенні ў жыццё рэзалюцыі ХІІ з’езда партыі па нацыянальным пытанні” В. А. Багуцкі ў сваім дакладзе на аснове рашэнняў VII з’езда КП(б)Б засяродзіў увагу на неабходнасці хутчэйшага вырашэння гэтай праблемы14.
Намаганні, моцная палітычная воля нацыянал-камуністычнай часткі кіраўніцтва Беларусі далі свой плён. У верасні 1923 г. Палітбюро ЦК РКП(б) прымае пастанову аб неабходнасці далучэння да БССР усёй Віцебскай губерні, большасці паветаў Гомельскай і двух паветаў (Мсціслаўскага і Горацкага) Смаленскай губерні.
Але ў сувязі з прыняццем пастановы ў Маскве ў некаторых кіраўнікоў на месцах не было жадання аб’ядноўвацца з БССР. Характэрным у гэтых адносінах з’яўляецца рашэнне Віцебскага губернскага камітэта РКП(б), прынятае 8 снежня 1923 г. Заслухаўшы і абмеркаваўшы пастанову Палітбюро ЦК РКП(б) аб далучэнні Віцебскай губерні да Беларускай ССР, пленум губкома адзначыў, што гэта не выклікаецца моўна-бытавымі абставінамі, бо згодна даных, якія прыводзіліся на пасяджэнні, насельніцтва Віцебскай губерні быццам бы страціла бытавыя беларускія рысы і беларуская мова не знаёма большасці яе жыхароў за выключэннем адзіночак-старых. Такім чынам, рабіў вывад у сваім рашэнні пленум, далучэнне губерні да Беларусі непазбежна запатрабуе скіравання палітыкі ў бок беларусізацыі, прывядзе да балючай ломкі ў сялянскім насельніцтве, якое да пытання далучэння адносіцца адмоўна15.
Гэтае тэндэнцыйнае рашэнне не ўлічвала сапраўднае становішча спраў. Як вынікае з даклада цэнтральнага бюро КПБ у ЦК РКП(б) „Па пытанні аб абшарах Беларускай ССР”, які быў накіраваны ў 1923 годзе, згодна даных на 1920 год беларусы ў Віцебскай губерні складалі 57% ад усяго насельніцтва, рускія — 32,6%. Заўважым для параўнання, пгго згодна перапісу 1897 года гэтыя паказчыкі адпаведна раўняліся 75,6% і 9,8%16 . Рэзкае змяншэнне ўдзельнай вагі беларусаў і павелічэнне рускіх у Віцебскай губерні за параўнальна невялікі прамежак часу тлумачыцца складанымі рэвалюцыйнымі і ваенна-палітычнымі абставінамі краю і вымушаным манеўраваннем жыхароў у адносінах да сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Тым не менш бачна, что беларускае насельніцтва пераважала.
Нягледзячы на адмоўнае стаўленне з боку некаторых мясцовых партыйных органаў, вырашэнне пытання аб далучэнні ўсходнебеларускіх зямель да БССР паступова рухалася наперад. У адпаведнасці з дасягнутымі пагадненнямі 4 лютага 1924 года было прынята станоўчае рашэнне Прэзідыума ЦВК Саюза ССР. У рашэнні апошняга, у прыватнасці, адзначалася, што ўзбуйненне Беларускай ССР — вялікі акт узаемнага даверу народаў.
Гэтыя пытанні разгледзеў і адобрыў VI Надзвычайны з’езд Саветаў БССР, які адбыўся ў сакавіку 1924 г. Старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў, выступаючы на з’ездзе з дакладам, адзначыў дапамогу ўрадаў СССР, РСФСР, УССР у станоўчым вырашэнні пытання.
Вяртанне ўсходнебеларускіх зямель БССР дазволіла значна павялічыць яе тэрыторыю і колькасць насельніцтва. Да Беларускай ССР адышлі 15 паветаў і асобныя воласці Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У выніку памеры рэспублікі павялічыліся больш чым у 2 разы і дасягнулі 110 584 кв. км. Колькасць насельніцтва склала 4,2 млн. чалавек17.Удзельная вага беларусаў сярод іх дасягнула 70,4%.
Але праблема ўсходніх беларускіх тэрыторый знайшла толькі частковае вырашэнне. Цэнтральнае партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва ў Маскве не пайшло на больш поўнае вяртанне БССР зямель на ўсходзе. Гэта датычылася паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі, хаця Гомельскі губернскі з’езд Саветаў яшчэ ў снежні 1923 г. пацвердзіў рашэнне губвыканкама аб далучэнні да Беларускай ССР Гомельскага, Рэчыцкага і іншых паветаў. Гэта было зроблена, зыходзячы з меркаванняў эканамічнай, этнаграфічнай і нацыянальна-бытавой сувязі з Беларуссю і прымаючы пад увагу вялікае значэнне праблемы развіцця беларускай нацыі.
І ў далейшым, нягледзячы на сваю відавочнасць, пытанне далучэння да БССР паўднёва-ўсходніх зямель вырашалася складана. Наглядалася супрацьдзеянне пэўных сіл у Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці, у кіраўніцтве Смаленскай вобласці. Дастаткова сказаць, што ў 1925 г. так званае Арганізацыйнае бюро Заходняй вобласці, якое знаходзілася ў Смаленску, распрацоўвала шэраг дакументаў аб Заходняй вобласці, у якую меркавалася ўключыць і тэрыторыі Беларускай ССР. У выніку разгляду ў адпаведных партыйна-дзяржаўных органах гэтыя праекты былі прызнаны абсалютна беспадстаўнымі, а данае бюро распушчана18.
Прымаючы пад увагу гэтую і іншыя акалічнасці, ЦК КП(б)Б накіраваў 26 верасня 1926 года ў ЦК УКП(б) пісьмо „Аб пашырэнні граніц БССР”. У ім было пастаўлена пытанне аб далучэнні да Савецкай Беларусі Гомельскай губерні і некаторых іншых тэрыторый. У пісьме адзначалася, пгго праблема граніц БССР у 1924 г. вырашана толькі часткова. Але ў цяперашні час яго неабходна тэрмінова давесці да канца па прычынах меркаванняў агульнапалітычнага характару, неабходнасці павышэння тэмпаў эканамічнага будаўніцтва, уліку нацыянальнага складу насельніцтва.
У пісьме звярталася ўвага на тое, што даныя перапісу насельніцтва 1920 г. паказваюць моцнае паніжэнне ўдзельнай вагі беларусаў у параўнанні з 1917 годам. Тлумачылася гэта тым, што блізкасць польскага фронту і чуткі аб уключэнні Беларусі ў склад Польшчы прымушалі значную частку насельніцтва, асабліва вясковага, хаваць сваю прыналежнасць да беларускай нацыі.
Што датычыць самых усходніх паветаў Гомельскай губерні, то ў іх наглядалася надзвычайная замаскіраванасць даных а6 нацыянальным складзе. Дастаткова сказаць, што ў гэтых мясцінах да 90% жыхароў ужо ў час перапісу 1897 г. запісваліся „невядомай” нацыянальнасці. Яе носьбіты амаль поўнасцю былі залічаны да вялікаросаў у час перапісу 1920 года. У пісьме адзначаліся эканамічныя ўзаемасувязі паміж беларускімі тэрыторыямі, выказвалася ўпэўненасць, што граніцы Беларускай ССР будуць даведзены да іх этнаграфічных межаў19.
Матэрыялы партыйна-дзяржаўных органаў, якія паступалі ў Маскву з Беларускай ССР, разглядаліся там у адпаведным парадку. У прыватнасці, 18 лістапада 1926 г. Палітбюро ЦК УКП(б) з удзелам першага сакратара ЦК КП(б)Б А. І. Крыніцкага, старшыні ЦВК БССР А. Р. Чарвякова, старшыні Саўнаркома М. М. Галадзеда і іншых беларускіх кіраўнікоў разгледзела пытанне „Аб далучэнні Гомельскай губерні і часткі Пскоўскай губерні да БССР”. У прынятай пастанове быў адзначаны даказаным беларускі характар насельніцгва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў Гомельскай губерні. Прызнавалася неабходным далучыць гэтыя паветы да Беларусі. Адпаведнай камісіі было зроблена даручэнне ўстанавіць дакладныя граніцы. Пытанне аб трох паветах Пскоўскай губерні (Веліжскі, Себежскі, Невельскі) не знайшло падтрымкі ў вышэйшых колах СССР.
ЦК КП(б)Б атрымаў даручэнне прыняць неабходныя меры да таго, каб правы нацыянальных меншасцяў на Беларусі былі забяспечаны поўнасцю, каб школы і іншыя культурна-асветныя ўстановы для нацыянальных меншасцяў вялі сваю працу на іх роднай мове і каб элементы прымусовай беларусізацыі былі безумоўна ліквідаваны.
Неабходныя рашэнні былі прыняты таксама кіруючымі савецкімі органамі Саюза ССР, Расійскай Федэрацыі і Украінскай ССР. У адпаведнаеці з імі Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі перададзены Савецкай Беларусі. У выніку яе тэрыторыя павялічылася яшчэ на 15 727 кв. км., а насельніцтва — на 649 тыс. чалавек. У склад Беларускай ССР былі ўключаны мясцовасці з адносна развітой прамысловасцю, у першую чаргу ў горадзе Гомелі, а таксама важны сельскагаспадарчы раён.
У выніку абодвух вяртанняў беларускіх тэрыторый на ўсходзе ў 1924 і 1926 гадах гэтыя межы Беларускай ССР былі даведзены да таго стану, які мы маем і на сённяшні дзень. Фактычна палова беларускага этнасу стала пражываць у Савецкай Беларусі. Даныя акты ўяўлялі сабою важны этап у складаным працэсе аб’яднання беларускай нацыі, які быў завершаны толькі ў верасні 1939 г.
Вяртанне ў сярэдзіне 20-х гадоў БССР усходнебеларускіх зямель — значная падзея ў гісторыі беларускага народу ў савецкі час. Гэта важны этап у аб’яднанні беларускай нацыі, сур’ёзны крок на шляху яе захавання і далейшага развіцця.
1 Народное хозяйство Союза ССР в цифрах, Москва 1924, с. 12.
2 В. Г. Кнорин, Избранные статьи и речи, Минск 1990, с. 51.
3 Там жа, с. 47.
4 Л. Лыч, У. Навіцкі, Гісторыя культуры Беларусі, выд. другое, дап., Мінск 1997, с. 232.
5 Р. Платонаў, Палітыкі. Ідэі. Лёсы: грамадскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэалагічнага дыктату ў Беларусі 20-30-х гадоў, Мінск 1996, с. 13.
6 Там жа, с. 22.
7 Там жа, с. 21.
8 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НАРБ), ф. 4, воп. 1, спр. 158, арк. 19.
9 Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях сьездов, конференций и пленумов ЦК: 1898-1986 (далей: КПСС в резолюциях), т. 2, 1917-1922, Москва 1983, с. 336.
10 „Известия Центрального Бюро Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии”, 1921, 5 дек., с. 5.
11 Там жа, с. 5.
12 НАРБ, ф. 4, воп. 1, спр. 474, арк. 34, 58.
13 Там жа, воп. 2, спр. 21, арк. 185, 186, 200.
14 Тайны национальной политики ЦК РКП. Четвертое совещание ЦК РКП с ответственными работниками национальных республик и областей в г. Москве 9-12 нюня 1923 г., стенограф. отчет, Москва 1992, с. 209-211.
15 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1, арк. 62.
16 Там жа, арк. 14.
17 В. А. Круталевич, Административно-территориальное устройство БССР, Минск 1966, с. 44, 46.
18 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 98, арк. 95.
19 Там жа, арк. 96, 97.