БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 18

ДЗЕЯСЛОЎ № 18Генадзь Бураўкін

На беразе Дняпра

Я люблю ўглядацца ў гэты аматарскі здымак, зроблены паўвеку назад пад Менскам, у славутым Доме творчасьці ў Каралішчавічах. Божа, якія мы ўсе былі маладыя —вастраносы Рыгор Барадулін, «акулярык» Юрась Сьвірка, Мікола Сіскевіч у вайсковай форме, усьмешлівы Анатоль Канапелька і танклявы, інтэлігентны Валодзя Караткевіч з універсітэцкім «ромбікам» на правым лацкане пінжака!..

Шчыра скажу, не памятаю, аб чым мы тады — на нарадзе маладых пісьменьнікаў — гаварылі, якія вершы чыталі адзін аднаму, што зьбіраліся разам несьці ў жыцьцё. Відаць, хапала усяго: сьмелых спадзяваньняў, і наіўных спрэчак, і сяброўскіх споведзяў на яшчэ не разбуджаных галасістымі птушкамі вясновых лясных сьцежках. Добра ведаю адно: тады пачалося нашае літаратурнае і чалавечае сяброўства, якое ўсе мы зьбераглі праз гады, якія — каму больш, каму менш — адвёў літасьцівы Бог...

Бліжэй з Уладзімірам Караткевічам я пазнаёміўся летам 1957 году, калі па ягонай прапанове прыехаў студэнтам трэцяга курсу Белдзяржунівер­сітэту на журналісцкую практыку ў аршанскую газету «Ленінскі прызыў». Валодзя сустрэў мяне на вакзале і прывёў у бацькоўскую хату непада­лёку ад цэнтру гораду, блізка ад паўнаводнага, спакойнага Дняпра.

Хата на вуліцы Варашылава (пасьля яна стала вуліцай Касманаўтаў, а яшчэ пазьней набыла імя Караткевіча), 10 была вельмі сьціплай і для немалой сям’і відавочна цеснай. Часы тады былі небагатыя і «харомаў» практычна не было ні ў кога. Пакойчыкі ў Валодзевай хаце былі маленькія, але клапатліва дагледжаныя, акуратныя і ўтульныя. Лішняму чалавеку, вядома, месца ў іх не было — і мы з маім сябрам «акупавалі» пуньку, якая стаяла ў двары і дзе ў кутку ляжала добра высахлае сена. Там мы начавалі, там вялі свае бясконцыя шчырыя размовы. Ужо тады я падзівіўся і шырыні Валодзевых інтарэсаў, і глыбокай дасьведчанасьці ягонай у гісторыі, літаратуры, астраноміі. Калі перад сном мы часта сядзелі на лаўцы перад хатаю і глядзелі на высокае зорнае неба, я, нібы малы хлапчук, зачаравана слухаў яго рамантычныя расповеды пра таямнічыя палёты планетаў і паэтычныя легенды, зьвязаныя з загадкамі сусьвету і даўнімі марамі зямлянаў аб невядомым касьмічным жыцьці. У школе я добрасумленна вывучыў падручнік па астраноміі, меў за гэта «пяцёрку» ў атэстаце, але такой захопленасьці і прыгажосьці, якую адкрыў мне Валодзя, ня мог і ўявіць. Ён беспамылкова знаходзіў у цёмнай вышыні сузор’і Лебедзя і Стральца, узгадваў старажытныя міфы і — здавалася — проста ў мяне на вачах складаў поўныя хараства вершы пра вечны Млечны шлях і запозьненых леанідаў. Неба было для яго любімай, не- дачытанай да канца кнігай, і ён нібы баяўся адарвацца ад яе, каб не ўпусьціць нешта вельмі цікавае і важнае, сам не заўважаючы, як натхнёна «дапісвае» ў яе ўласныя непаўторныя старонкі...

Аб чым толькі за амаль два месяцы нашых начлегаў на духмяным сене ў зацішнай пуньцы мы не перагаварылі! Вядома, я часьцей слухаў, бо Валодзя быў і старэйшы, і вопытнейшы, і куды больш адукаваны. За плячамі ў яго быў ня толькі філфак Кіеўскага ўніверсітэту і асьпірантура ў ім, а — галоўнае — блізкае знаёмства з такімі славутасьцямі, як сусьветна вядомы славяназнаўца Аляксандр Іванавіч Бялецкі, у бібліятэцы якога можна было знайсьці кнігі, якіх не выдавалі тады і ў самой «ленінцы». Няцяжка ўявіць, як шчасьліва «наглытаўся» там цікаўны, прагны да ведаў беларускі хлопец старажытных летапісаў, дасьледваньняў Ключэўскага і Кастамарава, забароненых на той час вершаў Шаўчэнкі і Гумілёва, Багдановіча і Антоныча. Мы, так званыя менскія «пачаткоўцы», сыны полацкіх ды магілёўскіх вёсак, яшчэ толькі падступаліся да тых, старанна схаваных ад нас пільнымі ідэолагамі багацьцяў, а Валодзя ўжо ўсё гэта паклаў у сваю ўражлівую душу і веды тыя сталі натуральнай часткай ягоных перакаканьняў і фантазіяў. Таму ў ягоных славутых раманах даўняя нашая гісторыя такая дакладная і асязальная, такая жывая і прыгожая. Таму, напэўна, для мяне з аповесьцяў і апавяданьняў маладых ягоных калегаў так настырна вытыркаюцца закладкі ў пажоўклых фаліянтах, толькі ўчора ці пазаўчора радасна адкрытых імі. Якая гэта, між усяго іншага, рэдкая ўдача — своечасова далучыцца да ўнікальнай, не замутнёнай палітычнай кан’юктурай крыніцы ведаў пра тое, адкуль пайшоў твой народ і праз што ён прайшоў да таго, як і ты адчуў сябе ягоным сынам летапісцам!..

Вядома ж, гаварылі мы і пра налітыку, бо гэта быў час хрушчоўскай «адлігі», час разьвянчаньня культу асобы Сталіна і выкрыцьця славутай «антыпартыйнай групы» і далучанага да яе Шапілава, але я чамусьці не памятаю, што канкрэтна асабліва хвалявала нас. Можа, першае ўзрушэньне ад гістарычнага дваццатага партыйнага зьезду ўжо прайшло, а, можа, проста, па сваёй маладосьці, мы болей жылі літаратурнымі справамі і надзеямі. Валодзя пісаў тады сваю першую аповесьць «У сьнягах драмае вясна». Ён мне не паказваў яе толькі дзяліўся развагамі і нібы правяраў на мне сюжэтныя павароты і жыцьцёвыя калізіі. Мне вельмі падабалася сама назва, паэтычная і трошкі нават таямнічая, з непрывычным словам усярэдзіне – «драмае», а ня «дрэмле». І я часта паўтараў яе, смакуючы само гучаньне, што, відаць, падабалася Валодзю, бо ён кожны раз перапытваў: «Добра? Праўда?..»

Як я заўважыў, сваімі літаратурнымі планамі Валодзя ня надта дзяліўся і з бацькамі, ва ўсякім разе, калі мы зьбіраліся ўранку або вечарам разам, пра ягоную творчасьць гаворкі ніколі не было. Маці — Надзея Васільеўна — выглядала, як мне помніцца, заўсёды строга і нават даволі ўладна, нібы падкрэсьлівала і паводзінамі, і рэдкімі заўвагамі сваю галоўную ролю ў сям’і. Бацька — Сямён Цімафеевіч — ужо тады быў разьбіты інсультам, звычайна сядзеў з кіёчкам убаку і маўкліва глядзеў на ўсіх сваімі добрымі, яснымі вачамі, дарэчы, такімі ж выразнымі і сьветлымі, як ў сына. Парай яны былі цудоўнай: абое інтэлігентныя, акуратныя, падкрэсьлена ветлівыя і выхаваныя. Я дык трошкі асьцерагаўся іх, каб, ня дай Божа, нешта па наіўнасьці ня ляпнуць або па няўмеласьці зрабіць ня так.

Валодзя мне расказаў, што маці паходзіла з роду ўдзельнікаў паўстаньня Каліноўскага і пасьпела закончыць да рэвалюцыі жаночую гімназію. Таму ў маім уяўленьні яна была ледзь не дзекабрысткай і трохі «буржуйкай». Прасьцейшым і больш зразумелым і свойскім здаваўся Сямён Цімафеевіч, але што ж зробіш, калі хвароба так аддаліла яго ад усіх нас.

Кожнай раніцаю строгая Надзея Васільеўна ставіла перад намі на стол агромністую патэльню смажанай бульбы — і мы з Валодзем, маладыя і галодныя, за некалькі хвілінаў «ачышчалі» яе.

Які ні быў я нявопытны і няўважлівы, але адчуў, што мая прысутнасьць на кухні дадае мілым гаспадарам лішняга клопату і вымушае іх уразаць свой звыклы рацыён. І я паспрабаваў аднойчы разьлічыцца за сталаваньне, бо ў рэдакцыі пасьля першых маіх удалых камандзіровак у калгасы мяне залічылі ў штат сельгасаддзелу і я стаў атрымліваць, як тады мне здавалася, неблагія грошы. Спробы паказаць сваю фінансавую саліднасьць былі адвергнутыя Надзеяй Васільеўнай рашуча і без лішніх словаў. Сітуацыя складвалася для мяне непрыемная і надзвычай далікатная — і я вымушаны быў пашукаць пакойчык непадалёку ад рэдакцыі, куды і занёс неяк вечарам нецяжкі свой чамадан. Валодзя на мяне лаяўся, як заўсёды, гучна і «літаратурна», але мне здалося, што мяне ўсе зразумелі і належным чынам ацанілі мой учынак. Вядома, шкада было, што ў пуньку на ноч зьбіраўся адзін Валодзя, а раніцою да Дняпра пакупацца ці насьпех спаласнуцца мы беглі ў розных кутках гораду.

Сустракацца мы сталі усё радзей. На мяне, як на маладога і «пісучага», у рэдакцыі навальвалі усё больш розных даручэньняў. Я, як кажуць, не вылазіў з дальніх калгасаў, у кожны нумар даваў то рэпартаж, то нарыс, а то і цэлую «паласу» пра сенакашэньне і праполку кукурузы, пра будні «перадавой фермы» ці пра актывістаў «ідэалагічнага фронту». Прыязджаў я да сваёй адзінокай сівой гаспадыні-яўрэйкі позна ўвечары, а то і ноччу, а раным-раненька бег на аўтобус, каб пасьпець у нейкую далёкую брыгаду.

За гэтым штодзённым журналісцкім заняткам не было калі заскочыць да сябра, нагаварыцца з ім. Хіба што міжвольную віну згладжвалі выходныя, калі мы сустракаліся каля кінатэатру або ў парку. Пару разоў зазірнулі ў мясцовы рэстаран, душны і цёмны. Пітакі мы тады былі слабыя і, памятаю, на дваіх агоралі толькі бутэльку саладкаватага віна з незразумелаю назваю «Алеатыка». Валодзя тады надрукаваў у Менску некалькі падборак сваіх вершаў і быў шчасьлівы ад нечаканага посьпеху...

Вершы Валодзевы і скарацілі маё прыемнае знаходжаньне у Оршы.

Пад канец лета таго 1957 году рэдактар «Ленінскага прызыву» Васіль Калібераў, «праслаўлены» Андрэем Макаёнкам у нашумелай п’есе «Выбачайце, калі ласка», і адзін з ветэранаў, былы партызан Леанід Высоцкі вырашылі раптам заняцца літаратурнай крытыкай і «па-партыйнаму» павыхоўваць маладую мясцовую «зорку» — Уладзіміра Караткевіча. Ня ведаю ці то была іх уласная ініцыятыва, ці мудра падказаў нехта «зьверху», але у газеце зьявіўся вялікі, як па мерках «раёнкі», непрывычны для перыферытных выданьняў разгромны артыкул пра апублікаваныя ў старэйшым, аўтарытэтнейшым беларускім часопісе «Полымя» вершы земляка. Караткевічу ставіліся ў віну ўпадніцкія настроі, адыход ад гарачых праблемаў сучаснасьці і залішняя, падкрэсьленая ўвага да далёкай мінуўшчыны. Яго старанна хацелі загнаць у дысцыплінаваны гурт аптымістычных вершатворцаў, якія славілі б гераічныя подзвігі савецкіх людзей і сьветлыя далягляды камуністычнай будучыні. Артыкул быў грубы, як казалі тады, «праработачны», без уліку сьпецыфікі мастацкай творчасьці і павагі да відавочнага таленту.

Я быў разгублены, ня ведаў, што рабіць — бегчы суцяшаць Валодзю, кінуцца яго бараніць (куды? да каго? як?), пайсьці да рэдактара са шчырай размовай? Вершы мне падабаліся, напісаныя яны былі па-майстэрску і ніякай палітыкі, тым больш «антысаветчыны», я ў іх ня бачыў. Але не пасьпеў я разабрацца з сумятнёю супярэчлівых думак, як да мяне ў пакой зайшоў мажны, лысы Леанід Канстанцінавіч Высоцкі і сходу прапанаваў тэрмінова, «у нумар», напісаць «ад імя літаратурнай моладзі» матэрыял у падтрымку крытыкі. Гаварыў ён так напорыста і пераканана, што я не пасьпяваў і слова ўставіць...

I я пасьпешліва і спалохана ўцёк з Оршы, як гэта ні сумна прызнаваць. Сабраў хуценька нешматлікія свае рэчы, разьлічыўся з гаспадыняй кватэры і пашыбаваў на вакзал, каб апошнія дні канікулаў правесьці ужо дома, непадалёк ад роднага Полацку. У мяне не хапіла мужнасьці сказаць усё, што думаў, ні строгаму рэдактару, ні заслужанаму ветэрану, якія так добра да гэтага ставіліся да мяне і далі магчымасьць за час практыкі зарабіць на новы касьцюм і чаравікі. Я ня мог здрадзіць сябру, якога шчыра налюбіў і які за кароткія летнія ночы ў ціхай адрыне навучыў мяне чытаць высокае зорнае неба і слухаць глухі, вольны пошум Дняпроўскай плыні...

Нядаўна я зноў пабываў у Оршы, прыйшоў на знаёмы бераг Дняпра, адкуль мы з Валодзем Караткевічам любілі кідаць каменьчыкі у глыбокую, спакойную ваду. Дняпро мне падаўся нейкім чужым і абмялелым, ня тым, да якога мы бегалі роснымі чэрвеньскімі ранкамі паўвеку таму. Вядома ж, мы тады былі такія шчасьлівыя і маладыя...

20. 06. 2005 г.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster