БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

BIAŁORUSKIE ZESZYTY HISTORYCZNE НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

[ пракамэнтуй ]

 
Беларускі Гістарычны Зборнік - Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 20

Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча і яго адраджэньне

Тацяна Поклад
(Вільня)

Віленскі Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча (ВБМ) — адна з галоўных асьветніцкіх і навуковых установаў у гісторыі Беларусі. Больш таго, яго ўплыў на беларускую гісторыю і культуру ня спыніўся пасьля таго, як сама ўстанова спыніла існаваньне.

Віленскі музэй зьбіраў, захоўваў, дасьледаваў, прапагандаваў беларускія (альбо створаныя ў Беларусі) помнікі гісторыі, этнаграфіі, мастацкія творы. Экспанаты Музэю паходзілі пераважна з Віленшчыны, але таксама і з усіх абшараў Беларусі. Багацьце і рэпрэзэнтатыўнасьць калекцыі надавала і тое, што экспанаты адлюстроўвалі нацыянальную культуру і гісторыю іншых народаў, якія здаўна жылі ў Віленскім краі і спрычыніліся да фармаваньня яго адметнай культуры. Музэю належыць выключная роля ў фармаваньні гістарычнай і нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народа; адметнасьць гэтае ролі выяўляецца і ў тым, што і пасьля спыненьня свайго існаваньня як інстытуцыі Віленскі Беларускі Музэй прысутны ў беларускай культуралягічнай і навуковай прасторы.

Традыцыйна вылучаюць два этапы гісторыі Музэю: існаваньне калекцыі перад утварэньнем Музэю як установы, „дамузэйны пэрыяд” (1908-1921) і пад час дзейнасьці Музэю як установы, „уласна-музэйны пэрыяд” (1921-1944). Можна вызначыць як трэці этап той пэрыяд гісторыі ВБМ, які пачаўся пасьля спыненьня дзейнасьці Музэю як дзейснай установы, „пасьля-музэйны пэрыяд” (пасьля 1944). Музэю як установы няма, але яго гісторыя працягваецца. Гэты трэці пэрыяд тычыцца далейшага існаваньня калекцыі экспанатаў, яе лёсу і гісторыі, а таксама лёсу і гісторыі асобных экспанатаў. Экспанаты колішняга Музэю па-ранейшаму, незалежна ад новых месцаў захаваньня, вызначаюцца як экспанаты Віленскага Беларускага Музэю імя І. Луцкевіча, а тым часам ствараецца ўжо найноўшая гісторыя праблемы „рэстытуцыі ВБМ” або „стварэньня ВБМ — спадкаемцы Музэю імя І. Луцкевіча”.

На першым этапе сваёй гісторыі (1908-1921) Музэй яшчэ ня меў самастойнага юрыдычнага статусу — ён уяўляў сабой прыватную калекцыю беларускага навукоўца і палітычнага дзеяча Івана Луцкевіча (9.06.1881 — 20.08.1919). Аднак фактычна, як можна меркаваць паводле тагачасных успамінаў, Беларускі Музэй існаваў як дзейсная грамадзкая ўстанова. І. Луцкевіч пачаў зьбіраць сваю калекцыю ў апошнім дзесяцігодзьзді ХІХ ст., калі вучыўся ў 3-яй клясе гімназіі. Вядома, што з 1908 г. сваю калекцыю Іван Луцкевіч захоўваў і экспанаты разьмясьціў у рэдакцыі газэты „Наша ніва”, дзе да яе мелі доступ супрацоўнікі, а таксама наведнікі, паводле дамоўленасьці. Ужо ў той час у складзе калекцыі былі экзэмпляры „Бібліі” Скарыны і „Статута Вялікага Княства Літоўскага” на старабеларускай мове, калекцыя слуцкіх паясоў, асобнікі „Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага. Калекцыя ўжо ў гэты час выконвала значную навукова-асьветніцкую функцыю.

Іван Луцкевіч рыхтаваўся ператварыць сваю калекцыю у паўнавартасны публічны музэй, які-б дзейнічаў і як грамадзкая, і як навуковая установа, — ён ахвяраваў у 1920 г. сваю калекцыю Беларускаму Навуковаму Таварыству (створанаму ў Вільні ў 1918 г.). Спачатку БНТ ня мела свайго памяшканьня, так што калекцыя экспанатаў перахоўвалася ў памяшканьні кватэры І. Луцкевіча. Музэй адкрыўся ў 1921 годзе, пасьля сьмерці Івана Луцкевіча. Беларускае Навуковае Таварыства надало Музэю імя заснавальніка. Памяшканьне для калекцыі ў Базыльянскіх мурох (пяць пакояў у будынку на Вострабрамскай, 9; цяпер — вул. Aušros Vart, 7а) Музэй „атрымаў бясплатна ад тагачаснага ўласьніка будынку — Праваслаўнага Духавенства”1. Хаця калекцыя Музэю дапаўнялася і ў часе яго існаваньня, экспанаты, сабраныя менавіта ў першы пэрыяд, сталіся асновай музэйнага фонду.

Менавіта 1921 год прынята лічыць годам заснаваньня Віленскага Беларускага Музэю. Першым яго дырэктарам быў Антон Луцкевіч (нар. 30.01.1884). На другім этапе сваёй гісторыі (1921-1945) ВБМ дзейнічаў як публічная ўстанова, дзе стала працавалі некалькі чалавек (прынамсі, два супрацоўнікі заўсёды былі працаўладкаваныя). Пашыралася фондавая калекцыя (новыя экспанаты ахвяроўваліся альбо набываліся), была створана сталая экспазіцыя. Пачалася праца па сыстэматызацыі экспанатаў: першыя запісы ў інвэнтарнай кнізе датуюцца 3 чэрвеня 1922 г. Музэй прымаў экскурсіі, у навучальных мэтах музэйнымі зборамі карысталіся гімназісты і студэнты, з музэйнымі экспанатамі працавалі дасьледчыкі, навукоўцы, літаратары. Музэй разьмяшчаўся у тым самым будынку, у якім месьцілася заснаваная ў 1919 г. Віленская Беларуская Гімназія. Гэтае суседзтва было ўзаемна карыснае для абедзьвюх установаў — Музэй спрыяў гімназістам і пэдагогам у навучальным працэсе і фармаваньні сьветапогляду, а Гімназія далучалася да выкананьня рознае працы ў Музэі. Ёсьць сьведчаньні, што вучні спрычыняліся да папаўненьня калекцыі ВБМ экспанатамі. Гэдак жа студэнты Віленскага Унівэрсітэту імя Стэфана Батуры ахвяравалі Музэю экспанаты, пераважна з галіны этнаграфіі і архэалёгіі.

Такім чынам, у часе свайго росквіту Музэй меў сталае памяшканьне ў Базылянскіх мурох. У пяці пакоях — экспазіцыйных залях — былі выстаўленыя калекцыі: архэалягічная (у каталёгах Музэю яна называецца таксама „дагістарычная”), сфрагістычная (103 пячаткі ВКЛ), нумізматычная, а таксама калекцыі мэдалёў і крыжоў (найстарэйшыя зь іх датаваныя ХІІ ст.), старажытнага адзеньня, у тым ліку і слуцкіх паясоў, старажытнай зброі, рукапісных кніг і старадукаў, царкоўных абразоў, карцінаў даўнейшых і тагачасных мастакоў, народных музычных інструментаў, твораў народных разьбяроў. Паводле інвентара 1941 г. Музэй налічваў 13 450 адзінак захаваньня. Архіў Музэю захоўваў дакумэнты ад ХVІІІ ст. да сярэдзіны ХХ ст. (агулам — звыш 9 000 адзінак захаваньня). Бібліятэка налічвала звыш 14 000 тамоў. Яе аснову стварылі калекцыя кніг і старадрукаў І. Луцкевіча, частка бібліятэкі Е. Раманава, кнігазбор Б. Даніловіча. Па магчымасьці, пераважна з дапамогай выкладчыкаў і вучняў Гімназіі, Музэй спрычыняўся да навуковай працы.

Музэем апекаваліся беларускія асьветнікі і грамадзкія дзеячы, напэўна таму актыўна і пасьпяхова выкарыстоўваліся асьветніцка-прапагандысцкія магчымасьці ўстановы. Важнейшым акцэнтам працы Музэю было фармаваньне беларускага нацыянальнага ідэнтытэту, выхаваньне нацыянальнай самапавагі. Грамадзкая дзейнасьць Музэю як публічнай установы накіроўвалася на прапаганду беларускай нацыянальнай культуры і фармаваньне беларускай сьвядомасьці, што прыводзіла да канфрантацыі з тагачаснымі польскімі ўладамі. Ад пачатку сваёй дзейнасьці ВБМ набыў рэпутацыю ўстановы, якая мае ідэалягічна-прапагандысцкую ролю, хаця дакладней было-б вызначыць гэтую ролю як нацыянальна-асьветніцкую і культурна-асьветніцкую дзейнасьць. Посьпех і мэтанакіраванасьць гэтае дзейнасьці насьцярожвалі ўлады. Паводле ўспамінаў віленчукоў, Музэй быў папулярнай установай, дзе зьбіраліся і моладзь і старэйшыя. Істотным сьведчаньнем дзейнасьці Музэю зьяўляецца тое, што па нядзелях і сьвяточных днях у Музэй часта заходзілі вяскоўцы з навакольля Віленшчыны, якія прыязджалі ў Вільню на кірмашы ды з рознымі іншымі патрэбамі. Гэтаму, напэўна, спрыяла і тое, што Музэй месьціўся недалёка ад Вострай Брамы, блізу чыгуначнай станцыі і кірмаша пад Галей. На вяскоўцаў Віленшчыны, пераважна ўсьведамляўшых сябе „тутэйшымі, якія размаўляюць па-просту”, наведваньне Беларускага Музэю рабіла моцнае ўражаньне, якое эмацыйна ўзмацнялася запісамі беларускіх песень у выкананьні сусьветна вядомага опэрнага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Грамафонныя кружэлкі былі адмыслова набытыя Музэем, каб прайграваць запісы на заканчэньне агляду экспазыцыі2.

Цягам свайго існаваньня ВБМ і ягоныя супрацоўнікі ніколі ня мелі сталай падтрымкі ад кіруючых дзяржаўных уладаў, наадварот — мелі перашкоды ў працы, недавер, перасьлед. Былі нават патрабаваньні зьмяніць надпіс на шыльдзе Музэю, каб на ёй ня было слова „Беларускі”. Гэдак, другі пэрыяд гісторыі ВБМ, час росквіту яго публічнае, грамадзкае дзейнасьці быў і пэрыядам супроцьстаяньня Беларускага Музэю кіруючым уладам, супроцьстаяньня канцэпцыі Музэю пануючай дзяржаўнай ідэалёгіі, і, гэткім чынам, абумовіў далейшыя праблемы трэцяга, „пасьля-музэйнага”, пэрыяду. Між тым, аб’ектыўная навуковая і культурная каштоўнасьць ВБМ, гэдак жа як і здабыты досьвед беларускай нацыянальна-асьветніцкай дзейнасьці, вызначылі самую магчымасьць працягу гісторыі калекцыі Музэю імя І. Луцкевіча пасьля закрыцьця Музэю як установы. Другі пэрыяд гісторыі ВБМ (1921-1944) вызначыў і „плюсы” і „мінусы” ў далейшай гісторыі калекцыі экспанатаў.

У кастрычніку 1939 г. было фактычна зьліквідаванае Беларускае Навуковае Таварыства, законны ўласьнік калекцыі Віленскага Беларускага Музэю імя І. Луцкевіча. Гэдак сталася праз фізычнае зьнішчэньне і прымусовай дэпартацыі на Ўсход большасьці сябраў БНТ, хаця фармальна гэтая арганізацыя па-ранейшаму існавала. У 1939 г. быў зьняволены і высланы Антон Луцкевіч. Пасьля перадачы Вільні Літве (напрыканцы кастрычніка 1939 г.) Музэй амаль ня дзейнічаў. Хаця БНТ фармальна існавала, але штатных супрацоўнікоў у Музэі не засталося і дзеля гэтага Музэй ня меў акрэсьленных гадзінаў працы. З кастрычніка 1940 г., пасьля чарговай акупацыі Вільні Чырвонай Арміяй і ўтварэньня Літоўскай ССР, Музэй распачаў рэгулярную працу. Музэй быў пераўтвораны ў дзяржаўную ўстанову тагачаснай Літоўскай ССР (гэта была фактычна экспрапрыяцыя ўласнасьці БНТ). Спачатку ВБМ падпарадкоўвася Інстытуту Літуаністыкі, пазьней — Акадэміі Навук Літвы. Дырэктарам быў прызначаны Мар’ян Пецюкевіч3, у Музэі працавалі мастак Пётра Сергіевіч і літоўскі мастацтвазнаўца Ўладас Дрэма. Музэй і Гімназія засталіся адзінымі беларускімі культурнымі ўстановамі на гэты час, але грамадзка-асьветніцкая, публічная дзейнасьць Музэю ўжо значна зьменшылася, ня было ранейшага супрацоўніцтва з Беларускай Гімназіяй (якая месьцілася ужо ў іншым будынку), ня было колішніх экскурсіяў з Заходняй Беларусі. Існаваў Музэй і ў часе нямецкай акупацыі Вільні, яго дзейнасьць найбольш скіроўвалася у той час на захаваньне экспанатаў. Апошнім дырэктарам быў Ян Шутовіч. Напрыканцы акупацыі Музэй быў вымушаны пакінуць сваё памяшканьне ў Базыльянскіх мурох, калекцыя была перавезена ў будынак Мастацкага інстытуту на вул. Сьв. Ганны (цяпер — вул. Maironio). Патаемна экспанаты перахоўваліся ў касьцёле Сьв. Міхала, які месьціўся побач, і гэдак былі выратаваны ад магчымага вывазу ў Нямеччыну. Пад час бамбаваньняў экспанаты перахоўваліся ў сутарэньнях у касьцёле і ў супрацоўнікаў Музэю (у Дрэмы — як вядома, ён, рызыкуючы жыцьцём, ратаваў экспанаты пад час бамбаваньняў — а магчыма і ў іншых).

Трэці, „пасьля-музэйны” пэрыяд гісторыі ВБМ пачынаецца ад 1945 г., альбо, больш дакладна, ад канца 1944 г., калі Музэй як установа спыніў сваё існаваньне. Апошнiм днём працы Музэю было 19 лiстапада 1944 г. Тады зьявiлася ўрадавая дэлегацыя БССР з прапановай пераезду Музэю ў Менск. Дырэктар Я. Шутовіч запрапанаваў склiкаць на 21 лiстапада шырэйшую нараду з удзелам прадстаўнiкоў беларусаў-вiленчукоў. Але 20 лiстапада Ян Шутовiч быў арыштаваны й асуджаны на 15 гадоў лягеру, ніякай нарады не адбылося. Музэй не пераехаў у Менск, а быў расфармаваны. Частка экспанатаў была той жа ўрадавай дэлегацыяй БССР вывезена ў Менск. Экспанаты Музэю былі падзелены паміж музэямі і сховішчамі Літоўскай і Беларускай савецкіх рэспублік. Віленскі Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча быў зьліквідаваны як установа.

Самым разбуральным для Музэю стаўся савецкі рэжым — супрацоўнікі Музэю і БНТ Антон Луцкевіч, Уладзімір Самойла, Антон Нэканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Адам Станкевіч загінулі ў выніку рэпрэсіяў. Колішнія дырэктары Музэю Мар’ян Пецюкевіч, Ян Шутовіч і іншыя супрацоўнікі былі зьняволены на вялікія тэрміны.

Пасьля лістападу 1944 г., калі цэлая калекцыя ВБМ была расфармавана, распачынаецца гісторыя падзяленьня экспанатаў на „прыналежныя да беларускай гісторыі” і „прыналежныя да літоўскай гісторыі”. Прыналежнасьць вызначалася пераважна паводле адміністрацыйна-палітычных крытэрыяў. Сёньня экспанаты былога музэю знаходзяцца ў Нацыянальным і Мастацкім музэях Літвы, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, Нацыянальным Музэі Беларусі, Архіве-Музэі Літаратуры і Мастацтва Беларусі. Некаторыя экспанаты апынуліся ў Гістарычным Архіве Літвы: фонд 1135 (дакумэнты з гісторыі Беларусі, 1507-1905 гг.; гравюры і малюнкі, ад ХІХ ст. да 1939 г. ), фонд 1282 (калекцыя архіўных дакумэнтаў, 1489-1936 гг. )4. Калекцыя юдаікі з фондаў ВБМ трапіла ў Маскву і цяпер ўвогуле забытая.

Пасьля таго як Беларускі Музэй у Вільні спыніў існаваньне як установа ня спынілася традыцыя музэйнага зьбіральніцтва ў беларускіх асяродках Віленшчыны. У паваеннай Вільні заставаліся беларускія дзеячы, якія мелі ўласныя архівы — П. Сергіевіч, Я. Шнаркевіч, З. Верас. Пазьней вярнуліся ў Вільню палітычныя вязьні — Я. Шутовіч, Я. Багдановіч, Л. Луцкевіч, А. Клімовіч, А. Анішчык. Яны пачалі зьбіраць помнікі беларускай гісторыі — фатаздымкі, кнігі, розныя дакумэнты. Пісаліся ўспаміны і гістарычныя нарысы. Я. Шутовіч, апошні дырэктар ВБМ, зьбіраў матэр’ялы пра ліквідацыю Музэю і далейшы лёс яго фондаў (кароткі нарыс Я. Шутовіча пра Музэй быў надрукаваны ў „Спадчыне” ў 1992 г.). Такім чынам гэтае пакаленьне ўзнавіла беларускую музэйную традыцыю ў выглядзе прыватнага зьбіральніцтва.

Неўзабаве навукоўцы, мастакі, літаратары з БССР пачалі адкрываць для сябе — вяртаць — беларускую Вільню. Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Уладзімір Караткевіч, Зянон Пазьняк і многія іншыя беларускія дзеячы прыязджалі ў Вільню за гістарычнымі ўспамінамі „зь першых вуснаў”. Па сьлядох старэйшых пацягнуліся і новыя пакаленьні — „майстроўцы”, „талакоўцы”.

У часе адраджэньня незалежнасьці Літвы і Беларусі пачаліся больш актыўныя захады, каб аднавіць Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча. Самая першая з зарэгістраваных беларускіх грамадзкіх арганізацый у адноўленай незалежнай Літве, Таварыства Беларускай Культуры (створанае ў 1989 г. па ініцыятыве Ч. Кудабы) распрацавала канцэпцыю адраджэньня Музэю ў выглядзе літоўскай дзяржаўнай установы, са спадзевам на магчымасьць вяртаньня хаця-б часткі экспанатаў Музэю імя І. Луцкевіча.

Цягам апошніх 14 гадоў Таварыства Беларускай Культуры (ТБК) спрабуе рэалізаваць гэты праект адраджэньня ВБМ, які маральна і ідэалягічна выглядае найбольш пасьлядоўным, але ня мае фармальна-юрыдычных падставаў. У Літве існуе закон пра музэі, які забараняе вяртаньне музэйных каштоўнасьцяў былым уладальнікам. Пытаньне адраджэньня Беларускага Музэю перамясьцілася ў сфэру грамадзка-палітычную. Самая апошняя спроба рэстытуцыі ВБМ набыла шырокі розгалас. ТБК ініцыявала рэзалюцыю адносна ВБМ на ІІІ Канфэрэнцыі Беларусаў Балтыі ў Вільні (ліпень 2002). Адпаведную заяву зрабіла пазьней і Таварыства Беларускай Мовы (ТБМ) з Менску. На гэтай падставе літоўскі парлямэнтар В. Станкевіч зрабіў запыт у парлямэнце Літвы — Сойме. Прапанова фармулявалася наступным чынам: „распачаць дзейнасьць Беларускага музэю ў якасьці філіялу Нацыянальнага музэю Літвы”. Камітэт Сойму Літвы па пытаньнях асьветы, навукі і культуры на адмысловым паседжаньні прыняў пастанову „падтрымаць ідэю аднаўленьня Беларускага музэю” і „прасіць парлямэнтара В. Станкевіча інфармаваць Камітэт пра магчымасьці вярнуць у Літву частку музэйнай калекцыі, перададзенай Беларусі”. Дырэктар Нацыянальнага музэю Літвы Б. Кульніце паведаміла пра падрыхтоўку выданьня каталёгу „ў якім будзе адлюстраваны былы музэй Беларускага таварыства” і зазначыла, што „ня бачыць магчымасьці аднавіць Беларускі Музэй, паколькі частка калекцыі, датычная беларускага адраджэньня, перададзена Беларусі”5.

Напрыканцы 1990-х гадоў частка былых удзельнікаў выйшла з Таврыства Беларускай Культуры і заснавала новую грамадзкую арганізацыю з назвай „Віленскі Беларускі Музэй імя І. Луцкевіча”, якая прытрымліваецца пазыцыі аднаўленьня ВБМ у віртуальнай прасторы і стварэньня Віленскага Беларускага Музэю — спадкаемцы Музэю імя І. Луцкевіча, з такой жа самай назвай — на падставе прыватных калекцыяў і архіваў, сабраных у паваенным часе. Арганізацыя захоўвае і ўласную калекцыю экспанатаў, але ня мае памяшканьня для экспазыцыі. Паводле канцэпцыі адраджэньня ВБМ, мяркуецца апекавацца навукова-гістарычнай спадчынай колішняга Музэю. ТБК працягвае захады дзеля поўнага аднаўленьня колішняга ВБМ імя І. Луцкевіча ў колішнім памяшканьні — у Базыльянскіх мурох. Рэзалюцыя ІІІ Канфэрэнцыі Беларусаў Балтыі, заява ТБМ і паседжаньне парлямэнцкага камітэту па асьвеце, навуцы і культуры ЛР па „аднаўленьню Беларускага Музэю” далі той вынік, што літоўская нацыянальная музэйная інтэлегенцыя стварыла сваю — літоўскую нацыянальную — канцэпцыю ВБМ імя І. Луцкевіча і пачала адпаведна ёй дзейнічаць. Нацыянальны Музэй Літвы стварыў сваю камісію, якая апякуецца вызначэньнем экспанатаў, прыналежных да літоўскай гісторыі і збораў І. Басановічуса, якія, як мяркуецца, уваходзілі ў склад калекцыі Віленскага Беларускага Музэю імя І. Луцкевіча.

Для беларусаў цяпер важна, каб экспанаты заставаліся прысутнымі ў навуковай і культарнай сфэрах сучаснае беларушчыны, а ня толькі ў грамадзка-палітычнай, як гэта было пераважна — калі не выключна — апошнія гады і прывяло да новых стратаў і канфрантацыі зь літоўскімі музэйшчыкамі і навукоўцамі.


1 А. Луцкевіч, Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча, Вільня 1933, c. 3.

2 Сын Антона Луцкевіча, Лявон Луцкевіч, выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі, згадваў: „Стыль працы Музэю і ўся атмасфэра вакол яго характарызавалася выразнай апазыцыяй да польскіх дзяржаўных уладаў, якія праводзілі палянізатарскую палітыку ў дачыненьні насельніцтва Заходняй Беларусі. Ясна, што адраджэнская, культурна-асьветная дзейнасьць Беларускага Музэю выклікала выразна варожае стаўленьне палянізатараў, а з боку ўсяго заходнебеларускага грамадзянства, бяз розьніцы на ягоны ідэйна-палітычны напрамак, ня толькі прыхільныя, а часта ахвярныя адносіны” (Л. Луцкевіч, 1978).

3 М. Пецюкевіч, У пошуках зачараваных скарбаў, Вільня 1999.

4 Там жа, ст. 161, 236.

5 Lietuvos Respublikos Seimo kanceliarija, 2002, spalio 7 d. pranešimas VIR. (http://www.lrs.lt).

[ пракамэнтуй ]

 кантакт: bzh@wp.pl

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія