БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 21

ДЗЕЯСЛОЎ № 21Вельмі сумую па Беларусі
Лісты Анатоля Сыса да Віктара Шніпа

Сьветла ўспамінаю сьнежань 1981 году.
Каралішчавічы… Засьнежаны лес, як у казцы…
І мы — паэты і празаікі — яшчэ зусім маладыя… Тыдзень семінарскіх заняткаў праляцеў як адзін дзень і адна ноч. Але якімі цудоўнымі былі тыя дзень і ноч! Іх няма, як сёньня ўжо няма і Анатоля Сыса. Але засталіся здымкі, якія былі зробленыя фотаапаратам Анатоля, але засталіся вершы і ўспаміны пра той час, калі былі мы маладымі… Ён тады падышоў да мяне і сказаў: “Хачу з табой сфатаграфавацца на памяць!”
І мы сфатаграфаваліся. Потым пісалі адзін аднаму лісты, з якіх цяпер паўстае зусім іншы Сыс, ня той Сыс, да якога мы ўсе прывыклі, і якім яго многія памятаюць…
Віктар ШНІП

Добры дзень, Віцька!
Вітае цябе Анатоль Сыс!
Да таго, як адкрыць мой лісты, напэўна, здагадаўся, хто я цяпер.
Так. Радавы Сыс!
Яшчэ ў пачатку вясны прыйшло да мяне тваё пісьмо. Ты ня думай, што я забыўся на цябе. Наадварот. І калі быў у Менску, ты мо ведаеш, дык часта пытаўся пра цябе. Ты, здаецца, быў у Малдавіі тады? Езьдзіў вучыцца, як пісаць вершы…
Мазго — цудоўны хлопец — добра прыняў мяне, хоць адразу і не пазнаў. Мяне, наогул, з тых, хто быў на семінары ніхто не пазнаваў, я аж зьдзівіўся. Мне здавалася твар у мяне адметны.
Ведаеш, я пішу табе ды й баюся, што не застану цябе на вул. Герасіменкі.
Таму гэты ліст пойдзе разьведкай.
Яшчэ напішу Мазго.
Служу я ў Польшчы. У караньціне 150 чалавек, з іх 15 землякоў. Пайшоў я восеньню. Служыцца лёгка, я нават, і не чакаў. Ва універсітэце я прывык прачынацца днём, ды нічога, тут і ў 6 гадзін ня горш уставаць.
28 лістапада будзе прысяга. Цяпер, а сёньня нядзеля 21 лістапада, нашыя пайшлі ў горад. Палякі будуць даваць канцэрт. На мяне не знайшлося парадкі [памеру] 50, 4 р[ост], таму я застаўся ў часьці ды і трэба рыхтаваць радыёперадачу, прысьвечаную 40-год­дзю Сталінградскай бітвы.
Я вельмі тут сумую па Беларусі. Асабліва мне не хапае роднай мовы, нашых кніжак, часопісаў. Калі ты надумаеш мне напісаць, то ўкладзі ў пісьмо “Чырвоную змену” з літстаронкай або самыя цікавыя рэчы з “ЛіМа”.
Пішы, як у цябе справы, што думаеш рабіць далей?
Перадавай усім прывітаньне.
Чакаю адказу!
Адрас пішы дакладна, а то можа не дайсьці.
070634
Палявая пошта
70634-А
Сысу Анатолю Ціханавічу.

Р.S. Якія навіны ў літаратуры? Як там Ала Канапелька? Што чутна ў Менску? Ці ходзіш ты на літаб’яднаньні?
Віцька, я чуў, што ў арміі цяпер Макаль-меншы, я б хацеў з ім зьвязацца, хаця ён і наіўна піша, зато імкнецца, па крайняй меры, быць хоць крыху непадобным на іншых.
Абавязкова, калі ласка, знайдзі мне яго адрас.
Канчаецца папера, Віцька, а то я б табе яшчэ што напісаў.


ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ВІКТАР!
Выбраўся, нарэшце, выбраўся табе адпісаць ліст! Як ты там Шніп маешся? Чуў, што хварэеш. Глядзі, не памірай. Табе ж яшчэ вучыцца трэба, ды і армія падпірае. Што датычыцца мяне, то няхай лепш памруць мае кой-якія здольнасьці ў сэнсе вершаў, чым я загнуся. Але ўсё ж адчуваю, што так або інакш прысушыла яна (паэзія) мяне… Відаць, калі б не яна, быў бы ў мяне іншы характар, захапленьні, сябры… Мне ж самому здаецца, што стаў бы я артыстам якім, хаця ў якойсьці меры я і цяпер прэтэндую на яго. У мяне столькі чорных думак бывае ў галаве.
Успомніў пра цябе і адразу ж — пародыю на твае вершы ў “Вожыку”. Здаецца Юрчанка напісаў. Ты, відаць, пакрыўдзіўся?
Ты спрабаваў сябе і ў пародыі, і ў дзіцячай паэзіі, і ў гумарэсках, пара на прозу пераходзіць.
Нясу лухту… Я так і ў жыцьці: магу гаварыць што папала і дзе папала, а калі трэба сапраўды трымаць размову, як дурань маўчу.
Дзякуй за прывітаньне ад Мятліцкага. Трэба адрас Мазго пазарэз. Я тут адстаў ад жыцьця безнадзейна. Што робіцца ў Беларусі? Што робіцца ў цябе? Прысылай свае вершы, Шніп! Сёньня адказаў на ліст Сысу Сяргею, майму земляку. [Ён] часова кінуў наш універсітэт, цяпер даслужвае ў арміі пад Ленінградам. Таксама піша. Атрымаў ужо тры лісты ад сваіх аднакурсьнікаў. Яны ўдвох служаць у Пячах. Трэба яксьці адпісаць. А лянуюся я пісаць таму, што за дзень гэтага хапае. Сваёй машынкай я абслугоўваю зампаліта батальёну, парторга, камсорга, а яны нясуць, нясуць і нясуць паперы, як у маўзалей. Цяпер у бібліятэцы зноў займаюся рэвізіяй, за апошнія два гады зьнікла кніжак на 200 руб. І ўсе самыя лепшыя. З-за гэтага быў скандал, вярней, сварба. Мяне былі ледзь ня выгналі за тое, што я праўду начальніку сказаў у вочы дзе ёсьць, у каго ёсьць гэтыя кнігі.
Паставіў касьцяны зуб. Быў у Доме афіцэраў, там прадавалі кнігі добрыя, толькі злотых не было. А ў кнігарні, кажуць, ёсьць на беларускай мове ксёнжкі. Сыс мне зайздросьціць, што я ў Польшчы, што магу жыўцом бачыць польскую мову, вучыць яе. Мы сядзім за сьценамі, а польская мова толькі па тэлевізары. Мне прынесьлі зборнік польскага паэта “Чырвоныя матацыклісты”. Пачытаў, ня вельмі… Нават няма чаго ўзяць для перакладу паспрабаваць. Арыгінальны ў іх паэт Галчынскі, ды нельга дастаць. Па іхнім тэлебачаньні літаратурных перадач амаль няма. Даволі часта паказваюць гістарычныя фільмы пра польскіх каралёў і г.д.
Музыкальныя праграмы добрыя, а ў нас каляровыя тэлевізары, любата!
Фільмы ў асноўным амерыканскія, бывае — і нашыя. Напрыклад, нядаўна глядзелі “Піратаў ХХ веку”.
Прачытаў не да канца ў “Дружбе народаў” цікавы раман латыша Зарыня “Фальшывы Фауст…” 1981 г. №7. Ходзіць “Літаратурная газета”. У мяне новы начальнік клуба. Малады хлопец з Тамбова закончыў культасьветінстытут. Яму 27 год, а наіўней чым я. Жывем вельмі добра. Плануем правесьці вечар паэзіі па паэтах-франтавіках. Ніяк не магу знайсьці салдата, які б цікавіўся літаратурай.
Што чутна пра Разанава? Можа, што надрукаваў?
Віктар, віншую цябе з Днём Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту!
Жадаю моцнага здароўя і яшчэ мацнейшага Верша!
070634
Полевая почта 70634-Х
Сысу А.


ВІКТАР, ПРЫВІТАНЬНЕ!
Прайшоў месяц, як я атрымаў ад цябе ліст. З летам на мяне заўсёды надыходзіць апатыя. Не пішу ні пісьмаў, ні вершаў. І наогул я апух да крайнасьці. Важу ўжо 88 кг. Бывае вечарам гуляем у футбол на плацы. У мяне ў бібліятэцы свой тэлевізар, так што я ў асноўным каля яго сяджу. Сёньня будзе сустрэча па футболе —СССР-Грэцыя. Дасталі дыск Пугачовай “Как тревожен этот путь…”. Якія выдатныя вершы амаль ва ўсіх песьнях, ды і музыку Пугачова нядрэнна напісала на іх.
Вершы ў мяне ідуць вельмі туга. Адзін пішу па месяцы. Усё часьцей задумваюся: можа я дарэмна “сушу мазгі”, як кажа мая маці наконт гэтага. Можа, сапраўды лепш прачытаць добрую кнігу, чым напісаць паганую. А за паэму я ня ведаю з якога канца брацца. Пра стылістычныя агрэхі абавязкова напішу, русізмы… Разанаў, напэўна, мне не напіша нічога, а паверу я толькі яму.
Быў я на вучэньнях. Мы, чалавек 12, выехалі першымі на дзён два. Разьведчыкі амаль што. Пазагаралі ў лесе на раскладушках. Я пабрыўся і спаліў лысіну. Гэта былі адныя з самых шчасьлівых дзён майго армейскага жыцьця. Са мной была кніга – беларускі “Дзень паэзіі-71”. Там пераклады і вершы Разанава. Мы кармілі маскоўскую камісію, так што потым да нас далучыліся 15 дзяўчат-афіцыянтак. Ноччу холадна, і мне даручылі тапіць буржуйку цэлую ноч у іх палатцы… Карацей, ёсьць што ўспомніць.
Мне з Брэсту прывезьлі хлопцы двухтомнік Макаля. Прачытаў “Нарачанскія сосны” Танка на рускай. Чымсьці ты падобны на яго, калі мяне не падводзіць памяць. Я ж чытаў твае вершы даўнавата.
Час ляціць. Армія мне ня цягнецца, але ўсё роўна нудна. Напісаў ліст Мазго, а ён маўчыць. Відаць, жонка яго добра прыбрала да рук. Я ў яго хацеў узнаць адрасы беларускіх газет у Польшчы “Наша ніва” і “На ўсходніх крэсах”. Можа можна праз “Голас Радзімы” ўзнаць? Дай мне адрас яго, калі ласка. З беларуса-палякаў я чытаў Алеся Барскага. Спадабалася.
Даволі часта ў тваіх пісьмах успамінаецца Глобус. Відаць, добры хлопец. Здаецца ў “Маладосці” ў яго было надрукавана некалькі маленькіх вершаў-мініяцюр, напэўна, свое­асаблівых. Калі ён мастак, то працуе ў напрамку абстракцыі, або так мне здаецца. Калі казаць пра мастакоў, дык тут я для сябе адкрыў Дэга, яго блакітных танцоўшчыц. Палякі маюць звычай прама на вуліцы ўстройваць вернісажы сваіх карцін, тут жа іх прадаюць прахожым. У іх свой біблейскі матыў у стылі мадэрн. Паказваюць такое і па тэлевізары. Наогул перадачы на рэлігійныя тэмы ў іх такія ж звычайныя, як у нас.
Калі я пісаў рэч пра Цётку, мне здавалася, што я знайшоў, як мне пісаць свае асацыяцыі. Цяпер жа зноў стаю на раздарожжы. За прозу баюся і лянуюся брацца, хоць ёсьць задумы.
Ты зьбіраешся вучыцца ці не?
Што там са Славіным?
Што там у Менску?
Што там?..
Да відзэньня!
26.05.83г. г. Легніца
Радавы Сыс.

Добры дзень, Шніп Віктар!
Ведаеш, нават забыўся, што не адказаў на твой ліст, ды і няма чаго пісаць. Служу паціху, а калі па праўдзе, то нідзе мяне так не ўніжалі, як у арміі, але гэта, відаць, добра. Затое прыйду на волю загартаваным і бюракратамі, і фарысеямі, і кар’ерыстамі… Толькі вось пытаньне: куды пайсьці працаваць. Хачу ў Менск, але ў мяне ўжо была адна спроба ўладкавацца ў сталіцы, аказваецца гэта ня так лёгка. А наогул, я не хачу мець клапатлівую работу, таму што ня будзе заставацца часу на сябе, дакладней —на вершы. Ды і проза сякая-такая ёсьць у галаве.
Мне прывезьлі сатырычны зборнічак Віктара Шымука “Ад хаты да хаты” і часопіс “Служба быту Беларусі” — і то добра. Пра вершы Л. Галубовіча магу напісаць толькі адно — яны мне падабаюццца ў цэлым. Унікаць падрабязьней у іх няма настрою. На тваім апошнім канверце напісаў верш “Радзіма”, ужо, здаецца, няма тваіх канвертаў чыстых. Мяркуючы па тваіх вершах-мініяцюрах, і ты можаш трымаць асацыяцыю за хвост, праўда ў некаторых месцах праглядваецца наіўнасьць.
Каго там прынялі ў СП? Што новага? Глобус, напэўна, зьбіраецца ў армію? Я нават яго ў твар ня ведаю, вярней ня помню яго здымку ў часопісе.
Наш узвод нядаўна езьдзіў на палігон. Бегалі ў супрацьгазах з поўнай выкладкай тры км., акапаліся потым, кінулі шашкі са сьлёзатачывым газам на нас, раней імі “Салідарнасьць” разганялі.
Прачытаў М. Дудзіна “Ландышы на мінным полі”, П. Антакольскага 1 том, чытаю Драйзера “Джэні Герхардт”. У “Юности” прачытаў аповесьць “Ловушка” Лявонава. Сёньня 16 верасьня, за гэты месяц ужо напісаў 5 вершаў невялікіх і пачаў, здаецца, паэму “Хірасіма” — гэта пад узьдзеяньнем Дудзіна, ды штосьці застапарыла. А яшчэ прачытаў паэзію К. Сіманава. Зрабіў у сваёй бібліятэцы кніжную выстаўку “Савецкія пісьменьнікі — лаўрэаты Дзяржпрэміі”. Учора было камсамольскае сабраньне часьці, усе: ад прэзідыума да камсамольцаў у зале праспалі, адбылі нумар і змыліся. Кожны жыве сам па сабе. І ня толькі ў арміі, але і на гражданцы ўсё больш і больш дзейнічае закон джунгляў. На канцэрце ў перапынку паміж нашым ансамблем “Пунсовыя пагоны” чытаў “Сагу” А. Вазьнясенскага і адзін свой верш, ніхто не зразумеў, але, здаецца, спадабалася.
Ведаеш, прачытаў я “Стану песняй” Лідзіі Арабей. Аказваецца ў прыгарадзе Лодзі, вярней у вёсачцы Франін, жыве сястра Цёткі Караліна. Побач са мной ва Вроцлаве — яе пляменьнік Станіслаў.
Дык вось, Караліна Пашкевіч жыве адна, а па сьведчаньні Лідзіі Львоўны ў яе ў доме вісяць габелены, якія памятаюць Алаізу, ды і знойдуцца, напэўна, яшчэ якія рэчы. Баба Караліна старэнькая і можа быць усё… Я хачу сказаць: трэба вярнуць на Радзіму старыя габелены са Старога Двара. Ды і пара думаць пра музей Цёткі. Наколькі я ведаю ў нас няма такога. Напрыклад, можна зьезьдзіць і ў той жа Львоў, Вільнюс і яшчэ ў многа месц і музей атрымаецца. Былі б толькі сілы і энтузіязм. І сапраўдны клопат. Я гатоў ісьці хоць за Цётчыным валаском на край сьвету. Віктар, вазьмі маю “Алаізу” ў падмацаваньне, вядома калі табе ня цяжка, і схадзі да Лідзіі Львоўны, раскажы ёй, што я табе напісаў, можа яна з чым згодзіцца. У мяне ў Польшчы сястра і яе муж ваенны, яны б мне, напэўна, дапамаглі. Побач Вроцлаў, можна зьвязацца са Станіславам Вызгам. Або дай мне адрас Л. Арабей, я сам напішу.
Дасылаю для “Дня паэзіі” “Усяго тры верлібры”. Можа і іх спасьцігне такі лёс, як папярэднія вершы, а іх Спрынчан з такой радасьцю клаў у папку, што быў паверыў.
Ну, да пабачэньня!
Радавы Сыс.
070634
Полевая почта
70634
Сысу Анатолию Тихоновичу.


Добры дзень, Віцька!
Твой ліст мяне вельмі абрадваў, і ў той час вельмі шкада, што лёс так абыйшоўся з роднымі Цёткі.
Па праўдзе сказаць, я ня добра разумею, што такое хокку, хаця і прачытаў у энцыклапедыі пра яго. Па крайняй меры, калі ў вас выйдзе што-небудзь, то гэта будзе вельмі добра. Мне здаецца нашая беларуская паэзія крыху замкнулася ў сабе, у сваёй традыцыйнасьці, чатырохрадковай лірыцы з перакрыжаванай рыфмай. У якой “Беларусі” працуе Глобус? У яго аказваецца і брат піша! Во, сямейка.
А я што болей думаю пра радзіму, то болей марудна цягнецца час. І толькі, калі прыходзяць вершы — нічога не прыкмячаю. За гэты месяц напісаў вершаў 8. Для мяне — даволі добра. Сёньня 30 верасьня на тваім апошнім канверце зрабіў верлібр “Колер полымя”, ды вось няма ні з кім ні параіцца, нават няма каму пачытаць. Адчуваю: ёсьць хібы, а дзе? — трэба сьвежае вока.
Ведаеш, нават сорамна прызнацца. Я да гэтых пор, закончыўшы універсітэт, думаў Тургенеў — гэта “Записки охотника”. Пачытаў яго “Вешние воды”, апавяданьні, вершы ў прозе — такі майстра! І ўсё натуральна, з добрай іроніяй. Зноў мне прывезьлі П. Макаля “Заручыны”, а ў мяне ёсьць. Кажуць у Брэсьце няма нідзе беларускіх кніг. Аж ня верыцца. Дзякую за Разанава. Яго паэзія – глыбокая сіняя вада, і толькі, калі доўга ўглядацца ў яе — заўважыш, на самым дне, сьцюдзёныя касякі плотак. Іменна с ь ц ю д з ё н ы я, так я ўспрыняў апошняга Разанава. Найбольш спадабаліся “Падзел”, “Зброя”, “Апора”, “Апошні час”. “Шыльдачкі” крыху напамінаюць твае шыльдачкі, памятаеш, ты лісты два назад дасылаў?
Чаму ты пішаш “адрыс”, а не “адрас”?
Віця, чаму Лідзія Арабей “хадзіла да Н.Гілевіча некалькі разоў і ўсё дарэмна”? Вялікі дзякуй табе за ўсё. Зрабіў я з цябе пасярэдніка. Пісаць я ёй сам ня буду, відаць, калі справы наконт габеленаў павярнуліся так, усё роўна я ў сваім становішчы нічога не змагу зрабіць, але, думаецца, рана ці позна яны вернуцца ў Беларусь. Калі ж пісьменьніца палічыць патрэбным і знойдзе час напісаць салдату — то напіша сама. Чытаў яе апавяданьні ў ліпеньскім “Полымі”.
Як там у Менску метро? Ці кінуў вучобу Вераціла? Як справы ў Канапелькі? Што піша Мятліцкі? Прыйшоў мне ліст з “ЛіМа”. Мяркуюць даць пародыю “Перапіска братоў”.
У нас выніковая праверка за летні перыяд абучэньня, з Масквы. Строяць кожны дзень. Зараз узяў “Літаратурку”, так што заканчваю пісаць.
Да пабачэньня!


Добры дзень, Віктар!
Атрымаў ад цябе ліст і ад Бяляцкага ў адзін дзень. Бяляцкі з Акуліным на раскопках у г.п. Мір. Малайцы хлопцы, асабліва Бяляцкі Алесь. Яго цікавіць усё, што хоць яксьці датычыцца Беларусі. Другі год езьдзіць па ёй з фотаапаратам. Аднойчы мы па яго слайдах у інтэрнатах нашых праводзілі вечары пра Беларусь. Усім падабалася, нас потым запрашалі і ў іншыя месцы. Бяляцкаму паэма спадабалася, піша, што для маіх год “яна цягне на 120%” і, галоўнае, ён мне ўказаў на некаторыя стылістычныя, моўныя агрэхі, што я хацеў ад цябе. Калі я яе закончыў, мне здавалася, што болей да яе не дакрануся. Цяпер жа пасьля парад, напэўна, буду штосьці дапісваць, вось толькі кніжку мне прывязуць Арабей з дому “І стану песьняй”. Дарэчы, чаму ты ня хочаш паказаць “Алаізу” Разанаву? Пішу табе і думаю, а чаму ты павінен хвалявацца за мае вершы? У цябе сваё вясельле, у мяне сваё… Віця, калі табе гэта не ахвота рабіць – ня трэба, я ні кроплі не пакрыўджуся. Урэшце я сам магу даслаць пародыі ў “Дзень паэзіі”. Віця, ты іх прагледзь, калі што не падыходзіць, выкінь, а можа з іх што ўзялі ў “ЛіМ”, таксама адкінь, каб не атрымалася казуса, які са мной ужо быў. Я тут напісаў рэцэнзію на рускага паэта і адаслаў па нявопытнасьці з разьлікам адразу ў “Красную звезду” і часопіс “Советский воин”. Яе ўзялі і там, і там. Тады я папрасіў прабачэньня ў газеты, але яны, відаць, там у Маскве сазваніліся і вырашылі ў навуку мне пакінуць мяне каля разьбітага карыта. У “Дзень паэзіі-83” у мяне Браніслаў (трэба Вадзім, – В. Ш.) узяў 2 вершы, штосьці я сумняваюся, што яны там будуць. Ты просіш, каб я прыслаў вершаў. З дзясятак магу для “Полымя”, а можа лепш, калі ты мне адрас часопіса вышлеш? З “ЛіМа” вестак няма.
Чытаю па тваёй парадзе Тынянаўскага “Кюхлю”. Хаджу злы, як сабака, ня дай Бог мяне хто зачэпіць, а калі гэта прапаршчык — скандал, магіла і чорныя вошы. Сёньня мяне на страявым дрэнажы кусок строіў да пацеры пульса, а я нуль на масу, абяцаў завесьці к зампаліту батальёну. Глобусу я не зайздрошчу, у такіх выпадках у нас тут кажуць: вешайся. Гэта самы вялікі дурдом, а колькі тут дураёбаў! Ужо тры тыдні ядзім сьвежыя памідоры і агуркі, гуляю па вечарах у футбол, потым гляджу тэлевізар, прапаў гук кудысь, трэба шукаць майстра. Нядаўна быў па тэлевізары фільм жахаў, англійскі пра вампіраў.
А зараз пра цябе. Сколькі каштуе машынка і які аванс. Як будзе называцца зборнік, колькі старонак і якія і каго аб ім водгукі? Ад цябе доўга не было ліста, апошнія дзён дзесяць я толькі і думаў, чаму? Аж, бач, якія ў цябе паганыя справы. Выдужы! Ты пішаш, што ў вёсцы такая лепата, але мяне цягне ў горад, а Менск — гэта мая мара, там усё жыцьцё: футбол, людзі, вечары літаратурныя ці мала яшчэ куды можна пайсьці… Як прайшло вясельле? Ці знайшоў сабе маладзіцу? Ужо ж трэці дзясятак ідзе, пара думаць. Парайся наконт гэтага з Мазго, ці думаеш вучыцца, можа можна ў Літінстытут Горкага? Прачытаў 2-томнік Макаля. Спадабаліся вершы тры-чатыры, астатнія — такая лухта! Прыслала мне ліст сястра, прачытала новы зборнік Някляева, дзеліцца ўражаньнямі.
Да пабачэньня!
18 ліпеня
Сыс.

Добры дзень, Шніп!
Служыць мне засталося восем з паловай месяцаў. (Штось настрою няма ліст пісаць). Справы ў мяне ідуць нармальна. Сёньня не пайшоў на развод батальённы, і камбат гразіўся мяне на сьвінарнік адправіць зноў, я як пачуў, дык у мяне ледзь ногі не падкасіліся… ад шчасьця. Дарэмна ты пародыі разьдзяліў на “Маладосць” і “ЛіМ”, я некаторыя туды яшчэ раней адсылаў, а адказу яшчэ цяпер чакаю. А дзе я табе вазьму яшчэ пяток, ці ты думаеш — у мяне іх тут наштампована да ябеней мацеры, і пародыю якую-небудзь задрыпаную напісаць — трэба добра пасядзець.
Мне з дому зямляк мой прывёз сала, канфет, мёду, таранкі і часопісы “Полымя” №7 і “Маладосць” №№ 6,7. Урэшце пачытаў твае вершы. Ведаеш, ты падрос у параўнаньні з семінарскай зімой, але мяне зьдзіўляе тваё раўнадушша да пошукаў ня толькі новых тэм, але і наогул паэтычных сродкаў. Ня ведаю, можа я ня праў і суджу па сабе. Дыплом я абараняў па версіфікацыі Багдановіча, захапляюся такімі наватарамі тэм, слова, форм савецкай паэзіі як Эдуард Межалайціс, Андрэй Вазьнясенскі, Алжас Сулейменаў, вядома — Алесь Разанаў. Можа, табе такое супрацьпаказана, думай сам. Урэшце рэшт, інтэрнацыянальная паэзія часьцей усяго прысутнічае ў паэтаў твайго напрамку, у паэтаў, якія моцна трымаюцца сваім карэньнем за зямлю.
“Гронка святла” — удалая назва, ня ўздумай мяняць. Зноў чамусьці хочацца вярнуцца да тваіх вершаў. Я сьпецыяльна цяпер іх не пераглядаю. Памятаю, што найбольш мне спадабаўся першы. Страх не люблю вершаў, у якіх: заклікі, прадасьцярогі сьвету, часу нашаму шалёнаму. Штосьці такое я ў цябе чытаў раней. У цябе вельмі традыцыйныя вобразы, але трэба заўважыць — не пазбаўленыя пачуцьця, так і падбівае яго памацаць ня толькі вачамі, але і рукамі. А другі раз хацелася б крыху суб’ектывізму, дзівакаватасьці паводзін твайго героя, яго (тваёй значыць) думкі. Галоўнае — глеба ёсьць яму разьвярнуцца. Абавязкова табе трэба вучыцца. Якіхсьці здольнасьцяў ад нара­джэньня завельмі мала. Не, я ня думаю, што ты ня ведаеш, што такое ямб-харэй.
Езьдзілі мы ў канцлагер “Чорная ружа”. Якія там каменяломні. Уся Польшча ўкла­дзеная тутэйшым гранітам. Вязьні, якія не вытрымлівалі, кідаліся на дно гэтага каменнага катлавана. Мне здаецца, калі б ты тут пабыў, ты б абавязкова гэтую падзею адзначыў вершам. А ва мне ж толькі затаілася гэтая памяць аб “Чорнай ружы”, можа калі і выбухне не абавязкова цэлым творам-метафарай ці проста асацыяцыяй. Каб пачаць такую сьвятую справу, як пісаньне верша, я сябе доўга рыхтую эмацыянальна, я ў сабе сьцерагу, бы жар-птушку, натхненьне, кідаю тады ўсё, і ня дай Бог мяне хто зачапае — магіла!
Гулялі мы з афіцэрамі ў футбол, выйгралі 7:2, я стаяў на варотах (у мяне ж трэці разрад дарослы), вывіхнулі палец. Ты такі наіўны, расказваеш мне пра чэмпіянат СССР па футболу. Зноў паўтаруся, што робіцца ў Саюзе, я ведаю ня горш за вас там. Ка мне ідзе па дзясятку газет і часопісаў, у мяне свой тэлевізар, у нас палітзаняткі два разы ў тыдзень, у нас такія навіны бываюць, што вам там у самой сталіцы ніколі не пачуць, не даведацца.
Зрабілі ў нас у батальёне лазьню з саўнай. Мы падпольна там мыемся — сіла! Надвор’е халоднае, у нас цяплей у Беларусі. Мне перадалі таксама “Адкрыццё” Някляева і “Стану песняй” пра Цётку Арабей. Напісаў яшчэ адну глаўку “Алаізы”. Ведаеш, я не імкнуся паказаць Цётку-барацьбітку, рэвалюцыянерку, паэтку. Я не задаваўся мэтай узяць за сюжэт усё яе жыцьцё. Я наогул не прытрымліваўся якой-небудзь “лініі”. Проста асацыяцыі вакол чалавека і чалавека, які шукае Радзіму, свой народ.
Прачытаў “Парог” Дударава. Вельмі спадабалася. Чыгрынаў па сваёй прозе не за­слугоўвае таго месца, якое займае. Пра Барэйшу я быў лепшай думкі, наіўныя, сто разоў зьбітыя сюжэты і г.д.
Да пабачэньня!
А.Сыс.

Прывітаньне з Венжына!
Гэта на поўначы ПНР. Цяпер я пантанёр. Жывём у лесе. Легніцкі кайф скончыўся. Прыходзіцца ўспамінаць жыцьцё ў батальёне, як нейкі сон, а тут трывогі, трывогі. Полк лічыцца адным з самых лепшых наогул у Савецкай Арміі. Зімой едзем на Одэр рабіць масты. Прыйдзецца прыгаць у воду.
У казармах холадна, калі ноччу прасьнешся, то можна і не заснуць. Разам з намі жывуць палякі-салдаты. Пісьмы, кажуць, адсюль і сюды ідуць доўга. Ходзім у каравулы. Я рэзка з качагара перакваліфікаваўся ў мастака-афарміцеля. Раблю ленінскі пакой. Рота ў нас маладая, адслужылі паўгода. Дзед толькі я і яшчэ замок з Кіева. Усё, я відаць па-сапраўднаму стаў курыць, а можа холад перастане, то кіну.
Ня столькі шкада сябе, сколькі часу. Ён уходзіць і ня вернеш. Я маю на ўвазе, што ў іншых умовах да вясны я што-небудзь напісаў бы, а тут — змрокі. Сёньня 6 сьнежня, я ўжо чацьверты тыдзень тут, нават намёку ў ва мне не было на тое, каб пісаць вершы. Каб ты ведаў, як хутка забываецца мова і няма з кім словам перакінуцца — адны чурбаны.
А ў мяне сапраўды была задума вясной здаць зборнік, ды куды там… Дарэчы, тыя вершы, мне здаецца, аднясі ўсё ж у “Полымя”, калі яшчэ не аднёс куды, толькі, каб дакладна ведаў, што-дзе. Адрас дай дамашні.
Высылай, калі ласка, з “ЛіМа” і з іншых газет вершы або яшчэ што.
Як у цябе там справы? Што новага ў Менску, у нашай літаратуры?
Тут я схадзіў у бібліятэку. Даволі добра. Прачытаў зноў “Вітражных дел мастер” Вазьнясенскага. Чытаю апавяданьні Яфрэмава.
Са мной служыць хлопец, дык яго брат, з Падмаскоўя, піша вершы, наколькі я зразумеў — арыгінальныя, своеасаблівыя. Друкаваўся ў “Літаратурнай вучобе”, выступаў па маскоўскай праграме. Знаёмы з Вазьнясенскім. Яму 22 гады, служыў у Афга­ністане. 2 разы паступаў у Літінстытут. Будзе час, можа напішу яму. Цікава, што там за вершы.
Віця, віншую цябе ад усяго сэрца з Новым годам! Здаецца, ён табе прыносіць першую тваю кніжку вершаў. Спадзяюся, што яна ў цябе ўдалая.
Жадаю творчага настрою, шчасьця ў асабістым жыцьці і, самае галоўнае, здароўя.
З найлепшымі пажаданьнямі
А.Сыс!
Мне засталося 110!
О86675
Полевая почта
86675-Ж
Сысу Анатолю.


Добры дзень, Віцька!
Прывітаньне з Венжына!
Толькі напісаў лісты дамоў і Бяляцкаму з Акуліным. Акулін быў у Каралішчавічах, хоць людзей паглядзеў. Бяляцкі піша, што для першай кнігі паэта ў цябе кніжка добрая. У лістах яны мяне ўсе ўпрошваюць, вярней, расказваюць, што Гомель пакуль ня позна, можна зрабіць другім культурным цэнтрам Беларусі. Штосьці робяць там. Якіясьці знаёмствы заводзяць. Толькі я баюся, што закончаць яны універ і разьедуцца хто куды. Я б у Гомлі застаўся, калі б там добрую работу знайсьці. Бяляцкі піша аповесьць пра будатрад. Пазнаёміўся з Гарадзенчукамі, хто такія?
Служба тут у параўнаньні з Легніцай нудная. Калі б ня кніжкі і тэлевізар — здурнець можна. Чытаю “Буранный полустанак” Айтматава. У сястры быў, прачытаў “Нерв” Высоцкага і Ахматавай выбранае. Быў я на Новы год тыдзень у сястры. Адразу пераапрануўся ў гражданку. Выйсьці няма там куды, сядзеў у кватэры, чытаў, слухаў музыку. Езьдзіў у невялікі гарадок Старгард. Няма нічога ні паглядзець, ні купіць. Патроху піў кожны дзень, прывёз і сюды. Назад ехалі, то заязджалі ва ўсе гарады, дык дзе вялікі горад, жыць можна, а так Польшча – глухая правінцыя.
Трэці месяц нічога не пішу, нават развучыўся. Баліць жывот кожны дзень, баюся, што гастрыт.
Толькі пазаўчора, як і ў вас, напэўна, выпаў сьнег. У пачатку лютага едзем на вучэньні саюзных армій “Дружба-84”, камандаваць будзе міністр абароны ПНР. Жыць будзем у палатках, змрокі, месяц з паловай.
Сёньня 10.1.84., засталося да прыказу 75!
“Нерв” мне спадабаўся. Калі б Высоцкі быў не паэтам-песеньнікам, а толькі паэтам, то, невядома, дзе засталіся б тыя ж Еўтушэнка, Вазьнясенскі, а так песьня заганяла яго ў рамкі шырпатрэбу.
Да пабачэньня!
Сьпяшаюся.

Р.S. На вялікі жаль, гэта ня ўсе лісты з нашай перапіскі. Недзе гадоў шэсьць назад Анатоль гасьцяваў у мяне і выпрасіў лістоў пяць пачытаць дома. Абяцаў вярнуць, але час ішоў і ён пры сустрэчы, успомніўшы пра лісты, праз сьлёзы амаль крычаў: “Віцька, я чытаю свае лісты да цябе і плачу! Плачу!!! Якім я быў! І кім я стаў!..”
…Анатоль Сыс быў паэтам і паэтам ёсьць і будзе заўсёды!

Публікацыя Віктара Шніпа


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster