БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 18

ДЗЕЯСЛОЎ № 18Франц Сіўко

Мары з бульвара Даву
Аповед гіпатоніка

У каханьні, у тым, ці рэалізуецца яно дарэшты, усё залежыць ня толькі ад узаемнай прыхільнасьці ды моцы пачуцьця. Часам гэта толькі выдае, што кахань­не досьвед папярэдні (ня мае нават значэньня – уда­лы ён ці не) можа адолець. Насамрэч досьвед часта мац­нейшы за пачуцьцё, ён зазвычай і перамагае. Асаб­ліва, калі ўеўся ў цябе, і ні сілы ня маеш, ні жаданьня працівіцца ягонаму дыктату. Вось, здаецца, нешта новае на даляглядзе, сьвет у вакне, а як распарадзіцца ім, – не дасі рады. Бы з памідорынаю тою падчас абеду, што і вабіць пакласьці на талерку, і боязна: пачнеш рэзаць, а яна возьме ды пырсьне з-пад ножыка на каторага з сусе­дзяў, як некалі было ўжо – памятаеш – аднойчы. Зрэшты, у кожнага свой досьвед, і колькі досьведаў, гэтулькі і гісторыяў.

Мая гісторыя пачалася два гады таму. Час быў каламутны: вэрхал усюды, мітусьня перабудовачная. Сваякі з-за мяжы пачалі адгукацца. Матчын дзядзька, бабін малодшы брат, Юльян, той самы, з-за якога мяне па сканчэньні школы ў лётную вучэльню не залічылі, ліст даслаў з Парыжу. Маўляў, старэю, восемдзесят неўзабаве, дык ці ня мог бы каторы з вас, крэўных, прыехаць. Выдаткі сплачу дарожныя, адно клопату вам будзе – пацешыць дзеда прысутнасьцю тыдзень-другі.

Я тады толькі-толькі з банку, дзе інжынерам па аўтаматызацыі рабіў, звольніўся. Кампутарныя праграмы, наладка-рамонт – самі разумееце. Ну, і начальніцы па сумяшчальніцтве, так бы мовіць, з удзячнасьці за ўладкаваньне на ўежнае месьцейка адзіноты на лецішчы зрэдзьчасу памагаў пазбывацца. Нібыта і не сур’ёзна тое было па першасьці, а і не заўважыў, як прыкіпеў душой да каханкі. Яна за мяне на дванаццаць гадоў старэйшая, дык вучыла сяму-таму... Аказалася – не аднаго мяне. Прыязджаю неяк увечары на лецішча, а яны ўдваіх з напарнікам маім, Артурам, на канапе...

Разьвіталіся з ёю, пайшоў я з працы. Ды так цяжка далося расстаньне, што ажно хваробіну праз яго зарабіў: сэрца ные, ціск то высокі, то, наадварот, нізкі, галава трашчыць, як з бадуна, млявасьць. А галоўнае – страх нейкі незразумелы, бы птушаня тое, дачасна з гнязда выпхнутае, скоўвае. Да лекара пайшоў, а ён кажа: «Неўроз у вас, трэба варункі жыцьцёвыя часова зьмяніць. Зьезьдзіце куды, праветрыцеся, і ўсё наладзіцца». Тут акурат ліст той самы ад дзеда паштарка прыносіць. Падумаў я, памеркаваў і вырашыў ехаць. З паперамі, праўда, намітрэнжыўся, пакуль пашпарт ды візу афармляў, але яно і добра, можа: нішто ж так ад болькі не адцягвае ўвагу, як неспадзяваная турбота.

Прыязджаю, значыцца, у Парыж. Сваяк як роднага спаткаў: сустрэў на станцыі, прывёз на таксі дадому. Дзядку пад восемдзесят, сапраўды, але рухавы яшчэ, бачу, бадзёры. Жытло ж так сабе: два пакойчыкі ў аддаленай акрузе, дом стары. За дарогу мне далярамі сплаціў, павёз на падземцы горад глядзець. Пашвэндаліся пару гадзінаў, вярнуліся дахаты, спаць леглі. А назаўтра, гляджу, – валізу стары пакуе. Ад’ехаць, кажа, мушу на некалькі дзён, дык за гаспадара пабудзеш. Паказаў, што і як рабіць, дзьвесьце франкаў пакінуў на кішэнныя выдаткі і паехаў.

Вось сяджу я ў самоце ў пустой кватэры, гляджу, як народ за вакном сюды-туды сноўдае. На дварэ – бы ў Афрыцы, мурынаў ды метысаў паўнютка, рухлівыя ўсе, гаманкія. Справа ад вакна ўваход у метро зялёнаю пашчаю зеўрае. Ня надта весела, адно добра: крамка побач, па правіянт далёка цягацца ня трэба. Пасядзеў я гэтак гадзіны з тры ў кватэры, схадзіў у краму ды вырашыў у цэнтр гораду па сьлядах, з дзедам Жульенам – тут так яго завуць – напярэдадні пракладзеных, прашпацыраваць. Дзьверыну прымкнуў – і на двор, у метро затым.

Еду сабе. У метро іхнім дзьверы не механічна, як у нас, а ўручную адчыняюцца. Завалаводзіўся я на выхадзе з ручкай і праехаў станцыю перасадкі. Мусіў з наступнай на тую Насьён вяртацца. Па перасадцы сяджу ў вагоне, прыпынкі чытаю на табло. Да вежы пад’ехалі, народ паваліў з вагону, і я за ўсімі.

Ля вежы гамэрня, тлум. Азіяты з маляваньнем чапляюцца, тут жа, збоч набярэжнай, накіды партрэтаў за дзясятак франкаў робяць. Пацёрся я з паўгадзіны ў натоўпе ды дай, думаю, яшчэ куды хіснуся. Мапу лініяў метро разгортваю, каб паглядзець маршруты, па кішэнях мац – няма акуляраў, забыўся ў дзедавай кватэры. Надпісы ж на мапе драбнюткія, хоць трэсьні ад напругі, – не прачытаеш. Сяк і так круціў яе, і пад ліхтар падыходзіў, і з адлегласьці (дальназоркасьць у мяне) зырыў – ня даў рады прачытаць. Тут чую раптам: па-польску нехта побач размаўляе. Азіраюся: маладзіца цыбатая цётцы нейкай штосьці тлумачыць. Я да маладзіцы. Так і так, маўляў, ці не падкажаце, як да Сюртэ – першае, што ў голаў узьбілася, жэкнуў – трапіць.

– Да Сюртэ? – дзівіцца яна. – Няйначай вы дэтэктываў старых начыталіся. Усе на Рывалі ці яшчэ куды плішчацца, а вам Сюртэ давай... З Усходу будзеце?

– Праўда ваша, – кажу. – А як вы здагадаліся?

– Па вымаўленьні, – адказвае. – Я з Польшчы на дваццатым годзе зьехала, дык нюансы гаворкі няблага ўлоўліваю. Да Сюртэ, кажаце? Мне да Нотр-Дама, а гэта тамсама, дык магу прыхапіць вас з сабою. Але толькі пешкі пойдзем. Згодныя?

– Канешне. З такой прыгожай дзяўчынай...

– Жанчынай, паночку, я ўжо двойчы была замужам.

– А я – нежанаты.

– Значыць, пашэньціла... Ня бойцеся, я горад няблага ведаю, трэці год тут жыву. Пойдзем уздоўж Сены.

Вось ідзем. На набярэжнай ціха, адно лісьце (сярэдзіна кастрычніка) шорхае пад нагамі ды вада, чутно, б’ецца ў рацэ аб бетон.

– Вунь ваша Сюртэ. Хочаце – збочым, тут побач вельмі прыгожы раён.

– Праўда, золатам нібыта аддае.

– Ня золатам, а цытрынаю. Так Джойс пісаў. Вы чыталі Джойса?

– Не.

– І добра, што не чыталі. Бзікі генія. Усе кажуць, бытта цікава, а самі адно і чытаюць – як яна ў ложку з мужам... Дарэчы, мяне Мары зваць. А вы што – ні зюк па-французску?

– Ні зюк.

– Кепска. Давядзецца мне паапекавацца вамі. Ці, можа, маеце ўжо апякунку?

– Апекуна. У сваяка гасьцюю, дык апякуецца.

– Што ж, таксама няблага.

Дзесяць хвілінаў гэтак шпацыруем, гамонячы, паўгадзіны і вось на вуліцу шырокую, самалётамі з абодвух бакоў, як на аэрадроме, застаўленую, узьбіваемся.

– Выстава. – Мары моршчыцца, глядзіць пад ногі. – Абутак зблоціла новы. Французьзё гэтыя. Не каб траву якую пасеяць – жвірам пасыпаюць усюды. Парыж, называецца. Добра, прыцемкі, ніхто ня бачыць. Колькі часу?

– Бяз чвэрці шэсьць.

– Мне дахаты трэба.

– Вы ж да Нотр-Дама зьбіраліся, – нагадваю.

– Перадумала, не выпадае сёньня. А вы можаце са мною ехаць і на наступным прыпынку выйдзеце...

– Я таксама перадумаў. Паеду дахаты.

– Гэта куды?

– На вуліцу Аўрон.

– Дык мы суседзі! Я на бульвары Даву, ці ня ў двух кварталах ад вас, жыву. Добра, едзем разам, весялей будзе. – Мары выцірае сурвэткай туфлі, крочыць да ўваходу ў метро.

У метро тлумна і даволі сьцюдзёна і ўсё ж утульней, як на дварэ. Бруднаватага колеру састаў вымыкаецца з тунелю, і мы апынаемся ў вагоне. І праз чвэрць гадзіны, не прамовіўшы за ўвесь гэты час адно да аднаго ні слова, пад’язджаем да патрэбнай станцыі. Выходзіць нам таксама разам, і я падаю Мары руку.

– Можна вас праводзіць?

– Можна, – згаджаецца яна і ідзе да сходаў. – Толькі ж глядзіце не заблудзіцеся. Пешкі прыцемкам у гэтым раёне швэндацца ня раю. Арабы і чорныя вас ня любяць.

– Чаму?

– Мабыць, адчуваюць канкурэнцыю, ці яшчэ што... Вас жа ого колькі зараз з Усходу. А вунь мая кавярня. Там я працую.

– І што робіце?

– Я ж кажу: працую. Афіцыянткай і крыху прыбіральшчыцай.

– Вы – прыбіральшчыцай?

– А што? Я не такая багатая, каб грэбаваць хоць якім заробкам. Хоць, паверце, і лепшыя часы зьведала. Бацька на радзіме ў ПАРП рабіў, штогод да знаёмых у Саюз езьдзіў. Па пятнаццаць-дваццаць найменьняў залатых вырабаў за адзін ваяж прывозіў употайкі на продаж. На мяжы пасьведчаньне партыйнае торкне мытніку, той і прапусьціць бяз догляду. Таму на час, калі ўсё кулдыхнулася, мы пры грашах былі. А потым... – Мары змаўкае, хмурнее. – Словам, няшчасьце... Бацька ў аварыю трапіў, павезьлі на лячэньне ў Жэневу да знаёмага лекара-паляка. Ды не ўдалося ўратаваць, памёр бацька. Неўзабаве і матка сьледам пайшла. А тым часам грошыкі скончыліся, вось я і пераехала сюды да цёткі. Нумар тэлефону вам даць?

– Буду вельмі ўдзячны.

– Які вы цырымонны! Наце. Можаце патэлефанаваць заўтра, а захочаце... Ат, як хочаце, самі глядзіце.

Яна паварочваецца да мяне сьпінаю, шчоўкаючы абцасікамі па засьмечаным ходніку, зьнікае ў праёме між будынкамі. Цытрынава-залаты горад, не зважаючы на страту, што засьпела мяне толькі што пасярод вуліцы, адзываецца насустрач абыякавым гулам падземкі.

Самотны вечар пры экране тэлека – ня самы лепшы занятак для бязмоўнага чужынца ў такім месцы, як Парыж. За вакном віруе разнаколернае вечаровае жыцьцё, а ты адно і маеш радасьці, што сузіраць яго аскепкі на экране, і добра, калі то яшчэ не якая-небудзь палітычная дыскусія з удзелам субтыльнай, як во гэтая, мадам, што так і сыпле фразу за фразай, імпэтна памагаючы сабе жэстамі, раз-пораз кідаецца ў слоўную бойку з гэткім жа апантаным, як сама, апанентам.

Імя мадам – Мары. Такое ж – адно з падвойнага – у дыктаркі. Усе яны тут Мары, ці што?

Ма-ры.

Рука мая міжволі цягнецца да слухаўкі тэлефону.

– Гэта Мары?

– Так. А, вы... Добра, што патэлефанавалі. Я якраз пра вас згадвала.

– Што-небудзь благое?

– Не. Думала, чым вы займаецеся. Ну, там, дома ў сябе...

– Кампутарамі.

– Гэта добра.

– Чаму?

– Гуманітарыі зашмат гамоняць і мала робяць. Прабачце, атрымалася неяк двухсэнсоўна. – Паўза, сьмех. – Дык калі мы зноў сустрэнемся?

– Заўтра можна?

– Можна. У мяне першая зьмена, пасля чатырнаццаці я вольная. Можам спаткацца там, дзе сёньня разьвіталіся. Вам зручна будзе?

– Зручна.

– Тады да сустрэчы.

– Да сустрэчы.

Пі-пі...

Галава... Ціск, напэўна...

Субтыльная мадам, відаць, ніколі ня сыдзе з экрану.

Вечар цягнецца марудна, ды гэта ўжо зусім ня тое, што пяць хвілінаў таму, зусім ня тое.

У кавярні цёпла, але занадта тлумна: пайшоў дождж, і ўсе рынуліся сюды ратавацца ад яго.

– Не люблю гамэрні, – кажа Мары і абводзіць вачыма цеснае, запоўненае людам памяшканьне. Затым рэзка падхопліваецца з-за століка, ідзе да выхаду. Мне нічога не застаецца, як ісьці сьледам.

Вулка, на якую трапляем ледзь не з дзьвярэй кавярні, занадта стромая, і Мары, каб не спатыкнуцца на абцасах, бярэ мяне пад руку.

– Як вам Сакрэ-Кёр?

– Нішто. Шкада, мала тут пабылі.

– У Бога дзён многа. Хочаце, пакажу Пігаль. Чулі пра яе?

– Крыху.

Плошча, шэрая і зусім, у адрозьненьне ад усяго тут, не цытрынавая, мяне ня ўражвае, і я кажу пра гэта Мары.

– Таму што сьветлавата і ніводнае дзеўкі наўкола, – жартуе яна і дадае: – А можа, таму, што я побач...

Яна сьмяецца. І сьмех яе, абрывісты, крыху нярвовы, гучыць як абяцаньне. Я схіляю голаў да яе твару, лёгка, бы незнарок, дакранаюся даланёй да пляча.

– А вы чульлівы, – кажа яна і запальвае чарговую, можа, ці ня трэцюю за паўгадзіны, цыгарэту. – Куды зараз? Шкада, надвор’е сапсавалася.

– Можна паехаць да мяне, – ня надта спадзеючыся на згоду, кажу я.

– Можна, – нечакана згаджаецца Мары і накіроўваецца да ўваходу ў метро.

Амаль ля самага дзедавага дома нас зноў засьпявае дождж. Мары прыхінаецца да мяне, і я выразна адчуваю праз тонкую кофту дотык яе гру­дзей. Двое арабаў, што сядзяць нерухома ля ўваходу ў гатэльчык побач з маім пад’ездам, зачуўшы чужынскую гаману, падымаюцца, праводзяць нас няўхвальнымі паглядамі.

– Які паверх?

– Другі.

Понізу дзьвярэй з кватэры ў калідор прабіваецца пасак сьвятла. Гэта дзіўна: адыходзячы ўранку, я, добра памятаю, сьвятло скрозь павыключаў.

– Ты? Прывітаньне! – Дзед Жульен муляецца, адступае ў глыб калідора. – Даруй, такая неспадзяванка, сябар з сынам прыехаў з вёскі, напрасіўся ўнаначкі. Мы на Монтэ-Касіна разам ваявалі. Дык ня мог жа я адмовіць. Так што завяду цябе ў гатэль, да Ахмеда. Ён мне вінен сёе-тое, бяз платы пусьціць. Ураньні сябрук мой зьедзе, і ты вернешся. Толькі адну ноч... Прабач. Ты не адзін?

– Гэта Мары, – кажу я і, быццам імкнучыся загладзіць немаведама якую правіну, дадаю: – Яна полька.

– Амаль землякі, вось і добра...

Дзед выводзіць нас з Мары на двор, загадвае чакаць яго, а сам тэпае ў гатэль. Праз вакно бачна, як ён, пакашліваючы ў кулак, даводзіць штосьці ў рэцэпцыі сярэдніх гадоў арабу. Той згодна хітае галавою, з цікавасьцю зіркае раз-пораз на мяне і Мары. Дзед дае нам знак, каб уваходзілі, і вось мы ў фае. Мужчына здымае з дошчачкі ключ на агромністай, морквінаю, бірульцы, падае мне.

– Мерсі.

– Пожалюста, – адказвае ён і, пацешыўшыся хвіліну з майго зьдзіўленьня, гучна зазначае: Россия – хорошо... Я учился в России. Доброй ночи!

— Я з Беларусі, — удакладняю я, і ён зьдзіўлена міргае вачыма. Затым мы па чарзе разьвітваемся з дзедам Жульенам, ідзем да вінды.

Цесная кабінка з дыванком на падлозе паволі сунецца ўгору, спыняецца акурат насупраць дзьвярэй.

Нумар, як і кабіна вінды, вельмі цесны: дваім між сьцяною і ложкам не разьмінуцца. Да таго ж з вакна даносіцца несупынны гул. Мары зачыняе вакно, кладзецца дагары на адзін з хісткіх, накрытых прапаленаю капай ложкаў.

– Здымі мне туфлі, – кажа і падымае ногі на канапу.

Пацалунак доўгі і жарстлівы, як доўгачаканы сонечны прамень сярод дажджлівых дзён.

– Пачакай, я памыюся.

Яна ідзе ў ванны пакой, не зачыніўшы за сабой дзьвярэй, адкручвае кран. Рэдзенькая пара, перакотваючыся хвалямі, паволі выплывае ў ка­лідор. Яе покліч уладны і патрабавальны. Я зрываю з сябе адзеньне, ня бачачы нічога перад сабою, кідаюся ў яго салодкія, як водар парыжскіх бульвараў, абдымкі.

Мы моўчкі ляжым на ложку, думаем кожны пра сваё. Нарэшце Мары падымаецца.

– Куды ты? – Я абхопліваю яе за стан, прыціскаю да сябе.

– Пусьці! – Яна шнарыць рукою ў сумачцы, дастае футарал з танометрам. – Ціск трэба зьмерыць…Раптам падскочыў з такое валтузьні...

Зашчапка змыкаецца на запясьці, апарат, памаўчаўшы хвіліну, выдае танюткі піск.

– Кепска: сто сорак на дзевяноста. Хочаш, табе зьмерым.

– У мяне будзе нізкі, я ведаю.

Яна прышпільвае апарат мне да рукі, засяроджана глядзіць на лічыльнік.

– Сапраўды: сто дзесяць на семдзесят.

– Я ж казаў… Ты што, заўсёды носіш танометр з сабою?

– А што тут дрэннага? Мала што можа здарыцца ў любую хвіліну, і думай тады, куды кінуцца.

– Дзіўная ты…

– Дзіўная? Яшчэ скажы – дзівакаватая! Усё. Я пайшла! Пашукай сабе іншую… нармальную.

– Мары, ты што? – Я хапаю яе за руку, каб утрымаць, але дарэмна.

Яна апранаецца, ідзе да дзьвярэй.

– Мары!

Я выскокваю сьледам за ёю ў калідор, але ў ліфт уціснуцца не пасьпяваю. А калі зьбягаю на дол, каб хоць па-чалавечы разьвітацца, яе ўжо там няма.

– Была и нет, – саркастычна ўсьміхаючыся, кажа Ахмед. – У этих комюнистов такие красивые дочки!

А дзясятай раніцы дзедавы госьці адыходзяць, і я зноў вяртаюся ў кватэру. Дзед стаіць ля пліты, смажыць яешню.

– Ну, як было ў гатэлі? Добра спалася?

– Добра.

– Чаму такі сумны? Не паладзіў з дзеўкай? Нічога, здараецца. Схадзі куды-небудзь. У Луўры па абедзе квіткі напалову таньнейшыя, як зранку.

– Лепш проста пагуляю на вуліцы.

– Як хочаш. Толькі не бадзяйся доўга.

На дварэ смужна, але цёпла, ад раўчукоў збоч вулкі падымаюцца ўгору і тут жа расьсейваюцца, падхопленыя вятрыскам, клубы пары. Ля дзьвярэй кавярні, дзе працуе Мары, малады араб у бэжавай камізэльцы чытае газету. За вакном – Мары, яна стаіць сьпінаю да ўваходу, разьлівае па кубках пітво. Хлопец-араб адрываецца ад чытаньня, лёгкая ўсьмешка крывіць яго і без таго крываватыя, са шнарам ад носа да падбароддзя, вусны. Ён колькі хвілінаў пранікліва глядзіць на мяне, затым кідае газету ў сьметніцу, зьнікае за домам.

– Ты? – Мары выпростваецца, прыкрывае далоньню гузак на левай скроні.

– Хто гэта зрабіў?

– Муж, хто яшчэ. Гаспадар гатэлю перадаў яму, што бачыў мяне з табою. – Яна з трывогаю зіркае ў вакно, закрывае гузак пасмаю валасоў. – Чаго ты прыйшоў?

– Пабачыць цябе. Учора гэтак не па-чалавечы разьбегліся.

– Вось зараз прыляціць мой, будзе табе – па-чалавечы!

– Ты не сказала, што замужам…

– Як гэта не сказала? Чым ты слухаў? Сказала: была двойчы. Наогул, мы з Люка даўно разышліся, але ён працягвае лічыць мяне сваёй уласнасьцю. Слухай, прашу цябе: ідзі адсюль і больш не вяртайся, ня то будзе блага. У Люка ўсюды сябры, ад іх не схаваешся. Я не хачу, каб у цябе праз мяне былі непрыемнасьці. Ідзі!

– Мы маглі б паспрабаваць…

— Што паспрабаваць? Сустракацца далей? Які ў гэтым сэнс? Да таго ж мы зусім розныя. У мяне сто сорак ціск, у цябе – сто дзесяць… – Яна схіляецца да майго пляча, падштурхоўваючы да выхаду, дакранаецца даланёю да шыі. Лёгкі, бы дотык крылаў анёла, пацалунак апякае маю шчаку: — А можа, наадварот, — занадта падобныя… Бывай!

— Бывай! – кажу я паўжартам: мне ўсё яшчэ здаецца, што гэтая разьвітальная сцэна – проста гульня.

– Шкада, што так … – Дзед Жульен запавольвае крок, глядзіць з-пад рукі на вежу. – Спадзяюся, табе падабаецца Парыж?

– Падабаецца. Рай цытрынавага колеру.

– Што-што?

– Вельмі прыгожы горад.

– А-а… Ну, добра.

Стары ідзе назад, я, счакаўшы хвіліну-другую, зварочваю ў двор Мары… Дзьверы адчыняе высокая худая жанчына са стомленым, крыху пагард­лівым позіркам.

– Я хачу пабачыць Мары, мадам, – апярэджваючы запытаньне па-французску, кажу я па-польску. – Яна дома?

– Мары ўжо два дні як у Польшчы. – Жанчына недаверліва глядзіць на мяне. – А вы хто будзеце?

– Яе прыяцель.

– Вы спазьніліся. – Вусны жанчыны кранае ўсьмешка. – Вось так.

– Прабачце.

– Нічога. – Яна адступае ад дзьвярэй, пасоўваецца да самага парогу, моцна трымаецца за зашчапку, нібыта баіцца, каб я сілаю не ўварваўся ў кватэру, дадае: – Калі вы ад Люка, перадайце яму, што Марыся больш ні ў Парыж, ні тым больш да яго ня вернецца.

Так усё і скончылася. Я зьехаў з Парыжу на наступны дзень пасьля размовы з кабетаю і больш пра Мары нічога ня чуў. Неяк напісаў дзеду Жульену, прасіў, каб даведаўся пра яе, але было запозна: ліст вярнуўся з пазнакаю «адрасат памёр».

Цяпер я працую ў тым самым банку, што і раней. У вольны час памагаю ўсё той жа начальніцы ўходжвацца на лецішчы. А калі яе патрабавальнасць робіцца невыноснай, дастаю танометр і мераю сабе ціск. Яна просіць зьмерыць і ёй. Я раблю гэта ахвотна, бо кожнага разу, седзячы насупраць яе і ціскаючы грушу танометра, бачу перад сабой Мары. Праўда, з кожным днём усё менш і менш выразна. Магчыма, настане дзень, калі ўвогуле перастану бачыць. І тады, верагодна, горкі досьвед, нарэшце, перастане мець нада мною такую ўладу, як зараз. Верагодна…


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster