|
Кадравая палітыка саветаў у Крынкаўскім раёне Беластоцкай вобласці
(верасень 1939 — чэрвень 1941 гг.)
Міхаіл Васілючак
(Гродна)
1 верасня 1939 г. фашысцкая Германія напала на Польшчу. Урад Польшчы не змог арганізаваць абарону сваёй краіны, і за кароткі тэрмін большая частка тэрыторыі Польшчы была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. Над працоўнымі Заходняй Беларусі навісла пагроза трапіць у рабства гітлераўскай Германіі. Але, трэба мець на ўвазе, што перад пачаткам вайны паміж СССР і фашысцкай Германіяй 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны дагавор аб узаемным ненападзе, дзе быў дадатковы сакрэтны пратакол аб сферах уплыву, які, у прыватнасці, прадугледжваў ліквідацыю польскай дзяржавы і падзел яе тэрыторыі1.
У такіх умовах 17 верасня 1939 г. па распараджэнню ўрада СССР Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу і пачала вызваленчы паход. Працоўныя Заходняй Беларусі сустракалі савецкіх воінаў, як правіла, з кветкамі, хлебам-соллю. У першы дзень вызваленчага паходу Чырвоная Армія заняла такія гарады як Маладзечна, Валожын, Мір, Баранавічы. 19 верасня 1939 г. была вызвалена Вялікая Бераставіца і прылягаючыя населеныя пункты2.
З першых дзён вызвалення ў былых ваяводскіх і павятовых цэнтрах Заходняй Беларусі ствараліся Часовыя ўправы. У іх склад уваходзілі ўпаўнаважаныя ад ЦК КП(б) Беларусі, прадстаўнікі Чырвонай Арміі, прадстаўнікі рабочых і сялян, галоўным чынам былыя члены КПЗБ і КСМЗБ. На сяле ствараліся сялянскія камітэты3.
У прадваенны перыяд значныя пераўтварэнні адбываліся і на Бераставіччыне, а ў той перыяд быў створаны Крынкаўскі раён4. Крынкаўскі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 г. з Гродзенскага і Сакольскага паветаў і ўваходзіў у Беластоцкую вобласць. Тэрыторыя раёна складала 885 км2, з насельніцтвам 42 674 чалавек, у тым ліку беларусаў 28 174 або 66%, палякаў 11 204 чалавек або 26% і другіх нацыянальнасцяў 3 380 або 8%. У Крынках пражывала 6 121 чалавек. У раёне налічвалася 180 населеных пунктаў з колькасцю сядзіб — 7 428, у тым ліку 2 244 хутары5. Крынкаўскі раён быў падзелены на 12 сельскіх саветаў: Алекшыцкі, Вяліка-Бераставіцкі, Крушынянскі, Данілкаўскі, Мала-Бераставіцкі, Эйсмантаўскі, Ядкавіцкі, Макараўскі, Глебавіцкі, Галынкаўскі, Гуранскі ды Крынкаўскі, і адзін гарсавет — Гарсавет Крынкі6.
Адной з галоўных і неадкладных задач, якія стаялі перад Масквой і Мінскам пасля ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі, было кадравае пытанне. Старыя кадры, вядома, не маглі быць скарыстаны новымі ўладамі па ідэалагічных прычынах. І з першых дзён прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь былі накіраваны ў першую чаргу партыйныя і камсамольскія работнікі. Так, сакратар ЦК КП(б) Беларусі П. К. Панамарэнка ў пісьме на імя І. В. Сталіна ад 25 верасня 1939 г. паведамляў, што да працы па накіраванню дзейнасці сялянскіх камітэтаў у Часовыя ўправы накіравана 400 талковых работнікаў, а таксама рыхтавалася пасылка ў Заходнюю Беларусь 400-500 камсамольцаў7. Апрача гэтага 2 кастрычніка 1939 г. на пасяджэнні Бюро ЦК КП(б) Беларусі былі зацверджаны старшыні Часовых упраўленняў ваяводстваў (абласцей) і гарадоў. Так, старшынёй Часовага ўпраўлення Беластоцкай вобласці быў зацверджаны В. Б. Гайсін, Віленскай (у кастрычніку 1939 г. перададзена Літве) — Я. А. Жылянін, Палескай — П. З. Калінін, Навагрудскай — П. В. Бандарчук. Старшынямі Часовых упраўленняў назначылі: у Вільні —П. Е. Кораскава, Навагрудку — Кузняцова, Беластоку — П. С. Спасова, Пінску — А. І. Дружыніна, Баранавічах — С. С. Касцюка, Ваўкавыску — С. М. Бяляева, Лідзе — Г. І. Сямёнава, Брэст-Літоўску — Л. Я. Гарэліка. На гэтым жа пасяджэнні было прынята рашэнне накіраваць з усходніх абласцей на працу ў Заходнюю Беларусь 700 камуністаў і 800 камсамольцаў8. Работнікаў для Заходніх абласцей пасылалі як па рашэнню ЦК КП(б) Беларусі, так непасрэдна і з Масквы. Так, у пачатку кастрычніка 1939 г. Бюро ЦК КП(б) Беларусі зацвердзіла наступную колькасць работнікаў для Заходняй Беларусі: з Мінскай вобласці 250 камуністаў і 250 камсамольцаў, Віцебскай — адпаведна па 200 чалавек, Гомельскай — 125 камуністаў і 200 камсамольцаў і Магілёўскай — 125 камуністаў і 150 камсамольцаў9. Гэта быў толькі пачатак той грандыёзнай кадравай палітыкі, якую праводзілі партыйныя і савецкія органы ў заходніх абласцях БССР у прадваенны перыяд. Так, за гэты перыяд толькі ў Беластоцкую вобласць было накіравана на пастаянную работу 12 396 чалавек, з іх беларусаў — 3 965, рускіх — 3 965, палякаў — 15210. Да канца 1940 г. у заходнія вобласці рэспублікі было накіравана з усходу 31 000 партыйных, камсамольскіх, савецкіх і гаспадарчых работнікаў11. Узнікае законнае пытанне, чаму ажыццяўлялася такая масіраваная пасылка работнікаў усіх узроўняў і спецыяльнасцей у заходнія вобласці, дзе жылі браты-беларусы. Адной з галоўных прычын з’яўляецца сляпы недавер да мясцовага насельніцтва і асабліва палякаў і беларусаў-католікаў. Паглядзім на кадравую палітыку, якая праводзілася на Бераставіччыне ў прадваенны перыяд. Так, на верасень 1940 года ў Крынкаўскім раёне працавала 230 работнікаў, якія былі прысланы з усходу12. Наступная табліца дае прадстаўленне аб некаторых якасцях прысланых работнікаў, аб іх нацыянальнасці, аб адукацыі, аб партыйнасці. Заўважу, што аналагічная кадравая палітыка праводзілася і ў другіх раёнах (а іх было створана 101 у Заходняй Беларусі ў 1940 г.) Заходняй Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.
З гэтай табліцы добра бачна, што ўсе галоўныя адміністратыўныя і гаспадарчыя пасады займалі асобы, якія прыехалі з усходу па накіраванню партыйных, савецкіх органаў, або па ўласнаму жаданню, ці прыехалі па месцы працы мужа. Так, з 230 прыехаўшых работнікаў камуністаў было 59 чалавек, беларусаў — 142, рускіх — 42, а таксама былі яўрэі, украінцы, палякі і 1 армянін. Калі звярнуць увагу на адукацыйны цэнз, то з вышэйшай адукацыяй было толькі 6 чалавек, адзін узначальваў камсамол раёна, а пяць чалавек былі спецыялістамі народнай гаспадаркі. На жаль, сярод кіраўнікоў раённага маштабу некаторыя мелі сярэднюю ці ніжэйшую адукацыю (пачатковую школу — М. В.). Так, сярод 230 чалавек ніжэйшую адукацыю мелі 62 работнікі і 77 работнікаў былі ў асноўным з адукацыяй 5-8 класаў. Па накіраванню партыйных, савецкіх і гаспадарчых органаў было 205 чалавек. 11 чалавек прыехалі з розных рэгіёнаў СССР па ўласнаму жаданню. Сярод іх А. І. Гацаненка атрымаў пасаду начальніка жыллёвай службы раёна, В. В. Мордзіс і А. Г. Горыбянц — адпаведна — тэхрук спіртзавода і загадчык лабараторыі спіртзавода; сярод прыехаўшых было 14 жанок, якія прыехалі па накіраванню мужа. Так, Н. Ф. Мядзведзева працавала настаўніцай, а В. І. Бондарава ўзначаліла бібліятэку партыйнага кабінета РККП(б). Сярод накіраваных на працу ў Крынкаўскі раён больш было работнікаў народнай асветы — усяго 99 чалавек. Большасць з іх былі студэнтамі педагагічных вучылішчаў і ўзрост у іх быў ад 16 да 20 гадоў. Напрыклад, С. Ф. Максіменка, 1924 года нараджэння, адукацыя няпоўная сярэдняя, накіравана настаўніцай Эйсмантаўскай НСШ, а яе сяброўка з Аршанскага педвучылішча В. Я. Шарпанінок, 1924 года нараджэння, накіравана настаўніцай Рэмуцеўскай школы13.
Неабходна заўважыць, што большасць прысланых работнікаў у Заходнюю Беларусь не ведала польскай мовы, звычаяў, традыцый мясцовага насельніцтва. Да гэтага як у школах, так і па прадпрыемствах, установах была толькі чуваць польская мова. А тут рэзкі пераход на беларускую ці рускую мовы. Што датычыць настаўнікаў, то ў іх быў цяжкі матэрыяльны стан. На працу прыехалі, па сутнасці, юнакі і дзяўчаты, якія наогул не мелі ніякага жыццёвага вопыту, ды яшчэ вельмі кепска была пастаўлена забяспечанасць настаўнікаў харчамі. Так, настаўнікі Вялікай Бераставіцы працяглы час не атрымлівалі хлеба і другіх прадуктаў. А адзін настаўнік Бераставіцкай НСШ прыйшоў на заняткі ў лапцях. Невыпадкова, што адзін з настаўнікаў Крынкаўскай школы пры выбарах заявіў: „Камуністы толькі здзекваюцца над народам, самі назначаюць кандыдатаў і сілай застаўляюць галасаваць, навошта забіраць час і застаўляць другіх пераліваць з пустога ў парожняе”14.
Прысланыя з усходу кадры не заўсёды адпавядалі сваім маральным або прафесіянальным якасцям. Так, на працу сакратаром партыйнай арганізацыі скуранога завода № 6 у Крынкі, дзе працавала каля 500 чалавек, быў накіраваны Д. В. Шаркоў, які 23 мая 1938 г. Асташынскім РККП(б) атрымаў партыйнае спагнанне — строгую вымову за п’янку і дэбош15. Другі прыклад. На пасаду загадчыка Крынкаўскага раёна аховы здароўя была накіравана А. І. Аляксандрына, член ЦКП(б), руская, якая не мела сярэдняй адукацыі, а толькі вучылася ў Маскве на курсах аховы здароўя. Вядома, што былі медыкі і з вышэйшай адукацыяй, напрыклад, загадчыкам паліклінікі г. Крынкі працаваў Е. С. Ліхтынштэйн, які закончыў медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта, практычны стаж — 9 гадоў. Але ў яго быў адзін недахоп — ён „тутэйшы”. І Мінск не даваў згоды на яго назначэнне загадчыкам Крынкаўскага раёна аховы здароўя16.
Недавер да мясцовых кадраў адмоўна адбіўся на жыцці працоўных заходніх раёнаў Беларусі. І толькі з восені 1940 г. больш смела пачалі вылучаць на пасады пасялковага і раённага рангу кадры з мясцовага насельніцтва. Гэта была правільная кадравая палітыка, але яна праводзілася з аглядкай назад, недавер да мясцовых кадраў яшчэ цалкам не быў ліквідаваны. Так, з 69 камуністаў Крынкаўскага раёна на 1 мая 1941 г. з мясцовых жыхароў не было ні аднаго, хоць ў раёне налічвалася 250 былых членаў КПЗБ17. Многія з іх праявілі сябе актыўнымі змагарамі за ўстанаўленне савецкай улады на Бераставіччыне і жадалі аднавіць сваё членства ў КП(б)Беларусі. Былыя члены КПЗБ Ф. І. Рукша, М. І. Савонь, А. Р. Міскевіч, У. Р. Носка, І. І. Носка 30 лістапада 1940 г. напісалі заяву ў ЦК КП(б) Беларусі, дзе ў прыватнасці пісалі: „Мы преданые сыны партии коммунистов и большевиков, обращаемся с просьбой о рассмотрении нашего заявлення о принятии нас в кандидаты партии”. ЦК КП(б) Беларусі ад 24 снежня 1940 г. даў адказ, у якім канстатавалася: „бывшие члены КПЗБ и КПП могут подавать заявлеия о вступлении в ВКП(б) на общих основаниях в соответствии с уставом ВКП(б)”18.
Партыйныя і савецкія органы не маглі рашыць важнейшыя жыццёвыя пытанні толькі з прысланых кадраў з усходу. Пачалі вылучаць на кіруючыя пасады і з мясцовага насельніцтва. Так, восеню 1940 г. былі вылучаны19:
Вядома, што вышэйназваныя кіруючыя пасады былі нязначныя і з’яўляліся толькі дапаможнымі вышэйшаму кіраўніцтву, якое прыехала з усходу. Значнай падзеяй ў жыцці працоўных заходніх раёнаў Беларусі былі выбары ў Вярхоўны Савет БССР у сакавіку 1940 г. Працоўныя Бераставіччыны выбралі селяніна вёскі Кудрычы У. А. Чэкеля, старшыню калгаса імя Сталіна20. А ў снежні 1940 г. адбыліся выбары ў мясцовыя органы. І ў абласны Савет ад раёна былі выбраны 3 дэпутаты, у раённы 47, Крынкаўскі гарадскі Савет 25 і ў сельскія Саветы 318 чалавек. У Бераставіцкі Савет было абрана 15 чалавек. У тым ліку В. С. Целеш — селянін, І. М. Гурвіч — рабочы, А. Ф. Меленец — старшыня Савета. Выбары праходзілі пад пільным наглядам партыйных, савецкіх органаў. Толькі органамі НКУС былі выведзены з акруговых камісій 10 чалавек, у тым ліку С. Бах, В. Баравік, М. Хартэль21.
Значная работа была праведзена ў раёне па вылучэнню і падрыхтоўцы кадраў для сяла, асабліва са стварэннем калгасаў. Восенню 1940 г. у Крынкаўскім раёне былі створаны 23 калгасы, у якіх было 1 257 сядзіб22. Так, у раёне з 1 студзеня 1941 г. былі праведзены такія мерапрыемствы23:
а) з 31.12.1940 па 11.01.1941 г. — курсы брыгадзіраў (для 26 чалавек).
б) з 20.01 па 31.01.1941 г. — курсы загадчыкаў ферм (для 23 чалавек).
в) з 6.02 па 16.02.1941 г. — курсы старшых конюхаў (для 23 чалавек).
г) з 3.02 па 18.02.1941 г. — курсы старшынь калгасаў (для 23 чалавек).
д) з 20.02 па 3.03.1941 г. — міжраённыя курсы калгаснага актыву (для 21 чалавека).
е) з 5.03 па 28.03.1941 г. — курсы брыгадзіраў калгасаў (для 26 чалавек).
ж) курсы дзяўчат-трактарыстак (для 13 чалавек).
Вядома, былі і негатыўныя падзеі ў жыцці заходніх абласцей Беларусі, у тым ліку і на Бераставіччыне. Так, у пісьме да П. К. Панамарэнкі НКУС паведамляў, што на 15 кастрычніка 1939 г. у заходніх абласцях Беларусі было арыштавана 3 535 чалавек24. Апрача гэтага з восені 1939 г. на чэрвень 1941 г. з заходніх раёнаў БССР у Сібір, Казахстан і на Поўнач было выслана каля 12 000 чалавек. На кожны раён прыходзіцца за тысячу чалавек25.
Але, нягледзячы на шэраг адмоўных момантаў, у заходніх абласцях БССР, у тым ліку і на Бераставіччыне, быў зроблены крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, у падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў з мясцовага насельніцтва.
1 Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках, ч. 2, Мінск 1995, с. 253.
2 „Советская Белоруссня”, 20 сентября 1939 г.
3 В еднной семье советскнх народов, Минск 1970, с. 27-28.
4 Бераставіцкі раён быў утвораны 20.09.1944 г. пасля перадачы г.п. Крынкі і прылягаемых населеных пунктаў Польшчы. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Мінск 1994, т. 2, с. 17.
5 Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці (далей: ДАГАГВ), фонд 4, воп. 44, спр. 9, л. 25.
6 Там жа, спр. 11, л. 51.
7 Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, Мінск 1999, с. 172-173.
8 Там жа, с. 91-92.
9 Там жа, с. 103.
10 Там жа, с. 104.
11 Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках, ч. 2, с. 260.
12 ДАГАГВ, фонд 4, воп. 44, спр. 81, л. 1-10.
13 Там жа. Падлічана аўтарам па матэрыялах архіва ДАГАГВ.
14 ДАГАГВ, фонд 4, воп. 44, спр. 81, л. 18, 20.
15 Там жа, спр. 52, л. 56.
16 Там жа, спр. 76, л. 40.
17 Там жа, спр. 72, л. 1, 2.
18 Там жа, спр. 23, л. 34, 36.
19 Там жа, спр. 82, л. 34.
20 Там жа, спр. 80, л. 140.
21 Там жа, спр. 93, л. 257.
22 Там жа, спр. 9, л. 39.
23 Там жа, спр. 73, л. 33.
24 Назаўсёды разам..., с. 182.
25 Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць. Матэрыялы Міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі 17-18 верасня 1999 г., Мінск 2000, с. 136.
|