|
Полацкі і Віцебскі земскія прывілеі. Да гісторыі стварэння тэкстаў дакументаў
Максім Макараў
(Торунь)
У XIII-XIV стст. Полацкае і Віцебскае княствы спачатку трапілі ў сферу палітычных уплываў Вялікага Княства Літоўскага, а пазней і трывала ўвайшлі ў склад гэтай краіны. Аднак у дзяржаўнай сістэме Вялікага Княства Літоўскага яны здолелі запэўніць сабе шырокую аўтаномію. Гарантыяй захавання палітычнай і юрыдычнай „старины” Полацка і Віцебска былі іх земскія прывілеі. Таму даследаванне гісторыі стварэння гэтых дакументаў і вызначэнне іх зместу на розных этапах існавання мае выключнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларускага Падзвіння ў XIV-XVI стст.
Віцебскі і Полацкі земскія прывілеі былі ўпершыню надрукаваныя адпаведна ў 1846 і 1848 гг.1, але доўгі час не з’яўляліся прадметам спецыяльных гістарычных даследаванняў. Толькі ў канцы XIX ст. аналіз іх тэкстаў быў праведзены Міхаілам Ясінскім. Нягледзячы на тое, што самы стары вядомы гісторыкам прывілей Віцебскай зямлі датуецца 1503 г., а Полацкай — 1511 г., даследчык звярнуў увагу на архаічны стыль і лексіку тэкстаў дакументаў і выказаў меркаванне аб іх узнікненні ў 90-х гг. XIV ст.2 На яго думку Полацкая і Віцебская землі маглі атрымаць свае першыя прывілеі ад Вітаўта пасля ліквідацыі тут удзельных княстваў.
У пачатку XX ст. у сваёй працы, прысвечанай земскім прывілеям Вялікага Княства Літоўскага, гэтыя дакументы яшчэ раз грунтоўна прааналізаваў польскі гісторык Ян Якубоўскі. Даследчык выдзеліў у тэкстах Полацкага і Віцебскага прывілеяў асобныя пласты палажэнняў, якія: 1) адносіліся яшчэ да эпохі ўдзельных князёў; 2) увайшлі разам з папярэдняй групай у склад прывілеяў падзвінскіх аўтаномій эпохі Вітаўта. Пасля гэтага, на думку Я. Якубоўскага, Полацкі прывілей прымаў у свой склад новыя пласты палажэнняў пры Свідрыгайле і Жыгімонце Кейстутавічу, Казіміры (пасля 1447 г.), Аляксандры (1492-1498 гг.) і Жыгімонце Старым (1511 г.). У Віцебскі прывілей істотныя дапаўненні былі ўнесены пры Свідрыгайле, Жыгімонце Кейстутавічу і Казіміры (але да 1447 г.)3. У дадатках да сваёй працы даследчык змясціў рэканструкцыі дамовы („ряда”) палачан са сваімі ўдзельнымі князямі, якая магла ўзнікнуць у першай палове XIV ст., прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта (1392-1399 гг.)4, прывілею Полацкай зямлі Жыгімонта Кейстутавіча (1436-1440 гг.)5.
Праца Я. Якубоўскага была выканана на вельмі высокім прафесійным узроўні, таму на працягу стагоддзя, якое мінула ад часу яе выхаду ў свет, далейшых арыгінальных даследаванняў гісторыі стварэння тэкстаў Полацкага і Віцебскага земскіх прывілеяў не праводзілася. Пры характарыстыцы гэтых дакументаў гісторыкі (Станіслаў Кутшэба, Уладзімір Пічэта) карысталіся навуковай спадчынай Я. Якубоўскага фактычна без крытычнага разгляду апошняй6. На нашу думку высновы гэтага аўтара аб паходжанні асобных артыкулаў і складзе прывілеяў падзвінскіх аўтаномій на розных этапах існавання дакументаў (асабліва эпохі Вітаўта) патрабуюць унясення шэрагу істотных паправак і дапаўненняў. Таму паспрабуем прааналізаваць тэксты Полацкага (далей: ПЗП) і Віцебскага (далей: ВЗП) земскіх прывілеяў яшчэ раз.
У сваёй працы Я. Якубоўскі адзначыў, што ўвесь набор палажэнняў тэксту ПЗП, які дайшоў да нашага часу ў складзе пацвярджальнага прывілею Жыгімонта Старога 1511 г., вельмі лёгка падзяліць на дзве часткі. Першая складаецца пераважна са значных па памеры пастановаў, мова і тэрміналогія якіх указваюць на час іх узнікненя не раней другой паловы XV ст., другая — галоўным чынам з кароткіх палажэнняў, змест і лексіка якіх дазваляюць датаваць іх больш ранняй эпохай. Гэтыя часткі перамешаны паміж сабой, але пры ўважлівым чытанні без асаблівых цяжкасцяў выдзяляюцца ў тэксце. Тлумачэнне такога падвоенага характару складу ПЗП даследчык знайшоў у самім дакуменце. Ва ўступнай частцы ПЗП Жыгімонта Старога 1511 г. сказана, што ён утрымлівае ў сваім складзе: 1) „права вольная добрая хрестиянская, какъ в Короне Польской”, нададзеныя Полацкай зямлі каралямі Казімірам і Аляксандрам; 2) „доброволенства” вялікіх князёў літоўскіх Вітаўта, Жыгімонта і Скіргайлы (на самой справе Свідрыгайлы)7. Згодна з гэтым найбольш старажытную частку прывілею Я. Якубоўскі прапанаваў аднесці да часоў панавання Вітаўта, Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча, а навейшую (яе палажэнні лёгка выдзяляюцца са складу ПЗП) — Казіміра, Аляксандра і Жыгімонта Старога8.
Прывілей Віцебскай зямлі 1503 г., нададзены вялікім князем літоўскім Аляксандрам, з’яўляецца, як вынікае з уступнай часткі дакумента, пацвярджэннем ВЗП Казіміра Ягелончыка. У ім нічога не гаворыцца аб „доброволенствах” папярэднікаў Казіміра, але відавочная архаічнасць тэксту ВЗП дазваляе даследчыкам надзейна датаваць яго больш ранняй эпохай9. Я. Якубоўскі параўнаў тэкст ВЗП 1503 г. з найбольш старажытнай часткай ПЗП 1511 г. і прыйшоў да высновы аб іх выключным падабенстве: большасць палажэнняў паўтараецца ў тых жа самых выразах і, у большасці выпадкаў, у тым жа самым парадку ў двух дакументах. Даследчык датаваў час стварэння ВЗП, як фактычна ідэнтычнага старэйшай частцы ПЗП, перыядам панавання вялікіх князёў літоўскіх Вітаўта, Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча10.
Падабенства найбольш старажытнай часткі ПЗП і ВЗП прывяло Я. Якубоўскага да высновы аб тым, што першапачатковы прывілей Вітаўта, які згадваецца ў ПЗП 1511 г., быў нададзены Полацкай і Віцебскай землям у аднолькавай форме, а адрозненні паміж старэйшай часткай ПЗП 1511 г. і ВЗП 1503 г. трэба тлумачыць заканадаўчай дзейнасцю Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча (1430-1440)11. Даследчык крытычна разгледзеў усе агульныя палажэнні ПЗП і ВЗП і адкінуў тыя з іх, якія на яго думку не маглі ўваходзіць у склад прывілеяў эпохі Вітаўта, дадаў да гэтага старажытнае „а о обаде исправа дати” з ВЗП, якое, як ён меркаваў, у канцы XIV — першай палове XV стст. функцыянавала ў ПЗП, але ў часы Казіміра было заменена новай аб’ёмнай пастановай, змяніў слова „воевода” на „наместник”. У выніку Я. Якубоўскі атрымаў „весьма вероятный текст первоначального полоцко-витебского привилея Витовта” і змясціў гэтую рэканструкцыю ў дадатках да сваёй працы12.
Багацце зместу прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта прывяло Я. Якубоўскага да высновы аб тым, што яны не былі цалкам новымі заканадаўчымі актамі, а ўтрымлівалі ў сваім складзе шэраг палажэнняў больш даўняга паходжання. Іх крыніцамі на думку даследчыка маглі быць незахаваныя дамовы палачан і віцяблян са сваімі ўдзельнымі князямі. Я. Якубоўскі лічыў, што ў Полацку такая дамова („ряд”) магла ўзнікнуць у першай палове XIV ст.13
Найбольш верагодным часам надання Вітаўтам прывілеяў Полацкай і Віцебскай землям Я. Якубоўскі лічыў 1392-1399 гг. Яшчэ М. Ясінскі заўважыў, што такія дакументы маглі ўзнікнуць ці адразу пасля пераходу двух падзвінскіх княстваў пад непасрэдны кантроль Вітаўта, калі гарантыі захавання рэгіянальнай аўтаноміі і мясцовай прававой традыцыі маглі быць адной з умоваў прызнання вярхоўнай улады вялікага князя літоўскага, ці некалькі пазней14. Калі па нейкіх прычынах Полацкая і Віцебская землі не атрымалі ад Вітаўта прывілеяў адразу пасля ліквідацыі тут удзельных княстваў і прызначэння сюды вялікакняскіх намеснікаў, адпаведна ў 1392 і 1393 гг., тады, на думку Я. Якубоўскага, наданне прывілеяў падзвінскім аўтаноміям магло адбыцца ў 1399 г. падчас знаходжання Вітаўта ў Полацку15.
Цяпер спынімся на пытанні аб часе пацвярджэння прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель Казімірам Ягелончыкам. Я. Якубоўскі слушна адзначыў, што „права вольная добрая хрестиянская, какъ в Короне Польской”, аб якіх гаворыцца ў ПЗП, гэта агульназемскі прывілей Казіміра 1447 г., у якім згаданы гаспадар надаў шэраг вельмі важных правоў землеўласнікам Вялікага Княства Літоўскага. Пераказы 3, 4, 6, 8, 12 артыкулаў прывілею 1447 г. вельмі лёгка выдзяляюцца ў ПЗП, бо фактычна даслоўна паўтараюць тэкст, з якога былі запазычаны16. Толькі выдадзены пасля 1447 г. рэгіянальны прывілей мог утрымліваць у сваім складзе і да таго ж у такой форме нормы агульназемскага прывілею 1447 г. Я. Якубоўскі, услед за Мацвеем Любаўскім, лічыў найбольш верагоднай датай надання Казімірам прывілею Полацкай зямлі 1451 г.17 У нашай працы будзем умоўна называць кардынальныя змены, унесеныя ў полацкі прывілей пры Казіміры пасля 1447 г. рэдакцыяй ПЗП 1451 г.
На наш погляд неабходна лічыцца з мажлівасцю існавання яшчэ аднаго Полацкага земскага прывілею Казіміра Ягелончыка, нададзенага аднак да 1447 г. У 1558 г. полацкія мяшчане, баронячы сваё права не плаціць некаторыя мытныя зборы, прад’явілі Жыгімонту Аўгусту наступныя дакументы: „лист великого князя Швитрыгаила и великого князя Казимира королевича и дяди нашого Алексанъдра, короля его м(и)л(о)сти, на котором вжо и то доложоно, вызволяючи их от даванья мыта, яко вил(ь)новцов и трочан, потому ж и отец наш славное памети Жыкгимонт, корол(ь) его м(и)л(о)сть их зоставити и вызволити рачыл”18. Згаданымі дакументамі Аляксандра Ягелончыка і Жыгімонта Старога маглі быць толькі прывілеі Полацку на магдэбургскае права 1498 і 1509 гг., бо сама фармуліроўка звальнення ад мытных збораў („как вильневцы и трочане”) паходзіць, несумненна, з іх тэкстаў19. У „лістах” Свідрыгайлы і Казіміра Ягелончыка А. Л. Харашкевіч, на падставе згадкі ў цытаваным вышэй дакуменце 1558 г., бачыць прывілеі гэтых гаспадароў выключна полацкаму мяшчанству20. На наш погляд размова тут аднак ідзе аб прывілеях гэтых вялікіх князёў літоўскіх усёй Полацкай зямлі (усім сацыяльным групам асабіста вольнага насельніцтва). Па-першае, тое, што згаданыя „лісты” Свідрыгайлы і Казіміра прад’яўлялі Жыгімонту Аўгусту ў 1558 г. полацкія мяшчане, само па сабе яшчэ не сведчыць аб выключна мейскім характары гэтых дакументаў. Па-другое, аб асобных полацкіх мейскіх прывілеях да 1498 г. нічога не вядома. Па-трэцяе, ужо ў самай старажытнай частцы Полацкага земскага прывілею, атрымальнікамі якога былі між іншым і мяшчане, прысутнічала наступная пастанова: „Также есмо и мыта имъ отъпустили по въсеи нашои державе”. Калі само існаванне асобных полацкіх мейскіх прывілеяў да 1498 г. не даказана, а згаданая пастанова давала полацкім мяшчанам мажлівасць бараніць свае правы ў рамках земскага права Полаччыны, больш лагічна было б лічыць „лісты” Свідрыгайлы і Казіміра полацкімі земскімі прывілеямі.
У 1559 г. у падобнай справе перад Жыгімонтам Аўгустам адстойвалі свае правы мяшчане Віцебска. Яны прад’явілі гаспадару „копию листу дяди нашого славное памяти вел. кн. Казимира королевича, который дей лист в них с церкви вкраден, и теж листы дяди нашого Александра и отца нашого Жикгимонта, королей и вел. кн. их милости, на которых то меновите описано и доложено ест, иж их милость мыта им отпустили по всей отчизне”21. Няма сумненняў, што размова ідзе аб трох чарговых прывілеях Віцебскай зямлі, атрымальнікамі якіх былі між іншым і віцебскія мяшчане, Казіміра (менавіта гэты дакумент, як вынікае з уступнай часткі ВЗП Аляксандра 1503 г., быў скрадзены з царквы „пречистое Богоматери”), Аляксандра і Жыгімонта Старога, у якіх знаходзім наступную пастанову: „Также есмо имъ и мыта отпустили по всей отчине нашой вечно”22. Віцебскія мяшчане ведалі свае правы і адстойвалі іх у рамках земскага права Віцебшчыны.
Згаданы ў дакуменце 1558 г. полацкі прывілей „великого князя Казимира королевича” мог быць нададзены толькі да 1447 г., верагодна, адначасова з віцебскім і смаленскім, калі Казімір яшчэ не з’яўляўся польскім каралём. Такім чынам Казімір Ягелончык хутчэй за ўсё двойчы пацвердзіў прывілей Полацкай зямлі: адзін раз да, а другі раз пасля 1447 г.
У прывілеі Віцебскай зямлі „права вольная добрая хрестиянская, какъ в Короне Польской” адсутнічаюць. У сувязі з гэтым Я. Якубоўскі прапанаваў два магчымыя тлумачэнні: 1) Казімір пацвердзіў віцебскі прывілей пасля 1447 г., але не дадаў да яго старых палажэнняў нічога новага; 2) Віцебская зямля атрымала свой прывілей ад Казіміра яшчэ да 1447 г. Неверагодна, каб пасля 1447 г., калі пад уплывам агульназемскага прывілею Казіміра адпаведныя дапаўненні былі ўнесены ў склад Полацкага і Кіеўскага прывілеяў23, Віцебск не атрымаў такіх самых правоў, як суседні Полацк. Таму даследчык адкінуў першую версію і прапанаваў датаваць ВЗП Казіміра 1440-1447 гг.24 Гэта пацвярджаецца і згадкай аб копіі віцебскага прывілею „вел. кн. Казимира королевича” (Казімір не названы польскім каралём) у вышэйцытаваным дакуменце 1559 г.25 Пры Казіміры тэкст ВЗП набыў сваю канчатковую форму і пры чарговых пацвярджэннях у 1503 г. Аляксандрам, і ў 1509 г. Жыгімонтам Старым перапісваўся без істотных змен.
Пацвярджэнне прывілею Полацкай зямлі Аляксандрам Ягелончыкам, падчас якога ў яго склад было ўнесена некалькі аб’ёмных пастановаў аб падданых баярства і духавенства, на думку Я. Якубоўскага магло адбыцца ў 1492-1498 гг. Такую дату даследчык прыняў на падставе згадкі аб „Моистате” (прывілеі), нададзеным палачанам яшчэ да ўвядзення магдэбургскага права, у пастанове аб баярскіх і мяшчанскіх землях „Выроку” Аляксандра ад 12 ліпеня 1499 г.26 На карысць таго, што гэта быў „Моистат” менавіта Аляксандра, а не яго папярэдніка Казіміра, сведчыць наступная фармуліроўка вышэйзгаданай пастановы: „за отца нашого короля его милости (Казіміра — М. М.) и за нас (Аляксандра — М. М.)”27. Полацк атрымаў магдэбургскае права ў 1498 г., такім чынам ПЗП Аляксандра можна датаваць толькі 1492-1498 гг. Некалькі істотных дапаўненняў было ўнесена ў полацкі прывілей і пры яго пацвярджэнні ў 1511 г. Жыгімонтам Старым.
Методыка даследавання гісторыі стварэння ПЗП і ВЗП, вызначэнне і датаванне асноўных этапаў фарміравання іх тэкстаў, прапанаваныя Я. Якубоўскім, не выклікаюць сумненняў. Удакладнення патрабуюць толькі асобныя высновы аўтара. Пры крытычным разглядзе тэкстаў ПЗП і ВЗП будзем прытрымлівацца наступнага парадку: 1) выдзелім з ПЗП пастановы, унесеныя ў яго склад пры Аляксандры Ягелончыку і Жыгімонце Старым; 2) выдзелім пастановы ПЗП, дададзеныя пры Казіміры Ягелончыку; 3) выдзелім агульную частку ПЗП і ВЗП і паспрабуем высветліць ці ўсе з гэтых палажэнняў маглі існаваць у часы Вітаўта; 4) прааналізуем пастановы ВЗП, якіх няма ў ПЗП; 5) звернем увагу на астатнія пункты ПЗП; 6) паспрабуем адказаць на пытанне аб парадку размяшчэння пастановаў у прывілеях Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта; 7) прапануем сваю рэканструкцыю ПЗП і ВЗП эпохі Вітаўта.
А цяпер яшчэ адно вельмі істотнае пытанне. Неабходна вырашыць якімі выданнямі полацкага і віцебскага земскіх прывілеяў лепей за ўсё карыстацца пры даследаванні тэкстаў дакументаў. У нашым распараджэнні знаходзяцца тры друкаваныя версіі ПЗП 1511 г.: 1) Змешчаная ў II томе „Актов, относящихся к истории Западной России”; 2) У III томе „Полоцких грамот” Анны Харашкевіч; 3) У віленскім выданні VIII кнігі Літоўскай Метрыкі 1995 г.28 Усе тры выданні зроблены паводле аднаго і таго ж рукапісу (VIII кніга запісаў Літоўскай Метрыкі, арк. 494-497), але ўтрымліваюць шэраг адрозненняў паміж сабой. З параўнання першага з іх з двума пазнейшымі вынікае, што выдаўцы „Актов Западной России” папраўлялі тэкст гэтай гістарычнай крыніцы, каб, на іх погляд, зліквідаваць спрэчныя моманты і зрабіць яго максімальна зразумелым для чытача29. ПЗП 1511 г. III тома „Полоцких грамот” і віленскага выдання 1995 г. у гэтым сэнсе не адрозніваюцца паміж сабой і таму больш верна перадаюць тэкст арыгінала. На наш погляд галоўным недахопам гэтых выданняў з’яўляецца ўвядзенне вельмі рознага ў двух выпадках і далёка не заўсёды слушнага падзелу на абзацы, якога няма ў арыгінале. Верагодна, на думку выдаўцоў, ён павінен быў замяніць падзел на артыкулы і аблегчыць разуменне дакумента, але не заўсёды дасягае мэты30.
Параўнанне ВЗП 1503 г., змешчанага ў I томе „Актов, относящихся к истории Западной России”31, з пацвярджальным прывілеем Віцебскай зямлі Жыгімонта Старога 1509 г. (фактычна слова ў слова паўтарае ВЗП Аляксандра 1503 г.), які знаходзім у віленскім выданні VIII кнігі Літоўскай Метрыкі 1995 г.32, не выяўляе, акрамя штучнага падзелу на абзацы-артыкулы ў апошнім, істотных розніц паміж тэкстамі дакументаў. У нашым даследаванні будзем карыстацца тэкстам ПЗП 1511 г. віленскага выдання VIII кнігі Літоўскай Метрыкі 1995 г., але без захавання падзелу на абзацы-артыкулы, і тэкстам ВЗП 1503 г. I тома „Актов Западной России”.
1. Палажэнні, унесеныя ў полацкі земскі прывілей пры Аляксандры Ягелончыку і Жыгімонце Старым.
Выдзеліць з ПЗП палажэнні, унесеныя ў яго склад пры Аляксандры і Жыгімонце Старым не цяжка. Амаль усе яны маюць значныя памеры і размяшчаюцца ў тэксце полацкага прывілею адзіным блокам, які разрывае ўклад старых пастановаў эпохі Вітаўта, падобны ў ПЗП і ВЗП. Я. Якубоўскі адносіў да пацвярджэнняў Аляксандра і Жыгімонта Старога наступныя палажэнні ПЗП:
„Такъже важъницу в замъку або в месте нашомъ Полоцъком, которую перъво того деръжали бояре посполу з мешчаны за предъковъ наших и за отъца нашого Казимира, короля его м(и)л(о)сти, а потомъ с тое важъницы братъ нашъ Александръ, король его м(и)л(о)сть, платъ былъ взялъ ку его м(и)л(о)сти скарбу, мы, з ласки нашое, зася тую вагу и платъ с нее дали бояромъ и мешчаномъ наполы по-давъному подле суда и въставы отъца нашого, мають в кажъдыи год держати по два боярины а по два мешчанины и платъ с нее выбирати, и свою половину бояре мають обернути на свои потребы”. Са зместу гэтага пункту вынікае, што ён мог быць унесены ў склад ПЗП толькі пры Жыгімонце Старым у 1511 г.33
„Такъже которыи домы и местца церквамъ Божьимъ здавъна наданы отъ предъковъ нашихъ або вл(а)д(ы)ка и игуменья и иные кн(я)зи и бояре, и мешчане, и люди добрые прикупили к церквамъ Божимъ, а тые домы и местъца суть в замъку або серед места Полоцкого, и будет ли за панованье шчасное памяти отъца нашого Казимира, короля его м(и)л(о)сти, и вл(а)д(ы)ка и игуменя на тыхъ звечных местъцах церковъных за собою слуги и иные закладъни мели, мы и тепере вл(а)д(ы)це и игуменьи дозъволяемъ в тых церъковъных домехъ и на тых местъцах их слуги и иные закладъни за собою мети и их садити, а то тымъ обычаемъ, ижъ мають имъ служити, а поземъ имъ г(о)с(по)д(а)ремъ своимъ, с тых местецъ мають давати. И будеть ли которыи з них торгомъ ся обыходити, и они мають серебъшчину и ордыншчину з местомъ нашимъ платити. А которые за местомъ фольваръки и поля, и сеножати церковъные вл(а)д(ы)ка и игуменья мають, на тых поляхъ и на сеножатех не мают торговых людеи ани ремесных за собою садити, нежли мают садити людеи сельских, которыи бы тамъ хлебъ робили”. Гэтая пастанова ў якасці апошняга гаспадара-папярэдніка свайго надаўцы згадвае „шчасное памяти отъца нашого Казимира” і не выклікае сумнення, што яна магла быць унесена ў склад ПЗП толькі пры Аляксандры Ягелончыку.
„Такеж бояре полоцъкие тымъ жо обычаемъ, которые с них отъчинные свои домы и местъца внутри города мають, або на месте Полоцкомъ, и тежъ естли будеть ешчо за отъца нашого Казимира и за брата нашого Алексанъдра, королевъ ихъ м(и)л(о)сти, отци их и они слушънымъ а раднымъ обычаемъ которые дворышча покупили або з данины их м(и)л(о)сти мають, тымъ и тепере мы дозъволяемъ на тых дворышчахъ слугъ и люди за собою садити и их судити по тому жъ. Которыи бы с нихъ хотели купетствомъ або ремесломъ которымъ обыходити, тое мают з мешчаны нашими серебъшчину и оръдыншчину платити и иные слушные поплатки ку пожитъку нашому и земъскому”. Гэта пастанова цесна звязана з папярэдняй (аб мейскіх пляцах і падданых духавенства) і з’яўляецца як бы працягам апошняй. На першы погляд яе можна датаваць часам панавання Жыгімонта Старога (згадка пра „брата нашого Алексанъдра”) і звязваць з пацвярджэннем ПЗП у 1511 г., але прызнанне ў ёй правоў баярства „судити” сваіх людзей, якія жывуць у месце Полацку, не дазваляе пагадзіцца з гэтым. Прывілей на магдэбургскае права (7 кастрычніка 1498 г.) увогуле забараніў баярам мець падданых у Полацку, усё насельніцтва места мусіла судзіцца выключна магдэбургскім правам34. „Вырок” Аляксандра ад 12 ліпеня 1499 г. на кароткі час адмяніў гэты парадак: „А воит и мещане не мають их (баярскіх людзей у Полацку — М. М.) судити и в право немецкое писати”35. Ужо ў снежні 1500 г. новае „Постановенье” Аляксандра зноў перавяло мейскіх падданых баярства пад юрысдыкцыю полацкай магдэбургіі36. Пацвярджальны прывілей на магдэбургскае права, нададзены Полацку Жыгімонтам Старым 27 жніўня 1509 г. (дата па А. Харашкевіч), катэгарычна забараніў баярам і духавенству судзіць сваіх мейскіх падданых: „приказуем, абы от тых часов, конечъно, вси тыи люди были в послушенстве того права маитъборъского, и тым правом от воита и от бурмистров и рядец судилися и рядилися и справовалися”37.
„Вырок” ад 12 ліпеня 1499 г. толькі на кароткі час аднавіў дамагдэбургскі парадак падсуднасці мейскіх падданых баярства сваім гаспадарам. Неверагодна таксама, каб неўзабаве пасля надання свайго ж вышэйзгаданага мейскага прывілею, Жыгімонт Стары ўнёс у склад ПЗП (1511 г.) новы пункт, да такой ступені спрэчны з яго нормамі. Такім чынам гэта пастанова, як і звязаная з ёй папярэдняя, магла з’явіцца ў ПЗП у 1492-1498 гг. пры наданні Аляксандрам Ягелончыкам „Моистата” (прывілею) Полацкай зямлі і, нягледзячы на спрэчныя ёй змены ў заканадаўстве, захавалася ў складзе дакумента. Згадка пра „брата нашого Алексанъдра” разам з дапіскай аб серабшчызне, якую „воит и бурмистры, и радци на свои потребы кладуть на место нашо”, была дададзена пры пацвярджэнні ПЗП Жыгімонтам Старым у 1511 г.38
„А што ся тычет серебъшчины, которую жъ воит и бурмистры, и радци на свои потребы кладуть на место нашо, того церъковъным и бояръским людемъ помагати ненадобе”. Такая прыпіска магла з’явіцца толькі пасля надання Полацку магдэбургскага права (1498 г.), яе можна надзейна звязваць з пацвярджэннем ПЗП 1511 г.39
„Теж которые бояре будуть мети близъко места съ стародавна свои лесы и боры, и дубровы, и гаи, в тых их лесехъ и борех, и дубровах, и въ гаехъ не мають мешчане на свои потребы местъские дерева брати на будованье домовъ и на дрова, нежли мають мешчане на свои потребы дерево брати около места в наших борехъ и лесех, и дубровахъ, и гаехъ, где здавъна будуть бирали, а въ бояръскии не мають брати. А естли бы которыи боярин своею доброю волею дозволилъ мешчаномъ въ своемъ лесе и борехъ, и дубровах дерево брати, ино то есть въ его воли”. Гэты пункт упершыню забараніў мяшчанам браць дрэва ў баярскіх лясах без згоды гаспадароў. Яго можна датаваць выключна 1511 г., бо раней, як вынікае з тэкстаў полацкіх мейскіх прывілеяў 1498 і 1509 г.40, мяшчане карысталіся правам браць дрэва на свае патрэбы ва ўсіх лясах на тры мілі вакол Полацка41.
Акрамя таго, на нашу думку, да дададзеных у склад ПЗП пры Жыгімонце Старым трэба залічыць наступныя пастановы, аднесеныя Я. Якубоўскім да часоў панавання Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча (1430-1440 гг.)42:
„А застав нам в Полтескъ никоторых полочаномъ николи не давати безъ ихъ воли” Сярод старажытных агульных пунктаў ПЗП і ВЗП гэтай пастановы няма. Цяжка пагадзіцца і з датаваннем яе 30-мі — пачаткам 40-х гг. XV ст. Падчас грамадзянскіх войнаў гэтай эпохі ў Вялікім Княстве Літоўскім Полацкая і Віцебская землі фактычна адначасова прызнавалі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра Ягелончыка, і, калі б згаданая пастанова была ўнесена ў склад ПЗП пры гэтых гаспадарах, суседні Віцебск, верагодна, таксама атрымаў бы падобныя гарантыі. Другая палова XV ст. была выключна мірным перыядам у гісторыі Полаччыны. З пачатку XVI ст. пад сценамі Полацка рэгулярна з’яўляюцца маскоўскія войскі43. У той жа час улады Вялікага Княства Літоўскага пачалі дасылаць у Полацк залогі („заставы”) з найманых жаўнераў. Так, напрыклад, ужо ў часы Аляксандра „лежалъ в Полоцъку Черънин съ служебными”44. Прысутнасць залог наймітаў часта выклікала незадаваленне насельніцтва і вялікакняская ўлада магла абавязацца не дасылаць іх сюды без згоды палачан.
У прывілеі Полацкай зямлі 1511 г. разглядаемая пастанова размешчана паміж наступнымі пунктамі: 1) „А въ заставу намъ бояръ и мешчанъ полоцких и посельских путниковъ не посылати” і 2) „А с нами имъ (палачанам — М. М.) быти готовымъ на воину”. Два апошнія пункты без разрыву паміж німі амаль у тых жа словах і дакладна ў тым жа парадку сустракаем у ВЗП, першапачаткова ідэнтычным ПЗП, і ў прывілеі Полацку на магдэбургскае права 1509 г., які, у адрозненні ад прывілею 1498 г., ізноў абавязаў полацкае мяшчанства несці конную вайсковую службу ў любы зручны для вярхоўных уладаў час45. У склад прывілею 1509 г. гэтыя пункты маглі трапіць толькі з тэксту ПЗП. Такім чынам у 1509 г., на момант выдання Жыгімонтам Старым прывілею Полацку на магдэбургскае права, разглядаемай пастановы, па ўсёй верагоднасці, у тэксце ПЗП яшчэ не было. Яе з’яўленне ў прывілеі Полацкай зямлі можна надзейна звязваць з пацвярджэннем дакумента ў 1511 г.
„А бобри гнати по старои пошлине”. Наяўнасць такой пастановы ў ПЗП неабходна звязваць з арыгінальным парадкам эксплуатацыі бабровых гонаў у Полацкай зямлі, якога не было ў суседняй Віцебскай. Яшчэ пры Казіміры Ягелончыку „вси мещане полоцкие и дворане городские и вси волостные люди” атрымалі права „бобры гонити и ловити” без кантролю з боку гаспадарскіх ураднікаў. За гэта яны абавязаліся кожны год уносіць да гаспадарскага скарбу 200 рублёў. У 1497 г. вялікі князь літоўскі Аляксандр толькі пацвердзіў такі парадак і зменшыў аплату да 100 рублёў у год46. На момант узнікненя пастановы, як вынікае з тэксту ПЗП, гэта „пошлина” мусіла быць ужо дастаткова старой. Найбольш верагодным момантам унясення пункту ў полацкі прывілей з’яўляецца пацвярджэнне ПЗП Жыгімонтам Старым у 1511 г. Ускосным сведчанем на карысць гэтай высновы служыць яго размяшчэнне ў тэксце ПЗП побач з артыкулам аб важніцы, які можна датаваць выключна гэтым годам.
2. Палажэнні, унесеныя ў полацкі прывілей пры Казіміры Ягелончыку (пасля 1447 г.).
Выдзеліць з полацкага прывілею першыя пяць пастановаў, унесеных у яго склад падчас рэдакцыі ПЗП 1451 г. не цяжка. Гэта, як адзначыў Я. Якубоўскі, амаль даслоўны пераказ 3, 4, 6, 8, 12 артыкулаў агульназемскага прывілею Казіміра Ягелончыка 1447 г. У складзе ПЗП гэтыя пастановы знаходзяцца нават у тым самым парадаку, як у прывілеі 1447 г.
„А хто кого обадит явно а любо таино, ино намъ его не казнити ни одною виною, ани именем, ни нятствомъ, ни серебромъ, ни шыею, олижъ поставити его очи на очи на явъномъ суду хрестиянъскомъ, и того, хто вадилъ, и того, хто на кого вадилъ, и досмотревъши межы ними правое нити, хто будеть што заслужилъ, какъ право вкажеть, такъ его казънити”47.
„А которыи которую вину будеть заслужилъ, ино того самого казнить по его вине. А жоны и детеи не заимати, а именья не рушати, нежли которыи будеть в томъ деле, а то ведал, тых казнити. Проступит ли отецъ, ино отца казнити, проступит ли сын, ино сына казнити, а отца за сынънюю вину не казънити, а сына за отцову вину не казънити, только того самого казнити, хто виноват будеть”48.
„Такъже хто держить отъчинная именя своя, а любо што кому будеть великии кн(я)зь Витовтъ далъ, и великии кн(я)зь Швитрыгаило далъ, и отец и братъ нашъ, короли их м(и)л(о)сти, што кому дали, и мы што кому дали, то ему держати, какъ в Королевъстве Полскомъ кн(я)зи и панове и мешчане держать. Въсхочет ли свое именье хто продати или заменити с кимъ, ино намъ або наместникомъ нашимъ явивши, продати и заменити”49.
„Такежъ которыи бояринъ а любо мешчанинъ соидеть съ сего света, ино жона тая, вдова, доколе на вдовъимъ стольцы седит и именьемъ мужънимъ володаеть, а коли всхочеть поити за иного мужа, ино ее силою замужъ не давати, а поити еи с тымъ, што еи будеть мужъ записалъ, а штобы то было с ведома племени перъвого мужа а любо и инымъ добримъ людемъ, а именья оставити детемъ, а не будеть детеи, ино братьи, а не будеть братьи, ино ближнимъ первого мужа”50.
„Такъже на бояръскии люди и на мешчанскии сябры децких намъ и наместникомъ нашимъ не давати, а будет ли кому кривъда, ино перъво в г(о)с(по)д(а)ра его искати правомъ. Пак ли не въсхочеть г(о)с(по)д(а)ръ его подобнымъ рокомъ права ему вчынити, ино намъ и наместникомъ нашимъ децъких давати, а вина, которая будеть осужена, ино г(о)с(по)д(а)ру своему заплатити”51.
Я. Якубоўскі звязваў з рэдакцыяй ПЗП 1451 г. яшчэ адзін пункт полацкага прывілею: „И тежъ и серебъшчину отъпустили есмо имъ вечъно”52. Акрамя таго, на нашу думку, да ўставак 1451 г. патрэбна аднесці і наступную пастанову ПЗП: „Такежъ и зъ боярских и з мешчанъскихъ селъ людемъ ненадобе никакою служъбою тягнути к нашимъ кн(я)жимъ дворомъ”. Сапраўды, толькі прывілей Казіміра Ягелончыка 1447 г., з якога, верагодна яны былі запазычаны, вызваліў прыватнаўласніцкіх сялян у Вялікім Княстве Літоўскім „от всего данья и заплаты, собранья вытягненя серебщизны” і ад „сенокошеня и иных несправедливых работ”. Пункты аб адмене серабшчызны і адмове ад выкарыстання працы баярскіх і мяшчанскіх сялян на гаспадарскіх дварах разам дастаткова дакладна перадаюць сэнс норм 10 артыкула прывілею 1447 г., якія маглі быць застасаваныя ў Полацкай зямлі ў сярэдзіне XV ст.53
3. Агульныя палажэнні полацкага і віцебскага земскіх прывілеяў.
Наяўнасць у складзе ВЗП і старэйшай частцы ПЗП шэрагу агульных пастановаў, якія фактычна ў тых жа словах і, у большасці выпадкаў, у тым жа парадку паўтараюцца ў двух дакументах, дае даследчыкам унікальную магчымасць узнавіць змест першапачатковых прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта. Застаецца толькі, услед за Я. Якубоўскім, высветліць ці ўсе палажэнні агульнай часткі ПЗП і ВЗП маглі існаваць у канцы XIV ст.
У ПЗП: „Напервеи, в ц(е)ркви Божи и в ыменья церковъные намъ не вступати ся, в дом Божии С(ве)т(о)го Софея и въ домъ Божи Светого Спаса, и в ыные домы церковъные намъ не въступати ся”. У ВЗП: „штожъ намъ въ домы церковныи, въ домъ Божий светое Богородицы, и въ домъ Божий Светого Духа, и тежъ въ домъ Божий Благовещенья Пречистое и въ иные церькви не вступатися”.
У ПЗП: „а въ купленины намъ полоцкии не въступати ся. Такъже и въ безадшчины ихъ и в отмеръшчины не вступати ся намъ”. У ВЗП: „и въ купленины, которыи будуть куплены зъ нашимъ дозволеньемъ, и въ безадщины и въ отмерщины Витебскии тежъ не маемъ вступатися”.
У ПЗП: „А черезъ поруку в нятство не сажати. А по муце веры не няти”. У ВЗП: „черезъ поруку въ железа ихъ не сажаючи, а ни въ которую муку”.
У ПЗП: „А холопу и робе веры не няти”. У ВЗП: „А холопу и робе веры не няти”.
У ПЗП: „А въ подводы намъ конеи в полочанъ не брати, ни въ поселскихъ путъниковъ, ни въ сябровъ городских”. У ВЗП: „А въ подводы коней въ городскихъ людей и въ поселскихъ путныхъ не брати”.
У ПЗП: „А старыхъ судовъ намъ не посуживати, ани своихъ судовъ судивъши не посуживати”. У ВЗП знаходзім тое самае, але разарванае на дзве часткі (падрабязна ніжэй, пры разглядзе парадку размяшчэння пастановаў у полацкім і віцебскім прывілеях эпохі Вітаўта): „А предковъ нашихъ великихъ князей судовъ не посуживати [...] а своихъ судовъ, судивши, не посуживати”. Я. Якубоўскі ў сваей рэканструкцыі прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта падае толькі першую частку гэтай пастановы: „А старыхъ судовъ намъ не посуживати”54. У тэксце ПЗП, змешчаным у „Актах, относящиеся к истории Западной России” (далей: АЗР), якім ён карыстаўся, другой часткі („ани своихъ судовъ судивъши не посуживати”) сапраўды няма55. Але гэта памылка выдаўцоў АЗР: у пазнейшых выданнях ПЗП, зробленых паводле таго самага тэксту (VIII кніга запісаў Літоўскай Метрыкі, арк. 494-497), пастанова пададзена цалкам56. У полацкім прывілеі знаходзім больш старажытную форму гэтага палажэння. „А предковъ нашихъ великихъ князей судовъ не посуживати” віцебскага прывілею, верагодна, з’яўляецца пазнейшай пераробкай.
У ПЗП: „А въ заставу намъ бояръ и мешчанъ полоцких и посельских путниковъ не посылати”. У ВЗП: „а въ заставу нигде Витблянъ не сажати”. У віцебскім прывілеі знаходзім больш старажытнае гучанне пастановы.
У ПЗП: „а с нами имъ быти готовымъ на воину”. У ВЗП: „А на войну быти имъ с нами посполу готовымъ”.
У ПЗП: „А по волости Полоцъкои воеводе нашому не езъдити. А поедет ли коли в ловы, ино по станомъ не дарити”. У ВЗП: „А по волости по Витебской воеводе нашому не ездити, а поедетъ въ ловы, ино его по станомъ не дарити”.
У ПЗП: „А доспееть ся в которог(о) полочанина татба, а доишчуть ся татбы, ино г(о)с(по)д(а)ру отъдати, а чого не достанет, ино татя выдати”. У ВЗП: „А станеться въ которого Витблянина татьба, а доищуться татьбы лицомъ, ино Витблянину вся татьба лицомъ вернути, а чого лицомъ не доищуться которое татьбы, ино истьцу съ татиного дому жоною его и детми заплатити его гибель, а въ томъ тати мы вольны, а не будетъ у татя чимъ платити татьбы, ино его истьцу выдати, и где его всхочетъ тамъ его денетъ”. Першапачаткова, па ўсёй верагоднасці, гэта пастанова прывілею Полацкай зямлі выглядала так, як у Віцебскім. Яна была скарочана і мадэрнізавана пры рэдакцыі ПЗП 1451 г. у сувязі з унясеннем у склад полацкага прывілею пераказу 4 артыкула агульназемскага прывілею Казіміра Ягелончыка 1447 г., які ўводзіў прынцып асабістай адказнасці за злачынства. У сувязі з новаўвядзеннямі „истьцу съ татиного дому жоною его и детми заплатити его гибель” было ўжо немажліва.
У ПЗП: „Такъже в которого полочанина загудять воскъ в Ризе или инъде, а приидеть до Полоцка, ино полочаномъ взяти тотъ воскъ к собе в городъ. А казнит полочаномъ по своему праву, а в то ся намъ не въступати”. У ВЗП: „А въ которого Витблянина загудятъ воскъ въ Ризе, або инде, а приедетъ до Витебска, ино Витбляномъ, самимъ, казнити виноватого, а намъ въ то не вступатися”. Наяўнасць толькі ў полацкім прывілеі прыпіскі „взяти тотъ воскъ к собе в городъ” тлумачыцца, верагодна, больш цеснымі кантактамі і багатай традыцыяй заключэння Полацкам гандлёвых дамоваў з Рыгай. Напрыклад, у дамове Полацка з Рыгай і Лівонскім Ордэнам канца 30-х — пачатку 40-х гг. XIV ст. знаходзім: „Ажо привезетъ нечистыи товаръ, а нелюбъ будеть, поехати ему назадъ со своимъ товаромъ, а свои князь тамо казнить его”57.
У ПЗП: „А полочаномъ наших рекъ ни озер не таити, а хто потаить, и мы тыхъ сказънимъ”. У ВЗП: „а Витбляномъ нашихъ рекъ або озеръ не таити, а хто потаитъ, ино намъ тыхъ карати”.
У ПЗП: „А полочаны намъ не дарыти ся никому”. У ВЗП: „А Витбляны намъ не даритися никому”.
У ПЗП: „Также есмо и мыта имъ отъпустили по въсеи нашои державе”. У ВЗП: „Также есмо имъ и мыта отпустили по всей отчине нашой вечно”.
У ПЗП: „А которые полочане межи собою побьют ся, а за децъкимъ простят ся, ино намъ куница шерстью з миршчыны”. У ВЗП: „Тежъ, которыи Витбляне межи собою побъються, а за децкимъ поеднаються, ино намъ куница шерстью зъ мирьщины”.
У ПЗП: „Такъже коли посварать ся полочане и выдадуть ся в кольце оба, ино то вина наша. А будеть ли одинъ выдасть ся, а другии не выдасть ся, то есмо имъ отъпустили”. У ВЗП: „ а коли о чомъ посваряться и выдадуть ся въ колце оба, то вина на насъ, а выдасть ся одинъ, а другий не выдасть ся, за то ихъ намъ не казнити”.
У ПЗП: „А за закладъную куницу брати по десяти грошеи, а боръцу по два грошы. Тежъ децкованья отъ рубля по чотыры гроши, а миля по грошу. А вл(а)д(ы)чнему слузе и боярскому по тому жъ децъкованье”. У ВЗП: „А за закладную куницу на насъ брати по десяти грошей, а борцу по два грошы, такожъ децкованье отъ рубля по чотыри грошы, а на милю по грошу, а владычиному слузе и боярскому потомужъ децкованье”.
Я. Якубоўскі лічыў немагчымым звязваць апошнія дзве пастановы, ідэнтычныя ў ПЗП і ВЗП, з першымі прывілеямі Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта і датаваў іх часам панавання Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча (1430-1440 гг.). У абарону свайго меркавання даследчык прыводзіў наступныя аргументы: 1) Гэтыя пастановы разрываюць лагічна звязаныя паміж сабой палажэнні: „А которые полочане (витбляне) межи собою побьют ся, а за децъкимъ простят ся, ино намъ куница шерстью з миршчыны. [устаўка] А такъже вл(а)д(ы)це на попех полоцких (витебскихъ) куница собраная шерстью”; 2) Цяжка ўявіць, каб ужо ў канцы XIV ст. у Полацку і Віцебску выкарыстоўвалася літоўская грашовая сістэма (1 рубель = 100 грошаў); 3) Неверагодна, каб пры наданні першага прывілею толькі што далучанай зямлі вялікі князь уваходзіў у такія падрабязнасці кіравання ёю, як памер судовых пошлін, якія збіраліся яго ўраднікамі58.
На наш погляд ва ўсіх трох выпадках аргументацыя Я. Якубоўскага не дасягае мэты: 1) Паміж згаданымі Я. Якубоўскім пастановамі не ўдаецца прасачыць цеснай лагічнай сувязі. Іх звязвае толькі знешняе падабенства формы пабору: „куницы шерстью”. Тое, што збіралася „на попех полоцких (витебскихъ)” немагчыма назваць штрафам ці судовай пошлінай; 2) У тэкстах ПЗП і ВЗП нічога не гаворыцца аб падзеле згаданага рубля менавіта на 100 грошаў. Гэта мог быць рэгіянальны рубель (варты на розных этапах існавання 50, 52.5, 60 грошам), які ў якасці грашова-вагавай адзінкі выкарыстоўваўся адначасова з пражскімі грошамі ў Падзвінні напрацягу амаль усяго XIV ст.59 У якасці грашовай адзінкі рубель згадваецца, напрыклад, у гандлёвай дамове Полацка з Рыгай і Лівонскім Ордэнам канца 30-х — пачатку 40-х гг. XIV ст.60; 3) Судовыя зборы з насельніцтва — гэта не дробязь, а адна з асноўных крыніцаў даходаў вярхоўнай улады і яе лакальных прадстаўнікоў. Аб іх значэнні можа сведчыць такі факт: у 1502 г., неўзабаве пасля ўвядзення ў Полацку магдэбургскага права і пераходу жыхароў места ў падсуднасць войту, намеснік полацкі Станіслаў Глябовіч скардзіўся: „што ж там мешкаючи на замъку нашом Полоцъком, и не маеть чым пожывитися — прысуды, што з мещан, вси отошли”61. Усе падобныя справы мелі добра зразумелы практычны сэнс для вялікіх князёў літоўскіх (у гэтым выпадку: „на насъ [вялікага князя — М. М.] брати по десяти грошей”) і павінны былі вырашацца ў першую чаргу.
Акрамя таго, цяжка ўявіць, каб праз 30-40 гадоў пасля надання Полацкай і Віцебскай землям прывілеяў, у склад двух розных дакументаў былі ўнесены ідэнтычныя змены (дакладна тое самае, у тым жа месцы, у тым жа парадку, у тых жа словах). У сувязі з гэтым, калі, услед за Я. Якубоўскім, прызнаць дзве апошнія пастановы прадуктам заканадаўчай дзейнасці Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча (1430-1440 гг.), застаецца ўвогуле паставіць пад сумненне мажлівасць існавання прывілею Віцебскай зямлі да часу панавання Казіміра Ягелончыка. Уласна кажучы ВЗП 1503 г. і не згадвае папярэдніх. У такім выпадку першы віцебскі прывілей мог быць у 1440-1447 гг. практычна спісаны з таго, што ўяўляў з сабе ПЗП да грунтоўнай перапрацоўкі яго тэксту ў 1451 г. Выключнае падабенства лёсаў Полацкай і Віцебскай зямель у XIV — першай палове XV стст., ролі і месца падзвінскіх аўтаномій у дзяржаўнай сістэме Вялікага Княства Літоўскага, а, таксама, слабасць аргументацыі Я. Якубоўскага ў гэтым канкрэтным выпадку прымушаюць адмовіцца ад такой гіпотэзы. Такім чынам згаданыя пастановы, як і іншыя палажэнні агульнай часткі ПЗП і ВЗП, можна смела звязваць з прывілеямі Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта.
У ПЗП: „А такъже вл(а)д(ы)це на попех полоцких куница собраная шерстью”. У ВЗП: „И тежъ Владыце на попехъ Витебскихъ зборная куница шерьстью”.
У ПЗП: „Такъже намъ, г(о)с(по)д(а)ру, давати намъ воеводу нашого полочаномъ по их воли, а которыи будеть воевода нашъ нелюбъ, и намъ имъ воеводу нашого дати по их воли. А приехавъши воеводе нашому к Полоцъку, перъвого дня ему крестъ целовати к полочаномъ на томъ, штожъ безъ их справы полочанина не казънити ни въ чомъ”. У ВЗП: „Такожъ имъ намъ давати воеводу по старому, по ихъ воли, и который имъ будетъ нелюбъ воевода, а обмовятъ его передъ нами, ино намъ воеводу имъ иного дати, по ихъ воли, а приехавши воеводе нашому къ Витебску, первого дня целовати ему крестъ къ Витбляномъ, на томъ, штожъ безъ права ихъ не казнити по вадамъ ни въ чомъ”.
У ПЗП: „Тежъ полочаномъ всимъ жити в Полоцъку добровольно, покуль хто хочеть. А будет ли которому полочанину от насъ насильство, намъ его силою не держати, ино ему чистъ путь, куда хто хочеть, безъ кажъдое зачепъки, а въ своем именьи совъсемъ воленъ ида прочъ продасть, а любо которому приятелю своему прикажеть, в то намъ не въступати ся”. У ВЗП: „Также Витбляномъ жити у Витебску доброволно, всякому, по старому, покуль хто всхочетъ, а которому Витблянину будетъ отъ насъ насилно, а будетъ ему нелюбо, намъ его силою не держати, ино ему путь чистъ, куды хочетъ, безо всякое зачепки, а пойти ему прочъ въ нашу отчину, въ Литву, не тайно, Светому Благовещенью чоломъ ударивши, и нашому воеводе объявивъся и своей братьи мужомъ Витбляномъ, а во своемъ именьи воленъ во всемъ, идя прочъ продастъ, або откажетъ, намъ въ то не вступатися”. „А пойти ему прочъ въ нашу отчину, въ Литву, не тайно, Светому Благовещенью чоломъ ударивши, и нашому воеводе объявивъся и своей братьи мужомъ Витбляномъ” віцебскага прывілею — гэта, верагодна, пазнейшая дапіска. Яна магла з’явіцца ў ВЗП у 1430-1447 гг.
У ПЗП: „А которыи полочанинъ иметь намъ о чомъ жаловати ся о насили, на полочанина жъ прыехавъши в Литву одинъ безъ истца, намъ з Литъвы децъкого не слати, писати намъ листъ свои к воеводе нашому, хотя о см(е)ртнои вине, ино ему судити по целованью, осудивши его, в Полоцъку жъ казнити виноватого по ихъ праву, с полочаны по испросу”. У ВЗП: „Такожъ который ся отъ насилья жаловати будетъ намъ Витблянинъ на Витблянина жъ, приехавъ въ Литву, и безъ истьца намъ на него децкого зъ Литвы не слати, давати ему нашъ листъ къ нашому воеводе, хотя бы о смертной вине, а ему судити по целованью, нашимъ судомъ, досмотревши права съ князи и зъ бояры и зъ мещаны, а осудивши его казнити у Витебску, по ихъ праву”. У полацкім прывілеі знаходзім больш старажытнае гучанне гэтай агульнай для ПЗП і ВЗП пастановы. Замена першапачатковага „с витбляны по испросу” на больш позняе „досмотревши права съ князи и зъ бояры и зъ мещаны” ў віцебскім прывілеі магла адбыцца не раней 30-х гг. XV ст., па меншай меры толькі з гэтага часу на Падзвінні выкарыстоўваецца тэрмін „мещане”, „местичи”62. У той час, калі ў ВЗП гэта пастанова была мадэрнізавана згодна з новай рэчаіснасцю, у ПЗП яна працягвала захоўваць у нязменным выглядзе старажытнае „с полочаны по испросу”. Верагодна, каб дадаткова патлумачыць з кім менавіта мусіў судзіць палачан намеснік-ваявода, у пазнейшы час (не раней 30-х гг. XV ст.) у склад ПЗП у іншым месцы была ўнесена наступная ўстаўка: „А мешчанъ одному не судити, судити ему з бояры и мешчаны”.
У ПЗП: „А чоломъбитье намъ в полочан приимати”. У ВЗП: „А чоломъбитье намъ у Витблянъ приймати”.
Усе агульныя пастановы ПЗП і ВЗП можна надзейна звязваць з прывілеямі падзвінскіх аўтаномій эпохі Вітаўта (1392-1399 гг.).
4. Палажэнні віцебскага земскага прывілею, якіх няма ў полацкім.
Я. Якубоўскі адзначыў, што палажэнне яўна старажытнага паходжання „а о обаде исправа дати” віцебскага прывілею функцыянавала па ўсёй верагоднасці ў прывілеі Полацкай зямлі эпохі Вітаўта, але было выкрэслена з тэксту ПЗП падчас рэдакцыі 1451 г. Гэта было зроблена ў сувязі з унясеннем у склад дакумента новай аб’ёмнай пастановы „А хто кого обадит явно а любо таино...” (пераказ 3 артыкула агульназемскага прывілею 1447 г.)63. На наш погляд падчас рэдакцыі ПЗП 1451 г. з яго складу быў выкрэслены не толькі гэты, але і яшчэ некалькі старажытных пунктаў, якія пасля ўнясення ў тэкст дакумента аб’ёмных пераказаў артыкулаў прывілею 1447 г. зрабіліся непатрэбнымі. Гэтыя пастановы захаваліся ў складзе першапачаткова ідэнтычнага з полацкім віцебскага прывілею, у які пасля 1447 г. істотныя змены не ўносіліся. Безумоўна, не ўсе палажэнні ВЗП, якіх няма ў ПЗП, могуць быць аднесены да гэтай катэгорыі, але ўважлівы разгляд апошніх пры параўнанні з новаўвядзеннямі рэдакцыі ПЗП 1451 г. дазваляе істотна ўдакладніць змест прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта.
Фактычна ў самым пачатку ВЗП 1503 г. знаходзім два наступныя пункты:
„И жонъ ихъ силою замужъ не давати”. Справа ідзе несумненна не аб грамадзянскіх правах жанчыны, а аб маёмасці ўдавы (для параўнання ў прывілеі суседняй Смаленскай зямлі 1505 г.: „А по смерти мужней, жоны зъ дому не двигнути и по неволи замужъ ихъ не давати”64. Падобнае, але больш падрабязна, знаходзім у пераказе 8 артыкула прывілею 1447 г., унесеным у ПЗП падчас рэдакцыі 1451 г. Таму, але толькі на першы погляд, гэты пункт мог функцыянаваць у полацкім прывілеі да 1451 г.
„А который Витблянинъ, вмирая, откажетъ остатокъ своего именья кому, и въ то намъ не вступатися”. Для параўнання ў смаленскім прывілеі 1505 г.: „А хто отходя съ того света кому прикажеть свой статокъ, того не рушити”65. У старажытнай частцы полацкага прывілею і сярод палажэнняў рэдакцыі ПЗП 1451 г. гэтай пастановы няма. Такім чынам у прывілеі Полацкай зямлі эпохі Вітаўта (як і ў ідэнтычным яму віцебскім) нічога падобнага не было. Неабходна адзначыць, што аналагічныя двум апошнім пастановам ВЗП пункты ў тым жа парадку і ў тым жа месцы (пасля палажэнняў аб царкоўнай і вымарачнай маёмасці) знаходзяцца таксама ў прывілеі Смаленскай зямлі 1505 г. На думку Я. Якубоўскага, Смаленская зямля атрымала свой першы прывілей толькі ў 1442 г.66 Верагодна пастановы аб „жонах” і аб праве завяшчаць сваю маёмасць былі ўнесены ў склад ВЗП толькі пры Казіміры ў 1440-1447 гг.67
Цяпер звернемся да старажытнага „а о обаде исправа дати” віцебскага прывілею, якое яшчэ на пачатку XX ст. прыцягнула ўвагу Я. Якубоўскага. Увогуле ў тэксце ВЗП 1503 г. пераказу 3 артыкула прывілею 1447 г. у ПЗП „А хто кого обадит явно а любо таино...” адпавядае па сэнсу не толькі гэты выраз, але і ўся ніжэй пададзеная канструкцыя, якой у полацкім прывілеі няма: „а о обаде (обада — паклёп, нагавор68) исправа (исправа — прычына, разбор справы і рашэнне69) дати [...] чинити намъ зъ Витбляны по испросу, а безъ исправы Витблянина не казнити [...] а вина прийдетъ, ино намъ ихъ по вине казнити [...] А на заочьное поведанье не верити, а хто иметъ намъ ихъ обмовляти, того намъ Витбляномъ объявити”. Уся першая частка тэксту выглядае дастаткова старажытна, каб лічыцца з мажлівасцю яе існавання ўжо ў эпоху Вітаўта. Толькі апошняя пастанова („А на заочьное поведанье...”) на наш погляд магла быць дададзена ў склад ВЗП пры Жыгімонце Кейстутавічу, які надзвычайна падазрона ставіўся да падданых, ці ў першыя гады панавання яго непасрэднага пераемніка Казіміра Ягелончыка.
Цяпер звернем увагу на вельмі істотныя палажэнні ВЗП аб формах землеўладання: „отчинах”, „купленинах” і „выслугах”. Першыя дзве з іх былі, несумненна, шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларускага Падзвіння яшчэ ў далітоўскую эпоху. Значна пазней з’явіліся на Русі і нават у XIV ст. заставаліся параўнаўча рэдкімі „выслуги”70 — умоўнае феадальнае землеўладанне ўзамен за абавязак нясення вайсковай службы.
Аб „отчинах” і „купленинах” у прывілеі Віцебскай зямлі знаходзім наступныя яўна старажытнага паходжання пункты, якіх няма ў ПЗП: „А отчинъ въ нихъ не отнимати, такожъ и въ села ихъ купленыи и въ поля не вступатися”, „А где чыя отчина, селца, реки, або озера, намъ и въ то не вступатися”. Акрамя таго, яшчэ адна старажытная пастанова аб набытай і вымарачнай маёмасці захавалася сярод агульных палажэнняў ПЗП і ВЗП (глядзець вышэй, у адпаведным раздзеле працы). Неверагодна, каб полацкі прывілей эпохі Вітаўта не ўтрымліваў, так як віцебскі, у сваім складзе гарантый недатыкальнасці самай старажытнай формы землеўладання — „отчины”. На наш погляд справа выглядала наступным чынам. Падчас рэдакцыі 1451 г. у полацкім прывілеі з’явілася новая аб’ёмная пастанова (пераказ 6 артыкула агульназемскага прывілею 1447 г.), якая дала атрымальнікам права вольна распараджацца „отчинами” і „выслугами”, але нічога, як і 6 артыкул прывілею 1447 г., з якога была запазычана, не казала аб „купленинах”. Пры гэтым са складу ПЗП былі выкрэслены як больш не патрэбныя ўсе ранейшыя пастановы аб „отчинах” і, калі такія ў дакуменце існавалі, аб „выслугах”. Вышэйзгаданы старажытны, агульны для ПЗП і ВЗП пункт аб „купленинах” і вымарачнай маёмасці апынуўся ў полацкім прывілеі на новым месцы адразу пасля пераказу 6 артыкула агульназемскага прывілею 1447 г., каб дапоўніць апошні. Другая згадка пра набытую маёмасць, якую зараз знаходзім толькі ў ВЗП („такожъ и въ села ихъ купленыи и въ поля не вступатися”), была таксама выкрэслена са складу ПЗП падчас рэдакцыі дакумента 1451 г. як дублюючая пакінуты пункт і з гэтай прычыны непатрэбная. Такім чынам гэтыя пастановы ВЗП аб „отчинах” і „купленинах” па ўсёй верагоднасці функцыянавалі ў канцы XIV — першай палове XV стст. і ў прывілеі Полацкай зямлі.
А зараз вернемся да пастановы віцебскага прывілею аб „выслугах”: „Тежъ который будетъ князь, або бояринъ, або слуга, або мещанинъ што выслужилъ на предкохъ нашихъ великихъ князехъ, того намъ у Витблянъ не отнимати по грамотамъ тыхъ князей”. Сацыяльная дыферэнцыяцыя атрымальнікаў палажэння (ужыты тэрмін „мещанинъ”) указвае на час яго ўзнікнення не раней 30-х гг. XV ст. Пастанова віцебскага прывілею, у адрозненні ад 6 артыкула прывілею 1447 г., не дае права вольна распараджацца „выслугами”, а ўказвае толькі на больш старажытную гарантыю „не отнимати”. Такім чынам яна магла быць унесена ў склад ВЗП пры Жыгімонце Кейстутавічу ці ў першыя гады панавання Казіміра Ягелончыка. Выраз „на предкохъ нашихъ великихъ князехъ” указвае хутчэй на 1440-1447 гг., па меншай меры Жыгімонт Кейстутавіч у сваім прывілеі 1434 г. згадвае толькі аднаго легітымнага на яго погляд папярэдніка, які раздаваў баярам землі — Вітаўта71.
Астатнія асобныя палажэнні прывілею Віцебскай зямлі маглі быць унесены ў яго склад як у 30-40-я гг. XV ст., так, магчыма (некаторыя з іх), і пры пацвярджэнні ВЗП Аляксандрам Ягелончыкам у 1503 г. Пералічым іх:
„А сябровъ городскихъ въ пригонъ нашъ не гнати, а ни въ подводы, а ни въ ловы”.
„Такожъ и въ весы Витебскии, а ни въ локоть намъ не вступатися, а коли который Витблянинъ у весехъ проступитъ, або у локти, ино Витбляномъ самимъ казнити виноватого, по своему праву, а намъ въ то не вступатися”.
„И еще пожаловали есмо ихъ, придали имъ, на садибу и на выгонъ, Койтинъ воръ, а Михайловский воръ, а Заручевьский воръ”.
„а местичовъ Витебскихъ зъ города Витебска не вести вонъ”.
„Такъже которыи будуть, Литвинъ, або Ляхъ, крещены были у Витебску въ Рускую веру, а хто изъ того роду и тепере живетъ, того намъ не рушити, права ихъ хрестияньского ни въ чомъ не ломити”.
5. Рэшта палажэнняў полацкага земскага прывілею.
Большасць астатніх пастановаў полацкага прывілею мае вузкі лакальны характар. Яны маглі быць унесены ў склад дакумента ў перыяд з 30-х гг. XV ст. па 1511 г., але дакладна датаваць час іх узнікнення вельмі праблематычна. Пералічым гэтыя палажэнні ў тым парадку, у якім яны знаходзяцца ў тэксце ПЗП, і пракаментуем некаторыя з іх:
„А в люди намъ боярскии не въступати ся”.
„А мешчанъ одному не судити, судити ему з бояры и мешчаны”. Верагодна гэты пункт быў унесены ў ПЗП не раней 30-х гг. XV ст. (падрабязна вышэй, у раздзеле аб агульных пастановах ПЗП і ВЗП).
„А воеводинымъ слугам тивунства городског(о) не держати, а с тивуномъ воеводинымъ слугам не ездити по волости Полоцкои”.
„А тивуну городскому давати на нашъ двор по три гроши на ден”.
„А на Черсвете воеводинымъ слугам не судити, судити тивуну по старои пошълине”.
„Такъже на Невли суди не быти и по всеи волости Полоцкои, судити воеводе на городе”.
„а в пригон попом и игуменомъ ко вл(а)д(ы)це не ходити”.
„А ц(е)рковныи домы присмотряти старостамъ городскимъ”.
„А церковъных земль вл(а)д(ы)чнымъ слугам не держати”.
„А грывострызцу по волости не ездити ани лну брати”.
„А воеводу городомъ не дарити”.
„А воеводе нашому отъ пригонов городских посуловъ не брати”.
„Также воеводе нашому отъ варь имати гостинца по полукопею всякое вара”. Магчыма гэтая пастанова была ўнесена ў ПЗП ужо пасля надання Полацку магдэбургскага права (1498 г.), калі мяшчане выйшлі з падсуднасці ваяводзе і апошні страціў значную частку сваіх прыбыткаў (падрабязна вышэй, у раздзеле аб агульных пастановах ПЗП і ВЗП). У такім выпадку яе трэба звязваць з пацвярджэннем полацкага прывілею Жыгімонтам Старым у 1511 г.
6. Парадак размяшчэння пастаноў у прывілеях Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта.
Неабходна вырашыць яшчэ адно пытанне: які парадак размяшчэння пастановаў (як у ПЗП 1511 г. ці ў ВЗП 1503 г.) быў у прывілеях падзвінскіх аўтаномій эпохі Вітаўта. Калі адкінуць з тэкстаў ПЗП 1511 г. і ВЗП 1503 г. усе яўна пазнейшыя ўстаўкі (глядзець папярэднія раздзелы), можна заўважыць наступнае: парадак размяшчэння старажытных палажэнняў у першай частцы Полацкага і Віцебскага земскіх прывілеяў да моманту „А въ заставу намъ бояръ и мешчанъ полоцких и посельских путниковъ не посылати” (у ВЗП: „а въ заставу нигде Витблянъ не сажати”) вельмі адрозніваецца. У другой частцы ПЗП і ВЗП, ад згаданай пастановы ён фактычна ідэнтычны (за выключэннем размяшчэння „А чоломъбитье намъ в полочан приимати” у самым канцы полацкага дакумента).
Падчас рэдакцыі 1451 г. у пачатку ПЗП з’явіліся аб’ёмныя пераказы 3, 4, 6, 8, 12 артыкулаў агульназемскага прывілею Казіміра Ягелончыка 1447 г. Адначасова са складу полацкага прывілею былі выкрэслены ўсе спрэчныя новаўвядзенням ці дублюючыя іх па сэнсу ранейшыя пастановы. Найбольш грунтоўна перапрацавана была менавіта першая частка ПЗП. Пры гэтым пастанова аб полацкіх цэрквах як вельмі важная для тагачаснага грамадства захавала сваё ранейшае месца ў самым пачатку тэксту дакумента, палажэнне аб набытай і вымарачнай маёмасці апынулася пасля пераказу 6 артыкула прывілею 1447 г. (падрабязна вышэй, у раздзеле аб пастановах ВЗП, якіх няма ў ПЗП), пункт аб „чоломъбитьи” трапіў у самы канец ПЗП, а астатнія невыкрэсленыя старажытныя палажэнні першай часткі полацкага прывілею былі размешчаны фактычна адзіным блокам пасля пераказу артыкулаў прывілею 1447 г.
Вельмі цяжка сказаць як фарміраваўся наступны, захаваны ў складзе ВЗП яўна старажытны фрагмент тэксту: „А о обаде исправа дати. А предковъ нашихъ великихъ князей судовъ (у ПЗП „старыхъ судовъ ”) не посуживати, чинити намъ зъ Витбляны по испросу, а безъ исправы Витблянина не казнити, а своихъ судовъ, судивши, не посуживати, а вина прийдетъ, ино намъ ихъ по вине казнити”. Лагічна было б падзяліць яго на дзве часткі: 1) аб немажлівасці перагляду „старых” і „своих” судовых спраў (пазначана курсівам), 2) усё астатняе (пададзена звычайным шрыфтам). Верагодна некаторыя пастановы гэтага заблытанага фрагмента ВЗП маглі паходзіць яшчэ з дамоваў („рядов”) палачан са сваімі князямі, а некаторыя з’явіліся толькі ў часы Вітаўта. На наш погляд, у прывілеі Полацкай зямлі да сярэдзіны XV ст. функцыянаваў ці такі самы, ці вельмі падобны ўрывак тэксту. Але падчас рэдакцыі 1451 г. усе ранейшыя пастановы, якія па сэнсу адпавядалі пераказу 3 артыкула прывілею 1447 г. (пададзены звычайным шрыфтам), былі зліквідаваны, а палажэнні аб „старых” і „своих” судах (пададзеныя курсівам) былі аформлены як асобны пункт і размешчаны ў тэксце ПЗП у блоку невыкрэсленых з яго складу старажытных пастаноў пасля пераказаў артыкулаў прывілею 1447 г.
Такім чынам менавіта ВЗП 1503 г. захаваў у сваім складзе першапачатковы парадак размяшчэння пастановаў з прывілеяў падзвінскіх аўтаномій канца XIV ст. Дарэчы, Я. Якубоўскі таксама лічыў чарговасць старажытных палажэнняў тэксту ВЗП больш лагічнай, чым ПЗП, і пры рэканструкцыі прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта прытрымліваўся яе амаль без выключэнняў72.
7. Рэканструкцыя прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта.
Застаецца толькі прапанаваць уласную рэканструкцыю прывілеяў Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта, якая істотна адрозніваецца ад зробленай Я. Якубоўскім. Адразу адзначым, што яе падзел на абзацы не заўсёды згодны падзелу на асобныя пастановы (у некаторых месцах зрабіць гэта вельмі цяжка) і хутчэй адпавядае тым блокам, якімі тэксты Полацкага і Віцебскага земскіх прывілеяў даследаваліся на старонках гэтай працы. Рэканструкцыя пададзена звычайным шрыфтам, бо не з’яўляецца тэкстам гістарычнай крыніцы, а толькі вынікам навуковага даследавання. У святле ўсяго вышэйсказанага прывілеі Полацкай і Віцебскай зямель эпохі Вітаўта маглі выглядаць наступным чынам:
„Напервеи, в церкви Божи и в ыменья церковъные намъ не вступати ся, в дом Божии Светого Софея и въ домъ Божи Светого Спаса (въ домъ Божий светое Богородицы, и въ домъ Божий Светого Духа, и тежъ въ домъ Божий Благовещенья Пречистое), и в ыные домы церковъные намъ не въступати ся.
А въ купленины намъ полоцкии (витебскии) не въступати ся. Такъже и въ безадшчины ихъ и в отмеръшчины не вступати ся намъ
А въ подводы намъ конеи в полочанъ (витблянъ) не брати, ни въ поселскихъ путъниковъ, ни въ сябровъ городских.
А холопу и робе веры не няти.
А о обаде исправа дати. А старыхъ судовъ намъ не посуживати, чинити намъ зъ полочаны (витбляны) по испросу, а безъ исправы полочанина (витблянина) не казнити, а своихъ судовъ, судивши, не посуживати, а вина прийдетъ, ино намъ ихъ по вине казнити.
А чоломъбитье намъ в полочан (у витблянъ) приймати.
А черезъ поруку в нятство не сажати.
А по муце веры не няти.
А отчинъ въ нихъ не отнимати, такожъ и въ села ихъ купленыи и въ поля не вступатися.
А въ заставу нигде полочан (витблянъ) не сажати.
А на войну быти имъ с нами посполу готовымъ.
А по волости Полоцъкои (по витебской) наместнику нашому не ездити, а поедетъ въ ловы, ино его по станомъ не дарити.
А станеться въ которого полочанина (витблянина) татьба, а доищуться татьбы лицомъ, ино полочанину (витблянину) вся татьба лицомъ вернути, а чого лицомъ не доищуться которое татьбы, ино истьцу съ татиного дому жоною его и детми заплатити его гибель, а въ томъ тати мы вольны, а не будетъ у татя чимъ платити татьбы, ино его истьцу выдати, и где его всхочетъ тамъ его денетъ.
А въ которого полочанина (витблянина) загудятъ воскъ въ Ризе, або инде, а приедетъ до Полоцка (Витебска), ино (полочаномъ) витбляномъ, самимъ, казнити виноватого, а намъ въ то не вступатися.
А где чыя отчина, селца, реки, або озера, намъ и въ то не вступатися.
А полочаномъ (витбляномъ) нашихъ рекъ або озеръ не таити, а хто потаитъ, ино намъ тыхъ карати.
А полочаны (витбляны) намъ не даритися никому.
Также есмо имъ и мыта отпустили по всей отчине нашой вечно.
А которыи полочане (витбляне) межи собою побъються, а за децкимъ поеднаються, ино намъ куница шерстью зъ мирьщины.
А коли о чомъ посваряться и выдадуть ся въ колце оба, то вина на насъ, а выдасть ся одинъ, а другий не выдасть ся, за то ихъ намъ не казнити.
А за закладную куницу на насъ брати по десяти грошей, а борцу по два грошы, такожъ децкованье отъ рубля по чотыри грошы, а на милю по грошу, а владычиному слузе и боярскому потомужъ децкованье.
А владыце на попехъ полоцких (витебскихъ) зборная куница шерьстью.
Такожъ имъ намъ давати наместника по старому, по ихъ воли, и который имъ будетъ нелюбъ наместник, а обмовятъ его передъ нами, ино намъ наместника имъ иного дати, по ихъ воли, а приехавши наместнику нашому къ Полоцъку (Витебску), первого дня целовати ему крестъ къ полочаномъ (витбляномъ), на томъ, штожъ безъ права ихъ не казнити по вадамъ ни въ чомъ.
Также полочаномъ (витбляномъ) жити у Полоцъку (Витебску) доброволно, всякому, по старому, покуль хто всхочетъ, а которому полочанину (витблянину) будетъ отъ насъ насилно, а будетъ ему нелюбо, намъ его силою не держати, ино ему путь чистъ, куды хочетъ, безо всякое зачепки, а во своемъ именьи воленъ во всемъ, идя прочъ продастъ, або откажетъ, намъ въ то не вступатися.
Такожъ который ся отъ насилья жаловати будетъ намъ полочанинъ (витблянинъ) на полочанина (витблянина) жъ, приехавъ въ Литву, и безъ истьца намъ на него децкого зъ Литвы не слати, давати ему нашъ листъ къ нашому наместнику, хотя бы о смертной вине, а ему судити по целованью, осудивши его, в Полоцъку (Витебску) жъ казнити виноватого по ихъ праву, с полочаны (витбляны) по испросу”.
У заключэнні неабходна адзначыць, што паколькі любыя рэканструкцыі прывілеяў падзвінскіх аўтаномій эпохі Вітаўта не з’яўляюцца гістарычнымі дакументамі, а толькі вынікам даследавання тэкстаў прывілеяў Полацкай 1511 г. і Віцебскай 1503 г. зямель, карыстацца імі неабходна з выключнай асцярожнасцю.
Streszczenie
Księstwa Połockie i Witebskie, które w XIII i XIV w. znalazły się w składzie Wielkiego Księstwa Litewskiego zdołały zapewnić sobie w obrębie tej państwowości znaczną autonomię. Księstwa cieszyły się uprzywilejowaną pozycją jeszcze od czasów Witolda, lecz odpowiednie przywileje zostały wydane w czasach Aleksandra I i Zygmunta Starego — dla Ziemi Witebskiej w 1503, a dla Połockiej w 1511 roku. W tym czasie status owych ziem miał wiele regulacji prawnych, szczególnie za panowania Kazimierza Jagiellończyka. Przywileje określały rolę bojarstwa i mieszczaństwa, regulowały ich zobowiązania w kwestii obronności, sposób zarządzania tymi prowincjami państwa.
1 Акты относящиеся к истории Западной России собранные и изданные Археографическою Комиссиею (далей: АЗР), Петербург 1846, т. 1, с. 351-353; Петербург 1848, т. 2, с. 86-90.
2 М. Н. Ясинский, Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства, Киев 1889, с. 51-57.
3 И. Якубовский, Земские привилеи Великого Княжества Литовского, „Журнал Министерства Народного Просвещения”, 1903, июнь, с. 263-279.
4 Пазней перадрукаваныя лацінскімі літарамі гл.: Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386-1430 (zebrał i wydał J. Ochmański), Warszawa — Poznań 1986, s. 5-8.
5 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 296-301.
6 S. Kutrzeba, Historja ustroju Polski w zarysie, t. 2, Litwa (wyd. 2), Lwów 1914, s. 41-43; В. И. Пичета, Полоцкая земля в начале XVI в., [в:] В. И. Пичета, Белоруссия и Литва XV-XVI вв. (Исследования по истории социально-экономического, политического и культурного развития), Москва 1961, с. 215-224.
7 Я. Якубоўскі заўважыў, што замена Свідрыгайлы на Скіргайлу ў тэксце ПЗП — гэта памылка. Свідрыгайла, а не Скіргайла, быў пераемнікам Вітаўта на вялікакняскім пасадзе. Да таго ж аб прывілеях Скіргайлы, які не быў у поўным сэнсе „гаспадаром” і толькі кароткі час з’яўляўся намеснікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім, нічога не вядома (И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 264). З гэтым тэзісам Я. Якубоўскага не пагадзіўся В. Пічэта (В. И. Пичета, Полоцкая земля... , с. 218.). На нашу думку ў ПЗП справа сапраўды ідзе пра Свідрыгайлу (аб яго прывілеях палачанам гл.: Полоцкие грамоты (далей: ПГ), Москва 1978, т. 2, с. 183).
8 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 263-264.
9 М. Н. Ясинский, Уставные земские..., с. 56; И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 264.
10 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 264.
11 Там жа, с. 265.
12 Там жа, с. 268, 297-298.
13 Там жа, с. 275-279.
14 М. Н. Ясинский, Уставные земские..., с. 56.
15 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 269-270.
16 Там жа, с. 272.
17 Там жа, с. 273; М. К. Любавский, Литовско-русский сейм, Москва 1900, с. 109.
18 ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 183.
19 Там жа, с. 156; ПГ, Москва 1980, т. 3, с. 61.
20 А. Л. Хорошкевич, Очерки социально-экономической истории Северной Белоруссии в XV в. (авт. канд. дисс.), Москва 1974, с. 50-51.
21 Белоруссия в эпоху феодализма (далей: БЭФ), Минск 1959, т. 1, с. 270.
22 АЗР, Петербург 1846, т. 1, с. 351-353; Lietuvos Metrika, Knyga 8 (1499-1514), Vilnius 1995, s. 290-292.
23 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 270.
24 Там жа, с. 271-272.
25 БЭФ, т. 1, с. 270.
26 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 273.; ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 163.
27 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 273-274.; ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 163.
28 АЗР, Петербург 1848, т. 2, с. 86-90.; ПГ, Москва 1980, т. 3, с. 85-92.; Lietuvos Metrika, Knyga 8..., s. 451-454.
29 Напрыклад: „и великий князь Скиркгайло (на самой справе ў тэксце „Швитрыгаило” — М. М.) далъ” (АЗР, Петербург 1848, т. 2, с. 87); „всхочетъ ли свои именья хто продати, или отдати (апошнія два словы ўстаўка выдаўцоў АЗР — М. М.), или заменити съ кимъ” (там жа, с. 87); „ино тую вину (апошнія два словы ўстаўка выдаўцоў АЗР — М. М.) господарю своему заплатити” (там жа, с. 87); „А воеводе нашому Полоцкому (апошнія тры словы ўстаўка выдаўцоў АЗР — М. М.) мещанъ одному не судити” (там жа, с. 87); і шэраг іншых выпадкаў.
30 Напрыклад, па А. Л. Харашкевіч пераказ 6 артыкула прывілею 1447 г. у ПЗП выглядае так: „Так же кто держить отъчинная имен(ь)я своя, а любо што кому будеть великии кн(я)зь Витовт дал, и великии кн(я)зь Швитрыгаило дал, и отец и брат наш короли их м(и)л(о)сти, што кому дали, и мы што кому дали, то ему держати, как в королевъстве Пол(ь)ском кн(я)зи и панове и мешчане держать. (Новы абзац — М. М.) Всхочет(ь) ли свое именье хто продати или заменити с ким, ино нам або наместником нашим явивши, продати и заменити” (ПГ, Москва 1980, т. 3, с. 86-87). У гэтым месцы можна было паставіць двукроп’е, але ніяк не падзел на абзацы, бо палажэнне штучна разарвана на дзве часткі. Віленскае выданне 1995 г. таксама, асабліва гэта датычыць пачатку прывілею, уводзіць неабгрунтаваны падзел на абзацы-артыкулы (Lietuvos Metrika, Knyga 8..., s. 452).
31 АЗР, Петербург 1846, т. 1, с. 351-353.
32 Lietuvos Metrika, Knyga 8..., s. 290-292.
33 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 274.
34 ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 156.
35 Там жа, с. 163.
36 Там жа, с. 175-176.
37 ПГ, Москва 1980, т. 3, с. 57.
38 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 274.
39 Там жа.
40 ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 156; Москва 1980, т. 3, с. 61.
41 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 274.
42 Там жа, с. 299.
43 М. М. Кром, Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в., Москва 1995, с. 182-199.
44 Беларускі архіў, Менск 1928, т. 2, с. 192.
45 ПГ, Москва 1980, т. 3, с. 62.
46 ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 145-147.
47 У прывілеі 1447 г.: „Также предреченым прелатом, княжатом, рытерам, шляхтичом, бояром, местичом предреченых земль Вел. Кн. Лит., Руского, Жемоитского дали есмо: штож ни на жадного обмовление явное или тайное, — тых княжат, рытеров, шляхтичов, бояр, местичов не будем казнити, ни именьи, ани пенязьми, ни нятством, ни кровью, олижь очи-в-очи, оба посполь явно стануть на суде, вподлуг права христианского, который ж будеть у подлуг переможенья права виноват, подлуг обычая и права Коруны Полское мають быти казнены и сужены, подлуг их великости проступков” (БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 125).
48 У прывілеі 1447 г.: „Також за проступку, каково ль коли проступить, нихто иный, только тот виноватец, хто проступить, подлуг права христианского имать быти казнен; штож ни жена за проступку мужа своего, а ни отец за проступку сына, а ни иный прироженый, а ни слуга, только олиж бы был причастник тое проступки, только выймуючы проступки против нашого господарства” (БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 125).
49 У прывілеі 1447 г.: „Також предречены и княжата и рытеры, шляхтичи, бояре, местичи, именья свои и отчины, што им даное, а любо дарованое через освяченого кн. Александра, нареченного Витовта, достойной памяти дяди нашего, и через освяченого кн. Жигимонта даные и дарованые, которыи ж держали, и имаюче и володеюче из их даровання привильями, достаточным светочством, твердостю листов возмогуть досветчити: с правом мають держати, якож то княжата и рытеры, шляхтичи, бояре и местичи у Коруне Польской свои именья держать, и добровольную моць мають продати и заменити и зычити, и дарити, и к своему лепшому обернути; а коли тыи именья продаючи, заменяючи изыначаюче, даруюче, перед нами а любо перед нашими наместники имають здати” (БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 126).
50 У прывілеі 1447 г.: „А також, коли некоторому князю, рытеру, шляхтичю и местичу с того света пригодилось бы изыйти, тогды удову у в именьи мужа ея оставити хочем так долго, как долго будеть на столци вдовьем седети: ажь, пак, коли которая усхочет к другой свадьбе приити, маеть быти дана, когож выбереть. А дети, аж будут первого мужа, в именьи мають остати: аж, пак, не будет детей первого мужа, ино ближним именье первого мужа, якож и иныи удовы у Коруне Полской держать” (БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 126).
51 У прывілеі 1447 г.: „Також на подавание предреченых княжат, рытерев, шляхтичов, бояр, местичов децких не дамо; олиж бы первей от пана, которому ж тот поддан, который кривду вчинил, правда пожадана была, ач бы он на рок не хотел к праву поставити; тогды наш децкий, а любо наших заказников имать быти послан; а виноватый, который вину заслужил — пану своему, а не иному будеть обязан заплатити” (БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 127).
52 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 273.
53 У прывілеі 1447 г.: „А теж вси а каждый особне, селяне и подданные княжатом, рытерем, шляхтичом, бояром и местичом наших земель Вел. Кн. Лит., от всего данья и заплаты, собранья вытягненя серебщизны и теж мер, которыи же дякла реченыи суть, от воженя каменя, протесов бревен и дерева на жженя плит, а любо мелу на городы, сенокошеня и иных несправедливых работ выпущеный и будуть вольны и выняты, выменуючи работы на будованье городов нашых новых потребных, а старых поправленья; теж княжатом, рытерем, шляхтичем селян данных и подданых и через нас им дарованых також выимаюче” (БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 126).
54 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 297.
55 АЗР, Петербург 1848, т. 2, с. 88.
56 ПГ, Москва 1980, т. 3, с. 87; Lietuvos Metrika, Knyga 8..., s. 452.
57 ПГ, Москва 1977, т. 1, с. 40.
58 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 267-268, 300.
59 Ш. И. Бектинеев, Периодизация денежного обращения на территории Беларуси с IX в. до Люблинской унии 1569 г., „Гістарычна-археалагічны зборнік”, Мінск 1994, № 4, c. 8-12.
60 ПГ, Москва 1977, т. 1, c. 40.
61 ПГ, Москва 1978, т. 2, с. 198.
62 ПГ, Москва 1977, т. 1, c. 132.
63 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 265-266.
64 М. К. Любавский, Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно, Москва 1915, с. 370.
65 Там жа.
66 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 281.
67 Там жа, с. 271.
68 И. И. Срезневский, Материалы для словаря древне-русского языка по письменным памятникам, Петербург 1895, т. 2, стлб. 497.
69 И. И. Срезневский, Материалы для словаря..., Петербург 1893, т. 1, стлб. 1132.
70 И. Я. Фроянов, Киевская Русь. Главные черты социально-экономического строя, Санкт-Петербург 1999, с. 166-178.
71 БЭФ, Минск 1959, т. 1, с. 120.
72 И. Якубовский, Земские привилеи..., с. 268-269.
|