БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 19

ДЗЕЯСЛОЎ № 19Віктар Вальтар

Роджаныя пад Сатурнам
Заканчэньне раману

Публікацыя Сяргея Панізьніка
* Часопісны варыянт

Заканчэньне. Пачатак у №3-5(16-18)

Квадра трэцяя

І.

Кірыла Бурачэўскі паміраў, шчыра аплакваны сябрамі. У яго не было ворагаў. За ўсё жыцьцё ў Празе ён стварыў толькі цёплыя адносіны да сябе: ён змог да кожнага сэрца працягнуць шчырыя чалавечыя ніткі дабрыні і сімпатыі. Усе шкадавалі яго. І тое, што зараз парваліся ніткі повязі яго з усімі, і тое, што ён больш не пацяшаў нікога сваім гумарам, і тое, нарэшце, што хвароба яго была нейкім жорсткім, дзікім зьявішчам, вырваўшым на чужыне аднаго з самых старых сяброў “Грамады”, рабіла велізарны сум на ўсіх і прымушала ледзь не штодня адпраўляцца да Кірылы ў санаторыю. Ён ляжаў сярод сасновага бору, сьпяваў яму старыя, знаёмыя, блізкія яго беларускаму сэрцу песьні. І, можа быць, таму, што песьні бору такія блізкія, родныя, як на Беларусі, ён увесь час думаў аб родных палёх, аб роднай хаце, дзе чакала яго старэнькая матка... Ён вельмі шкадаваў, што памірае на чужыне як эмігрант. Бывалі часы, калі ён думаў, што сьмерць немагчыма: яна была б жорсткай у гэты момант, калі ён быў яшчэ малады, задзёрны, калі жыцьцё толькі пачынала адчыняць яму свае прыгожыя дарогі, калі фартуна павінна была пакрыць яго дыпломам інжынера. Тады ён падымаўся з пасьцелі ў суперак усім медыцынскім прадпісам, падходзіў да адчыненага вакна, каб схапіць у свае хворыя лёгкія сьвежага паветра. Вакно выходзіла ў сад, за якім стаяла веранда, дзе спаў сухотнік. А за верандай скакала па каменьнях рака. Ён стаяў і глядзеў, як зачараваны, на вясёлую раку, ляцеўшую кудысь у невядомую далю, й думаў пра другую раку, пра свой родны Нёман. Там, на яго берагах, ён правёў сваё дзяцінства, там вырас, слухаючы яго казкі і легенды, й там ня можа ляжаць вечна, каб бачыць яго берагі й слухаць яго журчэньне. Ён стаяў нядоўга, бо зараз пачынаў адчуваць, што ногі яго дрыжаць, у грудзёх пачынае нешта клекатаць і хрыпець, і жахлівы кашаль ахоплівае яго настолькі, што ён ня можа адкашляцца, тады бясьсільна валіўся на пасьцель. Некалькі разоў паўтаралася такое хлябаньне паветра, але нарэшце ён зразумеў, што доктар мае рацыю, што медыцынскіх прадпісаў зьневажаць няможна, й што трэба легчы ў пасьцель і прымірыцца з тым, што ён памі­рае. З кожным днём ён сох усё больш і больш, ён мог пра сябе сказаць, што быў запаленай сьвечкай, якая гарэла ў цемры, і гас з кожнай гадзінай. Ён бачыў, шо жыцьцё дагарала, і толькі з жахам думаў, што будзе, калі яго сьвечка пагасьне і стане зусім цёмна, як уначы. Ён баяўся ночы і прасіў доктара даць як мага мацнейшых лекаў, каб заснуць і ня бачыць жахлівых кашмараў. Ён абу­джаўся пад ранак увесь у поце, – увесь пад уплывам начных прывідаў і, толькі ўсьцешаны днём, радасна глядзеў на сонца і супакойваўся. Днём заўсёды было весялей, днём прыходзілі сябры, днём каля пасьцелі была сядзелка і вязала панчоху, днём у садзе сьпявалі птушкі й працавалі людзі, а ўначы ён быў адзін. Толькі званок, працягнуты да пасьцелі, дазваляў яму выклікаць сястру ці доктара. Часам яму рабілася настолькі страшна, што ён хацеў адчыніць вакно і крыкнуць у начное паветра: “Грамадзяне! Мне страшна! Ведаеце вы, што знача паміраць пры поўнай сьвядомасьці з цвяроза гледзячымі на ўсё вачыма?” Але ён ведаў, што людзі ня чуюць, яны не разумеюць слоў аб сьмерці. І ён маўчаў, чакаючы, калі яго ахопе ноч, ноч у нейкай яме, дзе можна шукаць і крычаць у сьцены – ніхто не пачуе. Нарэшце ён прымірыўся з лёсам.

Ён толькі хацеў, каб канец прыйшоў хутчэй, каб скончыліся мукі чаканьня. Але сьмерць ня йшла. Яна, як жорсткі кат, цягнула дні, з гадзіны на гадзіну адкладваючы сваё зьяўленьне.

І вось аднаго разу нехта пастукаў у дзьверы. Бурачэўскі ляжаў у пасьцелі распалены, цяжка й прарывіста дыхаючы, ужо мала пазнаючы лю­дзей. Сядзеўшая каля пасьцелі сястра ўскочыла і адчыніла дзьверы. Увайшоў Тугоўскі з букетам пахучых кветак, ззаду за ім стаяў малады, чырвоны, у белым халаце доктар. Сястра ўпусціла наведвальнікаў, узяла кветкі, паставіла ў ваду, выйшла з пакою. Прынесеныя кветкі былі вельмі дарэчы, бо ў пакоі нясло непрыемным пахам ад хворага. Бурачэўскі глядзеў на Тугоўскага і ня мог пазнаць.

– Ну што, айцец Кірыла, не пазнаеш Тугоўскага? – спытаў той.

– Тугоўскі, дружа, гэта ты? – ледзь чутна прамовіў Бурачэўскі і, робячы над сабой высілкі, пры дапамозе Тугоўскага сеў на пасьцелі.

– Так, брат, прыйшоў праведаць цябе і бачу, што ты вельмі непрыгожую рэч задумаў – хварэць. Як гэта сталася, “айцец” Кірыла?

Бурачэўскі крыва ўсьміхнуўся.

– Бачыш, – ледзь чутна прахрыпеў ён, прарываючы свае словы кароткім, сухім кашлем. – Можна сказаць, мая сьмерць вельмі прыгожая: памёр, так бы мовіць, пры выкананьні сваіх абавязкаў. Падымаючыся па драбіне на экзамен. Ці ж ня праўда, што да апошняга, як жаўнер, стаяў на сваёй службовай варце, га?

– Праўда, “айцец” Кірыла, вельмі прыгожая з твайго боку такая, ну, як бы мовіць, цярплівасьць... Але лепш было б, каб ты раней падумаў пра сваё здароўе. Памятаеш, ужо даўно астральны чалавек прадказаў, што ты памрэш ад сухотаў, што ты радзіўся пад Сатурнам.

– Правядлова, брат, радзіўся пад праклятым Сатурнам. Усё жыцьцё аддаў беларускаму руху, а чаго я дасягнуў... Паміраю, не дайшоўшы да зямлі абяцанай, паміраю дзесьці ў пустыні, адзін, пакінуты дзікім птушкам і зьвярам, як падаль... Эх, мілы сябра Тугоўскі... – Ён спыніўся на хвіліну, каб перавесьці дух пасьля доўгай прамовы. – Я памру, – прамовіў ён.

– Ну, – пастараўся яго супакоіць Тугоўскі, – ня раз наведаюся яшчэ да цябе.

– Не, памру. Хутка памру. Дык вось ты, паэт Тугоўскі, ты зразумееш, што, як Тарас Шаўчэнка хацеў бы напісаць свой “Заповіт” перад сьмерцю, так і я хацеў бы, каб мяне пахавалі на высокім беразе Нёмана, каб заўсёды быў бачны камень, каля якога бурліць яго сярдзітае цячэньне, каб у часы сваіх разьліваў ён амываў мае косьці, як амываў цела дзіцяці, калі я купаўся ў ім у залацістыя сонечныя дні маёй вясны. І яшчэ хацеў бы я, каб на гэтым камені былі высечаны словы аб памёршай ластаўцы, што не дачакалася вясны на беларускіх палёх... – Ён забіўся ў сухім кашлі.

– Ну, – супакойваў яго Тугоўскі, – чаму такія думкі, “айцец” Кірыла? Яшчэ паправішся і прыедзеш на Бацькаўшчыну інжынерам.

– Эх, – праенчыў Бурачэўскі, крыху супакоіўшыся ад кашлю, – усё скончана... Ня будзем больш гутарыць аб сьмерці. Ну скажы, як ты жывеш, як улаштаваўся.

– Я? – усьміхнуўся Тугоўскі. – Як бачыш, яшчэ балтаюся ў Празе, хоць зьбіраўся ехаць на Бацькаўшчыну ў якую-небудзь палескую глуш, далей ад праклятай культуры... Хоць да эскімосаў якіх-небудзь на паўночны полюс, толькі б далей ад гэтых подлых масак, якія называюць сябе людзьмі. А цяпер вось жыву таксама сярод іх – стаў чорнаработнікам – нашу цэглу й мяшаю ванны на будынкі і ня думаю больш аб універсітэце.

– Ну, і ты шчасьлівы?

– Вось у тым і бяда, – уздыхнуў Тугоўскі, – што шчасьця няма ў маёй душы. Будую чужыя вілы, чужыя палацы, чужое шчасьце, а свайго ўласнага не знайшоў...

У гэты момант Бурачэўскі раптам схапіўся за грудзі й заваліўся на пасьцель.

– Ох, мне дрэнна, – ледзь чутна прахрыпеў ён, – звані хутчэй доктару.

Тугоўскі перапужана ўскочыў і без пярэрвы пачаў націскаць кнопку званка. Прыляцеў, запыхаўшыся, доктар.

– У чым справа? – запытаў ён. І ў гэты самы момант, зірнуўшы на хворага, прамовіў: – Выходзьце хутчэй! Чакайце мяне ўнізе.

Тугоўскі спусьціўся ў паркетную, з мяккай мэбляю і прыгожымі малюнкамі ў вялікіх бронзавых рамках, залу. Хвіліны былі непрыемныя й доўгія, як туга. Нарэшце ўвайшоў доктар. Тугоўскаму кінулася ў вочы, што ён быў больш бледны й сур’ёзны, чым звычайна.

– Вось што, у яго ёсьць якія-небудзь крэўныя ў Празе? – спытаў ён, ня гледзячы на Тугоўскага.

– Не, няма. Ёсьць толькі сябры, бо ён быў сябрам “Беларускай Грамады ў Празе”, – стрывожана, чуючы нешта нядобрае, адказаў Тугоўскі.

– Тады скажыце ім, што ўсё скончана... Скажыце ім: няхай яны пад’едуць сёньня ўначы ў лес, спыняцца каля санаторыя... з труной...

– З труной? – крыкнуў Тугоўскі.

– Так, з труной. А ўсе гэтыя меры засьцярогі мне патрэбны дзеля таго, каб хворыя не даведаліся, што нехта памёр у санаторыі... Сьмерць пакідае на хворых вельмі непрыемнае ўражаньне. Разумееце?

Тугоўскі вылецеў з санаторыя, і як мага хутчэй, наняўшы аўто, панёсься ў Прагу. Праз некалькі гадзінаў шмат сяброў Бурачэўскага было паднята на ногі і рыхтавалася адправіцца ў санаторый. Хворыя ўжо спалі, калі велізарны аўтамабіль хаўтурнага бюро затрашчаў сваім маторам у сасновым лесе. Запаліліся факелы. Некалькі работнікаў у цяжкіх ботах, падбітых жалезам, падкрадаліся, як злодзеі, да дзьвярэй санаторыя і, як злодзеі, ціха падымаліся па скрыпучай лесьвіцы. Каля кожных дзьвярэй стараліся не выпусьціць ні аднаго хворага на той выпадак, калі б ён высунуў галаву даведацца, што гэта за шум у санаторыі. Трывогі доктара былі дарэмныя. Санаторый спаў салодкім моцным сном – нават і не падазраючы, што тут творыцца апошні акт жыцьцёвай трагедыі. Таксама асьцярожна, хоць ня раз стукнуўшы жалезам ботаў аб лесьвіцу, работнікі вынесьлі труну й пры сьвятле факелаў паклалі ў аўтамабіль. Усё было скончана. Ніхто ня плакаў, не сьпяваў песьні – толькі вагні велізарных факелаў, як хаўтурныя сьвечкі, трашчалі ў начной цемры і асьвятлялі ўвесь малюнак трайным няяркім сьвятлом.

– Ня біў барабан перад сумным палком, як сябру свайго мы хавалі, – прамовіў Тугоўскі, але не атрымаў водгуку. Усе маўчалі. Нарэшце, разьвіталіся з персаналам санаторыя і рушылі ў дарогу. Лес быццам жахліва за­дрыжэў ад затрашчаўшага матору, быццам мацней і сумней хіснуліся сосны.

ІІ.

На другі дзень рана Тугоўскі йшоў на працу. Сьмерць Бурачэўскага была такой раптоўнай і неспадзеўнай, што ён ня меў магчымасьці наперад паведаміць сваю адміністрацыю і ня мог пакінуць працы.

Ён плыў з велізарнай работніцкай арміяй на трамваі, ішоў у сваім запэцканым вапнай і глінай касьцюме, ішоў, паслухмяны нейкай сіле. Вочы яго ў гэты дзень глядзелі ў другі бок, рукі адмаўляліся працаваць. Ён думаў аб сьмерці самага лепшага і вернага сябра й мучыўся, што ня мог ісьці за катафалкам на могілкі. Яму рабілася сумна. Ён моўчкі глядзеў на вясёлыя, загарэлыя твары маладых работнікаў і моўчкі прыслухваўся да іх жартаў. І ня мог супакоіцца. Ён пачынаў думаць аб сваім жыцьці. Кірыла Бурачэўскі памёр, ён адправіўся на вечны супачынак, але ці ня быў гэта самы найлепшы выхад з таго жыцьця, каторае прыводзе людзей у тупік. Ён чуў, што прыйшоў у тупік, жахлівы безнадзейны тупік, і так цяжка яму было адчуваць, што ён гіне, што ў яго няма будучыні, што больш у яго не засталося мэты, у імя чаго жыць і змагацца. Сёньня, якраз разам з Бурачэўскім, ён мог справіць юбілей: прайшло ўжо 6 месяцаў з таго часу, як ён дабраахвотна адмовіўся ад стыпендыі і стаў чэшскім работнікам. Ён пайшоў працаваць таму, што, па-першае, матэрыяльнае становішча яго прымусіла. У кішэні пасьля памятнай ночы ў рэстаране з “начным матылём” сіратліва боўталіся 2 даляры, а на гэтую суму можна было пражыць ня болей як тры дні. Па-другое, ён стаў работнікам і па разважаньнях: жадаючы, сам зазначаў, апрасьціцца. Ён хацеў унутрана перарадзіцца, стаць лепшым праз перажытыя самім зьдзекі. Хацеў пражыць па формуле: “Пакутай усё ачышчаецца”. Усе гэтыя паўгода толькі пакутаваў. Ён цярпеў зьдзекі ад майстра й чэхаў-работнікаў. У яго былі акрываўленыя рукі ад шурпатае цэглы, якую браў голай рукой. У яго балела пасьля працы ўсё цела, быццам пабітае неміласэрна палкамі, як у арыштанта на катарзе. Бывалі дні, калі ня мог устаць і йшоў на працу зусім разьбіты. Праўда, пазьней усё гэта зьнікла. Ён прызвычаіўся да працы, да пераноскі цэглы, сам пашыў сабе скураныя рукавіцы, прымірыўся з сябрамі-чэхамі й завёў добрыя знаёмствы, але ўсё ж яго жыцьцё заставалася такой самай пакутай, добраахвотна пакладзенай на сябе, як і раней. І вось, што ж “ачысьцілася” яго пакутай? Стаў ён лепшым, ці пачуў сябе перарадзіўшымся, новым чалавекам, пачуў у сабе новыя сілы да змаганьня? Ён мог толькі адказаць: “Не”! Пакута ачысьціла ў ім яго дробныя інтарэсы, дробныя адносіны да людзей – яна падняла ў яго вачах значэньне й вагу чалавека, але пакута забіла ў ім самім чалавечы гонар, прытупіла яго адчуваньне болю й зьдзеку, зрабіла з яго пакорнага чалавека... Болей за тое, праз сваю абразу, праз выпітае да дна гора ён пазнаў чалавека ў іншым сьвеце, чым раней, і пабачыў, што людзі паважаюць толькі сілу й грамадс­кае становішча чалавека. Яны зьдзекуюцца з тых, хто па волі лёсу апынуўся ніжэй, аблытаны сеткай няшчасьця. “Тады”, – ён пытаецца, – для чаго яго пакута? Нашто добраахвотна мучыцца, калі гэта нікому не прыносе карысьці? Кінуць нарэшце пакутаваць. Супачыць так, як супачыў Кірыла Бурачэўскі. Другога выхаду няма”.

Ішоў на працу – і думаў аб тупіку жыцьця. Як на злосьць яму ўсюды трапляліся кантрасты.

Ён прыйшоў на працу, на сваю цагельню, і пачаў вазіць тачкі з глінай, абліваючыся потам. Частка ваганетак неслася з грукатам у паветры па нацягнутым жалезным канаце. Ваганеткі праносіліся над вялікім садам інжынера цагельні. У гэты самы час у садзе сядзела сям’я інжынера й прымала сонечныя ванны. Болей за ўсіх зьвяртала на сябе ўвагу жонка інжынера, вельмі поўная дама, якая ляжала сярод яблыняў у гамаку ў адным купальным касьцюме. Яна не зьвяртала ніякай увагі на работнікаў, нібы гэта былі дзікуны, нічога не разумеўшыя й нічога ня вартыя. Тугоўскаму было брыдка глядзець на гэтае поўнае, мяккае цела, быццам нейкі цяльпук падстаўляў сябе пад сонца, й яшчэ больш брыдка, калі гэтая напалову голая пані надзявала на нос ларнэт, каб прачытаць кнігу. Непадалёку ляжалі ў крэслах яе дзеці – прыгожыя дзяўчаты з доўгімі косамі й сын-студэнт у белым касьцюме. Тугоўскі ня мог вытрымаць гэтага малюнку, напоўненага вясёлымі сонечнымі фарбамі, сваім задавальненьнем жыцьця. Ён з напружаньнем цягнуў тачку з глінай, ледзь піхаючы яе ў гару, валіўся пад непасільнай працай у той час, як хтосьці сьмяяўся, хтосьці паўнеў, жывучы з яго працы й поту. Хіба гэта ня рабства? Калі раней людзі павінны былі працаваць на пана па прымусу, “на прыгоне”, дык цяпер яны працуюць добраахвотна, але ўсё роўна грошы пана робяць іх рабамі! Сапраўды, правядлова: рабства на сьвеце не мяняецца, мяняюцца толькі яго формы.

Тугоўскі быў й застаўся рабом. Ён нічым ня лепшы за тых, якія былі прыкаваны жалезам да тачак і пад пякучым сонцам вазілі іх на гару. Не, ён ня мог вытрымаць працы ў гэты сумны дзень. Усё яго калола: і сонца, й сьмех сям’і інжынера побач з сьмерцю яго сябра, побач з яго потам, працай і нават спакой сяброў-работнікаў прыгнятаў яго.

У палудзень ён пайшоў да інжынера прасіць на паўдня водпуску пахаваць свайго сябра. Падышоў да шыкоўнай вілы інжынера, агорнутай яблынямі, падняўся на ганак і пазваніў. Адчыніла тая самая прыгожая дама, што прымала сонечныя ванны, але цяпер ужо ў чырвоным лёгкім халаце. Яна зьмерыла Тугоўскага з ног да галавы й сярдзіта запытала:

– Co se pfejete?

Тугоўскі пакорна зьняў свой капялюш і трымаў падчас размовы ў руках, камячачы яго ад хваляваньня. Дама ўзяла ад Тугоўскага запіску, праца­дзіўшы праз зубы:

– Peckejte, – сярдзіта ляснула дзьвярыма перад самым яго носам.

“Вось як, – успыхнуў Тугоўскі, – нават у калідор не ўпусьціла. Яна, напэўна, ня ведае, што я – студэнт”. Тут жа падумаў, стоячы на ганку, што сам вучыўся на інжынера, што яму ўжо няшмат заставалася часу, каб прыбіць на сваіх дзьвярах такую самую таблічку: “Інжынер”.

А між тым ён адмовіўся ад гэтага сам, і вось яго выкідваюць за дзьверы, як сьмярдзючага і бруднага. Цяпер ён зразумеў, што ўсё ж ткі адзіны выхад – самому стаць інжынерам. Што ён аддаў бы таму чалавеку, які зноў вярнуў бы яго на шлях навукі і адчыніў бы дзьверы вышэйшай школы? Больш пакутаваць не было сілы. Калі звычайны работнік церпіць сваё становішча як сацыяльнае зло й прыміраецца з ім, дык у яго дамешваюцца яшчэ маральныя пакуты. На кожным кроку ўспамінае, што ён былы студэнт. Калісьці ў яго былі надзеі, а зараз ён раб, і вастрыё сучаснага ладу накіравана якраз на яго. “Але, з другога боку, быць інжынерам – значыць жыць вось так, як жыве гэты інжынер, – казаў яму нейкі сярдзіты голас. – Хіба ты мог бы так жыць?” – “Не, гэта ня значыць яшчэ так жыць, – пярэчыў ён. – Можна быць інжынерам... Але як стаць?”

У гэты момант прыадчыніліся дзьверы, і, прасунуўшы праз іх брудную руку, запіску падала маладая кухарка. Тугоўскі пайшоў абражаны. Ён быў настолькі маленькай велічынёй, што яму запіску маглі падаць толькі праз кухарку. Сьмейся, Тугоўскі, над сваімі посьпехамі.

Ён сумна йшоў дахаты. “Роджаныя пад Сатурнам”... – неслася ў яго галаве. І столькі няўдачаў, столькі адхілак ад шчасьлівай дарогі, нічога не ўдаецца ў жыцьці. Успомніў, дастаў з кішэні свае запіскі “Споведзь самагубцы. Кніга для ўсіх і ні для кога”. Цяпер усё скончана. Цяпер ён будзе больш рабіць “перадышкі”, пярэрвы, як рабіў калісьці раней. Цяпер захоча жыць толькі для эксьперыменту... Скончана. Ён ведае, што такім лю­дзям няма мейсца на зямлі. Ім ня варта жыць, у іх няма мэты, для якой варта жыць. І рашуча пастанавіў у гэтую ноч застрэліцца.

Толькі дзе дастаць рэвальвер? Успомніў, што ў гэтай справе мог бы дапамагчы хто-небудзь у інтэрнаце, хутчэй усяго Серада. Сапраўды – спрытны Серада мог яму дастаць які-небудзь рэвальвер, якім усё ж ткі можна было б скончыць разрахубы з жыцьцём. З цьвёрдым жаданьнем пакончыць з сабой улез у трамвай, набіты людзямі, і забіўся ў кут на заднім пляцу, не жадаючы ў сваім брудным работніцкім касьцюме выпаўзаць наперад. Яму таксама вельмі не хацелася спаткацца з кім-небудзь паглядамі, з кім-небудзь пачаць размову, як гэта любяць рабіць балбатлі­выя чэхі. Трамвай праязджаў праз самыя рухлівыя й вялікія вуліцы. На адной з іх у вагон увайшла паненка. Народу набілася столькі, што, нягле­дзячы на ўсе крыкі кандуктара прасунуцца далей, ніхто ня мог зварухнуцца, паненка была вымушаная застацца на заднім пляцу.

Тугоўскі выйшаў з роздуму толькі тады, калі паненка спынілася побач і стала да яго сьпіной. Ха! Ды гэта ж Вярхоўская! Ад такой неспадзяванай сустрэчы ён нават пачырванеў і вырашыў рабіць выгляд, што яе не па­знае. Яны праехалі, як чужыя, некалькі прыпынкаў. Раптам трамвай рэзка затармазіў, яна не пасьпела ўхапіцца за скураную ручку й паляцела на Тугоўскага.

– Prominte! – прамовіла яна па-чэшску й, усьміхаючыся, глянула на таго, каго яна так недалікатна зачапіла. Што такое? Яна, здаецца, гатова была крыкнуць ад зьдзіўленьня й стала, гледзячы на яго нерухомымі вачыма. Няўжо гэта Тугоўскі? Ці яна не абазнаецца? Ці не галюцынацыя гэта якая-небудзь? Ня можа быць, каб гэта быў Тугоўскі. У такім страшэнным касьцюме... Яна зноў павярнулася сьпіной, але праз хвіліну, ня верачы сабе, зноў паглядзела на яго. Тугоўскі глядзеў у вакно трамвая, быццам яе не прыкмячаючы.

– Выбачайце, ці не грамадзянін Тугоўскі? – спытала яна па-беларуску.

Тугоўскі ўсьміхнуўся:

– Пазналі ўсё ж ткі... Дабрыдзень.

– Дабрыдзень, – працягнула яна яму далікатную ручку ў рукавічцы.

Усе ў трамваі глянулі на іх з зьдзіўленьнем.

– Як вы зьмяніліся! – прамовіла Вярхоўская, не зьвяртаючы ўвагі на пагляды чэхаў.

– Прашу выбачэньня за свой касьцюм, – усьміхнуўся Тугоўскі. – Працую ўсё.

– Працуеце? Несяце дабравольныя ахвяры. Вельмі добра!

– А вы адкуль?

– Я толькі што з могілак. Хавала “айца” Кірылу. Апошні друг, самы любімы наш сябар, здаецца, адзіны чалавек, які заслужыў аб’ектыўную пашану. Як сумна ўсё ж ткі, што ён памёр на чужыне, жахлівая ахвяра. Хай мёртвыя спакойна сьпяць, а мы будзем думаць аб нашым жыцьці... Ага, успомніла. – Яна падняла сваю прыгожую ручку да галавы й прамовіла: – Добра, што я вас спаткала. Якраз зараз Тамашэвіч турбуецца аб тым, каб вас улаштаваць зноў на стыпендыю.

– Што вы?! – недаверліва пакруціў галавой Тугоўскі.

– Так, так. Ён вельмі шкадаваў, што вас не было на хаўтурах, ён хацеў з вамі вельмі сур’ёзна перагутарыць. Справа ў тым, што ў Прагу наехала шмат новых нашых эмігрантаў – зялёнай моладзі, і старэйшыя грамадзяне – былыя міністры ўраду БНР узяліся іх улаштоўваць на ўкраінскую й часткова чэшскую стыпэндыю. Сродкі ёсьць, цяпер толькі ня трэба спаць.

– Я ўпэўнены, што да шчасьліўцаў не належу, – іранічна зазначыў Тугоўскі.

– Не, не. Тамашэвіч якраз запэўніў, што вам стыпендыя будзе. Вось што... Калі хочаце мець стыпендыю, заўтра зраньня ідзіце на кватэру да міністра й абавязкова з ім перагутарыце... Заўтра паседжаньне “Беларускага камітэту”, дзе будуць разглядацца ўсе заявы. Ведаеце, дзе ён жыве, ці не? Я вам напішу. – Яна хутка выбрала з партфелю блакнот, хутка напісала ў ім адрас і хутка, падаўшы яму руку, выскачыла на першым прыпынку. Тугоўскі застаўся ледзь не з расчыненым ротам. Усё гэта было так нечакана, так хутка.

Ён усьміхнуўся: “Быццам насьмешка чыясьці нада мной, – падумаў. – Трэба камусьці падаслаць яе з надзеяй на стыпендыю, калі я думаў якраз аб рэвальверы. Чым горш, тым лепш. І так заўсёды ў жыцьці. Як толькі, здаецца, зусім гінеш і няма выхаду, глядзіш – які-небудзь выхад і знахо­дзіцца. Хаця, можа быць, гэта толькі чыясьці насьмешка – й тое, што адчыняецца, зусім ня шчасьце, а толькі прывід яго. Можа быць, сапраўды, як у адной беларускай п’есе: “У іншым шчасьці – няшчасьце схаванае”...

Не. Скончана. Сёньня ўначы застрэліцца. Ён больш ня будзе рабіць глупства, як рабіў калісьці, й, паслухаўшы Кірылу, жыў. Што стала з яго жыцьцём?” Ці магло яно звацца жыцьцём? Ён ехаў і думаў аб тупіку жыцьця.

А ў гэты час нейкі Мефістофель дражніў яго, як бясьсільнага старога Фаўста, прыгожым вобразам Маргарыты-Вярхоўскай. Мілая, вясёлая жанчына. Колькі жыцьця ў ёй, яно б’е крыніцай. І як сьпяшалася яна паведаміць яму – й дапамагчы, чым магла. У рэшце рэшт, яна не такая дрэнная, як здалося яму пасьля таго выпадку, яна вельмі сардэчная асоба – не пасаромелася падаць яму руку нават зараз, калі ён запраўды выглядаў, як бадзяга. Няўжо ж ён застрэліцца, ня выкарыстаўшы тых надзей, якія яна адчыняла яму, няўжо ён будзе легкадумам і ня выкарыстае ўсіх магчымасьцяў у жыцьці да канца?

Пачаў думаць, што б магло быць пасьля яго сьмерці... Здаецца, на сьвеце нічога не зьмянілася б. Таксама людзі сьмяяліся б, плакалі, таксама адны ашуквалі другіх, таксама ляцелі б па вуліцы фурманы й трамваі, таксама сядзелі б у садах на лавах закаханыя пары, шапталіся аб вечным каханьні... Усё заставалася б, як цяпер, бо Тугоўскі быў маленькім, нікому непатрэбным віньцікам велізарнай машыны, й калі ён вываліўся – машына працягвала ісьці сваім ходам, нават ня ведаючы, ці быў такі віньцік. Як сьмешна! Застрэліцца! Страляюцца ці наогул канчаюць самагубствам з мэтай, каб зрабіць сваёй сьмерцю нешта жахотнае, нейкую дэманстрацыю, спадзеючыся, можа, хоць пасьля сьмерці знайсьці спачуваньне таго, каторы быў сту­дзёным і жорсткім пры жыцьці. А які ж пратэст мог ён зрабіць сваім стрэлам у сэрца? Пратэст проціў таго, што ён маленькі, непатрэбны віньцік велізарнай машыны? Пратэставаць супраць гэтага было б сьмешна. Ці, можа быць, пратэставаць супраць усяго сусьвету, супраць таго капіталістычнага ладу, які накіраваў на яго свой цяжар і цісьне яго, як прэс, выціскаючы пот? Ізноў сьмешна было б пратэставаць супраць сьцяны толькі таму, што яе ня можна разьбіць лобам. Нарэшце, можна страляць, колькі заўгодна разоў у грудзі, а сьцяна як стаяла, так і будзе стаяць. Чаго ж ён дасягне тады сваім стрэлам? Можа быць, узбудзіцца грамадства? На першых часах – зразумела, але потым скажуць: “Ах, дурны Тугоўскі, й сапраўды, відаць было, што з яго нічога добрага ня выйдзе. Яшчэ які-небудзь насьмешнік толькі пасьмяецца над яго трупам. Не... Застрэліцца ня штука. Гэта ніколі ня позна. Але вось выжыць, паказаць на зьдзіўленьне ўсіх, што і пры цяжкіх абставінах Тугоўскі выжыў, што ўсё ж ён можа быць прадметам людской павагі – вось гэта было б геройствам. Пакута навучыла яго, што трэба жыць так, каб людзі зайздросьцілі, а не шкадавалі. Так! Да ўсіх д’яблаў самагубства! Ён выхапіў свой сшытак “Споведзь самагубцы. Кніга для ўсіх і ні для кога”, сшытак, які ён насіў пры сабе заўсёды, як запісную кніжку, і ўжо зрабіў некалькі рухаў рукамі, каб парваць яго на дробныя кавалкі, як зноў спы­ніўся. Нейкая думка ўкалола яго: “Але ж няма выхаду... А што, калі надзеі Вярхоўскай на стыпендыю былі толькі балотнымі багнямі?.. Тады зноў застаецца цагельня. І так да сьмерці павінен будзе застацца работнікам!” Ён зноў схаваў свой сшытак у кішэню. І сумна думаў аб тым, што няма выхаду.

ІІІ.

Міністр Случанін, былы міравы суддзя, герой тамтэйшага Слуцкага паўстаньня, быў вельмі падобны да Сабакевіча. Ці паядаў яго літаратурны сабрат ледзь ня цэлы бок барана адразу, невядома, але памераў ён быў настолькі велізарных, што выклікаў зьдзіўленьне. Здавалася, з такой велізарнай грудной клеткі, як у яго, павінен быў вырвацца голас, што з іерыхонскай трубы, ад якога павінны валіцца сьцены й у страху дрыжаць людзі. А між тым, калі на пяцігодках усьвяткаваньня памяці абвяшчэньня незалежнай Беларусі выступіў з дакладам аб Слуцкім паўстаньні, апавядаючы, колькі было ў паўстанцаў кулямётаў, колькі стрэльбаў, колькі жаўнераў, – ён казаў такім нявінным тоненькім дыскантам, што ўсім стала сьмешна. “І як такога мядзьведзя, – усьміхаўся Тугоўскі, – ні адна куля не зачапіла”.

Што было ня менш дзіўна й прымушала Тугоўскага заўсёды сьмяяцца ў душы, гэта тое, што ў гэтага мядзьведзя была вельмі прыгожая й досыць маладая жонка, таленавітая артыстка й арганізатарша беларускіх тэатраў. Як яна жыла з такім мужам, як ёй было сорамна праходзіць з ім разам на якіх-небудзь балах ці дакладах паміж цікаўнага натоўпу і як магла проста сужыцца з ім, як яна магла дастаць хоць бы пацалаваць яго, гэта было загадкай для ўсіх. Тут можна было даваць поўную волю сваёй фантазіі. Тугоўскі ўсё ж ткі на другі дзень ішоў да знакамітай гістарычнай асобы, вырашыўшы, што трэба яшчэ спрабаваць усе магчымасьці.

Праходзіў праз шумны горад, глядзеў на балбатлівых і сварлівых чэшскіх гандлёвак, праходзіў праз самыя рухлівыя гандлёвыя рады ў Старой Празе і дзівіўся, што міністр забраўся ў такую глушу, пачуўшы сімпатыі да чэшскага гандлю. Увайшоў у нейкі драўляны дом, лесьвіца якога была напэўна зроблена яшчэ да часоў Аўстрыі й трашчала, так жалячыся на свой лёс, што ў чалавека мімаволі паўзьлі мурашкі па целе. Тугоўскі падняўся ў нейкую кватэру, дзе ўсе дзьверы былі адчыненыя, пакуль нарэшце не наткнуўся на саму жонку міністра. Яна ня ведала Тугоўскага й са стрыманай гордасьцю, праз якую прабіваліся турботы, прамовіла:

– Вы да нас? Выбачайце. Адну хвіліну...

Тугоўскі стаяў у калідоры й бачыў у дзьверы, як яна выносіла нейкую бялізну, розныя рэчы, прыводзячы пакой у парадак. Нарэшце адчыніла дзьверы й больш ласкава запрасіла:

– Калі ласка, заходзьце.

Пакой быў вялікі, у поўным ранішнім беспарадку. Герой слуцкі ляжаў у пасьцелі бясформнай велізарнай масай і пільна глядзеў на ўвайшоўшага.

Калі ласка, сядайце, – прамовіў ён, паказваючы валасатай рукой на крэсла. – Што скажаце?

Прыгожая жонка яшчэ ў начным капоце села на крэсла пад вакном і стала слухаць.

Тугоўскі расказаў сваю гісторыю як мага больш жаласна.

– Вы даўно ў Празе? – спытаў міністр сваім дыскантам, праз хвіліну паўзы.

– Ужо тры гады...

– Тры гады?! О, вы тады маеце права на стыпендыю ў першую чаргу. Тады йдзіце ў “Беларускую Грамаду”, там зараз пачнецца паседжаньне, й я там буду праз паўгадзіны.

Аўдыенцыя скончылася. Тугоўскі ўстаў, падаў руку міністру, прычым той так павярнуўся, што пасьцель трэснула й ледзь не развалілася пад ім, падышоў да ручкі жонкі і весела выйшаў з пакою.

“Герой Случанін ня хоча браць на сябе ўсёй адказнасьці, – усьміхнуўся Тугоўскі. – Незнаёмы я з ім, але паглядзім, што будзе далей”...

Ён прайшоў у памяшканьне “Беларускай Грамады”. Там ужо сабраліся ўсе прадстаўнікі Рады рэспублікі разам з прадстаўнікамі ад студэнтаў. Былы міністр Заяц з маленькай казьлінай бародкай гутарыў аб нечым з былым старшынёй, які ўвесь час пагладжваў сваю даўгую сівую бараду. Адзін са студэнтаў падышоў да гутарыўшых і далажыў аб Тугоўскім й яго просьбе атрымаць стыпендыю. Заяц зараз жа выйшаў у другі пакой і падаў руку Тугоўскаму. Той адрэкамендаваўся.

– Як вашае прозьвішча? – гучна перапытаў Заяц. – Тугоўскі? Гм... у вас такое дзіўнае прозьвішча?

– Ня ведаю, – усьміхнуўся Тугоўскі.

– Тугоўскі... Гм... У вас, напэўна, часта туга бывае, дзеля таго й прозьвішча такое. – Ён кашлянуў, дастаў з кішэні сіненькую баначку, не сьпяшаючыся адвіньціў накрыўку й плюнуў. Тугоўскі паморшчыўся, бо заяц рабіў гэтую працэдуру перад самым яго тварам. Былы міністр гэтак жа спакойна завіньціў накрыўку, спакойна паклаў у кішэню і спакойна папытаў Тугоўскага:

– А чаму ад вас аднялі стыпендыю?

– У мяне не аднялі, я сам адмовіўся.

– Ах, самі адмовіліся, – зрабіў Заяц вялікія, артыстычныя вочы. – Вось як... А цяпер зноў жадаеце. Ну ведаеце, так мы ня можам. Вы будзеце адмаўляцца, потым зноў прасіць, потым зноў адмаўляцца. Не... Мы ня можам. Стыпэндыя не футбольны мячык... Не... Не...

У гэты момант увайшоў, пыхкаючы, як паравоз, міністр Случанін:

– У чым справа? – спытаў на хаду. Ён узяў Зайца пад руку й зьнік з ім у другім пакоі. Тугоўскі застаўся адзін чакаць вырашэньня свайго лёсу. Ён чуў, як там шумелі й спрачаліся. Чуў, як прадстаўнік студэнтаў прамовіў: “Паэт”... Спрэчкі замоўклі. Нарэшце выйшаў, пагладжваючы сваю бараду, Крэчэўскі й, усміхаючыся, запытаў:

– Вы паэт? Пішаце вершы?

– Не... Нічога не пішу.

– Прыходзьце заўтра да мяне на кватэру, пагутарым аб выданьні новага беларускага часопісу ў Празе.

–Выбачайце. Я ня маю часу, – зазначыў Тугоўскі. – Я не магу так вольна разгульваць, бо ў мяне заўтра праца. Я прашу вас вырашыць мой лёс ці ў той, ці ў іншы бок. Я павінен мець адказ сёньня.

– Гэтую справу я думаю як-небудзь улаштаваць, – пагладжваў сваю бараду Крэчэўскі. – Вы маглі б зарабіць больш, чым на вашай цагельні, супрацоўнічаючы ў “Славянскай Кнізе”. “Славянская Кніга” – бібліяграфічны часопіс на расейскай мове, вельмі добра аплочвае працу. Я там маю беларускі аддзел. Зьбірайце бібліяграфічныя весткі і прыносьце да мяне.

– Ня ведаю, магчыма, у будучым, а што будзе са мной? – спытаў Тугоўскі.

– Прыходзьце заўтра, усё роўна сёньня на паседжаньнях мы нічога ня вырашым. Дык заўтра.

Ён, усьміхаючыся, працягнуў яму руку й моцна паціснуў.

Крэчэўскі жыў, як і міністр Случанін, каля рынку, хоць з другой часткі, недалёка ад знакамітай чэшскай рэстарацыі і гатэля “Барандаў”. У раскошных залах гэтага гатэлю часта прымалі прыязджаўшых у Прагу беларускіх гасьцей.

Каб трапіць у пакой Крэчэўскага, трэба было прайсьці праз хату нейкага эмігранта з усходнім тварам – армяніна ці грузіна, які дакладваў аб наведвальніку. Пакой Крэчэўскага быў вельмі дэмакратычны, зусім не падобны да міністэрскага. На ўсіх крэслах, пасьцелі, сталах ляжалі велізарныя кіпы газетаў і часопісаў, болей усяго “Савецкай Беларусі”. Тутсама на маленькай плітцы яго жонка пякла бліны. Стары сядзеў за кіпай газетаў і чытаў, ці пісаў вершы пад трэскат пліты. Гледзячы на гэты пакой, на згорбленага аслабелага старога, Тугоўскі яшчэ раз успомніў: “Гэта хутчэй Афанасій Іванавіч Таўстагуб, чым тварэц усёй палітычнай беларускай справы ў Празе”.

– Ну, магу вас прывітаць, – казаў ён, паціскаючы руку, – стыпэндыі мы вам дабіліся. Цяпер толькі трымайцеся. Вам, магчыма, было б лепей на філасофію, але мы змаглі вас улаштаваць толькі на тэхніку, як і было раней.

Бабулька таксама трасла яго руку, нягледзячы на тое, што ў гэтым час бліны гарэлі на пліце. Тугоўскі глядзеў на яе ледзь не са сьлязамі на вачох і думаў: “Мілая, мілая Пульхерыя Іванаўна...”

На радасьцях яна нават пачаставала яго бліном, начыненым тварагом. І ён зьеў яго з такім апетытам, быццам быў некалькі дзён галодным. Размова перайшла на пражскую беларускую калонію.

Чаму наша беларуская моладзь ледзь ня ўся пачынае хварэць туберкулёзам? – запытаў стары, і сам жа сабе адказаў: – Таму што наша моладзь вядзе неправядловае жыцьцё. Я вас запэўняю: каб наша моладзь рэгулярна й нармальна ела б у дзень – ніякага туберкулёзу не было б.

Хто ведае, – адказаў Тугоўскі, не жадаючы зусім згадзіцца. І ўсё ж ткі часткова Крэчэўскі меў рацыю.

Я ўжо стары стаў, – працягваў ён праз хвіліну, – цяпер можа ўжо не патрэбны нікому, але я ведаю больш і бачыў больш, чым гэта зялёная моладзь, якая мяне лае. Мяне лаюць, ведаеце вы гэта, бо і ў нас, беларусаў, згуртаваўся камуністычны гурток моладзі – камсамол. І яны лаюць.

– Ды што на іх зьвяртаць увагу, – зазначыў Тугоўскі. – Старога льва й асёл хоча пабіць капытом.

Крэчэўскі не зьвярнуў увагі на гэтыя словы й упэўнена сказаў:

Але мы яшчэ будзем змагацца.

Вочы яго заблішчэлі. Мяккія рысы шырокага твару сталі больш рэзкімі й грубымі. Гэта ўжо ня быў стары Афанасій Іванавіч. Гэта ізноў быў палітык, былы старшыня Беларускай Народнай Рэспублікі, як барадаты Майсей – правадыр свайго народу.

Ён падняўся з крэсла, стаў чытаць вершы, гатовыя палітычныя агляды, дакументы й матэрыялы для новага часопісу. Ён памаладзеў. Вочы ў яго гарэлі фасфарыстычным бляскам. Мімаволі зацягваў Тугоўскага ў свае палітычныя сеткі, хоць той стараўся знайсьці яшчэ пункты апоры, каб ня быць злоўленым. Затрымаў Тугоўскага да цёмнага й пачаставаў гарбатай на разьвітаньне. Тут ён зноў быў ціхім дабрадушным Афанасіем Іванавічам, быццам між іншым стаў прасіць Тугоўскага стаць карэктарам новага часопісу. Якой ні была прыемнай такая прапанова Тугоўскаму, ён ад яе адмо­віўся: у яго зараз будзе шмат працы з навукай. Але, адыходзячы ад добрых і мілых старых, Тугоўскі ня чуў пад нагамі зямлі. Першы раз у сваім жыцьці пазнаў, што ён камусьці патрэбны. І гэта сьвядомасьць сваёй патрэбнасьці, гэта адсутнасьць думкі “лішняга чалавека” напаўняла яго сілай і верай.

ІV.

Рака часу плыла безупынна. Усё мянялася: пад вечар, як казаў адзін філосаф, ня можна было выкупацца ў той самай рацэ, у якой купаўся зраньня. “Беларуская Грамада”, у якую ўступіў калісьці Тугоўскі, не была падобная да той “Грамады”, якую ён пабачыў цяпер, калі яго зноў прынялі на стыпендыю. Усё зьмянілася: шмат сяброў ужо ня мог палічыць: “Адных ужо крыюць курганы-магілы, другія сасланы за краты ў турму”. Усё ж ткі знайшліся й сярод знаёмых адзінкі, якія, пакорныя нейкаму маладому запалу, пакідалі свае факультэты і ехалі на палітычную працу па беларускіх вёсках і мястох. Некаторым з іх заставаліся ўсяго некалькі месяцаў да таго, каб атрымаць дыплом доктара ці інжынера, некаторыя толькі ўступалі ў жыцьцё. Маладыя, яшчэ не пасьпеўшыя аперыцца птушаняты, але яны йшлі пакорныя голасу свайго сумленьня, йшлі і гінулі ў турмах за кратамі.

Беларускі рух ня стаў настолькі шырокім і моцным, каб з ім лічыліся як з вялікім культурным зьявішчам. Яшчэ трэба несьці шмат пакутаў, трэба праліць нямала крыві, каб нарэшце рух стаў ня толькі “крамолай”, ня толькі “бунтам” незадаволеных галодных масаў, але каб ён стаў моцным і глыбокім, як само жыцьцё, як патрэба жыць і дыхаць, каб ён атрымаў усёсьветную сімпатыю.

Толькі кроў, гэта неўміручае каханьне, можа выклікаць сімпатыю лю­дзей; толькі ахвяры могуць прыняць вянок перамогі, й толькі жывыя людскія ахвяры могуць прымусіць схіліць галаву самых заўзятых ворагаў. Болей ахвяраў! І яны несьлі ахвяры, гэтыя маладыя беларускія рыцары, гэтыя бяздумныя гладыятары, якія не шкадавалі свайго жыцьця. Яны гінулі ў турмах і паміралі ў турэмных шпіталях як арыштанты.

Трывожныя весткі йшлі з Бацькаўшчыны. Стала вядома, што памёр адзін з самых маладых і надзейных сяброў “Грамады” […]. Тугоўскі добра ведаў яго. Ён памятаў, што гэты юнак, яшчэ нават дзіцё, нядаўна гутарыў аб сваіх медыцынскіх марах, яшчэ нядаўна гарэў жыцьцём і блішчэў пенснэ сваіх блізарукіх вачох.

Юнак, надзея беларускага медыцынскага гуртка, стаў палітычным вязьнем, памёр у турэмным халаце на дошках. Трагічны лёс. Сэрца Тугоўскага міжволі спачувала ўсім гінуўшым за грамадскую справу, і вусны мімаволі шапталі ім апошняе прывітаньне: «Героі!»

Гінулі ластаўкі, захопленыя зімой на Бацькаўшчыне, а ў той самы час у Празе йшла ўнутрышняя барацьба. Людзі падзяліліся на розныя гурткі й партыі: марксісцкі гурток, загранічны камітэт партыі эсэраў, зьявіліся клерыкалы й нават манархісты. Справа даходзіла часам да таго, што спрэчкі канчаліся фізічнай бойкай й судамі гонару. Кожная партыя хацела зацягнуць да сябе Тугоўскага. Цяпер, калі справа залежыць ад аднаго ці двух галасоў, Тугоўскі стаў раптам усім патрэбным. Але Тугоўскаму было цесна ў рамках адной партыі. Ён думаў шырэй, ён думаў, што зараз можа быць толькі адна беларуская партыя змагароў, і рашуча адмаўляўся ўступаць у якую б то ні было. Сярод грамадзянаў пачалася бура, асабліва пасьля таго, як стала вядома, што марксісцкі гурток выліўся ў камуністычную арганізацыю. Адзін з сяброў гуртка лысы філосаф Дзягцяр выступіў на сьвяце Кастрычніцкай Рэвалюцыі ад імя беларускіх студэнтаў. Зразумела, што гэты Дзягцяр унёс лыжку дзёгцю ў бочку мёду агульнай беларускай справы.

У Студэнцкім доме зашумелі. Калі ўвайшоў Тугоўскі, па ўсёй зале былі раскіданыя гурткі беларусаў, якія шумелі, моцна размахвалі рукамі. Дзягцяр, чырвоны, як мак, стаяў у групе з Тамашэвічам, Бураком, Малевічам і аб нечым голасна спрачаўся.

– Калі так, – пачуў толькі Тугоўскі, – дык я з вамі больш размаўляць не жадаю.

І, зьбялеўшы, раптам павярнуўся й падышоў да Тугоўскага.

– Давайце з вамі пагутарым, – сказаў ён і адвёў Тугоўскага ў бок. – Я чуў, грамадзянін Тугоўскі, што вы сын работніка, што вы па сваёй філасофіі павінны йсьці з намі, моладдзю з сялянаў і работнікаў, якая аб’ядналася ў марксісцкі гурток. Дык вось я хачу пачуць ад вас, як вы адносі­цеся да гэтых апошніх падзеяў у «Грамадзе».

– Бачыце, даражэнькі, – пачаў Тугоўскі, – вашага выступу ад імя ўсіх беларускіх студэнтаў я не адабраю. Вы ня мелі права гэтага рабіць, калі на гэта вас ніхто не ўпаўнаважваў. Што датычыць адчыненьня марксісцкага гуртка, дык я думаю, што яго адчынілі зарана. А трэба было лепш адчыніць гурток беларусазнаўства, бо прыкмячаеце, грамадзянін Дзягцяр, што ў нашых студэнтаў штодзённай мовай робіцца расейская, й яны ўсё больш і больш расчароўваюцца вашым палітыканствам, адсюль беларускай справай. Агулам я скажу: кожны імкнецца да таго, каб правесьці толькі свае асабістыя перакананьні ў жыцьці і ня думае зусім аб цэлым.

– Добра, – адказаў у зьдзіўленьні Дзягцяр. Ён не чакаў, што Тугоўскі ўступіць з ім у сур’ёзныя спрэчкі. – Разьбяром, што ж гэта ёсьць цэлае і ёсьць камуністы…

– Грамадзянін Дзягцяр! – паклікалі яго ў гэты час сябры-марксісты на нейкую нараду, і ён пакінуў Тугоўскага аднаго пасярод залы.

Тугоўскі стаяў і пільна глядзеў усьлед гэтым маладым сілам, якія растуць дзеля таго, каб нішчыць сучасны лад. У іх было шмат нахабства, яны былі простыя, як сама вёска, яны былі дрэнна памытыя, дрэнна прычасаныя і дрэнна апрануты, і ўсё ж ткі ім не было як адмовіць у здольнасьці і працавітасьці ў дасягненьні сваёй мэты. І ня можна было не спачуваць у іх імкненьні да лепшай будучыні, да сьветлых ідэалаў, за паляпшэньне жыцьця галодных масаў – няхай хоць на паперы, а не ў жыцьці. Але ім ня можна было спачуваць за іх нахабства, грубасьць, за тое, што ў іх усё было спрошчана, аголена, абарвана. Яны здаваліся Тугоўскаму тым, чым быў ён сам, пакуль ня стаў чэшскім работнікам, пакуль ня выпіў да дна горкую чарку пакуты. Ім, гэтым камсамольцам, трэба было б спачатку працярпець і тады зразумець, што шлях да вызваленьня чалавека ляжыць праз яго духоўнае ўдасканаленьне. Ім трэба было б самім спачатку вырасьці культурна да буржуазіі, кааб потым быць яе ўласнай зброяй. Нішчыць і ламаць – вельмі лёгкая штука. Але каб што-небудзь стварыць – трэба культура. Цяпер гэта зразумеў Тугоўскі… Цяпер ён гатоў быў гутарыць аб гэтым з усімі і кожным.

Пакуль ён стаяў сярод Студэнцкага дому і думаў, да яго падышоў, як заўсёды ўсьміхаючыся, Малевіч і пачаў на чысьцейшай расейскай мове.

– Ты што? – запытаў Тугоўскі, – ужо забыўся гутарыць па-беларуску?

– Які патрыёт! Ха-ха! – засьмяяўся Малевіч. – Усе вы, патрыёты, пасьля свайго палітыканства кончыце там, дзе пачнеце. «Гутарыць па-расейску»… – і ён, сьмеючыся, адышоў ад пабляднелага Тугоўскага.

«Якая бестыя, – падумаў Тугоўскі. – Ён яшчэ мае беларускую стыпендыю. Вось да чаго даводзяць спрэчкі сярод беларусаў. Вось вынік гэтай праклятай хваробы – «дыферэнцыяцыі». Што было брудна і маўчала, цяпер як… усплыло на паверхню». З цяжкім сэрцам выйшаў са Студэнцкага дому, вырашыўшы прыходзіць сюды як мага радзей. Ён паабяцаў сабе быць далей ад гэтых спрэчак і палітычнай валтузьні, каб мець сьвежую галаву і з усіх сілаў аддацца навуцы. І ўсё ж ткі думаў аб прыгожым вобразе тых, якія загінулі на Бацькаўшчыне, усім сэрцам спачуваючы іх геройству.

V.

Тугоўскі, не шкадуючы сябе, займаўся падрыхтоўкай да экзаменаў. Ён штодня сядзеў у садзе інтэрнату за якім-небудзь прадметам і так зацікаўліваўся ім, што большай часткаю забываў пра абеды. У садзе інтэрнату, у адведзеным студэнтам раёне, агароджаным дротам, дарога была пакрытая дробным камнем, толькі высокія ліпы давалі хараство й зелень. Сам сад пачынаўся за дротам, там прыгажэлі кусты ружаў, клумбы, там цьвілі яблыні. Там, за дротам, была сапраўдная прырода. Там у гарачыя летнія дні можна было лёгка схавацца дзе-небудзь пад ліпай. Вакол саду хадзілі сьляпцы, часам падыходзілі да дроту і, згубіўшы арыентацыю, блудзілі, каб выйсьці на дарогу. Выгляд гэтых няшчасных людзей заўсёды прымушаў Тугоўскага адварочвацца ад іх і пільней працаваць.

У адзін прыгожы летні дзень, калі так голасна чырыкалі птушкі над ліпай і так звонка зьвінелі цвыркуны ў густой траве, вельмі лёгка йшла праца над самым цяжкім сьпецыяльным прадметам. Ён лёгка выводзіў матэматычныя формулы, лёгка разумеў канструкцыі розных інструментаў і так задаволены самім сабой перагортваў старонку за старонкай падручніка, што не заўважыў, як прасядзеў да поўдня. Раптам яго нешта кальнула ў левую палову грудзей настолькі моцна, што ледзь ня крыкнуў ад болю. Ён крыху расшпіліў касьцюм і пабялеў ад жаху: усе грудзі яго былі пакрыты велізарнымі ружовымі й чырвонымі плямамі. Што гэта магло быць? Безумоўна, сіфіліс у другой стадыі. Ён успомніў, як бачыў у кіно такое самае здарэньне з адной дзяўчынай, успомніў, як бачыў у кніжцы аб гэтых хваробах фата­графію юнака ўва ўвесь рост, пакрытага з ног да галавы жахлівымі й страшнымі плямамі. І яму стала ясна, што той вясёлы стары лекар, які так пацешыў яго, аднёсься вельмі лёгкаважна і не зразумеў самой хваробы. Цяпер ён павінен будзе расплаціцца за яго дыягназ сваім жыцьцём. Як жахліва! Другая стадыя ня так лёгка паддаецца лячэньню, і невядома ці чалавек будзе далей жыць і разьвівацца, ці яго навекі загубяць націраньні скуры жывым серабром. Ён загінуў, цяпер ён назаўсёды загінуў. Яго кінула ў студзёны пот. Каму прызнацца ў тым, што нажыў сабе хваробу толькі дзеля распусты, толькі дзеля свайго няўменьня жыць? У яго пачыналі дрыжэць рукі й ногі. Ён схапіў тоўсты падручнік, ускочыў у інтэрнат і, дзівуючы ўсіх, як непрытомны, з голай галавой паляцеў у Прагу шукаць добрага доктара. На жаль, усе дактары прымалі цяпер толькі з паўдня, бо ранічны прыём быў прапушчаны – і самым раньнім быў прыём у дзьве гадзіны. Ён чуў, як жахліва часаліся яму грудзі, на тым месцы маляваў сабе жахлівыя раны, прагрызеныя бацыламі. Нарэшце дачакаўся жаданай хвіліны, з замёрлым сэрцам увайшоў да доктара. Малады асістэнт знакамітага доктара акінуў яго пільным поглядам і папрасіў прысесьці. Відаць было, што ўзрадаваўся прыходу Тугоўскага, бо пацыентаў у прыёмнай не было, і, напэўна, яго задаволіла б, каб у Тугоўскага была хвароба.

– Скажыце, доктар, – пачаў Тугоўскі трывожна, – як зьяўляецца другая стадыя сіфілісу?

– Другая стадыя? Зьяўляюцца цёмныя каштанавыя плямы па баках, пад мышкамі й на руках.

– А вось скажыце, што гэта за хвароба? – Ён паказаў свае грудзі й сам з цікавасьцю глядзеў на іх. Думаў: можа, на яго шчасьце, плямы ўжо прапалі. Але плямы, ружовыя і чырвоныя, красаваліся на грудзях, толькі ў меншым ліку і менш яскрава.

– Вось гэта? – зьдзівіўся доктар і пачаў пільна разглядаць плямы. Тугоўскі стаяў ні жывы, ні мёртвы, чакаючы, як засуджаны на сьмерць, свайго прыгавора.

– Ну гэта ня сіфіліс... Гэта проста так плямы, нічога небясьпечнага ня маючыя.

– Ад чаго яны зьяўляюцца? Яны сьвярбяць мне.

– Гэта ведаеце ад чаго? Ад нерваў. Вы студэнт? Так. Ну дык вось, колькі мне ні прыходзілася бачыць, дык у гэтых эмігрантаў-студэнтаў страшэнна расшатаныя нервы. Хочаце, нараблю вам гэтых плям па ўсім целе. – Ён пачаў рукой рабіць плямы, і яны, сапраўды, былі вельмі падобныя да толькі што высыпаўшых. – Я вам магу напісаць цэлае прозьвішча, – сказаў доктар і сапраўды нешта напісаў нагцём на скуры. – Гэта ня сіфіліс. І чаму вам улезла ў галаву, што ў вас можа быць другая стадыя? А першая стадыя ў вас была? У вас быў які-небудзь нарыў, які-небудзь прышч?

– Здаецца, нічога не было. Я быў у лекара, але ён нічога тады не знайшоў. Аднак у мяне пэўнасьці няма.

– Ну давайце паглядзім. – Ён пільна агледзеў Тугоўскага, потым нешта распаліў на сьпіртоўцы, дастаў нейкую іголку й, прамовіўшы: “Толькі не пужайцеся”, падышоў і ўзяў на канец іголкі крыху эпітэлію. Потым доўга разглядаў гэтую пробу пад мікраскопам. – Па-мойму, у вас нічога няма, – сказаў ён сумна, быццам не задаволены тым, што нічога не знайшоў. Але неасьцярожна кінутае слова “па-мойму” зноў запоўніла Тугоўскага смуткам. “Па-мойму” – сьведчыць аб недасканалым досьведзе гэтага маладога доктара, а запраўды могуць быць у яго жахлівыя бацылы. Дзе ж тады аб’ектыўная пэўнасьць?

– А ўсё ж ткі баюся, доктар, – сумна-сумна ўсьміхнуўся Тугоўскі. – Можа быць, я нашу ў сабе бацылы, толькі іх не ўдаецца знайсьці?

– Ну, вы дарэмна так думаеце. Але калі вы так думаеце – можна зрабіць вам Васэрманавы аналіз крыві.

– Во, калі ласка, – радасна ўчапіўся за гэтую думку Тугоўскі.

Доктар паклаў яго на аперацыйны стол, перавязаў руку вышэй локця, нацёр добра ватай з эфірам і потым усунуў у жылу іголку, падставіўшы пад яе прабірку. Чорная густая кроў плыла дарагімі кроплямі. Доктар нарэшце заляпіў рану пластырам і ўзяў прабірку. Усё было скончана.

– Праз чатыры дні будзе гатова, – сказаў доктар і наляпіў яго прозьвішча на прабірку.

Тугоўскі выйшаў ад доктара няпэўны. З аднаго боку, здавалася, не павінна быць трывогі, але, з другога, чатыры дні яшчэ трэба чакаць, каб ведаць свой лёс. Хто ведае, чым можа скончыцца ўся гэта гісторыя. І чаму ён ішоў за той паненкай у рэстаран? Як дзіка, як жахліва... Згубіў сваю нявіннасьць і навекі згубіў сваё здароўе. Як трагічна... Загінуў не ў імя вялікіх ідэяў, дзе-небудзь у турме, у барацьбе, як тыя героі-беларусы, аб якіх нясьліся чуткі з Бацькаўшчыны, а як брудны чарвяк у памыйнай яме жыцьця. Ах, сьмейся, паяц, над каханьнем Тугоўскага!

Цяпер чатыры дні ён будзе вісець над прорвай, чатыры дні ён ня зможа думаць ні аб чым іншым, як аб тым цёмным дне, куды можа зваліцца.

Сумна й нічога не заўважаючы навокал сябе ён ішоў па вуліцах Прагі. Непрыкметна выйшаў на бераг Влтавы. Купальны сезон быў у самым разгары. На вялікім паўвостраве пад назвай “Цэсарска лоўка” знаходзіўся шумны пляж, на якім грэліся на сонцы разам мужчыны й жанчыны ў купальных касьцюмах. Дзесьці ўдалечыні чуліся гукі патэфону й хлопалі адчыняемыя бутэлькі піва й ліманаду. Усё клікала да жыцьця, усё было ахоплена радасьцю жыцьця й раскідвала навокал пырскі сьмеху.

“Хоць бы пайсьці пасядзець на пляжы, пабачыць, як людзі жывуць”, – падумаў Тугоўскі і пераехаў на лодцы на вясёлы паўвостраў. Не пасьпеў вылезьці на бераг, як ужо нехта махаў яму рукой і клікаў па прозьвішчы. Тугоўскі пазнаў Тамашэвіча. Чырвоны, загарэлы, прыгожы й малады з сваімі доўгімі кудрамі, ён выклікаў зьдзіўленьне й зайздрасьць Тугоўскага. Цела – гэта, як чытаў Тугоўскі ў кнізе аб венерычных хваробах, яднаньне чыстаты й хараства, было сапраўды прыгожае ў Тамашэвіча, а не такое, як у яго, пакрытае жахлівымі плямамі.

– Ну што, купацца прыйшоў? – весела спытаў Тамашэвіч, паціскаючы руку Тугоўскага.

– Не, хачу пагрэцца на сонцы і на людзей паглядзець.

– Добрая рэч... Ну вітаю са стыпендыяй. Як жа цяпер, будзеш працаваць?

– Так. Цяпер трэба вярнуць загубленае...

– Ага... Памагла, напэўна, Маргарыта?

– Ды ну іх да ўсіх чартоў, гэтых Маргарыт, – махнуў рукой Тугоўс­кі, – дзеля іх толькі адно мучэньне й турботы.

– Ага... Значыць, перамог мой погляд. Значыць, ты становішся на грамадскі грунт. Вітаю.

Тугоўскі ведаў, што за апошнія часы Тамашэвіч зьмяніў свае адносіны да яго, жадаючы зацягнуць яго ў загранічны камітэт партыі эсэраў. Дзеля гэтага ён стараўся гутарыць з ім па-сяброўску, прыносіў тоўсты часопіс камітэту і расейскі часопіс. Але Тугоўскі й ня думаў паддавацца яго ўплывам.

– Маё заданьне цяпер пільна вучыцца, – прамовіў Тугоўскі.

– Ну, а што будзе з Маргарытай? Як я чуў, ты быў вельмі ў яе закаханы.

– Што было, то сплыло. Гэта няма чаго ўспамінаць.

– А ўжо ж, – засьмяяўся Тамашэвіч. – Толькі вось цікава... Ага... Яшчэ ўспомніў. Навіны пра Загорскага ведаеш?

– Не.

– Цяпер ён іграе бадзяжным музыкантам па рэстаранах. Усё ўспамінае цябе моцным словам за тое, што ты выгнаў яго з інтэрнату.

– Успамінае, – засьмяяўся Тугоўскі, – гэта вельмі добра...

– Так... Ён перажыў цэлую трагедыю. Адзін раз уначы сяджу я на адной станцыі ў Сьміхаве. Гляджу, ідзе Загорскі з чамаданам. “Куды так?” – пытаю. – Эх, разьбіта маё жыцьцё й каханьне. Чэшка мяне прагнала. Прыехаў яе брат-інжынер і зазначыў мне, што я павінен выбрацца падабру-паздарову, адкуль прыйшоў, інакш падасьць на мяне ў суд за шантаж. Ну што ж, сабраў свае інструменты ды вось і еду. На тое мы эмігранты, каб разьязджаць”.

Тамашэвіч засьмяяўся. Тугоўскі ня мог схаваць свайго задавальненьня і праз усьмешку казаў:

– Так і трэба такім здраднікам...

– Так што ты зараз ня маеш канкурэнта, і твая Маргарыта можа табе належаць цалкам, – засьмяяўся Тамашэвіч.

– Я спаліў усё, чаму пакланяўся, – зазначыў Тугоўскі.

– А ўсё ж такі... Чаго не бывае. А вось яшчэ навіна... Між іншым, твая Маргарыта стала камсамолкай і запісалася ў марксісцкі гурток.

– Вярхоўская? – зьдзівіўся Тугоўскі. – Яна, дачка папа?

– А ўжо ж, – засьмяяўся Тамашэвіч, – дачка папа – і камсамолка.

І ён, сьмеючыся, пакінуў Тугоўскага і пайшоў купацца. Тугоўскі гля­дзеў, як ён лёгка плыў па Влтаве, і думаў аб кінутай ім загадцы: дачка папа і камсамолка. Яна заставалася для яго маўклівым сфінксам, і ніякія, напэўна, сілы не маглі прымусіць яе раскрыць свае тайны. Устаў і, не чакаючы, пакуль Тамашэвіч вылезе з вады, пайшоў у самы цэнтр паўвострава, дзе гучаў патэфон і стаялі столікі з настаўленымі бутэлькамі. Хадзіць у вопратцы па пляжы было нязручна: ужо не адна жанчына касілася на яго, думаючы, што ён прыйшоў паглядзець на іх. Сеў за столік і папрасіў сабе бутэльку піва. У той самы час яе ён пачаў аглядаць навокал столікі, яго пагляд спаткаўся з пільным поглядам знаёмай жанчыны: за суседнім сталом сядзела ў купальным касьцюме Вярхоўская. Яна была, як русалка, і яе чырвоная шапачка вельмі йшла да ружовага і поўнага твару. Мокры касьцюм шчыльна аблягаў яе стройную фігуру і выдзяляў высокі бюст, ад усяго вобразу нясло маладым шалам і моцным здароўем.

Тугоўскі ад нечаканасьці пачырванеў і зьмяшаўся. Ён нават не адразу павітаўся з ёй. У яго не было ніякага жаданьня пераходзіць да яе за столік і пацешыць яе сваёй размовай. Але што было рабіць? Ён падышоў да яе.

– Вось дык сустрэча, – прамовіла яна сьмеючыся, – а я даўно тут сачу за вамі. Я думала, вы не захочаце падысьці…

– Што вы… Чаму б я не захацеў?

– Хто ведае, можа быць, вы яшчэ на мяне злуецеся? – Яна засьмяялася. – Калі ласка.

Ён перанёс сваё піва і пачаставаў яе.

– Дазвольце наліць вам за нашу сустрэчу…

– Так, за вашы посьпехі, за адраджэньне грамадзяніна Тугоўскага! – падняла яна шклянку.

Яны выпілі піва, задаволеныя і ўзбуджаныя ўзаемнымі паглядамі. Тугоўскі стараўся не глядзець на яе. Яму было крыху сорамна бачыць яе ў такім выглядзе, але як на злосьць вочы яго мімаволі ўпіраліся ў яе прыгожы і высокі бюст. Ён нікуды ня мог схаваць сваіх вачэй.

Яна сама прыкмячала гэту яго сарамлівасьць, што прымушала яе чуць сябе няпэўнай.

– Пачакайце, – прамовіла яна нарэшце, – за намі пільнуюць. Крыху нязручна. Адну хвіліну – я апрануся.

Вярхоўская вярнулася ў капелюшу, у прыгожым летнім убраньні, і яны пайшлі ўглыб паўвострава, удаль ад людзей па высокай і густой траве. Яна йшла блізка каля яго, і ён чуў яе пах, які ўзбуджаў яго, як тады, калі ён першы раз пакахаўся з ёй. Яна зьмяніла цяпер адносіны да яго, і па ўсім ён бачыў, што яна гатова была абаперціся аб яго руку і йсьці блізка каля яго ўсю дарогу. Якая насьмешка лёсу. Цяпер ён пачуў узаемнасьць жанчыны, каторую калісьці кахаў, цяпер, калі ў яго зьявіўся сіфіліс у другой стадыі. Яна ішла як ахвяра, ня ведаючы, каля якой жахлівай небясьпекі ішла, на каго хацела абаперціся, да каго даткнуцца сваімі гарачымі вуснамі. Яму стала шкода яе. Ён быў бы злачынцам, яго можна было б па законе пасадзіць у турму, каб зараз ён даткнуўся да яе і перадаў ёй жахлівую пошасьць.

Але яна ўзбуджала яго. Яна сама, быццам назло, вяла яго праз паўвостраў, далей і далей ад людзей – у поле, аблытваючы сьвядомасьць сеткай граху. Яны выйшлі ў поле і селі на траву. Стала цямнець. Ён узяў яе мяккую руку, каб пагадаць, як раптам, быццам непрыкметна, яго рука сьлізнулася па ўсёй фігуры. Яму падалося, што гэта будзе груба, і яна за гэта можа непрыемна аддзячыць яму, але яна не зварушылася. Ён схапіў яе стан і, як непрытомны, прыціснуў свой твар да яе пахучых валасоў.

– Што вы робіце? – шаптала яна, але не зварухнулася ні адным мускулам, яе рука пакорна ляжала ў яго руцэ, толькі яе рот сох, і гарэлі вочы.

“Што сапраўды я раблю! Я злачынца, я арыштант, я заражу яе сіфілісам”, – стукала калючымі малаткамі ў мазгу, але пасмы валасоў прыемна казыталі вуха. Ён, не памятаючы сябе, схапіў яе галаву, упіўся ў яе вусны гарачым даўгім пацалункам. “Няхай, – стукала ў скроні, – заражу яе моднай хваробай. Усё роўна яна камсамолка… Гэта ёй ўзнагарода за яе буржуазнае паходжаньне, за яе здраду з патрыцыем Загорскім”. І ён доўга цалаваў яе твар, быццам жадаў ува ўсе мейсцы пацалункаў уліць кроплі жахлівай атруты.

VI.

Тугоўскі не паказваўся ў Студэнцкім доме. Яму сорамна было паказацца на чужыя вочы, яго грызла безупынна сумленьне, што ён заразіў Вярхоўскую. Думка аб тым, што калі-небудзь Вярхоўская пабачыць на сваім целе жахлівую прыкмету хваробы, не давала яму ні днём ні ўночы спакою. Што ён нарабіў? І чаму ўласна лёс, ці выпадак, ці пракляты Сатурн зрабіў так, што яна ўзбудзіла ў ім пачуцьцё ў той момант, калі ён быў хворы, што яна пачула да яго нейкі наплыў сімпатыі і каханьне ў той момант, калі ён быў ахоплены новым росквітам хваробы. Ці не была зноў тут чыясьці злая і злачынная насьмешка? Хаця якая насьмешка? Такая самая насьмешка, як тая сіла прыроды, што гоніць чамусьці матыля на агонь і прымушае яго апаліць крылы? Разумнага ў гэтым няма нічога, а між тым гэта імкненьне матыля, і яго спыніць бясьсільна якая-небудзь логіка. Так сталася! Можа быць, ня чуў бы ў сабе ён гэтай жахлівай хваробы, ня меў бы крыху злосьці на жанчын наогул, віноўніц мужчынскіх пакутаў і хваробаў, і не насіў у сабе помсты да яе, Вярхоўскай, як адзінай віноўніцы таго, што ён адважыўся ісьці да начной дзяўчыны, – ня быў бы такім сьмелым, грубым, і магчыма ўсё пайшло б інакш. Але так сталася: чыясьці рука і ўплывы нейкага Сатурна зьвілі іх шляхі разам і прывялі да трагічнай разьвязкі. Цяпер, здавалася, усё было скончана. Калі б выявілася, што Вярхоўская сапраўды захварэла, яму ў Празе заставацца больш ня можна было б. Ня толькі таму, што пачаліся б сцэны, сьлёзы, лаянка, нараканьні, крыкі загубленай маладой жаночай душы, але й таму, што самы закон прывёў бы яго на турэмную лаву. Ён павінен быў бы ехаць як мага хутчэй. Яго стыпендыя і асьвета была б закінута ўжо канчаткова і беспаваротна.

Але куды ён мог бы паехаць са сьвядомасьцю таго, што ў Празе ён зрабіў вельмі брудную і ганебную авантурную справу, куды ён мог бы паехаць з бацыламі хваробы, што разьвівалася, безупынна, па ўсім целе? Дзе на якой частцы зямной кулі ён мог бы пачаць новае жыцьцё? Тады ўжо, напэўна, яму заставалася б толькі скончыць сваё жыцьцё.

З такімі думамі ён хадзіў па ваколіцах Прагі, па садзе інтэрнату і нідзе ня мог знайсьці спакою. Адзін раз за Прагай, на мурах старой крэпасьці Вышаграду, спаткаў ён беларускага студэнта Каруся.

– Ты як трапіў сюды? – спытаў той сваім моцным, як іерыхонская труба, голасам.

Пачалася размова. Мімаволі Тугоўскі, чые думкі былі занятыя толькі сваёй хваробай і тым жахлівым становішчам, з якога, напэўна, дрэнная дарога, прызнаўся, што яму давядзецца страляцца.

– Страляцца? – зьдзівіўся Карусь. – І ў цябе сапраўды гэтая знака­мітая хвароба ў другой стадыі?

– Так. Я думаю – сапраўды, хоць трэба будзе пачакаць яшчэ некалькі дзён да канчатковага высьвятленьня справы...

­­– Гм... Слухай... Вось што... Чым так страляцца, дык лепш загінуць у імя якой-небудзь ідэі. Усё роўна гінуць, дык лепш гінуць так, каб цябе хоць успомнілі будучыя пакаленьні. Слухай, дружа. – Ён паклаў сваю моцную і вялікую руку на плечы Тугоўскага і пільна пачаў глядзець у вочы. – У адной з суседніх з Чэхаславакіяй дзяржаваў у мяне ёсьць пэўныя людзі – загартаваныя ў барацьбе паўстанцы. Табе давядзецца нелегальна перайсьці граніцу і наладзіць з імі сувязь і сетку паўстанцкай арганізацыі... Калі б мы маглі аднавіць ва ўсёй дзяржаве тэрор з дапамогай украінскіх арганізацыяў, – мы маглі б сказаць, што зрабілі вялікую беларускую справу. Кроў чалавека мы пералілі б на алтар Бацькаўшчыны. А людская кроў ніколі ня гіне дарэмна і на гістарычных вагах важыць вельмі шмат. Дык чым губляць сваё маладое жыцьцё бяссэнсава, лепш загубіць яго з карысьцю для грамадзянства, у імя гісторыі. Праўду я кажу ці не?

Тугоўскі, які за ўсё жыцьцё і мухі не забіў, слухаў разважаньні Каруся пра тэрор зусім сур’ёзна, ня бачачы ў іх нічога фантастычнага. Яму здавалася, што ўсё ж ткі ў словах Каруся ёсьць логіка: замест таго, каб прыставіць дула рэвальвера да свайго чала, лепш прыставіць яго да чала ворага і ўжо потым скончыць з сабой. Прыдаць свайму жыцьцю апошнюю і прыгожую вартасьць.

– Праўду ты кажаш, – махнуў галавой Тугоўскі.

– Дай руку, – радасна прамовіў Карусь і паціснуў яго руку сваім жалезным поціскам...

– Слухай, дружа: ад гэтага часу я цябе буду лічыць сваім і запішу ў сваю вайсковую арганізацыю... Толькі дысцыпліна: каб аб гэтым нікому ні слова, нават сваім бліжэйшым сябрам. Ні адзін беларус не павінен ведаць аб нашай арганізацыі, асабліва з гэтага інтэрнату. Згодзен?

Тугоўскі задумаўся. Пакуль справа не выходзіла за рамкі агульных словаў аб гісторыі, аб беларускіх ахвярах, усё было добра: ён разумеў, што так трэба было, што гэта было нават прыгожа. Але калі яму трэба было практычна ўвайсьці ў нейкую тайную арганізацыю, ён пачуў нешта непрыемнае, арганічна яму няздатнае, быццам яго прымушалі спусьціцца ў цёмны склеп, напоўнены трупамі.

– Не, пачакай, братка, – прамовіў Тугоўскі ў роздуме. – Я павінен пачакаць яшчэ некалькі дзён, пакуль атрымаю ад доктара канчатковую вестку аб сваёй хваробе. Толькі тады я магу ўступіць у тваю арганізацыю, бо так ісьці на верную сьмерць я ўсё ж ткі ня згодзен. Гэта вельмі пахне авантурай. – І каб зьмякчыць сваё апошняе слова, ён усьміхнуўся і дадаў: – Я ж страляць яшчэ ня ўмею.

– Ня ўмееш? – засьмяяўся Карусь так, што па ўсім полі панясьліся раскаты сьмеху. – А як жа ты думаў сябе застрэліць? Ну гэта нічога. Будзеш прыходзіць да нас, мы цябе страляць навучым. – І праз хвіліну сур’ёзна зазначыў: – Слухай, дружа, я ўсё ж ткі буду цябе чакаць. Я сёньня выдаў табе таямніцу аб існаваньні нашай арганізацыі, а гэта, сам ведаеш, да чаго-небудзь цябе абавязвае. Пакуль што я ад цябе цяпер не адстану. Дам тры дні на разважаньне. Ну, бывай, даражэнькі. – Ён паціснуў руку Тугоўскага так, што ў таго хруснулі ў пальцах суставы.

Тугоўскі застаўся адзін на мурах старой крэпасьці, з якой людзі ўнізе віднеліся маленькімі мурашкамі. Ён глядзеў уніз, і яму ўсё жыцьцё стала цяпер здавацца толькі маленькім мізэрным ломцікам. Быццам ён вельмі вырас над усімі й глядзеў на ўсё з вышыні птушынага палёту. Карусь напоўніў яго такім нечаканым ідэалам, што ўвесь яго сьветапогляд, усё яго “я” раптам перавярнулася дагары нагамі. Ён прыдаў нечаканы зьмест яго жыцьцю, ён паклаў на Тугоўскага нават місію, вялікую гістарычную місію палітычнага змагара.

Што заставалася яму рабіць?

Праз некалькі дзён ён пачне гніць, і кавалкі яго цела будуць адвальвацца, значыць, ён павінен будзе прыняць якія-небудзь рашучыя меры. Гінуць, дык ужо запраўды лепш так, як зазначыў Карусь. Вялікія палітычныя змагары сучаснай рэвалюцыі былі такімі сьмелымі таму, што былі хворыя гэтай самай моднай хваробай.

Але каб дапусьціць, што ён зусім здаровы, ці ня мог бы, правядловей, ці не павінен быў бы ён і тады стаць на той шлях, які прапанаваў яму Карусь?

Што такое быў ён, Пётра Тугоўскі, у велізарнай чашы жыцьця? Адзінокая пясчынка, якая ляжала без усякага руху ў агульнай масе пяску. Адзінокі чалавек, не знайшоўшы свайго ўласнага шчасьця. Разьбітая маладосьць, што прадказвала жахлівую, сумную і студзёную старасьць. Сту­дзёная вясна, у якой замёрзьлі кветкі, пажоўклі лісты, як у восені, і ніколі ня ўстануць да жыцьця.

Сапраўды, што такое быў ён, Пётра Тугоўскі? Для чаго ж радзіўся ён? У імя чаго прыйшоў у гэты сьвет? У імя якой-небудзь мэты ці проста так сабе, як непатрэбнае пустазельле на полі? Ва ўсякім выпадку ён не прыйшоў у сьвет, як іншыя: думаць аб сваёй гаспадарцы і аб сваіх агародах. Яму брыдкае гэтае людское імкненьне разбагацець – накупіць болей зямлі, пабудаваць больш дамоў, на вокнах паставіць герані, павесіць клеткі з канарэйкамі і, шчасьліваму, сытаму, хадзіць па пакоях і слухаць прыбой людскога гора, можа быць, паплакаць, можа быць, кагосьці пашкадаваць, камусьці працягнуць руку дапамогі. Ён ненавідзеў гэтых сытых і задаволеных людзей і называў іх мяшчанамі.

Мяшчане – гэта самы брыдкі від чалавека, які нагадвае, што чалавек недалёка адышоў ад жывёлы. Тугоўскі не радзіўся для таго, каб хваліць гэты сьвет толькі таму, што ў яго быў белы хлеб. Ён не крычаў бы так, як крычаў гэты мешчанін у Харкаве падчас улады дабравольчаскай арміі, калі па вуліцах вялі на расстрэл сотні людзей, не крычаў бы толькі таму, што ў яго зьявіўся кавалак булкі. Тугоўскі ня ведаў, што такое ўласнасьць, ніколі не імкнуўся да яе. Бацька яго ня мог пакінуць яму ні пакоя, ні якой-небудзь мэблі, ні якога-небудзь кавалачка агароду. Нічога не было ў жыцьці ў Тугоўскага. Ён быў вольны, абсалютна вольны, па-евангельску, як птушка нябесная. І галоўнае, што ў яго не было ніякага жаданьня завесьці сабе ўласны дом, шыкоўную мэблю, добры аўтамабіль. Ён ненавідзеў усіх, хто думаў аб гэтым, асабліва тых, хто сам, заводзячы ўласныя дамы і мэблю, лічыў сябе пры гэтым рэвалюцыянерам і сацыялістам.

Словам, Тугоўскі быў, з пункту гледжаньня большасьці людзей, дзівак, абсалютны нуль у практычных адносінах. Самая простая баба на рынку магла яго засьмяяць і абдурыць.

Так, не для гаспадаркі прыйшоў у гэты сьвет Тугоўскі. Ён быў “лішні чалавек”, нікому не патрэбны, ні для каго не цікавы: не для гэтага сьвету створаны. Яго пацягнула ў “вышэйшыя сферы”, хапаць зоры з неба, але, на жаль, ён не нарадзіўся ў сям’і барона, яму як на злосьць давялося штодня змагацца з чорным практычным жыцьцём, самому рабіцца практычным і вечна думаць аб кавалку хлеба. У гэтым было яго няшчасьце. Ён бачыў, што дзеля яго непрактычнасьці яму нічога не ўдаецца. Справа якая-небудзь, за якую ён браўся, гінула праз нейкі час з-за яго кіраваньня. Адсюль ён стварыў тэорыю, што яму нічога не ўдаецца, і на падставе гэтага паверыў астральнаму чалавеку, што нарадзіўся пад планетай, якая не дае шчасьця.

А калі гэта ўсё так, дык што рабіць яму? Усе лішнія людзі канчалі жыцьцё самагубствам або шукалі якога-небудзь сэнсу жыцьця. Знакаміты літаратурны бацька лішніх людзей Рудзін Тургенева, напрыклад, памёр ў Францыі на барыкадах. І чаму ж нарэшце яму, Тугоўскаму, лішняму чалавеку, не знайшоўшаму нідзе ўласнага шчасьця, не аддаць свайго жыцьця для шчасьця іншых, для агульнага шчасьця пакрыўджаных, абражаных і галодных масаў. Што было ў яго жыцьці такога, чым ён мог яшчэ даражыць? Сваё гняздо, дзе было б цёпла і міла, куды б ляцелі адусюль успаміны? Дык ён яго ня меў з дзяцінства. Багацьце заслужанае, імя, слава – назовы, аб якіх ён ня меў ніякага паняцьця.

Можа быць, ласкі жанчын? Можа быць, яны маглі яшчэ даць яму ў жыцьці насалоды і радасьці? Ах, гэтыя ласкі... Колькі ён імкнуўся да іх, як прагавіта раскрываў свае вусны, але кожны раз дарэмна! Аднойчы, толькі некалькі дзён назад, ён пакаштаваў гэты салодкі напітак ласкаў, і вось якім горкім ён аказаўся! Словам, нічога ў яго жыцьці не было такога, чаго ён мог чакаць, чым даражыць. І можа быць, таму ён павінен, па Евангельлі, пастаяць “за другі свая”? Можа быць, у гэтым і ёсьць сэнс, у імя якога прыйшоў ён у гэты сьвет? Можа быць, таму ён і створаны лішнім чалавекам, каб, ня маючы пры сабе ні агароду, ні хаты, ні канарэйкі, з вольным сэрцам і з сьветлымі думкамі мог пайсьці на сьмерць за тых, у каторых, як і ў яго, таксама няма ні агароду, ні свайго мейсца на сьвеце. Можа быць, тыя людзі, якія памерлі дзеля рэвалюцыі, былі таксама лішнімі?.. Можа быць, у тых людзей быў адзін прынцып, адно жаданьне – увайсьці ў жыцьцё, той самы ідэал, каторы абвясьціў ён, Тугоўскі, у сваёй прамове на акце ў беларускай гімназіі.

Успаміны палезьлі ў галаву. Успаміналася далёкая Бацькаўшчына, зялёны стол у паркетнай зале, залітыя сьвятлом твары педагогаў і вучняў, музыка і бадзёрыя прамовы. Усё цяпер улівала яму сілы, усё давала яму веру ў тое, што нарэшце яго жыцьцё атрымае сэнс, ён здабудзе тое, аб чым з запалам зазначаў перад педагогамі і вучнямі...

На мурах Вышаграду сьцямнела. Трэба было вярнуцца дахаты. Тугоўскі йшоў, чуючы, што на яго грудзях гарэлі чырвоныя і ружовыя плямы. Што будзе з ім, сіфілітычным? Але ён ужо не баяўся: ён бачыў, што выхад знойдзены. У Празе ён быў ахоплены шумным жыцьцём, разьбіўшым яго пэўнасьці...

На момант яго зачапіла думка: ці хопіць у яго сілы: ён жа нарадзіўся пад Сатурнам? Будзе тое, што ён загубе ўсю арганізацыю... Але праз хвіліну вырашыў, што як бы там ні было, загіне ён сам, а не арганізацыя...

Ва ўсякім выпадку, што б ні здарылася, які б адказ ні даў доктар, праз некалькі дзён ён скажа Карусю, што згодзен уступіць у яго арганізацыю.

Эпілог

І

Белым сьнегам пакрыліся вуліцы Залатой Прагі. Вулічныя ліхтары матавым бляскам разьлівалі сваё сьвятло і здаваліся толькі сьветлымі плямамі ў крузе, заслаўшым усё неба. Адзінокія людзі стараліся хутчэй праляцець па вуліцах і зьнікнуць у спакойных мурах будынкаў. У гэты час на рагу вуліцы каля Народнага дому спыніліся два чалавекі: адзін быў вельмі высокі, голас яго гучаў раскатамі грома, другі больш нізкі й спакойны, і больш слухаў, чым гутарыў.

– Значыць, браце Тугоўскі, – казаў раскацісты голас, – заўтра спаткаемся на станцыі? Ты заедзеш у Падкарпацкую Русь, а там праз Карпаты і праз мяжу мы ўжо ўмовіліся... Рашано?

– Так, цьвёрда і беспаваротна, Карусь. – І большы паціснуў руку меншаму. Яны ўвайшлі, вясёла размаўляючы зусім не аб сваёй паездцы, у асьветлены Народны дом. Там было поўна народу. Па ўсіх залах чуліся самыя розныя мовы, і самыя стракатыя вопраткі эмігрантаў спатыкала вока. У Народным доме мелася адбыцца лекцыя расейскага прафесара Мілюкова – па нацыянальным пытаньні ў Расеі, а пасьля яе павінны былі пачацца дыскусіі. Па тых настроях, якія чуліся ў гуляўшым па зале натоўпе, можна было чакаць, што дыскусіі будуць вельмі цікавыя.

У натоўпе бачылася нямала беларусаў. Старшыня Рады БНР Крэчэўскі насіўся па зале, патрасаючы сваёй біблейскай барадой. Міністры Заяц і Случанін з жонкай разгублена азіраліся па баках і сарамліва ўсьміхаліся знаёмым. Вярхоўская гуляла ў натоўпе камсамольцаў, але вочы яе шукалі Тугоўскага. З таго часу, як іх вусны зблізіліся на пляжы каля “Цэсарскай лоўкі”, яна мімаволі цягнулася да яго і думала аб ім. Тугоўскі ўвайшоў у залу і спакойна акідваў паглядам прысутных. Яго вочы гарэлі, але ў іх не было трывогі. Нарэшце ён пабачыў Вярхоўскую.

– Пойдзем на гару, на балкон, – прамовіў, прывітаўшыся з ёй. – Там будзе лепш відаць.

Яны прайшлі па засланай шырокім каберцам лесьвіцы на балкон і селі ў ложу над самай сцэнай. Тугоўскі глядзеў на яе з цікавасьцю, чуючы, што глядзіць на яе ў апошні раз. Ён быў спакойны. Доктар сказаў, што ў яго ніякай хваробы няма, і, значыць, ён ня мог заразіць Вярхоўскую. Уся дарэмная трывога прайшла.

Але нягледзячы на тое, што ён здаровы, уступіў у тайную арганізацыю Каруся і заўтра адпраўляўся ў дарогу.

– Вы даўно ўжо не паказваліся ў Студэнцкім доме. Зноў з вамі якая-небудзь гісторыя? – засьмяялася яна, акідаючы яго сваімі прыгожымі вачыма.

– Вы правы, гісторыя, – неахвотна зазначыў Тугоўскі й пачаў глядзець на сцэну. Якраз у гэты момант зазьвінеў званок і старшыня папрасіў усіх заняць свае мейсцы. Прафесар Мілюкоў сеў за столікам каля кафедры.

– Слова мае былы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Крэчэўскі.

Стары Крэчэўскі сканфужана ўзьлез на сцэну і, відаць, хвалюючыся, што атрымаў слова першым, пачаў:

– Буду казаць менш за ўсіх, бо паважаны дакладчык менш за ўсё казаў аб беларусах. На працягу сваёй гісторыі мы чулі на сабе цяжкую руку Масквы, зьнішчыўшую нашу культуру. А між тым гэта культура была ў той час, як Масква пачыналася – у Полацку ўжо была гімназія, і з Полацку выпраўляліся маладыя людзі вучыцца за мяжу. Масква зьнішчыла ўсё, у 1859 годзе было забаронена друкаваць беларускія кнігі...

Крэчэўскі адным вокам усё паглядваў на Мілюкова, быццам баяўся, што той зараз выступіць з абвяржэньнем прыведзеных ім фактаў. Але Мілюкоў толькі спакойна запісваў усё ў сваю кніжку.

– Мы заяўляем, – закончыў Крэчэўскі, – што пакуль ёсьць раб і пан, супольнай размовы і супрацоўніцтва быць ня можа.

І ён пакінуў сцэну пад гром воплескаў. За Крэчэўскім выступіў прадстаўнік каўзказскіх горцаў. Высокі, у новай чэркесцы, з кінжаламі, сваёй прамовай ён зрабіў велізарнае ўражаньне на прысутных.

– Мы, каўказскія горцы, заяўляем, што Расея нішчыла цэлыя плямёны горцаў. Грамадзяне, – ён стукнуў пальцамі па нейкай паперцы, – я вам пакажу карты, дзе вы пабачыце, што зараз няма шмат назоваў нашых плямёнаў. Дзе яны? Яны зьнішчаныя расейскай уладай з твару зямлі. Але, грамадзяне, у нашых сэрцах яшчэ жывуць запаветы вялікага Шаміля, іншых нашых правадыроў. Мы вымагаем, каб нам далі магчымасьць збудаваць сваю саклю на скале, няхай недасканалую, але каб гэта была наша ўласная сакля.

За прадстаўніком каўказскіх горцаў выступіў прадстаўнік Грузіі:

– Мы ніякая не Расея, ні Жоўтая Расея, ні Маларасея... Мы – Грузія, – казаў ён. – У нас была высокая культура, нашыя грузінскія цары пасылалі сваіх жыхароў вучыцца за мяжу, калі Масква была цёмнай вёскай. Што сталася цяпер з Грузіяй пасьля доўгага панаваньня Расеі?.. – Грузін намаляваў жахлівы малюнак... – Пасьля гэтага, я думаю, – закончыў ён, што ў нас ня будзе ніякага жаданьня яшчэ раз увайсьці ў склад Расеі.

За грузінам пачалі свой арганізаваны паход украінскія прафесары. Адзін з іх, выдатны гісторык у залатых акулярах, пачаў даўгую лекцыю аб тым, як разьвівалася ў украінцаў нацыянальная сьвядомасьць, і потым закончыў:

– І пасьля гэтага паважаны дакладчык мае яшчэ сьмеласьць заявіць, што ўвесь украінскі рух пачаўся на нямецкія грошы.

– Правільна! – закрычалі з усіх бакоў расейцы.

– Ганьба! – не стрывалі ўкраінцы й ускочылі са сваіх месцаў.

У зале ўзьняўся перапалох. Адна хвіліна – і ўсё магло скончыцца агульнай бойкай. Але дзякуючы прысутнасьці духу старшыні, усё скончылася добра. Дыскусіі маглі працягвацца.

Зноў выступілі ўкраінцы і грузіны. Усе аднадушна выступалі супраць улады Расеі і заяўлялі аб тым, што жадаюць незалежнасьці.

Нарэшце, слова атрымаў сам дакладчык Мілюкоў. Ён падняўся страшэнна сканфужаны і некалькі хвілінаў ня ведаў, што яму казаць. Ён пачаў аб дэмакратыі з дыскусіі некаторых прамоўцаў, а потым зазначыў:

– Тое, што мы чулі сягоньня тут, безумоўна, вельмі нас зьдзівіла. Ну што ж, грамадзяне, з тым і разыдземся. Але думаю, што ўсё ж ткі вы без Расеі не абыдзецеся.

Усе пачалі разыходзіцца. Крэчэўскі выйшаў, вітаемы ўсімі беларусамі і знаёмымі эмігрантамі. Міністры Заяц і Случанін чулі сябе больш пэўна і рухліва, аб чымсьці гутарылі з украінцамі. Тугоўскі правёў Вярхоўскую праз натоўп і выйшаў з ёй з багатага і пышнага Народнага дому на вуліцу.

– Дазвольце вас падтрымаць, – прамовіў Тугоўскі, нахіляючыся да яе.

– Калі ласка, – яна падала яму сваю руку. Яны пайшлі не сьпяшаючыся, адны па цёмных вуліцах.

– Ну як вам падабаецца сёньняшні мітынг? – спытаў Тугоўскі.

– Мне? – у яе голасе чулася радасьць. – Гэта было нешта надзвычайна прыгожае па сваёй аднадумнасьці. Падумаць, 23 аратары, усе, як адзін чалавек, заявілі: ня хочам больш Расеі.

– Так... Сапраўды прыгожа. А мне гэты мітынг падабаецца зусім па іншай прычыне, – задуменна сказаў Тугоўскі. – Бо апошні раз бачыў я раскошны будынак, сьцены ў люстэрках, лесьвіцы, засланыя каберцамі, і ў апошні раз сядзеў з вамі.

– Як у апошні раз? Што вы гаворыце?

Тугоўскі замаўчаў. Ён падумаў: “Сказаць ёй усю праўду, ці прамаўчаць?”

– Так, праўда, – засьмяяўся ён. – Я крыху займаюся магіяй і магу прадбачыць будучыню. Я чую, што заўтра нешта будзе са мной. Можа быць, захочуць абрабаваць, можа, нават забіць, але заўтра нешта будзе са мной благое.

– Што вы кажаце глупства... Кіньце. А то я пачну пазяхаць.

Яна стала казаць аб выступленьні Крэчэўскага, аб беларускіх міністрах Зайцу і Случаніну і аб тым, як іх абсьмяялі ў толькі што выйшаўшым камсамольскім часопісе.

Тугоўскі слухаў мала. Ён толькі прыслухваўся, наколькі яна жыва ўваходзіла ва ўсю справу, аб якой гутарыла... Наколькі яна ўсё блізка прымала да сэрца.

– Для мяне вы ўсё ж ткі загадка, – прамовіў ён. – Наколькі я ведаю, вы дачка папа і разам з тым крайне левая марксістка. Я гэтага не разумею.

–Так, – успыхнула яна, і голас яе задрыжэў. – Я дачка папа. Здаецца, гэта нічога ня значыць. Ленін быў дваранінам. Усё залежыць ад таго, якія абставіны акажуцца рашаючымі і зробяць уплыў на чалавека. Я расла ў абставінах поўнай свабоды. Мой бацька-поп ніколі не хадзіў за мной па сьлядах і ніколі не пярэчыў мне, бо вельмі любіў мяне. Пры тым трэба зазначыць, што я вырасла, і мой ідэал аформіўся ўжо ў часе рэвалюцыі. Я вырасла на кнігах Пісарава, Чарнышэўскага, Маркса. У Харкаве, куды мы пераехалі падчас вайны, на мяне вялікія ўплывы мелі педагогі, першымі вітаўшыя рэвалюцыю. Потым я прыняла чынны ўдзел у грамадскай справе і была старшынёй рады старастаў нашай гімназіі. З бацькам у мяне па гэтым выпадку мала было канфліктаў. Пры радзянскай уладзе стала горай, і мы пераехалі зноў на Бацькаўшчыну, якая ўжо апынулася пад Польшчай. Цяпер, зразумела, я стала іншай, і ў мяне з бацькам былі жахлівыя канфлікты. Я думаю, мы ня зможам з ім жыць пад адной страхой.

Тугоўскі глядзеў на яе збоку і ўспамінаў.

– Вы былі ў Харкаве? – запытаў ён. – Мне здаецца, я вас бачыў тады. Я быў вучнёўскім камісарам і прыйшоў у вашую гімназію запрашаць на сьвята адзінай працоўнай школы. Вы аказаліся адны ў класе, і я вам перадаў плакаты і адозвы.

– Так, так. Прыгадваю. Гэта былі вы. І вы настрашылі тады ўсю гімназію і прымусілі заўтра ў поўным складзе на чале з дырэктаркай зьявіцца пад пагрозай зачыненьня школы.

Тугоўскі засьмяяўся.

– Так, так, – кіўнула Вярхоўская. – Ах, як гэта далёка. І як даўно мы знаёмыя з вамі.

– І як мы мала ведаем адзін аднаго, – дадаў Тугоўскі.

– Чаму, можа быць, пачынаем ужо разумець? А вось мы і прыйшлі.

Яны спыніліся каля вялікага каменнага будынку, асьветленага агнямі.

– Зайдземце да мяне. Адпачнем. Вы ў мяне не былі. Адзін раз вы так груба адмовіліся.

– Ах, выбачайце. На гэта былі свае прычыны.

– Ну так, магчыма... Я на вас не злуюся. Заходзьце, калі ласка.

­­– Ведаеце, крыху нязручна. Такі позьні час. Што можа падумаць вашая гаспадыня?

– Нічога. У мяне заўсёды бываюць да позьняга студэнты.

Яны падняліся на другі паверх і пазванілі. Згорбленая старая ветліва адчыніла дзьверы і ветліва пакланілася Тугоўскаму. Пакой Вярхоўскай быў вельмі прыгожы, з шырокай пасьцельлю, пакрытай пышнай пярынай, з вялікімі люстрамі, белай туалетнай скрыняй, з пісьмовым сталом і мяккай мэбляю. Пахла прыемна парфумамі.

– Распранайцеся, – прамовіла Вярхоўская, – вось вешалка, а я тым часам падрыхтую гарбаты.

– Выбачайце, я доўга не магу ў вас быць.

– Ну нічога. Я зараз. – Яна выйшла, пакінуўшы Тугоўскага аднаго і хутка вярнулася. – Ну вось і гарбата, – прамовіла, несучы дзьве шклянкі. Старая ззаду несла пячэньне.

–Вы ідэальна ўлаштаваліся ў Празе, – сказаў Тугоўскі, калі старая выйшла.

– Так, пакой добры, цёплы. Адна бабулька, якая не лянуецца мне зварыць гарбату і зраньня каву... Нічога, я задаволеная. Ну, калі ласка. Піце. Будзьце як дома. Мы належым да народу, каторы сёрбае, – засьмяялася яна, глытаючы гарбату. – Памятаеце ў Гарэцкага ў “Дзьвюх душах”: прапаршчык Абдзіраловіч сербануў гарбаты...

– Так, – усьміхнуўся Тугоўскі, – што зробіш: беларусам не даводзіцца блішчэць манерамі. З пражскіх беларусаў манеры былі хіба ў Загорскага.

– Ах, не ўспамінайце болей мне гэтага імя. Я цярпець яго не магу.

– Але ж вы кахалі яго, Галена Уладзіміраўна?

– Кахала, не хаваю. Але цяпер ён мне брыдкі такі, што я проста ўспамінаю часы, каторыя праводзіла з ім разам, з дрыжыкамі па целе. Якія ўсё ж ткі мы дурныя. Мы, жанчыны, ня бачым, што пад маскай часта хаваецца пусты чалавек...

– Такое прыемна чуць зараз. А колькі я мучыўся з-за гэтага. Колькі пакутаў перацярпеў ад вас. І цяпер мучуся. І нават сёньня, у гэтай начы, ня ведаю нічога пра сваё каханьне.

– Каханьне трэба заслужыць, – пачырванеўшы, прамовіла яна.

– Правядлова, Галена Уладзіміраўна, але мне некалі будзе служыць...

– Як гэта некалі?

– Заўтра я еду ў Карпаты, каб у Карпатах перайсьці польска-чэшскую мяжу.

– Заўтра вы едзеце ў Карпаты? – прыўстала ад зьдзіўленьня Вярхоўская.

– Еду, Галена Уладзіміраўна. Я прыйшоў да вас, каб сказаць вам апошняе “даруй”.

–Як жа так? Выбачайце, не разумею. А вашая навука, а ваш дыплом інжынера?

– Вы хочаце, напэўна, сказаць: а вашыя засеяныя агароды, а вашыя ўтульныя пакоі з наседжанымі гнёздамі, цяпло, канарэйкі на вокнах? Мяркую, аб іх ня думаў, калі ўзрываў Зімні палац, аб гэтым ня думаў Каліноўскі, студэнт з-пад Вільні...

– Эх, вось як... Дык, значыць, вы хочаце быць новым Каліноўскім?

– Я ня думаю, Галена Уладзіміраўна, аб вялікай ролі... Можа быць, мая праца будзе зусім маленькай, нявартай нават увагі, можа быць, я нават загіну яшчэ ў сьнягах Карпат пры самым пераходзе мяжы, але я сваё бязьлітаснае жыцьцё пакладу ў імя справы. “Сваю кроў аддай за свайго меншага брата, народ, каторы я не перастаў кахаць са ўсімі яго заганамі”... Вы, крайне левыя, вы, рашучыя рэвалюцыянеры, кахаеце народ толькі тэарэтычна, але самі баіцеся ўвайсьці ў яго брудную хату і апрануць яго кажух, бо ён сьмярдзіць. Я не баюся жывога народу. І калі яму патрэбна маё жыцьцё, калі для таго, каб ён вярнуўся да жыцьця, патрэбна мая ахвяра, я аддаю сябе ўсяго з рашучай гатоўнасьцю. Вы маеце зьдзіўлены твар, Галена Уладзіміраўна. Вы хочаце, напэўна, сказаць: як гэты неўрастэнік Тугоўскі, гэта забітая істота, гэты некультурны дзікун, раптам апынуўся ў ролі рэвалюцыянера. Вы правы, можа быць, гэта дзіўна. Але гэта лагічна, калі вы, прыпомніце, што ў гэтага неўрастэніка больш нічога каштоўнага не засталося ў жыцьці. Засталася адна глыбокая нянавісьць да сучаснага ладу і да ўсіх сытых мяшчанаў.

Вярхоўская яго ўважліва слухала.

– Усё гэта так, – прамовіла яна сур’ёзна. – Вашая нянавісьць да сучаснага ладу пахвальная, але хіба дзеля гэтага трэба пераходзіць Карпаты, трэба ў кагосьці кідаць бомбы і выбіваць шкло ў будынках? Няўжо няма іншых спосабаў выявіць сваю нянавісьць, хаця б, напрыклад, культурным спосабам. Мне здаецца, якраз для беларускай справы вы былі б больш карысны, як інжынер, чым як бомбакідальнік.

– Аб гэтым ня будзем спрачацца, – спакойна, але цьвёрда зазначыў Тугоўскі. – Вы мне ні ў чым ня пара. Ну дапусьцім, што страляць у іншых, каб потым быць самому расстрэленым, ёсьць асаблівы від самагубства. Я выбраў сабе гэты від самагубства, бо лепшага не знайшоў і ўсё... Якія тут могуць быць яшчэ гутаркі? Так што Галена Уладзіміраўна, – ён падняўся з крэсла, – дзякую вам за гарбату, за вашую ласку... – Ён узяў яе мяккую руку і пацалаваў пальцы працяжным доўгім пацалункам. – Бывайце. Не хачу казаць – назаўсёды, але – навекі... Болей мы ніколі, ніколі не спаткаемся. – Ён пачаў апранацца, каб схаваць свае сьлёзы. Яна адвярнулася з поўнымі сьлёз вачыма... – Што ж, яшчэ раз, Галена Уладзіміраўна, хачу разьвітацца з вамі, – сказаў ён ужо апрануты, павяртаючыся да яе. – У даўніх апавяданьнях герой перад расставаньнем прасіў ад сваёй гераіні які-небудзь талісман на дарогу і па­міраў з імем каханай на вуснах. Праўда? – ён засьмяяўся.

– Праўда! – адвярнулася яна, сумна ўсьміхаючыся. – Толькі каб не выглядала вельмі сьмешна...

– Так, можа быць... і без талісману... Калі-небудзь у турме я буду думаць пра вас. Ну, бывайце. – Ён працягнуў ёй руку.

– Памятайце, калі вы ўжо сталі на такі шлях, будзьце больш цьвёрдым і адважным. Жадаю вам посьпеху.

Ён ня вытрымаў. Прыцягнуў яе да сябе, апошні раз пацалаваўшы яе гарачыя вусны, калі яны выйшлі разам на вуліцу. Прага спала спакойным сном.

Яна доўга глядзела ў цёмную далячынь. Ён усё аддаляўся ў чорныя нетры, пакуль не схаваўся ад яе навекі...

* * *

У Карпатах бушавала мяцеліца. Нехта крычаў, нехта валіўся бясьсільны ў сьнег, зноў падымаўся і зноў ішоў, і зноў крычаў. Але голасу яго ня чулася за выцьцём ветру ў гарах. Нарэшце, чалавек зваліўся ў сьнег. Ён зразумеў, што заблудзіўся і што больш ня мае сілы змагацца з бурай. Усё было скончана. Ён зьняў дарожную сумку, выбраў усе дакументы, каторыя маглі паказаць хто ён, дастаў сернікі і пачаў паліць усё, што было з ім. Вецер сярдзіта разьдзімаў полымя і раскідаў іскры па глыбокім сьнезе.

«А цяпер, – сказаў ён сам сабе, калі ад паленай паперы засталіся на сьнезе толькі чорныя кавалкі попелу, – будзем замярзаць у Карпатах. Кажуць, што замёрзнуць – самая лёгкая сьмерць. Паглядзім...»

Ён сеў у гурбіну сьнегу, паправіў кажух, лепш наставіў каўнер і прыгатаваўся да сьмерці.

Вецер кружыўся над ім, кідаў у яго велізарнымі камякамі сьнегу, злосна сьвістаў над яго галавой і доўга рагатаў над ім, як над сваёй бясьсільнай ахвярай. Чалавек думаў. Мозг працаваў востра і напружана, чакаючы жаданы і хутчэйшы сон сьмерці, але ён ня йшоў. Толькі жахліва студзянелі пальцы рук і ног.

«Я замерзну ня хутка, – думаў чалавек, – але мяне можа занесьці гэтым сьнегам», – і ён жахліва паглядзеў каля сябе на ўсё растучую сьнегавую гару. Ён зрабіў апошні высілак волі, паспрабаваў падняцца, але зараз жа зноў утапіўся ў сьнежнай яме. Ісьці не было магчымасьці. Ён зава­ліўся і заплакаў. І адразу ж спомніў ўсё-усё сваё жыцьцё. Яно праняслося адной электрычнай іскрай, успыхнула, як магній пры фата­графіі, і пагасла ў цемры... Яму падалося, што ён бачыць асьветленыя вокны, хату на далёкай Бацькаўшчыне, сваю старую матку за калаўротам, якая апавядала яму казкі. І раптам уся Беларусь з дымам печаў, з пахам вячэры, з яе сьвятамі, з п’янымі вечарынамі вырасла перад яго вачыма. Ён чуў усю горыч свайго становішча, увесь жах сваёй сьмерці пад навалай сьнегу. Сьлёзы жалю накручваліся на вачах. «Эх, шкода, – з адчаем падумаў ён, – што скончана пытаньне. Няма больш на сьвеце Тугоўскага, і добра ці дрэнна гарэла сьвечка яго жыцьця, па насьмешцы лёсу яна дагарэла ў Карпатах. Яна кончыла гарэць ня там, дзе ёй трэба было, не на алтары беларускага народу. І, можа быць, калі-небудзь, калі будучыя пакаленьні выйдуць у белай вопратцы са сьцягамі й штандарамі вітаць новае жыцьцё вольнай і братэрскай сям’ёй, калі ў велізарнай храміне, на франтоне якой літарамі будзе напісана: «Вольная Беларусь», запаляць сьвечкі на ахвярніку – напэўна, ні адна сьвечка не запаліцца за яго, невядомага Тугоўскага, невядомай ахвяры цемры.

Ну што ж... Няхай даруе яму Бацькаўшчына за тое, што ён не зрабіў для яе. «За кроў яго, агульную з народам, даруй, о родны край, даруй...»

Сьнег яшчэ больш густымі камякамі пачынаў кружыцца над яго галавой. Вецер сьмяяўся. Як бязьлітасны кат, ён чакаў яго сьмерці і рагатаў над яго апошнімі думкамі.

«Бывай, Карусь. Ах, ня выканаў тваіх заданьняў. Бывай, Вярхоўская... Цяпер, напэўна, цёпла і ўтульна ў тваім пакоі. Вось за сталом у кампаніі Бурак з сваёй графіняй. Ён цяпер, напэўна, інжынер, працуе ў чэшскай фірме і будуе масты. А вось стары знаёмы, медык Загорскі. Ён застаўся халасьцяком. Ён цяпер працуе, як казённы лекар, сьпецыялізуецца па жаночых хваробах. У яго ўжо ўласны аўтамабіль, і хто ведае, можа быць, хутка будзе ўласны дом.

Як міла, як утульна ім, мяшчанам, у сваіх гнёздах...

А я замярзаю...

Ён дастаў качанеючымі пальцамі запіскі «Споведзь самагубцы. Кніга для ўсіх і ні для кога» і чорнымі літарамі прыпісаў: «Я не дайшоў да хаты. Перад сваёй сьмерцю заяўляю: а ўсё ж ткі ёсьць людзі, над якімі сьмяецца лёс, а ўсё ж ткі ёсьць людзі, каторыя нарадзіліся пад Сатурнам».

Сьнег усё йшоў. Сьнег засыпаў белай прасьціной жыцьцёвыя пытаньні...

У Карпатах безупынна бушавала бура...

* * *

«Споведзь самагубцы. Кніга для ўсіх і ні для кога».

Сёньня, калі прыгожы восеньскі дзень разьліе сваю чырвоную кроў на захадзе, і калі ён пачне сінець, і калі наступіць вечар, у лес да соснаў прыйдзе чалавек, каб пагутарыць апошні раз. Ён скажа так: «Роўна 24 гады таму назад у маленькім месьце, у сям’і работніка, у склепе, нара­дзіўся чалавек. Ці ведаеце вы, дзеля чаго нарадзіўся гэты чалавек? Кажуць: «Чалавек родзіцца для шчасьця, як птушка для палёту». Але пароды птушак бываюць розныя, і палёты бываюць розныя...

...Людзі, як птушкі, бываюць рознай пароды. Адны роджаны дзеля таго, каб стаць вераб’ямі, і як бы яны ні хацелі, ім не падняцца вышэй страхі маленькай хаты, не адляцець далей гнойнага месца чалавечага жыльля. Другія ж родзяцца сокаламі, каб лётаць высока ў небе і клікаць да гордай волі і сьвятла. Такі закон жыцьця. Але ня ўсімі ён пазнаецца і прызнаецца. Ёсьць такія людзі, каторыя толькі на канцы свайго шляху, перад адчыненай труной, даведваюцца, што яны былі вераб’ямі, а ёсьць такія, што насуперак фактам ня хочуць прызнацца, што яны – маленькія вераб’і...

Ад гэтага трапляюцца часта розныя трагедыі. Бяда, калі ў чалавека-вераб’я жаданьні непамерныя з яго крыльлямі. Бяда, калі законы жыцьця кожны раз ламаюць яго пёры і прымушаюць апускацца ніжэй і ніжэй...

...Бяда таксама тым, што вельмі рана пазнаюць гэтыя законы жыцьця і апусьцяць крыльлі. Блаславенны тыя, якія нічога ня ведаюць, бо яны будуць у царстве сна і здароўя...


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster