У той край, дзе я рос пад клёнам,
Дзе на сьпелай куляўся траве, —
Шлю паклон вераб’ям і варонам,
І плакуньні начной – саве.
Сяргей Ясенін.
І
Пад нізкі дах прыйсьці з дарог далёкіх,
пакласьці рукі на драўляны стол
і слухаць ля акна стамлёных продкаў крокі.
Ці лашчыць неба іх? Ці помніць дол?
Яны сышлі, атуленыя пылам,
адпетыя грамамі й цішынёй.
А позіркі – цьвітуць пад небасхілам,
а галасы – гучаць над глыбінёй.
Пра што ў мяне пытаюць – невядома –
пад пошум лісьця, шэпат збажыны.
Пад нізкі дах прыйду падслухаць дома
забыты голас – рэха даўніны.
З палёў вячэрні сьпеў кранецца сэрца,
адчую поціск важкіх рук дзядоў...
Яны сышлі. Айчына застаецца,
дзе вышыня гне сьпіну ад гадоў.
ІІ
То сьпёка дыхне на абсяг узараны,
то ліўні кладуць на зямлю каласы,
дзе продкі калісьці вылечвалі раны
замовамі сонца, вятроў і расы.
Пайшлі галасы і ратаяў, і жнеяў
у далеч якую парою якой –
пытацца да скону і ў дні сухавеяў,
і ў дні, калі неба – бяззорнай ракой.
Ня золата цешыла вочы і сэрца –
узоры, што ў кроснах пад стольлю цьвілі
то кветкай, то ромбам, то пушчай бясьсьмерця,
дзе крылы жар-птушак на дзіўным гальлі.
Духмяністы бохан шырокай лапатай
садзілі ў цагляны палон на вуглі –
і з печы гарачай выходзіла сьвята,
хоць будні скупыя на ўцехі былі.
ІІІ
Пад вышынёй то сьветлай, то сьцямнелай
любіў падслухаць дрэў старых гаворку
пра даўніну, пра тыя дні, дзе меле
зярняты млын-вятрак, што на пагорку.
Цікава мне было пачуць размовы
галіны кожнай ясеня і ліпы,
Старых ігрушын там у дуплах сховы —
для кажаноў зацішныя сялібы.
Таполі векавыя слалі пухам
свой сказ пра час – далёкі, незнаёмы,
і дыхалі непераможным духам
лісты дубоў – шчыты ад бур і грому.
Паданьні з ветрам калыхала вецьце –
і ў гнёздах галасы мацней гучалі,
жалейкі й гусьлі ажывалі ў сьвеце,
цымбалаў звон ішоў з нябачнай далі...
Маіх сяброў – старых бяроз і клёнаў –
не абмінулі бензапілаў зубы.
Сыходзіць моўчкі сьвет густазялёны,
надрэчны сьвет –
ён зьведаў горыч згубы.
Пра што раскажуць дрэвы маладыя,
дзе чайкі крык палохае галінкі?
Мой сьвет асірацеў.
На дні нямыя
ляцяць з нябёс чыйго крыла пярынкі?
ІV
Аднойчы адчуеш:
ні слова, ні гуку
ня ловіць душа ні ў лугах, ні ў бары,
нібы абвясьцілі маўчаньне-разлуку
анёлы, што ўмелі прызнаньні дарыць.
Нябёсы пасеялі ўсё ці да іншых
часін прыхавалі ў засеках сваіх
сьвятло, што дарылі калінам і вішням,
і споведзь цякла – ці для гнёздаў адных?
Пазбаўлены гукаў пад небам каляным,
бяскрыльле сваё і ў крынічных лугах,
і ў лесе, дзе моляцца соснам паляны,
спасьцігні адзін,
як паранены птах.
V
Хоць ад прысад бярозавых ні сьледу
(час шчыраваў, не шкадаваў красы) –
зялёных гольляў сьветлую бяседу
нясу ў душы, як продкаў абразы.
На грушу-дзічку (як ёй удалося
ў жытнёвым полі ацалець адной?)
дзіўлюся разам з ранішнім калосьсем,
з аглушанай прагрэсам вышынёй.
За ўсіх памерлых, кожнага жывога
маўчаньнем памалюся ў цішыні,
каб толькі чула прадзедаў дарога:
— У тым, што страціў, і сябе віні.
VI
... недзе выток ці чакае
ў журботнай маёй Андалузіі...
Федэрыка Гарсія Лорка
Гудзеў гудок крухмальнага завода.
Сьпяшаў на зьмену ранішнюю люд.
Прымала ў хаце акушэрка роды
ў жанчыны, спалатнелай ад пакут.
За вокнамі рабіны і каліны,
як небасхіл крамяна-агнявы,
ці чулі боль зьняможанай жанчыны
і ўскрык жыцьця –
жыцьцю прывет жывы?
Гудзеў гудок, нібы вітаў на золку
працяг турбот між радасьцяў і бед,
і хлапчука, што ў ранішнім пасёлку
кастрычніцкай парой прыйшоў на сьвет.
Зьліваліся ў мелодыі адзінай
гудок і плач, як галасы, якім
пад золкім небам восеньскім радзімы
радзіны славіць з лісьцем залатым.
Гудзеў гудок звычайным днём будзённым –
пасьляваенным, небагатым днём.
Якія там з нябёс глядзелі промні
над сьцежкамі, над шляхам і Дняпром?
Гудзеў гудок. І адгукаўся гучна
пад стольлю ў хаце голас хлапчука.
І вечнасьці глыбокая рака
каменьчыкі агучвала пад кручай.
VII
Нібы згубіў сябе самога
ці ў нейкім горадзе начным,
ці на асфальтавых дарогах,
дзе выхлапны пытае дым
аб тым, што страчана з гадамі
і не вяртаецца назад.
А далеч сьпелымі пладамі
дыхне – пакліча родны сад.
Паклічуць воблакі і словы
адтуль, дзе плынь рачную піў,
дзе й пыл – духмяны, цьвет – мядовы,
а дух вякоў – у дрэў і ў ніў.
У сад аб чым спяваць сініца
ляціць з якой далечыні?
Там добра так з дарогі сьпіцца
ў абдымках сьветлай вышыні.
VIII
Ня ведаю пра смутак галубіны,
якому нестае якіх вышынь,
калі гусьцее чырвань арабіны,
калі бяднее далячынь на сінь,
калі і сам пад выгук разьвітальны
яшчэ ня самай позьняй чарады
сьціхаеш раптам, быццам браму тайны
адчыніць нечы ключык залаты,
нібы вясёла неба адзавецца
над ягадным агнём,
над вецьцем крон.
Сарвецца ліст –
і запытае сэрца:
– Каго шукаюць
вочы даўніх дзён?
IX
Пад хмарамі, ад цёмных рэк цямней,
калі трывога абдымае вецьце,
чыя душа адкуль імкнула мне
сваёй данесьці споведзі бясьсьмерце?
Пад лісьцем чуйным слухаў глыбіні
дыханьне, дзе карэньняў слых нядрэмны,
дзе жвір чакаў у сьпёку дзень пры дні:
калі зазвоняць пругкія струмені?
І ажываў у пошуме густым,
шырокім, як бязьмежжа сіняй сіні,
то нечы голас, што адплыў, як дым,
то нечы ўздых, які вятры насілі.
Пад клёнам ці бярозай, у якіх
ня шум пусты, а роздум дзён стамлёных,
ад воч і плётак ратаваўся злых,
ад гучных спрэчак мудрацоў часовых.
Ці адзіноты нотай ліст кляноў,
ці ліст бярозы нотаю журботы
чыюсьці мне даносілі любоў,
гукалі ў сэрцы нечы вечны клопат.
Быў сам у адначасьсе – і лісток,
і корань, што вясною гольле будзіць;
глядзеў у неба (там раней жыў Бог)
і слухаў дол (там казкі сьпяць, як людзі).
X
Ёсьць край, дзе ў слове бубен скача радасьць,
і дзе на градах – чырвань-мак гарыць.
Бацян лунае над зарэчным садам
і над сьвятлом і чысьцінёй крыніц.
Ёсьць край, дзе ліпень запрашае ў сьвяты
да ліпы рой з пчалінага вульля.
Цьвіце бясьсьмертнік і дурманіць мятай
на золку ўмытым росная зямля.
Ёсьць край, дзе васількі ў шырокім полі
сваю красу ўплялі ў жытнёвы пах.
Глядзіць трыпутнік, як вядзе паволі
размову з небам цёплым пылам шлях.
... З далечыні дыхнуць вятры якія?
Што згублена – ці вернецца калі?
Калісь адсюль ішлі маліцца ў Кіеў –
і ў ясны дзень ляцелі матылі...
XI
Паміж пустак балот беларускай зямлі....
Янка Купала
На гарадзішчы знак мемарыяльны
ахоўнікам зьдзічэлае травы
і сьцежкі дапатоннай – ёй ураньні
пайду да рэчкі, дзе ў вірах—самы.
Спытаю ў вышыні пра час мінулы
і ў глыбіні зямной і вадзяной –
і даўнія стагоддзі роем-гулам
закружацца над самай галавой.
Нахлыне гул, заквашаны на мёдзе,
на ярым воску, сонца залацей,
дзе чорнымі скарынкамі стагоддзі
былі для ўсіх, хто з працы не сыцеў.
Смарагдам – рунь, а срэбрам – бель бяросты
душу ратая цешылі. Над ёй
палотны сьнегу ткалі ў небе кросны,
і сьпелі ліўні над скупой ральлёй.
Відушчых траў рассыпана насеньне.
Над гарадзішчам не гудуць званы.
І ад ракі – замоваю асеньняй
зазімкаў подых – золкі, ледзяны.
XII
На досьвітку агучаным зялёным
карай сваю душу ня ў першы раз
тут, дзе кара і карані ўсіх клёнаў
грымотаў майскіх ловяць шчодры сказ.
Сябе, ня іншых, дакарай у поўдзень
пад кронай жаўталісьця, дзе ачах
шпачыны сьвіст – ён за табою пойдзе
блукаць у гарадскіх асеньніх снах.
Пад белым вецьцем зімнім адвячоркам,
як ачышчэньне ад грахоў зямных,
пачуй: высока недзе мёрзьне зорка,
што ўмее слухаць спавядальны міг.
XIII
Далечы сыходзяцца маўкліва
на ўспамін вузламі завязацца.
Ніва зерне аддала для мліва –
дзень пачаўся з новага абзаца.
Пошум вецьця ажывае з ветрам,
і гукаюць сьпелаю шыпшынай
берагі дняпроўскія прыветна,
дзе на сьцежках сьлед ты свой пакінуў.
...А калі сьнягамі ўкрые долы,
лісьце ў ручаях зашакліцца лёдам,
зразумею ўсіх аблокаў словы,
чыста вымытыя ў нашых водах.
XIV
... Праз ночы і дні да пакінутых плёсаў,
дзе ў лодак і ўзор пах рыбацкіх дымкоў,
іду, параднёны з вандроўніцкім лёсам,
пакору і тлум змыць вадою вякоў.
2000-2005,
пасёлак Красны Мост – Гомель.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Рэдакцыі
"Дзеяслова"