БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 21

ДЗЕЯСЛОЎ № 21Алесь Масарэнка

Двое
Апавяданьне

Міколу Сазонаву, вандроўніку, паэту.

1

— Лежань!.. Падымайся — ужо восем настукала.

— Не гудзі, Захаравіч...

— Канчай дрыхнуць!.. Я табе кажу, цецярук сонны!

— Ды ўстаю...

— Прыгатуй чай, разагрэй булён, яшчэ там чаго... А я тым часам «Буран» запраўлю, нарты ўпарадкую. Бярэм соль, муку, крупы й хлеба дзесяць буханак. А ўсякая там смажаняціна — хай пакуль бегае, нагульвае тлушчык... На шашлычок гэты раз пастараемся казулю ўпаляваць.

— Цукар не забудзь. I паколькі тая твая, як ты кажаш, смажаняціна недзе бегае, то ня лішнімі будуць бляшанак дваццаць тушонкі.

— На цукар, чай і каву не забыў... А тушонкі хопіць і сямі банак, ды плюс сем пляшак сьпірту... Мы там доўга ня будзем. Лічы, у разьведку едзем. Мясьціны мне хоць і знаёмыя, але не скажу, каб надта. Ты нядаўна быў у Шлёпы, так што — увесь спадзеў на цябе... Ну! Чаго ляжыш, лябюг?!. Дзе шляўся ўсю ноч?

— Зусім і ня шляўся.

— Чаму так позна прыйшоў?!.

— Я на гадзіньнік не глядзеў...

— А я паглядзеў — роўна ў тры прывалокся. На перапіхоне быў?

— Гэта цябе ня тычыцца... Я ў твой інтым не сую нос.

— Як гэта — мяне ня тычыцца?!. Сабраліся на паляваньне, а ён да бабы пабег. I цяпер маем тое, што маем: соннай цяцерай будзеш за рулём ся­дзець... Ладна, прачуханку ў дарозе атрымаеш.

— I ўсё ж — не сьпяшайся...

— Ну-ну... Якое ў цябе алібі, малады чалавек?

— Хм, алібі? Напаткаў я, знаеш, такую дзяўчыну, такую... Не дзяўчо — загадка. І разгадаць яе, здаецца, немагчыма.

— Ды ня можа быць: ты — і не разгадаў!.. Жмецца, нябось? Не дазваляе лыжкай хлябаць?

— У-у, грубіян!

— Дапусьцім... Я інстытутаў не канчаў — усяго толькі будаўнічы тэхнікум.

— У тым і закавыка, што я — першы ў яе... Ёлы-палы! Сарваў куш нявіннасьці. Во пацешыўся! I на душы цяпер — нейкая муць, квашаніна... Ды што я кажу — вабная жарсьць: цяга маёй душы — да ейнай... А ўвогуле — такое ўпершыню са мной. Мусіць, гэтак і прыходзіць сапраўд­нае каханьне... Разумееш, от, недзе ў сэрцы тлее агонь і, здаецца, во-во ўсхопіцца полымем... I адначасна — нейкая невядомасьць бязьмежная... I такі ж невядомы страх... Каця... Кацярына...

— Дачка ўчастковага?!.

— Кацярына ў пасёлку адна.

— Які ж ты дурань!.. То ўжо хоць з жаніцьбай не сьпяшайся. Цябе яшчэ слаба ламала жыцьцё, і ў віроўню сямейную з бухты-барахты няма чаго кідацца... Можна зламаць шыю.

— Ах, якія вочы — загадка: то пяшчотныя, то пагардлівыя, то насьмешлівыя... I сапраўды — віроўня...

— Усё ясна — юрлік!

— Ня чуў пра юрліка.

— Ну, Вадзя!.. Ня чуў, то пачуй: ты — палавы разбойнік, чорт бы цябе ўбрыкнуў!

— Сам ня лепшы...

— Ладна, канчаем базарыць.

2

— I што там у нас на сьняданак?

— Гатоўка такая: тушонку ўспароў, сьвіную, і булён учарашні.

— Няблага. Сала сагравае.

— Сьпірт сагравае лепей.

— Сьпірт не падыходзіць — мы за рулём.

— Правільна. У дарозе сьпірт — вораг, а пасьля дарогі — лекар.

— Вось што... Праверым балок Трахімыча. Калі свабодны — спыняемся там.

— А калі балок — развалюха струлехлая?.. Ці ня два гады ўжо як Трахімыч памёр, і з таго часу там ніхто ня жыў.

— Развалюха?.. Падрамантуем.

— Ты што — захварэў?.. Сьветлага часу — шэсьць гадзінаў... Давай так: праверым балок, а калі пабачым, што нікудышны — гонім да Шлёпы. I жывем там, палюем. Шлёпа мяне запрашаў... Ён неблагі мужык.

— Ды ведаю я Шлёпу... Праўда, супольнічаць з ім не даводзілася. Але можна і да яго падацца. Ён сьпірт любіць, пару тыдняў пацерпіць нас — нават калі з жонкай будзе. А выцудлім сьпірт — што ж, прыйдзецца балок Трахімыча абжываць. Ну, баста... Сядзім хвіліну-дзьве і — з Богам!

— Хоць бы пурга не пачалася...

— Не ламай галаву — як пачнецца, так і ўтаймуецца.

— «Хе» не бяры.

— Дудкі. Ён — мой. Дзе ж яго тут схаваю?

— Тады добра змаж верацёнкай... Барабан заржавеў.

— Змажу... Ня твой клопат.

— Ты мне скажы: навошта табе наган?

— Гм — навошта?.. Купіў у чувака аднаго, мільтона былога. Самаўзвод... Кажуць, зручна ад мядзьведзя адбівацца. У тундры ўсякае можа быць: ружжо — ружжом, а калі раптам касалапы падмяце пад сябе, дык гэтая штучка — у самы раз.

— А чаму — «хе»?

— А каб такі вось, як ты, хрэн маржовы, не распускаў свой язык... I больш не дакучай парадамі: не бяры, змаж. Па-мойму, так: убачыў — маўчы.

— Ужо год маўчу.

— I далей маўчы. Паміраць буду — табе перадам. Як лепшаму сябру, хе-хе-хе... Ну, лады, паехалі.

— Чорт, з карбюратара бензін сочыцца...

— Нічога. Прыедзем — спынім цечку, хе-хе-хе.

— Холадна... Ватнікі б нацягнуць.

— У ватніках добра толькі спаць.

— Акалеем жа!

— А мы так: я вяду «Буран», ты — сьледам. Потым — ты руліш, я — наўпагон... Снег зьляжаўся, правальвацца, думаю, ня будзем.

— Згода.

— Ну, кранаемся... Зьязджаем з людскіх вачэй!

3

— Недзе ж тут балок... Ты глядзі, і куды ён мог падзецца, ядрона вош!

— А казаў, што ведаеш... Давай вызначайся хутчэй. А то ў цемры не балок убачым, а воўчыя вочы... Многа вачэй.

— Чакай... Дай агледзецца. А-а!.. Вунь там нешта чарнее.

— Дзе? Дай бінокль... I праўда — балок!

4

— I што я казаў!.. Печы няма... I дзіркі кругом, прарэхі ў столі. Поўны завал.

— Нешта ж прыдумаем.

— Нафіг!.. Едзем да Шлёпы.

— Куды ехаць? Цямнее!

— А давай — напрасткі!

— А раптам — пурга?.. Заблукаем. Яно ж, калі яна ўсходзіцца, кудаса, то не на дзень-два, а будзе ўвесь тыдзень шалець, а то і больш. Я ў пургу дрэнна пачуваюся: шугавей з выцьцём вымотвае нервы, пачынаеш блытаць дзень з ноччу.

— А я ў пургу — чытаю... Джэка Лондана. I на ўсё забываюся.

— Шчасьліўчык... Мне дык анічога ня хочацца рабіць. Якая работа — выйдзеш з балка, і адразу гарляк сьціскае. Дыхаць цяжка. У балку седзячы, у цяпле-сьвятле, стараюся знайсьці сабе занятак. Любы. Толькі б забавіць час. Лепшае выйсьце — якое-небудзь думаньне... Манатоннае, непрыкаянае. Ад мысьляў такіх нудна. Яны цёмныя. Лезуць і лезуць у галаву, поўняць яе нікчэмнай дрэньню. Нават калі й самгнеш вочы, дык сьпіш кепска і мала... Але тут нам часу на сон, спадзяюся, ня будзе... Так, едзем поймай. Дасягнем рэчкі. Робім круты паварот направа і шуруем скрозь па распадку кіламетры з два, дзе якраз і ўбачым, калі пашанцуе ня зьбіцца з тропу, перад скаламі, на ўзвышшы, балок.

— Глухая мясьціна, дзікая... Шлёпа ня дурань — забраўся ў самую глухамань. I пясец там ёсьць, і вавёрка. I мядзьведзяў стае.

— А я, знаеш, не хацеў бы зрывацца адсюль. Пакуль не сьцямнела — можна б тое-сёе, збольшага, давесьці да ладу і атайбавацца.

— Не дуры, Захаравіч... Нам трэ было адразу да Шлёпы ехаць. Лішні круг далі. Шкада часу.

— Шлёпа — зух яшчэ той: нябось, ужо і нашых пясцоў пералавіў і абскурыў... Два тыдні на промысьле. Ён — ня мы, ня сьпіць у шапку. Дый пясца там мала.

— А тут — многа?.. Ніводнага сьледа. Ат, не хачу я тут спыняцца!.. Едзем, Захаравіч. Трымайся.

— Ну, валяй...

5

— Што гэта?.. Зноў наш сьлед.

— Куды ж ты глядзеў, вадзіла?.. Дзе нам цяпер начаваць?

— У Шлёпы, канешне.

— Але да яго яшчэ ехаць ды ехаць... Стой... Акурак. У памадзе. I яшчэ не занесла сьнегам. Э-э, справы нашыя дрэнь — жонка да Шлёпы паехала.

— Мала бычкоў з памадай... З чаго відаць, што яе недапалак?

— Учора пры мне ўзяла цэлую ўпакоўку «Космасу»... Любіць баба гэтыя цыгарэты. I ніякія іншыя. Вось і гадай, як лепей: прыедзем, а там... ідылія сямейная. Усё — па тваім сцэнары, Вадзя!

— Завідкі бяруць?

— Потрах чортаў, заводзь «каня»! Асабіста я залажу пад брызент... I папярэджваю: рэзка не паварочвай — нарты перакуліш, мяне ў сьнег вытрусіш.

— А бензін падцякае-такі...

— Увесь ня выцеча... Дзьве каністры, думаю, хопіць.

— Едзем яе сьледам?

— Кружна будзе. Бяры ўлева — поймай гані.

6

— Глушы тарахцелку!.. Эйш, сьвятла няма. Падобна, мы й напраўду ня ў час прыкапыцелі.

— Ладна... Я тут пастаю. Ідзі — стукайся.

— Ты навошта пушку дастаў?.. Убачаць.

— Не пытайся... Дастаў. А навошта — ня ведаю. Прывычка. Я цяпер, прызнацца, нікому не давяраю. Год таму земляка майго, Каляна, п’яны ненец сякерай засек... У гасьцініцы. Балок звычайны, на пяць ложкаў. Дзьверы не замыкаліся... Вярнуўся Калян з тундры — паляваў на пясца... Нарыхтаваў больш за паўсотню шкурак. Прыёмшчык адразу і гелты падрыхтаваў. Грошы нармальныя былі... Зямеля сабраўся старых сваіх наведаць, на роднай зямельцы з месяц пабыць, але... усё абарвалася.

— Па п’яні засек?.. Як жа так?

— Нібыта, прыняў за рускага... Тут ня ўсе абарыгены рускіх любяць.

— А за што іх любіць?.. Дужа дападныя чалавекі.

— Яно ж і мы з табой ня лепшыя — грабем чужое толькі так, га?!

— Ня ўсё ж ім хапаць... Столькі войска было на нашай тэрыторыі, столькі тэхнікі, начыненай электронікай — і расейцы ўсё прысвоілі... Шушкевіч тут прашляпіў. Гаспадар з яго не атрымаўся.

— А з каго атрымаўся?

— Ну, нешта ж робіцца...

— Сёньня ў Расеі па пяцьсот баксаў даюць рабочаму чалавеку. А ў нас — зарплата нізкая... Пры савецкай уладзе я нідзе і ніколі ня бачыў, каб нейкі стары калупаўся ў сьметніцы. А цяпер? Скрозь, куды ні глянь, бамжы ды бамжыхі... Людзі ў метро самотныя. Адно, праўда, дзівіць — бадай усе спраўна апранутыя. Нават і тыя, хто сьметнік патрошыць... Даношваюць свае колішнія сьвяточныя апраткі ці што?.. Гм... Дык слухай пра ненца. Быў суд... I забойца толькі й блюзьнерыў: маўляў, хопіць рускім зьнішчаць тундру — гэта ня іх вотчына, ня іх багацьце... I яго, канешне, прызналі зьвіхнутым, псіхам, дый запраторылі ў дурдом... Справу закрылі. Метода правераная.

— Вунь нават як!.. I на БАМе цяпер нешта падобнае дзеецца. Быў я ў Забайкальлі. Хочаш вер, хочаш не — падпалы пайшлі... Беларусы такі палац культуры адгрохалі: зала шыкоўная, паркет, вітражы... I нехта падпаліў — нічагуткі не засталося. Тыя, з першых камсамольцаў, хто прыехаў на БАМ, займелі сем’і ды засталіся там жыць, а сёньня вымушаныя пакідаць свае абжытыя хаціны... Вяртаюцца на радзіму.

— Цяпер мне ясна адкуль «падсьнежнікі» браліся...

— Падсьнежнікі?

— Забітыя кімсьці камсамольцы-бамаўцы... Зьнікалі самыя актыўныя, баявыя хлопцы. Іх, трэба сказаць, і ня надта шукалі — думалі, проста зьбеглі, ня вытрымаўшы цяжкасьцяў. У першую бамаўскую вясну было шмат трупаў знойдзена ў тайзе... Ладна. Нешта мы языкі разьвязалі. А давай сьвятло ўключым — навядзем прамень на акно... Калі салодкая парачка тут — убачаць. Сонны чалавек сьвятла баіцца. Па сабе ведаю. Сьвяці. А то неяк непрыемна ламіцца ў замкнёныя дзьверы.

— Сьвячу... Вось так, га?.. I з прагазовачкай!

— Выдатна!.. Няхай пагарыць.

— Эйш, падсьнежнікі... Слоўца якое падабралі.

— Ну, канешне ж, нехта з маскоўскіх газетчыкаў пастараўся. А за ім — астатнія... Я адно ўсёк: нам тут, адчуваю, небясьпечна заставацца. Ты — як хочаш. А я так-сяк гэты сезон адбуду — і хопіць, драпану адсюль, двору падамся. Жанюся — і нікуды больш. Мяне ў Менску прываба чакае... Скажу табе, вучоная ў мяне будзе палавіна. Дзеўка на трэцім курсе фізфаку. Няхай яшчэ з годзік адна пакантуецца, пасьля і захамутаю. Уступіў я, знаеш, у кааператыў, будуюся. Дык яна там за кантралёра — напісала, што дом наш ужо гатовы, ідуць аддзелачныя работы... Аформлена кватэра на яе, маю прыўкрасную. Двухузроўневая трохпакаёўка.

— Не баішся страціць свае «кроўныя»?.. Што да мяне, дык я жанчынам не давяраю.

— I нават Кацярыне, у якой ты першы?

— Ну, ня ўсё адразу... Ты ж супраць, каб мы пабраліся.

— Дуралей... Бесталач. Хіба ж — супраць?.. Проста я агаломшаны тым, што цябе нават бацька ейны не спалохаў. Ды ладна. Гадкоў гэтак праз пяць і ты пасталееш. На ўсё інакш будзеш глядзець... Душа — яна змоладу няўцерпна вялікая, ёй усё ня так і ня гэтак — падавай радасьць-пацеху... Не аблізвайся, з Кацярынай у цябе пацехі не атрымаецца: участковы прымк­не вас кайданкамі адзін да аднаго — і ўся ваша пацеха, хе-хе-хе...

— Захаравіч, канчай палохаць!.. Бач, на сьвятло не рэагуюць. Бедныя, ад празьмернага інтыму залеглі ў непрабудны кайф... Іду стукацца.

— Ламіся... А я падстрахоўваць буду. Шлёпа — ён такі: з перапою не разьбярэцца дый бабахне праз акно... Балок яго хітры — акно лёгка прачыняецца, і з яго відаць дзьверы... Свайго першага мядзьведзя ён так і ўпаляваў — праз акно. Касалапы ўсхадзіўся і роў — сабаку на бой выклі­каў. I, як чалавек, ламіўся ў дзьверы. Акурат.

— Гэй!.. Хто ў цераме жыве?!. Адчыняй, Пруцікаў, свае харомы! Чуеш, хопіць дрыхнуць — сустракай гасьцей!.. Да цябе сябры твае прыехалі: Чураха і я, Капіч... Адкрывай!

— Хопіць — дзьверы высадзіш. Правер тайнік — можа, там ключ... Сышлі, відаць, у тайгу.

— Я ня ведаю ніякіх яго тайнікоў — ідзі сам правер... Ты — майстар на сховы.

— Дзякуй за камплімент.

7

— Ну і Шлёпа!.. Гарыдавец, а не чалавек. I навошта было печку разбураць?

— Захаравіч, я думаю — не яго гэта работа. Нехта іншы пастараўся. Па-мойму, Шлёпу павязалі... Як браканьера, скажам. У яго ж нават паляў­нічага білета няма. Ружжо зарэгістраваў.... Але ж дзе ты ўчастковага правядзеш... От, і наляцеў — затрымаў на месцы злачынства. Тут і шкуркі, і капканы, а галоўнае — мялкашка... I так, спадар Чураха, што будзем рабіць?

— Назаўсёды выкінь гэтае «спадар» са свайго лексікону — далёка табе да дэмакрата.

— Спадар Чураха, я згодны вярнуцца ў балок Трахімыча. Дарма там не засталіся. У-у, калі б мы на дзень раней сюды прышуравалі ды засяліліся... Было б і нам тое ж самае, што і Шлёпу. Ляснуў бы твой «хе» — як піць даць.

— Па-твойму, Шлёпа загрымеў на курасадню?

— Ды ня стаў бы ён печку бурыць... Гэта — раз. I другое — от, глядзі, буханка хлеба, расьціснутая. Хутчэй за ўсё — казённым валенкам, з падэшвай скураной і абцасам з падкоўкай. Якраз у такіх юхтавіках і шчыгаляе мой будучы цесьць.

— А што тут белае — ці не мука рассыпаная?.. Дай ліхтарык... Соль... Ну во, кадоўбец з сольлю раструшчаны!.. У-у, ды з цябе, Вадзя, атрымаўся б сьледчы монстр-супер... А соль падграбем. Прасолка шкурак — справа сур’ёзная. Гэты Шлёпа не такі ўжо і ахламон. Перш, чым высушыць шкурку, соліць. Ня ўсе так робяць.

— Бо лішні клопат.

— Ды ня лішні... Прасоленым ні моль, ні плесень ня страшныя.

— Дзелавы мужык!.. Шкада мне яго.

— А можа, і ня ўзялі... Тое, што жонка тут пабыла, няма сумневу. Высьлізнуў ён толькі ў тым выпадку, калі яна апярэдзіла ўчастковага. Мондры нюхач адзін ня езьдзіць. Яго «сьнегавік» трохмесны — і некага ж з сабою прывёз. Пакуль зьбіраў каманду, Пруцікава магла дачуцца, каго намерыліся прыхлопнуць.

— А, па-мойму, спадарыня Пруцікава спазьнілася... Ня мог сам Шлёпа ключ у тайнік пакласьці. Яму не да ключа — кайданкі на руках, а там, можа, і юшкай крываваю падмыўся... Тут пабоішча было. Шлёпа змагаўся... О, паглянь — акурак...

— Цю-ю, з памадай. Бычок вялікі. Закурыла — і пасьля дзвюх-трох зацяжак кінула. Ад злосьці... Жанчынка яўна сьпяшалася: хуценька начапіла на дзьверы замок — і дадому. Недзе ўжо змагаецца за мужа, адваёўвае ў мільтонаў.

— Калі адшкадуе ўчастковаму належную суму, дык той Шлёпу тыдні з два патрымае і выпусьціць... Хаця — хто ведае: яна — такая ж скуперда, як і муж ейны. Наўрад ці што ў яе з участковым атрымаецца. Калі толькі ляжа пад бугая... Ён падкі да баб — такі ж, як і ты, Вадзя. Прызнайся, хоць ведаеш, што Кацярыну тваю ў крапіве знайшлі? I ня тут, кажуць, а ў Саратаве. Гэта пасьля ўжо маці сюды прыехала. I ўцякач у міліцэйскіх пагонах апраўдваўся: маўляў, не ўцякаў — на службу сюды паслалі... Што ж выходзіць урэшце? I ты з Менску ўцёк... Двое ўцекачоў на адзін капыл робленыя. Сабраліся да купы два казалупы.

— Ну, Захаравіч, і язык у цябе — памяло. Лепей скажы, што нам рабіць?

— Заўваж, комін нярушаны... Эйш, вісіць труба, ня ўпала — умураваў у столь. Маладзец Шлёпа, для сябе рабіў. Карацей, бярэмся за печ. Але спачатку распалім цяпельца. Падлогу разьбярэм — от нам і дровы. Вёдры ёсьць. Нагрэем вады, замочым гліну... Твая задача абчысьціць усе цаглінкі... Да раніцы гліна разьмякне. А недзе апоўдні печка будзе стаяць. Усёк?

— Хай сабе і так.

— Недзе там цесьць твой думае, што цяпер сюды ніхто носу ня суне. А мы якраз і сунулі, не пабаяліся г...ка.

— Захаравіч, ну які ж ён г...к?.. Чалавек выконвае службовыя абавязкі, стараецца, каб не папёрлі з міліцыі... У яго двое дзяцей — дагледжаныя, абутыя, адзетыя.

— Ну, канешне — не была б Кацька яго дачкою, то і дзявоцкасьць сваю для цябе не ўберагла б... Знаеш, тут усё проста: хлопцы-зухі ня лезьлі на ражно. А табе, ашавурку, удалося закрыць амбразурку... Ды цябе, галубок ты мой, акалпачылі. Думаеш, так улесьціў, так ахмурыў — і дзеўка на ўсё плюнула і адпусьцілася: рабі са мной, любчык, што пажадаеш?.. Ды яны ўсёй сям’ёй распрацавалі план-персьпектыву. Папомніш мяне: як толькі пабярэшся з Кацярынай і народзіцца караед, недзе праз год-два павязеш ты гэтае сваё шчасьлівае сямейства ў Менск, дзе цесьць на працягу месяца ўладкуецца ў якую-небудзь каманду АМАПу... А ты пойдзеш на свой зачуханы гістфак давучвацца.

— Захаравіч, маўчы: не будзі ўва мне зьвера.

— У цябе яго і блізка няма, зьвера. Сысунок ты яшчэ. Замалады.

— У Каляна быў зьвер?

— Каляна не чапай... I вось што — умова такая: як толькі сьнег сы­­-дзе — бярэмся за помнік яму... Калянаву магілу як сьлед трэба ўпарадкаваць. А можа, і зусім перавязем яго прах і пахаваем побач з суродзічамі.

— Перавязем і пахаваем па ўсіх правілах... Няма праблем.

— Праблем якраз хапае... Трэба грошы. Настаў час скалаціць такі-сякі капіталец, а то шэсьць гадоў у тундры — і ні капейкі лішняй. Многа планаў — нешта ж ды атрымаецца. I пасьля ўсё — каюк! Сюды болып ні нагой. А пакуль — мусім добра папацець. Не дарма ж накупляў шроту, куляў, назапасіў пораху і гільзаў. Карацей, трэба рыхтавацца і рабіць... Замінулым летам я наведаў «родную зямельку». Але ад гэтага мне ня стала лягчэй: бацькі старыя, пенсіі — з гулькін нос... Езьдзіў, глядзеў. А навошта? Для таго, каб разьвярэдзіць душу?.. Тое, што далося ў вочы, лепей ніколі б ня бачыць і ня ведаць... Выпусьцілі людзей на вуліцу, а перад імі паставілі войска з дубінкамі й газам... На перыферыі — ня лепей. Хоць там, у глыбінцы, здавалася б, нічога і не чуваць, нічога не відаць. А напруга — такая ж, гнятлівая... Людзі запалоханыя, зацятыя. Што атрымліваецца — чорт яго ведае. Ніхто ўжо ні ўва што ня верыць, хоць і былі нейкія парасткі... Добра тым, хто хоць на нешта ды спадзяецца. А як быць табе: ні ў людзей ня верыш, ні ў Бога, ні ў чорта... Як жыць, Вадзік?

— Жыві, Захаравіч, як жывецца. Проста — глыбей дыхай. Не кладзі плюс на масу. Па-мойму, жытка пачала цябе ламаць. З чаго б гэта? Ты нейкі палахлівы стаў, ва ўсім і паўсюль бачыш здраду. Нікому не давяраеш, нават — сам сабе. Як карабель, зьбіўся з курсу — рыскаеш то ў адзін бок, то ў другі. А чаго рыскаць — ідзі сваім курсам!

— Табе давяраю... Табе адзінаму. Інакш ня ўзяў бы з сабой. А ведаеш, чаму ўсё так? Ня стала тых хлопцаў, з якімі падымаўся на ногі. Раней мы былі адной запрэжкай ездавых сабак, цягнулі лямку бадзёра і дружна. Часам сьвядома ішлі на яўную дзёрзкасьць... Але тыя, хто нас баяўся і зайздросьціў, зрабілі ўсё, каб нас раскідала. Усё ў іх атрымалася. Я апынуўся ў адзіноце. Ды чалавек ня можа быць адзін — патрапіў у шоблу гэткіх жа, як і сам (людзі — зьвяры). Тут многа такіх. Ямал іх любіць. Яны тут асядаюць. Гуртуюцца. А закон зьвярынай гайні вядомы: каму дрэнна, хто аслаб — таго зьнішчаюць. У мяне — іншае: дамогся таго за год, да чаго яны дзесяцігоддзямі паўзьлі. Абставіў іх, апярэдзіў. А маладых ды раньніх паўзуны ня любяць — б’юць спадцішка чужымі рукамі. Наўпрост сілаў не стае. Заходзяць ззаду — высочваюць любы твой промах. Адсюль і атрымліваецца: пры сустрэчы — прыязныя ўсьмешкі, рассталіся — кожны сам па сабе... Падпаілі прыдурка — ён і грохнуў Каляна.

— Быць у гэтых крута завернутых на пабягушках — я таксама не зьбіраўся... Адразу дапетрыў: мне з імі не па дарозе. Таксама ж, лічы, адбегаўся. Добра — цябе сустрэў. I ты мне, Захаравіч, здорава памог. Ня ведаю, як бы я тут жыў без тваёй падтрымкі.

— Ты, Вадзік, якраз своечасова падвярнуўся... Зьбіраць сяброў доўга, дый узрост ня той. Позна пачынаць усё спачатку. I ахвоты няма.

— Нічога... Галоўнае — ня лезьці на скалы. Адпачнем — і капаем далей і глыбей. Двое — не адзін. Мы дужыя.

— Ты, бачу, неблагі суцяшальнік... Слухай, што я зразумеў: ня стала Поўначы з вялікай літары. Ня стала Поўначы Джэка Лондана. Схадзі, хаця б спытай цыгарэтаў. Раней і пачак дадуць, і нават апошнюю. А цяпер — дулю. Дажыліся — ужо з балкоў гоняць. Тваіх сяброў старых. Бітых і загартаваных. З якімі прайшла маладосьць... Гэта — канец. Усяму. Ня стала лю­дзей, якія раней тут ня проста ўкалвалі, а жылі й рабілі тое, што ўмелі добра рабіць. Прыехалі рвачы. Гэтыя жывуць адным днём і трасуцца за сваю шкуру. Як бы чаго ня выйшла. Як бы не раструсіць лішнюю капейчыну. I ня дай Бог — на іншага, не на сябе. Яны толькі браць спрактыкаваліся. Аддаць — ніколі. Іхняе крэда: «Трэба, каб да нас ішлі з паклонам!» Шлёпу яны ж і «шлёпнулі» — здалі мільтонам... Гады! Не разумеюць, што тут — Поўнач, і трэба памагаць адзін аднаму не з карысьці, а проста па-чалавечы.

— Гэй, спадар Чураха!.. Плюй на ўсё і беражы нервы. Сам жа сказаў: патрэбны грошы... Вось мы й паспрабуем іх зарабіць.

— Тады — за работу, таварыш плутакрат.

— Лягчэй на паваротах! Я са спадаром Зянонам на «ты»... Бэнээфавец былы! Калі што — курду магу любому загнуць. А ля цябе апынуўся па адной прычыне: мяне зьнялі на плёнку якраз на тым самым мосьце падчас бойкі з амапаўцамі... Па мяне прыходзілі, маму чуць да інфаркту не давялі — патрабавалі выдаць ім сына! Ды я своечасова змыўся... Дзякуй Сьвятлане Мікульчык, яна папярэдзіла. А яе малодшага братца зграбасталі. У яго пра мяне распытвалі: маўляў, дзе жыве вось гэты і хто ён... Фотку паказвалі. Ён ім нічога не сказаў. Але нехта ўсё ж такі мяне выдаў... Хтосьці з маіх аднакурсьнікаў. На гістфаку ў нас многа было такіх, хто патрапіў ва універсітэт па накіраваньні мясцовай вертыкалі. Лічы, тыя ж самыя ленінцы, толькі ў новага крою лёльках... Нехта, значыць, з іх.

— Пасьля разьбярэшся... Трушчым падлогу. Сякеру прынясі — яна там у мяшку з посудам.

— А давай спачатку перакусім.

— Ня будзь абжорам — пасьля сёмага поту паямо. Тады й на бакавую можна.

— Што ж, спадар Чураха, пацярплю.

— Ну і дзяўбур — заладзіў... Вушы надзяру. Не называй мяне спадаром!

— Добра — угаварыў. Буду босам зваць. Ты ж скора багатым станеш. I я гэтага вельмі хачу. Толькі не адпрэчвай мяне — і табе пашанцуе. Дарэчы, я на гістфак без аніякіх там пратэкцый паступаў, сяброў не прадаю.

— Няўжо дэкану ў лапу даў?

— Медаліст, ішоў бяз конкурсу... Дэкан усяго толькі пагаварыў са мной.

— Заўчасна памрэш — буду несьці твой медаль на падушачцы.

— Ціпун табе на язык!.. Але ж — сьмех і грэх: медаль я ножычкам шкрабянуў — і бачу, што золата там ані блізка... Танная падробка.

— Ня хныч... Вучыўся ня дзеля медаля. Та-ак... Мігам па сякеру — бярэмся за падлогу.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster