БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 21

ДЗЕЯСЛОЎ № 21Леанід Дранько-Майсюк

Вялізны чырвоны яблык
Два апавяданьні

Дзень Хрышчэньня Гасподняга

Апанас туптаў па хаце, з самым меншым сваім сынам Пятром зьбіраўся ў царкву.

Адарка, Апанасава жонка, лежачы на драўлянай канапцы, цьвічыла яго як дзіця якое:

– Збоку ня стой, бо з боку нічого ня ўбачыш. Сунься бліжэй да бацюшкі. Малітвы і паклоны не прапускай. Отмані1 сьвечку, ды не вялікую, хопіць і маленькай. І, крый Божа, у хор ня лезь, а то сваім голасам уладзіш2 усю службу! Не забудзь вады святой узяць і “Ойча наш” тры разы прачытаць...

– Чаму тры? – скрывіў рот Апанас.

– За мяне, няроздаўбень, і за нашых большых сыноў!..

– За сыноў можна, а за цябе чытай, не чытай, адна халера будзе!

– Як і за цябе! – Адарка падумала, што б гэта яшчэ наказаць Апанасу і прыдумала:

– А з Чырвончыхай не здароўкайся! Хай першая, калі такая разумная, здароўкаецца... А як паздароўкаецца першая і папытае пра мяне, дзе я і шчо раблю, то кажы ёй так: Адарка ў царкву не пайшла, бо ногі ёй баляць... Ну, шчо ты кублісься?!3

– Кажуха шукаю!

– Трасца мая, кажух пада мною! Узяла, каб мякчэй було ляжаць. На, выцягвай і ўбірайся!4

Апанас выцягнуў з-пад Адаркі кажух.

– Ну, во, зразу мулко стало! – прытворна застагнала Адарка. – Куды ты?! Кухліка вазьмі! Хіба ў жмені сьвятую ваду панясеш?! А кухлік тут, у крэзанці5... Стаіць на паліцы, на чырвоным сподку... Ды не на гэтым чырвоным, а на тым, які з краю трохі аббіты... Ага, гэты кухлік, з далікатным вечкам... Ды глядзі мне, не разьбі!

З Апанаса Адарка перакінулася на Пятра – хлопца гадоў на васемнаццаць, які ціхенька сабе таптаўся ў парозе, на ўсе гузікі зашпіліўшы свой чорны паліцэйскі шынель.

– А ты шчо стаіш, ні зруху-ні духу! Дурань малы! Таксама там збоку хваста не падтульвай, а памаліся, як людзі моляцца, і бацюшку паслухай...

І зноў да Апанаса гукнула:

– Запар мне чаю!

Апанас запарыў чай і сказаў Адарцы:

– На, пі, каб табе галава адпала!

І тут жа рынуў у сенцы, за ім – Пятро.

– От, хворны!6 – паставіла вочы Адарка. – Каб на цябе нагла7 найшла!

Быў мароз, сьнег так рыпаў пад нагамі, што здавалася ажно плакаў, але йшлося лёгка, а там, дзе снегу не было, то прыцішалі хаду, бо пачыналася каўзель.

– І чаго вы ўсё сварыцеся, бацько? – падаў свой авечы голас Пятро.

– Гэта мы ўжо ня сварымся, сынку! Так, гаворым... От, як маладыя булі, от тады сварыліся! Ажно гай гуў! Як завіномся8 бувало, то свету белага ад сваркі ня бачым!

– Як да вайны, так і ўвойну, – уздыхнуў Пятро, пражылі разам да старасьці і нічого ў вас так і не ладавіцца!9

– Гэтак, сынку, не ладавіцца, але ты пра нас не погібай!10 Лепш думай пра сябе, пра сваю службу думай...

Трохі памаўчалі, ідучы.

– А шчо мне думаць, бацько... Я служу ў паліцыі, от і ўся мая думка...

– І служы! Не ў парцізаны ж було йсьці, такой зімой гібець у лесе! Гібее сын Чырвончыхі, а толку?

– Можна було на фронт пайсьці...

– Ото ж твае два старэйшыя браты й пайшлі на фронт! І дзе яны зараз?! Якая пара ўжо мінула, а ад іх ні знаку ніякага!

– А як жа яны той знак перашлюць? Немцы ж скрозь! – па-даросламу разважыў Пятро.

– Гэта ты праўду сказаў, але ці хоць жывыя яны? Прасіў іх: хавайцеся, дурні! У балота лезьце! Не паслухалі... Бацьку не паслухалі! І ты туды ж: “Можна було на фронт пайсьці...” Ты малы яшчэ для фронту...

– А ў паліцыю не малы?

– Ну, ясная справа, мог бы не ў паліцэйства ўпісацца, а ў Германію паехаць! Хіба забуў, шчо цябе ў Германію забіралі?! Але як бы ты паехаў? Хіба нас кінуўшы? Я ўжо вельмі слабы, і тая, бачыш, днямі ляжыць, сілу мае толькі языком пляскаць... Паліцыя пакуль дала табе ратунак, сынку! Як той казаў, служы, толькі людзям гора не рабі...

Наперадзе паказаліся царкоўныя купалы, і Апанас, убачыўшы іх, паправіў на кажусе ўлогі і пасьпешліва памяняў гаворку:

– А Хрышчэньне, сынку, гэта вельмі вялікае сьвято! Гэта сын Божы Ісус Хрыстос хрысьціўся і ўтапіў у Ярдані ўсе нашыя грахі... Хор сёньня сьпявае не на версе, а сярод людзей. Пабачыш, як будзе хораша!.. Словам, шчо бацько кажа, ты ў галаве май!

На цьвінтары бліжэйшаму да сябе зусім зьмерзламу старцу Апанас даў карбованца.

Служба ўжо йшла.

Людзей жа – пучкай не прапхнеш!11

Пасярэдзіне царквы ўтварыўся сякі-такі праход, па якім паволі пасоў­ваўся старэнькі попік.

Ён мачаў у ваду букецік сухіх бясьсьмертнікаў і хрысьціў паслухмяную, урачыста-напалоханую грамаду.

Ва ўсе бакі ляцелі халодныя пырскі, і кожны з малельнікаў хацеў, каб хоць адна сьвятая кропелька ў гэты момант пасаміла12 яму на від13, ці хоць бы на адзеньне.

Хор сьціснутымі, прастуджанымі галасамі старанна выводзіў: “Ува Іярдані крэшчаю ціб’я, Госпадзі...”

За час набажэнства ніхто царкву і людзей у ёй не патрывожыў, і ўсё скончылася-завяршылася гэтак жа добра, як усё добра завяршаецца ў добрай душы.

Па службе попік пачухаў у барадзе і лагодна абвясьціў:

– Бярыце ваду сьвятую і хай яна будзе вам пажыўленьнем на сёньня і на ўсе іншыя дні. Нясіце яе дахаты, дайце папіць сваім хворым і нямоглым і асьвяціце ёю сваё жыльлё!

Хрысьцячыся і па-дзіцячы штурхаючы адно аднаго, людзі (хто з чым – з квартамі, глечыкамі, збанкамі, слоікамі, салдацкімі кацялкамі) пасунуліся бліжэй да вялікай балеі, у якой алавяна цямнела сьвятая вада.

...Апанас і Пятро вярталіся дамоў памалу, не сьпяшаліся; бо зноў жа – вельмі коўзка; можна й ваду сьвятую разьліць і кухлік з далікатным вечкам тут жа – і ня згледзіш як! – разьбіць.

Ішлі, апасьліва глядзелі сабе пад ногі, таму не спакойна здалёку, а ўзрушана зблізку ўбачылі суседку Чырвончыху, якая пазьнілася ў царк­ву са сваім сынам-партызанам.

Чырвончыха любіла пастараваць14, а такія гаваркія кабеты, як яна, заўсёды ж даюць добрага дня першыя (дарма Адарка з гэтага нервавалася!), таму Чырвончыха і паздароўкалася першая і, вядома, тут жа спыталася пра Адарку.

Апанас адказаў так, як і трэба было, як вучыла жонка.

– Апанаско, і чаго твая на мяне злуе? Я ж у яе нічого ня ўкрала і не забрала! Ня ўцямлю ніяк... Ніоболіць15 мне ці шчо?

– Мая Адарка злая на ўсіх. На ўвесь белы сьвет. У яе харакцер дурны, суседко! – сказаў Апанас. – Адсюль і ніобольство16.

– Харакцер, кажаш, дурны, – перайшла на шэпт Чырвончыха, – а мо злуецца за тое, шчо я свайго Грыцка ў паліцыю не пусьціла? Ён жа і сабе хацеў туды ўсьлед за тваім Пятром, каб ня ехаць у Германію... Мо Адарка думае, шчо на гэтым я нешчо выйграла?! Хай ня думае! Яшчэ ж нічого няясна, шчо з гэтага парцізанства будзе... Твой хоць дома, у цяпле, а мой... Во, бачыш, толькі шчо з лесу прыбег! Халодны, галодны... Дачакалася яго і вяду ў царкву...

– Даюць яшчэ ваду? – спытаў малады партызан Грыцко.

– А як жа, даюць! – адказаў малады паліцай Пятро.

У адной руцэ Грыцко трымаў загорнутую ў коленшчыну17 даваенную пляшку з-пад алею, а ў другой – укручаную ў газеціну сьвечку.

– Валёнкі твае, Апанаско, бітыя! Ногі ў такіх валёнках, як у печы! – раптам у поўны голас пахваліла Чырвончыха.

– І твае валёнкі хвайныя, суседко! – адгукнуўся ласкава Апанас.

– Дзякуй табе, Апанаско! І скажы Адарцы, каб не надаражалася18 вельмі!

– Скажу...

– Пасьля сьвята я да яе зайду...

– Заходзь...

На гэтым разышліся.

Калі пакіравалі ў сваю вуліцу, сутыкнуліся з двума нямецкімі салдатамі.

Пятро наструніўся і завучана падкінуў угару правую руку – прывітаў пасінелых ад холаду ваякаў.

Салдаты нявельмі каб ахвотна, але зрабілі тое ж.

Адзін з іх, целяпаючыся ад марозу, прамовіў да другога:

– Wie schrecklich kalt ist der Winter in diesem Land!19

Другі адказаў яму:

– Ja, Friedrich, der Winter ist hier wirklich schrecklich kalt, aber guck mal – bei diesen Russen ist das Wasser im Krug nicht mal eingefro­ren!20

Салдаты, угнуўшы плечы, патупалі сабе далей.

“Добра, шчо не на мадзьяраў напароліся! – падумаў Апанас. – Тыя прычапіліся б, і Пятро не памог бы!”

Усё адно як здагадаўся пра што гаманілі немцы, Апанас, – ужо ў сваім двары, – крыху адпіўшы з кухліка сьвятой вады, праказаў:

– Халодная зіма цяпер! Гэта так. Дроў трэба масушча!21 І добрых дроў! А як цёплая зіма, сынку, то хопіць і сем метраў якога-небудзь бералозу22...

3 кастрычніка 2004

Тамачка і Драпу

1

Стары Тамачка капаў на сваім пляцы бульбу.

Бульба ўрадзіла дробная, сьвінячая.

Гарбузовая лабуза23 яе паглушыла, нарасло багата пырніку і таго воўчага зельля з белымі дробнымі кветкамі, якога ня есьць карова.

“Засцарвіў24 пляц німаладу шчо як25!” – лаяў сябе Тамачка, з натугай варочаючы капаніцай зямлю.

“Нічого, – спрабаваў суцешыцца, – і з такой бульбай можна зімаваць... Толькі ці давядзецца...”

Зусім стаміўшыся, кінуў пад яблыню кухайку, сеў аддыхацца.

Адчуваў, што сам ужо не пасілуе дакапаць...

“Не пасілую дарыць, пасілую толькі памерці!” – такое стукнула яму ў галаву.

На яблыню тым часам грузна і маўкліва селі дзьве вароны.

“О, і гэтыя падлы як чуюць! Ужо прыпёрліся!” – тужліва пеканула ў сэрцы.

Мусіла ўжо была выйсьці з хаты жонка, каб дапамагчы яму.

Але дзе ж яна?..

Чакаючы жонку, стары Тамачка раптам заснуў.

Ён спаў і думаў: “Каб гэта раней, колісь, то на бульбянішчы пасеяў бы азімае жыта, але зараз ужо сілы ня тыя...”

2

У старасьці паспакайнеў, сьцішыўся, а ў маладыя гады свае Тамачка нарваны26 быў.

Шкоду мог зрабіць з нічога.

Неяк, яшчэ пры паляках, ішоў да аднаго хутаранца па сваю сякеру; ішоў злы, бо хутаранец гэты не здагадаўся прынесьці сякеру сам.

Раптам бачыць: хутаранцаў конь, як ашалелы, прэцца проста ў жыта, а за канём і сам гаспадар з крыкам-просьбаю:

– Тамачка, пераймі каня!

– Не хачу тваіх баранкаў і ня буду твайго каня пераймаць! Я прыйшоў сякеру справіць27! – языкнуў Тамачка, і конь вольна сабе ўляцеў у жыта.

– Каб ты запуставаў28 разам са сваёй сякерай! – выгукнуў хутаранец.

Пасьля такога выгуку злосьць Тамачкава пабольшала; забраўшы сякеру, ён завярнуў на могілкі і паваліў усе крыжы.

Дык вось, пры паляках – крыжы, а пры немцах і той лад прапаў – пачаў хаты паліць!

Багата-мала, а пусьціў дымам штук пяць, відаць!

Якую ўдзень аблюбуе, падкіне ноччу пад страху агню, адбяжыць ад пажару і першаму стрэчнаму паказвае:

– Тамачка гарыць!

(Заместа “там” заўсёды казаў “тамачка”, таму яго так і клікалі.)

Калі ж найбольш цікаўныя пыталіся:

– Хто падпаліў?

Казаў:

– Хлопцы брышкуюць29, п’юць і паляць!

– Якія хлопцы?

– Каб жа бачыў іх!

Здагадваліся, што паліць хаты ён, але злавіць на гарачым не маглі, хаця лавілі, можна сказаць, усе – і немцы, і паліцаі, і партызаны, і ўласаўцы, і проста людзі...

Яму шанцавала.

А каб жа нарваліся і спаймалі, то (гэта ўжо праўда!) павесілі б не на льняной вяроўцы, якая магла б і ня вытрымаць ягоных цэглаватых маслакоў, а на мацнейшай – канаплянай...

У маладыя гады Тамачка жыў як жылося – хлеб еў з таго, што каровы пасьвіў і клопату вялікага ня меў; штораніцы ішоў па вёсцы з доўгай пугай і ля кожнай хаты па-дзедаўску прыгаворваў:

Добрэ жывацэ,
Валёнкі б’яцэ,
Двор мацацэ,
Грады копаецэ,
Бульбу варыцэ,
Рэпу парыцэ,
Рыбу ловіцэ,
Курэй корміцэ,
Дзацэй робіцэ,
А корову маецэ?..

Ажаніўся ж позна – пры першых калгасах, – бо за яго ў вёсцы дзеўкі ня вельмі хацелі.

Але неяк прыйшоў у мястэчка, убачыў на базары тутэйшую дзеўку і падступіў да яе з такім вершыкам:

Надобень толобень?
А як недоўбень,
То я дале подоўбень...

Так у іх заўсёды казалі хлопцы, якія хацелі ажаніцца.

– Надобень, – прывеціла Тамачку дзеўка, і ён застаўся з ёю жыць.

Дзеўку звалі Драпу, і спачатку ён ня мог разабраць, ці гэта імя такое, ці мянушка, а пасьля падумалася яму, што гэта ўсё разам – (імя і цьвяльба) – хіба ж так не бывае?!

Бацькам Драпу не спадабалася, што яна бяз іхняе ласкі і не за свайго, мешчаніна, а за мужыка пайшла!

Ды яшчэ пастуха!

У мястэчку ж пра такіх, як Тамачка, баялі: з мужыком знайся, а хаты не паказвай!

Таму бацькі пратурылі Драпу з хаты.

Каб узьбіцца на сваё жыльлё, Тамачка кінуў пастухоўства, наняўся лес валіць, і не было таго дня, каб вяртаўся з лесу, а плечы вольныя былі – то плашку дубовую нёс, то калодку смаловую, то дошку-саракоўку, а то кроквіну.

А тое, на што плячэй не хапіла – канём навазіў і яшчэ да зімы ўлез з Драпу ў сваю хату.

Хоць і натуры дурнаватай, а работу любую ўмеў.

І Драпу любую работу ўмела, натуру маючы таксама ж не зусім разумную – з Тамачкам любілася мала, больш брахала на яго.

Іншы раз ён браўся за клямку, каб увайсьці ў хату і тут жа прылашчыцца да Драпу, а яна, чуючы што ён хоча яе сярод бела дня памацаць, праз вакно з крыкам уцякала:

– Халеру я табе дамся!

Калі ж хацеў што прыдбаць, то зноў халеру ўспамінала:

– На халеру яно!

Калі ж халера не памагала, тады казала гэтак:

– Насары на яго!

А калі Тамачка намерваўся якія-небудзь перастановы ў двары ці ў хаце зрабіць, то ахалоджвала яго лямантам:

– Хай хворэе!30

Тамачка называў Драпу калухай31, бо часам любіла яна ўмыцца мыльнай вадой, якая заставалася пасьля яго галеньня; сьмецьце вымятала не за парог, а пад печ; халат жа свой бог ведае колькі гадоў насіла і ні разу не папрала, – баялася, каб не паліняў...

Драпу вельмі не любіла гарэлачнага духу, а Тамачка, да слова сказаць, п’яніцам і ня быў: за ўсю сваю жытку адно два разы й выпіў.

Першы раз пры Сталіне.

Калі прышкандыбаў да хаты, Драпу тады адразу ж падсунулася да яго:

– Ты шчо! Мо, п’яны? Анунно, хукні!

– А ты рот разяў! – папрасіў Тамачка.

Як і было папрошана, даверлівая Драпу шырока разявіла рот, і Тамачка, сабраўшы поўна сьліны, плюнуў ёй проста ў адкрытае горла...

Другі раз узяў чарку ўжо пры Хрушчове.

І зноў Драпу, блізка падсунуўшыся, тое ж пракавеліла:

– Анунно, хукні!

Гэтым разам не прасіў разяўляць рот, а так ляснуў кулаком ёй у галаву, што яна паляцела праз усю кухню, патыліцай грымнулася аб вушак і аглухла.

Доўга ляжала як нежывая.

Мусіў быў выліць на яе цэбар вады і з таго часу ня піў ужо зусім...

За ўчыненае ёй калецтва злосьці на Тамачку Драпу ня мела, нават да доктара не пайшла, але глухаты сваёй саромелася і на людзях удавала з сябе чуйную.

Суседзі, калі Тамачкі не было дома, строілі з яе сьмешкі.

– Драпу! – гукалі, заходзячы ў двор.

– Дзяньдобры! – адказвала яна, упэўненая, што з ёю здароўкаюцца.

– Драпу, пацалуй у сраку папу! – дурэлі суседзі.

– Няма дома, – заключала Драпу, думаючы, што пытаюцца ў яе пра Тамачку.

3

Тамачка спаў пад яблыняй і яму сьнілася, што на яблыні, на самай верхняй галіне, увачавідкі зьявіўся-высьпеў вялізны, як гарбуз, чырвоны яблык.

“Толькі адзін яблык! І больш няма! І такі вялікі! Як знак нейкі?! Але які?” – ня мог даўмецца.

Добра было б яго зьняць і пакаштаваць, але Тамачку ў ягоныя цяперашнія гады ці далезьці да той галіны...

А яшчэ на той галіне сядзелі дзьве вароны, і Тамачка падумаў пра іх: “Падлы, каб вас людзі елі, то менш було б вас на сьвеце!..”

Яму сьнілася далей.

Ставячы ногі праўцом (ад старасьці яны ўжо ня гнуліся), да яблыні прыцынгала Драпу; прыцынгала гэта падышла, сьцягла з галавы хустку, сьціснула яе ў чорнай жмені і пажалілася:

– Мне ў грудзях важко... Як падымаесься зранку, то робіцца горш у костках, чым гэта як зьвечара лажысься... Дождж будзе... Бачыш, які па небе памаг32 плыве!

Тамачка вачыма адказаў: бачу...

Драпу стаяла – нямоглая, бяскрыўдная, бездапаможная і па-жаночы няшчасная.

Пяць разоў у яе чэраве дзіця завязвалася, і пяць разоў яна крывёю зыходзіла!

Драпу – яго жонка, скалечаная ім!

Усе гады з ёю пражыў і зусім нядобра пражыў, а яна вось, хоць і дыхае ледзьве, а прыйшла падсобіць яму дакапаць бульбу...

І тут у Тамачкавай душы нешта зварухнулася цёплае, дзіцячае, вінаватае, і ў сваім сьне ён, як хлапчук, падхапіўся з кухайкі, паглядзеў на верх яблыні, на той дзіўны, мусіць жа, вельмі салодкі яблык і паказаў на мігах Драпу: я хачу, жонка, гэты яблык табе дастаць; ён як мёд; я хачу, каб ты яго зьела; я хачу цябе пачаставаць; я зараз палезу на яблыню...

Драпу шчасьліва затрывожылася, занепакоілася; радасна захвалявалася і адчула, што так (па-маладому!) яна ніколі не хвалявалася; у слабыя грудзі набегла крынічная прыемнасьць, а на вочы такія ж прыемныя сьлёзы.

Драпу ўдзячна сказала:

– Ня трэба лезьці. Яблык зараз сам упадзе...

– Зараз?! – на мігах не паверыў Тамачка.

– Зараз, – упэўніла яго Драпу.

Яна ўзяла капаніцу, махнула ёю над сабой (сіла на гэта знайшлася!) і зычна крыкнула на варон:

– Кыш, каб на вас даліна найшла!

Вароны спудзіліся, закружыліся над яблыняй, на ўсё мястэчка – ажно да холаду ў крыві! – закаркалі, і ад іхняга прарэзьлівага карканьня з самай высокай галіны Тамачку проста ў далоні ўпаў вялізны чырвоны яблык.

29 верасьня 2004


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster