БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 19

ДЗЕЯСЛОЎ № 19Людміла Рублеўская

Скокі сьмерці.
Паралельны раман. Заканчэньне

Пачатак раману чытайце ў №5(18)

Мілавіца зьзяла над цёмным вострым абрысам храму, нібыта ап’янелы бойкаю вой пусьціў стралу ў неба, і яна прарвала чорны аксаміт смугі, за якой палае вечны блакітны агонь. Зусім не падобны на згубны агонь, падораны сьмяротным... У водблісках паходні, якую тры­маў Богуш, твары людзей здаваліся злавесна змрочнымі, нібыта гэта была чарга да Харонавай пераправы, калі гнеў, сьлёзы, як і колішняя весялосьць, ужо нават не ўспамінаюцца. Але Богуш ня верыў, што душы апош­ніх старавежцаў сталіся збуцьвелай лістотай, што сьпяшаецца схавацца пад халодным сьнегам часу.

— Панове рада, мы павінны ісьці на вежу! Гэта наш горад, нашая вольнасьць. Няўжо шляхта дапусьціць, каб прышлыя гвалтавалі яе нявестаў і дачок! Мы нападзем зьнянацку і раскідаем гэтых бенкартаў, як шалупіньне, і вернем наш маястат!

— І ўсе загінем, — падаў голас руды маладзён з перавязанай хусткай шчакой. – І дзеля чаго? Ведама, ты за нявесту хочаш адпомсьціць. Але ж войт сказаў – яе там няма! І я яму веру.

— І я веру! – адгукнуўся стары шляхціц у жупане, аздобленым палыселым лісіным футрам, з мячом, дзяржальна якога ўпрыгожвалі дыяменты, вялікія, як вока сарны, за кожны з якіх гаспадар мог набыць тузін сабаліных футраў. – Ня стане Лаўрын спагадаць італійскаму нехрысьцю. Мы з Рожай побач пад Грунвальдам біліся. Гэта – рыцар!

— Пан Рожа можа й ня ведаць, што Бернацоні паланіў Анэту! – запярэчыў Богуш, і яго вочы — нават у цьмяным сьвятле паходні было відаць — запалалі гневам. – Слова гонару – я бачыў Анэту ў вакне вежы! Заўтра ж я прарвуся туды з мячом і здабуду праўду з іхніх паганых вуснаў! Рушым! Нас ня так ужо мала – тут мо з паўсотні, а калі сабраць усіх, хто можа зброю трымаць — сотні дзьве набярэм...

— Ты думаеш, усе, хто застаўся жывы, пойдуць за табой? – іранічна спытаў стары шляхціц. – Памыляешся. Паглядзі – у горад зьязджаюцца новыя насельнікі. Едуць майстры, едуць купцы... Пустыя дамы ачышчаюцца ад пошасьці і сустракаюць новых гаспадароў. Калі мы ўсчнем новую бойку, што станецца? Зноў пустэча? Ты забыўся, што на Старавежск у любы дзень могуць напасьці татары, што ноўгарадскі князь ужо дасылаў сваіх выведнікаў... Кажуць, у пушчы бачылі іх атрад. Вычэкваюць, як каршукі. Хто абароніць горад, калі ўнутры яго пераб’юцца? Не займайся пашчаваньнем, звадай, Радчыц... Радуйся, што Бог зьлітаваўся над табою і даў перажыць пошасьць...

— А ці тая пошасьць не з дапамогі паганага лекара пачалася? – гнеўна ўскрыкнуў Богуш.

Шляхта загула...

— Праўда, як прыехаў паганец – адразу шалёны карагод затаньчыў... Без ведзьмака не абыйшлося...

— Ну дык што, панове рада, — адчайна спытаў Богуш, — мы пойдзем на вежу?

— Не... – прагучаў сумны голас, і ўсе ўражана змоўклі. Бурмістр – пан Варава Ляскевіч, падышоў да Радчыца, паклаў яму на плячо цяжкую, натружаную ў шматлікіх бойках, руку. – Прабач, сыне... Так, я быў бы рады назваць цябе сынам, — голас старога рыцара здрыгануўся. – Але, відаць, ужо ня станецца... Ты так і не навучыўся думаць, што вынікае з тваіх дзеяў. Не заўсёды першае парываньне –лепшае! Я веру Лаўрыну Рожы. Я таксама быў на Грунвальдзе. І, калі Лаўрын прысягае... Маю дачку па­клікаў да сябе Гасподзь. Таму ня варта дабіваць горад, Богуш. Мы павінны застацца жывыя і ў свой час прыйсьці на сойм, і каб нашыя зноў па­трапілі ў раду і там змагаліся за вольнасьць гораду.

Паны ўхвальна зашумелі, ня слухаючы больш адчайных заклікаў маладога рыцара.

— Панове рада... Вашая вольнасьць... Ваш гонар... Слова маё... Анэта жывая! Анэта ў вежы!

Мілавіца абыякава зьзяла над цёмнымі вострымі дахамі места, не зважаючы на рэдкія агні ўнізе, якімі людзі спрабавалі адваяваць у начы кавалачак свайго жыцьця.

— Вядома, паненка ў вежы... Хе-хе-хе... Дзе ж ёй яшчэ быць?

Госьць падышоў так ціха, нібыта не на чалавечых нагах. Старавежцы рассунуліся ўбок, прапускаючы ў кола, асьветленае паходняй, скурчаную хударлявую постаць.

— Ты бачыў яе? – голас Радчыца гучаў амаль умольна.

— Бачыў. Лекар трымае яе ў малым пакоі па левую руку ад соймавай залы.

Таму, хто абрынуты ў цень, прыемна часам стацца каменьчыкам, ад якога ідуць вялікія кругі па вадзе. Карэйва, выскаліўшыся, слухаў крыкі вакол.

— Значыць, Рожа зманіў мне? – сурова спытаў Ляскевіч. Карэйва па­круціў галавой.

— Хе-хе-хе... Войт нічога ня ведае. Бо дзяўчына – апантаная.

Пры апошніх словах блазна людзі ўстрывожана змоўклі.

— Ты маніш! – Радчыц сунуў камусьці сваю паходню і схапіўся за дзяржальна мяча. – Ты маніш, як сапсаваны варган!

— Хе-хе-хе! – у сьмеху Карэйвы гучала пагроза. – Не забывайся, вельмішаноўны, я – рыцар. І шляхецтва мяне аніхто не пазбаўляў. І хаця твая сьпіна прамейшая за маю, меч я выхопліваю хутчэй, чымся ты, смаркач.

— Пан Радчыц, ахалонь! – стары шляхцюк адсунуў Богуша ад прыхадня. – Кажы, як ёсьць, блазан!

Карэйва агледзеў цёмныя твары старавежцаў, на якіх скакалі чырвоныя адбіткі полымя.

— Бачыў я дзяўчыну, якая таньчыла ў шалёным карагодзе і выжыла. Яна ўжо не такая, якой вы памятаеце яе. Лекар вылечыў ейнае цела, каб зрабіць дапаможніцай у сваіх вядзьмарствах. І войта не прасіце... Хто ведае, магчыма, лекар ператварае дзяўчыну ў котку ці ў птушку... Загадае пан Лаўрын абшукаць пакоі – а дзяўчыны няма... Хе-хе-хе... Супраць лекара войт без дазволу Вялікага князя ня пойдзе. Вырашайце самі, што будзеце рабіць, панове... Я – сказаў...

Цёмная постаць зьнікла ў начы.

— Хто пойдзе са мной раніцою на вежу? — закрычаў Богуш.

— Я, вядома... — пан Варава стаў побач з маладым рыцарам. – Хто з намі?

Азвалася з дзясятак шляхціцаў. Але большасьць не хацела біцца за апантаную. У кожнага меліся свае памерлыя, свае дарагія, што не маглі ачомацца ад хваробы... А змагацца з чарамі – справа сьвятароў. Зорка Мілавіца сыпала халоднае блакітнае сяйво на невялікую купку лю­дзей, што не хацелі разлучацца са сьмерцю. Пан Варава сумна абвёў іх вачыма. Самыя лепшыя і сумленныя... Гэта значыць, што хутка на іхняй зямлі такіх застанецца яшчэ менш.

— Дзякую, панове... Як разьвіднее, мы пойдзем на пляц і станем па­трабаваць ад Рожы аддаць маю дачку і пакараць лекара. А калі ён не па­слухае... Нам застанецца слаўна памерці.

Богуш сурова зьвёў бровы і падняў да Мілавіцы вочы, гэткія ж сінія, як яе сьвятло, нібыта заклікаючы ў сьведкі.

— Я абяцаю, пан Варава, што войту давядзецца прыслухацца да нашых словаў. Любым коштам! Але прашу пачакаць яшчэ дзень.

— Што ты задумаў? –спытаў пан Варава. Але Радчыц толькі ўпарта бліснуў вачыма.

— Праз дзень, на досьвітку, мы зьбярэмся тут і вернем сваю вольнасьць!

Малады рыцар рэзка павярнуўся і сышоў. Мілавіца глядзела яму ўсьлед.

* * *

— Іх будзе тры тузіны... Ня больш...

Дзьве постаці шапталіся ля вакна вежы. У прывідным сьвятле далёкіх зорак відаць было толькі, што адзін з суразмоўцаў – каржакаваты, вялікі, другі – сагнуты ў крук.

— Нашто ты гэта зрабіў?

— Тс-тс-тс... Забыўся, што табе сказаў Вялікі князь?

— У мяне памяць не адбіла. Я мушу выконваць усё, што ты кажаш. Але я не разумею...

— Хе-хе-хе... Нашто табе ўсё ведаць і разумець, войт... Для гэтага ёсьць я... Сьмешны, бяскрыўдны, усюдыісны... Князю не патрэбныя ведзьмакі, якіх усе ненавідзяць, Лаўрын. Князь хоча стаць каралём, яму трэба літасьць папы... А Бернацоні, калі ты ня ведаеш, уцёк у Прагу з Італіі, бо яго абвінавацілі ў чараўніцтве. Герэтыкі і валхвы, нават калі яны саслужылі сваю службу, мусяць сысьці ў цемру, ня плямячы сьветлы воблік уладара. Няхай бунтоўнікі ўвойдуць у вежу... Хе-хе-хе... Няхай заб’юць лекара... А твае людзі заб’юць іх.

Каржакаватая постаць адхінулася ўбок.

— Я ведаю многіх старавежцаў... Гэта слаўныя рыцары...

— Хе-хе-хе! Кожнаму быў дадзены выбар! Тыя, што прыдуць – самі абралі сьмерць і шлях здрады. Гнілы зуб варта вырваць. Князь наш створыць вялікае і моцнае каралеўства, на вякі. А я – князеў няварты слуга... Каб ня ён – я зьнік бы, скалечаны, абрабаваны, бяз сэнсу ў жыцьці... Ты пахіснуўся ў вернасьці сваёй, Рожа?

— Хутчэй згіну.

На нейкі час запанавала цішыня, нібыта двое прыслухоўваліся, ці ноч пакорліва паглынула прамоўленыя словы, ці не ператварыліся тыя словы ў нешта асобнае, жывое і агіднае, як вужакі...

— А што рабіць з дзеўкай, калі лекар яе не заб’е?

— Хе-хе-хе... Ты аддасі яе мне...

Каржакаватая постаць пагрозна варухнулася. Шэпат ледзь не ператварыўся ў крык.

— Ах, ты юрлівая пачвара...

— Ціха, ціха... – зашаптаў прыгорблены. – Нікому ня дам забіць небараку. І сам не пакрыўджу. Я адвязу яе ў Вільню, у кляштар. І маетнасьць паненкі не замай! Князь апякуецца сіротамі...

* * *

Анэта ў каторы раз чытала псалом... «Акрапішы мя ісопам, і ачышчуся, амыешы мя, і пачэ сьнега ўбялюся... Ваздаждзь мі радасьць выратаваньня Твайго і духам Уладарным сьцьвердзі мяне... Навучу беззаконныя шляхом тваім, і нечасьцівыя да цябе зьвернуцца...»

Промні кволага лістападаўскага сонца, што прабіваліся скрозь шчылі­ны між дошак, якія захіналі вакно, ледзь маглі асьвятліць стары пергамен. Буквіцы, выведзеныя дзесьці ў кляштары нясьпешнай рукою мніха, яшчэ зьзялі барвай і пазалотай, нібыта восеньская лістота. Анэта не хацела думаць, што пройдуць гады, а можа, вякі, і гэтыя фарбы паблякнуць, выцьвітуць, як тая лістота, і сьвятая кніга таксама ператворыцца ў пыл... Страшна было пра гэта думаць... Але сьмерць усё яшчэ таньчыла навокал, і нагадвала – няма нічога вечнага на зямлі... Словы, што ты прамаўляеш – застануцца. А вусны, якімі ты іх прамаўляла, літары, па якіх сьлізгалі твае вочы, ты сама, гэтая вежа, гэты горад ператворацца ў пыл. Як усе, каго любіла...

У траўні яны з Богушам змовіліся і ўцяклі ў лес на таемнае сьвяткаваньне Клескуна. Сьвятар заклікаў на казані ў царкве супраць таго, каб гараджане хадзілі на паганскія сьвяты. І бацька забараняў. Але Анэта і Богуш былі такія маладыя, гэта здавалася гарэзнаю гульнёй, якую ўсемагутны Гасподзь прабачыць... Калі Анэта была малая, нянька расказвала ёй пра Клескуна, вясёлага і разгульнага хлапца, ён жыў калісьці на небе і вадзіў месяц, седзячы на ім вершкі. То сьветлым бокам паверне яго, то цёмным... Але неяк адлучыўся Кляскун да каханай дзяўчыны, і Пярун абрынуў яго за гэта на зямлю... Толькі адбітак твару юнака на Месяцы можна разгледзець...

Як было дамоўлена, Анэта вылезла праз вакно, і яны з Богушам пабеглі, выбіраючы непрыкметныя сьцежкі, зважаючы наводдаль у яркім сьвятле поўні самотныя постаці, што гэтак жа, хаваючыся, кіраваліся да лесу. Блакітнае сяйво залівала гольле соснаў і высокую траву... І, вядома, менавіта Богушу надзелі на галаву вянок з травеньскіх кветак, і ён на цэлую ноч стаў Клескуном, і ніводная дзяўчына не магла яму, павадыру Месяца, у гэтую ноч адмовіць... Але Богуш глядзеў толькі на Анэту. Яны круціліся ў карагодзе, і ня мела значэньня, хто ты – князь або халоп, хрышчаны ў імя Сьвятога Духа або паганец, і сьпявалі: «Кляскун, Кляскун, клясь, клясь...»

Сяйво месяца і водар зёлак, зоры ў траве ці раса... Сплятаюцца рукі, зьліваюцца цені... І сплятаецца побач у траве кубло залатых зьмей... Ці ня стаў шалёны карагод сьмерці расплатай за той, у травеньскім лесе? Як пасьля лаялі іх, блазьнюкоў, бацькі – не ўдалося схаваць свой учынак. Анэта два тыдні прасядзела дома, пад замком, у малітвах... Акрапі мя ісопам, і ачышчуся... Як расплаціўся за свае легкадумныя паводзіны Богуш – Анэта ніколі не распытвала. Але, мусіць, яму давялося горай, чым ёй. Сама яна шчыра пакаялася, і з жахам уяўляла, як незваротна для яе магло скончыцца баляваньне на паганскім сьвяце, і каму служаць насамрэч падчас гэткіх ігрышчаў... Яна старалася не ўспамінаць пра тую чмуту... Толькі часам, начамі, водар далёкай травеньскай начы ўзгадваўся салодкай грахоўнай трывогай...

Цяпер у Анэты хаця б ёсьць на памяць адбітак твару прыўкраснага юнака на Месяцы...

Дзьверы пакою расчыніліся. Лекар захінаўся ў зялёны плашч, падбіты сабаліным футрам, нібыта яму было холадна. Анэце раптам зрабілася страшна – бо госьць глядзеў кудысьці праз яе, нібыта яна была празрыстым кавалкам лёду.

— У гэтым горадзе больш нельга заставацца,— Бернацоні падціснуў вусны, і Анэта раптам зразумела, што ён устрывожаны і ўсхваляваны, як ніколі. – Зоркі паўсталі так, што прарокуюць няшчасьце, агонь, боль...

— Дык адпусьці мяне! – дзяўчына не пракрычала гэтыя словы, а прашаптала, і яны нібыта адразу бясьсіла ўпалі на падлогу, як мокры сьнег.

— Вакол мяне скача сьмерць... – горка прамовіў Бернацоні, зноў зьвяртаючыся нібыта да самога сябе. – Я ператварыў яе ў сваю служку, пасадзіў на ланцуг, як злога сабаку, і яна здабывала мне патрэбнае... А можа, гэта яна трымала мяне на ланцугу? Колькі можна беспакарана слугаваць сьмерці? Пераступі праз тысячы тысячаў наўцоў – і аб нейкага, тысяча першага, спатыкнешся. Я загадаю спакоўваць мае гадзіньнікі, донна. Дзякуючы табе, яны больш ніколі ня схібяць. Ты паедзеш са мной.

— Куды? Навошта? – Анэта адчувала, што пачынае дробна дрыжэць, быццам шклянка на стале ад бою гадзіньніка, і, шукаючы дапамогі вышэйшых сілаў, паклала руку на раскрытае Евангельле.

— У вялікі сьвет, маленькая дзікунка... Да вялікіх ведаў.

— Я не паеду, — Анэта намагалася, каб у голасе не прагучала й ценю боязі. – Ты страшны, акрутны чалавек, лекар... Ты зьнішчыў волю майго гораду. Ты зьнішчыў маю волю...

Бернацоні сумна ўсьміхнуўся.

— Воля, воля... Ты зноў гаворыш пра тое, чаго ня ведаеш. Успомні абарончыя валы вакол твайго гораду... Магутныя, высокія... А ты ведаеш, хто іх насыпаў? Каго магістрат гвалтам пасылаў на «валовую работу»? Бедакоў, што не маглі выплаціць «падымнае», непачцівых жанчын, што пайшлі ў самадайкі, калі іх дзеці з голаду пухлі, лёзных людзей, свавольных рамесьнікаў... Прыйдзе жабрак у вашае слаўнае места – а яго «на вал», капай зямлю пад дажджом ды бізуном цівуна... Запярэчыць шавец або рымар супроць цэхавога майстра – на вал... Як ты думаеш, для гэтых людзей твой Старавежск таксама – вольны горад?

Анэта разгублена маўчала. Бернацоні лёгка прайшоўся па пакоі, нібыта лемпард.

— Воля... Скуль ты можаш ведаць пра волю, жывучы ў гэтым забытым Госпадам куце... Тут цябе адно што заб’юць, як апантаную. А ты можаш мне яшчэ дапамагчы.

— Я не хачу дапамагаць табе ў тваіх чарах! – запярэчыла Анэта.

— Зноў ты пра чараўніцтва, маленькая дзікунка... – раздражнёна сказаў Бернацоні. — Мне патрэбны адвар, які я яшчэ ня склаў да канца. Мая праца ня скончаная, і твая таксама. Я выведу цябе адсюль незаўважна. Рыхтуйся...

— Я застануся!

Але дзьверы ўжо зачыніліся.

Я сядзела, бясьсіла апусьціўшы галаву на стол, завалены паперамі. Тахканьне адрэстаўраваных Юрасём гадзіньнікаў у суседнім пакоі малявала ў маёй беднай галаве выразную карціну: хвілі падаюць жалезнымі кроплямі на каменную падлогу, падскокваюць, коцяцца, сутыкаюцца, як більярд­ныя шары, і вось ужо ўся падлога засыпаная імі, бліскучая звонкая гара вырастае да столі, вось-вось засыпле мяне халодным важкім цяжарам... Так і ў беднага прафесара мазгі «паехалі»... Як патлумачыў за сьняданкам Макс, чарговае абвастрэньне шызафрэніі. А цяпер са мной нядобрае...

Псіхічныя захворваньні сапраўды заразныя...

— Што з Вамі, дарагая паненка?

У голасе Макса, здавалася, гучала непадробная трывога... Гэта было нашмат лепш, чым ягоны звычайна бадзёры тон. Я падняла галаву, правяла далоньмі па твары, сьціраючы начныя жахі. І нечакана загаварыла пра тое, што аніяк не хацела з некім абмяркоўваць.

— Скажыце, гэта праўда, што калі сны паўтараюцца, гэта прыкмета шызафрэніі?

Калі Макс і зьдзівіўся, то змог гэта не паказаць. Ён прысеў побач на офіснае шэрае крэсла і іранічна ўсьміхнуўся.

— Калі б вы ведалі, колькі ў кожным з нас таго, што ўрачы ў розны час лічылі сімптомамі шызафрэніі, вы б зьдзівіліся. Людзі проста палохаюцца ўсяго, на іх погляд, незвычайнага, асабліва што тычыцца ўласных адчуваньняў. А ёсьць такая зьява, як галюцыянацыі ў зусім здаровых – напрыклад, калі прачынаешся... Расплюшчваеш вочы, а ўзоры на шпалерах ажываюць, ці бачыш у іх чыесьці абліччы... Я, дарэчы, часта сьню адны і тыя ж сюжэты. Праўда, калі верыць Юнгу ды ягоным пасьлядоўнікам, то тых сюжэтаў усяго некалькі на калектыўную падсьвядомасьць чалавецтва.

Макс прыязна паглядаў на мяне, пакручваючыся ў крэсьле. Позірк шэрых вачэй з доўгімі вейкамі то гарэзны, то даверлівы... Сьветлыя валасы ўкладзеныя ў мастацкім непарадку з дапамогай геля. Шэры гольф, сьветлы пінжак, нагавіцы з акуратна выпрасаванымі стрэлачкамі... Стыльны мужчына. Разумны і іранічны. Мімаволі ўспомніўся Юрась з ягонымі працёртымі на локцях швэдарамі, вечнымі джынсамі і няшчаснасьцю. Як добра, што былы муж так і застанецца для мяне былым... Разам з усімі сваймі жыцьцёвымі няўдачамі.

— Ганна, прабачце за нахабства, але што за сны вы бачыце?

Макс, не дачакаўшыся ад мяне дабраахвотнага працягу спавяданьня, падахвочваў да шчырасьці. Што ж, ён, відаць, не такое чуў...

— Сьніцца сярэднявечча... Нібыта я – дзяўчына, якую замкнулі ў вежы. Але ўсё так сьцерта... Як у кепскім фільме. Танныя дэкарацыі, танная рамантыка... А момантамі – рэальна, аж да жаху. Памятаю, у маіх снах ёсьць блазан з сагнутай сьпінай... Ён увесь час сьмяецца. Злая жанчына з цёмным, сухім тварам... Прыгожы рыцар, якога да мяне не пускаюць. А яшчэ нейкі ці то доктар, ці то астролаг у цёмным... Часам гэта ўсё прывязваецца да рэальнасьці – доктар здаецца мне тым самым Бернацоні, якому належалі гадзіньнікі... Вежа –Старавежскай ратушай... Праўда, апошнім часам забываю, што сьніла... Толькі ўражаньне застаецца – змрочная готыка. Прачынаюся ўся змучаная...

Я змоўкла, баючыся падняць вочы на пана псіхолага. Ягоны вясёлы сьмех змусіў мяне падняць вочы. Макс нахіліўся да мяне.

— Вашыя сны – проста падарунак... для падручніка па псіхааналітыцы. Такія... тыповыя. Дакладней – архетыповыя. Ня буду нагрувашчваць вас тэрмінамі, але, скажам, блазан падобны да Трыкстэра, аднаго з архетыпаў, апісаных Юнгам. Ён увесьчасна крыўляецца, ня добры і ня злы, але можа парадзіць, дапамагчы... Ці ўчыніць брыду. Так?

Я моўчкі кіўнула галавой. Макс усьміхнуўся і працягваў.

— Доктар у чорным – безумоўна, гэта Персона... Тая частка вашай асобы, якую вы лічыце галоўнай, і якая насамрэч – вашыя забабоны, ваша нязьдзейсьненае славалюбства, жаданьне добра выглядаць у вачах іншых... Ён вамі камандуе, вы – у ягонай уладзе, хочаце вызваліцца, але вам не хапае моцы... Так?

Я засьпяшалася сказаць самае патаемнае, што мяне мучыла.

— Ну калі я не звар’яцела... Можа, я ўспамінаю нешта... з мінулага жыцьця?

Макс загаварыў нечакана сярдзіта.

— Ну не чакаў ад вас такога... Адразу выкіньце падобны блёкат з галавы. Рэінкарнацыя... Душа паслухмянага баабаба перасяляецца ў крэветку. Як вы можаце ў такое верыць? Вось жа на вас срэбны крыжык... Вы хрысьціянка?

Я вінавата апусьціла галаву.

— Хрысьціянка... Але мне страшна... Я не разумею, што са мной адбываецца...

— Тое, што з усімі, хто доўга хаваецца ад сваіх праблемаў, — гэтак жа сярдзіта сказаў Макс.— Гэтыя праблемы знаходзяць іншую форму, каб дастукацца да сьвядомасьці. У вашым выпадку – праз сны. У іх непазнавальна зьмяняецца знаёмая рэальнасьць, сінтэзуецца з некалькіх вобразаў – адзін. Вы бачыце сябе замкнёнай у вежы... Гэта з-за артыкула пра вежу ў вас пачаліся непрыемнасьці? Прабачце, але мне тое-сёе пра Вас расказваў пан Янчын.

— Так...

— І ў жыцьці вы не знайшлі годнага выйсьця з сітуацыі. Вось вам і сімволіка... Вечарам прыходзьце да мяне ў кабінет, гэта на другім паверсе. Пагаворым, падумаем... Ігар, наш ахоўнік, правядзе да мяне.

На другі паверх пасьля ўрачыстага абеду ў дзень прыезду мы ніколі не хадзілі. Нашае месца – у былых пакоях для прыслугі. Але нават з-за цікаўнасьці патрапіць на «панскі паверх» да «псіха» ісьці не зьбіраюся. Вось скончу сваю працу – і дахаты... Хай Юрась адзін важдаецца... Цікава, ён праўда, як сказаў мне за сьняданкам «чалавек небясьпечнай прафесіі» Ігар, паехаў разам са Стэлай у царкву на нядзельную службу? Такі вернік стаў... Што ж, няхай Гасподзь дапаможа ім абодвум... І мне б не пашкодзіла паехаць з імі. Калі я апошні раз была ў царкве? На Вялікдзень, мусіць. Ня дзіва, што цемра сабралася на душы...

Так, вырашым апошнюю загадку. Няхай Аркадзь выявіўся цынічным нягоднікам, але – кінуць працу, адмовіцца ад грошай? Калісьці я б так і зрабіла, нават з-за адной зьнявечанай вежы. Але цяпер не знаходзіла ў сабе стрыжня, які б утрымаў мяне ад жаданьня схіліцца перад абставінамі. Хаця мне ўсё менш падабалася, што гаспадары цікавіліся адно досьледамі з гадзіньнікамі, тым, што я пра іх перакладала, перапытвалі, прысьпешвалі, кантралявалі, а пра Аркадзя нібыта й забыліся.

Я расклала на стале паперы з запісамі. Мы маем дванаццаць гадзіньнікаў. Кожны названы ў імя аднаго з дванаццаці апосталаў. У якой чарговасьці звычайна згадваюцца вучні Госпада? Так, як іх паклікаў Гасподзь? Першымі былі Пётр і яго брат Андрэй, рыбары... Пасьля – зноў браты, Якуб Зевядзееў і Ян. Потым – Піліп, Баўтрамей, Тамаш, мытар Мацей, Якуб Алфееў, Тадэвуш, Сымон, і апошні – Юда... Ці магла быць іншая чарговасьць? Я яшчэ раз прайшлася па інтэрнэтаўскіх сайтах, трапляючы то на форум прыхільнікаў готыкі, то да акварыумістаў: «Мая залатая рыбка ляжыць на баку, вочы вырачыліся, а хвосьцік падкурчаны...» І нарэшце на сайце аматараў эзатэрыкі напаткала табліцу, дзе кожны апостал зьвязваўся з пэўным знакам Задыяку. Чарговасьць была трохі іншай... Пётр – Авен, Андрэй – Цяля, Якуб Зевядзееў – Блізнюкі, Ян – Рак, Тамаш — Леў, Якуб Алфееў – Дзева, Піліп – Вагі, Баўтрамей – Скарпіён, Мацей – Стралец, Сымон – Казярог, Тадэвуш – Вадалей, Юда – Рыбы... Да таго ж усё ўвязвалася са стыхіямі, рэчывамі, колерамі, каштоўнымі камянямі... Гэта, вядома, блюзьнерства. Асабліва для сярэднявечнага хрысьціяніна. Што было важней для Бернацоні – слова Сьвятога Пісаньня або астралогія? Я ўявіла лекара... Падобным да таго, чорнага лекара маіх сноў. Пранізьлівы погляд чорных вачэй, строгія вусны... Амаль Калыванаўскае аблічча! Уявіла, як ён зацята паводзіўся падчас допытаў інквізіцыі... Сярэднявечная Прага – горад магаў. Лекар на той час абавязкова мусіў быць і астролагам. Як там у вершы Максіма Багдановіча:

«Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук
Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы».

А Бернацоні быў не шараговы лекар… Значыць, і вядомы астролаг. І наш Вялікі князь напэўна зацікавіўся ўменьнем пражскага італьянца чытаць зоры. Таму, калі ўжо Бернацоні даў гадзіньнікам імёны апосталаў, мог прывязаць іх і да знакаў задыяку...

Бразнулі дзьверы. Юрась зайшоў у мой кабінет. Сінія вочы з-пад прамых броваў глядзелі проста, адкрыта… Не, ня можа быць, каб гэты чалавек быў забойцам! Дамагурскі маніць ня ўмеў. Калі б сапраўды давялося ўчыніць сьмяротны грэх – спакутваўся б, як Радзівон Раскольнікаў... Хаця нешта яго вярэдзіць... Але ж зараз, наколькі я яго ведаю, ён мне пра гэта раскажа.

— Табе шмат засталося працы? — ён чакаў адказу з незразумелай мне трывогай.

— Лічы, скончыла! – пераможна заявіла я і распавяла пра сваю задыякальную гіпотэзу. Юрась кіўнуў галавой, але неяк без асаблівага энту­зіязму.

— Так і было... Ты малайчына! Ведаеш, Стэлу адправіў дадому... Сама папрасілася. Нават згадзілася ў клініку заўтра ж пайсьці. Я быў заплаціў грошы за першы курс лячэньня, маці адвядзе яе... І цябе добра было б дадому адправіць...

Я раздражнёна глядзела на ягоную схіленую галаву з цёмным вожыкам, прысыпаным на скронях сівізной, на сашчэпленыя рукі са зьбітымі на костачках пальцамі – механік...

— Я не бандэроль, каб мяне адпраўляць.

Юрась падышоў да дзьвярэй, чамусьці зазірнуў за іх – што, думае, нібыта нас падслухоўваюць? – і ціха прагаварыў.

— Ведаеш, што Зьміцера Патапавіча ўчора забралі ў клініку?

— Ведаю. Чарговы прыпадак шызы. Ну і што?

Дамагурскі трывожна ўздыхнуў.

— Прафесар усё казаў, што блізкі да разгадкі, што пан Калыванаў будзе задаволены, нёс нейкую ахінею пра сусьветны парадак, які без Калыванава прападае... Дарэчы, я даўно заўважыў, што ні прафесар, ні гэты лялечны Макс мне шмат чаго не расказваюць... Я адрамантаваў амаль усе гадзіньнікі. Дык вось, Зьміцер Патапавіч і вырашыў, што ўжо можна праводзіць эксьперымент. Прыйшоў сюды ўвечары, сам, нікому нічога не сказаўшы, паставіў гадзіньнікі на бой, вакол сябе шклянкі, чаркі... Тут, у падвале, яго і знайшлі. Мне гэта не падабаецца. Не для добрай справы Бернацоні ладзіў свае д’ябальскія машыны.

Я паціснула плячыма.

— Гукі ад іх непрыемныя... Але ж не здаровы чалавек ад іх звар’яцеў. Не перабольшвай.

Юрась зноў панурыўся.

— Ведаеш, дай мне твой сьпіс, як гадзіньнікі расстаўляць...

Я расьсьмяялася.

— Хочаш за Зьміцерам Патапавічам адправіцца?

Але былы муж жарту не падтрымаў, узяў з маіх рук аркуш і пайшоў корпацца ў старадаўніх жалязяках.

У маім так званым кабінеце вокнаў ня мелася, і ад таго мне ўвесь час мроіўся позьні вечар і прыцемак стомы і безнадзейнасьці... Таму ў сьветлым калідоры маёнтку – лістападаўскае сонца было нечакана шчодрым, як скупеча перад сьмерцю, — я ледзь не засьмяялася ад радасьці. Воля! Макс таксама радасна ўсьміхнуўся, беручы тэчку з маім артыкулам і дыскету.

— Цяпер справа за лепшымі дызайнерамі! Я зараз жа адашлю гэты тэкст Ліліі Пятроўне, думаю, яна пачытае, ня бавячыся... Так што пачакайце з ад’ездам да заўтра – можа, будуць якія заўвагі. Дарэчы, тая літаратура, што вы карысталіся... Вы пакінулі апошнія пераклады ўрыўкаў, што тычацца Старавежску, Бернацоні і гадзіньнікаў?

— Так. Усё ў асобным файле, і раздрукоўкі ёсьць.

— Тады адпачывайце, дарагая! А ўвечары ўсё-ткі зайдзіце... Пагаворым. Паверце, я някепскі сьпецыяліст!

Макс на імгненьне прыабняў мяне за плечы і пайшоў, пакінуўшы на памяць пах дарагой парфумы... Відаць, і з кліентаў бярэ дорага... А тут – халява. Але я ўсё-ткі не зьбіралася ёю карыстацца. Калі мне захочацца да споведзі, я лепш у царкву пайду.

Я ніколі не вызначалася ахайнасьцю, таму за два тыдні мой пакойчык змог дастаткова да мяне прыстасавацца. Цікава, якая-небудзь пакаёўка альбо лёкай, якія жылі тут у даўнейшыя часы, мелі права вось гэтак кінуць мокрую куртку на крэсла ці загрувасьціць паперамі стол? Я скідвала ў сумку рэчы, разважаючы, ці зьняць мне па вяртаньні ў сталіцу новую кватэру, ці заплаціць ранейшай гаспадыні, ці можа – калі раптам заплоцяць больш, чым абяцалі – выкупіць які катух? Можна грошай дапазычыць. Маці аддала б назапашанае, цётка... А я на сталую працу пайду... У якое-небудзь задрыпанае перакладчыцкае бюро, дзе не паглядзяць, што ў мяне няма лінгвістычнай адукацыі.

Я пачала намацваць канверт з запаветнай тысячай, па-стараславянску, здаецца, «цьмой», гэта ж трэба – цьма грошай! – але мая цьма кудысьці завалілася. Што ж, сама вінаватая... Напхала рэчы абы-як. Я вывальвала па частках зьмесьціва сумкі, паўтараючы постмадэрновы верш расейскага паэта Вазьнясенскага: «Матьматьматьматьма...» Нарэшце ўсе мае рэчы апынуліся на ложку. Куды ж я падзела канверт? Больш-менш цярпліва перагледзела ўсё — пустую сумку, рэчы, пакой... Са мной гэта ня можа здарыцца – колькі разоў даводзілася паўтараць сабе гэтую фразу. Памятаю, на занятках ізастудыі ў доме культуры майго мястэчка мы рабілі выцінанкі. Я можа цэлы месяц выразала з чорнай паперы карункавы ўзор – русалкі, водарасьці, рыбкі. Заставалася гэтую прыгажосьць прыклеіць на сьветлы фон. Кіраўнічка раздала нам слоікі, быццам са сьмятанай – адмысловы клей... І папярэдзіла, што ў адным са слоікаў можа быць фарба. Як мы сьмяяліся над магчымым няўдачнікам! Як гэта пераблытаць фарбу і клей! Пакуль я, прамазваючы ў каторы раз сваю выцінанку непаслухмяным белым рэчывам, не ўсьвядоміла, што сьмяяцца зараз будуць з мяне...

Пакамечаная, спэцканая выцінанка апынулася ў сьметніцы. У ізастудыю я больш не хадзіла.

Цяпер, падобна, мне заставалася зрабіць выгляд, што ніякага авансу я не атрымлівала. Уяўленьне малявала неверагодныя карціны маёй нягегласьці, у якія адразу ж верылася. Я выпадкова выкідваю канверт з тысячай даляраў. Я перахоўваю яго некуды і забываюся куды... Разявака...

У дзьверы пастукалі. Ну што вам трэба? Мяне няма... Юрась за дзьвярыма вымавіў:

— Анэта! Выходзь, трэба перамовіцца... Ну калі ласка...

Гэты, падобна, не адчэпіцца. Я адчыніла дзьверы. Юрась толькі зірнуў на мой твар:

— Што здарылася?!

З мяне ніколі ня выйдзе ані сьвецкая дама, ані самавітая чыноўніца. Я чытала пра нейкага малюска, у якога ўсе вантробы звонку. Гэтак жа і ўсе мае эмоцыі. Ня надта эстэтычна. Але я пастаралася прамовіць як мага больш весела – што, напэўна, выглядала вартым жалю:

— Ды вось, сунула кудысьці свой аванс... Не магу знайсьці.

Юрась уважліва паглядзеў на мяне і неўразумела перапытаў:

— Ты што, прыцягнула сюды грошы, якія табе заплаціла Ліля?

— А куды мне было іх падзець? – раззлавалася я. – У чужой кватэры пакінуць? І ўвогуле я пра гэта не задумвалася.

Дамагурскі пастараўся схаваць неадабральнае зьдзіўленьне – урэшце, сам такі! — і захацеў падрабязнасьцяў... Калі апошні раз бачыла канверт, хто да мяне заходзіў, ці зачыняла дзьверы... Твар ягоны ўсё змрачнеў і змрачнеў.

— Прабач, мне трэба патэлефанаваць...

І пабег некуды. Я ледзь не заплакала ад крыўды – і на ягоную няўвагу, і на сябе, і на лёс... Кінулася на ложак, накрыты коўдрай з белага атласу, і пачала шкадаваць сябе. Ня ведаю, колькі часу мне ўдалося аддавацца гэтаму плённаму занятку, здаецца, спынілася на думцы пра ўтульную хацінку могілкавага вартаўніка, як магчымае месца працы, — але раптам дзьверы бяз стуку расшугнуліся, і ў пакой уваліўся Юрась. Былы муж, напяты, як быццам яго нехта зьбіраўся ўдарыць, глядзеў у падлогу.

— Не перажывай, Ганна. Грошы табе вернуцца ў бліжэйшы час. Убачымся заўтра, а пакуль выкінь гэта з галавы. Усё, да пабачэньня.

Я нічога не разумела.

— Ты што, зьязджаеш?

Юрась па-ранейшаму глядзеў у падлогу.

— Трэба ў Менск падскочыць. А ты ідзі, павячэрай. Павер, усё будзе добра. Гэта проста... непаразуменьне.

І пайшоў. Я ў разгубленасьці сядзела на ложку. Юрась што, ведае, куды падзеліся мае грошы? Чаму ён вяртаецца ў Менск? Раптам мне стала горача ад раптоўнай здагадкі. Стэла! Яна ж аднойчы выходзіла з майго пакою. Жанчына, у якой дзьве асобы – цёмная і сьветлая... Так, яна магла ўзяць канверт. І, відаць, падобнае здараецца ня першы раз. Вось прыкрасьць…

Мы вячэралі ў маленькім пакоі з эркерным вакном. Макс, якому Юрась, відаць, нешта патлумачыў, выбраў для мяне з рэпертуару сваіх усьмешак самую зычлівую. Я абвяла вачыма кампанію. Ахоўнікі, чарнявы Ігар і руды Анатоль, у аднолькавых брунатных швэдарах, елі моўчкі, ні на кога ня гледзячы. Трэці ахоўнік, таўстун, нібыта барэц сумо, відаць, быў «у каравуле». Я ведала, што ў доме ёсьць яшчэ людзі — дзьве пакаёўкі, немаладыя кабеты, падобныя да настаўніц, шафёр, які прывёз нас сюды, прылі­заны хлопец з тонкімі чорнымі вусікамі, як у артыста нямога кіно Макса Ліндэра. Яшчэ нейкі мужык, нібыта адстаўны ваенны, сачыў, каб лямпачкі гарэлі, і карціны віселі на сваіх цьвіках... Нехта гатаваў нам есьці, мыў бялізну... Толькі цяпер я пачала ўсьведамляць, як гэта складана – мець маёнтак. Як там «Літоўская гаспадыня» раіла: «Кожны з лёкаяў і слуг мусіць выконваць пэўную частку работы. Напрыклад, адзін адказвае за буфет... Другі лёкай мусіць прыбіраць пакоі, падмятаць і наглянцоўваць падлогу. Калі ў доме госьці, кожны гасьцявы апартамент даручыце аднаму з чалядзінцаў...» Карацей, мы былі «ахмістрыні, дзеўкі і чэлядзь у фальварку». Але ў абслугі таксама мелася свая іерархія, і «ніжэйшы» яе клас харчаваўся ад нас асобна. І ў гэтым доме відавочна не ўхвалялася «балбатня». Мае спробы загаварыць з кімсьці з «персаналу» на больш асабістыя, чым брудны накоўдранік, тэмы выклікалі толькі ветлівую ўсьмешку. Цяпер паводзіны шафёра, які падчас драматычнай сцэны між Юрасём і Стэлай ды расповеду Янчына трымаўся нібыта будысцкія малпачкі – «Ня бачу, ня чую, не гавару» — падаваліся мне цалкам адпаведнымі. Абслуга была вышкаленая. Магу паспрачацца на сваю рудую касу – усе, за выключэньнем, мабыць, аховы, ад якой патрабаваліся зусім іншыя якасьці, — з вышэйшай адукацыяй і веданьнем моваў.

Пасьля вячэры Макс зноў запрасіў да сябе на сеанс халяўнай псіхатэрапіі. Але я і так ужо перад ім занадта навыяўлялася...

Я блукала па цёмных прысадах Людвісараўскага парку, расплёхваючы нагамі позьнюю восень, што ўвасобілася ў куламесу збуцьвелай лістоты, бруду і мокрага сьнегу, і адчувала сябе рачной плоткай, якую міласэрныя дзеткі выпусьцілі ў сіняе мора. Нібыта і вады багата, і ежы... А няма ў маёй крыві пякучай солі, да якой звыклі ўсе тамтэйшыя... Хаця я мушу Юрасю быць удзячнай. Дзе б яшчэ такую выгодную працу знайшла? Пры ўспаміне пра Юрася мне зрабілася неяк тужліва. Я не сумнявалася, што ён верне мне грошы. Пазычыць, свае аддасьць, але верне. А што, калі ягоная «зорачка» іх патраціла? А ёй жа на лячэньне трэба... Абыдуся я бяз тых грошай, калі што... Скажу – пачакаю, пакуль пабагацее...

Я кіравалася да альтанкі з калонамі. Але з прыцемку да мяне выплыў сьветлы сілуэт. Макс, у белым стыльным паліто, трымаў над сабой вяліз­ны парасон, які ў сьвятле ліхтароў здаваўся срэбраным.

— Вы заўсёды блукаеце пад даджом без парасону?

Я неахвотна спынілася.

— Які гэта дождж? Хутчэй, вільготны туман. Я і не заўважыла...

Макс галантна захінуў мяне ад драбнюткіх, як камарыны подых, кропель.

— А вы так і не прыйшлі да мяне на прыём... Ну што ж, добраахвотнасьць тут – сьвятое. У мяне для вас добрыя навіны. Лілія Пятроўна прачытала ваш артыкул. Ёй усё спадабалася, ёсьць толькі некалькі нязначных правак. Паглядзіце, каля вашага камп’ютара тэчка... Дарэчы, а чаму вы пра гадзіньнікі напісалі так сьцісла?

— Сьцісла?! – абурылася я, – ды ў мяне пра гэтыя гадзіньнікі дзесяць старонак!

Макс неяк надта шчыра засьмяяўся, беручы мяне пад руку і скіроўваючы ў бок дома.

— Вы ўсё цудоўна зрабілі! Проста калі ў старажытнай рэчы схаваны нейкі сакрэт, гэта заўсёды прыцягвае турыстаў. А ў Ліліі Пятроўны і Пятра Апанасавіча вялікія планы наконт турызму. Прафесар, шкада, не пасьпеў разабрацца... Вось вы б і напісалі ўсё, што думаеце. Няхай домыслы. Хіба Юрый не расказваў вам нічога наконт сваіх здагадак пра сакрэты гадзіньнікаў?

Я асьцярожна вызвалілася ад далікатнага дотыку «псіха».

— Думаю, пра важданьні Дамагурскага з механізмамі вы ведаеце больш за мяне. Я ўсё роўна ў гэтым нічога не разумею.

— Ну можа, наш майстар фантазіраваў пры вас, распавядаў пра старажытныя таямніцы?

Я пачала злавацца.

— А вы спытайце ў яго самога. Цікаюць вашыя гадзіньнікі, фігуркі рухаюцца... Што вам яшчэ трэба? Казкі ўсё гэта – пра шклянкі, якія разьбіваюцца.

Мы падыходзілі да мармуровых скульптураў, што выстраіліся ўздоўж дарогі. Антычныя героі кепска вытрымалі бойку з часам. Скульптар быў не настолькі таленавіты, каб бязрукія, безгаловыя паставы захавалі паважнасьць. Праўда, было гэтай паважнасьці тут усё роўна непараўнальна больш, чым яе мелася ў гіпсавых скульптурах піянераў і фізкультурнікаў у парку майго роднага мястэчка. Хаця – калі пашанцуе прастаяць тым фізкультурнікам яшчэ сто гадоў, невядома, з якім пачуцьцём будуць гля­дзець на іх нашыя нашчадкі? Можа, таксама з настальгіяй і павагай?

Мы параўняліся з пустым п’едэсталам, на якім засталіся толькі мармуровыя ступакі ў сандалях. Макс спыніўся.

— Пра што вы думаеце пры гэтым відовішчы?

— Гэта нейкі тэст? – азвалася я.

— Ну хутчэй асабістая цікаўнасьць.

Я ўгледзелася ў зьнявечаны мармур.

—Я думаю пра тое, што мы – аднадзёнкі, людзі сьвету аднаразовага посуду і аднаразовай культуры. Продкі, шматкроць болей вартыя за нас, аддавалі жыцьцё, каб здабыць глыток волі. А іх абылгалі і забылі. Думаю пра тое, што так і не напісала кніжку гістарычных эсэ, як зьбіралася. Пра старавежскую ратушу, з якой Баркун зрабіў тое ж, што тутэйшыя барбары – з гэтым помнікам. І пра тое, што ад нас не застанецца нават такога п’едэсталу.

— Нішто сабе! – Макс іранічна пакруціў галавою. — Рамантыка ды заклапочанасьць глабальнымі праблемамі найчасьцей ужываюцца з інфантыльнасьцю і няздольнасьцю вырашаць праблемы прыватныя.

— Гэта мой дыягназ? – холадна спытала я.

— Гэта вашая недасьведчанасьць, — усьміхнуўся Макс. – Ну куды вы выйшлі з-пад парасону? А скульптуры гэтыя колішні гаспадар маёнтка, апошні з магнатаў Людвісараў, загадаў паставіць у гонар сябе самога. Усе статуі мелі ягоны твар. Вось такі... рымскі цэзар з-пад Старавежска.

— Гэты чалавек, якія б ні меў сьмешныя слабасьці, браў удзел у паўстаньні, рызыкаваў жыцьцём... Ня дзеля сябе – яны, інсургенты Каліноўскага, ведалі, што іх справа безнадзейная. Дзеля годнасьці, гістарычнай справядлівасьці, дзеля волі...

— Вось вы якая пасіянарная,— спакойна прамовіў Макс.—Але воля – гэта толькі мара. Вы ўсьвядоміць ня можаце, наколькі чалавек зьняволены сам у сабе. І вызваліцца ад сябе вельмі цяжка. — Макс гаварыў без насьмешкі, нават з сумам. – Я ведаю гэта на ўласным прыкладзе. Мая маці працавала прыбіральшчыцай у школе, у якой я вучыўся. Мне заставалася альбо змусіць усіх паважаць мяне праз агрэсію, праз дзёрзкасьць, або зьмірыцца, стаць вечнай «шасьцёркай»...

— І які шлях вы абралі?

— Я пачаў вывучаць свае страхі і зьнішчаць іх адзін за другім. Загаварыць на роўных з багатым хлопчыкам... Заваяваць самую прыгожую дзяўчынку... Адказаць вясёлым жартам на крыўдную дражнілку... Я сам сябе зрабіў, адбіваючы па кавалку ад панцыра, у які закаваў мяне лёс. І я ведаю, што гэта магчыма, хоць і вельмі цяжка. Перастаньце ж і вы баяцца самой сябе сапраўднай. Дайце сабе волю.

Макс пяшчотна дакрануўся да майго пляча. Срэбны парасон над намі быў падобны да альтанкі для рамантычных спатканьняў... А чаму б і не? Я не сьвятая... Хаця выхаваньне ў сям’і, дзе ніколі не было мужчынаў – маці, бабуля і я (мужчыны лічыліся нечым варожым і непатрэбным) адбілася... Маланкавы шлюб з Юрасём яшчэ больш умацаваў перакананьне ў ненадзейнасьці «двухногіх пеўняў бяз пер’яў» і патрэбу ў «сур’ёзных адносінах». Ня дзіва, што сур’ёзных адносінаў не атрымлівалася. Раман з малавядомым паэтам доўжыўся пяць гадоў... Паэт патрабаваў рыбных страваў і цішыні, калі прыходзіць натхненьне. А потым сышоў да кабеты, якая выганяла яго пісаць натхнёныя вершы на кухню. Мастак-марыніст пратрымаўся са мною год. Паміж мастаком і паэтам быў яшчэ паляк, які прыехаў сюды вывучаць беларускую філалогію. Я нават пасялілася разам з ім у інтэрнаце... Можа, і дарэмна ня зьехала з тым Гжэсем у Польшчу? Хаця ня так ён ужо і ўгаворваў. Мусіць, ня мог дараваць маёй упартасьці наконт беларускай прыналежнасьці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага ды іншых гістарычных персонаў, зацятая спрэчка наконт якіх сталася для нас гэтаксама звыклай, як вячэра. А навошта зьвязваць жыцьцё з чалавекам, які забясьпечыць штодзённыя прафесійныя дыскусіі дома, дзе хочацца ня толькі ногі, але і душу ўсунуць у мяккія цёплыя пантофлі? Ну а цяпер, падобна, маім чарговым «захапленьнем» можа стаць псіхатэрапеўт...

Макс прысунуўся бліжэй, так што я амаль чула, як стукае ягонае сэрца... Роўна яно стукала... Я ўсёй сваёй ненармальна эмацыйнай істотай адчувала ўнутраны спакой майго спадарожніка, нібыта вялізны лядзяш. Ён жа насамрэч мною зусім не зацікаўлены, як удае! Навошта я яму па­трэбна? Псіхатэрапеўт схіліўся блізка-блізка... Зараз я адчую дотык яго вуснаў... Не! Я адштурхнула «псіха» і рашуча выйшла з-пад парасону ў мокры туман.

— Прабачце, але я хачу як найхутчэй дапрацаваць свой артыкул...

Макс ня выказаў незадавальненьня і не спрабаваў мяне затрымаць.

— Што ж, ухваляю... Лілія Пятроўна будзе вам удзячная.

І ўжо калі я бегма адправілася ў бок сядзібы, крыкнуў усьлед:

— А каб пра сны не забывацца, трэба іх запісваць. Як толькі прачынаешся!

Але гэтай ноччу мае сны былі, відаць, такія журботныя, што ад іх у памяці засталося толькі адчуваньне невыпраўнай страты...

А нараніцу зноў выпаў сьнег. Белы, пухнаты, ён больш не зьбіраўся раставаць і выпускаць на волю пераможаную чарнату зямлі і гальля. Ды яшчэ соннае лістападаўскае сонца час ад часу вызірала з-за кволых хмараў, нібыта пан, праязджаючы паўз нішчымную вёску, кідаў праз вакно карэты, завешанае фіранкамі, жменькі дробных манетаў.

Я апошні раз прайшла праз майстэрню са старымі гадзіньнікамі. Яны зноў маўчалі, спыненыя воляй іх цяперашніх уладароў, і ў гэтым маўчаньні была пагроза. Рыцары сьмерці... Зайшла ў кабінет, які два тыдні быў маім. Заўвагі, што пакінула мне Баркунова ўдава, тычыліся толькі тэксту пра гадзіньнікі. Дакладней, падрабязьней... Пераклады даць асобна, слова ў слова. Ну што яны да гэтага антыкварыяту прычапіліся? Я і так напісала ўсё, што ведала. Перачытала яшчэ раз свой тэкст... Сусальнага золата на партрэце Баркуна хапала, і я суцешыла разварушанае сумленьне тым, што, па-першае, пра мёртвых – або добра, або нічога, і, па другое, наконт аднаўленьня вежы я выказалася дастаткова лаканічна. Ну вось і ўсё... Я сабрала паперы. Але не пасьпела сысьці, як зьявіўся Юрась. Замест прывітаньня ён працягнуў мне цяжкі каньверт:

— Вось твая тысяча, Анэта. Прабач, калі ласка, што давялося хвалявацца. Я ж казаў – гэта непаразуменьне.

Я моўчкі глядзела на былога мужа. Нешта зьявілася ў яго твары такое...

— Што адбылося?

Юрась, здаецца, паспрабаваў усьміхнуцца. Але прыкідвацца ён ніколі ня ўмеў.

— Пасьля як-небудзь раскажу...

І памкнуўся сыходзіць. Я заступіла яму дарогу.

— Пачакай... Мне ня вельмі патрэбныя зараз такія вялікія грошы... Можа, пазычыць? Стэле на лячэньне...

Аблічча Юрася дзіўна перасмыкнула.

— Дзякуй... Ты – лепшая ў сьвеце... Але нам пакуль хапае.

— Нядобра са Стэлай? – здагадалася я. – Яна дзе, у клініцы?

— У рэанімацыі, — глуха адказаў Юрась.

Аказваецца, мастачка, раптоўна пабагацеўшы, адразу ж кінулася набываць «натхненьне»... І, вядома, «перанатхнялася». Яе пасьпелі завезьці ў бальніцу, але ляжыць у коме. Юрася да яе нават не пусьцілі. Толькі праз шкляную перагародку пабачыў Стэлу пад кропельніцай.

— Званіў Янчын, казаў, прывязе цуда-лекі, клініка – пад кантролем Калыванава, так што ўсё, што магчыма, зробяць... Стан небясьпечны, але пакуль яна ў той клініцы – будуць ратаваць. Нейкі новы ачышчальнік крыві ёй уводзяць. Лекі дарагія, дактары таксама... Усе мае зьберажэньні... Бацькоўскія... Я ж думаў сёньня зьязджаць... Усё роўна больш, відаць, нічога ня вынайду. А тут... Гэтыя людзі – без сантыментаў. Перастану на іх працаваць– аддадуць Стэлу ў шараговую бальніцу... Праклятая праца...

— Чаму? – зьдзівілася я. – Ты ж заўсёды радаваўся, калі ўдавалася вярнуць да жыцьця старажытныя рэчы, тым больш – гэта частка нашай гісторыі. І ўсяго адзін гадзіньнік засталося адрэстаўраваць...

— Ды хіба гэта рэстаўрацыя? – з горыччу ўсклікнуў Юрась. — Мне ж не даюць аднавіць разьбу, дзівосныя аздобы... Галоўнае – каб гадзіньнікі маглі разьбіваць шклянкі ды чаркі на пацеху турыстам. Глупства нейкае... Ведаеш, гэта ж я знайшоў Зьміцера Патапавіча, калі... калі ён захварэў. І я падабраў дакумент, які ён згубіў. Дакумент на нямецкай мове. Я не магу расчытаць...

Юрась працягнуў мне складзены ў чатыры столкі аркушык, пажаўцелы на згінах. Я разгарнула... Ксеракс ліста, пісанага, відаць, пяром на пергаменьце. Гэта адсюль прафесар у дзень нашага прыезду зачытваў фразу наконт шкляных сасудаў... Старажытнанямецкая мова, літары, нібыта востраверхія каптурыкі гномаў. Палову словаў не разьбяру. Але подпіс зразумелы: «Гервасі Бернацоні».

— Падобна, пятнаццатае стагоддзе! Каб перакласьці, трэба да знаўцаў схадзіць. Але чаму ж ты мне раней не паказаў? Я б, можа, дадала нешта ў свой артыкул!

Юрась нахмурыўся.

— Ведаеш, ня трэба, каб ведалі, што гэты ліст у мяне. Проста… па старым сяброўстве… перакладзі яго, калі ласка. Я табе патэлефаную заўт­ра ўвечары.

— Лепей дні праз тры, — удакладніла я. — Магу не пасьпець...

Юрась моўчкі кіўнуў галавой і паглядзеў на мяне сінім тужлівым позіркам, нібыта разьвітваўся назаўсёды.

— Бывай, Анэта. І прашу цябе – ніколі сюды не вяртайся. І з гэтымі людзьмі больш ня зьвязвайся. Нізавошта. Што б табе ні абяцалі, чуеш? Я ўжо сам... сёрбаць буду.

І пайшоў, не патлумачыўшы свае дзіўныя перасьцярогі. Ды што чакаць ад чалавека, у якога жонка памірае?

Плату я атрымала «з накрыўкай» – паўтары тысячы. Плюс аванс... Але радасьці не было. Гэтыя грошы датычныя да бяды са Стэлай... Гэта былі грошы за дамову з сумленьнем, да іх быццам прыліпла мая мана. Прытым, як ні дзіўна, я так і не зразумела галоўны сэнс маёй працы. Бо тое, дзеля чаго мяне наймалі – хутчэй выдаць кніжачку памяці Аркадзя Баркуна – нібыта гаспадароў перастала цікавіць. На мае роспыты, калі я ўбачу выдадзеную кніжачку, хто яе афармляе, у якой друкарні будуць друкаваць – гучалі няўцямныя адгаворкі. І зараз, ад’язджаючы, я раптам зразумела, што гэтая кніжачка ніколі ня будзе выдадзеная.

І, гледзячы з вакна шыкоўнага «джыпа» на высокі бетонны плот, які ўсё аддаляўся, аддаляўся, я не хацела думаць ні пра таямніцы, ні пра людзей, якія засталіся за ім… Але не магла пазбавіцца ад трывогі.

За гарадской сьцяной закрычала сава, нібыта праклінала змрочны лістападаўскі золак. Адразу ж у муры расчыніліся малыя непрыкметныя варотцы, для віжоў і позьніх гасьцей. Для бясьпекі яны былі выкаваныя з суцэльнага жалеза і зробленыя так высока, што даводзілася апускаць лесьвіцу. Малады рыцар саскочыў на драўляны памост па той бок варотцаў.

— Хвала Госпаду, панове! Сёньня мы пераможам!

Дзясяткі два ўзброеных людзей, што чакалі яго вяртаньня, ухвальна адгукнуліся. Але іх прыветныя крыкі змоўклі... Усьлед за рыцарам з праёму ў сьцяне паказаўся барадаты вой у дзіўным востраканцовым шаломе, з двухбаковай сякерай, падобнай да Перуновага посаху. Прыхадзень вы­скаліў рэдкія зубы ва ўсьмешцы, што мусіла азначаць прывітаньне. За ім з варотцаў выбраўся яшчэ адзін у такім жа шлеме, яго русявая барада была даўжынёй у локаць... Потым яшчэ... Яшчэ... Чужынцы адзін за адным выпаўзалі з праёму ў сьцяне, нібыта іх спараджала пекла.

— Богуш, хто гэта? – гнеўна спытаў стары рыцар.

Маладзён горда выпрастаўся.

— Гэта ноўгарадцы. Яны дапамогуць нам прагнаць войска Вялікага князя.

— Што ты нарабіў, дурны, несьвядомы блазьнюк! – горка прагаварыў стары рыцар. – Вось цяпер – канец волі Старавежска... Няма больш нашага гораду...

Але малады толькі паціснуў плячыма.

— Вялікі князь з татарамі хаўрусаваў, з крыжакамі, а русічы ўсё ж – адзінаверцы.

— Не время балакать. Побъем псов неверных! – раўнуў правадыр русі­чаў, узьняўшы сваю сякеру. Чужацкія воі адказалі радасным крыкам. Богуш дастаў меч.

— Да вежы! У імя сьвятога Юр’я!

— Здрада! Ганьба! — крычаў сівы старавежац, але яго ніхто ня чуў.

Рожа страсянуў Карэйву за грудзі:

— Глядзі, што з тваёй хітрасьці сталася! Ноўгарадцы ў горадзе!

Блазан скрывіў бледныя вусны ва ўсьмешцы.

— Хіба першы раз ты б’ешся супраць іх?

— Ня першы... Але я не хачу, каб – апошні, – глуха прамовіў Рожа. – Іх ня тры тузіны... Яны ўжо на плошчы! Чуеш? Можа, даць знак ваярам, што ў засоцы за цэркваю?

З вокнаў даносіўся гул апантанай бойкі. Крыкі болю, крыкі нянавісьці, лязгат зброі — мова, на якой размаўляе ў часы сваёй весялосьці Сьмерць. Блазан паматаў галавой, званочкі на ягонай шапцы азваліся недарэчна бадзёра.

— Няхай усё ідзе як замысьлена. Хай увойдуць у вежу. А мы рушым лёхамі...

— Лёхамі? Куды?– разгубіўся войт.

— Хе-хе-хе... — загайдаўся Карэйва, і званочкі таксама засьмяяліся. — Ідзі за мной, пан Лаўрын... Мне ўсе таемствы гэтага будынку ў Вільні яшчэ ператлумачылі. Кляйнодам Карэйваў клянуся – праз гадзіну павя­дзеш сваё войска на прыхадняў, і зьнікнуць яны разам са здрайцамі-бунтаўнікамі ў пекле, толькі ключыкі ў вогненнае мора аддадуць. Хе-хе-хе...

Лекараў сакратар Энрыке нешта горача тлумачыў Анэце на італійскай мове і цягнуў у залу з гадзіньнікамі. Дзяўчына зайшла і скамянела ад зьдзіўленьня: у цэнтры залы стаяў, укленчыўшы, лекар. Ён нізка апусьціў галаву, і, падобна, маліўся. Анэта глядзела на ягоную прыгорбленую сьпіну і не магла паверыць, што гэта – той самы ўладны чараўнік, якога ўсе так баяліся. Але калі Бернацоні ўзьняўся з каленяў і павярнуўся да дзяўчыны, на яго твары не было адчаю. Толькі рашучасьць.

— Будзь побач, донна. Я ня ведаю, што тут адбываецца, чыя злая воля стаіць на перашкодзе – але, павер, я змагу абараніць нас.

І прамовіў горка:

— Прасьвятая Дзева, колькі разоў я даваў сабе слова, што гэтыя га­дзіньнікі будуць маўчаць...

— Чаму на плошчы бойка? На горад напалі? – Анэта не хацела паказваць боязі, але голас дрыжэў.

— Ноўгарадцы, — коратка адказаў Бернацоні. – Віжы пра іх даносілі. Іх прыслалі на вывед. Атрад невялікі, мо сотня. Сьвержань былі разрабавалі, у Валатоўні двух чалавек пабілі. Так, зграя падлаедаў. Але яны па­трапілі за гарадскія сьцены, у іх ёсьць у горадзе хаўрусьнікі...

— Шукай у сваім войску! Сярод старавежцаў здрайцаў няма, – запярэчыла Анэта. – А чаму ты ня ўзброены, чаму – ня там, дзе б’юцца? Нашыя рыцары ніколі не адседжваліся!

— Мая зброя – пры мне... – няўважна адказаў лекар, аглядаючыся па баках. – Добра, што не пасьпелі ўкласьці гадзіньнікі ў скрынкі.

Зьнізу даносілася гарланьне чужынцаў: «Бей! Бей! Не пускай! Давай!»

Бернацоні ўладна крыкнуў:

— Анэта! Адчыняй шыбы! Хутчэй! І дзьверы расчыні!

Лескевічанцы не аднойчы даводзілася быць разам са сваім горадам у аблозе, калі на мурах патрэбная дапамога ўсіх – жанчын, старых, дзяцей. Яна звычна, не перапытваючы і не марудзячы, кінулася выконваць загад, на першы погляд бязглузды – у расчыненыя вокны маглі паляцець стрэлы. Але падчас бойкі словы тых, хто кіруе абаронай, ня важацца. І не ўспамінаюцца старыя крыўды. Калі выбіраць між войскам Вялікага князя і атрадам ноўгарадцаў – дык лепей князь... Анэта ведала, што ейны бацька сказаў бы менавіта так.

— Усё гатова...

Бернацоні паправіў стрэлку на кожным з гадзіньнікаў, размаўляючы з імі, як з жывымі.

— Вы першы, гаспадар мой Пятро... Вы – другі, гаспадар Андрэй... Трэцяе слова за вамі, гаспадар Якубе...

Цяпер усе гадзіньнікі паказвалі розны час. Лекар адчыніў драўляны куфар і асьцярожна дастаў круглую шкляную пасудзіну. Анэта толькі цяпер заўважыла, што падлога размаляваная крэйдай – ад гадзіньніка да га­дзіньніка ішлі роўныя лініі, перасякаючыся ў падабенства зоркі. Бернацоні беражліва паставіў свой шар у кропку, дзе сустракаліся яны ўсе. Потым асьцярожна апусьціў у шкляны шар невялікі паўмесяц са срэбра, нібыта русалчын серп.

— Пакуль гадзіньнікі павернутыя ад нас, тут, у сярэдзіне – самае бясьпечнае месца. І не варушыцеся, пакуль гадзіньнікі ня змоўкнуць.

Лекар стаяў, зьбялелы і суровы. Энрыке пасьпешліва штосьці засоў­ваў у вушы, мармычучы малітвы. Анэту пачало калаціць ад прадчуваньня небясьпекі... Яна разумела, што зараз зробіцца сьведкай магутнага чараўніцтва. Ці не загубіць гэта яе душу? Каго, з якіх нетраў выклікае на дапамогу лекар? Бернацоні, відаць, зразумеў яе боязь:

— Выкінь з галавы ўсе думкі пра вядзьмарства, маленькая дзікунка... Гэта ўсяго толькі зброя... Праўда, магутная, сьмяртэльная зброя... Страшнейшая за грэчаскі агонь. Бо б’е не па целах – па розумах. І не разьбірае, хто – вораг, хто – сябар.

— Дык усё-ткі з-за цябе – карагод сьмерці? Ты панішчыў наш горад?—закрычала ў жаху Анэта.

— Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць... — спакойна адказаў Бернацоні. – Голас маіх гадзіньнікаў можа толькі прысьпешыць тых, каго нянавісьць або страх прывялі да мяжы з шаленствам. Тысячы людзей топяцца... Кагосьці з іх саштурхнулі ў ваду... Нехта з саштурхнутых ня ўмеў плаваць... Чалавек можа толькі крыху, на паўкрока, дапамагаць Божай волі. Я таксама дапамагаю Божай волі. Ціха! Пачынаецца! Вітаю цябе, пані Сьмерць!

Анёл з цёмным драўляным тварам на адным з гадзіньнікаў паднёс да вуснаў пазалочаную трубу, срэбныя аблокі за ім зварухнуліся.

Звонкія тужлівыя ўдары... Другі гадзіньнік... Трэці... Удары, нібыта й ня надта гучныя – звон на званіцы царквы біў куды мацней – нібыта сыпаліся ў адзін жалезны куфар. Анэце здалося, нібыта ўсё вакол яе дробна дрыжыць, на нейкі момант яна перастала чуць – толькі гэтае дробнае дрыжэньне ды ўдары ўласнага сэрца. Хацела зрушыцца, уцячы – але цела нібыта трапіла ў густы мёд.

— Госпадзе, выратуй! Прасьвятая Багародзіца, памажы! Сьвяты Юры, паратуй! Сьвяты Юры, паратуй!

Анэта ўсьвядоміла, што яе вусны зноў пачынаюць выкрыкваць малітву шалёнага карагоду. Рукі зьледзянелі – нібыта за іх зноў ухапіліся вар’яты-сьмяротнікі... Раптам срэбны серп у шкляной сферы зварухнуўся і пасунуўся ўправа. Яшчэ, яшчэ... Павольна, потым усё хутчэй закруціўся, нібы трэска трапіла ў вір. Вочы Бернацоні гарэлі перамогай адчаю – лекар сьвяткаваў, нібыта паранены вой, якога ішлі зьняволіць, а ён у апошні момант падмануў ворагаў – загнаў сабе пад рэбры асколак, здавалася, ужо бескарыснага, бясьсілага мяча...

Вось чарга дайшла да апошняга гадзіньніка. Фігура сьмерці на ім прыўзьняла складзеныя ў малітве рукі, нібыта рыхтавалася ўдарыць нябачным мечам у манеты, што былі рассыпаныя пад яе нагамі... Трыццаць залатых манетаў.

— Анэ-эта!

Дзяўчына ўпала на калені... Яна вар’яцее!

— Анэта! Гэта я, Богуш! Я прывёў войска вызваліць цябе! Дзе ты, Анэта? Адзавіся!

Голас гучаў побач, дзесьці ў будынку.

Гэта ня сон... Чараўнік падмануў яе! На ратушу напалі ня ворагі, гэта ідуць свае, старавежцы! Богуш жывы! Але зараз ён страціць розум... З ім здарыцца тое, што з тысячамі іншых...

З яе нібыта ўпалі ланцугі. Дзяўчына маланкава кінулася да сферы, у якой круціўся срэбны паўмесяц, узьняла і з сілай кінула яе аб каменную падлогу. Аскалёпкі пырснулі срэбным дажджом. Лекар гнеўна закрычаў, але Анэта ўжо бегла па калідоры ратушы, выкрыкваючы імя, якое не наважвалася паўтараць нават у думках, каб не вярэдзіць боль.

Яна падбегла да вінтавой лесьвіцы, зьнізу па прыступках рыўцом падняўся рыцар... Яе рыцар... Ён схапіў яе ў абдоймы.

На хвілю для іх перастала існаваць усё.

— Я ведаў, што ты жывая... Што я вызвалю цябе... Ніякія чары нас ня спыняць. Ты ведаеш, хвілю таму мне падалося, што настала вогненная ноч! Я нават забыўся, хто я...

За сьпінай рыцара навісьлі цені. Анэта спалохана адхіснулася.

— Богуш! Русічы!

Рыцар пагладзіў дзяўчыну па залатых валасах рукою, на якой запяклася чужая кроў.

— Ня бойся, яны – нашы хаўрусьнікі.

Анэта неўразумела глядзела на барадатых людзей у востраверхіх шлемах.

— Хаўрусьнікі? Дык гэта – тваё войска, Радчыц?

Багуслаў нахмурыўся.

— Ня горшае за іншыя. Старавежцаў засталося мала... І ня ўсе, хто выжыў, захавалі мужнасьць воя. Чаму б ноўгарадцам не памагчы нам выгнаць войска Вялікага князя? А ты схуднела, любая... Змучылася... Пакажы, дзе лекар! Я заб’ю яго!

Анэта глядзела на Багуслава, і боль разрываў ейнае сэрца.

— Богуш, пачакай! Каму будзе належаць горад пасьля таго, як твае хаўрусьнікі пагоняць княскае войска?

Багуслаў нахмурыўся.

— І ты, як твой бацька... Пасьля будзем думаць. Галоўнае – перамагчы! Дзе лекар?

— Пан Радчыц! Яго д’ябальскія скрынкі – там, у зале! – азваўся адзін з вояў. – А лекар, відаць, зьбег.

— Знойдзем падлюку. Пайшлі, Анэта...

Богуш ласкава паклаў руку ёй на плячо. Але дзяўчына ў жаху глядзела на аднаго з чужынцаў, які засоўваў за пояс адабраны ў кагосьці меч, упрыгожаны дыяментамі, вялікімі, як вочы сарны... Анэта разгледзела на лязе выбіты малюнак – вершнік на кані... Герб Старавежску... Што робіцца ў яе горадзе! Дабро і зло перамешваюцца ў страшным віры часу, але ўсё-ткі ня робяцца адным, як ня робяцца адным вада і воск. Вялікі князь прыслаў лекара з ягонымі д’ябальскімі машынамі, каб той дапамог прывесьці горад да пакоры... Богуш прывёў ноўгарадцаў, каб выгнаць лекара... Хтосьці са старавежцаў стаў на бок Богуша, другія, мабыць, б’юцца побач з воямі Вялікага князя супраць ноўгарадцаў... І ў выніку – свае забіваюць сваіх. Няўжо гэта з-за яе, Анэты? Госпадзе, як зразумець, дзе – праўда?

І дзяўчына раптам адштурхнула свайго жаніха і кінулася ўніз па лесьвіцы. У гэтае імгненьне з плошчы данёсься магутны крык:

— Сьвяты Юры! Бі, бі! Сьвяты Юры!

Войска Вялікага Князя выйшла з засокі.

— З вежы анікога не выпускаць! – крычаў голас Лаўрына Рожы. – Здрайцаў і ведзьмакоў не шкадаваць!

Над Старавежскам зноў поўз горкі дым, нібыта ён ніколі ўжо ня сыдзе з гэтага гораду.

Я зьезьдзіла да маці — нарэшце магла дазволіць сабе прыстойныя гасьцінцы. І хаця дармовыя ўрокі пра тое, як трэба жыць, і за каго мне лепш выйсьці замуж, былі горш, чым колішнія ўрокі палітычнай эканомікі, але пры кожным поглядзе на сьсівелыя матчыны валасы ў мяне сьціскалася сэрца ад невыпраўнага пачуцьця вінаватасьці, і я адцягвала ад’езд. Можа, і праўда – кінуць той горад, дзе я так і не навучылася выжываць, перабрацца сюды, папрасіцца ў раённую газету...

Не, невыносна вярнуцца няўдачніцай. Дый маці сама па-ранейшаму мела планы наконт пераезду – колькі сябе памятаю, яшчэ бабуля была жывая, доўжылася гульня ў абмен нашай кватэркі ў самотным двухпавярховым панэльным доме сярод бульбяных «сотак»... Шукаліся па аб’явах варыянты. Ды не ў сталіцы ці якім абласным горадзе – а паэкзатычней... Напрыклад, у малдаўскім Ціраспалі, або ва ўкраінскім Нікалаеве. Справа заканчвалася матчынай паездкай – паглядзець кватэру. Але на месцы абавязкова выяўляўся нейкі недахоп – побач заводская труба, або аэрапорт, ці дом крыва збудаваны... Я здагадвалася, што мы ніколі нікуды не пераедзем. Але ў нас заўсёды была надзея на Вялікія Зьмены ў жыцьці.

Можа, таму я і не люблю цяпер ніякіх планаваньняў.

Пасьля таго, як былая аднакласьніца прыйшла да мяне з бутэлькай «чарніла» аднавіць колішняе сяброўства і прадэманстравала ў ветлай усьмешцы залаты зуб, і пачала распавядаць пра лупцоўкі мужа, і як на танцах у клубе парнулі Аньчынаму хлапцу пад скабы шылам, я вырашыла, што час зьязджаць...

І ў чарговы раз дала сабе слова – знайсьці добрую працу, набыць у Менску вялікую кватэру, перавезьці туды маму...

І ўжо калі мы чакалі аўтобуса на прыпынку пад перакошанай, паіржавелай шыльдай, на якой яшчэ красаваліся парэшткі мінулагодняй улёткі з кавалачкам глянцавай фізіяноміі раённага кандыдата ў дэпутаты, — адна ўсьмешка, як ад Чэшырскага ката, — маці прамовіла:

— Ты, відаць, закахалася...

Я разгубілася. Чаму яна так вырашыла?

— Не пярэч, хіба я ня бачу... Закахалася па вушы. І, як заўсёды, няўдала. Ды плюнь ты на яго, хто б ён ні быў! Знойдзеш лепшага. А то ўздыхае, пераймаецца... Шкода глядзець.

Я пачала абурана тлумачыць, што ўсё ня так, але, бразгаючы іржавым начыньнем, падышоў аўтобус.

А ўвечары патэлефанаваў Юрась. Увесь устрывожаны – дзе я падзелася? Было няёмка – я ж забылася на яго паперчыну са старанямецкім тэкстам. Нічога, заўтра ж перакладу... Пра тое, што адбываецца ў Людвісарава, з Юрася аказалася выцягнуць гэтак жа лёгка, як адабраць у райт­велера сваю пальчатку. «Нармальна», «Працую» – і ўсё...

— Паслухай, а ў якой бальніцы ляжыць Стэла? Можа, наведаць?

Юрась, здаецца, узрадваўся і ўсхваляваўся ад маіх словаў – дзівак, ня мог сам папрасіць. Назву клінікі я чула ў нейкай рэкламе – «Медсервісцэнтр «Гіпакрат». Будынак на ўскраіне, ля нядаўна заснаванай «рэзервацыі для багацеяў» – пасёлка шыкоўных катэджаў.

З трубкі ўжо хвіліны тры пішчэлі сігналы, нібыта ўся тэлефонная сетка спрабавала дакрычацца да маёй сьвядомасьці. Але сьвядомасьць была замкнутая на філасофскім пытаньні, справакаваным матчыным «прагнозам» пра мой эмацыйны стан: «Чым ёсьць мае адчуваньні да Юрася?» Вінегрэт выключны: шкадоба, цікавасьць, некаторая рэўнасьць (так, так, прызнайся ж), раздражненьне, трывога... Бог ведае, што яшчэ... Толькі не каханьне! Не, ніяк не каханьне! Як там у Стэндаля: перыяд крышталізацыі, голая галінка, апушчаная ў саляны раствор, абрастае цудоўнымі ўпрыгожваньнямі... Гэтак мусіць адбывацца з вобразам каханага. Паколькі я Юрася не крышталізую, няма неадольнага жаданьня бегчы да яго, быць побач, то...

Проста хворае ўяўленьне – мне ўсё трызьніцца, нібыта ён топіцца ў нейкай багне... Сам жа туды ўскочыў. Ды яшчэ мяне цягнуў...

Ды якая мне справа да чужога мужа? Жыла неяк без яго адзінаццаць гадоў, і амаль не ўспамінала.

А тут яшчэ пазваніў былы аднакурсьнік, які цяпер працаваў у заняпалай беларускай газетцы, і прапанаваў працу... Відаць, справы былі ў іх зусім дрэнь – бо мяне меркавалася заманіць на пасаду не шараговага журналіста, а адразу – адказнага сакратара. Зарплата невялічкая...

— Затое ўсе творы твае выдрукуем! – горача абяцаў аднакурсьнік. – Зробім з цябе вядомую пісьменьніцу! Карыстайся момантам...

Бедная літаратура, калі пісьменьнікаў можна рабіць з такога... матэ­рыялу. А відаць жа, робяць.

Але я абяцала падумаць.

А пакуль паехала адведаць «зорачку»-Стэлу. Будынак клінікі ўвесь у чорным люстраным шкле, нібыта ўваход у іншае вымярэньне. Здавалася, праз гэтае шкло можна прайсьці, як праз пералівістую, пругкую плёнку, і апынуцца ў сваім мінулым, дзе няма цяперашняга болю... Але ў гэтых сьценах панаваў боль. Боль і страх працялі сьветлыя чысьцюткія калідоры, струменілі з галагенавых сьвяцільнікаў, выпаўзалі нябачнымі смаўжамі з палатаў, абсталяваных па апошнім слове...

Да Стэлы Дамагурскай мяне не пусьцілі. Рэанімацыя, цяжкі стан... Пост нумар чатыры. Але я ўявіла, што мне ня будзе чаго распавесьці ўсхваляванаму Юрасю, акрым сухіх словаў рэгістратаркі... І пяцьдзясят даляраў Баркуновай удавы знайшлі сабе лепшую гаспадыню. Я заўсёды дзіўлюся – як у мяне прачынаюцца дзелавыя здольнасьці, калі трэба вырашыць чужую справу.... І наколькі я разгублена пачуваюся, калі трэба вырашыць сваю. Неяк на першым курсе мы з сяброўкай з дзіўным імем Пелагея стаялі ў чарзе па нейкую касьметыку – я яшчэ засьпела эпоху чэргаў. Ахвотных было як маку, пачалі пагаворваць, што на ўсіх ня хопіць...

— А ты памаліся, папрасі Бога, каб табе хапіла тушы і памады! – шчыра параіла Пелагея. – Я заўсёды так раблю...

Я ўявіла, як зьвяртаюся да Госпада з просьбаю пра памаду... І мне стала так сорамна! Ну здароўя прасіць... Цярплівасьці... Мудрасьці... А то – пушачку замежнай памады! І ўвогуле, дзеля такой нявартай рэчы я губляю свой час, злуюся, кідаю цень на душу... Карацей, сышла я з чаргі. Так і жыву... Чэргі абыходзячы.

Маладзенькая медсястра, спакушаная маёй паўсотняй, дала мне белы халат і шапачку і нават прымусіла начапіць марлевую павязку. У калідоры я ўсьвядоміла, чым усё-ткі адрозьніваецца прыватная клініка ад дзяржаўнай. Не чысьцінёй і абсталяваньнем, а... пахам. Відаць, тут сьпецыяльна ўжывалі вохкія мыйныя сродкі, таму што ў калідоры пахла хвояй. Я ўспомніла свае знаходжаньні ў бальніцы, вялізныя скураныя пантофлі, падобныя да раздушаных чарапах, з накрэмзаным алейнай фарбай нумарам аддзяленьня... Фланэлевы халацік «эканамічнага колеру»... Смурод хлоркі і бальнічнай ежы... Фу.

— Ну вось, пост нумар чатыры... – прашаптала мне мая спадарожні­ца. – Заходзіць ні ў якім разе нельга. Туды, акрым галоўнага ўрача і медсястры, прымацаванай да паста, нікога не пускаюць. Паглядзіце праз шкло на вашую сваячку... І пойдзем, пакуль ніхто не заўважыў.

Стэла ляжала на ложку, падобным да прылады для катаваньня. Антураж быў адпаведны... Сюрэалістычны. Трубкі, па якіх у яе вены пералівалася нейкая празрыстая вадкасьць... Страшны «гармонік», падобны да пачварна разрослай дзіцячай цацкі, рытмічна сьціскаўся і распростваўся, ад яго ішоў гумавы шланг да маскі, што закрывала твар хворай... Штучныя лёгкія, здагадалася я. Збоку на экране беглі ламаныя лініі.

...Чорныя валасы, раскіданыя па падушцы, пакінуў ветрык... Але больш за ўсё мяне ўразіла рука Стэлы, у якую была ўторкнутая голка кропельніцы. Скура пажаўцелая, а пальцы нават з сінізной... Пазногці счарнелі...

— Кома, – прашаптала медсястра. – Такія, бывае, гадамі ляжаць. Адзін наш доктар лічыць, што яны ўсё чуюць, прымушае размаўляць, як з прытомнымі. А навошта? – Медсястра скрывіла сімпатычны тварык, на хвілю прыпадобніўшыся мульцяшнаму Трусіку. –Такіх хворых ведаеце, як персанал заве? «Гародніна!».

Што ж, я дапамагчы нічым не магу.

Унізе, у калідоры, што выходзіў у вестыбюль, я прысела ў самым цёмным куточку, каб трохі супакоіцца і пачакаць медсястрычку, якая, відаць, пачувала, што ня цалкам адпрацавала свой ганарар і намовілася прынесьці мне карысныя брашуркі пра наркаманію і яе наступствы, непрытомныя станы і падобныя сумныя рэчы.

У калідорах не было шматлюдна, але адчувалася звыклая працоўная мітусьня. Удалечыні мільгалі фігуры ў белых халатах, нешта стукала.

— Цябе што, на чацьвёрты пост прызначаюць, Кацярына? – пачуліся ціхія галасы з-за прыадчыненых дзьвярэй побач, за якімі лілася вада і бразгалі невядомыя прылады.

— Не, на пяты.

— А-а, тады добра...

— А што такое?

— На чацьвёртым пагана...

— Хворая зусім безнадзейная?

— Ды ўжо ж... Безнадзейней не бывае, – голас панізіўся да шэпту. – Мёртвая яна.

— Што?!!

— Ціха... Дакладна кажу – труп прывезьлі з бальніцы хуткай дапамогі. Прыгожая такая дзеўка, з чорнымі валасамі. Наркаманка, ад перадазіроўкі загнулася. Фармалін ёй у вены напампавалі. А электроніка з суседнім боксам спараная.

— І навошта гэта?

— А ты меней пытайся... Камусьці трэба, каб гэтая дзеўка лічылася жывой. І ў мяне моцныя падазрэньні, што трэба гэта чалавечку не апошняму ў нашым паскудным сьвеце. Хто на чацьвёртым пасту сядзіць – трайная аплата. За маўчаньне. Але я кажу – ня трэба мне дармовых грошай, лепей у гнілыя справы ня лезьці. Так што будуць прапаноўваць на чацьвёрты – адкручвайся. Толькі выгляду не падавай, быццам нешта ведаеш. А то і ў нашай клініцы не адратуюць.

— А ты адкуль дазналася?

— Антонаўна, дай ёй Бог здароўя, папярэдзіла.

У калідоры пачуліся лёгкія крокі майго правадыра па медыцынскім пекле, уцялесьненага ў асобе сімпатычнай медсястрычкі.

У маёй улюбёнай маленечкай кавярні, падобнай да куфра для перлінаў, замест перлінаў знаходзілася некалькі высокіх крэслаў, столік-паліч­ка, тэлевізар пад стольлю й бармэн Жэня, які выдатна рыхтаваў каву па-турэцку. Жэня нават «касіў» пад турка, па-пірацку павязваючы галаву чырвонай хусткай і апранаючы кашулі з пальмамі. Але ад гэтага бармэн — дабрадушная паўнаватая фізіяномія, вейкі сьветлыя, нібы выгарэлі,— нагадваў англійскага півавара. Джэк Ячменнае Зерне.

Тут быў утульны прыцемак, сьпіртное не прадавалася, а бармэн пры­знаваў толькі лацінаамерыканскую музыку (хаця лагічней было б – турэцкую), і тэлевізар на поўную гучнасьць не ўключаў . «Ай-йа-рррыба-йа-ррыба... Ё но сой марынэра, сой капітан...» Я не марак, я капітан —сьцьвярджаў невядомы лацінас, супадаючы ў памкненьні адпавядаць сваёй выдуманай, прысьнёнай Персоне з усім нашым грэшным сьветам... Толькі такія няўдачнікі, як я, могуць нудзець на адваротнае, здымаючы з сябе званьне й лішнюю адказнасьць.

Як я і спадзявалася, у кавярні, акрым мяне, не было нікога. Па тэле­візары ішоў нейкі бразільскі серыял, перабіваючы задушэўнымі дыялогамі браваду самазванага капітана. Я няўважна паглядала на экран, дзе чарговая Анна-Марыя высьвятляла з чарговым Маркам-Антоніем, што з імі было да страты памяці, і хто падмяніў іх дзіця, і дзе сапраўдны запавет багатага дзядзькі-плантатара. Я піла сваю каву, моцную, нібыта кроў цмока, глядзела ў шурпатую, стылізаваную пад старую драўніну, сьцяну і спрабавала супакоіцца. Але на вочы ўвесьчасна наварочваліся сьлёзы. Я ўспамінала, як тонкія рукі мастачкі луналі над карцінай, якая выпроствала свае фарбы з першароднага белага хаасу. Як я вяла амаль непрытомную Стэлу з душа, а потым яна мне расказвала пра карціны Рэрыхаў. І як яна малявала на целе Юрася казачныя ўзоры, нібыта хацела ператварыць яго ў казачнага героя, Юрась цалаваў яе, а я, незаўважаная, назірала і страшэнна раўнавала... Бедная Стэла... А яшчэ ў гру­дзях маіх варушыўся халодны страх. Я, здаецца, магла адказаць на пытаньне з размовы медсясьцёр – навошта ўтойвалі, што Стэла памерла. Каб Юрась працягваў думаць, што жонку трэба ратаваць, і працягваў працу над д’ябальскімі гадзіньнікамі. Час ад часу прывязуць яго, пакажуць відовішча за шкляной перагародкай... Няўжо мой былы муж такі «незаменны кадр»? Я ўспомніла словы Калыванава пра тое, што «нашыя самародкі ўсіх замежных у лапці абуюць». Што ж, магчыма, Юрась быў для гаспадароў нечым накшталт бабкі-шаптухі, да якой зьвяртаюцца пасьля таго, як дыпламаваныя дактары аказаліся бясьсілымі. Я паведамлю яму пра Стэлу... Ён, вядома, адразу кіне працу і пачне гараваць. Ды яшчэ разборкі з гаспадарамі ўчыніць. Але я ня думаю, што людзі, якія здольныя на падобныя «інсцэніроўкі», яго так проста адпусьцяць. Знойдуць іншыя «спосабы ўзьдзеяньня». Выходзіць, лепей маўчаць...

«Вы яшчэ варыце бялізну? Значыць, мы ідзем да вас!» — аптымістычна заблагаў тэлевізар.

Па расейскай праграме пачаліся навіны. «Алігарх Пётр Калыванаў балатуецца на пост губернатара», — абвясьціў дыктар у прыемных інтэлігенцкіх акулярах з тонкай аправай, за якімі хаваліся маленькія нядобрыя вочы. – «Калыванаў — вядомы мецэнат, у яго перадвыбарчай праграме шмат увагі ўдзелена сацыяльнаму боку. Але ягоны праціўнік, вядомы пісьменьнік Васіль Засенін, паводле папярэдніх апытаньняў, карыстаецца ў насельніцтва вобласьці нашмат большай папулярнасьцю».

Калыванаў усьміхаўся на адкрыцьці нейкай дабрачыннай бальніцы, ягоны супернік прамаўляў нешта пра вялікую рускую нацыю перад купкай вельмі сур’ёзных людзей працоўнага выгляду.

Мяне перасмыкнула. Мецэнаты... Калекцыянеры... І яшчэ на Беларусі кавалак ухапіць хочуць. А Стэла ляжыць пад страшнымі апаратамі, і душа яе беспрытульная, можа, б’ецца ў белыя сьцены мецэнацкай клінікі, як заблукалы матыль...

Чаму столькі клопатаў вакол старых гадзіньнікаў? Няўжо іх сярэднявечныя таямніцы нечага вартыя сёньня? З-за чаго пакутуе Юрась? Я адчувала, што разгадка ад мяне блізка, літаральна пад носам. Я прыжмурыла вочы і пастаралася прыпомніць свае сны, у якіх часта зьяўляліся гадзіньнікі. Усплывалі нейкія адрывістыя малюнкі. Гадзіньнікі стаяць у коле... Лекар гаворыць: «Гэта зброя»... Можа, дарэмна я не прыслухалася да парады псіхатэрапеўта Макса і не запісала сваіх сноў? А ў рэальным жыцьці трэба было б яшчэ пашукаць дакументаў...

А ліст, што папрасіў мяне перакласьці Юрась! Як я магла забыць! Неадкладна адшукаць маю былую выкладчыцу Галіну Сьцяпанаўну...

Калі я разьвітвалася з бармэнам, той падарыў мне спачувальны позірк.

— Што, спадарыня, «прадынамілі» вас ? Не сумуйце, такая красуня не павінна сумаваць. Каханьне мусіць даваць насалоду абаім, іначай яно ня вартае кубачка кавы.

Я злосна ляпнула дзьвярыма кавярні. Якая яму справа...

Галіна Сьцяпанаўна, як і колісь, па-еўрапейску падцягнутая, у старасьвецкім сарафане і блузцы, з кароткай стрыжкай, толькі яшчэ больш сьсівелая, сустрэла мяне строга.

— Рада бачыць вас, Ганна Іванаўна. Даўно не заходзілі. Год... восем, мусіць?

Погляд праз акуляры быў надта афіцыйны. Галіна Сьцяпанаўна мела права сердаваць. У свой час я цэлы год хадзіла на ейныя курсы, а па­трапіць туды было нялёгка. Галіна Сьцяпанаўна — перакладчыцкі «ас», часта езьдзіла за мяжу, займалася мастацкім перакладам. Я аказалася здольнай вучаніцай і, дзякуючы Галіне Сьцяпанаўне ўдзельнічала ў конкурсе, і апынулася на студэнцкіх курсах у маленькім нямецкім гарадку пад Берлінам. Год у Нямеччыне мог стаць вызначальным для ўсяго майго жыцьця... Але я вярнулася, дала нырца ў журналістыку і на нямеччыну забылася.

Убачыўшы ліст, Галіна Сьцяпанаўна памякчэла. Усё-ткі прафесійны інтарэс.

— Цікавы дакумент. Надзвычай цікавы. Дарэчы, скапіраваны з арыгіналу, які захоўваецца ў Берлінскім гістарычным архіве. Пазнаю куточак іхняга штампу. Кажаце, працуеце над кнігай? Выдатна... Але баюся, што дакладна перакласьці мне будзе цяжка. Пятнаццатае стагоддзе, дыялект...

Я ўпрасіла Галіну Сьцяпанаўну, як магла, паспрабаваць перакласьці зараз жа, ну хоць збольшага... Нават зрабіла спробу прапанаваць ганарар – але мая былая выкладчыца толькі кінула на мяне суровы погляд і пачала здымаць з паліцаў слоўнікі... Відаць, нешта ў маім выглядзе сьведчыла наконт «справы жыцьця і сьмерці».

Дзесьці праз гадзіну на аркушыку паперы быў запісаны тэкст, перасыпаны шматлікімі пытаньнямі і пададзенымі ў дужках варыянтамі словаў.

— Чым так перакладаць, дык лепей ня брацца... – абуралася Галіна Сьцяпанаўна. – Гэта абсалютна непрафесійна! – былая выкладчыца ня стала менш патрабавальнай да сябе. Але прачытала, што атрымалася.

«Яго высокасьці курфюсту Фрыдрыху ІV Нюрнбергскаму... Вартыя найвялікшага захапленьня справы (дзеяньні?) Вашай сьветласьці... і жалю высілкі (злачынствы? учынкі?) вашых ворагаў... Я, доктар Бернацоні, які скончыў Падуанскую акадэмію з найвышэйшымі ўхваламі прафесароў, абазнаны ў лекарскіх навуках, і навуцы чытаць (прадказваць?) зоры, і ў механіцы, здольны рабіць усялякія механізмы і штукарствы(?)... дзеля карысьці сьвятлейшых асобаў... знаходжуся ў нястачы й заняпадзе, бяз­вінна перасьледуемы ганіцелямі і паклёпы церпячы... Валодаю, па Божае літасьці, сакрэтам, як мудраму абараніцца ад шматлікіх ворагаў, прыво­дзячы іх да шаленства, наканаванага ім іх грахамі (лёсам?)... Калі Яго высокасьць курфюст дасьць згоду вылучыць мне штогадовае ўтрыманьне ў дзьвесьце дукатаў, і ахвяруе дзеля вырабу (стварэньня?) маіх дзівосных (нетутэйшых?) механізмаў яшчэ тры тысячы дукатаў, праз два гады я буду мець гонар паказаць, як дзейнічаюць (ходзяць?) мае машыны, якія пачнуць адлічваць час сьмерці для ворагаў Яго высокасьці... Машыны мае многа дзівосаў (вытвараюць?) Які б сасуд, шкляны або парцалянавы ні паставіць у іх кола, ён будзе разьбіты іх голасам. І гэтак станецца са злымі намерамі. Я падару майму пану ўладу над тысячамі (паганцаў?), і ніхто ня зможа зайсьці ў замак, дзе будуць працаваць мае машыны, бо яго будзе цягнуць да сябе... (танец? карагод?) Застаюся ў чаканьні Вашага найлітасьцівага рашэньня...

Гервасі Луіджы Бернацоні, доктар».

— А гэта досыць тыповы тэкст для таго часу, — задумліва пракаментавала Галіна Сьцяпанаўна. Заўважыўшы маё зьдзіўленьне, патлумачыла: – Такіх вынаходнікаў у Еўропе было пры кожным двары... Леанарда да Вінчы на працу наймаўся, таксама дадаваў «прэс-рэліз»: «У мяне ёсьць планы мастоў, вельмі лёгкіх і трывалых, надта прыдатных да пераносу... Я знайшоў спосабы, як зруйнаваць любую крэпасьць або іншае ўмацаваньне, калі, яно, вядома, не збудаванае на скале... У мяне ёсьць чарцяжы для вырабу гарматаў, надта зручных і лёгкіх у транспарціроўцы, з дапамогай якіх можна раскідваць маленькія камяні падобна граду... Я магу стварыць катапульту, балісту ці іншую машыну зьдзіўляючай моцы...» і гэтак далей. Прапаноўваў своеасаблівыя правобразы танкаў, верталётаў, падводных лодак...

— І што, Леанарда праўда ўсё гэта рабіў? – спытала я.

— Ніводзін уладар яму не паверыў. І аўтару гэтага ліста, я думаю, адмовілі...

На разьвітаньне Галіна Сьцяпанаўна ўручыла мне новую праграмку сваіх курсаў.

— Хоць на сустрэчу з нямецкімі паэтамі прыдзіце... Калісьці ж ціка­віліся.

І, уздыхнуўшы, парушыла еўрапейскую этыку ня лезьці ў чужыя прыватныя справы.

— Такой сур’ёзнай дзяўчынай вы былі, Ганна. Разумею, маладосьць, эмоцыі, пачуцьці... Але галаву губляць нельга. Калі, вядома, у ёй усё-ткі прысутнічае нейкі інтэлект.

Мая ўстрывожанасьць, пэўна, за літоўскую вярсту відаць...

Тым больш атрыманыя зьвесткі спакою не дадалі.

А ўвечары патэлефанаваў Юрась.

— Ну як там Стэла?

Я сабралася з духам і дала цалкам праўдзівы адказ.

— Падобна, яна ў тым стане, што і была...

Юрась памаўчаў і задаў другое, ня менш крызіснае, пытаньне.

— А ліст ты пераклала?

Мне зноў давялося напружвацца.

— Пераклала... Але я б хацела расказаць пра гэта пры асабістай сустрэчы.

Юрась зноў памаўчаў, але, калі загаварыў, голас ягоны гучаў зусім спакойна.

— А я б не хацеў, каб ты зноў сутыкалася з гэтымі людзьмі.

Я запэўніла, што маю сказаць нешта важнае.

— Ну, хіба на нейтральнай тэрыторыі? – няўпэўнена прамовіў Юрась.— Назаўтра я папрасіўся ехаць у Старавежск, глядзець, як гадзіньнікі ў ратушы разьмяшчаюцца. Пастараюся там застацца адзін. Я ня маю аніякага права цябе турбаваць... Але калі б ты пад’ехала на ранішнім аўтобусе...Там новая кавярня ёсьць, насупраць вежы, з нейкай гатычнай назвай...

— Я прыеду.

Сказала – і сама зьдзівілася.

Таямніца выглядала небясьпечна, быццам іржавы іспанскі бот. Як дзейнічалі гадзіньнікі Бернацоні? Разьбівалі розум, нібы шклянку? Быў у старажытным Мецы звон, з дапамогай якога каралі асуджаных. Прывязвалі да слупа на пляцоўцы званіцы, разгойдвалі доўгай вяроўкай язык звону... На дзясятым удары асуджаны страчваў слых, на сотым – у яго лілася з вушэй кроў. Дзьвесьце ўдараў – і чалавек назаўсёды ператвараўся ў «гародніну», як сказала б медсястрычка з клінікі «Гіпакрат». А яшчэ адзін звон, у іспанскім мястэчку Гарда, называлі «тарантэлай». Бо калі ён званіў, усім карцела прытанцоўваць. У старажытных кельтаў паэты-сьпевакі, філіды, лічыліся магамі, нават з маленства праходзілі дванаццацігадовае навучаньне ў закрытых школах... Іспыт на званьне майстра – выканаць тры песьні: адну, ад якой плачуць, другую, ад якой сьмяюцца, трэцюю – якая ўганяе ў сон. Была і адмысловая песьня-праклён, гламдзікін. Каму яе сьпяюць – у таго на твары выскокваюць тры рознакаляровыя болькі – ганьбы, сораму і абразы. А далей – сьмерць...

Я зноў і зноў спрабавала ўспомніць нешта са сваіх сноў. Відаць жа, што мая падсьвядомасьць у «змрокавым стане» больш пасьпяхова разгадвала загадкі. Нібыта я і чорны лекар стаялі ў цэнтры кола... Але гэта, бадай, усё, што мне ўдалося прыпомніць.

...Анэта пазірае праз іржавыя краты на вялікакняскі суд, і ёй здаецца, што гэта не яна замкнёная ў клетку, а панове суддзі, а яна проста наблізілася, каб разгледзець іх... Біскуп паклаў руку на сэрца, нібыта моліц­ца... А можа, слухае, ці ёсьць яно ў яго, сэрца? Войт Лаўрын Рожа сядзіць такі змрочны, быццам яго прызначылі кіраваць могільнікам. Затое соцкі Баркун пераможна пазірае вакол, не прыбіраючы рукі з дзяржальна мяча, нібыта чакае нападу. Магчыма, на гэтым мячы – кроў старога Ляскевіча і маладога Радчыца, зьмяшаная з крывёю чужынцаў...

— Я буду сьведчыць супроць цябе, — цёмны твар Марцэлі – побач, па той бок кратаў. Анэта ўздрыгвае – ці ня першы раз яна чуе, як Марцэля размаўляе? Дзяўчына доўгі час думала, што старая – нямко.

— Чаму ты так са мной? – ціха прамаўляе Анэта. – Я не зрабіла табе нічога благога...

Марцэля глядзіць на дзяўчыну амаль абыякава – у яе вачах няма радасьці, як у вачах гаспадыні, што выполвае гожыя валошкі са сваёй грады. Толькі пэўнасьць, што так трэба рабіць.

— Ваш род мусіць згінуць.

— Чаму?

Старая нейкі час моўчкі варушыць вузкімі вуснамі, нібыта словы прыліплі да іх.

— Я была жрыцай.

— Што? – Анэта яшчэ ня страціла здольнасьці зьдзіўляцца.

Марцэля жорстка крывіць вусны.

— Нашае капішча месьцілася за дзьве вярсты адсюль. І малады Ляскевіч прыносіў Лялі галубоў і маладзенькіх авечак, і іншыя дарункі, якія належыць дарыць багіні каханьня. Лель яго звалі... Лель блакітнавокі...

Анэта здагадваецца, пра якія дары гаворыць Марцэля, і ня можа ўявіць бацьку побач з аголенай маладой дзяўчынай – магчыма, гэтай жа Марцэляй, — а вакол скача карагод, і грае шалёная музыка, і гудуць абцягнутыя ваўчынай скурай барабаны... Не, гэта немагчыма... Бацька – шчыры хрысьціянін...

— Яго звабіла твая маці. Ён ахрысьціўся і прадаў старых багоў. І прывёў на нашае капішча, пра якое ведалі толькі абранцы, хрысьціянскіх вояў... Я была зусім дзяўчынкай, і мяне пашкадавалі. Ахрысьцілі... Далі іншае імя... І Ляскевіч узяў мяне ў свой дом прыслугай. А я была жрыцай! Я служыла толькі багам!

Твар жанчыны перакрывіўся нянавісьцю. Анэта ўсьвядоміла, што Марцэля не такая ўжо старая... А тая працягвала шаптаць, нібыта мінулагодні трысьнёг варушыўся пад сіверам.

— Багі не даруюць. Яны пакаралі тваю маці... Яны – ня я, бо іх воля праяўляецца ў зёлках, насычае іх жыцьцядайнай або сьмяротнай моцай. Я магла лёгка згасіць і тваё слабенькае жыцьцё – але волі багоў на гэта не было. Я сышла з вашага дому далей ад спакусы. А цяпер — усё будзе давершана.

Марцэля паклала руку на вялізны крыж, што вісеў на яе высахлых грудзях.

— Сёньня я для ўсіх – праўдзівая хрысьціянка, а ты – вядзьмарка! Запомні ж маё сапраўднае імя – і паўтарай яго, калі будзеш паміраць доўга і пакутліва: Марэна! Я – Марэна!

Апантаную дзяўчыну войт хацеў адправіць у кляштар. Але біскуп запярэчыў. Ён прыехаў адтуль, дзе з ведзьмакамі размаўлялі толькі на мове агню і жалеза. У зале войтаўскага дому, бяз белай ружы над уваходам, зусім не было відаць старавежцаў, якія ведалі б Анэту і заступіліся. Тыя, што ацалелі ад пошасьці і шалу, і не пайшлі на вежу разам з ноўгарадцамі, цяпер сядзелі па дамах, дзякуючы Госпаду за цуд, за падараваныя гады ў гэтым ня лепшым са сьветаў, але не страшнейшым за сьмерць. Паміж горшым і яшчэ горшым заўсёды зьяўляецца маленечкі сьветлы пасак выбару, які дазваляе прымірыцца з сабой і сьветам. Не знайшлося рыцара, які б пайшоў дзеля вядзьмаркі на Божы суд – на рысталішча да сьмяротнага сыходу...

Але прысутныя былі ліцьвіны, і ў іхнім звычаі ня значылася смажаніна з чалавечыны. Хай прыедзе з Наваградку мітрапаліт, ён і рассудзіць... Біскуп зразумеў, што лепей саступіць. Але ня ў тым, што прыслужніца шатану застанецца жыць і паганіць сваім дыханьнем Божы сьвет. Як без ачышчальнага агню прывесьці грэшную душу на суд да Госпада?

Княскі блазан Карэйва прапанаваў іншае... Замураваць вядзьмарку разам з д’ябальскімі гадзіньнікамі ў вежы. Некаторыя казалі – лепей было б дзеўцы проста адсячы галаву і пахаваць асобна ад цела — каб не перакінулася мёртвая вядзьмарка ў вурдалака.

Вежа паслужыла зброяй нячысьціка. Зьбеглы лекар ператварыў пачэсную ратушу ў котлішча злой сілы, у саміх мурах пасяліў сваё чараўніцт­ва – не адчысьціш. Хто з добрых хрысьціянаў насьмеліцца рызыкаваць там сваёй вечнай душой? Праклятая вежа... Над ёй больш не лунаў сьцяг вольнага гораду, зачыненыя шыбы запячаталі знакамі сьвятога крыжа. Дзьверы заклалі цэглай і таксама накрэсьлілі крыжы. Ніхто болей, акрым начных ценяў, ня мусіў заходзіць сюды, дзе ў скляпеньні спачывалі д’ябальскія гадзіньнікі Бернацоні, а побач – замураваная жыўцом маладая залатавалосая вядзьмарка.

Цемра... Акрапі мя ісопам, і ачышчуся... Цішыня...

Сьмерць, так доўга ты бегла за мной... Цяпер, калі ты ня пудзіла, а жаданая госьця, сядзіш наводдаль, не сьпяшаешся, і нават у адсутнасьці сьвятла я бачу тваю ўсьмешку.

Калі доўга ўглядацца ў цемру, у ёй пачынаюць варушыцца шэрыя зьмеі... Залацістыя зьмеі... Чырвоныя зьмеі... Кубло, падобнае да таго, на Клескуновым сьвяце. Здаецца, нібыта водбліскі пякельнага агню трапляюць сюды. Вось гэтыя водбліскі ўсё ярчэй... Ярчэй... Нібыта ў каменную яміну падымаецца самое пекла...

Са студні высунулася рука, якая трымала паходню. Потым паказаўся звыродлівы насьмешны твар. Княскі блазан Карэйва спрытна выскачыў з каменнай яміны.

— Ну, як, ці лягчэй было паміраць другі раз, Ядзерка?

Анэта, якая сядзела, скурчыўшыся, на халоднай падлозе, прамовіла, як у сьне:

— Я ня ведаю, ці я памерла... Ці жывая...

— Хе-хе-хе! – затросься блазан ад невясёлага сьмеху. — Што ёсьць жыцьцё, і што ёсьць сьмерць? Хвост і галава адной зьмяі. Я таксама калісьці памёр для людзей. Калі паміраеш для сьвету – набываеш волю, Ядзерка. Таму выбірай. Я магу адвезьці цябе ў Кракаў. Няма каму пазнаць цябе, ты набудзеш новае імя, станеш вольнай і багатай і забудзешся на карагоды сьмерці. У маіх сілах зрабіць гэта для цябе – у памяць пра маё ўласнае страчанае каханьне. Ёсьць і другі шлях – уваскрэснуць у Госпадзе... Калі захочаш, я адвязу цябе ў кляштар, Анэта, як ты колісь прасіла.

Дзяўчына павольна ўзьнялася.

— Я выбіраю шлях да Госпада.

Бывай, Старавежск, слаўнае вольнае места... Цябе больш няма... І мяне няма.

Я ніколі не вярнуся сюды.

Ратуша з яркім чырвоным дахам стаяла пасярод прыцярушанага сьнегам пляцу, як на каляднай паштоўцы, і здавалася, нібыта з будынку зараз выйдуць «красналюдкі», гномы ў чырвоных шапачках ды весела запяюць на тырольскі манер...

Але ля вежы спыніліся тры «іншамаркі», урачыстыя, нібыта шаўковы цыліндр ды фрак лорда віктарыянскай эпохі – ані драпінкі на бліскучай паверхні, трымайся на адлегласьці, плябей. І сапраўды – ля спакусных машын не круцілася нават усюдыісная старавежская малеча.

Я стаяла на ганку нядаўна збудаванай кавярні, адной з тых, што мусілі абслугоўваць будучы натоўп турыстаў, і з-за абліцаванай шэрым каменем калоны назірала за гасьцямі, што кіраваліся ў вежу. Калыванаў вёў пад ручку ўдаву Баркуна, захутаную ў чорнае футра, аздобленае белымі хвосьцікамі ня ведаю ўжо якой жывёлінкі. Квадратны Янчын, як заўсёды, энергічна размахваў рукамі, і нават здалёк быў чуцён ягоны нізкі голас. Элегантны Макс у белай дублёнцы... Вядома, былі й ахоўнікі вяльможных асобаў, усё тыя ж Ігар і Анатоль. Іхняе прызначэньне было відаць нават таму, хто першы раз іх бачыў, як адразу пазнаецца сьмяротнае прызначэньне зброі. А вось і Юрась... У нехлямяжай куртцы з паднятым каўняром, у сьветлай вязанай шапцы... Зусім інакшы сярод кампаніі. Небясьпечна інакшы. У мяне зашчыміла ў грудзях. Юрась затрымаўся перад уваходам у вежу, агледзеў пляц... Мяне ён убачыць ня мог, але падалося, што ягоны позірк запыніўся там, дзе я стаяла.

А мястэчка нібыта вымерла. Ніхто не пракладваў сьлед па белым покрыве, нібыта баяўся зганьбіць ягоную чысьціню. Над дахамі ўздымаліся раўнютка ў шэрае неба слупы дыму, і яго непаўторны пах вяртаў у местачковае дзяцінства.

А я не любіла сваё дзяцінства. Яно толькі лічыцца «залатой парой». Можа, у каго так і ёсьць... Але насамрэч дзеці – істоты такія жорсткія, што часам назаўсёды пазбаўляюць адно аднаго самага галоўнага, што трэба для шчасьця – пачуцьця абароненасьці й самапавагі. Таму я здушыла настальгію, разьвярнулася і тузанула дзьверы пад шыльдаю з намаляванай дзідай. На дзіду, як матылёк на шпільку, было насаджанае чыёсьці сэрца, а пад ёй красаваўся надпіс гатычнымі літарамі: «Верны Рыцар».

Краіна бязьлітасных дам.

У кавярні таксама анікога. Інтэр’ер тыповы: абшытыя цёмным дрэвам сьцены, люстэркі, прыцемак... Пры жаданьні я магла ўявіць, што зноў апынулася ў маёй улюбёнай менскай кавярні. Толькі бармэн больш худы за Жэньку-пірата і бяз хусткі на галаве, замест лацінаамерыканскіх рытмаў нахабныя расейскія старлеткі выводзілі «Ой, люлі мае люлі...», а наведнікаў чакала некалькі драўляных столікаў з карункавымі абрусамі і штучнымі фіялкамі ў белых пластыкавых вазачках. Ды яшчэ – заяўка на еўрапейскасьць – сьвечкі ў шкляных круглых падсьвечніках. Бармэн нават не паленаваўся запаліць сьвечку на маім століку... Відаць, засумаваў у адзіноце ды бяз справы. Я замовіла адразу два кубкі кавы і ўселася так, каб назіраць праз вакно за вежай. Нарэшце дзьверы пад рознакаляровым бліскучым гербам расчыніліся... Адна з постацяў аддзялілася ад групы і рушыла ў бок кавярні. Астатнія селі ў машыны і зьехалі. Юрась ішоў сюды.

— Дзякуй, Анэта, што прыехала... Я таго ня варты, — Юрась прыветна ўсьміхаўся, але я проста фізічна адчула, які ён унутрана напяты. Аблічча выснажанае, між прамых броваў зьявілася ўпартая зморшчынка, позірк сініх вачэй цьвёрды і нейкі адчайны... Як у камікадзэ. Ну і параўнаньні лезуць у галаву...

Вогненны карузьлік у шкляным падсьвечніку гарэзна падскокваў, нібыта намагаўся выскачыць са свайго васкова-шклянога палону і выклікаць на дапамогу цэлае вогненнае войска. Я моўчкі паклала на столік ліст Бернацоні і аркушык з перакладам. Юрась гэтак жа моўчкі прачытаў. Твар ягоны быў каменны. Мяне нават закранула – няўжо не зьдзівіўся? Але ў любым выпадку мой былы муж вырашыў не выяўляць свае пачуцьці. Ён працягнуў мне назад паперкі.

— Схавай і забудзься.

Гэта што, я дарэмна турбавала Галіну Сьцяпанаўну?

— Паслухай, мне й так наша сустрэча нагадвае сустрэчу Шцірліца з жонкай у кавярні «Элефант», не хапае толькі адпаведнай музыкі.

— Дарэчы пра жонак... — неяк ненатуральна лёгка прагаварыў Юрась, ня зважыўшы на маё абурэньне. — Як там Стэла?

Божа, што рабіць? Я так і ня вырашыла, як будзе мудрэй... Змаўчаць? Намякнуць на праўду? Маё няпэўнае мыканьне Юрась расцаніў, як кепскія навіны пра здароўе жонкі.

— Трэба мне найхутчэй адсюль выбірацца. Самому прасачыць, як там і што... – зазначыў рэстаўратар. – Але зараз вось – тапчуся на месцы... Я адчуваю, дзе якое колца было, як нацягваліся вяроўкі... Там – драпінка, там – цёмная плямка... Фігурка нахіленая... Усё роўна як малюнак па фрагментах дамалёўваю. Але гаспадары не здаволяцца, пакуль гэтыя клятыя гадзіньнікі не пачнуць разьбіваць шклянкі, як п’яны афіцыянт. Нешта ўжо атрымліваецца... Рэзананс моцны. Ды не хапае чагосьці, што мусіла зьядноўваць усе гадзіньнікі. Яны вельмі геаметрычна вывераныя, дэталі знаходзяцца на пэўных лініях прасторы, перасякаюцца, вымагаюць чарговасьцяў... Мне засталося зусім трошкі, каб адгадаць загадку... А цяпер ня ведаю, ці маю права яе раскрываць? А раптам гадзіньнікі сапраўды – небясьпечная зброя?

Я задумалася. Ці варта надаваць такое значэньне сакрэту лекара? Гэта ўсяго толькі легенды. Ведзьмакі таго часу, нацершыся аканітавай мазьзю, шчыра верылі, што лётаюць...

Агеньчык сьвечкі быў такі слабы, што люстраваўся ў кубках ледзь заўважнай сьветлай кропкай... Але часам дастаткова адной сьветлай кропкі, каб выйсьці на шлях. У мяне пакуль такой не было. Усё здавалася нерэальным. Гэтае мястэчка, за волю якога гінулі пакаленьні, магчыма, і маіх продкаў... У якім гібелі продкі, што выжылі ў бязьлітасным часе, нібыта сухія травінкі, не зачэпленыя касой, зрэзаўшай гонкія сакавітыя сьцяб­ліны... Нерэальным быў сёньняшні халодны дзень – быццам прыхінаешся шчакой да зацягнутай бруднай шэраньню шыбы чужога вакна... І гэтая кавярня, падобная да правінцыйнага альбому, у якім выразаны з паштоўкі калядны зайчык суседзіць з рэпрадукцыяй Хруцкага... І чалавек насупраць, сумны і напяты, як рука воя на дзяржальні мяча... Вось заплюшчу вочы, усё зьнікне, і я прачнуся ў сваёй часовай кватэры з белымі ў брунатныя пасачкі шпалерамі, з копіямі старажытных гравюраў...

— Ты моцна кахаеш Стэлу? – дурное жаночае пытаньне, за якое я адразу пачала сябе дакараць. Але Юрась, памаўчаўшы, адказаў з горкім спакоем.

— Усяго было... І каханьня, і шкадобы.... А галоўнае, мабыць – пачуцьця віны...

Я не магла змаўчаць.

— Перастань, ну ў чым твая віна?

Юрась сур’ёзна, тужліва паглядзеў на мяне.

— Думаю, што ня мог ні пры якіх абставінах – а яны часам былі, як кіпень, — кінуць Стэлу, бо памятаў, што кінуў цябе. Я мусіў сплаціць грэх... Дасюль не да канца разумею, чаму ў нас з табой так усё атрымалася?

Я адвяла вочы.

— Вядома, спраўдзілася наша агульная легкадумнасьць ды юначы эгаізм... Але акрамя таго... Успомні, хто былі мы, калі пазнаёміліся? Я – дзяўчынка з правінцыйнага мястэчка, для якой вялізная праблема, прабач, набыць калготкі. Ты – «хлопчык-мажор», са сталічнай элітнай сям’і, багаты, стыльны... Мог апельсінамі падлогу засыпаць. А я больш за ўсё на сьвеце ненавідзела становішча Папялушкі. Я ж чытала табе свае вершы. «Мне нічога ад моцных ня трэба, хай гуляюць ва ўладу па-царску...» Карацей, мы бедныя, але гордыя... А ты, паводле тэрміналогіі маёй сям’і, буржуй... Чалавек іншага кола.

Мой былы муж разгублена правёў рукой на цёмных непаслухмяных валасах – гэты жэст у яго застаўся яшчэ ад таго часу, калі насіў доўгія кудлы.

— Я пра гэта не задумваўся... Ты ж такая... незалежная, прыгожая... Я да цябе падысьці не наважваўся.

— Падыйшоў жа...

Юрась апусьціў галаву, нібыта сабраўся падставіць яе пад рытуальную жменьку попелу.

— Божа, якія я ідыёт...

Я ўздыхнула.

— Давай ужо праўдзіва – якія мы абодва ідыёты. І хопіць настальгіі. Усе гэтыя Калыванавы, вядома, навалач, але ня будзем перабольшваць. Гадзіньнікі сёньня ў якасьці зброі – так, цацкі... Ну будуць гаспадары забаўляцца, палохаць гасьцей. Не ўсе ж гатовыя вар’яты, як прафесар. Зрабі выгляд, што ні аб чым не здагадваешся, адрамантуй – і ўцякай...

Юрась задумаўся.

— Слухай, ты ведаеш, дзе жыве краязнавец Калейка? Можа, ён распавядзе падрабязнасьці, як знайшлі гадзіньнікі...

Мястэчка ў нечым было падобнае да таго, у якім вырасла я – гэтак жа падзялялася на раён старых хацінак і «элітную зону», дзе збудавалі некалькі двухпавярховых «хмарачосаў». Толькі мелася ў Старавежску і тое, чаго не хапала ў мястэчку маім. Маё вырасла паўсотні гадоў таму дзеля прытулку нафтавікоў, якія шчыравалі на зараз мёртвым заводзе – бетонныя муміі труб, бязвокія пачвары будынкаў, ашчэраныя іржавай арматурай... А тут гісторыя выпроствалася з-пад зямлі камянямі са стараславянскай вязьзю, рэшткамі цаглянай агароджы, мармуровымі прыступкамі, што вялі на засьнежаны падмурак... Досьвед сотняў пакаленьняў нібыта люстраваўся ў тварах месьцічаў, якіх мы сустракалі па дарозе, праступаў з-пад іх рысаў простай мудрасьцю часу. Мне нават падалося, што, каб нарадзілася я тут, не саромелася б свайго правінцыйнага паходжаньня, не было б у мяне «агіды глухамані», якую апісваў японец Акутагава. Калі на заходзе сонца раптам схопіць цябе за горла невымоўная туга, скруціць душу, як мокрую хустку – і трэба зараз жа бегчы адсюль туды, дзе сапраўднае жыцьцё, вырвацца, атрасаючы з сябе сан­лівую цішу, перавітую дымкамі з комінаў, аздобленую рэдкім сабачым брэхам. Калі далёкі сьвісток цягніка – усё роўна што пляма сьвятла наверсе, якую бачыць тапелец. А тут, у Старавежску, была самадастатковасьць, цэнтр, няхай ён урос у зямлю, як гэтая старая капліца, толькі верхні ярус з абламаным крыжам цямнее над сумётамі...

Зьвілістая рэчка падзяляла горад напалам, намыўшы за тысячы гадоў высокія адхоны. Дом Пятра Піліпавіча Калейкі аказаўся дзесьці ўнізе, над рэчкай, да яго трэба было спускацца пакручастай сьцяжынкай. Мае абцасы падступна сьлізгалі, я ліхаманкава хапалася за голае вецьце лазьняку, якое сіратліва тырчэла з-пад сьнегу. Юрась, які спускаўся наперадзе, нясьмела працягнуў мне руку. Нясьмела – таму што памятаў, на якую водпаведзь мог нарвацца. Гэта мае сяброўкі, калі мы прыехалі ў нямецкі універсітэцкі гарадок, дзівіліся, чаму прыстаўленыя да нашай групы хлопцы-гіды не кідаюцца дапамагаць замежным дзеўчынёхам несьці цяжкія сумкі, расчыняць дзьверы... А я заўсёды ведала, што нармальная феміністка такія знакі ўвагі лічыць за абразу, падкрэсьлены напамін пра сваю другаснасьць, як слабейшага полу. «Сама-сама-сама!».

Дурніца...

Юрась дапамог мне спусьціцца, беражліва падтрымліваючы на сьлізкіх месцах. Але пры гэтым пазіраў некуды ўбок. І я ведала, пра каго — ягоныя думкі. І не насьмельвалася нешта прамовіць, адчуваючы віну, нібыта нават дотыкам да яго рукі адбіраю нешта ў памерлай... Якая для яго – жывая. Адбіраю, бо мне нечакана прыемны гэты выпадковы дотык... Якая я нягодніца!

Мае экзістэнцыйныя выкладкі засталіся пры мне, Юрась, вядома, нічога не заўважыў... Затое нас заўважыў Пётр Піліпавіч Калейка. Ён моўчкі стаяў за варотцамі, умудраючыся ў сваёй ватоўцы, велізарных валёнках і шапцы-аблавушцы выглядаць праўдзівым арыстакратам. Вусны, па-старэчы бляклыя, строга падціснутыя. Глядзіць з-пад насупленых сівых броваў, як на якіх акупантаў.

Ня хутка апынуліся мы, не прабачаныя, але пераведзеныя са статусу злачынцаў у статус падазраваемых, у хаце Пятра Піліпавіча і займелі гонар пад незадаволенае ціканьне «ходзікаў» з гірай-шышкай сузіраць старыя фотаздымкі, на якіх ратуша была яшчэ ў сапраўдным змрочным абліччы.

— Гадзіньнікі знайшліся глыбока ў лёхах... – апавядаў Калейка, раскладаючы фотаздымкі, нібыта пасьянс, на белай цыраце з выявамі брунатных самавараў і бублікаў, што засьцілала круглы старасьвецкі стол. –Час быў стракаты. То немцы наступаюць, то расейцы, то бальшавікі... Як зграі ваўчыныя – прабягуць, паабкусваюць усё, што можна... Сёньня аднаго ставяць да сьценкі, ягоны ідэйны вораг радуецца. Заўтра вешаюць таго, хто ўчора радаваўся. І вось яны, ляжаць побач, на заараных могілках. Урэшце палякі прыйшлі, усходнія крэсы ўмацоўваць. Палова мястэчка акаталічаная. Па-польску намагаюцца «пшэкаць», на праваслаўных сусе­дзяў – з пагардай: «Мужыччэ». Вось палякі й пачалі вежу абшукваць. Нейкі дурань данёс, што там бальшавікі зброю схавалі. Мой бацька яшчэ падлеткам бачыў... Разламалі падлогу, адразу думалі – труны ўнізе... Потым разабраліся: гадзіньнікі. Стаялі ўкруг, страшныя, счарнелыя, нібыта спавядальні. Вежа – на ўзгорку, лёхі сухія, вось і ацалелі. У 39-м, калі саветы прыйшлі, польскі паручнік тыя гадзіньнікі забраў, на калёсы – і зьвёз, як толькі страляніна ўсчалася. Адзін толькі гадзіньнік пакінуў – яго Баркун, дзед вашага Аркадзя, прыўлашчыў, пакой камбеду прыкрасіць. На тым гадзіньніку сьмерць каралю галаву адсякала. Здаецца, унуку той гадзіньнік перайшоў... Бо наведваў мяне і той унук... Таксама пра гадзіньнікі распытваўся. Ды яшчэ радавод свой удакладняў.

— Дык ягоны ж продак быў тутэйшым рыцарам, соцкім яшчэ ў 15 стагоддзі! – прадэманстравала я сваю эрудыцыю. Пётр Піліпавіч суха засьмяяўся.

— «Рыцар!» Паслугачы і каты яны былі з пакаленьня ў пакаленьне, у 19 стагоддзі адзін з Баркуноў паўстанцаў Каліноўскага вешаў. Род занепадаў, як Богам пакараны. Дзіва што Баркун стаў старшынёй бядняцкага камітэту – шчанюком яшчэ быў, але ўжо гарлапан, якіх мала. Так я вашаму Аркадзю і сказаў. Ён толькі дзьвярыма ляснуў і пайшоў, як мыла зьеўшы.

— А ці не заўважылі ў тых лёхах, калі гадзіньнікі знайшлі, чагосьці яшчэ, няхай нязначнай, дзіўнай рэчы? – настойліва спытаў Юрась. – Успомніце, калі ласка...

Калейка паціснуў плячыма.

— Ну каб я сам там прысутнічаў, дык нешта, можа, і згадаў бы. Але я тады яшчэ на сьвет не нарадзіўся. Вось студню бачыў, калі аднойчы ў маленстве залез у тыя лёхі. Атрымаў пасьля ўдома лупцоўкі добрай. А, яшчэ бацька казаў, срэбны сярпок знайшоўся...

— Які сярпок? – напружана перапытаў Юрась.

— Ну Бог яго ведае... Скрутак ля гадзіньнікаў валяўся, бацька дамоў цішком забраў. У скрутку й быў срэбны сярпок ды пабітае шкло. Звычайнае шкло, празрыстыя аскалёпачкі... Ад вазы нейкай, мусіць. Гэты сярпок потым маці ў вайну на авёс выменяла. І добра... Не хацелася б мець у доме нейкую рэч з праклятай вежы...

— А чаму яна праклятая? Няўжо вы верыце, што ў ёй сапраўды была замураваная сьмерць? – не выцерпела я.

Калейка памаўчаў, падціснуўшы вусны.

— Сьмерць з гэтай вежы сапраўды не вылазіць. У вайну там двух партызанаў расстралялі... У рэвалюцыю аднаго пана замкнулі, галоднай сьмерцю замардавалі... Пан, праўда, люты быў, жыў, нібыта прыгон ніхто не адмяняў – дзяўчатак вясковых у прыслугі наймаў, запалохваў, гвалціў... А ёсьць і яшчэ нешта, даўнейшае.

Калейка павагаўся, ягоныя вочы падазрона прайшліся па нашых тварах.

— Вось...

Стары дастаў яшчэ нейкую папку. Я ўбачыла знаёмыя гравюры, а таксама некалькі новых. Былы настаўнік беражліва ўзяў адну з іх у рукі.

— Каму ні расказваў з гісторыкаў, на сьмех мяне падымаюць. Маўляў, не было такога на Беларусі... А я ўпэўнены – тут гэта адбывалася, вакол нашай ратушы. Параўнайце – той самы будынак, што й на фотаздымках!

На гравюры быў тыповы матыў 15 стагоддзя – танец сьмерці. Узяўшыся за рукі, падскоквалі ў вычварным танцы малады мніх, дзяўчына ў шляхецкім строі, немалады таўстун са сьмешна вырачанымі вачыма і шкілет. Над каржакаватай вежай — сонца і месяц, зьяднаныя ў адзін абыякавы твар, расколаты напалам.

...Раскрыліся ізноў зямлі глухія нетры.
І блазан, і кароль – у скокі сьмерці – кроч!
Шалёны карагод кругі кругамі мерыць.
І ўсьмешкі ўсё шырэй, бяздоньней погляд воч.
І біскуп, і рабін, і вулічная дзеўка —
Ня выдзерці з рукі скалелую руку –
Імчаць за кругам круг. Сатлелыя павекі
Ня скрыюць ад вачэй пустых – апошні круг.
Нябачны барабан прысьпешвае кружэньне.
Кашчавы дырыжор з бліскучаю касой
Свой аглядае баль. Ні жалю, ні ўзрушэньня.
Такі вось насамрэч на могілках спакой.

Раптам Юрась рэзка выпрастаўся на жорскім драўляным крэсьле, нібыта яго хтось ударыў па сьпіне. Вочы сталіся зусім адсутнымі...

— Што з табой?

Рэстаўратар нейкі час усё гэтак жа пазіраў у невядомую далеч, а потым пачаў неяк пасьпешліва развітвацца з гаспадаром. Я таксама з няёмкасьцю ўзьнялася. Калейка схаваў гравюры, фотадымкі і ўзьняў выцьвілыя, але ўсё яшчэ вострыя вочы на госьця, што мармытаў падзякі...

— Дзіўлюся я з вас... Гісторыя – гэта ня стос фотаздымкаў, якія можна тасаваць, укладаць у рамачкі, спальваць... Гісторыя можа забіваць і ўваскрашаць. А вы з ёю, як з уласным нататнікам... Упісаў нешта, выкрасьліў...– Пётр Піліпавіч сумна ўздыхнуў. — Вось, нешта тут вынюхалі, будзеце выкарыстоўваць... Ды можа, гэта вас выкарыстоўваюць нейкія непадуладныя вам сілы, перастаўляюць, як пешак, па клетачках? А гуляеце вы з такімі фігурамі, што вас неадменна зьядуць. Ну Бог вам суддзя... І не забудзьцеся, Ганна, як абяцалі – артыкул пра вяртаньне плошчы спрадвечнай планіроўкі! Сам у газету занясу!

Юрась ішоў па засьнежанай сьцежцы, пахмура гледзячы сабе пад ногі, і я не наважвалася парушыць маўчаньне. Праз гадзіну я буду ехаць у аўтобусе, які адвязе мяне да звыклага жыцьця. А Юрась вернецца ў Людвісарава, за высокі бетонны плот. Дзень паволі паміраў, і сьцьвердзіць ягоную сьмерць сьпяшаўся мароз. Сьнег парыпваў пад нагамі, але ня жаласна, не гарэзна, я неяк трывожна... Нібыта ў нашыя сьляды наступаў яшчэ нехта нябачны...

На падыходзе да царквы, звычайнай мураванкі з сінім какошнікам, з тых, што ўзводзіліся на нашае зямлі пасьля здушэньня паўстаньня 1863 году ледзь ня ў кожнай вёсцы, Юрась рэзка спыніўся.

— Я зразумеў, як Бернацоні выкарыстоўваў свае гадзіньнікі.

У голасе майго былога мужа ня чулася радасьці. Над царквою кружлялі вароны, нібыта ўзьляцелі іржавыя крыжы з забытых могілак.

Юрась зачарпнуў шорсткага, як пясок, сьнегу і працёр ім твар у гарачцы.

— Вось і ўсё... Але ведаеш... Гэта страшна. Калі тое, што мне ўяўляецца, хоць трохі праўда... Паспрабую тэрмінова перавезьці Стэлу ў іншую бальніцу! Яна ж – закладніца ў іх... А я не магу ім усё расказаць... І ёю рызыкаваць не магу... Раней у такіх абставінах кулю ў лоб сабе пускалі, даруй, Госпадзе...

У яго адрывістых словах былі такія адчай і пакута, што я наважылася.

— Паслухай... Я ня ўсё табе паведаміла...

І расказала Юрасю пра Стэлу.

Ён выслухаў мой няўпэўнены і блытаны, нібыта вязаньне са спушчанымі петлямі, аповед з застылым выразам твару. Толькі сьціснуў далоні ў кулакі, аж костачкі зьбялелі. Я думала, што ён мне не паверыць. А калі раптам паверыць... Па-першае, людзі маюць уласьцівасьць ненавідзець тых, хто паведаміў благое. У старадаўнасьці ганца маглі й на палю пасадзіць... А па-другое – гора, сьлёзы... Я мусіла ўтрымаць былога мужа ад цалкам зразумелых сутычак з гаспадарамі. На пэўны момант мне падалося, што мае трывогі спраўдзяцца – Юрась страшэнна зьбялеў і прагаварыў скрозь зубы:

— Сволачы...

Ён даволі доўга стаяў і маўчаў, утаропіўшыся ў сьнег. Здавалася, у белай паверхні зараз зьявіцца яміна ад яго позірку... А ўжо я ледзь вытрымлівала пад цяжарам маўчаньня. Не хапала яшчэ зарумзаць самой, калі трэба дапамагчы чалавеку не выказваць гора. Але Юрасю, відаць, удалося здушыць пачуцьці, ён адрывіста ўздыхнуў і падняў галаву..

— Прабач... Мне ўсё-ткі ня вельмі лёгка пасьля такой навіны... Хаця – якая там навіна. Ведаеш, я... адчуваў, вось ужо тыдзень адчуваў, што Стэлы няма. Між намі заўсёды цягнулася нейкая тонкая нітка. І вось – парвалася... Пустэча. Стэла... Але я ўжо столькі раз яе хаваў, аплакваў, разьвітваўся... Адгараваў сваё, мабыць... Усё, пайшлі на станцыю.

Аўтамабіль колеру мокрага асфальту спыніўся проста ля нас.

— Ну што, Юрачка, адпачыў, падумаў? Цяпер, я ўпэўнены, справа пойдзе на лад. Прывітаньне, Анэта! Не забываеш сябра ў цяжкую хвіліну? Малайчына!

Янчын з заўсёднай шумнай прыветнасьцю быў тут дарэчы гэтак жа, як рознакаляровыя паветраныя шарыкі на пахаваньні. Ён ляпаў Юрася па плячы.

— Ну, ну, не сумуй... Паставім на ногі тваю Стэлу. Хутка яшчэ нейкія «прасунутыя» лекі на ёй паспрабуюць. А хочаш, зьезьдзім заўтра ў бальніцу, паглядзіш на нябогу нашую...

Я глядзела на смуглявы твар Янчына, на ягоную спачувальную ўсьмешку. І не магла паверыць, што гэты чалавек датычны да страшнай містыфікацыі. Баялася, што Юрась сарвецца. Але рэстаўратар моўчкі стаяў з застылым тварам. Янчын усё не змаўкаў.

— Слухай, ты ўжо ведаеш, як працавалі гадзіньнікі? Галава ў цябе сьветлая, здагадаўся?

Юрась расьціснуў зьбялелыя вусны.

— Ведаю.

Госпадзе, ён нават маніць ня стаў!

— Вось малайчына! – Янчын зірнуў на мяне, нібыта заклікаючы ў сьвед-кі. – Я заўсёды казаў, што вы ўдвух – сіла.

Ён відавочна думаў, што Юрась раіўся са мною наконт сакрэтаў механізму.

— Але, сябры мае, ёсьць адна акалічнасьць, пра якую вам варта задумацца...

Я зьдзівілася: смуглявы блазан, комік-буф некуды падзеўся. Цяпер Янчын глядзеў строга, нават жорстка.

— Слухайце мяне ўважліва, сябры. Фокус са шклянкамі, якія разьбіваюцца – гэта далёка ня ўсё, што калісьці маглі гэтыя механізмы. Я ведаю, вы абодва – патрыёты... А вы калі-небудзь задумваліся, што за чалавек – гэты Калыванаў? Мы яго церпім, таму што супрацоўніцтва з ягонай фінансавай імперыяй прыносіць нашай дзяржаве карысьць. Тут, у чужой краіне, ён паводзіць сябе сьціпла, намагаецца трымацца ў рамках закону, ні з кім не сварыцца... Але насамрэч драпежнік. Не зьдзіўлюся, калі высьветліцца, што менавіта ён стаіць за сьмерцю няшчаснага Аркадзя... Гэта ж ён Баркуну мадэльку падсунуў са свайго агенцтва, калі Баркун пачаў у сілу ўбірацца. Лілька й сачыла за Аркадзем, і пра ягоныя здагадкі наконт гадзіньнікаў усё дакладвала, і на распродаж у Польшчы Калыванава навяла. Аркадзь, хай даруе ён мне на тым сьвеце, алею ў галаве меў мала, пра гадзіньнікі і шклянкі прачытаў – і вырашыў, што гэта атракцыён, якім яму дазволена будзе турыстаў забаўляць. А гэта ўсё роўна што бензапілою галіцца. Вось Калыванаў – той ведае, як падобныя сакрэты выкарыстоўваць.

Мы з Юрасём ашаломлена глядзелі на былога выкладчыка, спрабуючы зразумець ягоную метамарфозу. А ён гаварыў, як загадваў.

— Падумай сам, Юры, ну хіба можна такому чал