БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 20

Спробы мадэрнізацыі эканомікі ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст.

Ірына Кітурка
(Гродна)

У беларускай гістарыяграфіі другая палова ХVІІІ ст. у гаспадарчым развіцці Вялікага Княства Літоўскага выдзяляецца ў асобны перыяд і характарызуецца як час эканамічнага ўздыму і некаторых палітычных пераўтварэнняў1, аднак тэрмін „мадэрнізацыя” адносна гэтага часу не ўжываецца2. Упершыню другую палову ХVІІІ ст. у беларускай гісторыі аднёс да „эпохі мадэрнізацыі” А. Латышонак, які лічыць, што гэтая эпоха працягвалася апошнія два з паловай стагоддзі і асноўнай тэндэнцыяй гісторыі Беларусі была менавіта мадэрнізацыя грамадства3.

Сапраўды, у шырокім разуменні тэрмін „мадэрнізацыя” падразумявае значна большае, чым толькі эканамічнае развіццё. Ён азначае эвалюцыю ўсяго грамадства — палітычных, эканамічных, культурных, сацыяльных адносінаў. Аднак у рамках даіндустрыяльнага грамадства гэты тэрмін азначае інавацыйны працэс на аснове традыцыі, устойлівай асновы грамадства. У першую чаргу, гэта развіццё рынкавых адносінаў у сельскай гаспадарцы ў спалучэнні з элементамі гандлёвага капіталізму4. Часам такіх пераўтварэнняў у Беларусі, на думку аўтара, стала менавіта другая палова ХVІІІ ст.

Папярэдні перыяд (II палова ХVІІ і пачатак ХVІІІ ст.) быў для эканомікі Беларусі, бадай што, самым цяжкім. Калі ў ХVІІ-ХVІІІ ст. у перадавых краінах Еўропы адбываўся працэс хуткага накаплення капіталу, а ў 60-я гады ХVІІІ ст. у Англіі ўжо пачаўся прамысловы пераварот, то ўлады Вялікага Княства Літоўскага двойчы аказваліся перад неабходнасцю падымаць з руінаў гаспадарку, разбураную падчас казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг., вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за беларускія і ўкраінскія землі 1654-1667 гг. і Паўночнай вайны 1700-1721 гг. Працяглыя ваенныя дзеянні штучна перарывалі натуральны працэс эканамічнага жыцця, і практычна на працягу стагоддзя галоўнай задачай станавілася не развіццё, а адбудова зруйнаванай гаспадаркі. Толькі да сярэдзіны ХVІІІ ст. эканамічнае становішча сельскай гаспадаркі Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню.

Мадэрнізацыі эканомікі ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. садзейнічаў гаспадарчы рост, які быў абумоўлены павелічэннем попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю як на землях Княства ў сувязі з ростам гарадоў, так і на збожжавых рынках Еўропы; пэўным урэгуляваннем унутрыдзяржаўнага ладу, прыняццем законаў, якія абмяжоўвалі права вета па фінансавых справах, ліквідавалі мытныя пошліны, уводзілі адзіную сістэму мераў і вагі.

Станоўчы ўплыў на эканамічнае развіццё ў ВКЛ аказала хваля рэфарматарскай актыўнасці, якая ў згаданы час пракацілася па Заходняй Еўропе. Добрая эканамічная кан’юнктура ажывіла прамысловасць і гандаль, спрыяла развіццю аграрных тэхналогій. У гэтым была немалая заслуга фізіякратаў, якіх злосна і няслушна называлі „сялянамі ў карунках”5 і ідэі якіх былі добра вядомы ў ВКЛ.

Спрыяць паляпшэнню эканамічнай сітуацыі на землях Вялікага Княства павінна было заснаванне, згодна з рашэннем канвакацыйнага сейма 1764 г., Эканамічнай Рады Літоўскага Скарбу (Скарбавай камісіі). У тэксце сеймавай канстытуцыі падкрэслівалася, што галоўнай мэтай стварэння гэтага спецыяльнага дзяржаўнага органа было жаданне ўладаў „як найлепей назаўсёды арганізаваць парадак Літоўскага скарбу і памножыць яго даходы праз увядзенне лепшага кіравання і гаспадарання на карысць Рэчы Паспалітай”6.

Першапачаткова ў склад Скарбавай камісіі, якую ўзначальваў вялікі літоўскі падскарбі, уваходзілі яшчэ два чалавекі з сената і сем асобаў шляхецкага паходжання, якіх выбіралі на сейме7. У поўным складзе Эканамічная Рада Літоўскага Скарбу павінна была праводзіць пасяджэнні два разы на год (з 2 студзеня і з 1 ліпеня) па шэсць тыдняў кожнае і не менш, „хіба толькі справаў і рахункаў не будзе”8. Месцам пасяджэнняў Скарбавай камісіі ВКЛ быў прызначаны Гродзенскі замак, дзе размяшчаўся і скарбавы архіў.

У кампетэнцыі Эканамічнай Рады Літоўскага Скарбу знаходзілася вырашэнне большасці асноўных гаспадарчых пытанняў: кантроль за фінансамі, размеркаванне і збор падаткаў, ажыццяўленне судовых функцый па фінансавых справах, прызначэнне скарбавых афіцыялістаў і зняцце з пасады тых, хто дрэнна выконваў свае абавязкі, нагляд за гандлем і ўвогуле за эканамічным становішчам у краіне9.

Паколькі ўся праца камісараў Скарбавай камісіі павінна была садзейнічаць павелічэнню прыбыткаў дзяржаўнага скарбу, то ў абавязак ім таксама ставіўся разгляд любых прапановаў па рэфармаванню і ўдасканаленню эканомікі. У некаторых выпадках такія прапановы друкаваліся і выносіліся на шырокае абмеркаванне. Фактычна, улады запрашалі да дыскусіі ўсіх, хто меў якія-небудзь думкі наконт магчымасці паляпшэння вядзення гаспадаркі.

Аснову эканомікі Рэчы Паспалітай складала сельская гаспадарка, і адзін з першых праектаў, які трапіў на стол Скарбавай камісіі ўжо 5 сакавіка 1765 г. тычыўся менавіта аграрных пераўтварэнняў у Брэсцкай і Кобрынскай каралеўскіх эканоміях. Аўтарам праекта быў каморнік Віленскага ваяводства Людвік Кройц.

На сённяшні дзень яшчэ шмат якія факты біяграфіі гэтага чалавека застаюцца невядомымі10. З упэўненасцю можна сказаць толькі тое, што Л. Кройц стаў прыкметнай асобай у Вялікім Княстве ў 1765 г., менавіта пасля прадстаўлення свайго праекта аб рэфармаванні эканомій. Вывучэнне і аналіз вядомых на сённяшні дзень нешматлікіх дакументаў, якія тычацца дзейнасці Л. Кройца, даюць падставы сцвярджаць, што быў ён чалавекам здольным, кемлівым і дасведчаным у эканамічных пытаннях. У 1765 г. Л. Кройц быў прызначаны генеральным мернічым ВКЛ, і праводзіў рэвізію дзяржаўных уладанняў. У 1769 г. ён прапанаваў на разгляд Скарбавай камісіі цікавы мемарыял „Данясенне пра стан Шавельскай эканоміі”, у якім утрымліваліся некаторыя практычныя парады для павелічэння даходаў з яе. Вядома, што ў 1772 г. Л. Кройц склаў дакладную мапу гэтай эканоміі, а ў 1773 г. ужо не жыў11.

Праект Кройца адразу зацікавіў Скарбавую камісію, паколькі ў ім прапаноўвалася „без усялякага абцяжарвання падданых” амаль у два з паловай разы павялічыць даход з Брэсцкай і Кобрынскай эканомій (з 135 000 тынфаў да 324 383 тынфаў). Па словах самога аўтара, „фундаментам гэтага праекта” з’яўлялася адмена паншчыны, ліквідацыя фальваркаў і замена ўсіх сялянскіх павіннасцей агульным падвышаным чыншам12. Л. Кройц лічыў правядзенне такога мерапрыемства важным і неабходным у сувязі з тым, што ў эканоміях „значна павялічылася колькасць падданых, а недахоп грунтаў прымушае іх выходзіць у земскія добры”13. Гэта была адна з галоўных прычын, па якой Л. Кройц прапаноўваў з мэтай павелічэння даходнасці сталовых уладанняў неадкладна раздаць фальваркавае ворыва сялянам на чынш.

Ён палічыў сваім абавязкам даказаць, што адмена паншчыны і ўвядзенне падвышаных грашовых выплатаў не будзе з’яўляцца надзвычай цяжкім для падданых. Л. Кройц заўважыў, што калі падлічыць па 15 грошаў за дзень толькі паншчыну, якую 4 дні ў тыдзень выконвалі сяляне згодна з апошнім інвентаром 1742 г., то гэта ўжо будзе 50 тынфаў. А калі дадаць іншыя падаткі і павіннасці, то атрымаецца значна большая сума, чым прапаноўваў увесці Кройц (у залежнасці ад якасці глебы ад 40 да 50 тынфаў пры адсутнасці ўсялякіх іншых работ і поплат), а рэальныя даходы эканомій пры існуючай падатковай сістэме — значна меншыя14. Таму Л. Кройц зрабіў выснову, што скасаванне паншчыны будзе найбольш мэтазгодным як з пункту гледжання эфектыўнасці гаспадарання, так і адносінаў падданых да гэтага мерапрыемства15. Да таго ж, відавочна, што рэалізацыя згаданага праекта садзейнічала б узмацненню сувязей сялянскай гаспадаркі з рынкам, паколькі для выплаты грашовай рэнты сяляне павінны былі б прадаць частку сваёй прадукцыі.

Ужо 5 сакавіка 1765 г., у дзень паступлення праекта Л. Кройца ў Скарбавую камісію, камісарамі было складзена спецыяльнае данясенне на імя караля, у якім паведамлялася пра гаспадарчыя прапановы Л. Кройца. Пры гэтым падкрэслівалася, што праект выглядае грунтоўна, бо ўсе разлікі падмацаваны мапай Брэсцкай і Кобрынскай эканомій, складзенай самім аўтарам16.

Аднак далейшыя падзеі сведчаць пра тое, што з прапановамі Л. Кройца былі азнаёмлены і пэўныя колы грамадскасці, паколькі вакол праекта адразу разгарнулася сапраўдная інтрыга. У дыскусію ўступіў апошні арандатар гэтых эканомій граф Ежы Флемінг. Ён не толькі адчуў сябе абражаным словамі аўтара праекта, што „такога прыбытку пан граф Флемінг ніякімі спосабамі пры найлепшым гаспадарстве даць на зможа, а таму ад кантракта трэба адмовіцца”17, але і небеспадстаўна палічыў іх небяспечнымі для сябе.

На працягу 23 гадоў (з 1742 па 1765 г.) Е. Флемінг быў нязменным арандатарам Брэсцкай і Кобрынскай эканомій. Па ўмовах кантракта ён быў абавязаны ўносіць пэўныя грашовыя выплаты ў скарб, перыядычна праводзіць рэвізію ўладанняў і „імкнуцца дапамагчы як мага большай колькасці падданых, здольных да гаспадарства, не чакаючы за гэта ніякай узнагароды”. Набор такіх стандартных выразаў утрымліваўся ў той час амаль у кожным кантракце на арэнду. Але на самой справе арандатары, і граф Е. Флемінг у тым ліку, у першую чаргу бачылі ў арэндзе крыніцу папаўнення ўласнага багацця.

Часовыя трымаўцы звычайна не клапаціліся аб захаванасці і перспектывах гаспадарчага развіцця атрыманых уладанняў, прычым ім не забаранялася перадаваць маёнткі ў субарэнду іншым асобам. Імкнучыся павялічыць свае прыбыткі, арандатары часта парушалі „ўставы” эканомій, павялічвалі сялянскія падаткі і павіннасці, аднак дакументальна гэта не фіксавалася.

Так, за 23 гады інвентар Брэсцкай і Кобрынскай эканомій складаўся толькі адзін раз — у 1742 г. пры заключэнні першага кантракта на арэнду, але відавочна, што гаспадарчы стан эканомій да 1765 г. змяніўся18. Таму граф Е. Флемінг не быў зацікаўлены ў падтрымцы ўладамі праекта Л. Кройца. Ужо 14 сакавіка 1765 г. ён звярнуўся ў Скарбавую камісію з заявай, у якой спрабаваў пераканаць камісараў і караля ў тым, што рэалізацыя праекта віленскага каморніка наогул немагчымая.

У адрозненне ад Л. Кройца, які прадставіў усё ў падлічаным выглядзе (колькасць зямлі, памер падаткаў і агульную суму даходу), Е. Флемінг не прывёў фактычна ніводнага слушнага доваду супраць, а абмежаваўся толькі агульнымі заўвагамі, што ў эканоміях шмат пустога грунту, „а калі рабацізну скасаваць, то і той, які ўжываюць фальваркі, застанецца парожнім”19. Яшчэ граф Е. Флемінг выказаў сваё перажыванне за сялян з нагоды таго, што яны вельмі „ўбогія” і не здолеюць выплачваць чынш.

Гэтыя заўвагі Л. Кройц не мог пакінуць без адказу. 21 сакавіка ён прадставіў Скарбавай камісіі яшчэ адзін дакумент, у якім не столькі імкнуўся абараніць свой праект, колькі хацеў паказаць некампетэнтнасць і недасведчанасць у справах эканомій іх былога арандатара. Л. Кройц іранічна заўважаў, што Е. Флемінг прывёў даныя як мінімум з інвентара 1742 г., але з таго часу ўжо больш за 20 гадоў прайшло і стан у эканоміях значна змяніўся20, а сяляне „за вольнасць” (у даным выпадку — за свабоду ад паншчыны) і больш заплацяць21. Па ўсёй відавочнасці, віленскі каморнік быў упэўнены ў поспеху свайго праекта і нават прапанаваў правесці яго апрабацыю. Па меркаваннях Л. Кройца, Генеральная камісія на працягу месяца магла б разабрацца на месцы і даць заключэнне — „альбо праект, альбо даўнім звычаем кіравацца павінны”22.

Такая рэфарматарская ініцыятыва не магла не звярнуць на сябе ўвагу ўладаў. Ужо ў красавіку 1765 г. Людвік Кройц „за практычныя здольнасці” быў прызначаны генеральным мернічым у сталовых добрах Вялікага Княства Літоўскага23. А хуткасць, з якой развіваліся падзеі, і шчырая зацікаўленасць дзяржаўнай улады ў прадстаўленых прапановах падштурхнулі яго ўнесці ў маі 1765 г. на разгляд Скарбавай камісіі другі праект, які на гэты раз тычыўся новаўвядзенняў у гарадах Брэсцкай і Кобрынскай эканомій.

З пункту гледжання Л. Кройца, неабходна было пабудаваць у Брэсце замкавы бровар і цагельню, а ў Кобрынскай эканоміі для ажыўлення гандлю заснаваць горад Станіславаў-Каралеўскі з кірмашамі, таргамі, крамамі, гасцінцамі. Аднак пры гэтым ён чарговы раз падкрэсліў, што „толькі ўвядзенне новай эканомікі пры раздачы фальваркавых грунтаў на чынш можа прывесці да парадку ў эканоміях”24.

Такая актыўнасць Кройца яшчэ больш закруціла інтрыгу вакол яго праектаў. У выніку іх рэалізацыі Л. Кройц абяцаў павялічыць каралеўскі скарб амаль на 400 000 тынфаў. Але сваё важкае слова павінен быў сказаць чалавек, які спецыяльным каралеўскім распараджэннем ад 8 сакавіка 1765 г. быў прызначаны генеральным адміністратарам усіх сталовых эканомій у ВКЛ — Антоній Тызенгаўз.

Камісары Скарбавай камісіі ўжо 16 сакавіка 1765 г. азнаёмілі А. Тызенгаўза з праектам Л. Кройца. Ён з цікавасцю сачыў за пісьмовай дыскусіяй паміж віленскім каморнікам і графам Е. Флемінгам, аднак, яго афіцыйнае рэзюмэ на гэты конт застаецца невядомым. Пры гэтым, з ускосных фактаў, у прыватнасці з пісьма А. Тызенгаўза да караля ад 15 мая 1765 г. становяцца зразумелыя яго агульныя адносіны да асноўнай ідэі Кройца — ачыншавання падданых: „Разбураць фальваркі і чыншаваць хлопаў — я ніколі не прытрымліваўся такога меркавання, асабліва ў Брэсцкай, Кобрынскай і Оліцкай эканоміях. А паколькі гэты праект паказвае толькі даход у гатовых грошах і не паказвае цяжкасцей гаспадарання, то, бяручы пад увагу стан краю і сялян, такі падыход лічу небяспечным”25. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтая заўвага А. Тызенгаўза мела рашаючае значэнне. Больш за тое, пасля прызначэння яго 6 чэрвеня 1765 г. на пасаду надворнага падскарбія ВКЛ, Станіслаў Аўгуст уручыў А. Тызенгаўзу ключы ад каралеўскай скарбніцы і фактычна надзяліў яго неабмежаванымі паўнамоцтвамі ў каралеўскіх эканоміях. Такім чынам, лёс праекта Кройца быў прадвызначаны.

Генеральны адміністратар каралеўскіх эканомій не падтрымаў праект Л. Кройца па рэфармаванню Брэсцкай і Кобрынскай эканомій, паколькі меў уласны план мадэрнізацыі гэтых уладанняў. Менавіта ў гэты час у Еўропе ізноў рэзка ўзняўся попыт на збожжа, і А. Тызенгаўз меў на мэце павелічэнне прыбыткаў каралеўскага скарбу іншым шляхам — шляхам аднаўлення ў эканоміях фальваркаў у якасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, асноўнай мэтай дзейнасці якіх станавіўся таварны характар вытворчасці збожжа26. Як бачым, план А. Тызенгаўза кардынальным чынам адрозніваўся ад праекта Л. Кройца і быў заснаваны на поўнасцю супрацьлеглых прынцыпах — аднаўленні паншчыны, хаця ж і з паляпшэннем апрацоўкі зямлі і выкарыстаннем тагачаснай заходнееўрапейскай тэхнікі.

Ва ўсіх эканоміях ВКЛ быў праведзены цэлы шэраг гаспадарчых мерапрыемстваў: перамер зямлі, рэарганізацыя і ўпарадкаванне сялянскага землекарыстання, заснаванне „камунальных магазінаў” — спецыяльных збожжавых фондаў, прызначаных для сялян на выпадак агульнага неўраджаю ці стыхійнага бедства, а таксама арганізацыя „камунальных касаў”, грошы з якіх ішлі на добраўпарадкаванне вёсак, утрыманне доктара, вясковага радзільнага дома і інш. Разам з тым, была ўведзена новая сістэма падаткаабкладання, згодна з якой сяляне з роўнага для ўсіх асноўнага надзелу ў 1/4 частку валокі (5,34 га) абавязаны былі адпрацаваць 2 дні паншчыны ў тыдзень на фальваркавым ворыве. У дадатак была падвышана і колькасць дзён шарваркаў, гвалтаў, талокаў.

На першых парах даходы з эканомій ВКЛ сапраўды выраслі. Аднак, калі Л. Кройц прапанаваў павялічыць прыбытак каралеўскага скарбу з Брэсцкай і Кобрынскай эканомій у два з паловай разы „без усялякага абцяжарвання падданых”, то А. Тызенгаўз дабіўся такога выніку ў першую чаргу дзякуючы ўзмацненню павіннаснага ўціску. Паншчына, уведзеная ў другой палове ХVІІІ ст. у каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ была ў чатыры разы большай нават у параўнанні з сярэдзінай ХVІ ст. — 2 дні з валокі ў тыдзень у ХVІ ст. і 2 дні з 1/4 часткі валокі ў адпаведнасці з рэформай А. Тызенгаўза.

У архівах захаваліся цэлыя тамы сялянскіх скаргаў на імя караля, у якіх вяскоўцы „з болем і стогнам” прасілі вярнуць ім „стан даўні чыншавы”. Аднак перапіска паміж А. Тызенгаўзам і Станіславам Аўгустам сведчыць аб тым, што кароль у пераважнай большасці выпадкаў не чытаў адрасаваныя яму суплікі, а перасылаў іх генеральнаму адміністратару з рэмаркай: „Прашу інфармаваць мяне, што я магу адказаць валашчанам, якія кожны дзень суплікамі мяне турбуюць”27. У выніку, А. Тызенгаўз разглядаў сялянскія скаргі на самога сябе. У сваіх універсалах ён адказваў сялянам, што менавіта і вяртае „даўні стан”, які быў уведзены згодна з палажэннямі аграрнай рэформы яшчэ ў сярэдзіне ХVІ ст.

Відавочна, што адміністрацыя эканомій і сяляне ўкладвалі зусім розны сэнс у паняцце „стан даўні”. Для першых гэта была адпрацовачная павіннасць, якая замацавалася на беларускіх землях у выніку валочнай памеры. Сяляне ж разумелі пад „даўніной” перавод на грашовую рэнту, які быў ажыццёўлены ў сталовых эканоміях ВКЛ з мэтай хутчэйшага аднаўлення гаспадаркі пасля ваенных знішчэнняў другой паловы ХVІІ ст.

Такім чынам, змяненне афіцыйнай эканамічнай палітыкі ад практыкі поўнага пераводу сялян каралеўскіх эканомій на грашовую рэнту да аднаўлення там фальваркава-паншчыннай сістэмы і рэарганізацыі сялянскага землеўладання ў іх, сапраўды дазволіла скарбу на некаторы час павялічыць даходы з гэтых уладанняў. За 12 гадоў кіравання А. Тызенгаўзам сталовымі эканоміямі (1765-1777) скарб атрымліваў у сярэднім 1 533 485 польскіх злотых штогод, пры максімуме ў 1770 г. — 2 015 651 злотых і мінімуме ў 1772 г. — 1 022 683 у сувязі са стратай Магілёўскай эканоміі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай28. Да гэтага часу найбольшая сума даходу з эканомій была ў 1764 г., пры трыманні іх Е. Флемінгам, і складала 900 000 злотых. Аднак атрыманыя з эканомій даходы ад продажу збожжа не выкарыстоўваліся для ўдасканалення сельскай гаспадаркі ў іх, а накіроўваліся пераважна на ажыццяўленне „вялікага мануфактурнага плана”, які быў галоўнай мэтай рэфарматарскай дзейнасці А. Тызенгаўза ў накірунку мадэрнізацыі эканомікі.

Дзякуючы заканадаўчым новаўвядзенням, стварэнню спецыяльнай сістэмы падтрымкі дзяржаўнай прамысловасці, своеасаблівай сістэмы „пратэкцыянізму”, А. Тызенгаўз хацеў за невялікі тэрмін арганізаваць у аграрнай краіне развітую прамысловасць. Такія памкненні знайшлі сваё адлюстраванне, напрыклад, у інструкцыі, дадзенай паслам Гродзенскага павета, якія былі абраны на сейм 1766 г. (адным з яе складальнікаў быў А. Тызенгаўз). Згодна з дакументам, паслы павінны былі дамагацца шырэйшых правоў для развіцця прыватных мануфактур, што садзейнічала б затрыманню такім чынам грошай у краіне, укладванню іх у развіццё ўласнай вытворчасці і памнажэнню, дзякуючы гэтаму, агульнага дабрабыту29.

Ужо ў той час узровень развіцця эканомікі дзяржавы залежаў у тым ліку і ад адукаванасці краіны, яе агульнай культуры. Натуральна, што А. Тызенгаўз, які шмат ездзіў па Еўропе, добра гэта разумеў і як дзяржаўны чалавек высокага ўзроўню імкнуўся вырашыць разам з эканамічнымі шэраг праблемаў сацыяльнага, навуковага і культурнага характару. Аднак стварэнне па плану А. Тызенгаўза адначасова больш за 20 мануфактур патрабавала вялікіх сродкаў на арганізацыю вытворчасці на іх: закупку абсталявання, сыравіны, плату замежным майстрам. Таму генеральны адміністратар вырашыў „зэканоміць” на выкарыстанні на мануфактурах у якасці асноўнай рабочай сілы дарэмнай працы каралеўскіх сялян, якія павінны былі такім чынам адпрацоўваць паншчыну.

Узятага ў Галандскім банку крэдыту не хапала, і ў мануфактурную вытворчасць укладваліся таксама грошы, атрыманыя ад продажу фальваркавага збожжа. У дадатак, дзеці сялян каралеўскіх эканомій забіраліся ў Гродна, часта прымусова, для навучання ў школах будаўнікоў, муляроў, цесляроў і інш., каб потым працаваць на мануфактурах.

Другая палова ХVІІІ ст. была для Рэчы Паспалітай часам зараджэння капіталістычных адносін, у аснове якіх ляжыць першапачатковае накапленне капіталу. На тэрыторыі Беларусі, як і ўсёй Рэчы Паспалітай, на гэтым шляху існавала шмат перашкод, звязаных з грамадскай і палітычнай феадальнай структурай. Гэта вынікала з манаполіі шляхецкай уласнасці на зямлю і падданства сялян, якое стрымлівала адток рабочай сілы ў гарады. Пры такім раскладзе, існаванні нізкаякаснай тэхнікі і перавазе трохполля немагчыма было думаць аб павелічэнні прадукцыі.

Найбольшымі грашовымі сродкамі распараджаліся магнаты, якія маглі дазволіць сабе на ўласную рызыку нейкія эксперыметы з мэтай павелічэння сваіх прыбыткаў. Але ў большасці сваёй шляхта ВКЛ не стала інвестарам прамысловасці, як гэта было ў Нідэрландах і Англіі, а менавіта „інвестыцыйная інтэрвенцыя” мае выключнае значэнне для працэсу эканамічнага ўздыму і выйсця са стагнацыі30. Таму ў сваіх пачынаннях адміністратар каралеўскіх эканомій мог разлічваць толькі на дзяржаўныя пазыкі і крэдыты, а таксама на дарэмную працу каралеўскіх сялян.

Аднак патрыятычныя памкненні А. Тызенгаўза не вырашылі, а, наадварот, узмацнілі аграрную праблему ў сталовых эканоміях. У 1770 г. віцэ-адміністратар Брэсцкай эканоміі пан Ляскоўскі скардзіўся каралю на тое, што „ў сялян лепшыя землі пад фальваркі забралі, а іх на пяскі перавялі”31.

У 1775 г. вялікі літоўскі гетман Міхал Агінскі даносіў каралю, што па ўсіх літоўскіх эканоміях адбываецца разбурэнне сялянскіх хат і перасяленне некалькіх сем’яў да адной хаты, каб менш плаціць падаткаў (падымнага). А гэта прыносіла шмат стратаў вайсковай касе Рэчы Паспалітай32.

Крытычнай кропкі дасягнула гаспадарчае становішча ў сталовых эканоміях у 1777 г. Так, у Гродзенскай эканоміі, якая з’яўлялася цэнтрам эканамічных і культурных пераўтварэнняў А. Тызенгаўза, з 1765 г. па 1780 г. колькасць насельніцтва зменшылася прыкладна на 8%. Разам з тым, нічога не вядома пра якія-небудзь эпідэміі ці іншыя здарэнні такога кшталту на тэрыторыі Гродзеншчыны ў гэты час. Напрыклад, у дакуменце аб стане Скідальскага ключа гэтай эканоміі за 1777 г. насупраць значнай колькасці сялянскіх прозвішчаў адзначалася — „паншчыны эканамічнай не адпрацоўвае, пайшоў за хлебам”33. Сяляне збягалі з каралеўскіх уладанняў і наймаліся на працу ў прыватныя шляхецкія маёнткі, дзе падаткаабкладанне было адчувальна меншым.

На скарбавай гаспадарцы фатальна адбівалася і тое, што з 1775 г. А. Тызенгаўз адыгрываў вядучую ролю на пасяджэннях Скарбавай камісіі. Асноўным лічыўся яго голас пры абмеркаванні кандыдатур скарбавых афіцыялістаў. У выніку на гэтыя пасады выбіраліся людзі або палітычна залежныя ад А. Тызенгаўза, або тыя, хто быў заангажаваны ў гаспадарчых інтарэсах надворнага падскарбія34.

31 мая 1777 г. А. Тызенгаўз выдаў універсал, які па зместу і стылю напісання з’яўляецца хутчэй асабістым зваротам генеральнага адміністратара да сялянства эканомій, чым дзяржаўным дакументам. На пачатку ўніверсалу А. Тызенгаўз заўважыў, што з часу панавання Станіслава Аўгуста ўсе намаганні сеймаў былі накіраваны на тое, каб увесці ў каралеўскіх эканоміях ВКЛ лепшае ўпарадкаванне і лепшае гаспадарства, „паколькі парадак ёсць душа ўсіх рэчаў (...) ён заахвочвае валашчан да працы, бароніць ад ляноты, ажыўляе прамысловасць у гаспадарцы, ахоўвае ўласнасць кожнага, і сяляне становяцца больш здольнымі да выплаты скарбавых падаткаў”35.

Ён нагадаў насельніцтву эканомій, што былыя арандатары дбалі не пра пратэкцыю і дапамогу для сялян, а думалі толькі пра ўласныя выгады, пры іх кіраўніцтве заняпалі скарбавыя двары, корчмы, млыны; зараслі грунты; дарогі, масты і паромы сталі не прыдатныя для ўжывання. А зараз перамеры зямлі ўжо скончыліся, павіннасці вызначаны, парадак наведзены і засталося толькі спакойна жыць і працаваць.

Фразеалогія наступнага звароту генеральнага адміністратара да падданых эканомій з’яўляецца зусім нечаканай і нетыповай: „Улюбёныя сяляне (Kochane kmiоtkowie)! Толькі ўпартая ваша невядомасць колькі разоў зрывала і не давала ходу маім стараннасцям, якія толькі дла вашага дабра ўводзіліся. Найгоршыя даўнія звычаі (па ўсёй верагоднасці, чынш — І. К.) былі для вас мілымі, а лепшыя мае навізны — прыкрымі”36.

Складваецца ўражанне, што гэты ўніверсал А. Тызенгаўза быў адрасаваны не столькі сялянам, колькі шырокай грамадскасці з мэтай нагадаць пра створаны ім адміністрацыйны парадак у эканоміях, у параўнанні з папярэднім перыядам, і падкрэсліць пры гэтым адсутнасць уласнай выгады, а толькі клопат пра інтарэсы каралеўскага скарбу.

Але палітыка нарастаючага ціску на асноўнага вытворцу не спрыяла ўмацаванню сялянскай гаспадаркі. Так, у Гродзенскай эканоміі з 1765 г. па 1780 г. адбыліся наступныя змены: агульная колькасць гаспадарак зменшылася з 11 251 да 10 181 (на 9%), а колькасць насельніцтва — на 7,7%. Гэта было не толькі вынікам уцёкаў сялян з дзяржаўных уладанняў у прыватныя маёнткі, дзе памеры феадальнай рэнты былі ніжэйшымі, але і вынікам натуральнага змяншэння прыросту насельніцтва37. Разам з тым, нічога невядома пра якія-небудзь эпідэміі ці іншыя здарэнні такога кшталту на тэрыторыі Гродзеншчыны ў гэты час. Таму цяжка ўявіць, каб без усялякіх на тое падставаў у мірныя гады так рэзка ўзрасла смяротнасць насельніцтва менавіта ў дзяржаўных уладаннях.

Разам з тым, змянілася характарыстыка сялянскіх гаспадарак у каралеўскіх сталовых эканоміях і па іншых параметрах. Так, у той жа Гродзенскай эканоміі колькасць сялянскіх коней з 1765 г. па 1780 г. зменшылася на 5 811 адзінак (з 9 379 да 3 568), валоў — з 9 260 да 9 011 (разам колькасць запрэжак зменшылася з 18 639 да 12 695, ці на 32%)38. Натуральна, што паляпшэннем гаспадарчага стану такія вынікі не дасягаюцца.

У дадатак, тавары, выпушчаныя на мануфактурах, не знаходзілі рынку збыту, і гэта, разам з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў эканоміях, адмоўна адбівалася на паступленнях у скарб. І ў 1777 г. высокі палітычны рэйтынг надворнага падскарбія пачаў імкліва падаць: у гэтым годзе А. Тызенгаўз быў адхілены ад кіраўніцтва каралеўскімі ўладаннямі, а ў 1780 г. — пазбаўлены іншых дзяржаўных пасадаў.

У 80-я г. ХVІІІ ст. праблема неабходнасці ачыншавання ці захавання паншчыны з’явілася прадметам больш актыўнай дыскусіі. Прыхільнікі паншчыны падмацоўвалі свае погляды немагчымасцю і недазволенасцю парушыць „даўнія звычаі”. Іх супраціўнікі звярталі ўвагу на тое, што ўсе законы выдавалі „Кароль і Народ”39, а паколькі ўмовы жыцця змяніліся, то „Кароль і Народ” не толькі могуць, але і абавязаны ўдасканаліць правы і прывілеі40.

У Скарбавую камісію ізноў пачалі паступаць усякага роду праекты па павелічэнню прыбыткаў у скарб. Так, у 1782 г. у Скарбавую камісію са сваімі прапановамі двойчы звяртаўся каралеўскі шамбелян Томаш Адам Урускі. Згодна з яго меркаваннем, неабходна было ў эканоміях ВКЛ як мага хутчэй зліквідаваць фальваркі, якія знаходзіліся на значнай адлегласці і для апрацоўкі якіх падданыя павінны былі некалькі міляў хадзіць. Раздача такіх фальваркавых грунтаў на чынш, на думку Урускага, „была б карыснай для скарбу і павялічыла б аседласць, а значыць і чынш, што не саступала б даходам з фальварку”41.

Яго прапановы тычыліся таксама і павелічэння даходу з гарадоў. Так, ён лічыў карысным драўляныя дамы ў Гродне на Гарадніцы, у якіх жылі скарбавыя людзі, нічога не плацілі і не ўтрымоўвалі іх „у належным стане”, прадаць рамеснікам на аўкцыёне, „бо ўласнасць дому прывяжа рамесніка да горада, а для скарбу будзе паступаць чынш”42.

Далейшае развіццё каралеўскіх эканомій у Беларусі паказвае, што адбылася пэўная пераарыентацыя дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да гэтага віду ўладанняў. У 1780 г. было ліквідавана каля 25 дзён паншчыны ў год і розных дробных пабораў на суму ад 10 да 15 злотых з гаспадаркі, відавочна павялічылася колькасць чыншавых гаспадарак (за 4 гады на 5 %). Сялян сталовых эканомій пераводзілі на чынш цэлымі вёскамі і нават ключамі. Складзенае ў 1782 г. Урускім данясенне каралю наконт стану ў літоўскіх эканоміях сведчыць, што „зробленыя паслабленні і ільготы далі магчымасць амаль усім падданым лепш брацца за гаспадарства і садзейнічалі таму, што шмат збеглых назад вярнуліся”43.

Ужо на пачатковай стадыі паслабленне павіннаснага ціску з боку дзяржавы прынесла свае плёны. Статыстычныя даныя аб гаспадарчым становішчы ў Гродзенскай і Брэсцка-Кобрынскай эканоміях за 1780 і 1783 гг., прыведзеныя ніжэй у табліцы, паказваюць змены амаль кожнага параметра ў бок павелічэння. Пры росце сельскага насельніцтва эканомій за тры гады на 4%, прырост коней склаў у сярэднім 17% (у Гродзенскай эканоміі — 28,9%, у Брэсцка-Кобрынскай — 5,1%), кароў — 30,4% (адпаведна — 45,6 і 15,2), авечак — 65,9 % (адпаведна — 98 і 33,7%).

Зразумела, што такое хуткае павелічэнне пагалоўя жывёлы мела ў аснове таварны характар. У сувязі з гэтым у севазвароце ўзрасла доля кармавых раслінаў — аўса, канюшыны. Павелічэнне пагалоўя жывёлы дало большую колькасць угнаенняў, што ў сваю чаргу садзейнічала павелічэнню ўраджайнасці збожжавых. У кнізе Фернана Брадэля „Час свету” гэта атрымала назву „дастойнага кола”44.

Дынаміка прыросту насельніцтва, цяглавай і прадукцыйнай жывёлы ў Гродзенскай і Брэсцка-Кобрынскай эканоміях за перыяд з 1780 да 1783 гг.

Складзена аўтарам паводле: ГАСА, ф. AK, спр. III/163, арк. 1.

Аб эканамічным росце ў ВКЛ у апошняй трэці ХVІІІ ст. сведчыў і актыўны гандлёвы баланс. Суадносіны дынамікі экспарту і імпарту на працягу 1789-1791 гг. паказваюць, што назіралася трывалая тэндэнцыя да павелічэння вывазу. Так, калі ў 1789 г. перавышэнне вывазу над увозам было на суму 500 тыс. злотых, у 1790 г. — 1 600 тыс. злотых, то ў 1792 г. гэтая сума дасягнула амаль 4 млн. злотых45. За 6 гадоў (з 1786 па 1791) экспарт зерня з ВКЛ павялічыўся больш чым у 3 разы, лесу і лясных тавараў — у 2,5 разы, бавоўны — амаль у 3 разы, у 2 разы жывёлы46. Практычна 80% экспарту складалі тавары сельскай гаспадаркі. Гэта сведчыла аб дамінаванні аграрных рысаў у эканоміцы ВКЛ, а таксама аб пашырэнні сельскагаспадарчай вытворчасці і росце таварнай прадукцыі.

Такім чынам, мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі ў ВКЛ на пачатковым этапе была звязана, у першую чаргу, з выкарыстаннем новых формаў апрацоўкі глебы, паўторнымі ўзворваннямі, павелічэннем ролі жывёлагадоўлі, што ў прынцыпе не пярэчыла такім самым працэсам у Заходняй Еўропе, дзе да сярэдзіны ХІХ ст. машынная тэхніка адыгравала таксама нязначную ролю: сеялка, якая была зроблена ў 1733 г., выкарыстоўвалася ў сярэдзіне ХVІІІ ст. толькі ва Усходнім Норфалку, у іншых месцах — з пачатку ХІХ ст.; трохкутны плуг (1731 г.), які дазваляў узворванне на двух конях пры адным чалавеку, не выкарыстоўваўся да 1870-х г.; да 1830 г. звычайнымі прыладамі працы на англійскіх фермах былі цэп, серп і каса47.

Пры гэтым, відавочна, што ў час існавання даіндустрыяльнага грамадства, калі змены ў аграрным сектары ў значнай ступені вызначалі агульны стан эканамічнага жыцця, рашаючы ўплыў на гаспадарчае развіццё мела палітыка ўлады ў адносінах да сялян і землеўладальнікаў, а таксама яе роля ў збіранні падаткаў і размеркаванні прывілеяў. Змяненне ў 80-я г. ХVІІІ ст. накірунку скарбавай гаспадарчай палітыкі ў бок паслаблення падаткова-павіннаснага абкладання, змяншэння паншчыны ці нават поўнага вызвалення ад яе сялян каралеўскіх сталовых эканомій у ВКЛ і такім чынам прадстаўлення ім пэўнай эканамічнай свабоды з’явілася стымулам для развіцця іх гаспадарчай ініцыятывы і агульнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Streszczenie

Druga połowa XVII i początek XVIII wieku dla ekonomii białoruskiej był najgorszym okresem od wielu stuleci. Wojny wyniszczyły kraj ekonomicznie i doprowadziły do załamania demograficznego. Ożywienie zaczęło następować dopiero w drugiej połowie XVIII wieku wraz z odbudową miast, wzrostem zapotrzebowania na żywność, uruchomieniem rynku wewnętrznego. Rozwojowi gospodarczemu sprzyjała także polityka państwa, a szczególnie działalność Rady Ekonomicznej Skarbu Litewskiego, często zwanej Komisją Skarbową. Podstawą gospodarki Rzeczypospolitej było rolnictwo. Pierwsze projekty opracowywane przez Komisję dotyczyły właśnie rolnictwa. Autorem eksperymentalnego rozwiązania był Ludwik Krojc, który zaproponował reformę w dobrach brzeskiej i kobryńskiej ekonomii królewskich. Zmiany zmierzały w kierunku likwidacji folwarków i oczynszowania chłopów. Projekt Krojca realizowany był na znacznie szerszym obszarze za sprawą Antoniego Tyzenhausa, generalnego administratora dóbr państwowych na terenie WKL.

 


1 Гл. напр.: Эканамічная гісторыя Беларусі (пад. рэд. В. І. Галубовіча), Мінск 1998, с. 108.

2 Тэрмін „мадэрнізацыя” часам можна сустрэць у працах, прысвечаных гісторыі Беларусі ХІХ — пачатку ХХ ст. Пад мадэрнізацыяй разумеюцца пераважна эканамічныя змены, звязаныя з развіццём капіталістычных адносінаў у Беларусі. Пры гэтым адзначаецца, што складовай часткай мадэрнізацыі былі і нацыятворчыя працэсы (гл.: З. Шыбека, Нацыянальная мадэрнізацыя 19-20 стагоддзяў і яе асноўныя этапы, „Гістарычны альманах”, 2002, т. 7, с. 49-50).

3 А. Латышонак, Да перыядызацыі гісторыі Беларусі ў эпоху мадэрнізацыі, „Гістарычны альманах”, 2001, т. 4, с. 109.

4 От аграрного общества к государству всеобщего благоденствия. Модернизация Западной Европы с ХV в. до 1980-х гг., Москва 1998, с. 5.

5 J. Baszkiewicz, Władza (pod red. naukową A.Mączaka), Wrocław — Warszawa — Kraków 1999, s. 84.

6 Volumina legum, Petersburg 1860, t. VII, s. 75-78.

7 Колькасны склад Скарбавай камісіі ВКЛ не быў трывалым. Рашэннем сейма 1768 г. у ёй засталося 8 чалавек: 2 падскарбіі (вялікі і надворны) і 6 камісараў, з іх 2 выбіраліся з сената (гл.: Volumina legum, t. VII, s. 282).

8 Volumina legum, t. VII, s. 76.

9 Там жа, s. 75.

10 Наогул, згадку пра гэтую асобу ўдалося знайсці толькі ў працах В. Кулі і Ст. Касцялкоўскага (W. Kula, Szkice o manufakturach w Polsce XVIII wieku, Warszawa 1956, t. 1, s. 318-321; St. Kościałkowski, Antоni Tyzenhauz, podskarbi nadworny litewski, Londyn 1970, t. 1, s. 606).

11 St. Kościałkowski, Antоni Tyzenhauz..., t. 1, s. 606

12 Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (далей: ГАСА), ф. Archiwum Kameralne (далей: АК), спр. ІІІ/26, арк. 237.

13 Там жа,

14 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/26, арк. 240.

15 Падрабязна пра рэфарматарскі праект Л. Кройца гл.: І. Кітурка, Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Брэсцкай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст., „Гістарычны альманах”, 2001, т. 5, с. 68-77.

16 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/26, арк. 242-243.

17 Там жа, арк. 240.

18 Станоўчыя ў параўнанні з 1742 г. змены ў Брэсцкай і Кобрынскай эканоміях былі пацверджаны данымі спецыяльнага табеля, складзенага камісарам Грушэўскім у снежні 1765 г. (ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/32, арк. 243-244 адв.).

19 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/27, арк. 127.

20 Галоўны аргумент Е. Флемінга наконт наяўнасці ў эканоміях вялікіх плошчаў пустога грунту не вытрымліваў ніякай крытыкі, паколькі ў згаданым ужо „Табелі Грушэўскага” не ўжываных валок налічвалася толькі 4,3% ад агульнай колькасці (ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/32, арк. 243 — падлічана аўтарам).

21 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/27, арк. 133.

22 Там жа, арк. 135.

23 Там жа, арк. 217.

24 ГАСА, ф. Archiwum Tyzenhauzów (далей: AT), спр. D-1, арк. 245.

25 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/28, арк. 88.

26 Як распаўсюджаная форма гаспадарання фальваркі з’явіліся на землях Беларусі падчас правядзення валочнай памеры ў другой палове ХVІ ст. З валокі зямлі (21,36 га) была вызначана норма паншчыны ў памеры 2 дні ў тыдзень. Аднак пасля ваенных знішчэнняў другой паловы ХVІІ ст., калі колькасць насельніцтва зменшылася больш чым на 50%, з мэтай хутчэйшага аднаўлення гаспадаркі сяляне каралеўскіх сталовых эканомій у ВКЛ былі пераведзены на чынш. У тых складаных умовах дзяржаўная ўлада зразумела, што выратаванне гаспадаркі можа прыйсці толькі праз эканамічную свабоду падданых.

27 Д. Л. Похилевич, Аграрная реформа А. Тизенгауза и Шавельское восстание, „Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы”, 1958, Таллин 1959, с. 287-288.

28 St. Kościałkowski, Antoni Tyzenhauz, t. ІІ, s. 73.

29 Там жа, т. I, s. 227.

30 J. Topolski, Narodziny kapitalizmu w Europie XIV-XVII wieku, Warszawa 1965, s. 31.

31 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/270, арк. 36. Паказальна, што ў адказ на гэта А. Тызенгаўз, як бы ў сваё апраўданне, заўважыў: „не я рэвізію ў эканоміях праводзіў, а пан Кройц, (...) а з майго боку на такое прыцясненне насельніцтва загаду не было” (ГАСА, ф. ІІІ/270, арк. 37).

32 Там жа, спр. ІІІ/268, арк. 17.

33 Там жа, спр. ІІІ/166, арк. 13.

34 St. Kościałkowski, Antoni Tyzenhauz, t. ІІ, s. 152.

35 ГАСА, ф. АТ, спр. D-25, арк. 68.

36 Там жа,

37 W. Kula, Szkice o manufakturach w Polsce XVIII wieku, s. 446.

38 Там жа, с. 444.

39 Маецца на ўвазе народ палітычны — шляхта.

40 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей: НГАБ) у Гродне, ф. 1663, воп. 1, спр. 415, арк. 3.

41 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/69, арк. 5.

42 Там жа, арк. 454.

43 ГАСА, ф. АК, спр. ІІІ/68, арк. 5.

44 Ф. Бродель, Время мира: Материальная цивилизация, экономика и капитализм, ХV-ХVІІІ вв., т. 3, с. 576.

45 В. И. Мелешко, К вопросу о состоянии экономики Белоруссии и Литвы в конце ХVІІІ в., „Советское славяноведение”, 1969, № 2, с. 77.

46 Там жа, с. 76.

47 Ф. Бродель, Время мира..., т. 3, с. 576.

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія