Гарадское самакіраванне Бельска ў канцы XIX — пачатку XX ст.
Сяргей Токць
(Гродна)
У гарадах Расійскай імперыі ўстановамі мясцовага кіравання (ужываць тэрмін „самакіраванне” было афіцыйна забаронена) з’яўляліся гарадскія думы. У Гарадзенскай губерні гэтыя ўстановы пачалі ўтварацца з другой паловы 1830-х гадоў1. Да таго ж часу іх функцыі тут выконвалі магістраты і ратушы, якія займаліся адначасова судовымі і гаспадарчымі справамі. Усе гэтыя ўстановы мелі вузкасаслоўны характар. У іх склад абіраліся толькі прадстаўнікі гарадскіх станаў — найперш мяшчан і купцоў. Апроч таго органы гарадскога самакіравання знаходзіліся па сутнасці ў падпарадкаваным становішчы адносна мясцовых дзяржаўна-бюракратычных устаноў. Галоўнай асобай у горадзе звычайна з’яўляўся паліцэйскі чыноўнік — паліцмайстар ці гараднічы, а не гарадскі галава ці бурмістр.
У 1870 г. у Расійскай імперыі была праведзена рэформа гарадскога самакіравання, якая надала гарадскім выбарным установам — думам — усесаслоўны характар. У склад думы, паводле палажэнняў рэформы, на трох выбарчых сходах выбіраліся галосныя („гласныя”) ад гарадскога насельніцтва. Прычым удзельнічаць у выбарах маглі толькі тыя гараджане, якія адпавядалі вызначанаму маёмаснаму цэнзу. На кожным сходзе абіралася трэць галосных. У першы сход уваходзілі самыя заможныя гараджане, якія давалі траціну гарадскіх прыбыткаў. На другі сход збіраліся менш заможныя, якія таксама давалі траціну прыбыткаў горада. А самыя бедныя выбаршчыкі гуртаваліся на трэцім сходзе. Такая сістэма надавала перавагу гарадскому патрыцыяту. Галосныя ж на сваім паседжанні выбіралі выканаўчы орган думы — гарадскую ўправу, у склад якой уваходзіў галава, члены і сакратар управы. Выбары галавы ў павятовых гарадах зацвярджаліся мясцовымі губернатарамі.
На беларускія губерні палажэнні гарадской рэформы былі пашыраны ў 1875 г. Праўда, тут існавала адно вельмі істотнае абмежаванне. Прадстаўнікі жыдоўскага насельніцтва, якое складала ў гэтых губернях большасць сярод гараджан, не маглі перавышаць трэцяй часткі ад колькасці дэпутатаў гарадскіх дум. Жыд таксама не мог быць абраны на пасаду гарадскога галавы. Калі яшчэ ўлічыць той факт, што жыдоўскія прадпрымальнікі цалкам дамінавалі ў мясцовай гаспадарцы, то можна сцвярджаць, што дадзенае абмежаванне ў вялікай ступені надавала гарадскому самакіраванню штучны характар.
Аднак, як сведчаць шматлікія архіўныя матэрыялы, мясцовыя губернатары дамагаліся для сябе ад цэнтральнай улады большых правоў у справе кантролю за дзейнасцю гарадскіх дум. У прыватнасці, яны прапаноўвалі зрабіць пасаду гарадскога галавы не выбарнай, а прызначаемай урадам. Падобнага кшталту пажаданні выказвалі прадстаўнікі дзяржаўнай бюракратыі і ў іншых рэгіёнах імперыі. У выніку ў 1892 г. было выдадзена новае Гарадавое палажэнне, якое павялічвала маёмасны цэнз выбаршчыкаў, удвая скарачала колькасць галосных гарадскіх дум, надавала большыя кантрольныя паўнамоцтвы мясцовай губернскай адміністрацыі. Аднак, нягледзячы на гэта, гарадскія ўстановы, на нашу думку, адыгрывалі дастаткова істотную і прагрэсіўную ролю ў сацыяльна-палітычным развіцці мясцовага грамадства, з’яўляліся важным інстытутам яго паступовай дэмакратызацыі.
У Бельску гарадскія ўстановы, арганізаваныя паводле закону 1870 г., пачалі функцыянаваць з 1878 г. Да таго ж часу ў горадзе, які з’яўляўся павятовым цэнтрам Гарадзенскай губерні, дзейнічалі гарадскія дума і магістрат. Дума займалася гаспадарчымі справамі, а магістрат — судовымі. У склад думы жыхары горада, якія мелі нерухомую маёмасць, выбіралі галаву і двух галосных, а ў склад магістрата — бурмістра і ратманаў. З 1843 г. і як найменш да 1857 г. пасаду гарадскога галавы Бельска займаў Казімір Манькоўскі. Ён быў каталіком паводле веравызнання, скончыў Беластоцкую гімназію, у 1832 г. распачаў службу на пасадзе пісара пры Бельскім магістраце2. У 1850-х гадах Манькоўскаму ўжо належалі ў Бельску тры драўляныя дамы і 30 дзесяцін ворнай зямлі. Галоснымі Бельскай думы ў канцы 1850-х гадоў былі праваслаўныя мяшчане Шыманскі і Вржэцёнка, а сакратаром — каталік Рыгор Сталеўскі. Апошні паходзіў з дзяржаўных сялян, але скончыў тры класы ў Беластоцкай гімназіі.
У 1865 г. галавой Бельскай думы быў абраны Уладзімір Рыгоравіч Такарэвіч. Ён паходзіў з праваслаўных мяшчан, скончыў Драгічынскае дваранскае вучылішча, службу ў мясцовым самакіраванні распачаў у 1855 г. з пасады пісара Бельскай думы3. Такарэвічу належалі ў Бельску два драўляныя дамы, і апроч таго ён яшчэ набыў 3 дзесяціны зямлі. Жалаванне бельскага галавы ў той час складала 380 рублёў у год. Галоснымі думы ў 1860-х былі праваслаўныя мяшчане Трафім Антыховіч і Рыгор Такарэвіч, а таксама прадстаўнік жыдоўскай грамады Міхель Мазья, які паходзіў з мяшчан горада Клецка Мінскай губерні.
У 1869 г. галосным Бельскай думы стаў Уладзімір Паўлавіч Закржэўскі, а ў 1874 г. яго абралі ўжо на пасаду гарадскога галавы. Галоснымі тады былі Іван Антыховіч і Восіп Саковіч. Уладзімір Закржэўскі займаў пасаду бельскага галавы аж да 1890 г. Толькі ў 1877 г. гарадскім галавой на кароткі час ізноў стаў Казімір Манькоўскі.
У 1878 г. гарадское самакіраванне Бельска было рэфармавана ў адпаведнасці з новым Гарадавым палажэннем. Цяпер жыхары горада абіралі галосных у склад думы, а апошнія — гарадскую ўправу. Гарадскім галавой стаў Уладзімір Закржэўскі, а членамі ўправы — Леў Іванавіч Такарэвіч, які скончыў рэальную гімназію ў Беластоку, Іван Сямёнавіч Антыховіч і Міхель Мазья. У 1881 г. Міхеля Мазью замяніў Іовель Ландэ. У 1884 г. замест Льва Такарэвіча і Івана Антыховіча членамі ўправы былі абраныя Эдмунд Здрайкоўскі і Восіп Саковіч.
У 1890 г. бельскім галавой стаў калежскі сакратар Баляслаў Казіміравіч Варпяхоўскі. Ён быў каталіком паводле веравызнання, скончыў Беластоцкую гімназію. Членамі ўправы засталіся Эдмунд Здрайкоўскі і Іовель Ландэ.
У 1895 г. членамі ўправы з’яўляліся адстаўны маёр, удзельнік Каўказскай і Крымскай кампаній Аляксандр Кудржыцкі і Йосель Бурштэйн. Кудржыцкі скончыў у свой час Кіеўскую духоўную семінарыю. Але ўжо ў 1896 г. мы бачым на гэтых пасадах новых людзей — Томаша Любавіцкага і Рыгора Такарэвіча.
У 1901 г. на пасадзе Бельскага галавы ўжо знаходзіцца Казімір Людвігавіч Высоцкі, а членамі ўправы пры ім былі Рыгор Антонавіч і Пётр Уладзіміравіч Такарэвічы. У 1905 г. Пётр Такарэвіч займае пасаду гарадскога галавы, а яго памочнікам з’яўляецца Пётр Паўлавіч Федаровіч. З 1909 г. ужо Пётр Федаровіч займае пасаду галавы, а яго памочнікам становіцца Георгі Восіпавіч Асташэвіч. З 1910 г. на пасадзе бельскага галавы бачым Якуба Міхайлавіча Імшэніка. Такім чынам на працягу другой паловы XIX — пачатку XX ст. на пасадзе бельскага гарадскога галавы знаходзілася як найменш 8 асобаў. Усе яны належалі да заможнай часткі гарадскога насельніцтва. Значную ролю ў дзейнасці гарадской управы адыгрываў таксама яе сакратар. З 1887 г. і да пачатку XX ст. гэтую пасаду займаў Восіп Людвігавіч Руткоўскі. Цікава, што ў 1885 г. ён належаў да каталіцкай канфесіі, а ў 1889 г. — ужо да праваслаўнай. Магчыма, што змена веравызнання адбылася якраз з мэтай захаваць за сабой пасаду сакратара ўправы.
Колькасць галосных Бельскай думы складала 42 чалавекі, альбо па 14 дэпутатаў ад кожнага з трох сходаў. У 1885 г. сярод 41 галоснага бачым 9 праваслаўных, 19 каталікоў і 13 іудзеяў (табліца 1). Паводле станавай прыналежнасці ў думе прысутнічалі 30 мяшчан, 8 шляхцічаў, 2 купцы і 1 чыноўнік.
Як мы ўжо вышэй адзначылі, гарадская рэформа 1870 г. не выклікала асаблівай радасці сярод мясцовай дзяржаўнай бюракратыі Расійскай імперыі, прадстаўнікі якой выказвалі шмат крытычных заўвагаў адносна новых гарадскіх устаноў. Не застаўся ў баку і гарадзенскі губернатар Пацёмкін, які ў чэрвені 1889 г. даслаў спецыяльную запіску віленскаму генерал-губернатару. У гэтай запісцы ён у прыватнасці пісаў: „Я в течение пятилетнего срока управления губернияй не мог не обратить внимание на то, что деятельность этих учреждений (гарадскіх — С. Т.) идет крайне неудовлетворительно”4. Што ж выклікала незадавальненне начальніка губерні. Адной з найбольш істотных хібаў ён лічыў кепскае вядзенне гарадской гаспадаркі і хранічны дэфіцыт думскіх бюджэтаў. Напрыклад, у 1889 г. запазычанасць бельскага гарадскога бюджэту складала 13 126 руб., у той час калі ў 1878 г. даўгі складалі 3 073 руб. На думку губернатара, „такое финансовое положение могло явиться только последствием неумелого ведения хозяйства или полной бесхозяйственности (...) не произведено ни каких затрат ни на народное образование, ни для улучшения санитарного положения городов, ни для украшения их”5. У якасці прыкладу Пацёмкін прывёў і Бельскую думу, якая адмовілася траціць грошы на народную адукацыю. Губернатар сцвярджаў, што прычынай такога становішча з’яўляўся не недахоп сродкаў, на што звычайна спасылаліся думы, але „нежелание городских управлений принять на себя заботы для изыскания средств или просто от неправильного ведения дела”6. На думку начальніка губерні, гарадскія ўстановы свядома заніжалі вартасць нерухомай маёмасці гараджан і тым самым змяншалі сумы ацэначнага збору на карысць горада. Напрыклад, нерухомая маёмасць жыхароў Бельска ацэньвалася думскай камісіяй на суму 118 150 руб., у той час, як паводле ацэнкі падатных інспектараў, яе рыначны кошт дасягаў 590 750 руб.
Галоўнай прычынай крытычнага становішча гарадскога самакіравання губернатар бачыў кепскі склад гарадскіх галоў, які вынікаў, на яго думку, з выбарнага прынцыпу іх прызначэння: „При существующих условиях в Гродненской губернии и при действии выборной системы трудно ожидать появление когда либо на должности городского головы лица вполне благонадежного, благодаря тому что все дела избрания находятся в руках лиц еврейского, польского или иностранного происхождения, посему и избранный голова, можно с уверенностью сказать, будет носить на себе следы влияния этих народностей (или польской и еврейской среды)”7. У якасці доказу губернатар прыводзіў лічбы, паводле якіх каталікі складалі 49% сярод галосных гарадскіх дум губерні, іудзеі — 32%, а праваслаўныя — толькі 18%. У Бельску, напрыклад, на той час налічвалася 9 галосных праваслаўнага вызнання, 19 каталікоў і 13 іудзеяў8. Панацэяй ад гэтай „бяды” Пацёмкін лічыў прызначэнне гарадскіх галоў ад урада, з чым, праўда, не пагадзіўся нават віленскі генерал-губернатар. Такім чынам, галоўная прычына незадавальнення гарадзенскага губернатара вынікамі гарадской рэформы заключалася хутчэй не ў сферы гаспадаркі, а ў сферы ідэалогіі. Варта адзначыць, што гаспадарчая дзейнасць выбарных устаноў заўжды выклікала нараканні ўрадавай адміністрацыі, але тыя ж самыя абвінавачанні можна было б вылучыць і адносна дзейнасці ўрадавых чыноўнікаў.
Новае Гарадское палажэнне 1892 г. сапраўды істотна павялічвала магчымасці кантролю за дзейнасцю гарадскіх устаноў з боку дзяржаўнай адміністрацыі. Змяншалася кола выбаршчыкаў і колькасць галосных гарадскіх дум. Так, у 1912 г. у Бельскай думе, паводле даных памятнай кніжкі Гарадзенскай губерні, налічвалася ўсяго 18 галосных разам з галавой: Якуб Імшэнік (гарадскі галава), Сцяпан Вржэцёнка, Іван Артысевіч, Леў Ключынскі, Восіп Федаровіч, Максім Пасынюк, Рыгор Такарэвіч, Ануфры Забродскі, Мечыслаў Бялецкі, Восіп Артысевіч, Аляксандр Ваўрашук, Павел Янушэўскі, Сямён Антыховіч, Рыгор Вржэцёнка, Антон Маляшкевіч, Мацвей Каласоўскі, Пётр Вржэцёнка, Іцка Мінкін. Калі меркаваць па прозвішчах галосных, дык сярод іх быў толькі адзін іудзей. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што жыдоўская грамада Бельска была напачатку XX ст. штучна адсунута ад удзелу ў гарадскім самакіраванні.
Найбольш поўнае ўяўленне аб характары дзейнасці Бельскай думы на мяжы XIX і XX ст. падаюць гадавыя справаздачы і пратаколы паседжанняў. На паседжанні галосныя збіраліся звычайна не больш 10 разоў у год. Найчасцей разглядалі справы аб перадачы ў арэнду гарадской маёмасці і расходаванні грамадскіх сродкаў. Напрыклад, у 1891 г. адбылося 8 паседжанняў думы, на якіх было вырашана 75 спраў. Праз канцылярыю ўправы ў тым годзе прыйшлі 1784 уваходзячыя паперы і 1831 сыходзячыя, былі заведзены 24 падрады на выкананне розных работ, выдадзена 459 гандлёвых дакументаў на суму 11 383 рублі, на вайсковую службу прызвана 157 гараджан9. У кірунку добраўпарадкавання горада ўправа ў 1891 г. уладкавала новае памяшканне для пажарнікаў, пабудавала і пафарбавала новыя масты, а старыя адрамантавала, таксама адрамантавала гарадскія насосы, выбрукавала частку Замкавай і Сафійскай вуліц, адрамантавала брук на базарнай плошчы і адрамантавала гарадскі будынак, заняты Суздальскім палком. Як можна меркаваць, вельмі вялікую ролю ў прыняцці рашэнняў меў галава. Некаторыя ж галосныя рэдка бралі ўдзел у працы думы. Напрыклад, у 1886 г. быў выключаны з ліку галосных Арон Мазья, „как находящийся более двух лет в неизвестной отлучке”10.
Гарадскія прыбыткі за 1891 г. дасягнулі 13 548 руб., а яшчэ 1 870 рублёў было атрымана за кошт мінулагодніх даўгоў і 554 руб. звыш запланаванага. Але паводле гадавога бюджэту прадугледжавалася атрымаць 16 717 рублёў, і 13 432 рублі складалі мінулагоднія даўгі. Самы значны артыкул гарадскіх прыбыткаў складалі выплаты ад дзяржаўнай казны на пастой войска — 7 701 руб. Таксама 1 600 рублёў дзяржава плаціла арэнды за гарадскія памяшканні, якія займаў Суздальскі полк. За выдачу гандлёвых дакументаў управа атрымала 1 400 руб. Гарадскія лугі і выганы прыносілі 840 руб. прыбытку. Арэнда гандлёвых месцаў давала гораду 507 рублёў. У той жа час працэнтны збор з нерухомасці гараджан прынёс толькі 70 руб., хаця па рахунку прадугледжвалася 1500. Увогуле, нявыплата гораду арэндных і чыншавых плацяжоў, як можна меркаваць, была з’явай хранічнай. Напэўна прынцыпова не плацілі Бельску чынш гарадскія вёскі Аўгустова, Стрыкі, Шасталы, Відава, Парцава, Спічкі і Пасечнікі. Даволі вялікімі былі таксама даўгі некаторых прыватных асобаў. Так, Уладзімір Такарэвіч завінаваціўся гораду 42 рублі, Іван Асеннік — 25, Фёдар Дземяновіч і Леў Тваркоўскі — па 18 руб. (табліца 2).
Праўда, горад таксама меў даўгі перад прыватнымі асобамі. Найперш гэта датычыла выплаты жалавання розным службовым асобам. Найбольшую ж суму са свайго бюджэту Бельск павінен быў выдаткаваць на наём памяшканняў для вайскоўцаў — 8 000 руб. На ўтрыманне паліцыі прадугледжавалася выплата звыш 3 650 руб. У той жа час на патрэбы прыходскага вучылішча было выдаткавана ўсяго 630 рублёў. Напрыклад, на ацяпленне і асвятленне турмы пайшло трохі меней — 560 руб. Даволі значнымі былі выплаты з гарадской казны некаторым прыватным асобам. Так, Здрайкоўскі за ўтрыманне лазарэта атрымаў 977 рублёў. Мазья за ўтрыманне канцылярыі і двух вайсковых рот атрымліваў 1 410 руб. і яшчэ 500 сумесна з Шаршноўскім за дадатковы лазарэт. Цікава, што той жа Мазья адначасова быў вінны гораду 7 900 руб.
Гадавое жалаванне гарадскога галавы складала на той час 500 руб., гласныя атрымівалі па 300, сакратар — 448, пісары — па 250 руб. Для параўнання, жалаванне паліцэйскага павятовага спраўніка складала каля 1 800 руб., а станавога прыстава — звыш 1 200 руб.
Усяго ж выдаткі Бельскай думы за 1891 г. склалі 15 821 руб., з якіх 1 870 руб. прыходзілася на пагашэнне мінулых даўгоў. Але пры гэтым гарадскі доўг дасягаў па-ранейшаму вельмі істотнай сумы ў 14 671 руб. (табліца 3).
У 1895 г. выдаткі і прыбыткі гарадскога бюджэту склалі 21 417 руб.11 Па-ранейшаму найбольшая сума трацілася гарадской думай на наём кватэраў для вайскоўцаў і жандараў — 7 966 руб. На выплату жалавання чыноўнікам і служачым, ацяпленне і асвятленне гарадскіх памяшканняў пайшло 5 644 руб. Дзяржаўнаму казначэйству было выплачана „пособие” на суму 1506 руб. З іх 846 прызначалася на паліцыю і 524 на ўтрыманне прыходскага вучылішча. Яшчэ 50 руб. горад выдаткоўваў на жаночую змену пры прыходскім вучылішчы. На добраўпарадкаванне Бельска ў 1895 г. было патрачана 1 211 руб. З гэтай сумы 566 руб. пайшло на рамонт мастоў і бруку і 400 на рамонт гарадскіх пабудоў. На вулічныя ліхтары было патрачана 100 руб., на ачыстку комінаў і знішчэнне бяздомных сабак — па 20, на рамонт гарадскога гадзінніка — 25.
Структура гарадскіх прыбыткаў мала змянілася ў параўнанні з 1891 г. Чыншы з гарадскіх зямель павінны былі прынесці ў гарадскую казну 2 642 руб. (усяго 107 паасобных артыкулаў). Так, Гірш-Юдэль Хазан плаціў за сенажаць плошчай 2 дзесяціны пры Васкрасенскай вуліцы 48,5 руб. Сталеўскі і Здрайкоўскі арандавалі за 31 руб. сенажаць ва ўрочышчы Любка пры Замкавай вуліцы. Нашчадкі Абрама Перэля павінны былі выплачваць 5,6 руб. за ўчастак зямлі пад ветраком за Старарускай вуліцай. Найбольшую суму ў 225 руб. выплачваў Шолам Сыркін за арэнду гарадскіх дамоў „Сталеўшчызна”. Жыды Мойша Таненбаўм і Шэйна Грынберг трымалі за 48,5 руб. крамы ў будынку ратушы. Сямён Купралевіч плаціў 7 руб. за права рыбнай лоўлі.
Збор з нерухомасці гараджан павінен быў скласці ў 1895 г. 1 100 руб., збор гандлёвых дакументаў — 1 875 руб., продаж гарадской нерухомасці — 7 000 руб. Апроч таго горад атрымліваў 5 500 руб. ад дзяржаўнай казны за вайсковы пастой, 670 руб. за яўкі і пратэст дакументаў, 7 руб. за кляйменне мераў і вагаў. Прадугледжавалася таксама спагнанне даўгоў на суму 2 623 руб.
Аднак дакладнае выкананне бюджэту было для Бельска непасільным заданнем. У 1895 г. агульны недабор гарадскіх даходаў разам з мінулымі даўгамі дасягнуў 20 878 руб. Нявыплачаны чынш з гарадскіх вёсак склаў 1 096 руб. Жыхары Пасечнікаў задаўжалі Бельску 1 225 руб. за 207 дзесяцін гарадской зямлі, вёскі Стрыкі і Малінова — па 480, Шасталы — 35. Напэўна спагнанне гэтых даўгоў было справай нерэальнай. Акрамя таго даўгі самога горада перавышалі 5 тыс. руб. Варта падкрэсліць, што такая сітуацыя з’яўлялася характэрнай для ўсіх гарадоў Гарадзенскай губерні.
Статыстычныя даныя сведчаць, павелічэнне гарадскога бюджэту на пачатку XX ст. было даволі павольным (табліца 4). Найбольшы прыбытак горад атрымаў у 1907 г. — 37 552 руб. У той жа час у 1911 г. гэты прыбытак зменшыўся да сумы 20 508 руб., што было меней, чым у 1895 г. Заўважальнай асаблівасцю бельскага гарадскога бюджэту з’яўляўся яго напаўаграрны характар. Істотная частка прыбыткаў прыходзілася на арэнды за землі сельскагаспадарчага выкарыстання. У той жа час грашовыя паступленні прамысловага паходжання практычна амаль адсутнічалі.
У 1901 г. паводле даных губернскага статыстычнага камітэта ў Бельску налічвалася 6 фабрык (4 фарбавыя, тытунёвая і гільзавая) і 17 заводаў (2 піваварні, мёдаварня, 4 па вытворчасці мінеральнай вады, 4 млыны, маслабойня, смалакурня, свечны завод, цагельня, завод па вытворчасці дахоўкі, ганчарны завод) з агульным абаротам сродкаў 28 845 руб. і колькасцю рабочых 78 чалавек. Для параўнання, у Беластоку на той час налічвалася 317 фабрык і заводаў з агульным абаротам 4 763 076 руб. Варта адзначыць, што Бельск зусім не канцэнтраваў у сабе прамысловасці ў межах цэлага павета. На той час у Бельскім павеце налічвалася 558 фабрык і заводаў з агульным абаротам сродкаў 481 751 руб. Такім чынам, на павятовы горад знаходзілася толькі прыкладна 17я доля ад абаротаў усёй мясцовай прамысловасці. І ў далейшым істотнага росту прамысловасці ў Бельску не назіралася. Наадварот, пасля кароткага ўздыму ў 1902-1903 гг., у 1905 г. у горадзе налічвалася 25 прамысловых прадпрыемстваў з агульным абаротам 26 745 руб. і колькасцю рабочых 68 чалавек. Такім чынам, працэсы індустрыялізацыі ў цэлым яшчэ даволі слаба закранулі Бельск напярэдадні першай сусветнай вайны.
Як і ўсе іншыя гарады Гарадзенскай губерні Бельск меў стракатую этна-канфесійную структуру насельніцтва. Паводле даных губернскай адміністрацыі за 1869 г. у горадзе налічвалася 2 872 жыхары, якія належалі да падатных станаў. Паводле этнічнай прыналежнасці яны размяркоўваліся наступным чынам: жыды — 1753, палякі — 544, беларусы — 541, вялікарусы — 20, татары — 8, маларусы і немцы — па 3 асобы12. Трэба тут зазначыць, што звесткі пра этнічны склад насельніцтва збірала мясцовая паліцыя.
На час рэалізацыі рэформы гарадскога самакіравання ў 1878 г. у Бельску налічвалася ўжо 5 810 жыхароў13. Паводле канфесійнай прыналежнасці яны падзяляліся: іудзеі — 3 968, праваслаўныя — 940, каталікі — 895, пратэстанты — 7. Такім чынам, большасць насельніцтва горада па-ранейшаму складалі іудзеі — больш 68% ад усёй люднасці. Паводле саслоўнай прыналежнасці дамінавалі мяшчане — 88% насельніцтва Бельска. Спадчыннай шляхты налічвалася ўсяго 28 асобаў.
Паводле першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1897 г. у Бельску налічвалася 7 464 жыхары14. Паводле роднай мовы яны падзяляліся: жыды — 4 064, вялікарусы — 1 499, палякі — 1 006, маларусы — 556, беларусы — 244, немцы — 58, іншыя — 37. Трэба адзначыць, што люднасць горада, асабліва праваслаўнага веравызнання, падлягала працэсам моўнай русіфікацыі, якая свядома заахвочвалася царскімі ўладамі. Так, сярод асобаў, якія знаходзіліся на грамадскай службе, а гэта значыць працавалі ў гарадской думе і ўправе, 6 назвалі роднай мовай расійскую, 5 — польскую і 1 — жыдоўскую. Нават сярод бельскіх каталікоў 86 чалавек назвалі расійскую мову роднай. Паводле веравызнання ў Бельску дамінавалі іудзеі — 2 349, праваслаўных налічвалася 2 235 асобаў, каталікоў — 1 066, лютэран — 60, мусульманаў — 19.
У 1913 г., паводле даных губернскага статыстычнага камітэта, у Бельску налічвалася ўжо 9 206 жыхароў15. У параўнанні з 1878 г. рост склаў 58%, а адносна 1897 г. — 20%. Па нацыянальнаай прыналежнасці жыхары горада падзяляліся: беларусаў — 6 089, жыдоў — 2 613, палякаў — 332, расіян (вялікарусаў) — 86, украінцаў (маларусаў) — 34, літоўцаў — 28, іншых — 24. Паводле канфесійнай прыналежнасці склад жыхароў Бельска выглядаў у 1913 г. наступным чынам: праваслаўныя — 3829, каталікі — 2740, іудзеі — 2613, пратэстанты — 20, мусульмане — 4. Самай заўважальнай зменай у параўнанні з 1897 г. стала вельмі істотнае змяншэнне ўдзельнай вагі іудзейскага насельніцтва. У той жа час колькасць праваслаўных жыхароў горада павялічылася на 71%, а каталікоў — на 157%.
Паводле саслоўнай прыналежнасці ў 1913 г. у горадзе па-ранейшаму пераважалі мяшчане — 8 458 асобаў (92%). Дзяржаўных сялян налічвалася 260, гарадскіх сялян — 139, купцоў — 46, спадчыннай шляхты — 37, асабістай шляхты — 93, спадчынных грамадзян — 13, асабістых грамадзян — 29, прадстаўнікоў духоўных станаў — 20, бястэрмінова адпускных і адстаўных ваенных чыноў — 57, салдацкіх дзяцей — 32, іншаземцаў — 22, вайскоўцаў — 58.
Такім чынам, нельга весці гаворку пра вельмі ўжо дынамічнае гаспадарчае развіццё Бельска ў разгляданы храналагічны перыяд. Не назіралася таксама і значнага прытоку насельніцтва з-па-за межаў горада, а павелічэнне яго адбывалася найперш дзякуючы натуральнаму прыросту. Гэта ў сваю чаргу ўплывала на тое, што з’яўлялася няшмат новых крыніц для папаўнення гарадскога бюджэту, а адпаведна не хапала сродкаў на эфектыўную дзейнасць мясцовага самакіравання. Таму пошук крыніц папаўнення гарадскога бюджэту быў напэўна асноўным галаўным болем для бельскага галавы і членаў управы.
У лістападзе 1893 г. галава Варпяхоўскі прапанаваў гарадзенскаму губернатару ўвесці на карысць горада падатак з тавараў, якія ўвозіліся ў Бельск па чыгунцы. Паводле яго разлікаў, такі падатак мог бы прынесці гораду каля 500 рублёў гадавога прыбытку. Аднак Гаспадарчы дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў адказаў у снежні таго ж года на запыт губернатара, што падатак з чыгунак можа быць уведзены мясцовымі ўладамі выключна для пабудовых пад’язных шляхоў16.
Пошукі новых крыніц прыбыткаў для гарадской казны працягваліся і надалей. У гэтай справе гарадскія ўлады нярэдка ўступалі ў канфлікты і вялі працяглыя судовыя працэсы. Адзін з падобных канфліктаў здарыўся паміж управай і прычтам Прачысценскай царквы ў канцы 1890-х гадоў. Гарадскі галава пісаў губернатару 15 верасня 1897 г.: „Главное занятие большинства хозяев Бельского уезда с давних времен состоит в сбытии на существующих в городе базарах и ярмарках кроме сельскохозяйственных произведений и привозимых на эти ярмарки в больших размерах рогатого скота и лошадей. Этот род торговли ежегодно приходит в упадок по случаю неимения удобного под скотский и лошадиный рынок плаца”17. У якасці такога пляца гарадскія ўлады абралі гарод плошчай каля 2 000 кв. сажняў, які належаў Прачысценскай царкве і знаходзіўся „вдали от церкви при конце Брянской улицы”. Аднак прычт адмовіўся аддаць гэты гарод у арэнду гораду за „умеренную плату”. Управа таксама прапаноўвала царкве прадаць азначаны кавалак зямлі, альбо абмяняць на гарадскі луг пры Замкавай вуліцы. І да гэтага прычт паставіўся адмоўна і нават, як скардзіўся гарадскі галава губернатару, „выразился неприличными и неподобающими словами, прямо оскорбляющими членов городской Управы”. У азначанай спрэчцы прычт Прачысценскай царквы атрымаў падтрымку і Літоўскай кансісторыі, да якой таксама звярнулася з афіцыйным лістом Бельская ўправа.
У чым жа заключалася прычына адмоўнага стаўлення царкоўнага прычту да спробаў управы палепшыць эканамічны стан горада? Аргументы прычту былі выкладзены ў яго афіцыйным адказе на прапанову ўправы, які падпісалі святар Аляксандр Спаскі і псаломшчык Андрэй Аніська. Прычым выглядалі гэтыя аргументы досыць пераканаўча: „указанного плаца при Брянской улице, принадлежащего будто притчу, пространством около 2 000 кв. саж. не имеется, а находится только огород, в котором значится пространства 2 340 кв. саж. и на котором допущены злоупотребления со стороны оной Управы во время арендования его от причта от 3 марта 1893 г. до 3 марта 1897 г., а именно: часть сего огорода допущена Управой к самовольному отчуждению под постройку и поселение евреев, а другая часть сей земли Управой предположена была к исключению из владений причта в свою пользу с препятствованием причту чрез заведение в суде Мировом неправильного иска в постановке изгороди на церковной земле. Вообще такого рода действия Управы повлекли ее и причт к возбуждению по сему предмету крайне обременительных для причта тяжебных дел в местных судебных Мировых учреждениях и Правительственном Сенате”18. Прычт абвінавачваў управу ў тым, што яна незаконна перадала яго зямлю ў карыстанне на правах вечнага чыншу жыдам Ужыцкаму і Шпэктару, якія там пабудаваліся ў 1895 г. Дадзеная справа тры разы слухалася на паседжаннях Сената і ўрэшце завершылася на карысць царквы.
Літоўская кансісторыя падтрымала бельскага святара ў яго спрэчцы з гарадской уладай і сцвярджала ў афіцыйным лісце да губернатара: „Но виноват ли Причт, что все бывшие свободные плацы в городе, которые были бы удобны для базара, Управа застроила домами и лавками евреев”19. У лісце кансісторыі таксама тлумачылася прычына, паводле якой прычт адмаўляўся ад продажу ці абмену зямлі: „Причт должен был бы завести целую стражу для охраны луга от потрав или (...) вынужден будет находиться в самых неприязненных отношениях с жителями города, при воспрещении им пасьбы лошадей”20. У выпадку ж продажу гарода, „потребуется со стороны причта непосильный труд в переписке о взыскании ее (платы — С. Т.)”. У гэтых адносінах прычт ужо меў вопыт, паколькі ніяк не мог спагнаць з управы 32 рублі, прысуджаныя яму міравым судом: „на этом основании причт находит более выгодным отдать огород в аренду еврею, а не управе”.
Паліцэйскі спраўнік Бельскага павета Сакалоў у сваім пісьмовым меркаванні наконт азначанай справы сцвярджаў, што царкоўны гарод не падыходзіць для размяшчэння рынка, паколькі непасрэдна прымыкае да чыгункі. Ён прапаноўваў дзеля гэтай мэты арандаваць ворыўныя ўчаскі зямлі Пятра Такарэвіча і Восіпа Парфяновіча пры Боцькаўскай вуліцы. Нарэшце пасля доўгіх разважанняў гарадская ўправа заключыла ў верасні 1902 г. кантракт з жыдам Шлемай Блюменталем на арэнду за 100 руб. у год гарода на Старарускай вуліцы, які апошні ў сваю чаргу арандаваў у Феліцыі Боцькаўскай і Юзэфа Вольфарта.
Безумоўна, дзейнасць Бельскай гарадской управы не абыходзілася без карупцыйных скандалаў, якія былі неад’емнай часткай гісторыі як тагачасных бюракратычных устаноў, так і органаў мясцовага самакіравання. Самая гучная карупцыйная справа здарылася ў Бельску на пачатку 1880 г. Увечар 24 студзеня таго ж года з касы гарадской управы былі скрадзены грошы на суму 9 076 руб., большасцю ў выглядзе банкаўскіх крэдытных білетаў. Пакуль вартаўнік хадзіў дахаты вячэраць, злаўмыснік залез у памяшканне ўправы, адчыніў куфар і выграб усе наяўныя там грошы і каштоўныя паперы.
Гэтае здарэнне ўскалыхнула гарадское жыццё. Група мяшчан-хрысціян на чале з Мікалаем Вржэцёнкам склала 2 лютага ліст да губернатара, які пачынаўся з такіх радкоў: „Катастрофа, постигшая город Бельск 24 января сего года, небезызвестна Вашему Превосходительству. Пропажа денег, случившаяся того числа из сундука Бельской городской Думы, взволновала умы посторонних, стеснила и опечалила сильно сердца всех нас близко интересовавшихся небывалым еще до настоящего времени у нас происшествием. Конечно, утайка денег от общества и разное мошенничество со стороны думы случались с давних времен и сплошь, да рядом, но они не были так заметны и оглажены законной формой, что для большинства народа темного не было заметно, но такой наглый поступок как кража слишком десяти тысяч рублей серебром открыл глаза и самым слепым людям и заставил серьезно взглянуть на дела”21. „Серьезно взглянувши на дела”, абураныя гараджане ў сваім лісце абвінававацілі ў здарэнні гарадскога галаву Закржэўскага, членаў управы Льва Такарэвіча і Івана Антыховіча, а таксама касіра Міхеля Мазью. Апошні, паводле аўтараў ліста, „самовластно и бесконтрольно от многих лет распоряжается для своих купеческих предприятий общественным капиталом”. Прычынай трывогі часткі гараджан было тое, што члены ўправы „не стесняясь поговаривают, что пропавшие деньги сложить должны мы, мещане христиане, так как евреи надеются освободить себя по своей хитрости и ловкости от платежа”. Гэта і прымусіла іх звярнуцца да начальніка губерні: „А потому мы бедные и беззащитные люди, много лет страдавшие под гнетом вследствие незаконных поборов (...) Бельской Думы, осмеливаемся просить Ваше Превосходительство взглянуть милостивым, отеческим и начальственным взглядом на нас, угнетенных и несчастных, на коих по всей вероятности всею тяжестью своей падет пополнение недоимки и оказать законную защиту”.
Касір гарадской управы Міхель Мазья, які адказваў за захаванне грошай, абвінаваціў у іх крадзяжы чатырох цесляроў-жыдоў — Вольфа Лейшкеса, Абрама Гірша, Мордука Купершміта і Шымона Зянецкага. Паводле звестак, якія ён атрымаў ад рабіна Еліна, названыя цесляры ў вечар, калі быў здзейснены крадзеж, забеглі ў шынок жыда Зінгера, дзе запатрабавалі сабе асобны пакой і выпіўку. Аднак жонка і цёшча шынкара ўбачылі праз шчыліну ў сцяне, што яны займаліся дзеляжом грошай. А назаўтра малалетні сын Зінгера нібыта знайшоў у тым пакоі купон ад 25-рублёвага білета. Усю гэтую інфармацыю багабойны шынкар паведаміў рабіну. Паліцэйскі спраўнік Рычкоў у сваю чаргу сцвярджаў, што шынкар Зінгер быў падкуплены касірам управы за 400 рублёў. Да такой жа думкі схіліўся і прысланы з Гародні чыноўнік для асобых даручэнняў Дэйбнер. Праведзенае следства і суд цалкам апраўдалі Лейшкеса, Гірша, Купершміта і Зянецкага. У растраце грошай прадстаўнікі дзяржаўнай улады і члены ўправы Леў Такарэвіч і Іван Антыховіч абвінавачвалі касіра Мазью.
Аднак гарадская дума на сваім паседжанні, якое адбылося 8 ліпеня 1881 г., адмовілася аддаваць Мазью пад суд. Сам касір і гарадскі галава Закржэўскі сцвярджалі, што следства было праведзена неаб’ектыўна і не ўлічыла ўсіх фактаў. Асобнае меркаванне афіцыйна склаў галосны Уладзімір Такарэвіч: „Гласные из евреев по своей замкнутости и заранее сговорены все единогласно отозвались, что нельзя предавать Мазьи суду, а подвергнуть административному взысканию за небрежное хранение денег с обращением на него взыскания указанной суммы (...). Из числа похищенных денег вырученных с продажи городского леса, состовляющего с искони достояние наших предков, евреи пришельцы поселились в недавнее время от 50 лет в здешнем городе из разных городов и мест, считая в настоящее время все городское имущество за свою неотьемлимую собственность, отзывались, дабы простить растраченные деньги”22.
Нягледзячы на пастанову думы, губернатар распарадзіўся пасадзіць Мазью ў турму, а Закржэўскага змясціць з пасады гарадскога галавы. Апошні паскардзіўся ў Сенат, але ў Пецярбургу сталі на бок губернатара. Дарэчы, у часе, калі быў здзейснены крадзеж грошай, Закржэўскі ляжаў дома са зламанай нагой, а абавязкі галавы выконваў Іван Антыховіч. Апошні разам з Львом Такарэвічам запатрабавалі тады ад Мазьі, паводле іх паказанняў, перадаць гарадскія грошы ў павятовае казначэйства. На думку ўладаў, гэтае патрабаванне і справакавала ўяўнае ці сапраўднае знікненне грошай.
Бельская дума на сваіх паседжаннях неаднаразова вярталася да дадзенага пытання. У лютым 1884 г. за тое, каб аддаць Закржэўскага пад суд, выказаліся толькі 3 галосныя думы, а супраць былі 21. У той жа час за аддачу пад суд Івана Антыховіча выказаліся 19 галосных пры 5-цёх супраць, а каб судзіць Льва Такарэвіча выступілі аж 22 думцы пры ўсяго 2-х супраць.
На паседжанні, якое адбылося 5 верасня 1884 г., Бельская дума пастанавіла ўскласці выплату 2/3 скрадзенай сумы на І. Антыховіча і Л. Такарэвіча, паколькі Мазья, які адседзеў 2 гады ў турме, знаходзіўся ў „крайнем разорении”. Усяго ж Мазья выплаціў гораду 1 176 руб. 27 снежня 1889 г. дума пастанавіла канчаткова закрыць гэтую справу. Скрадзеныя грошы на працягу многіх гадоў заставаліся безнадзейным пунктам у графе даўгоў гораду.
З наяўных архіўных матэрыялаў, якія складаюць даволі вялікі том перапіскі, немагчыма вызначыць, на чыім баку была праўда. Аргументы губернскіх уладаў і членаў управы Антыховіча і Такарэвіча выглядаюць нібыта больш пераканаўча, чым іх апанентаў. Але, з другога боку, тыя ж Антыховіч і Такарэвіч засталіся ў думе ў абсалютнай меншасці. Магчыма, што існавалі нейкія факты, якія не знайшлі адлюстравання ў афіцыйнай перапісцы.
У матэрыялах гарадзенскага архіва захавалася яшчэ некалькі карупцыйных спраў з Бельска. Напрыклад, у маі 1893 г. частка мяшчан горада паскардзілася губернатару на няправільную, з іх пункту гледжання, аддачу грамадскага выгану ў арэнду прыватным асобам. Так, Канстанціну Сталеўскаму была аддадзена на 12 год гарадская паша пры Васкрасенскай вуліцы, а Гершку Хазану выган, за „которым находится ключ воды”. Хатняя жывёла мяшчан у выніку гэтага была пазбаўлена свабоднага доступу да вадапою. Управа ж апраўдвалася тым, што адначасова пастанавіла павялічыць бераг на 20 сажняў у шырыню і ўтварыць дарогу, пачынаючы ад маста пры Прачысценскай вуліцы паміж кузняй Шаі Зеліка Штэйнберга і сенажаццю Баляслава Такарэвіча шырынёю ў 2 сажні да самой ракі. У скарзе мяшчан на ўправу гаварылася: „с некоторого времени Бельская Городская Управа, по-видимому совершенно пренебрегая интересами общества в этом отношении, стала произвольно раздробнять помимо воли общества выгоны на отдельные мелкие участки и отдавать таковые в бессрочное пользование разным лицам за самые ничтожные платежи. Самые обширные и выгодные участки выгонов очутились во владении членов управы гг. Закржевского и Здройковского и некоторых гласных думы, имевших исключительное влияние на городские дела”23. Дадзены ліст падпісалі Тамаш Вярэмскі, Сцяпан Вржэцёнка, Восіп Антыховіч, Павел Артысевіч, Сцяпан Тамашэвіч, Восіп Саковіч і інш. Паказальным ёсць той факт, што сярод падпісантаў налічваліся 32 непісьменныя. Дарэчы, аўтары ліста падкрэслівалі, што „прошение сие подписало целое христианское общество кроме членов управы, которые заинтересованы в том деле”.
Адначасова з мяшчанамі-хрысціянамі таксама жыд Іцка Вайнер скардзіўся на няправільную аддачу ў арэнду гарадской зямлі, якая называлася „Выпуст”. А ў жніўні 1892 г. да губернатара прыйшла такога ж характару скарга ад бельскага жыхара Іцкі Кельмана, які сцвярджаў, што ўправа аддала выганы ў арэнду „в ущерб многим городским жителям, принадлежащим к беднейшему классу”. За правы „беднейшего класса”, паводле Іцкі Кельмана, заступіўся дэпутат гарадской думы Шайка Штэйнберг. Ён афіцыйна склаў на паседжанні думы сваё „асобае меркаванне”. Аднак арандатары гарадской зямлі, калі пра тое даведаліся, дык „напали на дом г. Шайки Штейнберга и потребовали от него, чтобы он взял обратно свое особое мнение”. Слабахарактарны Шайка саступіў ціску і адмовіўся ад асобага меркавання. Скаргу Іцкі Кельмана падпісалі Абель Шапіра, Абрам Гутман, Кельман Мазья, Давід Бекер, Трафім Антыховіч, Сільвестр Антыховіч, Сцяпан Вржэцёнка і Іцка Айзіковіч. Паказальным тут з’яўляецца той факт, што сярод падпісантаў фігуруюць як жыды, так і хрысціяне. Гэта сведчыць пра тое, што рэлігійныя і этнічныя адрозненні не былі цалкам непераадольнымі. Не ўяўляла напэўна з сябе маналітнай і закрытай карпарацыі і жыдоўская грамада горада, як тое часта падавалі дзяржаўныя ўлады. Супольныя эканамічныя інтарэсы аб’ядноўвалі людзей, нягледзячы на мову і канфесійную прыналежнасць. Ну а губернская гарадская прысутнасць у дадзеным выпадку стала на бок Бельскай управы і прызнала цалкам законным перадачу ў арэнду гарадскіх земляў.
У студзені 1902 г. гарадзенскі губернатар атрымаў ананімны ліст ад купцоў горада Бельска, што член управы Пётр Такарэвіч і пісар Бурштэйн пры выдачы гандлёвых дакументаў нібыта вымагаюць звыш абавязковай платы яшчэ па 20 капеек хабару. Па дадзенай скарзе павятовым спраўнікам Сакаловым было праведзена следства. Усе апытаныя ім прадпрымальнікі горада адмаўлялі выкладзеныя ў ананімным лісце факты і падалі найлепшую характарыстыку Такарэвіча і Бурштэйна. У выніку справа была закрыта за адсутнасцю факту злачынства24.
Карупцыйныя скандалы, а менавіта яны найперш і знайшлі адлюстараванне ў архіўных матэрыялах, не павінны ўсё ж цалкам засланіць і добрыя справы гарадскога самакіравання, якіх было натуральна нямала. Адной з апошніх можна лічыць пастанову аб адкрыцці ў Бельску гімназіі. На пачатку 1914 г. гарадская дума пастанавіла выдзеліць са свайго бюджэту 40 тыс. рублёў на ўзвядзенне будынка будучай гімназіі, пад які быў адведзены пляц на Ігнацьеўскай вуліцы коштам 10 тыс. руб. Як можна меркаваць з матэрыялаў справы, важную ролю тут адыгрываў дэпутат ад духоўнага ведамства Васіль Кастыцэвіч. Жыдоўская грамада Бельска пастанавіла ў студзені 1914 г. сабраць на патрэбы гімназіі 10 тыс. руб.
Варта тут падкрэсліць, што гімназіі фінансаваліся дзяржавай, але, паводле планаў міністэрства асветы Расійскай імперыі, фінансаванне Бельскай гімназіі прадугледжавалася пачаць толькі ў 1916 г. Тады жыхары Бельска, у тым ліку і дэпутаты гарадской думы, не захацелі чакаць. Да ўзвядзення новага будынка вырашылі выкарыстаць у якасці памяшканняў для гімназіі казённы вінны склад у прыгарадным маёнтку Галавеск, які раней належаў адстаўному палкоўніку Адаму Смульскаму. Былі нават вызначаны памеры аплаты за навучанне: у падрыхтоўчым класе — 60 руб. за год, у 1 і 2 класах — па 80 руб., у 3 класе — 100 руб. З матэрыялаў справы не вынікае, ці пачала гімназія дзейнічаць. Хутчэй за ўсё гэтаму перашкодзіла вайна. Але яшчэ летам 1915 г. гарадская дума спрабавала атрымаць ад жыдоўскай грамады абяцаныя на гімназію 10 тыс. руб.: „Ссылка еврейского общества на особыя условия переживаемого времени тоже не основательна, так как торговое и промышленное дела еврейства вследствие войны идут значительно более усиленным темпом, нежели в мирное время”25. Натуральна, што кіраўнікі жыдоўскай грамады прадчувалі надыход вялікіх зменаў, таму слушна лічылі бессэнсоўным у такі момант збіраць грошы на гімназію.
У сакавіку 1914 г. адбыліся таксама апошнія выбары ў склад Бельскай думы.
Выбаршчыкаў-хрысціян налічвалася 172 асобы (табліца 5). Паводле саслоўнага паходжання сярод іх пераважалі мяшчане — 109 чалавек26. Шляхты было 20 асобаў, чыноўнікаў — 8, сялян — 6. Апроч іх можна вылучыць сям’ю інжынера-тэхнолага і 1 ганаровага грамадзяніна. Адносна 27 асобаў звесткі аб іх саслоўным паходжанні не прыводзіліся. Сярод багацейшых хрысціянскіх сям’яў бачым мяшчанку Анастасію Руткоўскую, уласнасць якой ацэньвалася сумай 6 000 рублёў, а таксама мяшчанаў Георгія і Івана Астасевічаў і нашчадкаў былога гарадскога галавы Уладзіміра Закржэўскага, капітал якіх ацэньваўся сумай 5 000 рублёў. Сярод выбаршчыкаў-жыдоў, якіх налічвалася 140 чалавек, самым багатым, паводле афіцыйных даных, быў Гдаль Мееравіч Кучынскі. Яго нерухомасць ацэньвалася сумай 7 250 руб. Сярод самых багатых сем’яў горада значыўся і сын нешчаслівага касіра управы Міхеля Мазьі, Кельман. Яго ўласнасць ацэньвалася на 4 500 руб.
Цяжка адказаць на пытанне, наколькі актыўна ўдзельнічалі бяльшчане ў гарадскіх выбарах. Праўда, некаторыя асобы актыўна дамагаліся такога права. Так, у 1914 г. мешчанін Карл-Эдмунд Лейбольд патрабаваў уключыць яго ў спіс выбаршчыкаў. Ён узяў у арэнду пляц Максіма Пасынюка, на якім пабудаваў вадзяны млын. Гэты млын ацэньваўся на суму 750 руб. Просьба Лейбольда была задаволена27.
Падзеі першай сусветнай вайны паклалі канец дзейнасці ў Бельску органаў гарадскога самакіравання, арганізаваных паводле заканадаўства Расійскай імперыі, перагарнуўшы даволі цікавую старонку ў гісторыі горада. Безумоўна, што гарадскія дума і ўправа дзейнічалі пад пільным наглядам царскай бюракратыі. Імперскі закон моцна абмяжоўваў правы жыдоўскага насельніцтва. Былі адлучаны ад выбараў маламаёмасныя гараджане. Але ўсё ж гэтыя ўстановы былі патрэбны жыхарам горада, з’яўляліся адным з важнейшых цэнтраў мясцовага жыцця, зародкам грамадзянскай супольнасці.
Табліца 1. Склад галосных Бельскай гарадской думы на 1885 г.
Крыніца: НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 17, с. 749, а. 33.
Табліца 2. Прыбыткі Бельскай гарадской думы за 1891 г. (у руб.)
Крыніца: НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 71, а. 8-11.
Табліца 3. Выдаткі Бельскай гарадской думы за 1891 г. (у руб.)
Крыніца: НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 72, арк. 4-7.
Табліца 4. Прыбыткі і выдаткі Бельскай гарадской думы на пачатак XX ст.
Крыніцы: Статыстычныя агляды Гарадзенскай губерні за пачатак XX ст.
Табліца 5. Спіс выбаршчыкаў-хрысціян Бельскай думы за 1914 г.
Крыніца: НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 416, арк. 10-14.
Streszczenie
W miastach Imperium Rosyjskiego na przełomie XIX i XX wieku funkcje samorządowego organu władzy pełniły rady miejskie. W guberni grodzieńskiej początki tworzenia organów władzy samorządowej miały miejsce jeszcze w latach trzydziestych XIX w. W 1870 r. w całym Imperium przeprowadzono reformę, która określała formy stanowienia władzy miejskiej. W guberniach białoruskich weszła ona w życie z 5-letnim spóźnieniem i licznymi zmianami dotyczącymi zwłaszcza ograniczenia praw ludności żydowskiej. W Bielsku Podlaskim instytucje miejskie na mocy nowego prawa powstały dopiero w 1878 r. Do tego czasu funkcjonowały w mieście rada i magistrat. Rada zajmowała się sprawami gospodarczymi, magistrat zaś sądowymi. Od 1878 r. mieszkańcy miasta wybierali radę, zaś deputowani magistrat. Rada liczyła 42 osoby, magistrat zaś miał 3 urzędników. W 1885 r. było 9 radnych prawosławnych, 19 katolików i 13 wyznawców religii mojżeszowej.
1 Полное собрание законов Российской империи, собр. 2, т. 11, № 9226.
2 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей: НГАБ) у Гародні, фонд 2, вопіс 37, справа 2148, аркуш 926-933.
3 НГАБ у Гародні, ф. 2, в. 37, с. 2305, арк. 929-938.
4 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 17, с. 1705, арк. 1.
5 Там жа, арк. 14 адв.
6 Там жа, арк. 15.
7 Там жа, арк. 23.
8 Там жа, арк. 26 адв.
9 НГАБ у Гародні, ф.17, в. 1, с. 72, арк. 7.
10 НГАБ у Гародні, ф. 1, в. 17, с. 749, арк. 108.
11 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 155.
12 НГАБ у Гародні, ф. 14, в. 1, с. 601, арк. 6.
13 Памятная книжка Гродненской губернии на 1879 г.
14 Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г., под ред. А.Троницкого, т. ХI, Гродненская губерния, 1904, табл. ХIV.
15 Обзор Гродненской губернии за 1913 год.
16 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 70, арк. 3, 7.
17 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 164, арк. 4.
18 Там жа, арк. 11.
19 Там жа, арк. 13.
20 Там жа.
21 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 3, арк. 27.
22 Там жа, арк. 72 адв.
23 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 52, арк. 6.
24 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 252, арк. 3.
25 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 399, арк. 17 адв.
26 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 416.
27 НГАБ у Гародні, ф. 17, в. 1, с. 416, арк. 34.