Яно
Ёсьць нешта пэўнае. Ня тое каб цьвярдзей
За цела, і ня тое каб цяплей
За пер’е на грудзях птушыных…
Трава найменьне мае – канюшына,
Хлеб з крамы – на тваім стале.
Ёсьць нешта пэўнае. Але, але, але…
Стаіць яно, жыве ля сьцен каменных,
Ля хат, дзе пахкае смалістае бярвеньне.
І – нам чужы, ды ўсё ж – ёсьць далягляд.
А цені, нашы ранішнія цені
Пад нізкім сонцам падаюць назад.
Вось гэты стукат ног, вось гэты крок,
Вось пошум дрэў, ля цёмнае будоўлі,
І плод, што ветрам скінуты да ног –
Бы водгук на тваё нямое слова,
Ў прастору кінутае. О, як ты хацеў,
Каб зеляніна не зьлятала з дрэў,
І каб жывое нам заўжды было суседам!
Каня па сьцежцы ўзболаткам вячэрнім
Заводзіць дзед. Гаворыць нешта мне,
Гнядога рассупоніў. На ілбе
Каня – крывавіць ранка, у двары
Шуміць і кліча з дзедам нас бяседа.
І ад сякеры сьлед у клёна на кары.
…Прыходзіць госьць. Цьвік забівае ў сьценку
І вешае свой плашч. І кроплю ловіць зрэнка.
І дождж ідзе.
…І весьніц рып, і ўсё карэньне груш –
Яны зьвяртаюцца да нас. Чаму ж, чаму ж
Нічога адказаць яшчэ ня можам,
Пакуль ня ляжам ім суседам новым?
Да беспрадметнасьці імкненьне душ –
Вось тое, вось яно, чаго ўнікае Слова.
Каб паўзу затрымаць, мы доўжым гук.
Хто палюбіў – той не разьніме рук.
І малако ў бідонах на калёсах
Там, унутры, гайдаецца…
А плуг
Да вываратня мкне, і ўжо з нябёсаў
Нам месяц сьвеціць, і трава,
Як родная, глядзіць з адхону ў росах
На кветкі стылыя… На посах.
Каб паўзу затрымаць, мы доўжым гук!
Мы доўжым гук – і лічым сэрца стук.
І ў гэта ўсё ўплятаюцца разводдзі,
І засухі, платы, двары, стагоддзі,
А мы з пустых не выпускаем рук
Яго,
А мы ўсё доўжым, доўжым, доўжым гук,
Бы зараз прыйдзе і збудуе дом
Яно –
Для нас – жывых,
для нас – і моцных, і нямоглых.
2005
* * *
Прылюдная споведзь стамляе.
Прыемна пачуць
Над сабой шапаценьне лістоты,
Грушкі, ветрам сарванай, удар аб зямлю,
Брэх адзінокі
Сабакі
У полі бязлюдным.
А ты
У адказ прамаўчы.
Хоць бы раз
Не рабіся падсудным!
Хоць бы раз
У адказ на «люблю».
2002
* * *
Жоўтагаловы поплаў
быццам
твая беза-
бароннасьць (вось так пераносіш слова
з радка на радок нібы працягваеш
пад лязом гільяціны танюткі дзявочы волас (доўгі і –
дачакаўшыся промня сонца разгледзіш: жоўты
(у сэнсе колеру а не дзьмухаўцовага пылу на лязе
касы таго хто адпачатку заўжды мае рацыю
кладучы ў сваю пасьцель сьлед аднакрылай вароны
на чорным кавалку глебы і зьберажоны
пах матчынага агню)))
дык вось твая беза-
бароннасьць – не зброя супраць мяне твае рукі не пастка
тут на дне высахлай студні дзе пералічвае
бетонныя кольцы побач са мною чмель
а я – наяве і ў сьне –
уадначас трымаю на руках зямлю двух берагоў
у цёмнай вадзе пяску я быццам плод
на яблыневым гольлі цяжкі
па-над асфальтам чакаючы падарожных якіх няма
і вось твая беза-
бароннасьць пытаецца : ці не пара
выйсьці з дзяцінства і зьберагчы кветкі першы ўмалот
апалае семя не баяцца касы?
і ня помніць што
кветкі ў гародчыку перад тым як пераходзіць
у мой верш заўжды атрасаюць з карэньня
жыцьцядайны глей
2002
* * *
…Але ёсьць іншае, чаму служылі мы,
Пакуль не збудаваліся дамы,
Пакуль, бы кветка, расьцвіло дзіця,
Аб чым кажу цяпер – пасьля? пасьля?
І не шукайце ў голасе маім
Хоць ноты шкадаваньня – горкі дым
Былых агнёў, растаў, даўно ачах,
Ад вогнішчаў, што паляцца ў вачах,
Ад вогнішчаў, што паляцца ў грудзях,
Але пасьля не пакідаюць – прах.
Ад доўгіх вей, ад твараў, што пазнаў, —
Бы хто цябе паклікаў, бы пазваў, —
Цяпер адно: ляжыць халодны лёд
На вёснах тых – і ён, нібы прыгнёт,
Іх беражэ для вымаўленых слоў,
Для паламаных ды іржавых кайданоў,
Для вуснаў тых, што цалаваць гатоў
Калісьці быў! Цяпер я праміну,
Я абміну сустрэтую вясну,
А як працягнецца рука ў маю руку,
А як зьляціць каштан, пад ногі ў пух,
Пад ногі ў пух таполевы?! Ў адным
Імгненьні злучыць поры года дым,
Які заўжды – і толькі – аб адным.
Ды непадзельны я заўжды ў сабе самім.
2004
Кветкі ў разорах
Дажджавыя чэрві
выпаўзаюць з глыбінь, смаўжы
падпаўзаюць бліжэй.
Гэта кветкі ляжаць у разорах,
жоўтыя, чырвоныя кветкі.
Міса, ад якой падымаецца пара.
Нарэзаны лустамі хлеб, цыбуліна,
гронка кропу, на паперцы
драбочкі солі. На траціну напоўнены
чаркі
чырвонай наліўкай.
На пліце, дзе літары й лічбы
(прозьвішча, даты жыцьця) ,
кімсьці кінутай на зямлю,
ўсё гэта.
І не чуваць, не чуваць крыніцы,
але блізка яна, тут.
На кладцы, зламанай
пасярэдзіне кімсьці, я
схіляўся заўчора, зачэрпваў
і піў, і не казаў нікому, што
смаўжы, смаўжы падпаўзаюць
бліжэй, што дажджавыя
чэрві выпаўзаюць з глыбіняў,
бо ў разорах – кветкі,
жоўтыя, чырвоныя кветкі,
заараныя сёньня,
ляжаць.
2005
* * *
Кармі з нажа бязрукага – ды так,
Каб не параніў вуснаў, асьцярожна,
Кармі з нажа яго – каб можна
Было адчуць сапраўдны мяса смак
Таму, хто ўжо ня можа паляваць,
Таму, хто больш ня хоча забіваць.
…Хто не адчуе смаку пораху. Куркоў
Сталёвы ляск – ім не пачуты будзе,
Кароткі стрэл – ні ў верасень, ні ў студзень
У чаратах ня збудзіць рыбакоў.
Дзівосных пёрын фарбы – апішы
Сьляпому, за руку яго трымайся,
Са стромы побач з ім – ідзі, спускайся,
Я птушку бачу! – бачачы лаўжы,
Сасоннік шэры – ты яму скажы.
Ды мне – глядзі мне ў твар. Мой
каляндар
Ня мае месяцаў – асьлеплых ці відушчых,
Ўсясільных ці бясьсільных. Зараз мусіш
Адно паслухаць. Ты – зірні мне ў твар.
2005
* * *
Усё, што за вачніцамі – па-за –
Глядзі, глядзі… Стаяць смарагды яблынь,
Густыя цені ў марыве… Між намі
Дрыжыць мяжа… Тут веі. Тут ня зьзябне
Твая рука й плячо. Хусьцінка і рукаў
Ёсьць не адзеньне, слухай, будзем разам.
Што ёсьць яны? – а покрыва зьмярканьня.
Прываблівала тое, што пасьля
Падробкай таннаю падасца, адмысловым
Падманам – шчырасьцю агучанае слова?
О не! І тое, чым жыве душа…
Не, лепш застацца тут. Ня трэба заўтра.
Трымайцеся пры нас, смарагды яблынь.
Дрыжы, пульсуй, мяжа.
2005
Пытаньні ў адказ на запыт
Абвугленыя словы трэба вам
Аплочваць вексель – на які душа
Закладзена? Але пры чым тут я?
Шукаеце напіцца ручая
Ці каб з нажа змыць кроў?
Схаваны шлях у цемені бароў.
І сьпіць матыль пад пахаю ў вятроў.
2005
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Рэдакцыі
"Дзеяслова"