БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 20

Арганізацыя і дзейнасць расійскай службы контрразведкі ў Беластоцкай вобласці напярэдадні вайны 1812 г.

Андрэй Лукашэвіч
(Мінск)

Істотнае абвастрэнне франка-расійскіх адносінаў, якое найбольш яскрава праявілася ў час вайны з Аўстрыяй (1809 г.), паступова вяло саюзнікаў да разрыву і ваеннага сутыкнення. У студзені 1810 г. і Францыя, і Расія пачынаюць падрыхтоўку да будучай вайны. Адным з галоўных напрамкаў у дзейнасці ваенных ведамстваў у перадваенны час становіцца арганізацыя разведкі на тэрыторыі праціўніка. Адначасова прымаюцца неабходныя меры, накіраваныя на нейтралізацыю варожай дзейнасці на сваёй тэрыторыі. Беластоцкая вобласць, якая з 1807 г. уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, становіцца тым месцам, дзе найбольшую актыўнасць праяўляюць спецслужбы Францыі і яе саюзнікаў, і Расіі.

Стварэнне расійскай службы разведкі і контрразведкі было заслугай ваеннага міністра (студзень 1810 — жнівень 1812 гг.) генерала ад інфантэрыі М. Б. Барклая дэ Толі. Для вядзення адпаведнай работы ім быў падабраны спецыяльны штат афіцэраў, якія добра валодалі замежнымі мовамі (для разведкі) і мелі навыкі работы з насельніцтвам у прыгранічных раёнах (контрразведка).

Арганізацыю контрразведвальнай дзейнасці ў Беластоцкай вобласці ваенны міністр даручыў каменданту абласнога цэнтра палкоўніку Карлу Пятровічу Шыцу. 28 красавіка 1810 г. Барклай дэ Толі „ўзброіў” Шыца спецыяльнай інструкцыяй, у якой вызначыў асноўныя задачы каменданта ў пагранічнай вобласці. „Зная опытность вашу по службе и отличное усердие к пользе общей, — пісаў міністр у прэамбуле, — предлагаю (…) тайным образом обращать неусыпно внимание ваше на все случайности, подверженные сомнениям, и доносить мне о том с подробностью”1. Асноўную ўвагу Шыц павінен быў звяртаць на наступныя пытанні: наяўнасць нядобранадзейных асобаў і іх паводзіны; тайнае назапашванне зброі і ваеннай амуніцыі; чуткі аб падрыхтоўцы да вайны ў Княстве Варшаўскім і іх уплыў на насельніцтва вобласці; ступень прыгнёту сялян з боку памешчыкаў і злоўжыванні цывільных уладаў; тайная перапіска з замежнымі карэспандэнтамі і сродкі яе ажыццяўлення; нагляд за вельмі багатымі асобамі, якія могуць аказваць уплыў на насельніцтва вобласці. Акрамя таго ваеннага міністра цікавіла, „для какой цели приказано поставить в Белостоке на лобном месте виселицу, и какое влияние имеет сие на народ”.

Барклай дэ Толі загадваў не толькі разведываць пра ўсё гэта, але і раіў „унікаць ва ўсе здарэнні”. Але дзейнічаць Шыц павінен быў тайным чынам. „Действовать же для достижения сего вы не должны ни под каким предлогом явным образом, — настаўляў ваенны міністр, — но даже не показывать и наружного вида, что имеете поручение тайного надзора. Повеление сие должно остаться навсегда никому неизвестно, и я уверен, что вы с совершенным усердием исполните сию столь важную обязанность”2.

Відавочна, каб сабраць усю неабходную інфармацыю, патрэбен быў нейкі час. Але камендант, спасылаючыся на мінулагодні вопыт3, абяцаў даведацца пра „абсалютную ісціну”. Ён толькі прасіў дазволу на выезды з горада і грошы на арганізацыю адпаведнай работы4. Што тычыцца шыбеніцы, якую паставілі ў цэнтры Беластока, то гісторыя гэтага здарэння была наступнай.

Яшчэ ў 1808 г. Шыц даведаўся, што ў горадзе ў былога прускага ландрата Чыжа маецца на французскай мове крытычнае сачыненне на некаторых жыхароў пад назвай „каталог”. Пра гэта ён паведаміў беластоцкаму паліцмайстару Пацёмкіну. Той павінен быў канфіскаваць у Чыжа гэты „каталог” і зрабіць яму „экспертызу”: каго ён тычыцца і ці няма чаго супраць урада і закона, а затым перадаць „куды патрэбна”. Пацёмкін канфіскаваў сачыненне і паказаў яго Шыцу, а затым перадаў кіраўніку вобласці І. А. Тэйльсу. Сенатар загадаў неадкладна паслаць за былым прускім „шарф-рыхтарам” і ў начны час паставіць шыбеніцу пасярод горада на плошчы насупраць лавак. Пры гэтым камендант застаўся ў поўным няведанні пра распараджэнні начальніка. Раніцай жыхары горада збегліся на плошчу: у поўным жаху яны лічылі, што кагосьці абавязкова пакараюць смерцю. Масла ў вогнішча падліў „шарф-рыхтар”: ён прыйшоў у магістрат, захапіўшы „меч і іншыя інструменты”, і тым яшчэ больш напужаў гараджан. У сапраўднасці яго выклікалі толькі дзеля таго, каб па загаду Тэйльса спаліць пад шыбеніцай крытычны „пасквіль”. І хаця на наступны дзень шыбеніцу ўбралі, чуткі пра тое распаўсюдзіліся далёка за межы горада5.

1. Кантроль за тайнай перапіскай

Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці каменданта быў кантроль за тайнай перапіскай. Як стала вядома ўраду, беластоцкія памешчыкі маглі без перашкод ажыццяўляць сакрэтную перапіску з замежнымі карэспандэнтамі, і атрымліваць адтуль газеты і іншыя звесткі. Гэта было магчыма з-за слабай аховы некаторых участкаў сухапутнай граніцы, а таксама ў сувязі з тым, што маёнткі многіх памешчыкаў знаходзіліся ў дзвюх дзяржавах. Асабліва выдзялялася вёска Пяткова, якая належала абласному маршалу графу Старжынскаму. Яна была падзелена мяжой такім чынам, што спадарскі двор апынуўся на расійскім баку, а сама вёска — у Княстве Варшаўскім. У выніку Старжынскі „надзвычай рэдка” карыстаўся паслугамі пошты, і ўсю замежную карэспандэнцыю атрымліваў „пры дапамозе сваёй вёскі”6.

Прыклад Старжынскага не быў выключэннем. Такім жа чынам паступалі Патоцкі, Асалінскі і іншыя. Як паведамляў Шыц міністру 22 мая 1810 г., гэтыя памешчыкі пасылалі сваіх эканомаў і мужыкоў з білетамі абласнога праўленя „перавазіць сюды свае лішкі і на работу”, і пры гэтым маглі „без аніякай перашкоды” праносіць „з-за мяжы і адсюль пісьмы і іншыя весткі”. І як сведчыў вопыт, яны атрымлівалі замежныя звесткі і карэспандэнцыю раней, чым прыходзіла пошта. Таму камендант прапаноўваў „всякого проходящего чрез сии места и проезжающего, кои оказываются подозрительными, обыскивать, дабы чрез то было можно узнать, кто и какую переписку за границею ведет”7.

Пра становішча на граніцы 11 чэрвеня 1810 г. ваенны міністр паведаміў камандуючаму арміяй на захадзе генералу ад інфантэрыі Д. С. Дохтураву і даручыў арганізаваць садзеянне Шыцу з боку кардоннай варты — прадпісаць генералу Ілавайскаму 4-му праводзіць вобыск усіх асоб, якія адпраўляліся за мяжу. У выпадку знаходжання пісьмаў, іх загадвалася адпраўляць да беластоцкага каменданта. Але Барклай дэ Толі разумеў, што гэткае распараджэнне можа выклікаць нездавальненне з боку многіх дваран. Таму ён раіў Дохтураву „прадпісаць правілы, зыходзячы з мясцовых абставін”. Пры гэтым трэба было ўлічваць, „чтоб никто не был оскорблен; знатных, известных и благородных людей можно пропускать без осмотра; всего же важнее, чтобы не были злоупотребления, ибо легко могут из лихоимства нарочно долго задерживать на границе людей, а особливо рабочих”8.

Нягледзячы на зробленыя распараджэнні з боку ваеннага кіраўніцтва, у пытаннях арганізацыі кантролю за тайнай перапіскай, узнікалі „непаразуменні” з цывільнымі ўладамі, якія не былі праінфармаваны аб сакрэтных паўнамоцтвах Шыца. Пра адзін з такіх выпадкаў беластоцкі камендант паведаміў ваеннаму міністру 7 ліпеня 1810 г. „Известился я, — пісаў ён Барклаю дэ Толі, — что тайным образом из-за границы перенес сюда мужик Лаврен Мосальской 6 запечатанных писем на польском диалекте, в числе коих были к епископу Яворовскому (Яворскому), ксендзу Левчицкому, помещику Адамовскому, и другим неизвестным мне особам; с которыми письмами был он, Мосальской, пойман между пограничными кордонами Яворовским и Рыбацким казаками”. 18 чэрвеня генерал Ілавайскі 4-ы накіраваў Масальскага да правіцеля Беластоцкай вобласці правадзейнага стацкага саветніка С. А. Шчарбініна9.

5 ліпеня палкоўнік Шыц папрасіў правіцеля вобласці паведаміць яму пра карэспандэнцыю і прыслаць затрыманага мужыка Масальскага „для асабістага допыту”: па звестках атрыманых з Супрасля, ён пераносіў пісьмы не першы раз. Але Шчарбінін адмовіўся што-небудзь паведамляць Шыцу на гэты конт без дазволу свайго начальства. „Означенный Масальский, — гаварылася ў адказе правіцеля вобласці, — быв человек не военный, никакому другому, кроме гражданского начальства, не подсуден, а ежели по производимому над ним следствию откроется, что замешены в деле военные, тогда потребован будет от воинской стороны депутат, а письма препровождены мною будут к г. товарищу министра внутренних дел”10. Таму Шыц паскардзіўся Барклаю дэ Толі на дзеянні правіцеля11 і сам напісаў Ілавайскаму 4-му. Камендант прасіў генерала адпраўляць усіх затрыманых „падазроных асоб з пісьмамі” да яго. Ілавайскі адказаў, што ён аддаў распараджэнні ўсім кардонным начальнікам „найстражэйша аглядаць гэтакіх” і аб „абавязковым” выкананні распараджэнняў міністра.

Найбольшую небяспеку ва ўладаў выклікаў епіскап Явароўскі (Яворскі). Ён падазраваўся ў нелаяльнасці і тайнай перапісцы з Варшавай. Фармаванню такой думкі ў многім спрыяў расійскі рэзідэнт у Беластоку падпалкоўнік Світы я.і.в. па кватэрмайстарскай частцы І. Турскі. У сваім данясенні ваеннаму міністру ад 20 мая 1810 г. ён указваў на падазроную сувязь епіскапа з Варшавай, і раіў праверыць гэтую інфармацыю12. Таму ў канцы чэрвеня 1810 г. Шыц атрымаў заданне „прыкласці дбайнае старанне, каб выкрыць гэтакія падазроныя зносіны”. „Ежели побочные скрытые осведомления увеличат сомнения ваши до вероятия, — настаўляў Барклай, — то можно будет освидетельствовать все его домашние бумаги и письма. У епископа есть родной брат в Белостоке, который служит в полиции; не бесполезно б может быть было и на него обратить особое внимание”13.

У час аб’езду вобласці Шыц разведаў усё пра тайную перапіску епіскапа. Як стала вядома, да перадачы Беласточчыны Расіі, Супрасльскаму кляштару, як „старэйшаму” падпарадкоўваліся іншыя базыльянскія кляштары, у тым ліку Варшаўскі. Менавіта з Супрасля яны атрымлівалі ўсе „загады па духоўнай частцы”, таму Явароўскі (Яворскі) і вёў сваю перапіску14. Не пацвердзілася інфармацыя і пра тое, што селянін Масальскі меў пісьмы да епіскапа ці яго брата. Таму ў Шыца не было падстаў падазраваць Явароўскага (Яворскага), і камендат палічыў за лепшае не праводзіць вобыск. А 7 ліпеня 1810 г. ён напісаў міністру: „епископ Яворовский есть весьма не опасный и недальновидный и что письма таковые посылает за границу, вероятнее от известной его скупости, дабы менее платить денег, нежели на почте, ибо и прежде во время военное он ни в чем подозрительном замечен мною не был потому, что я имел в Супрасльском монастыре за поведением всех ксендзов секретный присмотр”15. Тым не менш, нагляд за „кляштарнымі жыхарамі” працягваўся16.

2. Удасканаленне памежнай і мытнай службы

У жніўні 1810 г. палкоўнік Шыц зрабіў аб’езд памежных раёнаў і агледзеў „тыя месцы, дзе сухая граніца аддзяляе Варшаўскае герцагства ад Беластоцкай вобласці”. У выніку ён знайшоў, што граніца быццам сіта — мае шмат участкаў, якія не ахоўваюцца. „От деревни, называемой Большая Маркова, до самого Суража, — паведамляў камендант міністру, — весьма легко и без всякого затруднения проехать и пройтить за границу можно, а наиболее пограничным жителям; притом в самой той деревне сад помещика Марковского оканчивается над р. Мень, чрез посредство коего можно во всякое время переходить в герц. Варшавское, чего кордонному разъезду и усмотреть нельзя, по неимению за садом дороги, и ежели только помещик того захочет; равным образом вовсе сухая граница между деревнями Щоны на сей стороне и Годишево на той стороне состоящими, которые разделены одними только столбами на ровном месте и пахотные поля дер. Годишево в здешнем крае, для обработывания коих всегда жители оной ходят взад и вперед, но для дезертиров еще более удобное место, особливо между сел. Пиотковым и гор. Суражем”. У якасці прыкладу Шыц прывёў выпадак з пераходам у Княства Варшаўскае двух салдатаў у час агляду граніцы. „В окружности сих мест есть лес и болота, — працягваў Шыц, — и никак заметить нельзя, ежели кто пройдет, хотя бы то и целая рота, по неимению там проезда, окроме что в некоторых местах есть маленькие дорожки, ведущие следом своим в герц. Варшавское; но препятствовать дезертирам и прочим жителям, знающим сии места, кордонным стражам по местоположению нет никакого средства”.

Для наладжвання камунікацыі паміж памежнікамі, Шыц прапанаваў правесці ад Пяткоўскага лесу да Суража „невялікую грэблю”, даўжынёй каля 3 вёрст. У выпадку пабудовы грэблі кардонная варта атрымае магчымасць хутка перасылаць загады (замест сутак, іх можна дастаўляць за адну гадзіну17), а для жыхароў адчынялася магчымасць „выгадна карыстацца Пяткоўскімі лясамі на гэткім баку”. Грэблю можна было зрабіць без усялякіх выдаткаў для казны. Як заявіў Шыцу памешчык граф Старжынскі, „если приказано будет сделать ту греблю, то он охотно из своих лесов дает безденежно, сколько будет нужно по его границе (…) на фашины хворост и для мостов деревья, равно и рабочих своих”. Таму патрабуецца толькі дапамога з боку цывільных уладаў, каб гэтую грэблю пабудаваць.

У канцы Шыц рабіў выснову: калі не будуць прыняты прапанаваныя меры, спыніць тайную перапіску і правоз тавараў будзе немагчыма. „Нет почти возможности при всем строгом смотрении оные устеречь, — пісаў ён, — хотя бы там и целый казачий полк стоял, ежели из тех самых жителей, на границе имеющих деревни, к тому покуситься пожелают, когда не будут взяты для сего особенные меры”. Акрамя таго Шыц выказаў думку аб неабходнасці адкрыцця мытнай заставы ў Пяткове ці ў Суражы, і адзначыў, што „па дыпламатычнаму распалажэнню г. Сураж вельмі зручны на ўмацаванні”18.

Што тычыцца выбару месцаў для заснавання мытняў у Беластоцкай вобласці, то яны, хутчэй за ўсё, вызначаліся „па карце”, а не на мясцовасці. У запісцы сенатара Тэйльса „Об учреждении таможен и жалованьи чиновникам в Белостокской области” прапаноўвалася заснаваць 3 мытні: у г. Цеханоўцы „пры р. Нурчыке, каля ўпадзення яе ў р. Буг”; у мястэчку Харошчы, „у паўмілі ад р. Нараў”; у г. Ганёндзы, пры р. Бобры; і 2 заставы: „на вуглу, дзе рака Нурчык упадае ў Буг”; і „на вуглу, дзе рака Бобр упадае ў Нараву”19. 20 студзеня 1809 г. Камітэт міністраў разгледзеў і адобрыў запіску Тэйльса20, а 12 лютага 1809 г. Аляксандр І зацвердзіў даклад Камітэта „Об учреждении таможен и застав в Белостокской области”21.

Пры арганізацыі мытняў на новай мяжы ўзнікала шмат праблем. Па-першае, не было прыстасаваных памяшканняў ні для мытняў і заставаў, ні для дазорцаў і аб’ездчыкаў. Казённыя дамы, якія належылі мытнікам на старой мяжы, даручалася мясцоваму начальству прадаць. А пакуль Беластоцкае абласное праўленне вяло перапіску аб найме, куплі ці пабудове дамоў для дазорцаў і аб’ездчыкаў з міністрам камерцыі (ён жа — канцлер М. П. Румянцаў) мытныя чыноўнікі „ставіліся на кватэры” бліжэйшых да граніцы сяленняў. Таксама марудна вырашалася пытанне і аб памяшканнях для саміх мытняў і застаў, паколькі іх планавалі набываць (будаваць) „з пошлінных даходаў” беластоцкіх мытняў. А даходы мытняў залежылі ад правільнага выбару месцаў. Атрымліваўся замкнёны круг. У выніку, Харашчоўская мытня, да пабудовы спецыяльнага будынка, размяшчалася ў Беластоку, а Ганёндская — у былых казённых саляных амбарах і вучылішчым доме22.

На не зусім выгаднае месцазнаходжанне мытняў і застаў звярнуў сваю ўвагу беластоцкі камендант. У час аб’езду вобласці ў жніўні 1810 г. Шыц знайшоў, што Кнышынская мытня размешчана вельмі нязручна, у двух мілях ад граніцы. Як пісаў камендант міністру, у в. Татары „по обеим сторонам во многих местах есть посторонние дороги, ведущие во внутрь сей области, и хотя до таможни всегда купцов провожают, но они могут найти способы провозить товары побочными дорогами, чрез что казна может терять свои доходы”. Да таго ж, і Ганёндская мытня размяшчалася ў трох мілях ад Кнышына. Таму ён прапаноўваў перанесці мытню на саму граніцу, у в. Татары. Баброўская памежная застава таксама была ўладкавана не ў лепшым месцы. „Никто из обывателей не запомнит, — пісаў Шыц міністру 29 жніўня 1810 г., — что когда-либо на лошадях там можно было ездить, потому что тут впадает р. Бобр в Нарву, и более мили чрез болота и речки, едва можно пробраться на челноках и только пешком до берега”. Менавіта па гэтай прычыне, на думку каменданта, Баброўская застава з часу свайго адкрыцця не прынесла казне „ні капейкі даходу”. У той жа час, у Суражы і Пяткове былі вялікія дарогі, але не было застаў, якія маглі б прыносіць казне істотны прыбытак. Была і другая карысць ад пераносу. На думку Шыца, тады б узмацніўся нагляд за сухапутнай мяжой. І хаця пытанні аховы граніцы і дзейнасці мытняў не ўваходзілі ў кампетэнцыю Шыца, ён не мог заставацца ў баку: паведаміў пра ўсё гэта дзеля „карысці і выгады казённай”23.

У сваіх наступных рапартах Шыц неаднаразова звяртаўся да пытання аб неабходнасці пераносу Кнышынскай мытні ў іншае месца. „Имел я случай узнать, — пісаў камендант міністру 10 кастрычніка 1810 г., — что казна ежегодно действительно теряет более 30 000 рублей серебром доходу от того, что таможня сия не на границе, а в двух милях от оной, где есть множество случаев сделать злоупотребление”. Шыц прапаноўваў перанесці мытню „без вялікай цяжкасці” у „зручны, пусты вялікі кляштар”, які знаходзіўся „на востраве” паміж в. Татары і Тыкоцінам. Кляштар размяшчаўся пры „вялікай дарозе каля маста, які ідзе ад Тыкоціна праз Нарву”. Адзінае што патрабавалася — правесці рамонт. Пры гэтым Шыца не бянтэжыла тое, што кляштар лічыўся „нейтральным” (знаходзіўся „на востраве”), і ў ім ніхто не жыў. Камендант лічыў гэта „несправядлівым”, паколькі „настоящее течение реки идет, по ту сторону монастыря, а по сю сторону только болотистые места и по сему должен он принадлежать России”24.

26 кастрычніка Барклай дэ Толі накіраваў выпіску з данясення Шыца адносна мытні да міністра фінансаў „для разгляду”25. У сваю чаргу Д. А. Гур’еў камандзіраваў ў Беластоцкую вобласць стацкага саветніка Ільчэўскага. Рэвізор ухваліў прапановы каменданта. Па яго просьбе Шыц ездзіў да графа Яна Патоцкага, які жыў паблізу, з прапановай пабудаваць на свой кошт усе памяшканні, калі ў Татарах будзе прызначана мытня. Граф Патоцкі „ахвотна” пагадзіўся, пры ўмове, што яму дастанецца частка маёнтка, якая засталася пасля памерлай графіні Браніцкай. А памешчык таго ж мястэчка Кіль, жадаючы паказаць „свое усердие новому своему Великому Государю”, пагадзіўся аддаць усе неабходныя пабудовы „без малейшей для казны издержки, хотя местечко его пред сим и выгорело”26.

8 снежня 1810 г. Шыц зноў узняў пытанне аб пераносе мытні з Кнышына ў в. Татары, якая знаходзілася „над самою р. Нарваю пры граніцы”. Барклай дэ Толі пагадзіўся з яго думкай. 18 снежня ваенны міністр перадаў Гур’еву загад імператара падрыхтаваць „пры першым дакладзе” выпіску аб Беластоцкай мытні27.

3. Барацьба з кантрабандай

У час сваіх паездак па вобласці Шыц не абмяжоўваўся простым аглядам граніцы. Ён паспрабаваў перакрыць усе магчымыя каналы перапраўкі кантрабанды і спыніць супрацьпраўную дзейнасць расійскіх мытнікаў.

26 верасня 1810 г. Шыц атрымаў звесткі, што са Шклова тайным чынам будзе правезена за мяжу срэбраная і залатая расійская манета „в немалом количестве в хмелю мимо Кнышинской таможни побочною дорогою”. Камендант асабіста адправіўся на месца, „каб гэткае зло выкрыць”, але нічога не выявіў. Верагодна, кантрабандысты ці адмовіліся ад свайго намеру, ці правезлі грошы ў другім месцы. Тым не менш Шыц загадаў „колькі магчыма імкнуцца гэткае зло выкрыць”28.

У пытаннях барацьбы з кантрабандай Шыц у многім абапіраўся на звесткі мясцовых жыдоў. Адным з найбольш давераных агентаў каменданта быў Хаім Маркус, даныя якога пра злоўжыванні мытнікаў Шыц неаднаразова перасылаў ваеннаму міністру29.

8 снежня Шыц паведаміў міністру аб намеры ў Княстве Варшаўскім у 1811 г. пачаць выпуск новай манеты („чырвонцы, талеры, двухзлатоўкі і іншыя розныя мелкія грошы”). Большасць гэтых грошаў планавалася вырабляць з расійскай і прускай манеты. „Некоторые жиды, — пісаў Шыц, — имеют секретные препорученности и подряды выменивать на старые прусские дитки и прочие польские деньги в своих границах российскую серебряную монету, особливо новые рубли, для доставления в монетный департамент, дабы тем самым способом иметь более собственной своего тиснения монеты”. Шыц звяртаў увагу міністра на тое, што амаль усе салдаты атрымлівалі жалаванне дзіткамі, а падаткі з насельніцтва збіраліся срэбрам. Такім чынам, расійскія рублі ў адваротны зварот ужо не выпускаліся, а выкарыстоўваліся для вырабу ўласнай манеты. Камендант паведамляў, што вываз манеты ажыццяўляюць памешчыкі памежных тэрыторый, у асаблівасці тыя, што жылі ў Княстве Варшаўскім, а даходы атрымлівалі з расійскіх уладанняў. Сярод такіх былі граф Крашынскі (яму стараста Кнышынскі плаціў да 20 000 руб. у год) і граф Асалінскі (меў у Расіі вялікі маёнтак, а сам жыў у Варшаве).

Шыц звяртаў увагу і на тое, што толькі па адной „правіянцкай частцы” ў Беластоцкай вобласці „множество денег серебром за продовольствие полков выпущено, но за всем тем почти серебра не видать, а весьма много диток”. Пры гэтым жыды штогод ездзілі за таварамі ў Лейпцыг і іншыя гарады, „заўсёды без грошаў”, але там расплачваліся пераважна „наяўнымі, расійскай срэбранай манетай”. Таму Шыц рабіў выснову, што яны „перавозяць грошы пакрыху на той бок”.

Каб праверыць гэтую інфармацыю, Шыц паслаў за мяжу беластоцкага жыда Хаіма Маркуса. У трох мілях ад граніцы, у адной карчме, Маркус застаў мясцовага жыда, які вымаў з карзінак значную колькасць новых расійскіх срэбраных рублёў у мяшках. У другой каморцы ён іх пералічваў і перадаваў іншаму жыду. Калі кантрабандысты заўважылі Маркуса, яны спужаліся. Той жыд, які прывёз грошы, часта прыязджаў у Расію і знаў Маркуса. Сумневу не было: гэтыя грошы былі вывезены з Расіі. Таму Шыц загадаў „замежнага жыда, калі той толькі сюды прыедзе, узяць пад сакрэтны каравул”. Камендант запэўніваў міністра, што прыкладзе ўсе намаганні, каб выкрыць гэткія злоўжыванні і знайсці з кім ён меў на расійскім баку сувязь. Таму Шыц напісаў генералу Ілавайскаму 4﷓му і прасіў яго прадпісаць кардоннай варце, „сколь возможно стараться употребить способы таковых поймать и ежели кто кем будет пойман, тот не останется без награждения”30.

Паведамляў Шыц і аб незаконным пропуску за граніцу жывёлы. „Недавно перегнано жидом м. Высокомазовецка в герцогство Варшавское чрез р. Мень, — пісаў камендант, — видно с согласия таможенного надзирателя Генрикса, 60 лошадей для кавалерии, с коими и сей надзиратель, туда бежав, тотчас получил себе в цивильной службе место”. Падобныя здарэнні не былі рэдкасцю. Так, адзін жыд з м. Заблудава паспрабаваў „тайным чынам перагнаць паміж Суражам і в. Угова за мяжу 40 штук рагатай жывёлы”. Але казакі перахапілі статак, а жыд „разам са сваёй сям’ёй схаваўся”31.

Атрыманыя ад Шыца звесткі Барклай дэ Толі паведаміў імператару, які застаўся незадаволены станам спраў на заходняй мяжы. У прыватнасці Аляксандра І хвалявала тое, што ў Княстве Варшаўскім „вся конница вооружена русскими саблями и палашами и посажена на русских же лошадей, равномерно нет в обращении между народа других денег, как российской серебряной монеты”. Таму 16 снежня 1810 г. камандуючаму расійскімі войскамі на захадзе генералу Дохтураву было загадана „прыкласці ўзмоцненае старанне”, каб выкрыць, „якімі сродкамі адбываецца гэтакі пропуск праз нашы граніцы”32.

Увогуле, у канцы 1810 г. пытанне аб сістэме аховы граніцы стала адным з найбольш актуальных. Ва ўмовах верагоднай небяспекі немагчыма было абараніць расійскія рубяжы невялікімі раз’ездамі мытнай і кардоннай варты. Таму Барклай дэ Толі ўзняў пытанне аб неабходнасці ўзмацніць нагляд за граніцай і з гэтаю мэтаю запытаў меркаванні камандуючых войскамі. „А между тем необходимо должно над кордонною стражею иметь строгий надзор, — пісаў 16 снежня ваенны міністр Дохтураву, — чтоб они службу свою отправляли со всею бдительностью. Не полезнее ли и вернее будет разделить кордон на дистанции и к каждой части определить по шт.-офицеру из регулярных войск, чтоб казаки под их начальством прилежнее и без всякого злоупотребления исполняли свои обязанности по службе, на что по уведомлению вашему я испрошу Монаршего соизволения”33.

А ўжо 4 студзеня 1811 г. ваенны міністр рабіў даклад па пытанню аб арганізацыі ваеннай варты на заходніх межах імперыі на пасяджэнні Камітэта міністраў. Барклай дэ Толі звярнуў увагу на тое, што ў адпаведнасці з Маніфестам аб новым мытным тарыфе, на заходняй мяжы, на працягу 1500 вёрст будзе толькі тры мытні. Таму кардонная варта не здольна будзе весці належны нагляд за асобамі, якія перасякаюць мяжу, і пры гэтым не выключаюцца злоўжыванні. Міністр прапанаваў падзяліць кардонную варту на 10 участкаў і прадставіць у яе распараджэнне ўсё, што будзе канфіскавана („захоплена”) пры недазволенным правозе цераз граніцу (як пры ўвозе, так і пры вывазе медзі, срэбра, прагоне коней ці жывёлы). Што тычыцца тавараў, забароненых да ўвозу ў Расію (падлягалі спальванню), то за іх — прызначыць „даволі вялікую ўзнагароду”34.

16 студзеня 1811 г. „Положение об устройстве Пограничной казачьей стражи” было зацверджана імператарам35. Яно прадугледжвала падзел граніцы ад Палангена (Палангі) да Ягарлыка на 150-вярстовыя ўчасткі. Іх ахова даручалася палкам данскіх і бугскіх казакаў. Граніцу ад Ягарлыка на Днястры да вусця Дняпра прыкрывала кардонная варта. Згодна „Расписанию войскам квартир” на 1811 г. на заходняй граніцы ад Палангена да вусця Днястра (да Малдаўскай арміі) стаяла 13 палкоў (11 казачых і 2 конна-татарскія)36.

Такім чынам Шыц меў прамое дачыненне да рэарганізацыі памежнай варты.

4. Палітычны настрой жыхароў заходніх губерняў

Што тычыцца палітычнага настрою жыхароў заходніх губерняў, то яно не выклікала ў Шыца вялікай асцярогі. Так, у маі 1810 г. ён паведамляў Барклаю дэ Толі: „Образ здешних обывателей и жителей, мысли их и характер несколько мне известны, поелику во время последней с французами кампании почти все вообще (за исключением некоторых помещиков) до забрания сего края были в том заблуждении, что будет непременно восстановлено прежнее польское королевство; но ныне об том более разговоров почти не слышно и все состоит в совершенном спокойствии и тишине”. Адзінае, што хвалявала каменданта, гэта распаўсюджванне „розных чутак” у сувязі з выступленнем расійскіх войскаў з вобласці (7-й дывізіі) і з Гродна. Таму Шыц абяцаў „мець асаблівую ўвагу” на выпадак, каб нейкія „зламысныя” асобы пры адсутнасці войскаў не ўчынілі якія-небудзь „праекты да разладжвання цішыні і парадку”37.

Наколькі моцнымі былі гэтыя „чуткі” сведчыць той факт, што ў Княстве Варшаўскім перадыслакацыю расійскіх войскаў успрынялі з яўнай панікай: асцерагаліся, што яны пойдуць на Варшаву. Таму да Варшавы і іншых месцаў былі тэрмінова адкамандзіраваны ад палкоў ад 500 і больш рабочых для прывядзення Прагскай і іншых крэпасцяў і батарэяў у абарончае становішча. Работы вяліся практычна кругласутачна, але хутка ўсё было „адменена і спынена”38.

7 ліпеня Шыц рапартаваў міністру, што жыхары Беласточчыны „ведут себя весьма благородно и скромно, не слышно у них никакого неудовольствия и даже неприметно, и живут в совершенной тишине и спокойствии”39. Тую ж інфармацыю камендант пацвердзіў і ў жніўні 1810 г. У час тайнага аб’езду граніцы, „пад выглядам наведваць знаёмых”, Шыц паспрабаваў „дазнацца ці не ўтойваецца дзе вайсковая зброя і амуніцыя”. Але нічога падазронага ён не знайшоў. Больш таго, некаторыя жыхары Княства, якія прынялі Шыца за паляка, шчыра прызналіся каменданту ў тым, што яны зайздросцяць „тем обывателям, коим по счастью досталось быть подданными Великому Государю”. Адзінае што засмучала — незадавальненне мясцовых памешчыкаў тым, што „некуда девать множество хлеба, по неимению здесь войск”40.

Нягледзячы на адносную „цішыню і спакой”, зноў перыядычна ўзнікалі „шкодныя чуткі”, аб чым ваеннага міністра інфармаваў І. Турскі41. Таму ў кастрычніку 1810 г. Барклай дэ Толі загадаў генералу Дохтураву дакладна даведацца адносна „шкодных чутак наконт агульнага спакою”. Для выканання гэтага даручэння ў Гродзенскую і Віленскую губерні, а таксама ў Беластоцкую вобласць, „адкуль гэтыя чуткі адрадзіліся”, былі накіраваны „весьма расторопные и благонадежные к сему употреблению люди”42. У пачатку снежня яны вярнуліся, і Дохтураў паведаміў міністру, што чуткі „наконт агульнага спакою” не заслугоўваюць ніякай ўвагі. На думку генерала, яны паходзілі „единственно от ветренности и легкомыслия здешнего народа, который от праздности большею частию занимается тем, дабы собирать повсюду странные происшествия и рассевать везде оные, вместо существенности”43.

Тым не менш, спыніць распаўсюджванне палітычных чутак так і не ўдалося. Напрыклад, у лістападзе 1810 г. граф Ян Патоцкі, які жыў недалёка ад мяжы і меў вялікія сувязі ў Варшаве і на мытні ў Цеханоўцы, паведаміў беластоцкаму каменданту „па-сакрэту”, што „целая Польша в том мнении, что по окончании турецкой войны граница будет по р. Вислу”44.

5. Разведвальная дзейнасць

Разведдзейнасць беластоцкага каменданта таксама была разнастайнай, хаця і больш сціплай. Гэта тлумачыцца тым, што функцыі разведкі, пераважна, былі ўскладзены на падпалкоўніка Турскага. Таму Шыц, у асноўным, збіраў звесткі аб падзеях у Княстве Варшаўскім: колькасці, перасоўванні войскаў і іх дыслакацыі, палітычных настроях і г.д. Галоўнымі крыніцамі яго інфармацыі былі розныя „чуткі”, замежныя газеты і даныя расійскіх агентаў.

Асноўная ўвага надавалася месцам сканцэнтравання польскіх войскаў і іх перадыслакацыі. Так, у канцы мая 1810 г. стала вядома, што да 10 чэрвеня (па новым стылі) рыхтаваліся войскі (пераважна кавалерыя) для адпраўкі ў Іспанію. Палкі кідалі жэрабя, але канчаткова рашэнне не было яшчэ прынята. Апрануты гэтыя войскі былі на манер расійскіх казакаў „з пікамі”. Пры гэтым ружжы і карабіны пакідаліся на месцы, а з сабой браліся толькі шаблі і пісталеты. Сярод вайскоўцаў назіралася адсутнасць жадання ісці куды-небудзь, таму частымі былі ўцёкі45. А праз нейкі час было аб’яўлена аб адпраўцы 5 тыс. чалавек у Іспанію, што выклікала незадавальненне. Адначасова для фарміравання польскай гвардыі з кожнага палка былі выбраны па 4 лепшыя вайскоўцы46.

10 кастрычніка Шыц паведаміў пра збор з розных месц у лагер пад Пултускам 18 тыс. польскіх войскаў. Камандаваў імі князь Юзаф Панятоўскі47. Адначасова рыхтаваліся вялікія магазіны. Акрамя таго, у Княстве было загадана „перапісаць і перамерыць усіх жыдоў, якія былі годныя да вайсковай службы”48. А праз тры дні стала вядома, што гэтыя войскі выступілі да Варшавы, і што з іх будзе адабрана 12 тыс. для адпраўкі ў Іспанію49. Пры гэтым у Княстве забаранялася гаварыць пра палітыку (аб’явы былі развешаны нават у касцёлах). Шыц прывёў прыклад, калі адзін салдат у нецвярозым стане публічна казаў, што ўсе яны пойдуць да Вільні і далей. За гэта ён у той жа час быў аддадзены пад ваенны суд і расстраляны ў прыклад другім50.

Нягледзячы на такім меры, размовы працягваліся. Як паведамляў Шыц, спасылаючыся на варшаўскага жыда, „по сие время там гласно толкуют, что непременно будет с Россиею война; при том, имея он у разных тамошних воинских чинов знакомство, заметил, что они ни об чем другом ведут разговоры, как только об войне с Россией, хотя некоторые за то и были арестованы от вышнего начальства”51.

8 снежня Шыц паведаміў звесткі, атрыманыя з газет аб запланаваным павелічэнні ў 1811 г. польскай арміі на 25 тыс. чалавек. Такім чынам, агульная колькасць арміі Княства складзе 100 тыс. Усе войскі будуць падзелены на 3 часткі: 2 дзеючыя і 1 рэзервовую. У снежні большасць генералаў была сабрана ў Варшаве. Шыц меркаваў, што „будуць зроблены ў новы год розныя перамены як па вайсковай, так і цывільнай частцы”. Таксама паведамлялася, што князь Ю. Панятоўскі арганізаваў прыём для вайскоўцаў. Да стала князя былі запрошаны па 4 лепшыя унтэр-афіцэры і 6 салдат з палкоў, што знаходзіліся ў Варшаве. Акрамя таго, з Іспаніі вярнулася 300 пакалечаных салдатаў. Панятоўскі загадаў кожнаму з іх выдаць па аднаму рублю і прызначыў да смерці пенсіі, роўныя жалаванню, якое яны атрымлівалі на службе. Але від калек адмоўна паўплываў на маральны стан войска, і таму адпраўка ў Іспанію чарговых партый была прыпынена52.

Няспынную ўвагу расійскі бок звяртаў і на пабудову ў Княстве абарончых збудаванняў. Як паведамляў Шыц, крэпасныя работы на працягу 1810 г. вяліся „ў Празе, асабліва вакол Варшавы, а таксама па некаторых месцах берага р. Віслы, у Астралэнцы, Сэроцку”53.

Восенню 1810 г. Ваеннае міністэрства паставіла перад расійскай разведкай задачу дабыць планы новых крэпасцей і ўмацаванняў. Такія заданні атрымалі многія асобы: беластоцкі камендант Шыц, рэзідэнт у Беластоку Турскі, камандуючы войскамі на заходняй мяжы Дохтураў. Але ўсе яны дзейнічалі з рознай ступенью поспеху.

У кастрычніку 1810 г. з мэтаю дастаць план Замойскай крэпасці, Дохтуравым былі накіраваны ў Княства разведчыкі. Але выканаць гэтае заданне ім не ўдалося. „За всем усиленным старанием употребленного мною к сему преданного нам конфидента, — пісаў Дохтураў ваеннаму міністру 2 снежня 1810 г., — невозможно было теперь достать, за чрезмерно наблюдаемою в нынешнее время строгостию по предмету производимой починки оной крепости”. Таму рускім прыйшлося часова карыстацца старым планам, які быў атрыманы яшчэ ад памерлага галоўнакамандуючага расійскімі войскамі ў час вайны з Аўстрыяй князя С. Ф. Галіцына54.

Найбольш спрытнымі аказаліся агенты беластоцкага каменданта. Самым каштоўным з іх быў адстаўны капітан барон Крон. Пасля выхаду ў адстаўку Крон пражываў з сям’ёй у Беластоцкай вобласці і меў вялікую патрэбу ў сродках. Крон жадаў вярнуцца на ваенную службу і таму ён прапанаваў свае паслугі Шыцу. Камендант неаднаразова адпраўляў яго ў Княства з рознымі даручэннямі, а праз нейкі час — рэкамендаваў яго ваеннаму міністру як адданага чалавека. „А о верности его, Крона, — пісаў Шыц, — я имел случай испытать и таланты его мне известны”55.

Крон дастаўляў Шыцу розныя звесткі. Так, 7 верасня 1810 г. ён паведаміў пра інспектарскі смотр войскам, які правёў князь Панятоўскі. У прыватнасці, князь „делал солдатам разные приветствия и одобрения, говоря им, что они есть отрасли того самого народа, от которого в древние времена весь свет дрожал, и что они ныне доказали свою храбрость против Австрии, и что с ними чрез весь свет может пройти; для офицеров же давал балы и беспрестанно храбрость своей нации хвалил”56. Акрамя таго Крон пераслаў „запіску на нямецкай мове і копію апошняга ўмацавання Прагі”. Пасля вяртання Крона з Княства міністру быў адасланы і арыгінал плана. Па словах Крона, крэпасныя работы там працягваліся салдатамі, „коим дают уроки, сколько каждый должен в день отделать, — при том явно говорят, что будет война с Россиею”. Пры гэтым перамогі рускіх над туркамі выклікалі ўсеагульнае нездавальненне, і таму спецыяльна распускаліся хлуслівыя чуткі57.

У верасні 1810 г. Шыц прапанаваў міністру выкарыстаць Крона каб дабыць план Замойскай крэпасці58. У кастрычніку, пасля атрымання дазволу са сталіцы, Шыц запрасіў Крона да сябе. Ён аб’явіў адстаўному афіцэру волю імператара, „что он не останется без награждения, коль скоро выполнит с верностью, усердием и расторопностью возложенную на него препорученность” — дабыць планы крэпасці ў Замосці і іншых месцах. Для выканання гэтай задачы ён будзе забяспечаны грашыма (350 чырвоных) і пашпартам. Крон „ахвотна” прыняў на сябе гэтае даручэнне і паабяцаў прыкласці ўсе сілы, каб выканаць яго ў дакладнасці59. Але спроба дабыць план Замосця аказалася няўдалай60: у студзені 1811 г. Крон атрымаў дазвол прыбыць у Пецярбург „для приискания себе паки службы”. У Беластоку ён, па-ранейшаму, знаходзіўся ў цяжкім становішчы (амаль галечы), і ўжо быў не ў стане ўтрымліваць сябе і сваю вялікую сям’ю. Пасля прыбыцця ў сталіцу Крон павінен быў явіцца да ваеннага міністра61.

6. Падзенне Шыца

Надзвычайная актыўнасць, якую праяўляў беластоцкі камендант, не спадабалася многім у вобласці. Сярод нядобразычліўцаў пераважалі мытныя чыноўнікі і служачыя абласнога праўлення. За Шыцам быў устаноўлены неафіцыйны нагляд. Праўда, Шыц даволі хутка заўважыў за сабой сочку. „Таможенные имеют на меня большое неудовольствие, — пісаў Шыц ваеннаму міністру 8 снежня 1810 г., — заметивши по обстоятельствам, что за ними более смотрят; и даже чрез посторонних людей под видом шутки мне сказано: „кто де живет хорошо с таможенными, не нуждается тот ни в чем, а в противном случае могут они весьма вредить, имевши к сему довольно способов”, и по разговорам со мною г. ст. сов. Ильчевского вижу, что гораздо они ныне осторожнее, и в самом Кнышине имеют нынешний год более казенного доходу против прошлого, только все стараются за мною проследовать, где я был, когда, с кем я что говорил и прочее, но я все то принимаю к себе равнодушно”. Але Шыц не збіраўся ісці на здзелку са сваім сумленнем. „Я лучше согласен есть сухарь с водою, нежели марать свою совесть”, — заяўляў ён, спадзеючыся на далейшае папячыцельства з боку ваеннага міністра62. Але адной схільнасці Барклая дэ Толі аказалася мала.

Сярод злоснікаў каменданта апынуўся і рэзідэнт у Беластоку падпалкоўнік Турскі. Верагодна, каб быць у курсе ўсіх спраў Шыца, Турскім быў „завербаваны” паштмайстар Канстанціновіч, які дастаўляў каменданту пошту. У выніку, у Шыца было знойдзена „слабае месца” — незаконная сувязь з адной жанчынай. 2 кастрычніка 1810 г. Турскім быў пасланы ў Пецярбург данос63, у якім камендант абвінавачваўся ў амаральных паводзінах і слабым выкананні службовых абавязкаў.

11 кастрычніка Барклай даклаў аб гэтым імператару, і той загадаў даручыць міністру паліцыі А. Д. Балашову „тайно разведать чрез гражданское посредство, действительно ли белостокский комендант полк. Шиц, отогнавши от себя свою жену с пятью ребятами, сделал любовную интригу с женою некого Елинга, живущего в Кнышине, увез ее от мужа, о чем и подано правительству прошение. Равномерно доходят слухи, что таковые развлечения препятствуют полк. Шицу исправлять порядочно свою должность”64. Крыніцай „чутак” быў усё той жа Турскі.

У сваю чаргу Шыц паспрабаваў перапыніць дзеянні сваіх нядобразычліўцаў. Першы ўдар ён нанёс па Канстанціновічу — паведаміў ваеннаму міністру пра яго „бессаромнасць”. „Замечено мною, — пісаў Шыц міністру 13 кастрычніка 1810 г., — что здешний почтмейстер Константинович, не знаю по какому поводу, отменно любопытствует в моих корреспонденциях, и старается делать разные неудовольствия; на коего я и прежде приносил жалобу в литовский почтамт о беспорядочном его доставлении ко мне писем, и что иные вовсе пропали, за что и сделан ему был от главного почтового правления наистрожайший выговор; а после того об одном письме я узнал, что ему известно было содержание оного, почему и видно, что он некоторые письма распечатывает, чрез что может узнать и то, что ему вовсе не следует; а посему долгом моим поставляю представить (…) и (…) просить, чтобы ему чрез кого следует повелеть в мои корреспонденции не вмешиваться, а доставлять как следует, ибо от многих есть на него, Константиновича, жалобы и даже от помощника его”65. 28 кастрычніка Барклай дэ Толі паслаў выпіску з гэтага сакрэтнага рапарта ўпраўляючаму Міністэрствам унутраных спраў В. П. Казадаўлеву66. У выніку, Канстанціновіч быў адкліканы ў Санкт-Пецярбург.

Не застаўся Шыц у даўгу і перад Турскім. У шэрагу сваіх данясенняў ён паставіў пад сумнеў дакладнасць даных, якія прадастаўляў рэзідэнт у Пецярбург, і выказаўся пра яго „бессаромнасць”67. Але гэта не выратавала каменданта.

З пачатку 1811 г. паток інфармацыі ад Шыца рэзка скарачаецца, што звязана з падзеннем да яго даверу з боку вышэйшага кіраўніцтва. За студзень — май 1811 г. ён накіраваў ваеннаму міністру толькі 4 данясенні, якія тычыліся другарадных пытанняў. А летам таго ж года палкоўнік быў пераведзены на іншую пасаду. Шыца прызначылі камандзірам 2-й брыгады 4-й акругі ўнутраных батальёнаў і паўбатальёнаў, а абавязкі каменданта ў Беластоку былі ўскладзены на камандзіра беластоцкага паўбатальёна падпалкоўніка Нявежына68.

Што тычыцца функцый разведкі і контрразведкі, то яны на працягу 1811 г. паступова былі перададзены рэзідэнту ў Беластоку падпалкоўніку І. Турскаму і камандуючаму абсервацыйным корпусам генерал-лейтэнанту І. М. Эсэну.

Такім чынам, з пачаткам падрыхтоўкі да вайны з Францыяй, контрразведвальныя функцыі ў Беластоцкай вобласці былі ўскладзены на каменданта К. П. Шыца. За кароткі перыяд часу (люты 1810 — май 1811 гг.) Шыцу ўдалося наладзіць агентурную сетку, рашыць пытанне аб пераносе мытнай заставы, істотна скараціць паток кантрабанды, паставіць пад кантроль перапіску с замежнымі краінамі. Вынікам дзейнасці беластоцкага каменданта была і рэарганізацыя сістэмы аховы граніцы. Тым не менш, дасягненні Шыца аказаліся менш значнымі з-за супрацьдзеяння з боку чыноўнікаў абласнога кіравання і расійскага рэзідэнта ў Беластоку падпалкоўніка І. Турскага (выконваў аналагічныя функцыі, але прыярытэт аддаваў разведцы), а таксама з-за асабістых якасцяў каменданта (любоўная інтрыга с чужой жонкай).

Streszczenie

W 1810 r. stosunki między Francją i Rosją zaczęły wyraźnie się pogarszać. Dla obu stron stawało się jasne, że wojna jest nieunikniona. W ramach przygotowań do konfliktu zbrojnego Rosja zaczęła tworzyć system wywiadu na ziemiach zaledwie włączonych do imperium. Z rozkazu generała Michała Barclaya de Tolly organizacją służb wywiadowczych i kontrwywiadowczych miał zajmować się pułkownik Karl Szyc. Terenem szczególnego zainteresowania wywiadów był Obwód Białostocki. Wojskowi rosyjscy podejrzewali, że wśród miejscowego ziemiaństwa i szlachty jest wielu przeciwników Rosji, którzy mogli być związani z wywiadem francuskim. Część z nich przebywała na terenie Księstwa Warszawskiego i przy pomocy swoich ekonomów, służących zbierali informacje o rozmieszczeniu rosyjskich garnizonów oraz działaniach władz. Z polecenia Szyca od wiosny 1810 r. kontrolowana była korespondencja prowadzona przez miejscowych posiadaczy ziemskich oraz kler katolicki. W wyniku interwencji wywiadu przeprowadzono także działania na rzecz lepszej kontroli granicy i udoskonalono pracę służb celnych. Gromadzono także informacje na temat nastrojów panujących wśród mieszkańców zachodnich guberni. W 1810 r. sztab rosyjski dysponował ogromną wiedzą pozwalającą na obiektywną ocenę sytuacji. Uległa ona zmianie po odwołaniu Karla Szyca z funkcji szefa wywiadu Obwodu Białostockiego.


1 Отечественная война 1812 года. Материалы Военно-учёного архива Главного (Генерального) штаба (далей: ВУА), отд. І: Переписка русских правительственных лиц и учреждений, т. I: Подготовка к войне в 1810 г., ч. I: Исходящая переписка Барклая де Толли, Санкт-Петербург 1900, с. 32-33.

2 Отечественная война 1812 года. Материалы ВУА, oтд. I, т. I, ч. I, с. 33.

3 У перыяд вайны 1809 г. Шыц выконваў контрразведвальныя функцыі ў памежных раёнах — там жа, т. I, ч. II: Входящая переписка Барклая де Толли, Санкт-Петербург 1900, с. 81-83.

4 20 мая 1810 г. Барклай дэ Толі паведаміў аб дазволе імператара, якому дакладаў 19 мая, выдзеліць Шыцу „для надзвычайных расходаў 1000 руб. асігн.”. Каменданту таксама было дазволена выязджаць з горада па свайму „произволу” — там жа, т. I, ч. I, с. 43; ч. II, с. 81. 26 чэрвеня 1810 г. Шыц атрымаў гэтыя грошы — там жа, ч. II, с. 127.

5 Там жа, т. I, ч. II, с. 82-83.

6 Там жа, т. I, ч. II, с. 82.

7 Там жа, т. I, ч. II, с. 101-102.

8 Там жа, т. I, ч. I, с. 56. У той жа дзень Барклай паведаміў Шыцу аб загадзе для Дохтурава аглядаць кардоннай варце асоб, якія перасякаюць мяжу, і дастаўцы да яго знойдзеных пісем — там жа, с. 56.

9 Там жа, т. I, ч. II, с. 132-133. Ілавайскі яшчэ не атрымаў загаду адсылаць такіх асоб да Шыца.

10 Там жа, т. I. ч. II. с. 158.

11 Там жа, т. I, ч. II, с. 133.

12 Там жа, т. I, ч. II, с. 97-98.

13 Там жа, т. I, ч. I, с. 60.

14 Там жа, т. I, ч. II, с. 157.

15 Там жа, т. I, ч. II, с. 133.

16 Там жа, т. I, ч. II, с. 157-158.

17 Да таго часу варце прыходзілася рабіць аб’езд да 30 вёрст цераз в. Страблю і там перапраўляцца на пароме; а восенню, вясной, і пры вялікім ветры, калі не было пераправы, ехаць яшчэ 10 вёрст цераз Плёскі, дзе быў мост. Летам ад Пяткова да Суража казакі насілі свае загады пешшу, паколькі „ў некаторых месцах толькі багна па калена”.

18 Отечественная война 1812 года. Материалы ВУА, отд. I, т. I, ч. II, с. 155-156.

19 Пасля заснавання мытняў і застаў у Беластоцкай вобласці, Гродзенскую мытню, як непатрэбную, прапаноўвалася пераўтварыць у заставу.

20 Журналы Комитета министров. Царствование императора Александра I. 1802-1826 гг. (далей: ЖКМ), т. I, 1802-1810 гг., Санкт-Петербург 1888, с. 245.

21 Полное собрание законов Российской империи с 1649 года. Собрание I, (далей: ПСЗ — I), Санкт-Петербург 1830, т. 30, № 23479, с. 782-785.

22 ПСЗ — I, т. 30, № 23479, с. 782-785. Мытні і заставы, а таксама мытны нагляд у Беластоцкай вобласці, знаходзіліся ў распараджэнні 6-й экспедыцыі абласнога праўлення.

23 Отечественная война 1812 года. Материалы ВУА, отд. I, т. I, ч. II, с. 157.

24 Там жа, т. I, ч. II, с. 262.

25 Там жа, т. I, ч. I, с. 109.

26 Там жа, т. I, ч. II, с. 318-319.

27 Там жа, т. I, ч. I, с. 118.

28 Там жа, т. I, ч. II, с. 262.

29 Там жа, т. I, ч. II, с. 262. Паказанні Маркуса ваенны міністр пераслаў міністру паліцыі Балашову, які прыняў адпаведныя меры па выкрыцці злоўжыванняў. Гл.: там жа, т. I, ч. II, с. 261; т. I, ч. I, с. 109.

30 Там жа, т. I, ч. II, с. 317-318.

31 Там жа, т. I, ч. II, с. 318.

32 Там жа, т. I, ч. I, с. 116. Тое ж самае Барклай 20 снежня напісаў генералу Эсэну — там жа, ч. І, с. 118.

33 Там жа, т. I, ч. I, с. 117.

34 ЖКМ, т. II, 1810-1812 гг., Санкт-Петербург 1891, с. 129.

35 На страже границ Отечества. История пограничной службы. Краткий очерк, Москва 1998, с. 169. Гл.: ПСЗ — I, Санкт-Петербург 1830, т. 31, № 24480.

36 Отечественная война 1812 года. Материалы ВУА, отд. І, т. IV: Подготовка к войне в 1811 г. (Июль — август месяцы), Санкт-Петербург 1903, с. 154-155.

37 Там жа, т. I, ч. II, с. 82.

38 Там жа, т. I, ч. II, с. 100-101.

39 Там жа, т. I, ч. II, с. 133-134.

40 Там жа, т. I, ч. II, с. 156.

41 Там жа, т. I, ч. I, с. 98.

42 Там жа, т. I, ч. II, с. 264.

43 Разведчыкамі былі прадстаўлены наступныя дакументы: „два списка 1-й на французском диалекте, о сведениях в двух литовских губерниях и в Белостокской области, а 2-й на российском диалекте о настоящих действиях в Варшавском княжестве” — там жа, т. I, ч. II, с. 306-307.

44 Там жа, т. I, ч. II, с. 318-319.

45 Там жа, т. I, ч. II, с. 100-101. Турскі яшчэ ў сакавіку 1810 г. паведамляў пра збор польскіх войскаў пад Варшавай і намер адправіць у Іспанію дывізіі Дамброўскага і Заёнчка (10 тыс. чалавек) — гл.: там жа, ч. II, с. 56-59, 97-100.

46 Там жа, т. I, ч. II, с. 157.

47 12 верасня 1810 г. Турскі паведамляў пра арганізацыю трох лагераў: каля Тамашова, Пултуска і Тыкоціна — там жа, т. I, ч. II, с. 244-245.

48 Там жа, т. I, ч. II, с. 261-262.

49 Там жа, т. I, ч. II, с. 263.

50 Там жа, т. I, ч. II, с. 101.

51 Там жа, т. I, ч. II, с. 262.

52 Там жа, т. I, ч. II, с. 316-317.

53 Там жа, т. I, ч. II, с. 157.

54 Там жа, т. I, ч. II, с. 307.

55 Там жа, т. I, ч. II, с. 241-242.

56 Там жа, т. I, ч. II, с. 241-242.

57 Там жа, т. I, ч. II, с. 245-246.

58 Там жа, т. I, ч. II, с. 246.

59 Там жа, т. I, ч. II, с. 263.

60 Няўдалыя спробы расійскай разведкі дабыць план крэпасці ў Замосці тлумачыцца тым, што з верасня 1810 г. крэпаснымі работамі кіраваў генерал-кватэрмайстар польскай арміі генерал Фішар, які прыняў надзвычайныя меры перасцярогі — гл.: Из записок генерала Яна Вейссенгофа (пер. с польск. М. Новацкой), „Военно-исторический сборник” 1912, № 2, с. 211-213.

61 Отечественная война 1812 года. Материалы ВУА, отд. І, т. II: Подготовка к войне в 1811 г. (Январь — май месяцы), Санкт-Петербург 1901, с. 13. Шыц таксама прадставіў ваеннаму міністру атрыманую з Варшавы запіску на нямецкай мове „аб розных абставінах”, якую склаў Крон — там жа, с. 14-15.

62 Отечественная война 1812 года. Материалы ВУА, отд. І, т. I, ч. II, с. 318-319.

63 Там жа, т. I, ч. II, с. 258.

64 Там жа, т. I, ч. I, с. 104.

65 Там жа, т. I, ч. II, с. 263.

66 Там жа, т. I, ч. I, с. 111.

67 Там жа, т. I, ч. II, с. 133-134.

68 Там жа, т. VII: Подготовка к войне в 1811 г. (Декабрь месяц. Документы без дат), Сантк-Петербург 1907, с. 292. Нягледзячы на фактычнае адхіленне ад выканання спецыяльных функцый, Шыц да 9 жніўня 1811 г. заставаўся ў Беластоцкай вобласці — там жа, т. IV, с. 260-261. У час вайны 1812 г. ён камандаваў асобнымі вайсковымі часткамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Гродзенскай і Валынскай губерняў — гл.: Д. П. Ахлестышев, Двенадцатый год. Исторические документы собственной канцелярии главнокомандующего 3-ю Западною армиею генерала от кавалерии А. П. Тормасова, Санкт-Петербург 1912.

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія