|
Віктар Вальтар
Роджаныя пад Сатурнам
Працяг раману
Публікацыя
Сяргея Панізьніка.
* Часопісны варыянт.
Працяг. Пачатак у № 3 (16),
№ 4 (17)
V.
«Дачка папа, — думаў Тугоўскі, застаўшыся адзін пасьля адходу Кірылы. — Ну няўжо такое магчыма? Як жа пасьля гэтага растлумачыць яе сацыялістычныя перакананьні? Магчыма, нейкія вялікія рэвалюцыйныя падзеі мелі ўплыў на яе жыцьцё і вытвар яе сьветапогляду». І ён пачаў маляваць сабе гумарыстычны малюнак свайго каханьня да дачкі папа. Запраўды, як быў бы зьдзіўлены поп, каб яго дачка прывяла ў хату мужа — сына чорнаработніка, з якім яна ўзяла шлюб па правілах царквы… Магчыма, як сацыялісты, яны запісаліся б толькі ў шлюбным аддзеле пражскай мястовай управы.
Тугоўскі маляваў сабе малюнак за малюнкам свайго побыту ў доме Вярхоўскай і ўсё больш пачынаў разумець, што каханьне яго безнадзейнае, што кахаць дачку папа ён ня можа. Але, з другога боку, ён адчуваў, што каханьне ня так лёгка адкінуць, што Вярхоўская напоўніла ўсю яго істоту, усе яго думкі сваім прыгожым вобразам, што ён кахае яе незалежна ад таго, хто яна такая: дачка папа ці якога-небудзь чорта. Калі б толькі на яго каханьне яна адказала ўзаемнасьцю, калі б яна пакахала яго, тады ня страшны былі б лаянкі яе бацькі-папа ці якія-небудзь іншыя перашкоды на сьвеце... У яе каханьні засталася цяпер яго адзіная надзея. Што значыла для яго грамадская справа і ўсе справы яго як грамадскага дзеяча, калі ён быў нешчасьлівы, калі яму бракавала самага звычайнага маленькага асабістага шчасьця. У рэшце рэшт кожны чалавек жыве для самога сябе. Праўда, ён згодны з Кірылам, што ня ўсё толькі для самога сябе — трэба падумаць аб агульных справах, трэба думаць тады, калі палагоджана сваё асабістае. Пакуль чалавек чуе сябе нешчасьлівым, ніякія грамадскія справы не дадуць яму шчасьце. «Людзі на зямлі адны — вось бяда!» — казаў калісьці філосаф, і запраўды, нягледзячы ні на якія грамадскія арганізацыі, справы, хаўрусы, — у кожнага чалавека ёсьці куток свайго «я», цёмны куток, куды ніхто не заглядвае. Чым больш чалавек нешчасьлівы — тым больш ён адчувае адзіноту, тым больш ён бача, што грамадскія арганізацыі — пусты гук, простая фікцыя! Але ён ня хоча быць адзінокі, ён ня хоча быць нешчасьлівы. Ён усё ж ткі хоча мець асабістага шчасьця толькі ў такой меры, каб мець цьвёрды грунт для змаганьня за шчасьце ўсіх, за шчасьце цэлага народу. А гэтае жаданьне не такое ўжо вялікае, толькі б яго пакахала Вярхоўская. Яму здавалася: тады ён паверыў бы ў сваю вартасьць, тады быў бы шчасьлівы — і тады мог бы стаць сябрам «Грамады» Кірылы. Ён пачаў дзейна рыхтавацца. Яго лёс — там ён пабачыць ці можа кахаць Вярхоўская. Першы раз у сваім жыцьці Тугоўскі рашыў ужыць парфумаў. Але студэнцкія рэсурсы дазволілі яму купіць толькі маленькую бутэлечку самых дрэнных пахучых зёлак. Перад ад’ездам на вечарыну ён выліў усю бутэлечку на свой касьцюм, выпрасаваны ўласнай рукой, і, стаўшы нейкім дзівам — ад паху такога трэба было ўцякаць за вярсту, — ён выйшаў вясёлы з інтэрнату. Каб не спазьніцца, ускочыў у трамвай, адразу заліўшы яго сваім пахам. Нейкі стары, які сядзеў каля яго, аж пачаў задыхацца і, увесь зморшчаны, некалькі разоў азірнуўся на Тугоўскага. Нарэшце ён ня выцерпеў і голасна на ўвесь трамвай прахрыпеў: «Фуй, сядзець няможна. Вы так напарфуміліся, чалавеча, што я дыхаць не магу». Усе засьмяяліся на чале з праважатым вагону. Тугоўскі пачырванеў. Ён толькі засьмяяўся і адсеў далей ад старога. Нарэшце трамвай спыніўся каля блішчэўшага агнямі вялікага будынку «Чэшска-Рускай Едноты». Прыгожыя сінія і чырвоныя ліхтары качаліся каля пад’езду і лілі на белы сьнег свае дзіўныя чырвона-сінія праменьні. Некалькі аўтамабіляў стаяла каля ўваходу, выстраіўшыся ў адну лінію. Разубраны шумны натоўп падымаўся ўверх па засланай каберцам драбіне ў залітую сьвятлом залу. Дамы ў раскошных вячэрніх туалетах, мужчыны ў фраках, візоўках і смокінгах, вайсковыя ў сваіх бліскучых мундзірах, студэнты ў простых, выдадзеных камітэтам касьцюмах; усе плылі з шумам, сьмехам, знаёмячыся і затрымліваючыся на хаду, плылі безупынна, запаўнялі ўсю залу да кружэньня галавы пахам парфумы. Зала была невялікая, пры гэтым большасьць зьявіўшыхся была ўжо знаёма паміж сабой, так што тут адразу запанавала атмасфера сяброўскай утульнасьці. У першых радах, перад невялікім памостам для сцэны, расьселіся прафесары універсітэту, чэхі і расейцы. Перад імі стаяў чырвоны і прыгожы, з бела-чырвона-белым беларускім значком у пятліцы фрака прафесар расейскай літаратуры Карлавага універсітэту крытык і публіцыст Ляцкі. Каля яго ўвесь час круціўся вясёлы, «даўгагрывы» беларускі студэнт Тамашэвіч, гаспадар сёньняшняга вечару. Ён аб нечым раіўся з прафесарам Ляцкім — нешта вясёла тлумачыў яму, падыходзіў да чэшскай і расейскай прафесуры ў першых радах. Беларускія студэнты ў поўным сваім ліку разьмясьціліся сярод гасьцей у розных мейсцах залы. Тугоўскі агледзеўся. Ён убачыў толькі што ўваходзіўшую Вярхоўскую і падышоў да яе, каб дапамагчы распрануцца. Яна была ў раскошным бальным убраньні, з голымі рукамі, з вялікімі бантамі, з нейкімі хвастамі й стужкамі, з гарэўшымі на ўбраньні брошкамі й перламі. Як перлы, можа быць яшчэ больш яскрава, гарэлі яе глыбокія вочы. Яны ўвайшлі разам у залу, і дзясяткі вачэй акінулі іх. Па зале адразу панёсься шэпт беларускіх студэнтаў: «Тугоўскі з Вярхоўскай». У гэткім шэпце пачуліся быццам злосныя насьмешкі, і сэрца Тугоўскага сьціснулася ад болю. Ён крадком зірнуў на Вярхоўскую, але яна была занята сваімі думкамі, а можа быць, выдавала так, што была чымсьці занятая, й яны моўчкі падышлі да крэслаў і селі. У зале патушылі агні. Знакаміты чэшскі квартэт філармоніі пачаў свой канцэртны выступ. Такой музыкі яшчэ ня чуў Тугоўскі. Ён слухаў, як заварожаны, падымаючыся на такую нябесную вышыню, што запамятаваў аб усім на зямлі, нават аб тым, што побач з ім сядзела Вярхоўская. Калі квартэт закончыў граць і ў зале стала зноў сьветла, — гром воплескаў загрымеў з усіх куткоў. Чэхі пакінулі залу пад буру авацыяў. У гэты час падняўся на сцэну высокі і прыгожы прафесар Ляцкі. Ён паведаміў прысутным, што зараз выступяць беларусы, што беларусы — адзін са славянскіх народаў, які мы яшчэ мала ведаем. Ён доўга казаў пра беларусаў, пра беларускую літаратуру, беларускі рух.
— Будзем спадзявацца, — закончыў ён, — што новае пакаленьне беларусаў, узгадоўваючыся ў Празе Чэшскай, ня будзе належаць да тых, якія супольнічаюць з іншымі, больш старымі суайчыньнікамі…
— Ты чуеш, што ён кажа? — досыць голасна сказаў да Тугоўскага сядзеўшы сьпераду Станкевіч. — Гэта ж, я разумею, з такімі асобамі можна арганізоўваць вечарыну? Тамашэвіч — здраднік пасьля гэтага.
Ён пачаў шукаць сярдзітымі вачамі Тамашэвіча, гатовы, здаецца, накінуцца на яго. Тугоўскі спужаўся, думаючы, што Станкевіч зараз падыме скандал і ўстане з прафесарам у спрэчкі. Але прафесар скончыў пажаданьнем посьпеху беларусам у іх культурнай працы. Станкевіч змаўчаў; прафесару плёскалі ў далоні ўсе, апрача беларусаў. Як толькі ён сышоў са сцэны, пачаў зьбірацца беларускі хор. Па тварах яго здольнікаў было відаць, што яны прыкметна ўзрушаны перад незвычайнымі слухачамі. Хваляваньне хору перадалося ўсім беларускім студэнтам.
— Ах! — зашаптала Вярхоўская. — Маё сэрца замёрла: сапсуюць.
— Ну, ня будзем хвалявацца, — шапнуў Тугоўскі, пахісьняючыся да яе, — можа быць і нічога.
Паволі, крыху хвалюючыся, хор пачаў:
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе…
І ўсё вышэй падымаўся, здаецца, у самае неба і з моцнай верай загрымеў голас, патрасаючы сьцены залы й людскія душы:
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі…
Першае хваляваньне прайшло. Вярхоўская ўздыхнула й прашаптала: «Нічога. Я думала — будзе горш». Хор усё больш і больш прамаўляў да слухачоў; здавалася, што з грудзей кожнага сьпевака вырывалася слова з асаблівым націскам, з асаблівай верай у прыгажосьць песьні.
Хацелася верыць, хацелася плакаць ад радасьці, што гэта так будзе, інакш і ня можа быць:
Зацьвіце наш край, як сонца,
Пасьля непагоды…
І разам з хорам уся істота — радасная, шчасьлівая, узмацаваная, падымалася на крыльлях да сонца, з гімнам неўміручай праўды:
Ў роўнай сіле, ў роўнай праўдзе,
Між усіх народаў…
Загрымелі воплескі. На ўсіх слухачоў, ніколі ня чуўшых беларускай песьні, хор зрабіў добрае ўражаньне. Прафесары універсітэту зашапталіся, сталі пахіляцца да прафесара Ляцкага і аб нечым пытаць яго. Хор пачаў новую песьню, народную: «У гародзе рута-мята». Вельмі прыгожа і міла тэнары пачалі:
У гародзе рута-мята засаджоная.
Маладая дзяўчынанька, заручоная…
Ураз усе весела й бадзёра падхапілі:
Часалася, умывалася,
На рынак пайшла…
Спачатку было сьмешна. Тугоўскі пераглянуўся з Вярхоўскай, усьміхаючыся, калі тэнары пачалі зноў:
Як сустрэла дзяўчыначка
Ды трох малайцоў…
І зноў усім хорам, асабліва падтрыманыя добрымі басамі, падхапілі:
Адзін вядзе за ручаньку,
Другі за рукаў.
Трэці стаіць, сэрца баліць:
— Любіў ды ня ўзяў!
З гэтымі словамі ў сэрца Тугоўскага папоўз, як шэры туман, няўцішны сум. Яму пачало здавацца, што сьпяваюць якраз пра яго. Ён напружана прыслухоўваўся да слоў песьні:
Карміў, паіў дзяўчынаньку,
Чаіў за сябе,
Засталася дзяўчынанька
Людзям, ды ня мне…
І зусім сумна, так, што нават у яго накруціліся на вачох сьлёзы — толькі добра, што ў зале было цёмна і ўсе глядзелі на сцэну, — ён прыняў апошнія словы песьні:
Шкада, шкада маіх ручак,
Што я абымаў.
Шкада, шкада маіх губак,
Што я цалаваў…
А басы яшчэ больш прабівалі сэрца, падхопліваючы далікатныя гукі тэнараў:
Ой, шкада, шкада…
Запраўды, Тугоўскаму было шкада, шкада таго, што яго каханьне заставалася яшчэ не пачутае, не зразумелае, не разгаданае. Нарэшце, хор скончыў. Воплескам не было канца. Вярхоўская пляскала ў далоні і, сьмеючыся, казала Тугоўскаму:
— Крычыце «біс».
— Не, — адказваў Тугоўскі, — зьмест песьні вельмі закранае мяне асабіста, не хачу больш яе. Інакш вы прымушаеце мяне плакаць.
— Праўда? Я б хацела гэта пабачыць, — засьмяялася яна зноў.
У гэты момант яе вочы на кімсьці спыніліся ў зале, і яна раптам замоўкла і стала сур’ёзнай. Тугоўскі з трывогай паглядзеў у той бок, куды глядзела яна, і заўважыў Загорскага. Ён быў прыгожы й бліскучы ў гэты момант. Ядвабныя лацканы смокінга блішчэлі пры сьвятле электрычных лямп, як стужкі якога-небудзь дыпламата, працягнутыя праз грудзі. Ён сам азіраўся па ўсёй зале, шукаючы кагосьці й робячы выгляд, што яму на гэтым беларускім вечары вельмі сумна. Па яго блукаючых поглядах было відаць: ён, напэўна, не заўважыў Вярхоўскую.
А ў гэты момант Тамашэвіч думаў зьдзівіць Прагу, ён чытаў толькі беларускія казкі. Тугоўскі мала слухаў яго чытаньне. Ён толькі ўглядаўся ў сядзеўшую Вярхоўскую і дзівіўся таму, што яна стала сур’ёзнай і маўклівай. Відаць, і яе мала цікавіла чытаньне Тамашэвіча. Яе думкі лёталі, як птушкі, далёка ад гэтай залы, ад гэтых казак, дзесьці ў мінулым. Але яна сьмяялася разам з усімі ў тых месцах, дзе чытальнік сьмяяўся сам. «Хутчэй бы скончыў, – падумаў, гледзячы на яго, незадаволены Тугоўскі. — Запраўды — «беларуская балалайка», — успомніў ён словы «айца» Кірылы. Тамашэвіч нарэшце скончыў. Вярхоўская вітала яго воплескамі, але бачылася, што яна была зусім абыякавай да выступу Тамашэвіча. Зараз жа быў абвешчаны перапынак на паўгадзіны. Публіка, быццам толькі гэтага чакаючы, хлынула ў дзьверы. Бліскучыя дамскія туалеты і вайсковыя мундзіры зьліваліся з простымі студэнцкімі касьцюмамі. Пары рабілі туры па прыгожай невялікай зале з калонамі. Тугоўскі йшоў у пару з Вярхоўскай. У гэты вечар ён ня мог скардзіцца на свой лёс. Ён нават прайшоў некалькі тураў, як раптам здарылася зусім неспадзяванае. Прарываючы натоўп, пасьпешна, хутка, як разразаючы ваду, нёсься да іх праз залу бліскучы, прыгожы, чуўшы сябе на вечарах, як рыба ў вадзе, Загорскі. Ён падышоў да іх неяк бокам і, ня гледзячы на Тугоўскага, не прывітаўшыся з ім, быццам там было пустое месца, паглядзеў з усьмешкаю на Вярхоўскую і сказаў:
— Выбачайце, Галена Уладзіміраўна…
Па яе твары Тугоўскі заўважыў, што яна адклікнулася з радасьцю.
— Выбачайце, — прамовіла яна й пайшла з Загорскім рабіць колы па зале. Тугоўскі адышоў да адной з калонаў, адразу губляючы ўсю сваю прысутнасьць духу, якая зьявілася ў ім, калі ён гуляў па зале з Вярхоўскай. Яму зноў здалося, што рукі ў яго доўгія, ногі крывыя і ён сам зараз вельмі сьмешны ў гэтай зале з калонамі. Яму здавалася, што ўсе глядзяць на яго, сьмяюцца. Ён канчаткова зьмяшаўся. Ногі яго сталі быццам сьвінцовымі й прырасьлі да падлогі, рукі прыліплі да калоны: ён стаяў, упіўшыся паглядам у Загорскага. Хвіліны здаваліся доўгімі, як вечнасьць. Тугоўскі спадзяваўся, што непрыемнае становішча скончыцца: яшчэ хвіліна, другая, і Вярхоўская вернецца да яго. Але праходзілі хвіліны, а Вярхоўская ўсё гуляла па зале з Загорскім; здавалася, Загорскі дэманстратыўна й насьмешліва праходзіў блізка да калоны, каля якой сумна стаяў Тугоўскі. Ён аб нечым рухліва апавядаў, аб нечым сьмяяўся, йдучы ў нагу й далікатна падпіраючы локаць яе левай рукі. Вярхоўская, здавалася, была радая. Яна часта сьмяялася й кідала на Загорскага зьдзіўленыя погляды. Здавалася, яна таксама ня бачыла Тугоўскага.
Ён пару разоў глянуў на яе, быццам жадаючы даведацца, што творыцца ў яе душы, але яна заставалася для яго далёкай. Тугоўскі ўжо больш ня мог выцерпець, хвіліна перайшла ўжо ў доўгую гадзіну. Ён сабраў усю сваю сілу волі й пусьціўся праз файе ў залу. Ён бачыў, як насьмешліва глядзелі на яго дамы і як шапталіся студэнты. Загорскі, здавалася, зноў нанёс яму ўдар па твары пры ўсіх, так, як калісьці даўно выцяў яго па твары і кінуў ганебнае слова «плябей». Цяпер гэта паўтарылася. Нібыта — наўмысьля пры ўсіх Загорскі назваў яго «плябей» і адабраў ад яго Вярхоўскую. Абражаны, ён сеў на крэсла і паглядзеў навокал сябе ў пустату, жахлівую прорву жыцьця. Што яму цяпер заставалася ў гэтым жыцьці? Ён зразумеў, што яна яго ня можа кахаць, яна яго не кахае. У вушах стаялі гукі толькі што сьпяванай песьні:
Шкада, шкада майго сэрца,
Што я так любіў.
Шкада, шкада маіх ножак,
Што я к ей хадзіў…
«Ой, шкада, шкада…» — загучэла ў вушах. Зазьвінеў званок. Публіка зноў хлынула хвалямі ў залу. Загорскі з Вярхоўскай увайшлі раней за ўсіх і селі ў другім канцы залы, далёка ад Тугоўскага. Тугоўскі больш ня мог сядзець і цярпець. Ён толькі чакаў, калі ў зале патушаць агні, каб выйсьці нікім не прыкмечаным. Нарэшце, сьцямнела. Пачалася дэкламацыя. Галевіч пры гэтым барытонам пачаў верш Гаруна:
У гэту ноч мне няўмоч —
Няма сілы чакаць і маліцца…
Тугоўскі ня вытрымаў. Ён ускочыў, як паранены, і паляцеў на выхад. Няхай працягваецца ўрачыстасьць без яго, няхай выступае з дэкламацыяй Вярхоўская. Яму няма чаго больш рабіць на гэтым сьвеце…
VІ.
Дзіўная марозная ноч агарнула Тугоўскага. Сьнег скрыпеў пад яго нагамі і больш, чым калі-небудзь, пераліваўся сваімі дзіўнымі перламі: зоры шапталіся ў небе. Вялікае места спала, зачараванае сном. А ён ішоў. Ішоў адзін, як воўк, вялікай і пустыннай дарогай, і яму заставалася толькі завыць… Завыць, як воўк. Ён прыйдзе ў сваю інтэрнацкую будку, адзінокі, неабагрэты. Ён акіне вокам свой кут і ня знойдзе там нічога, што б сьведчыла аб прысутнасьці любімай рукі. Ні адной кветкі, ні адной крыкметы. Пуста… Так заўсёды. Ён ідзе па жыцьці ўсё той самай пустыннай дарогай, як воўк. Ён радзіўся, напэўна, для таго, каб блукаць па сьвеце з сумам у грудзях і не знаходзіць нідзе ні спакою, ні радасьці, ні шчасьця. Яго шлях акрэсьлены, як рэчышча ракі, акрэсьлены з самага дзяцінства. Ён нарадзіўся пад праклятай планетай Сатурн. І чаму ён яшчэ тварыў гэтую камедыю з таго часу, як даведаўся аб сваім жыцьці, чаму ён паслухаў Кірылу, паступіў ва універсітэт, закахаўся і натварыў столькі зусім непатрэбных дурніц. Чаму ён ня скончыў жыцьцё тады, калі пісаў сваю «Споведзь самагубцы. Кнігу для ўсіх і ні для кога». Як пуста, як брыдка ў яго на сэрцы. Зноў раскрылася рана, не зажыўшая пад уплывам часу. Адвечная рана сэрца. Ён адзінокі! Ён ні для кога нецікавы. Так што ён, значыць, нікому больш не патрэбны? Да ўсіх чартоў і універсітэт са стыпендыяю, і каханьне… Універсітэт! Ха-ха! Чаго варты ён, калі не дае чалавеку магчымасьці палепшыць сваё жыцьцё. Запраўды, лацінскае слова і гісторыя яшчэ ня робяць з селяніна інтэлігента, мужык і пасьля універсітэту застаецца тым самым мужыком, як і да паступленьня ў яго. Які-небудзь Загорскі заўсёды будзе стаяць вышэй, нават нічога ня скончыўшы, бо сьвецкасьць у яго ў крыві з дзяцінства, здабыта выхаваньнем. Выхаваньнем!
Усё залежыць ад выхаваньня… Можа быць, некалі новае пакаленьне сялянаў, працаўнікоў, работнікаў будзе мець такія школы, дзе зможа выхоўвацца з малых дзён сьвецкім, яму дадуць тое, чаго не маглі даць бедныя сяляне; можа быць, нарэшце, частка сялянаў будзе самавыхоўвацца, як, напрыклад, Бурак, будзе выхоўвацца пакахаўшай яго графіняй, але ён ужо ня можа заняцца выхаваньнем. Позна, позна! Ён павінен кінуць універсітэт. Стаць грузчыкам, возчыкам ўсё роўна калі, толькі нічым, як нічым быў яго бацька. Скончыць універсітэт і насіць у кішэні дыплом, накінуўшы на сябе маску пана, ён ня можа. Ён павінен застацца чэсным з сабой. І тады, можа быць, ён пакахае якую-небудзь сялянку. Хіба мала ёсьць прыгожых дзяўчат, на якіх не зьвяртаюць увагі «інтэлігэнты», асабліва тыя «інтэлігэнты», якія ствараюць «Беларускую Грамаду ў Празе». Ім патрэбны графіні, багатыя чэшкі, студэнткі, і ні адзін з іх не падумае, што ёсьць тысячы прыгожых беларускіх сялянак, якія могуць быць прыгожымі жонкамі і добрымі гаспадынямі. Так, апросьціцца! Скінуць з сябе гэты горды і брыдкі ярлык «інтэлігэнта», а стаць простым работнікам, і мазолістай рукой тварыць запраўдныя вартасьці. Так, не патрэбны яму болей гэты універсітэт, і не патрэбна яму дачка папа Вярхоўскага! Паехаць куды-небудзь далёка-далёка і ў якой-небудзь палескай глушы тварыць сваё жыцьцё. Можа быць, такім чынам ён атрымаў бы патрэбную палёгку для сваёй змучанай душы, можа быць, там, у глушы, ён нарэшце супакоіўся б ад шуму, енкаў сучаснай культуры. Апросьціцца. Выйсьці з гэтага сьвету з новым сэрцам, з новымі думкамі, выйсьці з гэтых шумных гарадоў, каб ніхто ня ведаў, дзе загінуў, як скончыў сваё карыснае жыцьцё Тугоўскі. Бывайце, блакітныя вочкі Вярхоўскай. Ня бачыць вас болей, не лавіць вашых усьмешак, не дрыжаць над вашым сьвятлом, не шукаць у вас пацехі і забыцьця… Бывайце. Сьвяціце іншым людзям, якія пойдуць на ваш бляск, як магніт на далонь. Сьвяціце! Красуйцеся!
Вось праявіўся ў цемры яго інтэрнат. Адзін ліхтар блішчыць толькі каля варотаў… Каб не званіць тоўстаму, у акулярах, швейцару, які зараз сьпіць на сваіх пуховых пярынах, і каб не плаціць яму лішняй чэшскай кроны, Тугоўскі пералез праз плот у сад і пайшоў спакойна дахаты. У пакоі ўсе спалі. Ён лёг на пасьцель, паляжаў, потым устаў, дастаў са свайго чамадану сьвечку і выйшаў у калідор пісаць ліст Вярхоўскай. Ён доўга сядзеў перад белым аркушам паперы. Жыцьцё пранеслася перад яго задумнымі вачыма. Ён углядаўся ў сваё адношаньне да Вярхоўскай і бачыў, што нямала прыгожых падзеяў было раскінута там, нямала было горычы і сьлёз — і ўсё ж такі апошняя горыч перапоўніла чашу. Ён пачаў пісаць: «Высокапаважаная Галена Уладзіміраўна! Я дазволю сабе патурбаваць Вас гэтым лістом, бо пасьля таго, што здарылася на сёньняшняй вечарыне ў «Чэшска-Рускай Едноце», я не магу маўчаць. Можа быць Вы, не надалі свайму ўчынку ніякага значэньня; можа быць, Вы так зацікавіліся Загорскім, што забыліся, дзе знаходзіцеся й запамятавалі, што ўсяго дзьве хвіліны назад таму Вы сядзелі і гулялі са мной. Вы ня бачылі, як я стаяў каля калоны пад насьмешкай залы і студэнтаў, пад насьмешкай Вашага «сябры» і, можа быць, пад скрытай Вашай насьмешкай, насьмешкай Вас саміх. Вы не зразумелі, колькі горычы і абразы нанесьлі мне, калі пры ўсіх селі ў другім канцы залы — быццам дэманстратыўна, не жадаючы больш гутарыць са мной. Вы не зразумелі. А можа быць, Вы й зразумелі, а можа быць, Вы рабілі ўсё гэта сьвядома Вашаму сябру Загорскаму і ў павучаньне мне. Так, для мяне гэта добрая навука! Цяпер я зразумеў, што павёў сябе, як хлопчык, як закаханы гімназісьцік, калі думаў аб Вас, сваім каханьні да Вас. Што, не? Я на Вас ніколькі не злуюся й не наракаю. Было б з майго боку глупствам нападаць на Вас за тое, шо Ваша сэрца не ляжыць да мяне. Вы — вольныя. Голас Вашага сэрца для Вас — адзіны закон. Гэты закон сяньня выявіўся яскрава. Вы ляціце ў абоймы Загорскага, як матыль на агонь, і ня думаеце, што апаліце крылы. Вы маеце на гэта права. Я пішу Вам гэта не з дакорам. Пішу таму, што я больш не жадаю заставацца ў Празе й таму, што хачу сказаць Вам толькі некалькі апошніх разьвітальных словаў…
Бывайце, паважаная Галена Уладзіміраўна! Жадаю Вам шмат шчасьця й посьпеху ў жыцьці. Памятайце толькі, што ў тыя даўгія зімовыя ночы, калі ўсе будуць спаць, калі толькі я адзін запалю лямпу ў сваім пакоі й пачую, што я адзін на сьвеце, абсалютна адзін, што няма тых дзіўных вочак, у якія я любіў глядзець у цяжкія, бяссоныя ночы, я ўспомню пра Вас, як аб адзінай жанчыне, каторай я пісаў ліст і ад каторай хацеў бачыць пацеху і шчасьце. Хачу скончыць свой ліст уласным перакладам знакамітага ўкраінскага паэта Франка:
Як пачуеш ўначы за сваім ты вакном,
Што хтось плача і клікае цяжка, —
Не ўзірайся туды, не дрыжы, не глядзі,
Не глядзі ты ў той бок, мая пташка!
То ня ёсьць сірата, што бяз бацькі блука,
Не галодны бядняк, мая зорка:
Гэта плача мая неўцішыма туга,
То каханьне маё плача горка…
Не зьвяртайце ўвагі на слова «пташка»: па-беларуску будзе «птушка». Зразумейце маю думку. Так, яшчэ раз жадаю, жадаю Вам усяго найлепшага —
Пётра Тугоўскі».
Так, усё скончана. Ён пакіне Вярхоўскую, пакіне Прагу, усё пакіне, толькі зараз адмовіцца ад стыпендыі. Раз ён пакідае ўсё, было б нячэсна яшчэ лічыцца стыпендыятам.
Ён крыху падумаў і напісаў другую паперу ў «Чэшска-Украінскі Камітэт»: «Прашу мяне выключыць з дапамогі па маім уласным жаданьні». На адну хвіліну яму самому стала жудасна. Што ён зрабіў? Ён, фактычна, канчаў самагубствам. Ён нішчыў тое, да чаго сам імкнуўся, што было мэтай яго жыцьця, ува ймя чаго ён ехаў у Прагу. Якой барацьбой, якімі пакутамі далася стыпендыя, і цяпер ён так лёгка ўласнай рукой адкідваў яе. Сьлёзы навярнуліся на яго вачах. Успомніў ён, як благаслаўляла яго старая матка на станцыі, як плакала, жадаючы яму шчасьця. Бедная матка! Дзе яна цяпер? Ён даўно не пісаў ёй, бо ня мог яе чым пацешыць… Цяпер яна, можа быць, не перанесла б удару, каб даведалася, што зрабіў яе сын. Можа быць, запраўды не рабіць гэтага кроку, можа быць, не пісаць у камітэт? Сьлёзы стаялі на вачах. Але скончыць з усім канчаткова і беспаваротна праз хвіліну рашыў ён, бо жыцьцё згубіла для яго ўсякую ілюзію. Ён сабраў паперы, адрасаваў у Студэнцкі дом і вярнуўся ў пакой, не жадаючы, каб яго хто-небудзь пабачыў у калідоры.
VІІ.
Уся «Беларуская Грамада ў Празе» была абражаная і зварушаная. Па ўсім Студэнцкім доме былі расклееныя абвесткі «Чэшскага Універсітэцкага Камітэту» аб сваёй дзейнасьці і ў адным з паведамленьняў было сказана, што беларускі студэнт Тугоўскі быў звольнены са стыпендыі па ўласным жаданьні. Студэнты сабраліся ў гурток і абгаворвалі навіну. Больш за ўсіх гарачыўся студэнт Тамашэвіч:
— Чорт ведае, што такое творыцца ў нас, — лаяўся ён. — Беларусы згубілі для сябе цэлую стыпендыю.
— Сапраўды, у нас справа з гэтай стыпендыяй не пастаўленая яшчэ на належны грамадскі грунт, — сумна зазначыў Кірыла. Ён больш за ўсіх быў зварушаны ўчынкам Тугоўскага. Ён не чакаў гэтага.
— Вядома, — падхопліваў Тамашэвіч. — На Бацькаўшчыне ёсьць дзясяткі здольных маладых беларусаў, якія жадаюць вучыцца пры ўсякіх варунках, перабіваюцца, што завецца, з хлеба на квас, каб толькі ўлезьці ў вышэйшыя школы. Заместа таго, каб іх падтрымаць, мы падтрымліваем нейкіх Тугоўскіх, якія прыносяць нам толькі шкоды.
— І хоць бы, дурань, парадзіўся з «Грамадой» — сказаў Малевіч, — хоць бы даў магчымасьць замяніць яго кім-небудзь з іншых, але так, каб для нас заставалася яшчэ стыпендыя… Цяпер жа мы аўтаматычна ўсё згубілі.
— Сапраўды — як па прыказцы, — сказаў Тамашэвіч, — адзін дурань у ваду камень кіне, а дзесяць разумных выцягнуць… Цяпер нельга зусім нічога зрабіць у гэтай справе. Я думаю, яшчэ можна зазначыць кіраўніку камітэту, што Тугоўскі зрабіў гэта з якіх-небудзь чэсных матываў. Грамадзяне, трэба ўсё ж такі прызнаць, што ён запраўды зрабіў гэта пад уплывам якіх-небудзь дзіўных перажываньняў. Зусім чэсна. Я думаю, нячэсны які-небудзь авантурна стараўся б усімі сіламі атрымаць стыпендыю, а не адмаўляцца ад яе.
— Добрая чэснасьць, — засьмяяўся Тамашэвіч, папраўляючы свае доўгія валасы, — адняць кавалак хлеба ад другіх, яго жадаючых.
— Што зробіш, грамадзяне, — спакойна зазначыў Кірыла, — бываюць розныя выпадкі… Бывае, напрыклад, што чалавек памірае. Мала было ў іншых «Грамадах» выпадкаў, каб паміралі студэнты? Так уявіце сабе, што Тугоўскі памёр. Памёр для беларускай «Грамады» і памяць нават па сабе ня кінуў. Уявілі — й ня будзем варушыць цені нябожыка.
— Ты заўсёды ўсіх абараняеш, «айцец» Кірыла, — засьмяяўся Малевіч.
— Што? Перад тым, як чалавека абвінавачваць, трэба яго зразумець. Можа быць, каб мы маглі яго абвінавачваць…
У гэты момант падышла да гутарыўшых Вярхоўская.
— Аб чым шуміце вы, народныя трыбуны? — засьмяялася яна.
— Вы чулі, — пачаў Тамашэвіч, — гэты таўкач Тугоўскі скончыў жыцьцё самагубствам.
— Як самагубствам? — успыхнула Вярхоўская. Яна ўспомніла, што ў «Чэшска-Рускай Едноце» потым не магла знайсьці яго ў зале.
— Вельмі проста. Узяў ды дабраахвотна адмовіўся ад стыпендыі.
— Адмовіўся ад стыпендыі? — засьмяялася Вярхоўская. — Адмовіцца, грамадзяне, ня страшна, але ж трэба мець якія-небудзь персьпектывы. Трэба ж ведаць, што рабіць далей.
— Напэўна, Тугоўскі мае пэўныя персьпектывы, — сказаў Бурак. — Я думаю, грамадзяне, што Тугоўскі зрабіў вельмі хітра: усё роўна вясной, пры праверцы экзаменаў, яго маглі б прагнаць са стыпендыі. А так, калі ён адмовіўся ад стыпендыі дабраахвотна, яму па законе павінны былі выдаць папярод за месяц. Палітыка!
Усе прысутныя засьмяяліся й паглядзелі на Бурака.
— Сапраўды, так магло быць… Хітрыя беларусы, — засьмяяўся Тамашэвіч. — Новую рысу характару адкрылі мы ў Празе.
— Грамадзянка Вярхоўская, — перабіў сьмех сур’ёзны Кірыла, — вам ёсьць ліст у Студэнцкім доме.
— Мне ліст? — зьдзівілася Вярхоўская. — Ад каго ён мог быць?
Яна хуткім крокам пайшла ў канцылярыю дому і зараз жа, па атрыманьні ліста, рушыла дахаты.
Ліст Тугоўскага яе зварушыў. Па ім яна зразумела: ва ўсёй сваёй трагедыі Тугоўскі віну пакладзе на яе. Яна вінаватая ў тым, што ён адмовіўся ад стыпендыі. Так можна было зразумець па тоне ліста. Што было рабіць ёй? Яна йшла трывожная і зьдзіўленая дахаты. Яна нічога дагэтуль ня ведала пра каханьне Тугоўскага. Хто такі быў Тугоўскі? Магла яна пакахаць яго? Яна ўспамінала яго вобраз. Ён ня быў горш за іншых. У ім было нешта, магчыма, вышэйшае за іншых студэнтаў. Ён адзін з тых нямногіх, якія з самага пачатку гутарылі з ёй не аб стыпендыі, не аб сваёй кар’еры, але аб літаратуры й грамадзянскіх справах. Мяркуючы па лісьце, можна было падумаць, што ў ім яшчэ было нешта жывое, прыгожае, можа быць, нават паэтычнае. Яна заўсёды гутарыла вельмі ахвотна з ім і аб тым нават зазначала студэнтам. Але пры ўсім гэтым у яго былі вялікія недахопы. З ім чулася нейкая няпэўнасьць, у грамадзянстве з ім было непрыемна сядзець у якім-небудзь рэстаране ці на якім-небудзь канцэрце. Наогул, праз некалькі дзён ён, напэўна, стаў бы нецікавым і шэрым, як пажоўклая старая кніга. Зусім іншая справа з Загорскім. І ўсё ж такі пасьля гэтага ліста нейкая шкадоба дарухалася да яе сэрца. Такіх шчырых лістоў яшчэ ніхто да яе не пісаў, пакуль яна жыве на сьвеце. Бачылася, што ён глыбока кахаў яе, і ёй было шкода яго, шкода свайго, можа быць, запраўды непрыгожага ўчынку. У той час яна проста не зьвярнула на яго ўвагі, ён не падабаўся ёй з сваёй няпэўнай і нязграбнай фігуры. Ёй падабаўся больш Загорскі, якога хоць можна заўсёды з гордасьцю паказаць грамадзянству. Што рабіць? Ёй шкода Тугоўскага, вельмі шкода. Яна зусім ня думала, што прычыне яму болі, прымусіць яго ледзь ня плакаць у сваім лісьце… Трэба напісаць яму адказ. Дома яна зараз жа дастала нататнік і пачала пісаць: «Паважаны грамадзянін Тугоўскі! Ваш ліст вельмі зьдзівіў мяне: зьдзівіў таму, што Вы мяне абвінавачваеце ў непрыгожым учынку. Калі я пайшла з Загорскім пагутарыць, дык таму, што ў яго была да мяне справа (ён гутарыў аб тым, што думае пераходзіць да нас на філасофію), і я хутка не магла з ім скончыць размову. Вам заставалася толькі пачакаць мяне і не ўцякаць з вечару, як зрабілі Вы. Што зробіш? Сталася так. Цяпер ня час разважаць аб тым. Мне толькі шкода Вас, шкода, як дзіцё, у якога адабралі цацку. Я хачу спадзявацца, што мы яшчэ з Вамі спаткаемся й вы не пакінеце Прагі, як пагражаеце ў лісьце.
Жадаю ўсяго найлепшага — Вярхоўская.
Р.S. У гэтую нядзелю ў Студэнцкім доме ўлаштоўваюць карнавал. Калі хочаце правесьці са мной час, абавязкова прыходзьце. Пагутарым аб усім пад гукі джаз-банду. Г. В.»
Яна злажыла свой ліст, з трывогай пачала перачытваць ліст Тугоўскага. Як дзіўна: гэты ліст прымушаў мацней біцца яе сэрца й пакрываў чырвоным колерам яе прыгожы твар. Што было рабіць ёй з такімі непрыгожымі надакучлівымі прызнаньнямі ў каханьні ўзбаламучаных мужчынскіх словаў.
Ёй было сьмешна чуць цэлую плынь лірычных словаў, якім ніколькі ня верыла… Калі б яна паверыла кожнаму мужчыне, які абяцаў быць яе рабом, што б тады было? Не… Яна ведала цану мужчынскім словам!.. Яна сьмяялася з іх спробаў паэтычных ашуканстваў і сьмяялася ім у вочы, як ёй падчас несьлі ўвагі й кампліменты. А цяпер, чытаючы ліст Тугоўскага, адчула, як у яе сэрцы прабудзілася шкода да мужчыны, у шчырасьць якога паверыла. І яна з жахам пачала думаць, ці ёсьць у яе хоць кропля пачуцьця да яго, ці можа яна адказаць яму ўзаемнасьцю. Ёй было шкода яго, шкода, можа быць, таму, што яго каханьне магло застацца бяз водгуку. Яна задумалася й моўчкі прасядзела за сталом, пакуль не сьцямнела ў пакоі.
VІІІ.
Тугоўскі, хаваючыся ад усіх універсітэцкіх, круціў у руках сіненькі аркуш паперы, сьпісаны дробненькімі літарамі: сорам заліваў чырвоным колерам яго твар. Ён некалькі разоў перачытваў адзін і той самы сказ: «Мне шкода вас, як дзіцё, у якога адабралі цацку». «Падумаеш, якая дарослая грамадзянка, якая разумная пані… Не, паважаная грамадзянка Вярхоўская! Можаце мяне не шкадаваць… Я не патрабую вашай жаласьці. Я не дзіцё, якое легла б на падоле вашай спадніцы, каб вы гладзілі яго галоўку! Я шукаю ня вашай жаласьці, а вашага каханьня!» У сэрцы Тугоўскага рос папрок, чаму ён пісаў ёй столькі шчырых радкоў, з такім паэтычным натхненьнем. Пісаў ёй толькі дзеля таго, каб яна потым пасьмяялася з яго і назвала б яго дзіцём, у якога адабралі цацку? Як сумна і як абразьліва! І няўжо не магла знайсьці лепшага месца для гутарак, як карнавал? Эх, якая нягодная яна пасьля ўсяго гэтага. Ён атуліў яе такім паэтычным арэолам, ён асьвяціў яе такім дзіўным сьвятлом — як Рафаэль сваю секстынскую Мадонну, а яна была дробненькай, сухой студэнткай, маленькай, звычайнай шэранькай душачкай, якая напісала яму гэткі ж звычайны шэры ліст. Ён успомніў канец аднаго верша Янкі Купалы: «Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў… А яна… А яна была толькі… дзяўчынай!..».
Зразумела, ён вырашыў ня йсьці на гэты карнавал. Нашто ўсе гэтыя інтэлігенцыі! Ён будзе мужчынам! Няхай ветры пакоевай глушы сьпяваюць паніхіду па яго мінуламу й па яго сучаснаму. У глушы народзіцца новы чалавек з новай верай, з новым сэрцам, народзіцца сапраўдны сын беларускага народу. Да новага жыцьця, разьвітаўшыся з усімі Вярхоўскімі, з усёй мяшчанскай Прагай!
Ён схапіў ліст Вярхоўскай, каб яго парваць, але ў гэты момант спыніўся: «Мы можам быць добрымі сябрамі», — успомніў ён словы з ліста. На хвіліну ён задумаўся. Але потым схапіў ліст і парваў яго. «Не, мы ня можам быць добрымі сябрамі, — казаў ён сабе, — дачка папа і сын чорнаработніка! Лацінская мова й геаметрыя не маглі дасыпаць рову, які ляжыць паміж дзьвюма палосамі. Дык грайце марш, Вярхоўская! Можа быць, яшчэ спаткаецеся на карнавале з Загорскім! Жадаю посьпеху!» Ён горка ўсьміхнуўся й пачаў хадзіць па сваім пакоі ўзад і ўперад, раздумваючы над тым, як выехаць з Прагі на Бацькаўшчыну.
І ўсё ж такі ў дзень карнавалу ён ня вытрымаў. Цікавасьць перамагла ўсе яго разважаньні і ўвечары прымусіла падысьці да Студэнцкага дому. Студэнцкі дом ніколі не выглядваў такім бліскучым, як у гэтую марозную ноч. Дзіўныя агні розных колераў пераліваліся сваімі праменьнямі на бліскучым сьнезе. Прыгожая музыка неслася праз дзьверы залы ў сваім нястрыманым шалёным скоку і прымушала кружыцца да забыцьця. Па ўсіх залах скакалі карагоды масак, быццам гэта быў велізарны зьвярынец. Дэкальтэ дам і крыклівыя маскі вабілі «зьвяроў» усялякіх гатункаў і прымушалі асабліва часта рассыпацца канфеці й разьвівацца стужкам.
Тугоўскі спыніўся, нікім не прыкмечаны ў цёмным кутку залы. Міма яго праносіліся вясёлыя карагоды. Адна нейкая маска з шырокай спадніцай балерыны вышэй каленяў, з голымі рукамі пранеслася міма яго так блізка, што ён аж уздрыгнуў: ці не заўважыла яна яго. Праз хвіліну ўбачыў стаяўшага, як і ён, чалавека.
— Кірыла! Айцец Кірыла, — прамовіў Тугоўскі шэптам.
— А, гэта ты, Тугоўскі, — ледзь ня крыкнуў ад зьдзіўленьня Кірыла. – Якім ты чынам тут? Вось дык спатканьне.
— Ціха, — шаптаў Тугоўскі, — нас пабачаць. Скажы ты мне, што гэта за пара: вось гэта балерына й гэты…
— У касьцюме П’еро? А ты хіба ня ведаеш? – усьміхнуўся Кірыла. – Прыслухайся да іх голасу.
Тугоўскі пачаў прыслухвацца. Белы, як сьмерць, ад пудры з дзьвюма малінавымі лініямі ля вушэй, з намалёванымі вачыма й наведзенымі маршчынамі на чале, П’еро быў ня хто іншы, як Загорскі. Даму ён пазнаў хутка, гэта была Вярхоўская.
— Ну? – прадаўжаў сьмяяцца Кірыла. – Бачыш? Ні даць ні ўзяць: П’еро і Каламбіна.
— Пойдзем адсюль, — крыкнуў Тугоўскі. – Купіць, «айцец» Кірыла, купіць. Тугоўскі хоча купіць.
— Ты звар’яцеў, — схапіў яго за рукаў Кірыла, — апамятайся.
— Адсюль хутчэй, «айцец» Кірыла, да «Флэка», гора замачыць.
Піўная «У Флэка» была любімым мейсцам спатканьня студэнтаў і разам з тым знакамітай піўной у Празе. На сьценах яе залаў было нямала старажытных афарызмаў.
Публіка ведала, што тут можна трымаць сябе зусім вольна, й таму сядзела і сьмяялася, й сьпявала песьні, як у сябе ў хаце. Шматлікія кельнершы ў чорных, як ноч, шоўкавых халатах лоўка ставілі на стол літровыя куфлі чорнага піва, самага лепшага ў Празе. У адной з залаў Тугоўскі заўважыў некалькі прафесараў тэхнікі з дамамі.
— Глядзі! – сказаў ён Кірылу. – Бачыш, чым займаюцца прафесары.
— А што ж, хіба яны ня людзі, — зусім не дзівуючыся, зазначыў Кірыла, — іх тут заўсёды бывае шмат.
За кожным столікам часта сядзелі студэнты адной нацыянальнасьці. За адным – чэхі, за другім – баўгары, за трэцім – расейцы, за чацьвёртым – украінцы, і ўсе яны стараліся сьпяваць свае народныя песьні.
На гэты раз студэнтаў было мала. Яны селі каля нейкае сямейнае пары, якая спажывала прынесеныя з сабой “вуршты”. Жонка не адставала ад мужа й са смакам цягнула піва.
— Ты глядзі, што гэтая тоўстая чэшка, — шапнуў Кірыла, — паб’е рэкорд і вып’е ўсіх іх куфляў. Ты ведаеш, тут ёсьць традыцыя, — прамовіў ён грамчэй, — хто выпівае 17 куфляў за адзін вечар, той робіцца ганаровым госьцем піўной і можа піць далей піва бясплатна.
— Праўда? – усьміхнуўся Тугоўскі.
— Праўда! Гэта сапраўды геройства. Нармальна досыць чатырох куфляў піва, каб пачуць, што Капернік меў рацыю і зямля кружыцца каля Сонца.
Прыгожая кельнерша паставіла ім на стол піва. Тугоўскі ўпіўся ў яе вачыма.
— Якія прыгожыя жанчыны, гэтыя чэшкі, — уздыхнуў ён.
— Ты нешта зашмат думаеш аб іх, — засьмяяўся Кірыла, — плюнь, дружа! Ня варта думаць аб гэтым.
— Як ня думаць, «айцец» Кірыла, мяне ж ніхто яшчэ ў жыцьці не кахаў. Ты разумееш, што гэта знача? Дваццаць чатыры гады я рос на зямлі, ня ведаючы, што такое каханьне цела, — як пчала, што ўпіваецца ў кветку, ня маючы магчымасьці пацалаваць пах, каб на вуснах засталася кроў.
— І ты здольны на такое каханьне? – засьмяяўся Кірыла. – Кінь ты, не сьмяшы людзей.
— Я? – крыху абразіўся Тугоўскі. – Так ты лічыш, як і ўсе нашыя беларусы лічаць мяне, напэўна, няздольным ні да чаго? Не, брат, я належу да тых людзей, якія здольныя на безразважнасьць. Слабыя людзі моцныя сваім адчаем. І сёньня, калі я ў адчаі, я моцны.
— Кінь ты, Гамлет няшчасны! Зноў пачынаеш плясьці дурніцы. Выпі піва лепш, супакойся.
— Ах, «айцец» Кірыла! Справа ня ў Гамлеце, ня ў піве, справа ў маім жыцьці… Ува мне самім… Паслухай мяне. За піўным сталом заўсёды лепш кідаць філасофскія думкі й спавядацца. Дык вось… Мне здаецца, што я маю права рваць яблыкі ў тым садзе, які завецца жыцьцём. Тысячы розных гатункаў яблык у гэтым садзе, толькі ўмей іх зрываць. А між тым не зрываю… Калі прыйдзе ноч і я застаюся адзін, я думаю: “Чаму?” Я пытаю сябе: “Чаму?” І адказваю цяпер: “Таму, што мяне ніхто не кахае…” Ня сьмейся, “айцец” Кірыла, ня сьмейся. Гэта факт. Каханьне – атэстат сьпеласьці, які выдае жанчына мужчыне. Там прастаўляюцца розныя адзнакі за яго посьпехі і здольнасьці: там відаць, хто зьяўляецца найбольш здольны, каму даць сярэбраны ці залаты медаль. Чым больш у гэтым пасьведчаньні медалёў, тым, знача, больш здольны чалавек, тым больш кахае яго жанчына. Раней, чалавеча, у маёй маладосьці, я думаў, што бегаюць за жанчынамі пустыя людзі, бяз творчай карыснай працы. Тады я ня мог глядзець на іх інакш, як зьверху ўніз, але цяпер усё зьмяшалася: я гляджу на іх зьнізу ўверх. – Ён глытнуў крыху піва і прадоўжыў: — Я цяпер ведаю, што чым больш кахае жанчына мужчыну, тым ён здольнейшы, тым лепшы яна выдае яму атэстат.
— Дурніцы! – перабіў яго Кірыла. – Хіба мала на сьвеце дурняў, якіх кахаюць жанчыны, мала п’яніц азартных, гуляк жанатых. Дык наогул ёсьць розныя жанчыны, і іх ацэнка ня можа быць зусім аб’ектыўнай – яна заўсёды будзе суб’ектыўнай. Так, напрыклакд, нямала ёсьць жанчын-п’яніц… Значыць, яна будзе цаніць у мужчыне тыя самыя якасьці, што і ў самой сябе.
— Ня ведаю. Але мне здаецца: ёсьць мужчыны, каторыя падабаюцца жанчынам без вынятку. У іх ад прыроды ёсьць такія “мужчынскія” якасьці, што яны прымушаюць біцца любое жаночае сэрца. Агулам я хачу даказаць, што людзі са здольнасьцямі могуць мець самую прыгожую жанчыну на сьвеце. Паглядзі, які-небудзь музыкант, інжынер, вучоны, словам, той, аб якім перадаецца з вуснаў у вусны, — як карае ён жанчын, як кідае ён іх бы кветкі і ляціць у новыя абоймы. Цяпер вазьмі другую крайнасьць: які-небудзь дурань, які выклікае толькі насьмешкі ад гэтых самых жанчын, як адпіхваюць яны яго самыя шчырыя прызнаньні, як ганебна адкідаюць яго пачуцьці. Словам, жанчына жыве агульнай тэорыяй, яна фактычна кахае не мужчыну, а яго грамадскае палажэньне. Праўда ці не? Я думаю: будзь ты самым першым прыгажуном у сьвеце, але служы ты ў абозе, ні адна жанчына ня гляне на цябе. І, наадварот, будзь ты самой пачварай, але займай міністэрскае крэсла, — ты не адаб’ешся ад чароўнага полу. Такім чынам, мне здаецца, ясна, што жанчыны кахаюць не самога мужчыну, а толькі яго становішча ў жыцьці. І вось таму я кажу, што жанчына – гэта нейкі барометр, па якім можна вызначыць грамадзянскую вартасьць чалавека, і каханьне – гэта атэстат вартасьці, які яна ведае. Па каханьні можна ацаніць чалавека. Скажы, хто цябе кахае, і я скажу, хто ты.
Кірыла голасна засьмяяўся:
— Філосаф-самавука, — казаў ён праз сьмех.
— Ня сьмейся, “айцец” Кірыла, — усьміхаючыся таксама, зазначыў Тугоўскі. – Кожны па-свойму разумны. Адно табе скажу я: вельмі нізкае грамадскае палажэньне такога, хто ня быў каханы. Я сьцьвярджаю, што якая-небудзь “старая дзева” абсалютны нуль у параўнаньні з той жанчынай, якая выйшла замуж і стала маткай, бо ў ёй было шмат недахопаў, якія не дазвалялі ёй кахаць. Тое самае: грош цана таму чалавеку, які на ўсё жыцьцё застаўся халасьцяком.
— Мне здаецца, твая памылка ў тым, што ты абагульняеш тое, што зьяўляецца выпадковым, асобныя факты ўзводзіш у закон. У гэтай заблытанай цямніцы, якой зьяўляецца полавое пытаньне, цяжка выводзіць што-небудзь агульнае. Напрыклад, ёсьць “старыя дзевы”, якія засталіся выпадкова такімі. Можа быць, яны былі шмат вышэй за тых жаніхоў, якія іх сваталі, за той асяродак, у якім яны жылі. Па-мойму, лепш зусім не выходзіць замуж, чым выходзіць абы-як. Ты глыбока памыляешся. Але наогул скажы мне, для чаго ты гутарыш на гэтую тэму. Мне дагэтуль няясна, які вывад ты хочаш зрабіць?
Тугоўскі маўчаў.
— Мне здаецца, адзіны вывад, — прадоўжыў Кірыла, — што, каб кахаць і быць каханым, трэба зрабіць добрую кар’еру.
— Вось праўду кажаш, “айцец” Кірыла, — прамовіў Тугоўскі, ставячы куфаль на стол. – У наш капіталістычны век запраўды так: каб быць каханым, трэба мець капітал або займаць высокае становішча на грамадскай лесьвіцы. Але ў тым вось і бяда, што я не магу есьці па шляху нашых беларускіх студэнтаў у Празе. Адзін хоча стаць інжынерам, каб пабагацець і пакахаць графіню. Другі – пабудаваць уласную вілу, трэці – стаць доктарам і купіць уласны аўтамабіль. Кожны думае аб сваёй кар’еры. На жаль, у мяне гэтых думак няма, бо, каб у мяне гэтыя думкі былі, напэўна, я быў бы больш шчасьлівым, зрабіў бы кар’еру, разбагацеў бы, як іншыя, і знайшоў бы нарэшце прадмет каханьня. А зараз я памёр: я кінуў вышэйшую школу, бо яна рыхтуе толькі кар’ерыстаў і лёкаеў для капіталістаў, да чаго калісьці заклікаў залатазубы прафесар палітычнай эканоміі. Я кінуў прадмет каханьня, які такама, мне здаецца, думае аб кар’еры й аб мужы-кар’ерысьце. Я вырваў з болем сваё каханьне, кажу табе шчыра, “айцец” Кірыла, пакінуў у сваім сэрцы глыбокую рану, якая вечна застанецца са мной, пакуль будзе цячы кроў у жылах. Я памёр для гэтага сьвету, памёр для інтэлігенцыі, якая панясе еўрапейскую панскую культуру на Беларусь. Я сам сябе зажыва пахаваў у яму, каб ня стаў тым, каго болей усяго ненавіджу: інтэлігентам, які ненавідзіць рабочых, бо яны сьмярдзяць. Ня ведаю, што такое творыцца са мной: можа быць, я вар’яцею, але я кахаю яго, чалавека прыніжанага й абражанага. Сам я прыніжаны й абражаны, сам я ўсё жыцьцё рос у склепах, пад падлогай тых, хто саладзіўся жыцьцём, сам я насіў на сваім твары пляму “плябей”, і таму як мне ня стаць у шэраг прыніжаных і абражаных? Так, чалавеча, я звар’яцеў. Я стану работнікам – у той час, як сябры зробяцца капіталістамі. Праз шмат гадоў, калі я пайду па вуліцы ў чорнай куртцы работніка, я, напэўна, убачу дом Бурака, можа, вілу Тамашэвіча ці Станкевіча, убачу вялікія фіранкі на вокнах, убачу, як будзе стаяць Бурак са сваёй прыгожай жонкай і будзе глядзець на вуліцу. Убачу, як Бурак пазнае мяне і з трывогай адвернецца да сваёй жонкі, пытаючы яе паглядам: ці не пазнала яна таго, хто быў яго сябрам. А я пайду міма, міма… Але я ня буду шкадаваць гэтага, “айцец” Кірыла. Вып’ем за маю сьмерць! Ну, падымай куфаль за духовую сьмерць Тугоўскага!
Кірыла маўчаў. Ён задумана глядзеў у туманную піўную жыжку ў куфлі і нешта крэсьліў на мокрым сьледзе піва пальцам па стале. Ён доўга маўчаў.
— Ты паэт, Тугоўскі, — нарэшце вымавіў ён. – Гэтым усё сказана. І ў гэтым тваё няшчасьце. Паэт не такі, які творыць сабе славу й славу свайму народу вершам, але паэт па натуры, па свайму ўспрыманьню сьвету, па свайму падыходу да жыцьця. Ты безумоўна загінеш… А шкада, мне ўсё ж такі падабаецца твой падыход да сацыяльных пытаньняў, да работніка. – Ён хлібнуў некалькі глыткоў піва.
—Чаму я загіну? – трывожна запытаў Тугоўскі.
— Ты зрабіў велізарную памылку, што пакінуў універсітэт. Памятаеш, як табе казаў калісьці астральны чалавек: “Канчайце універсітэт. Атрымайце дыплом. Інакш вас затруць дыпламаваныя дурні ў жыцьці. Памятаеш гэта? І ты не паслухаў. Ты паэтычна падышоў да лекцый, да таго самага залатазубага прафесара, ты занадта блізка прыняў да сэрца яго сьцьверджаньні й паэтычна абурыўся. Ты занадта паэтычна аднёсься да Вярхоўскай. Падумай, каго там кахаць? Па-мойму, гэта толькі пахучы кавалак мяса. А ты паэтычна ідэалізаваў яе, ты закахаўся ў яе – з-за яе пайшоў бы скочыць як баран у ваду.
— Не, брат, Вярхоўскай ты ня ведаеш, — абараняўся Тугоўскі. – Аб ёй мы ня будзем гутарыць… Не хачу хаваць, што з-за яе я галоўным чынам кінуў універсітэт, што калі б яна кахала мяне, я гатоў бы прыносіць сябе нават у ахвяру й зрабіць якую-колечы кар’еру, як іншыя беларускія студэнты. Можа быць, ня ведаю. Але цяпер універсітэт для мяне на замку: я хачу апросьціцца. Я даўно хацеў апросьціцца. Вярхоўская толькі дапамагла мне ў гэтым, разьбіўшы мае апошнія надзеі. Вярхоўская была б местам, злучыўшым мой сьвет работніка з тым сьветам інтэлігента. Мне да апошняга часу яшчэ здавалася, што гэта магчыма. Я думаў праз сябе апросьціць Вярхоўскую. Я думаў: яна пакахае мяне як чалавека. Але я бачу, што для яе я павінен таксама стаць кар’ерыстам, таксама, скончыўшы універсітэт, павінен стаць панам, запамятаць аб сваім сацыялізме і купіць сабе аўтамабіль. Не… Не хачу… Я яшчэ знайду ў сабе досыць сілы, каб адкінуць такое жаданьне. Я памёр для тых, хто прывёў мяне ў Прагу, каб я вяртаўся назад прафесарам. Аказваецца з мяне выйшаў не прафесар – бадзяга... Дык вып’ем за новага Тугоўскага! За новага чалавека, які пойдзе ў народ, каб самому стаць народам, а?.. Падымай куфаль...
– Не... не... За бадзягу Тугоўскага? Не... Я падымаю свой куфаль за Тугоўскага-прафесара.
– І ты, “айцец” Кірыла, – схапіў яго за рукаў Тугоўскі, – і ты належыш да таго лагеру, да тых інтэлігентаў? Значыць, і ты, жывучы ў Празе, ува ўсім расчараваўся, ува ўсёй беларускай справе, ува ўсім народзе, значыць, і па-твойму, трэба зрабіць кар’еру?
– Так, чалавеча, каб біць буржуазію, трэба мець яе зброю ў руках – культуру. Бяз гэтага ўся наша зброя – толькі кардонны меч, якім мы па-дзіцячаму размахвалі ў паветры.
Яны зноў пачалі спрачацца, усё больш блытаючыся ў сваіх спрэчках.
Тугоўскі першы зразумеў, што іх размова ні да чаго не прыводзіць і што ён сам увесь быў сатканы з гэтых супярэчаньняў.
– Вып’ем, “айцец” Кірыла, усё ж ткі за маю сьмерць. Вып’ем за маю будучую жонку – простую сялянку.
– Во, за тваю жонку-сялянку п’ю. Проці гэтага нічога ня маю. Я думаю, што ты можаш быць прафесарам і мець жонку-сялянку.
–Не, я хачу знайсьці такую жанчыну, якая кахала б мяне як чалавека, незалежна ад таго, якое становішча я займаю. Без каханьня, без жанчыны я жыцьця сабе ня ўцямлю... Я хачу яшчэ выпіць гэтую чару каханьня да дна.
– Паэт ты, Тугоўскі, паэт... У гэтым тваё няшчасьце, – паўтараў Кірыла. Яны выпілі па апошнім куфлі.
Калі ж усталі ад стала, зямля акрэсьлена калыхалася пад іх нагамі. Вялікі гадзіньнік на якары перад уваходам у піўную паказваў далёка за поўнач...
– Я думаю, ты не паедзеш з Прагі, – казаў Кірыла, паціскаючы руку Тугоўскаму, – я думаю, мы цябе яшчэ ўлаштуем на стыпендыю.
– Не, “айцец” Кірыла, дзякую за ласку. Усё скончана. Я еду на гэтых днях на Бацькаўшчыну. Шчасьліва заставацца.
Яны пайшлі рознымі дарогамі.
ІХ.
Студзёны марозны вецер зрываў капялюш з галавы Тугоўскага. Ён ішоў па шумных асьветленых вуліцах апошні, як яму здавалася, раз, стараючыся ўдыхаць водар начнога жыцьця вуліцаў. Ісьці дахаты не хацелася. Інтэрнат здаваўся пеклам, у якое ён трапіў для пакуты. Ён ішоў і бачыў, як усё жыцьцё начной Прагі круцілася каля аднаго цэнтру – жанчыны. Усе дбалі аб ёй, усе ішлі за ёй, усе шукалі яе. Ён зноў пачуў сябе адзінокім... Ён успомніў, што ўцёк да “Флэка” таму, што на карнавале пабачыў Вярхоўскую з Загорскім. Як весела цяпер у Студэнцкім доме. Як, напэўна, сьмяецца Загорскі, цалуючы яго каханьне... А ён ідзе адзін, ня маючы магчымасьці схапіць яе ў свае абоймы... Няўжо гэта так будзе вечна? Ён успомніў надпіс “Флэка” пра дары каханьня. Для каго гэтыя дары?
Няўжо ён не атрымае іх... “Эх, цяпер бы прыгожую дзяўчыну, назло Вярхоўскай”, – думаў Тугоўскі, назло сваім змучаным нагам бяз мэты ідучы па Празе. Начныя жанчыны на кожным кроку прапаноўвалі яму сваё каханьне. Ён з жахам уцякаў ад іх. Яны хрыпелі нейкімі мужчынскімі галасамі, яны былі бледныя й страшныя, як сама сьмерць...
Было ўжо каля гадзіны ночы, калі ён пабачыў, што ўсе яго блуканьні й шуканьні жанчыны не дадуць ніякіх вынікаў. Ён павярнуўся дахаты.
Шумнае Вацлаўскае намнесьці засталося далёка ззаду. Ён выйшаў у цёмны правулак, які злучаў шумнае намнесьці з другой шумнай вуліцай. Ішоў, пільна ўглядаючыся ў цемру. У правулку гарэў адзіны маленькі газавы ліхар. Тугоўскі ўглядаўся, каб дзе-небудзь не спатыкнуцца. Раптам ён нават спыніўся ад зьдзіўленьня: праз самую асьветленую частку правулка ляцела з голай галавой у адной блузцы жанчына. Яна бегла досыць доўга, а потым, відаць, у яе не хапіла сілы, і яна прытулілася да цёмнай сьцяны дому. “Якая-небудзь трагедыя, – падумаў Тугоўскі. – Зімой адной блудзіць і з голай галавой – гэта што-небудзь значыць”. Ён пасьпяшыў на дапамогу жанчыне.
–Што з вамі? – спытаў ён, падыходзячы да яе... Жанчына маўчала. Толькі чулася яе парывістае дыханьне. – Што з вамі? – паўтарыў пытаньне Тугоўскі.
– Ох, – толькі праенчыла яна ў адказ. – Ох, мне дрэнна.
– Вы хворая? – спужаўся Тугоўскі. – Што з вамі, кажыце.
– Ох, не магу. Я зараз звалюся. Паглядзіце, як б’ецца маё сэрца.
Ён пачаў шукаць яе сэрца. Алкаголь прымушаў яго хістацца, як матроса на параплаве, й пакуль ён рукой трапіў на належнае мейсца, прайшло нямала часу. Яна енчыла, пакуль яго рука блукала па яе целе, й нарэшце замоўкла.
– Што з вамі? – Я зараз жа пабягу да тэлефону, пазваню за карэтай Чырвонага Крыжа.
— Ох, ня трэба, – праенчыла яна. – Нічога ня трэба... Адвядзіце мяне толькі дахаты.
– З прыемнасьцю, – прамовіў ён. Яна абаперлася ўсім сваім целам на яго руку, ціхім крокам ледзь рухалася побач з ім і цяжка дыхала. Тугоўскі маўчаў. Ён вёў яе, як дарагі скарб, – са сьвядомасьцю важнасьці свайго ўчынку. Як будуць уцешаны яе бацькі, калі ён прывядзе яе дахаты. Як будуць удзячныя яны Тугоўскаму, як будуць паціскаць яму руку, паставяць гарбаты, будуць запрашаць яго, й хто ведае, можа быць ён стане сапраўды іх госьцем...
– Вам далёка яшчэ да хаты? – запытаў ён, нахіліўшыся да яе.
– Не, – прамовіла яна. – Зараз будзе, – і пайшла значна болей бадзёра. Правулак канчаўся. У канцы яго бачыўся заліты сьвятлом дом і шумная вялікая вуліца. Дзяўчына раптам пайшла зусім бадзёра. Яна сьціснула руку настолькі моцна, што ён зьдзіўлена паглядзеў на яе. Яны пайшлі да залітага сьвятлом дому. Правулак скончыўся.
– Ну, цяпер куды? – спытаў Тугоўскі. – Далёка да вашага дому?
– А вось ён, – паказала яна на асьветлены дом.
– Тут? – са зьдзіўленьнем спыніўся Тугоўскі і вырваў сваю руку з рукі дзяўчыны. Ён нават адступіў некалькі крокаў назад. На дзьвярах дому было напісана: “Рэстаран”.
– Гэта ваш дом, вы тут жывяце? – спытаў, ня верачы сваім вачам.
– Так, – засьмяялася яна. – Пойдзем... Сумаваць ня будзеце.
– Дык вось як, – вырвалася з вуснаў Тугоўскага. – А я думаў...
– ...што я хворая? – засьмяялася яна. – Ну нічога, мой хлопчык, мой студэнцік. Вы, я бачу, студэнт. Па вашаму акцэнту чую, што ня чэх. Ну што ж, зойдзем. Студэнты мае частыя й каханыя госьці. – Яна ўзяла яго пад руку. Ён пярэчыў слаба. Ён спомніў, як яму было прыемна, калі ён шукаў яе сэрца... Ён першы раз слухаў жаночае сэрца. Алкаголь рабіў свае ўплывы на яго разьбітае, не пасьпеўшае расквесьці каханьне... Эх, што будзе, то будзе. Ён увайшоў са сваёй паненкай. Высокі, выцягнуты ў струну, лёкай паказаў ім дарогу ўніз па шырокай лесьвіцы, засланай чырвоным каберцам. Яны прайшлі міма ў невялікі – паўкругам – пакой, абабіты сьветла-нябеснымі шпалерамі, пасярэдзіне якога стаяў круглы чорны столік, удоўжань сьцяны вылучалася мяккая канапа. За сьцяной то слабла, то шырылася п’яная музыка...
Не пасьпелі яны зачыніць за сабой дзьверы, як у пакой зайшоў лёкай, той самы, што паказваў дарогу, й паставіў паднос з бутэлькай віна й бакаламі на стол. У тую самую мінуту ён моўчкі працягнуў Тугоўскаму рахунак на буйную суму ў сто чэшскіх кронаў. Як ня быў ахоплены флэкаўскім півам Тугоўскі, ён зразумеў, што ўся гэта бутэлька ня варта гэтых грошай. Ён рашуча запратэставаў...
– Гэта самы лепшы партвейн, – прамовіў ласкава лёкай.
– Мілы! – абвіла паненка за шыю рукамі. – Сорам было б займацца гэтай сумай.
Тугоўскі перастаў пярэчыць, выцягнуў партманэ і паклаў на паднос зялёненькую паперку ў сто кронаў.
– Ого, у цябе шмат грошай, – прамовіла паненка, зазірнуўшы ў яго партманэ: – Купі мне папяросаў.
Лёкай, не чакаючы адказу Тугоўскага, зараз выцягнуў з кішэні фрака пачку папяросаў. Тугоўскаму гэта не падабалася. Усё ж ён не такі п’яны быў, каб не зразумець, што з ім робяць нешта нядобрае. Але, не жадаючы больш спрачацца, ён моўчкі заплаціў за папяросы. Нарэшце яны засталіся адны. Можна было рабіць, што яны жадалі, схаваныя ад усіх людзей, ад усяго сьвету, ад усіх маральных законаў. З кожным выпітым бакалам ён рабіўся больш і больш прагавітым да ласкі, да жанчыны, каторую шукаў цэлае жыцьцё, а яна рабілася больш студзёнай, мармуровай... Яна сьмяялася студзёным каменным сьмехам.
– Ну, цалуй мяне, мой мілы студэнцік... Бяры маё сэрца.
Але ні адзін мускул яе не ажывіўся, ні адна частка цела яе не магла жыць, не магла адчуваць. Ён цалаваў мяккі студзёны камень, і пакуль у яго яшчэ была памяць, ён адчуваў нейкае незадавальненьне. Але потым усё стала яму прыемным. Потым усё зьлілося ў густы туман.
Калі ён абудзіўся, то ўбачыў, што ўжо сьвет льецца адкульсьці з вышыні. Праз вузкую палоску шкла ў столі віднеліся ногі прахожых, шыны аўтамабіляў, фурманак. Жыцьцё кіпела, вуліца рухалася, як велізарны мурашнік, ні на хвіліну не спыняючы сваёй бегатні. Дзесь было змаганьне, была чэсная праца, дзесьці біліся за існаваньне людскае, а ён ляжаў, згубіўшы ўсякае разуменьне аб прасторы, аб часе, аб тым нават, дзе ён. Як папаў ён сюды? Ускочыў на канапе і пачаў шукаць тую, якая прывяла яго ў гэты пакой. Яе і сьлед прастыў. Ён з жахам схапіўся за сваё партманэ. Толькі два даляры сіратліва ляжалі сярод дакументаў. Тыя грошы, якія ён атрымаў у лік стыпендыі за паўтара месяца, зьніклі невядома як, толькі адны ўспаміны ў выглядзе рахункаў, напісаных алавіком, сьведчылі аб іх колішнім існаваньні. Ён схапіўся за галаву. Што ён будзе рабіць зараз у Празе з двума далярамі? І як ён паедзе цяпер на Бацькаўшчыну? Што ён нарабіў?
Тугоўскі ўскочыў з канапы. Трэба шукаць каго-небудзь, трэба атрымаць тлумачэньне. Ён выйшаў з пакою, падняўся па лесьвіцы з чырвоным каберцам, заглянуў у розныя пакоі, але нідзе не знайшоў ніводнай душы: здавалася, што гэта быў нейкі загавораны дом. У адным пакоі ён убачыў нейкую тоўстую бабу з закасанай спадніцай, якая мыла падлогу.
– Вам што трэба? – запытала яна.
– Я шукаю адну паненку, – пачаў Тугоўскі.
– Ніякай паненкі тут няма. Я тут адна. – Яна павярнулася й ляснула перад яго носам дзьвярамі. Ён стаяў і раздумваў. Раптам нешта кальнула яго. Ён ледзь не прысеў ад болю. Заразіўся! Студзёны пот выбіла на чале. Задрыжэлі рукі і ногі. Ён сеў на стаяўшае зблізу крэсла. Галаву калола неадступная думка: “Схапіў дурную хваробу. Першы раз у сваім жыцьці прытуліўся да жанчыны, згубіў нявіннасьць дзеля таго, каб згубіць усё жыцьцё. Як дзіка! Хутчэй адсюль...” Ён апрануў сваё зімовае паліто й выйшаў на вуліцу. З жахам глянуў на гэты дом, дзе было напісана “Рэстаран” і дрыжачаю рукой запісаў адрас: калі-небудзь, калі, можа быць, выявіцца сапраўды, што ён атрымаў дрэнную хваробу, ён пацягне рэстаран да судовай адказнасьці. “Хаця, – падумаў зараз жа, – што я магу зрабіць з рэстаранам. Скажуць, што я прывёў дзяўчыну з вуліцы, а за гэта і самому несьці адказнасьць. Як дзіка! Як страшна! Мала таго, што няма грошай, але няма больш чыстаты, няма здароўя. Кажуць, ад такой хваробы можа праваліцца нос. Ах, хоць бы мінула яго гэтая кара”. Ён ляцеў, як непрытомны, у інтэрнат, спадзеючыся, што там знойдзецца нямала сьпецыялістаў па венерычных хваробах. Але каго запытаць?
У інтэрнаце яму трапіўся сьпявак Серада, чалавек, у каторага ня кожны дзень бываў палудзень, чалавек, каторы жыў тым, што хадзіў па рэстаранах й падчас абеду падсаджваўся да сваіх сяброў, сьпяваючы ім свой сібірскі раманс: “Ах, Соня, мая чэшка Соня”. Гэты чалавек, зразумела, ведаў аб розных хваробах. Але запытаць яго, каб ён расказваў з насьмешкай па ўсім інтэрнаце, што ў Тугоўскага дрэнная хвароба, было б глупствам. Ён зьвярнуўся да астральнага чалавека.
– Скажыце, як зьяўляецца сіфіліс?
– А што? – зьдзівіўся астролаг. – Чаму вас гэта зацікавіла? Схапілі?
– Ня ведаю, – чырванеючы, сказаў Тугоўскі.
– Хвароба зьяўляецца на другі тыдзень, – сказаў астролаг, – зьяўляюцца падазроныя гнойныя плямы.
– Ах так... Дзякую... – І ён супакоены пайшоў хадзіць па калідоры.
Тугоўскі нідзе ня мог знайсьці месца. Што нарабіў ён, што будзе зараз з яго паездкай на Бацькаўшчыну, з яго апрошчваньнем? Ён зьбіраўся ехаць чыстым ідэальным юнаком, а зараз ён павязе з сабою бруд, ён павязе з сабой жахлівую хваробу вялікага места. Фактычна ён ніколькі ня лепшы за тых, на якіх ён нападаў, як на кар’ерыстаў, буржуазных “інтэлігентаў”... Ён брудны, нягодны, няварты насіць імя чалавека.
Тугоўскі доўга лаяў сябе і доўга хадзіў па калідоры інтэрнату. Але нарэшце холад прымусіў яго вярнуцца да рэчаіснасьці і ўспомніць пра палудзень. Аднак на гэты раз задаволіўся толькі адной сардэлькай з хлебам і ўвесь апошні дзень праляжаў як хворы ў пасьцелі.
[…]
ХІ.
...Веснавое сонца даўно глядзела праз фіранкі ў прыгожую вілу, у адзін з тых дамоў, якімі пакрывалася пасьля вайны Чэхія. Залацістыя праменьні сарамліва заглядвалі ў спальню, асьвятлялі мармуровы ўмывальнік, ручнік, каберац на падлозе й пару мяккіх двайных крэслаў. Вялікае люстра пералівала ўсімі колерамі вясёлкі: ад чырвонага да цёмна-зялёнага. Загорскі прыемна пацягваўся ў пасьцелі пад белай пярынай і праціраў вочы. Яму не хацелася ўставаць. Зноў пачынаўся дзень, такі самы, як учарашні, такі самы, як тыдзень назад. Прызнацца, яму ўсё гэта досыць абрыдла. Усе дні былі такія аднастайныя, цягучыя, як туга. Усе яны пачыналіся аднолькава: спачатку ён ішоў у Студэнцкі дом, потым куды-небудзь у тэатр ці кіно, потым, увечары, забіраўся ў інтэрнат пагуляць у карты. Рэдка ён праводзіў ночы ў сваёй прыгожай віле. Прызнацца, і гэтая чэшка таксама яму ўжо абрыдла, і віла, і ўся сямейная ўтульнасьць. Магчыма, ён не нарадзіўся, як іншыя, сем’янінам. У дадзеным выпадку ён нагадваў кавалерыйскага каня, якому хамут прычыняў болі. А з другога боку, ён мог быць спакойным, калі яго прыгожая чэшка штодня за сваімі ласкамі нагадвала яму аб экзаменах, аб тым, што трэба, нарэшце, стаць доктарам. Так доўга працягвацца ня можа! Яго брала злосьць, ён сярдзіта кідаў сваёй прыгожай пані: “Ня муч мяне”, – і запіраўся ў сваім пакоі. Самымі горшымі днямі для яго была субота і нядзеля, калі ён павінен быў пражыць са сваёй паняй цэлы дзень. Звычайна яшчэ зьбіраліся госьці: прыязджаў яе брат з Пільзэна, інжынер-хімік. Пачыналіся размовы аб кар’еры, аб жыцьці пад гукі мяшчанскага патэфону. Затое ў звычайныя дні яму было спакойней. Чэшка йшла рана ў свой магазін, і ён бачыў яе толькі ўвечары. Ён адчуваў сябе поўным гаспадаром вілы. У рэшце рэшт ён нядрэнна ўлаштаваўся. Ён мог бы жыць, нягледзячы на ўсю сваю нелюбоў да чэшкі. Але так доўга прадаўжацца не магло. Экзамена ён ня думаў трымаць. Значыць, рана ці позна надзея ў чэшкі стаць “пані доктаравай” будзе разьбітая, а гэта прывядзе да катастрофы... Ён павярнуўся на пасьцелі, усьміхаўся і сказаў сам сабе: “Ну што ж, хай заўтра сьмерць, а сёньня мы жывём”. Ён ляжаў, з прыемнасьцю ўспамінаў карнавал. З Вярхоўскай ён правёў нямала прыемных гадзінаў. Праўда, сама па сабе яна не цікавіла яго, хоць пасьля чэшкі ўсё ж такі была больш рухлівая й маладая. Але ён ладзіў з Вярхоўскай хутчэй на злосьць дзіваку Тугоўскаму.
– Ну што ж, – засьмяяўся ён, – калі яна й трапіцца ў рукі Тугоўскаму, дык ува ўсякім выпадку ня першай сьвежасьці.
Ён яшчэ паляжаў, паглядзеў праз вакно, дзе ўжо даўно рухаліся людзі, й нарэшце пачаў апранацца. Ён думаў аб тым, што сёньня пойдзе гуляць у карты ў інтэрнат. Толькі дзе б дастаць болей грошай.
– Ага – дзе, – вырашыў ён, – мая чэшка, напэўна, яшчэ не пайшла на працу. Папрашу ў яе 600 кронаў, быццам на запіс для дзяржаўнага экзамену.
Ён хутка апрануўся і зазірнуў у пакой да чэшкі. Яна была апранутая й зьбіралася ўжо адыходзіць.
– Ach, dobre jitro, Bozena! – прамовіў Загорскі, цалуючы яе руку. – Ты ўжо ідзеш... А я да цябе... У мяне сёньня экзамен, і мне патрэбныя грошы на запіс.
– Колькі?
– 600 кронаў...
– Езус-Марыя! На што такая сума вялікая? Ты звар’яцеў...
– Дзяржаўны іспыт... Разумееш, такая сума пры паступленьні ў школу, – змахляваў Загорскі.
– У мяне няма такой сумы, – яе поўны твар заліўся чырвоным румянцам, вочы сярдзіта глянулі на Загорскага.
— Ды што ж тады я буду рабіць? – рабіў трагічны выгляд Загорскі. – Зразумей, бяз гэтага я не магу трымаць экзаменаў, што ж тады будзе з маім доктарам... Няўжо ты мне ня верыш?
– Я думаю: усё ж ткі ты махлюеш. Ну добра, я табе гэту суму дам, але ты мне прынясі квітанцыю ад касіра...
– Квітанцыю? Як нізка, – наморшчыўся Загорскі. – Ды я табе дваццаць квітанцыяў прынясу. Якое мяшчанства! І ты сапраўды ад мяне патрабавала б квітанцыю?
Чэшка стаяла, адвярнуўшыся да вакна й маўчала. Ён падышоў да яе, схапіў за плечы і прытуліў яе галаву да сваіх вуснаў.
– І ты патрабавала б ад мяне квітанцыю? – казаў ён паміж пацалункамі.
Яна нарэшце вырвалася з яго абоймаў і, сьмеючыся, пайшла ў другі пакой.
— Ну, – сказала яна, выходзячы з кіпкай зялёненькіх кронаў, – вось табе грошы, але каб ты вытрымаў экзамены.
Ён падзякаваў і пацалаваў яе рукі.
– Ах, мне трэба йсьці, – спомніла яна і, насьпех накінуўшы капялюш, у дзьвярах пажадаўшы яму ўсяго найлепшага на экзаменах, паляцела на працу. Загорскі перагортваў пачку кронаў і, сьмеючыся, думаў аб сваёй спрытнай выдумцы. Сяньня ўвечары ў інтэрнаце ён будзе мець магчымасьць добра пагуляць у карты.
Увечары інтэрнат ажывіўся. У адным з яго пакояў, уведзеных для студоўні, хоць звычайна тут ніхто не вучыўся, сабралася шматлікая грамада няведама з якіх краёў. Тут былі чэхі і расейцы, украінцы і немцы і наогул міжнародныя аматары пашукаць шчасьця ў картах. Інтэрнат быў прадстаўлены самымі лепшымі гульцамі. Серада і балетмайстар Садоўскі запалілі сьвечкі. У пакоі стала ціха, урачыста і важна. Усе твары напружана й сярдзіта сачылі за картамі, углядаючыся ў рукі суседзяў. Загорскі сядзеў на краі стала і ўносіў у банк вялікія сумы. Ён гуляў азартна. Сёньня, яму здавалася, ён павінен быў выйграць.
– Банк! – крычаў ён, ні на адну хвіліну не задумваючыся. І ён зайграў.
Праз некалькі гадзінаў у банку было ўжо больш за 300 кронаў. У пакоі было так ціха, быццам ува ўсіх людзей страх адняў усякую магчымасьць гутарыць і рухацца.
– Банк! – крыкнуў Загорскі і ў першы раз за ўсю гульню адчуў, што ён задрыжэў усім целам.
– Вока, – сказаў трымаўшы банк Садоўскі і паказаў дзясятку з тузам. Усё было скончана. Загорскі прайграў. З той пары ён пачаў хвалявацца...
* * *
Тугоўскі ня мог спаць гэту ноч. Як ранены, як ахоплены агоніяй, ён кідаўся на пасьцелі, уставаў, хадзіў па пакоі і ўсё думаў аб тым, што ён заразіўся. Ён глядзеў на тое мейсца, дзе, па словах астральнага чалавека, павінна была зьявіцца жоўтая пляма й чуў зуд, нейкае паленьне-казытаньне болю. Калі ён клаўся на пасьцель, то ўскокваў, увесь абліты сьцюдзёным потам. Нарэшце ён ня вытрымаў, выйшаў у калідор. Што такое? У студоўні праз дзьверы бачылася сьвятло. Хто мог так позна вучыцца? Ён з цікавасьцю прыадчыніў дзьверы – і адступіў назад ад зьдзіўленьня. За сталом пры сьвечках гулялі ў карты. Усе кінулі на яго сярдзітыя пагляды й зноў прыняліся за гульню.
– Як вы сюды трапілі? – выгукнулі за сталом.
– Якая вам справа? Я вас не пытаю, як вы сюды трапілі – адказаў Тугоўскі, становячыся ў цёмны кут стала, каб пасачыць за гульнёй. Загорскі ў гэты момант прайграў якраз усе 600 кронаў.
–Я папрашу вас выйсьці, – сказаў Загорскі. – Інакш мы вас адсюль выкінем, як шмацьцё.
Тугоўскі пачынаў увесь дрыжэць ад злосьці.
Бяссонная ноч, мукі нейкай хваробы, разьбітая сьвядомасьць – усё разам прыводзіла яго ў адчай і рабіла з яго чалавека, якому нічога не было страшна. Але ён не адказаў Загорскаму. На гэты раз ён толькі сьціснуў зубы і прамаўчаў...
– Што за ідыёт, – не супакойваўся Загорскі. – Паглядзіце, стаіць.
– Ах так, – прарвалася ў Тугоўскага. І не пасьпелі апамятацца прысутныя, як звонкі ўдар па твары прарэзаў цішу пакою. Усе паўскоквалі з мейсца. Загорскі падляцеў да Тугоўскага, але ў гэты момант другі ўдар разнёсься ў паветры з няменшай сілай.
– Вось табе, – крычаў Тугоўскі. – За ўсё, за плябея і за ідыёта!
Пачалася сапраўдная бойка. Тугоўскі быў у перавазе. Ён біў Загорскага па сьпіне, па руках, па твары, куды толькі даставалі яго доўгія рукі, біў са сьмеласьцю адчайнага чалавека. Іх разьнімалі, але доўга не маглі разьняць, пакуль у справу не ўмяшаўся нейкі Геркулес-украінец і ня вывеў за каўнер з пакою Тугоўскага.
“Помсьціцца, – падумаў Тугоўскі, застаўшыся адзін у калідоры. – Цяпер Загорскі будзе памятаць мяне ўсё жыцьцё. Плябей помсьціцца патрыцыю”... Ён хутка апрануўся й выскачыў з інтэрнату на вуліцу. Швейцар доўга корпаўся ў хаце й не хацеў адчыняць яму браму.
– Вы не зачыняйце браму, – сказаў Тугоўскі, – я зараз вярнуся з адной дамай. Яе муж сёньня ў інтэрнаце гуляе ў карты, разумееце?
– А-а, – працягнуў швейцар.
Тугоўскі паляцеў на кватэру Загорскага. Віла стаяла недалёка ад інтэрнату, на прыгожай гары сярод елак і зеляніны. Ён пазваніў. Ніхто не адгукнуўся. Дзесьці спрасонку забрахаў сабака. Яшчэ раз пазваніў... Ён званіў без упынку, пакуль нарэшце не пачуў шлёпаньне пантофляў каля дзьвярэй.
– Хто тут? – пачуўся жаночы голас, і прамень электрычнай лямпачкі трапіў проста ў вочы Тугоўскаму.
– Студэнт Тугоўскі, калі ведаеце.
– Я такога ня ведаю. – Сьвятло сьлізнула ўздоўж яе фігуры. – Я вас не магу пусьціць.
– Ня трэба. Толькі выслухайце мяне. Пан Загорскі ёсьць у хаце?
– Не, яшчэ не прыходзіў.
– Дык вось, пан Загорскі зараз знаходзіцца ва Украінскім інтэрнаце, адзін квартал ад вас, і грае ў карты. Ён прайграў ужо 600 кронаў.
– Ах... – ускрыкнуў жаночы голас.
– Калі хочаце яго ратаваць, дык зараз жа мусіце йсьці ў інтэрнат са мной, інакш ён канчаткова прайграецца й аддасьць свой апошні касьцюм.
– Зараз. Хвіліну пачакайце...
Тугоўскі спакойна застаўся чакаць. Помста яго нарэшце дасягнула мэты. Праз нядоўгі час прыгожая, поўная чэшка ў чорным паліто адчыніла дзьверы вілы. Яны пасьпешна накіраваліся ў інтэрнат. Тугоўскі маўчаў. Няхай яна сама пабачыць абстаноўку, у якой апынуўся яе будучы муж. Які гэта будзе дзіўны момант.
Яны прайшлі праз браму, дзе швейцар ёй нізка пакланіўся й зьняў шапку, потым падняліся па лесьвіцы і... Яна адчыніла дзьверы пакою. Напэўна, узрыў бомбы зрабіў бы лепшае ўражаньне, чым зьяўленьне жанчыны ў дзьвярах інтэрнату. Усе ігракі, якія здаваліся яшчэ больш жахлівымі пры паўцёмным асьвятленьні свечак, замёрлі, ня ведаючы што рабіць, як зразумець зьяўленьне гэтага прывіду. Адкуль і хто яна?
– Пан Загорскі, я прашу вас зараз жа вярнуцца дахаты, – голасна прамовіла яна, адчаканьваючы кожнае слова. Загорскі ўстаў, бледны, як папера, й пасьпешна падышоў да яе.
– Бажэна! – цалаваў ён яе рукі. – Я зараз... Дазволь мне тут адыграцца. Я зараз выйграю шмат грошай.
– Ах, нягодны. Ты ня маеш права называць мяне па імені. Зараз жа зьбірайся са мной дахаты.
– Ну гэта яшчэ паглядзім, – успыхнуў Загорскі. – Можаце ісьці. Я вас не трымаю. – Ён нізка пакланіўся ёй і зноў пайшоў да стала. Яна ляснула дзьвярыма й выйшла. Упоцемках ішла, хіляючыся, й Тугоўскі падляцеў дапамагчы ёй сысьці з лесьвіцы. Калі сьвятло ліхтара асьвяціла яе твар, ён убачыў вочы, поўныя сьлёз.
– Ну, бывайце, – працягнула яна руку на разьвітаньне Тугоўскаму. – Дзякую вам вельмі, што мяне выручылі з бяды... Вельмі дзякую. – І яна, плачучы, пайшла з інтэрнату. Тугоўскі не вярнуўся ў пакой. Ён ведаў, што Загорскі з карцёжнікамі пастараюцца помсьціцца яму, й таму правёў бяссонную ноч у альтане. Запраўды, праз паўгадзіны ён пачуў, як з інтэрнату выйшаў Загорскі з натоўпам прыяцеляў і злосна сказаў:
– Яго шчасьце, што мы яго не знайшлі...
– Адламалі б мы яму рэбры, – прамовіў праз зубы нейкі густы нізкі бас.
Яны пералезьлі праз плот, каб не званіць швейцару, зьніклі ў цемры ночы. Тугоўскі з палёгкай уздыхнуў. І пасьля з непрыемнасьцю падумаў: “Уся кар’ера Загорскага загінула, больш ён ня будзе гаспадаром у прыгожай віле”.
ХІІ.
Пад ранак Тугоўскі паглядзеў на сябе й ледзь утрымаўся на нагах: на тым мейсцы, пра якое казаў астральны чалавек, зьявілася вялікая жоўтая пляма. Не заставалася больш ніякага сумлеву. Апошні валасок, за які ён быў учапіўся, абарваўся, і Тугоўскі ляцеў у прорву. Як жахліва. Як ён не хацеў калісьці скончыць жыцьцё самагубствам, але зараз, калі ён бачыў, што гіне, нейкі жывёльны страх перад загубай апаноўваў ім. “Загінуць, – думаў Тугоўскі, – так, загінуць. Не!.. Гэта дзіка! Невымоўна дзіка. Як-небудзь схапіцца за жыцьцё”.
Ён ляцеў, як непрытомны, да доктара.
У вялікім шыкарным пакоі з усялякімі інструментамі высокі, у белым халаце, спакойны, як Бог, доктар запісваў усе прыкметы хваробы Тугоўскага. Ён ціскаў яго, круціў, прыглядаўся й больш усяго хацеў даведацца, калі гэта было. Тугоўскі пачынаў ужо думаць, што ён дарэмна перапужаўся, калі доктар прамовіў сам сабе:
– Так... Сіфіліс – слова грэцкае і азначае: сіф – сьвіньня. Значыць: сьвінячае каханьне.
– Магчыма, доктар. Але дзе ж узяць сапраўднае каханьне, калі яго няма. Я ўсё жыцьцё сваё шукаў сапраўднае каханьне, але ня мог знайсьці, – патэтычна казаў Тугоўскі, – вось цяпер я маю сіфіліс...
— Не, чалавеча... На гэты раз Бог мілаваў, але другі раз вы не хадзіце да гэтых начных паненак, асабліва пад уплывам алкаголю. Другі раз вы так лёгка не прыйдзецца...
– Дык я здаровы? – з радасьцю ўскрыкнуў Тугоўскі...
– Так. У вас ёсьць адна нязначная хвароба, фактычна, яе й хваробай ня можна назваць. Я б назваў яе па-французску, але вы па-французску не разумееце. Гэта хвароба ад таго, што вы даўно ня мелі жанчыны...
– Праўда?
– Так, каб вы канчаткова сталі здаровы, я магу вам прыпісаць толькі адно лякарства: жанчыну...
– Вельмі дзякую, доктар, – засьмяяўся Тугоўскі, – але дзе яе ўзяць?
– Ну, што ж... Знайдзіце сабе якую-небудзь бабульку й жывіце з задавальненьнем... Тут ужо медыцына бясьсільна што-небудзь дапамагчы, – жартам параіў доктар.
Тугоўскі выйшаў ад доктара, быццам перароджаны. Ён ляцеў нібыта на крыльлях. Яму было ўсё прыемна і радасна, нібы ён бачыў жыцьцё першы раз пасьля даўгога сядзеньня ў турме. Ён весела ўвайшоў на двор Студэнцкага дому. Яму здалося, што ўсё прасьвятлела, што веснавое сонца наўмысьлі так міла й прыемна грэе й залоціць вершаліны дрэў, выбіваецца на канаўках. Сьпяваюць пеўні на платах, усё шуміць новым маладым жыцьцём. “Жыць, жыць, я яшчэ буду жыць!” – казала сэрца, і ад гэтага простага слова сьлёзы нагортваліся на вачах. “Усё ж ткі хачу жыць, – казала істота, – хоць цярпець, але каб жыць...”
Ён быў у такім павышаным настроі, што не зьвяртаў увагі на адносіны да сябе сяброў. Толькі калі спаткаў двух-трох беларусаў, якія прайшлі міма, не прывітаўшыся з ім, тады ён зразумеў людскія адносіны да сябе, пахмурнеў... Ён увайшоў у шумную залу, сеў у куток і задумаўся. Як дзіўна створаныя гэтыя людзі! Яны мяняюць свае адносіны залежна ад посьпеху чалавека... Яны лашчацца, яны каля яго, пакуль грыміць слава, пакуль чалавек ідзе ўгару і высока нясе сваё імя, але трэба яму крыху спатыкнуцца, як усе пакідаюць яго, і чалавек застаецца адзін. Як брыдка, што ўсе гэтыя маленькія людзі, усе гэтыя тэхнікі Жукі, Буракі, Малевічы ставяць сябе вышэй за яго, з нейкім пачуцьцём першынства, сьмеючыся, падаюць яму руку:
– Здароў, Тугоўскі! Ну, што ты цяпер: ні Богу сьвечка, ні чорту качарга?
Эх, хацелася б яму кінуць у іх вочы ганебны крык з горыччу і злосьцю, але ён прымушаны маўчаць, ён прымушаны цярпець іх насьмешкі. Усё роўна трэба выпіць свой келіх жыцьця ўвесь да дна: “Ці з вадой жыватворнай, ці з ядам успамінаў...” – згадаў ён словы Янкі Купалы й маўкліва глядзеў, як рухаўся стракаты студэнцкі натоўп у зале.
– Тугоўскі! – пачуў ён раптам каля сябе голас і павярнуўся. Перад ім стаяў вясёлы, квяцісты, з даўгімі валасамі Тамашэвіч.
– Ну, як жывём?
– Па-старому... Як гарох пры дарозе...
– Эх, біць цябе трэба, – казаў ён, падсядаючы да Тугоўскага. – Адмовіцца ад стыпендыі й кінуць вышэйшую школу... Гэта нешта нечувана. Што за прычыны? Слухай... Я ніяк не магу зразумець.
– Дык і не старайся. Нічога не зразумееш на гэтым сьвеце... Хачу апросьціцца, дзядзька Тамаш, – засьмяяўся Тугоўскі.
– Апросьціцца ці ўдасканаліцца? Гэта такая праблема, што над ёй варта паламаць галаву ўсёй нашай маладой інтэлігенцыі.
– Ах, не кажы гэтых высокіх словаў: “інтэлігенцыя...” Ва ўсякім выпадку я да яе сябе на далучу.
– Чаму? Дарэмна... Кожны чалавек, хто задумваецца над самім сабой, над людскім існаваньнем, хто жыве ня толькі для бруха, але крыху й для духа, ужо ёсьць думаючая частка народу... А я спадзяюся, што ты сябе адносіш да гэтай думаючай часткі, праўда?
– Значыць, тады і ўсе нашыя студэнты ў Празе, – не адказваючы проста на пытаньне Тамашэвіча, зазначыў Тугоўскі, – таксама інтэлігенцыя? Кінь, дзядзька Тамаш...
– Зразумела, што інтэлігенцыя, – рабіўся сур’ёзным Тамашэвіч.
– Але ж вось адсюль і выцякае заданьне нашай інтэлігенцыі: як жа апросьціцца, калі мы ўсе выйшлі з простага народу й з пункту гледжаньня якога-небудзь расейца й так вельмі “простыя”. Перад намі ўсімі стаяць велізарныя шляхі ўдасканаленьня, такія велізарныя, што мне падчас хочацца сказаць словамі Максіма Багдановіча: “Брацьця! Ці хопіць нам сілы?!” Удасканаліцца, дзядзька Тамаш, – калі заглушыць у сабе тое простае, што яшчэ зьвязвае нас з народам; знача, адысьці ад народу... Так трэба зразумець гэта ўдасканаленьне.
– Удасканаліцца, каб стаць дырэктарам фабрыкі, ці што?
– Зусім не... На што так спрошчваць сваё думаньне. Удасканаленьне ёсьць удасканаленьне. Гэта ёсьць доўгі, пасьлядоўны шлях разьвіцьця ўсіх духоўных элементаў чалавека... Карацей і ясьней кажучы, рост яго...
– Сапраўды: мы павінны яшчэ шмат над сабой працаваць, каб у нас было больш чалавечага твару. Мець сваю індывідуальнасьць, свой чалавечы твар, – гэта наша найвялікшае заданьне. Толькі ў людскіх адзінках – наш ратунак. Як жа стаць моцным, дзе тое лякарства, якое магло б дапамагчы і даць моц. Старому Фаўсту, памятаеш, чорт даў лякарства, чароўную Маргарыту, амаладзіў яго, зрабіў моцным і прыгожым, хоць узяў яго душу. Ты ведаеш, што сталася потым з Фаўстам?.. Дык вось, Маргарыта якая-небудзь ня ёсьць у нашыя часы лякарствам, якое зробіць нас маладымі і моцнымі. Адзіны лек для нас, каб стаць моцнымі, гэта праца над самім сабой – культурная праца ў культурнай абстаноўцы. Сярод грамадзянства. Мы павінны йсьці ў грамадскія арганізацыі, закладаць гурткі, таварыствы, партыі, каб удасканальвацца, бо ніхто так не разьвівае чалавека, як грамада і жыцьцё.
– “Моцны той, хто адзін” – казаў філосаф, – зазначыў Тугоўскі. – Мне здаецца, грамада ня можа тварыць індывідуальнасьць.
– Правядлова... Адна грамада ня створыць індывідуальнасьці. Калектыў часта прыгнятае адзінку, але трэба прызнаць, што без грамады таксама ня можа быць разьвіцьця адзінкі. Рабінзоны Круза аджылі свой век.
– Потым, ня ўсякая грамада можа навучыць чаму-небудзь. Сапраўды, наша пражская “Грамада” можа навучыць толькі гуляць у карты, п’янстваваць і рабіць кар’еру.
– Юпіцер, ты злуешся: значыць, ты няправы, – засьмяяўся Тамашэвіч. – Адкуль такія чорныя фарбы, даражэнькі? Наша моладзь ня горш усякай іншай моладзі. Ёсьць тыпы адмоўныя, безумоўна, але ёсьць і станоўчыя.
Тамашэвіч спрачаўся менш упарта. Ён бачыў, што Тугоўскі мае нейкую сваю думку й ня хоча з ім падзяліцца. Тугоўскі затое наўмысьлі хацеў быць упартым – хоць у душы шмат згаджаўся з Тамашэвічам.
– І ўсё ж такі ня ў гэтым справа, – працягваў Тамашэвіч, – справа ня ў нашай “Грамадзе”. Справа ў грамадзе наогул. Нашто табе нашая “Грамада”. Калі ты чуеш сябе настолькі вышэй за нашую “Грамаду”, што можаш кідаць яе, дык маеш магчымасьць знайсьці “Грамаду” іншую, чэшскую, напрыклад, баўгарскую, украінскую... У Празе, дзякаваць Богу, ёсьць дзе ўдасканаліцца. Можна запраўды разьвіцца й стаць культурным ува ўсіх адносінах чалавекам. Наша заданьне, паўтараю, наогул стаць у сьвеце з векам нароўне.
– Добрая рэч – асьвета, – усьміхнуўся Тугоўскі. – Добрая рэч паставіць сабе адно ці тысячы самых добрых заданьняў, але пытаньне – як іх дасягнуць. І потым, я ня ведаю, чым гэта растлумачыць, я ня бачу ніякага задаваленьня ад таго, што я іх дасягну. Я ўдасканалюся па тваім рэцэпце – магу скончыць вышэйшую тэхнічную школу. Нарэшце, гэтага можна дасягнуць. Людзі нават бяз здольнасьцяў могуць скончыць курс васьмі гадоў. Так, дапусьцім, што я стану інжынерам. Я шукаю спакою: правінцыі, палескай глушы.
– Сну, паспаць хочацца, – засьмяяўся Тамашэвіч, – тады, брат, нічога ня зробіш. Тады, можа быць, табе сапраўды трэба чароўнай Маргарыты, як таму старому Фаўсту. А вось і яна, Маргарыта...
Да іх падыходзіла Вярхоўская.
— Лёгкая на ўспамін, – жартаваў Тамашэвіч, – а мы толькі што гутарылі аб Маргарыце і аб Фаўсьце.
— Ого, – усклікнула Вярхоўская, сядаючы з другога боку, каля Тугоўскага. – Відаць, што ў каго баліць, той аб тым і пачынае гаварыць.
Тугоўскі пачырванеў да вушэй.
– Ужо ж, – падхапіў жарт Тамашэвіч, – нам гэта вельмі баліць... Вось, ведаеце, спрачаліся мы з грамадзянінам Тугоўскім... Ён добры хлопец, як вы думаеце?
– Нічога, – засьмяялася Вярхоўская. – Калі сьпіць... Тады добры хлопец, але вось любіць паспаць. Хто яго так сагнуў, ня ведаю. Па-мойму, яго трэба было б добра страсянуць, як грушу... Тады з яго выйшаў бы чалавек. Хлопец ён нічога. Хоча быць толькі арыгінальным... Але гэта не бяда.
Тугоўскі канфузьліва ўсьміхнуўся.
– Я вось што хачу, – казаў, устаючы, Тамашэвіч, – каб з цябе, братка, выйшаў беларус-дзеяч. Кінь свае арыгінальнасьці, будзь, як усе, і паступай да нас на філасофію. Гэта будзе лепш, чым на тэхніку. Стыпендыю як-небудзь улаштуем.
– Правядлова! – падтрымала Вярхоўская. – Улаштуем... Скажам, што ты беларускі паэт, кінуў тэхніку й па чэснасьці не захацеў атрымліваць стыпендыю. А начальнік “Чэшска-Украінскага Камітэту”, палкоўнік, які любіць часам быць лібералам, зжаліцца і ўсё. Дык як, згодны?
Тамашэвіч глядзеў на яго пільнымі бліскучымі вачыма. Вярхоўская ўсьміхалася, з цікавасьцю аглядала яго.
Тугоўскі адварочваў ад яе твар і маўчаў.
– Маўчаньне – знак згоды. Значыць, скончана, – падхапіў Тамашэвіч. – Я пайду, а вы паўплывайце на яго, Галена Уладзіміраўна.
Вярхоўская з Тугоўскім засталіся адны. Настала непрыемнае маўчаньне.
– Ну, што новага? – запытаў ён нарэшце.
– Новага?.. Здаецца, нічога новага, апрача таго, што ведаеце. Экзамены... Вось памірае “айцец” Кірыла.
– Што? – ледзь ня ўскочыў Тугоўскі. – “Айцец” Кірыла памірае?
– Так, доктар сказаў, што спадзявацца на яго выздароў немагчыма. У яго сухоты. Здаровых лёгкіх засталіся толькі маленькія кавалачкі. Увесь час павышаная тэмпература – да 39. У яго шмат крыві выйшла.
– Скажыце! – дзівіўся Тугоўскі й з шчырым сумам спамінаў Кірылу. Ён пазбавіўся цяпер самага лепшага сябра, якога знайшоў у сваім цяжкім жыцьці ў Празе.
– Роджаны пад Сатурнам, – усё ж такі прабурчаў ён больш для сябе і спомніў прароцтвы астральнага чалавека, які казаў, што Кірыла памрэ ад сухотаў. – Роджаны пад Сатурнам... Чалавек памірае, калі яму застаўся адзін дзень да дыплому. Памірае ў росквіце сілаў, ня маючы магчымасьці вярнуцца на Бацькаўшчыну, якую ён хацеў бачыць квітучым садам. Хіба гэта не няшчасьце? Хіба гэтыя людзі не радзіліся пад няшчаснай планетай Сатурн? Хіба ня цягне іх гэты пракляты Сатурн да магілы, калі яны самі цягнуцца да жыцьця? А колькі іх? Колькі іх у Празе, што імкнуцца, можа быць, шчыра, да палепшаньня свайго палажэньня і нават цэлага народу, церпяць фіяска ў разгар сваёй працы. Колькі іх, гэтых працавітых павукоў, павуціну каторых так зьлітасна зьмятае мятла выпадку... Я пачынаю думаць, што мы ўсе тут, у Празе – роджаныя пад Сатурнам, што ўсе мы загінуўшыя для Бацькаўшчыны людзі й, можа быць, не адзін з нас пойдзе па дарозе “айца” Кірылы... Хто выйдзе прарокам з нашага пражскага Назарэту? Я думаю – ніхто. Большасьць з нас пакладзе свае косьці на чужыне, меншасьць будзе стыдацца апрануцца ў бацькаў кажух, бо ён сьмярдзіць... Так пройдзем мы, пражаньне, па сьвеце, як пыл – не нацешыўшы нікога ні сваім росквітам, ні сваёй моцай, толькі жаласьцю ці пракляцьцямі.
Вярхоўская маўчала. Яна аб нечым думала. Аб Тугоўскім ці аб яго словах. Цяпер толькі ён спыніўся, каб падумаць, якое ўражаньне зрабіў на яе. Праз хвіліну яна падняла на яго ласкавыя вочы і прамовіла:
– А ўсё ж ткі, я думаю, што і нашая зямля можа нараджаць хуткіх розумам Ньютонаў і Платонаў. Я думаю, што і ў нашай “Грамадзе” ёсьць людзі, якія могуць быць прарокамі; напрыклад, Тамашэвіч...
– А Загорскі? – Ён паглядзеў на яе насьмешліва. У гэты момант яна чамусьці здалася яму такой маленькай, звычайнай дзяўчынай. Яна зьдзіўлена паглядзела на яго й пачырванела.
– Загорскі?.. Што вы? Ні ў якім разе...
– Чаму? – усьміхаўся Тугоўскі. – Яны вельмі падобны адзін на аднаго: Тамашэвіч, напрыклад, беларуская рэвалюцыйная балалайка... А Загорскі грае на скрыпцы... й на жаночым сэрцы... Як бачыце, абодва музыканты, й абодва вам падабаюцца.
– Кіньце вы, – казала яна, гледзяы на яго крыху спуджана, – вы сёньня нейкі насьмешлівы, рашучы, якім я вас ніколі ня бачыла.
– Жыць буду, разумееце? Сёньня мне доктар сказаў, што жыць буду. Вясна ідзе. Ручайкі зьвіняць. Тугоўскі жыць будзе назло Сатурну, назло прыкрасьцям Загорскіх і іх паненак. Разумееце?
– Зноў Загорскі... Мне гэта імя не зусім прыемна, – прамовіла яна.
– Ах, вось як. Даўно? Вітаю, Галена Уладзіміраўна. Магу паведаміць, што грамадзянін Загорскі больш ня будзе спаць у прыгожай віле. Сёньня яго жонка-чэшка знайшла ў інтэрнаце сярод карцёжнікаў, калі ён прайграў усе свае грошы.
– Што? У яго была жонка? Чэшка? Ён іграў у карты? Нічога не разумею, – бляднела Вярхоўская.
– Хіба вы ня ведаеце, Галена Уладзіміраўна, – усьміхаўся Тугоўскі. – Увесь Студэнцкі дом трубіў аб гэтым.
– Першы раз чую. Але мне ўсё роўна. Якая справа мне да Загорскага. – Яна ўстала сур’ёзная і бледная. Тугоўскі глядзеў на яе й бачыў задаваленьне ў тым, што першы раз яна стаяла перад ім не каралевай, гордай і недаступнай, а звычайна жанчынай, якая не магла схаваць сваю жаночую слабасьць. – Правядзіце мяне дахаты, – прамовіла яна, робячы над сабой высілак волі й сумна ўсьміхаючыся.
– Дахаты? – рэзка, нават, як яму самому падалося, груба засьмяяўся Тугоўскі. – А што там будзе? Вы мне пакажаце цацкі, як заплакаўшаму дзіцяці?
– Так... Можа быць, пакажу дзіўныя цацкі, – горда й са сьмехам у адказ на яго рэзкасьць зазначыла яна.
– Не... Тады... вельмі дзякую. Які я ні ёсьць, а вашага шкадаваньня не патрабую, і дзіцём не хачу быць. Бывайце... – Ён зьняў свой капялюш і, рэзка павярнуўшыся, выйшаў са Студэнцкага дому.
(Заканчэньне ў наступным нумары.)
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Рэдакцыі
"Дзеяслова"
|