|
Праблемы гістарыяграфіі Літоўска-Беларускай ССР
Людміла Малыхіна
(Мінск)
Праблемы станаўлення і далейшага ўмацавання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці пастаянна былі і знаходзяцца ў полі зроку даследчыкаў — гісторыкаў, правазнаўцаў, а цяпер і палітолагаў. У гістарыяграфіі дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі асобнае месца займаюць пытанні аб прычынах абвяшчэння і ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР, тэрміне існавання, ролі і значэнні яе ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
Шматлікія беларускія, рускія і літоўскія даследчыкі ў тыя ці іншыя перыяды развіцця гістарычнай навукі па-рознаму адказвалі на гэтыя пытанні, своеасабліва трактавалі і ацэньвалі іх. І да цяперашняга часу яны адназначна не вырашаны. Патрабуюць гістарыяграфічнага аналізу і сінтэзу тыя палажэнні і вывады, трактоўкі і ацэнкі, якія маюцца ў навуковых даследаваннях і літаратуры — дысертацыях, артыкулах, манаграфіях, абагульняючых працах, энцыклапедыях, вучэбных дапаможніках для студэнтаў гістарычных факультэтаў вышэйшых навуковых устаноў, а таксама ў зборніках дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі і Літвы савецкага перыяду. Тым больш гэта трэба зрабіць таму, што пытанні гісторыі Літоўска-Беларускай ССР (Літбел, ЛітБел ССР, ССР ЛіБ, ЛіБ ССР) выкладаюцца ў курсах па гісторыі Беларусі. І студэнтам, і выкладчыкам неабходна мець у пэўнай ступені ўзгодненыя, найбольш абгрунтаваныя і пераканаўчыя погляды і пункты гледжання на гэтыя пытанні.
У навуковай літаратуры па гісторыі Літоўска-Беларускай ССР пастаўлены і шэраг іншых прынцыповых пытанняў, на якія даследчыкі паспрабавалі даць пэўныя адказы. У прыватнасці, навукоўцы задаюцца такімі з іх — калі і пры якіх абставінах, у сувязі з чым узніклі прапановы адмовіцца ад ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме БССР, праіснаваўшай непрацяглы час, вывесці з яе складу амаль палову этнічнай тэрыторыі — Віцебскую, Смаленскую і Магілёўскую губерні і ўключыць іх у РСФСР, — а астатнюю яе частку аб’яднаць з Літоўскай савецкай рэспублікай і стварыць штучную дзяржаву з умоўным сінтэзіраваным найменнем з элементамі назваў Літвы і Беларусі? Важным уяўляецца дакладна абгрунтаваны адказ і на такое пытанне — хто аўтар ці аўтары гэтых ідэй.
Ужо вядомыя даследчыкам дакументальныя сведчанні не даюць пэўных падстаў для пераканаўчага адказу на іх. Савецкія гісторыкі, якія апалагетычна асвятлялі дзейнасць Камуністычнай партыі, яе правадыроў і кіраўнікоў, розныя ідэі і прапановы ў сферы нацыянальнай палітыкі і нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва, як правіла, прыпісвалі У. І. Леніну, затым у гады таталітарнага рэжыму І. В. Сталіну, а ў 60-80-я гады ізноў дойліду савецкай дзяржавы. А паколькі ўсе спробы вырашэння нацыянальных праблем, нават відавочна правальныя эксперыменты, разглядаліся імі як чарговы прагрэсіўны этап у станаўленні нацыянальнай дзяржаўнасці і найбольш поўна адпавядаючымі выклікам жыцця і карэнным інтарэсам тых народаў, якіх яны тычыліся, то ў такіх выпадках аўтарства іх заўсёды прыпісвалася У. І. Леніну. І толькі ў 90-я гады гісторыкі пачалі больш крытычна ставіцца да таго, што натварыла арганізацыя прафесійных рэвалюцыянераў са сваім прадвадзіцелем на чале ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва, у прыватнасці, беларускага і літоўскага народаў.
Дык калі, у каго, чаму і для чаго ўзнікла ідэя вывесці са складу толькі што абвешчанай БССР тры губерні з этнічна беларускім насельніцтвам? Вядома, што прынцыповае рашэнне аб абвяшчэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці было прынята ў Маскве ў канцы снежня 1918 г. па ініцыятыве, як да гэтага часу сцвярджаюць гісторыкі, У. І. Леніна. А па сутнасці праз два тыдні яно было адменена і, таксама атрымоўваецца, па ініцыятыве таго ж самога лідэра бальшавіцкай партыі і ў той жа самай Маскве. Так што аб рэвалюцыйнай стваральнай творчасці народных мас у дзяржаўным будаўніцтве, аб чым шмат пісалі і гісторыкі, гаварыць не прыходзіцца. У такім выпадку, калі больш здорава разважаць, то ці першае, ці другое „ленінскае” рашэнне было няправільным, таму што ў адпаведнасці з законамі логікі два ўзаемавыключныя палажэнні не могуць быць прыняты як ісцінныя.
Думку аб тым, што аўтарам праекта аб’яднання двух савецкіх рэспублік — Беларусі і Літвы — быў лідэр бальшавіцкай партыі У. І. Ленін упершыню выказаў беларускі гісторык права С. П.Маргунскі ў кнізе, выдадзенай яшчэ ў 1958 г.1 „Улічваючы пажаданні (?! —Л. М.) працоўных Беларусі і Літвы, — пісаў ён, — ЦК РКП(б) па прапанове У. І. Леніна прыняў у канцы студзеня 1919 г. пастанову аб зліцці Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік у адзіную Літоўска-Беларускую ССР”2. Гэтае заключэнне на доўгі час замацавалася ў навуковай літаратуры. Некаторыя яго аспекты паасобку ці разам падтрымалі Я. Н. Шкляр3, Р. П. Платонаў і М. С. Сташкевіч4, П. І. Брыгадзін і У. Ф. Ладысеў5 ды іншыя гісторыкі.
Але паколькі працытаванае палажэнне „шматслойнае” (уключае наступныя пазіцыі: пажаданне працоўных Беларусі і Літвы жыць у адной рэспубліцы, прапанову Леніна, рашэнне ЦК РКП(б) у канцы студзеня 1919 г. аб стварэнні адзінай Літоўска-Беларускай ССР), то кожную састаўную яго разгледзім асобна. Пачнем з высвятлення ленінскага аўтарства ідэі аб’яднання двух нованароджаных савецкіх рэспублік.
Прамых дакументальных сведчанняў таго, што ініцыятарам дзяржаўнага эксперыменту быў У. І. Ленін, даследчыкі ў большасці выпадкаў не прыводзяць, а гавораць аб гэтым у сілу гістарыяграфічнай традыцыі, як аб нечым самім сабою разумеючымся. Пры тлумачэнні такога віртуознага выкрутаса ў нацыянальнай палітыцы бальшавіцкай партыі, якім была спроба стварэння Літбела, спасылка на ленінскае аўтарства ідэі аб’яднання двух рэспублік з’яўлялася своеасаблівым неадхільным аргументам і прыдавала даследчыцкім вывадам і ацэнкам непахіснасць і пераканаўчасць.
Ускосным доказам ленінскага аўтарства ідэі аб’яднання, на думку некаторых даследчыкаў, з’яўляецца тое, што ў гутарцы з дэлегацыяй ЦБ КП(б)Б у канцы студзеня 1919 г. У. І. Ленін выказаў „цвёрдае меркаванне аб тым, што Беларуская ССР і Літоўская ССР павінны аб’яднацца ў Літоўска-Беларускую ССР”6.
Аднак гэтую прапанову Ленін мог выказаць не па сваёй уласнай ініцыятыве, а давесці яе прадстаўнікам БССР як рашэнне ЦК РКП(б). Іншыя гісторыкі, напрыклад, М. І. Кулічэнка і В. А. Круталевіч указваюць, што рашэнне ЦК РКП(б) 16 студзеня 1919 г. было прынята толькі пры ўдзеле У. І. Леніна7.
У літаратуры сустракаюцца імёны Л. Д. Троцкага, Я. М. Свярдлова, І. В. Сталіна і нават А. А. Іофе, як магчымых ініцыятараў аб’яднання Літоўскай і Беларускай ССР. Аналіз апублікаваных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Літбела, пацвярджае вывад аб тым, што ўсе названыя асобы прымалі актыўны і непасрэдны ўдзел у вырашэнні праблем беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці і практычным іх ажыццяўленні. Але дакументальных сведчанняў аб тым, каму з іх належыць асабісты прыярытэт у ініцыіраванні эксперыментаў у беларуска-літоўскім будаўніцтве, гісторыкі пакуль не выявілі. Беларускі пісьменнік Э. В. Ялугін, аўтар дакументальна-мастацкай аповесці пра старшыню першага беларускага савецкага ўрада Дз. Ф. Жылуновіча, у адным з газетных інтэрв’ю так пракаменціраваў стварэнне Літоўска-Беларускай ССР: „Справу з Літбелам хутчэй за ўсё зрабілі без яго (Леніна — аўт.) і неяк увогуле паспешна. А вось ідэя ці не зыходзіла ад Троцкага, калі ставіць кропкі над і? Яго, ведаеце, стыль”8.
Бясспрэчна, поўнае і дакладнае высвятленне аўтарства праекта дзяржаўнай новабудоўлі будзе садзейнічаць глыбокаму і ўсебаковаму разуменню таго, што планавала і рабіла кіраўніцтва РКП(б) і РСФСР з беларускай і літоўскай дзяржаўнасцю і пралье больш святла на знешнепалітычныя акцыі савецкага ўрада ў канцы 1918 — пачатку 1919 гг.
Нягледзячы на важнасць высвятлення аўтарства ініцыятывы аб’яднання савецкіх Беларусі і Літвы, уяўляюцца больш прынцыповымі пытанні аб тым, калі ўзнікла ідэя вылучыць са складу БССР тры ўсходнія губерні, а астатнюю яе тэрыторыю ўключыць у новае дзяржаўнае ўтварэнне, і калі было прынята рашэнне ЦК РКП(б) аб гэтым? Дакладны адказ на такія пытанні дазволіць больш вызначана, прадметна судзіць аб нацыянальнай палітыцы бальшавіцкай партыі, выразана ўбачыць як яна выглядала на словах і што было на самой справе.
Як і на іншыя пытанні, гісторыкі адказваюць на іх па-рознаму. С. П. Маргунскі першым з беларускіх даследчыкаў яшчэ ў 1957 г. пісаў аб тым, што ідэя аб’яднання Савецкай Беларусі і Савецкай Літвы была распаўсюджана сярод партыйных і савецкіх кіраўнікоў ужо ў снежні 1918 г. Так, нарада сялянскіх дэпутатаў Мінскай губерні 12 снежня 1918 г. „выказалася за неабходнасць брацкага аб’яднання Савецкай Беларусі з Савецкай Літвой і ўстанаўлення федэратыўных сувязей з РСФСР”. Пажаданне „цеснага аб’яднання рабочых Літвы і Беларусі для паспяховай барацьбы з беларуска-літоўскай буржуазіяй” выказаў у канцы снежня 1918 г. і Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў у сваім звароце да рабоча-сялянскага ўрада Літвы9. Даследчыцкія заключэнні аб тым, што ідэя аб’яднання Беларусі і Літвы выспела ў асобных кіраўнікоў партыйных і савецкіх органаў ужо ў снежні 1918 г. падтрымалі В. А. Круталевіч, І. П. Ламака, Я. Н. Шкляр і іншыя гісторыкі. У сваіх публікацыях яны прывялі некаторыя іншыя новыя фактычныя сведчанні аб гэтым10. А І. П. Ламака нават зрабіла, на наш погляд, перабольшаную ацэнку гэтай з’явы: „Думка аб адзіным дзяржаўным утварэнні Літвы і Беларусі была набыткам шырокіх працоўных мас”11.
Р. П. Платонаў і М. С. Сташкевіч у сваіх артыкулах, якія з’явіліся ў перыядычным друку ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, выказалі арыгінальнае меркаванне аб часе ўзнікнення ідэі Літоўска-Беларускай рэспублікі. Яны прыйшлі да вываду, што ўжо ў канцы снежня 1918 г. „прапрацоўвалася канцэпцыя стварэння Літоўска-Беларускай ССР”12. Такі вывад даследчыкі зрабілі на падставе аналізу тэлефоннай размовы І. В. Сталіна, кіраўніка Наркамнаца РСФСР, і А. Ф. Мяснікова, старшыні Паўночна-Заходняга абкама РКП(б), якая адбылася 25 снежня 1918 г. У той дзень Сталін між іншым паведаміў Мяснікову: „Ковенская і Віленская губерні адыдуць да Літоўскага ўрада і адпаведнай партыйнай арганізацыі; Мінская, Смаленская, Гродзенская губерні адыдуць да беларускага ўрада і адпаведнай партыйнай арганізацыі”. Мяснікоў задаў яму пытанне: „Куды падзенуцца Магілёўская і Віцебская губерні, аб якіх Вы нічога не сказалі, гэта ж таксама беларускія губерні?” На што Сталін адказаў: „Аб гэтых губернях і аб шмат іншым пагаворым, калі прыедзеце”13. Аўтары адзначылі, што ў архівах не знойдзена стэнаграма гутаркі Сталіна з Мясніковым пры іх сустрэчы 27 снежня 1918 г. Між тым, яны ўпэўнены, што ўжо тады абмяркоўвалася канцэпцыя Літоўска-Беларускай ССР14.
Аднак гэтае меркаванне даследчыкаў аказалася не заўважана ў навуковай і вучэбнай літаратуры. Але нечакана праз дзесяць гадоў яно было падхоплена публіцыстам М. А. Зяньковічам. У свёй кнізе, якая выйшла ў Маскве, ён адназначна і даволі катэгарычна заявіў („навейшымі доследамі ўстаноўлена”) аб тым, што ідэя абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР нарадзілася ў Маскве яшчэ да таго, калі была аб’яўлена БССР15.
Але, як вядома, тады — у канцы снежня 1918 г. — кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і Савецкай Расіі прыняло рашэнне аб абвяшчэнні самастойнай Беларускай ССР у складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў з беларускімі часткамі тэрыторый прылеглых Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў16. У сярэдзіне ж студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) зрабіў кардынальны паварот у адносінах да беларусаў і літоўцаў. Яго рашэннем са складу БССР былі вылучаны тры губерні — Віцебская, Магілёўская і Смаленская. І другое — адначасова было прапанавана застаўшуюся частку тэрыторыі БССР аб’яднаць з Літоўскай ССР.
Трэба зазначыць, што як ні дзіўна, але нават пытанне аб тым, якія губерні былі вылучаны са складу Беларускай ССР рашэннем ЦК РКП(б), аказалася некалькі заблытаным у навейшых публікацыях беларускіх гісторыкаў. Так, у першым томе дакументальнага выдання аб знешняй палітыцы Беларусі са спасылкай на Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, надрукавана вытрымка „З пратакола пленума ЦК РКП(б) аб выдзяленні з Беларускай рэспублікі шэрагу губерняў” ад 16 студзеня 1919 г. У дакуменце дакладна сказана наступнае:
„1. Для агульнапалітычнага кіраўніцтва камандзіраваць у Беларусь т. Іофе.
2. Даручыць яму правесці праз з’езд Саветаў Беларусі вылучэнне з Беларускай Рэспублікі губерняў Віцебскай, Смаленскай, Мінскай, а ў далейшым, у выпадку магчымасці, і Магілёўскай”17.
Такія ж „фактычныя сведчанні”, але ўжо без спасылак на якія-небудзь крыніцы, апублікаваны і ў кнізе Р. П. Платонава18.
Прырода гэтай памылкі абумоўлена тым, што яшчэ 9 чэрвеня 1958 г. на запыт Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ з агульнага аддзела ЦК КПСС прыйшла машынапісная копія з пратакола пасяджэння ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г., у якой з-за промаху супрацоўніка архіва ЦК КПСС аказалася запісана тое, што затым было надрукавана ў дакументальным зборніку, а пазней і Р. П. Платонавым.
Пры аналізе навуковай літаратуры па гісторыі Літоўска-Беларускай ССР нельга не звярнуць увагу на тое, што некаторыя даследчыкі падзел Беларускай ССР у сярэдзіне студзеня 1919 г. тлумачылі як неабходны і мэтазгодны крок, які рабіўся ў інтарэсах беларускага народа. Яны акцэнтавалі ўвагу на тым, што рашэнне аб усячэнні тэрыторыі рэспублікі было прынята Першым Усебеларускім з’ездам Саветаў, які адбыўся 2-3 лютага 1919 г., а не ЦК РКП(б). Такая мера разглядалася імі як часовая, да канчатковага рашэння пытання аб адміністрацыйным уладкаванні рэспублікі. „Гэтае мерапрыемства савецкай улады, — пісала Н. В. Каменская, — тлумачылася тым, што многія раёны ўказаных губерняў былі ў большасці сваёй населены рускімі, эканамічна цягнуліся да раёнаў РСФСР і неабходна было глыбока вывучыць усе гэтыя абставіны, каб правільней у інтарэсах эканамічнага і культурнага развіцця гэтых губерняў вырашыць пытанне аб іх адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні”19.
Пры высвятленні пытанняў аб часе і прычынах аб’яднання Беларускай ССР і Літоўскай савецкай рэспублікі даследчыкі не маглі не звярнуць увагу на тыя абставіны, што вылучэнне са складу БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў і абвяшчэнне Літбела ёсць узаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены факт гісторыі. Пры гэтым у навуковай літаратуры доўгі час гаварылася аб тым, што ў сярэдзіне студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) вырашыў пытанне аб тэрыторыі Беларускай ССР, а ў канцы таго ж месяца выспела і ідэя аб’яднання дзвюх рэспублік. І аб ёй абвясціў 29 студзеня 1919 г. У. І. Ленін прадстаўнікам ЦБ КП(б)Б, якія былі ў яго на прыёме. Гэтую быццам бы нечаканую вестку прывезлі ў Мінск І. І. Рэйнгольд і Р. В. Пікель, якія гутарылі з У. І. Леніным па пытанні аб тэрыторыі БССР. Рабілі гэта савецкія навукоўцы свядома ці не, а можа таму, што не былі знаёмыя з лёсавызначальнымі для Беларусі дакументамі ЦК РКП(б), адказаць на гэтае пытанне складана ці ўвогуле немагчыма. Адно можна гістарыяграфічна ўстанавіць, што першым з савецкіх гісторыкаў, хто ўбачыў сувязь пытання аб зліцці Беларусі і Літвы з „ажыццяўленнем другога, цесна звязанага з ім мерапрыемства — аб абмежаванні тэрыторыі Савецкай Беларусі”, — быў М. І. Кулічэнка, які яшчэ ў пачатку 60-х гадоў апублікаваў грунтоўную манаграфію аб нацыянальнай палітыцы РКП(б) у перыяд грамадзянскай вайны і замежнай узброенай інтэрвенцыі20. Менавіта на выпадак новых захопаў Польшчы, — пісаў даследчык, — „пагроза якіх да сярэдзіны студзеня 1919 г. значна ўзрасла, неабходна было абмежаваць тэрыторыю Беларускай савецкай рэспублікі, на якую маглі б прэтэндаваць польскія захопнікі”. У сувязі з гэтым ЦК РКП(б) і прыняў рашэнне 16 студзеня 1919 г.21 Характэрнай асаблівасцю пастаноўкі пытання аб абмежаванні тэрыторыі Беларускай рэспублікі, — адзначыў М. І. Кулічэнка, — было тое, што яно ставілася ў непарыўнай сувязі не толькі з пытаннем аб зліцці беларускай і літоўскай рэспублік, але і з устанаўленнем цеснага федэратыўнага саюза Беларусі з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі22. У завяршэнне размовы аб вывадах і ацэнках М. І. Кулічэнкі адзначым яшчэ адно яго цікавае назіранне: „Вымушанае абмежаванне тэрыторыі Беларусі вяло да яе аслаблення, што ў значнай меры кампенсіравалася зліццём з Літоўскай рэспублікай”23. Па сутнасці гэтую ж думку праз некалькі дзесяцігоддзяў паўтарыў В. А. Круталевіч. „Скарачэнне тэрыторыі аслабляла патэнцыяльныя магчымасці ССРБ, — пісаў ён, — у ваенным і эканамічным планах. Адсюль вывад: трэба аб’яднаць рэспублікі разам”24. Парадокc ён і ёсць парадокс — каб узмацніць рэспубліку, трэба яе спачатку аслабіць.
Неабходна падкрэсліць, што думкі і заключэнні М.І.Кулічэнкі грунтаваліся на значнай дакументальнай аснове, фактах і сведчаннях, якія былі ўпершыню ўведзены ў гістарычную навуку з розных архіўных, раней не даступных крыніц. Даследчык на той час сказаў нават больш, чым мог і значна паўней, чым дазваляла тады афіцыйная ідэалогія. Цікава адзначыць, што яго думкі і ідэі былі абыдзены ўвагай у беларускай савецкай гістарыяграфіі.
У навейшых публікацыях гісторыкаў пытанні вылучэння са складу БССР трох губерняў і аб’яднання астатняй беларускай тэрыторыі ў складзе новай рэспублікі разглядаюцца ва ўзаемасувязі. Але пры гэтым па новаму тлумачацца прычыны своеасаблівага раздзелу БССР. Рашэнне ЦК РКП(б) аб падзеле тэрыторыі Беларускай рэспублікі ў сярэдзіне студзеня 1919 г. гісторыкі тлумачаць некалькімі асноўнымі прычынамі.
Так, Р. П. Платонаў і М. С. Сташкевіч разважалі аб тым, што „вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыдычнага афармлення БССР прадвызначылі яе незайздросны лёс, і яна павінна была спыніць сваё самастойнае існаванне”25. Меркавалася, — развівалі сваю думку даследчыкі, — што ўключэнне ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губерняў, калі б іншыя тэрыторыі захапіла польская дзяржава, у перспектыве сталі б асновай адраджэння беларускай дзяржаўнасці”26. Такая думка, бясспрэчна, цікавая, але не больш. Для яе падмацавання аўтары не прывялі якіх-небудзь доказаў і аргументаў. А ўважлівы аналіз навуковай літаратуры і апублікаваных крыніц не дае падставаў для сцвярджэння аб тым, што кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і савецкай дзяржавы мела такія далёкаідучыя планы адносна перспектываў беларускай дзяржаўнасці. У гэтым сэнсе развагі Р. П. Платонава і М. С. Сташкевіча служаць не высвятленню ісціны, а адлюстроўваюць састарэлыя ідэалагічныя стэарэтыпы — неяк апраўдаць радыкальны і ў той жа час алагічны крок кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і савецкай улады ў нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі.
Між тым гэтае палажэнне з публіцыстычнымі „ўдакладненнямі” выкладзена і ў кнізе М. А. Зяньковіча ў наступнай рэдакцыі: „Да таго ж ім (кіраўнікам БССР — Л. М.), напэўна, адкрылі стратэгічныя намеры ЦК РКП(б) — у выпадку захопу палякамі Літбела беларускія губерні, якія перайдуць пад юрысдыкцыю РСФСР, стануць асновай для адраджэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці”27.
Прычыны падзелу БССР у студзені 1919 г. па-іншаму тлумачыць у кандыдацкай дысертацыі і аўтарскіх публікацыях С. М. Хоміч28. Па яго ўяўленню палітычнае кіраўніцтва Савецкай Расіі добра ведала аб агрэсіўных планах захопу беларускіх тэрыторый Польшчай у пачатку 1919 г. І ў тых складаных міжнародных умовах, „маючы магчымасць ахвяравання беларускімі землямі, бальшавікі не хацелі рызыкаваць усімі тэрыторыямі, заўчасна ўключыўшы большую іх частку ў склад РСФСР”29. Таму, вылучаючы беларускія губерні са складу БССР, — удакладніў уласную думку С. М. Хоміч, — урад Савецкай Расіі вырашаў найперш задачу захавання сваёй улады на гэтай тэрыторыі. Астатнімі беларускімі землямі кіраўніцтва Кампартыі было гатовае ахвяраваць, каб пазбегнуць вайны з Польшчай30.
Другую прычыну абмежавання памераў Беларускай ССР „геаграфічна неабходнымі граніцамі” даследчык бачыў у жаданні ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы нацыяналістычныя тэндэнцыі31.
Відавочна, што фармуліроўка гэтай прычыны супадае з заключэннем Я. М. Свярдлова, якое ён выказаў 2 лютага 1919 г. на пашыраным пасяджэнні ЦБ КП(б)Б: „Матывам стварэння адзінай Беларуска-Літоўскай Рэспублікі з’яўляецца імкненне ЦК засцерагчы ад небяспекі гэтыя рэспублікі ад магчымага праяўлення ў іх нацыянальна-шавіністычных памкненняў”32. Як бачым, у гэтым выпадку даследчыкі часам атаясамляюць прычыны падзелу БССР у сярэдзіне студзеня 1919 г. і прычыны аб’яднання застаўшайся „самастойнай” яе часткі з Літоўскай ССР. Але ў такім выпадку лагічна і справядліва паставіць пытанне, як гэта зрабіў В. А. Круталевіч, „чаму трэба ўрэзваць тэрыторыю ССРБ?”33
Калі ж прызнаць першую прычыну падзелу БССР як адпавядаючую рэчаіснасці, а хутчэй за ўсё яно так і было, і з гэтай думкай трэба пагадзіцца, то выходзіць, што бальшавікі блефавалі сваёй нацыянальнай палітыкай. Больш таго, яны самі па сутнасці прапанавалі Ю. Пілсудскаму гандаль часткамі беларускай і літоўскай тэрыторыі, якія аб’ядноўвалі ў Літоўска-Беларускую ССР, — гэта, маўляў, ваша тэрытарыяльная доля, а тры беларускія губерні, далучаныя да РСФСР — наша. Тэрытарыяльныя спрэчкі вырашаем за сталом перагавораў і заключаем мір. Такім чынам, можна зрабіць вывад аб тым, што бальшавіцкае кіраўніцтва Савецкай Расіі сваімі палітычнымі і тэрытарыяльнымі ракіроўкамі справакавала Ю. Пілсудскага на захоп Літбела з яго сталіцай Вільняй, якую польскія шавіністычныя колы лічылі інтэгральнай часткай адраджаючайся дзяржавы. У гэтым выпадку паказальнымі з’яўляюцца словы І. С. Уншліхта — наркама па ваенных справах, намесніка старшыні Савета абароны, намесніка старшыні ЦВК Літоўска-Беларускай ССР — аб тым, што „інтарэсы міжнароднага пралетарыяту вышэй за нацыянальныя пытанні і за мір з Антантай можна аддаць Літву і Беларусь”34.
Прычыны падзелу БССР і далучэння трох губерняў да РСФСР своеасабліва растлумачылі П. І. Брыгадзін і У. Ф. Ладысеў. „Зыходзячы з абставін міжнароднага характару, — пісалі яны ў манаграфіі, — ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб аб’яднанні Мінскай і Гродзенскай губерняў з Літоўскай ССР. Тым самым як бы „здымалася” з парадку дня пытанне аб правамернасці далучэння ўсходніх этнічных беларускіх зямель да РСФСР”35.
Яшчэ больш „закруціў” гэтае пытанне ў сваёй новай публікацыі М. С. Сташкевіч. Логіка яго развагаў наступная. Беларуская ССР стваралася як плацдарм для наступлення савецкіх войск у падтрымку сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Але ўжо ў ходзе разгортвання нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі лідэры бальшавіцкай партыі прыйшлі да вываду, што ролю аднаго з плацдармаў пры наступленні рэвалюцыі і аднаго з буфераў пры магчымым яе адступленні лепш будзе выконваць не асобна БССР, а аб’яднаная Літоўска-Беларуская ССР, і таму ўнеслі адпаведныя карэктывы ў сваю геапалітычную канструкцыю. Было прынята рашэнне выдзеліць з БССР у склад РСФСР тры губерні — Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую, а застаўшуюся тэрыторыю аб’яднаць з Літоўскай ССР у адным дзяржаўным утварэнні — Літоўска-Беларускай ССР36. Гэтыя развагі ўяўляюцца нам гіпатэтычнымі, абстрактна-навуковымі, не падмацаванымі якімі-небудзь фактамі і аргументамі. Але са свайго боку адзначым, што яны па сутнасці поўнасцю супадаюць з ацэнкамі і вывадамі, якія ў свой час зрабіў адзін з кіраўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі В. Г. Кнорын. У адным са сваіх артыкулаў ён пісаў аб тым, што аб’яднанне Беларусі і Літвы „было стратэгічным манеўрам для прасоўвання рэвалюцыі на Захад, для замацавання дыктатуры пралетарыяту ў Беларусі і Літве”37.
Для аднаўлення карціны таго, што адбывалася з беларускай дзяржаўнасцю ў студзені — лютым 1919 г., для гісторыкаў было важна высветліць і такое пытанне: калі ЦК РКП(б) усё ж прыняў рашэнне аб зліцці савецкіх частак тэрыторыі Беларусі і Літвы? Амаль да канца 80-х гадоў, нягледзячы на прынцыпова важнае заключэнне М. І. Кулічэнкі, аб якім ужо гаварылася, гісторыкі аднадушна адказвалі на яго, што такая пастанова была прынята ў канцы студзеня 1919 г. (выдзелена мною — Л. М.) і першым з даследчыкаў, хто аб гэтым заявіў, але без якіх-небудзь спасылак на крыніцы, быў А. М. Андрэеў. Праўда, ён не сказаў аб тым, калі дакладна і якім партыйным ці савецкім органам такое рашэнне было прынята38. Такой жа думкі прытрымліваліся С. П. Маргунскі, Я. Н. Шкляр і іншыя даследчыкі39.
І толькі ў канцы 80-х гадоў у навуковай літаратуры пачынае замацоўвацца ўпамінанне аб тым факце, што пастанова ЦК РКП(б) аб неабходнасці стварэння Літоўска-Беларускай ССР была прынята 16 студзеня 1919 г., гэта значыць адначасова з рашэннем аб вылучэнні са складу БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў40.
У гэтай сувязі з’яўляецца незразумелай пазіцыя В. А. Круталевіча, які, несумненна, добра валодаў гістарыяграфіяй пытання аб Літбеле, але чамусьці не заўважыў прынцыповага факта — рашэння ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г., у якім гаварылася не толькі аб скарачэнні тэрыторыі Беларускай рэспублікі, але і аб аб’яднанні яе астаўшайся часткі з Літоўскай ССР. Скурпулёзны даследчык на час падрыхтоўкі да выдання сваёй грунтоўнай манаграфіі ведаў публікацыі па тэме не толькі М. І. Кулічэнкі, але і І. М. Ігнаценкі, Р. П. Платонава, М. С. Сташкевіча і іншых гісторыкаў, у якіх са спасылкамі на архіўную крыніцу гаварылася аб гэтым, праігнараваў навукова ўстаноўленыя факты. Больш таго, ён сцвярджаў, што „абмежаванне тэрыторыі ССРБ і зліццё ССРБ з Літоўскай рэспублікай — гэта па сутнасці два этапы ў рэарганізацыі дзяржаўнага ладу”41. Даследчык быў упэўнены ў тым, што аб рашэнні пра аб’яднанне Беларусі і Літвы быццам бы сам А. А. Іофе даведаўся ад С. І. Пясткоўскага — прадстаўніка СНК РСФСР у Літве — у 20-х чыслах студзеня 1919 г. Хаця з навуковай літаратуры, з якой быў добра знаёмы даследчык і на якую ён спасылаўся ў сваёй манаграфіі, было адназначна бачна, што той жа самай пастановай ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г. замацавана рашэнне аб неабходнасці аб’яднання Беларускай і Літоўскай ССР.
Магчыма, што такую інтэрпрэтацыю перыпетый беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці можна растлумачыць толькі зыходзячы з прызнання перманентнасці яе станаўлення і развіцця. Таму што, калі прызнаць, як бясспрэчны факт, беспрэцэдэнтнае рашэнне ЦК РКП(б) 16 студзеня 1919 г. аб падзеле тэрыторыі БССР і як вынік яго аб аб’яднанні застаўшайся часткі Савецкай Беларусі з Савецкай Літвой, то прыйдзецца пагадзіцца і з тым, што гэтай пастановай па сутнасці ліквідавалася беларуская дзяржаўнасць. А ў такім выпадку вельмі складана растлумачыць мэтазгоднасць склікання, правядзення і тым больш рашэнняў Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2-3 лютага 1919 г.), на якім была канстытуіравана БССР і адначасова „законным шляхам” ліквідавана пасля прыняцця пастаноў аб граніцах рэспублікі і яе аб’яднанні з Савецкай Літвой. З гэтым звязана яшчэ адно непрыемнае пытанне — чаму БССР афіцыйна была прызнана РСФСР толькі ў час работы Першага Усебеларускага з’езда Саветаў, г.зн. тады, калі яна юрыдычна самаліквідавалася? Іншымі словамі, Савецкая Расія прызнала дэ-юрэ Савецкую Беларусь толькі тады, калі яе падзяліла і ўключыла ў свой склад Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні, а вышэйшы заканадаўчы орган рэспублікі пагадзіўся з гэтым і прыняў рашэнне аб аб’яднанні астаўшайся часткі беларускай тэрыторыі з Літоўскай ССР. Такім чынам, юрыдычна прызнавалася дзяржава, якая юрыдычна перастала існаваць. У сувязі са сказаным адзначым, што Літоўскую Савецкую Рэспубліку, якая была абвешчана 16 снежня 1918 г., урад РСФСР прызнаў 22 снежня, праз тыдзень, дэкрэтам, падпісаным У. І. Леніным, а на наступны дзень ён быў зацверджаны Усерасійскім ЦВК42.
Думаецца, што менавіта зыходзячы з такой логікі разважанняў В. А. Круталевіч не пагадзіўся з вывадамі сваіх калег-навукоўцаў аб тым, што з абвяшчэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі было перапынена43. Па меркаванню даследчыка гісторыі беларускай дзяржаўнасці яе будаўніцтва ў студзені — лютым 1919 г. не перапынілася, а яно толькі „атрымала іншыя формы, якія адыходзілі ад прынцыпу права нацый на самавызначэнне. Перапыніла дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі польская акупацыя”44. Акт падзелу БССР у адпаведнасці з рашэннямі ЦК РКП(б) і злучэнне яе з Літвой некаторыя гісторыкі лічаць „крокам назад у станаўленні беларускай дзяржаўнасці”.45 І такі погляд і ацэнку мы падзяляем.
Важна падкрэсліць, што адначасовасць рашэння ЦК РКП(б) аб падзеле БССР і аб’яднанні яе часткі з Літоўскай ССР прызнаецца не толькі ў навукова-даследчыцкай літаратуры, але і ў вучэбных дапаможніках для вышэйшай і сярэдняй школы46.
Абагульняючы вынікі даследчыцкай распрацоўкі такіх аспектаў гісторыі Літоўска-Беларускай ССР, як прычыны падзелу БССР у сярэдзіне студзеня 1919 г. і ліквідацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, а таксама час узнікнення гэтай ідэі і прыняцця адпаведнага рашэння ЦК РКП(б) 16 студзеня 1919 г., падкрэслім наступнае.
З рознай ступенню акцэнтаў гісторыкі сцвярджаюць, што галоўнай прычынай рашэння ЦК РКП(б) аб вылучэнні з яе складу трох губерняў і ўключэнне іх у РСФСР быў міжнародны фактар — непасрэдная пагроза захопу тэрыторыі Беларускай ССР з боку Польшчы. У навуковай літаратуры з пачатку 60-х гадоў замацавалася палажэнне аб тым, што падзел Беларускай савецкай рэспублікі і аб’яднанне яе з Літоўскай ССР — гэта ўзаемаабумоўленыя і ўзаемазвязаныя палітычныя з’явы.
Даследчыкі, якія вывучаюць праблемы дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі, у апошні час падкрэсліваюць, што прычыны падзелу БССР і яе аб’яднання з Літоўскай рэспублікай, азначаўшага круты паварот у нацыянальнай палітыцы ЦК РКП(б) і Савецкай улады, высветлены недастаткова. Гэта абумоўлена і тым, што нават вядомыя дакументы і матэрыялы як апублікаваныя, так і тыя, што знаходзяцца ў архівах, не заўсёды дазваляюць зрабіць упэўненыя вывады адносна канкрэтных прычын, якія абумовілі новы падыход у нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі. „Афіцыйныя тлумачэнні прадпрынятых мер лаканічныя, не заўсёды канкрэтныя, — піша ў сваёй грунтоўнай манаграфіі вядомы і найбольш дасведчаны гісторык беларускай савецкай дзяржаўнасці В. А. Круталевіч.— Калі браць пад увагу складаную ваенна-палітычную абстаноўку таго часу, можна меркаваць, што не ўсе абставіны, абумовіўшыя прыняцце ЦК РКП(б) рашэння аб Беларусі, падлягалі публічнай ацэнцы”47. Аналагічную думку раней выказалі і гісторыкі Р. П. Платонаў і М. С. Сташкевіч: „Утварэнне Літбела — амаль недаследаваная старонка, белая пляма ў нашай гісторыі. Складанасць вывучэння звязана з крайняй абмежаванасцю захаваўшыхся дакументальных крыніц, супярэчнасцю сведчанняў удзельнікаў і відавочцаў падзей таго часу”48. Гэтыя заявы (і дастаткова катэгарычныя і агульныя) зроблены даследчыкамі ў 90-я гады мінулага стагоддзя нягледзячы на значную колькасць манаграфічных і абагульняючых публікацый па гісторыі Літбела, у тым ліку і дакументальных, як у беларускай, так і ў літоўскай гістарыяграфіі.
Што тычыцца прычын аб’яднання Беларускай і Літоўскай ССР у адзіную дзяржаву, то адносна іх даследчыкі да апошняга часу ў галоўным былі і застаюцца амаль што аднадушнымі. І гэта тлумачыцца перш за ўсё тым, што прычыны такога кроку былі афіцыйна сфармуляваны ў пастановах і рашэннях ЦК РКП(б), выступленнях старшыні Усерасійскага ЦВК Я. М. Свярдлова і прадстаўніка ЦК РКП(б) у Беларусі А. А. Іофе, якія затым з рознай ступенню імправізацыі паўтараліся ў рашэннях ЦБ КП(б)Б, Першага Усебеларускага з’езда Саветаў, Першага з’езда Саветаў Літвы, выступленнях і прамовах у студзені-лютым 1919 г. старшыні ўрада Савецкай Літвы В. С. Міцкявічуса-Капсукаса, сакратара ЦБ КП(б)Б В. Г. Кнорына і іншых партыйных кіраўнікоў.
Першай галоўнай прычынай аб’яднання ЛітССР і БССР пры яго абвяшчэнні называлася неабходнасць умацавання абароназдольнасці рэспублік ва ўмовах навісшай пагрозы вайны з Польшчай, а таксама аб’яднання намаганняў у барацьбе „з унутраннай буржуазна-нацыяналістычнай контррэвалюцыяй”, за ўстанаўленне савецкай улады і абароны заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі. Пры гэтым акцэнт рабіўся на неабходнасці стварэння буфера супраць імперыялістаў Антанты, „фарпоста пралетарскай рэвалюцыі на заходняй граніцы Расіі, які быў прызваны перагарадзіць шлях імперыялістычным драпежнікам у цэнтр рэвалюцыі — Савецкую Расію”49.
Калі прымалася рашэнне, быццам бы ўлічвалася і агульнасць гістарычнага мінулага, эканамічных ўмоў і інтарэсаў абедзвюх рэспублік, іх геаграфічнага палажэння, аб чым гаварылася ў пастанове прэзідыума Усерасійскага ЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР, прынятай 31 студзеня 1919 г.50 На пашыраным пасяджэнні ЦБ КП(б)Б 2 лютага 1919 г. старшыня Усерасійскага ЦВК Я. М. Свярдлоў адзначыў, „што матывам утварэння адзінай Беларуска-Літоўскай Рэспублікі з’яўляецца імкненне ЦК засцерагчы гэтыя рэспублікі ад магчымасці праяўлення ў іх нацыянальна-шавіністычных намераў”51. У рашэннях Першага з’езда Саветаў Літвы аб прычынах аб’яднання суседніх рэспублік гаварылася наступнае: „Жыва адчуваючы сваю непарыўную сувязь з усімі савецкімі сацыялістычнымі рэспублікамі, з’езд бачыць у зліцці Савецкай Літвы і Савецкай Беларусі толькі першы крок на шляху аб’яднання ўсіх сацыялістычных рэспублік у адзіны дзяржаўны арганізм і даручае рабоча-сялянскаму ўраду Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі неадкладна ж уступіць у перагаворы з рабоча-сялянскімі ўрадамі Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі, Латвіі, Украіны і Эстляндыі на прадмет утварэння з усіх гэтых рэспублік адзінай Федэратыўнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі”52.
Мы прывялі галоўныя матывы і меркаванні, якімі прадстаўнікі ЦК РКП(б) і Усерасійскага ЦВК афіцыйна тлумачылі неабходнасць аб’яднання Беларусі і Літвы напярэдадні яго абвяшчэння.
Вядома, што савецкія даследчыкі, якія асвятлялі гісторыю з так званых марксісцка-ленінска-сталінскіх прынцыпаў і пазіцый Камуністычнай партыі, не маглі крытыкаваць рашэнні высокіх партыйных інстанцый, а толькі апраўдвалі іх мэтазгоднасць і справядлівасць і каменціравалі з той ці іншай доляю апалагетыкі. Больш таго, навукоўцы абавязкова падкрэслівалі, што савецкі ўрад і бальшавіцкая партыя „праводзілі паслядоўную ленінскую нацыянальную палітыку” ці „паслядоўна праводзілі мудрую ленінскую нацыянальную палітыку” ў інтарэсах вызваленых народаў. Яны не выказвалі крытычных думак і поглядаў на падзеі, якія „тлумачылі”, а толькі развівалі і паглыблялі палажэнні і вывады сфармуляваныя ў тагачасных дакументах партыйных і савецкіх органаў, выступленнях іх кіраўнікоў. Нярэдка такія адвольныя каментарыі межавалі з даследчыцкімі фантазіямі.
Так, пазней у літаратуры падкрэслівалася, што аб’яднанне „адбылося на аснове такіх непарушных прынцыпаў ленінскай нацыянальнай палітыкі Камуністычнай партыі як добраахвотнасць зліцця і поўная роўнасць аб’яднаўшыхся народаў”. Сцвярджалася, што ініцыятыва ЦК РКП(б) аб уз’яднанні „была цалкам падтрымана як бальшавіцкімі арганізацыямі, так і шырокімі працоўнымі масамі”53, што „рэкамендацыі ЦК РКП(б) аб стварэнні Літоўска-Беларускай ССР былі пастаўлены ў Літве і Беларусі на шырокі народны рэферэндум”. Быццам бы „ў гарадах і вёсках адбыліся сходы і мітынгі працоўных, на якіх абмяркоўвалася пытанне аб аб’яднанні Беларусі і Літвы ў адзіную Літоўска-Беларускую ССР”54. Яно адпавядала „карэнным інтарэсам як літоўскага, так і беларускага народаў цесна звязаных паміж сабою агульнасцю гістарычнага шляху”55. Некаторыя аўтары патэтычна выказвалі думку аб тым, што Літбел меў „важнае агульнадзяржаўнае значэнне, таму што азначаў пачатак новага этапу ў будаўніцтве савецкай шматнацыянальнай дзяржавы, калі народы Расіі дабраахвотна станавіліся на шлях стварэння адзінага дзяржаўнага брацкага саюза”56. „Абвяшчэнне Літоўска-Беларускай ССР з’явілася важным крокам на шляху да добраахвотнага аб’яднання незалежных савецкіх сацыялістычных рэспублік у адзіную дзяржаву — СССР”, — пісаў М. Л. Іваноў57.
У сваёй грунтоўнай манаграфіі па гісторыі Літоўска-Беларускай ССР Я. Н. Шкляр з пафасам пісала аб тым, што яе ўтварэнне мела важнае значэнне нават „для ўмацавання рэвалюцыйнага руху ў Польшчы, перамогі там дыктатуры пралетарыяту”. Літоўска-Беларуская рэспубліка, на думку аўтара, дапамагла распаўсюджванню вопыту сацыялістычнага будаўніцтва на Захадзе58.
Аналагічныя думкі і ацэнкі выказвалі і літоўскія гісторыкі. Так, Б. Ю. Вайткявічус, адзначаючы аграмаднае значэнне аб’яднання Літвы і Беларусі, падкрэсліваў, што „яно з’яўлялася пацвярджэннем правільнасці нацыянальнай палітыкі Камуністычнай партыі”59.
Гэтыя галоўныя тэзісы, якія тлумачылі прычыны абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР, з некаторымі варыяцыямі і не прынцыповымі дапаўненнямі былі замацаваны ў савецкай гістарыяграфіі 20-80-х гг. ХХ ст. І толькі з пачатку 90-х гадоў ацэнкі Літбела, яго месца і ролі ў гісторыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва пачалі рэзка мяняцца на супрацьлеглыя.
Сучасныя ўмовы і стан развіцця айчыннай навукі дазваляюць даследчыкам свабодна, без ідэалагічных і палітычных зададзенасцей паглядзець на прычыны і матывы аб’яднання двух суседніх савецкіх рэспублік у лютым 1919 г. Гісторыкі адмаўляюцца ад абсалютызаваных вывадаў і ацэнак, ідэалагічных клішэ і штампаў, якія раней замацаваліся ў навуцы. Паспрабуем і мы ў гістарыяграфічным аспекце паразважаць над прычынамі абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР. Пры гэтым адзначым, што з паступовым развіццём гістарычнай навукі і назапашваннем ёю новых фактаў надуманасць і неадпаведнасць рэчаіснасці многіх тлумачэнняў прычын аб’яднання Беларусі і Літвы станавілася ўсё больш спрэчнай і цяпер ўвогуле з’яўляецца відавочнай.
Разгледзім іх па парадку. І пачнем з тэзіса аб тым, што галоўнай прычынай аб’яднання двух рэспублік з’яўлялася жорсткая неабходнасць умацавання іх абароназдольнасці з тым, каб вытрымаць узброенае наступленне Польшчы, спыніць яе агрэсію супраць Савецкай Расіі.
Тэзіс аб тым, што аб’яднанне двух савецкіх рэспублік па прапанове ЦК РКП(б) выклікалася ваенна-абарончымі меракаваннямі не вытрымлівае крытыкі з навуковага пункту гледжання.
Па-першае, ні Беларуская ССР, ні Літоўская савецкая рэспубліка не мелі сваіх узброеных сіл і ваенна-стратэгічных рэсурсаў. Тыя нешматлікія вайсковыя фарміраванні, што знаходзіліся на іх тэрыторыях пасля адыходу кайзераўскіх акупантаў і ўступлення Чырвонай Арміі, падпарадкоўваліся яе галоўнакамандаванню. Камандуючыя Заходнім фронтам, створаным у сярэдзіне лютага 1919 г., прызначаліся вышэйшым партыйна-савецкім і ваенным кіраўніцтвам РСФСР і былі адказныя перад ім. Ваенны камісарыят Літоўска-Беларускай ССР не з’яўляўся кіруючым органам абароны. На гэта, дарэчы, звяртаў увагу яшчэ В. Г. Кнорын у артыкуле „Восемь месяцев Советской Белоруссии”, надрукаваным у верасні-кастрычніку 1919 г. у газеце „Звезда”. Тады ён пісаў аб тым, што ваенны камісарыят Літбела, „не з’яўляючыся органам, які распараджаўся ваеннымі сіламі на фронце, не мог узяць на сябе адказнасці за ход абароны, а потым за цяжкую катастрофу пад Вільняй, якая выявіла ўсе слабыя бакі нашай ваеннай арганізацыі”60.
Па-другое, колькасць штыкоў і шашак на савецкiм Заходнім фронце была па сутнасці сімвалічнай. Па даных, якія прывёў Б. Вайткявічус у сваёй манаграфіі „Сацыялістычная рэвалюцыя ў Літве 1918-1919 гг.”, суадносіны ўзброенных сіл на Заходнім фронце (у Літбеле) былі наступнымі: штыкоў 5:1, шашак 14:1 на карысць польскіх легіянераў61. У дакладзе галоўнага камандавання ў Рэўваенсавет РСФСР аб становішчы на Заходнім фронце на сярэдзіну чэрвеня 1919 г. паведамлялася наступнае: „Суадносіны сіл нашых і праціўніка на гэтым участку цяперашняга Заходняга фронту былі, увогуле, не на нашу карысць. Усяго на гэтым фронце мы мелі каля 90 тыс. штыкоў і шашак пры 1 941 кулямёце і 677 гарматах, супраць 273 тыс. штыкоў і шашак, каля 2 400 кулямётаў і каля 750 гармат у праціўніка”62. На тэрыторыі Літбела ў чэрвені 1919 г. налічвалася ўсяго 17 450 чырвонаармейцаў (пяхоты і конніцы), а ў польскім войску — 96 150 легіянераў63.
Яшчэ горшым было матэрыяльна-бытавое забеспячэнне савецкіх войск, якія знаходзіліся на Заходнім фронце. Так, на 1 лютага 1919 г. у войсках фронту запасаў прадуктаў было: мукі — на тры дні, мяса і рыбы — на пяць, гародніны — на шэсць дзён. Яно не палепшылася і ў будучым. 18 ліпеня 1919 г. Савет Абароны Літоўска-Беларускай ССР накіраваў старшыні СНК РСФСР У. І. Леніну тэлеграму наступнага зместу: „Цяперашняе становішча на фронце з прадуктамі вельмі дрэннае. На базах ні фунта хлеба. У часцях — таксама”64.
Такое нікуды ні вартае забеспячэнне войск Заходняга фронту ўплывала на яго баяздольнасць і маральна-баявы дух. Прадстаўнік ЦК РКП(б) у Беларусі А. А. Іофе 28 студзеня 1919 г. у лісце Я. М. Свярдлову даводзіў: „Нашы войскі, якія тут знаходзяцца, па агульнай ацэнцы, ні чорту не вартыя, часткаю выклікаюць боязь, што пабягуць пры першым выстрале”, іншыя „настолькі разбэшчаныя, што грабяць мясцовае насельніцтва горш за татар”65. Увогуле ўзброеныя сілы Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі і Літвы значна ўступалі войскам Польшчы. І гэты факт прызнаюць як беларускія, так і літоўскія гісторыкі66.
Але справа была не толькі ва ўзброенных сілах. Сам урад Літбела, як адзначаў у свой час М. І. Кулічэнка, утрымліваўся на грошы Масквы. У адным з дакументаў Наркамата фінансаў Літоўска-Беларускай рэспублікі гаварылася, што з часу яго ўтварэння і да захопу палякамі Вільні 21 красавіка 1919 г. ён атрымаў з РСФСР 200 млн. рублёў, не ўлічваючы сумаў, якія атрымалі асобныя камісарыяты на спецыяльныя патрэбы. Бюджэт ССР ЛіБ зацвярджаўся СНК РСФСР, фінансаванне рэспублікі ажыццяўляла Савецкая Расія67.
Далей. Кіраўніцтва РСФСР добра валодала становішчам на франтах грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. І ў 1919 г. галоўныя сілы Чырвонай Арміі былі сканцэнтраваны на Усходнім і Паўднёвым франтах, на якіх вырашаўся лёс савецкай рэспублікі і бальшавіцкай улады. У тых умовах Савецкая Расія не змагла аказаць больш-менш істотную ваенную дапамогу Літоўска-Беларускай ССР. Ратаваць становішча трэба было, як бачым, іншымі сродкамі. І размова ж ішла, зразумела, не аб інтарэсах БССР і Літоўскай ССР, якія з’явіліся на палітычнай карце Еўропы па загаду з Крамля, а аб гамлетаўскім быць ці не быць Савецкай Расіі, Савецкай уладзе. Уся стратэгія і тактыка кіраўніцтва РСФСР была падпарадкавана адной адзінай мэце — усімі сродкамі выратаваць і захаваць сваю бальшавіцкую ўладу. Гэта абумовіла і розныя дыпламатычныя, знешнепалітычныя, нацыянальна-дзяржаўныя і іншыя маніпуляцыі. Адсюль, хутчэй за ўсё, і ўзнікла ідэя стварэння выратавальнага буфера — аб’яднанай штучнай дзяржавы ў выглядзе Літоўска-Беларускай ССР68. Але для іншых мэтаў, таму што для ўмацавання абароназдольнасці рэспублік, як бачым, не было чаго аб’ядноўваць.
Больш таго, не можа не ўзнікнуць лагічнае пытанне — калі на самой справе размова ішла аб сапраўдным умацаванні абароназдольнасці савецкіх рэспублік на Захадзе Савецкай Расіі, то чаму аб’яднанне было зроблена з урэзанай Беларускай ССР, а не ў поўным складзе? У такім выпадку „буфер” быў бы мацнейшым!
Калі ж „буфер” ствараўся для таго, каб перагарадзіць шлях польскаму наступленню на краіну Саветаў, то навошта ж было сталіцу Літбела размяшчаць у Вільні? У ваенна-стратэгічных адносінах на такую ролю больш падыходзіў Мінск, які быў акупаваны польскімі легіянерамі на тры з паловай месяцы пазней, чым Вільня, якая была здадзена захопнікам ужо 21 красавіка 1919 г.
Другой важнейшай прычынай абвяшчэння Літбела, на якой, услед за яго стваральнікамі, акцэнтавалі ўвагу і даследчыкі, быццам бы было „імкненне ЦК засцерагчы гэтыя рэспублікі ад магчымасці праяўлення ў іх нацыянальна-шавіністычных намераў” і патрэбнасць інтэрнацыянальнага аб’яднання беларускіх і літоўскіх працоўных у імя „хутчэйшага разгрому белагвардзейскага беларуска-літоўскага ўрада”69.
Калі дапусціць, што гэта было так на самой справе, то навошта ж было ўрэзваць толькі што створаную Беларускую ССР і па сутнасці яе ліквідаваць?70 Нацыялістычныя настроі і выступленні такім чынам не падаўляюцца. Наадварот, падобныя акцыі могуць толькі справакаваць рост нацыяналізму, даць новыя імпульсы для ўзмацнення нацыяналістычных успышак сярод нацыянальна свядомай часткі пакрыўджанай і зняважанай нацыі. Уключэнне, а па сутнасці анэксія, паловы тэрыторыі Беларускай рэспублікі (Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў) у склад Расійскай дзяржавы, а другой (Гродзенскай і Мінскай) — у склад Літоўска-Беларускай ССР не магло служыць умацаванню даверу беларускага народа да Савецкай улады і бальшавіцкай партыі, якія маніпулявалі яго нацыянальна-дзяржаўнымі інтарэсамі і ўжо другі раз пасля Брэсцкага міру падзялілі яго этнічную тэрыторыю. І калі пра такое быццам бы станоўчае значэнне чарговага кроку ленінскай нацыянальнай палітыкі ў дзяржаўным будаўніцтве — стварэнне ЛітБел ССР — і пісалі савецкія гісторыкі, то гэта адпавядала толькі адной з бальшавіцкіх міфалагемаў.
У сучаснай айчыннай і літоўскай гістарыяграфіі, якую мы адлічваем з пачатку 90-х гадоў, такія пункт гледжання і ацэнкі адвергнуты. Даследчыкі падкрэсліваюць, што сама ідэя і тым больш практыка падзелу Беларускай ССР і аб’яднання яе з Літоўскай рэспублікай не адпавядалі і не маглі адпавядаць карэнным інтарэсам ні беларускага, ні літоўскага народаў. Прывядзем некаторыя з такіх выказванняў і заключэнняў. „Абвешчаная ў лютым 1919 г. Літоўска-Беларуская рэспубліка была штучным утварэннем без уліку інтарэсаў як беларускага, так і літоўскага народаў”, — першым з айчынных даследчыкаў канстатаваў Я. А. Юхо71. „Літоўска-Беларуская ССР, альбо Літбел, створаная па волі знешнепалітычных сіл, не была і не магла быць беларускай дзяржаўнасцю”, — сцвярджалі Л. В. Лойка і Т. В. Лойка ў сваім сумесным артыкуле72. В. І. Талкачоў у артыкуле, прысвечаным 75-годдзю Літоўска-Беларускай ССР, назваў яе „штучным дзяржаўным утварэннем” і, нават, „сур’ёзнай памылкай” бальшавіцкай партыі73. Утварэнне ЛітБел ССР М. Л. Іваноў назваў „няўдалым бальшавіцкім эксперыментам”74. У кнізе У. Ф. Ладысева і П. І. Брыгадзіна адзначаецца „надуманасць і нежыццяздольнасць новага дзяржаўнага збудавання”. Літбел аўтары называюць „аморфнай дзяржаўнасцю”. Яны падкрэсліваюць, што „ўтварэнне Літоўска-Беларускай ССР не з’яўлялася арганічнай патрэбнасцю двух народаў, якія заўсёды былі добрымі суседзямі”75. В. А. Круталевіч і Я. А. Юхо ў вучэбным дапаможніку для студэнтаў юрыдычных і гістарычных спецыяльнасцей ВНУ утварэнне Літоўска-Беларускай ССР назвалі „яшчэ адным эксперыментам, праведзеным Савецкімі ўладамі над беларусамі і іх дзяржаўнасцю”76.
Ацэнкі Літоўска-Беларускай ССР у літоўскіх гісторыкаў яшчэ больш скептычна-непрыязныя. Так, Ч. Лаўрынавічус і Р. Мікніс савецкую дзяржаўнасць Літвы, створаную па ініцыятыве Савецкай Расіі і яе намаганнямі, разглядаюць „як прыклад фальсіфікацыі дзяржаўнасці ў гісторыі”77.
Пры абгрунтаванні неабходнасці і важнасці аб’яднання двух савецкіх рэспублік гісторыкі ў рэчышчы афіцыйнай матывацыі дарэмна паўтаралі выдумку стваральнікаў Літбела аб неіснаваўшым белагвардзейскім беларуска-літоўскім урадзе, з якім трэба было змагацца працоўным і бальшавікам. У той час — канец 1918 г. — пачатак 1919 г. — размова магла ісці толькі пра тое, што ў лістападзе 1918 г. у выніку дамоўленасці паміж Віленскай Беларускай Радай і прэзідыумам Літоўскай Тарыбы пры літоўскім урадзе было створана Міністэрства беларускіх спраў, якое ўзначаліў былы старшыня Народнага Сакратарыята БНР Я. Я. Варонка78. І ні больш! Ніякага сумеснага беларуска-літоўскага ўрада не існавала.
Але ж калі такая белагвардзейска-нацыяналістычная здань блукала над Беларуссю і Літвою, то з ёю трэба было неяк змагацца. І як у першым выпадку, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, бальшавікі ў адказ абвясцілі Беларускую Савецкую Рэспубліку, так і ў другім — на „ўтварэнне беларуска-літоўскага ўрада” яны адрэагавалі абвяшчэннем Літоўска-Беларускай ССР.
Міфалагічнымі тэзісамі ў гістарычнай літаратуры, з дапамогай якіх абгрунтоўвалася мэтазгоднасць і неабходнасць аб’яднання Беларусі і Літвы, таксама былі і сцвярджэнні аб тым, што такое зліццё рэспублік з’яўлялася добраахвотным, пры поўнай роўнасці аб’яднаўшыхся народаў і яго аднадушна падтрымалі як бальшавіцкія арганізацыі, так і працоўныя Беларусі і Літвы.
Вядома, што такая „добраахвотнасць” ініцыявалася ЦК РКП(б) і вельмі энергічна і жорстка праводзілася ў жыццё яго прадстаўніком А. А. Іофе праз мясцовыя партыйныя арганізацыі і камуністаў. Але аб тым, што ідэя падзелу БССР і зліцця яе з Літоўскай ССР не была падтрымана ні беларускімі нацыянальнымі дзеячамі, ні бальшавіцкім кіраўніцтвам БССР савецкія гісторыкі доўгі час замоўчвалі ці падавалі гэта вульгарызавана перакручана. Лепшым узорам класава-ідэалагічнай фальсіфікацыі тых падзей з’яўляецца іх інтэрпрэтацыя ў кнізе А. М. Андрэева, якая ўбачыла свет яшчэ ў гады так званага культу асобы Сталіна79. Аўтар падкрэсліваў, што вырашэнне пытання аб аб’яднанні брацкіх савецкіх рэспублік праходзіла ў барацьбе „са злейшымі ворагамі народа, буржуазнымі нацыяналістамі, якія прабраліся шляхам абману ў кіруючыя партыйныя і савецкія органы Літвы і Беларусі”80. Разам з „левымі камуністамі”, працягваў ганьбаваць „нацыяналістаў” А. М. Андрэеў, яны спрабавалі сарваць ажыццяўленне пастановы ЦК РКП(б) і тым аблегчыць імперыялістам ЗША і Антанты звяржэнне Савецкай улады. Пры абмеркаванні ў ЦК КП Літвы пытання аб пасылцы літоўскай дэлегацыі на Першы Усебеларускі з’езд Саветаў нацыяналісты выступалі супраць аб’яднання з Савецай Беларуссю і патрабавалі ўключыць у склад Літоўскай ССР тэрыторыю Гродзенскай губерні81.
А ў Беларускай ССР, на думку А. М. Андрэева, супраць аб’яднання з Савецкай Літвой выступалі „вялікадзяржаўныя шавіністы”. Яны пасылалі ў ЦК РКП(б) тэлеграмы з патрабаваннямі перагледзець рашэнні аб выдзяленні са складу БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў, а таксама спрабавалі даказваць немэтазгоднасць аб’яднання Беларусі з Савецкай Літвой82.
У 60-я гады гэты аспект тэмы Літоўска-Беларускай ССР таксама закранаўся, але ўжо ў больш карэктнай форме. У манаграфіі М. І. Кулічэнкі, якая выйшла ў свет у 1963 г., адзначалася, што ЦБ КП(б)Б не пагадзілася з пастановай ЦК РКП(б) аб вылучэнні са складу БССР трох губерняў і аб’яднанні астаўшайся часткі з Літоўскай ССР і прасіла яго перагледзець сваё рашэнне83. І толькі з пачатку 90-х гадоў гэты сюжэт атрымаў больш поўнае і аб’ектыўнае асвятленне ў працах гісторыкаў — Р. П. Платонава і М. С. Сташкевіча, В. А. Круталевіча84. У іх даследаваннях, а затым і ў вучэбнай літаратуры замацавалася ўяўленне аб тым, што ідэю аб’яднання двух рэспублік не прынялі ні прыхільнікі А. Ф. Мяснікова, ні паплечнікі Дз. Ф. Жылуновіча. Яны былі салідарны толькі ў адным, калі выступалі за цэласнасць БССР і пратэставалі супраць яе падзелу. Але матывы ў кожнай з груп былі розныя: у першай — барацьба за ўладу, пасады, партфелі, у другой — барацьба за самастойную беларускую дзяржаву ў этнаграфічных межах.
У сучасных публікацыях гісторыкаў развеяны яшчэ адзін міф савецкай гістарыяграфіі — аб поўнай роўнасці аб’яднаўшыхся народаў. Ён быў замацаваны ў працах гісторыкаў 50-80-х гадоў. Але дзеля справядлівасці заўважым тое, што яшчэ В. Г. Кнорын у згаданым ужо артыкуле адзначаў, што адразу пасля абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР „Вільня і польска-літоўскія работнікі пачалі адыгрываць кіруючую ролю. Сталі фактычна вызначаючымі палітыку аб’яднанай рэспублікі”85. Такая ацэнка, відавочна, была заглушана агульным панегірычным хорам савецкіх гісторыкаў, аднадумна і аднадушна ўсхваляючых „мудрую нацыянальную палітыку” бальшавіцкай партыі.
Рэчаіснасць лютага-сакавіка 1919 г. выглядала зусім наадварот. У кіруючыя органы Літоўска-Беларускай ССР — ЦК КП(б) ЛіБ, ЦВК, СНК, Савет Абароны, наркаматы — беларускія дзеячы практычна не папалі. Самую высокую пасаду ў кіраўніцтве рэспублікі двух народаў займаў выдатны беларус А. Р. Чарвякоў — яму даверылі быць толькі намеснікам наркома асветы Літоўска-Беларускай ССР. „Літоўскія камуністы, заняўшы кіруючыя пасады ў Літоўска-Беларускай рэспубліцы, — пісаў А. Бурбіс у запісцы „Савецкая ўлада ў Беларусі”, накіраванай у 1919 г. у ЦК РКП(б), — цікавяцца непасрэдна Літвой. Беларуская работа ці зусім не вядзецца, ці вядзецца на другім плане. Фактычна ЦК КП(б) ЛіБ без адзінага беларуса”86.
Персанальны склад урада ЛітБел ССР нават выклікаў часовыя недаразуменні ў некаторых палітычных колах Польшчы. Цэнтральны Рабочы Камітэт ППС (за подпісам М. Недзялкоўскага) 4 сакавіка 1919 г. накіраваў ліст у ЦК РКП(б), у якім гаварылася аб тым, што савецкі ўрад умешваецца ў справы Польшчы. „Такой спробай, бясспрэчна, — заяўлялася ў ім, — з’яўляецца факт утварэння ў Вільні польскага савецкага ўрада, а таксама і падтрымка, якую аказвае Расія і савецкі ўрад Камуністычнай Рабочай Партыі Польшчы. Мы катэгарычна настойваем на ліквідацыі існуючага ў Вільні быццам бы польскага ўрада, аб якім польскі рабочы клас нічога не ведае і якога ён не заклікаў да жыцця”87.
Аб „раўнапраўных” адносінах да беларусаў у Літоўска-Беларускай дзяржаве сведчыць і той факт, што ў Вільні, яе сталіцы, выдаваліся газеты і часопісы на літоўскай, польскай, ідыш і рускай мовах. На беларускай мове — ніводнага выдання.
Іншымі словамі, у аб’яднанай дзяржаве беларусаў і літоўцаў нічога нацыянальнага беларускага не было.
І ўрэшце аргументацыю аб тым, што аб’яднанне двух савецкіх рэспублік быццам бы выклікалася эканамічнымі і іншымі прычынамі, так сказаць, унутранымі патрэбнасцямі, — сучасныя даследчыкі не выкарыстоўваюць. Больш таго, В. А. Круталевіч акцэнтаваў увагу на вывадзе аб тым, што рашаючай прычынай штучнага стварэння новай дзяржавы былі знешнепалітычныя абставіны і міжнароднае становішча, якое склалася для Савецкай Расіі. Унутраных, так сказаць, іманентных прычын для аб’яднання Беларускай і Літоўскай ССР у студзені-лютым 1919 г. не было88.
У сучасных навуковых даследаваннях як беларускіх, так і літоўскіх гісторыкаў больш не паўтараюцца і дэкларатыўныя заявы асобных папярэднікаў аб тым, быццам бы пытанні аб’яднання Беларускай ССР і Савецкай Літвы былі пастаўлены на шырокі народны рэферэндум і праводзіліся мітынгі і сходы працоўных, на якіх яны абмяркоўваліся. Аказалiся пустым гукам і высакамоўныя прапагандысцка-ідэалагічныя штампы аб тым, што стварэнне ЛітБел ССР мела важнае значэнне для ўмацавання рэвалюцыйнага руху ў Польшчы, што яе абвяшчэнне з’яўлялася пацвярджэннем правільнасці нацыянальнай палітыкі бальшавіцкай партыі і „важным крокам у стварэнні СССР”. Апублікаваныя ў зборніках і выкарыстаныя ў даследаваннях дакументы і матэрыялы не пацвярджаюць гэтых даследчыцкіх імправізацый.
У сувязі са сказаным, важным уяўляецца і пытанне аб тым, калі і якім вышэйшым прадстаўнічым органам, якім яго дакументам абвяшчалася новая дзяржава?
Такім дакументам, якім апавяшчалася з’яўленне на палітычнай карце Еўропы новай суверэннай дзяржавы двух народаў, можна было б лічыць Дэкларацыю ЦВК Літоўска-Беларускай ССР аб знешняй палітыцы, прынятую 28 лютага 1919 г.89 Яно магло б так і стацца, калі б у гэтым дакуменце не гаварылася аб тым, што ЦВК „Саветаў рабочых, малазямельных і беззямельных дэпутатаў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі выконваючы волю з’ездаў Літвы і Беларусі паўторна (падкрэслена мною — Л. М.) звяртаецца да ўсіх народаў і іх ўрадаў з прапановай прызнаць Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Літвы і Беларусі і ўвайсці з ёю ў зносіны”90.
У сувязі з гэтым узнікае пытанне — калі ЦВК Літоўска-Беларускай ССР першы раз звяртаўся „да ўсіх народаў і іх ўрадаў з прапановай прызнаць ССР ЛіБ”? У каментарыях да вышэйцытаванага палажэння складальнікі дакументальнага зборніка „Знешняя палітыка Беларусі” (с. 354) адзначалі, што „2 лютага 1919 г. І з’езд Саветаў Беларусі звярнуўся да ўсіх народаў з заклікам прызнаць незалежнасць рэспублікі і ўстанавіць з ёю дыпламатычныя адносіны”91. І той зварот трэба разумець як першы. Але з такімі развагамі нельга пагадзіцца, таму што Дэкларацыя ад 2 лютага была прынята з’ездам Саветаў БССР, а не з’ездам Саветаў ці ЦВК Літоўска-Беларускай ССР. Гэта, так сказаць, не аднапарадкавыя рэчы.
Першае публічнае ўпамінанне аб новай дзяржаве — Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Літвы і Беларусі — з’явілася 16 лютага 1919 г. у „Ноце Часовага рабоча-сялянскага ўрада Літоўскай ССР і Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай ССР польскаму ўраду з прапановай стварыць змешаную камісію для мірнага ўрэгулявання тэрытарыяльных пытанняў”92. У ёй гаварылася наступнае: „Часовы рабоча-сялянскі ўрад Літвы і Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларусі яшчэ раз падкрэсліваюць, што з іх боку маецца поўная гатоўнасць вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя тэрытарыяльныя пытанні і пагэтаму прапануюць ураду Польскай Рэспублікі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у змешаную камісію, якая павінна будзе ўстанавіць дзяржаўную граніцу паміж утворанай (падкрэслена мною — Л. М.) Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Літвы і Беларусі, з аднаго боку, і Польскай Рэспублікай — з другога”93. Заява гэтага дакумента зусім, канчаткова заблытвае пытанне аб даце абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР і фактычна робіць яго бессэнсоўным.
Асноўнымі юрыдычнымі дакументамі, якія з’яўляліся падставай для абвяшчэння новай рэспублікі, сталі рашэнні Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2-3 лютага 1919 г.) і Першага з’езда Саветаў рабочых, беззямельных, малазямельных і чырвонаармейскіх дэпутатаў Літвы (17-21 лютага 1919 г.)94. У дэкларацыі Першага з’езда Саветаў БССР, прынятай 2 лютага 1919 г. гаварылася: „Усведамляючы неабходнасць хутчэйшага разгрому белагвардзейскага беларуска-літоўскага ўрада і ўлічваючы агульнасць сваіх эканамічных інтарэсаў, Усебеларускі з’езд Саветаў, у поўнай згодзе з намерамі і прапановамі літоўскага савецкага ўрада95, пастанаўляе: Прызнаць неабходным неадкладнае зліццё Беларускай Савецкай Рэспублікі з Літоўскай Савецкай Рэспублікай, даручыўшы ажыццявіць зліццё і арганізацыю адзінага ўрада органу ўлады, які выдзяліў з’езд”96. Прыводзячы гэтую частку Дэкларацыі, трэба адзначыць, што арганізатары і кіраўнікі Першага Усебеларускага з’езда Саветаў былі так моцна напалоханы фактам дзейнасці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і Літоўскай Тарыбы, што нават у такі важнейшы і адказнейшы дакумент, якім з’яўлялася Дэкларацыя аб аб’яднанні савецкіх рэспублік Беларусі і Літвы, уключылі бязглуздую фармулёўку пра неіснаваўшы „белагвардзейскі беларуска-літоўскі ўрад”, для разгрому якога быццам бы трэба было стварыць новую дзяржаву.
У рэзалюцыі Першага з’езда Саветаў Літвы, які таксама выказаўся за зліццё двух рэспублік, такіх міфалагічных матываў іх аб’яднання не прыводзілася. У ёй было сфармулявана і абвешчана прынцыпова важнае палажэнне: „Пагэтаму, з прычыны ўжо прынятага з’ездам Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў Беларусі рашэння аб зліцці Літвы і Беларусі ў адну рэспубліку, з’езд урачыста пракламуе (падкрэслена мною — Л. М.) стварэнне адзінай сацыялістычнай савецкай рэспублікі Літвы і Беларусі, даручае выбранаму ім Цэнтральнаму выканаўчаму камітэту Саветаў рабочых, беззямельных, малазямельных і чырвонаармейскіх дэпутатаў Літвы зліцца з Цэнтральным [выканаўчым] камітэтам Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў Беларусі і выбраць Рабоча-сялянскі ўрад сацыялістычнай савецкай рэспублікі Літвы і Беларусі”97.
Такім чынам, творцы Літбела лічылі, што справа з „урачыстым пракламаваннем рэспублікі” адбылася і больш не трэба марнаваць часу на нейкія дробязныя фармальнасці і прынятыя нормы ў міжнароднай практыцы.
І гэтае прынцыповае палажэнне прагучала ў навуковай літаратуры. Першым з даследчыкаў, хто звярнуў на яго ўвагу, быў А. М. Андрэеў. У манаграфіі аб барацьбе літоўскага народа за Савецкую ўладу ён коратка выклаў канспект абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР і падкрэсліў думку аб тым, што Першы з’езд Саветаў Літвы „ўрачыста абвясціў аб утварэнні адзінай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі”98. Але гэтае палажэнне праігнаравалі даследчыкі гісторыі Літоўска-Беларускай ССР, нават і такія, як С. П. Маргунскі, Я. Н. Шкляр, М. І. Кулічэнка, В. А. Круталевіч і іншыя, хто больш паглыблена займаўся праблемамі беларускай савецкай дзяржаўнасці. Да гэтай ідэі нечакана звярнуліся аўтары манаграфіі па праблемах дзяржаўнасцi Беларусi ў праграмах палітычных партый99. Яны падкрэслілі, што Першы з’езд Саветаў Літвы „ўзяў на сябе і функцыю абвяшчэння новага дзяржаўнага ўтварэння”100.
Іншыя даследчыкі працягваюць гістарыяграфічную традыцыю ад У. М. Ігнатоўскага, які яшчэ ў першай палове 20-х гадоў заявіў, што 27 лютага 1919 г. ЦВК Беларусі і Літвы „на ўрачыстым пасяджэнні вынеслі пастанову і абвясцілі Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Літвы і Беларусі”101. Гэтага погляду прытрымліваліся С. П. Маргунскі, В. І. Талкачоў, А. Ф. Вішнеўскі і І. А. Саракавік, П. І. Брыгадзін і У. Ф. Ладысеў і іншыя беларускія гісторыкі.102
Такім чынам, пытанне аб даце абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР у навуковай літаратуры засталося спрэчным і на яго патрэбны дакладны адказ. Тым больш, што ў кантэксце яго прыйдзецца адказаць яшчэ на адно важнае пытанне — калі юрыдычна перастала існаваць Беларуская ССР і Літоўская Савецкая рэспубліка? Большасць даследчыкаў такой датай лічаць 27 лютага 1919 г., калі ў Вільні адбылося сумеснае пасяджэнне ЦВК Беларускай ССР і ЦВК Літоўскай ССР, на якім былі створаны ЦВК і СНК ЛітБел ССР103. Але ж усім даследчыкам гісторыі Літбела добра вядома аб тым, што на сумесным пасяджэнні ЦВК Беларусі і Літвы ніякіх дакументаў — маніфеста, дэкларацыі, граматы, мемарыяла, пастановы ці рэзалюцыі — якія прэзентавалі б беларускаму і літоўскаму народам, а таксама сусветнай супольнасці новую дзяржаву з прапановай прызнаць яе і ўстанавіць з ёю дыпламатычныя адносіны, на аб’яднаным пасяджэнні і абраным ЦВК Літбела не было прынята ні 27 лютага, ні пазней.
Нам уяўляецца, што ў сувязі са сказаным і тымі вывадамі, якія маюцца ў навуковай літаратуры, ёсць падставы для таго, каб прызнаць датай абвяшчэння Літоўска-Беларускай ССР 17 лютага 1919 г., г.зн. дзень, калі была прынята рэзалюцыя Першага з’езда Саветаў Літвы аб аб’яднанні літоўскай і беларускай рэспублік і ўрачыста пракламавана новая дзяржава.
Прааналізаваўшы розныя трактоўкі важнейшых аспектаў гісторыі Літоўска-Беларускай ССР, у заключэнні зробім, на наш погляд, істотную заўвагу. Сутнасць яе заключаецца ў наступным. Што адбылося ў лютым 1919 г. — абвяшчэнне ці ўтварэнне Літоўска-Беларускай ССР — адзінай дзяржавы двух народаў? У навуковай літаратуры, энцыклапедычных выданнях і вучэбных дапаможніках звычайна гаворыцца пра ўтварэнне новай дзяржавы. Аб гэтым сведчаць і назвы артыкулаў, раздзелаў і глаў у абагульняючых працах, якія мы называлі, і праграмах курсаў па гісторыі Беларусі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Такое адназначнае сцвярджэнне нам уяўляецца вельмі катэгарычным і ў такой жа ступені не адпавядаючым рэчаіснасці. Калі гаварыць коратка, то Літоўска-Беларуская ССР не была ўтворана і на яе ўтварэнне, як дзяржавы, проста не хапіла часу. Ад 27 лютага 1919 г., калі, як лічыць большасць даследчыкаў, пачала сваё існаванне новая дзяржава, да 21 красавіка 1919 г., калі ЦВК, СНК і Савет Абароны рэспублікі пакінулі сталіцу Вільню і пачалі качаваць па розных гарадах, а яе захапілі польскія легіянеры, прайшло толькі каля двух месяцаў. 19 ліпеня спыніў дзейнасць урад Літбела. А 27 жніўня 1919 г. польскія войскі ўвайшлі ў апошні гарадскі цэнтр рэспублікі Зарасай. За гэты час не былі створаны дзяржаўны апарат і мясцовыя органы выканаўчай улады; не была дакладна вызначана тэрыторыя рэспублікі і яе граніцы; дзяржаўны новаўтвор не меў канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржавы, напрыклад, уласных узброеных сіл, судовай сістэмы, мытні, падаткавых органаў і г.д. Нарэшце, Літбел з’явіўся не па добрай, дэмакратычна выяўленай волі беларускага і літоўскага народаў, а наадварот, штучна разрываў іх і іх этнічныя тэрыторыі, частка якіх заставалася адпаведна ў складзе Савецкай Расіі і так званай Ковенскай Літвы, якая знаходзілася пад пратэктаратам Германіі. Больш таго, факт абвяшчэння Літбела па пастанове Палітбюро ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г. не меў грунтоўных юрыдычных падстаў. Літоўска-Беларуская ССР не была юрыдычна прызнана ні адной замежнай, у тым ліку і суседняй, дзяржавай. Можна прывесці і іншыя аргументы і факты, якія дастаткова пераканаўча сведчаць аб тым, што будзе правільна гаварыць не аб утварэнні, а толькі аб абвяшчэнні Літоўска-Беларускай ССР. Лепшым доказам і сведчаннем таго, што не ўтварылася, не сфарміравалася, не ўсталявалася Літоўска-Беларуская ССР як дзяржава з’яўляецца і той факт, што яна не адрадзілася пасля вызвалення яе тэрыторыі ад польскай акупацыі ў ліпені 1920 г., хаця былы старшыня СНК Літбела В. С. Міцкявічус-Капсукас настойваў на гэтым. Літоўска-Беларуская ССР аказалася нежыццяздольным дзяржаўным новаўтворам. Як штучна рэспубліка была абвешчана, так ціха і непрыкметна яна перастала існаваць. І да цяперашняга часу гісторыкі спрачаюцца аб тым, калі гэта адбылося.
Streszczenie
Historiografia na temat Litewsko-Białoruskiej Socjalistycznej Republiki Radzieckiej stawia wiele rozbieżnych ocen. Najczęściej oceny te są zależne od okoliczności politycznych w jakich pracowali historycy. Historiografia radziecka o LBSRR pisze wyłącznie w superlatywach jako o jednym z etapów rozwoju socjalistycznej państwowości Litwy i Białorusi. Dokumenty stwierdzają, że inicjatorem tego eksperymentu, podobnie jak poprzednich związanych z tworzeniem BSRR, był Włodzimierz Lenin. Ponieważ wodza bolszewików uznawano za człowieka nieomylnego, z tego chociażby powodu decyzja o utworzeniu LBSRR musiała także być oceniana pozytywnie. Niejasne są natomiast okoliczności powołania tej państwowości. Podejmowane przez bolszewickie kierownictwo decyzje w sprawie ziem białoruskich i litewskich często były ze sobą sprzeczne. Historiografia radziecka także nie daje racjonalnego wytłumaczenia tworzenia kolejnych form białoruskiej państwowości sowieckiej. Dopiero zmiana sytuacji politycznej w latach dziewięćdziesiątych umożliwiła podjęcie prac pozwalających na obiektywną ocenę wydarzeń z 1919 r.
1 С. П. Маргунский, Создание и упрочение белорусской государственности. 1917-1925 гг., Минск 1958.
2 Там жа, с. 159.
3 Е. Н. Шкляр, Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919-1920 гг.), Минск1962, с. 19-20.
4 Н. Сташкевич, На грани возможного: Идейно-политическая борьба вокруг создания белоруской советской государственности: „белые пятна”, „Неман”, 1989, № 10, c. 139; Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе... Образование БССР, [в:] Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции, в 3х ч., ч. 2, Гомель 1993, с. 129.
5 У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін, На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917-1920 гг.), Минск 1999, с. 60.
6 Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе... Образование БССР, с.129.
7 М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии за решение национального вопроса в 1918-1920 гг., Харьков 1962, с. 248; В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности (1917-1922 гг.), Минск1999, с. 88.
8 Цыт. па: Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе... Образование БССР, с. 133.
9 С. П. Маргунскі, З гісторыі ўтварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці, „Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук”, 1957, № 1, с. 22. Гэтыя факты прыведзены аўтарам і ў манаграфіі. (Гл.: С. П. Маргунский, Создание и упрочение белорусской государственности, с.159). Гл. таксама: Борьба за советскую власть в Белоруссии. 1918-1920 гг. Сборник документов и материалов, в 2-х т, т.1: (февраль 1918 г. — февраль 1919 г.), Минск1968, с. 421; По воле народа: Из истории образования Белорусской ССР и создания Коммунистической партии Белоруссии. Документы и материалы, Минск 1988, с. 81-82.
10 В. Круталевіч, Пасля абвяшчэння рэспублікі, „Полымя”, 1966, № 9, с. 136; Е. Н. Шкляр, Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР, с. 19; И. П. Ломако, Образование Литовско-Белорусской ССР и борьба трудящихся за защиту Советской власти, [в:] Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов. Мат. межреспуб. науч. конф., посвящённой 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР, Минск 1981, с. 62.
11 И. П. Ломако, Образование Литовско-Белорусской ССР…, с. 62.
12 Н. Сташкевич, На грани возможного: Идейно-политическая борьба вокруг создания белорусской советской государственности, с. 138; Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе: К вопросу о становлении белорусской национальной государственности, „Неман”, 1992, № 10, c. 152.
13 Борьба за советскую власть в Белоруссии 1918-1920 гг., т. 1: (февраль 1918 г. — февраль 1919 г.), с. 415.
14 Н. Сташкевич, На грани возможного, с. 138; Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе: К вопросу о становлении белорусской национальной государственности, с. 152. У часопісным артыкуле М. С. Сташкевіча гутарка І. В. Сталіна і А. Ф. Мяснікова перададзена не зусім дакладна, з некаторымі мастацкімі імправізацыямі.
15 Н. Зенькович, Чья Белоруссия? Границы. Споры. Обиды, Москва 2002, с. 293.
16 Пратакол І з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, Мінск 1934, с. 33-34.
17 Знешняя палітыка Беларусі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў, т. 1: (1917-1922 гг.), Мінск 1997, с. 91.
18 Р. П. Платонаў, Старонкі гісторыі Беларусі: Архівы сведчаць. З навуковай спадчыны, Мінск 2002, с. 14.
19 Н. В. Каменская, Первые социалистические преобразования в Белоруссии, Минск 1957, с. 200.
20 М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии..., с. 246.
21 Там жа, с. 248. Пры гэтым даследчык упершыню спаслаўся на тагачасны ЦПА ІМЛ пры ЦК КПСС (ф.17, воп. 2, спр. 8, л.1). Цяпер гэта Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДА СПГ). Гэты факт сведчыў аб тым, што ў час „хрушчоўскай адлігі” гісторыкі партыі атрымалі доступ да раней закрытых партыйных і дзяржаўных архіваў Савецкага Саюза.
22 М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии..., с. 249.
23 Там жа. На гэты факт у свой час звярнуў увагу У. М. Ігнатоўскі, але лічыў яго „адмоўным у сэнсе правідловага выяўлення беларускага палітычнага і нацыянальнага пытанняў” (гл.: У. Ігнатоўскі, Вялікі Кастрычнік на Беларусі, [у:] Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху, Мінск 1924, с. 207).
24 В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 93.
25 Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе… Образование БССР, с. 131.
26 Там жа, с. 132. Па сутнасці, такую ж думку, але ў больш мяккай форме ўпершыню выказаў М. І. Кулічэнка ў вышэйзгаданай манаграфіі: „Рашэнне ЦК РКП(б) было выражэннем яго глыбокай заботы аб лёсе беларускага народа, таму што часовае ўключэнне большай часткі заселенай беларусамі тэрыторыі ў склад РСФСР на выпадак пагаршэння абстаноўкі давала ім магчымасць захаваць сваю свабоду і незалежнасць, а ў далейшым пры дапамозе вялікага рускага народа, і ўз’яднаць свае землі” (гл.: М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии…, с. 248).
27 Н. Зенькович, Чья Белоруссия?, с. 293. Прааналізаваўшы пратакол пасяджэння ЦБ КП(б)Б па пытаннях тэрыторыі рэспублікі ад 22 студзеня 1919 г. В. А. Круталевіч прыйшоў да вываду, што рашэнне ЦК РКП(б) аб скарачэнні тэрыторыі БССР для яе кіраўніцтва было нечаканасцю (гл.: В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 91).
28 С. Хоміч, Фарміраванне тэрыторыі Беларускай Савецкай Рэспублікі (канец 1918 — 1926 гг.) Аўтарэф. канд. дыс., Мінск 2000, сс. 20; ён жа, Фарміраванне тэрыторыі БССР (1919-1926 гг.), „Гісторыя: праблемы выкладання”, 2000, № 4, c. 83-90; ён жа, Асноўныя этапы фарміравання тэрыторыі Беларускай савецкай рэспублікі (канец 1918—1926 гг.), „Беларускі гістарычны агляд”, 2000, т. 7, сш. 2, с. 351-363; ён жа, Савецкая і беларуская гістарыяграфія пра фарміраванне тэрыторыі БССР у 1919-1926 гг., [у:] Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця. Матэр. нав. канф., Мінск, 6-7 кастр. 1999, Мінск 2000, с. 218-221.
29 С. Хоміч, Фарміраванне тэрыторыі БССР (1919-1926 гг.), „Гісторыя: праблемы выкладання”, 2000, № 4, с. 20. Па сутнасці гэтую ж прычыну скарачэння тэрыторыі БССР у свой час назваў і В. Г. Кнорын, які пісаў аб тым, што ЦК РКП(б) не хацеў „рызыкаваць” старымі савецкімі тэрыторыямі (гл.: В. Кнорын, Да гісторыі дыктатуры пралетарыяту ў Беларусі, „Полымя”, 1929, № 1, с. 95).
30 С. Хоміч, Фарміраванне тэрыторыі Беларускай Савецкай Рэспублікі (канец 1918 — 1926 гг.) Аўтарэф. канд. дыс., с. 8.
31 С. Хоміч, Фарміраванне тэрыторыі БССР (1919-1926 гг.), „Гісторыя: праблемы выкладання”, 2000, № 4, с. 20.
32 По воле народа, с.130.
33 В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 96.
34 Цыт. па: С. М.Хоміч, Савецкая і беларуская гістарыяграфія пра фарміраванне тэрыторыі БССР у 1919-1926 гг., с. 222.
35 У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін, На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці, с. 61.
36 Н. С. Сташкевич, К вопросу формирования государственной идеологии в Белоруссии, [в:] Славянский мир и славянские культуры в европейском мире: место и значимость в развитии цивилизаций и культур (история, уроки, опыт, современность). Мат. междунар. науч.-теорет. конф. 31 октября — 1 ноября 2002 г., ч. 2, Витебск 2002, с. 213.
37 В. Кнорын, Да гісторыі дыктатуры пралетарыяту ў Беларусі, „Полымя”, 1929, № 1, с. 95.
38 А. М. Андреев, Борьба литовского народа за Советскую власть 1918-1919 гг., Москва 1954, с. 104.
39 С. П. Маргунский, Создание и упрочение белорусской государственности, c. 159; Е. Н. Шкляр, Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР, с. 19.
40 У артыкуле М. С.Сташкевіча, які быў надрукаваны ў 1989 г., сказана аб тым, што „Літбел ствараўся па ініцыятыве У. І. Леніна, на падставе рашэння ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г.” (гл.: Н. Сташкевич, На грани возможного, с. 139).
41 В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 92.
42 Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, [у:] Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, т. 6, Мінск 1972, с. 400.
43 Р. Платонов, Н. Сташкевич, Тернистый путь к свободе: К вопросу о становлении белорусской национальной государственности, с. 155.
44 В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 109.
45 П. І. Корнеў, М. А. Коршак, Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917-1920 гг.), [у:] Государственность на Беларуси: генезис и перспективы. Сб. мат. респуб. научно-практич. конф. 30 января 2002 г., в 2-х ч., ч. 1, Брест 2002, с.131.
46 Гісторыя Беларусі 1917-1996 гг.: Вуч. дапам. для 9-га кл. агульнаадукац. шк. з бел. і рус. мовамі навучання (У. Н. Сідарцоў, В. М. Фамін, С. В. Паноў), 2е выд, Мінск 1999, с. 26; Гісторыя Беларусі: канец ХVIII ст. — 1999 г. Вуч. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. шк. з бел. і рус. мовамі навучання (І. Л. Качалаў, Г. С.Марцуль, Н. Я.Новік і інш., пад рэд. Я.К .Новіка), Мінск 2002, с.104; В. А. Круталевіч, Я. А. Юхо, Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917-1945 гг.), 2-е выд, Мінск 2000, с. 45; Гісторыя Беларусі: у 2-х ч., ч. 2. Люты 1917 — 2000: Вуч. дапам. (пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля), Мінск 2000, с. 68-69; Гісторыя Беларусі: у 2 ч., ч. 2. ХІХ —ХХ стагоддзі: Курс лекцый (П. І. Брыгадзін, У. Ф. Ладысеў, П. І. Зялінскі і інш.), Мінск 2002, с. 308-309; і інш.
47 В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 89.
48 Р. Платонов, Н. Сташкевич, Трудный путь к свободе. О ряде важнейших событий 1919 года в истории Беларуси, „Советская Белоруссия”, 1991, 16 июля.
49 Б. Ю. Вайткявичус, Борьба трудящихся Литвы за победу социалистической революции (1918-1919 гг.). Автореф. канд. дисс., Москва 1958, с. 13-14.
50 Образование и развитие Союза Советских Социалистических Республик (в документах), Москва 1973, с. 118.
51 По воле народа, с. 130.
52 Съезды Советов Советских Социалистических Республик. Сборник документов 1917-1922 гг., Москва 1960, т. 2, с. 221-222. Адзначым, што па нейкіх незразумелых прычынах гэтая частка рэзалюцыі ў каментарыях да артыкула І. В. Сталіна Палітыка ўрада па нацыянальнаму пытанню выкладзена ў іншай рэдакцыі: „Жыва адчуваючы сваю непарыўную сувязь з усімі савецкімі сацыялістычнымі рэспублікамі, з’езд даручае рабоча-сялянскаму ўраду Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі неадкладна ж уступіць у перагаворы з рабоча-сялянскімі ўрадамі РСФСР, Латвіі, Украіны і Эстляндыі на прадмет утварэння з усіх гэтых рэспублік адзінай РСФСР” (И. В. Сталин, Сочинения, т. 4: (ноябрь 1917 — 1920 гг.), Москва 1951, с. 427).
53 М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии..., с. 257.
54 Н. Л. Иванов, Создание Литовско-Белорусской ССР и современная буржуазная историография, [в:] Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов, Минск 1981, с. 113.
55 Н. В. Каменская, Первые социалистические преобразования в Белоруссии, с. 199.
56 Там жа.
57 Н. Л. Иванов, Создание Литовско-Белорусской ССР и современная буржуазная историография, с. 114.
58 Е. Н. Шкляр, Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией, с. 20.
59 Б. Ю. Вайткявичус, Борьба трудящихся Литвы за победу социалистической революции (1918-1919 гг.), c. 14.
60 В. Г. Кнорин, Избранные статьи и речи, Минск 1990, c. 57.
61 B. Vaitkevičus, Socialistine revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais, Vilnius 1967, p. 667. Гэтыя даныя пацвердзіў і К. Навіцкас у рэцэнзіі на манаграфію Б. Вайткявічуса (гл.: К. Навицкас, Вклад в советскую историографию, „Коммунист” (Вильнюс), 1968, № 2, c. 56).
62 Из истории гражданской войны в СССР, т. 2 (март 1919 г. — февраль 1920 г.), Москва 1961, с. 371.
63 История Литовской ССР (с древнейших времён до наших дней), Вильнюс 1978, с. 329.
64 П. А. Селиванов, Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918-1920 гг.), Минск 1987, с. 115.
65 Цыт. па: Р. Платонов, Н. Сташкевич, Трудный путь к свободе, „Советская Белоруссия”, 1991, 16 июля, с. 2.
66 B. Vaitkevičius, Socialistine revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais, p. 667; Иностранная военная интервенция в Белоруссии. 1917-1920 гг., Минск 1990, с. 195.
67 М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии..., с. 152.
68 Буферная дзяржава — звычайна несамастойная і слабая ў ваенных і палітычных адносінах дзяржава, якая знаходзіцца паміж варагуючымі бакамі (гл.: Словарь иностранных слов, 16-е изд. исправл., Москва 1988, с. 95).
69 Съезды Советов Советских Социалистических Республик. Сборник документов 1917-1922, т. 2, с. 233.
70 Дарэчы такое пытанне паставіў В. А. Круталевіч (гл.: В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 96).
71 Я. Юхо, Фармаванне тэрыторыі беларусаў, „Спадчына”, 1991, № 6, c. 9.
72 Л. Лойка, Т. Лойка, Сучасны погляд на гісторыю Беларусі, [у:] Крыжовы шлях, Мінск 1993, c. 34.
73 В. Талкачоў, Цяжкі студзень 1919-га..., „Беларуская думка”, 1994, № 1, c. 69.
74 М. Іваноў, Рыжскі мір і эмігранцкі ўрад БНР, [у:] Беларусіка=Albaruthenica, Мінск 1997, т. 6, ч. 2, с. 278. Цікава адзначыць, што значэнне ЛітБел ССР М. Л. Іваноў ацэньваў раней зусім інакш: „абвяшчэнне Літоўска-Беларускай ССР дазволіла значна ўмацаваць абароназдольнасць рэспублікі і з’явілася дэманстрацыяй перад усім светам паслядоўнага правядзення Камуністычнай партыяй права нацый на самавызначэнне” (гл.: Н. Л. Иванов, Создание Литовско-Белорусской ССР и современная буржуазная историография, [в:] Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: Мат. межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образ. Литовско-Белорусской ССР, Мінск 1981, с. 110).
75 У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін, На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці, с. 62.
76 В. А. Круталевіч, І. А. Юхо, Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917-1945 гг.), 2-е выд., Мінск 2000, с. 45. Пад першым эксперыментам, напэўна, падразумевалася абвяшчэнне БССР 1 студзеня 1919 г.
77 Č. Laurinavičius, Tarybinio valstybingumo steigimas Lietuoje. 1918 m. pabaiga — 1919 m. pirmoji puse, [in:] Iš Lietuvos istorijos tyrinejimu, Vilnius 1991, p. 87-105; Р. Мікніс, Літва і Беларусь: супольная аўтаномія, „Беларуская мінуўшчына”, 1996, № 3, c. 5-7; ён жа, Літва і Беларусь: перыпетыі дзяржаўнасці ў пачатку ХХ ст., [у:] Беларусіка= Albaruthenica, Мінск 1997, т. 6, ч. 2, с. 249-256.
78 Падрабязней пра гэта гл.: С. Дубік, Беларуска-літоўскія ўзаемаадносіны ў 1918-1924 гг., [у:] Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце: Матэрыялы гістарычных семінараў, якія адбыліся ў Мінскім мiжнародным адукацыйным цэнтры ў 2001 г., Мінск 2002, с. 53-82.
79 А. М. Андреев, Борьба литовского народа за Советскую власть 1918-1919 гг., сс. 163.
80 Там жа, с. 105.
81 Там жа.
82 Там жа.
83 М. И. Куличенко, Борьба Коммунистической партии..., с. 250.
84 Р. П. Платонов , Н. С. Сташкевич, Тернистый путь к свободе… Образование БССР, [в:] Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции; В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности.
85 В. Г. Кнорин, Избранные статьи и речи, c. 54.
86 У. Ракашевіч, Дзеля чаго і кім была створана Літоўска-беларуская дзяржава?, „Звязда”, 1994, 25 лютага, c. 2.
87 Красная книга. Сборник дипломатических документов о русско-польских отношениях с 1918 г. по 1920 г., Москва 1920, с. 45.
88 В. А. Круталевич, История Беларуси: Становление национальной державности, с. 95-97, 156.
89 Документы внешней политики ССР, т. 2, Москва 1958, с. 84-85; Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 116-117.
90 Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с.116.
91 Складальнікамі зборніка дакументаў і матэрыялаў, аўтарамі прадмовы і каментарыяў да яго з’яўляюцца У. М. Міхнюк, У. К. Ракашэвіч, Я. С. Фалей, А. В. Шарапа і С. А. Шупа.
92 Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 110-111.
93 Там жа, с. 111; Документы внешней политики СССР, т. 2, Москва 1958, с. 76; Документы и материалы по истории советско-польских отношений, т. 2: (ноябрь 1918 г. — апрель 1920 г.), Москва 1964, с.106. У каментарыі да гэтага дакумента (у той частцы, дзе размова ідзе аб намеры Беларусі і Літвы „стварыць адзіную Літоўска-Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку”) прама сказана аб тым, што „аб’яднанне адбылося 17 лютага 1919 г. у Вільнюсе ў адпаведнасці з пастановамі, прынятымі ў гэтым жа месяцы на І з’ездзе Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Беларусі ў Мінску, а таксама на І з’ездзе Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў у Вільнюсе” (Документы и материалы по истории советско-польских отношений, т. 2, с. 106).
94 Борьба за Советскую власть в Литве в 1918-1920 гг. Сборник документов, Вильнюс 1967, с. 180-182. Трэба адзначыць, што ў навуковых даследаваннях, зборніках дакументаў і энцыклапедычных выданнях называецца іншая дата работы з’езда — 18-20 лютага 1919 г. (гл.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Документы и материалы, Минск 1954, т. 4, с. 463-464; Съезды Советов Советских Социалистических Республик. Сборник документов 1917-1922 гг., Москва 1960, т. 2, с. 221; Е. Н. Шкляр, Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР, с. 31; История Литовской ССР (с древнейших времён до наших дней), Вильнюс 1978, с. 319; Советская историческая энциклопедия, Москва 1965, т. 8, с. 736; По воле народа, с. 131 і інш.).
95 На той час, калі працаваў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, „прапаноў” аб аб’яднанні з боку літоўскага савецкага ўрада яшчэ не было.
96 Съезды Советов Советских Социалистических Республик, т. 2, с. 233; Знешняя палітыка Беларусі, т. 1, с. 105-106.
97 Красный архив. 1940, т. 5, с. 35-36; Борьба за Советскую власть в Литве в 1918-1919 гг., с.180-182.
98 А. М. Андреев, Борьба литовского народа за Советскую власть 1918-1919 гг., с. 109.
99 Государственность Беларуси: Проблемы формирования в программах политических партий (В. К. Коршук, Р. П. Платонов, И. Ф. Романовский, Е. Г. Богданович), Минск 1999, с. 72.
100 Там жа.
101 У. М. Ігнатоўскі, Вялікі Кастрычнік на Беларусі, [у:] Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху, Мінск 1924, с. 206.
102 С. П. Маргунский, Государственное строительство Белорусской ССР на первом этапе её развития, Минск 1953, с. 38; ён жа, Создание и упрочение белорусской государственности, с. 160-161; В. І. Талкачоў, Цяжкі студзень 1919-га... Да пытання аб стварэнні Літоўска-Беларускай ССР, с. 69; А. Ф. Вішнеўскі, І. А. Саракавік, Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Некаторыя пытанні і адказы, Мінск 1997, с. 70; У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін, На пераломе эпох, с. 61; Н. А. Зенькович, Чья Белоруссия?, с. 232.
103 У навуковай літаратуры памылкова сустракаецца і дата 28 лютага 1919 г. (гл.: Гісторыя Беларускай ССР, т. 2, Мінск 1958, с. 118; История Белорусской ССР, т. 2, Мінск 1961, с. 118; В. А. Круталевич, Рождение Белорусской Советской Республики. Развёртывание национально-государственного строительства. Ноябрь 1918 г. — февраль 1919 г., Мінск 1979, с. 325).
|