БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 21

ДЗЕЯСЛОЎ № 21Паліна Качаткова

Жахлівыя рэчы
Навэлы з нізкі "Маўклівыя сябры"

Працяг. Пачатак у «Дзеяслове» №2 і №5.

Ровар для дарослай жанчыны

Красавік.

У красавіку яшчэ горш, чым заўжды.

Я гэта ведаю. Так яно і ёсьць. У красавіку прыхо­дзяць кепскія навіны.

У красавіку сонца з неба пасылае шкодны ўльтра­фіялет. А калі што здарыцца, ніхто не дапаможа.

Калі ніхто не дапаможа, то трэба самому нешта зрабіць. Можна спаць. У красавіку ўвесь час хіліць у сон. Душа імкнецца хоць бы часова пакінуць сваю абалонку – цела, каб зьмяніўшы форму і вобраз, наведаць розныя мясьціны, накіравацца ў іншы сьвет, адрозны ад нашага, сустрэцца з душамі памерлых. Так пад час трызьненьняў жывая душа адлятае на больш ці менш працяглы тэрмін і не сьпяшаецца вяртацца. Таму ў красавіку ня варта сумнявацца ў рэальнасьці сноў.

Што можа быць прыемнага ў красавіку? Тое, што вяртае да жыцьця.

Ровар. Варта набыць ровар.

Трэба набыць ровар на рынку ў ветлівага хлопчыка – прадаўца ровараў. Вакол яго іх шмат – вялікіх і маленькіх, “горных”. Рознакаляровых.

Хлопчык запытваецца:

— Што Вас цікавіць?

— Ровар для дарослай жанчыны.

— Вось два гэтыя ровары для дарослых жанчын, — вецер варушыць яго сьветлыя валасы.

— Чырвоны і сіні?

— Так.

— А астатнія?

— Яны не для жанчын, але калі вы хочаце...

Выбрала чырвоны.

— А як я яго адвязу дамоў?

Прадавец абяцае, што заўтра, роўна а дзясятай раніцы, яго калега, такі самы ветлівы хлопчык даставіць ровар, куды трэба.

— Ён прывязе гэты самы ровар? — дакранаюся да руля. — Ці такі самы але ня гэты?

— Гэты самы. Зранку ён будзе ў Вас.

Яшчэ раз дакранаюся. Мой ровар! Ноч ён пераначуе недзе тут на скла­дзе, а зранку будзе ў мяне. Увечары, як сьцямнее, паеду на ім уздоўж каналу, на якім узімку дзеці катаюцца на каньках – вельмі прыгожа. Прыемна і радасна назіраць за дзецьмі на каньках на блакітным лёдзе каналу. А ў красавіку ад каналу цягне вясновай вільгацьцю, вада ў ім каламутная, дна ня бачна, але зьяўляюцца адбіткі ўсяго, што побач. і неба.

У красавіку сьвеціць шкоднае сонца, і з усіх бакоў дзьме здрадлівы ветрык. Паўсюдна. Нават у кватэры – ад неабачліва адчыненай форткі да вентыляцыйнага люку. Дакранецца да сурвэткі на лядоўні, варушыць яе.

Сталае ўражаньне, што нехта незразумелы і нябачны ходзіць за табой сьлед у сьлед. Крок за крокам. Ён не чужы, не, толькі я дакладна ня ведаю, хто ён. Зашапаціць, прашамаціць дзесьці за сьпіною. Павярнешся, а нікога няма. Адчуеш рух паветра, і быццам уздыхне нехта.

І вечаровы холад у красавіку. Такі ... як ніколі. Пранізьлівы. Зямля аддае зімовы холад. Усё, што пад зямлёй, адтайвае. Вецер хістае дрэвы разам з іх ценямі. Дрэвы рыпяць і стогнуць. Асабліва ўначы.

Красавік 2004, Менск

Русалкі

— Такое лета выдалася няўдалае. З самага пачатку. Хоць ты зусім не выходзь на бераг і не глядзі на ваду, — казала бабуля, — зачыняючы аканіцы сваёй спальні, вокны якой выходзілі на раку, якраз на месца здарэньня. — Дзьве дзяўчынкі ўтапіліся, — уздыхнула бабуля.

акані­цы шчыльна зачыніліся, і ў спальні зрабілася зусім цёмна.

Для дома, які стаіць на беразе ракі, тапельцы — не навіна.

Начныя крыкі над вадой, усплёскі. Зранку вадалазы. Сьлёзы. Пытаньні: як і чаму?

А таму, што ідзе час, і гадзіньнікі ў розных мясьцінах адбіваюць хвіліну за хвілінай, пакуль не надыходзіць астатняя, і ўсё, што было заблытана, разблытваецца.

— Дык як ты даведалася пра ўсё?

— Вельмі шмат машынаў каля нашага дому сабралася. А пасьля гля­джу: яшчэ машына – цягне трупавозку. Тут я выйшла за браму.

— Трупавозка?

— Міліцэйская машына, а за ёй цягнецца такі вазок – труну нагадвае.

— Вазок, як труна. Труна на колах? – перапытаў ён.

— Можа быць... Я выйшла на вуліцу, а тут жанчына з берагу бяжыць і крычыць: “Дзяўчаты ўтапіліся”.

— І што?

— “І што?” – гэта стандартнае пытаньне псіхааналітыка. Адказ — ні­чога. Я зразумела спачатку, што там зусім маленькія дзяўчынкі.... І такі жах мяне апанаваў. А пасьля ўжо кожны расказваў па-свойму. Дапляткарыліся да таго, што адна з іх была цяжарная. Другія казалі, што ў яе вялікі жывот, бо яна вады наглыталася.

— А як усё было?

— Адна плавала, пачала тануць, другая кінулася яе ратаваць. Крыку шмат было. Але ўсе, як звычайна, думалі, што яны весяляцца. Пішчаць.

— Пішчаць...

— Так, піск – гэта эмоцыі, якія нельга выказаць словамі. Тут, на беразе, не заўсёды зразумееш – ад чаго пішчаць, ад захапленьня, ці ад...

— Значыць лепей сыходзіць на дно моўчкі.

— Значыць лепей... Піск не дапамагае.

— І што іх адразу выцягнулі?

— Амаль адразу. Прыехалі медыкі, пачалі адкачваць і не адкачалі.

Прайшло некалькі дзён, і мы ўбачылі тым месцы хлопцаў, якія ся­дзелі ўсе ў чорным. Потым падняліся і па сьцежцы сышлі – моўчкі, адзін за другім. У той жа дзень бачыла я і жанчыну, якая прыйшла з півонямі і пускала іх па вадзе. У чорным строі. І камень у той жа дзень скацілі з гары на бераг – на купальнае месца. Мужчына з гары скаціў уніз камень.

Зусім халодны чэрвень. Моцны вецер. Няма цеплыні. Халодна. Позна ўвечары ідзем гуляць з Рокісам у старыя акопы – частка ўмацаваньняў Усходняга Валу, які Гітлер загадаў пабудаваць пасьля правалу аперацыі пад Курскай Дугой. Так вакол Оршы атрымалася тры лініі абароны — глыбока эшаланаваная абарона праціўніка.

У цемры Рокіс зьнікае, а пасьля нечакана зьяўляецца і дакранаецца вільготным носам да рукі – гэта яго ласка. А потым зноў зьнікае ў высокай траве і ў цемры... Нямецкія аўчаркі па колеры здольныя зьлівацца з зямлёй, лістотай, травой і зьнікаць. Каб раптоўна і зусім бязгучна зьяўляцца перад табой.

Акопы асыпаліся, зарасьлі травой. Вяртаецца Рокіс, ён неспакойна і чуйна ўглядаецца ў бок ракі – штосьці там ня тое… Але я адчуваю толькі водар травы, вады, кветак. І страх.

Працягваю руку да сабакі:

— Хто там?

Рокіс сеў ля ног. Я гавару з ім.

— Паглядзі, як пражэктар ад катэджу асьвятляе той бераг. Нібы сцэну. Так, гэта сцэна. Жудасная сцэна. Залаты пясочак адсьвечвае пад плыткай вадой. Ён вабіць нават уначы. А ўдзень там добра бултыхацца: над жоўтым пясочкам вада празрыстая, а зусім побач вада цёмная – там глыбіня. Гэта ў рацэ. Цяпер паглядзі на бераг. Вытаптаная сьцежка спускаецца праз яр да вады. І вядзе гэтая сьцежка да месца, дзе ляжыць белы камень на траве. Белы пясок. Белы камень. І з гары падае чорны злавесны цень… Ведаеш, калі нехта патануў, усе даведваюцца, і адразу на беразе зьбіраецца шмат людзей…

Рокіс падымаецца на лапы і ўздымае вушы.

— Там па-мойму нехта сядзіць.

Я таксама заўважыла нейкі рух на тым беразе.

— Так, там некія людзі каля таго белага камня. Іх шэсьць. Можа яны зьбіраюцца зваліць камень у ваду? Не, яны сыходзяць. Яны, здаецца, нешта панесьлі. Так. Яны нешта панесьлі... Яны штосьці хацелі скінуць у ваду ці забраць? Дакладна. Нешта хацелі зрабіць. І можа яны сышлі і таму, што мы пачалі на іх глядзець. Яны сышлі. А мы засталіся. і і панесьлі штосьці цёмнае, даўгое… Жах які! – гэта мае словы. — Ты ведаеш, хто такія русалкі?! Гэта тапельніцы. Пакрыўджаныя на мужчынаў. Некаторыя з іх маюць ненароджаных дзяцей. Жывуць у вадзе і зрэдку выходзяць на бераг. Сядзяць на камянях, на дрэвах, расчэсваюць косы, могуць зачараваць, зацягнуць, заблытаць у сваіх валасах... Калі яны выходзяць на бераг, мала хто бачыць...

Рокіс раптоўна зрываецца з месца.

— Кот!

Ён заганяе ката на дрэва. Кот злосна зіркае на нас зялёнымі вачыма і шыпіць.

А пасьля застаецца толькі сон пра чэрвеньскую ноч. Салодкі, цяжкі сон ахоплівае нас, накрывае, як вечка дамавіны.

Орша, чэрвень 2003

Трафеі. Лялечны куток.

Пад старымі шатамі ліпаў сьвецяцца вокны веранды. Упарта і аднастайна крычыць за ракой невядомая начная птушка. Вакол лямпы лятаюць начныя матылі і, апаліўшы крылы, роспачна трапечуць імі і бегаюць па абрусе з выявай мапы Аўстраліі. Цёмны сад спавіты водарам язьміну.

Маці чакае нас у фатэлі з кніжкай у руцэ. Я здымаю з Рокіса ашыйнік і шворку, вешаю на цьвік. Рокіс ідзе на сваю канапу. Ён ужо немалады пёс і ня сьпіць на халоднай падлозе. Холад даймае яго. Чэрвеньскі, вільготны.

Зараз будзем есьці, трэба пачакаць, пакуль астыне сабачая ежа і пада­грэецца мая.

Я сядаю да стала і пытаюся ў маці пра трафеі.

— Ці было ў нас нешта трафейнае пасьля вайны?

— У нас быў трафейны пёсік, — адказвае мама. — Можа быць мне памяць здраджвае, але па-мойму яго нам падаравала генеральша Набокава. Наш Марсік паходзіў ад нямецкага шпіца. Сабачка быў адданы на рэдкасьць. Маленькі, але плыў за мамінай лодкай з апошніх сілаў. Ведаеш, нашая мама мела лодку і плавала на ёй на той бераг купацца. Марсік плыў за ёю ўсю дарогу – толькі вушы бачныя былі і хвост пушысты, як у лісы. Людзі крычалі: “Ліса плыве!” А назад Марсік вяртаўся ў лодцы.

— А што яшчэ трафейнае?

— Цацкі. У мяне быў мішка. Я ня ведаю, адкуль ён быў прывезены, ці ў каго набыты. Яго звалі Гілька. Ён у мяне быў, пакуль я ва універсітэт у Маскву не паступіла. Я яго памятаю толькі з дзьвюма лапамі і адным вокам. Калмаценькі. Былі яшчэ лялькі трафейныя. Спачатку я ўбачыла лялькі ў сваёй сяброўкі Соні, у першым класе. Яе тата, напэўна, іх з вайны прывёз. З імі нельга было гуляць. Яны сядзелі на канапе толькі для прыгажосьці. На палічках канапных. І мы на іх гля­дзелі. Часам дарослыя дазвалялі іх здымаць, каб разгледзець бліжэй. А былі дзеці, якія мелі шмат трафейных лялек. Я ніколі не забуду, як трапіла ў адзін пакой. Там былі толькі лялькі. Асобны пакой для лялек. Мы жылі ў Барысаве, дзе стаяла армія, і мяне хацелі падружыць з генеральскай дачкой. У яе было піяніна і генеральша хацела, каб яе дачка паглядзела, як я іграю на піяніна, і таксама захацела вучыцца. Мы прыйшлі ў катэдж, пабудаваны немцамі падчас вайны для сваіх афіцэраў – высокі асабняк за плотам, дзе жыў генерал са сваёй сям’ёй. Там быў аграмадны хол. У яго мяне і прывялі ў госьці да гэтай дзяўчынкі. Я вельмі любіла лялькі. Берагла ўсіх сваіх – нават разьбітых і безгаловых. У пакоі стаяла вялікая аксамітная канапа. Чорная. І на гэтай канапе – безьліч лялек. Ты можаш сабе ўявіць? Уся канапа ў ляльках. І вялікія, і маленькія. Нямецкія лялькі, не савецкія. Хаця ўжо ішлі 50-я гады. Так што можа быць гэта і не былі трафеі самой вайны. Можа быць іх сабралі пасьля вайны ў Германіі.

А трафеі ў нашых суседзяў былі зусім незвычайныя. Мы жылі ў барачным доме, таксама нямецкім. Звычайны драўляны барак з двухпакаёвымі кватэрамі. Я памятаю, што ў пакоі ў суседзяў стаяла псеўдаготыка. Высокія крэслы – чорныя з разнымі сьпінкамі. Шмат посуду. Лыжачкі, кубачкі. На кожны дзень нараджэньня мне і сястры дарылі кубачак з лыжачкай... Яшчэ нашыя суседзі мелі вельмі шмат літаграфіяў у рамачках. Наогул мноства бытавых рэчаў. Адным разам яны пачалі скідваць з гарышча вялікую колькасьць карцінак ў рамачках. Чаму іх так шмат было? Ня ведаю. Яны хацелі знайсьці рамку для нейкага фотаздымку. Я з вялікай цікавасьцю назірала, але мама мяне прагнала: “Няма чаго глядзець”. А мяне тады ўразіла: адкуль столькі карцінак і навошта? Уяўляеш, у іх уся гэтая кватэра была завешаная нямецкімі карцінкамі. А яшчэ і на гарышчы — ворах іх. А самае цікавае было, калі ім даслалі куфар з нямецкім посудам. І гэты посуд альбо цалкам, альбо часткова пабіўся ў дарозе. І яны высыпалі ў яму каля нашага дому шкельцы неверагоднай прыгажосьці. Дзеці тады зьбіралі чарапкі. Але нам з сястрой бацькі не дазволілі лазіць і зьбіраць. Нямецкага посуду ў суседзяў, канешне, быў поўны дом. А яшчэ шмат дробязяў. куфэрачкі, скарбоначкі. Я памятаю нехта з іх падараваў мне такі маленькі драўляны куфэрачак. Я, як цяпер помню, падумала: “Як так? У адных людзей у доме столькі ўсялякіх рэчаў. А ў іншых дамах нічога няма”.

— Лялькі. Магічны прадмет? Як і кожная цацка.

— Так яно і ёсьць. Усе гліняныя дзіцячыя цацкі першапачаткова былі паганскімі скульптурамі. Выкарыстоўваліся ў абрадах. У чорнай магіі, ты ж ведаеш, пратыкаюць лялькі чым-небудзь, калі хочуць нанесьці шкоду. Альбо наадварот. Маніпулююць лялькамі, маючы на ўвазе чалавека.

Лялечны тэатр таксама старажытны. І ў антычныя часы быў лялечны тэатр. Там лялькі ажывалі, гэта чараўніцтва такое было.

— Для мяне лялькі – нешта страшнае.

— Гэта ня толькі для цябе. Ведаеш колькі розных страшылак ёсьць пра лялькі? А фільмаў жахаў з лялькамі? Памятаеш фільмы, дзе ажываюць жахлівыя лялькі?

— Так, вось і ў мяне такое ўражаньне.

— Ня толькі ў цябе. Шмат хто казаў, што не любіў у лялькі гуляць. Нейкі час гэта нават модна было. Калі я вучылася ў Маскоўскім універсітэце, дзяўчаты любілі казаць, што яны “цярпець не маглі лялек”. Але, не, мяне лялькі ніколі не палохалі, наадварот, я іх шкадавала. Асабліва шкадавала паламаныя ці пабітыя. У 1958-59 гадах, калі мы жылі ў Барысаве, мне было чатырнаццаць, у мяне ў кішэні заўсёды ляжала маленькая лялька – з ёй я сябе адчувала лепей. І пасьля ўвесь час зьвяртала ўвагу на лялькі. Мне падабаліся этнаграфічныя лялькі, калі я стала дарослаю. Японскія –“для сузіраньня“. А калі я была зусім маленькая, то ў некаторых дамах таксама бачыла лялькі “для сузіраньня”, гуляцца з якімі было нельга...

— Ці можна сказаць, што лялькі былі прыкметай раскошы?

— Былі народныя лялькі... Самаробныя. Але ўсё ж лялькі былі прык­метай дабрабыту. Лялькі звычайна калі дарылі? На Новы год. Я памятаю, як мой аксамітны мядзьведь стаяў пад елкай, быццам бы ад Дзеда Мароза. Альбо тата набываў мне ляльку ў бальніцу. Ці на дзень нараджэньня. Калі я была маленькая, тата на кожны дзень нараджэньня дарыў каробку цукерак “Мішкі ў сасновым лесе” з такімі шчыпчыкамі, каб цукерку браць. І кожная цукерка ў папяровых карунках. Калі я была маленькая, захоўвалася старая яшчэ мода, каб дзеці мелі лялечныя куткі. У пакоі выдзяляўся куток для лялек. Гэта — старая традыцыя. Дзецям дазвалялі ў куце, за ложкам ці яшчэ чым-небудзь, на падлозе рабіць лялячныя куткі. Лялечная мэбля, лялечны посуд. Жытло для лялек. І гэта не прыбіралася ні ў якія куфэркі, а так і заставалася... Калі мы жылі ў Барысаве, мае лялькі жылі ў вялікіх скрынях. Калі мы ў Воршу ехалі надоўга, то я грузіла лялек у скрынку і везла іх з сабой. Канешне, вельмі мала было адзеньня і абутку для лялек. Але посуд быў і мэбля, нават печка, зробленая немцамі, – вялікая пліта, якую можна было па-сапраўднаму запальваць. Тата яе прывёз з Балбасава. Там палонныя немцы такія рэчы выраблялі, каб зарабіць. Мела таксама набытую ў краме савецкую маленькую плітачку. На рынках таксама часам прадавалі гліняны лялечны посуд. Былі і парцалянавыя лялечныя наборы.

Я не выкідвала бітыя і паламаныя лялькі, нават калі ў іх не было галавы, усё адно яны ў мяне жылі да самага канца. Самая першая мая цацка па­ходзіць яшчэ з тых часоў, калі ў мяне памяці яшчэ не было. Ведаеш, звычайна дзеці памятаюць усё з пяці гадоў... а да гэтага абрыўкі... Вось з гэтага часу быў у мяне Гілька – мядзьведзь. Гэта мая самая раньняя цацка. Потым у мяне быў яшчэ адзін мядзьведзь. Яго мне падаравалі ў пяць гадоў. Чорны, аксамітны. Ён менш мне падабаўся. Быў эскімос без галавы. То бок спачатку была ў яго галава, потым яна зьнікла кудысьці... Ліса ў сарафане. Вялікі заяц у клетчатых нагавіцах з дзіркай для хваста... вушаты, набіты ватай.

І яшчэ – лялькі... Шмат галышоў. Маленькія галышыкі і вялікія. Быў вялікі галыш, але ён мяне нерваваў, бо я ня мела для яго адзеньня. Усіх прасіла пашыць для яго адзеньне, але ніхто ня шыў, толькі абяцалі. Адно з распаўсюджаных імёнаў для маіх лялек было Нона. Бо я ведала, што ў мяне была сястра Нона, якая памерала да майго нараджэньня, тата мне расказваў. І абавязкова адна лялька, якую звалі Ліда, як маму. Апошняя мая Ліда – лялька ў сукенцы з белым каўнерыкам і косамі, якую мне падаравалі ў дзесяць гадоў. Я папрасіла тату, каб ён мне набыў ляльку, якая прадавалася ў краме. Яшчэ была лялька Таня. Мне яе прынесьлі ў бальні­цу, калі я цяжка захварэла. Мяне забралі ў бальніцу, думалі, што ў мяне менінгіт і рабілі пункцыю. Але гэта быў не менінгіт, а вельмі цяжкі грып. Я табе расказвала ўжо, што былі лялькі з глінянымі галовамі, але яны вельмі хутка біліся. А вось гэтая Таня, наадварот, ня білася: у яе замест твару была размаляваная цырата, а сама яна набітая ці то ватай, ці то пілавіньнем. Такая лялька вельмі доўга жыла. Памятаю яшчэ дарагія лялькі з керамічнымі галовамі і рукамі, вочы заплюшчваліся-расплюшчваліся і “мама” яны пішчалі, але лёгка біліся. У адной прыгожай лялькі вельмі хутка адбілася галава. Ты ўжо зразумела, што куды б я ні ехала, я заўсёды вазіла з сабою свае лялькі. І аднойчы я прывезла з сабой у Воршу такую лялечную кампанію маленькую. Там быў нямецкі, падараваны генеральшай, галышык (ужо больш сучасны, зроблены з матэрыялу, які падобны на той, з якога робяць лялькі цяпер). А яшчэ – самаробныя лялькі і проста савецкія галышыкі. І я ўяўляла яшчэ ў Барысаве, як я пасялю іх у дупле ліпы, і яны там будуць жыць. Я пасадзіла іх у дупло... А ў гэты час дзеці, што жылі ў бараку, стаялі на гары і за ўсім назіралі. Там была мая цяперашняя сяброўка Валя, яе брат ды іншыя дзеці. Яны ўсё бачылі. Потым я прыходжу, гляджу – няма маіх лялек. Але валяецца адзеньне. І я пайшла па гэтым адзеньні, спадзявалася, што выкінуць самаробныя лялькі ці танныя. Але чамусьці яны ні адну з лялек ня выкінулі. А адзеньне іх раскідалі па сьцежцы. Шкада мне было. Лялечкі маленькія... Галышыкі ў ванначках. Я пасьля, калі езьдзіла ў Венгрыю на экскурсію, убачыла такія лялькі на вітрынах у антыкаварнай краме.

Цацачныя зьвяркі рабіліся падобнымі да людзей — абавязкова ў адзеньні і на задніх лапах. Аднаго такого зайчыка мне тата набыў у краме, у Воршы, дзе цяпер кінатэатр “Перамога”. Там раней была плошча, а на гэтай плошчы — дарэвалюцыйны дамок, у ім крама, дзе ўсё на сьвеце прадавалася. Цукеркі-падушачкі. Тата пасадзіў мяне на прылавак у краме і купіў мне зайца ў клоунскім касьцюме. Потым, калі мы жылі ў Барысаве, адзін час з маёй сяброўкай мы захапляліся папяровымі лялькамі – з кардону, з паперы. Прычым, у маёй сяброўкі быў такі талент – маляваць. І мы зьбі­ралі кішэнныя грошы і набывалі часопісы модаў. І па гэтых часопісах малявалі лялькам сукенкі. І такіх лялек у мяне таксама назьбіралася шмат.

— Што з лялькамі здарылася пасьля?

— Калі я скончыла школу, іх зьнесьлі на гарышча. Я памятаю, што ўвесь час хацела з імі нешта зрабіць. А што пасьля адбылося, я ня ведаю. У мяне ёсьць цьмяны ўспамін, пра які я нават ня ведаю ці то гэта ўспамін, ці мая падманлівая памяць. Быццам я летам прыехала, і адна з маіх лялек валялася проста на вуліцы. Ужо так – пабыўшы пад дажджом. Яна, напэўна, доўга там ляжала. Гэта такі абрывачны ўспамін. Я нават ня ўпэўненая: бачыла гэта ці не. Ці чула пра тое, што іх раскідалі. А пасьля, мабыць, сабралі і зьнішчылі. Яны павінны былі неяк загінуць.

15 траўня 2005 г., Менск,
сьнежань 2005 г., Гомель.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster