БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 18

ДЗЕЯСЛОЎ № 18

Андрэй Хадановіч

Восень на вогнішчы
З кнігі "Сто лі100ў на tut.by"

@ @ @

А хто гэта там ідзе,
па вушы ў глыбокай багне,
дзе песьні не завядзе
ні птушка ў лесе, ні Бах, ні
Бетховен, гады ў нудзе,
як «Оду радасьці», цягне?

Скідай дарэмны багаж,
нашто валачыць каменьне,
калі ў загашніку гаш,
калі ў займеньніку меней
за ймя, няверны Тамаш,
ці варта помніць найменьне?

А ты ўкладаеш пярсты
і дурыш іншым галовы,
разводзіш, нібы масты,
назоўнікі й дзеясловы,
прыняўшы за «я» і «ты»
былога сьвету паловы.

Ды цемра – частка сьвятла,
што ты пагасіў дазваньня.
Бяз ранку – і ноч сышла:
ня сон і не чуйнаваньне.
І клеіш кавалкі шкла
ў разьбітым адлюстраваньні.

@ @ @

Паэты ляцяць у вырай,
з вульлёў прагнаныя трутні.
І кожны – з гучнаю лірай,
і кожны – пры звонкай лютні.

Шукаюць ратунку ў сховах:
у сьвеце зроблена досыць
будынкаў шматпавярховых,
ды іх туды не запросяць.

Ляцяць, чарадзеі й прынцы,
як ліст, адпраўлены Вам.
У кожнай паштовай скрынцы,
нібы навязьлівы спам,

марнуюць словы і сьлёзы
і ладзяць для дзетак шоў,
канаючы, як стракозы,
на ганках у мурашоў.

@ @ @

Гаспадыні едуць на баль, а служкі
ганаровыя ладзяць для іх эскорты.
Ды апоўначы haute couture Папялушкі
ператворыцца… у элегантныя шорты.

Яе хросная маці – зорка на балі,
сіцылійка, паводле апошніх чутак.
Персанажы казкі ўжо задзяўбалі:
кожны дзень прыходзяць мераць абутак.

Кожны вечар – цуды, як абавязак,
і ўхіліцца проста няма надзеі.
Шарль Перо, стварыўшы паўсотні казак,
ад нуды паўсоты раз вар’яцее…

Нехта баксы ў лапу швейцару суне.
Засынаюць прынцы, пысамі ў тортах.
І стаіць разгубленая красуня:
без карэты,
бяз туфліка,
у адных шортах.

@ @ @

кожнага ранку порцыя кіслароду
чорная кава з порцыяй белай сьмерці
порцыя працы за так і за ўзнагароду
порцыя шчасьця якой адразу ня зжэрці

кожнага ранку новая порцыя сьвету
порцыя смутку і трохі дзіўнай любові
новыя весткі з новага запавету
добры намер і пекла напагатове

маеш час і натхненьне звані сяброўцы
хай небясьпечная сувязь разгорне крылы
ці алімпійскія чэмпіёнкі на «стометроўцы»
выйдуць на старт па першым званку мабілы

чарку і скварку зьменіш на іншамарку
ці на вайсковую форму прыкід багемны
восень на вогнішчы паляць нібы вядзьмарку
дым айчыны гаркавы але прыемны

@ @ @

Па-за вокнамі – бы ў заапарку.
Назіраеш калі-нікалі.
Кот з сарокамі мае запарку:
ён – на дрэва, яны – да зямлі.

То сядаюць, нібыта на пожаг,
на галіну ўшасьцёх. Як снарад,
зьверху пляшка ляціць на прахожых,
ды ў сарокаў пацэліць наўрад.

Немы крык у разгалістым бэзе,
бы з ахвярай сустрэўся маньяк:
гэта кот без пажарных ня зьлезе
з найвышэйшай галіны ніяк.

Не абрыдне сачыць іх ніколі:
брат старэйшы вас бачыць, браты!
Толькі ўсе яны звонку й на волі,
а за шклом апынаешся ты.

@ @ @

Не спалохацца й перакласьці
нечы плач сваімі сьлязамі.
Перакласьці чужое шчасьце
Вам на плечы – цягніце самі!

З галавы сваёй перакласьці
на здаровую галаву,
кожны надпіс: «заб’е – ня ўлазьце!»
на: «заходзьце, я тут жыву».

Не пасквапіцца й перакласьці
ўсякі час і любы кірунак.
Усё, што дрэнна ляжала, – скрасьці
і прынесьці Вам падарунак.

@ @ @

Млець і зайкацца, і гаварыць банальнасьці,
і чырванець, чырванець,
чырванець перш-наперш,
бо тэрарыст крылатай нацыянальнасьці
цэліць ня горай
ад цэлага войска снайперш.

З гэтае хвілі справа йдзе ўсё амурней:
бессань, уздыхі, спатканьні і кветкі, кветкі.
Найразумнейшы разумнік шыецца ў дурні,
а найстарэйшы сябра шыецца ў сьведкі.

Потым настане дата – і трохі паддата
для выкананьня шлюбнага этыкету
можна да невядомага ехаць салдата,
месца пры вечным агні
знайшоўшы букету…

Нехта надзене пярсьцёнак сваёй багіні,
каб віравала застольле й госьці каселі.
Нехта пад крыламі снайпера і насамрэч загіне,
каб невядомым салдатам стаць на Вашым вясельлі.

@ @ @

Мой ліст – да сьвету…
Эмілі Дыкінсан.

Час раскідаць каменьне, час
паставіць камень, нібы мэту,
спадзеючыся на адказ,
бо кожны камень – ліст да сьвету.

І дасылаць у сьвет лісты,
і ведаць па зваротных мэйлах,
што адрасатам быў ня ты,
бо ўсе адказы – для памерлых.

@ @ @

Складаю хайку –
не хапае словаў,
пішу паэму –
пераймае дых.
Паэтам
невылечна мёртвых моваў
да сьмерці
прахадзіць у маладых.

@ @ @

«Увесь я не памру», – сігналіць верш,
і нехта рэагуе на сігналы…
Сканаў не да канца й далей жывеш,
і верш далей жыве, недасканалы.

@ @ @

Муза, скажы мне,
як выжыць у гэтай маркоце-макроце?
Канатаходцы-трамваі
навобмацак рушаць па дроце.

Як Адысей, праплываеш між РАУСам і ваенкаматам:
тут чалавек з аўтаматам і там чалавек крые матам.

«Дзе твой ваенны білет? Мо спаліў?
Можа, кінуў на сьметнік?
Што, калі заўтра вайна, цьху-цьху-цьху…
на цябе, безьбілетнік!

І не касі пад вар’ята, мяне не падманеш, зьвяруга!
Шмат вас, сьляпых і глухіх, пагарджаных…
валі да хірурга!»

Хочаш званіць адвакату, ды крык абрываецца ў роце –
у слухаўцы дрэсіраваная малпа: «Алё! Цырк на дроце!»


@ @ @

Як дажыць да юнацтва й знайсьці маладога равесьніка?
Як ня здохнуць у гэтай радзільні старых немаўлятаў?
Хутка стану сівы, нібы мора пад крыламі буравесьніка,
у краі дыснэйлэндавых бітваў, малітваў і клятваў.

Выкалупваем шчасьце апошняй разынкаю з булкі.
І актавай вясёлкі – стэрыльныя стэрэа-сны.
З сілікону дзяўчаты пускаюць прыгожыя бурбалкі.
Ужываныя шпрыцы ў шклатару здаюць пацаны.

І паўзем, ой дадана-дадана, даданымі сказамі,
дадаісты бяз пашпарту і без Тзара ў галаве,
шанавальнікі лічбавых камер – за крок перад газавымі…
А шызе хоць бы хны, а шыза і дагэтуль жыве.


@ @ @

Najlepsze w… serze s№ dziury
J. Sosnowski.
Спачатку – слова, а потым прыбегла ахова,
што вучыць літаратуру ў спартовай секцыі.
Палоній, прабач маю польскую: выпадкова
я «дзірку ў сыры» зблытаў з «дзіркаю ў сэрцы».

І ўсё-ткі круціцца, нават трэскаю ў моры,
блакітны шарык, гнаны на ўсе чатыры.
Каханьне, што рушыць зоры, гаворыць «sorry».
Пагаслае сонца дыміцца дзіркаю ў сыры.

Малочныя рэкі кіпяць у нябеснай крынцы,
а ўнізе б’юцца да сьмерці добрыя хлопцы.
Прабачце адзін аднаму ўсё, мілыя прынцы:
бясплатныя сэрцы бываюць у мышалоўцы.

@ @ @

Адскрабеш пін-код на купленай карце,
назавеш пароль электроннай варце,

далучаючы да сусьветнага сьмецьця
лішні доказ свайго існаваньня ў сьвеце.

Тэлефон заняты і хата з краю:
калі ласка, на выхад, істота з краю,

дзе каманды ротам даюцца ротам
і задротам больш ня цесна за дротам.

Па начным тарыфе сабе дазволь ты
ператнуць высокі й высакавольтны,

бо палёты ня толькі ў сьне і па сьмерці,
бо пакінеш сьлед, якога ня сьцерці,

завісаючы ўсур’ёз і надоўга
над Потсдамэрпляц і гарой Міндоўга,

над Сафіяй і сопацкаю эстрадай,
над Высокім Замкам і Вісластрадай,

па-над Нёманам з Барысам і Глебам,
па-над хмарамі й высакавольтным небам.


@ @ @

Вечар плыве над ракою, як п’яная чаіца.
Горад унізе разгортваецца, бы карта.
Вечар прыходзіць рана і не канчаецца,
як старамодная песьня рок-музыканта.

Ціхай замовай з паўднёва-рускім акцэнтам
шчасьце прыходзіць бабуляю па кудзелі.
Вечар плыве над ракою суботнім канцэртам
і выплывае на бераг – ужо ў нядзелю.
восень 2004


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster