БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 20

ДЗЕЯСЛОЎ № 20Янка Брыль

Яшчэ адзін...
Памяць

Друкавацца я пачаў у часопісе «Шлях моладзі» на пачатку 1938 году, псеўданімамі не карыстаўся, і таму маё «пісьменьніцтва» не было таямніцай для бліжэйшых землякоў, тым больш для сяброў, і няма нічога дзіўнага ў тым, што мяне, вясковага беспартыйнага дзецюка, радавога разьведчыка штаба брыгады «Камсамолец», запрасілі да супрацоўніцтва ў газеце «Сцяг свабоды», органе Мірскага (падпольнага) райкаму партыі, а потым і прызначылі рэдактарам — па сумяшчальніцтве, з далейшым удзелам і ў разьведцы.

У лагеры нашай брыгады, на паўднёвым узьлесьсі Налібоцкай пушчы, апроч свайго начальства, разьмяшчалася яшчэ і вышэйшае — камандаваньне «Партызанскага злучэньня Стаўбцоўскай зоны», у якую ўвахо­дзіла пяць брыгадаў і асобны конны спачатку атрад, пасьля дывізіён так званых «нёманскіх казакаў». Уся гэтая сіла, звыш трох тысячаў шасьцісот чалавек, дзейнічала на тэрыторыі пяці раёнаў Баранавіцкай вобласьці: Стаўбцоўскага, Мірскага, Карэліцкага, Гарадзішчанскага і Новамышскага. Тут, у нашым лагеры, быў таксама і сваеасаблівы палітычна-маральны цэнтр названай зоны.

Сярод лагерных зямлянак, у засені дрэваў, самавіта ўзвышалася прасторная хата, нават «у два канцы», у якой працавала зборная рэдакцыя пяці раённа-брыгадных газетаў, з надзейным радыёпрыёмнікам і друкарскай машынай, «плоскай амерыканкай», якая ў рух запускалася пры дапамозе ручное корбы, і з чатырма майстрамі маруднага ручнога набору. Газеты — пераважна на старонках расшытых-разгорнутых школьных сшыткаў, а то і на трафейнай паперы, з павятовых ці гмінных установаў, — выходзілі ня строга перыядычна, а залежна ад матэрыялу, прынятага па радыё ці падказанага баявым і акупацыйным жыцьцём, і наяўнасьцю паперы, назапашанай разьведчыкамі цераз сувязных. Час ад часу ў рэдакцыю-друкарню са сваіх брыгадаў прыязджалі рэдактары, пры ўдзеле штабной машыністкі і зноў жа радыёпрыёмніка, рыхтавалі свае новыя нумары і з цёпленькім тыражом вярталіся туды, адкуль прыехалі.

Падобна было і ў мяне. Выпусьціўшы чарговы нумар «Сцяга свабоды», а то і сатырычнага дадатку да ўсіх газетаў нашай зоны, які меў назву «Партызанскі жыгала» (жыгалам, джалам у нас называлі вінтоўку), я ахвотна сядлаў свайго верхавіка, што застаяўся пад павецьцю, і рысіў да дружнай сямёркі разьведчыкаў, у нашую «кватэру» ў даволі далёкай ад лагеру вёсцы Зарэчча, адкуль мы ноч у ноч, ціхімі ценямі шасталі па раёне з ажно чатырма паліцэйскімі гарнізонамі, да найбліжэйшага з якіх ад нашых днёвак было толькі тры з нечым кіламетры.

Усе газеты выходзілі на роднай беларускай, што было натуральна для асабовага складу брыгадаў. У 1983 годзе ў Менску выдадзеная кніга «Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны», і ў кнізе той падаецца, што ў чатырох атрадах нашай брыгады «Камсамолец» было 588 партызанаў, з іх беларусаў 542, рускіх 17, украінцаў 3, іншых нацыянальнасьцяў 26. Дзе менш, дзе больш аднолькава ў нацыянальных суадносінах выглядала справа і ва ўсіх іншых брыгадах, дый, трэба думаць, ня толькі ў нашай Стаўбцоўскай зоне.

З рэдакцыйнай работай мне, як пачынаючаму літаратару, пашанцавала перш за ўсё ў тым, што там я пабагацеў на двух новых сяброў, значна старэйшых за мяне, больш вопытных у літаратуры. Рэдактарам стаўбцоўскай газеты «Голас селяніна» працаваў вядомы яўрэйскі публіцыст Гірш Смоляр, пры Польшчы актыўны ўдзельнік заходне-беларускага рэвалюцыйнага падпольля, блізка знаёмы з Максімам Танкам па віленскім творчым жыцьці, а з Валянцінам Таўлаем і Піліпам Пестраком — па гродзенскай турме. Пра яго я пісаў раней, тут паўтарацца ня буду. Трэба сказаць пра другога — пра рэдактара навамышскай газеты «Перамога», педагога-філолага і ў пэўнай меры літаратара Браніслава Ржэўскага, якога ў нас называлі Барысам, па бацьку Андрэевічам.

Людскім, вясёлым ды шчырым, цікавым чалавекам аказаўся гэты Барыс Андрэевіч. Ён якраз з тых людзей, пазнаёміўшыся, неўзабаве пачаўшы і сябраваць з якімі, думаецца, што інакш яно і не магло быць, як толькі лічыць іх ня проста новымі, але і даўнімі сябрамі, — такое адчуваньне. Адтуль, з пушчы гучыць часамі ў маёй памяці яго захоплены голас, калі ён дэкламуе Купалава «Гэта крык, што жыве Беларусь» або нешта іншае з любімага. Жыва прыгадваюццца нашыя бясконцыя гутаркі — то ўтрох з цікава гаваркім Гіршам, то мы ўдвух з Барысам, ці ў рэдакцыйнай хаце, ці ў якой зямлянцы, а то проста ў лесе. Успамінаецца і раньне-пасьляваеннае: нашыя сустрэчы, на жаль, нячастыя з-за большых адлегласьцяў. Прыязджаючы ў сталіцу, Барыс часамі і спыняўся ў мяне на колькі дзён, а я, у сваю чаргу, але радзей, бываў у яго, спачатку ў Баранавічах, пасьля ў Гародні. Вечнаю ды невычэрпнаю тэмаю была ў нас літаратура, цяжкі лёс роднай мовы. Мы ўзаемна чыталіся, бо ён жа таксама пісаў, прысылаў мне або прыносіў сваё новае, зрэдку надрукаванае ў абласной перыёдыцы. Я выступаў на абароне яго кандыдацкай дысертацыі па творчасьці Танка, пасылаў яму свае кнігі, мы перапісваліся. Ягоныя пісьмы да мяне і да нашага агульнага сябра Уладзіміра Калесьніка захаваліся, яны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. А ў нашых з Калесьнікам пісьмаў, адрасаваных Барысу, доля атрымалася іншая.

Барысава жонка, Аляксандра Ігнатаўна, заслужаная настаўніца Беларусі, калі ён, вясною 1957 году, быў арыштаваны, паміж першым і другім вобыскамі ў іхняй гродзенскай кватэры зьнішчыла многае з мужавага архіва, хоць і таго, што было забрана пры першым вобыску для адпаведна накіраваных сьледчых хапіла. Ён быў залішне даверлівы, Барыс Андрэевіч, лёгка, а то яшчэ і весела раскрываўся і перад недастойнымі. Аляксандра Ігнатаўна расказвала мне, што аднаму з такіх ён чытаў з чарнавіка сваё, на той раз ананімнае, пісьмо наверх, з вострым, доказным асуджэньнем хрушчоўскай нахабнай русіфікацыі, а прачытаўшы, абмеркаваўшы пісьмо, схаваў яго туды, адкуль дастаў — пад «мармурова» цяжкі пісьмовы прыбор на стале. Калі гэбісты прышлі з першым вобыскам, яны ня сталі шукаць-расшукваць доказаў злачынства, адразу сіганулі пад той пісьмовы прыбор. Плюгавы «шчыры беларус», чалавек на той час ужо і стары, па-свойму быў вопытны ды старанны.

Наколькі мне вядома з апавяданьняў самога Барыса пасьля яго вяртаньня з лагеру, усё пачалося з яго абуранага пісьма ў ЦК пра тое, што нават на пахаваньні Якуба Коласа галоўны ідэолаг БССР, пацешна славуты Цімох Гарбуноў афіцыйны жаль агучваў з паперкі па-руску, паныла паўтараючы: «Наш дорогой Константин Михайлович Якубколос»... Калі ж той ідэолаг з-за далейшай малапрыгоднасьці з ЦК быў паніжаны ў акадэмікі, перагляд Барысавай справы заварушыўся жывей і неўзабаве, на пачатку 1961-га, ён вярнуўся ў сям’ю.

У мяне запісана, што ён зьявіўся да мяне зранку 15-га сакавіка і многае, але ж, вядома, ня ўсё пасьпеў расказаць, хоць і за цэлы наш прадвясьняны ўжо вялікаваты дзень. Пра допыты, пра краты, камедыю суда, этапы, лагерную бібліятэку на дваццаць дзьве тысячы кніг, дзе яму пашанцавала папрацаваць, дзе ён наладжваў абмеркаваньні твораў, усесаюзных і беларускіх, у тым ліку і маіх. I ўсё гэта гаварылася жыва, дасьціпна, з адступленьнямі, абагульненьнямі, накшталт таго, што «ну, а бацьку, відаць, усё-такі выцягнуць за лапы з маўзалею!..», і нямала іншага, шырэй ды глыбей па значэньні.

За чатыры гады ён пастарэў, здалося мне, нязначна, аднак жа быў ужо крыху ня той, як у пушчы, калі прыязджаў у рэ­дакцыю ня надта спраўным кавалерыстам, хоць і пад сядлом, але ж, затое, з добрай цаглінай сала пад пахай, што называецца — у заработкі «на сваёй торбе»; як ня той, які аднойчы, неўзабаве пасьля вайны, заявіўся да мяне з Баранавічаў у толькі што набытым няновым скураным паліто і з парогу пасьвятлеў усьмешкай, гыкнуўшы на прывітаньне: «Во, браце, зьдзёр з мужыка яшчэ адну скуру дый на сябе!..», і ня той, нарэшце, Барыс, які, перажыўшы турботную абарону дысертацыі і абавязковы банкет, назаўтра, у кватэры свайго даўняга сябра, навукоўца ды літаратара Міхася Ларчанкі, пад баян і партызанскія прыпеўкі другога сябра, прафесара ды «цакоўца» Івана Гутарава, даваў разгарненьне ў скоках. Мяцеліў польку ня ў пары з нейчай жонкай, ці хоць бы з «Ларчыкам», але ж абодва яны паасобку. Мажны, увішны Міхась Рыгоравіч — вакол самога сябе, а ня менш дзябёлы ды гарачы Барыс Андрэевіч — на шляхецкі лад, як нейкі новы Навум Прыгаворка, з амаль зусім удалымі прысядкамі і пераможнымі выкрыкамі: «Гу-га! Гу-га!»

У лістападзе таго самага шэсьцьдзясят першага я выступаў у Гародні па запрашэньні універсітэту культуры, і на адным з выступленьняў, і шматлюдным, і з мноствам запісак і вусных пытаньняў на самыя вострыя злабадзённыя тэмы, у адным з першых радоў партэру сядзеў і мой Барыс. Не адзін, а з маім, як аказалася, земляком, датуль не знаёмым, дырэктарам школы, у якой кандыдату навук, вопытнаму ды здольнаму выкладчыку педінстытуту дазволілі папрацаваць, да ранейшай працы, хоць і апраўданаму Вярхоўным судом рэспублікі, не дапусьціўшы...

І пасьля таго тлумнага вечара былі ў нас сустрэчы, дома ў яго ці ў мяне, аднак тая сустрэча помніцца неяк асобна. Барысу не было яшчэ шасьцідзесяці, аднак ён даволі прыкметна, у параўнаньні з прадвесьнем, калі гасьцяваў у мяне, пастарэў пасьля былых і новых выпрабаваньняў. Можа, ня так фізічна, як маральна...

Напісаў я гэта і спыніўся. З думкай, што ня вельмі яно ў мяне справядліва, дакладна... Праўда, здароўе пачало яго падводзіць, чым далей, то ўсё больш, але ж цікавасьць да нашага галоўнага, ды цікавасьць ня збоку, а ў шчырай ды актыўнай заклапочанасьці, жылі ў ім і тады, і потым увесь час, амаль да самага канца напрадвесьні 1980 году.

...Рэабілітаваны Барыс Андрэевіч у 1992-м.

1999


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster