|
Яўрэі Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя
Эмануіл Іофе
(Мінск) Што ўяўлялі сабой яўрэі Беларусі ў сярэдзіне ХIХ стагоддзя?
Параўноўваючы літоўскіх (а дакладней, літоўска-беларускіх — Э. І.) яўрэяў з польскімі, расійскімі, нямецкімі і аўстрыйскімі яўрэямі, вядомы беларускі і польскі гісторык і этнограф Адам Кіркор адзначаў:
„У этнаграфічных адносінах яўрэі Літоўскага Палесся маюць шмат агульнага, як па характару, душэўных уласцівасцях і якасцях, так і па норавах і звычаях, з усімі яўрэямі ў Царстве Польскім і ў Расіі і нават з германскімі і аўстрыйскімі, асабліва ў землях былога Царства Польскага.
Нам, аднак, здаецца, што літоўскія яўрэі лепш, высакародней усіх іншых. Заганы, дурныя якасці выпрацаваліся лёсамі і стагоддзямі, але ў літоўскіх яўрэяў мы сустракаем такія якасці, якіх бы вы дарэмна шукалі ў іншых яўрэяў. Адносіны іх да мясцовага насельніцтва бліжэй, іскрэнней, чым у іншых краінах. Добрыя, высакародныя рысы характару літоўскіх яўрэяў апісвалі самыя славутыя з навейшых польскіх пісьменнікаў: Міцкевіч, Крашэўскі, Каржанеўскі і інш. Адметнаю рысаю тутэйшых яўрэяў з’яўляецца любоў да радзімы. Месца, дзе ён нарадзіўся, дзе жылі і памерлі яго бацькі, робіцца яму дарагім, запаветным і нават бачная карысць ад перасялення, якая абяцае нажыванне, палепшанне побыту, не могуць яго прымусіць пакінуць роднае папялішча. (...)
Мы ведаем многіх яўрэяў у розных месцах былой Польшчы і крыўдзіць іх не маем намеру, але такіх яўрэяў, як у Літве, мы не ведаем: яны лепш, цяплей, высакародней іншых. (...)
І тут вы заўважыце асаблівасці, якія не заўседы і не ўсюды кідаюцца ў вочы. Рамеснік на вас працуе, напрыклад кравец, працуе дзесяткі гадоў, падлікі з ім бясконцыя. Здараюцца розныя калатні, але вы ведаеце, што гэты чалавек вас любіць, што вам поўнасцю адданы, а паслізнецеся вы, ён гатовы нават вам дапамагчы з апошняга...
Аб выдатных здольнасцях літоўскіх яўрэяў у навуках і мастацтвах гаварыць нечага: яны гэта даказалі на справе”1.
У 1863 годзе працэнтныя адносіны яўрэяў да ўсяго насельніцтва губерняў складалі: у Віленскай губерні — 11,6%, Віцебскай — 9,1%, Гродзенскай — 11,1%, Мінскай — 9,8%, Магілёўскай — 13,3%, а ўсяго ў пяці губернях — 11%2 .
У 1864 годзе ў Віленскай губерні пражывала 102 тыс. душ яўрэйскага насельніцтва, у Віцебскай — 68 тыс., Гродзенскай — 80 тыс., Мінскай — 103 тыс. і ў Магілёўскай — 120 тыс. Колькасць яўрэяў у гарадах Беларусі ў гэты час хісталася ад 45% да 70%.
Сумна вядомыя „Часовыя правілы” ад 3 мая 1882 года праіснавалі да сакавіка 1917 года, калі ў ліку больш чым 150 нарматыўна-прававых актаў і распараджэнняў, якія абмяжоўвалі правы яўрэяў ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця, былі адменены Часовым урадам. Яны знамянавалі сабой канец эпохі ліберальных рэформ 1850-1870-х гадоў, якія хоць як бы аблегчылі цяжар сярэднявечных нацыянальных абмежаванняў, далі свабоду перасоўвання і выбар месца жыхарства купцам 1-й гільдыі, асобам з вышэйшай адукацыяй і рамеснікам пэўных спецыяльнасцей. Дзеці яўрэяў атрымалі доступ ва ўсе вучылішчы, гімназіі, універсітэты і г.д.
Згодна з „Часовымі правіламі” ад 3 мая 1882 г. яўрэяў высылаюць са сталіц і губернскіх цэнтраў у „межы аселасці”, ствараюць як бы другую „мяжу аселасці”, забараняючы ім зноў сяліцца па-за гарадамі і мястэчкамі, будаваць дамы на новых вуліцах, перасяляцца з адной вёскі ў другую. Ім забаранялася арандаваць і купляць зямлю, будаваць прадпрыемствы па-за гарадскімі пасяленнямі, мець вінакурні. Яўрэяў-каланістаў пераводзілі ў мяшчанскае саслоўе, пераўтваралі мястэчкі ў пасяленні і т.п.
Гэтыя ж „Правілы” пазбаўляюць яўрэяў доступу да адукацыі, уводзячы так званыя „працэнтныя нормы”, права займаць грамадскія пасады, працаваць у шэрагу галін народнай гаспадаркі.
Затым быў выдадзены „высачайшы загад” ад 29 снежня 1887 г., які канчаткова закрыў для яўрэяў магчымасць свабоднага пасялення ў сельскіх мясцовасцях, высялення іх з пагранічнай 50-вёрстнай паласы, уведзена вінная манаполія.
Менавіта ў мэтах прававога абмежавання яўрэйскага насельніцтва многія ліберальныя рэформы 1860-1870-х гадоў уводзіліся на Беларусі са значным спазненнем. Так, земская рэформа была здзейснена тут амаль праз паўстагоддзя і то толькі ў трох губернях з пяці. Шырокае чыгуначнае будаўніцтва нанесла істотны ўрон яўрэйскаму рамізніцтву і дробнаму гандлю.
Такім чынам, меры царскага ўраду ў 1880-1890-я гады заперлі яўрэяў у гарады і мястэчкі „межы аселасці”, пазбавілі грамадзянскіх правоў, выцеснілі з многіх сфераў іх спрадвечнай эканамічнай дзейнасці, рэзка абвастрыўшы сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця падаўляючай большасці яўрэйства Расійскай імперыі ў цэлым і яўрэйства Беларусі ў прыватнасці.
Значнай была роля яўрэяў ў развіцці гандлю, прамысловасці і рамёстваў на беларускай зямлі. У цэлым па Беларусі ў канцы ХIХ ст. пераважалі купцы-яўрэі. У губернях іх было 87,9 %, у гарадах — 87,8%, у паветах — 88,5%. Большасць купцоў-яўрэяў пражывала ў Магілеўскай (30,3%) і Мінскай (29%) губернях3. У дзесяці беларускіх гарадах з 42 (Бабінавічы, Гарадок, Друя, Клімавічы, Копысь, Лепель, Нясвіж, Пружаны, Слуцк і Радашковічы) жылі толькі купцы-яўрэі4. Колькасць купцоў-яўрэяў у Мінскай губерні пастаянна ўзрастала. Калі ў 1876 г. пасведчанні купцоў першай і другой гільдыі былі выдадзены 252 яўрэям, што складала 90% усіх купцоў губерні, то ў 1880 г. — ужо 366 (98%), у 1884 г. — 519 (83%), а ў 1886 г. — 563 яўрэям (88%). Праўда, у наступныя гады працэнт купцоў-неяўрэяў некалькі вырас. Калі ў Мінску і Мінскім павеце налічвалася адпаведна 168 і 87 купцоў-яўрэяў (88% усіх купцоў), то ў Пінску жыло 55 купцоў (84%), а ў астатніх паветах Мінскай губерні — 253 (89%). Сярэднегадавы абарот купца-яўрэя Мінскай губерні складаў 15 800 рублёў, а купца-неяўрэя — 11 300 рублеў.
У канцы 50-х — сярэдзіне 60-х гадоў ХIХ ст. пачалі распаўсюджвацца чуткі аб засіллі яўрэяў у прамысловасці Заходняй Расіі. Прывядзём некаторыя статыстычныя даныя. Са звестак аб колькасці фабрычных устаноў у Расіі, якія штогод паведамляліся ў дэпартаменце мануфактуры і гандлю, відаць, што ў 1864 г. фабрыкі і заводы Заходняй Расіі па прыналежнасці розным уладальнікам размяркоўваліся наступным чынам:
— у Віленскай губерні яўрэяў — 12, хрысціян — 18, іншаземцаў — 6;
— у Гродзенскай губерні яўрэяў — 98, хрысціян — 54, іншаземцаў — 29;
— у Магілеўскай губерні яўрэяў — 8, хрысціян — 41, іншаземцаў — 1;
— у Віцебскай губерні яўрэяў — 52, хрысціян — 157, іншаземцаў — няма5.
Гэтыя лічбы яскрава сведчаць, што яўрэі далёка не пераважалі ў фабрычна-завадской прамысловасці Паўночна-Заходняга краю. На самой справе, у Віленскай губерні ў 1860 г. яны складалі 61% гараджан і 11% усяго насельніцтва. Між тым, у іх валоданні знаходзілася каля чвэрці фабрык і заводаў. У Магілёўскай губерні яўрэі складалі каля 86% гарадскога насельніцтва, а валодалі прыкладна 17% фабрычных устаноў, у Віцебскай — трэць гарадскога насельніцтва, а валодалі чвэрцю прамысловых устаноў6. Наогул, калі ўзяць усю Мінскую губерню, то ў 1885 г. у ёй налічвалася 325 фабрычна-завадскіх прадпрыемстваў, у тым ліку 58 належыла яўрэям (17,8 %).
У 1862 г. у Гродне было адчынена самае буйнае прадпрыемства тытунёвай прамысловасці на Беларусі — тытунёвая фабрыка, якая належыла камерсантам Ёселю Лейбавічу Шарашэўскаму і Файвелю Шабшалевічу Русоце. Вось як апісвае дзейнасць гэтай фабрыкі Т. Нікіціна:
„Тытунёвая фабрыка акцыянернай кампаніі Шарашэўскага перапрацоўвала сыравіну з Расіі, Крыма, Украіны і табаку вышэйшых гатункаў з Амерыкі. Склады гатовай прадукцыі кампанія ўтрымлівала ў Дзвінску, Лодзі, Варшаве. На ўсерасійскай выставе 1882 года ў Маскве прадукцыя гродзенскіх тытунёўшчыкаў была ўзнагароджана срэбраным медалём”7.
Сярод унікальных прадпрыемстваў, належыўшых яўрэям, манапалістам на ўсерасійскім рынку была карандашная фабрыка ў Гродне . Гэта была адна з чатырох фабрык, якія існавалі ў той час у Расійскай імперыі. Буйнейшы ў дарэвалюцыйнай Беларусі машынабудаўнічы і чугунна-медна-металургічны завод (Кашарскі) быў заснаваны на базе невялікай кузні прадпрымальнікам Н. Я. Якабсонам у 1881 г. на Кашарскай плошчы Мінска. У канцы 1900 года таварыства Кашарскага завода „Якабсан і К°” аб’ядналася з гандлёвым домам Г. Л. Ліфшыца, які валодаў Вакзальным машынабудаўнічым заводам, стварыўшы новае таварыства „Якабсан, Ліфшыц і К°”. Завод меў ліцейны, слясарна-такарны, кавальскі, зборны, сталярны цэхі і майстэрню для вырабу пячных прыбораў8.
Паравы млын і маслабойня ў Пінску ў 60-х гадах ХIХ ст.; цвіковы завод у 1880 г.; параходы (першы з 1862 г.), што буксіравалі плыты з Прыпяці і яе прытокаў у Пінск, а з Пінска ўверх па Піне на Нёман і Віслу; фанерны завод у 1898 г. (яго прадукцыя — спачатку альховыя фанерныя дошчачкі — хутка праклала сабе шлях па ўсёй Расіі, знаходзячы штогод усё новых спажыўцоў); вытворчасць з 1903 г. на гэтым заводзе клеенай фанеры — тавару, якога да тае пары на рынку ўвогуле не існавала і які зрабіў пераварот у вытворчасці мэблі, панэляў, дзвярэй і інш. (пасля Пінска фабрыкі-вытворцы клеенай фанеры ўзніклі ў розных месцах Расійскай імперыі і толькі значна пазней — у Заходняй Еўропе і Амерыцы) — вось няпоўны спіс дасягненняў старай і самай уплывовай сям’і Пінска Лур’е (Левіных-Лур’е). Другім па велічыні сярод прадпрыемстваў папяровай прамысловасці была фабрыка ў Шклове. Адным з буйнейшых прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасці Расіі была тэкстыльная фабрыка акцыянернага таварыства „Дняпроўская мануфактура” ў мястэчку Дуброўна.
Разглядаючы перыяд другой паловы ХIХ ст. можна адзначыць, што фактычна яўрэі буйным капіталамі не валодалі наогул. У крыніцах часта сцвярджаецца, што „заможныя людзі — адзінкі”. Да іх можна аднесці ў тытунёвай вытворчасці Шарашэўскіх, у шчаціннай — Сабалевічаў, у машынабудаванні — Якабсона і Ліфшыца, у шпалернай — Кантаровіча. Калі ўзяць прамысловасць, то тут буйная буржуазія складала не больш 0,7%.
Ужо з сярэдзіны ХIХ ст. яўрэі складалі да паловы і больш рамеснікаў рэгіёна. 40-50% яўрэйскага насельніцтва Мінскай губерні складалі рамеснікі. У Ашмянах амаль усе рамеснікі (213 чал.) былі яўрэямі. У адносінах да агульнай колькасці рамеснікаў у Мінскай губерні ў канцы ХIХ ст. яўрэі складалі больш 75% . Большую частку беларускіх яўрэяў у канцы ХIХ ст. складалі рамеснікі. Сярод іх у Мінскай губерні першае месца займалі краўцы і шаўцы (50%). Размеркаванне рамеснікаў у працэнтах выглядала такім чынам:
— краўцы, краўчыхі, белашвейкі, мадысткі, шапачнікі, панчошнікі — 35,1%;
— шаўцы, башмачнікі, гарбары, пальчатачнікі — 18%;
— сталяры, цясляры, токары і інш. — 14,6%;
— булачнікі, мяснікі, тытунекрышыцелі і мельнікі — 10,6%;
— печнікі, каменшчыкі, маляры, шкляры — 6,8%;
— кавалі, меднікі, ліцейшчыкі і інш. — 6,5%;
— слесары, механікі, гадзіннікавыя майстры і інш. — 4%;
— друкары, фатографы, пераплётчыкі — 1,9%;
— ткачы, вяровачнікі, шчотачнікі — 1,5%;
— мылавары, майстры па выпрацоўцы чарніл, ваксы — 1%9.
У мястэчку Ракаў здаўна атрымала развіццё вытворчасць арфаў, драўляных малацілак і саламарэзак, якія прадаваліся ў губернях Паўночна-Заходняга краю, а таксама ў Курляндыі і Эстляндыі. Ганчарна-кафельная вытворчасць была распаўсюджана ў мястэчках Зембін, Івянец, Ракаў, жыхары якіх збывалі гліняны посуд і зялёную кафлю ў сваім раёне. Некаторыя гарады і мястэчкі Слуцкага павета (Ляхавічы, Клецк, Слуцк) славіліся вырабам рагавых грабянёў. У Барысаве, Беразіно і некаторых іншых мястэчках даволі значным быў збыт яўрэйскіх святочных пячэнняў і ласункаў. У мястэчках Цімкавічы і Капыль Слуцкага павета быў шырока развіты ткацкі промысел. Белашвейнае майстэрства, выраб штучных кветак для капелюшоў і падобныя рамёствы знаходзіліся амаль выключна ў руках жанчын. Мясцовы рынак абслугоўваўся панчошніцамі Мінска і Дзісны.
У Магілеўскай губерні яўрэі-рамеснікі складалі 80% усіх рамеснікаў губерні і каля 15% яе яўрэйскага насельніцтва. У гэтай губерні на першым месцы знаходзіўся пашыў адзення і выраб прыналежнасцей туалета. Сярод кавалеў Магілеўскай губерні, асабліва ў Жлобіне, развілася вытворчасць плугоў (жалезных і драўляных). Ганчырны промысел, пераважна выраб кафлі, быў сканцэнтраваны ў Копысі. Амаль усе ткачы жылі ў Дуброўне, дзе ткацтва з’яўлялася саматужным промыслам. Тут знаходзіўся цэнтр вытворчасці „талесаў” і вырабу „тэфілін” і „мезуз”. Канатная вытворчасць была сканцэнтравана ў Рагачове, а ў Жлобіне ўзнік мясцовы промысел — пляценне з лазы.
Па даных рускага вучонага А. С. Дэмбавецкага, апублікаваных у 1884 г., яўрэйскія рамеснікі амаль усюды ў Магілёўскай губерні складалі 75% ад іх агульнай колькасці. На першым месцы знаходзіліся хлебнікі, булачнікі і мяснікі, потым — краўцы, шаўцы, башмачнікі і шапачнікі, далей — печнікі, цесляры, кавалі, слесары, шкляры і, нарэшце, займаючыяся возніцтвам, пераважна ў Магілёве, гарадах і мястэчках, размешчаных паблізу чыгунак10.
У той жа час з 547 тыс. чалавек, занятых у прамысловасці Паўночна-Заходняга краю, толькі 46 тыс., або 8,4%, cкладалі рабочыя-яўрэі. Прычым яны працавалі на дробных прадпрыемствах, таму што на буйныя іх прымалі рэдка. Важна адзначыць, што ў сферы некваліфікаванай працы (прыслуга, падзёншчыкі, рамізнікі, грузчыкі, сплаўшчыкі лесу і інш.) было занята 10,6 % яўрэйскага насельніцтва (па Расіі — 6,2%)11.
Што датычыцца гандлю Беларусі, то ён у значнай меры знаходзіўся ў руках яўрэяў. Так, у 1861 г. у Віленскай губерні колькасць гандляроў-хрысціян адносілася да колькасці купцоў-яўрэяў як 1 да 10, у другой гільдыі — 1 да 17. Але капіталы яўрэйскага купецтва былі невялікія. У 1861 г. 94% яўрэйскіх купцоў складалі купцы 3-й гільдыі, да якіх прылічаліся асобы з капіталам ад 500 да 1 тыс. рублёў. Купцоў 1-й (10 тыс. і больш рублёў) і 2-й гільдый (ад 1 да 10 тыс. рублёў) налічвалася толькі 6%. У Мінскай губерні ў 1864 г. былі 1 702 мяшчанскія крамы, з іх яўрэйскіх — 1 619, з 403 купецкіх крам 385 належыла яўрэям.
У кнізе А. П. Субоціна „У мяжы яўрэйскай аселасці” (1888) ёсць такія радкі:
„Раніцай мы пад’ехалі да губернскага горада Мінска. Горад гэты — даволі важны цэнтр у мяжы яўрэйскай аселасці; у Мінскай губерні лічыцца больш 200 тыс. яўрэяў, або каля 1/20 усёй іх колькасці ў Расіі, а ў самым горадзе з 70 тыс. жыхароў — каля 50 тыс. яўрэяў, так што ў гэтых адносінах Мінск уступае толькі Вільні, Адэсе і Бярдзічаву, калі не лічыць Варшавы, дзе становішча яўрэяў і самы побыт іх мае іншы характар. (...)
У Мінску ўсяго 3 рускія крамы; у самай значнай прадаюцца маскоўскія і іванаўскія паркалі, пецярбургскія і беластоцкія сукны, тульскія самавары, гармоніі, іконы, хамуты (...) у яўрэйскіх гарадах, нават на самых ускраінах, можна купіць усё неабходнае, не аддаляючыся ад сваёй вуліцы. (...)
Гандаль часткова падтрымліваюць самі яўрэі, якія купляюць нямнога гарэлкі на шабас; але порцыя, купляемая імі для свайго сямейства, паказалася б нікчэмнай любому рускаму просталюдзіну, які выпівае за адзін прысест больш, чым дзесяць яўрэяў за тыдзень. (...) У 1886 г. па ўсёй Мінскай губерні лічылася 1 630 піцейных устаноў, з іх 1 548, або 95%, фактычна былі ў руках яўрэяў. Усе 86 аптовых складаў віна — у руках яўрэяў. З 35 піваварных заводаў у губерні 35 у руках яўрэяў, якія ўплацілі 30,2 тыс. руб. акцызу з піва; неяўрэі ж уплацілі толькі 227 руб. (...) Усе 15 тытунёвых фабрык і оптавых складоў тытуню ў Мінскай губерні належаць яўрэям; з 1 297 тытунёвых крамачак толькі 4 належылі хрысціянам”12.
Яшчэ ў 1835 г. у Мінскай губерні казна адвяла для пасялення яўрэяў-земляробаў 132 участкі ў 2 743 дзесяціны. У 1857 г. на зямлі жылі 2 042 яўрэі мужчынскага полу (у тым ліку 1 132 — на прыватнаўладальніцкіх землях, 502 — на казённых і 409 — на ўласных) і 1 931 — жаночага полу. Пасяленне яўрэяў на землях было спынена ў 1860 г. У 1876 годзе ў Мінскай губерні налічваўся 4 231 яўрэй-земляроб. Праз пяць год на сялянскіх землях жыло 3 676 яўрэйскіх сем’яў. У 1886 годзе на ўласных, адведзеных ім у надзеле па люстрацыі, землях жыло 1 495 сем’яў, у якіх знаходзілася 8 579 дзесяцін зямлі13. Больш за ўсё сямействаў пражывала ў Койданаве (248 сем’яў) і аколіцах Мінскага павета (218 сем’яў). У мястэчку Тураў Мазырскага павета пражывала на зямлі 105 сем’яў, а ў Лапаціне Пінскага павета і Новай Мышы Навагрудскага павета — 138 сем’яў. Уласна ў Мінскім павеце на зямлі жыло 486 яўрэйскіх сямействаў. Усяго яўрэі-земляробы складалі не больш 3% насельніцтва Мінскай губерні14. Беднасць і галеча асноўнай масы насельніцтва Беларусі — сялянства і значнай колькасці грамадзян Паўночна-Заходняга краю зводзілі да мінімуму попыт на прамысловыя вырабы і побытавыя паслугі. І атрымлівалася, што яўрэй-рамеснік абслугоўваў беднага селяніна-беларуса і сам марнеў у галечы.
У 1860 г. мінімальны пражытачны бюджэт сям’і яўрэйскага рамесніка з 5 душ складаў у год 160 рублёў без выдаткаў на адзенне. Галава сям’і пры наяўнасці заказаў мог зарабіць сама больш 100-120 рублёў15. Аналізуючы сямейныя бюджэты, можна нагадаць, што ў 1905 г. бюджэт адзінокага рабочага, які „дазволіў бы яму неяк зводзіць канцы з канцамі” павінен быў у прыбытковай часці скласці 120 рублёў у год16. А сярэдняя заработная плата на прамысловых прадпрыемствах Віцебскай губерні, дзе пераважалі яўрэйскія рабочыя, складала ў вытворчасці акуляраў 68 рублёў, хлебапякарнай — 108, тытунёвай — 112, ганчарна-кафельнай — 124, папяровай — 100 рублёў і г.д.17
Яшчэ ў 40-х гадах ХIХ ст. смяротнасць сярод беларускіх яўрэяў была вышэй, чым у прадстаўнікоў іншых нацый: паміраў адзін яўрэй з васемнаццаці. Са статыстычных даследаванняў Заблоцкага бачна, што ў праваслаўнага насельніцтва „мяжы аселасці” яўрэяў смяротнасць за 1844-1847 гг. павялічылася ў параўнанні са смяротнасцю папярэдняга чатырохгоддзю (1840-1843 гг.) у сярэднім на 17,75%. У яўрэяў жа яна ўзрасла на 37%, гэта значыць удвая больш, чым у хрысціян18. Вось што пісаў гісторык і этнограф П. В. Баброўскі па гэтаму поваду аб Гродне: „Яшчэ больш паспяхова смяротнасць дзейнічае на скучаныя брудныя домікі, у якіх жывуць яўрэі, якія складаюць 1/8 насельніцтва губерні. Вобраз жыцця яўрэяў таксама рыхтуе шчодрае жніво для заўчаснай смерці (...) смяротнасць у гарадах Гродзенскай губерні (дзе яўрэі складаюць большую частку насельніцтва), паколькі яна абумоўліваецца прыроднымі прычынамі, у 8 раз большая, чым у паветах”19. Адсюль вынікае, што большасці беларускіх яўрэяў жылося намнога больш цяжка, чым прыгонным сялянам.
Па даных усерасійскага перапісу 1897 года на беларускіх землях пражывала 915 тыс. яўрэяў або 13,7% усяго насельніцтва пяці беларускіх губерняў. У гарадах і мястэчках Беларусі яўрэі складалі 55,9% насельніцтва, у тым ліку ў гарадах — 53,9%, а ў мястэчках —58,9% усяго насельніцтва. Так, у Слуцку жыло 10 264 яўрэяў або 77% усяго насельніцтва, у Пінску — 21 065 (74%), у Брэст-Літоўску — 30 260 (65%), у Гомелі — 20 385 (55%), у Віцебску — 34 440 (52%), у Мінску — 47 652 (52%), у Магілёве — 21 547 (50%)20.
Характарызуючы асаблівасці складу гараджан у 60-я гады ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя, беларускі гісторык Захар Шыбека прыйшоў да наступнай высновы: „Прыведзеныя факты пацвярджаюць небеларускасць мясцовых гарадоў. Па сваім нацыянальным складзе яны былі яўрэйска-рускімі. Беларусы не пачуваліся там гаспадарамі”21.
Сярод самадзейнага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю без членаў іх сямей на долю яўрэяў прыходзілася ў прамысловасці — 56,5%, у гандлі — 88,6%, у сродках сувязі — 1,7%, рамізніцкім промысле — 65,6%, прыслуга, падзёншчыкі — 18,6%22.
Класавы і нацыянальны прыгнёт у Расіі прывёў да таго, што ад 25 да 38% яўрэяў у шэрагу гарадоў і мястэчак Беларусі жыло за кошт дабрачыннасці, а многія былі вымушаны эмігрыраваць у ЗША, Палесціну і іншыя краіны. За 20 год (1897-1917) з Віленскай і Магілеўскай губерняў эмігрыравала па 53 тыс. яўрэяў, з Віцебскай — 47 тыс., Гродзенскай — 73 тыс., з Мінскай — 91 тыс. яўрэяў23.
Нягледзячы на шматвяковае сумеснае жыццё з беларусамі, яўрэі Беларусі захавалі традыцыйны ўклад жыцця, абшчыннае ўладкаванне, уяўляючы сабой у той жа час асобую субкультуру, асаблівы тып асобы. Першая і характэрная рыса — больш высокае агульнае развіццё, больш высокі ўзровень пісьменнасці. Афіцыйная гістарыяграфія вызначае агульную пісьменнасць па Беларусі ў 1897 г. у 20,5%. Але пісьменныя сярод беларусаў складалі 14%, а сярод яўрэяў — 42%24. І гэта пісьменныя па-руску. А пісьменных па-яўрэйску (на ідыш і іўрыце) было, безумоўна ўдвая больш. І яшчэ. Гэта невычарпальная энергія ў барацьбе за выжыванне, жыццёвы аптымізм — наогул усё тое, што сёння разумеецца пад тэрмінам „прадпрымальнасць”. Яўрэй заняты ў найбольш шкоднай вытворчасці і працуе па 14-16 гадзін у суткі. Калі ён страчвае працу або не атрымаў новых заказаў, не адчайваецца, усаджвае жонку і дзяцей на павозку і адпраўляецца ў бясконцае падарожжа па глухіх вёсачках, начуючы ў лясах і на палях, без асобай упэўненасці атрымаць хоць нейкую работу. У любую пару года яўрэй бадзяецца з корабам праз плячо, наймаецца на выпадковыя сельскагаспадарчыя работы, разам з беларускімі мужыкамі валіць лес і сплаўляе плыты, гуляе на вясковых вяселлях, выконвае абавязкі гандлёвага пасрэдніка, аказвае дробныя паслугі, зазывае ў гасцініцы, падносіць рэчы, выконвае розныя часовыя работы, так званыя „лятучыя” зарабаткі.
На працягу ХVII-ХIХ стагоддзяў Беларусь была адным з буйных цэнтраў яўрэйскай вучонасці. Самая старажытная ешыва на Беларусі ўзнікла ў першай палове ХVI cт. у Брэсце і была заснавана Саламонам Лурыя. Вялікую папулярнасць мелі ешывы ў Валожыне, Міры, Лідзе, Слоніме, Слуцку, Радуні, Любавічах. Сусветную вядомасць набыла Валожынская ешыва, заснаваная ў 1803 годзе Хаімам Валожынерам (Валожынскім) (1749-1821) і названая ў яго гонар „Эц Хаім” (Дрэва Хаіма). У сярэдзіне ХIХ ст. у ёй займалася каля 400 вучняў з усіх канцоў Расійскай імперыі, Англіі, Аўстрыі, Германіі, Паўднёвай Амерыкі. Гэта ешыва набыла найбольшую вядомасць і папулярнасць у другой палове ХIХ ст., калі яе галавой быў рабін Нафталі Цві Іегуда Берлін, а адным з самых аўтарытэтных выкладчыкаў — буйнейшы талмудыст таго часу Хаім Салавейчык. За адмову ўвесці выкладанне свецкіх навук Валожынскую ешыву ў 1892 г. закрылі. Гэта падзея была беларускімі яўрэямі ўспрынята як нацыянальная бяда.
У гарадах і мястэчках Беларусі жылі рабіны, вядомыя ўсяму свету. Адзін з іх, Іцхак-Эльханан Спектар, спачатку быў рабінам у Бярозе, затым у Нясвіжы, пасля — у Наваградку і Коўне. У мястэчку Радунь жыў буйнейшы знаўца Талмуда рабін Ізраіль-Меір Пупко, якога па адной з яго кніг называлі Хафецам Хаімам — „Жыццялюбам”. Вялікімі духоўным аўтарытэтамі сярод яўрэяў Беларусі былі слуцкі рабін Йосеф-Бер Салавейчык і яго сын — брэст-літоўскі рабін Хаім Салавейчык (Хаім Брыскер), пружанскі рабін Ілля Файнштэйн.
У 1783 годзе ў Шклове, а ў 1788 годзе ў Гродне былі створаны першыя ў Беларусі яўрэйскія друкарні. Адным з самых вядомых прадпрыемстваў Мінска была друкарня Х. Я. Дворжэца. Яна была заснавана ў 1828 г. Д. Стэфановічам, але ў 1850 г. набыта Дворжэцам. У 1874 г. у Мінску была заснавана друкарня Б. Ц. Саламонава. У 1859 г. яўрэй Шарашэўскі адкрыў друкарню ў Брэсце. У 1895 г. у Гомелі меліся друкарні Шмеркі Фрыдланда і Шолама Падземскага.
На беларускай зямлі нарадзіліся і жылі дзесяткі таленавітых яўрэйскіх празаікаў і паэтаў. Так, у Капылі нарадзіўся выдатны яўрэйскі пісьменнік — „дзядуля яўрэйскай літаратуры” Мендэле Мойхер-Сфорым (Шолам-Якаў Абрамовіч) (1836-1917).
Дзяржаўныя школы для яўрэяў сталі адкрывацца з 1847 года. Першая для дзяцей расійскіх яўрэяў школа 1-га разраду (ніжэйшая) была заснавана ў Мінску ў 1847 годзе. 9 снежня 1849 года ў Гродне было адкрыта казённае яўрэйскае вучылішча 1-га разраду, а ў 1852 г. адбылося адкрыццё жаночай яўрэйскай пачатковай аднакласнай школы.
Эканамічнае, палітычнае і правовое бяспраўе яўрэяў у царскай Расіі, рост дзяржаўнага антысемітызму падштурхоўвалі адну частку беларускіх яўрэяў да актыўнага ўдзелу ў народніцкім і рэвалюцыйным руху, а другую частку — у сіянісцкім руху. Беларускія яўрэі прынялі актыўны ўдзел у стварэнні і дзейнасці Бунда і РСДРП. Такім чынам у другой палове ХIХ ст. яўрэі складалі самую вялікую нацыянальную меншасць на тэрыторыі Беларусі.
Асноўная маса беларускага яўрэйства марнела, жыла ў велізарнай беднасці, якую можна параўнаць толькі што са становішчам вечнага гаротніка-беларуса.
Яўрэі ўнеслі значны ўклад у развіццё эканомікі, навукі і культуры Беларусі. Нягледзячы на выхад шэрагу публікацый па гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі ў другой палове ХIХ стагоддзя, гэта тэма патрабуе больш усебаковага і падрабязнага даследавання.
1 Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года, Минск 1993, с.17-19.
2 Па матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей: НГАБ).
3 Н. И. Полетаева, Социально-демографический портрет купечества Беларуси, „Учёные записки Московского государственного социального университета”, 2001, № 3, с. 140.
4 А. Л. Киштымов, Место и роль предпринимателей-евреев в экономике Гомельщины на рубеже ХIХ-ХХ вв., [в:] Евреи в Гомеле. История и культура, Гомель 2004, с. 17.
5 Н. П. Столпянский, Девять губерний Западно-Русского края 1866 года, Санкт-Петербург 1866, с. 34, 52, 93, 117, 137, 160, 182.
6 И. Г. Оршанский, Евреи в России. Очерки экономического и общественного быта русских евреев, Санкт-Петербург 1877, с. 17.
7 Т. Никитина, Начало капитализма, „Гродзенская праўда”, 1995, 21 снежня, с. 4.
8 Э. Г. Иоффе, По достоверным источникам. Евреи в истории городов Беларуси, Минск 2001, с. 155.
9 Э. Г. Иоффе, Страницы истории евреев Беларуси, Минск 1996, с. 57-58.
10 А. Дембовецкий, Опыт описания Могилевской губернии, кн. 2, Могилев 1883, с. 32-33.
11 Ю. В. Функ, Евреи Беларуси в конце ХIХ — начале ХХ в., Минск 1998, с. 69.
12 А. П. Субботин, В черте еврейской оседлости, вып. I: Минск, Вильна, Ковна и их районы, Санкт-Петербург 1888, с. 4, 21.
13 Там жа, с. 46.
14 Там жа, с. 46.
15 Э. Савицкий, Социально-экономическое положение белорусских евреев в конце ХIХ — начале ХХ вв., [в:] Евреи Беларуси. История и культура. Сборник статей, вып. II, Минск 1998, с. 21.
16 НГАБ, ф. 2593, воп. 1, спр. 68, арк.7.
17 Там жа, спр.85, арк.1.
18 Сборник статистических сведений о России 1865 г., кн. 1.
19 Статистическое описание г. Гродно 1860 г., с. 43, 57.
20 Еврейское население России по данным переписи 1897 г. и по новейшим источникам, Петроград 1917, с. 5-76.
21 З. Шыбека, Гарады Беларусі (60-я гады ХIХ — пачатак ХХ стагоддзяў), Мінск 1997, с. 177.
22 Профессиональный состав населения России. По материалам первой всеобщей переписи населения, проведенной 28 января 1897 г., вып. 11, Санкт-Петербург 1908, с. 33, 40, 78, 79.
23 Еврейское население России..., с. 6.
24 Э. Савицкий, Социально-экономическое положение белорусских евреев в конце ХIХ — начале ХХ вв., с. 20.
|