БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 16

ДЗЕЯСЛОЎ № 16

Міхась Скобла

На самым сёмым небе
Вершы

ДЗЬВЕ КАСЫ

Памяці дзеда Васіля

Касіў дзед канюшыну.
Упаў на пракос і памёр.
Меўся ехаць да млына.
Там і застаўся памол.

На прывольлі-раздольлі
дацьвітаў дзівасіл...
Быў пан волі і долі —
стаў раб божы Васіль.

Лезьлі ў вочы рамонкі,
казытаўся чабор,
не змаўкалі жаўронкі…
Дзед ня чуў, ён памёр.
Касінерам пры зброі, —
дзед з касой, сьмерць з касой, —
згінуў ён у двубоі
і умыўся расой.

А конь бегаў па крузе
і глядзеў праз аўсы,
як схапіліся ў лузе
між сабой дзьве касы.


REINKARNAСIO

Пакуль мне лёс не загадае: годзе
й ня гляне змрочна з цёмнага кута,
я буду граць на залатым фагоце
твайго ажурна-лёгкага хрыбта.

Пакуль з гасьцей не адыду дахаты
і не ступлю на вечнасьці парог,
я буду граць бяссонныя санаты
на клавішах і рук тваіх, і ног.

Пакуль душа стамлёна-невясёла,
як жоўты ліст, ня ляжа на зямлю,
няхай гучыць пранізьлівае сола,
калі цябе, як скрыпку, прытулю.

Пакуль язьмін ляціць на падваконьнік
і хіліцца да шыбаў белы май,
мая кіфара, мой губны гармонік,
мая ты акарына, не змаўкай.

Бо замаўчым, апошняю хвілінай
згадаўшы летні шматгалосы лес,
і ў прах абернемся, і станем глінай…
І трапім у яшчэ адзін замес!


У ДОЖДЖ

На ветравым шкле –
разьбягаюцца рэкі
павуціна вады
іх хуткасьць
прапарцыянальная
хуткасьці аўтамабіля
100 на сьпідометры
і рэкі пульсуюць
таймуючы шал ніягары
і нават імклівяць угору
прытармозіш і рэчышчы
ірвуцца і блытаюцца

20 800 беларускіх рэк
і два мільёны астатніх
просяць Зямлю не спыняцца


* * *

Алесю Шатэрніку

Бярозаў табун на скаку
спыніўся на самым адхоне.
На камені пры бальшаку
мастак высякае Пагоню.

Ён сорак зубілаў ззубіў,
у кроў намазоліў далоні.
Усходзіла сонца – ён біў,
заходзіла сонца – ён біў,
пра клопат астатні забыў –
ён волі хацеў для Пагоні.

Каменны патрэбен ёй гарт,
гарачыя конскія ноздры
і рыцар-кавалергард,
і меч у руках яго востры,
нібы чараціна ляза,
і – лёт, не чаканьне ў засадзе…

Што болей ганебнае за
палон на дзяржаўным фасадзе!

Ад шоламу і да падкоў
той камень Пагоню трымае.
Расплюшчыўшы сем малаткоў,
мастак адпачынку ня мае.

Вакол на вярсту – ні душы,
дарога, як неба, пустая.
А вершнік імкне да шашы,
а камень у дол урастае.

* * *

Гатэль раённы. З рыпам дзьверы.
Пярэкліч п’яных галасоў.
Мурзата-жоўтыя шпалеры
з бээсэсэраўскіх часоў.

З кляймом увесь рыштунак спальны.
Трохногі стол упёрся ў кут.
Пакінуў жывапіс наскальны
мастак, што жыў аднойчы тут.

А за вакном пейзаж някідкі
дождж абыякавы крапіў.
Графін. Дзьве шклянкі-прасталыткі –
з іх кожны пастаялец піў...

І ў тым гатэліку заспаным,
стамлёным частаю гульбой,
я быў на небе. Сёмым самым.
На самым сёмым быў з табой.

Стараліся спазьніцца ранкі,
і вецер сьцішваў свой парыў.
І Бог бязгучныя маланкі
нам абярэмкамі дарыў.


* * *

Два дыханьні: у суме – душа.
Сум таксама вазьму падсумую.
Мы пілі з аднаго гладыша,
а з бяссоньнем сам-насам сумую.

Як сумёт, як саман, як самум —
з галавой накрывае самота.
Па пылок залаты (о, аум!)
паляціць — пабірацца — мой сум,
бы ўначы сьветлячок самалёта.

І бедлам у душы й тарарам.
Грэх з малітваю як палагодзіш?
Ты сама – як двухкупальны храм,
калі з возера сьветла выходзіш.

Ты ля белай царквы пастаіш,
вас нямогліць намоклая глеба,
ды царкву
срэбнай ластаўкай крыж
доўга цягне й выцягвае ў неба.


* * *
У Жоўкве кветкі не пажоўклі.
Бязьлюднеў каралеўскі двор.
Блакітам купалоў у жовтні
нас вабіў велічны сабор.

Дрыжаў на вежы сьцяг азяблы.
Гід не стамляўся гаваркі.
Нас разлучыць хацелі д’яблы,
разьвесьці ў розныя бакі.

Ды ў найвышэйшае Гасподзе
Кагосьці іх намер гнявіў.
Я зьвёз цябе сюды, як злодзей.
Ён мой крадзёж дабраславіў.

Шпакі напружаным клавірам –
на правадах у сотні ват…
Над вёскай Буськ каханьня вырай
вяртаўся ў родны рэзерват.


* * *
Блішчаць сузор’і, як вугольлі.
Над вёскай готыкі размах –
пірамідальныя таполі
казычуць блізкі Млечны шлях.

Да мусульманаў не належу,
а ўдалеч глянуў – Божа збаў –
паўмесяц сіласную вежу,
нібы мячэць, каранаваў.

А ты, турчанка-крывічанка,
з прыжмурам хітрым скажаш мне:
«Абрыдлі бульба і мачанка,
Ex oriente lux*, ці ж не?»

Ex oriente… Добра. Згода.
Усход – заходу пабрацім.
Як будуць крылы і пагода,
і мы да зорак паляцім.

І будзе ясень невідушчы
пытацца ў ветру да відна:
«Ён таць, украў яе у пушчы,
скажы, а можа – таць яна?»

Ляцім. Няўпэўненыя рухі.
А Млечны шлях, як кавалер,
насыпаў зорнай пацярухі
табе са сьмехам за каўнер.


* * *

На ганку сьпіць музейная гармата.
Старых прыступак аднамерны ход.
Каханьне, як у тэрмасе гарбата,
Не схаладнела і за дваццаць год.

Яно ў замкнёнай люстраной прасторы
у тысячах адбіткаў зьберагло
і поўняй зацалованыя зоры,
і Сьвіцязі алмазнае сьвятло.

У трунку тым – гербарый нашых летаў:
і бэз пяціпялёсткавы, і ліст,
што лёг залататканым эпалетам
табе на плечы, прычакаўшы please.

Адпі – і адсьвяткуй вяртаньне сьвята.
Не прызнае каханьне перашкод,
калі яно, бы ў тэрмасе гарбата,
не схаладнела і за дваццаць год.


У РУЖАНАХ

Пры балотцы гусі чарадой
усчалі прадвырайную зваду.
Кваканьне з халодных чаратоў
гойдае мембрану далягляду.

Брама. І калонаў кліч нямы.
Гербы мокнуць, сохнуць і пыляцца.
Веліч Рэнесансная і мы –
у абдымках княскага палаца.

Ён засумаваў за сто гадоў,
ён нас не пакіне у спакоі,
ён пяшчотна зноў і зноў гатоў
нас кранаць шурпатаю рукою.

Мы ў каханьні шчодрыя – уга!
А палацу пацалункаў мала,
быццам аніводная нага
закаханых тут ані ступала.

А палац гульлівеў і сьмялеў,
паланяў, як Новы сьвет апачаў,
быццам ні княгінь, ні каралеў
у апачывальнях тут ня бачыў...

Полымя павінна адпалаць,
конь – ірваць залочаную збрую…
Неахвотна на сьцішэлы пляц
нас з абдымкаў выпусьціць палац,
як кароль каханку маладую.


* * *

Зноў мы ў лясах над Ясельдай і Шчарай.
Багдадскі злодзей лета наша ўкраў.
А восень пачала зьбіраць гербарый –
гербоўнік пушчаў і садоў, і траў.

Музей лясны – каўчэг, дзе ўсе папарна:
зьвяры і птушкі, матылі і мы,
і хай бы ён натрапіўся нямарна,
а перавёз нас на той бок зімы.

Ішлі б сумёты ў белую атаку,
гулі б шалёнагрывыя вятры,
а мы з табой прыселі б на атаўку,
дзе пасьвяцца лагодныя зубры.

Дзе лебедзі ў лілеях ловяць зоркі,
нібы на дыванах Алены Кіш,
і хлебны мякіш з рук бяруць вавёркі,
і мілата й спакой сыходзяць звыш…

Няўзнак прайшлі б каляды і грамніцы,
а я згадзіўся б сто начэй ня спаць
і вуха з дзірачкай ад завушніцы
аж да вясны пяшчотна цалаваць.


* * *
Лунный выкормыш – соловей.
А. Таркоўскі.
...І я ягадай сьпеў калісьці
на сунічным тваім плячы.
Поўня ў фортцы, нібы ў калысцы,
пакалыхвалася ўначы.

Да канцэртаў начных ахвочы,
салавей сваё сола вёў,
і яго пад нашэпты ночы
Поўня клікала ў свой алькоў.

Цемра сьвет наўкол атачала,
і, каб нам дагадзіць, сьвятла
Поўня ў сонца напазычала
і за так усім раздала.

Я бакалы віном напоўню,
й мы, абняўшыся ля вакна,
за Яе Высокасьць, за Поўню,
вып’ем хмельны напой да дна:

за ручную ў рахманых хмарах,
што трансьлюе сны часьцяком,
а ў вачах тваіх цёмна-карых
зьзяе вечным маладзіком!


ХРЫШЧЭНЬНЕ

Па-над язычніцкай дуброваю
навісла сонца булава.
Я ўсё, я ўсё табе дароўваю
за сузіраньне хараства.

У доўгі дзень, імгненьні, зьвіцеся!

Раскінеш рукі на вадзе –
і ўсё паганства прападзе:
ты – як нацельны крыжык Сьвіцязі!

15 жніўня — 8 сьнежня 2004 г.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster