БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 19

ДЗЕЯСЛОЎ № 19Міраслава Навіш

Варыяцыі на тэму "Адна"
Навэла

Я хацела б аднойчы раніцай забыць гэтае імя. Проста забыць...

Прыгожая (абавязкова!) брунетка. Ці бландзінка. У горшым выпадку – рудая. У залежнасьці ад настрою мяняюць прычоскі. У залежнасьці ад настрою мяняюць спадніцы, прынамсі іх даўжыню. У залежнасьці ад настрою чытаюць кнігі. Выбіраюць з прачытанага самае-самае – знаёмае, зразумелае, блізкае, адбалелае... У залежнасьці ад настрою... Можна па­плакаць. Можна пасьмяяцца. Не, не з пакутаў ці радасьцяў герояў. З сябе. Можна вымалёўваць сваё жыцьцё. На белым (ці пажаўцелым) аркушы паперы. А потым... Потым, каб ня блытаць напісанае з рэальным, усё скамечыць і... у сьметніцу.

Сьмеласьці не стае. Пісаць. Хто цяпер чытае? Рамантыкі-няўдачнікі. Інтэлігенты-філолагі. Графаманы-аматары. І... інтэлектуалкі напярэдадні трыццацігоддзя. Перад замужствам. Пасьля разводу. У чаканьні вялікіх зьменаў у жыцьці (а ці вялікіх, калі на носе – трыццаць?).

Крыху легкадумная. Амаль заўсёды сьмяшлівая. Ледзь па-моднаму не дадалося: “ахвяра дыетаў”. Але не. Можна худзець толькі напярэдадні вялікіх падзеяў. Пакуль чакаеш, ня варта.

Можна заняцца жывапісам (няўрымсьлівая асоба!). На жоўты фон пасадзіць фіялетавую пляму. Гэтакую хвастатую пляму. Зьедлівы жоўты і густы фіялет. І схадзіць да псіхааналітыка. (Гэта таксама модна, хоць на фрэйдызм усе перахварэлі.) З захапленьнем распавесьці, як колькі начэй запар сьніліся ягады. Чорныя (!) перасьпелыя чарніцы, салодкія (!) крывавыя маліны, гнілы (!) празрысты агрэст. Занатаваць. А потым... у сьметніцу.

Якім колерам намаляваць самоту? (Валошкавы колер самоты на рамонкавым полі тугі.)

Безыменны герой – метафара нашага часу. Ён такі, як усе. Ці жадае – сьвядома або падсьвядома – падавацца такім. А імя... Абалонка. Абмежаваньне. Таямніца (для пасьвечаных?). Назаві мяне на мове маёй! А мова мая – дзівацтва. Значыць, герой не такі, як усе. Быць яму безыменным, бязмоўным. Як вынік – ня быць героем.

Я схавалася за “я” маёй гераіні. Ёй значна лягчэй жыць безыменнай, чым пад прыгнётам чужога імя. Магчымае наступства – раздваеньне асобы (шызафрэнія?). “Я” і “не-я”, у нечым дыяметральна супрацьлеглыя, так цесна перапляліся, што іх барацьба за кампрамісы мне выходзіць бокам – неспадзеўныя нават для сябе самой учынкі. А я назіраю нібы звонку (трэцяя асоба?): “я” сьмяецца, “не-я” плача. Ці наадварот.

Спрабую прадбачыць лёс сваёй гераіні. І жахаюся: нас чакае аднолькавая будучыня? На нейкі час “я” і “не-я” становяцца – амаль? – тоеснымі. Найпрыемнейшы стан суладнасьці.

На гарышчы памяці раскіданыя стосікі аркушаў з надпісам “Мінулае”. Непранумараваныя старонкі. З захапленьнем чытаю (ня так часта памяць дазваляе наведаць яе гарышча). Можа, што падправіць? Дзеля нашчадкаў(!): дзеці і ўнукі будуць ведаць ідэальныя (рамантызаваныя?) гісторыі з жыцьця... Сьпінай адчуваю позірк памяці: сорамна!

Калі ўпершыню, яшчэ безыменная, убачыла сьвет, я ведала яго (тваё, летуценьнік?) імя. Яно зазьвінела ў маім першым крыку, і ніхто не пачуў яго. Толькі сьляпая – ад таго найбольш чуйная – ноч захавала яго таямніцай. Я шукала тое імя. Памылялася, пазнаўшы родныя гукі ў няродных імёнах. Шукала...

Я падмяняю цёплае ты на аддаленае ён. Паміж імі – зьвініць тваё імя. Яго балюча прамовіць вуснам. Напаўзабытае, прыціхлае, яно безгалоса кладзецца на паперу і, абазначанае літарамі, чужэе. Чытаю абыя­кавы надпіс. Ледзь чутны звон закалыхвае памяць...

Люблю дождж. Восеньскую імжу. Спорны вясновы. Сьцюдзёны, калючы ўзімку. Летнюю шквалістую залеву. Толькі дождж мне нагадвае тваё імя: я чую яго ў звоне кропляў. Выходжу насустрач дажджу. Нікому не відаць сьлёз на мокрым твары. Ніхто не пачуе тваё імя – кволае, амаль непрамоўленае, але жывое...

Старанна ўзнаўляю радкі жыцьцяпісу. Павуцінкі словаў. Цьмяныя згадкі. Яны, пахаваныя памяцьцю, якая аберагае мой спакой, ствараюць той іншасьвет, што робіцца больш рэальным за рэчаіснасьць.

На нейкай старонцы жыцьцяпісу я занатавала тваё імя. Памяць-насьмешніца гартала старонкі і пераблытала іх. Цяпер аніяк не магу знайсьці тую, дзе з-пад акуратных літараў па-дзіцячы пазірае твая ўсьмешка. Мая памяць звонка рагоча з мяне: яна ведае тваё імя.

Фабула.

Жанчына шукае Мужчыну Жанчына кахае Мужчыну Жанчына жыве без Мужчыны Жанчына ідзе да Мужчыны

Напрыканцы кожнай фразы можна паставіць любы знак прыпынку. У залежнасьці ад настрою. Кропка – гучыць сьцьвярджальна, упэўнена, абыякава і г. д. Клічнік – радасна, пафасна, пераможна (калі пасьля трэцяй фразы – то як лозунг феміністак) ці, наадварот, роспачна, балюча, адчайна і г. д. Пытальнік – усьмешліва, іранічна, сумнеўна, безна­дзейна і г. д. Шматкроп’е – задуменна, безвыходна, безвынікова і г. д. Шматкроп’е магчыма дадаць да клічніка або пытальніка. Апошні варыянт ёсьць рытарычным пытаньнем. (Усіх часоў і народаў?) Зьвернутым унутр, да сябе. Яно не вымагае адказу.

Наступнае – практыкаваньне для лінгвістаў.

Мужчыну шукае Жанчына Мужчыну кахае Жанчына Без Мужчыны жыве Жанчына Да Мужчыны ідзе Жанчына

Знакі прыпынку любыя.

У залежнасьці ад разьвязкі дзьве апошнія фразы мяняюцца месцамі. Дзеля дасканаласьці варта дадаць варыянты, дзе перастаўленыя ў сказах “мужчына” і “жанчына”.

Нумарацыя аркушаў адвольная.

Я (безнадзейны рамантык?) усё яшчэ веру, што здолею знайсьці на іранічна-насьмешлівыя пытаньні ўпэўнена-сьцвярджальныя адказы.

Хочаш, я распавяду пра нашае каханьне? Ты будзеш рыцарам (іранічнае стаўленьне да ідэалізаванага вобразу мужчыны?) са шчымлівай усьмешкай. Я буду засынаць на тваім плячы. Цёплым, нават гарачым. Шчакой адчуваць твой пульс. Біцьцё твайго сэрца.

Хочаш, я распавяду пра свае доўгія самотныя ночы? Ночы, праве­дзеныя ў халодным ложку. Некалькі коўдраў не выратоўваюць ад холаду. І я – нежывая.

Хочаш, я распавяду, як зьнікаю ў празрыстых мроях і, страціўшы цела, такая самая празрыстая, прыходжу ў твае сны. На твой астылы, без каханьня, ложак...

Хочаш?.. Няўжо ты хочаш стаць героем майго раману? (Ці майго жыцьця?)

Думкі становяцца ўсё больш простымі, лаканічнымі, пакуль не сьціскаюцца ў кароценькае “няма”. Яно – бяздоннае: унутр яго безвынікова кідаеш каменьчыкі спадзяваньняў. Магчыма, калі-небудзь “няма” ператворыцца ў “ёсьць”. І я пачну ўзірацца ў гэтую абстрактнасьць, спрабуючы вызначыць яе існасьць. Ці не рассыплецца на драбнюсенькія часьцінкі – “няма” – назьбіранае “ёсьць” майго жыцьця?..

Калісьці і памяць-жабрачка папросіць спакою.

Каханьне бязважкай самотай кладзецца на плечы. Сівеюць скроні. Час паскарае хаду. Зьяўляецца страх не пасьпець кудысьці. Кудысьці?..

Я, беспрытульная вандроўніца, у пошуках нейкай мэты таксама сьпяшаюся кудысьці. Спадзяюся, што нарэшце пошукі скончацца і я, улагоджаная, адпачну... Бог ведае, што хаваецца за гэтым “кудысьці”, як ведае і час, калі скончацца вандраваньні. “Што было, тое і будзе, і што рабілася, тое і рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма”.

Хто паўторыць маё дыханьне? Хто падхопіць апошні ўздых, безьліч разоў перапаўтораны мною за кімсьці?..

Новае заўсёды пачынаецца з канца старога. (Банальна?) У новым – хай сабе і часовым – прытулку я перабіраю старанна перавезеныя стосы сваіх папераў. Пажаўцелыя аркушы ператвараюцца ў горы шматкоў. Зьнішчанае “вінаватае” адно ў тым, што зьявілася тады, калі я жыла ў іншым месцы, іншым жыцьцём, была іншая. Усё, матэрыяльных сьведкаў таго жыцьця няма. Толькі памяць засталася захавальніцай маіх жыцьцёвых “скарбаў”. І я мушу маўкліва пагадзіцца з яе воляй перайначыць маё мінулае. (А ці было яно?)

Сярод вэрхалу папер – гадзіньнік. Яго. Патрэсканы раменьчык, нерухомыя залацістыя стрэлкі. Мёртвы час. (Расьцягнуты на ўвесь адмераны мне век?)

Выпадковы падарунак. Няпэўнае разьвітаньне. “Хочаш гадзіньнік?” – “Давай”. (“Навошта?”) – “Бяры”. На яго руцэ – новы гадзіньнік. А той, знакавы, застаўся са мной. Надзейным вартаўніком маіх папераў.

У час, вызначаны гэтым гадзіньнікам, я пастаўлю сваю апошнюю кропку.

Не чытайце жаночых раманаў, мужчыны: так неспадзеўку можна стаць рыцарам. Не чытайце жаночых раманаў, жанчыны: хэпі-энду ўсё роўна няма.

– Ты верыш у рамантыкаў?

– Хіба што ў летуценьнікаў. Яны загадваюць жаданьні на ноч. І чакаюць іх зьдзяйсьненьня. (Усё астатняе жыцьцё.)

Вечар пасьля дажджу. Усёабдымны спакой. Вільготны водар лістоты. Халоднае лета забылася, што людзі чакаюць сонца. Заўтра зноў будзе дождж. Зусім ня летні, халодны. Шэрыя плыні вады зрываюцца з неба, і перастылая зямля ўжо ня здольная паглынуць іх. Яна таксама чакае сонца.

А па начах прыходзяць згадкі. Нават да тых, што ня памятаюць сноў. Ноч, спадарожніца ўсіх самотных, пасьпешліва зазірае ў вокны. Хто ведае, магчыма, у такі час і ты, непадуладны сваёй сьвядомасьці, назавеш каго-небудзь маім імем.

Летуценьнік, прызнайся:
тваёй каханкай
прыходжу кожную ноч,
а раніцай зьнікаю.
Пасьля абуджэньня
застаецца толькі
серабрыста-шараваты попел
мараў, надзей, шуканьняў...

Я і ты доўга ішлі па нейкім калідоры. Круг за кругам. Круг за кругам. Ты наперадзе, я на паўкроку ззаду. У прыцемку. Раптоўна спыніў­шы хаду, ты папрасіў пачакаць ля дзьвярэй. Там, за сьценамі, шматабяцальна зелянела лістота. Я выйшла вонкі.

Прачнулася. Па шыбах зьвінеў дождж. Я чакала...

Чаканьне. Час сьціснуты ў малюсенькую кропку. Тут сканцэнтраваліся ўсе тыя падзеі, што прымушаюць чакаць. Тут віруюць пераплеценыя снамі надзеі. Будзённыя справы пакінуты звонку. Я зьнікаю ў ліпкім тумане абыякавасьці да іх. Хочацца спаць...

Сьпіць ноч. Засынае на золку. Калі першы сонечны прамень пераразае небасхіл, яна заплюшчвае вочы і робіцца нябачнай. Боязна стрывожыць яе сон. Ціхі-ціхі сон. Яна сьпіць, закалыханая шумам дзённага быцьця.

Пакуль сьпіць ноч, я птушкай лячу туды, дзе адбываецца тваё жыцьцё. (Мітусьлівае: столькі мэтаў і справаў!) У пошуках сьлядоў твайго існаваньня я зазіраю пад незнаёмыя дахі, углядаюся ў перакрэсьлены мноствам ног вулічны брук. Дзесьці павінны быць твае сьляды. Я мушу адшукаць іх. Адшукаць цябе. Бо ў мудрагелістым перапляценьні жыцьцёвых дарог ёсьць адна няходжаная – наша.

Ты, асьлеплены дзённым жыцьцём, бачыш яе – такую белую?! Мы прайшлі колькі крокаў па ёй і, спалоханыя зманлівай чысьцінёй, адступілі назад – вонкі. Як паклікаць цябе? Гэй, ты памятаеш маё імя?..

Калі-небудзь мы зноў сустрэнемся. У вірлівым натоўпе. На вуліцы, дзе хаджу штодзень. Раней спадзявалася на сустрэчу. Незнарок. Углядалася ў твары мінакоў. Цягам часу забылася, каго шукаю...

...і была ноч і быў дзень і дождж зьмяняўся дажджом халодны цёплы ўтульны золкі і сонца бясхмарна сьмяялася ў вочы і дзень пачаты на ўсходзе ляніва рушыў за сонцам і я даганяла дождж...

Неспадзеўная сустрэча. Усьміхаюся. Нагадай мне тваё імя! Яго скраў з маёй памяці дождж...

Я лічу зоркі. Да пярэстасьці ў вачах. Да сьлёз. На зьнічку загадваю жаданьне. Простае жаночае жаданьне. Каб зьявіўся рыцар. (Нават моцным патрэбныя рыцары.)

На зыходзе дня можна прытуліцца да яго пляча. І падзяліць з ім ноч. Доўгую самотную ноч. Цішыня маўчаньня празьвініць песьняй бяз словаў. Песьняй пра доўгую ноч, падзеленую на дваіх...

У рыцара было тваё імя.

Ёсьць час, калі зьяўляецца маўчаньне. Ня тое празрыстае маўчаньне, ад якога паветра напаўняецца сьвежасьцю і думкі робяцца такімі самымі яснымі. А маўчаньне грувасткае, якое цісьне і пазбаўляе здольнасьці дыхаць. Маўчаньне, створанае жорсткай заслонай у вачах насупраць. Яго складана выкласьці словамі: яны разьбіваюцца аб гэтую непранікальнасьць, а сэнс зьнікае, так і не набыўшы формы. Такія вочы не належаць сябру. Такіх вачэй ня можа мець каханы.

...я бягу ад гэтых вачэй бягу напрасткі трава да крыві рэжа ногі балюча б’юць камяні бягу дзе дождж мой крык (гэта тваё імя?) уліваецца ў яго шматгалосы шум я аддаю дажджу сваё зьнясіленае цела мой дождж неабыякавы да маіх сьлёз дождж ён лашчыць мой твар пяшчотна цалуе мне ногі...

Бязьлюдна. Я стамлёна крочу па асфальтавай сьпіне дарогі...

Я чакаю восень. Яе, шэрую і мокрую, з рэзкімі парывамі ветру. Апошнім зьмерзлым лісьцем яна высьцілае сваю самоту. Колькі дзён запар мы чакаем разам. Чакаем, пакуль белая зіма не закалыхае ў сувойным сьне нашы надзеі. У сутоньні безаблічных дзён я забудуся на тваё існаваньне. І памяць – легкаверная сяброўка – дазволіць мне адпачыць ад тваёй прысутнасьці ў маім жыцьці...

У апошні дзень восені, калі зіма пагрукае ў шыбы ледзяным даж­джом, я зразумею, што даўно ня ведаю таго, каго чакаю. Памяць-багна ўсмактала маё каханьне.

Аднойчы
я прасіла Бога
даць сілы табе, каханы,
быць са мной
ці быць без мяне.
І спраўдзілася.
Ты не са мной.
І сілы ёсьць у цябе.
Толькі ж што мне рабіць
з каханьнем?
Яно паміраць ня хоча:
яно б’ецца, пульсуе, жыве!
І жывіцца
з сілы маёй.
І так мала яе засталося.
Схадзі,
папрасі у Бога
даць мне сілы
жыць без цябе.

У сваім новым доме – зноў жа новым – я разьбіраю перавезеныя скрынкі. Сярод безьлічы рэчаў – гадзіньнік. З белым цыферблатам. З нерухомымі стрэлкамі. Сьціскаю ў далоні цёплы раменьчык.

Час пачынаць новае жыцьцё. (Не забыцца б заўтра вызваліць памяць ад абавязкаў захавальніцы майго жыцьцяпісу!)

Гэй, летуценьнік! Ты верыш у маё каханьне? Каханьне, сьцішанае сном. Сном на чужым плячы.

Сон на чужым плячы – хвіліннае адхланьне. Маё (ці ўжо не маё?) цела належыць нейкаму мужчыну. Нейкаму? Адбор мужчынскіх целаў паводле нацыянальнасьці (?!) іх уладальнікаў. (Кахай мяне на мове маёй!)

Цела. Заплюшчваю вочы. У гэты момант мая памяць з саркастычнай усьмешкай дэманструе шэраг мужчынскіх целаў. Выбірай! Успомні! Адшукай тое адзінае, табе патрэбнае! Згадай імёны!

Згадала. Адно, другое (нават бяз высілкаў: гэтыя старанна захоўваюцца ў патаемных скарбоначках памяці). Астатнія... Хіба ня плачу: зьлітуйся...

Маё цела – без майго ведама! (?) – аддаецца мужчынскай пяшчоце... А памяць сьмяецца: помніш? Патрабуе: вочы расплюшчы!

Сьмех (мой?) недарэчы. Мае шырока расплюшчаныя вочы.

Я запомню гэтае цела. Я вызвалю месца ў памяці. Каб не памыліцца. Пасьля...

На палавінкі –
сэрца,
на палавінкі –
душа.
У якой з палавінак
цяпер жыву я?
Перакулены сьвет –
з палавінак
адзінотных дзён і начэй.
Ля маіх апошніх дзьвярэй
хтось чакае мяне
аднакрылы.
Мой анёлак.
Ці цень.

Мой аднакрылы цень засынае на чужым плячы. Гарачым мужчынскім плячы. Я запомню. Я, праўда, усё запомню. Да дробязяў. Гэта самае роднае плячо сёньняшняй ноччу. (Ніякіх шэрагаў і нумароў у архівах памяці!) Яно ахінутае маім адзіным крыльцам. Дрыготкім крыльцам самоты.

Ветразь блізкасьці. Колеру серабрыста-шараватага попелу.

Запомні, калі ласка, запомні маё імя! Пакуль ветразь зьнікае ў сьвятле (ажно рэжа вочы!) новага дня, ты (ты, хто правёў ноч з маёй самотай) яшчэ здолееш запомніць маё імя...

Занатуй яго на мове маёй...

– Ён прапанаваў табе руку і сэрца?

(Гучыць з іроніяй. Ці падалося?)

– Не, цяпер мужчыны спачатку прапаноўваюць іншыя часткі свайго цела. (Думай, прыяцелька, што хочаш. Ці ты насамрэч верыш у рыцараў?)

І раптам з нейкім – шчымліва-жаночым? – сумам я ўспомніла ноч на чужым плячы.

Дзень, стомлены дзень, прысеў на дах дома насупраць. Пазяхаючы, вялізнымі пунсовымі вачыма зазірае ў маё вакно:

– Ты чакаеш ноч?

– Так. Чакаю. Яна прынясе салодкія згадкі.

Салодка спаць і на чужым плячы. Прачынацца – ня вельмі. Ня тыя словы. Ня тым голасам. Роспачна сьмяюся ў адказ. Ён, уладальнік чужога пляча, ня ведае, пра каго я шапталася са стомленым днём увечары.

А там, на тым самым даху насупраць, намаляваная сьмешная круглая пыска. Падпісана – “калабок”. Калі зусім вусьцішна, я гляджу на гэтую пыску. Усьміхаюся. Для поўнага шчасьця можна прымружыць вочы і паціху нахіляць галаву. На правы бок – на левы, на правы – на левы. (Памятаеце, малымі дзецьмі мы так глядзелі на ліхтары, і яны “ператвараліся” ў зоркі?) Усьмешка калабка пачынае “расьцягвацца”. Ён сьмяецца. Звычайны рух: на правы бок – на левы, на правы – на левы...

Я рагачу: гэта сімвал майго жыцьця?

Гэй, летуценьнік? Хочаш – глытка – маёй адзіноты? З атрутным прысмакам – каханьня?

Хочаш – падзяліць маю самоту? Маю – каштоўную – самоту. Высьпеленую. Выпакутаваную. Са-мо-ту.

Ты верыш у сяброўства паміж мужчынам і жанчынай? Ты імкнешся дакрануцца да маёй душы? Спыніся. Ці такім чынам ты вынайшаў спосаб ахоўваць маё цела? (Нават ад сябе самога.)

Табе, каб падзяліць маю самоту, давядзецца стаць дажджом. Разьбіцца на безьліч кропляў. Хлынуць з неба. Зазьвінець. Звонам самоты. Выпарыцца. З лужынаў. Пад промнямі сонца. Лёгкая пара. Нячутны подых...

Ты... Я (гэта я?) падпарадкоўваюся твайму ненасытнаму ў мужчынскіх жаданьнях целу...

З чым застануся я, разьвітаўшыся са сваёй самотай? Ты пазнаеш мяне? Мяне. Аголеную... Сапраўдную... Бяз покрыва самоты...

Omnia animal triste post coitum. Дзякуючы “omnia” зьяўляецца аптымізм. Жыцьцё доўжыцца дзякуючы “coitus”.

А ўранку ляніва пытае самота: вы дагэтуль верыце ў сяброўства паміж мужчынам і жанчынай?..

На белай высьпе маёй самоты рассыпала сонца каралі. На адной з пацярынак сядзіць нейкая істотка. Аднакрылая. З кволым рамонкам у руцэ. Варожыць: любіць – ня любіць... Апошні пялёстак. Істотка пры­мружвае вочы, усьміхаецца: “сваёй назавеш”...

Засынаючы на плячы каханага, засынаючы з надзеяй, што зьявіцца другое крыльца, я баюся страціць сваё адзінае. Так страшна зьняверыцца. І так страшна... спраўдзіць мары. Так страшна, што ўся фабула маленькага расповеду сьціскаецца ў адзін кароценькі сказ.

Адна

Пастаўце любы знак прыпынку. У залежнасьці ад настрою.

Так страшна рассыпаць пацеркі – назьбіранае “ёсьць” майго жыцьця. “Ёсьць”, што прайшло выпрабаваньне часам і памяцьцю. “Ёсьць”, што стала мерай маёй любові...

Аднойчы, пачуўшы тваё імя, я не пазнаю яго. Ці зраблю выгляд, што не пазнала.

А ў абдоймах зацятай памяці ціха плача тваё імя...


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster