|
EDITORIUM
Свайго ворага вы павінны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананні! Калі ж вашыя перакананні будуць разбітыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любіце мір як сродак да новай вайны. І мір кароткі любіце мацней за доўгі.
Не да працы заклікаю я вас, а да змагання; не да міру, а да перамогі. Хай будзе праца ваша – змаганне, а мір ваш – перамога!
Фрыдрых Ніцшэ
Бадай для кожнага разважлівага чалавека відавочнае тое шматроўневае змаганне, якое вядзецца ў нашым краі з удзелам разнастайных сілаў, як правіла аднолькава чужародных гэтай зямлі і яе насельнікам. Змаганне гэтае, што пачалося не ўчора і не сёння, і нават не сто-дзвесце год таму, насамрэч з’яўляецца адно эпізодам “баявых дзеянняў” у вайне, якая перманентна спадарожнічае развіццю еўрапейскай цывілізацыі вось ужо больш як дзве тысячы гадоў – з таго часу, як на кантынент пачалося ўварванне ідэяў і ўяўленняў, процілеглых стараеўрапейскім. Ведама, дэкларуючы працяг гэтай вайны “Афінаў супраць Ерусаліму”, яе “татальнасць” і незаўсёдную выяўленасць у фізічным вынішчэнні ахвяр звыклымі мілітарнымі сродкамі, мы маем на ўвазе перадусім культурнае змаганне.
У свеце, дзе даўно немагчымае апрычонае і спакойнае існаванне культураў, сама гісторыя чалавецтва ў ладнай меры аказваецца гісторыяй міжэтнічных (і, адпаведна, міжкультурных) канфліктаў. І слушна зацямляе Валянцін Акудовіч: “Культуры больш агрэсіўныя, чым іх носьбіты – народы (гэта аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. І таму ў войнах культураў – культураў загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў”.
Як і ў кожным супрацьстаянні, у вайне культураў немінуча паўстае прынцыповае пытанне аб усведамленні катэгорыяў свайго і чужога. Не можа быць годнай пазіцыя стаяння ўбаку і прызнавання чужынскіх правілаў гульні, бо калі прыйшоў вораг, дык нельга з ім мірыцца. Заўсёды было ганебным прыймаць чужую веру або здраджваць традыцыям продкаў. Сучасная сітуацыя ўяўляецца заключным этапам вайны, скіраванай на вынішчэнне прыродных і дзядоўскіх культур. Таму сёння кожны мусіць рабіць выбар для сябе і свайго народу: абіраеш або светагляд касмалагічны або светагляд спажывецкі. Слынны еўрапейскі традыцыяналіст Юліюс Эвола цвердзіў, што “ў гэткім сэнсе можна казаць пра змаганне сілаў космасу супраць сіл хаосу, дзе першым адпавядае ўсё звязанае з формаю, парадкам, законам, духоўнай герархіяй, традыцыяй у найвышшым сэнсе, а другім – усе уплывы, якія маюць вынікам раздробленасць, разбурэнне, заняпад, панаванне ніжшага над вышшым, матэрыі над духам, колькасці над якасцю”. Такім чынам, тутэйшая традыцыя як неад’емны складнік і ўзорная праява індаеўрапейскага космасу – гэта той полюс, які мае арыентаваць нас у гэтым змаганні pro aris et focis , дапамагаючы аднаўляць старанна руйнаваныя агентамі хаосу межы між сваім і чужым, сяброўскім і варожым, спрадвечным і мадэрным, высакародным і плебейскім.
Да з’яваў, спароджаных і інспіраваных разбуральнымі сіламі трэба прылучыць шмат якія адменнікі ўніверсалісцкіх, глабалісцкіх ды эгалітарных ідэалогіяў і дактрынаў, што паслядоўна ўвасабляліся ў юдэа-хрысціянстве, лібералізме, бальшавізме, сацыял-дэмакратыі, “амерыканскім ладзе жыцця” ды г. д. Сюды ж далучым і сістэму геапалітычных каардынатаў з падзелам на Захад – Усход, якая ёсць найяскраўшым прыкладам легітымізаванага панавання чужога, выдаванага за адзіна магчымае і паважнае сваё. Між тым у разе і з еўраатлантычнай (заходняй), і з еўразійскай (усходняй) цывілізацыямі аднолькава рэпрэсаванай аказваецца ўласна еўрапейская культура, падмененая нечым варожым самым яе анталагічным падставам.
Усведамленне собскага паклікання ў сённяшніх варунках, вынікам якога ёсць і ідэя стварэння гэтага выдання, дакладна адпавядае апісанню Гіёмам Фаем стратэгіі еўрапейскіх “новых правых” – інтэлектуальнага руху, вельмі блізкага да нашай светагляднай пазіцыі: “Нашыя намаганні на стварэнне і пашырэнне ідэяў і каштоўнасцяў можна прыраўнаваць хутчэй да гістарычнага змагання, што мае метапалітычную істу (від культурнай і ідэалагічнай вайны), як да чыстай перадачы ведаў. Мы хочам зноў зрабіць часткай рэчаіснасці праўдзівыя еўрапейскія каштоўнасці і светагляд. Яны былі зруйнаваныя, так бы мовіць, эквівалентамі – “антыкаштоўнасцямі”, якія, на наш пагляд, і ёсць прычынаю сучаснага еўрапейскага заняпаду. Наш светагляд – гэта нешта большае за ідэалогію, ён адпавядае структуры з асноўных каштоўнасцяў, носьбітамі якіх вякамі былі еўрапейскія народы. Сёння мы – адзіныя, хто выступае за іх. Калі з нашай працы не будзе спору, дык ніхто больш яе не працягне, і тады еўрапейскія народы больш не змогуць уплываць на гісторыю. З гэтага вынікае, што наш чын мае гістарычнае значэнне ў сучасным грамадстве, бо ніхто іншы – ані справа, ані злева – не бароніць гэткага светагляду”.
Апрача звычайных у кожнай вайне разбуральных наступстваў, культурная канфрантацыя мабілізуе ўсе адметныя якасці культуры, максімальна засяроджваючы ўвагу на найістатнейшым у яе асадах, бо, як заўважае філосаф Сяргей Санько, “менавіта ў фазах канфліктнага ўзаемадзеяння найярчэй выяўляюцца ўнутраныя, існасныя асаблівасці розных уцягнутых у канфлікт культураў, і гэтыя асаблівасці крышталізуюцца ў адмысловых “ключавых словах”, у якіх увасабляюцца сэнсавыя і каштоўнасныя ядры розных культураў”. Для нас адным з такіх “ключавых словаў”, словаў-знакаў выступае споцям DRUVIS, абраны за найменне альманаху.
Мы спадзяёмся, што слова DRUVIS, узятае з прускай мовы, стане годнай заменай гэткіх чужынскіх азначэнняў нашай рэлігійнай традыцыі як “паганства” (лац. paganus ‘жыхар вёскі, селянін’, а ў хрысціянскім пераасэнсаванні ‘носьбіт вясковых прымхаў ды забабонаў’), “язычніцтва” (ст.-слав. языци ‘плямёны, пляменныя звычаі’) ды да т. п. Прускае слова DRUVIS дайшло да нас праз нямецкіх храністаў, якія ўжывалі яго як заменнік лац. credo і ням. der Glaube ў значэнні рэлігійнай веры і сімвалу веры. Аднак семантыка арыгінальнага прускага тэрміну карэніцца ў дахрысціянскім балцкім (і шырэй – індаеўрапейскім) разуменні веры. Індаеўрапейскія моўныя факты дапамагаюць раскрыць усю паўніню архаічнага сэнсу гэтага споцяму, які паходзіць ад і.-е. кораня *dreu- / *drū- ‘быць цвёрдым, моцным, здаровым’ як апісання ўласцівасцяў дрэва (*dreu-wo). Параўн. ст.-ірл. daur, dair, кімр. derwen, брэт. deruenn ‘дуб’, ірл. drūi, гальск. druidеs ‘святар, друід’, а таксама алб. dru, ст.-слав. дръва, ст.-грэцк. drūs ‘дуб’, ст.-інд. dhruvá- ‘моцны, надзейны’, авест. drva-, ст.-перс. duruva- ‘здаровы’, літ. drūtas ‘моцны, цвёрды’, бел. здаровы, трывалы. Вельмі паказальныя факты з германскіх моваў: з аднаго боку – гоцк. triu, анг.-сакс. trēow (анг. tree) ‘дрэва’, а з іншага – гоцк. triggs ‘верны’, анг.-сакс. trēow ‘вера, вернасць, праўда’, анг. true ‘праўдзівы’, ням. Treue ‘вернасць, адданасць’, ст.-паўн. trū, сяр.-ніжн.-ням. trūwe, ст.-верхн.-ням. trūwa ‘рэлігійная вера’. З усяго гэтага можна вывесці, што словы са значэннем ‘вера’ ўзыходзяць да словаў са значэннем ‘дрэва’. Пры гэтым цвёрдае, трывалае дрэва (найчасцей дуб) разумелася як вобраз сусвету (axis mundi), як крыніца найбагацейшай міфічна-паэтычнай сімволікі. Такім чынам маем характэрны сэнсавы ланцуг: ‘назоў аб’екту ўшанавання’ – ‘ушанаванне (рэлігійнае)’ – ‘вера’.
Пруская мова захавала і тэрмін druvingin ‘вернік’ (у беларускай транслітарацыі магчымае як друвінг), які можна параўнаць са слав. *dreven- (рас. древний, ст.-слав. древьнь, дрьвльнь), што паходзіць ад назову дрэва. Адсюль можна разглядаць верніка-друвінга і як таго, хто вызнае даўнюю (дрэўнюю, драўляную) веру, шануе “обычяи древльнии”.
DRUVIS – слова не выпадковае і не чужое нашай традыцыі. Яно вяртае нас не толькі да старавечнага светацяму, у якім дрэва (дуб) – вельмі важны сімвал веры, даўніны, моцы і здароўя; яно задае цэлы шэраг прасторава-часавых параметраў нашай культуры (лес супраць стэпу, дрэва супраць “рызомы”, поўнач супраць поўдня), пазначае выбар уласнай, свойскай этнічнай ідэнтычнасці.
Падваліны ідэнтычнасці мусяць палягаць на тым, што вызначае істу пэўнага народу, абумоўлівае яго апрычонасць і непаўторнае аблічча. Для беларусаў гэткім чыннікам адметнасці ёсць балцкі радавод. Яшчэ ў 1950 г. ведамы эміграцыйны даследнік Вітаўт Тумаш у працы “Балцкі элемент пры паўстанні сучаснага беларускага народу” прыйшоў да адназначнай высновы: “Прысутнасць балцкага элементу ў нашай біялагічнай субстанцыі і паясняе не толькі незвычайную антрапалагічную, але і духова-псіхічную нашую блізіню да сучасных нашых балцкіх суседзяў. Яна перадусім тлумачыць нам тыя шматлікія супольныя асаблівасці нашай народнай творчасці, напр. тыповыя, супольныя нам і балтам, геаметрычныя формы ў народным мастацтве, асабліва ткацтве. Гэтым таксама тлумачыцца і тое, што ў нас змагла паўстаць на зусім дабравольных асновах супольная з балтамі дзяржава, што нашыя прашчуры заўсёды лепш разумеліся і зжываліся з суседнімі сабе балцкімі плямёнамі праз усю сваю гісторыю як з маскоўскімі “славянамі” расейцамі”. Далейшыя паглыбленыя штудыі з фізічнай антрапалогіі, этнапсіхалогіі, міфалогіі, фальклору, археалогіі, лінгвістыкі, анамастыкі ды інш. навук пераканаўча сведчаць пра адмысловую ролю балцкага элементу ў этнагенезе беларусаў. Што да славянскага складніка нашай спадчыны, дык ён выразна выяўлены хіба што ў мове, хаця славянскага лінгвістычнага інгрэдыента не варта пераацэньваць, бо ён у нашым выпадку сведчыць скарэй пра культурную, моўную, але не генетычную асіміляцыю аўтахтонаў-балтаў.
Мова, бясспрэчна, адна з найважнейшых азнакаў нашай ідэнтычнасці, бо яна, бадай, апошняе, што нам засталося яшчэ жывога і праўдзівага ад дзядоў. І таму, шануючы продкаў, мы хаця збольшага і пільнуемся агульнапрынятых правілаў беларускага правапісу, аднак не абмяжоўваем мову альманаху “акадэмічнаю нормаю”: карыстаючыся літаратурным “дыялектам”, мы звяртаемся і да жывых народных гаворак, скуль бяром тое адметнае, што стварае непаўторнае аблічча беларушчыны, асабліва зважаючы на тую балцкую моўную спадчыну, якая перахавалася ў гаворках простага люду нашай зямлі. Мова – гэта музыка ўсіх пачуццяў, якія перажываў наш народ. У яе нетрах мы можам спазнаваць таямніцы свайго паходжання, гаворачы і думаючы ёю, мы можам найлепш усведаміцца і паразумецца, але ўсё ж адна толькі мова не можа быць у беларускім выпадку вызначальнай, канечнай прыкметай этнасу.
Прыклады з гісторыі, калі этнічная тоеснасць не супадае з моўнай тыпалогіяй – не адзінкавыя, гэтаксама як і выпадкі адраджэння ў іншамоўным асяроддзі культурных традыцыяў, якія здавалася б назаўсёды зніклі праз асіміляцыю іх носьбітаў. Згадайма шатландцаў, валійцаў, ірландцаў, брэтонцаў, якія не сталі германцамі або раманцамі, страціўшы траха не зусім свае кельцкія гаворкі, або французаў, якія паходзяць ад раманізаваных галаў і, нават атрымаўшы свой назоў ад нешматлікіх германскіх заваёўнікаў – франкаў, усё адно звяртаюцца перадусім да сваіх гальска-кельцкіх вытокаў. Таксама і раманскамоўныя румыны насамрэч больш роднасныя “паўднёвым славянам” як італійцам ці гішпанцам з іхнай моўнай групы. І, напэўна, найбліжшую паралель з нашай сітуацыяй знойдзем у харватаў, у якіх, нягледзячы на іхную славянскую мову, агульнапрызнаная ёсць ілірыйская ідэнтычнасць.
У гэткай відалі мы можам сцвярджаць, што беларускі народ мае не толькі балцкі субстрат, але яго можна абсалютна прававіта ўважаць менавіта за балцкі. Больш за тое, балцкае паходжанне беларусаў, разгляданае ў якасці агульнанацыянальнай этнагенетычнай канцэпцыі, можа стаць ці не найбольш сур’ёзна аргументаванай і навукова падмацаванай альтэрнатывай збанкрутаванаму панславізму і русафільскаму ашуканству.
Наш зварот канкрэтна да прушчыны, натуральны ў балцкім кантэксце , мае ў тым ліку і фармальнае абгрунтаванне дзеля зусім рэальнай прысутнасці этнічных прусаў на беларускім абшары: некаторыя выхадцы з Прусіі дзякуючы вялікалітоўскім валадарам знайшлі ў нас прытулак пасля заваёвы іхнай бацькаўшчыны крыжакамі. Варта тут згадаць і істотную ролю, якую адыгралі ў беларускім этнагенезе плямёны ятвягаў, якія, дарэчы, вельмі блізкія да прусаў моваю і звычаямі. Нельга абмінуць увагаю і постаці літоўска-прускага першасвятара Крыве-Крывайціса, агулам вельмі знакавай для пачатнай літоўска-беларускай гісторыі, дзеля чаго нежывая ўжо пруская мова як “мова Крыве” мае набываць для прыхільнікаў дзядоўскай веры сімвалічны, сакральны характар – як санскрыт для індусаў, лаціна для каталікоў або царкоўнаславянская для праваслаўных.
Шчыльна знітаваная з этнагенетычным аспектам ідэнтычнасці этнанімічная праблема, што даўна рупіць найбольш паслядоўным дзеячам нацыянальнага адраджэння. Рэдакцыя альманаху не мае на мэце вылучэнне нейкага аднаго з аўтэнтычных нашых нацыянальных найменняў (Крывія або Літва) у якасці адзінага заменніка тэрміну “Беларусь”, які, хаця, трэба прызнаць, і мае ўжо сваю гістарычную каштоўнасць, але мы мусім ясна ўсведамляць усю беспадстаўнасць, неўкарэненасць і штучнасць “бела-рускасці” на гэтай зямлі. З гэтага вынікае і скептычнае стаўленне не толькі да падвалінаў “беларускай ідэі”, але, як ні парадаксальна, і да “свядомых” ды “несвядомых” яе прыхільнікаў, якія, да жалю, за рэдкім выняткам, ці не ў аднолькавай ступені далёкія ад праўдзівага разумення таго гістарычна-культурнага сцэнара, што разгортваецца ў нашым краі ды ў свеце.
Сваім заданнем мы бачым роздум над самымі сабою, сваёю зямлёю і народам, які ў будучыні мае стварыць ідэалагічную структуру, радыкальна адрозную ад існых нацыятворчых праектаў. На гэткі шлях пошуку свайго месца ды вызначэння свайго нацыянальнага “я” могуць паказаць таксама Ніцшавы словы, прамоўленыя нібы адмыслова да нас: “Звернемся да сябе. Мы гіпербарэйцы – мы досыць добра ведаем, як далёка ўбаку мы жывём ад іншых. “Ні зямлёю, ні вадою ты не знойдзеш дарогі да гіпербарэйцаў”, – так разумеў нас яшчэ Піндар. Па той бок поўначы, лёду, смерці – нашае жыццё, нашае шчасце. Мы адкрылі шчасце, мы ведаем шлях, мы знайшлі выйсце з цэлых тысячагоддзяў лабірынту”.
Мы перакананыя, што выйсце з сутарэнняў лабірынту, у якім дагэтуль блукае наш народ, – у фундаментальным навуковым, ідэалагічным, мастацкім увасабленні мадэлі свету, угрунтаванай у тутэйшай традыцыйнай касмалогіі. Хаця нашыя магчымасці ў пашырэнні інфармацыі досыць абмежаваныя, мы, тым не менш, цешымся з веды, што “ідэі страляюць гучней за гарматы”. Таму, адчуваючы вялікую адказнасць за ідэі, якія будуць генеравацца на старонках нашага выдання, мы маем адпаведна ставіцца да яго зместу, роўню прапанаваных тэкстаў і іх афармлення. Нягледзячы на “асветны” фармат альманаху, мы далёкія ад таго, каб спрошчана падступацца да асвятлення істотных тэмаў і развязання найважнейшых праблемаў. Наяўнасць у некаторых тэкстах пэўнага “акадэмізму”, пільнаванне дакладнасці і метадалагічнай строгасці мае быць нашай засцярогай ад прафанацыі ўздыманых гэтта пытанняў ды папярэджаннем закідаў магчымых апанентаў.
Мы аднак не збіраемся абмяжоўвацца толькі тэарэтычнымі штудыямі. У альманаху знойдуцца тэксты розных жанраў. Кожны нумар мае быць прысвечаны нейкай канкрэтнай тэме: гэты – першы з серыі “этнанімічных” – прысвечаны Крыўі.
Крыўя не абмяжоўваецца для нас адно вузкарэгіянальнымі межамі, гэта той сакральны архетып, прыкметы якога можна знайсці ў кожным кутку нашага краю. Крывія, Krieva – гэта не толькі крыніца рамантычнага натхнення, спаконвечнае імя-сімвал, але яшчэ і духоўнае імкненне да вытокаў, да спазнання пакрыёмага сэнсу нашага быцця, гэта легендарны край, што месціцца нібы побач, але ў які не трапіць “ні зямлёю, ні вадою”.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Цэнтру этнакасмалогіі KRYŬJA
|