БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 19

Мяшчанская геральдыка ВКЛ у ХV-ХVІІІ ст.: да пастаноўкі праблемы

Аляксей Шаланда
(Горадня)

Гербы жыхароў беларускіх і літоўскіх гарадоў як адзін з элементаў мяшчанскай культуры ВКЛ ХV-ХVІІІ ст. пакуль не зацікавілі беларускіх даследчыкаў. Няма таксама прац, прысвечаных ёй, ні ў польскай, ні ў літоўскай гістарыяграфіях. Таму, можна канстатаваць, што мяшчанская геральдыка ВКЛ ХV-ХVІІІ ст. застаецца пакуль суцэльнай „белай плямай”, калі ніводны з аспектаў праблемы не атрымаў належнага асвятлення. Да здабыткаў можна хіба аднесці публікацыі адзінкавых дагербавых і гербавых пячатак мяшчанаў ВКЛ ХV — першай паловы ХVІІ ст., зробленых Віктарам Вітыгам1, Уладзіславам Сямковічам2, Рышардам Мяніцкім3, Ганнай Харашкевіч4, Анатолем Цітовым5, Эдмундасам Рымшай6. Але нават гэтыя нешматлікія апублікаваныя сфрагістычна-геральдычныя помнікі, акрамя апісання, не дачакаліся грунтоўнага разгляду. Больш за тое, сфрагістычна-геральдычная спадчына мяшчанаў ВКЛ другой паловы ХVІІ — ХVІІІ ст. дагэтуль зусім невядомая. Па сутнасці, заяўленая тэма засталася да сёння на стадыі друкавання крыніц перыяду канца ХІХ — першай паловы ХХ ст., калі гэтая праца толькі пачыналася, але так і не была закончана.

У сувязі з вышэйадзначаным паўстае пытанне: якія існуюць крыніцы па мяшчанскай геральдыцы ВКЛ ХV-ХVІІІ ст.? Паводле класіфікацыі расійскага геральдыста Аляксандра Чарных, усе геральдычныя крыніцы па сваёй форме падзяляюцца на выяўленчыя, пісьмовыя і змешаныя7. Да першых адносяцца выявы гербаў у кнігах, рукапісах, прывілеях, на манетах, медалях, пячатках, на партрэтах, на мурах храмаў і будынкаў, на надмагіллях, на кафлі і іншых рэчах. У адносінах да мяшчанскай геральдыкі ВКЛ ХV-ХVІІІ ст. — гэта пераважна старадрукі, пачынаючы ад Бібліі рускай Францыска Скарыны (1517 г.), а таксама пячаткі і іх адбіткі на дакументах, якія сёння захоўваюцца ў розных архівах і фондах музеяў і бібліятэк Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі і Украіны. Сфрагістычныя помнікі з’яўляюцца самымі шматлікімі крыніцамі па тэме і найбольш карыснымі. Іх прыярытэт вынікае з іх вартасці — пячаткі захоўваюць сапраўдны нескажоны выгляд гербаў, клейнаў і іншых прыватнаўласніцкіх знакаў, такі, які існаваў у рэчаіснай жыццёвай практыцы асобаў, якія імі карысталіся8. Акрамя гэтага, у адрозненне ад іншых відаў выяўленчых крыніц, яны найлепш захаваліся.

Да пісьмовых крыніц адносяцца прывілеі манархаў, пастановы прадстаўнічых саслоўных інстытуцыяў, летапісы і хронікі, геральдычныя трактаты, судовыя запіскі, у якіх сустракаюцца толькі моўныя апісанні гербаў. Для вывучэння мяшчанскай геральдыкі ВКЛ ХV-ХVІІІ ст. найбольш карыснымі будуць судовыя матэрыялы магістратаў магдэбургскіх гарадоў Беларусі і Літвы, Віцебскі летапіс Міхала Панцырнага і Стэфана Аверкі, Магілёўская хроніка Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага9, копіі набілітацыйных прывілеяў вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх для мяшчанаў ВКЛ у Літоўскай Метрыцы, соймавыя канстытуцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Да змешаных крыніц адносяцца гербоўнікі, бо ў іх падаюцца як малюнкі, так і апісанні гербаў. Аднак, у адрозненне ад мяшчанскай геральдыкі Польшчы, дзе вядомы крыніцы такога тыпу10, спецыяльныя мяшчанскія гербоўнікі ці радаводныя кнігі ў ВКЛ пакуль не знойдзены. Невядома ці ўвогуле яны складаліся. Вялікае значэнне мае таксама выяўленне арыгіналаў набілітацыйных прывілеяў вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх для мяшчанаў ВКЛ, бо ў іх разам з апісаннямі падаваліся, як правіла, каляровыя малюнкі нададзеных гербаў. Праўда, апошнія маюць большае дачыненне ўжо да геральдыкі шляхецкай.

Другое пытанне, якое адразу паўстае перад даследчыкамі мяшчанскай геральдыкі ВКЛ, тэрміналагічнае – як называць „гербы” мяшчанаў? Вядомы польскі геральдыст Антоні Малэцкі ў сваёй працы Эмблемы мяшчанаў і іншай няшляхты ў Польшчы, праналізаваўшы тыя назвы, якія выкарыстоўваліся кракаўскімі і львоўскімі мяшчанамі ў ХV-ХVІI ст. („signum”, „signetum”, „zeichen”, „character”, „stemma”, „gmerk”, „herbik”, „herb”, „klejnot”, „insigne”), каб адрозніваць шляхецкія гербы ад мяшчанскіх, абраў для апошніх два тэрміны: „гмерк” (ад ням. Markе – кляйно, метка) і „гербік”11. В. Вітыг і У. Сэмковіч „гмеркамі” называлі напячаткавыя знакі мяшчанаў12.

У ВКЛ мяшчане таксама карысталіся „знакамі”, „знамёнамі”, „цэхамі” (ад ням. „zeichen” – „знак”), „пячаткамі”, „сыгнетамі”, „кляйнотамі”, нарэшце, „клейнамі”13 і „гербамі”14. Беларускі геральдыст А. Цітоў для апісання мяшчанскіх „гербаў” выкарыстаў тэрмін „клейны”, што па сутнасці з’яўляецца перакладам слова „гмерк”15. Аднак, па тагачасных сведчаннях як самых мяшчанаў, так і нават сялянаў, можна меркаваць, што „клейнамі” ў ВКЛ называліся распазнаўча-ўласніцкія знакі без геральдычнага аздаблення16, а „гербамі” – тыя ж самыя клейны, толькі пакладзеныя на геральдычную тарчу. У апошнім выпадку, відаць, яны зыходзілі з вонкавага падабенства сваіх „гербаў” на шляхецкія, якія з’яўляліся для іх узорам сапраўднай геральдыкі. Такім чынам, у ВКЛ ніякага тэрміналагічнага падзелу паміж мяшчанскай і шляхецкай геральдыкамі не назіраецца. Тое ж самае адзначыў А. Малэцкі ў Польшчы: „Pod względem nazwy nie dostrzegamy przeto wybitnego przedziału między sferą tej że tak powiem plebejskiej heraldyki a prawdziwej szlacheckiej”17.

Роўнасць тэрміналагічная не павінна ўводзіць даследчыкаў у зман. Ясна, што адрозненні паміж шляхецкім і мяшчанскім саслоўямі ў ВКЛ, накладвалі адбітак і на іх геральдыку. Іншымі словамі „герб” мяшчанскі не быў тоесны гербу шляхецкаму з-за розных прававых статусаў іх уладальнікаў. У сувязі з гэтым, А. Цітоў падзяліў мяшчанскія гербы на ўмоўныя, „якія адыгрывалі ролю распазнаўчых і маглі мяняць свае абрысы і змест, пераходзячы ад продкаў да нашчадкаў”, і паўнавартасныя18. Але, па-першае, апошнія былі ўжо гербамі шляхецкімі і не належалі да мяшчанскай геральдыкі. Па-другое, зменлівасць гербавых выяваў назіраецца да ХVІ﷓ІІ ст. і ў гербах шляхты ВКЛ19. Па-трэцяе, шляхецкія гербы таксама мелі, сярод іншых, „распазнавальную” функцыю20. Такім чынам, крытэрыі, функцыі і статус мяшчанскіх гербаў застаюцца пакуль не вызначанымі, а тэрмін „герб” у дачыненні да мяшчанскай геральдыкі ВКЛ не можа выкарыстоўвацца без агаворак. На нашу думку, найбольш блізкім для яе з’яўляецца тэрмін „гербік” А. Малэцкага, які можна прыняць як рабочы. На карысць такога тэрміналагічнага размежавання сведчаць факты надання вялікімі князямі літоўскімі і каралямі польскімі прывілеяў для мяшчанаў Вільні (1568 г.)21 і Магілёва (1676 г.)22, паводле якіх патрыцыят дапускаўся да шляхецкіх гербаў на падставе адопцыі. Таму іх уласныя геральдычна аформленыя клейны і выявы ў адносінах да гэтых гербаў шляхты будуць далей намі называцца гербікамі.

Як сведчаць сфрагістычна-геральдычныя крыніцы ХV — першай паловы ХVІІ ст., якія мы згадвалі вышэй, перыяд пачатку ХV — першай паловы ХVІ ст. быў эмблематычным ці дагербікавым этапам развіцця мяшчанскай геральдыкі ВКЛ23. У гэты час большасць знакаў і выяваў мяшчанаў змяшчаюцца непасрэдна ў полі пячаткі без якога-небудзь геральдычнага аздаблення. Сярод іх можна вылучыць тры тыпы: 1) надпісы (у тым ліку манаграмы)24, 2) выявы (пераважна рэлігійнага характару)25 і 3) клейны26. Разам з тым, у пачатку ХVІ ст. з’яўляюцца ўжо і першыя мяшчанскія гербікі, а першым геральдыкам ВКЛ трэба лічыць беларускага першадрукара Францыска Скарыну, Біблія якога багата аздоблена помнікамі такога тыпу, што дазваляе разглядаць яе як сваеасаблівы гербоўнік27.

На сярэдзіну ХVІ — першую палову ХVІІ ст. прыходзіцца большая частка апублікаваных гербікаў, таму гэты перыяд можна назваць геральдычным, калі клейны і выявы ўцягваюцца ў працэс геральдызацыі, пад якім маецца на ўвазе размяшчэнне іх на геральдычнай тарчы. У гэты час мяшчанская геральдыка ВКЛ дасягнула свайго пэўнага росквіту, хаця працягваюць, асабліва спачатку, існаваць пячаткі з клейнамі без геральдычнага антуражу28. Для характэрных рысаў мяшчанскіх гербікаў трэба аднесці: а) пры наяўнасці геральдычнай тарчы адсутнасць іншых элементаў сапраўднага гербу: гелму, кароны, кляйноту і намёту29, б) разам з тым, калі ў рэдкіх выпадках гелм, кляйнот і намёт усё ж змяшчаліся, карона адсутнічала30. Звяртаем увагу на гэтыя рысы – яны адрознівалі гербікі ад гербаў шляхты, а таму патрабуюць больш глыбокага даследавання на значна шырокім коле крыніцаў. Сярод тыпаў гербікавых выяваў самым распаўсюджаным быў клейнавы, што дазваляе лічыць мяшчанскую геральдыку ВКЛ пераважна клейнавай па характару. Апошняя акалічнасць збліжае мяшчанскую геральдыку з клейнавай шляхецкай геральдыкай ВКЛ, росквіт якой прыпадае таксама на другую палову ХVІ — першую палову ХVІІ ст.31 Такое супадзенне патрабуе сур’ёзнага вывучэння і тлумачэння, бо яно закранае пытанне аб генезісе „рускай” часткі баярскага і пазней шляхецкага саслоўя ў ВКЛ. Нагадаем, што даследаванні, праведзеныя па Полацку і Полацкай зямлі, сведчаць менавіта аб мяшчанскіх каранях значнай часткі мясцовага „рускага” (беларускага) баярства і шляхты32.

Сёння пакуль няма ясных адказаў на пытанні: хто меў права на гербік – усе мяшчане, як патрыцыят, так і паспольства, ці толькі першыя; мяшчане ўсіх гарадоў ці толькі з магдэбургскім правам? Вядомыя нам гербікі мяшчанаў Вільні, Менску33, Горадні, Наваградку, Пінску, Полацку, Камянцу сведчаць на карысць апошняга. Калі гэта так, то гербікі маглі мець толькі мяшчане вольныя і маёмасныя. Аднак, вынікаючы адсюль тэзіс аб тым, што жыхары гаспадарскіх і прыватнаўласніцкіх мястэчак гербікаў не мелі, яшчэ патрабуе доказу. Не даследаваны глыбока і парадак пераходу гербікаў у спадчыну ў мяшчанскіх родах. У сувязі з гэтым, адзначым, што дасягненні ў вывучэнні радаводаў мяшчанаў ВКЛ у гістарыяграфіі таксама вельмі сціплыя34.

Што датычыць перыяду з сярэдзіны ХVІІ па канец ХVІІІ ст., то тут мы сёння таксама мала чаго пэўнага можам сказаць. Мяшчанскімі геральдычнымі крыніцамі гэтага часу пакуль што ніхто не займаўся, а таму тут магчымы самыя неспадзяваныя адкрыцці. Можна толькі меркаваць, што ў ВКЛ мяшчанская геральдыка, як і культура гэтага саслоўя ў цэлым, перажывала ў вызначаны перыяд глыбокі крызіс, выкліканы амаль перманентнымі войнамі, разбурэннямі, людскімі стратамі, узмацненнем шляхецкай анархіі. У сувязі з апошнім, заўважаецца імкненне мяшчанаў атрымаць ад вялікага князя літоўскага і караля польскага набілітацыю і шляхецкі герб35. Вялікія магчымасці ў гэтым напрамку давала мяшчанам ВКЛ Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 г.36

Такім чынам, вывучэнне мяшчанскай геральдыкі ВКЛ перыяду ХV-ХVІІІ ст. знаходзіцца сёння толькі ў пачатковай стадыі. Большасць пытанняў па гэтай праблеме пакуль не маюць адказаў. Згаданыя прабелы не дазваляюць разглядаць геральдычную сітуацыю на беларускіх і літоўскіх землях у цэлым, што ў сваю чаргу, негатыўна адбіваецца на даследаванні адзінай геральдычнай сістэмы ВКЛ. Пад апошняй мы разумеем усю сукупнасць гербаў, існаваўшых у тагачасным грамадстве, а менавіта: дзяржаўны герб і зямельныя гербы, гербы шляхты, гарадоў, гербікі мяшчанаў, гербы і эмблемы грамадска-рэлігійных арганізацый, цэхаў і гандлёвых аб’яднанняў.


1 W. Wittyg, Znaki pieczętne (gmerki) mieszczan w Polsce w XVI i zaraniu XVII wieku, Kraków 1906, s. 175.

2 W. Semkowicz, Hanul, namiestnik wileński (1382–1387) i jego ród, „Atheneum Wileńskie”, Wilno 1930, R. VII, z. 1–2, s. 1–20.

3 R. Mienicki, Trzy dokumenty z wieku XV dotyczące ziemi połockiej, „Atheneum Wileńskie”, Wilno 1930, R. VII, z. 3–4, s. 893–903.

4 Г. Л. Харашкевіч, Полацкія пячаткі ХV стагоддзя, [у:] „Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, 1974, № 1, c. 26–30; А. Л. Хорошкевич, Печати полоцких грамот ХIV-XV вв., [в:] Вспомогательные исторические дисциплины: Сборник статей, Ленинград 1972, вып. 4, с. 128–146.

5 А. К. Цітоў, Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі, Мінск 1993, с. 239.

6 E. Rimśa, Lietuvos Didźiosios Kunigaikśtystes miestu antspaudai, Vilnius 1999, s. 764.

7 А. П.Черных, Геральдика, [в:] Введение в специальные исторические дисциплины: Учебное пособие, Т. П. Гусарова, О. В. Дмитриева, И. С. Филиппов и др., Москва 1990, с. 52–53.

8 А. К. Цітоў, Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі, Мінск 1993, с. 10.

9 Беларускія летапісы і хронікі, пер. са старажытнарускай, старажытнабеларус. і польск, уклад. У. Арлова; прадм. В. Чамярыцкага, Мінск 1997, с. 432.

10 W. N. Trepka, Liber generationis plebeanorum („Liber chamorum”), oprac. R. Leszczyński, Wrocław — Warszawa — Kraków 1995, wyd. II, s. 532; A. Chmiel, Z herbarza mieszańskiego, „Rocznik Krakowski”, 1902, t. V, s. 60-93; M. Gumowski, Herbarz patrycjatu toruńskiego, Toruń 1970.

11 A. Małecki, Godła mieszczan i innej nieszlachty w Polsce, [w:] Studya heraldyczne, Lwów 1890, t. II, s. 349 i n.

12 W. Wittyg, Znaki pieczętne (gmerki) mieszczan w Polsce w XVI i zaraniu XVII wieku, Kraków 1906, s. 175; W. Semkowicz, Hanul, namiestnik wileński (1382–1387) i jego ród, s. 11.

13 А. Малэцкі пра паходжанне тэрміну „кляйно” пісаў, што гэта „tylko zepsuty, z heraldyki wzięty wyraz klejnot”, A. Małecki, Godła mieszczan i innej nieszlachty..., s. 383.

14 А. Цітоў, Сфрагістыка і геральдыка Беларусі, Мінск 1999, с. 5-7, 110.

15 Там жа, с. 101.

16 A. Małecki, Godła mieszczan i innej nieszlachty..., s. 382-383.

17 Tamże, s 349.

18 А. Цітоў, Сфрагістыка і геральдыка Беларусі, с. 7.

19 А. Шаланда, Асаблівасці беларускай шляхецкай геральдыкі, [у:] Шлях у навуку: Зборнік арт., пад рэд. І. П. Крэня, М. П. Касцюка і інш., Мінск 1997, с. 68.

20 А. Цітоў, Сфрагістыка і геральдыка Беларусі, с. 5, 6.

21 А. Б. Лакиер, Русская геральдика, Москва 1990, с. 135.

22 А. Цітоў, Сфрагістыка і геральдыка Беларусі, с. 7.

23 На жаль, мяшчанская эмблематыка і сфрагістыка Беларусі і Літвы папярэдняга часу (ХІ-ХІV ст.) таксама не даследавана, а таму вылучаемы этап мог распачацца значна раней. Мы ж абмяжоўваемся храналагічнымі рамкамі артыкула.

24 Г. Л. Харашкевіч, Полацкія пячаткі ХV стагоддзя, с. 27, фота 1, с. 29, фота 11; А. Л. Хорошкевич, Печати полоцких грамот ХIV-XV вв., с. 135, № 16-19.

25 Там жа, с. 134, № 12–13.

26 R. Mienicki, Trzy dokumenty z wieku XV dotyczące ziemi połockiej, s. 899-900; Г. Л. Харашкевіч, Полацкія пячаткі ХV стагоддзя, с. 27, фота 3; А. Л. Хорошкевич, Печати полоцких грамот ХIV-XV вв., с. 135, № 22–24; А. К. Цітоў, Пячаткі старажытнай Беларусі, с. 61, № 25.

27 А. Малэцкі дагербікавыя пячаткі польскіх мяшчанаў ХІV — пачатку ХVІ ст. падзяліў падобна: „na literowe (inicyałami nazwisk lub imion opatrzone), na obrazkowe (dające wizerunek czegoś samo przez się zrozumiałego) i na znakowe”, A. Małecki, Godła mieszczan i innej nieszlachty..., s. 335.

28 А. Цітоў лічыць, што на вядомым гравюрным партрэце Францыска Скарыны (1517 г.) змешчаны гербікі яго бацькі і маці, А. К. Цітоў, Пячаткі старажытнай Беларусі, с. 63, 98. Гл. таксама: А. Цітоў, Пашукаем у гісторыі, „Мастацтва Беларусі”, 1989, № 8, c. 34–35. Падтрымліваючы гэтую думку, звернем увагу на тое, што нераспрацаванасць мяшчанскай геральдыкі ВКЛ спрыяла або недакладнай, або зусім памылковай расшыфроўцы геральдычнай інфармацыі з гравюраў Ф. Скарыны. Гл., напрыклад: У. У. Агіевіч, Сімволіка гравюры Скарыны, Мінск 1999б с. 320.

29 W. Wittyg, Znaki pieczętne (gmerki) mieszczan w Polsce..., c. 56.

30 А. К. Цітоў, Пячаткі старажытнай Беларусі..., с. 88, № 186–187 і інш.; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Горадні (далей: НГАБ), ф. 1664, воп. 1, спр. 38, а. 4 (гл. мал.); ф. 1783, воп. 1, спр. 12, а.1адв.; Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей (далей: ГДГАМ), КП 9216/1, а.1; КП 9216/2, а.1 адв.

31 А. К. Цітоў, Пячаткі старажытнай Беларусі..., с. 97, № 245; НГАБ у Горадні, ф. 1783, воп. 1, спр. 12, а. 1 адв.

32 А. Шаланда, Да пытання класіфікацыі клейнавых гербаў шляхты ВКЛ, „Герольд Litherland”, Горадня 2001, № 1, c. 34–35.

33 А. Л. Хорошкевич, Полоцкие грамоты ХIII— начала XVI в.: В 5 т., Москва 1985, с. 158.

34 А. К. Цітоў, Беларускія пячаткі, „Мастацтва Беларусі”, 1984, № 2, c. 36.

35 W. Semkowicz, Hanul, namiestnik wileński (1382–1387) i jego ród; А. Н. Нарбут, Родословная Франциска Скорины и его возможных потомков, [в:] Наш радавод, Ліда 1994, кн. 6, с. 27–34; А. Л. Хорошкевич, Генеалогия мещан и мещанское землевладение в Полоцкой земле конца ХІV — начала ХVІ в., [в:] История и генеалогия, Москва 1977, с. 140–160.

36 J. Gordziejew, Socjotopografia Grodna w XVIII wieku, Toruń 2002, s. 256.

37 Konstytucje Polski. Studia monograficzne z dziejów polskiego konstytucjonalizmu, pod red. M. Kallasa, Warszawa 1990, t. 1, s. 53.


© Беларускае Гістарычнае Таварыства 
пры выкарыстаньні матэрыялаў спасылка на
Беларускі Гістарычны Зборнік абавязковая

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія